РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Зьміцер Смалякоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кронікі ўнутраных рэвалюцый
Уступ
Кніга чакання
Эпілог
Інфармацыя пра карыстальніка
..post/~existense
..POST/~EXISTENSE
        
..POST/~EXISTENSE

        
        [1]
        
        “Землятрус, трус, трус, трус”
        
        Вока дрыжыць. Яго калоціціь нейкая сіла, але сілай уласнай волі з гэтым дрыжаннем парабіць нічога не магу. Неяк не атрымліваецца.
        
        Згублены кантроль. Згубленыя магчымасці. Адмоўныя ўчынкі. Набор словаў не дае ноччу спаць розуму, розум заняты пераборам словаў.
        
        Крышталізаваныя думкі заспіртаваліся ў шклянках на гістарычнае захаванне. Рэліктавыя высновы для наступных пакаленняў, пакінутыя мной у спадчыну. Карыстайцеся калі ласка, мне зусім не шкада прэзэнтаваць сваю ўласнаць, тым больш мне не падуласную.
        
        12. З шафы выйшаў дамавік і напужаў мяне ў дзяцінстве, з той пары я баюся насякомых і чорных катоў, якія катуюць у сакавіку. Гэтае парушэнне псіхікі адбілася на ўсім маім жыцці, я чытаю кнігі і пішу лісты да пракурора з патрабаваннем дасканальнага даследвання ў пытаннях этыкі і юрыдычных акалічнасцяў працэсу сусветнай міграцыі мазгоў. Што, Пілат, зноў мыеш рукі?
        
        Завешаныя люстры, але я ведаю, што акрамя мяне нябожчыкаў у кватэры няма. У люстэрку таксама дрыжыць вока, але з іншага боку, вока.
        
        Сэрца стучыць: тук-тук, тук-тук, тук-тук. Прыемна стучыць. Стучыць!
        
        Партугальскія педафілы займаліся палітыкай і журналістыкай. Тыктанічныя вылюдкі небясьпечных формаў жыцця. Паляўнічыя палююць на сіротак з адмысловымі жаданнямі вывяржэння магмы.
        
        Гюгенс прытытаніўся і зараз інфармацыя рэтранслюецца праз Касіні ў Еўрапейскую Касмічную Агенцыю. “Армада іншапланетных інтэрвентаў кіруе ў нашае інтэртэкстуальнае грамадства ў інтэр-актыўнай плоскасці” – нам не даведацца пра гэта, гэта не пішуць у газетах і па тэлебачанні не транслююць.
        
        Агітацыя прапагандай. Рэферэндум за падаўжэнне тэрміну канца света. Лорды больш не палююць на ліс, лорды прымаюць закон, бо без закону лорды палююць на ліс.
        
        “Я вельмі шмат гляджу тэлевізар, гэта відавочна”
        
        Дрыжаць рукі. Цела, як рэч у асяроддзі іншых рэчаў зробленых з рэчываў. Нешта псіхічнае, у кайданах галавы назірае перманентную сцэну, дзе няма герояў і іх дзеянняў. Суцэльная бяздзейнасць. Рухаюцца толькі вочы. Яны назіраюць, як дрыжаць рукі на каленях вялікай рэчы, якая знаходзіцца на канапе, што стаіць ля правай сценкі, на якой вісіць карціна, якая павінна адбівацца ў люстэрку, але не адбіваецца, бо люстэрка завешана. Псіхічнае робіць апрыорныя высновы, псіхічнае не бачыць ні карціны, ні тое што адбіваецца ў люстэрку. Па-першае, карціна вісіць над псіхічным і псіхічнае не можа дацягнуцца да карціны зрокам. Па-другое, люстэрка завешана, а таму не прагледжваецца.
        
        Думаю, што варта прыпыніць гэтую стрэсавую актыўнасць, узяць сябе ў рукі і прапанаваць адэкватны алгарытм дзеяннеў. Ступень адэкватнасці выводзіцца з формулы сацыялагічных даследванняў сацыялагічнай думкі, сацыялізаваных сацыолагаў.
        
        “Няўжо відовішча трупа пад варыўнёй на лецішчы можа выклікаць такі дзіўны, у некаторых ракурсах існавання, стан?”
        
        Доктар, прапішыце мне антыдэпрэсантаў, бо я раблюся антысацыяльным. Падпішу пратакол у любым месцы і ў любы для вас зручны час. Дзякуй, што карыстаецеся нашымі паслугамі.
        
        
        
        
        [2]
        
        Экалогія робіць негатыўныя змены ў арганізме чалавека, калі да экалогіі негатыўна ставіцца чалавек. Недахоп некаторых рэчываў вядзе да падаўленасці, абыякавасці і дэпрэсіі, ажно хочыцца забіць што-небудзь. Да нас у госці прыйшлі госці, закамуфляваныя ў аднолькавыя уніформы для унірэчываў. Гэта мой унітаз, даражэнькія уніформныя унігосці.
        
        “15.08ага з 12і да 16і гадзін я знаходзіўся ў бары “Чык-чырык” і гэта могуць падцвердзіць усе наведвальнікі бара “Чык-чырык”, якія знаходзіліся ў гэтым бары з 12і да 16і, 15.08ага”
        
        Гэта сон, ці я зноў гляджу тэлевізар?
        
        
        
        
        [3]
        
        Каметавы палёт над галавамі зямлянаў у космасе, прыгожа, прыемна, захапляе захоплены ў палон дух.
        
        “Дзе ваша жонка, місцер?”
        
        Я люблю стасавацца з людзьмі, заводзіць новыя знаёмствы, весці актыўны лад жыцця, падарожнічаць і тайныя спружыны палітыкі ў 18.00 штоднёвага эфіру нацыянальнага тэлеканалу. Я крэатыўны, бадзёры малады чалавек у моднай стрыжцы і гальштуку, гатовы да эксперыментаў і ненармаванага працоўнага дню. “Мілы мой наймальнік, дай мне месца, а я буду зарабляць патрэбныя мне грошы – чытай па вуснах, калі не разумееш увесь гэты фантануючы смеццевы паток завучаных рэплік.” Я закончыў гэтакі ВНУ у гэтакі год, з гэткімі адзнакамі. Я стэрыльны, што скальпель хірурга, мой мілы, закамплексаваны падазорамі, карпаратыўны сябар. Так, так, нумар сацыяльнага страхавання маецца...
        
        
        
        
        [4]
        
        Памятую, як яна паглядзецла квазімастацкую сінемадраму і вырашыла прыдушыць мяне кофтачкай.
        
        Міла, міла. Гляджу відовішча чарговага тэракту ў прамым эфіры і жую поўднікавую капусту. Набіваю рот і страхваю слёзы. Тэлевізар вызывае механічныя пачуцці – дзевятнаццатае стагоддзе так і не сыйшло ў нябыт.
        
        Куртуазныя важдзі і здраднікі,
        Разбэйшчаныя норавам начальнікі –
        Прастытуткі ў патрыятычных адзёжах,
        Зарабляюць ударным падзёжам.
        Перапоўненыя абяцаннямі ванітавальнікі.
        
        “Я еду на вакацыі зглузду, ці гэта толькі здаецца?” У любым выпадку варта паспаць, пераварваючы паедзеную капусту.
        
        
        
        
        [5]
        
        Рагаты тралебус, перапоўнены агрэсіўнымі суб’ектамі з недахопам неабходных вітамінаў.
        
        “Хырайце на суседку, грамадзянін, я сам саплямі магу запэцкаць вам сумленне да недасціральнай ступені”
        
        Злобная бабуля, відавочна, з органаў абароны атэсітычнай маральнасці традыцыйнага грамадства.
        
        !”Сядайце на маё месца, мілая”!
        
        Расплылася ў суцэльным задавальненні віртуальнага пачуцця сімуляцыі усеагульнай павагі старасці.
        
        На ўласнай кухні я знайшоў акрываўлены нож. Здаецца мне, што тут нешта было: два крымінальных суб’кта-рэцэдзівіста ўварваліся на прасторы маёй уласнай уласнасці для несанкыянаванага прысваення маёмасці. Але ў выніку канфлікта інтарэсаў перарэзалі адзін ў аднога, недзе ў ванай, бляскавым лязам свае ватныя шыі і зараз ісцякаюць чырвонай кроўю, захлёбваючыся прагай да пагіблай нажывы.
        
        Цік-так. Ці-так. Цік-так.
        
        Ало, міліцыя. “Прабачце, я памыліўся нумарам.”
        
        Усяго толькі парэзаная нырка для коткі, якой ужо, як паўгады няма.
        
        
        
        
        [6]
        
        “ Я княгіня Трубецкая з таварыства бясплатных псіхааналітыкаў, мы можам праразмаўляць ваш вам непатрэбны час за кубачкам кавы? А потым, калі вы, Такі мілы, Прыгожы, Малады чалавек спадабецеся маёй бязмужчыннай псіхааналітычнай натуры, я так і быць, дазволю сабе згадзіцца на маленькую вячэру, па-хуткаму.”
        
        Так, так, у дзяцінстве мяне білі малатком па галаве, таму маё перабітае Эга знаходзіцца ў патрэбе вечаровых размоў і манатоннай музыкі. Доктар, я адчуваю сябе такім адзінокім, што думаю паехаць у Маскву зарабіць на новы Джып з турбадызельным рухавіком, які каштуе ў далярах, вялікую колькасць даляраў.
        
        “Думаю, што мы дарослыя людзі і не будзем ухіляцца ад дарослых размоў, якія дапамогуць нам высветліць увесь цяжар вашага постстрэсавага стану, які відавочны, на мой суб’ектыўны погляд. Вы мелі інтымныя стасункі з прадметам свайго сэксуальнага прыцягнення, пасля згаданых падзей?”
        
        Доктар, я ж не нікрафіл.
        
        Яшчэ адна рэч на згаданай перманентай сцэне квадратнага ларца, пабудаванага кватэрай. Тут ёсць хто жывы? Тут ёсць хто жывы? Аналітыкі да разгляду не прымаюцца.
        
        “Думаю, вартым будзе сумесны паход у рэстарацыю для працяглай размовы ў лёгкім, вольным ад успамінаў асяроддзі на нячыйнай тэрыторыі, з патэнцыяльнай патэнцыяй запрашэння пацыента ў прыватныя пакоі ўрача для дакладнай дыягнастацыі псіхічнай хваробы.”
        
        А можна вас запрасіць на вячэру?
        
        
        
        
        [7]
        
        Неяк вечарам я прачытаў гэты міленькі маленькі тэкст. Самае дзіўнае, што я не памятаю, калі ён быў напісаны, а галоўнае кім.
        
        “Мілая, ты публіцыстыкай не займалася ноччу? Не. Значыць котка”
        
        
        
        
        [8]
        
        “А як ты растлумачыш акрываўленыя свае рукі, скажы?”
        
        Час запаволіўся, расцягнуўся на пятнаццаціхвілінныя імгненні. Гэта не кроў, я ведаю, што кроў не можа быць такой чырвонай. Гэта фарбы, я мастак, таму малюю сцены фарбамі, а зараз я карыстаўся менавіта чырвонай.
        
        
        
        
        [9]
        
        Часам з’яўляецца такая дзікая прага да малатка. Нешта такое цікавае маецца ў гэтай няхітрай прыладзе “малаток”. Хочыцца ўзяць яго, размахнуцца ім, “прыбіць цвічкі ў чые-небудзь ручкі”, прыладзіць, адрамантаваць што-небудзь.
        
        Негатыўныя думкі смыліся ў чорнай дзірцы клазетнай галактыкі. Я бачыў, як яны імклівым віхорам былі прыцягнуты магутнай гравітацыяй дзіркі. Чорны – колер адсутнасці, белы – прысутнасці. Я не адбіваю святло, значыць я альбо празрысты, альбо чорны. Праверыць гэта немагчыма, люстэркі ўсе завешаны.
        
        “І бензапіла карысная прылада пры пілаванні”
        
        Разыкоўна гляджу ў тэлевізар. Барадзьба з наркатрафікам абярнулася да барадзьбітаў спіной і збегла. Галодныя афрыканскія дзеці прадаюць алмазы за бясцэнак хітрым, тлустым, пухлым, залатазубым дзядзям. Дзядзі ўсміхаюцца ва ўсе свае залатыя зубы і сядаюць у свае белыя сонныя верталёты.
        
        Вывяржэнне магмы ў Ціхім акіяне здымаюць даследчкі на новую відэакамеру прэзэнтаваную ім спонсарам, які спецыялізуецца на вытворчасці гэтых відэакамер. “Мама я хачу есці” Хітры бельгійскі дантыст забіў дзевяноста сем чалавек перад тым, як яго злавілі. У венцеляцыйнай шахце новага хмарачоса знайшлі скалечаны труп загадчыка кадраў, падазраюцца ў забойстве кадры. “ А ты запісаўся ў вячэрнія навіны?”
        
        
        
        
        [10]
        
        Дзіўна. Дзіўна. Дзіўна.
        
        Трэба пайсці на вуліцу, знайсці дубіну, прадубініць чалавека з пісталетам і забраць пісталет. Мне трэба абарона, а домам я крэпасць не лічу, таму жыву дома і дома мне патрэбна абарона, пісталет.
        
        Ён прыходзіў учора ноччу і казаў, што я Рыкі-Цікі-Таві, павінен прыдушыць змяю, якая шчыльна абвіла маю шыю. Не, місцер, вы не саб’еце мяне з панталыку, я ведаю ўсе вашыя хітрыя хітрыкі, я разлічыў кожны ваш крок, я ведаю чаго вы намагаецеся. Вы намагецеся славы бельгійскага дантыста, вось толькі я не дантыст, я інтэлегентны малады чалавек, які працуе на рэспектабельнай працы.
        
        “Карыстайся прыладай для колкі ільду, яна так зручна месціцца ў тваёй правай руцэ, што асноўныя дзеянні не выклікуць аніякіх праблем”
        
        Ён не адпусціць мяне проста так, ён заўсёды катуе людзей да апошняга ўздоха. Не, яму не перамагчы. Не перамагчы!
        
        “І так, мой дарагі пацыент, як вашыя справы?”
        
        Дзякуй, справы плывуць спраўна.
        
        “У наш час так цяжка знайсці патрэбнага партнёра для жыццёвай гульні. Разумееце ж самі, што сам-насам гуляць не вельмі зручна і малацікава. Тым больш, што такія адукаваныя людзі, як мы з вамі, заўсёды змогуць знайсці агульную мову для прадуктыўнай працы і прагрэсу. А як вы лічыце?”
        
        Я лічу патрэбным маўчаць. Мілая псіхааналітычная жанчына сама раскажа мне ўсё, што я павінен ведаць “О, я з вамі цалкам згодны, мадмуазэль”
        
        “Такім чынам лічу патрэбным папярэдзіць вас, што тут усё так дорага і непрывабна, таму больш будзе правільным наведыванне маёй кватэры, дзе я сваімі ўласнымі намаганнямі прыгатую варты нашаму густу абед.”
        
        “Забіць яе зараз ці пачакаць раніцы?”
        
        Які прыемны быў абед. Якая прыемная была размова. Як мы прыемна паглядзелі тэлевізар. Як вы прыемна... добрай раніцы, мілая мая псіхааналітычная жанчына, спадзяюся, што я ноччу не храпеў?
        
        
        
        
        [11]
        
        Робіцца відавочным недахоп меланіну. Сонца! Сонца! Мне не хапае сонца!
        
        Сон нараджае больш трывалы сон. Кладуся рана, прачынаюся позна, хочыцца спаць, хочыцца больш спаць, бо сплю больш. Віртуальная рэальнасць, пагойдыванне экрану, рэлаксацыя цела,” не чапайце мяне сёння, я ляжу на канапе і падняцца не здатны”, сон вынішчае маё існаванне, існаванне робіцца сном.
        
        Што рабіў учора? З кім я быў учора? Вакацыі за свой конт. Дзякуй, я люблю глядзець мульцікі і чытаць сямейную газету.
        
        “Гэй, ці не я гэта вас учора забіў?”, мумія, фараон Тутанхамон, Тутангамон, тут і гамон.
        
        Думаю, што я здатны на забойства і самым крывавым шляхам, хачу падкрэсліць, мілы мой даследчык. Я бы напэўна забіў шляхам пілавання бензапілой прывязанага да стала цела. Фантануючая кроў аблівала бы мяне з ног да галавы, а я, думаю, што б рагатаў і пілаваў далей. Ці ведаеце, люблю я гэтую справу, пілаванне.
        
        Маленькі злобны звярок прабег па плінтусе і знік у норцы. Няма коткі. Пайшла папаліць. Што ж, чакай свайго лёсу маленькі злобны звярок.
        
        Дні расцягнуліся, зліўшыся ў адзін марудны паток падзей, дзе я адсутнічаю, недзе прысутнічая. Бо калі я адсутнічаю тут, то відавочна, што недзе дакладна павінен прысутнічаць. “Ці не?” Неяк не прыемна думаць, што не.
        
        
        
        
        [12]
        
        “Хто тут у мяне пад мяккім цёплым мясістым мужчынксім бокам?”
        
        Апошнім часам я заўважыў галаўны боль, які пачынае катаваць мяне шторанак а палове чацвертай і спыняе сваю дыструктыўную дзейнасць недзе а дзесятай. У час гэтых боляў адчуваю нарастанне жадання разбіцця ўласнай галавы. Павыдзіраў усе цвікі, не хачу напароцца і памерці выпадковай смерцю.
        
        “Твае рукі па-локаць у крыві і глебе. Ты забіў, а потым закапаў. Лічыш, што дыпламаваны жанчына-псіхааналітык вырашыць усе твае жыццёвыя праблемы? У цябе расце пухліна мозгу, а ты дагэтуль не хадзіў у дэспансэр!”
        
        Ператэлефануйце заўтра, я ў ванне.
        
        
        
        
        [13]
        
        Ён сочыць за мной, гэты маленькі хітры электрычны жучок. Ён крочыць за мной, з’яўляецца там, дзе некалькі хвілінаў таму быў я. Ён пільнуе мяне, палюе на мяне, палюе на маю волю, сочыць за маёй воляй, ён ведае, што я вольны магу зрабіць, таму ён кантралюе і сочыць. Я ж прызвычаіўся да цябе, маленькі хітры электрычны жучок, ты для мяне не перашкода ў маёй улюблюёнай працы “Я і кроха малаток”.
        
        Хі, хі, хі, хі. У цемры я схаваюся ад твайго пільнага вока, у шафе пад паліто мне цёпла і ўтульна, паспрабуй, знайдзі мяне па цеплавому вылучэнню, сябра.
        
        Пазавешываць вокны, паадключаць тэлефонныя апараты, забіць цвікамі дзверы, што, схапіў непажаданы госць, гэта табе не ў грамадскім транспарце высочываць мілага маладога чалавека. Ты хітры, вось толькі я хітрэйшы, шпарчэйшы, я усё адно застануся недасочаным, хоць бы ў цёмным калідоры, хоць бы на бязлюднай вуліцы, хоць бы пад дахам уласнага дома.
        
        З-за недахопу вітамінаў арганізм захварэў і перастаў павінавацца, адразу выцеклі слёзы, соплі, слюні. Спажываю лекі травяной гарбатай, жучок назірае за мной, бо не верыць майму гнілому настрою і слабому стану. Я так хачу быць здаровым, пусціце мяне на волю, я хачу волю без хваробы і лекаў. Нічога, назапашу карысных элементаў у целе і зноў схаваюся ад электрычнага жучка. Ён не перашкода майму хітраму і вясёламу розуму.
        
        Апрану акуляры і не буду нічога бачыць. Я сярэднестатэстычны чалавек з трупам пад варыўнёй і пра гэта ніхто не ведае. Дзіўная маладая жанчына з бясконцым мноствам чырвона-жоўта-аранжыкавых нітак заплеценых у касічкі ўсміхнулася мне і палічыла мяне прывабным. Яна мяне палічыла такім, бо зусім не ведала мяне. Яна лічыць мяне такім жа, як і яна сама. Вось толькі не ведае гэтая мілая дзяўчынка, што я зусім не такі якім яна мяне мяркуе, я такі, такі, такі хітры, што магу хаміліоніцца такім, як яна мяне мяркуе.
        
        А яшчэ я магу злівацца па каляровай гаме з навакольным асяроддзем і праз транаццаць метраў, магу смактаць жыццёвую сілу ў няшчаснай ахвяры. “гЭй, якія ў цябе вялікія зубы, граф Дракула!” Што, страшна, маё фальшывае сумленне, правільна, бойся!
        
        За вакном у садзіку гуляюцца на траўцы дзеці, я гатую абед і думаю, як бы не завербавацца ў органы праваахвоты пехоты. Мяне заб’е тэлевізар, ці старасць. Блакітны экран выцісне з галавы вочы і я аслепну, як гэта непрыемна напэўна.
        
        Зноў гэтая жанчына пад маім цёплым мясістым бокам. Ну што. Што табе трэба, жанчына? А можа “ты таксама жадаеш застацца на вечнасць пад варыўнёй?” ты чакаеш нечага, дык скажы мне, я, разумееш, не памятую, бо стары і брыдкі.
        
        
        
        
        [14]
        
        Разглядаў сёння фатакарткі. Няўжо мне праламілі неяк аднойчы чэрап, я зусім не памятаю.
        
        Прыгадаў першае і апошняе каханне, гэта ты мая мілая добрая дзевачка, у зялёнай кофтачцы, у чорнай фарбе валасоў. Ты біла мяне нагамі, прымушала брудна лаіцца, паліць, ужываць алкаголь і наркотыкі. Ты любіла садызм, значыць я любіў цябе, мая мілая маленькая дзевачка. Ты пяшчотна абвязвала мае рукі рамянём, а потым дубасіла плётачкай, я стагнаў разам з суседзямі, якія падслухоўвалі нашыя інтэлегентныя размовы. Мяркую, што гэта было нечым прыемным для майго безвыратавальнага гнілога стану, мая душа і так вырадзілася, таму прагнула дасканалага выраджэння без магчымасці апілявання да вышэйшых пачаткаў-канчаткаў.
        
        Ты душыла мяне, змяя-змеічка, не здарма ж, гэты цікавы захітраны суб’кет мяне клічыць мангустам. Але вельмі прыемна душыла, цёплая лагодная працяглая смерць ад задавальнення. Ты лічыла сябе зорачакай, ты заўсёды грала публічную ролю першага плану, вось толькі для чаго* хіба ж для мяне, для мяне саплівага маленькага нецікавага гідкага бязгуздага нязграбнага плаксівага дзіцёнка мяне. Ты брудна лаілася, крычала ў людных месцах, ванітавала на дываны афіцыйных будынкаў. для чаго? паказаць усім усю сваю першанапершную ўнутраную прыгажосць і эпатажнасць. ці для таго, каб нехта цябе заўважыў, напрыклад маленькі просты інфантыльны ідэлічны наіўны малады чалавек?
        
        Але нешта зноў разбалелася галава. Я вельмі значна сплю, гляджу тэлевізар і псіхааналітычна стасуюся. Дарэчы, дзе яна? А, зноў пад бокам.
        
        “І зноў аддзяленнем менскага КДБ быў разчынены чарговы намер крымінальных элементаў па перапраўцы брыліянтаў і сапфіраў праз мяжу”
        
        Мая прабабуля наўрад ці думала пра тое, што са з’яўленнем тэлевізара жыццё пачне набываць адмоўныя якасці. “Я сёння спаў, ці гэта ўсё яшчэ ўчора?”
        
        У Таіландзе вельмі часта карыстаюцца неаплочваемай працай сланоў, паглядзіце, як яны няшчасныя, працуюць на будоўлі чарговага бунгала на ўзбярэжжы Індыйскага акіяну.”
        
        Здаецца, трэба выпіць лекаў і заснуць. “Псіхааналітычная жанчына зноў размаўляе ў сне” / чаму зноў?, хіба ж я памятаю!
        
        
        
        
        [15]
        
        Мы пачалі да сябе звяртацца на вы.
        
        
        
        
        [16]
        
        А што было ўчора, мы зусім нічога не памятаем. Мы снедалі? Відавочна так, бо есці мы пакуль не жадаем.
        
        “Якая я хітрая мёртвая дзевачка!”
        
        Мы лічым карысным правесці прафілактыку кішэчна-страўнікавых захворванняў, таму вартым будзе ўжыванне ванітнага.
        
        Прыманне закончана.
        
        Дзень кончаны.
        
        
        
        
        [17]
        
        Хто піў з майго куфліку? Хто еў з маёй місачкі? Хто карыстаўся маёй лавачкай? Хто валяўся на маім ложку? Гэта вы? Гэта мы!
        
        У мяне назапашаны прылады для яднання. Лічыце, што мне гэта можа спадабацца? Лічыце, што мне можа спадабацца такі вось, такі стан? Такі так.
        
        А вы ўжо тут як тут, маленькі электрычны жучок. Вы таксама не бачылі майго падбокавага сябру? Пад варыўнёй пашукайце, мілы.
        
        Вельмі хочыцца спаць пасля ежы. Мы заўтра адкажам на ўсе тэлефонныя выклікі. Дарэчы, пра выклікнікоў, ужо як пятнаццаць год мы смуткуем і плачым па загубленым душам астранафтаў шатла Чэленджэр. Прэзідэнт Злучаных Штатаў смуткуе разам з нацыяй.
        
        
        
        
        [18]
        
        “Мой абвуглены прах прывязуць на месяц ракетай Арыян6, цікава, Арыян, гэта грузінскі назоў?”
        
        Спакусіцеся бульбай. Бульба гэта адзінае, што засталося з ежы. Хіба мы каларацкія жукі? Не, з жукоў тут толькі адзін электрычны, а мы спажыўцы бульбы.
        
        
        
        
        [19]
        
        Разыкоўныя думкі не перастаюць катаваць мой стамлённы мозг, думаю, што цікавыя назіранні за ўласным існаваннем будуць вельмі карысны, якому-небудзь даследчыку для якіх-небудзь спраў. Не можа ж быць такога, што ўсе мае пісьмовыя практыкаванні на практыцы нікому не спатрэбяцца. Не можа быць! Я не хачу з гэтым згаджацца і я з гэтым не згаджаюся. Магчыма, што праз тысячу год гэтыя лісткі зробяцца прадметам разгляду філалагічнага прадстаўніка будучыні, і я, нават, магчыма, зраблюся нечым таленавітым, нечым таленавітым, нечым таленавітым.
        
        А ўвогуле, не істотна, я ціха існую ў сваёй кватэры, харчуюся капусткавай бульбай, стасуюся з тэлевізарам, сачу за станам планеты... і марудна завісаю, дзеянні прытармажваюцца, словы запавольваюцца, думкі незважаюцца... я зноў засынаю, засынаю.
        
        Поле засеяна трупамі Джонаў Доў, Чыперс-Кліперс лётае над полем і харчуецца мясам памерлых. А мне ўсё адно, мне тут прыемна, цёпла і яшчэ раз прыемна пад паліто ў драўлянай шафе. Ніхто тут мяне не знойдзе, ні ціхі маленькі электрычны жучок, ні той злаўмысны тып-хаўруснік. Ніхто не спакусіцца на мой лёс, на мой час, на мой досвед. Я тут, а ўсе астатнія там, за сценкай, пад глебай, пад варыўнёй у глебе. Хі, хі, як я таленавіта схаваўся, снайпер-кукушка, пакіньце мяне ў кайданах на Кайманах, дзякуй.
        
        Завея забівае ільдзінкамі пешаходаў, а я тут, у доміку з чарговай нізкай хітравыдумляльных планаў. Мой маленькі жалезны малаточак ля мяне, у анучцы, завернуты, пачышчаны з ачышчальным парашком. Знайсці нас можна толькі па хрусцячым фанціку шакаладкі, але гэта вельмі складаная праца, таму, відавочна, што пошукі распачатымі не будуць. І не трэба, я сам знайду таго, хто мне патрэбен, каму патрэбен я.
        
        “ Самі разумееце, што я акторка і вельмі часта стасуюся з людзямі, таму газ “чыромуха” проста неабходная рэчы ў маім напружаным графіку”
        
        “Ты чуеш, мерзапакасны злодзей, як загніваюць мае памерлыя клеткі, а ты тут! Яшчэ тут, у той час, калі я там, дзе нікога няма, і нікому ўсё роўна дзе я, а я там, дзе ты мяне пакінуў, злаўмыснік-калабарацыяніст”.
        
        Кіруем на захад па паху валасатых пахаў пахабных прыматаў. Я яшчэ тут, жывы і здаровы. Так, я хачу паразмаўляць пра гэта.
        
        Відавочна, што з самага дзяцінства жыццё перастала атрымлівацца: спачатку я нарадзіўся, а потым мяне прымусілі плаціць падаткі. Маё дзяцінства прайшло ў пансіянатах для хлопчыкаў, таму недахоп жаноцкай ласкі заўсёды балюча адбіваўся на маёй нетрывалай псіхіцы. Я быў вымушаны шукаць сабе партнёраў для вечаровых размоў, але ў пансіянаце для хлопчыкаў партнёраў не было, былі адныя хлопчыкі, таму вечарамі я размаўляў сам з сабою, пакуль не прыйшоў той хітры суб’ект і не прапанаваў трывалую працу на грамадзянскіх пачатках.
        
        Кажуць, што мае дзеянні цалкам дэтэрмінаваны храмасомным наборам маіх генаў, такім чынам я маю права на тое, што ў мяне атрымліваецца і да чаго я здатны. Таму справа ахвяры, па сваім храмасомным наборы, быць ахвярай і не рыпацца, у яе, ахвяры, праца такая, быць падмалатковай істотай. Таму ўсе гэтыя закамуфляваныя людзі з дубінкамі і значкамі, з’яўляюцца супрацьхрамасомнай арганізацыяй, якая нам псуе ўсю маліну. Таму лічу неабходным унесці пункт на разгляд патрэбнай камісіі аб вольным паляванні па ўласнаму генетычнаму коду, з расфармаваннем фуражкавых людзей з недахопам гумару. “Дайце вадзічкі, калі ласка, нешта піць ахвота.”
        
        “Так, так, цёценька-местачковы-чыноўнік, вы будзеце адной з першых, хто аддасць сваё жыццё справе прыроды, а пакуль сядзіце на сваім месцы ў аўтобусе і думайце пра вашыя праблемы неканкурэнтназдольнасці.”
        
        
        
        
        [20]
        
        Думаю, што тры лыжкі цукару хопіць на раствор кавы ў 0,25дм? кіпеня.
        
        Мае ватныя рукі перасталі слухацца мяне, яны страйкуюць трэці дзень запар і жадаюць працы. Не магу дазволіць ім працаваць. Малаток схаваны пад замок, а ключ з’едзены на вячэру, таму патрэбна некалькі часу для магчымасці прапанавання рукам хоць нейкіх умоваў.
        
        Вынайшаў маршчыны пад вачамі. Інструменты яднання дапамаглі, Злучаныя Органы Цела маладога чалавека знаходзяцца ў баяздольным стане і гатовыя да дзеяннеў. Акрамя рук. Рукі чакаюць умоваў.
        
        Пэўна зноў засну, мне чамусці пачало падабацца ляжаць увесь час на канапе і глядзець шматсерыйныя сны. Прыемна, а галоўнае бясплатна.
        
        
        
        
        [21]
        
        Так я і лічыў, просты, сумны, бязлікі, няўрымслівы, саплівы, прагніўшы служачы з бруднай душонкай, зданай ў арэнду д’яблу. Нават ён не захацеў набываць, а толькі ўзяў пакарыстацца з нагоды спачування. Я толькі мару, чакаю эстэтычнага задавальнення ўласнымі магчымасцямі, якія ніколі не мусяць збыцца на праўду. Я толькі што і магу займацца генерацыяй мрояў на смярдзючай ад поту канапе ў перапынках паміж сняданкам і вячэрай. Я той, хто спрадвеку быў слабым, непатрэбным гэтаму свету па прычыне сваёй забітасці. Я гідкі, змярцвелы акуляраносец, які не тое што не заступіць за мяжу дазволенага, але нават і не прымусіць сваё цела да некалькіх крокаў у бок гэтага. Я ніколі б не адважыўся на гэта, я ніколі б не ўзяў малаток, нават калі ўбачыў бы яе, яе, яе, яе на ложку ў ложку з іншым чалавекам, які не з’яўляўся бы мною. Я не зрабіў бы нічога, бо я інтэлегентны чытач бясконцай мукулатуры набітай усемагчымым досведам. Я нішто, пустка, нуль, дзірка! Я бы толькі ахнуў, я бы толькі заплакаў бы ў глыбіні душы, у прасторах сваёй самасці... і ўсё, больш аніякіх дзеянняў. Гэта я, а вось той хітры суб’ект далёкі ад мяне па ўнутранаму складу. Я не ведаю, што ад яго можна чакаць і да чаго ён варты. Па ўсім відаць, што варты, гэты вартаўнік вартых смерці грэхапаўшых. Ён можа ўсё. Ён зроблены да ўсяго. Ён зроблены, і ён шэпча мне пра мангуста, пра Рыкі-Цікі-Таві. Ён спявае пра рыдлёўку голасам Аіда, ён чакае маіх дзеянняў, але дзейнічае выключна на ўласнае сумленне і густ.
        
        
        
        
        [22]
        
        Кіраўнікі маіх учынкаў утварылі кансіліўм, дзе ўчынілі лаянку і мужусобны гвалт па шэрагу пытанняў мяне не датычаных. Я лічыў сябе малапатрэбнай асобай у такіх умовах, бо як бы я не вырашыў, усё было б не вельмі хораша, нават вельмі не вельмі.
        
        Пачуцці зліліся ў нешта нетрывалае і малапатрэбнае. Я вельмі часта лічыў іх малапатрэбнымі, гэтыя пачуцці, і зараз, напэўна, лічу іх такімі, падлічваючы выдаткі на ежу і тэлебачанне.
        
        Раптоўна з’явіўся дзівосны спакой, падобны да ўгасання “няўжо я далучаюся ў нірвану?” я заўважыў, што мне нічога не хочыцца... нават меланіну.
        
        “Вы топчыце кур? Я тапчу снег, мілая” Выкшталцоўна ўсё гэта неяк, як. Патрэбна рушыць да лепшага, лешага.
        
        Начамі я пачынаю чуць музыку і нечыя таямнічыя размовы. Праз колькі хвілін я разумею, што гэта напаміны ў галаве, толькі тады я пачынаю аддаваць сабе справаздачу, што гэта толькі памяць, а не насамарэч я чую музыку і таямнічыя размовы. Мне здаецца, што гэтага патрэбна пабойвацца, але ўсё ж, часам, прыемна паслухаць на халяву музыку, тым больш нікому не замінаючы гукам. Відаць раблюся самадастатковым, як спадарожнік у глыбокім космасе.
        
        “Дзеці пачынаюць размаўляць у анальнай стадыі і мы аналізуем гэта недарэчнае становішча асаблівасцю звышінтэлектуальнай арыйскай расы, якая месцам свайго арыялу выбрала зямлю, дзе раней харчаваліся дыназаўры мезазойскай эры парашутызму савецкага саюза плямён паўднёвай амерыкі, вынішчыных гішпанскімі канкістадорамі магічнага рэалізму канца ХХ стагоддзя смутку і войнаў сусветнага маштабу зямной мапы геадэзічных аб’ектаў карысных выкапняў, якія праглядаюцца з дапамогай вельмі дасканалай оптыкі самадастатковым спадарожнікам у глыбокім космасе, які выканаў сваю закладзеную праграму і зараз знаходзіцца ў бясконцым дрэйфу ў напрамку чорнай дзіры, з якой ўтварыўся Сусвет, шляхам сусветнага калапсу”
        
        Нейкая млосць назіраецца, самааналіз забівае, забівае рэфлексія, мне нічога не хочыцца, я ўгасаю, хутка дасягнецца мокша... рукі перасталі страйкаваць. Таму можна выбірацца з шафы, хопіць хавацца пад паліто, не так тут ужо і камфортна ў гэтым пылавым банку кватэрнай шклянцы.
        
        “Ты быў такі гідкі са мною гідкі гіднік. Ты забіў маю душу, спыніў развіццё майго маладога цела. Ты распаясаў гнільніх гнільнікаў, якія харчуюцца тым, што вырасла з майго харчавання. Ты спыніў мяне, мяне спыніў, вырадак, недачалавек, спермапсіхалох. Ты закапаў мяне! Ты пахаваў мяне! Ты схаваў мяне! Ты пакраў мяне! Адну мяне, заставіў адну, у адзіноце займацца адзінотным раскладаннем на малекулы. Я зараз толькі што і магу, як перманентна змяняць хімічны склад свайго цела”
        
        Думаю, усё ж пакуль будзе лепшым сядзець у шафе. Нешта не падабаюцца мне гэтыя напаміны, так рэальна шэпчучыя ўнутры галавы.
        
        
        
        
        [23]
        
        Я адвянціў галаву і выкінў яе ў сметніцу.
        
        Вінцеляцыйная шахта была разбурана выбухам метану прыбіральні. 40 гарнякоў памерлі на месцы, астатніх шукаюць выратавальныя атрады.
        
        Аднекуль з’явіліся араматычныя свечкі. Яны прыемна гараць і вылучаюць прыемныя пахі. Усё ж лепшым было б выкарыстаць іх па прызначэнню. Прыемны пах ніякім дадатным чынам не ўздзейнічае на скалечаны страўнік.
        
        Я ўсё яшчэ малады чалавек, праўда пра іпітэт “прыемны” можна даўно і па-справе забыцца. Я ўсё яшчэ не магу паглядзець на сябе, чакаю ту дзівосную асобу, якая прыйдзе і паздымае анучы з люстэрак.
        
        Я вельмі часта цябе сню. Ты такая прыгожая, такая дарослая, павучаеш мяне, робіш мяне прыстасаваным. Маё каханне да цябе падобнае на каханне да маці. Я кахаю цябе больш чым жанчыну, праўда гэта табе не істотна, бо цябе больш няма. А мне ўсё адно, смерць не прычына для смерці кахання.
        
        
        
        
        [24]
        
        Роўнае, геаметрычна правільнае святло вылучае настольная лямпа. Устойліва чытаю баяздольныя нататкі, таткі. Нейкая лухта... ну і хопіць на сённе.
        
        
        
        
        [25]
        
        Адчуваю, як дзеляцца ядры, ваўколі, як дзеліцца на роўныя кавалкі цытаплазматычная мембрана, барана, мяне, мая цытаплазматычная мембрана, маёй клеткі, маёйго цела, майго ядра, якое дзеліцца ў маёй клетцы!
        
        Я пачаў губляць прытомнасць. Можа яна ніколі мне не належыла?
        
        Чарговы раз сябрук-хаўруснік кажа, што я праэкт, а ён праэктар. Я раб свайго інтэлекту, а маім інтэлектам кіруе ён, гэты хітры невядомы мне суб’ект.
        
        Працяглы час няма вестак ад электрчынага жучка, можа я яго не заўважыў і разламаў не наўмысна? У любым выпадку, тэрыторыя маёй волі пашырылася ў геаметрычнай прагрэсіі. Трэба забіць штосці ў штосці, відавочна неабходнасць размінкі.
        
        “Хлеб з разынкамі з вялікай канцэнтрацыяй ёда! Ёд ваша абарона ад Гамора і Саддома!”
        
        Учора ў вакно зазіраў мастадонт. Адкуль, пытанне вымерлы від узяўся на маёй вуліцы? Калі так пойдзе далей, дык мне насамрэч, мусяць адпомсціць. Можа трэба пачаць хвалявацца? Не ведаю. Прызнацца лянота.
        
        
        
        
        [26]
        
        Доўгія вострыя палачкі раздзяраюць мяне на кавалачкі, потым ты зойдзеш у маю кватэру і будзеш смажыць маё мяса на рамантычную вячэру для нас дваіх. Я вельмі баюся цемры, непакоюся фабійным настроем думак, думаю, што думкі псуюць мой скалечаны настрой.
        
        Я ледзь не страціў прытомнасць на кухні. Усё неяк паехала налева і я зразумеў набліжэнне падлогі. Відавочна патрэба ў лекары, але адзін вядомы мне падбокавы лекар ужо як трэці тыдзень не наведвае маю кватэру. Маленькі электрычны жучок вырашыў шукаць зніклага лекара і быў вымушаны знікнуць уласна. Ведаеце, мне неяк сумна і без лекара і без маленькага электрычнага жучка. Гэты шэрападобны суб’кет ужо прагледзеў у маім целе дзірку, мне неяк не па сабе калі на праўду прызнацца.
        
        
        
        
        [27]
        
        Вам патрэбен смаркаўчык? Будце мужчынам, выкарыстайце рукаў. У мяне рукаў заўсёды пад рукой для гэтай справы маецца.
        
        Кантралёрам заўсёды цікава месцапрызначэнне груза, асабліва калі за транспарт грошы не заплачаны. Яны хітраць, усьміхаюцца, падміргваюць, думаюць паморам узяць. Не атрымаецца, я троху хітрэйшы, я з сабою не нашу разліковыя білеты нацыянальнага банку і дакументы ідэнтыфікацыі не нашу таксама. Я цвярозы і здаровы, мяне нельга браць. Мяне нельга здымаць. Мне можна толькі спадабацца, калі я буду вымушаным прзэзэнтаваць вам кветкі і запрасіць на цёплую і даволі змястоўную вячэру... вечарам, а палове на восьмай. Музыка, цішыня, пара тройка транквілізатараў і сродкаў для ўзбуджэння. Навошта? Хм, дык усе ж п’юць*, таму і нам ахвота эксперыменту радзі, люблю я эмпірыку і красамоўную лірыку. Сэр Роджэр пісаў уціхамолку вершы, таму насіў падпольную мянушку шэк$пір, а потым пачаў рабаваць на службе, таму вясёлы трапіў на чорны сцяг карсараў-гідранафтаў. Дзе там мае вітамінчыкі?
        
        
        
        
        [28]
        
        А, гэта вы місцер Сміт! Як я рады. “ Раней я хадзіў адзін і быў проста Смітам, але неяк я сустрэў місцера Вэссана і місцер Вэссан мне спадабаўся. Мы пачалі забаўляцца ўсялякімі механічнымі прыладамі і прасушанымі сумесямі серы, вугля і сілітры. Мы добра ладзілі. А потым добра наладзілі вытворчасць гэтакіх цікавых прыладаў, якія даюць магчымасць вольна гуляць ноччу ў Цэнтральным Парку Новага Ёрку. Вось такія мы місцеры Сміт і Вэссан.” Дзякуй за вашую змястоўную прамову і за механізм дзякуй асаблівы. Бярыце калі ласка на кухні бутэрброд. Памажце маслам і харчуйцеся на здароўе. З вамі заўсёды праемна мець справы.
        
        
        
        
        [29]
        
        Нарэшце з’явілася сонейка і мне зрабілася значна лепей. Адчуваю бадзёры прыток эфірнага меланіну, настрой уздымаецца, як ртуць у градасніку па шкале Цэльсія. Яшчэ троху і мне зробіцца зусім добра. Прынамсі, маецца нагода для пазітыву: да мяне вярнуўся мой маленькі электрычны жучок. Цяпер ён абсталяваны чатырма камерамі, якія будуць ажыццяўляць кругласутачны нагляд за маёй асобай. Прызнацца, мне так прыемна адчуваць за сабой магчымасць быць пад наглядам, аж чатырох камер. Па мне, дык і дзвюх хапіла бы. Адчуваю патрэбу схавацца пад сонцам, але месцы пад сонцам даўно ўжо былі занятыя гутаперчывымі хлопчыкамі з выкшталцоўнымі дзяўчынкамі па заробку сусветнага багацця.
        
        “Вы выйгралі міліён няшчасцяў на сваю галаву! Наступны.”
        
        Як прыемна дома,
        Сядзець і піць гарбату.
        А лепей дзёрнуць чыку,
        І выкарыстаць гранату!
        
        Маленькія натоўпікі палітолагаў і журналістаў пасуцца на лужайцы ля майго пад’езда. Думаю, варта паклікаць дворніка, каб той разагнаў гэту шалудзівую шайку валацуг, яны псуюць мой настрой і замінаюць від з вакна. Можа выкінуць накавальню? можа я не такі ўжо і нешчаслівы? можа накавальня трапіць каму на галаву.
        
        
        
        
        [30]
        
        Механізм місцераў Сміта і Вэсана глядзіць мне дзіркай у лоб. Я не хачу, каб ён рабіў гэта, я не хачу правяраць механізм на сабе.
        
        
        
        
        [31]
        
        Выкарыстаў механізм на нейкай невядомай мне істоце. Здаецца андрагіністага полу, у чорных строях з базылікай на галаве і дзвюмя гатычнымі калонамі замест ног. Істота адказала на выкарыстанне толькі: “Ах, падла!” і знікла ў глыбіні Леты ў накірунку Тартара. Я схваў механізм і сам схаваўся таксама. Мне рашуча няма чаго было рабіць на гэтым раскрыжованым месцы, тым больш з парахавым налётам на руках.
        
        Дома налёт я старанна змыў мылам, сеў і паснедаў. Заўтра трэба паўтарыць эксперымент. Думаю трох крокаў будзе дастаткова, каб падцвердзіць тэорыю індукцыйным метадам.
        
        
        
        
        [32]
        
        “Ворагі! Ворагі паўсюль:?%;№”№ 42 “
        
        
        
        
        [33]
        
        Прылада зірнула на яго з усмешкай, ён таксама ўсміхнуўся, а потым адляцеў на некалькі крокаў пад імпульсам свінцовага ўдару. Я зірнуў на нацюрморт крывавых фрыкадэлек і задумаў хітры план. Мой былы загадчык ляжаў ціха і я вызваў яму хуткую дапамогу наборам тэлефоннага нумару і цыклічным пастукваннем у трубку. Потым я выйшаў на свежае паветра, у горач і бруд гарадскіх вуліц, сеў на транспарт і знік у бязмежным гарадскім трафіку. Прылада працавала ладна і ў дадатковых эксперыментах патрэбы не адчувала.
        
        
        
        
        [34]
        
        На вясёлых памінках я еў і піў. Прыгадваў, нагадваў, загадваў. Месца загадчыка было цяпер вольным і вышэйшы загадчык прапанаваў мне месца забітага. Забіты не пакутваў доўга, хуткая дапамога спазнілася на 45 хвілін, таму па-хуткаму не атрымалася. Я выкарыстаў магчымасць і, згадзіўся, цяпер ёсць магчымасць больш часу праводзіць дома і меньш часу праводзіць у жахлівым пакойчыку пад эфімернай шыльдай “офіс”.
        
        “У павіяна аголены зад, ён садзіцца задам назад і падстаўляе шэрстку гарачым струменям паўднёвага ветру, але вецер дрэнная дапамога ў час, калі даджджоў не было дванаццаць месяцаў. Рэчышча рэчкі перасохла, таму павіянам не застаецца нічога іншага, як садзіцца задам на свой аголены зад і чакаць Божай дапамогі. Дапамога прыйшла: над гарамі адбываецца навальніца і вось рэчышча запаўняецца жывой вадкасцю і павіянам больш ня трэба абпальваць свой аголены зад, зараз павіян можа лёгка напіцца, павіяну больш ня трэба чакаць вады, вада прыйшла да павіяна. Як толькі павіян зразумее, што вяртанне вады – гэта міласць Бога, павіян зробіцца чалавекам.”
        
        Механізм ляжыць ля малаточка. Я спецыяльна гэта зрабіў. Думаю зрабіцца аматарам збірання ўсемагчымых прыладаў, заўтра пайду ў магазін “турыст” і набуду сякеру, набуду сякеру і пайду на паляванне.
        
        “Галоўным заняткам мужчын з’яўляецца паляванне, менавіта гэтым заняткам яны займаюцца ўвесь свой вольны час. Забітую жывёлу ядуць менавіта мужчыны, жанчыны харчуюцца назбіранай садавінай прыгатаванай ля мяса. Калі мужчыны скончаць паляваць, мужчынам будзе няма чым заняцца, таму калі мужчыны не палююць, мужчыны ляжаць у цені дрэў, калупаюцца палачкай у зубах, сядзяць на ўзгорках, альбо ў мужчынкім доме, паляць розныя травы, але пры гэтых усіх мудрагелістых справах, мужчыны самотна глядзяць на пэўны аб’ект і думаюць, думаюць, думаюць...”
        
        Думаю мне ўжо вельмі надакучыла думаць, думаю трэба збірацца на паляванне. Мужчыне трэба дзіч, бо не люблю я мужчынскі дом, тым больш, што там засілле граху і парока змешаных з венерычнымі захворваннямі. Трэба заняцца спрадвечнай працай, працай мужчыны! Паляваннем.
        
        
        
        
        [35]
        
        Ужыванне цытрусавай радасці кліча мяне да гадасці. Я вадалаз, вадалажу пад вадой з доўгім і вострым гарпуном. Я глыбакаводны дай-вер, сулужу ў бундэс-вер-ы, трымаю левар-вер-ы. Гы. Якія цудоўныя манеры. У веры.
        
        
        
        
        [36]
        
        “Яны жорстка і нахабна забілі JFK куляй у шыю. Няшчасная Джэкі, яна ледзь не вывалілася з кабрыялета.”
        
        Верталёты лятаюць над маім домам, над маім логавам, над маёй пячорай, камандным пунктам. Яны высочваюць хітрага суб’кета, але знайсці яго не могуць. Ён схаваўся, схаваўся добра, капітальна, ён які раз ужо займаецца гэтай справай, пахаваннем.
        
        Жучок вылупіўся і сочыць. Чаго, пытанне, сачыць? Я тут, сяджу і мыю ў сланечнікавым масле механізм. Я за працай. Я бясшкодны навакольнаму асяроддзю, самае злобнае на што я зараз здатны, дык толькі пырснуць маслам на відашукальнікі электрычнага жучка, але рабіць гэтага я не буду, бо не хачу.
        
        Прыемны і мяккі смак свежага батона пад тлустай сферай маянэзу. Я ем ежу і гэта, дарэчы, прыемна.
        
        
        
        
        [37]
        
        Раптоўна адчуў непатрэбнасць, уласную бяссэнсоўнасць, бяссэнсоўнасць сэнсу, яго непатрэбнасць, яго ізаляванасць. Пэўна не хапае якогасьці вітаміну, ці проста дзень зрабіўся даўжэйшым, таму хаджу самотным. Не, не пра што не думаю, але ўсё адно нейкі самотны і мне гэта не падабаецца, а галоўнае я не ведаю з якой гэта нагоды і ўвогуле чаму гэта дарэчы.
        
        Справа ў тым, што я вымушаны хадзіць такім, хоць я і не хачу. А я ведаю, чаго я хачу, ХАЧУ ВЕДАЦЬ ЧАГО Я ХАЧУ!!! Вось такія справы, вось такія памідоры. Макароны ў таматнай пасце.
        
        Забітасць, вось тое патрэбнае слова, слова, якое змястоўна, а галоўнае дакладна ілюструе мой недарэчлівы стан. Млосць, адчуваю ўвесь час млосць, і гэтая млосць не ад адказнасці за існаванне, гэтая млосць ад самаго існавання.
        
        Ванітна, па справе кажучы. Не магу трываць, застралюся.
        
        ......................................................................Не, лепш буду сядзець самотным, мне нельга займацца інтраверцізмам!
        
        “Калі мужчыны не займаюцца паляваннем, мужчыны сядзяць самотна на дрэве ці калупаюцца палачкай у зубах, ці назіраюць за паводзінамі жывёл, ці сядзяць у мужчынскім доме. Сядзяць самотныя, з бессэнсоўнасцю на твары і думаюць пра штосці ў той час калі не палююць..........”
        
        
        
        
        [38]
        
        Цёплы мяккі ложак і грукат лыжак. Нешта шчыміць пад лыжачкай, а я думаю пра тое, што я думаю. Гэта прыемна думаць, пра тое, што ты думаеш. Але я думаю, што мне здаецца, што я ні пра што не думаю. Я сяджу і гляджу ў кропку на сцяне. Гляджу на кропку, пабудаваны з разнакаляровых кропак, якія называюцца піксэлямі. Пра гэта я даведаўся па тэлевізіі. Тэлевізія шмат пра што мне распавядае, ці то раскладае на маленькія часціцы, якія называюцца малекуламі.
        
        Думаю сёння ўзяцца за справу. Справа ляжыць у шафчыку змазаная сланечнікавым маслам. Справа чакае маіх дзяеннеў, але за маімі дзяннямі сочыць Маленькі Электрычны Жучок, таму пакуль што пасяжу крыху, а потым накіну на Жучка блакітную коўдру і выбягу з квазізмястоўнай кватэры. Шэры Суб’ект абяцаў дапамагчы мне ў гэтай справе, таму, відавочна, прблемаў не будзе.
        
        
        
        
        [39]
        
        Мне зноў блага і гэта не блага, што мне зноў. Думаю пашпацыраваць па шпацыру з новай прыладай вынішчэння сазнання. Прылада завецца нож. Я набыў яе ўчора ў лаўцы, для продажу нажэй. Сачу гляджу назіраю разглядаю тое, што мне патрэбна. Мне патрэбна знайсці сродак вынічшэння свайго млоснага стану. Мне робіцца вельмі млосна, калі я пачынаю адчуваць млосць. Трэба неадкладна здзейсніць свой хітравыдуманы намер, каб зноў не адчуць млосць і каб не было млосна.
        
        Тры таблеткі анальгіну і мне насамрэч лягчэй. Адчуваю сябе балунчыкам набітым геліем. Я падымаюся ў стратасферу і здымаю навакольнае асяроддзе. Яшчэ магу дапамагаць метыаролагам у метыаралагічных даследваннях. Я добрае дастасаванне запоўненнае геліем. Гелій лёгкі газ і мне лёгка, калі ў маіх лёгкіх лёгкі газ. Адчуваю прыемнасць... пачынаецца рэклама.
        
        
        
        
        [40]
        
        “Ты лічыш сябе самым разумным? Ты прагнеш прагніўшых целаў прагных жаноцкіх прыгажосцяў, прагных да прагных маладых людзей? Зірні на сябе! Твае акуляры паранджой пэцкаюць твае агідныя вочы забойцы. Ведаеш. Што звычайна чакае забойцу?”
        
        Джэк, ты забіў, таму ты павінен сесці!
        
        Сяджу на канапе, ем капусту, заядаю бульбай, гляджу тэлевізар. Мне падабаецца сядзець, паядаючы капусту і назіраючы за тэлевізарам. Заўтра дадуць зарплату, я набуду тэлескоп і буду назіраць за вокнамі суседняга дома. Маленькі Электрычны Жучок параіў мне гэты занятак, бо па яго ўласнаму, менавіта жучкоўскаму досведу, занятак назірання самы лепшы і займальны занятак для няшчаснага маладога чалавека ў касмічнай прасторы прыватнай кватэры, калі толькі на маладым чалавеку маецца лінзавая прылада пад кодавым назовам акуляры.
        
        Затэлефанавала жанчына. Яна сказала, што яна жанчына і хоча са мною сустрэцца. Думаю пакласці ў кішэню троху цукерак і пайсці да яе на сустрэчу. Дамую ў кішэню пакласці падарунак ад місцераў Сміта і Вэссана на ўсялякі выпадак, для ўсялякага выпадку. Апошнім часам я пачынаю баяцца людзей, якія называюць сябе жанчынамі. Нешта такое ёсць у іх жаноцкага, у гэтых людзях, якія завуцца жанчынамі... асабліва па тэлефоне завуцца, ці там завуцца нейкім іншым чынам, на прыклад мяккім і мілым голасам на кубачак кавы а палове на шостай недзе на цёмнай вулачцы шэрай лавачцы. Апранаю выраб з бархатападобнага валакна і выпаўзаю з кватэры. Нашу дом на ўласных плячах. Хітры Суб’ект назваў мяне смужаком, таму з домам на плячах выглядаю натуральна. Думаю, што не спалохаю чалавека, які назваў сябе ў тэлефоннай размове жанчынай.
        
        
        
        
        [41]
        
        З бессэнсоўнасцю ўсё скончана. Пад маім бокам зноў хтосьці, прыпомніць бы толькі хто!
        
        
        
        
        [42]
        
        Знайшоў у кватэры ціхае і бясьпечнае месца, куды не трапляе ні тое што святло, але нават і відашукальнікі усялякіх жучкой, якія насяляюць маю кватэру. Гэтае месца завецца прыбіральня, там ці то прыбіваюць, ці то прыбіраюць. Зараз сяджу ў прыбіральні і чытаю Вайну і Мір Л.Н.Т. Л.Н.Т. мне падабаецца, добры чалавек, адразу бачна барадаты, аголены такога бы напісаць не змог. Я аголены і малады, таму мне не напісаць Вайну і Мір. Нічога, затое ў мяне ёсць спецыяльныя, металічная прылада, унутры якой пасяліўся агнедыхаючы змей і свіноцыя стрэлы. Змей дыхае полымем і з малюсенькай дзірачкі вылятаюць плюмбумтычныя снарады бранебойнай моцы. Вось так, нехта здатны пісаць Вайну і Мір, а нехта здатны чытаць Вайну і Мір у прыбіральні, пачэшваючы якасны выраб місцераў Сміта і Вэссана
        
        
        
        
        [43]
        
        Жанчына паведаміла мне, што яе бацькі дапамаглі набыць ёй нейкую рэч, нейкую мультымедыйную, камунікацыйную рэч. Яна ганарылася тым, што у яе цяпер ёсць гэтая рэч, бо працяглы тэрмін яна марыла пра гэтую рэч і больш ні пра што марыць яна не магла, бо марыла менавіта толькі пра яе. Яна была вельмі захоплена размовай пра гэтую рэч, бо рэч каштавала вялікія сродкі і пра колькасць сродкаў, якія былі затрачаны на рэч яна канешне ж паведаміла мне, каб падкрэсліць важнасць і вартасць гэтай рэчы. Яшчэ яна ўвесь час мацала гэтую рэч і паказывала яе мне. Яна працягвала яе мне, каб я таксама памацаў рэч і далучыўся да клюбу памацаўшых гэтую рэч. Мацаць рэч я не згаджаўся, а яшчэ мне было вельмі цяжка слухаць гэты яе бясконцы маналог пра тое, які ж усё ж такі ж дзіўны ж гэты ж набытак, гэтая рэч! Я бы зараз пачытаў Л.Н.Т. Л.Н.Т. не пісаў пра тое, як ён марыў пра гэтую, вельмі дарагую рэч і мне падабаецца тое, што ён не пісаў пра гэтую рэч. А жанчына ўвесь час размаўляе толькі пра рэч, і пра тое, як яна працяглы тэрмін марыла пра яе. Я, калі сазнацца, мару не пра рэч. Яшчэ трошку і я пачну марыць пра тое, пра што звычайна мару. Напэўна прыдзецца забіць жанчыну. Цяпер у яе ёсць камунікацыйная рэч, усе мары яе збыліся і ёй больш няма чаго рабіць тут. Засталася толькі адна справа пад варыўнёй, вось толькі на мой конт то будзе ўжо не яе справа. А справа жучкоў-чырвячкоў, платаеднікаў-гнільнікаў. Нічога, відаць жа іх там ужо дастаткова назбірался.
        
        
        
        
        [44]
        
        Секунды марудна пераходзяць у хівліны, хвіліны ў гадзіны, гадзіны ў дні, дні ў месяцы, месяцы ў гады, гады ў старасць. Старасць не палохае мяне, мяне палохае тая акалічнасць, што між іншым я магу з’яўляцца гадам. Не прыемна адчуць сябе гадам. Заўсёды праемна адчуць сябе негадам. Хаця, напэўна, гэта толькі пачуццё адчування сябе гадам ці негадам. Прынамсі, гэта добра сябе адчуваць кімсьці, бо калі ты сябе адчуваеш кімсьці. Значыць ты ёсць хтосьці. Быць кімсьці добра, ці толькі быць добра?
        
        Цёця Сона прынесла атруты. Я буду піць атруту размешаную ў гранёным стакане. Даволі рамантычна і стылёва піць атруту з гранёнага стакана. Неяк мадэрністычна выглядае тое дзеянне, піццё атруты з гранёнага стакана. Шэры Суб’ект усміхаецца. Ён сочыць за маімі дзяннямі і ведае, як што калі і навошта я буду рабіць і ці буду рабіць увогуле. Увогуле думаю зрабіць нешта, прапылясосіць дываны. Я гэта даўно задумаў, але ўсё неяк рукі не даходзілі. Рукі даходзілі ўсё больш да нажа...
        
        
        
        
        [45]
        
        Шэрабрудныя струмені вады льюцца мне на мазгі, а я сяджу і прымаю радыйныя пазыўныя прызыўных камісыяў. Трывала нетрывалы стан ультруе маё кволае, хворае сазнанне, што то будзе тым самым, калі мозг дзіцяці раздуць да памераў мозга мастадонта, які, між іншым, неяк глядзеў у маё вакно, а я на вакацыях, ці то на дыване, альбо, і на вакацыях, і на дыване адначасова назіраю за аголеным, распрыгожым задам невядомай мне жанчны. Мне падабаецца яе зад і я не ведаю чым менавіта ён мне падабаецца. Напэўна сваёю натуральнасцю. Зад падаецца прыгожым, а прыгожым мне падаюцца толькі натуральныя аб’екты. Гэта аб’ектыўны факт “зад”. Я яго бачу і калі захачу магу памацаць. Мацаць зад я таксама знаходжу справай прыемнай. Зад мяккі, бархацісты, цёплы. Мой зад мне не падабаецца, а гэты падабаецца вельмі. Яшчэ мне падабаецца мазня Шагала. Шагал – гэта віцеблянін, але не віцяеблянін, бо ён ці то рускі, ці то габрэйскі, ці то нават французкі мастак. Мне не падабаецца мастак, мне падабаецца яго мазня. Люблю мазню, мазню Марка Шагала, Шагалаўскую мазню люблю.
        
        Сачу за сваімі рухамі. Спрабую займацца тым, чым займаецца Маленькі Электрычны Жучок. Дарэчы, я яго даўно не бачыў. Можа я яго выпіў, калі ўчора ноччу піў малако. Я заўважыў, што Маленькі Электрычны Жучок вельмі любіць хавацца ў малацэ, калі малако стаіць у лядоўні. Напэўна і мне падабаецца колер малака, белы колер.
        
        [46]
        
        Нясцерпна баліць галава. Усё ж такі я, між іншым, дырэктар, таму ў мяне павінна балець галава. Галава павінна балець у дырэктара, а то Бог, што за дырэктар у якога не баліць галава. Галава павінна балець.
        
        У мяне з’явіліся жаданні, якія раней не з’яўляліся. Мне хочыцца труса. Трус – гэта маленькі грызун, з маленькімі вачамі і вялікімі вушамі. Вушамі трусы слыхаюць і абмахваюцца ў час сіестальнай спякоты. Я хачу, каб трус абмахваўся вушамі ў маім пакойчыку. Я бы тады назіраў, як абмахваецца вушамі трус і атрымліваў бы асалоду, ад таго, што назіраў бы за трусам, які абмахваецца вушамі.
        
        Мне хочыцца пабудаваць карабель у шкляной бутэльцы. Мне падабаюцца марскія судны ў шкляной тары. Я хачу пачаць будаваць карабель, але мне лянота і хочыцца труса з доўгімі вушамі, які будзе абмахвацца ў час сіестальнай спякоты. Відаць карабель прыдзецца адкласці да лепшых часоў.
        
        [47]
        
        “Мэта! Якая ў вас мэта? Вы маеце мэту? Завядзіце сабе мэту! Кожны павінен мець мэту. Кожны павінен мець арыентыр куды яму трэба і чаго яму трэба!”
        
        Я прачнуўся і зразумеў, што ў мяне няма мэты і гэтая метамарфоза майго сазнання метафарычна запсавала мой метабалізм. Я бы нават мовіў, дэаметральным чынам запсавала.
        
        “Ідзі выпі!” Давіцеся самі гэтымі выкшталцоўнымі хімікабіялагічнымі напоямі прагрэсіўнай моладзі. Я хоць чалавек і малады, але з хімікабіялагічнымі напоямі спраў аніякіх не ваджу. Ваджу справы з акулярамі. Вам не падабаюцца мае акуляры? А сякера турыста вам да спадобы, дарагі наш правадыр, дыр, дыр.
        
        Само пытанне “ Якая ў цябе мэта” у мяне выклікае ваніты. Я зразумеў гэта калі слухаў радыё. Па радыё мне казалі, што мне трэба рабіць, як трэба рабіць, навошта трэба рабіць. Я паслухаў радыё і задумаўся пра сэнс свайго існавання. Я пачаў думаць пра мэту.
        
        Я ніколі не рабіў тога, што павінен быў рабіць, так як хацеў, бо рабіў тое, што мне раілі\казалі\загадвалі іншыя. Пошук маёй мэты ўсяго толькі недарэчлівае асазнанне таго, што я быў вымушаны спаўняць чыесьці загады без ведання канечных цэляў. Сямо пытанне: “якая ў мяне мэта ў жыцці?” ёсць нішто іншае як правакацыя. Трэба рабіць усё па свойму! Па свойму, мойму, так як шэпча мне мой унутраны голас. Унутраны голас кажа пра тое, што мне хочыцца малака. Шэры Суб’ект раіць не піць малака, а пайсці на вуліцу і сунуць у чые-небудзь цела мой новы ножык для рэзкі паперы. Не буду слухаць Суб’екта, пайду лепш вып’ю малака. Не люблю калі з’яўляецца пытанне, пра маё мэтапалаганне. Лепш зраблю палаганне на дыване. Мне падабаюцца дываны... звычайна яны ляжаць на падлозе!
        
        Роздумы пра мэту майго жыцця прывялі да таго, што я больш не слухаю радыё... запоямі гляджу тэлевізар. Лепш, напэўна, схаваю гэтае самае пытанне ў сабе самім і пайду паслухаю Суб’екта. Так прасцей, так лягчэй, так будзе па-праўдзе, праўда місцеры Сміт і Вэссан? Ці можа я не правы?
        
        
        
        
        [48]
        
        Пішу, падпісваю, разглядаю, наглядаю, назіраю, размяркоўваю. Гэта ўсё называецца працай, хаця я бы назваў гэта неяк па-іншаму, не-працай, па іншаму, павінасцю на прыклад, але і павіннасць можа быць працай, асабліва калі праца, як павіннасць.
        
        Дзе мае вострыя мяккія пальчыкі? Дзе мае сонныя кволыя вочанькі? Я гляджу на ваконнае шкло і бачу тое, што знаходзіцца за вакном, гэта значыць глядзець праз ваконнае шкло, ня гледзячы на тое, што я гляджу на ваконнае шкло.
        
        Метыярытныя дажджы запанавалі начныя нябёсы. Гэтая з’ява мае сваю назву, але назвы ў мяне для яе няма, бо я забыў назву яе для ўсіх, таму назвы для мяне гэтай з’явы назвы няма, для мяне, бо забыў назву гэтай з’явы для ўсіх.
        
        Асноўная мэта для мяне сёдня забыцца на тое, што мне патрэбна шукаць сваю, уласна сваю мэту. Яе трэба выдумаць ці абавязкова паставіць, так ці інакш, мэту трэба актуалізаваць, выявіць, азначыць, вербалізаваць. Ці трэба змагацца з такім станам, пры якім ёсць жаданне пастаноўкі мэты, яе актуалізацыі, выяўлення, азначэння, вербалізацыі. Думаю, што варта будзе змагацца са станам, які патрабуе пастаноўкі мэты, чым ставіць перад сабой мэту, бо сам працэс пастаноўкі мэты будзе для мяне, відавочна, безмэтанакіраваным, а калі па-чалавечы, то то будзе для мяне бессэнсоўным і сама пастаўленая мэта будзе выглядаць пастаўленай фікцыяй. Пэўна проста буду жыць так як трэба мне, а значыць кожнае маё дзеянне будзе мець сваю мэту і стан жадання пастаноўкі глабальнай мэты жыцця сам сабою сыйдзе. Ён проста вымушаны будзе сысці. Лепш, канешне, яго ўвогуле не дапускаць. Але і так нічога. Пайду агуркамі частавацца...
        
        
        
        
        [49]
        
        Вечарамі сню смужакоў. Смужакі поўзаюць па шклу, пакідаючы пасля сябе смужаныя сляды эктаплазмы. Кожны смужак глядзіць на мяне сваімі вачамі-атросткамі-ножкамі і падміргвае нахабна\ з відавочным эратычным, рэтраспектыўным падтэкстам. Эратычны падтэкст я пачаў назіраць паўсюль, калі ідучы па вуліцы па невядомай мне прычыне, заўважыў сябе самога, які ішоў на некалькі крокаў спераду мяне. Ішоў з нейкай жанчынай. Жанчыну я не бачыў. Ці бачыў? Можа толькі ў рэпартажах крымінальных навінаў. Апошнім часам шмат гляджу крымінальных навінаў і там шмат распавядаюць пра дзяўчын, якіх знаходзяць ноччу адных, прычым у стане, калі жыццё не знаходзіцца ў целе, а знаходзіцца недзе ў іншым месцы і гэты стан, па-навуковаму яшчэ называюць трупным акачыненнем, хаця з гэтай назвай я не згодны і трупнае акачыненне ў бездыханнай дзяўчыне назіраць адмаўляюся. Я лепш сабе жыццёвую мэту пастаўлю. А вось і вы малады чалавек, як я рады вас бачыць. А як я ўжо рады вас бачыць, малады чалавек. Працяглы тэрмін не бачыліся. Што паробіш, цяжка жыць з адным целам на дваіх. Што за шызафрынічная лухта?! Вы занадта глядзіце фантастычныя сінемадрамы. Лепш чытайце Ромэна Ролана. Я чытаю Л.Н.Т. Л.Н.Т. таксама піша добра і пра ўсё, пра што трэба пісаць. Ён не піша пра дарагія камунікацыйныя штучкі? Дзякуй Богу не. Значыць і мне спадабаецца Л.Н.Т. Штосьці мне падказвае, што ў нас аднолькавы густ. І гэтае штосьці, відавочна, у нас таксама аднолькавае.
        
        
        
        
        [50]
        
        “Пацярпеў аварыю самалёт над Атлантыкай. З-за буйнагабарытных пасажыраў лайнер быў дэцэнтралізаваны, а ў выніку павілічэння масы груза, ўсё з-за тых жа буйнагабарытных пасажыраў было заліта меньш паліва ў выніку чаго ўсе буйнагабарытныя пасажыры, астатнія пасажыры і члены каманды пагіблі ў водах Атлантыкі.”
        
        Неяк усё шэра. Мяне ўсе пакінулі, і Маленькі Электрычны Жучок і гэты каварны Хітры Суб’ект. Я сяджу дома адзін, зусім адзін, без анікога, сам з сабою, сам ля сябе, сам каля сябе, сам-насам і мне гэта падабаецца, сядзець з самім сабою. Я слухаю цішыню і цішыня мне падабаецца. Яшчэ мне падабаецца змазываць маслам маю маленькую металічную штучку прэзэнтаваную двума амэрыканскімі місцерамі. Яшчэ я люблю назіраць па тэлевізійным экране старты шатлаў на мысе Канаверал. Мне падабаецца відарыс, які ідзе з мыса. Яшчэ падабаюцца клубы дыма і языкі полымя, якія вывяргаюцца з соплаў ракетаносьбіта. Мне падабаюцца шатлы і ракеты Арыян6. Усё ж такі, Арыян, гэта грузінскі назоў?
        
        
        
        
        [51]
        
        Сёдня мне вельмі добра, я усміхаюся, і нават часта смяюся, усмешка прышчапілася да маіх вуснаў, як эктаплазматычныя смужакі да шкла. Маю ўсмешку можна параўнаць з эктаплазмай, яна таксама цягучая і нагадвае соплі, саплівая такая ўсмешка ў мяне.
        
        Затое мне здаецца, што я зрабіўся шчаслівы, а ўсё з-за таго, што відавочна я добра паеў, папіў, і з’еў колькі там было патрэбна сінтэтычных вітамінаў. Яшчэ глядзеў карціны Марка Шагала і слухаў Бетховена, Ода Радасці асабліва падабаецца мне. Яшчэ я такі шчаслівы, магчыма з-за таго, што я сёння не глядзеў тэлефізар і не чытаў прэсу. Прэсу я не чытаю звычайна, а вось што тэлевізар не глядзеў, то будзе зусім не звычайна. Я такі шчаслівы сёдня чытаў Л.Н.Т. і Вайна і Мір мне сёдня асабліва спадабаліся. Відавочна трэба больш харчавацца. Думаю, што не кепска будзе зрабіцца буйнагабарытным. Так, дырактар мае права быць буйнагабарытным. Так і лепш пэўна, самалётамі я і так не лётаю... нічога не пагражае. З-за чаго ж сёдня шчаслівы такі?
        
        
        
        
        [52]
        
        Сёдня знайшоў шпрыц, брудную лыжку і гумкавы шнур. Яны ляжалі на стале ў кухні. Я дакладна ўчора добра харчаваўся? Што за думкі, вядома харчаваўся, лыжка ж ляжыць!
        
        
        
        
        [53]
        
        Сню сны “чаруюшчыя”. Чаму менавіта “чаруюшчыя”, не ведаю, слова мне гэта падабаецца і на маю думку, гэтае слова лепш за ўсё адпавядае трапнаму слову для таго, каб растлумачыць якасць сна і ахарактыразаваць эмацыянальнасць стану пры праглядзе гэтых самых сноў “чаруюшчых”.
        
        Я сядзеў на траве і чытаў Вайну і Мір. Яна падыйшла да мяне, прытулілася і паклала мяне на траву. Сама лягла на мяне і зірнула мне ў вочы. “Колькі ты зможаш вытрымаць?” Я вытрымаў паўзу і сарваў з яе адзежу...
        
        
        
        
        [54]
        
        Мой дырэктар быў даволі прыбітым. Напэўна на яго прызямлілася пасадкавая кабіна з астранафтамі. Траўмацізм на прадпрыемстве... Цяжка... Можа забіць яго, каб не пакутваў і я каб не пакутваў, ад таго, што рукі чэшуцца. Трэба да дэрматолага. Часанне, недобрая нагода для ўпэўненасці ў здароўі.
        
        
        
        
        [55]
        
        “Што ж вы, як чэрнь паганая збіраецеся на плошчы гукаць вясну-матухну. Замест таго, каб песні спяваць крыкам яе лаіце, вочы брудам заліваеце, хлуснёй калечыце, надрываецеся злобаю лютай, галота брыдкая, ванітамі залітая. Бяры сякеры ды вілы, хадзем на звера лютага паборніка зімовага, будзем паляваць яго, забіваць яго, кроў з цела жывога выпускаць. Няма ад яго нам ні жыцця, ні суцяшэння. Бяры народ зброю, хадзем у лес, хто не баіцца жаху чорнага, прывідаў, ды жыхароў лясных. Хто на лясуна з сякераю, хадзем за мною, па дрыгве па багне, цемру ды смерць рукой мужыцкаю, малайчыннаю, біць забіваць, кроў праліваць. Хадзем народ! Запаляй факелы, палі кастрышчы! Хадзем па звера жорсткага з клыкамі вялікімі, з хвастом ільвіным, з розумам чалавечым. Хадзем у царкву срэбра браць, плавіць на кулі, зараджаць зброю. Стрэльба мая старажытная ад дзеда, бацькі ў спадчыну засталася, для звера лютага, для яго пад ложкам ляжала, яго чакала. Палі вагні! Гані думкі з галавы прэч. Гартуйся, народ, пад сцягі чырвоныя, пад штандары святыя. Хрысціся, абразамі хавайся, мужнасць у сэрцы гартуй. Біць ідзем сілу чорную. З пекла да нас запрошаную, намі ня прошаную. Ганьба ўпырам-вурдалакам, крывасмогчучай пакасці чорных паборнікаў хітрага, лукавага, тога самага. Хадзем у лес народ! Пій віно чырвонае смачнае, хавай у зямлю боязь, бяры вілы, косы. Касой касіць ідзем галоту балотную, дрыгвяную поскудзь, арыянаў-маніхеяў. З намі Святы Гёргій ён зберажыць абароніць. Царква з намі святая, Хрыстом Богам рукапакладзеная. Ад Яго благадаццю надзялённая, моцная, вечная, правай веры слаўная. Бяры крыжы, даставай сцягі, ідзем сячы-рубаць, на калы саджаць. Кастры запаляць, цемру зімовую праганяць. Сячы капыты ды рогі! З намі святыя, вечна маладыя, абароняць нас ад кіпцюроў ды клыкоў, ад поўчышч ваўкоў. Цар ды яго паплечнікі здрадзілі веры і Богу нашаму. Бяры дзіды іхнія, мячы ды шчыты. Пакідалі яны. Ўбаяліся. Павяду вас на вурдалакаў-ваўкалакаў, чараўнікоў-вядзьмарак. Пераб’ем лясных-вадзяных, ні хадзіць па зямлі ім нашай, ня браць ад цела нашага. Гнаць іх адсуюль! Хрыстом Богам заклінаю! Падымайся народ, паляваць ідзем. Сякеры, косы тачы, ідзем звера сячы! З намі Троіца Святая, анёлы, арханёлы, усе святыя светам залітыя. У лес народ! Косы тачы ідзем, звера сячы!”
        
        Адкуль гэтая ўлётка, нават не ведаю. А дзе дарэчы мая каса, мая чорная, агнедыхаючая каса, га?
        
        
        
        
        [56]
        
        “У нябёсах знаходзіцца вельмі магутная моц, якую планеты і зоры накіроўваюць на металы, жывёлаў, травы, расліны, дрэвы, якія залежаць ад іх уздзеяння, вось чаму для таго, хто жадае быць пэўным у акультных навуках вельмі важна мець на сабе штосьці, што мае якасці, якія вывучаюцца гэтымі навукамі.”
        
        У мяне ёсць металічны сябар, якія трымае ў сябе агнедыхаючага змея і змей той, плюецца плюмбумтычнымі стрэламі, сорак чацвёртага калібру.
        
        Пайду гуляць у гульні на вуліцу. Ці проста пахадзіць не пашкодзіць пешаходзіць, прагуляцца не пашкодзіць. Мне ба хацелася прагуляцца. Трэба прагуляцца. Пайду ўсё ж прагуляюся. Бо мне так хочыцца прагуляцца... Што там па тэлевізару?
        
        
        
        
        [57]
        
        Апошнім часам, гы-гы, я не бачу, не чую, не слухаю нікога, хе-хе, калі б слухаў кога, то б, ха-ха, можна было бы пра мяне нешта не тое падумаць, а так думаць пра мяне не трэба. Не трэба думаць пра мяне!
        
        Але яны думаюць пра мяне, хе-хе, думаюць, тэлефануюць і кажуць, што я дурань, што я не бачу, што перад мною, што я не карыстаюся шанцамі, якія божай міласцю ўльтруюцца на маім жыццёвым шляху. Яны кажуць, ха-ха, што я ім патрэбен і што я дакладна вырадак, калі не бачу, што я ім так, гы-гы, патрэбен. Я хаджу, браджу, хі-хі, сядаю, а яны тэлефануюць і кажуць тое, што ў іх не просяць казаць. Кажуць, што я ім патрэбен, а я без патрэбы быць патрэбным каму-небудзь і гэта вельмі, хі-хі, агідна да глупства не жадаць патрэбы быць патрэбным. Яны плачуць у тэлефонную слухаўку і рыдаюць мне ў вуха, ха-ха, у вуха, ха-ха, рыдаюць мне і кажуць, нібы я сапраўдны ідыёт і чалавечы выкрунтарбас, да-с. Пайду спаць, пайду. Так і захварэць можна, ха-ха, захварэць.
        
        
        
        
        [58]
        
        Я сачу за сабою самім праз шкло прыватных, асабіста патрэбных акулярных лінз, ці проста праз акуляр акуляраў сачу за сабою. Я лунаю па міжгалактычным асяродкам, пакідаючы пасля сябе жыватворную вадкасць, трапную для вынішчэння нежывой матэрыі і ператварэння яе ў жывую матэрую. Мне падабаецца выліваць сябе самога на бясконцыя прасторы Сусветнага багацця краінаў залатога міліярда. У мяне ня будзе фінансавых крызісаў, бо я не канфліктны чалавек, а то можа і такі чалавек, у якога не бывае фінансавых крызісаў. Я нагадую сабе вялікі жывот і буду сядзець за сталом з чырвонага дрэва, менавіта чырвонага колера і адмыслова тэлефанаваць па тэлефону, трымаючы адразу некалькі тэлефонных трубак у рукох і на шыі ад розных менавіта адмысловых тэлефонных апаратаў. А яшчэ я зараблю грошы і набуду абанімент на Міжнародную Касмічную станцыю. Мне падабаюцца міжнародныя касмічныя місыі і праграмы. Нешта такое ёсць тут касмапалітычнае, касмічнае і палітычнае. Яшчэ люблю кілбасу, кілбасы мне вельмі падабаюцца. І вельмі часта я прыгадваю малочны смак якой-небудзь варонай з малака кілбасы, ці то з жывёлы, якая робіць малако, на прыклад кілбасы з каровы. Ці можа з казы. Ніколі не піў малако казы. Кажуць, што вельмі карыснае малако. Відаць дакладна выпіў Маленькага Электрычнага жучка. Вой выпіў гэтага жучка. Праўду кажу, выпіў. Няшчасны, жучок...
        
        
        
        
        [59]
        
        У галерэі мастацтва думаў павесіцца. Вось вісяць тут карціны, вісяць граматы, дыпломы, люстры вісяць, а вось нечага не хапае. Не хапае нечага, што бы адрознівалася бы ад карцінаў, грамат, люстраў, не хапае мяне, які вісіць замест люстры, але ўжо падобны да карціны, такі ж нежывы, вісіць дзе-небудзь пад столей, можна каб, нават, пагойдваўся, пагойдваўся і каб тэмпература патрэбная была, як для лепшых шэдэўраў мастацтва. Я бы добра глядзеўся ў галерэі мастацтв. Менавіта мяне там не хапае ў іхніх фондах!
        
        
        
        
        [60]
        
        Бадзяюся па кватэры і не магу знайсці сабе занятак. Я змазаў сваю металічненькую прыладу, прагледзеў нажы, затачыў сякеру, а заняцца мне няма чым. Сёння нядзеля і на працу ісці не трэба, а то б я схадзіў. Дзіўна, але ў мяне з’явілася жаданне працаваць. Ніколі такога не было, ніколі не было такога жадання. А зараз, хоць забіце, дома сядзець не магу. Мо то ўжо не дом? Мо рабіць чаго трэба? Пайду тэлевізар пагляджу, там пра жывёлаў паказваюць.
        
        
        
        
        [61]
        
        “Амэрыканская Касмічная Агенцыя мяркуе ў 2010 годзе пабудаваць лабараторыю на Марсе” Я люблю марсаходы, яны вельмі добра ходзяць па марсіянскай паверхні, і акрамя марсаходаў па Марсу больш ніхто не ходзіць. Вось таму мне і падабаюцца марсаходы.
        
        Яшчэ мне падабаюцца хмарачосы. Яны такія вялізныя, яны такія бессэнсоўныя, напэўна як я. Звонку жывы, але ніхто ва мне не жыве. Я памёр для сябе самога. Я памёр, калі выпіў Маленькага Электрычнага Жучка, мне сорамна, мне няма прабачэння за гэтую тэрарыстычную дзейнасць.
        
        Мне падабаюцца карціны. У маёй кватэры шмат карцінаў і я люблю глядзець на карціны. Яшчэ люблю гуляць па горадзе і знаёміцца з кім-небудзь.
        
        Мне затэлефанаваў міліцыянер і запрасіў на сур’ёзную размову. Пайду, схаджу, дома ўсё адно рабіць няма чаго.
        
        
        
        
        [62]
        
        Не ведаю. Не быў. НЕ бачыў. Не чуў. Не знаходзіўся. Не быў. Не прывітаўся. Няма. Не быў. Не хадзіў. Не бачыў. Не знахадзіўся. Не прыглядаўся. Не быў.
        
        Вам дзякуй, вельмі карысная размова атрымалася. Да пабачэння.
        
        
        
        
        [63]
        
        Трэба ехаць за горад. Дакладна трэба ехаць за горад. Я ведаю, што трэба і я абавязкова паеду за горад. Яшчэ трэба набыць чырвоны дыван, менавіта чырвоны трэба набыць. Мне хочыцца чырвоны дыван і я абавязкова набуду чырвоны дыван.
        
        Трэба патрапіць на курсы ангельскай мовы. Ангельская мова вельмі патрэбная мова, таму трэба патрапіць на курсы. Што з таго, што я сяджу тут, калі трэба патрапіць на курсы. Вось тут што? А то ж курсы! Курсы патрэбны! Неадкладна трэба патрапіць на курсы.
        
        Трэба кінуць ужываць белыя таблеткі! Неадкладна трэба кінуць, кінуць гэтую справу, ужываць гэтыя белыя таблеткі, трэба кінуць. Хопіць, надакучыла, не трэба ўжываць гэтыя таблеткі, трэба кінуць іх ужываць. Я кіну ўжываць гэтыя таблеткі. Трэба ж кінуць ужываць гэтыя таблеткі! Ну трэба ж? Вядома трэба!
        
        Трэба зрабіць парадак, каб усё на месцы, па месцах, за месцамі, праз-цераз-ля месцаў ўсё стаяла-знаходзілася. Неадкладна трэба зрабіць парадак, а то ж што будзе калі не зрабіць парадак, нічога не будзе, а то вось парадак, трэба зрабіць парадак, неадкладна трэба зрабіць парадак.
        
        Трэба з’ехаць за мяжу. Не, тут мне зусім не падабаецца, бо тут пагана, пагана, бо мне тут зусім не падабаецца і таму трэба з’ехаць за мяжу. Вось то за мяжой, а што тут? А тут што? Трэба за мяжу, неадкладна трэба! Трэба ехаць за мяжу, вось там усё так як трэба, а тут пагана, і пагана так, што трэба ехаць за мяжу. Вось яшчэ троху і я паеду за мяжу, бо тут пагана, а за мяжой тое, што трэба, за мяжой, бо там не пагана. А жыць тут я больш не магу, бо трэба жыць там і таму трэба ехаць за мяжу! Неадкладна трэба ехаць!
        
        Трэба рэвалюцыйна змяніцца! Менавіта рэвалюцыйна трэба змяніцца. Эээ, трэба змяніцца, рэвалюцыйна. Вось я тут сяджу, а мне, між іншым, змяніцца трэба. Хопіць сядзець! Трэба змяніцца. Вельмі трэба рэвалюцыйна змяніцца. Змяніцца рэвалюцыйна!
        
        Рэваоюцыя трэба! Патрэбна рэвалюцыя. Гэта ж відавочна, што патрэбна рэвалюцыя. Мне патрэбна рэвалюцыя. А то ж што ж за такое, калі без рэвалюцыі, не, неадкладна трэба рэвалюцыя. Трэба рэвалюцыя і мы ажыццявім рэвалыю. Абавязкова ажыцявім гэтую саму рэвалюцыю. Бо нам патрэбна рэвалюцыя, бо мне патрэбна рэвалюцыя, бо што ж без рэвалюцыі, ніяк без рэвалюцыі. Трэба рабіць рэвалюцыю, бо рэвалюцыя неабходна. Абавязкова зраблю рэвалюцыю. Абавязкова!
        
        Трэба ехаць да мора! Неадкладна трэба ехаць на мора. А што тут? Нічога тут. Ну, трэба ехаць на мора. Ці ж ты лайдак які? Ці не хочаш ехаць на мора? Вось сядзіш тут, а трэба ехаць на мора. Ты жа хочаш ехаць на мора, бо трэба ж ехаць на мора, ці ж ты не хочаш на мора? Як жа ты не хочаш на мора, калі трэба ехаць на мора! Неадкладна паедзем на мора. Кажу табе, што паедзем. Трэба ехаць на мора! Паехаелі на мора!
        
        Што там у нас па праграме, тэлевізійнай? Рэклама?! Гэта мая любімая праграма.
        
        
        
        
        [64]
        
        Я такі адзінокі! Я зусім адзінокі. Сяджу дома адзін, зусім адзін і нікога няма. Нікога няма. Нікога. Куды яны ўсе падзеліся? Чаму ніхто не тэлефануе?
        
        Затэлефануйце мне калі ласка. Затэлефануйце трупікі, мае сябры родныя. Як вы там разлагаецеся, распавядзіце, патэлефануйце, завітайце ў госці. Чаму ж нікога няма? Што ж такое здарылася? Што я такі адзінокі. Чаму ж нікога няма ля мяне? Нікога!
        
        
        
        
        [65]
        
        “Чым жа прагневаў рыцар палёў, вясновую даму Кентарберыйскага замку. Дзе падзеўся спакой і суцяшэнне апошнім? Цяжар адмысловых трапнясцей прагніў у бясконцасці хабару розума. Роздумы губляюцца ў нябёсным блакіце нятрапных заўваг. Чым жа рыцар так аказаўся гідкім Богу, што сам Пан адвёў яго ад вывучэння навук, квадрыўма і звёў хітраспляценнямі лёсу з магілай рыцарскага сэрца. Няўжо ж таямніцы фізічных якасцяў матэрыяльнага свету не прыгажэй пачуццяў і ўсяго астатняга суб’ектыўнага, што падорана Панам Богам яго падабенству. Чым жа ж абумоўлена тое жаданне касці вярнуцца ў лона першапачатковага цела, што ж за таямнічы сакрэт кіраваў Панам, калі Той на пацеху чалавеку раздзяліў яго цела расчапіўшы душу, косць ад касці адняўшы.
        
        Вочы мае праклёнам занядбаныя. Не глядзіце ў бок той, бо там ведзьма. Ведзьмакі і магі за днём на дзень прыварацені чаруюць. Зачароўваюць. Кашы гідкія вараць, сушаць травы, кветкі збіраюць, тычынкі ад песцікаў аддзяляюць, ежу вараць сабе на пацеху. Не глядзіце вочы ў бок той. Там вочы чорныя, валасы чорныя, думкі чорныя, спакушальніцкія. Ужо і горад цэльны бачыў, як гаспадыня вачэй тых праз фортку ў начы коткай выскоквала і сябровак яе памяць твая прыгадвае, усіх іх бачылі вочы твае ў ноч на 1ае траўня на гары, што лысай завецца.
        
        Дык не адчувай пачуцці гнуткія цела маё тленнае. Не з рукі манаху-рыцару сэрца дрыжачае, не патрэбна яму ўлада пачуццяў над розумам схаластычным. Ня быць тэрану кіраўніком дзей маіх. Не перамагчы змею лютаму прагі да праўды мужэй чалавечых, вучонага воінства Хрыстова. Не перамагчы паганаму хітрыкамі і лукаватворчасцю дыструкцыі свету белага. Не валачы капыты свае погань чорная за бялюткасцю бялізны маёй. На ёй крыжы чырвоным вышытыя прагі тваёй да цела майго спакою не даюць. Пераможа цябе, ведзьма лютая, агонь чрэсел маіх, зазноба сэрца майго, сіла розуму вучонага. Колькі зносін такіх на свеце было, сам доктар Абелярыўс годнасць страціў сваю на барадзьбу з неафітамі прагі сваёй. Толькі вы чарамі сваімі д’яблавымі крадзеце спакой рыцараў. Ваяроў за праўду Гасподню, Панам Богам сілай надзялённых.
        
        І вочы твае чорныя, і ежа твая лютая, і прага мая звярынская не дапамогуць тленнаму перамагчы вечнае. Ня быць уладзе матэрыі над формай. Не перамагчы рэчыву ідэю. Ня быць табе ўладаркай розума схаластычнага. Як быў вольным у навуках Боскіх так і застануся ў лоне іх. Ні вачам тваім, ні валасам, ні словам голаса твайго, ні моцы танцаў тваіх чароўных, ні спакушальніцкай прыгажосці ног тваіх не перамагчы моц рацыі душы маёй. У адзінстве з Тым, хто вышэй усялякай рацыі сіла мая. Вынішчу прагу сваю. Можаш лётаць па ветры ў начы халоднай, ня быць табе ўладаркай цела майго. Не зліцца табе з благадаццю, дараванай ад Сына Бога. Дык так таму і быць.”
        
        Трэба кінуць ужываць гэтыя белыя таблеткі!
        
        
        
        
        [66]
        
        Сёння сустракаўся з той, якая ганарылася сваёй новай камунікацыйнай прыладай. На гэты раз яна ганарылася новай камунікацыйнай прыладай, якая была больш новай, за тую, якой яна ганарылася ў мінулы раз. Яна распавяла пра ўсе характарыстыкі сваёй новай прылады і растлумачыла чым гэтая новая прылада, адрозніваецца ад мінулай, і чым тык жыццёва неабходна было прадаць мінулую мадэль і набыць гэтую.
        
        Жанчына распавяла, што зараз яна шчаслівая. Што яна працуе ў нейкай вельмі магутнай фірме, якая мае сотні гандлёвых кропак па горадзе. Яна распавяла, што раней была ўсяго толькі афіцыянткай, потым яе павысілі да касіра, а зараз яна даслужылася да менэджэра па персааналу. Я не ведаю, хто такі менэджэр па персааналу, але гучыць неяк уладна.
        
        Жанчына распавяла, што ў яе з’явілася жыццёвая мэта, ці мэта ў жыцці. Яе мэта ў жыцці, гэта дабіцца чаго-небудзь у жыцці. Я парадаваўся, што яна знайшла сваю мэту і задумаўся пра сваю мэту. Дагэтуль у мяне няма сваёй уласнай жыццёвай мэты. Дагэтуль маецца гэтая праблема, жаданне пастаноўкі жыццёвай мэты.
        
        Яна сказала, што ў яе ўсё добра і што добра, што я ёй не тэлефанаваў і увогуле гэта добра, калі я не тэлефаную, але цікава і нават вельмі цікава, чаму я ўвогуле ніколі не тэлефаную.
        
        Жанчына спытала, ці буду я яшчэ што-небудзь заказываць. Калі яна пачула адмоўны адказ, яна запыталася, ці можа яна сёння паспаць пад маім мяккім, цёплым, мясістым мужчынскім бокам. Я ёй не адмовіў, бо мне было занадта адзінока і апошнім часам тая адзінота, пачала мяне турбаваць. Мне звычайна вельмі турбулентна, калі нешта мяне турбуе. Я з радасцю згадзіўся на тое, каб яна паляжала пад маім цёплым і мяккім мужчынскім бокам.
        
        
        
        
        [67]
        
        Мне ўсё надакучыла. Надакучыла, што ля мяне нешта ляжыць. Хопіць. Паляжала і хопіць. Надакучала. Мне ўсё хутка надакучвае. І гэта падбокавая істота таксама надакучыла; ужо; за ноч надакучыла.
        
        
        
        
        [68]
        
        Сёння адчуў, што мне надта непакойна і гэтае надта мяне зусім не парадавала. Непакой сядзіць у маім нутры і здзекуецца з мяне. Ён катуе мяне, гэты непакой і я баюся рабіць што-небудзь. Я не ведаю адкуль і з якой то мовіць нагоды прыйшло гэтае пачуцце, але пачуцце паганае. Я кладуся на канапу, варочаюся, нічога не раблю, з больш бадзяюся па кватэры. Непакой калоціць мяне, як гестапавец няшчаснага партызана. Непакой непакоіць мяне, непакоіць да шчымленне ў сэрцы. Хочыцца, каб ён знік, гэты неспакой, хочыцца ўжыць чаго-небудзь. Тэлевізар гляджу пераключаючы каналы. Я ўпэўнеы, што я гляджу не тэлевізар, але сам працэс пераключэння каналаў. Працэс пераключэння мне падаецца як дзейнасць, а дзейнасць, напэўна, здольная троху скасаваць адмоўнае ўздзеянне неспакою.
        
        Неспакой мяне турбуе. Не люблю, калі нешта мяне турбуе, асабліва не люблю калі турбуе неспакой.
        
        Я баюся за сябе, бо неспакой гэта разуменне, што нешта ўжо ідзе не так і хутка гэта ўсё зробіцца відавочным. Гэтае нешта, што непакоіць сядзіць недзе ў глыбіні сэрца і дае пра сябе ведаць. Я ведаю, што нешта ідзе не так, што нешта крочыць не туды, куды трэба было крочыць, я толькі не ведаю, што менавіта мяне непакоіць, а то б напэўна ўжо прыйшоў канец гэтаму неспакою. Мне так неспакойна калі я непакоюся.
        
        Магчыма гэта чаканне, таго, што хутка ўсё пойдзе не так як трэба. Што хутка можа ўсё змяніцца. Ці проста маецца жаданне, каб усё змянілася. Перамянілася ўшчэнт і з гэтай нагоды неспакой.
        
        Неспакой вельмі каварнае пачуцце. Яно не знешнее. Гэта інтуіцыя, якая адмоўным чынам ўздзейнічае на псыхіку. Мая псыхіка мяне беражоць, я не люблю, калі нешта паганіць маю псыхіку. А вып’ю я гарбаткі зялёнай. Пэўна тое што трэба. Вып’ю і буду чакаць адмоўных наступстваў, тым больш, што звычайна неспкой з’яўляецца з-за мяне самога, а на бытавым узроўні нічога такога не адбываецца.
        
        
        
        
        [69]
        
        Як хочыцца павесіцца! Зарэзацца не хочыцца, а вось павесіцца тое, што трэба. Тут, у пакойчыку, на карнізе, зрабіўшы канат з гардзінаў, павесіцца на чым-небудзь, на трубе на прыклад, трубе атаплення. Мяне будзе грэць гарачая вада, калі я буду пагойдывацца, як маятнік, у вечнасць.
        
        
        
        
        [70]
        
        Шукаю прычыну неспакою і нічога не магу знайсці. Я перабраў усё, што можа непакоіць мяне і нічога не змог знайсці трапнага. Для мяне відавочна, што гэта не адсутнасць Суб’екта і Жучка. Гэта не перманентнае лакалізацыя жанчыны на маёй белай канапе, гэта не новы тэракт на абшарах ЭЗ, не, гэта нешта іншае... гэта я сам. Сам сябе напакою. Гэта мне пагражае нешта, а не некаму. Гэта неспакой не з-за некага ці нечага, гэты неспакой з-за мяне самога. Мне не пагражае небясьпека, гэта я непакоюся з-за таго, што з-за мяне можа пагражаць небясьпека камусьці. Так-так, пэўна з павешаннем трэба яшчэ падумаць і перадумаць. Ці ж я карыбскі карсар, каб мяне вешаць?! Не... гы-гы, пайду, пэўна, па вуліцам прагуляюся. Так-так.
        
        
        [71]
        
        Гіпсакардонавы настрой зашпакляваў маё сумленне і па прычыне зашпакляванасці майго сумлення я аб’яўляюся бессумленым і бессаромным як следства. Трывалы хаўрус з самім сабой прышоў у катаклізматычны разлад, таму зараз сяджу прыгнятаючы прагу задаволіцца тэлевізійнымі навінамі і кітайскім харчам з падасфальтавай рэстарацыі. Гіблы нумар з’ядае мяне бермудовым трохвугольнікам і я марудненька выяжджаю да разумення немагчымасці існавання такога кшталту. З’явілася досыць аб’ектаваным жаданне змяніць усё што толькі можна змяніць і перафарбаваць на ўласны манэр і густ. Густ у мяне фэнаменальны, пра гэта я ведаю на фэнаменалагічным узроўні пра які даведаўся ва універсітэце, які невядома калі сканчаў, хоць і невядома калі было зусім нядаўна, бо я памятаю гэты момант, а за спраўкай можна звярнуцца да дэплома, дзе павінна стаяць дата заканчэння мной вышэйшай навучальнай установы.
        
        Мне сумна, а сум хужэй за ўсё на свеце. “Ты выглядаеш дрэнна, можа ты хворы?”
        
        Я захварэў на сум! 2746з*:*” Мне сумна і я ведаю, што мне сумна. Мне хочыцца збегчы адсюль, каб растварыўшыся у нечым новым, магчыма банальным, але новым, забыцца на тое, што мне зрабілася сумна. Сум уяўляецца разуменнем звычайнасці, паўсядзённасці. Такое разуменне нервуе стамлённы мой чалавечы мозг, які скіраваны на вынаходжанне новага, на новыя веды і пачуціі. Паўсядзённасць – гэта рутына, якая папахвае бяссэнсоўнасцю, бо адзін і той жа рытуал паўтараецца колькі заўгодна разоў, нібы апірацыя на фабрычным прадпрыемстве канвеернага характару, якая невядома з якой нагоды паўтараецца і якая ўяўляецца з той нагоды карысць.
        
        І зноў бессэнсоўнасць! Вось з-за чаго я непакоюся, я баюся адчуць сум і як следства бессэнсоўнасць! Ці бессэнсоўнасць і сум, як следства? Неспакой быў не з-за мяне, не, нельга заўсёды думаць на сябе, звычайна ты бываеш не вінаваты, не вінаваты можаш быць ты, мой любы малады чалавек у вялікіх акулярах, неспакой з’явіўся з-за прадбачання сума, сума, які адчыняе дзверы бессэнсоўнасці, якая вымушае браць нож і садзіць яго куды глыбей... і не толькі ў сябе самога глыбей.
        
        Вось! Вось так. Бліжэй і бліжэй да разумення сябе, да самаспазнання. Вось толькі то самаразуменне не дае вырвацца з неспакою. Мне ўсё адно неспакойна і пэўна прыдзецца троху пахрумкаць тых белых таблетак, якія я вырашыў кінуць ужываць... Пэўна прыдзецца пахрумкаць.
        
        
        
        
        [72]
        
        Таблеткі не дапамаглі. Неспакой адыходзіць і часам хаваецца ў сакрэце, як эскадрон гусараў падвартоўваючых французскі авангард. Я пачаў баяцца свайго неспакою, а менавіта таго, што ён можа зрабіцца яўным у любы момант і я з гэтым з’яўленнем нічога парабіць не змагу. Тады сэрца пачынае хуценька стучаць, і крывасмогчучым кажанам заяўляецца боязь. Тады прыходзіць у галаву думка, што па ўсім відаць нешта здарыцца і гэтае нешта, відаць дакладна здарыцца, здарыцца відаць па ўсім дакладна.
        
        
        
        
        [73]
        
        Ішоў нэрвовы, нэрвова падрыгваючы вокам і размаўляючы гучна з самім сабою. Раптоўна, зусім па невядомай мне прычыне, я звярнуў у турыстычную краму. Я ведаў дакладна, што мне патрэбна. Я набыў коўдрык і намёт. Набыў, а потым троху супакоены вярнуўся дамоў.
        
        
        
        
        [74]
        
        А вось і дэпрэсія. Прыйшла проста так, завітала папіць гарбаткі, але ў мяне гарбаткі няма, тым не меньш яна і на каву згодная была, а з кавай у мяне як з гарбаткай, праблематычна і гібла да такой ступені, што анічога і знайсці нічога немагчыма, і ўсё ж такі дэпрэсія згадзілася на шклянку вады, а вады можна ўзяць з вадаправоднай трубы і так як дэпрэсія па сваім здароўі зусім не непакоіцца, яна ўселася на канапку і пасёрбываючы ваду са шклянкі пачала распавядаць мне як усё на свеце дрэнна і калі, дарэчы, пачнуць сканчацца гэтыя мукі, якія, па яе эксклюзыўных словах пачнуць сканчацца ніколі.
        
        “Гаспадар, прынясі вады папіць” А ў галаву табе не прынясці? Ходзяць тут вадахлёбы ўсялякія.
        
        
        
        
        [75]
        
        Ішоў па горадзе і не думаў нічога такога рабіць. Зусім не думаў нічога рабіць, проста вырашыў прагуляцца па горадзе. Тым больш, што жыву ў горадзе і каб прагуляцца па горадзе далёка да горада ехаць не трэба.
        
        Убачыў чалавека, які паліў цыгарку. Ён трымаў цыгарэту жоўтымі працыгарэчанымі пальцамі, ён клаў цыгарэту ў свае жоўтыя паламаныя зубы, прытрымліваў цыгарэту сваёй гіпертрафаванай верхняй вуснай, часам выляваў свае атручаныя тытунем слюні на асфальт, нэрвова стукаў абсцасамі і ўсміхаўся нэрвова. Я падыйшоў да яго, каб запытацца пра яго здароўе, ён дрэнна выглядаў і вочы ў яго былі чырвоныя.
        
        Замест адказу ён выдыхнуў цыгарэтны дым мне ў твар. “Прабачце, што вы запыталіся?”
        
        Я выцягнуў з кішэні падарунак місцераў Сміта і Вэссана, засунуў гэты падарунак яму ў рот і падарыў яму некалькі свінцовых падаруначкаў.
        
        Мяне цікавіла вашае здароўе, вы, насамрэч, нармальна сябе адчуваеце, а то я так за вас непакоюся!
        
        Прынамсі, раблюся занадта раздражнённым. З гэтым самым раздражненнем неадкладна нешта трэба рабіць!
        
        Мне не падабаюцца змардаваныя твары. Я адвярнуўся і рушыў дамоў. Мне зрабілася не-сумна. Напэўна я толькі што забіў сум...
        
        
        
        
        [76]
        
        “Хто тэлефануе? Прабачце, я сплю, ператэлефануйце пазней.”
        
        Мне затэлефанавалі органы. Не люблю калі тэлефануюць часткі. Чакаю тэлефанавання цэльнага арганізму.
        
        
        
        
        [77]
        
        Прачнуўся рана. Адчуванне сябе самае лепшае, якое толькі можа быць у мяне. Гіпербалізаванае пачуцце суму ліквідавалася пазаўчора і больш мяне не наведвала, і хай не наведвае, не люблю калі яно пачынае наведвацца, хужэй за татарына тое пачуцце будзе.
        
        Прынеслі дакументы на подпіс. Трэба прагледзіць чарцяжы і ісці харчавацца. Мне падабаецца харчавацца. Дзякуючы харчаванню я маю магчымасць жыць, гэта значыць хадзіць, гуляць, стасавацца, спяваць, магу змагацца з самім сабой, вось колькі ўсялякіх магчымасцяў адчыняе харчаванне. Харчаванне больш клёвая штука чым усе гэтыя модныя зараз штукі. Харчаванне адчыняе такія дзікія магчымасці, якія ніякая іншая штука не адчыняе.
        
        “Адчыняем фіялетавую чакру” А мне фіялетава, відаць ў мяне з гэтай чакрай ужо ўсё адчынена.
        
        
        
        
        [78]
        
        Вынайшаў сябе. Прыемна, неспакойна, неверагодна, выкшталцоўна, цудоўна вынайсці сябе самаго “паехалі!”.
        
        У мяне ёсць мара: убачыць касмічную прастору такой, як яна ёсць, не з зямлі, а з самой касмічнай прасторы. Мне вельмі хочыцца бачыць гэтую прастору, як запэцканыя твары сваіх сяброў інтэлектам і віртуальнымі перцэпцыямі. Мне падабаецца марыць пра космас. Мне падабаецца ўяўляць сябе ў космасе, выдумляць сабе новыя планеты, пульсары, чорныя дзіры падабаецца выдумляць. Я магу займацца гэтай справай тыдні запар. Магу нічога не рабіць, а толькі хадзіць на працу і марыць пра косамас. Я і на працы пра космас мару. Мару, як апрануты ў скафандар прымаю радыйныя пазыўныя майго касмічнага карабля, пад эпатажным назовам “прагрэс”. Вось так, прагрэсіруючы ў абшарах другой касмічнай выцягвае мяне “прагрэс” у безнадзейна чорнае асяроддзе касмічнай прасторы.
        
        Я усміхаюся. Мне зараз добра. Усё дрэннае раптоўна знікла, ці то схавалася, зрабілася невядомым, небачным, прыгожым. Мая ўсмешка мяне радуе і з гэтага ў мяне ўсмешка. Я п’ю ваду і спяваю песні. Мне падабаецца спяваць. “Дзе ж ты мая дэпрэсійная, дзе? У голадзе, у голадзе, у голадзе-дзе”
        
        
        
        
        [79]
        
        Трэба неадкладна з’еахаць за горад!
        
        
        
        
        [80]
        
        “Яна стаяла пад жоўтым парасонам, прыгожая і маладая. Высокія дрэвы і жоўтыя мяккія ліхтары стваралі жахлівыя цені на белых цагляных сценах тралейбуснага дэпо. Апошні трамвай прагруцеў па вулачцы і сышоў у нябыт. Яна стукала па асфальце абсцасікамі сваіх прыгожых жоўтых туфляў. Сёння яна была ў жоўтым адзенні. Жоўты – быў яе колерам.
        
        Ён прыпыніў машыну ля тэлецэнтру і чорным ценем прашмыгнуў па пакойным вулачкам. Чорнай постацю ён лунаў па збочыне дарогі пакідаючы пасля сябе пах дарагой парфумы. Нарэшце ён з’явіўся і яна зачыніла парасон.
        
        Ты прыйшла раней, - шаптаў ён даволі грубым голасам. Чорны капялюш з шырокімі палямі ён і не падумаў здымаць, каб папрывітацца.
        
        Я чакала цябе з той хвіліны, калі зайшло сонца. Мне было прыемна чакаць, але справа ў тым, што больш я чакаць не магла, мне вельмі цябе не хапала.
        
        Яна падыйшла да яго і пяшчотна пацалавала ў вусны. Ён адказаў ёй на пацалунак. Паправіўшы пісталет, які знаходзіўся за поясам, ён прыцягнуў яе да сябе і зноў пацалаваў.
        
        Навошта, навошта я табе? Што такога знайшла ты ў такім як я?
        
        Яна нічога яму не адказала, яна прытулялася да яго і цалавала яго твар. Потым, яна скінула яго плашч і пачала цалаваць шыю.
        
        Ты сам не ведаеш, як, часам, ты можаш быць патрэбен камусьці. Часам бывае, што маецца такая вялікая патрэба ў цябе, што выключна не можаш нічога з сабой парабіць. Я вымушана выходзіць з майго цёмнага пакойчыка, каб бачыць твае вочы, адчуваць тваю шыю, пах тваёй парфумы. Я вымушана, бо мне хочыцца адчуваць языком тваю мяккую, прыемную, салодкую скуру. Мне хочыцца вуснамі адчуваць цябе, адчуваць цябе, менавіта цябе! На астатніх цяпер я забылася. Я вымушана забыцца. Астатнія мне не патрэбны! Мне патрэбен толькі ты!
        
        Яна цалавала яго у шыю, а ён чакаў той секунды, калі зможа паквітацца з ёй. Распавесці, хто такі ён насамрэч. Адкрыцца ёй, каб заламаўшы рукі, біць яе тварам аб гэты белы цагляны плот з патаемнымі ценямі дрэў на ім. Ён нэрвова чакаў, а яна пяшчотна цалавала яго шыю. Яна мякка, прыемна датыкалася да яго вуснамі. Потым, праз чырвань вуснаў пачало праглядвацца нешта белае, нешта вострае, нешта жахлівае.
        
        Напэўна я памыліўся. Яна не падобная на тую, каго я шукаю. – Падумаў ён, а потым адчуў нешта вострае ў сваёй шыі. Рукі і ногі адмовілі яму ў дзеяннях, а зрачкі расшырыліся ад цемры і жаху. Ён адчуваў, як кроў сыходзіць з яго. Ён разумеў, што яна, гэтая прыгожая, мілая, прыемна дзяўчына з жоўтым парасонам пракусіла яму шыю і зараз захаплаецца цёплым смакам яго крыві. Ён шаптаў нешта ўжо пасінелымі вуснамі, але яна не слухала яго. Яна дапіла яго да апошняй кроплі, а потым знікла ў цямрэчы дрэў. Яна заўсёды знікала ў цямрэчы, пакідаючы на асфальце мужчынскія целы без кроплі крыві...”
        
        У рукі гэтыя дэтэктывы не вазьму. Так і зноў да дэпрэсіі дакавыляць верагодна!
        
        
        
        
        [81]
        
        Кінетычныя энергіі майго сазнання вывяргаюцца дынамічнымі ўдарамі ў сценку. Сценка адчувае ўдары, але маўчыць і яе маўчанне кроўю адбіваецца на знешнім стане кулака. Кулак ператвараецца ў хворы кулак і ўсё з-за таго, што сценка ніяк не рэагуе на яго патрабаванні размовы. Сценка ігнаруе кулак і ад гэтага кулаку робіцца асабліва балюча.
        
        Над маім домам зноў разляталіся верталёты. Мне не падабаюцца верталёты. Яны лётаюць гучна і такім чынам не даюць спаць. Я люблю спаць і не люблю калі спаць не даюць. Да рэзі ў горле не люблю калі не даюць спаць.
        
        Пайду заўтра ў вандроўку. Вазьму сваю турыстычную сякеру і пайду ў вандроўку. Вандраваць, куды-небудзь на захад паеду ў вандроўку... у Паўднёвы Захад, ці можа ў Кунцаўшчыну, яшчэ не вырашыў.
        
        
        
        
        [82]
        
        Асабліва падабаецца вандраваць па кватэры, гэта заўсёды прыемна. Падобны да ценя ці прывіда лунаю па пакоях без пэўнага занятку ці мэты. Вандраванне без мэты, як жыццё без мэты, не можа надакучыць пакуль вандруеш, але вандраваць даволі самотна і сумнавата так вандраваць. Але нічога, калі вандруеш, дык можаш і не думаць пра сум і роспач, а калі не думаеш, дык і не асабліва сумна зусім. Можна схадзіць на кухню, вады папіць, потым схадзіць на канапе паляжаць, пасля зноў вады папіць, затым тэлевізар паглядзець, залесці ў шафу, разварушыць там рэчы зашававаныя, прагледзіць рэчы, выкінуць тое-сёе, залесці ў стол, там таксама шмат чым можна пажывіць цікаўнасць, зноў выбрацца на кухню папіць вады, схадзіць у прыбіральню пачытаць Л.Н.Т., узяць пісталет дзіцячы і пабегаць па пакоям адстрэльваючы непрыяцеля, які мроіцца паўсюль, схадзіць на лоджыю і адлежваючы бакі ўдыхаць свежае паветра гарадской загазаванасці ў эпоху татальнай газафікацыі Палесся.
        
        Зноў канапа і вакум квадратычнай каробкі пад кодавым назовам пакой кватэры. Пакіньце мяне ў пакоі.
        
        
        
        
        [83]
        
        На выхадзе з мэтро я адчуў нешта новае. Спачатку нейкія дрыжыкі прабегліся па горле, а затым сэрца пачало біцца хутчэй і грамчэй. Грукат сэрца адбіваўся у вушах, я дакладна адчуваў кожны стук сэрца. Потым яно пачало біцца з яшчэ большай хуткасцю і я адчуваў, як хутка варушыцца грудзь. З-за чаго гэта ўсё, я не ведаю, не ведаю, але гэта наступства неспакою, мне даволі неспакойна было перад гэтым. Думаю, што гэта вышэйшая форма гатоўнасці, вось толькі я тую гатоўнасць не выкарыстаў, а таму ўсё загасла да наступнага вечара, калі ўсё можа паўтарыцца. Маё падсвядомае ўжо ўсё вырашыла за мяне, яно праставіла акцэнты і акцэнтавала патрэбнае. Я толькі хаваю ад сябе прыняцце рашэння, але рашэнне ўжо выспела, рашэнне ўжо маецца, мне застаецца толькі ратыфікаваць ужо наспеўшае рашэнне, але я баязліўца і таму нічога вырашыць не магу. Я раблю выгляд, што не ведаю, што са мною адбываецца, але насамрэч, усё вядома, я падсвядома адчуваю, што мне ўсё вядома, вось толькі паверыць у гэта не магу, не магу прыняць рашэнне, бо, пэўна, я размазная, слабы чалавек на вырашэнні, слабы з-за спачування, менавіта з-за спачування я не магу зрабіць адразу тое, што падсвядомае ўжо вырашыла. Я буду чакаць, буду рыхтаваць тое імгненне, калі можна будзе здзейсніць тое, што ўжо намечана. Гэтае імгненне мне мроіцца кожны раз, калі пачынае хуценька біцца сэрца, калі нэрвы ператвараюцца ў кулак, калі цяжка дыхаць. Але я не вырашаюся на вырашэнне і таму нараджаецца раздражненне, раздражненне ад таго, што я не магу прыняць рашэнне. Я пачынаю быць агрэсіўным, рэзкім, нават можна пра мяне мовіць быццам я раблюся злым, але то не злосць, але раздражненне, раздражненне з-за таго, што я не магу вырашыцца. Гэта цяжка вырашыцца, калі ты слабы чалавек. Ты можаш усё жыццё вырашацца, але так і не вырашыцца. Я дакладна ведаю, што я здольны вырашыцца, бо маё падсвядомае, вельмі моцна катуе мяне і я ніякім чынам не магу з ім што-небудзь парабіць. Я раблюся вельмі раздражненным і з гэтым нічога нельга парабіць, акрамя толькі што прыняць рашэнне, якое даўно наспела. Трэба ўсё растлумачыць, трэба ўсё сказаць. Сказаць ёй, што больш не хачу яе бачыць. Я больш не хачу забіваць. Я проста не хачу бачыць. Я хачу застацца адзін. Яна не тое, што мне трэба, гэта відавочна цяпер для мяне. Але і забіваць яе не хачу, я таксама не тое, што трэба для яе. Не хачу яе забіваць, гэтую падбокавую жанчыну, я проста раздражненны абавязкам, які вымушаны спаўняць, быць ля яе, цалаваць, яе, займацца з ёй сэксам, чытаць ёй прэсу і захапляцца яе прыгажосцю. Мне надакучыла. Трэба неадкладна вырашыцца, каб знішчыць гэты неспакой. Я раблюся дзёрганым... трэба вырашацца, бо можна страціць усё. Пачаць рабіць памылкі.
        
        
        
        
        [84]
        
        Хто бы мог падумаць, што я ўжо і не такі чэрствы, як паўсюль усім мроіцца, і як, прынамсі, мроіцца мне самому. Мне сапраўды цяжка гэта зрабіць, але я вырашыўся. На гэты раз я не буду выкарыстоўваць прылады скасавання адказнасці. Мне ўжо не патрэбна збягаць ад пэўных крокаў. Я сам магу зрабіць усё, што захачу і сёння я зраблю гэта. Пачну з таго, што я не той і яна не кахае мяне зусім. Так-так, толькі яна ведае, што гэта не так, але нічога з гэтым парабіць не зможа. Бо я не кахаю яе і жыць так далей будзе немагчыма. Але жанчыны прагныя на пакуты. Затое я не прагны. Таму ўсё вырашана. Вырашана!
        
        
        
        
        [85]
        
        Жыхары суседніх дамоў збіраюцца на пад’язных лаўках, спяваюць песні і забаўляюцца пладова-выгаднымі напоямі. Стамлённы дух рэхам адгукаецца ў пустыні лядоўні, якую мусіць трэба напоўніць ежай. Харчуюся святым духам і дух святы па сваіх смакавых якасцях не саступае сыракапчонай кілбасе. Маргарынавы тэлевізар забівае жаданне вынішчэння голада блакітным аганьком і папулярнай музыкай. Тэлеперадачы перамяжоўваюцца з рэкламнымі блокамі і ад шматлікасці смачнага на экране я выключна забываюся пра голад. Усяго толькі што і трэба, дык пайсці ў гастраном і набыць сабе харчу, але мне не тое што лянотна, проста неяк не па сабе, неяк невядома мне. Я не ведаю, чаго я хачу і ўвогуле ці павінен я чаго-небудзь хацець. Стан мой можна аргументаваць выключна біялагічнымі матывамі, бо ў сябе на лоджыі я вынайшаў вельмі цікавыя кусты з паабскубленымі галінкамі. Кусты гэтыя, нагадваюць забароненую расліну і з той нагоды, што зашмат усяго невядомага я знаходжу ў сваёй кватэры, думаецца мне, што можа проста трэба пайсці ў войска і ператварыцца ў сапраўднага мужчыну, зноў хадзіць на паляванне і падстаўляць свой аголены зад ветру ў час дзевяцімесячнай засухі.
        
        
        
        
        [86]
        
        Звычайна я спакойны і да гістэрыкі зусім не ахвотны. Я вельмі спакойны. Мяне вельмі цяжка вывесці з сябе. Я даволі трывала стаю на нагах і практычна нічым мяне збіць немагчыма. Я моцны і ўпарты, а па большай частцы мне проста пляваць, мне ўсё адно па большай частцы, таму вывесці з сябе мяне практычна немагчыма.
        
        Раней я думаў, што я занадта добры. Думаў, што менавіта дабрата ёсць мой галоўны адмоўны момант. Але не, дзякуй, добрыя людзі растлумачылі магічнымі гукамі чалавечай мовы, што то ў мяне не дабрата, але індэфірэнтасць. Яны адчынілі мне вялікую таямніцу, быццам бы я не добры насамрэч, а такі, каму ўсё адно, усё роўна, усё па барабане, усё фіялетава, паралельна, пофігу і гэтак далей я чалавек. Гэта значыць, што ўсё жыццё я дабратою называў пафігізм, здаровае незвяртанне ўвагі ні на што, адсутнасць хоць нейкай цікаўнасці, спачування, перажывання, адсутнасць чаго бы ні была, нуль, пустэча. У мяне няма нічога, і гэтае нічога я называў дабратой. Атрымліваецца, што я не добры, а толькі індэферэнтны, абыякавы. Я абыякавы і гэта мяне троху нервуе. Я не хачу быць абыякавым, абыякавасць вядзе да раптоўнай смерці. Я не люблю смерць, бо я люблю ісціну, можна нават хрысціянскую, таму не хачу быць абыякавым. Мне не ўсё роўна! Я добры, а не абыякавы!
        
        Я не абыякавы ўжо па той прычыне, што я не люблю гістэрыку, калі б мне было ўсё роўна па гэтаму пытанню, я бы да гістэрыкі ніяк бы не адносіўся, а так яна мне не падабаецца, больш таго, не люблю я гістэрыку і нават зусім! Абыякавым я быць не магу! Не магу быць абыякавым! Не абыякавы ж я да падаруначка місцераў, ды й да падбокавых дзяўчын не абыякавы. Хіба ж гэта была больш лянота, а за лянотай і абыякаваць не разгледзіў? Не, так нельга, я ўсё адно схлушу хаця бы самому сабе, што я не абыякавы, я не абыякавы і мне так лепш, а лепш таму, што абыякавых людзей не любяць, іх нікуды не запрашаюць, пра такіх з дзяцінства кажуць адмоўна, такіх зневажаюць. Я не хачу сваім узгадаваным грамадствам сазнаннем ненавідзець сябе, як абыякавага індывіда. Не хачу! Гэта канфлікт з самім сабой, а ўнутраны канфлікт самы канфліктны для разрашэння канфлікт. Таму лепш я схлушу сабе і забудуся пра гэты момант майго жыцця. Нельга ж увесь час думаць, я добры, альбо абыякавы. Я такі, які ёсць і не важна, добры, альбо абыякавы! Лепш канешне бы я быў неабыякавым, тады б я ганарыўся сабою сваёй дабратою, а так атрымліваецца, што ганарыцца няма чым, і гэтае няма ёсць абыякавасць якую трэба хаваць, бо за яе і зневажаць могуць да ступені павешання. Цяжка разумець у сабе тое, што ужо прызвычаіўся бачыць, так як прызвычаіўся бачыць. Пэўна хопіць аналізаваць сябе, лепш прааналізаваць палітычную сітуацыю.
        
        Палітычная сітуацыя адлюстравана ў навінах а восьмай і а дзевятай гадзіне вечара, яшчэ ёсць а дзясятай гадзіне вечара. Кожны канал прэзэнтуе свой погляд на палітычную сітуацыю і палітычная сітуацыя рэальна выглядае так, як аніводзін канал не паказвае, бо канал паказвае свой погляд на палітычную сітуацыю, таму палітычная сітуацыя як яна ёсць бачная толькі Богу, альбо палітолагу, які лічыць сябе Богам, хоць ёсць няшчасны гіпертрафаваны лайдак-злачынца касмічных контураў. Ідыёт-атэсіт, вось хто такі палітолаг, бо ён сам не ведае, пра тое што ён ведае. Такім чынам, няма пра што размаўляць і усе размовы пра палітычную сітуацыю, ёсць палітычная інсінуацыя, што, насамрэч, таксама не так ужо і дрэнна, бо маецца нешта і гэтае нешта ніяк не абыякавасць!
        
        Пайду лепш прагуляюся. Свежае паветра добра ўздейнічае на мяне. Я адчуваю сябе значна лепш. Трэба выехаць за горад. Неадкладна трэба. Вось не трэба тут сядзець, а за горад трэба. І з пілюлямі трэба рабіць нешта, трэба...
        
        
        
        
        [87]
        
        Першы раз я сам прыняў рашэнне, хоць то было сапраўднай мукай для мяне. Я не выкарыстаў нож. Не выкарыстаў сякеру, не выкарыстаў падаруначак сорак чацвертага калібра, але выкарыстаў слова. Я растлумачыў усё і яна зразумела. Яна ліла слёзы і зразумела. Пэўна, прасцей было забіць, але на гэты раз я вырашыў скарыстацца магчымасцю прыняць рашэнне. Мне спадабалася. Я адчуваю сябе моцным, нават магутным, такім, які можа прымаць рашэнні і гэтыя рашэнні залежаць толькі ад мяне. Я спыніўся збягаць ад адказнасці. Можна закопваць свае тамагафкі і карыстацца моваю, мужнасцю, вольнасцю. Я вольны рабіць і вырашацца. Я вольны! Я абыякавы? Не, гэта мужнасць перад сусветам, я мужны ўзяць адказнасць за свае ўчынкі і таму я здольны вырашыцца на пэўныя крокі. На пэўныя крокі здольны.
        
        
        
        
        [88]
        
        Мне ў вакно глядзіць поўня і мяне гэта нервуе. Мне лянота падняцца і зашторыць вокны, каб гэтае нябёснае цела не бянтэжыла мой сон сваім адлюстраваным святлом. Яна катуе мяне, гэтая жахлівая поўня, жоўтым ліхтаром і перманентнай бяссоніцай. Даволі цяжка заснуць калі табе ў твар свеціць такое яблыка, прычым, чым ніжэй яно свеціць, тым большым па памерах яно робіцца. Але зашторыць вокны я не магу, бо мне лянота. Я варочаюся на ложку, захінаюся коўдрай, кладу падушку на галавау, але гэта не дапамагае. Некалі я чуў, што калі спаць пад святлом поўні, то можна з’ехаць з глузду. Гэтая інфармацыя з дзяцінства адбілася ў маім сазнанні і можа таму я ніяк не магу заснуць, бо падсвядома адчуваю магчымасць зрабіцца ненармальным. Я бы не хацеў рабіцца ненармальным, мяне гэта бянтэжыць і такая акалічнасць даводзіць мяне да шаленства. Я магу скокаць па пакойчыку, дзёргацца на ложку, а магу заснуць, калі толькі заштору вокны, ці дачакаюся калі поўня сыйдзе з далягляду майго вакна. Поўня хутчэй рухаецца за Сонца, таму відавочна, што працяглы тэрмін чакаць не прыдзецца. Прасцей бы было зашторыць вокны, але мне лянота гэта рабіць. Лепш пагляжу тэлевізар ды памыю вушы. Люблю мыць вушы, праўда не ведаю з-за чаго тая любоў у мяне маецца.
        
        
        
        
        [89]
        
        Хадзіў па лесе: прыемна, мякка, цёпла, свежа, лёгка, зялёна, вільготна, ціха, лагодна, неверагодна добры настрой атрымаўся. Вандроўка працягвалася пакуль мне гэта было патрэбна. Мне нікога не было патрэбна, я быў адзін і адзінота на гэты раз мне пасавала. Думаю, што мой настрой залежыць ад Месяца і Сонца. Думаю, што ўздзеянне касмічных сфераў трывала ўздзейнічае на мае паводзіны і на мой лёс упрыватнасці. Ужо і не ведаю, чым займаюцца бязвокія Мойры, але па ўсім відаць рэжуць жыццёвыя ніткі левай прадукцыяй у змрочным каралеўстве пана Аіда. Думаю, што мой лёс вырашыны крокам планет і зорак у касмічным вакуме. Таму я ёсць толькі тое, што намалявана на тым самым палатне гэтых мілых казуістычных бабуляк лёсавырашэння.
        
        Яшчэ мне нэрвова неяк. Думаю, што гэта ўсё той жа неспакой і раздражненне. Трэба пачаць бегаць у раніцы. Думаю васьмі кіламетраў будзе дастаткова на першы тыдзень. Пасля можна будзе павялічыць дозу, калі толькі эфекту патрэбнага назірацца не будзе!
        
        
        
        
        [90]
        
        Чырвоныя нябёсы трывала з’ядаюць нітку празрыстага святла. Святло выпраменьвае машына-генератар, якая хаваецца на піку вялікай скалы. Чорныя анёлы лунаюць па нябёсяах у пошуках грэшнікаў і знаходзяць толькі патаемных палітыкаў і стамлённых валацуг, якія прадалі свае душы за грошы і кар’ерны рост. На рэчцы чуюцца залпы зінітнай зброі, якая палюе на чорных анёлаў, але анёлам тыя выбухі, што музыка на сэрцы, яны ловяць палітыканаў і кідаюць іх у пазыковыя ямы. Блакітнае святло аздабляе валасатую руку, якая выцягваецца з кустоў і накіроўваецца невядома куды. Прыгожыя распранутыя дзяўчыны скокаюць на полі і спяваюць вясёлыя песні. Па ўсім відаць, што гэта тапельніцы ператварыліся ў русалак і зараз жывуць у прывабным палаццы вадзяніка, выходзячы ноччу на бераг, каб паспяваць і патанчыць. У жытле вадзянніка ім лепш чым у выраі.
        
        Шэрыя постаці п’юць малако з багемскага шкла, аздобленага дыямантавымі ўзорамі. Салдаты вермахта лунаюць на сваіх масіўных танках па ваколіцах і нешта гарлапаняць па-нямецку. Магутныя касмічныя караблі выводзяцца ракетаносьбітамі ў патаемныя далёкія мясціны Сусвету, і чалавек бачыць тое, што яшчэ аніводзін чалавек не бачыў.
        
        Чырвоныя пальмы цешацца магічным ветрам і ззяючая пыльца лётае па ўсёй акрузе. Мне кепска, ў мяне алергія на пыльцу, а шэрыя мядзевдзі, якія прыйшлі харчавацца на станцыю зусім паляглі ад чыхання і слёз.
        
        Смужакі поўзаюць па тракту ў накірунку светлай будучыні. Яны паўзуць і кожны кіламетар забірае якую тысячу смужакоў. Смужакі паўзуць у накірунку светлай будучыні, пэцкаючы сваёй эктаплазмай асфальтаваны тракт, паміраючы на шляху, нараджаючы новых смужакоў, але смужакі імкнуцца і калі-небудзь яны дапаўзуць да канца тракту, да пазыковай ямы, дзе сядзяць палітыкі і маральныя валацугі.
        
        Зялёныя птушкі лётаюць над трактам і палююць на атрады смужакоў. Смужакоў шмат на тракце, таму птушкі радыя харчу і харчуюцца капітальна.
        
        Я бачу вялізную кнігу, якая ляжыць адна на вялікім магічным камяні з вялікім магічным надпісам “МАГІЧНЫ КАМЕНЬ”. Я спрабую адчыніць кнігу, але яна не адчыняецца. Нарэшце прылятае анёл, садзіцца на камень глядзіць мне ў вочы, а потым пачынае праглядаць старонкі фаліянта. У анёла ўсмешка, ён, відаць, хоча прэзэнтаваць мне праўду, ад якой мне будзе млосна. Ён не доўга гартае старонкі, спыняецца, кладзе кнігу на камень і я дакладна бачу надпіс “ТЫ ТАКІ Ж, ЯК І ЎСЕ!”. Анёл зноў гартае старонкі і зноў з’яўляецца надпіс: “ЛЮДЗІ, ЯКІЯ ЛІЧАЦЬ ЦЯБЕ НЕПАДОБНЫМ НА БОЛЬШАСЦЬ, ТАКІЯ Ж ЯК І ТЫ!”. Нарэшце анёл апошні раз разгортвае старонкі кнігі, гідка ўсміхаецца і ўлятае прэч: “КОЛЬКІ Б ТЫ НЕ ШУКАЎ НЕПАДОБНЫХ НА БОЛЬШАСЦЬ ЛЮДЗЕЙ, ТЫ БУДЗЕШ ЗНАХОДЗІЦЬ ТОЛЬКІ СЯБЕ, АЛЕ ТЫ ТАКІ Ж ЯК І ЎСЕ!”
        
        Я паглядзеў на прыгожыя нябёсы, паглядзеў на зялёных птушак, на смужакоў і званітаваў. Мне зрабілася вельмі млосна.
        
        
        
        
        [91]
        
        Калі прыйшоў у сябе я ўбачыў люстэрка. Люстэрка больш не завешана і магу назіраць свае чырвоныя вочы. Я гляджу сваімі чырвонымі вачыма на свае чырвоныя вочы і спрабую ўзгадаць мінулую ноч. Я вырашаюся паспаць. Бо існаваць так болей немагчыма для мяне. Заўтра трэба ісці на працу.
        
        
        
        
        [92]
        
        На кухні ляжаць некалькі дзіўных грыбочкаў. Што б гэта я ўчора такога з’еў? Што ж гэта такое прынамсі было?
        
        
        
        
        [93]
        
        Пачаў бегаць! Сёння першы дзень, калі я бягу па лесе. Мне падабаецца бегчы. Я адзін і нічога няма акрамя майго бегу. Акрамя мяне і вузенькай сцежцы праз зялёныя сцены лесу.
        
        На сцежцы ёсць месца толькі мне аднаму і гэта мне зусім не замінае. Я бягу і ні пра што не думаю. Мне прыемна так бегчы. Бегчы, для таго, каб бегчы. Бегчы па лесе, без мэты, без цэлі, бегчы проста так. Няма пытанняў: навошта бегчы? Куды бегчы? Па што бегчы? Я бягу па лесе, бягу па сцежцы. Бягу проста так. Бягу, таму што бяжыцца.
        
        
        
        
        [93a]
        
        “Цалкам паралізаваная жанчына перасекла Ла Манш уадзіночку на яхце”
        
        Я думаю ўзяць вакацыі і з’ехаць у лес. Мае штоднёвыя прабежкі па лесе вымушаюць брацца паходам. Трэба набыць коўдрык і намёт... Ці можа набыць сабе новы тэлевізар і спадарожнікавую антэну?
        
        
        
        
        [94]
        
        Сёння мне падумалася, што ў мяне шмат лішкавага. Шмат лішкавага ўсяго, ад вагі да думак. У мяне шмат лішкавых алоўкаў і шмат лішкавай паперы. Навошта мне два тэлевізары і навошта я пра гэта думаю? Я думаю, што лішкава думаць пра тое, што ў цябе ёсць нешта лішкавае. Зусім лішкава думаць і марнаваць час пра лішкавыя рэчы, бо зусім лішкава думаць пра іх, бо ўжо тое бессэнсоўна, што думаць пра бессэнсоўнае, гэта значыць, што зусім лішкава думаць пра лішкавыя рэчы.
        
        Чарговы раз бяруся за Л.Н.Т і Л.Н.Т мяне прыгнятае сваёй дасведчанасцю і ладнасцю. У мяне таксама замерла рука крыху вышэй галавы і мая зброя больш не паспытае чалавечых тканак. Чалавечым тканкам бессэнсоўна атрымліваць асалоду ад сустрэчы з халоднай рэжучай зброяй. Для іх гэта цалкам лішкава. Цалкам лішкава не прыходзіць на працу не ў час. Зусім лішкава, бо гэты лішкавы час я не ведаю куды прыкласці. Я столькі раблю ўсяго лішкавага, што магу дажыцца да таго, што буду жыць лішкавы час. Жыць лішкавы час зусім залішняе, бо я памру думаючы пра тое, які жа сэнс у гэтым лішкавым часе і навошта, то бок, з якой нагоды я гэты самы час вымушаны пражываць. Тым не меньш я не думаю пра тое, што ў мяне такія думкі мусяць з’явіцца, я не той чалавек, я чалавек іншага складу. Я не буду думаць пра тое, што жыву лішкавы час, я заўсёды ведаю куды гэты самы час прыкласці: я магу з’есці цукерку, магу паглядзець тэлівізар, схадзіць у кіно, магу выкарыстаць металічны падаруначак з агнедыхаючым цмокам, ванітуючым свінцовымі кулямі па тканках, якім зусім залішняе сустракацца з гэтымі свінцовымі кулямі.
        
        Аднак для мяне застаецца цалкам загадкай тая акалічнасць, што я разумею, што не прыдзячы на працу ў час мне будзе няма чым заняцца гэты страчаны не на працу час. Я разумею, што той час, які я не патрачу на працу я не патрачу нінашто карыснае, я змарную час, пражыву лішкавы час. Я разумею бессэнсоўнасць гэтага часу і пачынаю адчуваць бессэнсоўнасць калі не прыхожу на працу ў час. Я вымушаны прыходзіць на працу ў час, бо інакш мне прыдзецца пакутваць ад асазнання таго, што мне няма чым заняцца, а тое, чым я займаюся замест таго, каб у час прыйсці на працу, ёсць деянне бессэнсоўнае і для мяне цалкам небясьпечнае.
        
        Я думаю, што гэта нейкая хітрая кампанія супраць. НЕ ведаю супраць чаго менавіта гэтая кампанія, але разумею, што яна менавіта супраць. Супраць чагосьці, пра што я пакуль яшчэ не ведаю, але абавязкова даведаюся. Думаю, што варта зусім кінуць працу, а то яшчэ ператваруся ў нешта зусім працоўнае і без працы не ўяўляючае свайго існавання. Але я не магу кінуць сваю працу, бо інакш мне няма за што будзе жыць і я памру ў лішкавым часе, а так я хоць да тысячы год магу працаваць і тое для мяне будзе зусім не лішкавае, калі толькі я не буду выходзіць на пенсыю і не буду спазняцца на працу.
        
        Ножык ляжыць на кухні мне раптам захацелася памацаць яго страўнікам...
        
        
        
        
        [95]
        
        Захапляюся карцінамі Шагала і тое для мяне не мазня, але дзіўная пісаніна, якая стварае ў маім сэрцы прыгожае пачуцце эстэтычнага задавальнення. Я дакладна разумею, калі гэтае самае пачуцце з’яўляецца. Яно падобнае на тое, калі ты разумееш, што табе робіцца міла. Пачуцце мілага для мяне і ёсць асазнанне эстэтычнага задавальнення. Мне падабаецца эстэтычна задавальняцца і тое задавальненне вымушае мяне кожны дзень хадзіць на працу, каб было чым задавальняцца і каб было на што задавальняцца. Я разумею, што калі я не буду працаваць, як не будуць працаваць іншыя падобныя мне, то я страчу прадмет задавальнення, які заўчасна трэба аховываць і рэканструяваць, трэба ж яшчэ ствараць новыя прадметы эстэтычнага задавальнення. Вось я стаю, гляджу на мазню М. Шагала і адчуваю патрэбу ў працы. Я вымушаны працаваць, каб і надалей я мог задавальняцца эстэтычна мазнёй менавіта М. Шагала, бо мне М. Шагал вельмі падабаецца як мастак.
        
        Я не жыву лішкавы час, бо я альбо працую, альбо гляджу тэлевізар, альбо захапляюся карцінамі Шагала. Мне прыемна, што я не жыву лішкавы час. Асазнанне бессэнсоўнасці прыходзіць не з-за таго, што я жыву лішкавы час. Асазнанне бессэнсоўнасці зусім не прыходзіць, калі толькі я не пачынаю думаць з якой халеры я не спазняюся кожны дзень на працу, гляджу тэлевізар і захапляюся мазнёй М. Шагала.
        
        
        
        
        [96]
        
        Завёў сабе котку. Зараз у маім доме ёсць нешта інтэлектуальнае, што можа глядзець на мяне, як на амёбу і думаць выключна пра ежу, сон і палавыя вычварэнні. Я не гляджу на котку як на амёбу, зусім перастаў думаць пра палавыя вычварэннні і не думаю пра сон, бо сплю, калі мне захочыцца і таму думаць пра сон мне зусім непатрэбна... відавочна я не котка.
        
        
        
        
        [97]
        
        Сёння на тралейбусным прыпынку сустрэў прыгожую дзяўчыну. Яна была апранута ў чорную спадніцу да калена, на ёй была белая прыгожая, накрахмаленая сарочка, яна насіла чорныя, у клетку панчошкі і чорныя прыемныя чаравічкі. У яе былі кароткія рыжыя валасы і мне падабаліся яе рыжыя, прыгожыя валасы. Дзяўчынка была вельмі трапная, дужа афіцыйная і мне захацелася быць з гэтай дзяўчынкай. Мне захацелася быць ля яе быць з ёй. Мне спадабалася дзяўчынка. І тое было не тое, што каханне і не тое, што раптоўна мне захацелася яе цела, мне захацелася ісці з ёй разам, трымаючы яе за руку, па гэтай самай вуліцы, бо я таксама трапны малады чалавек, бо я таксама сёння дужа афіцыйны і я прыгожы для яе, мы бы добра глядзеліся разам, мы бы прыгожа ішлі па гэтай вулачцы, мы бы былі падобныя на лялек, на дзеячаў лялечнай прыгожай гульні і мне захацелася, каб тут было прыгожа, каб мы ішлі разам па гэтай вулачцы, такія трапныя, такія прыгожыя, разам, бо мы падыходзім адзін да аднога і глядзімся прыгожа і ў пэўным сэнсе выкшталцоўна глядзімся. Мне захацелася ісці ў нагу з гэтай дзяўчынкай, ісці трымаючы яе за руку, ісці прыгожа і размаўляць пра карціны М. Шагала, ці пра чарговую главу рамана Л.Н.Т. Мы бы так прыгожа глядзеліся і з той прычыны мне захацелася быць з гэтай дзяўчынкай, быць ля яе, быць з ёй.
        
        Я пажыраў яе поглядам, а калі яна сыйшла з майго далягляду я спыніў пажыранне і забыўся пра гэтую падзею да сённяшняга вечару. Мне прыемна прыгадваць яе твар, яе адзенне і яе крок, яна была прагожая, трапная вуліцы і мне прыемна прыгадваць прыгожае і трапнае, я ад гэтага таксама атрымліваю эстэтычнае задавальненне. Я атрымліваю эстэтычнае задавальненне, калі пачынаю прыгадваць яе рыжыя валасы.
        
        
        
        
        [98]
        
        Цяжар трывалых трапнасцей катуе мяне, маю тоеснасць катуе, знішчае вынішчае і застаюцца толькі пакуты пачуцця пяшчоты і дабрыні. Мне хочыцца любіць усё і ўсіх, мяккае прыемнае пачуцце лунае ў маёй душы і я не знаходжу сабе месца. Мне прыемна і добра. Я ў лагоднай задаволенасці з самім сабою. Мне нічога не хочыцца. Мне зноў зрабілася добра.
        
        
        
        
        [99]
        
        Чытаю запоямі Л.Н.Т. Хажу на працу і працую шмат. Гуляю мала, мне падабаецца працаваць.
        
        
        
        
        [100]
        
        “ВЫТРЫМЛІВАЙ ДЫСТАНЦЫЮ БЯСЬПЕКІ!”
        
        
        
        
        [101]
        
        Мяне злавілі на вуліцы. Мяне схапілі на вуліцы. Яна мяне схапіла на вуліцы і мовіла быццам мы ўжо знакомыя, а я яе ведаць не ведаю. Мне боязна было і нават жахліва. Яна ўзяла мяне пад руку і павяла кудысьці ў двары, дзе сядзелі манэрныя дзевачкі і элегантныя хлопчыкі ў кватэры пад страхой, углядаючыся ў вялікія вокны.
        
        Яны размаўлялі пра адзенне, парфумы, абутак, кватэры і палітыку. Яны неслі бязглуздзіцу ад якой мяне вымушала на млосць. Я слухаў іх модныя размовы пра моду і забіваў у сабе адзінае жаданне, збегаць дамоў, узяць металічны падаруначак і паквітацца з гэтымі маленькімі людзішкамі за мой пацярпелы слых.
        
        Яны мерна размаўлялі плёткамі, нажамі, відэльцамі, сялёдкамі. Мне было незразумела. Я нерваваўся. Мне было неяк не па сябе ад гэтакіх бяглуздых размоў і ад гэтакіх прагніўшых, фармалізаваных, безформенных людзей.
        
        Мне думалася пра праэктную дакументацыю, пра мой аддзел і ніяк не думалася пра новыя модныя панчошкі і новую дзіка дарагую стужку ў нейкім модным кінатэатры ці тэатры. Мне ўсё адно. Мне хочыцца забіць. Зноў хочыцца забіць. Узяць рукамі і згвалціць гэты п’юча-палюча-ванючы натоўп дэкадэнтаў-аптымістаў.
        
        Я тра разы браў нож, але загадзя адкладаў баючыся сябе самога. Мне захацелася як вампіру крыві, гэтай гідкай, атручанай, фармалізаванай кватэрай крыві.
        
        Кароткімі перабежкамі я збёг ад гэтых монстраў дамоў, дзе зашыўся ў шафе, накрыўшыся палітом, пацягаваючы кефір саломінкай з фляжкі для рэлаксацыі.
        
        
        
        
        [102]
        
        Гіпсакардон, гіпсакардон засланіў святло і вынішчыў усё на маім шляху. Я скарыстаюся электранагравальнікам і падагрэю ваду. Не падыходце! Я ведаю як працуе награвальнік і не пабаюся выкарыстаць яго па прызначэнню!
        
        Рукі! Прыбярыце рукі! У мяне электранагравальнік і лямпачка ўкручаная замест галавы.
        
        Палавыя вырадкі! Хто? Што? Калі? Навошта?
        
        Я вылучу жахлівую энергію і спалю кожнага, хто паўстане на маім правым і верным, нават ісцінным шляху!
        
        Дзе вашая тоеснасць і ідэнтычнасць, місцер? Сістэма ідэнтычная вашай гэта колькі там літраў вады, кальцый, магній, жалеза, фосфар, бялкі, вугліводы, тлушчы і іншыя рэчы! Сістэма здольная рассыпацца пасля пранікнення нажа ў стрававод, калі толькі вы не пажырацель гэтых самых нажэй будзіце.
        
        Я выкіну сябе праз вакно ў рэальнасць!
        
        Грохніце мяне. Грохніце мяне! Катапультуйце, адыйдзіце-падыйдзіце! Растраляйце мяне ваданапорнай зброяй дзіцячых кулямётаў. Я хачу вільгаці! Я рыба! Акула! Чэлюсці 32 – гэта норма.
        
        Крык губляе мяне ў начы і ноч губляе мяне ў цемры. Мне падабаецца цемра. Робяцца бачнымі зоры, якія не бачны з-за зарыва горада. Горад выбухнуў ядзернай зброяй і зараз змагаецца з промневай хваробай.
        
        Я монстр! Мутант! Місцер Х! ЭЭЭЭЭЭЭЭЭЭ.
        
        
        
        
        [103]
        
        “Хведар, мілы Хведар, бяры ў дар гэтае вдро, ці ты яшчэ не бачыў ведзер, Хведар, а Хведар, бяры ў дар, Хведар, вядро, мілы Хведар, бяры ў дар, добры падарунак вядро, мілы Хведар, вядро добра ў дар браць як падарунак, Хведар, будзе чым заліваць пажар у Краснадары, Краснадар запэцкаў пажар, мілы Хведар, бяры вядро ў дар, гаспадар”
        
        
        
        
        [104]
        
        Клакоча! Клакоча пад нагамі вільгаць. Вільгаць клакоча. Дрыгва. Уетконг на Палессі! М16 і мне ніхто, ніхто нічога не зробіць з АК47. АК47 і М16, М16 і АК47, я сяду ў 47 маршрут і паеду па тракту М16. Мне ўсё адно. Мне пляваць. У мяне на кухні жроць котка-абармотка рыбныя ашмёткі. Да пабачэння!
        
        
        
        
        [105]
        
        “Газанафтавыя скважаны загажаны!”
        
        Ураган падымае кошт паліва, а мне паліўна сядзець і паляваць, я зноў мужык-паляўнічы з мужчынскага дома! Дзякуй я не з дома, бо там Саддом і Гамора!
        
        Эксбіцыяністы! Эксбіцыяністы быкуюць і катуюць каты ў сакавіку. Сакавіцкія каты, як і ўсе астатнія каты – жудасныя эксбіцыяністы! У мяне котка, таксама кот! Божа, прыгрэў на сваіх харчах невядома што з хвастом!
        
        
        
        
        [106]
        
        ААААААААА!!! Кроў. Зноў кроў на маіх руках. Кроў разодранай і пасмажанай курыцы. Я добры кулінар. Я добры гаспадар! Я добры выканаўчы дырэкатр! Мне можна ганарыцца і не хвалявацца за сваю будучнасць. Маё будучае ў руках схода акцыянераў. Мне няма чаго хвалявацца. Усе акцыянеры жаночага полу і чалавечага роду, радавыя жывёлы вартыя нагляду ў дарагіх паліклінніках. Я ім падабаюся, а маё да іх стаўленне не мае аніякага значэння! Як добра! Як добра жыць на свеце! Як добра пад сонцам, на гэтым самым добрым месцы для абраных гадаў, пацукоў, загніваючых перпесктыўных аматараў грашовых набыткаў маладых таварышаў капіталістычнага інтэрнацыяналу.
        
        Дзе там дакументы на подпіс? Распішуся па поўнай!
        
        
        
        
        [107]
        
        Вечар, вечар адбіваецца цырозам на печані і па ныркам б’е дарагім алкагольным поілам. Мяне любяць невядома за што, а толькі б скарыстацца гэтым мяккім, мужным, нават яшчэ мускулістым, але бяз розніцы, галоўнае што менавіта мужчынскім целам, гэтыя саракагаТовыя капітаншы ўласнага жыцця. Яны паляць у вінціляцыйныя шахты і ўпарта падміргваюць маячкамі то падымаючы, то спускаючы маечкі. Я раблюся пратэжэ, прагнажэ, прота-ЖЭ, проста Ж!
        
        Масліны! Я вельмі люблю масліны і масліністыя спіны, маіх багіняў, ружы, ліліі, мемозы, пад наркозам я ўвесь заўсёды Ваш. Ваш па труну пайду схаджу зарэзэрвую месца на дарагіх могілках, каб перагніваць з прагніўшымі буграмі забугорнымі і мясцовымі.
        
        Я люблю цібя жызнь!
        
        “Прынцып першасці нараджаецца разам са сперматазойдам які ўтрымлівае храмасому Y!” Якія ў вас мілыя, мілая вочы.
        
        
        
        [108]
        
        Л.Н.Т. падобна недзе як ТNТ, але я не ўпэўнены. Упэўнены толькі ў тым што я зараз сяджу ў шафе і пакутую ад наступстваў алергіі. Гарадскі хлопчык падыхае ад пылу і кветкавых раслінаў!
        
        
        
        
        [109]
        
        Хаваюцца, як грыбочкі пад елачкамі, пад вялікімі зялёнымі прыгажунькамі, хаваюцца ад мяне, ад грыбніка хаваюцца па грыбным месцам хаваюцца. Але навошта? Навошта, даражэнькія? Мілыя, цёплыя, шчырыя хавацца, ад мяне навошта хавацца? Не трэба! Бязглузда ад мяне хавацца пад елачкамі, пад высокімі зялёнымі елачкамі ў шыкоўных махнатых лапках. Выйдзіце, зірніце на мяне. Праспявайце мне песеньку, зайргаце мне на музычным інструменце, сонечныя вы мае, цёплыя вы мае грыбочкі. Грыбочкі паляўнічага на грыбочкі. Я сачу за вамі, вы сочыце за мной, як я сачу за вамі і нашае ўзаемнае сачэнне ўсяго толькі шукае асабістую выгаду, каму што выгадна, той за тым і сочыць. Але ж вам не збегчы, бо вы грыбочкі і таму толькі што можыце расці ў ельнічку чакаючы ножыка на сваёй галінастай грыбніцы, расціце і пакрываецеся імхом ці точыцеся мушкай, ці слізнямі, ці чырвячкамі точыцеся, старэеце і гніеце, гніеце, каб згубіць прывабнасць да сябе ў мяне, грыбніка-паляўнічага. Не хавайцеся, грыбочкі пад елачкамі, не хавайцеся. Я выйду, выйду на прастор з гэтай шафы, з-пад шынэлі выду да вас пад елачкі ў ельнік. Прыду з ножыкам, прыду хаваць вас ад мушкі, ад слізня ці ад чарвяка старасці хаваць вас ножыкам у ельнічак прыду. Прыду любыя мае, сачыце за мною і чакайце мяне. Чакайце мяне на адным месцы пад яловымі лапкамі, на сваёй грыбніцэ-матухне. Грыбочкі мае мілыя, маладыя, моцныя прывабныя. Сачыце і чакайце, чакайце мяне, грыбніка-паляўнічага.
        
        
        
        
        [110]
        
        Непагасны агонь запальнічкі пакуль не скончыцца газ!
        
        Таз медны 15т. Шт.
        
        
        
        
        [111]
        
        Ай, ай, як не па сабе для сябе праз сябе, ай-айай, нігілісты вандруюць па пасекам. Пасека! Пасека! Нігілісты! Праграмісты! Артысты! Новыя, старыя, пажылыя, пажыўшыя на вяку. Я таксама хачу на вяку пажыць. Хто на вяку не жыў, той і не жыў увогуле. Мамачка мая, мама, мне казалі што ты тэлефанавала, а я сказаў, што мяне больш не існуе? Вядома я існую для цябе пакуль існуеш ты, ты мая мама існуеш на прасторы ў прасторы на у з ля там. Там. Там. А я тут. А ты там. І мы ўсе недзе. Недзе мы ўсе. А я на працу яшчэ хаджу. А ты пенсыянерка відаць. Па чым мне ведаць? Хачу думаць што ты пенсыянерка і ў цябе ёсць пенсыя. Мне не хочыцца, каб у цябе не было пенсыі! Зусім не хочыцца, мама. Бо я тут і мне не хочыцца хадзіць туды, каб паляпшаць тваё эканамічнае здароўе. Не хочыцца, малаточак мой цябе ў рукі браць да дванаццаці нуль нуль.
        
        
        
        
        [112]
        
        І думаецца мне, што гэта гістэрыка... відаць.
        
        
        
        
        [113]
        
        Я вандраваў па вуліцах горада. Хадзіў па прашпектах, па вуліцах хадзіў. Хадзіў з адзінай мэтай – схавацца ад сябе самога. Мне непакоіцца за мяне. Мне зусім непакойна за мяне. Мне б было трэба ўжо даўно разабрацца ў сабе, але ўсё неяк нагоды няма. Няма нагоды, каб разабрацца ў сабе, каб паставіць сабе дыягназ і вынесці сабе вердыкт.
        
        Гэты горад усяго толькі дэкарацыя, безжыццёвая дыкарацыя для маіх няшчасцяў і спусташэння сумняваючыхся. Я лунаю па прашпэкце. Мне падабаецца лунаць. Тым больш, што неба такое лунявае сёння.
        
        
        
        
        [114]
        
        Раптоўна ўсё паўстала на свае месцы. Усё, усё паўстала. Я зразумеў, я вырашыў, што зразумеў усё, усё, што са мною робіцца. Я прагледзіў сваё нядаўняе жыццё, я прыгадаў ланцуг падзей, падзей ланцуг я прыгадаў і больш дасканала праверыў, што за чым адбывалася. Мне знайшоўся адказ на гэты дзіўны неспакой, на гэтыя дзіўныя дзеянні, на гэтыя дзіўныя паводзіны і нават на гэтыя дзіўныя сны. Мне ўсё рашуча зрабілася зразумелым і гэтае разуменне нярвуе мяне, бо тое, што адкрылася мне цяжка пераварваць, а то можа ўсяго толькі я памыляюся і толькі навожу на сябе форсу, раблю тое, каб мяне заўважылі іншыя. Можа ўсе гэтыя самыя думкі, былі толькі тым, што ёсць плач няшчаснага дзіцяці па ўвазе дарослых!
        
        
        
        
        [114a]
        
        Я зразумеў, што ёсць такое, калі сыходзіш зглузду. Я растлумачыў гэту для сябе падзею. Хоць сам спрабую сабе ўяўляцца цалкам здаровым, але нездаровыя сымптомы я знаходжу ў сабе. Я разумею, што раней такога не было і гэта з’явілася толькі нядаўна. Нядаўна гэта з’явілася, пасьля таго, як мяне катаваў неспакой і я з гэтым неспакоем змагаўся. Пасля змагання я выкручваўся і рабіў жахлівыя рожы, мяне трэсла і мне было млосна, вельмі млосна, я мог ванітаваць на рэальнасць і гэтая млосць непакоіла мяне, я не разумеў з-за чаго, з якой нагоды такое пачуцце. Пасля млосці я нэрвова валяўся і не выходзіў з дома, увесь гэты час то з’яўляўся то знікаў неспакой, неспакой катаваў мяне, але больш мяне нервавалі мае дзіўныя жахлівыя паводзіны, якія людзі на вуліцах называюць неадэкватнымі, а я бы назваў панікай. Я не разумеў, што ёсць неадэкватнае, па-праўдзе мовіць, мне было па-просту пляваць на адэкватнасць, мяне калашмаціла, што ток электроды і можа таму мне было пляваць на адэкватнасць. Пасля, начамі мне пачалі з’яўляцца сны ў якіх я страчваю розум, розум губляецца і я разумею гэту падзею з-за таго, што я разумею, што страчваю розум. Потым гэта пачало адбывацца ў сапраўднасці, хоць я і не ўпэўнены, што гэта насамрэч адбывалася ў сапраўднасці. Памяць мая на столькі зблыталася, што я не памятаю ці падзеі адбывался ў сне, ці гэта ўжо адбывалася сёння, толькі што. А можа ўсяго толькі я спаў?
        
        
        
        
        [114b]
        
        Я пачаў разумець, што такое для мяне мой ад’езд зглузду. Гэта можа адбыцца ў любы момант, ці то ў транспарце, ці то дома на канапе, хаця я не ўпэўнены, што тое насамрэч адбылося ў транспарце, ці на канапе, верагодна, што тое мне па-просту прыснілася. Гэта падобнае на спазм, на мазгавы спазм думкі. Закарачэння працэсу мыслення, ператварэнне гэтага працэсу ў цыкл. Я думаю пра што-небудзь, думаю, думаю, а потым пачынаю разумець, што шлях думкі мне зусім не належыць, думка сама гаспадарнічае ў маёй галаве і з’яўляе сабой тое, што захоча яна. Я не магу ні спыніць гэты працэс, ці якім-небудзь чынам змяніць. Гэта можа быць нейкай музыкай, можа быць нейкімі незразумелымі звярынымі гукамі, можа быць бязглуздзіцай, ці вельмі разумнай балбатнёй. Я здзіўляюся і разумею толькі тое, што працэс мыслення больш не кантралюю, што я сыходжу зглузду, што я губляю розум. Сапраўды губляю, губляю кантроль над розумам. Я не магу спыніць тое, што адбываецца з маімі думкамі і з самім працэсам мыслення. Я стаю і думаю, думаю, думаю і не магу спыніцца. Але тое, што я не магу спыніцца, я разумею толькі па тым, што я здіўлены думкам, якія я знаходжу сам у сваёй галаве. Як толькі я здзіўляюся, як толькі я фіксую той момант, што я страціў кантроль над розумам, кантроль вяртаецца да мяне, пакідаючы толькі пачуцце боязі, боязі за тое, што кантроль аніколі не верніцца, не верніцца больш да мяне асазнанне таго, што нешта ідзе не так, што нешта ідзе не ў тым накірунку, зноў паніка, якая пачынаецца пасля неспакою і з’яўляе сябе жахлівымі рожамі, якія я будую сваім тварам і незразумелымі паводзінамі, якія вакольныя людзі назвалі бы неадэкватнымі. Я разумею, што нічога не памятаю з таго, што я навыдумляў, калі згубіў кантроль. Я згубіў кантроль над тым, што я думаю і нічога ў памяці я знайсці не магу. Магу знайсці толькі фіксацыі эмоцый, якія вызывалі ў мяне тыя думкі. Я шукаю думкі, а знаходжу толькі эмоцыі. Гэта падобна на сон, ці на лухту, якую нясеш пасля таго як папаліш, тую дзіўную расліну, якая расце ў мяне на лоджыі ў гуршчке. Ты можаш шмат казаць, можаш шмат уяўляць, выдумляць, вырашаць, але насамрэч ты зусім не фіксуеш, тое што ты вырашаеш. У памяці не застаецца нічога з таго геніяльнага, што ты пасьпеў надумаць за той момант страты кантролю за думкамі. Застаецца толькі памяць пра эмоцыі, эмоцыі якія выражаць захапленне адкрыццём, экстаз ад захаплення, на жаль, самое адкрыццё ты выключна не памятаеш. Ды й пляваць на адкрыццё. Я бы зрабіў усё, каб больш нічога не адкрываць, абы толькі не губляць кантроль над розумам... кантроль над духам.
        
        
        
        
        [115]
        
        Тыя апошнія мае гістэрыкі ёсць толькі паніка. Паніка вяртае мяне да думак. Да думак, што ў мяне баліць галава і мне зноў неспакойна. Я не сустракаюся больш з жанчынамі і не выходжу на вуліцу займацца паляваннем. Калі я не займаюся паляваннем і мне займацца ім не хочыцца, то па ўсім відаць, што я не мужык, тое, што і не жанчына, бо да збіральніцтва патэнцый ніякіх не маю і ахвоты ніякай няма таксама. Я разумею тое, што сыходжу зглузду. Тое самае было ў мінулым годзе, калі я запоямі прачытаў чатыры кнігі Ф.М. і шмат чаго з тых кніжак надумаў. Падбокавы псіхатэрапеўт падказала мне, што гэта я стаміўся, што мне верагодна палягчэе, толькі бы я кінуў на пэўны тэрмін чытаць Ф.М. Я кінуў чытаць Ф.М., супакоіўся, перастаў шмат думаць... а потым раніцай знайшоў на лецішчы труп пад варыўнёй. Труп вельмі знаёмай падбокавай, таксама псіхааналітычнай жанчыны, якая час ад часу наведвае мяне на кухні. Не люблю калі яна наведвае мяне: тады яна нервуецца і лаіць мяне апошнімі словамі. Мне зноў здаецца, што нешта ідзе не так.
        
        
        
        
        [116]
        
        Зразумеласць пачатку сыходу ў далёкую вандроўку з глузду не прынесла аніякай адпаведнасці. Мяне нярвуе ўжо некалькі дзён выключна адно пытанне: ЧАМУ? З якой халеры я мушу выходзіць з сябе і губляць кантроль над уласным мозгам? Чаму я вымушаны цярпець ад невядома чаго? Што стала прычынай такога майго стану?
        
        Я ўзяў выкацыі і зараз сяджу дома. Дома ціха і даволі мірна. Я гляджу тэлевізар і кушаю пілюлі пад лацінскім назовам PROZAK. Я не ведаю, што гэта за дзіўныя пілюлі, але пілюлі троху нярвуюць мяне. Я разумею, што пілюлямі мне не дапамагчы, як не дапамагчы іншымі стымулятарамі-допінгамі. Мне ўсё гэта непатрэбна. Гэта для мяне ўсё марна. Марнасць марнасцеў сядзець, жраць гэтыя пілюлі і палохацца па кожнай нелігітымнай думцы ў галаве. Я сам магу! Магу нарыць акопаў, узвсці абарончыя ўчасткі і ніякі PROZAK мне не патрэбен. Мне патрэбна зразумець, чаму я вымушаны сыходзіць, чаму я вымушаны губляць розум. Ці то я сам, ці то гэта іншая нейкая прычына мяне вымушае на гэта, я не ведаю. Не ведаю пакуль. Нешта мне падказвае, што я ўсё ж даведаюся. Даведаюся што з чаго і па чым. Даведаюся, каб быць сабой. Каб адстойваць права на сябе. Права, якое нехта спрабуе ў мяне забраць! Права, якое дадзена мне пры народжанні і забраць ніхто не мае права, маё права! Мой абавязак захаваць права на сябе самога. Я павінен быць сабой, а то б інакш з якой нагоды мне жыць? З якой нагоды я марнаваўся і пакутваў гэты ўвесь час незразумелых тэлехронік і магнітных навальніц сусвета?
        
        
        
        
        [117]
        
        “Хочаш заразірваваць праўду?”
        
        
        
        
        [177a]
        
        Крыштрапнаграт паператынванган тран я схпаіўдын выкшталцоўных і не невраваўся па прычные другавартасных кінабартбіатальных гіператронаў, які выпрытронвалі на грыштапердрынках свай алкагалізапетранныя напоілывырашацелі поіла-войіла. Сцыпленнаграшварныя кірдробы калдобнінабівалі карнава дыргаварва варнавара!
        
        
        
        
        [117b]
        
        Піяўкі плявузгаюць канаўкамі па цёплых каналах вадаправоднай пракладцы. Гіпертонікі лунаюць у паветры без наркотыкаў у баракамеры павілічаючы ці паменьшаючы ціск. Піск далучае да нэрвовага дрыжання рукі гіпертоніка, якая трывае вінцель павілічэння ціску. Гіпертонік у залежнасці ад вінцеля, які далучае яго да вонкавых, вясёлых і нязвыклых сфераў і схемаў. Я мушу пакушаць і абавязкова ўкушу каго-небудзь за палец. Хачу ўкусіць менавіта за палец. За палец, які трымае курок. За палец, які знаходзіцца на кісці, якая знаходзіцца на руцэ. Я хачу! Я зразумела маю права на маё хаценне! Хто ж даў мне гэтае права?! Мне гэтае права даў тэлевізар і праваабаронцы па дагонцы. ЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫЫ. Як баліць галава троху вышэй правага вуха. Мяне вылучаюць прамнямётамі іншапланетныя контурныя абармоты. Ох, як гэта зараз не звыкла і незразумела... Я стаміўся.
        
        
        
        
        [118]
        
        Я чуў, нібы я вытанчаны. Мне заўсёды прыемна пачуць пра сябе што-небудзь, што-небудзь прыемнае, вартые майго сэрца пачуць, на прыклад, што я вытанчаны.
        
        Я вельмі таксама думаю, што я менавіта вытанчаны. Думаю я гэта таму, што зараз мне ўсе мае ўчорашнія дзеянні здаюцца менавіта вытанчынымі.
        
        Учора я зноў ехаў у транспарце. Ехаў пад зямлёю ў падземным электрацягніку, які ўдзельнічае ў арганізацыі, якая называецца метро.
        
        Вагон быў амаль пусты. Акрамя мяне ў вагоне сядзеў дужа п’яны чалавек. Пра тое, што гэты суб’ект быў менавіта чалавекам, я даведаўся па ягонай мове. Чалавек спяваў. Нечалавек спяваць не можа па-чалавечы, пра гэта я даведаў па навуковым канале яшчэ год назад.
        
        Я падыйшоў да чалавека і зірнуў на яго.
        
        Чалавек расплываўся па дзерманціне сядзення, абцякаў слюнямі і спрабаваў ухапіцца за поручні. Усе гэтыя працэдуры яму не ўдаваліся. Ён роўным чынам нічога не мог зрабіць сам. Чалавек быў п’яны і дыхаў хімічнай зброяй.
        
        Я выцягнуў з кішэні табакерку агнедыхаючых цмокаў, адыйшоў на пэўную адлегласць і растраляў чалавека. Ён не падабаўся мне. Ён быў нечым гідкім і сапляпадобным. Я згадаў сябе і нешта падобнае на яго знайшоў, знайшоў у сябе яго. Я стрэліў яшчэ і выкшталцоўна кроў малявала нацюромортамі крывавыя карціны на надпісу “ не датыкацца”.
        
        Мне захацелася цяпла і ласкі. Я выйшаў з вагона пакінуўшы вагон. Больш у вагоне нікога не было.
        
        
        
        
        [119]
        
        Гукамі нічога мне не даведацца. Я не разглядаю гукі ў якасці сродка інфармацыі. Больш люблю дотыкі, асабліва цёплыя, пяшчотныя, лепш за ўсё жаночыя.
        
        Зараз я адзін. Зусім адзін. Нікога выключна з маіх былых сяброў няма. Толькі малаток-кроха, ляжыць у шуфлядзе, чакае мяне забіваючага.
        
        Роўны мой подых усталяваны па пэўнай сістэме гігіены дыхання.
        
        Мне ўжо працяглы тэрмін не згадваецца пра сэнс, менавіта мой прыватны сэнс. Я альбо цалкам вызваліўся ад сітуацыі пошуку сэнса, альбо сыйшоў з глузду. Хворы на розум чалавек не шукае сэнсу свайго існавання. Хворы на розум чалавек і так пакутуе досыць, каб пакутваць у дадатак пошукам сэнса.
        
        Трэба разабрацца ў пытанні: ці пакутую я?
        
        
        
        
        [120]
        
        Усё ж такі я пакутую. Ці пакутую я досыць для хворага на розум? Трэба разабрацца!
        
        
        
        
        [121]
        
        Вось стол. Простая рэч, на ім пішуць. Яшчэ на стале можна есці, у некаторых момантах пісаць, можна спаць на стале і нават займацца палавой экзальтацыяй можна прама на стале, на гэтай простай прыладзе, на гэтай фурнітуры, усё што заўгодна можна рабіць на стале, менавіта на, бо “на” гэта прызначэнне стала.
        
        Калі стол падае з вышыні пятага паверха на вас, то стол ужо менавіта вы, але вы не стол і вашае прызначэнне не прызначэнне стала, таму калі вас у гэтым выпадку выкарыстоўваюць не па прызначэнню то вы ламаецеся. Вы губляеце свае чалавечыя якасці. Вас змяшчаюць у сметнікавую труну і закопваюць на сметнікавым палігоне-могілках.
        
        Я працую на стале і сяджу на стуле. Яшчэ я п’ю кефір і думаю пра тое, ці пакутую я досыць. Яшчэ мне вельмі хочыцца затэлефанаваць жанчыне і запрасіць жанчыну да сябе.
        
        Хачу быць сталом. Хачу, каб мной скарысталіся “на”.
        
        
        
        
        [123]
        
        Усё што я раблю, гэта змагаюся за сябе з рэальнасцю. Рэальнасць спрабуе захапіць мяне ў палон і згваліць маё сазнанне. Я не пошук свайго сэнса! Я не машына, якую больш не выкарыстоўваюць па прызнчэнні і якая хвалюецца з гэтай нагоды! Я не маё эстэтычнае пачуцце, якое з’яўляецца, калі мае вочы глядзяць на карціны М. Шагала. Я не задавальненне ад прачытання Вайны і Мір. Я не Л.Н.Т, калі чытаю Л.Н.Т. Я не рука з агнедыхаючым цмокам, які плюецца плюмбумам снараднай формы!
        
        Я той, хто змагаецца за сябе! Я той, хто спрабуе быць сабой у свеце, дзе сабой кантраляваць вельмі цяжка. Я той, хто лунае ў пошуках абароны супраць захопнікаў!
        
        Так, я ненармальны. Так, я глуздануты. Так, я напэўна належу сабе і пакутую досыць ад агрэсіі на мяне. Па той прычыне, што я належу сабе, я выглядаю так як павінен выглядаць. Я выглядаю як глуздануты. З гэтай нагоды баюся хадзіць на працу.
        
        Каму я патрэбен? Я патрэбен рэальнасці, якая жадае захапіць мяне з нагоды аб’ектыўнасці. Рэальнасць жадае, каб у ёй знаходзіліся па яе правілам, па правілам, якія ствараюць усе для саміх сябе. Губляючы сябе.
        
        Я глуздануты. Я належу сабе. Я не належу рэальнасці. Я больш не жадаю суіцыда, бо належу сабе і з рэальнасці ўжо збег па-іншаму. Не суіцыдальна.
        
        Што я буду рабіць па-за рэальнасцю?
        
        Я глуздануты. Глуздануты можа толькі крыўляцца. А адказваць не можа.
        
        Што я буду рабіць па-за рэальнасцю?
        
        Агыгы! Выргрыгы-гы-гы. Агы-гы-гы.
        
        
        
        
        [124]
        
        Адчуў раптоўна спакой падобны да прасвятлення. Спакойны нават мудры твар. Зялёныя вочы. Рукі ногі не дрыжаць. Я спакойны. Я вельмі спакойны. Спакойна гляджу на свет і мне свет здаецца зразумелым. Я стаю на асфальце, а вакол мяне жыццё. Жыццё лунае па прашпэктам і вуліцам, а я стаю спакойны, як пакойнік.
        
        Мне не ўсё роўна, проста я спакойны. Нічога не можа мяне збянтэжыць, нічога не можа мяне пакрыўдзіць. Калі нават мяне зараз заб’юць я не адчую аніякага негатыву. Мне не абыякава, мне спакойна. Я спакойны, спакой падобны да прасвятлення. Хай усё ідзе сваім шляхам, а я спакойны і выглядаю мудрым. Спакойны твар – твар мудрыца! У мяне спакойны твар, я мудрэц да чарговага прыступу белай гарачкі.
        
        
        
        
        [125]
        
        Заснуць прачнуцца ўбачыць паспытаць кавы ў сябе самога прыгатаваць і паднесці ў ложак.
        
        Выклікаю сябе самаго на дуэль. Я самаўлюблёны малады чалавек, а нагоды да самаўлюблённасці прынамсі няма. Ну і хай. Нічога. Затое ў мяне ёсць аргумент: астатнія таксама самаўлюблёныя, таму гэта добрая нагода быць маленькай злобнай зайздроснай гідкай помслівай пакаслівай звярушкай. Так, іншыя – гэта добрая нагода для самадыцэі. Пра гэтае слова я даведаўся з рэлігійнай праграмы па ТБ. Апошнім часам спакойны гляджу нядзельныя словы пастараў і нічога не думаю з гэтай нагоды. Пастары запрашаюць любіць Бога і зарабляць грошы. Я сяджу спакойны і твар мой мудры. Мудрэйшы за потны твар рыторствуючага пастара-краснабая, златавуста, лапшавешальніка. Чаму? На гэта пытанне адкажа кожны для сябе сам, мне няма часу займацца такімі вузкімі тэмамі з маёй спакойнай мудрасцю на твары.
        
        
        
        
        [126]
        
        Што ў мяне сёння здарылася? Здарылася нешта. Гэта падобна на маленькі незразумелы зрух. Пагранічча як адчуванне іншай тэрыторыі. Лёгкі вецер вястун жахлівай буры.
        
        Я выйшаў на вуліцу і прайшоўся па вуліцы. На вуліцы знаходзіліся людзі, некаторыя пьяныя ляжалі пад дрэвамі, большасць хадзіла і нагадвала людзей.
        
        Для мяне згубілася рэальнасць. Усе здаюцца даволі пошлымі, нават непрыемнымі. Яны клапоцяцца пра свой стан і бачанне сябе іншымі. Я бачыў як дзяўчыны бачылі мяне і рабілі ўсё каб я іх добрымі ўбачыў не як мужчына, а толькі каб убачыў іх, бо ў грамадстве маецца праблема быць убачанным, дзеля таго, каб быць убачанным. Мне захацелася дастаць самурайскі меч і пакрашыць усё навокал у капусту. Я разумею, што маюцца людзі такія ж як і я. Я ўжо зразумеў, што ўсе такія ж як і я. Я зразумеў, што я такі ж як і ўсе. Спачатку я хацеў павесіцца з гэтай нагоды, а потым увераваў у прэзідэнта, ідэялогію і здаровы лад жыцця.
        
        
        
        
        [127]
        
        Яны былі правы, а я не праў. Прынамсі, гэта ўжо абыякава для мяне. Сітуацыя спакою не пакідае мяне досыць доўга і гэта для мяне добра.
        
        
        
        
        [128]
        
        Я памятаю як згубіў цярпімасць. Зараз я яе не набыў і не вярнуў. Я разумею, што яна мне ўжо не патрэбна. Я ведаю, дзе і ў чым нельга быць цярпімым, а астатняе мне падабаецца. Мне ня трэба цярпець дабро, да дабра ў мяне імунітэт. Якім чынам я распазнаю дабро? Я адкрыў у сабе новае, дагэтуль невядомае мне пачуцце. Пачуцце-дэкодэр дабра.
        
        Мне ўсё яшчэ спакойна. Пэўна трэба ўжо працаваць. Нічога іншага не застаецца.
        
        
        
        
        [129]
        
        Я зараз разумею, што замест усеагульнага чакання прыйшла злоба. Азлобленасць. Індывідуальнасць. Эгаізм. Усім варта толькі сваё, свае правы жаданні і як аргумент чужая прага сваіх правоў і жаданняў, што цікава гэта ўсё падобркавасць і гульня ў свае інтарэсы, правы і жаданні.
        
        Я не адчуваю да іх аніякіх пачуццяў. Мне не абыякава, але мне вельмі халодна і адзінока тут.
        
        Я бы хацеў змяніць сябе. Я разумею, што жыць такім чынам, якім жыву я, цяжка і бесперспектыўна. Але мне спакойна. Спакой вынішчае ўсе афекты, якія мусяць з’явіцца па сваіх прычынах. Мне не абыякава. Мне спакойна. Я вышэй за іх, хоць мне вельмі шкада іх і сябе. Сябе за тое, што я не той хто здатны што-небудзь змяніць. Іх, за тое, што яны не зменяцца з-за таго, што я не той, хто можа што-небудзь змяніць.
        
        Што я магу?
        
        Узяць малаток і перапрацаваць сазнанне праходжага на вуліцы.
        
        Так я гэта магу, вось толькі ці трэба мне гэта зараз?
        
        Я быў у пустэльні сваёй паралепіпеднай кватэры, а зараз зноў мне захацелася стасункаў. Траўматычнай камунікацыі сродкам агнедыхаючай зброі.
        
        Вецер лунае без пэўнай нагоды і жадання лунаць, таму лунае супраць сваёй волі, там, дзе я вымушаны цярпець кагосьці, аргументуючы сваю нянавесць, нянавесцю іншых да сябе. Мне хочыцца, каб свет круціўся вакол мяне. Некаторым гэтага не хочыцца. Ну і хай ім гэтага не хочыцца. Яны таксама патрабуюць нешта. Патрабуеце? Вось вам турыстычая сякера ў цемечка!
        
        
        
        
        [130]
        
        Дзіўна, я больш не гляджу тэлевізар. Адзінае, што мне застаецца, гэта канчаткова выдаліць сябе з рэальнасці. Калі да мяне вяртаецца розум, я пачынаю думаць пра суіцыд. Цікава, калі я раблюся адэкватным, думкі збіраюцца толькі вакол накладання на сябе рук і нічога іншага для збірання яны знайсці не могуць. Ці гэта з-за таго, што ў нармальным стане знахадзіцца немагчыма, ці гэта з-за таго, што немагчыма вяртацца ў забыццё. Яшчэ які варыянт я выдумаць не магу. Выдумляю апошнім часам усё больш дэлікатэсы на сняданак і вячэру. Абедаць я не абедаю. Сумна і пераварвае страўнік у час ціхага часу. Калі ён пераварвае, то бурчыць. Што гэта за ціхі час, калі на працягу яго бурчыць страўнік? Ніякі гэта не ціхі. Таму я не абедаю, а сплю. У ціхі час усе павінны спаць. Таму я і сплю.
        
        
        
        
        [131]
        
        Сёння ў мэтро я ўбачыў яго. Літаральна перыферычным зрокам. Ён мусіў уваходзіць у дзверы, але, відаць убачыўшы мяне, перадумаў і мякка, нібы марская хваля, вышйаў з майго поля зроку. Ён быў апрануты ў жоўты плашч. На яго твары былі накладзеныя вусы. Ён трымаў чорны савецкі чымадан. На ім быў чорны, з вузкімі палямі капялюш. Я ўбачыў яго. І занепакоіўся, убачыўшы яго. Ён знік так жа раптоўна, як і з’явіўся, нібы карцінка ў галаве.
        
        Трэба дастаць з масла металічную прыладу і набіць магазін свінцовым таварам. У барабане зараз сябры чакаюць пары...
        
        
        
        
        [132]
        
        Я не развітаюся ніяк са сваім спакоем. Я раблюся эмацыйна фрэгідным, што, дарэчы, не можа мяне не радаваць.
        
        Учора мне адкрылася ісіцна. Шмат існуе людзей, якія не могуць суперажываць і спачуваць. Яны проста не здатны зрабіць гэтага. Яны не могуць гэта рабіць як на фізічным узроўні, ведаючы на ўласным досведзе водар пакуты, ні інтэлектуальна. Яны не маюць ані шкадавання, ані дабрыні ў сэрцы. Яны простыя заплеснявелыя снобы.
        
        Не гледзячы на мой спакой я маю здатнасць суперажываць.
        
        Мая абыякавасць хутчэй анталагічная чым фенаменалагічная.
        
        Мая абыкавасць, ёсць хутчэй абыякавасць да змянення, чым абыякавасць да пакутаў.
        
        Я вельмі моцна суперажываю, тым хто пакутуе.
        
        Я перастаў быць цярпімым да чэрствых людзей. Мне зрабілася неабыякавай іх чэрстваць.
        
        Сёння ў мэтро мне захацелася растраляць абойму ў ваданепраніцальныя твары пасажыраў.
        
        Мяне выклікала да заняцца палавой экзальтацыяй знаёмая па памяці дзяўчына. Мне непрыемна бавіць з ёй час, бо яна чэрствая і ў астатнім такая ж як і большасць.
        
        Няўжо я сапраўды такі ж як і ўсе?
        
        Добра, што спакой апанаваў маю душу, у іншым выпадку я бы павесіўся.
        
        
        
        
        [133]
        
        Я зазірнуў унутар сябе. З нутра на мяне ўзірала пачвара!
        
        
        
        
        [134]
        
        Яны павінны былі знайсці шчасце. Сэнс іх жыцця быў у шчасці? Ці ў тым, што яны былі павінны яго знайсці? Яны былі павінны знайсці шчасце, каб быць шчаслівымі. Мне абыкава зараз да ўсяго гэтага. Я больш не гляджу тэлевізар, таму рэсурс сарказму згніў на штрафпляцоуцы мытнай службы.
        
        Быць павінным, ці быць шчаслівым? А можа быць павінным быць шчаслівым?
        
        Сёння восень. Я ішоў па полю, свяціла сонца, прыемна пахлі ссыхаючыя травы. Зроку хапала на ўсю крывізну зямлі. Я быў нікаму і нічаму не павінны. Я быў шчаслівы.
        
        Я ўсё такі ж спакойны, але пасля вандроўцы па сонечнаму полю, усмешка ніяк не сыйдзе з маіх чырвоных вуснаў.
        
        
        
        
        [135]
        
        Дні сыходзяць у нябыт. Напэўна я кінуў працаваць, але кожны дзень хажу кудысьці і па пошце атрымліваю грошы. Мне сняцца каляровыя сны пад раніцу і я знаходжу сябе ў чаканні “яго”. Гэтага хітрага суб’екта з непераможнай прагай дазнавання душы.
        
        
        
        
        [136]
        
        Мне сніліся чорныя клубочкі якія разматваліся на маіх вачах. Кожны клубочак разматваўся перацікаючы ў мора нітак. Мора павялічвалася, а клубочкі ўсё разматваліся. Клубочкі разматваліся, але ніяк не маглі разматацца. Нарэшце, нечакана сканчалася нітка і ў вялікім моры нітак плавалі клубковыя паперкі. Ніткі валяліся на нейкай пляцоўцы без патрэбы і жадання. У клубках я мусіў бы іх забраць да дому, а зараз яны разматаныя і мне не хочыцца разбірацца ў гэтых вузлах, якія нават разрубіць складана. Мора пагубленых пагчымасцеў. Нічога, я прачнуўся на шаснаццатым клубку, у каробцы заставалася яшчэ досыць на адно чалавечае жыццё.
        
        
        
        
        [136A]
        
        За вакном маятнікова гайдаецца шнур. Ён вісіць якое дзесяцігоддзе і гайдаецца за маім вакном. Шнур – вечнасць маёй кватэры. Калі я бачу шнур, я ўпэўнены ў тым, што зрараз знаходжуся дома. Дома мне спакойна і ўтульна. Больш не наведваюць мяне твары, якіх я не хачу бачыць. Асабліва тут, у маім доме. Мне непрыемныя іх прагніваючыя сківіцы і пустыя вачныя дзіркі. Я не люблю глядзець на цела, пазбаўленае душы. Гэтая нелюбоў – праява маёй незразумелай мне натуры. Гэтая натура хаваецца глыбока ў ва мне і праяўляецца праз гэтакія праявы.
        
        Яшчэ я думаю схадзіць у кіно. Раней я вельмі часта хадзіў у кіно. Адзін. Аднаму не трэба вымушаць сябе рабіць пэўныя знакі ўвагі прадугледжаныя нефармальным этыкетам. Аднаму можна глядзець кіно і не звяртаць увагі на астатніх гледачоў. Гэта так прыемна хадзіць у кіно аднаму.
        
        Акрамя мазні М. Шагала, я атрымліваю эстэтычнае задавальненне ад прагляду добрага кіно ў кінатэатры. Як не дзіўна, гэта праўда.
        
        
        
        
        [137]
        
        Я прачнуўся зусім на канапе. Я цалкам ляжаў на канапе, а некалькі хвілін назад, думаю што спаў. Мне нешта снілася, але што снілася дакладна я не памятаю. Трэба выйсці на лоджыю і ўглядзецца ў горад. Горад, напэўна, гудзе сваімі органамі і артэрыямі. Горад дакладна гудзе сваімі органамі і артэрыямі. Мне лянота выходзіць на лоджыю, каб удакладніць на досведзе гэтае меркаванне.
        
        У лядоўні ў мяне стаіць малачко і нават зусім не кіслае, таму яго мне можна піць. Кіслае малако я не п’ю, бо з магазіннага малака з’яўляецца небясьпечнае для здароўя кіслае малако. Я не хачу рабіцца малочным таксікаманам зусім.
        
        Прынамсі, ўчора тэлефанаваў мне невядома хто. Невядома хто сапеў у трубку і нешта думаў пра сябе. Я таксама думаў пра яго, але нічога не мог сказаць. Невядома хто паклаў трубку, упэўнеўшыся ў тым, што я знаходжуся дома. Напэўна, ён зараз апране свой жоўты плашч і накіруецца ў мэтро, смактаць кроў і пакідаць на асфальце мужчынскія целы. Я не пайду ў мэтро. Мы сёння не сустрэнімся. Не хачу чуць ад яго прапановы, якія не падабаюцца майму няшчаснаму сумленню.
        
        Я зноў ляжу на канапе цалкам. Думаю, што праз некалькі хвілін я буду спаць, зусім.
        
        
        
        
        [138]
        
        Я бачу зялёныя цені за вакном. Свет з’явіўся мне зялёным, як трава на ўзбярэжжы лесу. Я гайдаюся на крылах мары недзе пад белай столей і бачу празрыстыя плямы на тонкай сетчатцы вока. Мне хораша і ўтульна. Спакой мой трымаецца да крытычнай кропкі, пасля якой я вымушаны выходзіць з сябе на некаторы час аргрэсіі і злобы. Я цень пад белай столей уласнай кватэры. Я мыш. Я небачны. Я нечутны. Я плыву па паветры трымаючыся сваімі прыгожымі пальчыкамі за ілюзорны цэментаваны пах нябёсавых лесвіц. Падымаючыся па прыступках, я б’юся галавою аб столь і вымушаюся спусціцца на колькі прыступак уніз. Я гайдаюся па паветры і скразнякі цягаюць мяне ад адной сценцы да другой. Я падобны да анучы, ці да семені дзьмухаўца. Я жыццё, вандроўнае па лабірынтах прасторы і часу. Я кропля вады на дне маёй бялюткай ванны. Ляжу адмакаючы ад прашпэкатаў і плошчаў небясьпечнага горада. Горад мусіць забіць сваімі жыхарамі, органамі і артэрыямі, мусіць забіць мною няшчасную ахвяру несаспелага эгаізму пануючага лада жыцця. Я столькі чую. Столькі бачу. Столькі адчуваю. Дарма...
        
        
        
        
        [139]
        
        А вось і скончылася маё лета.
        
        
        
        
        [140]
        
        Паспрабаваў выдаліць метастазы сацыяльнай пухліны галаўнога мозгу. Спачатку расклаўся на малекулы, а потым вынес сябе за дужкі.
        
        
        
        
        [141]
        
        Складаней за ўсё быць шчырым, нават перад самім сабою. Рытуалы і этыкет дазваляюць схавацца, каб толькі не быць шчырым. Ты павінен рабіць тое на гэтае. За гэтакім стымулам патрабуецца такая вось рэакцыя. Я шчыры перад самім сабой. Я не гуляюся ў гулькі, таму мая рэакцыя заўсёды не супадае з патрэбнай рэакцыяй. У дылеме альбо-альбо я абіраю трэці, нават непрадугледжаны варыянт. Я шчыры перад самім сабою і за гэта мяне называць абыякавым. Я найбольш шчыры ў сваіх перажываннях, чым смязлівая істота з падробкавымі слязьмі самалюбавання. Я адказваю за свае пачуцці, а не перакладаю гэта на сферу этыкету, цырымоніі ці традыцыі. Я не хаваюся ў сваіх пачуццях за сценку зададзенай рэакцыі. Я адмысловы. Я адмысловы дурань у трывалай сістэме міжасабовай камунікацыі. Бяры малаток – рамантуй навальніцу!
        
        
        
        
        [142]
        
        Нэрвова падрыгваючы каленамі сядзеў на ўзгорку дарогі. Сядзеў некалькі хвілінаў. Потым падняўся і рушыў па дарозе. Ля скрыжавання нейкі чалавек выламваў дарожны знак. Я паназіраў за ім, падыйшоў да яго і запытаўся матывацыю ягоную. Ён нічога мне не адказаў, бо быў п’яны. Я больш не пытаўся. Я выцягнуў з заплечніка сякеру і раскрашыў яму галаву.
        
        
        
        
        [143]
        
        Я смачна пажыраў арбуз, чырвоны і вадкі. Мне было прыемна, а над галавою карабкаліся лісы. Лісы вагалі сваімі ружовымі хвастамі і пухнаціліся ў баяздольныя таямніцы рэчываў.
        
        Анёл зноў звярнуўся да мяне агнедыхючым подыхам. Я паежыўся ад спякоты і выпіў трошкі соку, які збіраўся ў пазрыстых лістках крапівы. Я чуў, як падымаецца цунамі на моры палёў-аазісаў нашай земляробчай мінуўшчыны. Цмокі зніклі ў глыбіні зямлі і ім больш не адкладаць свае яйкі на зямлі. Вялізны метыярыт патрапіў на Зямлю і яшчарная цывілізацыя вымушана была саступіць мне і мнепадобным да Бога.
        
        Анёл глядзеў на мяне. Потым ён перастаў глядзець. Ён адчыніў кнігу і дазволіў мне чытаць: ХОЦЬ ТЫ І ТАКІ Ж, ЯК І ЎСЕ, анёл перагарнуў старонку і запаволіў час у прасторы першабытнага жаху ўнутраных перажыванняў: АЛЕ ТЫ МОЖАШ БЫЦЬ ШЧЫРЫМ ПЕРАД САМІМ САБОЙ. Я нічога не разумеў, але знутра сазнання адбываліся нейкія працэсы, якія былі пакуль яшчэ незразумелымі мне. ПРАЗ ГЭТА ТЫ ІНШЫ, А ЗА ІНШАСЦЬ ТРЭБА ПЛАЦІЦЬ.
        
        Гэтакія купецкія лозунгі мяне трошку ўзбудзілі і я ледзь не прачнуўся, але анёл паднёс да мяне сваю белую, без маршчынаў руку і я на руцэ прачытаў выжжаныя літары: ТВОЙ АБАВЯЗАК БЫЦЬ ШЧЫРЫМ І ЎЗНАГАРОДАЙ ТАБЕ БУДЗЕ ШЧАСЦЕ!
        
        Я бачыў як сыходзяць у нябыт быццёвыя пастухі. На месцы палёў і статкаў нарадзілася праўда. А шчырасць нарадзіла пазабытую адказнасць за сваё прыватнае быццё...
        
        
        
        
        [144]
        
        Я прыгадаў Цябе, мая любая. Ты была такая добрая і шчырая. Я кахаў Цябе і Ты ведала пра маё каханне, як Ты, прынамсі, кахала мяне. Я бярог Цябе дзеля Цябе самой. Я разумеў, што Ты магла зрабіць нешта такое, пра што сама бы потым шкадавала. Я бярог Цябе. Але не ўбярог. Рэч за рэч, праўда на праўду неверагодна лунаемся па прашпэктах сказанага. Трываласці чаргуюцца з нэрваваннем, а палец вадка прыцягвае халодную зброю. Я памятаю Цябе і Твой апошні подых на зямлі зусім без крыві. Ты ляжала, няшчасная і праз гэта занадта шчаслівая. Так і павінна было быць, бо так было наканавана, так было патрэбна па праўдзе, па шчырасці перад усім і самім сабой. Ты памёрла ранкам і я закапаў Цябе. Пад варыўнёй, у глыбіню. Дарма ты хадзіла не туды не па тое не за тым. Дарма Ты рабіла супраць сябе самой. Дарма не слухала сябе. Дарма не змагла перамагчы сваё цела. Так было патрэбна. Так было справядліва. Я самотны штодня вымушаны быў праўдаю. Бо інакш бы жыць я не мог праз-цераз-на-у рэчаіснасць, якую для мяне абралі бацькі. Нічога не паробіш, час сыходзіць, а вечар настае зноў кабалою невядомых мне гаспадароў. Нічога не зробіш. Я мушу прыгадваць Цябе і Ты ў маёй памяці ўсё такая ж прыгожая, маладая, вечная, навечна да маёй смерці.
        
        
        
        
        [145]
        
        Учора ноччу, праз шэрыю дымку выкшталцоўна-адмысловых трапнасцей убачыў на сцяне закамуфляваную істоту, якая разглядала мяне праз крышталічныя прылады начнога зроку. Гэта Маленькі Электрычны Жучок вярнуўся з камандыроўкі і зараз зноў прапісаўся ў маёй кватэры. Разам весялей, хаця я ў гэтым зусім не ўпэўнены, не ўпэўнены зусім.
        
        
        
        
        [146]
        
        Крышталікі гучна грукаліся па падлозе, а коткі скокалі ў вальсіўных рухах, ганяючы адбіткі сваіх целаў па празрыстай кафельнай паверхні. Спроба перамагчы сябе арганічна выцекае з прагі душы. Адна надзея накладаецца на зіхоткую дзею і святло заліваецца па няшчаснаму целу. Воля прыватызуецца змрокам і няшчасцямі, прынамсі выбар ужо даўно быў зроблены. Можна звярнуцца калачыкам і чакаць узнёслага суда супадзенняў.
        
        Пераадоленне вымушанасці ў подыху сваёй душы нараджае спакой і цішыню. Крыніцы святла разліваюцца па целе і хочыцца ў коўдру на зялёныя лугі, дзе цяпло і сонечна. Прымусовасць знікне на даляглядзе дзеяў і кожная мая воля ёсць штуршок да накіравання ўласнага жадання. Няма ні хлусні, ні здзеку. Адказнасць за сваю свабоду накладаецца на вольныя ўчынкі пераадолення вымушанасці. Час коціцца па небасхіле жыцця, а душа раскладае крыніцы жадання па магчымасцях і вартасцях пераадолення жаху. У мяне ёсць права быць сабою і прымусіць сябе супраць сайго права ёсць гвалт над быццём. Я адказваю за сваё быццё, таму шчырасць перад самім сабою яднае разбітыя крышталікі ў адно цэлае і вяртае іх назад, неверагодным чынам складаючы відарысы шчасця.
        
        
        
        
        [147]
        
        Мне снілася падлёдавая рыбалка. Шмат рыбакоў сядзелі на лёдзе ля лунак і вудзілі рыбу. Некаторыя даставалі маленькіх яршэй. Я бачыў, што тонкі лёд хрыпіць пад маім абуткам. Я ішоў лавіць рыбу доўгай летняй вудай. Усе сядзелі з зімнімі вудамі, а я ішоў з летняй. Пад тонкім слоем ільду хвалявалася рэчка...
        
        
        
        
        [148]
        
        Векавечныя ўчынкі вяртаюць да непаразумення вартыя цішыні і ўзнёслага чытання вершы. Музыка палёў разліваецца па святочным далягладам гарадоў, якія задыхаюцца ў саміх сабе прывідамі, міфамі і гвалтам. Покліч справядлівасці адмысловымі гукамі лунае ў паветры, але пачуць яго ніхто не здатны, прымаючы гэты сыгнал выключна лёгкімі. Кроплі даджу падаюць на няшчасны твар скалечаны адзінотай і змрочнасцю ад праўды і справядлівасці. Маркота з’ядае нутро, але шчырасць выспамі з’яўляецца на твары самотным позіркам няшчасных вачэй. Ніхто не зразумее, але кожны з захапленнем паглядзіць ў след. Шчасце вяртаецца на секунды назірання лясоў, пакуль зноў не змываецца бясконцай праўдай і шчырасцю выжжанай змрочнасцю справядлівасць на яшчэ пакуль маладым твары. Праўда вяртае да задуменнасці. Задуменнасць і змрочнасць бясконцай стужкай цягнуцца за дзеямі шчырасці, якімі бы яны не былі жахлівымі, крывавымі ці агіднымі. Адказнасць перад быццём пазбаўляе магчымасці пытанне прыстасаванасці і пошука сэнса ўласнага існаванняя. Ёсць толькі змрочнасць, якую няшчасны хвае за дурной усмешкаю, а рухі справядлівасці якія сугучны спевам асабістай душы нараджаюць яшчэ большую адзіноту, бо ніхто не здатны зразумець, тым больш упадабаць, шчырасці, калі толькі ён не шчыры перад самім сабою. Змрочнасць – гэта адзінота, бо шчырыя перад самім сабою нікому не патрэбны. Ярмо адказнасці, місыя шчырасці перад жаданнямі ўласнай душы спавіваюць адзінотай, а змрочнасць усяго толькі прыхаванае хмарамі шчасце.
        
        
        
        
        [149]
        
        А ветразь б’е мне ў твар лагодаю...
        
        
        
        
        [150]
        
        Келіхі бадзёрага напою марнуюцца на стале непатрэбныя таму, хто ўжо не бачыць у хлусні прыхаванай магчымасці добрага прыстасавання. Кропелькі плачу салёнасцю раздражняюць сарамлівыя вочы, якім адчынілася невядомая далячынь. Ёсць толькі ты і невядомае далучанае да цябе, якое нараджае маркоту і адзінокасць. Вы разам і таму ты нікому непатрэбны ў сваёй змрочнасці і задуменнасці. Пошукі бадзяння безвартаснага па прасторы, выконваючы загады ўласнай душы, падаўляючы гвалт усеагульнага выхавання, прымушае ісці на незразумелыя дзеі. Разгляданне сябе самога як жахлівай пачвары вартай да ўсяго, што маецца шчырага ў жыцці, блізкае да праўды. Шчырасць сапраўды абнажае пачвару і пачвара праступае ўнутранаму зроку. Прыхаваная пачвара – гэта здзек над самім сабою і над жаданнямі ўласнай душы. Зло называецца злом, хібнасць хібнасцю, а здрада здрадай. Пачвара ніколі не хлусіць, яна заўсёды праўдзівая, яна заўсёды шчырая і ў гэтым яе жахлівасць. Дзеі выкананыя па справядлівасці могуць быць разгледжаны як гвалт і беззаконне. Крочыць па гэтаму тракту складана і небясьпечна. Розум спрабуе вынайсці хоць што-небудзь меньш небясьпечнае для здароўя, але душа ўжо адчула свабоду і воля рассыпалася па ўсім пажаданням. Як бы ўжо ні хаваўся, але спаганены справядлівасцю мусіць толькі больш зачыніцца ў сабе для назірання суцэльнай прыгажосці. З кім бы ён не знаходзіўся, ён будзе самім сабою і гэта насамрэч бязлюдна. Бог пасяліўся ўнутры чалавека і з таго чалавеку толькі змрочнасць і адзінота... прыхаванае шчасце.
        
        
        
        
        [151]
        
        Ноч паўстала ў маім вакне, а зматаныя кішкі злодзея праветрываюцца ў ванне. Хутка я дапішу дастаткова і мушу вярнуцца ў вырай. Кім я быў і кім я зрабіўся? Не важна. Каму якая розніцца, што, калі з кім робіцца. Слухаючы ўласную душу і пераадольваючы вымушанасць, я праяўляю адказнасць перад сваім прыватным быццём. Раны пасля ўчорашняй бойцы баляць і выюць. Я змазаў іх брыліянтавым зялёным і раны мае зараз зялёныя.
        
        
        
        
        [152]
        
        Мы сустрэліся з ім на мосце перад тым як я накіруюся на электрычку. Я выстраліў яму ў галаву, а потым выкінуў рэвальвер і пайду набываць квіток. Мая добрая турыстычная сякера будзе ляжаць недзе ў маім заплечніку, а рэвальвер патануў у глыбіні невядомай рэчкі. Амэрыканскія місцеры крыўдзіцца не будуць. Іх падаруначак каштаваў мне шмат нервовых клетак і часу. Хітры суб’ект у жоўтым плашчы застаўся на мосце, а яго чырвоная кроў падала ў рэчку і растварался ў вадзе. Не было аніякага шкадавання. Суб’ект сам вымусіў мяне зрабіць гэта, каб толькі захаваць сваю магчымасць волі. Мяне будзе чакаць электрацягнік, каб адвесці ў вырай, але перад гэтым я разламаў маленькі электрычны жучок ударам абсцаса свайго абутку. Жучок разляцеўся на кавалачкі і яго камэры больш ніколі не будуць сачыць за мною. Прынамсі, няма нагоды ажыццяўляць гэтакую дзейнасць. Цягнік адвязе мяне туды, дзе цёпла і ўтульна, дзе хораша і прыемна.
        
        
        
        
        [153]
        
        Рана ранкам я падымуся і памыюся душам. Потым, я сабяру ўвесь харч, які набываў тыдзень запар. Пакладу у заплечнік намёт, коўдрык і дыванок, які хаваючыся ад сябе самога набыў некалькі тыдняў таму. Я сабяру ўсе грошы, якія ў мяне маюцца і рушу з хаты недзе днём, каб паспець на паўднёвую электрычку. З’яўлюся на вакзале і схарчуюся чым-небудзь вакзальным, чым-небудзь смачным і даволі танным. Я набуду квіток, сяду ў электрычку і паеду далёка-далёка на паўночны захад. Буду ехаць і чытаць якую-небудзь кнігу. Кніга мне будзе падабацца. Усё адно, што чытаць, я еду ў вырай, там хораша і лагодна да зімы. Там мой новы дом, куды ніхто не дабярэцца за мною. Ніхто не накіруецца шукаць мяне, асабліва там.
        
        Я выду з цягніка і пайду далёка па вузкай сцежцы. Птушкі будуць спяваць свае вясёлыя спевы, а калі распачнецца восень яны вярнуцца ў вырай. Я сяду ля ўвахода ў лес і троху падумаю пра ўсё сваё незразумелае. Уздыхну. Прыгадаю апошнія дні і сябе самога як я ёсць сапраўды. Прыгадаю, а потым падымуся і пайду. Зялёная трава на ўзбярэжжы лесу будзе бачыць як самотныя дрэвы хаваюць у сваім гушчары змрочнага князя, які вярнуўся дамоў.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.