 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Андрэй-выбаршчык
|
|
II Мужыкі нецярпліва чакалі Андрэя з выбараў. На трэці дзень, калі Андрэй павінен быў прыехаць дадому, цэлая грамада мужыкоў у доўгіх кажухах, з люлькамі высыпала на вуліцу каля манаполькі і шумела, як лес у вецер. А як рабіць тут не было чаго, то сягды-тагды можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку і як галгатала гарэлка, пераліваючыся проста з бутулькі ў мужыцкае горла. Тут былі і такія, што паспелі налізацца і спявалі песні. А Антось Байбак нават пайшоў у скокі і баранаваў пясок на вуліцы старымі ботамі, на якіх не хапала аднаго абцаса. - Андрэй ідзе! Ідзе Андрэй! Гоман, як бачыш, сціх, і ўся грамада заварушылася, як адзін чалавек. Толькі адзін Антось Байбак не хацеў злучацца з грамадою і не пераставаў араць пясок, крычучы, каб на яго пазіралі, бо ён паказваў, як даўней скакалі лявоніху. Але на яго ніхто не пазіраў. Андрэй ішоў, апусціўшы галаву. З адной кішэні доўгага сівага халата тарчала турэцкая булка, як раменны мужыцкі чук*. * Мужыцкі чук - скураны лапаць. Мужыкі цесна абступілі Андрэя. - Ну, чым жа ты пацешыш нас, Андрэй? Андрэй махнуў рукою, і першае яго слова насіла імя той рэчы, якую мужыкі на поле вывозяць. - Каго ж выбралі? - Папоў ды чыноўнікаў. - А ты дзе быў, карова ты? Чаго глядзеў? - накінуўся на Андрэя п'яны Антось. - Ды я б ім нюхаўкі параспорваў бы! - От ты ідзі лепш скачы лявоніху, - парадзілі яму мужыкі. - Няхай вы па жары скачыце, - агрызнуўся Антось і плюнуў. - А яны стаяць за мужыкоў? - пыталі ізноў мужыкі. - Дзе бачылі! Усе чарнасоценцы. І прыступу да іх няма. - А гарбатаю вас не частавалі? - Чаму не? Але чорт яе піў. Гатовы сказаць яшчэ, што мужыкі жывуць па-панску. Гаварыў жа адзін стрынгаль*, што сорак гадоў таму назад мужыкі елі мякіну. * Стрынгаль - падгалісты, высокі, танканогі чалавек нясталага выгляду. - Трэба было сказаць, што цяпер і гэтага няма, - загаманілі мужыкі. - Дык мы і зрэзалі гэтага пана, аж брыдка яму стала... А якія яны былі добрыя! Проста хоць да раны прылажы. А як прывязаўся быў да нас адзін «саюзнік». «Хадзем ды хадзем на сход!» Проста хоць ты махалам махай - здавалася, не адчапіцца ад яго. Адзін з нашых раз і сказаў: «Хоць і пойдзем, але вушы заткнём, каб не чуць вашай гутаркі». - Гэта ўсё роўна як той паляшук, якога сілаю валаклі да царквы. Бачыць, што нічога не будзе, «Хоць, - кажа, - і пайду, але ні губою, ні рукою не мяльну!» - сказаў адзін мужык. - А раз, браткі, - казаў далей Андрэй, - такая выйшла штука. Зайшлі да аднаго выбаршчыка. Ніхто не ведаў, што ён - прадсядацель саюза рускага народа, і аблаялі мы гэты саюз з астатніх слоў. Выбаршчык усё слухаў ды вачамі моргаў, а потым як усхопіцца, усё роўна як на шыла сеў, ды як крыкне: «Гарадавых пазаву!» Дык мы, брат, ходу. Грыгор з Н... павета, бегучы з другога паверха, зачапіўся ботам, паслізнуўся і пералічыў задам усе ўсходы. Дык мы гэтаму выбаршчыку кінулі ўсе чорныя галкі, але ўсё роўна яго выбралі - што мы значым? Колькі нас? Як выбралі дэпутатаў, дык усе чарнасоценцы давай біць у далоні, спяваць, я думаў, што лявоніху скакаць яшчэ пусцяцца... Стаялі мы, братка, моцна. У канцы адзін з мужыкоў сказаў рэч надта жаласную. «Скрыўдзілі, кажа, мужыкоў, не выбралі іх дэпутата. Хто будзе гаварыць у Думе аб цяжкай долі нашай...» Мужыкі ўсе плакалі. Стары Хлёрка выціснуўся на першае месца, абвёў усіх мужыкоў вачамі і сказаў: - Ну, што, чыя праўда?..
|
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|