РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бандароўна
I

 
 
I

 
 
Не віхор калыша лесам,
         Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі талпою
         За дабычай ходзяць.
 
На Ўкраіне пан Патоцкі,
         Пан з Канёва родам,
З сваёй хеўрай гаспадарыць
         Над бедным народам.
 
Дзе заедзе, банкятуе
         Сам ён, яго варта;
Hі старому, ні малому
         Не спускае жартаў.
 
Калі ж дзе ўпадзе у вока
         Хараство дзявоча, –
Абняславіць, абнячэсьціць,
         Бацьку плюне ў вочы.
 
Стогне змучана Ўкраіна,
         К небу шле пракляцьце,
Ды Патоцкага збаўляе
         Хеўра і багацьце.
 
Да сягоньня жыве памяць
         Аб злым гэтым дусе
На ўсёй чыста Украіне
         I на Беларусі.
 
У сёлах, як клялі дагэтуль,
         Так і праклінаюць,
У палацах яго толькі
         Міла ўспамінаюць.
 
Аб прыгожай Бандароўне
         I аб справах пана
Засталася у народзе
         Песьня здавен даўна.
        

 
 
II

 
 
Ў слаўным месьце Берастэчку –
         Слаўны Бандарэнка,
Ў яго дочка – Бандароўна,
         Пашукаць – паненка,
 
Хараства такога ў сьвеце
         Не было, не будзе;
Аб ёй людзі гаварылі,
         Як аб нейкім цудзе.
 
Як маліны, яе губкі,
         А твар, як лілея,
Як дзьве зоркі, яе вочы,
         Гляне – сьвет ясьнее.
 
З плеч сплываюць яе косы,
         Як бы сонца косы,
I іскрацца, як на сонцы
         Брыльянцісты росы.
 
Рост высокі, стан павабны,
         Ўся, як цень, павеўна,
Як ідзе яна, бывала, –
         Набок каралеўна!
 
А сягоньня ж выглядае
         Лепей, як заўсёды, –
У карчомцы з казакамі!
         Цешыцца з свабоды.
 
У гульні сама рэй водзіць,
         Весела міргае,
Задзіўляе усіх чыста,
         Як зара якая.
 
Ой, гуляй жа, Бандароўна,
         Зь вечара да ранку!
Цябе вораг ужо сочыць,
         Сочыць на каханку.
        

 
 
III

 
 
К таму часу ў Берастэчка
         К дружыне казачай
Прыблукаўся пан Патоцкі
         Зь хеўраю лядачай.
 
Як пачуў ён у карчомцы
         Зычную забаву,
Туды йдзе сваю бясчэсну
         Паказаці славу.
 
Банкятуе з казакамі,
         Мёд, віно п’е квартай,
К маладзіцам і дзяўчатам
         Лезе смольлю ў жарты.
 
А найгорай к Бандароўне
         Ён прыстаў абрыдна;
Цалаваць, абняці хоча,
         Ажно глянуць стыдна.
 
Асьцярожна, пан Канеўскі!
         Будзе ліха, будзе,
Не забудзься, што сумленьне
         Ёсьць і ў простым людзе!
 
Не папусьціць ў крыўду славу,
         Славу ды свабоду,
Хоць і дуж ты, і багаты,
         Ды панскага роду.
 
Ох, патрапіць народ часам
         За сябе ўступіцца, –
Зруйнаваць палацы вашы,
         Вашай кроўю ўпіцца...
 
Лезе пан да Бандароўны,
         Ўвесь гарыць, бы ў жары;
Тая, жартаў не пазнаўшы,
         Зьехала па твары.
        

 
 
IV

 
 
Жудка, жудка дым пажарны
         Бухае уночы,
А жудчэй яшчэ у пана
         Задымелі вочы.
 
Выгражае кулакамі
         Ўсёй казачай брацьці:
– Ўсе адказ дасьцё мне зараз –
         Дочка, бацька, маці!
 
– Асьцярожна, ясны пане,
         З грозьбамі сваімі! –
Забурчала старшына ўся,
         А моладзь – за імі,
 
Выбег з хаты пан Патоцкі
         Зваць сваю дружыну,
А старэйшы людзі вучаць
         Бедную дзяўчыну:
 
– Уцякай жа за пагодай,
         Донька маладая,
Покі дзень засьвеціць ясны,
         Покі сіл хапае!
 
Пан з Канёва не даруе
         Хараству тваёму,
Як не ўмее дараваці
         Ён нідзе нікому.
 
Уцякала Бандароўна
         Ў поле зь цёплай хаты,
Абымала яе ночка,
         А вецер крылаты
 
Расплятаў ёй косы буйны,
         Песьціў белы грудзі;
Болей жалю меў над ёю,
         Як якія людзі.
        

 
 
V

 
 
Уцякала Бандароўна
         Ды паміж платамі,
А за ёю тры гайдукі
         З голымі шаблямі.
 
Бегла поле і другое,
         Ўзьбегла і на трэцьце,
Ды ўжо сілы не хапае
         Далей так ляцеці.
 
Oх, няшчасна Бандароўна,
         Адпачні часіну,
Памаліся за сябе ты,
         За сваю Ўкраіну!
 
На сырой прыляж зямельцы,
         Атулісь касою,
Няхай сэрцайка дзявоча
         Прыйдзе да спакою.
 
Думай думкі, што чыніці
         У бядзе паганай,
Калі панскія служакі
         Прывядуць да пана!
 
Не прыйшлося спачываці
         Доўга Бандароўне, –
Наляцела, адшукала
         Дзікая пагоня.
 
Зь дзікім сьмехам учапілісь
         За косы і рукі,
Пацягнулі нешчасьліву
         На вялікі мукі.
 
Ночка цёмная глядзела
         Ды цямнейша стала,
Адна зорка мігацела –
         І тая прапала.
        

 
 
VI

 
 
Хто галубку убароніць,
         Ўсьцеражэ ад згубы,
Як няўбачна пападзецца
         Ў каршуновы дзюбы.
 
Вырве сэрцайка няшчаснай,
         Вып’е кроў чырвону,
Застануцца толькі косьці
         На зямліцы соннай.
 
Застанецца памяць толькі
         Ў стадзе галубіным,
Што ім выдзер хтось галубку
         Крыважадным чынам...
 
Прыцягнулі Бандароўну
         К пану у сьвятліцу,
Як праступніцу якую
         Ці як чараўніцу.
 
Ўбор дзявочы абарваны,
         Зблытаныя косы,
Ў вочках толькі рдзяцца сьлёзы,
         Як улетку росы.
 
Ці то сьлёзы з крыўды страшнай,
         Ці зь бясьсільнай злосьці,
Што к чужынцу без пытаньня
         Прывялі у госьці.
 
I стаіць яна прад панам,
         Як калінка тая,
Што у лузе, над ракою
         Вецер пахіляе.
 
Сабірае у галоўцы
         Думанькі дзявочы,
Глядзіць сьмела, ані моргне,
         Ворагу у вочы.
        

 
 
VII

 
 
Пасадзіў пан Бандароўну
         У куце на лаве,
Як бы тую маладую
         У вясельнай славе.
 
Застаўляе стол дубовы
         Сытаю ядою,
Мёд, віно ў жбанах б’е пенай,
         Як бы мора тое.
 
Яшчэ мала: пан вяльможны
         Клікае музыкаў,
Знаць, заход вялікі робіць
         Ён к гульні вялікай.
 
Не чакае Бандароўна
         Тут сабе пацехі
I не верыць панскай ласцы
         I ў панскія ўсьмехі.
 
Ручкі белы заламала,
         Зьвесіла галоўку,
А тым часам пан Патоцкі
         Выйшаў у бакоўку.
 
I прыносіць ён стуль стрэльбу,
         Куляй набівае,
Ў рукі ўзяў і Бандароўну
         Голасна пытае:
 
– Ну, што воліш сабе выбраць,
         Пышная паненка:
Ці ў бяседзе засядаці
         Вось пад гэтай сьценкай
 
I са мною піць, гуляці,
         Ночкі каратаці?
Ці навекі косьці парыць
         У зямельцы-маці?
        

 
 
VIII

 
 
Затраслося помстай сэрца
         У грудзі дзявочай,
Спахмурнелі чорны бровы,
         Заіскрылісь вочы.
 
– Не такую, ясны пане,
         Бачыш прад сабою,
Што захоча чэсьць і славу
         Прадаваць з табою.
 
Свае золата, палацы
         Застаўляй сабе ты,
Сам заморскае віно пі
         I насі саеты.
 
Пі, гуляй з сваёй раўнёю,
         Покі ваша сіла, –
Бандароўне больш да твару –
         Чымся ты – магіла.
 
Не прадасьць яна дзявоцтва,
         Як ты, пан, сумленьне;
Твае ўгрозы ёй не страшны,
         Не страшна цярпеньне.
 
Перад панам тым з Канёва
         Сьмела дзеўка стала,
Сьмела гледзячы у вочы,
         Сьмела адказала:
 
– Дужы ты з сваім багацьцем,
         А я сілы большай, –
За мной праўда і народ мой,
         За табой жа – грошы!
 
Чым з табою піць, гуляці,
         Ночкі каратаці, –
Лепш навекі косьці парыць
         У зямельцы-маці!
        

 
 
IX

 
 
Тут як стрэліў пан Канеўскі
         Ў лева яе вуха, –
Стала наша Бандароўна
         I нема, і глуха.
 
Палілася кроў чырвона,
         Сэрца абамлела,
Павалілась на зямельку,
         Як бярозка бела.
 
Парасплеценыя косы,
         Як тыя галінкі,
Леглі пасмамі хваліста
         Тут жа ля дзяўчынкі.
 
Толькі з крыўдай аднальковай
         Вочы пазіралі,
Як бы ўсіх пытаць хацелі:
         За што пакаралі?
 
Дый заглянулі, знаць, крэпка
         Ў ворагава сэрца:
Пан Патоцкі ўжо не рад стаў
         Сам сабе і дзеўцы.
 
Праклінае сам самога
         I такую ночку;
Кліча бацьку, кліча матку,
         Каб забралі дочку.
 
Як прыходзіў Бандарэнка,
         А зь ім – Бандарыха,
Галасілі над дачушкай,
         Галасілі сьціха.
 
Ой, ламалі свае рукі
         Стары са старою:
– Налажылась донька наша
         За ўсіх галавою!
        

 
 
X

 
 
Забіралі бацька, маці
         Родную дачушку,
Несьлі ціха, асьцярожна
         Сваю мёртву служку.
 
Дзе йшлі зь ёю, кроў чырвона
         Капала паволі
I блішчэла па ўсёй сьцежцы,
         Як раса на полі.
 
Як прынесьлі Бандароўну
         Да сьвятліцы новай,
Палажылі памаленьку
         На лаве дубовай.
 
Прыбіралі, як да шлюбу,
         Ў белю і вэлёны,
Запляталі буйны косы
         Ў касьнікі чырвоны.
 
Пазлацістыя на пальцы
         Персьцяні ўзьдзявалі,
У замшовы чаравічкі
         Ножкі абувалі.
 
З руты-мяты ёй вяночак
         Вілі у дамоўку,
Як карону каралеўне,
         Клалі на галоўку.
 
Зьбілі з дошак габляваных
         Белу дамавіну
I складалі ў ёй няшчасну
         Забіту дзяўчыну.
 
Сьпіць сном вечным Бандароўна
         I болей не ўстане,
А над ёй пяюць старыя
         «Вечна спачываньне».
        

 
 
XI

 
 
Неспакоен пан Патоцкі
         У сваёй правіне,
Што ўчыніў такую крыўду
         Hi пра што дзяўчыне;
 
Хоча грэх свой чым загладзіць
         I віны убавіць;
Бандароўну хоць па сьмерці
         Думае праславіць.
 
Ён сьпяшыць на баль хаўтурны,
         Пыхай паганяны,
Шоўкам кажа абіваці
         Гроб той дзераўляны;
 
Шоўку, золата, атласу
         Браці, колькі хваце,
Кутасамі залатымі
         Труну абчапаці.
 
Загадаў капаці яму,
         Мураваці з мура,
Каб магілкі не размыла
         Hi вада, ні бура.
 
Загадаў слаць да магілак
         Сьцежку дыванамі
I пасыпаць дываночкі
         Белымі цьвятамі.
 
Як панесьлі Бандароўну
         На вечна хаваньне –
Загадаў іграць музыкам
         Сумнае іграньне.
 
Як спушчалі Бандароўну
         На той сьвет вялікі,
То яшчэ сумней зайгралі
         Панскія музыкі.
        

 
 
XII

 
 
Пахавалі Бандароўну
         У вянку і ў белі,
Толькі думак украінцам
         Пахаваць не ўмелі.
 
Шмат цярпець народ умее,
         Ўмее ж і памсьціцца,
Як дадзене вельмі крыўда,
         Як зло разгасьціцца.
 
Весьць аб сьмерці Бандароўны
         Скрозъ пайшла, як мора,
Зашумела Украіна –
         Гора панам, гора!
 
Бандарэнка сходы кліча,
         Ўсім аб крыўдзе кажа;
Войска сільнае зьбірае,
         Роўна сіле ўражай.
 
Задымелі у пажарах
         Панскія сялібы,
Палілася кроў ракою
         На лугі, на скібы.
 
Дарма рэзь стрымаць казаччу
         Войска шле Варшава, –
Шмат казацтва нацярпелась –
         Бітва йдзе крывава.
 
Колькі выцекла крыві йшчэ,
         Не будзем казаці,
Бо крывёй сваёю роднай
         Трэ’ было б пісаці.
 
З долі ж горкай Бандароўны
         I з таей часіны
Засталіся толькі казкі,
         Песьні ды ўспаміны.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.