РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Здрада
1
2
3
4
5
6
7
8
9
9
        
9

        
        «Яшчэ пяць крокаў... Яшчэ тры. Яшчэ трошкі... Яшчэ адзін...» – гэтыя намаганні-лічбы, у якіх сышлася ўся іх цяперашняя мэта жыцця, як нейкі грымотны метраном, стукалі ў Цімошкавай галаве. Урэшце лік крокаў блытаўся, ногі згіналіся, і хлопец падаў тварам у снег. Пад яго падбародкам расшчапляліся Ваневы рукі, ён скочваўся з плеч, і Цімошкін колькі хвілін знясілена хапаў ротам паветра.
        Пластом ляжаў ён, прыпаўшы шчакой да снежнае гурбы, і бяссільна слухаў, як Іван, падняўшы пісталет, хрускаў курком і спыняў дыханне. Значыць, яны ўсё гналіся следам, і каб хоць трохі затрымаць іх, Іван у прыпынках старанна, пакутна цэліўся і бухаў стрэлам.
        Але яны ўсё ж даганялі. Усё даўжэлі Цімошкавы прыпынкі, і ўсё менела сілы, а з ёю канчалася яго рашучасць уратавацца ад пагібелі. Нядаўна Іван заклаў у пісталет новы магазін, хлопец лічыў яго стрэлы – гэты дзесяты, значыць, у іх асталося ўсяго шэсць патронаў.
        Шэсць патронаў – шэсць маленькіх магчымасцей прадоўжыць жыццё.
        Добра яшчэ, што над імі ўсталявалася ноч. У густой сіні неба раямі трапяталіся зоры, навокал стуліўся ў цемры снежны зімовы прастор. Ён быў вельмі вялікі, але зусім пустэльны і цесны, каб схаваць двух чалавек. Куды было бегчы і дзе ратавацца – таго не ведалі яны і шкандыбалі па вінаградніку ў той бок, у які гналі іх немцы.
        А недзе не дужа далёка грукацеў бой і чуваць былі выбухі. Лежачы ў снезе, Цімошкін выразна чуў знаёмае парнае «трах-бах» – гэта стралялі танкі. Усведамленне блізкасці сваіх яшчэ надало трохі сілы. Прытрымліваючы сябе на локцях, ён зноў падставіў Ваню спіну, і той сашчапіў на яго шыі свае сцюдзёныя рукі. Хістаючыся, хлопец падняў страшэнна цяжкае цела сябра, і ў той час спахмурнелую начную далеч, бы нізкая маланка, крамсануў трасёр. Ён быў кароткі і хуткі – мільгануў і прапаў. Ледзьве трымаючыся на нагах, Цімошкін стаяў, утаропіўшы вочы ў ноч, і тады зноў убачыў кароценькі імклівы бляск насустрач першаму. Гэта было недзе далёка, збоч кургана, пад самы начны небасхіл. Нейкая раптоўная надзея загарэлася ў ім, здаецца, зноў вярталіся страчаныя сілы, і ён, прыгнуўшыся ледзь не да самага долу, шырока пасігаў між кустоў. Ваня ўвесь час маўчаў за спіной, ногі яго, здаецца, валакліся па снезе, а ён, сцяўшы зубы, душыў у сабе стогны і трываў.
        У гэты раз Цімошкін прасігаў не меней чым трынаццаць крокаў. Трынаццаць шырокіх натхнёных крокаў – насустрач ратунку, да недалёкіх сваіх. Пасля зноў упаў каленямі ў снег, задыхаючыся, узняў голаў і ўгледзеўся ў ноч.
        Там, у далечы, з’явіўся агеньчык. Яшчэ разы два мільганулі трасёры, данеслася глухое далёкае «трах-бах», а затым ужо трапятаў, гарэў і міргаў на ветры адзін яркі чырвоны агеньчык.
        Ваня таксама прыўзняўся на локці, угледзеўся і сказаў тое, ад чаго ў Цімошкіна балюча нешта заныла ўнутры:
        – Наша «трыццацьчацвёрка»...
        Так, то гарэла «трыццацьчацвёрка». Хлопцы ўжо нагледзеліся, як гараць розныя танкі, і здалёк, не так па абрысу, як па агню, маглі распазнаць іх. Невядома чаму, але «трыццацьчацвёркі» заўжды ўспыхвалі, нібы факел, і гарэлі яркім, імпэтным полымем. Аддаўшыся шчымліваму смутку, хлопцы трохі часу ўглядаліся ў гэты далёкі агеньчык – свежую пякельную магілу невядомых, але да болю родных сваіх.
        – Рус, здавайсь! – зноў закрычалі іх даганятыя, і з цемрадзі зноў загрукацела-залапатала чарга. Кулі сям-там скубанулі кусты, адна віскліва зрыкашэціла ў ноч. Немцы, здаецца, падышлі ўжо зусім блізка і, вядома, даўно б расстралялі абаіх, калі б не было вінаградніку.
        Ваня адкінуў назад руку і стрэліў. У адказ прагрукацела некалькі чэргаў, і яны ўбачылі агеньчыкі са ствалоў аўтаматаў. Гэта было не далей чым за якіх дзвесце метраў.
        Але хлопцавы сілы скончыліся. Падняць Шчарбака, каб уцякаць, Цімошкін ужо не мог, а іншага ратунку ў іх не было. Ваня зразумеў тое, яны распаўзліся ў бакі, каб не ляжаць разам, стаіліся пад кустамі вінаграднай лазы і прыціхлі.
        Здаецца, набліжаўся канец.
        Не бачачы іх, ворагі абстралялі наўздагад некалькі мясцін і змоўклі, пэўна чакаючы, калі яны зноў пакажуцца або адзавуцца. Цімошкін пластом ляжаў за гусцейшым кустом і толькі чакаў Ваневых стрэлаў. Ён баяўся зблытаць іх лік, бо два апошнія патроны патрэбны былі самім.
        I ў той час азваўся Шчарбак.
        – Цімошкін, – ціха паклікаў ён. – Паўзі!
        У хлопца ад тых слоў у благім прадчуванні скаланулася сэрца, але ён маўчаў, узіраючыся ў распластаную на снезе постаць.
        – Паўзі! Я затрымаю.
        Ціха, сам сабе, Цімошкін усміхнуўся. Дзівак чалавек! Колькі яны былі разам, але ён, пэўна, так і не распазнаў свайго сябрука. Хлопец ведаў, што Ваня сумленны і смелы, і не здзівіўся ад яго намеру сваёй пагібеллю ўратаваць Цімошкіна. Але хіба ён мог пагадзіцца на тое?!
        – Не! Не магу.
        Ваня сціх, памаўчаўшы крыху, а пасля, быццам раптоўна згадаўшы нешта, вылаяўся.
        – Ідзі, пакуль не позна! Ну! Паўзі! Пасля я...
        Ён хацеў ашукаць сябра, мабыць, першы раз у жыцці, – ашукаць для яго ж паратунку, цаною свайго жыцця, бо куды ён мог адпаўзці з такою ранай?!
        – Не кажы глупства, – зазлаваў Цімошкін.
        Можа, хто з іх варухнуўся, а можа, немцы ўчулі голас, толькі зноў ударыла чарга. У кустах нешта шаснула, хлопец тыцнуўся тварам у снег, а Ваня трывожна войкнуў. Здрадніцкая агнявая пляма бліснула ў Цімошкінавых вачах, і ён усхапіўся з долу.
        - Ваня!!!
        – Ідзі, – аслабела сказаў Шчарбак. – Паўзі... Я ўсё...
        – Не пайду! – вырвалася ў Цімошкіна, і тут жа яго апанаваў жах ад думкі, што з Ванем сталася ліха. Па снезе, паўзком ён кінуўся да яго, але не дапоўз якіх два крокі, калі Іван страпянуўся, паднёс да галавы пісталет і стрэліў.
        Хлопец ледзьве не закрычаў ад роспачы і, ускочыўшы на ногі і ўжо не хаваючыся, кінуўся да таварыша. Ваня ляжаў зусім абмяклы, і снег ля яго галавы, дробна апырсканы крывёю, чамусьці здаваўся недарэчна рабы.
        Зараз жа ў вінаградніку загрукацелі аўтаматы, кулі пачалі дзяўбці снег, але Цімошкіну ўжо не было страшна. Ён перавярнуў сябра на спіну, пасля аднаруч абхапіў яго вялікую лабастую галаву і адубянелай сваёй далонню спрабаваў заціснуць скроню, з якой між пальцаў усё плыла ліпкая, цёплая кроў. Не адразу ўцяміў ён, што апошні яго ў гэтай бядзе таварыш, яго лепшы франтавы сябра быў ужо мёртвы...
        Калі зусім блізка ў вінаградніку з’явілася некалькі цёмных прыгнутых постацей, ён вырваў з пахаладзелай рукі Шчарбака яго пісталет і стрэліў – раз, другі, трэці. Здаецца, яго стрэлы нешта зрабілі ворагам – нехта заекатаў там, – немцы бязлітасна густа секанулі па вінаградніку з аўтаматаў. Цімошкін жа хвіліну туліўся ля нежывога сябра, а пасля, да канца ўсвядоміўшы ўсё, кінуўся прэч.
        Ён мусіў ратаваць сябе. На руках і каленях ён караскаўся па снезе між вінаградных кустоў, поўз, пасля ўскочыў, пабег. Ззаду зноў калацілі ноч стрэлы. Кулі ці, можа, галіны сцебанулі па палох яго шыняля – хлопец упаў, з паўхвіліны стаіўся, затым зноў ускочыў і бег, бег...
        Праз нейкі час яны, здаецца, адсталі, перасталі страляць і ўжо не даганялі яго – можа, яны знайшлі нежывога Ваню і спыніліся. Тады ён пайшоў павальней, зачапіўся за нешта, упаў і доўга змярцвела ляжаў на марозна-пякучым доле.
        Пасля, сцяміўшы, што прыйшоў ратунак, сеў на снезе і ўпершыню агледзеўся. Скрозь было ціха. Над шырокім прыцьмелым прасторам драмала зімовая ноч і снавалі ў вышыні зялёныя, белыя, сінія зоркі. Адна з іх, быццам упаўшы з неба, чырвоным агеньчыкам ярка блішчала ў далечыні, і ён здагадаўся, што гэта гарыць-дагарае той танк. Хлопец узрадаваўся яго прызыўнаму роднаму бляску і ўстаў.
        Затым ён памалу ішоў – адзін на ўсёй гэтай азмрочанай роўнядзі – і плакаў. Даўно ўжо, мабыць з маленства, так не Душылі яго пякучыя слёзы – ад яго несуцешнае страты, ад адзіноты, ад горкага болю ваенных няўдач, ад агіднае здрады Блішчынскага. Толькі б дайсці да сваіх! З зацятай рашучасцю прагнуў Цімошкін кары яму – і дзеля помсты, і ў імя справядлівасці.
        Праз слёзы і знямогу ён нічога не бачыў навокал, апроч далёкага агеньчыка, які ціха бліскаў на нечай заўчаснай жалезнай магіле. Ён вёў хлопца ў цемрыве ночы – з пагібелі ў жыццё, туды, да сваіх.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.