РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пастка
1
2
3
4
5
6
7
8
8
        
8

        
        Аўтаматчыкі дабягалі да рова і па адным знікалі за абрывам. Клімчанка, зноў абяссілены і панылы, з апалым сэрцам дайшоў да берага, дзе быў ротны, і адразу ўбачыў яго ўжо ўнізе, ля ручая, і з ім яшчэ некага ў белым паўшубку, з пісталетам у апушчанай руцэ. Абодва яны насцярожана глядзелі ўгару, на лейтэнанта.
        Амаль фізічна адчуваючы варожасць іхняе маўклівасці, Клімчанка марудна пайшоў з абрыву. Знясілены, растрывожаны, у непадпяразанай гімнасцёрцы, без шапкі, са зблытанымі ветрам валасамі, ён тут асабліва востра адчуў сваю прыніжанасць і сваю бяду. I ўсё ж гэта было яшчэ не самае горшае. Самае горшае сталася, бадай, калі на сярэдзіне абрыву ён пазнаў у чалавеку з пісталетам капітана Петухова, афіцэра са штаба палка. Быццам укопаны, разрыўшы абцасамі глей, лейтэнант спыніўся.
        – Пойдзеш у трыбунал! – змрочна сказаў Петухоў.
        – Завошта? – ціха, пра сябе спытаў ён кагосьці, хто не мог адказаць яму, і выкрыкнуў мацней: – Завошта?
        Але зноў яму ніхто не адказаў – ні Петухоў, ні ротны Арлавец, які, сцяўшы кашчавыя надброўі, змрочна глядзеў убок, ні аўтаматчыкі, што пасталі на абрыве скрозь па ўсім схіле і напружана сачылі за ім. Тады ён скалануўся, зразумеўшы, што пастка за ім назаўжды закрылася.
        – Завошта? Завошта? – закрычаў ён, ледзьве трымаючыся на голым крутым абрыве. – Завошта? Капітан, скажыце?
        – Ладна, Клімчанка! Разбяруцца, – нязлосна сказаў Арлавец, зрабіў крок насустрач, але тут жа павярнуўся назад і стаў у баку ад Петухова.
        «Разбяруцца!» Ён ужо ведаў, як гэта часам разбіраліся. Да таго ж ён убачыў, як Петухоў, прыўзняўшы пісталет, зняў курок з ахоўніка.
        Клімчанка паволі апусціў рукі, аўтамат на почапцы дзёўбнуўся аб зямлю, і лейтэнант упершыню ўсвядоміў яго цяжар. У той час – мабыць, таксама ўпершыню – ёы выразна адчуў, што надзеі ўсе абарваліся і што ўсё назаўжды скончана.
        – Ты перамог, сволач! – сказаў ён, бачачы перад сабой загадкава-лядзяныя вочы Шварца-Чарнова.
        Сказана гэта было зусім ціха, але ў той цішы, што запанавала ў рове, яго ўчулі, і Петухоў крыкнуў гучней – нецярпліва і пагрозліва:
        – Узяць яго!
        Два прыведзеныя ім з каменданцкага ўзвода байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, што яны прыкметна баяліся і ўвесь час засцярожліва паглядвалі на лейтэнанта. Лезці было нязручна, хлопцы коўзаліся і падалі, абапіраючыся на рукі. Клімчанка, нібы стараючыся нешта вырашыць і баючыся, што не паспее зрабіць гэта, нягучна прыкрыкнуў:
        – Стой!
        Байцы, не далезшы якіх дзесяці крокаў, спыніліся; адзін апусціўся на калена, другі стаяў, шырока адставіўшы ўбок нагу. Клімчанка трохі ведаў іх, калісьці ў Дворышчах яны разам адбівалі нямецкую атаку, ратавалі штаб палка і палкавы сцяг, які тады ледзьве не трапіў да немцаў. Па пакутлівых выразах курносых твараў было відаць, што хлопцам вельмі непрыемна ўвязвацца ва ўсю гэтую справу. Да таго ж, відаць, яны пабойваліся яго.
        – Стой, хлопцы! – мякчэй сказаў Клімчанка.
        З нейкага нядаўняга часу ён пачаў спакайнець і чым далей, тым усё выразней разумеў, што адбываецца і што трэба рабіць. Гэта надало яму ўпэўненасці і душэўнай зладжанасці – здольнасці праз сілу перамагчы штосьці непераможнае ў сабе. Але ў гэты час Петухоў яшчэ нешта крыкнуў байцам і, трымаючы на вынасе пісталет, хуткім крокам пайшоў да абрыву.
        За ім ступіў Арлавец.
        – Пастойце! Вы што? У мяне ў дзевяць ноль-ноль атака! Вы ўлічваеце або не?
        Петухоў не зірнуў на ротнага.
        – Трыбунал усё ўлічыць! – пагрозліва прагучала ў трывожнай цішыні рова, і ў грудзях у Клімчанкі нешта безнадзейна заныла.
        На хвіліну ў ім бліснула і згасла міжвольная ўдзячнасць к ротнаму. Але тут жа з’явілася думка: «Не трэба! Не ўпрошвай! Бескарысна!»
        Петухоў далез да крайняга байца і з зацятай суровасцю на мясістым твары штурхануў яго ў каршэнь. Хлопец упаў на калені, устаў і палез вышай. I ў той час Клімчанка незвычайна абвостраным разуменнем адчуў сапраўдны, непазбежны, вялікі канец.
        Каб не раздумаць, не даць у сабе аслабнуць чамусьці, як здалося яму, гранічна яснаму і адзіна магчымаму, ён перахапіў рукою аўтамат і ягоным нібы спецыяльна скошаным для таго дульным зрэзам ткнуў сабе ў грудзі.
        – Стой! З глузду з’ехаў, ці што?!
        Нехта з сілай ірвануў яго за локаць. Лейтэнант азірнуўся – то быў Галанога. Тады ў нейкім секундным праясненні Клімчанка зірнуў на сябе збоку і збянтэжыўся.
        Сапраўды: гэта было куды як недарэчна, нават агідна – забіць сябе, калі ўжо цябе не забілі немцы. Марудна выспеўшая яго рашучасць была зрушана. Але што ж рабіць? Як быць далей? Лейтэнант выпусціў аўтамат, які цягнуў да сябе Галанога, і разгублена азірнуўся – на схіле рова, трывожна ўставіўшыся ў яго, стаялі байцы.
        Ён так нічога і не вырашыў, як раптам недзе за ровам гулка ўдарыла ў паветры – раз і другі. У хмарным небе над галовамі аўтаматчыкаў з тугім шорхатам прайшлі снарады. Крэкнуўшы, яны разарваліся на вышыні. Праз некалькі хвілін павінна была пачацца атака.
        Арлавец таропка зірнуў на гадзіннік у рукаве і рашуча ступіў да Петухова.
        – Ты вось што! Канчай!
        Петухоў недаўменна азірнуўся.
        – Вы што?
        – Анічога! Уматвай да д’ябла! У мяне атака! – змрочна сказаў Арлавец і, не чакаючы адказу, зычна падаў каманду: – Камандзіры ўзводаў, па мястах!
        – Ах, так! – крута павярнуўся да яго Петухоў. – Пакрываеш? Каго пакрываеш, падумаў? Ты адкажаш за гэта!
        – Ну і адкажу! – цераз плячо кінуў Арлавец. Відаць было, ён ледзьве стрымліваў сябе і ў іншы час не стрываў бы такога ўмяшання ў справы роты. Але цяпер у роце было ЧП, і тут шмат у чым ён адчуваў сябе звязаным.
        Арлавец зноў зірнуў на гадзіннік і тужэй падцягнуў дзягу на сваім паўшубку. Пасля, нібы толькі заўважыўшы на схіле паныла-разгубленага Клімчанку, з клапатліваю строгасцю прыкрыкнуў на яго:
        – Чаго стаў? Ану, марш да ўзвода!
        Клімчанка збянтэжыўся яшчэ болей – такім нечаканым здаўся яму гэты, па сутнасці такі звычайны, загад. Лейтэнант недаўменна зірнуў на Арлаўца: ці да яго той звяртаецца? Але памылкі не было – ротны загадваў яму; сказаў і пайшоў па ручаіне ўгору, на сярэдзіну ланцуга, нібы адразу забыўшыся і на яго, і на Петухова, які з помслівай зацятасцю хутка ішоў прэч па рове.
        З гулкім сэрцам у грудзях Клімчанка павярнуўся да ўзвода.
        На вышыні грымелі выбухі, угары ў хмарным сакавіцкім небе люта верашчала і выла. Байцы дакурвалі цыгаркі і, ахопленыя новым клопатам, таропка разбягаліся ў ланцуг па краі рова. Лейтэнант таксама ўзлез па абрыву наверх і лёг між байцамі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, што самая вялікая бяда мінулася, і прадчуваючы наперадзе труднае, ён марудна спакойнеў.
        Між тым часу ў яго было небагата, камандзіры ўзводаў у ланцугу падавалі ўжо каманды.
        Тады і ён, прыўзняўшыся на краі абрыву і некалькі больш гучна, чым было трэба, дрыготкім ад хвалявання голасам крыкнуў:
        – Узвод, падрыхтавацца да атакі!
        Нехта сунуў яму аўтамат, нехта паспешна скінуў з сябе і аддаў яму ватоўку. З нямою ўдзячнасцю ў душы лейтэнант прыняў усё гэта і азірнуўся. Некалькі ўбаку над абрывам узнялася прыземістая постаць Арлаўца. Ротны дастаў з-за пазухі пісталет і, узмахнуўшы ім, выскачыў з рова.
        Рота аўтаматчыкаў пачынала атаку.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.