РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Эквівалент
...
        У адной, далёка ад нас, хоць і ня надта разьвітай краіне ўзьніклі праблемы зь буджэтам. Не хапала грошай. Зрэшты, тое не было навіной, грошай не хапала й раней, і тады ўрад рабіў проста – падвышаў падаткі. Зрабілі так і гэтым разам: абклалі насельнікаў 40-адсоткавым падаткам. Трохі счакалі, падлічылі, але выявілася, што прыбытак зноў мізэрны. Тады ўрадоўцы ўвялі 60-адсоткавы падатак, але прыбытак замест таго, каб адпаведна павялічыцца, значна зьнізіўся. То было нешто дзіўнае, што супярэчыла нават правілам арытмэтыкі. У эканамічна-фінансавых колах пачалося энэргічнае абмеркаваньне фэномэну. Пасыпаліся прапановы, як ад прафэсіяналаў, так і ад найбольш актыўных зь ліку сьвядомых працоўных. Некаторыя заяўлялі, што ўся справа ў слабасьці выканаўчай улады, што трэба ўдвая павялічыць паліцыю, стварыць адмысловыя фармаваньні, як сьлед настрапаліць сакрэтныя й фіскальныя службы. Так і зрабілі. У дадатак павялічылі колькасьць мытняў – на мяжы і ўнутры краіны, перавялі працу судоў і пракуратуры на кругласутачны рэжым, разагналі калегію адвакатаў, гэтых прафэсійных абронцаў злачыннасьці. І зноў без жаднага выніку. Бюджэт трашчэў, грошай рабілася ўсё меней, а выдаткі на ўсе пералічаныя меры толькі расьлі.
        У час чарговага паседжаньня ўраду новы старшыня высунуў абсалютна новы бюджэтны прынцып: калі дзе цяжка папоўніць, дык трэба дзесь скараціць. Адразу было зразумела, што скарачаць асыгнаваньні на войска нельга, бо пад самы дзяржаўны плот лезла крыважэрнае НАТО, – глядзі ня сёньня, дык заўтра пачне бамбаваць нашы ўлюблёныя гарачыя й халодныя кропкі. Пакідаць бяз грошай КГБ таксама нельга ва ўмовах, калі краіна кішыць шпіёнамі й апазыцыянэрамі. Паліцыю – тым болей, – інакш хто тады тых шпіёнаў і апазыцыянэраў будзе цягаць у пастарункі? Калі ж скараціць выдаткі на пракурораў ды судзьдзяў, дык каму судзіць вышэйпамянёных? Вяртацца да нядаўняй практыкі троек ды несудовых распраў было быццам бы рана. Кіраўнічы апарат скарачаць наагул бескарысна й нават шкодна – ягоны арганізм ад скарачэньня толькі павялічваецца. Культура, настаўніцтва й мэдыцына? Культуру тут жа на паседжаньні без усялякай шкоды для яе выкрасьлілі ўсім радком пасьля таго, як міністар сказаў, што культура пракорміць сама сябе – ансамбляў у яе хапае. Мэдыцыну вырашылі пакуль не чапаць – мэдыцына можа набыць важныя функцыі ў адказным дзяржаўным праекце. Заставалася вялізная армія пэнсыянэраў, якая з прычыны злачыннага недагляду ранейшага папулісцкага ўраду распладзілася ў аморфную, непад'ёмную для дзяржавы масу. Удруку былі ўжо паяўляліся тэарытычныя артыкулы наконт таго, якая гэта шкодная й наскрозь буржуазная завядзёнка – плаціць тым, хто не працуе, што інстытут пэнсіянэраў ня што іншае, як узаконеная эксплюатацыя адной клясы другою, што, ня вырашыўшы праблемы пэнсіяў, дзяржава не пабудуе разьвітага сацыялізьму, а будзе век празябаць у няразьвітым капіталізьме.
        Урад засядаў тры дні й тры начы й выпрацаваў комплексны дакумэнт пэнсійнага забесьпячэньня, а менавіта:
        –выхад на пэнсію мужчынам дазваляўся па дасягненьні імі 100-гадовага ўзросту (для кіраўніча-адміністратыўнага складу тая плянка зьніжалася напалову – тым захоўваўся адрасны прынцып пэнсійнага забесьпячэньня);
        –памер пэнсіяў устанаўліваўся ў 1,5 адсоткі ад сярэдняй зарплаты пэнсіянэра (нельга было дапусьціць, каб грамадзянін-пэнсіянэр карыстаўся большым наборам даброт, чым той, хто працуе);
        –захоўваўся ў недатыкальнасьці прынцып роўнасьці мужчынаў і жанчын, як таго заўжды й дамагаліся жаночыя й фэмінісцкія арганізацыі;
        –бацькам, якія выхавалі двух і болей дзяцей, пэнсіі адпаведна зьмяншаліся – для забеспячэньня пэнсіяў дзецям у будучым (тым самым умацоўвалася сувязь пакаленьняў і адказнасьць бацькоў за лёс дзяцей).
        Гэтыя вельмі разумныя й ў пэўных адносінах прагрэсіўныя меры, аднак, датычылі больш-менш аддаленай будучыні, а вось што рабіць з «дзеючымі» пэнсіянэрамі было незразумела. Тым больш, што, як чулі ўрадоўцы, адпаведна старажытнаму рымскаму праву, закон, на жаль, задняе сілы ня мае. Пасьля доўгага й дэталёвага абмеркаваньня тае праблемы з удзелам СМІ, прафсаюзаў, кіраўніцтва палітычных партыяў, было вырашана для дзеючых пэнсіянэраў прымяніць радыкальныя меры заахвочваньня. Дазволіць:
        –піць сырую водаправодную й з калодзежаў ваду ў неабмежаванай колькасьці (матывацыя: сырая вада – самая танная);
        – пры купаньні ў рэках і ў моры заплываць як заўгодна далёка за чырвоны буёк (матывацыя: шырокае гарантаваньне грамадзянам іхніх правоў і свабод);
        –на будоўлях колькі заўгодна доўга стаяць на краі неабгароджаных пляцовак і пад стралой грузавога крану (матывацыя: выхаваньне ў грамадзянаў сьмеласьці й адвагі);
        – пераходзіць вуліцу дзе заўгодна, у тым ліку й на чырвонае сьвятло сьвятлафору (матывацыя: без матывацыі).
        Міністэрству аховы здароўя ўзмацніць кантроль за пагаршэньнем здароўя пэнсіянэраў асабліва з групаў рызыкі, якія належыць стварыць на кожным прадпрыемстве. СМІ й незалежным сацыялягічным інстытутам праводзіць рэгулярны маніторынг эфэктыўнасьці дадзеных мераў сярод пэнсіянэраў.
        Ужо праз некалькі дзён пасьля выхаду ў сьвет гэтай пастановы ўрадавыя СМІ паведамілі краіне пра велізарны ўздым, якім сустрэлі пэнсіянэры чарговы клопат урада пра іхны дабрабыт і здароўе. Газэты надрукавалі паведамленьні аб радасьці, якая ахапіла 80-гадовага грамадзяніна К., што нават памкнуўся заплыць за буёк. Праўда, не даплыў і да паловы адлегласьці, але ня ў тым справа, пісала газэта. Справа ў прававой магчымасьці зьдзейсьніць тое, чаго раней ён зьдзейсьніць ня мог. Другі грамадзянін дзяліўся ўздымам, які ахапіў яго, калі ён удала перабег вуліцу пад самым носам нахабнага «мэрса» й нават ня быў аштрафаваны гаішнікам. Апазыцыйная газэта пасьля спрабавала падаць той несумненны факт як фальшыўку, надрукаваўшы рэпліку, быццам той грамадзянін зусім не пэнсіянэр, а юнак-спартсмэн. Але зноў жа тое зусім не засланіла сутнасьці справы, якая, вядома ж, палягала ў новых магчымасьцях для пэнсіянэраў. Магчымасьці ды пэрспэктывы складваліся выдатныя. Самы незалежны сацыялагічны інстытут правёў апытаньне некалькіх тысячаў пэнсіянэраў і атрымаў гэткія вынікі. На пытаньне, ці падтрымліваеце вы ўсе пункты пастановы, 99,9 адсоткаў сказалі, што безумоўна падтрымліваюць. І толькі 0,01 адсотка ня мелі ўласнае думкі, але гэта тыя, што знаходзіліся ў рэанімацыі або былі прызнанымі недзеяздольнымі паводле розуму. Прэзыдэнт краіны ўзнагародзіў дзьве найбольш актыўныя ў справе прапаганды пастановы газэты, а таксама сацыялягічны інстытут і нацыянальнае тэлебачаньне. У канцы квартала Мінфін з вялікім аптымізмам узяўся падводзіць вынікі эканоміі пэнсійнага фонду й на некалькі дзён зьнямеў. Вынікі апынуліся нечаканыя – замест эканоміі выдаткі на пэнсіі значна павялічыліся й перасягнулі за адпаведны пэрыяд мінулага году. Каб неяк захаваць урадавы твар, было вырашана дапусьціць невялічкую руцінную папраўку – зьмяніць мінус на плюс, як гэта нярэдка рабілася ў мінулым. Але ў чым сапраўдная прычына краху дзяржаўнага праекту, належала высьветліць. Для высьвятленьня ўрад зьвярнуўся да ўласнага КГБ. Іпраўда, той неўзабаве даказаў, што не дарма есьць хлеб, а ягоныя эканамісты ў штацкім разумеюць у эканоміцы болей, чым куча сьвежасьпечаных прафэсараў з Акадэміі Кіраваньня. У адмысловым і дужа сакрэтным данясеньні яны па пунктах пералічылі прычыны неэфектыўнасьці пастановы:
        –сырая вада з водаправоду, дачных калодзежаў, а таксама з прыдарожных канаваў не зрабіла ніякага шкоднага ўплыву на загартаваныя за доўгае жыцьцё арганізмы пэнсіянэраў, якія прывыклі піць такую ваду й без дазволу ўраду;
        –атрутныя, з радыянуклідамі прадукты харчаваньня дастаюцца пэнсіянэрам у геапатычных дозах, бо асноўная прадуктовая маса іх раскрадаецца пасярэднікамі й скіроўваецца на вываз ў суседнія братнія рэгіёны;
        –за буйкі сёлета пэнсіянэры не заплывалі, бо амаль нідзе не купаліся з прычыны сцюдзёнага, дажджлівага лета;
        –краны на будоўлях каторы год стаялі закансэрваваныя, як і самі будоўлі, – з прычыны адсутнасьці фінансаваньня;
        –што ж датычыцца вуліц, дык кіроўцы хуткасных іншамарак за ўсе папярэднія гады так вышкалілі айчынных пэнсіянэраў, што тыя, бы зайцы, з адмысловым спрытам навучыліся перабягаць вуліцы без аніякай шкоды для ўласнага здароўя. Наадварот, здароўе ад тае практыкі нават палепшала, і яны змянілі руцінныя ранішнія прабежкі ў парку на сэрыю прабежак упоперак праспэкту, асабліва па той яго частцы, дзе ездзіць прэзыдэнт.
        Урад на колькі дзён упаў у прастрацыю – шырока разрэклямаваныя й ня менш шырока падтрыманыя народам меры аказаліся на справе мыльнаю бурбалкаю, якая да таго ж лопнула. З прычыны яўнай неэфэктыўнасьці радыкальных мераў было вырашана зьвярнуцца да мераў традыцыйных, прыпамятаўшы, што ня ўсё старое ёсць кепскае. Тым болей, што ўсё новае – даўно забытае старое.
        І тут прыпамяталі добрую, старую практыку ўзнагародаў. Варта было яе скарыстаць, хіба што змадэрнаваўшы ў новых варунках, адкінуўшы яе заганныя мэтады, калі ўзнагароджвалася кіраўніцтва за адданасьць пэўнай ідэі ці сакратаркі – за прыгожыя клубы й вочы. Вырашылі ўзнагароджваць толькі пэнсіянэраў і толькі за канкрэтныя справы, якія даюць пэўны грашовы прыбытак дзяржаве. То было адраснае стымулаваньне й пэнсіянэраў, і дзяржавы. Быў тэрмінова распрацаваны дызайн высокіх ордэнаў, муаравых стужак да іх і правілы ўзнагароджваньня. Той з пэнсіянэраў, хто абавязаўся скараціць тэрмін уласнага пэнсіянэрства на 10 год узнагароджваўся самым высокім ордэнам «Славянскае братэрства», хто на пяць год – ордэнам «Мусульманскай еднасьці», на тры гады – «Юдэйскага кагалу». Усе ордэны, апроч таго, мелі па тры ступені – залатую, срэбную й бронзавую. Такім чынам забясьпечваўся дыфэрэнцыяваны падыход, што ў поліэтнічным, шматканфэсійным грамадзтве было вельмі важна. Акадэмія кампутарнай інфарматыкі ўжо падлічыла віртуальны прыбытак, які складаў астранамічную лічбу, за што й была адною зь першых узнагароджаная самым галоўным ордэнам залатой ступені. На прадпрыемствах, калгасах і ва ўстановах былі праведзеныя сходы й мітынгі, на якіх пэнсіянэры ва ўрачыста-сяброўскай абстаноўцы бралі на сябе адпаведныя абавязацельствы пад незабыўным лёзунгам «Добровольно, но обязательнно» й бязь лішняй цяганіны тут жа атрымлівалі высокія ўзнагароды. Некаторыя ўносілі ўласныя прапановы, вядома ж, адносна ўдасканаленьня пастановы. Так грамадзянін К., былы партызанскі камандзёр, прапанаваў павялічыць тэрмін найбольшага скарачэньня зь дзесяці да васямнаццаці год, каб адразу атрымаць тры ордэны, як гэта практыкавалася на мінулай партызанскай вайне. Але тая яго прапанова не знайшла разуменьня, – можа таму, што ініцыятару споўнілася 99 год і было падазрэньне ў жаданьні атрымаць узнагароды «на халяву». Але тое не было масавай зьявай – бальшыня пэнсіянэраў сьціпла брала абавязацельствы, атрымлівала ўзнагароды й шпацыравала па вуліцах – па адным ці гаваркімі кампаніямі. Папулярнасьць узнагарод была такая высокая, што некаторыя прышпільвалі на грудзі ўсё, што можна было прышпіліць і з тым бадзяліся па вуліцах, не прамінаючы, аднак, лаўкі, дзе імкнуліся без чаргі пралезьці да прылаўку й атрымаць каўбасы. Часам ля тых прылаўкаў узьнікалі эксцэсы, якія, аднак, пасьпяхова вырашаліся з дапамогай міліцыі, АМАПу, іншых спэцсілфармаваньняў.
        Яшчэ да выяўленьня фінансавага эфэкту пастановы, які гэтым разам сапраўды чакаўся вельмі высокі, выкрылася адна прыкрая зьява – дэфіцыт каштоўных і каляровых мэталаў. Дызайнэры, што распрацоўвалі праекты ўзнагарод, карыстаючыся бескантрольнасьцю кантрольных органаў, завысілі вагу ўзнагародаў, і краіна нечакана апынулася без залатога й срэбнага запасу, бяз цынку, сьвінцу, бронзы, медзі, малібдэну. І нават чыгуну стала не хапаць – гэтулькі пайшло на ўзнагароды. Попыт на іх, аднак, усё павялічваўся, усё новыя групы пэнсіянэраў бралі й бралі на сябе новыя абавязацельствы. Адпаведна павялічваліся й выдаткі на пэнсіі – і тое было незразумела. Сацыялягічныя інстытуты, якія цяпер сталі спрэс незалежнымі й рэгулярна фінансаваліся зь дзяржаўнага бюджэту, ня мелі на тое адказу. Не маглі на той раз нічога высьветліць і выпрабаваныя спэцорганы, магчымасьці якіх з прычыны разарватых сувязяў з заходнімі калегамі значна звузіліся. Затое адказ неўзабаве далі пранырлівыя чаўночнікі, рух якіх за апошнія гады набыў фантастычныя памеры. Яны сьведчылі, што тымі ўзнагародамі забітыя ўсе базары суседніх краін, кампрадорскія дзялкі скупляюць іх партыямі для патрэб уласнай высокатэхналягічнай вытворчасьці.
        Між тым выплата пэнсіяў у краіне з прычыны абсалютнага банкруцтва пэнсійнай сыстэмы зусім спынілася. Урад, адміністрацыя ўсіх узроўняў, канструктыўная апазыцыя, прафсаюзы – усе маўчалі, ня маючы што прапанаваць народу. Адно мацавалі сілавыя структуры. Дэпутаты, спалоханыя за свае наседжаныя ў парлямэнце месцы, патрабавалі ўвесьці надзвычайнае становішча.
        Неяк надвячоркам перад палацам прэзыдэнта немаведама адкуль вынікнуў невялічкі, з шасьці чалавекаў, пікет. На грудзяў у пікетчыкаў віселі самаробныя ня дужа зграбна напісаныя плякаты. Высьветлілася, што гэта быў самадзейны, несанкцыянаваны пікет незарэгістраванай партыі «Аматары алькаголю», і ён патрабаваў ад дзяржавы, калі тая ня можа выплаціць пэнсію грашыма, дык хай плоціць натурай. Нарад паліцыі, які апэратыўна зьявіўся па выкліку таптуноў у штацкім, тут жа накінуўся на сьвядомых алкашоў і пачаў круціць ім рукі. Звычайна за такой важнай апэрацыяй сілаў правапарадку любіў назіраць з вакна сам прэзыдэнт краіны, якім на той час быў шаноўны Тумба-Лумба, у мінулым сам адмысловы алькаголік, а цяпер ганаровы старшыня Акадэміі Цьвярозасьці. Назіраючы захапляльную сцэну расправы, ён, аднак, сьціпла ўсьміхнуўся й сам сабе ціха мовіў: «А чаму б і не!» Тыя словы, вядома ж, былі адразу запісаныя высокаадчувальнай тэхнікай суседняй дзяржавы, апрацаваныя ў яе адпаведных колах і нечакана адобраныя. Таго стала дастаткова, каб праз тыдзень урад выдаў чарговую пастанову пад нумарам «000999» – аб выплаце абмежаванай колькасьці пэнсіянэраў іхных пэнсіяў у алькагольным эквіваленце. Навучаны ранейшымі няўдачамі, урад пакуль што асьцерагаўся плаціць гарэлкай усім, хацеў паглядзець, як яно складзецца на практыцы. Пакуль складвалася выдатна. У цэнтры сталіцы на плошчы Недатыкальнасьці Да Прэзыдэнта адбыўся грандыёзны, нікім не санкцыянаваны, але й нікім не разганяны мітынг падтрымкі й захапленьня, у якім удзельнічала каля двух мільёнаў пэнсіянэраў (паводле зьвестак дзяржаўных СМІ; паводле падлікаў скупога на арытмэтыку агенцтва Ройтар – 2 тысячы). Гэткай адмысловай кансалідацыі народу ніхто не памятаў нават з самых састарэлых людзей. Усе горача падтрымлівалі пастанову «Трох дзявятак», як яе называлі ў простамоўі, або пастанову «Паратунку й развіцьця», як назваў яе ў нядзельнай перадачы любімы тэлекамэнтатар нацыі спадар Гебэльс-Лятнеўскі. Усе слаі грамадзтва без адрозьненьняў клясаў, прафэсіяў, узростаў, полаў, нацый і веравызнаньняў былі ў захапленьні ад мудрасьці ўраду. Стары паэта, што ўсе апошнія гады наракаў у вершах на недахват грошай на хлеб, за адну ноч напісаў паэму гекзамэтрам. Ён каяўся, што нядаўна яшчэ разам з народам і партыяй (не ўдакладніў якой) доўгі час лічыў другім хлебам бульбу, аж выявілася, што другі народна-партыйны хлеб – гарэлка. І гэта выдатна, бо, як паказвае досьвед, грошай на гарэлку ніколі не бракавала.
        То былі вешчыя словы паэта-прарока.
        Мінфін у тэрміновым парадку распрацаваў мэханізм гарэлкавай выплаты. Улічваючы небывалую папулярнасьць новага мэтаду, было вырашана для разьліку з прадпрыемствамі, установамі таксама перайсьці на гарэлку, а таксама й на ўсе іншыя выплаты, у тым ліку ў дзяржаўным гандлі. Канешне, не ўдалося пазьбегнуць некаторых няўвязак, але якая ж слушная справа абходзіцца без няўвязак. Няўвязкі неўзабаве былі адрэгуляваныя – быў выпрацаваны эквівалент: 1 тысяча рублёў прыроўнівалася да 1 літру гарэлкі, 500 рублёў – да паўлітры, 250 – да чацьвярцінкі, чакушкі ў прастамоўі. Усё звыкла й проста, як і ўсё геніяльнае. Праўда, трохі павалэндаліся з распрацоўкай мэтодыкі аплаты плацяжоў дзяржаве, якая, вядома ж, гарэлкі не спажывала, хаця мела яе мора. Тады ўжылі прынцып зваротнага эквіваленту. На прыгожа аддрукаванай у Фінляндыі паперцы, што служыла таксама бутэлькавай этыкеткай, азначалася лічба эквіваленту – адпаведна 1000, 500, 250 рублёў – у залежнасьці ад аб'ёму бутэлькі. Тое было вельмі зручна – сумясьціць у адно функцыі бутэлькі, гарэлкі й асыгнацыі. Знайшліся, вядома, скептыкі, якія пачалі даводзіць, што бутэлька й этыкетка – далёка не адно й тое ж, што першую можна спажыць, а другую хіба што выкінуць. Але тады вучоныя патрыёты зь ліку гісторыкаў распавялі слушны гістарычны факт, як у сярэднявеччы эўрапейскія падарожнікі прывезьлі з Кітая вестку пра тамтэйшыя папяровыя грошы, дык у Эўропе ім не паверылі. Ды з часам так прывыклі да паперы, што цяпер нават друкуюць зь яе даляры. Тое было прызнана навукова абгрунтаваным і болей пярэчаньняў не выклікала. Гарэлкавыя этыкеткі заканамерна набылі пашыранае значэньне й выдатна ішлі на плацяжы, у той час як гарэлка – выключна на ўжытак. Адносіны дзяржавы й грамадзяноў выдатна ўрэгуляваліся. Сьцьвердзіўся небывалы эканамічны фэномэн – чым больш людзі спажывалі гарэлкі, тым больш багацелі. Запачаткавалася новая беспрэцэдэнтная цывілізацыя – зь ініцыятывы ня надта вялікай і нават мала разьвітай краіны.
        А галоўнае – сышло ў нябыт неўміручае саслоўе пэнсіянэраў. Напрыканцы ХХ стагодзьдзя ў краіне іх засталося ўсяго 9 (магічная лічба), затое гэта былі самыя фізычна й духова загартаваныя людзі, спрэс былыя перакананыя камуністыя.
        На пачатку ХХІ стагодзьдзя, як прэзыдэнтам краіны адзінадушна быў абраны шаноўны Хісаін Асман, краіна была ў каторы раз перайменаваная й атрымала назову: Рэспубліка Бутэлькавая. Скарочана РБ.

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.