РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Вітаўт Чаропка
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Уладары Вялікага Княства
Прадмова
Мяцежны князь. Міхайла Глінскі
Непараўнальны ні з адным з сучасных правадыроў. Канстанцін Астрожскі
Словам і справай. Мікалай Радзівіл Чорны
Манархам роўны справамі. Ян Гаранімавіч Хадкевіч
Вялікі і пярвейшы сенатар і патрыёт. Мікалай Радзівіл Руды
Вялікі воін. Ян Кароль Хадкевіч
Бацька Айчыны. Леў Сапега
Двухаблічны Януш. Януш Радзівіл
Liberator Litvaniae. Павел Сапега
Кроніка падзей
Бібліяграфія
ВЯЛІКІ ВОІН. ЯН КАРОЛЬ ХАДКЕВІЧ
        Вялікі воін. Ян Кароль Хадкевіч
        
Прароцтва караля
        
        Сцяпан Батура прарочыў Яну Каролю Хадкевічу: «Ён будзе вялікім воінам»[1]. А мовіў іх кароль у чэрвені 1579 года, калі наведаў у Вільні езуіцкі калегіум. Батура ўпадабаў з купкі навучэнцаў, якія віталі яго, васемнаццацігадовага сына Яна Гаранімавіча Хадкевіча. Пройдуць гады і славай праляціць па ўсёй Эўропе імя вялікага воіна з Літвы. Ягоныя перамогі на палях сечаў уразяць уяўленне сучаснікаў. І не будзе яму роўных сярод ваявод. Але доўгі і пакручасты шлях чакаў Яна Кароля да перамог. Ад ваяра да палкаводца, ад аднаго паходу да другога, ад адной бітвы да другой і так да апошняга свайго подзвігу – разгрому турэцкай раці пад Хоцінам.
        Як і ў свой час бацька, Ян Гаранімавіч, Ян Кароль адправіўся ў свет. Аб’ездзіў ён Нямеччыну, Гішпанію, Нідэрланды, Ангельшчыну, Францыю, Італію. На службе ў гішпанскага караля Філіпа ІІ ваяваў у Нідэрландах пад началам герцага Альбы супраць гёзаў. Пасля знаёміўся з жыццём мальтыйскіх рыцараў. А вярнуўшыся ў Літву, застаў Ян Кароль новага гаспадара. Сцяпан Батура памёр і на яго месца Ян Замойскі са сваімі хаўруснікамі пасадзіў сына шведскага караля Яна Вазы Жыгімонта, які па маці Кацярыне быў сестрынцам Жыгімонту Аўгусту. Збароўскія, з роду якіх паходзіла маці Яна Кароля, пацярпелі паразу са сваім прэтэндэнтам Максіміліянам Габсбургам і пазбавіліся ранейшага палітычнага значэння ў Польшчы. А ў Літве першынствавалі Радзівілы, якія адцяснілі ад улады сваіх даўніх праціўнікаў Хадкевічаў.
        Але Яна Кароля, мабыць, не вельмі спакушала перспектыва прысвячаць сябе звадкам ды інтрыгам. «Тепер же за держаня кроля пана нашего Жикгимонта Третего явилася промеж панами великая немилость», – так вызначаў становішча ў Літве летапісец[2]. У адным былі аднадушны паны – не даць умацавацца каралеўскай уладзе. Усё чынілі па сваёй волі і не давалі волі Жыгімонту. Расчараваны ўбачаным Хадкевіч у верасні 1592 года зноў ад’ехаў «до чужих земель»[3]. Гэтым разам у Нямеччыну. Доўга там ён не прабыў і ўжо ў наступным годзе вярнуўся ў Літву. Праўдападобна, што Хадкевіч жадаў не страціць момант, бо ў гэты час вызвалілася пасада жамойцкага старосты, якую раней займалі яго дзед і бацька. Кароль не прамінуў заручыцца падтрымкай чалавека з лагера ягоных супраціўнікаў, выдаў Хадкевічу прывілей на староства. У тым жа 1593 годзе Ян Кароль ажаніўся з дачкой Падольскага ваяводы Софіяй Мялецкай, якая засталася ўдавой пасля смерці мужа князя Яна Алелькавіча. «Мая наймілейшая Зосенька, мая сардэчная ўцеха. Мая адзіная, дужа каханая», – гэтак пяшчотна адносіўся Ян Кароль да жонкі[4]. Такія ўжо абставіны, што не выпала ім шчасця быць увесь час побач. Доўгія месяцы ўдалечыні ад дома служыў Хадкевіч Айчыне. Але думкамі заўсёды быў разам з каханай. Пры любой магчымасці пісаў да Софіі. Менавіта ў лістах да жонкі шчыра прызнаваўся ён пра свае пачуцці і думкі. І знікае легендарны арэол вялікага воіна і церад намі прадстае чалавек. А ў дзяржаўным жыцці нічым адметным Хадкевіч не вылучаўся, займаўся справамі даручанага яму староства. Але сам час працаваў на Яна Кароля Хадкевіча.
        Напрыканцы 1594 года на Ўкраіне падняліся казакі на чале з Севярынам Налівайкам. Не было такога раней, каб казакі жывіліся зладзейскім чынам на землях Вялікага Княства, наадварот, баранілі яго ад ворагаў. А цяпер пад польскай уладай раз за разам паўставалі яны супраць Кароны. Даставалася ад бўйных казакоў і Княству. Шмат бегла ў Запарожскую вольніцу і з Літвы: каму надакучыла потам паліваць зямлю, а каму хацелася ў разбоях разбагацець, а хто марыў пра вольную волю. Гуртаваліся ў загоны, а пасля вярталіся ў Літву чыніць «вялікую шкоду»[5]. Вось і гэтым разам казакі, парабаваўшы на Валыні шляхту, рушылі на Палессе.
        На сцягу Налівайкі былі словы «Мір хрысціянству, а на зачыншчыкаў Бог і крыж»[6]. Выглядала, што налівайкаўцы выступалі абаронцамі праваслаўя. Нават падазравалі, што падбіў Налівайку на мяцеж праціўнік царкоўнай вуніі князь Канстанцін Астрожскі. Сам Налівайка ненавідзеў польскую шляхту, якая некалі расправілася з яго бацькам і забрала родавы маёнтак. Але большасць тых, хто пайшоў за ім, жадалі пажывіцца ліхадзействам. «Злыя людзі, якія рабуюць сваю айчыну і праліваюць нявінную людскую кроў»[7], – пісаў пра іх Крыштоф Радзівіл.
        Заняўшы Петрыкавічы, казакі заказалі «подарки собе давать»[8]. Калі ж з суседняга Слуцка не прыслалі адкупнога, дык сваявольная купа ў дзве тысячы ліхадзеяў 6 лістапада штурмам здабыла слуцкі замак. У няволю трапіла з двума дзецьмі і сваячніца Хадкевіча, жонка ягонага стрыечнага дзядзькі Гараніма. І так Ян Кароль не ўседзеў бы дома, калі такія «крывды» чыніліся ў Літве, а тут яшчэ трэба дапамагчы дзядзьку ў ягонай бядзе. На чале сваёй почты Ян Кароль адправіўся да ліцьвінскага войска. А яно стаяла ў Клецку. Паны раіліся і «не ведели, што почать»[9]. Налівайка перад носам у вяльможных дыгнітарыяў пакінуў Слуцак, прыхапіўшы з сабой 12 гармат і аблегчыў кішэні месцічаў на пяць тысяч коп грошаў. І пакуль паны ніяк не маглі дадумацца з чаго пачынаць, Налівайка 13 снежня заняў Магілеў. Горш за сама лютых ворагаў вынішчылі казакі «место славное». У агні пажараў заваёўнікі рыскалі па вуліцах, рабавалі ўсіх, хто пападаўся ім пад руку. «Мещан, бояр, людей учтивых так мужей, яко и жон, детей малых побили, порубали, попоганили, скарбов теж незличоных побрали с крамов и з домов»[10]. Два тыдні гаспадарылі ў Магілеве казакі. Усіх, хто не схіліўся перад крывавым атаманам, ён перабіў. Нарэшце на чале 600 вершнікаў да горада падышоў Мікалай Буйвід. Але з-за звычайнай ужо сваволі шляхты водца нічога годнага не дамогся. Казакі заселі ў абкружаным вазамі табары і адтуль адстрэльваліся з гармат і пулгакаў (мушкетаў). Шляхта адступіла і сама прынялася за рабаванне ацалелых ад казакоў сёлаў. Так цяпер у Літве ваявалі з ворагам. Не было ў дзяржаве зацнага і паважанага гетмана, які павёў бы за сабой ваяроў.
        Вялікі гетман Крыштоф Радзівіл адседжваўся ў Кейданах і толькі наракаў на казакоў, з-за якіх не мог адправіцца на ловы ў менскія лясы. Буйвіда больш хвалявалі яго разборкі ў судзе са сваім непрыяцелем-шляхціцам, а таму не хацеў «вэждацца» з ваярамі. Такія былі цяпер норавы ў Літве – кожны думаў пра сябе і свае задавальненні. Невыпадкова казаў са скрухай паэт: «Цяжка знайсці таго, хто балеў бы агульным горам» і з пачуццём заклікаў ліцьвінаў: «...Пакіньце сваю бесклапотнасць і зацятую пагоню за багаццем, крэўныя ліцьвіны, імкніцеся да высакароднай славы і старадаўняй пашаны, хай вернецца радзіме былая веліч»[11].
        А Налівайка спакойна выправіўся на Ўкраіну, раскідваючы іскры мяцяжу. І мяцеж запалыхаў пажарамі шляхецкіх маёнткаў. Разгубленасць адчуваецца ў пасланні вялікага канцлера Льва Сапегі да вялікага гетмана Крыштофа Мікалая Радзівіла: «Хлопы, падданыя нашы, нападаюць, зніштажаюць усё, ваююць, пануюць над намі, а ў нас нібыта звязаныя рукі: не толькі не можам адплаціць ім, але нават абараніцца ад іх»[12].
        Нарэшце ў Капыль сабралася тры тысячы шляхціцаў, якія гатовыя былі зброяй паслужыць Бацькаўшчыне. Да іх далучыўся са сваёй почтай і Ян Кароль Хадкевіч. Па дарозе ён наведаў у Станькаве Крыштофа Радзівіла. Вялікі гетман даручыў начальстваваць над аддзелам Хадкевічу, а сам працягваў забаўляцца ловамі.
        Польскае 17-тысячнае войска было разбіта мяцежнікамі каля Белай Царквы. Аднак Налівайка не скарыстаўся перамогай і заняўся рабаваннем паноў і шляхты. А да Станіслава Жулкеўскага, які вёў палякаў, падаспелі з новымі сіламі камянецкі староста Патоцкі і Хадкевіч. Налівайка ўпусціў свой шанц. Два тыдні, засеўшы ў табары каля Лубнаў, адбіваліся мяцежнікі ад урадавага войска. Па адных звестках, яны пацярпелі паразу. Але па другіх – Налівайка паверыў Жулкеўскаму, які ад імя караля абяцаў дараванне мяцежнікам, калі яны складуць зброю. Налівайка заключыў з Жулкеўскім перамір’е і адправіўся ў Варшаву для падпісання поўнага міру, дзе яго схапілі і пакаралі смерцю[13].
        Мяцежнікі былі скораны, і Ян Кароль Хадкевіч вярнуўся са свайго першага вайсковага паходу. Не ведаў ён яшчэ, што не хатні спакой, не вясёлыя забавы, не надакучлівая валтузня пры двары наканаваны яму, а «прынесці славу вечную Літве»[14].
        Дома чакала Хадкевіча радасная падзея – у яго нарадзіўся сын, якога ў гонар дзеда назваў ён Гаранімам.
        Ізноў у паход. Гэтым разам за няблізкі свет у Малдавію. На чале сваёй почты ў 1599 годзе ўдзельнічаў ён у барацьбе стаўленіка Рэчы Паспалітай Яромы Магілы супраць валашскага ваяводы Міхая Храбрага.
        Прароцтва Батуры збывалася – Ян Кароль Хадкевіч стаў воінам.
        
        Траянская гісторыя
        А Літва з трывогай чакала, чым скончыцца «варажнеча» паміж Хадкевічамі і Радзівіламі. Спрачаліся дзве магутнейшыя фаміліі... з-за жанчыны. Апошняя прадстаўніца роду Алелькавічаў княгіня Софія Юр’еўна міжволі стала «разменнай манетай» у руках паноў. Бацька Софіі слуцкі князь Юрый Юр’евіч памёр у 1592 годзе і яе апекуном быў Гаранім Хадкевіч, якога звязвалі сваяцкія сувязі з домам Алелькавічаў. На багатае прыданае Софіі (а гэта ўсё Слуцкае княства) пасквапіўся Крыштоф Радзівіл. Ён і высватаў свайго сына Януша за Софію. Ужо быў назначаны і дзень іх шлюбу (6 лютага 1600 года) і здавалася нішто не перашкодзіць маладым абвянчацца. Але ж падзеі прынялі зусім нечаканы накірунак. Учарашнія сябры Гаранім і Крыштоф пасварыліся з-за Копысі. Гэтае месца Радзівілы заклалі за пазыку Хадкевічам, а цяпер уздумалі неяк хітра і невялікім коштам вярнуць яго сабе. Хадкевічы ўстрывожыліся. Ян Кароль і Аляксандар (троцкі ваявода) параілі Гараніму адпомсціць Крыштофу Радзівілу і адмовіць ягонаму сыну ў руцэ Софіі. Падставу для адмовы знайшлі, маўляў, Софія і Януш блізкія сваякі, паколькі Софіна бабка Аляксандра была жонкай Канстанціна Астрожскага, а іх дачка – маці Януша. Раз так, дык па хрысціянскаму праву нельга шлюбавацца блізкім сваякам без дазволу папы. І Гаранім як «опекун повинный» адмовіў Янушу выдаць за яго Софію. Хто другі і змірыўся б з няўдачай, але толькі не Радзівілы. Абраза – гэта адно, а вось багацце Алелькавічаў, якое павінна была прынесці Радзівілам Софія, – за гэта яны гатовы змагацца. Радзівіл выйграў суд (а старшынстваваў на ім віленскі біскуп Юрый Радзівіл), і Гаранім павінен быў заплаціць за невыкананне дамовы сто тысяч коп грошаў, а ў выпадку нявыплаты асуджаўся на «баніцыю» – выгнанне з Літвы.
        Хадкевічы ведалі сваю сілу і дзяржаўны суд ім не ўказ. Ніякіх грошай яны Радзівілам не заплацілі.
        Калі Януш патаемна пранік у дом Гараніма Хадкевіча, каб сустрэцца з сваёй нарачонай, Гаранім проста выштурхнуў няшчаснага жаніха за парог. Абражаны Крыштоф Радзівіл вырашыў сілай забраць сынаву нявесту. Вялікі гетман наняў сабе цэлае войска. «Вызваляць» Софію паслалі почты князі Астрожскія, смаленскі ваявода Абрамовіч, кашталян жамойцкі Мікалай Нарушэвіч, каронны канцлер Ян Замойскі, ліцьвінскі канцлер Леў Сапега, нават курляндскі герцаг і той выставіў атрад у дзвесце вершнікаў. Радзівілы сабралі 6000 ваяроў – дастаткова, каб захапіць не толькі камяніцу Хадкевіча, але і ўсю Вільню. Віленскія пратэстанты і праваслаўныя падтрымлівалі біржанскіх Радзівілаў, спадзеючыся, што яны нанясуць католікам Хадкевічам сакрушальны ўдар, а з іх падзеннем аслабне ў краі і касцёл.
        Хадкевічы таксама ўзяліся за зброю. Рэдкая цвержа была так умацавана, як камяніца Гараніма Хадкевіча. Аж 24 гарматы абаранялі яе. Ян Кароль наняў ваяроў і ўвёў іх у Вільню. Ён і ўзначаліў сямейнае воінства – 2000 чалавек. Прыватны канфлікт паміж двума родамі перарастаў у сапраўдную вайну, у якой удзельнічалі пярвейшыя вяльможы ўсёй Рэчы Паспалітай. Ну, як у свой час успыхнула крывавая бойка з-за Алены паміж Трояй і ўсёй Эладай. Нават Жыгімонт Ваза не памірыў Хадкевічаў і Радзівілаў. Уся Літва затоена чакала надыходу 6 лютага. Што там будзе? У цэрквах маліліся за «яснавяльможную княжну Слуцкую» і за тое, «яко бы тые два домы зацные, во впокою, з хвалою Божою и с потехою всих хрестіян с покоем речы свое пристойне отправивши розъехалисе»[15]. У Вільні людзі хавалі сваё дабро і пакідалі горад, ведалі, дай толькі волю жаўнерам, дык адымуць усё да апошняй ніткі. А тыя чакалі прызначанага дня і папівалі віно, якое шчодра прастаўляў ім Радзівіл.
        І вось надышоў гэты дзень. Радзівіл так і не адважыўся на бой. З самага ранку ў доме Крыштофа за келіхамі віна і закускамі прыхільнікі Радзівілаў раіліся што рабіць. Вузкія вулкі горада не дазвалялі выкарыстаць усю моц войска, а Хадкевічы лёгка абараняліся б агнём гармат. Стала ясна, што сілай не запалохаць Хадкевічаў, а праліваць кроў не хацелася. Таму да Гараніма адправіліся паслы Леў Сапега, берасцейскі ваявода Крыштоф Зяновіч, пісар львоўскі Сташэўскі. Крыштофа цікавіла, ці выдасць Хадкевіч Софію за князя Януша, які ўжо і ўбраўся да вянца. Паслоў сустрэў ваявода сандамірскі Юрый Мнішак і прывёў іх у нейкую цёмную і цесную камору. Аднак яны паспелі пабачыць, што Хадкевічы добра ўмацавалі дом. З вокнаў тырчалі жаролы гармат. Двор кішэў узброенымі людзьмі. На дахах гаспадарчых пабудоў заселі стралкі. Нямала крыві каштаваў бы штурм. Гаранім гэтым разам быў больш падатлівы: «Я гатовы выканаць абяцанае і чакаю князя Івана з яго сябрамі. Аддам яму княжну, якую я не прымушаў і не адгаворваў ад шлюбу, і як Бог уразуміць ёй адказаць, няхай так і будзе»[16].
        Паслы вярнуліся да Радзівіла і ўгаварылі яго закончыць справу мірам. Крыштоф, узведзены ў зман абяцаннем Хадкевіча, памякчэў сэрцам. Войска разышлося па кватэрах на начлег. А ў доме Радзівілаў цэлую ноч гарэла святло – гаспадары чакалі прыезду Софіі. Тут жа быў і ксёндз, каб абвянчаць маладых. Накрытыя сталы чакалі гасцей. А Софія так і не з’явілася. Мінула палова ночы і надзеі растаялі. Крыштоф абвясціў, што ён стрымаў слова і гатовы быў павянчаць сына ў прызначаны дзень і віноўнік у невыкананні дамовы – Гаранім Хадкевіч. Са скрухі Радзівілы і госці ўтапілі сваё расчараванне ў віне.
        Два тыдні хлебасольныя Радзівілы прапівалі з гасцямі сваю ганьбу... і прапілі. Прынамсі, гонару паменшала, і яны праз крыўду паразумеліся па добраму з Хадкевічамі. Саступілі ад сваіх прэтэнзій. Справа закончылася ў Берасці сціплым вяселлем Януша з Софіяй. Спадчына Алелькавічаў трапіла ў дом Радзівілаў, пасля чаго яны сталі багацейшымі князямі Эўропы. Софія неўзабаве памерла, пакінуўшы добрую памяць па сабе за дбанне пра людзей. Праваслаўная царква залічыла яе да святых.
        Вось такая «траянская гісторыя» адбылася ў Літве. Адзін з яе ўдзельнікаў берасцейскі ваявода Крыштоф Зяновіч убачыў у гэтых падзеях «трагедыю або пачатак значнага заняпаду ў Літоўскім Княстве»[17].
        
        Шведская вайна
        Пакуль паны і шляхта сварыліся паміж сабой з-за ўлады і багацця, пакуль змагаліся за сталом з Бахусам, на межах Рэчы Паспалітай станавілася ўсё трывожней. Мірныя гады пасля заканчэння Лівонскай вайны скончыліся. Пачыналіся войны.
        Спачатку з валашскім ваяводам Міхаем Храбрым. Яго падтрымліваў імператар, жадаючы сілавым ціскам пасадзіць на пасад Рэчы Паспалітай свайго сына Максіміліяна. Валашскае войска ў траўні 1600 года напала на Малдавію, дзе правіў васальны Рэчы Паспалітай гаспадар. Ратуючы яго, палякі рушылі ў паход. Але сіл было недастаткова, а таму з Літвы на дапамогу прыйшло войска, якое рыхтавалася супрацьстаяць у Лівоніі шведам. На чале сваёй почты ў паходзе ўдзельнічаў Ян Кароль Хадкевіч і ягоны брат Аляксандар. У бітве 20 кастрычніка 1600 года з валахамі каля рэчкі Цялецына атака, узначаленая Янам Каролям Хадкевічам, прынесла перамогу. Калі 60-тысячнае войска Міхая накінулася на палякаў і ліцьвінаў і ўжо здавалася вось-вось зломіць іх супраціўленне, Хадкевіч павёў у бой запасныя харугвы. Гэты ўдар збіў наступ. Міхай, убачыўшы замяшанне сваіх ваяроў, не чакаючы заканчэння бітвы, уцёк, а пакінутае ім войска было разбіта. Паход закончыўся ўдачна, бо ў Малдавіі застаўся стаўленік Рэчы Паспалітай. Пагроза на паўднёвай мяжы на нейкі час знікла. Пад уплывам перамогі над Міхаем маскоўскі цар Барыс Гадуноў, нарэшце, падпісаў з ліцьвінскім паслом Львом Сапегам перамір’е паміж Масковіяй і Рэччу Паспалітай.
        Не застаўся без узнагароды і Ян Кароль Хадкевіч, ён атрымаў булаву польнага гетмана літоўскага. Прызначэнне своечасовае, бо Рэч Паспалітую чакала вайна са Швецыяй і патрэбны быў малады і дзейны водца войска. Хаця на гэтае месца прэтэндаваў Януш Радзівіл.
        Тое, што так доўга стрымлівалі дыпламаты, стала явай – Швецыя і Рэч Паспалітая ўсё ж сутыкнуліся ў барацьбе за Лівонію. Рэч Паспалітая як правапераемнік Лівонскага ордэна лічыла Паўночную Эстонію сваёй зямлёю, але ёю валодала Швецыя. Спрэчку спадзяваліся вырашыць мірным шляхам. Адной з умоў выбрання Жыгімонта Вазы на караля польскага і вялікага князя літоўскага было якраз патрабаванне далучэння Паўночнай Эстоніі да Рэчы Паспалітай. Якая ж дзяржава так проста аддае свае землі? Шведскі кароль Ян заявіў, што ён лепш забярэ сына да сябе, чым аддасць Рэвельскую зямлю. Пасля смерці Яна ў 1592 годзе Жыгімонта каранавалі і шведскім каралём. Польская і ліцьвінская шляхта на сойміках пачала патрабаваць ад Жыгімонта выканання «абяцання». Ды толькі не так ужо лёгка было гэта зрабіць. Хаця Жыгімонт і лічыўся шведскім каралём, але запраўляў у Швецыі ягоны стрый судэрманскі герцаг Карл. У пратэстанцкай краіне кароль-католік, канешне, не меў той падтрымкі, як ягоны сапернік – пратэстант. Неяк і вырашылі б гэты канфлікт Вазы самі, каб не вялікадзяржаўныя амбіцыі кароннага канцлера Яна Замойскага. Вось ужо каму было ўсяго мала. Ён і падбіў Жыгімонта на барацьбу з Карлам. На сойме ў 1598 годзе пераважыла групоўка Замойскага, і Жыгімонт атрымаў падтрымку. Гэтак Рэч Паспалітая безразважліва ўзялася за сумніцельную авантуру, якая парадзіла доўгую і крывавую вайну. Замойскі, шчодры на «вялікія планы», раіў каралю сабраць войска з татараў, казакоў, польскай шляхты, запрасіць ліцьвінаў, над якімі паставіць Яна Хадкевіча, і з усёй гэтай сілай заявіцца ў Швецыю – перамога забяспечана. Так лічыў гэты «велікадумны» муж. Як заўсёды, не хапала грошай, а па-другое, Польшча не мела свайго флоту. Так што Жыгімонт абмежаваўся пяццю тысячамі ваяроў, з якімі на захопленых і на нанятых у Гданьску караблях ён пераправіўся праз мора і высадзіўся ў Швецыі.
        25 верасня 1598 года ў бітве каля Стонгебра Жыгімонт пацярпеў паразу. На сустрэчы з Карлам Жыгімонт абяцаў даць амністыю ўсім сваім праціўнікам і правіць згодна каранацыйнай прысязе, гэта значыць застацца ў Швецыі. Адносіны караля і герцага будуць разгледжаны рыксдагам. Аднак падпісаўшы гэтую дамову, Жыгімонт прызнаўся сваім прыхільнікам, што лічыць яе незаконнай і несапраўднай. Ён потайкам уцёк у Польшчу з адным жаданнем – вярнуцца з новай сілай і ўсталяваць сваю ўладу ў Каралеўстве. Шведскія станы клікалі яго назад і папярэджвалі, што, калі ён гэтага не зробіць, «шведы адмаўляюцца ад сваёй прысягі яму, паколькі не жадаюць заставацца пад папскім ярмом». Каралю давалі чатыры месяцы, а ён не выканаў патрабавання, нават не прыслаў адказу. Пасля чаго шведскі рыксдагам пазбавіў яго каралеўскай годнасці. Уладаром Швецыі стаў Карл. Каб «шведы заставаліся ў міры, Карл загадаў адсекчы галовы відным дзяржаўным мужам»[19]. Расправіўшыся з сваімі праціўнікамі, ён заняў Фінляндыю – асабістае ўладанне Жыгімонта. Натхнёны лёгкімі перамогамі, Карл вырашыў забраць і Паўночную Эстонію. Становішча дазваляла зрабіць гэта без асаблівых намаганняў, якраз на той час ліцьвінскае войска адправілася ў Малдавію і пакінула без аховы Лівонію. Рэвельцы прыхільна паглядалі ў бок пратэстанта Карла.
        Спроба Жыгімонта перакінуць праз ноўгарадскія землі вайсковы аддзел у Фінляндыю не ўдалася. Маскоўскі цар Барыс Гадуноў не згадзіўся пасадзейнічаць. Жыгімонт не ўяўляў сапраўднай пагрозы. Рэч Паспалітая так і не сустрэла вайну напагатове. Гэтым і можна растлумачыць тую лёгкасць, з якой Карл дамагаўся перамог. 8 лютага 1600 года шведы захапілі Нарву. А сам Карл з войскам заявіўся ў Рэвель, які перайшоў на ягоны бок. Пернаў здаўся без барацьбы. Адчыніў сваю браму Дэрпт.
        Маскоўскі цар Барыс, жадаючы прыцягнуць Швецыю ў антыліцьвінскую кааліцыю, падтрымаў Карла і прапусціў праз Ноўгарадчыну шведскія аддзелы з Фінляндыі. Весці вайну з Карлам у Жыгімонта не было сродкаў. Нарэшце ён прызнаў уваход Паўночнай Эстоніі ў склад Рэчы Паспалітай, каб атрымаць ад сойма патрэбныя грошы. Цяпер ужо Рэч Паспалітая павінна была ўзяць на сябе цяжар вайны са Швецыяй за шведскую карону Жыгімонта. Толькі позна Жыгімонт перадаў Рэвельскую зямлю, яна ўжо не належала яму. Гэтак Рэч Паспалітая была ўцягнута ў дынастычную вайну двух шведскіх уладароў. Аднак пакуль на сойміках шляхта спрачалася пра падаткі на войска, Карл перайшоў межы Лівоніі.
        Траціць порах Карлу не давялося, бо замкі здаваліся без аднаго стрэлу. Невялікія почты ліцьвінскіх паноў Крыштофа Радзівіла, Юрыя Тышкевіча, Вінцэнта Войны, Станіслава Белазора, Тызенгаўза, князя Дарагастайскага не маглі супрацьстаяць 24-тысячнай шведскай раці. Усё ж каля Каркуса ліцьвіны разбілі пяцітысячны аддзел Карлавага сына Карльсана. Гэтая няўдача не спыніла судэрманскага герцага. Шведы штурмам узялі Вольмар і Трэйдан. І толькі перад Кокенгаўзенам яны былі бяссільнымі. Абаронцы гэтага горада спынілі пераможны рух шведскага войска. Карл асабіста кіраваў штурмам. Калі шведы рынуліся да прабітага гарматай у сцяне хода, абаронцы ўзарвалі вежу, якая пахавала пад сабой заваёўнікаў.
        Сабіраўся на вайну і Хадкевіч на чале сваёй почты ў 800 вершнікаў. Час пасля малдаўскага паходу ён правёў у Ляхавічах, дзе займаўся будаўніцтвам мураванага палаца і царквы, ды ў Быхаве. Толькі пажыць дома яму не выпадала. І будзе наканавана яму: то адна вайна, то другая і гады пройдуць у вайсковым лагеры і на палях бітваў. Не спыніла Хадкевіча і цяжкая траўма. На адным з рыцарскіх турніраў спатыкнуўся ягоны конь і Хадкевіч, упаўшы з сядла, зламаў галёнку. Так з хворай нагой і выправіўся ў паход. Ехаў на возе. «Калоціць у левым баку пад самай кульшой, нясцерпна баліць, хоць крычы», – прызнаваўся ён жонцы[20]. Ледзь дабраўся да Горадні, дзе праляжаў, змагаючыся з болем, цэлы дзень.
        Яшчэ не ведаў ён, што гэтая вайна прынясе яму славу і расчараванне. Яшчэ не ведаў ён, што з шведскім каралеўствам давядзецца ваяваць яму за ўсю Рэч Паспалітую з нанятымі на свае грошы ваярамі. Не лёгкі паход за славай выпадзе яму, а цяжкая і трывожная праца ваяра, дзе будзе хапаць усяго: і нястачы, і выпрабаванняў, і холаду, і голаду, і няўдач, дзе трэба будзе праявіць і талент, і мужнасць, і смеласць, і не будзе ён шкадаваць самога сябе. У адчаі, калі і жаўнеры не вытрымаюць, калі закружыцца галава ад клопатаў і трывог, у хвіліну роспачы прызнаецца ён жонцы: «Ледзь далібог не шалею, не ведаю, што з сабой чыніць»[21].
        Вясной 1601 года польны гетман са сваёй почтай пераправіўся цераз Дзвіну і рушыў да Кокенгаўзена. Аднак на дапамогу шведам пад Кокенгаўзен з 3-тысячным аддзелам падаспеў Карльсан. Агульныя сілы шведаў цяпер складалі 4000 драбаў і 2000 вершнікаў. Ліцьвіны ж мелі ўдвая меншае войска. 23 чэрвеня вялікі гетман Крыштоф Радзівіл прыняў бой і выйграў. У сама цяжкі момант, калі шведы пачалі цясніць цэнтр, Хадкевіч на кані кінуўся на перахоп уцекачоў, спыніў іх і павёў за сабой.
        Контратаку гетмана падтрымалі і флангі. Агульны наступ ліцьвінаў па ўсяму фронту апракінуў шведаў. Гэтак, дзякуючы мужнасці Яна Кароля Хадкевіча, была знята аблога з Кокенгаўзена. Са сваёй почтай ён вызваліў Трэйдан і Зыгвалт, а пасля рушыў пад Рыгу. Сюды ішоў на чале 17-тысячнага войска і Карл Судэрманскі. Ліцьвіны гатовы былі напасці на шведаў, але рыжане адмовіліся ў выпадку няўдачы ўпусціць іх у горад. Хадкевіч размясціў сваіх ваяроў за гарадскімі валамі. Карл спадзяваўся доўгай аблогай адчыніць браму Рыгі. Два тыдні Хадкевіч ахоўваў горад. 8 верасня Ян Замойскі прывёў польскае войска.
        Прыбыў у Лівонію Жыгімонт і спыніўся ў Кокенгаўзене. Карл адступіў ад Рыгі. На прапанову графа фон Насаў прымірыцца з братанічам і не спусташаць няшчасны край Карл адказаў: «Выпусціць розгу з рукі не выгадна, пакуль я ваюю ў Ліфляндыі, у Швецыі ў мяне мір»[22]. Расставіўшы войска па гарадах, Карл адплыў у Швецыю па дапамогу. А пакутлівая Лівонія перажыла новае нашэсце, цяпер ужо «вызваліцеляў», якія бязлітасна забіралі ў жыхароў ежу і маёмасць. Сотні людзей паміралі ад голаду і холаду і ляжалі не пахаванымі. «Камяні маглі б над імі злітавацца», – як пісаў сучаснік тых падзей[23]. А вось людзі не шкадавалі адзін аднаго: білі, забівалі, забіралі апошняе. Нарэшце не вытрымалі рыжане і са зброяй паўсталі на палякаў, якія напалі на магістрацкую рэзідэнцыю. У бойцы загінула шмат рыжскіх кнехтаў. Тады магістрат паслаў сваім папаўненне. Палякі згубілі 150 чалавек і ўцяклі з Рыгі. Хадкевіч, якому патрэбна было падмацаванне, так разгневаўся на рыжанаў, што прагнуў іх пакараць. Ледзь суцішылі яго гнеў. Кіраваць такімі свавольнікамі было няпроста. Тут і жалезная воля, і моцная рука не дапамагалі. Не дзіўна, што першыя военачальнікі дзяржавы разам з каралём убраліся з Лівоніі, пераклаўшы ўвесь цяжар вайны на плечы Яна Кароля Хадкевіча.
        Вынікі паходу Яна Замойскага і Жыгімонта былі сціплымі. Шведы здалі Фелін і Вольмар, дзе ў палон трапіў Карльсан. Няўдачай закончылася аблога Дэрпта. Змучаныя суровай зімой ваяры адмовіліся гібець на лівонскіх палях. Давялося адводзіць іх на адпачынак. Гэтым і скарысталіся шведы, якія зноў адчулі сябе гаспадарамі становішча. Ведалі, куды біць – перахоплівалі абозы з правіянтам. Ян Замойскі зразумеў, што ўлез у непрыемную для яго справу і пакінуў Лівонію ўслед за каралём і Крыштофам Радзівілам. Кіраванне войскам ён перадаў Хадкевічу.
        Калі Ян Кароль вярнуўся ў верасні 1602 года ў Лівонію з набранымі ў Літве харугвамі, дык убачыў сумнае відовішча. Войска было знясілена вайной. Хворых і параненых налічвалася болей за здаровых. Ваяры патрабавалі жалавання. Выратоўвала толькі тое, што Карл яшчэ быў у Швецыі. Выпадала нядоўгая перадышка.
        А ў Варшаве на вальным сойме пастанавілі, што няма больш годнага чалавека на пасаду адміністратара і гетмана Лівоніі, чым Ян Кароль Хадкевіч. Ніхто больш не прэтэндаваў на гэтае нялёгкае, неспакойнае і недаходнае месца. Толькі вось грошай на ўтрыманне войска яму не паслалі, і яно неўзабаве зменшылася напалову. Слабыя ад’язджалі дадому. Хадкевіч не шкадаваў сваіх грошай тым, хто застаўся з ім. Толькі тры тысячы, але сапраўдныя ваяры – рыцары звіцязтва. І Эўропа ўбачыла, як ваююць вялікія воіны.
        
        Кірхгольмская бітва
        Летам 1604 года ў Лівоніі зноў закіпелі баі. Шведскія караблі блакіравалі Рыгу, не прапускаючы туды купцоў. Тыя аб’ядналіся, і купечаскі флот у 80 караблёў прарваўся ў Рыгу. Горад атрымаў патрэбныя запасы прадуктаў і зброі. Аднак на зваротным шляху каля Руўна шведская эскадра напала на купцоў і адбіла ў іх 20 караблёў. Цяпер Рызе пагражала марская блакада. Тым не менш Хадкевіч не хаваўся ад ворага за высокімі мурамі, а сам перайшоў у наступ. 16 чэрвеня 1604 года ён на чале 2300 ваяроў выступіў на Дэрпт. Шведы не прынялі прапановы добраахвотнай здачы, і гетман перакрыў усе дарогі да горада. «Голад утаймуе і саб’е пыху», – лічыў Хадкевіч[24]. Дэрпт не застаўся без падтрымкі. Вызваляць яго ад аблогі выступіў з Рэвеля 4-тысячны шведскі аддзел. Хадкевіча не напужала гэта, і ён, падцікаваўшы непрыяцеля каля Рахісборга, імклівай атакай разагнаў аддзел. Неўзабаве віжы данеслі, што пад Дэрпт выступіў буйны корпус, які налічваў 7300 шведаў і немцаў пад водствам Ліндэрсона. Хоць шведскі водца ўжо ведаў, што ліцьвінскі гетман ва ўсіх папярэдніх бітвах біў шведаў, але спадзяваўся нарэшце разграміць Хадкевіча. Шведы нават выклікалі гетмана на бой, думаючы, што ён, напалоханы іх колькаснай перавагай, адступіць. Хадкевіч прыняў выклік. 25 верасня каля мястэчка Белы Камень на вачах здзіўленых шведаў ён спакойна павёў войска ў бой. «Хадкевіч са сваім маленькім войскам перамог вялікае войска шведаў і немцаў і прымусіў іх да ўцёкаў: на месцы засталося іх каля дзвюх з паловай тысяч чалавек, ды згубілі яны 6 палявых гармат і 22 сцягі», – занатаваў гэты подзвіг ліцьвінаў лівонскі краніст[25]. Асуджаны на голад шведскі гарнізон у Дэрпце здаўся Хадкевічу.
        Перамогі Хадкевіча знялі пытанне, каму перадаць пасля смерці Крыштофа Радзівіла булаву вялікага гетмана. Адзін Хадкевіч быў годны вялікага гетманства. Гэта прызналі і сам Жыгімонт, і ўвесь сойм. Незадаволены застаўся Януш Радзівіл, які не мог схаваць зайздрасці да Хадкевіча. Падтрыманы канцлерам Львом Сапегам, ён даводзіў каралю, што заслужыў булаву польнага гетмана. Што датычыцца Лівоніі, дык высветлілася, што паноў і шляхту мала хваляваў яе лёс. І зразумела – трэба зноў плаціць падаткі на войска. Затое, як горача і зацікаўлена абмяркоўвалі перспектыву ўладарання ў Маскве самазванца Дзмітрыя. Як клапаціліся пра свой інтарэс, калі выказвалі незадавальненне каралём. Дзе там ужо якая Лівонія! Хадкевіч вярнуўся з сойма вялікім гетманам літоўскім, але без рэальнай падтрымкі. Становішча яго было нялёгкім. Галоднае жыццё знясільвала ваяроў, толькі ў почце Томаша Дубровы памерла 250 чалавек. Страты большыя, чым у баях з ворагам. «Паміраю ад жалю, чуючы адусюль плач, нараканні і прычытанні», – прызнаваўся Хадкевіч у лісце да Льва Сапегі. А Хадкевічу супрацьстаяў сам Карл Судэрманскі, які ўжо тытулаваў сябе шведскім каралём.
        Карл з 14-тысячным войскам у верасні 1605 года высадзіўся на лівонскі бераг і рушыў на Рыгу. Пад сваім сцягам вёў ён не толькі шведаў, але і нанятых ім нямецкіх, французскіх, ангельскіх, нідэрландскіх жаўнераў. Наперадзе ішоў авангард на чале з графам Мансфельдам. Каля Дынамюндэ, які абараняў Габрыель Белазор з 250 воінамі, Мансфельд спыніўся і чакаў падыходу астатняга войска. Хадкевіч у гэты час знаходзіўся ў Феліне. Ён думаў не дапусціць аб’яднання шведаў і разбіць іх паасобку, а таму выступіў насустрач 5-тысячнаму аддзелу Андрэя Ліндэрсона, які з Рэвеля ішоў на Пернаў. Аднак Ліндэрсон ужо не лез у бойку з непераможным гетманам і калі пачуў аб набліжэнні ліцьвінаў, адразу загадаў сваім ваярам акапацца і выставіў гарматы. Хадкевіч не стаў выкурваць ворага з умацаванняў, бо гэта каштавала б вялікіх страт, а вярнуўся ў Фелін. Сіл відавочна не хапала. На заклікі прыслаць падмацаванне з Літвы і Польшчы ніхто не адклікнуўся. Прыбыў з почтай адзін Тальваш, а кароль прыслаў толькі свайго прадстаўніка Аманда. Яшчэ добра, што той прывёз жалаванне і можна было суцешыць незадаволеных.
        Тым часам Карл падступіў пад Рыгу. Рыжане прасілі Хадкевіча спяшацца на абарону горада. І ён выступіў з 2400 вершнікамі і тысячай драбаў. З пункту гледжання тагачаснай вайсковай навукі з такімі сіламі любога водцу чакаў бы поўны разгром. Але Хадкевіч не меў выбару. Абавязкова трэба было адстаяць Рыгу. Спадзяваўся ён на Бога, якому шчыра маліўся, просячы нябеснага заступніцтва, і на сваіх выпрабаваных у баях ваяроў. Калі Карл даведаўся, што пад Рыгу ідзе Хадкевіч, дык вырашыў адправіць яму насустрач 8-тысячны аддзел. Каралю запярэчыў Ліндэрсон, а ён ведаў, з кім мае справу: «Перш убачыш, ваша каралеўская міласць, як Дзвіна пацячэ супраць плыні, чым ліцьвінаў і іх гетмана ўцякаючых з поля»[26].
        Карл незадаволена моршчыў лоб. Але і другія водцы таксама раілі яму даць бой Хадкевічу ўсімі сіламі. Хай будзе так. Не сумняваўся кароль у перамозе. У звароце да ваяроў ён фанабэрыста заявіў, што іх непрыяцель зусім нястрашны і перамагчы яго лёгка, а ўзнагародай стане ўся Лівонія. І вельмі здзівіўся Карл, калі палонны ліцьвінскі шляхціц Краеўскі прызнаўся: «Войска нашае, найяснейшы княжа, змардаванае доўгімі паходамі, страціла палову тысячы людзей, дарэмна спадзяваліся два тыдні на пасілак, таму мой гетман у той маласці жаўнераў гатовы з вамі ўчыніць бітву». – «Мабыць, твой гетман вельмі зухвалы: кажуць ён ані малады, ані занадта стары, ані розумам дасціпны, каб са сваімі роткамі супраць войска майго з многіх тысячаў зложанаму асмеліўся паўстаць», – казаў пахваляючыся Карл[27]. Разлічваў ён на нечаканасць, а таму 27 верасня выступіў у гадзіну ночы, каб у цемры напасці на ліцьвінаў. Яны стаялі ў дзвюх мілях ад Рыгі каля вёскі Кірхгольм. Віжы папярэдзілі Хадкевіча пра рух непрыяцеля і ён падняў войска. Толькі шведам было ўжо не да бітвы. Праліўны дождж вымачыў іх з ног да галавы, а раскацістыя пяруны, якія грымелі з нябёсаў, наганялі забабонны жах. Многія з ваяроў успрынялі гэта за нядобры знак, нібы само неба паўстала супраць іх. Уначы пад дажджом і пад злавесныя гукі грымотаў Карл спыніў войска. На світанку Ян Кароль, забраўшыся на высокі пагорак, убачыў, якая сіла пажалавала за перамогай. Гэта была пагрозлівая сіла – Карл прывёў 11 тысяч пяхоты і 3 тысячы конніцы. Шведы ладзілі баявы шыхт у два шэрагі. Кожны мушкецёр меў побач двух спічнікаў – вояў, якія карысталіся ў баі дзідамі. На флангах стаяла конніца, а ў тыле застаўся з гвардыяй Карл. Перавага шведаў выявілася і ў тым, што яны стаялі на высотах, так што атакаваць іх было нязручна. Самагубствам палічыў бы любы ваявода з 3-тысячным аддзелам прымаць няроўны бой. Хадкевіч так не лічыў. Ён схаваў частку ваяроў у засадзе. І Карл, палічыўшы, што ліцьвіны ўцяклі, хацеў паслаць за імі пагоню. Адгаварыў караля ад безразважлівага рашэння Ліндэрсон, які добра ведаў, што Хадкевіч кемлівы на выдумкі. Але той падрыхтаваў яшчэ некалькі ўловак. Галоўная ж надзея была, канешне, на мужнасць і гераізм ваяроў. А іх сэрцы не спужаліся шматлікага ворага. Калі Хадкевіч мовіў да войска, што шведаў столькі, што і палічыць нельга, нехта з ваяроў перабіў яго: «Палічым мы гэта лепш, калі шведаў паб’ём». Абрадаваны гетман адказаў: «Дай Божа, каб Вашай міласці словы споўніліся. За добры знак прымаю вашу ахвоту і спадзяюся на вашую мужнасць»[28]. Гэткай кароткай і сціплай была прамова водцы да ваяроў, і – за справу. Хадкевіч, вывеўшы войска з-за пагоркаў, падзяліў яго на тры палкі. На чале паставіў свой гетманскі полк, кіраваць якім паручыў Вінцэнту Войне. Левае крыло занялі вершнікі пад началам Тамаша Дубровы (былі тут 200 панцырных гусараў, тры харугвы татарскай конніцы). А за вершнікамі змясціліся лівонскія ландскнехты Плетэнберга. Да лівонцаў далучыліся ўзброеныя абознікі, якія таксама жадалі біцца з ворагам. Правым крылом кіраваў усвяцкі староста Ян Пётр Сапега. Яно складалася з яго харугвы ў 200 вершнікаў, сотні панцырных Невяроўскага, 150 чалавек почты Аляксандра Хадкевіча (водца Млоцкі), а таксама почты Баркоўскага і Гедройца. Сам Хадкевіч з астатнімі сіламі стаў у засадзе. Падчас шыхтавання на другім беразе Дзвіны з’явіўся конны аддзел. То падаспеў на дапамогу з трыма сотнямі рэйтараў Курляндскі герцаг Фрэдэрык. Курляндцы смела пусціліся цераз раку. Вось ужо сапраўды: смеламу дапаможа ўдача. Рэйтары наткнуліся на брод і без страт і цяжкасцей выбраліся на бераг. Каб падняць дух ваяроў і надаць ім веры ў перамогу, Хадкевіч патаемна вывеў усіх людзей з абозу, даў ім харугвы і паставіў у некаторай адлегласці ад войска. А па шэрагах пракацілася навіна, што гэта прыйшоў вялікі атрад з Літвы. Даводзілася вось і так хітрыць.
        Каля васьмі гадзін раніцы бітва пачалася. Шведы рынуліся ў атаку. Гэтага і чакаў Хадкевіч. Наперад паляцеў вястун з загадам – уцякаць. І ваяры пабеглі. Убачыўшы гэтыя ўцёкі, шведскі кароль радасна ўсклікнуў: «Ці не казаў, што ліцьвіны ўцякуць»[29]. Уцекачы навялі шведаў прама на шэрагі ліцьвінскіх палкоў. З Боскім імем на вуснах ударылі ліцьвіны па непрыяцелю. Галоўнай сілай была конніца, якая імкліва абрынулася на шведскую пяхоту. Шведы ашчаперыліся дзідамі. Ды толькі гэта не спыніла ліцьвінаў. Першымі сутыкнуліся з ворагам ваяры гетманскага палка на чале з Вінцэнтам Войнам. Падалі, наткнуўшыся на дзіды, людзі і коні. Неслі смерць кулі мушкетаў. Хадкевіч у гэтую рашучую хвіліну разам з курляндскім герцагам з’яўляўся то ў адным месцы, то ў другім і падбадзёрваў сваіх воінаў.
        Пашчасціла ліцьвінам і з надвор’ем. Вялікія парывы ветру неслі з марскога берага пыл, прама ў вочы шведам. Ліцьвіны нават палілі вогнішчы, каб і дымам засціць зрок ворагу. На левым крыле Тамаш Дуброва ў баі засёк водцу шведскай пяхоты люксембургскага герцага Фрэдэрыка. І шведы там не вытрымалі. На правым крыле шведскія рэйтары біліся з панцырнымі гусарамі і казакамі Яна Сапегі. Толькі пасланая Хадкевічам дапамога дала Сапегу перавагу. А ў цэнтры ліцьвіны ўсё ж змялі варожыя шэрагі. Загінуў Андрэй Ліндэрсон, які, стоячы на каленях, да апошняга не выпусціў з рук зброю. Не меншую мужнасць паказаў і Хадкевіч. Не зважаючы на небяспеку, ён быў у самай гушчы сечы. Шведскі рэйтар, прыняўшы за гетмана ягонага ад’ютанта, застрэліў таго. Угневаны Хадкевіч, наскочыўшы на шведа, рассёк яго шабляй. Супраціўленне шведаў было зломлена.
        Сам Карл быў паранены і ледзь не трапіў у палон. Выратаваў яго адзін з ваяроў, які аддаў каралю свайго каня. Даскакаўшы да мора, дзе яго чакалі караблі, ён загадаў эскадры адчаліваць ад берага.
        І так гневаўся кароль, што закалоў слугу толькі за тое, што той абрадаваўся, убачыўшы яго жывым: «Вы, гады, павінны быць там, дзе я быў!»[30]. Шведскае войска пацярпела сакрушальную паразу, толькі загінула, апроч тых, хто патануў у Дзвіне, дзевяць тысяч чалавек. Шмат трапіла ў палон. Ліцьвіны страцілі больш за сто чалавек забітымі, 150 параненымі. Але Хадкевіч не цешыўся з крывавага трыумфу. У лісце да герцага Мансфельда гетман прызнаваўся: «...вельмі шкадую аб пралітай крыві столькіх хрысціянаў, за якіх сын Божы ахвяраваў сваю дарагую кроў»[31]. Шкадаваў Хадкевіч «знатнага мужа» Андрэя Ліндэрсона і Фрэдэрыка Люксембургскага, якіх ён загадаў з ушанаваннямі пахаваць.
        28 верасня Ян Кароль Хадкевіч на чале пераможцаў урачыста ўехаў у Рыгу. Услед за імі палонныя цягнулі ўзятыя на полі сечы гарматы. Рыжане радасна віталі свайго збаўцу. Усе былі ўражаны подзвігам невялікага войска ліцьвінаў. Манархі слалі Хадкевічу віншаванні. Засведчыў сваё захапленне перад гетманам імператар Рудольф. Ангельскі кароль Якаб прыслаў дары. Нават папа Павел V праз легата перадаў Хадкевічу сваё віншаванне. Дзівіўся такому слаўнаму звіцязтву ліцьвінаў і турэцкі султан, а персідскі шах Абас выказваў сваю пашану Хадкевічу ў лісце да Жыгімонта. І сам кароль польскі дзякаваў Хадкевічу за «такую значную паслугу, якую нам і Рэчы Паспалітай учыніў, не лічачы для нас не толькі кошту і часу нямалага, але і ўласнага жыцця свайго»[32].
        
        Рокаш
        Жыгімонт пісаў Хадкевічу: «І пасля такой працы быў бы мне, пэўна, мілы адпачынак, але вайсковы клопат патрабуе не кідаць тое, што можа быць карысцю і славай»[33]. Сапраўды, «вайсковы клопат» не даваў часу і магчымасці адпачываць. Трэба было скарыстацца плёнам перамогі і вызваліць Лівонію ад шведскіх заваёўнікаў. Аднак задума гетмана не здзейснілася. Жыгімонт тэрмінова выклікаў Хадкевіча ў Польшчу.
        Для караля наступілі чорныя дні. З самага выбрання супраць яго выступала значная колькасць паноў і шляхты. Адны крыўдавалі на яго за тое, што акружыў сябе шведамі і немцамі, другія былі незадаволены дзеляжом дзяржаўных пасад, трэція проста не ўспрымалі Жыгімонта – чалавека маўклівага, падазронага, тугадумнага, ганарыстага. Пакуль быў жывы Ян Замойскі, непрыяцелі Жыгімонта цярпелі яго на пасадзе дзяржавы. Але пасля смерці канцлера асмялелі і адкрыта выказвалі незадавальненне каралём. Штуршком для рокашу (мяцяжу. – В.Ч.) стаў прыватны выпадак. Жыгімонт пазбавіў кракаўскага ваяводу Мікалая Жабрыдоўскага дзяржаўнага дома. Раззлаваны ваявода прыгразіў: «Я камяніцу, але кароль пасад хутка мусіць саступіць»[34]. І не толькі пагражаў, а пачаў гуртаваць вакол сябе паноў і шляхту. А каб знайсці больш важкую прычыну, Жабрыдоўскі заявіў, што Жыгімонт патаемна без ведама сойма вядзе перамовы з Габсбургамі і жадае аддаць ім карону. Уцягнуў дзяржаву ў шведскую вайну, акружыў сябе хітрымі езуітамі, якія лезуць у свецкія справы, змяняе прысуды трыбуналаў – словам, грахоў за каралём досыць, каб пазбавіцца ад яго. У Літве Жабрыдоўскага падтрымаў Януш Радзівіл. Князь таксама злаваўся на караля. Не забыўся на сваю крыўду за тое, што гетманская булава дасталася Хадкевічу.
        Жабрыдоўскі і Радзівіл аб’ядналі свае сілы. У сваім універсале яны абвяшчалі, што падняліся на абарону шляхецкіх вольнасцяў. «А иншого ратунку на той час отчизне нашой не видимо»[35]. «Ратаваць» Рэч Паспалітую сабралася шмат «милостивых панов и ласкавых братий». Кароль прызнаў іх за мяцежнікаў. У Кракаў на каралеўскі заклік з усіх куткоў Рэчы Паспалітай, пакідаючы межы, прыйшлі верныя яму войскі. Асаблівае значэнне прыдаваў кароль пазіцыі ліцьвінскага гетмана. Па маці Ян Кароль быў у сваяцтве з Збароўскімі, якія яшчэ з элекцыйнага сойма выступалі супраць Жыгімонта. І таму кароль выклікаў Хадкевіча з Лівоніі. «Наляглі на мяне і прымусілі харугвы весці», – прызнаўся Ян[36]. Гэтак Жыгімонт паставіў свае інтарэсы вышэй за дзяржаўныя.
        Замест таго каб скарыстацца плёнам перамогі, Хадкевіч заключыў з шведскім генералам Мансфельдам перамір’е да лістапада 1608 года. Такім чынам, шведы атрымалі патрэбны ім час для падрыхтоўкі новага паходу на Лівонію. А Хадкевіч адправіўся ратаваць караля.
        На Варшаўскім сойме, які адбываўся ў траўні 1607 года, Жыгімонт апраўдаўся ад абвінавачванняў. Сойм ухваліў жаданне караля сілай расправіцца з рокашам. У адказ ракашане абвясцілі караля звергнутым. Вайны так і не ўдалося пазбегнуць. Каралеўскае войска на чале з Янам Каролям Хадкевічам і Станіславам Жулкеўскім рушыла на ракашан, якія стаялі каля мястэчка Варкі. Жабрыдоўскі, убачыўшы, што ягоныя сілы саступаюць Жыгімонту, падаслаў у каралеўскі лагер сваіх людзей падбухторваць жаўнераў да непаслушэнства. Каб супакоіць войска, абодва гетманы далі слова, што пачнуць перамовы з ракашанамі. На мір Жабрыдоўскі са сваімі паплечнікамі не згадзіўся. Ракашане рушылі на Кракаў. Войска выступіла ў пагоню. Каля Гузава Жабрыдоўскі спыніўся.
        Бітва адбылася 6 ліпеня. Хадкевіч, які ўзначаліў правае крыло каралеўскага войска, павінен быў ваяваць супраць Януша Радзівіла. Вось давялося ім сысціся і на полі сечы. Сумна, што і героі лівонскіх перамог падзяліліся на два лагеры. Гербурт нават узначаліў правае крыло ракашан. Хадкевічу было «жаласна ісці на братоў сваіх»[37]. Прарочыя словы Жыгімонта Аўгуста збываліся. Нязгоды і гвалт запанавалі ў Рэчы Паспалітай.
        Бітву пачаў коннай атакай Хадкевіч. І Януш Радзівіл годна сустрэў яго. Самкнутыя шыхты ягоных ваяроў адкінулі каралеўскіх вершнікаў. Ракашане на гэтым крыле перайшлі ў наступ. Адзін з іх, шляхціц Галаўня з гусарскага палка Радзівіла, аж прарваўся да каралеўскага намёту: «А дзе гэты швед?» – і ўпаў, забіты Жыгімонтавай аховай[38]. У гэты час Жулкеўскі, маючы пад сваім водствам куды больш жаўнераў, чым Хадкевіч, не вёў іх у бітву. Гэткая бяздзейнасць гетмана пагражала паразай. Добра, што кароль паслаў запасныя харугвы на дапамогу Хадкевічу. Перавага перайшла да каралеўскага войска, і праз гадзіну крывавай сечы яно разграміла ракашан. Хаця галоўныя зачыншчыкі мяцяжу Жабрыдоўскі і Радзівіл уцяклі, але ў палон трапілі іх паплечнікі, сярод якіх віцебскі ваявода Пац, брацлаўскі староста Аляксандар Каліноўскі, Гербурт. Радзівіл так спяшаўся, што забыўся аб скрыні з грашыма і дакументамі. У гэтай скрыні ляжала і дамова ракашан з Габрыэлем Баторыем аб паднясенні яму кароны.
        Жабрыдоўскі схаваўся ў кляштары, а Радзівіл падаўся ў Літву. Януш не склаў зброю, а на свае грошы пачаў наймаць ваяроў з лівонскага войска, якое стаяла ў Берасці. З’яўленне ў Літве Хадкевіча, якому кароль наказаў «вока мець» на мяцежнікаў, стрымала Радзівіла ад кровапраліцця. Ян Кароль, каб супакоіць воінаў, аддаў ім сваё родавае срэбра. Пасля таго як Жабрыдоўскі запрасіў каралеўскай ласкі, з’явілася надзея, што і Януш Радзівіл здасца. Аднак асцерагаючыся Хадкевіча, ён не распускаў сваё войска. Ян Кароль праяўляў мудрае цярпенне і дачакаўся, пакуль сам Януш не склаў зброю. Мяцеж праваліўся, але шкоды дзяржаве прынёс нямала. Была страчана магчымасць пераможна закончыць вайну са шведамі. Падзеі рокаша і праліццё крыві «братоў сваіх» прыгняталі Хадкевіча і ён цяжка перажываў: «Ужо даводзіцца шалець, бо блізка ўсё прымаю і не спіцца, а ў галаве пустата, пакуль пару кілішкаў віна не вып’ю і гэта вяртае мне галаву»[39]. Зразумела, што гетман стаміўся і патрэбны быў адпачынак, каб аднавіць растрачаныя сілы. Ды які там адпачынак, калі чакала абароны шматпакутная Лівонія. «Жаласліва мне раставацца з табою, добрай жонкай і мілымі дзеткамі, але мушу так рабіць, бо жаласней, калі, як пёс або быдла, загіну, аглядаючыся на цябе або на дзяцей. Гатовы памерці пачціва, бо пачуваюся і хачу заставацца рыцарскім чалавекам, а не здрадцам, праз якога гінуць людзі»[40]. Трэба было зноў вяртацца ў Лівонію.
        
        Заставаўся пераможцам
        Мансфельд парушыў перамір’е, і шведы пачалі спусташаць Вендэнскую зямлю. Пад Белым Камнем яны разбілі атрад Андрэя Збароўскага, які паранены трапіў у палон. Застаўшыся без гарнізона, Белы Камень здаўся шведам. А напрыканцы чэрвеня 1608 года са Швецыі прыбыў на 60 караблях Карл з новым войскам. Шведы высадзіліся ў вусці Дзвіны і адразу ж адзначылі сваё з’яўленне рабаваннем насельніцтва. Карл сам заахвочваў сваіх ваяроў да разбою, пэўна, гэтак жадаў падняць іх баявы дух. Праз тыдзень са Швецыі прыплыло яшчэ 80 караблёў з папаўненнем, гарматамі, правіянтам і зброяй. Хто толькі ні складаў шведскае войска: ангельцы, французы, шатландцы, галандцы, немцы, палякі, нават туркі. Гэтым разам Карл падрыхтаваўся грунтоўна і не сумняваўся ў перамозе. Пра сілу ворага Хадкевіч ведаў з данясенняў віжаў, якіх меў і ў Швецыі. А ён не мог разлічваць на дзейсную падтрымку караля і сената. Аднак гетман не апускаў рукі і агітаваў ліцьвінскую шляхту падняцца на вайну з шведамі. І пакуль у Ляхавічы сабіраліся шляхціцы, Карл спяшаўся скарыстацца безабароннасцю Лівоніі і апанаваць яе. Больш за ўсё шведскага караля вабіла Рыга. Вось да аблогі гэтага горада і прыступілі шведы. Першы ўдар нанеслі па Дынамюндэ – рыжскаму фарпосту. З 20 па 22 ліпеня шведскае войска беспаспяхва штурмавала цвержу. Аднак 26 ліпеня гарнізон адчыніў браму. Здаліся шведам Кокенгаўзен і Фелін. Больш траціць час на зборы Хадкевіч не мог і на чале 2-тысячнага аддзелу выступіў у Лівонію. Трэба адзначыць, што на заклік гетмана адгукнуліся несвіжскія Радзівілы (Сіротка – ваявода віленскі выставіў 200 гусараў, ды ягоны сын Альбрэхт узначаліў почту ў 300 чалавек). Выставілі почты і іншыя вяльможныя паны: наваградскі ваявода Крыштоф Хадкевіч, Валовічы, Кішкі, прыйшоў слаўны рыцар Тамаш Дуброва. Вяртанне ў Лівонію Хадкевіча напужала шведаў, бо ўжо ведалі, з кім ім наканавана мець справу. Не дзіўна, што яны пазбягалі бітвы з «вялікім воінам», схаваліся за сцены Дынамюндэ.
        Тады Хадкевіч выбраў іншую тактыку – імклівых і патаемных паходаў, нечаканых для ворага манеўраў, найбольш яскрава прадэманстраваўшы яе ў паходзе на Пернаў. Авалоданне гэтым горадам перарывала б прамую сувязь Рэвеля з рыжскай групоўкай шведаў. Рухаліся ліцьвіны ўначы, а днём хаваліся па лясах. Хадкевіч разлічваў на нечаканы напад. Не шкадаваў ні сябе, ні ваяроў. Нават вогнішчы забараніў паліць, каб не выдаць сябе раней часу. Усё ж ад віжаў гарнізон даведаўся пра небяспеку. Хадкевіч з войскам падышоў уначы да горада і заклікаў тых, хто любіць караля і Айчыну, дзеля славы народа свайго ісці з ім на штурм. І першы пусціў каня да гарадскіх мароў. Ваяры схапілі за аброць ягонага каня і прасілі гетмана не рызыкаваць сабой, а яны з ахвотай гатовы біцца з ворагам. Хадкевіч накіраваў почты Крыштофа Хадкевіча, Валовіча, Дубровы на штурм. Хаваючыся ў начной цемры, ліцьвіны пад агнём гармат прабраліся да брамы і ўзарвалі яе петардамі. І шведаў пакінула мужнасць. Раніцой да Хадкевіча прынеслі ключы ад горада. Гэта адбылося 16 сакавіка 1906 года – новая перамога Яна Кароля Хадкевіча. Сама значнымі трафеямі былі два караблі з гарматамі. Хітры на выдумкі гетман прыдумаў, як выкарыстаць іх. У ангельскіх і галандскіх купцоў ён набыў некалькі ладдзей. У Хадкевіча з’явіўся флот, а гэтага шведы не чакалі. Шведскія караблі стаялі каля Шалца. Маракі пачувалі сябе ў бяспецы. І якім было іх здзіўленне, калі яны ўбачылі на моры невядомую эскадру. Аднак, калі пазналі свае караблі, дык супакоіліся. А дарэмна. Хадкевіч і на гэты раз ужыў нечаканы ход. Да шведскіх караблёў падплылі гружоныя порахам ладдзі. Не паспелі шведы ўцяміць што да чаго, як ліцьвіны запалілі порах і перабраліся ў лодкі. Агонь ад выбухаў перакінуўся і на шведскія караблі, з якіх два згарэлі. Напужаныя шведы паднялі ветразі і адчалілі ад берага. Як бачым, і на моры святкаваў перамогу «вялікі воін».
        Цяпер Хадкевіч направіўся да Дынамюндэ. На дапамогу гарнізону прыйшоў Мансфельд і як высветлілася – па сваё бясслаўе. Папярэднія паразы ад ліцьвінаў проста вымагалі яго пакрыць ганьбу гучнай перамогай над ліцьвінскім гетманам. Але памылкай Мансфельда было тое, што ён зноў спадзяваўся на колькасную перавагу свайго войска: меў ён 14 000 чалавек. Так, яно вызначалася шматлікасцю і добрым узбраеннем; ваяры з усёй Эўропы прайшлі школу Марса. Мансфельд лічыўся адным з лепшых водцаў у габсбургскай імперыі. Шведскае войска адпавядала патрабаванням таго часу, але вайсковы геній Хадкевіча апярэдзіў час. Ліцьвінскі гетман абапіраўся на мабільнасць і манеўранасць, умела выкарыстоўваў асаблівасці мясцовасці, хутка і рашуча прымаў рашэнні і асабістай мужнасцю і смеласцю вёў за сабой ваяроў. Мансфельд быў упэўнены ў перамозе. І здавалася, ягоныя спадзяванні збываліся. 27 верасня Хадкевіч раптам адступіў ад Дынамюндэ і пераправіўся цераз Дзвіну. Мансфельд палічыў гэты манеўр за ўцёкі. Спакуса не ўпусціць перамогу ўзяла сваё над абачлівасцю. Мансфельд рушыў войска ўслед за Хадкевічам. Праз наведзены мост шведы пачалі перапраўляцца на другі бераг. Вось тут і высветлілася, што Хадкевіч не ўцёк, а чакаў іх у засадзе. І як толькі палова шведскага войска пераправілася, ліцьвіны кінуліся ў бой. Так і не выкарысталі шведы ні сваёй колькаснай перавагі, ні тактычных прыёмаў, ні добрай зброі. Ліцьвіны не далі ворагу пастроіцца, імклівай лавінай наляцелі на яго, зламалі, стапталі і загналі ў раку. Каля тысячы шведскіх жаўнераў склалі зброю. Убачыўшы бясслаўную загубу сваіх сяброў, жаўнеры павярнулі і ўцёкамі выратавалі сваё жыццё. Пабіты Мансфельд убраўся з-пад Рыгі. Хадкевіч заняў Дынамюндэ, даў адпачынак войску і адправіўся на сустрэчу з Жыгімонтам, які знаходзіўся ў Вільні перад выправай на Смаленск. Канешне, гетмана цікавіла меркаванне караля адносна шведскай вайны – ці будзе папаўненне і калі паступіць жалаванне ваярам. Кароль урачыста прыняў праслаўленага гетмана. Ад імя ягамосці з пахвальнай прамовай выступіў каронны падканцлер Фелікс Крыцкі. «Мала пра такіх гетманаў у кроніках прачытаем, якія і водцы і жаўнера службу правілі. Справы рук тваіх альбо першыя ў кроніках, альбо з першымі віцязямі параўнаны будуць. Сэрца і мужнасць Вашай міласці, нашым народам абодвух панстваў, з крыві якіх паходзіш, бессмяротную славу прыносіш»[41]. Апроч пахвал Жыгімонт нічым не парадаваў Хадкевіча: войска і грошы былі кінуты на вайну з Масковіяй. Кароль жадаў, каб і Хадкевіч прыняў у ёй удзел. Сам гетман адмоўна ставіўся да гэтага: «Я ніякіх захадаў да Масквы не чыню... Сваёй айчыны шукаю, чужога не прагну»[42]. І трапіў у каралеўскую няміласць.
        За палітычныя пралікі ўрада Рэчы Паспалітай плацілі крывёю і жыццём ваяры. Цярпенне ў іх нарэшце скончылася. Пасля вяртання Хадкевіча з пустымі рукамі ваяры адмовіліся несці службу, пакуль ім не заплацяць. І былі правымі – свае абавязкі перад дзяржавай яны неслі, а дзяржава нічым не падтрымлівала іх, асуджала ці на галодную смерць, ці на загубу ад моцнага ворага. Пустымі абяцаннямі не накорміш і не адзенеш. Хадкевіч даў згоду ўтварыць канфедэрацыю і заявіў, што і сам падтрымлівае канфедэратаў. А дзе павінен быць водца, як ні са сваімі вайсковымі сябрамі, асабліва ў час бяды. «Яшчэ адзін цяжар прычыніўся мне. Я пана Бога прашу аб смерці і не маю яе: жыць у такіх клопатах усё роўна як у пекле, яшчэ і чужыя цяжкасці нясу і цярплю. А мне самому служба абрыдла, але так сорамна з поля сыходзіць, жадаў бы смерці», – толькі ў лістах да жонкі прызнаваўся Хадкевіч[43]. А перад воінамі трымаўся мужна і цвёрда, беручы на сябе іх роспач і безнадзейнасць. І з-за павагі і любові да свайго водцы ваяры не кінулі яго і, вось дзіва, пайшлі за ім у бой.
        Шведы не давалі спакою. Мансфельд ачуняў ад паразы і з 6-тысячным аддзелам падступіў пад Пернаў. Ян Кароль са скрухай прызнаўся: «І так яшчэ не выцершы крывавага поту з твару, з цяжкім жалем мушу прыняць гэтую небяспечнасць»[44]. Усё ж пайшлі за ім ваяры, даравалі свае крыўды на караля і дзяржаву. Тры тысячы сабраў гетман – дастаткова, каб даць шведам бой. Толькі Мансфельд навучыўся баяцца Хадкевіча і добра ведаў, чаго каштуе сустрэча з ім. Шведскі водца паклапаціўся аб абароне. Лагер шведы паставілі паміж морам і ракой, насыпалі з двух бакоў высокія валы і выкацілі на іх сорак гармат. Усе дарогі да лагера шведы завалілі засекамі. Аднак Хадкевіч абышоў Пернаў з другога боку, зрабіў вялікі круг у 20 міль і з’явіўся там, дзе яго не чакалі. Тут знаходзіўся шведскі блакгаўз. Шведы, якія заселі ў ім, не прынялі гетманскай прапановы памерацца сіламі ў чыстым полі. Тады Хадкевіч паслаў на штурм пяхоту і захапіў умацаванне. Мансфельд усяляк ухіляўся ад бітвы і хаваўся за высокімі валамі лагера. Хадкевіч загадаў наводзіць масты цераз раку, каб самому атакаваць шведаў. Гэта напужала Мансфельда і ён адступіў ад Пернава. На баку Хадкевіча была цяпер і псіхалагічная перамога – вораг баяўся яго. Аднак без фінансавай падтрымкі ад урада ўтрымліваць каля сябе ваяроў Хадкевічу было ўсё складаней. Яны зноў патрабавалі платы. Некалькі дзён канфедэраты бяздзейнасцю выказвалі пратэст. Гэта і вярнула смеласць шведам. Мансфельд рушыў на Дынамюндэ. Уперадзе патаемна кралася па лясах пяхота. Набліжэнне ворага прымусіла ваяроў успомніць свой абавязак і ў баявой гатоўнасці яны чакалі сустрэчы з ім. Бітва адбылася 6 лістапада каля Дынамюндэ. Шведы напалі на абоз і захапілі яго. Пасланая Хадкевічам конніца пагнала шведаў з поля сечы. Мансфельд не паспрабаваў нават выправіць становішча. Водца ўжо не верыў у перамогу – пры першай няўдачы змірыўся з паразай і клапаціўся толькі аб тым, каб уратавацца.
        Шведскае войска ператварылася ў натоўп баязлівых людзей. Пагоня, якую выслаў гетман, завяршыла разгром. І Дынамюндэ ўжо не супраціўляўся. Камендант цвержы вынес ліцьвінскаму гетману ключы.
        Паразы шведскага войска ў Лівоніі нарэшце прымусілі рыксдаг патрабаваць ад Карла мірнай перадышкі. Швецыя прапанавала Рэчы Паспалітай перамір’е, якое неўзабаве і было заключана.
        
        «Смутное время»
        Другі прэтэндэнт на Лівонію Масковія ў гэты час перажывала нялёгкія часы, названыя пасля «смутным временем».
        А ўсё пачалося з загадкавай смерці ў 1591 годзе малодшага сына Івана Жахлівага, Дзмітрыя. Афіцыйна было прызнана, што царэвіч гуляў з ножыкам і сам закалоўся. Іншыя сцвярджалі, быццам Дзмітрыя забілі і падазравалі ўсясільнага баярына Барыса Гадунова. Хадзілі і такія чуткі, маўляў, царэвіч выратаваўся, а забілі іншага хлопчыка і менавіта яго пахавалі замест царэвіча. Ніхто тады не мог уявіць, які неверагодны і трагічны працяг будзе мець гэтая гісторыя. Пасля смерці ў 1598 годзе цара Фёдара Земскі сабор выбраў на царства Барыса Гадунова. Незадаволеныя новым царом радавітыя баяры і князі шукалі загубы на галаву Барысу. Зноў ажылі пагалоскі, што царэвіч Дзмітрый уцёк і вось з’явіцца ў Масковіі, каб узяць пасад свайго бацькі. У краіне, дзе народ верыў у «добрага цара», падобныя чуткі абнадзеілі сэрцы тых, у каго не гнулася спіна на баяр, хто марыў разбоем здабываць хлеб.
        Вось у гэты час і з’явіўся чалавек, які выдаваў сябе за царэвіча Дзмітрыя Іванавіча і ўвайшоў у гісторыю пад імем Ілжэдзмітрыя І. Хто б ён ні быў, але трэба прызнаць, што гэты чалавек – незвычайная і смелая асоба. Барыс Гадуноў абвяшчаў, што гэта беглы манах растрыга Грышка Атрэп’еў, чым не адвадзіў ад яго прыхільнікаў. Народ дачакаўся «добрага цара» і падтрымаў яго.
        Сапраўднае ўзвышэнне Ілжэдзмітрыя пачалося, калі ён трапіў да сандамірскага ваяводы Юрыя Мнішака, таго самага хітрага інтрыгана, які пастаўляў наложніц Жыгімонту Аўгусту і абкрадаў дзяржаўную скарбніцу.
        Мнішак ажаніў сваю дачку Марыну з царэвічам. Такі зычлівы клопат Ілжэдзмітрый абяцаў шчодра акупіць. Марыне ён адпісваў Ноўгарад і Пскоў, а старому Мнішаку – Смаленск і Северскае княства, ды яшчэ і нямала грошай. Абнадзеены Мнішак наняў для свайго зяця войска ў 1600 чалавек, ахвочых да прыгод і лёгкай нажывы ў Масковіі. Зацікавіліся царэвічам і езуіты. Кароль Жыгімонт афіцыйна не падтрымаў самазванца, але не забараніў яму набіраць войска і назначыў штогадовае ўтрыманне. Напрыканцы кастрычніка 1604 года Ілжэдзмітрый уступіў у Чарнігаўска-Северскую зямлю. І нават параза ад царскай раці ўжо не спыніла Ілжэдзмітрыя. Ён сам ужо быў ахвярай сваёй авантуры, тым сцягам, пад які сталі тысячы людзей. Заявіліся да «царэвіча» і данскія казакі з атаманам Заруцкім. Далучыліся да самазванца баяры, варожыя да Барыса Гадунова. Павялічваючы свае шэрагі і разганяючы царскія раці, Ілжэдзмітрый падступаў да Масквы. Каб падняць баявы дух сваіх ваяроў, ён паведаміў ім, што нібыта сам Ян Кароль Хадкевіч з ліцьвінскім войскам ідзе яму на дапамогу. Вестка гэтая дасягнула вушэй маскоўскіх ваяроў і нагнала на іх жаху. Гэтак міжволі імя непераможнага гетмана добра саслужыла Ілжэдзмітрыю.
        А ў Маскве «добрага цара» чакала галыцьба і чэрнь, чакалі і баяры. Нечакана памёр цар Барыс, падазравалі, што яго атруцілі. Нядоўга царстваваў новы цар Фёдар Гадуноў. У Маскве ўспыхнула паўстанне ў падтрымку самазванца. Фёдар быў забіты. Маскоўскі пасад вызваліўся і яго заняў Ілжэдзмітрый. Ён стаў правіць у Масковіі, як Дзмітрый Іванавіч. Але супраць самазванца ўчынілі змову князі Шуйскія і Галіцыны. Змоўшчыкі распускалі чуткі, што новы цар – беглы манах Грышка Атрэп’еў, які жадае звесці праваслаўную веру, расправіцца з баярамі і падзяліць з Жыгімонтам Масковію. Галоўнымі выканаўцамі волі змоўшчыкаў сталі шматлікія зладзеі, якіх яны выпусцілі з вязніц. Гэтыя зладзеі і падбівалі народ супраць цара. Патаемна ў Маскву быў уведзены атрад стральцоў. Але паколькі мала хто верыў у пагалоскі, змоўшчыкі ўдарылі ў набат, маўляў, палякі задумалі забіць цара. Народ кінуўся да Крамля бараніць Ілжэдзмітрыя. І пакуль просты люд падстаўляў свае галовы пад зброю царскай варты, змоўшчыкі ўварваліся ў палаты і засеклі самазванца. Чарговым царом паспешліва абралі князя Васіля Іванавіча Шуйскага. З такімі выбарамі шмат хто не пагадзіўся і не прыняў назначанага маскоўскімі галаварэзамі ўладара. Адна смута парадзіла другую – больш жахлівую і крывавую. Яшчэ не пахавалі Ілжэдзмітрыя, як ужо Масква напоўнілася чуткамі, што цар паспеў уцячы і замест яго забілі іншага. Царскі каморнік кляўся, што труп, які выставілі на агляд людзям, зусім непадобны на Ілжэдзмітрыя. Падазрэнні павялічвала і адзетая на твар нябожчыка маска. У ворагаў Шуйскага з’явілася добрая падстава падняць супраць яго мяцеж. Завадатарам новай смуты сталі князі Грыгорый Шахоўскі – пуціўльскі ваявода і Андрэй Целятэўскі – чарнігаўскі ваявода. Яны пачалі збіраць войска з беглага люду, галыцьбы і чэрні, прымалі да сябе казакоў. Знайшоўся і правадыр гэтаму воінству – былы халоп Іван Балотнікаў. Толькі паўстанцы падыйшлі да Масквы, як агонь паўстання ахапіў палову дзяржавы. Шуйскаму ўдалося разбіць паўстанцаў і загнаць іх у Тулу. Два разы яны слалі Мнішаку просьбы паслаць у Масковію якога-небудзь Ілжэдзмітрыя: «Ад мяжы да Масквы ўсё нашае, ідзіце і бярыце, толькі пазбаўце нас ад Шуйскага»[45]. Нарэшце новы Ілжэдзмітрый з’явіўся. Верагодна, гэта быў нейкі адважны і кемлівы авантурыст з Магілеўшчыны. У Баркулабаўскай кроніцы знаходзім звесткі, што новы самазванец «был напервей у попа шкловского именем, дети грамоте учил, школу держал; а потом до Могилева пришол, также у священника Федора Сасиновича Никольского у селе дети учил. А сам оный Дмитр Нагий мел господу у Могилеве у Терешка, который проскуры заведал при церкви святого Николы. И прихожувал до того Терешка час немалый, каждому забегаючи, послугуючи, а мел на себе оденье плохое, кожух плохий, шлык баряный, в лете в том ходил»[46]. Адзін з сучаснікаў адзываўся так пра новага самазванца: «Ён чалавек нікчэмны, неадукаваны, без гонару і сумлення, блюзнерца, п’яніца, распуснік»[47]. Але важна была не асоба, а імя, якое ён прысвоіў, – Дзмітрый. Вось гэты чалавек і загарэўся думкай паўтарыць шлях свайго папярэдніка па самазванству. Упершыню ён абвясціў сябе Дзмітрыем у мястэчку Прапойску, дзе трапіў у мясцовую вязніцу. Ратуючыся ад няволі, і выдаў сябе за маскоўскага цара. Пакуль новы самазванец збіраў сваіх прыхільнікаў, пала Тула. Шуйскі расправіўся з паўстанцамі. Гэтым разам дапамагаць самазванцу вызвалася ліцьвінская шляхта. Спакуса дабрацца да багатых маскоўскіх скарбніц пагнала іх з дому. Адным з першых са шматлікай почтай прыбыў да другога Ілжэдзмітрыя мазырскі харунжы Будзіла. Пазней прывёў тысячную почту Самуіл Тышкевіч, выставіў аддзел князь Раман Рожынскі. Цэлае войска ў 7 тысяч вершнікаў сабраў староста ўсвяцкі Ян Сапега. Вось бы гэтыя сілы ды Хадкевічу! Але ліцьвіны трацілі свае сілы на сумніцельныя авантуры. Вясной 1608 года князь Рожанскі, выбраны гетманам, выступіў з войскам самазванца на Маскву.
        Вяртанне «добрага цара» падняло новую хвалю мяцяжоў супраць Васіля Шуйскага. І ўсё менш і менш заставалася ў цара надзей усядзець на пасадзе. Ажывіліся ягоныя недругі сярод баяраў. Не выказвала ахвоты змагацца за цара і войска. Пад Болхавам яно пабегла з поля сечы пад ударамі ваяроў Ілжэдзмітрыя. Сталіцу самазванец не ўзяў і спыніўся каля Тушына, за што і атрымаў мянушку «тушынскі вор». Поспехі Ілжэдзмітрыя памножылі шэрагі ягоных прыхільнікаў. У Тушына прыбывалі харугвы ліцьвінскай і польскай шляхты, запарожскія і данскія казакі, галыцьба і розны зброд. Знайшлі тут прытулак ракашане Жабрыдоўскага. Прыйшоў з татарамі касімаўскі хан. Параза 15-тысячнага войска ад атрада Яна Сапегі пад вёскай Рахманцавай развеяла веру ў Шуйскага. Баяры з Масквы пабеглі да самазванца. Цар быў падобны «арлу без пёраў, без дзюбы і кіпцюроў». І ўжо, калі Марына Мнішак прызнала ў другім Ілжэдзмітрыі свайго мужа, а пасля патаемна абвянчалася з ім, дык мала хто сумняваўся ў ягонай перамозе.
        Самазванец правіў як сапраўдны ўладар: жалаваў землямі і пасадамі, назначаў у гарады ваявод. Была створана і свая баярская дума, дзейнічалі прыказы. Нават быў свой патрыярх. Заставалася толькі ўзяць Маскву і перайсці на царскі трон. А Масква трымалася ўсю зіму. Ян Сапега са сваім воінствам беспаспяхова біўся аб сцены Троіцка-Сергіеўскага манастыра. Ратуючыся ад немінучага падзення, Васіль Шуйскі ў лютым 1609 года заключыў дамову з шведскім каралём Карлам. Цар адмаўляўся ад Лівоніі, згаджаўся быць саюзнікам супраць Жыгімонта і саступаў Карэлу, а кароль абяцаў выставіць яму наёмнае войска. Гэты саюз выклікаў зразумелую трывогу ў Жыгімонта, і ён вырашыў ударыць першым па Масковіі.
        Між тым становішча самазванца пагоршылася. І калі шляхта буйствавала за выпіўкай ды ганялася за дзеўкамі, дык казакі і галыцьба рабавалі ўсё да апошняга цвіка і пускалі на агонь гарады і сёлы. Ясна, што просты люд бараніўся як мог ад такой напасці. У Разані мясцовы ваявода Пракоп Ляпуноў сабіраў апалчэнне. Вызваліліся ад улады самазванца Паволж’е і Памор’е.
        Вясной 1609 года пляменнік цара, малады і таленавіты палкаводзец Міхайла Скопін-Шуйскі і Якаў Дэлагардзі выступілі з Ноўгарада на чале аб’яднанага маскоўска-шведскага войска. Карл выканаў абяцанне і даў Шуйскаму пяць тысяч наймітаў ды яшчэ дзесяць тысяч рознага зброду, які далучыўся да іх. Разбіўшы некалькі дробных аддзелаў Ілжэдзмітрыя, Скопін і Дэлагардзі вярнулі цару Ноўгарадскую і Пскоўскую землі.
        А ў верасні 1609 года войска Рэчы Паспалітай, якое вёў сам кароль і вялікі князь, узяло ў аблогу Смаленск і ўвязла на месяцы. Пераможны рух Скопіна і Дэлагардзі, з’яўленне пад Смаленскам Жыгімонта сумна падзейнічала на тушынцаў. Пачаўся развал тушынскага лагера. Самазванец, пераапрануўшыся ў сялянскую вопратку, на санках уцёк у Калугу. Пасля гэтага Рожынскі прыняў Жыгімонтаву прапанову і далучыўся да каралеўскага войска. А самазванец пачаў заклікаць маскавітаў на вайну з Жыгімонтам. «Не дазволім панаваць ерасі, не саступім каралю ні кала ні двара»[48]. Без асаблівага супраціўлення з боку тушынцаў Скопін і Дэлагардзі дайшлі да Масквы і ў сакавіку ўрачыста ўехалі ў сталіцу. Заўчасная смерць Скопіна, а падазравалі, што яго атруцілі, адняла ў цара сама таленавітага палкаводца. Маскоўскае войска ўзначаліў нерашучы і баязлівы брат цара Дзмітрый Шуйскі. У бітве каля Клушына 24 чэрвеня 1610 года ліцьвінска-польскае войска гетмана Станіслава Жулкеўскага разграміла маскоўска-шведскую раць (40 тысяч маскавітаў і 8 тысяч шведаў) з-за бяздарнага кіраўніцтва Дзмітрыя Шуйскага. Як толькі вынік бітвы стаў ясным, дык шведскія найміты кінуліся рабаваць маскоўскі абоз і гэтым самым канчаткова падарвалі баявы дух маскавітаў. Жулкеўскаму засталося толькі дабіваць іх. Параза развязала рукі ворагам цара і пад іх ціскам ён адмовіўся ад царскага пасада. Васіля гвалтам пастрыглі ў манахі і схавалі ў манастыр. Да ўлады прыйшла баярская дума. Вяртанне пад Маскву самазванца напужала новы ўрад і ён упусціў у Маскву войска Жулкеўскага, які настойваў, каб царом абралі Жыгімонтавага сына Ўладзіслава. І жах быць пабітымі ад «холопей своих» зрабіў баярскую думу згоднай – Уладзіслава абвясцілі царом. Паводле дамовы, Уладзіслаў павінен быў прыняць праваслаўе, а кароль зняць аблогу Смаленска. Жыгімонт не згаджаўся прыняць гэтыя ўмовы ў надзеі прымусіць баяр абвясціць царом яго самога. Аднак у Маскве ўжо праводзілася прысяга новаму цару. Тым не менш пазіцыі самазванца заставаліся моцнымі – Суздаль, Уладзімір, Юр’еў, Галіч і Растоў гатовы былі прызнаць яго царом. Аднак, калі верны яму Ян Сапега не прыняў бітвы з аб’яднаным войскам маскавітаў і Жулкеўскага і адступіў ад сталіцы, самазванец зноў уцёк у Калугу. У Маскве гаспадарылі каралеўскія ваяры і так паказалі сябе, што маскоўскі люд застагнаў. Хітры гетман пачуў набліжэнне буры. Варта было даведацца народу, што кароль не жадае адпускаць сына на царства, як выбухнула б паўстанне. Жулкеўскі, дбаючы пра цноту сваёй славы, пакінуў расхлёбваць няславу Аляксандру Гасеўскаму і з’ехаў з сталіцы да караля. Як сама дарагі падарунак каралю прывёз з сабой і палоннага Васіля Шуйскага. На месцы нізложанага цара заўладарыў Аляксандар Гасеўскі, які падначаліў сваёй волі баярскую думу. І жыў па-царску ў харомах Барыса Гадунова.
        Неўзабаве загінуў адзін з галоўных дзеячаў смуты – Ілжэдзмітрый. Доўга хадзіў ён каля смерці і вось не ўсцярогся. Падвёў самазванца гнеў на касімаўскага хана. Татарскі водца перайшоў да Ўладзіслава. На сваю бяду хан захацеў пабачыцца з сынам, які заставаўся верным Ілжэдзмітрыю. Калі ж хан прыехаў у Калугу, яго па загаду самазванца ўтапілі. Татары не даравалі расправы са сваім уладаром. Самазванец быў запрошаны імі на ловы і там забіты. Са смерцю Ілжэдзмітрыя ягоная партыя згубіла не проста правадыра, але і саму ідэю свайго змагання. Тушынцы раз’ехаліся з Калугі, якая прысягнула Ўладзіславу, шукаць, як і дзе ўладкавацца. Частка, прынамсі казакі, узначаленыя князем Дзмітрыем Трубяцкім і Іванам Заруцкім, далучыліся да апалчэння Пракопа Ляпунова, якое ў сакавіку 1611 года рушыла на Маскву. У сталіцы ўспыхнула паўстанне, якое падтрымаў перадавы атрад апалчэння, узначалены князем Дзмітрыем Пажарскім. Каб выратавацца ад поўнага разгрому, ліцьвінскія і польскія воіны паводле рады баяр запалілі горад. Сцяна агню раз’яднала ворагаў. Аблога Масквы 80-тысячным апалчэннем Ляпунова і 50-тысячным казацкім войскам закончылася няўдачай. Кіраўнікі перасварыліся паміж сабой. Аляксандар Гасеўскі ўмела выкарыстаў іх нязгоду. У адным з баёў у палон трапіў данскі казак. Яму і падсунуў Гасеўскі падложную грамату з падробленым подпісам Ляпунова. Нібыта той даў загад біць і тапіць казакоў – «гэты злы народ». Аслепленыя такой «злахітрасцю» казакі здзейснілі свой суд. Выкліканы на казацкі сход ваявода лёг там пад шаблямі ўгневаных недругаў. Са стратай правадыра апалчэнне развалілася. Земскія палкі разышліся. Пад Масквой засталіся толькі казакі Заруцкага і Трубяцкога. Было іх каля 50 000 чалавек, але так і не асмеліліся яны штурмаваць сталіцу. Між тым у Ніжнім Ноўгарадзе пасадскі староста Кузьма Мінін заклікаў народ выступіць за вызваленне радзімы. «Калі мы жадаем дапамагчы Маскоўскай дзяржаве, дык не будзем шкадаваць сваёй маёмасці, жыватоў нашых: не тое што жываты, але двары свае прададзім і дзяцей закладзём»[49]. Ніжагародцы пастанавілі сабраць апалчэнне. У патрыятычным парыве гараджане абклалі сябе падаткамі, а Мінін ахвяраваў частку маёмасці. Да Ніжняга Ноўгарада далучыліся і іншыя паволжскія гарады. Новае апалчэнне ўзначаліў князь Дзмітрый Пажарскі, які выракся клятвы цару Ўладзіславу. І толькі ў 1611 годзе Жыгімонт паслаў да Масквы войска, і вёў яго Ян Кароль Хадкевіч.
        
        Ахвяра шчырасці
        На час у Лівоніі наступіў мір. Швецыя вымушана была перакінуць свае сілы на вайну з Даніяй. А пасля смерці Карла Судэрманскага ў 1611 годзе ўвагу шведаў адцягвалі ўнутраныя справы. Такім чынам вызвалілася войска Хадкевіча. Але без справы яно не засталося. Жыгімонт адправіў гетмана на дапамогу маскоўскаму гарнізону. Пра сустрэчу з каралём Ян Кароль распавядае ў лісце да жонкі Софіі. Напаткаў гетман караля каля Талачына. Жыгімонт запрасіў Хадкевіча на вячэру. На здзіўленне Хадкевіча кароль піў за яго здароўе, якога «Вашай мосці зычым наперад». Пілі за гетмана, за яго слуг, за яго жаўнераў. «Аж галава задрыжала», – прызнаўся гетман. На п’яную галаву і язык развязаўся ў гетмана і спытаў ён у караля, якая ягоная віна. «Ніколі ў табе не сумняваўся», – адказаў кароль і прапанаваў гетману выпіць за яго. «Я, узяўшы шкляніцу поўную віна, сам яму мовіў: «Найяснейшы міласцівы кароль! Пілі паручнікі з рукі тваёй, пана міласцівага, дык чаму б я, гетман, не магу піць. А кароль ягамосць пацалаваў мне руку. Не хацеў я дапусціць гэтага: «Ты пан мой, а я слуга». Кароль мовіў: «Іншае табе, іншае другому, вельмі я табе павінны». І так, узяўшы маю шклянку віна ў сваю руку, трымаў, пакуль я піў. Стукнуў я шкляніцай па галаве, аж кароль кажа: «Мілы пане гетмане, не біце гэтай галавы, сіла наша ад яе залежыць». Сам яму адпавядаў: «І галава, і рука здаровыя, і сэрца сталае, а яно Вашай каралеўскай няласкі не выцерпіць». Кароль мне на тое падаў руку: нічога благога на мяне не мае і да мяне прыязны, каб я ніколі і ні чаму не верыў, калі мне хто аб ім паведае». Вясёлае баляванне за каралеўскім сталом зацягнулася да самай раніцы і ледзь не закончылася бойкай. Канцлер Леў Сапега, пакрыўджаны каралеўскай ласкай да гетмана, захацеў зняважыць яго. П’яны жаўнер Дзітрык палез абараняць свайго водцу і калі б не спынілі яго, дык рассек бы шабляй канцлеру лоб. Тут і таварыства пана канцлера схапілася за зброю. Ажно тры сотні гайдукоў прыставіў кароль ахоўваць Хадкевіча. «Але сам я па п’янай звадзе нічога не разумеў, бо быў вельмі п’яны і вясёлы», – па-дзіцячаму шчыра апраўдваўся Хадкевіч[50].
        Вось такая сцэнка з жыцця каралеўскага двара, апісаная Хадкевічам. Канешне, такія пагулянкі здараліся з гетманам рэдка.
        Праявіў бы кароль палітычную мудрасць і прадбачлівасць, паслаў бы Ўладзіслава з моцным войскам, дык плён гэтай вайны прынёс бы добры пажытак і пазбавіў бы і Масковію ад крывавай трагедыі. Толькі Жыгімонт спадзяваўся на тое, што баярская дума, сціснутая з усіх бакоў, прапануе царскі вянец яму. Такімі прывіднымі і авантурнымі надзеямі цешыў сябе Жыгімонт. Гэтая бяздарная палітыка караля не вяла да поспеху. Войска, якое меў Хадкевіч, налічвала ўсяго дзве тысячы чалавек. Як ён заявіў: «Падобна, не вялікія сілы патрэбны, але мужнасць; і калі войска добра папрацуе, дык будзе мець не верагодны, а верны поспех»[51]. Мэтай Хадкевіча была дапамога Гасеўскаму ўтрымаць Маскву. Валоданне сталіцай Масковіі з’яўлялася залогам таго, што царскі вянец дастанецца Жыгімонту Вазу. Ці ведаў Хадкевіч патаемныя намеры караля? Калі і ведаў, дык што мог змяніць. Ён – воін і павінен выконваць загад. І як там ні было – ішоў ён дапамагаць зусім не каралю, а сваім, абложаным шматлікім ворагам, ішоў ратаваць іх ад загубы. Гэтая выправа, паводле прызнання Хадкевіча, «маёй шчырасці была ахвяра»[52].
        А давялося перш за ўсё думаць, як захаваць войска. Ваяры патрабавалі жалавання, утваралі канфедэрацыі і адмаўляліся служыць каралю. Маскоўскі гарнізон заявіў, што, калі Жыгімонт не заплаціць ім і не прышле змену, застанецца ў Маскве да 6 студзеня 1612 года. Вось і ўлагоджваў гетман незадаволеных, абяцаў, суцяшаў і зноў абяцаў. Часам і не вытрымліваў і пагражаў свавольнікам смерцю. Але нельга было патрабаваць ад чалавека таго, што вышэй за яго сілы. І тыя, хто засеў у Маскве, і тыя, хто ішоў ім на дапамогу, стаміліся ад доўгіх войнаў і нястачаў, знясілелі ад трывожнага жыцця. І калі яшчэ знаходзілі ў сябе сілы несці службу і супрацьстаяць ворагу, дык таму, што суцяшалі сябе надзеяй на ўдзячную ўзнагароду ад караля. Ды і раз’ядноўвала войска нязгода. Палякі не хацелі падначальвацца гетману літоўскаму і прынялі бок смаленскага намесніка Патоцкага, які варагаваў з ім з-за ўлады.
        Прыход Хадкевіча 4 кастрычніка 1611 года пад Маскву нагнаў жаху на маскоўскае апалчэнне. Паляцелі па гарадах вестуны: «Змілуйцеся, зрабіце гэтую справу хутчэй, ратнымі людзьмі і скарбніцаю дапамажыце»[53]. На гэты заклік ішлі на дапамогу новыя аддзелы.
        Гетман таксама ўмацоўваў свае шэрагі і прыняў на службу сапежанцаў, якія пасля смерці свайго водцы не ведалі, каму прадаць свае паслугі. Але і пасля гэтага ў Хадкевіча не хапала сіл, каб вызваліць Маскву ад аблогі. Апалчэнне колькасна значна пераўзыходзіла ягонае войска. Маскавіты заселі ва ўмацаваннях і сцераглі подступы да горада. Выкурыць іх з «ямаў» у Хадкевіча не хапала пяхоты. І ўсё ж ён паспрабаваў прарвацца праз непрыяцельскія заслоны ў крэмль і даставіць туды абоз з правіянтам і зброяй. 5 кастрычніка гетман пераправіўся з войскам цераз раку Маскву і ўступіў у бой з ворагам. Некалькі разоў гетман атакай конніцы апракідваў маскавітаў і заганяў іх назад у табары. А выбіць іх адтуль без гармат і пяхоты было цяжка. Хадкевіч адступіў і стаў лагерам каля Краснага Сяла.
        Трэба было выбіраць тактыку. Без пэўных надзей на хуткую дапамогу ад караля – увесці ў Маскву войска – значыла залезці ў пастку. Калі не зброяй, дык голадам вораг прымусіў бы здацца. Правільным рашэннем бачылася падтрымліваць гарнізон прадуктамі і перашкаджаць маскавітам весці аблогу. Хадкевіч выбірае гэты план. Назначыўшы плату гарнізону, чым падняў паніклы дух абаронцаў сталіцы, ён адышоў ад Масквы на зімнія кватэры ў мястэчка Рагачоў. Спакойнага жыцця не прадбачылася. Некалькі аддзелаў гетман выправіў на пошукі харчу. З Масквы даносілі пра голад. Людзі ўжо харчаваліся здыхлінай. Што меў, тым і дзяліўся гетман з братамі па вайсковай службе. На пасланы ім абоз князя Карэцкага напалі маскавіты і адбілі большую частку. Усё ж з баямі, праз варожыя заслоны, трываючы маразы, ад якіх людзі замярзалі да смерці, Карэцкі ўвёз харчы ў Маскву.
        Новы 1612 год пачаўся з выступу ваяроў, якія патрабавалі жалавання. Ракавы дзень 6 студзеня надышоў. Кароль нават не даў адказу. А пад удар трапіў гетман. Ваяры ўчынілі канфедэрацыю. Угаворы і нават пагрозы Хадкевіча не дзейнічалі. Да канфедэрацыі далучылася частка маскоўскага гарнізона. У сакавіку канфедэраты, лікам 7 тысяч чалавек, адправіліся ў Польшчу патрабаваць ад караля выплаты жалавання. Услед за імі, паддаючыся інтрыгам Патоцкіх, і сапежанцы кінулі гетмана і пайшлі ў Літву. А гэтая страта каштавала чатырох тысяч вопытных воінаў. І хаця Хадкевіч наняў на службу аддзел мазырскага старосты Язэпа Будзілы, гэта не аднавіла страты. У Маскве застаўся невялічкі гарнізон у 1600 чалавек. У такім становішчы Хадкевіч міжволі адмовіўся ад актыўных дзеянняў. Адзінае, што ён мог, дык збіраць прадукты і пасылаць іх у Маскву, каб гарнізон канчаткова не разбегся ад голаду.
        Змучаныя жаўнеры марылі пра мір. З Масквы пісалі гетману наступнае: «Нам не столькі цяжка ад бачнага ворага, не столькі цяжка пераносіць крывавую працу, але мы не можам вытрымаць голаду. Прыніжана просім вашу міласць злітавацца над нашай злабядой і нястачай, не асуджаць нас на больш цяжкую бяду, прыняць зычліва нашу просьбу і звесці нас са сцен да апошняга дня жніўня, таму што цярпець далей гэтага тэрміну нам, якія страцілі ўсе сілы, не дазваляюць чалавечыя законы, наша здароўе і нарэшце ваша абяцанне, пан гетман. Мы і да караля адправілі паноў з паўторнай заяваю, што не можам заставацца далей у гэтым ярме»[54]. Грошай у гетмана не было. Каб утрымаць гарнізон на службе, ён аддаў у залог царскія рэгаліі. Мала радавалі гэтыя залатыя рэчы. Даражэй за золата цаніліся ў Маскве ежа, асабліва гарэлка, якой ратаваліся ад цынгі. Новая спроба Хадкевіча зняць аблогу не прынесла перамогі. Маскавіты заселі ва ўмацаваннях і выбіць іх адтуль без гармат і шматлікай пяхоты было немагчыма. Масква заставалася ў аблозе. Калі не зброяй, дык дыпламатыяй Хадкевіч паспрабаваў дамагчыся перамогі. Сваім саюзнікам ён выбраў Івана Заруцкага. Пасрэднікам у перамовах гетман паслаў шляхціца Барыслаўскага. Каб не выклікаць падазрэнняў у маскавітаў, Барыслаўскі заявіў, што ён незадаволены гетманам і хоча служыць маскавітам. Яму паверылі. Інтрыгу выкрыў перабежчык паляк Хмялеўскі, які паведаміў, што Барыслаўскі вядзе перамовы з Заруцкім. Барыслаўскага палілі агнём, але ён мужна вытрымаў катаванні і памёр, не выдаўшы тайны. Аднак напужаны Заруцкі падняў сваіх казакоў і павёў іх на Каломну, дзе жыла з сынам Іванам Марына Мнішак. Узяўшы «царыцу», Заруцкі разграміў горад і рушыў спусташаць Разанскую зямлю.
        
        Простая ісціна
        Да сталіцы падыходзіла апалчэнне Дзмітрыя Пажарскага. Хадкевіч знаходзіўся ў Вязьме, дзе чакаў абяцаных каралём пасілкаў. І расчараваўся. Жыгімонт прыслаў тысячу немцаў. Прыйшлі і 8 тысяч запарожскіх казакоў.
        «Увесь цяжар нашай Літве дастанецца. Тое сам пан Бог бачыць і нічога ад казакоў не маем, бо яны кроў праліваюць і цэрквы плюндраваць будуць, а справу гэтую можна было без крыві справіць», – прызнаваўся Хадкевіч[55]. Справядлівы дакор Хадкевіча каралю: «Толькі абяцаннямі цешылі мяне»[56]. Усяго Хадкевіч меў каля 12 тысяч чалавек супраць 30-тысячнага апалчэння Пажарскага. Не багата, каб на роўных біцца з ворагам. «Але як чалавек мужнага сэрца»[57] (так адазваўся пра Хадкевіча Язэп Будзіла – В.Ч.), гетман выступіў да Масквы, каб дапамагчы абложаным і даставіць ім прадукты.
        На адзін дзень апярэдзілі апалчэнцы Пажарскага гетмана і 30 жніўня падступілі да сталіцы і пакляліся «стаяць пад Масквою і пакутаваць усім і біцца да смерці»[58]. Вось як апісаў гэты бой Язэп Будзіла: «Гетман, натхнёны мужнасцю, загадаў усёй невялікай конніцы атакаваць маскавітаў. Сілы былі няроўнымі, таму што ў гетмана было мала конніцы, а маскоўскай – некалькі дзесяткаў тысяч. Нашы зламалі вялікасць маскоўскіх людзей і загналі іх у рэчку Маскву, аж яны вымушаны былі скакаць з берагоў у ваду: іншыя з іх беглі са свайго лагера, іншыя ледзь трымаліся ў лагеры. Нашы, гонячы іх, урываліся ў самыя лагеры і білі іх стрэламі. Абложныя, жадаючы падзяліць маскоўскае войска, учынілі вылазку супраць Алексееўскай вежы і супраць Чартольскай брамы, але маскавіты, маючы шмат стральцоў, добра ўмацавалі гэтае месца і адбілі абложных з немалымі стратамі для гэтых няшчасных. Маскавіты, наеўшыся хлеба, былі мацнейшымі за нашых, якія хісталіся ад ветру. Толькі шляхетная годнасць павяла іх на вылазку, каб паказаць свайму правадыру гетману і свайму пану каралю, што для дабра айчыны яны заўсёды гатовы памерці. Пасля гетман, убачыўшы, што нічога не можа без асобнай падрыхтоўкі ўчыніць маскавітам у іх лагерах, адвёў войска да абозу, які паклаў за рэчкай Масквой, пад Дзявочым манастыром»[59]. Паводле маскоўскіх крыніц, вынік бою вырашыў флангавы ўдар пяцісот дваранскіх вершнікаў, якіх Пажарскі адаслаў у падтрымку князю Трубяцкому. Пакуль апалчэнцы Пажарскага змагаліся, Трубяцкой бяздзейнічаў. Дваране не сцярпелі такой ганьбы, насуперак загадам князя пераправіліся цераз раку і ўдарылі войску Хадкевіча ў фланг. Услед рванулі і чатыры сотні казакоў. Хадкевіч вымушаны быў адступіць. Аднак уначы ён адправіў у горад абоз. Маскавіты выкрылі гэты рух і ў сутычцы захапілі амаль усе вазы. Няўдача не засмуціла гетмана. Ён шукаў шляхі да перамогі. Наступным днём 2 верасня Хадкевіч перавёў войска на другі бераг Масквы-ракі, дзе маскавіты мелі толькі два ўмацаваныя астрогі. Актыўна садзейнічалі манеўру гетмана абложаныя. Смелай вылазкай яны ўзялі адно з варожых умацаванняў і заселі там. Рашучы бой адбыўся 3 верасня. Становішча вымагала падзяліць войска на дзве часткі – адна супрацьстаяла Пажарскаму, а другая – Трубяцкому. На досвітку Хадкевіч напаў на маскавітаў. Да ўсходу сонца апалчэнцы Пажарскага стрымлівалі наступ і не стрымалі. Пакінуўшы поле сечы, яны пабеглі да рэчкі. Сам Пажарскі таксама ратаваўся ўцёкамі на другі бераг Масквы. І цяпер ён, апусціўшы рукі, глядзеў, як Хадкевіч уводзіў у горад абоз. Наперадзе ішла другая частка войска, якая гнала са свайго шляху казакоў Трубяцкога. Не спыніў гетманскіх ваяроў і астрог, які адстрэльваўся з дзвюх гарматаў. Гетман загадаў вершнікам спешыцца і дапамагчы драбам выбіць маскавітаў з умацавання. Пры першай жа атацы яны разбегліся хто куды. Быў узяты яшчэ адзін астрог. Гэтак Хадкевіч набліжаўся да крамля. Усю дарогу пераразалі равы, завалы і ямы.
        Між тым Пажарскі, страціўшы надзею на сваю зброю, звярнуўся да святара Аўрама Паліцына, вядомага патрыятычнымі заклікамі. Святар адправіўся ў казацкі лагер і ўбачыў, што казакі з запалам рэзаліся ў зернь і пілі. Божым імем Паліцын умаляў іх пастаяць за «праваслаўную веру». І п’яная, разгарачоная купа з гіканнем пераправілася цераз раку. Апалчэнцы Пажарскага ажывіліся і таксама пайшлі ў бой і вярнулі адзін з астрогаў. Пяхота залягла па ямах і садах, ахоўваючы дарогу да крамля. Так і мінуў дзень. Ужо поцемкі пакрывалі зямлю, а пераможца так і не вызначыўся. Хадкевіч не прабіўся ў крэмль, але і Пажарскі не адбіў яго ад горада. Усталявалася хісткая раўнавага і перамогу вырваў бы той, хто меў свежыя сілы.
        Мінін выпрасіў у Пажарскага, які ўжо не спадзяваўся на поспех, тры сотні вершнікаў і павёў іх на дзве роты Хадкевіча, што стаялі асобна ад галоўнага войска. Ліцьвіны адступілі. Натхнёная нечаканай удачай маскоўская пяхота выскачыла са сваіх ямаў і рынулася на непрыяцеля, а ўслед за імі пайшла ў атаку і конніца. Уся шматтысячная раць накінулася на невялічкае войска Хадкевіча. І цяпер ужо маскавіты былі блізкімі да перамогі. Не вытрымай Хадкевіч гэтага ўдару, выпусці ход бітвы з рук, падумай пра сваё ратаванне і воіны пабеглі б. Вось тут ворагі і разграмілі б дазвання ўсё войска. «Гетман, будучы сэрца вялікага, не спалохаўся іх»[60]. Залпы мушкетаў стрымалі атаку маскавітаў і тыя не палезлі ў рукапашную сечу, толькі абстрэльвалі гетманскі стан. І ўсё ж страты ліцьвіны панеслі адчувальныя – 500 забітых. Стала ясна, што ў крэмль не прабіцца. Вельмі памыснай была б у гэты момант дапамога абложаных. Але новы начальнік гарнізона Струсь з-за непрыязнасці да Хадкевіча ўтрымаў іх ад вылазкі. І замест славы водца заслужыў няславу. Хадкевіч загадаў адступаць абозу, а сам з ваярамі засланіў дарогу маскавітам і больш за гадзіну стрымліваў іх. З-за лязгату зброі, грому мушкетаў і гармат людзі не чулі свайго голасу. Вогненныя сполахі праціналі начную цемру і неба чырванела нібы ад зарыва пажараў. Яшчэ ніколі Масква не бачыла такой бойні. Калі абоз выйшаў з поля сечы, дык і Хадкевіч у баявым шыху адступіў. Адступленне, а не ўцёкі. І маскоўскія ваяводы не адважыліся праследаваць яго: «Не бывае на адзін дзень па дзве радасці»[61]. Далей сваіх ямаў маскавіты не выйшлі. На радасцях, што выстаялі, яны ўсю ноч святкавалі «перамогу». А Хадкевіч прыводзіў сваё войска да ладу. У шэрагах засталося 400 вершнікаў. Значныя страты панесла і пяхота. Шмат было параненых. Весці бітву за Маскву не выпадала. Яшчэ два дні Хадкевіч стаяў каля горада, але «пераможцы» так і не ўступілі з ім у бой. І калі б абложаныя не згадзіліся пацярпець яшчэ тры тыдні, пакуль гетман не прывядзе новае войска, ён змагаўся б да апошняга. Гэта быў не той выпадак, калі гераічная смерць прынесла б перамогу. Хадкевіч разважаў цвяроза. Зняць аблогу з Масквы можна толькі дзякуючы вялікаму і свежаму войску. 7 верасня гетман адступіў ад маскоўскай сталіцы. Са слязамі на вачах абложаныя глядзелі са сцен, як адыходзіць гетман. Яшчэ два месяцы яны мужна будуць абараняць Маскву і з гонарам адкажуць Пажарскаму на прапанову здацца: «Ваша мужнасць, як мы гэта добра ведаем і бачым, праяўляецца ў вас у ямах і ў лесе, бо мы бачылі сваімі вачыма, як напалохаў вас гетман Вялікага Княства Літоўскага з малой купкай людзей. Лепш ты, Пажарскі, адпусці сваіх людзей да сахі»[62]. І не перад зброяй саступілі яны, а перад голадам.
        «І калі не стала травы, карэнняў, мышэй, сабак, кошак, здыхліны, то абложаныя з’елі палонных, з’елі памерлых, вырываючы іх з зямлі. Хто каго мог, хто быў здаравейшы за другога, той таго і з’ядаў. За памерлага сваяка або сябра, калі хто другі з’ядаў яго, судзіліся, як аб спадчыне, і даказвалі, што яго з’есці павінен бліжэйшы сваяк... Падчас гэтага жахлівага голаду з’явіліся розныя хваробы, аж нельга было без плачу і жаху глядзець на паміраючага чалавека. Я многа наглядзеўся на такіх. Іншы пажыраў пад сабой зямлю, грыз свае рукі, ногі, сваё цела і горш за ўсё, – жадаў хутчэй памерці і не мог, – грыз камень або цагліну, молячы Бога ператварыць іх у хлеб, але не мог адкусіць. Стогны раздаваліся па ўсёй цвержы, а па-за цвержай – палон і смерць. Цяжкай была гэтая аблога, цяжкае цярпенне!»[63]. Вось прызнанне Язэпа Будзілы, удзельніка трагічнага «маскоўскага сядзення». І дзіўна, гэтыя людзі – абаронцы – у такім стане яшчэ знаходзілі сілы змагацца. Аднойчы яны зрабілі вылазку і выбухнулі падкоп, які вялі маскавіты пад Кітай-горад. Канешне, спадзяваліся яны на Хадкевіча і двойчы пасылалі да яго вестуноў з просьбай як мага хутчэй вярнуцца да Масквы.
        Становішча гетмана таксама было нялёгкім. Пакінулі яго запарожскія казакі, якія напалі на Волагду і выпалілі гэты горад да тла. І хто цяпер застаўся ў войску? Купка стомленых і змучаных воінаў. А Жыгімонт спазняўся з дапамогай. Грошай хапіла толькі на тры тысячы нямецкіх наёмнікаў. Але і яны не праглі спяшацца насуперак зімы ў Масковію. Шляхта адседжвалася па хатах. Нічога не заставалася рабіць, як ісці ў паход з гэтым невялікім і ненадзейным войскам. У Смаленску кароль склікаў сход і ўмаляў тамтэйшых воінаў следаваць за ім. Настроеныя Патоцкім супраць Хадкевіча яны адмовіліся. Сумны кароль адправіўся з Смаленска ні з чым. Перад брамай раптам сарваліся завесы і ўпалі на дарогу. Жыгімонт мусіў выязджаць з горада праз другую браму. Настрой канчаткова сапсаваўся. Гэтак з-за чорнай зайздрасці аднаго маскоўскі гарнізон быў выдадзены на загубу. У сваёй грамаце Жыгімонт суцяшаў абложаных надзеямі атрымаць належную ўзнагароду за свае подзвігі. Толькі час ужо быў безнадзейна загублены. Кароль спазніўся. Сіл абараняць Маскву ў воінаў ужо не хапала. Надзеі на выратаванне змяніліся адчаем.
        Хадкевіч паспрабаваў яшчэ раз прарвацца ў горад з абозам прадуктаў. І ён, убачыўшы, што не прабіцца праз шчыльныя шэрагі маскавітаў, якіх назбіралася за сто тысяч, адышоў ад горада. У Вязьме гетман застаў Жыгімонта і Ўладзіслава. Хадкевіч горача прасіў караля спяшацца да Масквы. Жыгімонт паслухаўся яго і павёў войска на сталіцу Масковіі. Але было ўжо позна: «Калі нас, няшчасных абложаных, з усіх бакоў акружыла няшчасце, калі мы не маглі атрымаць ніякай дапамогі ад караля – нашага пана, калі кола нашага шчасця ўпала і наступіў сумны канец нашых справаў, так шчасліва намі пачатых, і падтрыманы доўгі час нашай крывёю, здароўем і стратамі, калі сілы нашы скончыліся, наша прырода адмовілася служыць, тады мы, ледзь жывыя, з вялікім жалем і плачам, узяўшы ў сведкі Бога, што мы не павінны ні ў чым перад дзяржавай і айчынай, трымалі сталіцу да тых часоў, пакуль нам хапала сродкаў», – прызнаваўся ў сваім дыярушы Будзіла[64]. Так, абаронцы Масквы падалі з ног ад знямогі і голаду. І яны здаліся. Маскавіты далі прысягу, што захаваюць ім жыццё і будуць адносіцца да іх з годнасцю. 7 лістапада абаронцы выйшлі з крамля і Кітай-горада. Пажарскі заняў Маскву. Насуперак прысязе маскавіты перабілі амаль усіх палонных, а тых, над кім злітаваліся, засадзілі ў вязніцы.
        Аб падзенні Масквы кароль даведаўся каля Волака. Ён адправіў да сталіцы пасольства. Але маскавіты не хацелі слухаць каралеўскіх паслоў, аблаялі іх і выправадзілі назад. Ніхто не прыязджаў у каралеўскі стан вітаць і кланяцца цару Ўладзіславу, ні адзін горад не адчыняў перад ім браму, а сталіцу ўзяў Дзмітрый Пажарскі. Вось і Волак упарта абараняўся. Нарэшце, калі ўдарылі маразы і пачаў насядаць голад, кароль павярнуў войска назад. Бясслаўным уходам Жыгімонта з Масковіі закончылася «смутное время». Усе спробы караля праз самазванцаў, а пасля і праз выбранага баярамі цара Ўладзіслава стаць фактычным уладаром Масковіі праваліліся. Колькі крыві пралілося з-за гэтай трагічнай вайны, колькі загінула людзей! Краіна выстаяла, але былі разбураны і спустошаны багацейшыя гарады. Спалены сотні сёлаў. Трагізм заключаўся ў тым, што абодва бакі лічылі сябе правымі. Маскоўскія апалчэнцы ішлі ў бой з упэўненасцю, што абараняюць сваю айчыну ад іншаземных заваёўнікаў, якія няпраўдай завалодалі Масквой. А староннікі Ўладзіслава шчыра думалі, што змагаюцца за законна выбранага цара, якому ўся Масковія цалавала крыж, успрымалі апалчэнцаў як здраднікаў і віноўнікаў кровапраліцця. І хаця ў студзені 1613 года пасля доўгіх спрэчак групка баяр і дваран выбралі царом Міхайлу Раманава, Уладзіслаў па-ранейшаму лічыў сябе царом Масковіі. А значыць, засталася прычына для новай барацьбы за царскі вянец, цяпер ужо паміж Раманавым і Вазай. Канечне, Хадкевіч не лічыў сябе заваёўнікам, прыйшоў ён у Маскву на чале войска, каб вызваліць яе ад царовых здраднікаў. Як бы ні ўсхвалялі расейскія гісторыкі вызваленне Масквы ад «польскіх акупантаў» (чамусьці звычайна забываюцца ліцьвіны), але факт застаецца фактам: «Уся зямля здрадзіла Ўладзіславу, паўстала супраць яго», – гэтак характарызавалі дзеі апалчэнцаў тыя, хто верна служылі цару[65]. Кожны млын на сваё кола воду цягне. Так і ў гісторыі: цар са сваіх – лепшы за цара з чужых. Паводле гэтага няхітрага пераканання, можна першага назваць законным, а другога ўзурпатарам, апраўдаць першага і зганьбіць другога і адпаведна падзяліць іх паплечнікаў на герояў-вызваліцеляў і на ворагаў-заваёўнікаў. А справа ў тым, што ва ўсёй гэтай падзеі ні герояў-вызваліцеляў ні ворагаў-заваёўнікаў не было, а былі два лагеры, якія змагаліся за свайго цара. Гэта аб’ектыўна, а суб’ектыўна, дык кожны мае права вызначыць, хто тут герой, а хто заслугоўвае іншага слова. Аб’ектыўна і тое, што абедзве дзяржавы баранілі ў гэтай вайне свае інтарэсы.
        Адносна ролі Яна Кароля Хадкевіча можна і нагадаць ягоныя заслугі і знайсці прычыны ягонай няўдачы, але для гісторыі важна перш за ўсё пацвярджэнне гістарычнай ісціны: якім бы ні быў таленавітым водца, якімі б ні былі вялікімі ягоныя воіны, але калі падняўся супраць яго народ, дык і перамогі стануць паразай. Народ нельга перамагчы. Сумна, што гэтую ісціну давялося праверыць на справе Яну Хадкевічу. Відаць, было наканавана яму Богам спазнаць нямала ў жыцці, загартаваць сваю мужнасць, навучыцца пераносіць і няўдачы, убачыць чорнае і белае. Чалавек, якому наканавана будзе выратаваць Эўропу ад нашэсця мусульманскага воінства, павінен падняцца да велічы свайго наканавання.
        
        Паход па царскі вянец
        Ян Хадкевіч прызнаваўся ў лісте да Жыгімонта: «У мяне па праўдзе і сілы спрацаваны, і здароўе сапсавана, на закат ідзе і да спакою цягне. Служыў досыць працавіта Вашай каралеўскай мосці і Рэчы Паспалітай ад росквіту маладосці маёй: рэшту майго веку рад быў бы прысвяціць сабе. Ужо з апоўдні да вечара паказвае мне компас: доўга мяне поле, доўга зброя трымала, час пры коміне адпачываць»[66]. Хто іншы можа і сапраўды лёг спачываць на лаўрах, але вось не Хадкевіч. Не апускаць жа рукі? «Для таго Бог даў запавет свой, каб мы, выбіваючыся з сіл, не ўсякаму верылі шчасцю, супраціўныя лёсу горасці намаганнем пераносілі», – гэтак лічыў гетман[67]. І не мог ён шукаць сабе спакою і адпачынку, калі бачыў заняпад славы Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. А таму як гарачы патрыёт Хадкевіч цвёрда вырашыў: «Не хачу быць удзельнікам заняпаду Рэчы Паспалітай. Бог не пакіне без помсты таго, хто гэтаму спрыяе»[68].
        І не дадому вярнуўся Хадкевіч, а застаўся ў Смаленску.
        Гетман узначаліў абарону ўсходніх межаў Літвы. Ён прасіў Жыгімонта мірным пагадненнем з Масковіяй паспрыяць дабру Рэчы Паспалітай. Але справа гэта вымагала часу. Хадкевіч па сваёй ініцыятыве вёў перамовы «о добрых делах и о покою крепком и непарушном» з маскоўскімі баярамі Іванам Хаванскім, Міронам Вельямінавым і Барысам Лыкавым-Абаленскім. Аднак паслам Хадкевіча яны ўсяляк паказвалі «неприязнь, нелюдность, грубость и невдячность свою против моее доброчинности и ушанования»[69]. Хадкевіч не мог адказаць на беззаконне безаконнем – іншае выхаванне. «Возможно б и мне такме твои (Лыкава-Абаленскага) грубые поступки против таким же обычаем посланцом твоим отдати: нижли отечество мое и звычай рыцарского дела того мне забороняют»[70]. Перамовы не прынеслі міру. Маскоўскія палкі нападалі на ваколіцы Віцебска, Воршы і Дуброўны, і як пісаў баярам Ян Кароль: «кровь проливают, полон берут и много кривды чинят»[71]. Толькі сумная акалічнасць і прывяла Хадкевіча дадому. Памёр ягоны пятнаццацігадовы сын «наймілейшы Гаранімка». Марыў, што вырасце сын рыцарскім чалавекам і навучаў яго, «каб пана Бога любіў, набажэнства не забываў, пані маці сваёй служыў, навук пільнаваў, і не забываў і на працу, дбаў пра час і звяртаў яго на такі пажытак, які на хвалу Божую і на дабро Айчыны паслужыў бы»[72].
        І вось не стала сына. Хадкевіч цяжка перажываў гэтую страту і знаходзіў палёгку ў малітвах і багачынных ахвяраваннях. За свой кошт пабудаваў гетман у Крозах езуіцкі калегіум са школкамі для адукацыі шляхецкай моладзі. Сярод настаўнікаў выкладаў там таленавіты паэт-лацініст Мацей Сарбеўскі, які прысвяціў свайму апекуну не адзін твор.
        Як бы ні балела душа, але не забываўся Хадкевіч пра свой гетманскі абавязак – абараняць айчыну. Так і не заключыла Рэч Паспалітая з Масковіяй мір. Пасрэднікам у перамовах выступіў імператар Мацей Габсбург, накіраваўшы да новага цара Міхайлы Раманава пасла Мацея Гендэ. Цар патрабаваў Смаленскую зямлю і ў якасці кампенсацыі – мільён сто тысяч злотых. На гэтым гаворка з ім і скончылася. Але цар вырашыў размаўляць зброяй. У жніўні 1615 года пушыў войска на Смаленск і аблажыў яго. Горад пасля ўходу польскіх жаўнераў з-за нявыплаты жалавання застаўся без войска, толькі мясцовая шляхта і гарадское апалчэнне сустрэлі ворага. Кароль паслаў да гетмана некалькі польскіх аддзелаў, але яны бавілі час на Падляшшы. А час «варты золата» і Хадкевіч паспяшыў да Смаленска. Ужыў ён вайсковую хітрасць – схаваў у засаду частку войска, а з другой стаў насупраць маскавітаў. Пасланыя Хадкевічам вестуны паведамілі, што гетман не хоча біцца з такім вялікім войскам. І сапраўды ліцьвіны пачалі адыходзіць з поля. Вось ён зручны момант ударыць ворага ў спіну і разграміць яго дазвання. Маскавіты кінуліся здабываць сабе славу. Баявы шых распаўся. І раптам ліцьвіны развярнуліся ім насустрач. У фланг маскавітаў ударылі з засады харугвы. Вораг пабег. Гэтым скарыстаўся варшанскі староста Аляксандар Сапега і пернаўскі староста Кішка, якія са сваімі аддзеламі напалі на маскоўскі табар і ўвялі адтуль усю жыўнасць у горад. Хаця маскавіты не былі прагнаны з-пад Смаленска, але апынуліся ў складаным становішчы. Супраць голаду не паваюеш. А пакінуты Хадкевічам кіраваць войскам Аляксандар Гасеўскі ўвесь час трывожыў непрыяцеля. Усю зіму і мерзлі пад Смаленскам маскоўскія воіны, галодныя і змардаваныя нападамі ліцьвінаў, і нарэшце не вытрымалі – убраліся прэч. Болей Міхайла Раманаў не лез на Смаленск. Вайсковыя сілы Масковіі былі кінуты на вайну са Швецыяй на вызваленне Ноўгарада. Гэтым і вырашыў скарыстацца ўрад Рэчы Паспалітай. На сойме ў 1616 годзе была ўхвалена вайна супраць Масковіі з мэтай вярнуць царскі вянец каралевічу Ўладзіславу. Войска ўзначаліў Ян Кароль Хадкевіч. Жыгімонт спадзяваўся на ягоны вайсковы талент і вопыт. Адзначаючы заслугі гетмана, кароль пасля смерці Мікалая Сіроткі аддаў Хадкевічу пасаду віленскага ваяводы і такім чынам той стаў першым дыгнітарыем Вялікага Княства Літоўскага. Але па-ранейшаму галоўнай дзейнасцю Хадкевіча засталася служба на Марсавым полі. Вось і цяпер ён павінен быў адправіцца ў паход на Маскву. Трэба адразу адзначыць, што паход не прынёс жаданага выніку. Уладзіслаў яўна пераацаніў свае шанцы на маскоўскі пасад, бо пэўна лічыў, што варта яму з’явіцца ў Масковію і народ прыме яго за цара. Пасольствы некаторых маскоўскіх баяр на чале з князем Трубяцкім прывезлі лісты нібыта ад маскоўскіх станаў з запрашэннем яго на царства. Гэтыя лісты надалі ўпэўненасці Ўладзіславу ў сваім перакананні. Пэўна, таму і войска сабраў ён невялікае, але палову яго давялося выслаць на паўднёвыя межы Рэчы Паспалітай супраць туркаў і засталося толькі чатыры тысячы чалавек. Турэцкая пагроза прымусіла Ўладзіслава ўсё лета знаходзіцца на Валыні. Зручны час для паходу быў страчаны, і Ўладзіслаў выступіў у пачатку восені. Ужо адразу ён спазнаў расчараванне. Маскавіты сустракалі яго не хлебам-соллю, а зброяй. Пасольства з граматамі да баяр і ўсіх станаў далей Вязьмы не пусцілі. А першы горад на шляху да Масквы Дарагабуж не адчыніў брамы. Уладзіслава прымалі як заваёўніка. Замест трыумфу яго чакалі цяжкія баі. Не падрыхтаваны да такога павароту падзей, Уладзіслаў выпусціў ініцыятыву з рук. Правіў паходам Ян Кароль Хадкевіч. Баявы водца быў уцягнуты ў вір інтрыг, якія з-за зайздрасці чынілі супраць яго Ўладзіслававы прыбліжаныя. Польскія жаўнеры адмаўляліся падначальвацца ліцьвінскаму гетману, а ўсё войска патрабавала платы. Хадкевіч зноў апынуўся паміж двух агнёў. Трэба было ваяваць з ворагам і адначасова змагацца са сваімі нядобразычліўцамі і незадаволенымі воінамі, яшчэ і хвароба некалькі разоў валіла гетмана з ног. Аднак вечны воін Марсавага поля, здавалася, не ведаў стомы, не палохаўся ворага і вёў сваё войска да перамогі. Вось і Дарагабуж пасля нядоўгай аблогі 11 кастрычніка 1617 года здаўся. Святары з абразамі выйшлі насустрач Уладзіславу, а месцічы прывіталі яго хлебам і соллю. Расчулены Ўладзіслаў аж пацалаваў паднесеныя яму праваслаўныя абразы. Восемсот дарагабужскіх стральцоў паступілі на службу да Ўладзіслава. Астатнія дзве сотні ён адпусціў з мірам, даўшы на дарогу па два чырвонцы. Поспех натхніў Уладзіслава да дзеяння. Насуперак парадам Хадкевіча, які прапанаваў перазімаваць у Дарагабужы, запасціся прадуктамі і дачакацца каралеўскага жалавання, «цар» вырашыў ісці на Маскву. Тут яшчэ прыбылі пасланцы з Вязьмы і перадалі, што месцічы, памятаючы сваю клятву Ўладзіславу, паддаюцца пад ягоную ўладу. Войска рушыла пад Вязьму і 24 кастрычніка Ўладзіслаў урачыста ўехаў у горад. У Вязьме Ўладзіслава застала зіма.
        З усіх куткоў Масковіі, нават з далёкай Астрахані, паспешліва збіраліся сілы для адпору 4-тысячнаму войску Хадкевіча. 7-тысячная раць на чале з князем Дзмітрыем Пажарскім заняла Калугу, а пад Мажайск выступіла 8-тысячная раць ваяводы Лыкава. Жадаючы апярэдзіць таго, Хадкевіч з пяццю харугвамі выступіў пад Мажайск. У горадзе ведалі аб блізкай дапамозе, і таму гарадскія ўлады гатовы былі абараняцца. А сіл для штурму ў Хадкевіча не хапала, ды і аблогу з-за маразоў і недахопу прадуктаў не выпадала весці. Гетман вярнуўся ў Вязьму.
        Зіму Хадкевіч перанёс цяжка – часта хварэў. Псавалі настрой і прэтэнзіі «царскага» дарадцы Марціна Казаноўскага.
        Зайздрасць круціла Казаноўскага. Нашэптаваў каралевічу, каб не даў гетману адабраць у яго славу перамогі, то падбухторваў супраць Хадкевіча польскіх жаўнераў. А то на вачах усіх расхаджваў з гетманскім знакам. Як кажуць: вош не саромеецца на лоб выпаўзці. Угневаны Хадкевіч заявіў каралевічу: «Няхай ваша каралеўская мосць перасцеражэ яго, абы той знак да торбы схаваў, бо яму на лбе яго разаб’ю»[73]. Булаву Казаноўскі схаваў, ды што яму? – хоць бы што. Толькі летам на пачатку ліпеня Ўладзіслаў выступіў на Маскву. Казаноўскі не згаджаўся з гетманскім загадам ісці ў ар’ергардзе «збіраць за другімі падковы». Натуральна, што ён паскардзіўся Ўладзіславу і прасіў перадаць яму пад зверхнасць каралеўскі полк. Гетману надакучыла ўся гэтая непрыстойная валтузня: «Галавы маёй ніхто не дакранецца, хто сваёй не падставіць»[74]. І прыйшоў да Ўладзіслава ў намёт. Дарма што каралевіч, але без пачцівасці заявіў, што калі Ўладзіслаў не перастане падтрымліваць інтрыгі Казаноўскага, дык ён, а за ім ліцьвіны пакінуць войска. Папярэджанне паўплывала на каралевіча, і ён разам з Казаноўскім прызналі зверхнасць і волю гетмана. Аднак зняважаны Ўладзіслаў намовіў гетманскага сакратара, каб ён выкраў дыяруш Якуба Сабескага, у якім незычлівымі словамі апісвалася ягоная асоба. Уладзіслаў адправіў дыяруш да бацькі, маўляў, гетман падбіваў Сабескага на зласлоўе. Жыгімонт нават чытаць не стаў дыяруш і загадаў яго спаліць, а сыну адказаў: «Калі б я хацеў па чужых шкатулках шукаць, што пра мяне хто піша, дык і каралеўства і здароўе страціў бы»[75].
        Услед за інтрыгамі на Хадкевіча звалілася старая бяда – бунт ваяроў. Вярнуўся з сойма канцлер Леў Сапега і вінавата развёў рукамі. Грошай для войска няма, толькі надзеі прывёз. Ваяры, зразумела, абурыліся і са слязамі наракалі на лёс, калі вораг іх не пабіў, дык голад даб’е. Сама нястойкія ад’ехалі дадому. З гетманам засталося не больш за тысячу вершнікаў ды і яны абяцалі служыць да студзеня. І тым не менш трэба было працягваць паход і паспяхова завяршыць яго ў Маскве. Хадкевіч не стаў больш губляць часу на здабыванне Мажайска, вакол якога спынілася войска, а павёў яго прама на Маскву. Падняла баявы дух ваяроў вестка, што на дапамогу ім ідзе дваццаць тысяч запарожскіх казакоў на чале з Пятром Канашэвічам, празваным Сагайдачным. Хадкевіч паслаў водцу казакоў булаву і харугву як знакі ўлады над казацкім войскам і прыняцця на службу Рэчы Паспалітай. Выступ запарожцаў быў справай Льва Сапегі, які прапанаваў ім дапамагчы Ўладзіславу вярнуць царскі вянец. І казакі рушылі з Дняпра, узялі па дарозе Ялец, Ліўны, Калугу і іншыя гарады. Але і ў Маскве падрыхтаваліся да абароны. Прыйшоў у сталіцу з войскам князь Дзмітрый Пажарскі.
        Усё ж Хадкевіч вырашыў штурмам завалодаць Масквой. Спыніўся ён у Тушыне, там, дзе раней стаяў другі Ілжэдзмітрый. Сюды прыйшлі і запарожцы, якія адразу ж раз’ехаліся рабаваць бліжэйшыя гарады і сёлы. Пасля таго як маскоўскія баяры не прынялі граматы аб паслушэнстве, а выпэцкаўшы яе дзёгцем адаслалі назад, стала зразумела, што толькі зброяй можна вярнуць Уладзіславу царскі пасад. Штурм быў назначаны на ноч 11 кастрычніка. Хадкевіч спадзяваўся на раптоўнасць. Але перабежчыкі з нямецкіх наймітаў выкрылі намеры гетмана, і абаронцы горада ўсе да аднаго выйшлі на сцены. Не дзіўна, што начны штурм не атрымаўся. Харугва Навадворскага, узарваўшы браму, уварвалася ў горад. Маскавіты пусціліся наўцёкі і толькі наёмная нямецкая пяхота затрымала іх і пагнала перад сабой у бой. Раніцай маскавіты выбілі харугву з горада. Няўдача напаткала штурмуючых і ў іншых месцах, дзе іх сустрэў вогненны бой гарматаў і мушкетаў.
        Штурм напужаў маскавітаў і яны запрасілі міру. У сяле Дзявуліна каля Троіца-Сергіева манастыра пачаліся перамовы. Ад Рэчы Паспалітай вёў перамовы Леў Сапега. Ліцьвінскі канцлер патрабаваў прызнання Ўладзіслава маскоўскім царом. Маскавіты трымаліся за Міхайлу Раманава. І толькі тады, калі з Варшавы прыйшлі лісты ад Жыгімонта з паведамленнем, што сойм адмовіўся фінансаваць вайну, Уладзіслаў адмовіўся ад свайго патрабавання. 11 студзеня 1618 года ў Дзявуліне было падпісана перамір’е тэрмінам на 14 гадоў. За Рэччу Паспалітай засталіся Смаленская і Чарнігава-Северская землі, а Масковія атрымала назад Падольск, Мажайск, Мянгчэрск і Вязьму. Міхайла Раманаў выракаўся тытулаў Лівонскага, Смаленскага і Чарнігаўскага ўладара. Абодва бакі абменьваліся палоннымі. Несумненна, што гэтая дамова была карыснай Рэчы Паспалітай, якая замацавала за сабой ліцьвінскія і ўкраінскія землі. Так што ўсё ж не дарэмнымі былі намаганні Яна Кароля Хадкевіча, бо менавіта ўзначалены ім паход прымусіў маскавітаў саступіць некалі захопленыя землі Вялікага Княства Літоўскага.
        
        Шчыт хрысціянства
        Пад кіраўніцтвам Яна Кароля Хадкевіча войска Рэчы Паспалітай у 1621 годзе каля замка Хоцін разбіла полчышчы турэцкага султана Асмана ІІ у вайне, «падобнай па памерах, не бачылі і не памятаюць нашы сучаснікі»[76]. Хоцінская перамога стала закатам магутнасці Турэцкай імперыі. Міф пра яе магутнасць развеяўся. Эўропа ўздыхнула з палёгкай. Карны меч Іслама абламаўся аб шчыт Хрысціянства. І гэты шчыт выпала трымаць ліцьвіну Яну Каролю Хадкевічу.«Лёс вырашыў падараваць перамогу старому і вопытнаму ў вайсковай справе Каролю Хадкевічу, ваяводзе віленскаму, гетману вялікаму і дазволіў яму ўтаймаваць маладога дзікага тырана», – гэтак адзначыў апошні подзвіг «вялікага воіна» ягоны сучаснік Якуб Сабескі[77].
        На працягу апошніх стагоддзяў Турэцкая імперыя была адной з мацнейшых дзяржаў як Эўропы, так Азіі і Афрыкі. Уладанні імперыі раскінуліся па трох частках свету. Яшчэ ў сярэдзіне ХІІІ стагоддзя турэцкае племя кайы, ратуючыся ад мангольскага нашэсця, перасялілася з Цэнтральнай у Малую Азію. У гісторыю туркі-кайы ўвайшлі пад імем асманы, так звалі іх султана Асмана – заснавальніка дынастыі турэцкіх уладароў. Паступова, кавалак за кавалкам, асманы адрывалі ад Візантыі землі і пашыралі межы сваёй дзяржавы.
        А напрыканцы ХІV стагоддзя пад іх зброяй палі Балгарыя і Сербія. Цень турэцкага ярма навісла над Эўропай. Крыжацкае войска вугорскага караля Сігізмунда Люксембургскага ў 1396 годзе ў бітве каля Нікопаля (на тэрыторыі Балгарыі) было разбіта асманамі. Бяссільная Эўропа бездапаможна назірала, як Асманская імперыя распраўлялася з Візантыяй. І вось 29 траўня 1453 года чарговая хваля асманскага нашэсця ўварвалася ў Канстанцінопаль. Апошні візантыйскі імператар Канстанцін Палеалог загінуў у баі. Багацейшы горад свету, скарбніца эўрапейскай культуры, стаў ахвярай дзікунства пераможцаў. Канстанцінопаль асманы зрабілі сваёй сталіцай і назвалі яго Істанбул. Неўзабаве і ўся Візантыя скарылася перад асманамі. Эўропа здрыганулася ад жаху і аплаквала смерць тысячы тысяч візантыйскіх хрысціян. Але дапамагчы Візантыі эўрапейскія манархі не захацелі. Турцыя не сустракала праціўніка, які мог бы спыніць яе наступ. Чарговую перамогу асманы святкавалі ў Крыме, дзе крымскі хан уніжана прызнаваў сябе «рабом шахіншаха».
        Дарога для заваёвы Ўсходняй Эўропы была адкрытай. Адно за другім накатваліся на Літву, Польшчу і Масковію спусташальныя набегі крымскіх татараў. Здавалася, прагных да заваёў асманаў не стрымаць. І хаця турэцкая хваля разбілася аб сцены Вены, а турэцкі флот у бітве з гішпанскім флотам у 1571 годзе каля Лепонта і пацярпеў паразу, асманы працягвалі свой наступ. Уся Турцыя ператварылася ў адзін вялікі вайсковы лагер. Краіна жыла вайной. «...Гэтая дзяржава мячом здабыта і толькі мячом можа падтрымлівацца. У нашага прававернага султана зорка высока, мужчыны храбрыя, шаблі вострыя», – пахваляліся туркі[78]. І вострыя шаблі ставілі на калені перад султанам новыя краіны.
        У пачатку ХVІІ стагоддзя Турэцкая імперыя дасягнула вяршыні сваёй магутнасці. Турэцкія султаны прысвоілі сабе тытул Халіфа – намесніка прарока Мухамеда на зямлі, духовага главы ўсіх мусульман-сунітаў. Фанатызм вернікаў служыў султану. Заваёўніцкія войны абвяшчаліся свяшчэннымі войнамі з нявернымі. Хрысціянства адступала перад пагрозлівым мячом іслама. І толькі доўгія і крывавыя войны Турцыі з Персіяй, якія адцягвалі сілы асманаў, ратавалі Эўропу. «Калі туркі ўладкуюць свае адносіны з Персіяй, яны возьмуць нас за горла, абапіраючыся на моц усяго Ўсходу», – гэтак думалі эўрапейцы[79]. Непасрэдная пагроза турэцкай заваёвы перш за ўсё пагражала Рэчы Паспалітай. З падзеннем польска-ліцьвінскай дзяржавы Турцыя б стала гегемонам Эўропы. Ніводная эўрапейская краіна на той час не мела такога вайсковага патэнцыялу, як Асманская імперыя. Польшча і Літва таксама не маглі на роўных супрацьстаяць магутнай імперыі, а таму яшчэ з часоў Казіміра ўладары Кароны і Княства прытрымліваліся міру з султанамі. Гэты мір захоўваўся толькі на паперы. Па волі султана крымскія татары амаль штогод нападалі і на Польшчу, і на Літву. Агнём і мячом спусташаліся мястэчкі і сёлы, тысячы людзей уводзіліся ў палон і на продаж. Чалавек, «які ўвесь час бачыў незлічонае мноства іншых людзей, якіх гналі туды, пытаўся ў нас: ці засталося хоць трохі яшчэ людзей у нашай краіне або іх ужо зусім няма?» – такое ўражанне было ў відавочцаў крымскіх набегаў[80]. Цэлыя вобласці абязлюдзелі пасля татарскіх паходаў. Часта татараў суправаджалі і туркі. Такая паслядоўная тактыка спусташэнняў падрывала моц Польшчы і Літвы. Порта (прынятая ў Эўропе назва ўрада Асманскай імперыі) толькі чакала зручнага часу для заваёвы Рэчы Паспалітай. І вось такі час, на думку султана Асмана і ягоных дарадчыкаў, надышоў. Рэч Паспалітая знясілела ад войнаў і цяпер яе можна без цяжкасцей скарыць. Падставай для вайны паслужыла чарговая авантура польскіх магнатаў, якія хітра і невялікім коштам прагнулі дамагчыся багацця і славы. На гэты раз ужо ў падуладнай султану Малдавіі. Стэфан Патоцкі, сваяк былога малдаўскага гаспадара Ерамея Магілы, захацеў пасадзіць на гаспадарства ягонага сына. Нанятае Патоцкім войска было разбіта асманамі і малдаванамі на берагах ракі Дзежы. Сам водца закончыў жыццё на круку, на які падвесілі яго пераможцы. Ганебны правал авантуры так і не абразуміў паноў. Ужо князь Самуіл Карэцкі пасквапіўся на гаспадарскі пасад. На чале сабраных ім паноў і шляхты Карэцкі паспяхова змагаўся з малдаўскім гаспадаром Томшай, пакуль за справу не ўзяліся асманы. Воінства Карэцкага палягло пад іх зброяй. Карэцкага чакаў лёс папярэдніка. Яго таксама падвесілі за крук. Паразу палякаў успрынялі ў Турцыі як слабасць усёй Рэчы Паспалітай. Вось той час, калі можна скарыць Польшчу і Літву.
        Асабліва прагнуў вайны малады султан Асман ІІ. Уладаром ён стаў, дзякуючы перавароту. У 1618 годзе янычары скінулі султана Мустафу І. «Асман быў чалавекам ганарлівым, жорсткім і няўраўнаважаным; выхаваны сярод ліслівасці прыніжаных рабоў, ён марыў пра заваёву ці не ўсяго свету. Празмерна ганарлівы, ён уяўляў сябе ўладаром усёй прыроды і лічыў, што яго магутнасць і шчасце не ведаюць мяжы», – пісаў пра новага султана Якуб Сабескі[81]. Ваяўнічы дух Асмана распальвалі і ягоныя прыбліжаныя. Сябры дывана (урада) упэўнівалі султана, што ён лёгка заваюе ўсю Рэч Паспалітую. Выгнаны з Малдавіі Томша таксама падбухторваў Асмана да вайны і абяцаў яму верную службу. Схілялі да вайны султана і маскоўскія паслы, якія прапаноўвалі саюз супраць Рэчы Паспалітай і багатымі падарункамі падкуплялі турэцкіх саноўнікаў. Не дзіўна, Асман ніколькі не сумняваўся ў перамозе і пачаў рыхтавацца ў паход. Пасланыя ім орды белгарадскіх і крымскіх татараў пустошылі Валынь і Галіцыю. Вайна пачалася.
        Каб забяспечыць свой тыл, Асман замірыўся з персідскім шахам Абасам. І цяпер ён мог кінуць усе сілы імперыі на Рэч Паспалітую. А там яшчэ не падазравалі пра смяротную пагрозу. Персідскі пасол паведаміў Жыгімонту, што Абас хоча ваяваць з Турцыяй і прасіў даць 12 тысяч казакоў. Кароль і сенат спадзяваліся заключыць мір з Портай і адмовіліся дапамагаць Персіі. Рэч Паспалітая засталася без саюзніка. Неўзабаве давялося пашкадаваць пра адмову. Пасла караля Асман нават не пусціў на парог свайго палаца. Султану не патрэбны быў мір. Вось цяпер стала зразумела, што вайны з Турцыяй не пазбегнуць. Пра будучую вайну даносіў каралю і малдаўскі гаспадар Гаспар Граціані і прапаноўваў сваю дапамогу. Трэба было не губляць часу і апярэдзіць туркаў, каб заняць зручныя пазіцыі ў Малдавіі. Паспешліва сабранае 10-тысячнае войска ўзначаліў каронны канцлер і гетман Станіслаў Жулкеўскі. У сярэдзіне верасня 1620 года ён пераправіўся цераз Днестр і ўступіў у Малдавію. Толькі 17 дзён доўжылася вайна, названая гісторыкамі Цацорскай – крывавая прэлюдыя Хоцінскай бітвы. У сечы каля ўрочышча Цацора асманы і орды татараў разбілі польскае войска. Граціані ўцёк, але не выратаваўся і загінуў. Жулкеўскі не перажыў паразы і рынуўся на татарскія шаблі, каб смерцю пазбавіцца ад ганьбы. Белгарадскі мурза Канцемір адсёк гетману галаву і паслаў яе султану. У палон трапілі польны гетман Станіслаў Канцэпольскі, Ян і Лука Жулкеўскія (сын і братаніч гетмана), галіцкі староста Мікалай Струсь, вініцкі староста Аляксандар Балабан, князь Самуіл Карэцкі, Мартын Патоцкі і амаль усе водцы харугваў. Сапраўдная катастрофа – Польшча засталася без войска. На безабаронную краіну напалі татары, беспакарана спусташалі і рабавалі Падолле і Галіцыю. І толькі набег на Крым запарожскіх казакоў вымусіў заваёўнікаў павярнуць назад.
        Натхнёны лёгкай перамогай над палякамі, Асман прыспяшаў падрыхтоўку да вайны з Рэччу Паспалітай. Мужчыны, без розніцы ўзросту і стану, павінны былі ўдзельнічаць у паходзе. Балгары і малдаване будавалі мост праз Дунай. Перад султанскім палацам лунаў сцяг з конскай грывы – знак таго, што Асман асабіста прыме ўдзел у вайне. З усіх куткоў велізарнай імперыі сабралася ў Стамбуле войска. Султан не зважаў на выдаткі, якія з лішкам спадзяваўся акупіць заваёвай Рэчы Паспалітай. Ён ужо дзяліў яе землі і гарады паміж сваімі пашамі. Праўда, знайшліся і разважлівыя галовы, якія выступалі за мір. Візір Мустафа нават усумніўся ў будучай перамозе. Раззлаваны султан накінуўся на яго з нажом і парэзаў яму руку. Якія сумненні? Асман быў упэўнены ў сваіх сілах.
        «Увесь хрысціянскі свет задрыжаў пры першай вестцы пра знішчальную вайну»[82]. А ў Рэчы Паспалітай гадалі і думалі, як абараніцца ад навалы. Жыгімонт склікаў у Варшаве сойм. Абмяркоўвалі тры важнейшыя пытанні: грошы, войска і выбары водцы. Былі ўстаноўлены надзвычайныя падаткі. Не спрачаліся. Нават Літва без спрэчак прыняла сваю долю падаткаў. Меркавалася сабраць 60-тысячнае войска, абвясціць паспалітае рушэнне і наняць запарожскіх казакоў. А вось хто ўзначаліць войска? На гетманскую булаву прэтэндавалі князь Крыштоф Збаражскі, кіеўскі ваявода Томаш Замойскі, падчашы Станіслаў Любамірскі. Але ўсе разумелі, што лёс дзяржавы можна даверыць чалавеку валявому і моцнаму, вопытнаму і мужнаму, разважліваму і рашучаму, славутымі сваімі дзеямі. Толькі адзін чалавек адпавядаў гэтым патрабаванням і за яго аддалі галасы прадстаўнікі ўсіх станаў Польшчы, Мазовіі, Літвы, Украіны, Прусіі і Лівоніі. Аднагалосна гетманам войска выбралі Яна Кароля Хадкевіча. Памочнікам Хадкевічу выбралі Станіслава Любамірскага, якому перадалі булаву польнага гетмана.
        Вестка аб назначэнні яго гетманам войска застала Хадкевіча на Валыні ў мястэчку Яраслаўі. Тут Ян Кароль справіў вяселле з Ганнай Астрожскай. Першая жонка Хадкевіча «наймілейшая Зосенька» памерла ў 1618 годзе. Ён застаўся без сям’і, адзінокі і хворы. Так і не выпала яму сямейнага шчасця. Усё ж спадзяваўся ён, хоць на збегу веку свайго вярнуць, што забралі ў яго трывожныя паходы, што адняло ў яго нялёгкае жыццё – сям’ю, любоў, спакой і дзяцей. І вось зноў лёс Айчыны даручаны яму. Можна было спаслацца на хваробу і адсядзецца дома. Варта і пра сябе падумаць. Няшмат засталося ў яго сіл, каб ахвяраваць імі. Хадкевіч прымае кіраўніцтва над войскам. І зноў пакінуў свой дом. Сустрэўшыся ў Варшаве з каралём, Ян Кароль адправіўся ў Літву для збору войска.
        Надзеі выставіць 60 тысяч ваяроў неўзабаве растаялі. Скарбніца была пустой, а падаткі паступалі дрэнна, і то іх як маглі раскрадалі. Ды яшчэ пасля таго, як Швецыя парушыла перамір’е і захапіла Дынамюнд і Пернаў, можна было чакаць і ўдару шведаў. Даводзілася трымаць войска ў Лівоніі. Мала суцяшала і паспалітае рушэнне – паны і шляхта не спяшаліся на абарону краіны. Расчаравалі і адказы хрысціянскіх уладароў. Дапамогі Рэчы Паспалітай яны не далі, толькі ветліва выказалі спачуванне высакароднаму дбанню Жыгімонта аб абароне хрысціянства. Папа рымскі абяцаў грашовую падтрымку і траціў грошы на змаганне з імператарам Фердынандам. Войска сабіралася марудна. Жаўнеры беспакарана рабавалі людзей, а то і зусім уцякалі дадому. Не хапала грошай на набыццё гармат і пораху. «То пачатак так ідзе, а што ж далей? – дзяліўся Хадкевіч сваёй трывогай з Львом Сапегам. – Ведае тое мілы Бог, што з намі будзе, калі Яго каралеўская міласць якога сродку іншага не знойдзе, а сваёй галавой не рашу; мне не стрымаць ворага, бо і палову абяцанага войска не буду мець»[83]. Аднак надзеі на караля было мала. Сярод жаўнераў ён не карыстаўся ні любоўю, ні павагай. Гетманы самі ламалі галаву, як сабраць войска. І ўсё ж яно сабралася. Не такое вялікае, як думалі, – 18 950 чалавек. З іх 5450 – драбаў, 6350 – гусараў, 6350 – панцырных вершнікаў і 800 – рэйтараў. Яшчэ 9960 чалавек узначаліў каралевіч Уладзіслаў: гусараў – 1100, панцырных – 600, рэйтараў – 1060, пяхоты – 7200. Пазней да войска далучыўся полк князя Адама Чартарыйскага – 2100 чалавек: гусараў – 180, панцырных – 600, рэйтараў – 300 і пяхоты 1050[84]. Атрымоўвалася 31 010 чалавек. Гэтыя дадзеныя ўзяты з рэестру палкоў. Калі ж улічыць абознікаў і прыслугу паноў, дык войска якраз магло складаць 34 987 чалавек – такую лічбу называў камісар Якуб Сабескі[85]. Цяжка вызначыць нацыянальнае прадстаўніцтва ў войску, бо апроч палякаў і ліцьвінаў у яго наняліся ўкраінцы, немцы, вугорцы, нават армяне і французы. Крыніцы падаюць лічбу нямецкіх воінаў – 9 тысяч і 3 тысячы вугорскіх пешцаў[86]. Літва выставіла каля 11 тысяч воінаў. Полк Хадкевіча – 3700 (сам гетман утрымліваў за свой кошт 600 чалавек), полацкага кашталяна Мікалая Зяновіча – 1800, полк варшанскага старосты Аляксандра Сапегі – 2000, полк князя Адама Чартарыйскага – 2100, полк князя Дамініка Заслаўскага – 600, харугва ў 300 ваяроў князя Аляксандра Радзівіла і 200 чалавек харунжага Пінскага[87]. Такім чынам, конніцы – 8050 і пяхоты – 2650 чалавек.
        Імёны ўсіх ліцьвінаў, што біліся з ворагам пад Хоцінам, не дайшлі да нашага часу. Але паводле крыніц можна назваць водцаў ліцьвінскіх харугваў: дворны маршалак Юрый Заслаўскі, Даменік Заслаўскі, Няміра, браты Багуслаў і Мікалай Зяновічы, ваявода берасцейскі Яўстафій Тышкевіч, Рудамін, Кісель, Зяленка, Багдановіч, Закрэўскі, Сенята, Аляксандар Сапега, ваявода віцебскі Ян Завіша, Корсак, Гулевіч, Смоліна, Пінскі, Аляксандар Радзівіл, Адам і Юрый Чартарыйскія, Кішка, вялікі маршалак Ян Станіслаў Сапега, родны брат Хадкевіча Аляксандар. Большасць прозвішчаў вядомыя ў гісторыі Літвы, вось і нашчадкі з гонарам працягвалі слаўныя традыцыі дзядоў.
        Польскае войска прадстаўлялі, апроч палякаў, вугорцы і ўкраінцы, і налічвала яно каля 11 тысяч чалавек. Такім чынам, усе народы, якія ўваходзілі ў Рэч Паспалітую, ахвяравалі не толькі грошы, але і сваіх адважных сыноў на яе абарону. Вельмі патрэбна была б дапамога ваяўнічых запарожскіх казакоў, якія мелі багаты вопыт войнаў з туркамі. Аднак казакі, якія ўсе да аднаго ўступілі ў Кіеўскае праваслаўнае брацтва, не любілі караля за ўціск праваслаўя, а польскую шляхту і паноў проста ненавідзелі і лічылі за сваіх ворагаў. Жыгімонт дзейнічаў праз патрыярха Феафана, якога шанавалі казакі, да яго паслаў свайго сакратара Абалхоўскага. Феафан звярнуўся да казакоў з лістом, заклікаючы дапамагчы каралю. Казацкая рада вырашыла выступіць на агульнага ворага славян і ўсяго хрысціянства. Сам мітрапаліт Іова Барэцкі заклікаў да вайны з «басурманамі». За вайну выказаўся і казацкі гетман Пётр Канашэвіч.
        Рада адправіла да караля пасольства на чале з Канашэвічам з просьбай адмяніць універсалы, выдадзеныя супраць праваслаўнай царквы. Каралю нічога не засталося рабіць, як згадзіцца на гэта. І казакі, хуткія на зборы, падняліся ў паход. Казацкае войска ўражвала – 48 тысяч закалёных у баях ваяроў[88]. Якуб Сабескі называе лічбу – 30 тысяч[89]. Хаця самі казакі вызначылі колькасць свайго войска куды меншую – 3 тысячы чалавек[90]. Наколькі гэтая лічба адпавядае ісціне – цяжка меркаваць, але яна прыведзена ў рукапісным казацкім летапісе, аўтар якой удзельнічаў у паходзе і, зразумела, не быў зацікаўлены змяншаць заслугі запарожцаў.
        Можна сцвярджаць, што Хоцінская бітва – гэта бітва народаў. З аднаго боку, як бачым, ліцьвіны, украінцы, палякі, немцы, вугорцы, армяне, жамойты, а з другога: туркі, арабы, негры, татары, грэкі, сербы, валахі, малдаване, егіпцяне, балгары, албанцы і іншыя падуладныя султану народы.
        Войска Турцыі ў шмат разоў пераўзыходзіла па колькасці войска Рэчы Паспалітай. Паводле звестак Юрыя Вароцкага, які ўцёк з турэцкай няволі, Асман меў пад зброяй 75 тысяч туркаў, 30 тысяч арабаў, 17 тысяч грэкаў, армянаў, сербаў, балгараў, 10 тысяч янычараў, а таксама 260 гармат[91]. Паводле дадзеных турэцкіх крыніц, султан меў 200 тысяч свайго войска ды яшчэ 50-тысячную арду крымскіх татараў і 7-тысячную арду нагайцаў[92]. Аднак можна дапусціць, што турэцкія летапісцы зменшылі колькасць султанскага войска. Гэтак удзельнік Хоцінскай вайны армянін Аўксент Камянецкі сведчыць, што пад Хоцінам асманскае войска налічвала 460 000 чалавек[93]. Француз Гільём Баплан увогуле называе лічбу ў 600 000 чалавек, што яўна выглядае перабольшаннем[93а]. Калі ўсё ж узяць за падставу турэцкія дадзеныя, дык на Рэч Паспалітую рушыла 257 000 варожых воінаў. А гэта магутнейшае войска, «якога ніхто больш вялікага не меў», – як адзначаў Хадкевіч[94]. Калі ж улічыць, што да гэтага войска пад Хоцін увесь час падыходзілі папаўненні, дык яно намнога перавышала прыведзеную туркамі лічбу. Можна гаварыць пра 300 000-400 000-тысячнае турэцкае войска. У абозе было 6000 вярблюдаў, якія везлі зброю і прадукты, нават чатырох сланоў вёў султан для запалохвання непрыяцеля. Галоўную сілу войска складала султанская гвардыя янычараў. Сюды султаны набіралі хлопчыкаў з хрысціянскіх народаў і з маленства выхоўвалі з іх верных воінаў ісламу. Конніцу складалі сіпахі – таксама рэгулярнае прафесійнае войска. Аднак пераважная частка турэцкіх воінаў была дрэнна ўзброенай і не карысталася даспехамі, што рабіла іх у баі безабароннымі перад вогненным нарадам і атакамі панцырнай конніцы.
        У паход Асман выступіў 29 красавіка 1621 года з лагера пад Стамбулам. Шматлюдныя калоны, якія рухаліся па дарозе, натхнялі самалюбства маладога султана. Ён уяўляў сябе паслядоўнікам славутага султана Сулеймана і падражаў яму ў ганарлівасці і жорсткасці. Перад войскам султан з’яўляўся, апрануўшы Сулейманаў панцыр. Верачы ў перамогу, Асман ужо пачуваў сябе ўладаром свету. І аслеплены верай у сваю бязмежную магутнасць, султан забыўся, што лёс людзей вельмі пераменлівы і любая недарэчнасць можа стаць ракавой. Так, аднойчы Асман ледзь не развітаўся з жыццём. Нечакана з-пад моста, праз які султан пераязджаў адну з рэчак, выскачыла чатыры дэрвішы. Яны схаваліся там з надзеяй сустрэцца з султанам і выкленчыць у яго міластыню. Ад крыкаў абрадаваных і галодных дэрвішаў султанскі конь спудзіўся і ўзняўся на дыбкі. Будучы ўладар свету не ўтрымаўся ў сядле і кулем зваліўся на зямлю, добра пабіўшыся. Разгневаны Асман загадаў адсячы дэрвішам галовы. Каля Адрыаполя султан агледзеў войска. Воіны пацешылі ўладара стральбой з лукаў і мушкетаў. Султан застаўся задаволеным і шчодра ўзнагародзіў тых, хто вызначыўся. Усе кволыя замяняліся моцнымі, усе старыя – маладымі.
        Праз Балканы турэцкае войска напрыканцы чэрвеня выйшла да Дуная. Дарога праз горы была цяжкай. Людзі і жывёла выбіваліся з сіл. Але султан упарта гнаў войска наперад. Мост цераз Дунай балгары і малдаване не закончылі своечасова. Султан прыняўся муштраваць войска манеўрамі і забаўляўся стральбой з лука ў палонных. А то загадваў закопваць іх жывымі ў зямлю, таптаць сланамі, разрываць на часткі. Сама нізкія і звярыныя інстынкты абуджаў водца ў сваіх ваяроў перад тым, як спусціць іх з ланцуга. Толькі «перамогу і здабычу» абяцаў ён ім.
        Нарэшце ў пачатку ліпеня мост цераз Дунай пабудавалі і Асман пераправіўся на другі бераг. Памятную падзею ён увекавечыў мармуровым слупам.
        Яшчэ можна было павярнуць назад. І галоўны муфцій паслаў да султана сама шаноўнага дэрвіша. Той адгаворваў Асмана ад вайны і прадвяшчаў, што ён страціць панства, а меч яго стане бяссільным. Султан у насмешку над дэрвішам праверыў сілу мяча на ягоным карку. Адсек таму галаву. Напужаны муфцій, прыкінуўшыся хворым, уцёк у Стамбул. Але і там цяпер было ненадзейна. Запарожцы на лёгкіх лодках «чайках» перасяклі мора і палілі прадмесці турэцкай сталіцы. Чорны дым пажараў стаяў над горадам. Візіры і ўлемы ўмалялі султана вяртацца ў Турцыю. Але султан вёў сваю незлічоную раць па перамогу.
        
        Хоцінская вайна
        Перад выправай у свой апошні паход Хадкевіч прысвяціў сябе дабрачыннасці. На свой кошт ён прафундаваў будаўніцтва двух касцёлаў – адзін у Крозах, а другі Святой Марыі ў Нясвіжы. Так з Богам у сэрцы гетман ішоў на абарону Айчыны і хрысціянскага свету ад варожага нашэсця. Развітаўся Хадкевіч з маладой жонкай у Астрозе. Больш ужо не ўбачыць ён каханую. І павёў ліцьвінскае войска на злучэнне з польскім. Палякі стаялі на беразе ракі Збруч каля мястэчка Скала. Любамірскі высылаў віжаў, каб даведацца пра ворага, і ўмацоўваў цвержы на Днястры. Сюды ў лагер прыехаў пасол малдаўскага ваяводы Аляксандра і Гусейн-пашы Канстанцін Вавелі з мірнай прапановай.
        16 ліпеня Хадкевіч прыбыў у лагер.
        Польскае войска расчаравала гетмана. У лісце да Льва Сапегі ён наракаў: «На каронныя роты слабая надзея, бо яны не ўсе конныя і ў рыштунках неўкамплектаваныя, а таму не могуць разам чыніць з літоўскімі, хоць Літва раней выйшла. Не маю чаго палякаў сароміць: Літва адна ўсім ім пакажа»[95]*. Войска было падзелена на дзесяць палкоў: першы старосты ліпніцкага Баратынскага – 850 чалавек, другі падкаморага белзскага Лясняўскага – 1000 чалавек, трэці Любамірскага – 3450 чалавек, чацвёрты самога Хадкевіча – 3700 чалавек, пяты полацкага кашталяна Зяновіча – 1800 чалавек, шосты кароннага крайчага Сяняўскага – 2200 чалавек, сёмы варшанскага старосты Сапегі – 2000, дзевяты белзскага кашталяна Жаравінскага – 1600 чалавек, дзесяты віскага старосты Касаноўскага – 1000 чалавек[96]. Каралевіч са сваім палком затрымаўся ў Львове. Падыходзіў і полк князя Адама Чартарыйскага. Паспалітае рушэнне яшчэ не сабралася. Чакаць астатніх не дазваляў час. Вораг набліжаўся да межаў Рэчы Паспалітай. Калі Хадкевічу паведамілі пра незлічоную колькасць туркаў, ён, выхапіўшы з похваў шаблю, крыкнуў: «Так іх палічу». А пачуўшы пра ваяўнічасць Асмана, па-беларуску адказаў: «Сярдзіты сабака ваўкам страва»[97]. З-за марудлівасці войска так і не апярэдзіла турак на Дунаі, як гэта меркавалася. Цяпер перад Хадкевічам паўстала пытанне, дзе сустрэць ворага? Ці пераходзіць Днестр і на Малдаўскім беразе весці вайну, ці заставацца на сваім беразе і не даць Асману пераправіцца цераз раку. Другі варыянт быў выгадным – за Хадкевічам заставалася сувязь з унутранымі абласцямі дзяржавы, адкуль паступалі падмацаванні і прадукты, пашы давалі пракорм жывёле. Але першы варыянт меў шэраг пераваг. Мясціны за Днястром больш падыходзілі для вайсковых дзеяў, рака абараняла тыл войска.
        * Увогуле, Ян Кароль Хадкевіч непрыязна ставіўся да палякаў. «Даўно палякі дамагаюцца, абы нас, усе вялікія і паважаныя фаміліі ў Літве, прывесці да знішчэння і самім паводле сваёй думкі кіраваць Літвой», – пісаў ён у адным з лістоў. Wisner H. Najjasniejsza. Rzeczpospolita. Warszawa. 1978. S.17.
        Рашучым довадам на карысць пераходу Днястра паслужыла заява запарожскіх казакоў, што яны далучацца да войска ў Малдавіі. Казакі баяліся, што ў выпадку прымірэння Турцыі і Рэчы Паспалітай сілы абедзвюх дзяржаў абрынуцца на іх, і тады дарогу да адступлення перагародзіць рака. А дапамога запарожцаў была вельмі патрэбнай. Хадкевіч прыняў рашэнне перапраўляцца цераз Днестр. Мост праз раку знесла імклівая плынь. Давялося будаваць новы.
        Тым часам Хадкевіч сустрэўся з Канстанцінам Вавелі. Вось як апісвае гэтую сустрэчу Ян Сабескі. «Твар Хадкевіча быў такім велічным, што Канстанцін, упершыню ўбачыўшы правадыра, хацеў схіліць перад ім калені, як перад бажаством, але гетман сваімі рукамі падняў яго і адпусціў пасля міласцівай гутаркі. Вавелі прызнаўся мне, што, убачыўшы нашага героя, яго ахапіў такі жах, што не слухаўся язык, ногі падкасіліся і ён доўга не мог ачуняць»[98]. Такое ўражанне рабіў на людзей славуты на ўсю Эўропу палкаводзец. Хадкевіч мовіў Вавелі, што ён гатовы «падняць зброю за справу Айчыны, так і прыняць умовы прыстойнага і выгаднага міру»[99]. Ён напісаў ліст да Гусейн-пашы з прапановай абмяркаваць умовы міру, але не верыў, што туркі згодзяцца, толькі перамога ўціхамірыла б іх заваёўніцкі імпэт.
        Калі дабудавалі мост, войска пачало пераправу праз раку. «Хадкевіч слабы целам з-за хваробы, але бадзёры духам і падобны выглядам на Марса, ехаў на гарачым кані і рухам галавы падбадзёрваў войска», – занатаваў бачанае сведка[100]. Усе верылі ў перамогу і радасна віталі гетмана.
        Спыніўся Хадкевіч каля старога замка Хоціна. «Гэта невялікая, моцная каменная цвержа знаходзіцца на беразе Днястра. У абводзе яна мае тысячу пяцьсот крокаў, роў яе вельмі высокі. Яна мае дзве брамы, адныя выходзяць на бераг Днястра. Унутры яе ёсць вялікі манастыр, падобны на цвержу, які называецца Стэфаноўскім. Гэты манастыр вельмі моцны. Цвержа мае восемдзесят вежаў, крытых драніцай», – такім Хоцін быў у той час[101]. Каля гэтага замка і вырашыў Хадкевіч даць бой Асману. Войска разбіла стан. На правым крыле стала кароннае войска, сярэдзіну пакінулі для палка Ўладзіслава, левае крыло занялі ліцьвіны. Некалькі харугваў ахоўвалі мост і дарогі з Польшчы. Лагер абнеслі валам і равамі, наставілі шанцаў. Дзве царквы, якія знаходзіліся паблізу, таксама ператварылі ў цвержы. Цяпер заставалася чакаць ворага. Нецярплівых жаўнераў Хадкевіч суцяшаў: «Не палохайцеся: закончым вайну раней, чым саланіну вашу з’ясцё»[102].
        21 жніўня па дарозе з Варшавы ў лагер заехаў Пётр Канашэвіч. Хадкевіч радасна сустрэў казацкага гетмана. Вайсковую чыннасць Канашэвіча Хадкевіч ведаў па маскоўскаму паходу 1618 года: першы – у наступу, апошні – пры адступленні. Марскімі набегамі на турэцкія берагі ён праславіў сваё імя і заслужыў павагу ў ваяўнічых і вольных казакоў. Ягонымі перамогамі Рэч Паспалітая вярнула Северскую зямлю. Годны саюзнік і воін. Хадкевіч выправіў Канашэвіча з дзвюма харугвамі да казакоў, каб хутчэй прывёў іх пад Хоцін.
        Па пятах за казакамі гналіся туркі і не давалі ім спакойнай дарогі. Затрымалі турэцкія полчышчы ўсяго сорак казакоў. Яны адсталі ад сваіх і схаваліся ў пячоры паміж гор. Туркі прынялі гэтую купку за ўсё запарожскае войска і пачалі страляць па пячоры з гармат. Прыродныя ўмацаванні ахоўвалі казакоў ад ядраў. Тады Асман вырашыў голадам скарыць запарожцаў. Замест няволі яны выбралі смерць – усе да аднаго загінулі ў баі. Раззлаваны султан расстрэльваў з лука параненых. На некалькі дзён рух турэцкага войска быў спынены, што дало магчымасць запарожцам адарвацца ад пагоні. Затое ледзь не загінуў Канашэвіч. У зман гетмана ўвялі сляды конскіх капытоў: падумаў, што ішлі свае. Сляды вывелі гетмана да турэцкага лагера. У начы, апроч агнёў, Канашэвіч нічога не разгледзеў. Калі ж развіднела, дык перад яго вачамі ўзніклі турэцкія палаткі. Але было позна, туркі заўважылі гетмана і пагналіся за ім. І амаль дагналі, паранілі ў руку. Канашэвіч кінуў каня і схаваўся ў густым лесе. Дзень і ноч блукаў знясілены гетман па гушчары, пакуль не выбраўся да Днястра. Пераправіўшыся цераз раку, ён нарэшце знайшоў казакоў. Яны радасна віталі свайго правадыра. Канашэвіч павёў запарожцаў да Хоціна.
        А пад Хоцінам ужо пачаліся баі. Спачатку адбіваліся ад банд румынскіх і малдаўскіх ліхадзеяў, якія кружыліся каля лагера, перахоплівалі фуражыраў і кралі коней. Хадкевіч расставіў засады, але зладзеі, добра ведаючы мясцовасць, удачліва пазбягалі іх. А ў хуткім часе пад Хоцін з’явіўся Канцемір Мурза, які прывёў з сабою 7 тысяч татараў. Ён, што называецца, правёў віжаванне боем. Схаваўся з пяццю тысячамі ў лесе, а дзве тысячы на чале са сваім братам паслаў да лагера Хадкевіча. З баявымі крыкамі татары, нібыта лавіна, зляцелі з гор. Варта своечасова заўважыла небяспеку і сустрэла ворага агнём. Хадкевіч падняў па трывозе войска. Нягледзячы на хваробу, гетман на кані сам узначаліў атаку. «Вялікая колькасць навабранцаў, не звыклых да вайсковай дысцыпліны, не падабалася Хадкевічу, але ён памятаў склад кожнай харугвы і з дзівоснай кемлівасцю назначаў кожнай іх пазіцыю»[103]. Гетман паставіў у засаду некалькі харугваў лёгкай і панцырнай конніцы разам з нямецкай і вугорскай пяхотай, а сам павёў астатнія харугвы ў бой. Татары не вытрымалі. Убачыўшы ўцёкі сваіх, Канцемір так і не асмеліўся працягваць бой і павярнуў свой пяцітысячны аддзел назад. Уцёкі не выратавалі, бо татары натыкнуліся на запарожцаў, якія падыходзілі да Хоціна. З полымя ды ў агонь. Першае баявое хрышчэнне падняло дух войска. А казакоў сустрэлі агульнай радасцю. Запарожцы занялі месца каля ліцьвінаў і прыняліся ўмацоўваць свой лагер.
        Тым часам вярнуўся ад Гусейн-пашы Канстанцін Вавелі. Пасол прывёз несуцяшальныя весткі. Гусейн і ваявода Аляксандар ганарліва адказвалі, што яны жадаюць міру, але аддаюць перавагу зброі. Апошняя надзея прадухіліць вайну не спраўдзілася. Пад трубы ў лагеры абвясцілі, што Рэчы Паспалітай пагражае нябачная дагэтуль небяспека. І толькі мужнасцю можна адбіць варожую сілу.
        І вось надышоў гэты дзень, калі незлічоныя полчышчы Асмана з’явіліся на даляглядзе. Гэта адбылося 2 верасня. Зямля дымілася пылам, паднятым людзьмі і жывёлай. Войска ішло – хмара хмараю. Гарцавалі на канях гатовыя да бою сіпахі. Рэзала слых пранізлівае выццё трубаў і ражкоў. Усю мясцовасць наперадзе пакрылі натоўпы турэцкага воінства. Вялікія гарматы наводзілі жах. Адзін іх залп мог ператварыць у прах сама моцныя сцены. «Аднак Хадкевіч загадзя быў падрыхтаваны да ўсяго і нічога не баяўся»[104]. Гетман вывеў войска з лагера. Левы край заняў гетманскі полк. Да запарожцаў, якія сталі ў сярэдзіне, далучыліся палкі Апалінскага, Зяновіча і Сапегі, на левым краі стаялі польскія палкі на чале з Любамірскім. Некалькі конных харугваў ахоўвалі лагер і тыл войска. Перад боем гетман звярнуўся з прамовай да воінаў.
        «Храбрае рыцарства! Гэтае поле, на якім вы бачыце два войскі, патрабуе подзвігаў, а не словаў. Я не прамоўца, жыццё, праведзенае ў паходным пыле, не навучыла мяне квяцістаму красамоўству, нарэшце і гэтая мінута перад боем, які неўзабаве пачнецца, нязручная для выслухоўвання вамі прамовы, грамадзянамі дарагой Айчыны і агульнай рэспублікі, за славу і веліч якой вы прыносіце ў ахвяру свае галовы. Я ўдзячны лёсу за тое, што сярод бесперапынных бітваў і нястачаў ён захаваў мяне да гэтага дня, калі я чэсна паслужу каралю і Рэчы Паспалітай, як застануся ў жывых, а калі загіну на непрыяцельскай зямлі і буду пахаваны рукамі хрысціян, маіх суайчыннікаў, дык я жадаю, каб вы ведалі, што на справядлівасць нашай справы і на вашу мужнасць спадзяецца ўся краіна. Няхай вас не трывожаць гэтыя шатры, якія вы бачыце, разбітыя дзеля задавальнення пыхі тырана і каб выклікаць у вас жах; большасць з іх пустыя і пастаўлены толькі на паказ. Не думайце, што сланы і вярблюды ўяўляюць вайсковую сілу; яны занадта сагнуліся пад цяжарам торбаў. Лічыце бяссільнымі, нікчэмнымі ценямі гэтыя натоўпы азіятаў, кволых духам і сіламі, распешчаных раскошай, падобных на натоўпы жанчын. Не вытрымаць ім пры першым гуку нашай трубы, пры першым залпу нашай зброі, бо вы сапраўдныя сарматы, гадунцы магутнага Марса, а вашыя продкі некалі на захадзе ў Эльбе, а на ўсходзе ў Дняпры забілі жалезныя калюмны як помнікі вечнай славы. Па дадзенаму знаку, палякі і ліцьвіны, ударце па ворагу, узгадаўшы прадзедаўскую славу; да таго ж, сама палахліваму жаўнеру няма чаго і няма куды ўцякаць, знаходзячыся паміж імкліваю ракою і татарамі з туркамі. Для храбрага рыцарства тут ляжыць поле да бессмяротнай славы. Не думаю і не чакаю, каб сярод вас маглі быць баязліўцы; няхай безвыходнасць становішча заменіць мужнасць кволым, а храбрых няхай умацуе любоў да Бога і Радзімы. Ты ж, святая справядлівасць, якая дае ўладу каралям і перамогу віцязям усяго свету, падыміся супраць непрыяцеля, які баіцца твайго імя, умацуй нас тваёй правіцай, даруй нам нашы грахі і пакарай па заслугах жорсткіх людзей»[105].
        У многіх на вачах выступілі слёзы – словы гетмана закранулі суровыя ваярскія сэрцы. Урачыста загучаў гімн у гонар Прасвятой Дзевы Марыі. Воіны тут жа складалі запаветы і спавядаліся перад святарамі, гатовыя ахвяраваць сваё жыццё Айчыне. А ў турэцкім лагеры Асман абяцаў сваім ваякам верную перамогу і поўнае знішчэнне ўсіх ворагаў Порты. Але гэтага здалося яму мала і султан пакляўся нічога не есці, пакуль да вячэры не адправіць у пекла ўсіх ворагаў. І згараючы ад нецярпення, нават не даў адпачыць стомленым ад дарогі воінам, пагнаў іх у бой. Шматтысячная людская хваля з шумам і грымотамі накацілася на войска Хадкевіча. Першымі ўдар прынялі на сябе запарожцы. Аб іх цвёрдасць турэцкая хваля і разбілася. Харугвы нямецкай і вугорскай пяхоты, якія хаваліся ў лесе, нечаканай атакай падтрымалі казакоў. Падаспеў з конніцай і Хадкевіч. Пешцы, схаваўшыся за дрэвы, абстрэльвалі з мушкетаў янычараў. Храбра біліся ліцьвінскія татары, баронячы сваю другую айчыну ад братоў па веры. Затое крымскія татары ўхіліліся ад бою, схаваліся ў лесе і адтуль дзікімі крыкамі пужалі палякаў Любамірскага. Толькі начная цемра разняла зброю двух войскаў. Як пісаў сведка: «Забітых было так шмат, што імі пакрылася зямля»[106]. Надышоў час лічыць першыя страты. У Хадкевіча забілі 50 чалавек і 30 атрымалі раны[107]. Вораг жа згубіў 1000 чалавек забітымі і яшчэ больш параненымі, пакінуў на полі 12 гармат і 32 сцягі[108]. Загінуў і кіраўнік Сілістрыі, адзін з віднейшых турэцкіх саноўнікаў – Гусейн-паша. Туркі адступілі ў свой лагер, а пераможцам дасталіся багатыя трафеі. Нават абознікі вярталіся з поля, абагаціўшыся золатам і каштоўнасцямі.
        Першы поспех абнадзейваў. Не такія ўжо пагрозлівыя туркі, іх таксама можна перамагчы. На вайсковай нарадзе Хадкевіч прапанаваў даць ворагу рашучы бой, пакуль галоўныя непрыяцельскія сілы не ўмацавалі сваё становішча. Вопыт падказваў, як мяняецца настрой воінаў: сёння яны героі, а заўтра прыцісне голад, аслабіць хвароба і... – духам упалі смелыя сэрцы. Але камісары аднадушна пачалі адгаворваць гетмана. Прасілі дачакацца Ўладзіслава з ягонымі харугвамі. Хадкевіч саступіў і выбраў тактыку абароны.
        Калі ў адкрытым баі Асман не здабыў перамогі, дык вырашыў перамагчы хітрасцю. Султан адправіў у лагер да Хадкевіча пасольства валахаў, нібыта дзеля прывітання славутага гетмана. На самой жа справе яны павінны былі запаліць лагер.
        І вось, калі б пачалася замятня, Асман нанёс бы ўдар. Аблудлівы план варты свайго аўтара. Аднак адзін з валахаў прызнаўся ў злым намеры і выкрыў сваіх спадручнікаў. Гетман звязеніў валашскае пасольства. Хадкевіч вывеў войска і загадаў запаліць агні, каб стварыць бачнасць пажару ў лагеры. Зведзены ў зман Асман, паддаўся на гетманскія хітрыкі. У начной цемры туркі наляцелі прама на засаду. Дзесяцітысячны аддзел запарожцаў і нямецкія пешцы сустрэлі асманаў зброяй. Між тым астатнія харугвы акружылі ворага. Усю ноч доўжылася жорсткая расправа над туркамі. Тых, хто вырваўся з акружэння, Асман зноў пасылаў у бой, а то і забіваў. І толькі калі развіднела, рэшткі акружаных уцяклі з поля сечы.
        Надышоў другі дзень. Абодва бакі рыхтаваліся да чарговага бою. Туркі шыхаваліся для атакі. Сваю гвардыю янычараў паслаў Асман у дапамогу войску. У Хадкевіча таксама кіпела праца: насыпалі валы і акапвалі іх глыбокімі равамі. А з другога боку Днястра нарэшце пераправіўся са сваім палком каралевіч Уладзіслаў. Вельмі патрэбнае падмацаванне. Каралевіча затрымалі нямецкія пешцы, якія аб’еліся дынямі і захварэлі. Немцы засталіся лячыцца ў Бразе. Але цяпер ужо захварэў сам каралевіч і ўлёгся ў ложак. А вось Хадкевіч, хаця і быў смяротна хворым, не хаваўся ад небяспекі. Водца стоячы павінен паміраць.
        Гэтым разам туркі праверылі цвёрдасць польскага войска Любамірскага. Палякі гарматамі адагналі асманаў ад свайго крыла. Тады туркі рушылі да мураванай царквы, жадаючы завалодаць ёю. Абараняць царкву кінуліся воіны з валоў. Іх сустрэлі агнём мушкетаў янычары. Пасланыя Хадкевічам пасілкі з харугвы Міхайлы Каханоўскага і нямецкіх пешцаў прагналі туркаў. Гетман, баючыся турэцкай засады, спыніў пагоню і вярнуў воінаў у лагер. Вызначыліся і запарожцы. Запарожскі лагер абстрэльваўся з гармат, але казакі пахаваліся па ўмацаваннях і перасядзелі там абстрэл. А пасля зрабілі вылазку і пачаставалі ворага мушкетным агнём. Туркі адразу ж адступілі. Як ні дзіўна, але лёс бою вырашылі прагныя да трафеяў абознікі. У той час, калі паводле гетманскага загаду войска вярталася ў лагер, натоўпы абознікаў з гучнымі крыкамі вывалілі з лагернай брамы і пабеглі на поле сечы. Туркі, убачыўшы ваяўнічы натоўп, перапужаліся. Баявы шых распаўся і ў бязладдзі турэцкая раць пабегла ратавацца ў бліжэйшы лес. У гэты дзень туркі страцілі 20 000 чалавек[109].
        Першыя баі паказалі, што адным рашучым ударам не разбіць турэцкае войска. Вялікая колькасная перавага дазваляла Асману аднаўляць страты. Хадкевіч выбраў абарону, каб у штодзённых баях знясіліць непрыяцеля і дачакацца вайсковага шчасця.
        4 верасня Асман вырашыў атакаваць усімі сіламі. Удар ён накіраваў на цэнтр, дзе стаялі запарожцы. Тыя запрасілі ў Хадкевіча дапамогі. Нямецкія аддзелы Вейгера і Лермунта і вугорская пяхота князя Юрыя Заслаўскага прынялі на сябе атаку і стрымалі яе. На правым краі палякі Любамірскага некалькі разоў адганялі турэцкую конніцу.
        Так і не прарваўшыся да казацкага лагера, туркі падкацілі пад яго гарматы буйнога калібру і гадзіны дзве бесперапынна палілі з іх. Паветра напоўнілася дымам, аж пацямнела ў вачах. «Хадкевіч, які з дзяцінства прызвычаіўся да бітваў, шчыра прызнаўся, што за ўсё жыццё не чуў падобных грымотаў гармат», – сведчыць Якуб Сабескі[110]. Запарожцы пахаваліся ў вырытых пячорах і без страт перасядзелі вогненны смерч. Загінуў толькі адзін чалавек. Але было пакалечана і забіта шмат коней. Каб адцягнуць увагу ад казакоў, Хадкевіч накіраваў на ворага конніцу Русіноўскага. Конніца адкінула турак, якія пакінулі гарматы. На плячах уцекачоў вершнікі Русіноўскага і казакі ўварваліся ў турэцкі лагер. Імя Хрыста, якое натхняла хрысціянскіх віцязяў, загучала ў мусульманскім стане. Сам султан, як жанчына, жаласліва наракаў на ганебную баязлівасць сваіх ваякаў. Пабег хавацца. Паніка разіла турэцкае войска жахлівей за вострую зброю. І была б перамога, каб казакі не накінуліся на здабычу і, абцяжараныя трафеямі, не пачалі вяртацца ў свой лагер. Туркі паспелі сабрацца з сіламі і цяпер адчайна адбіваліся ад воінаў, якія выбралі для сябе рыцарскую славу, а не спажыву. Хадкевіч, седзячы на кані, назіраў за бітвай. Да яго прыскакаў вястун ад Канашэвіча. Казацкі правадыр паведамляў, што казакі і воіны Русіноўскага занялі турэцкі лагер і прасілі дапамогі дзеля канчатковай перамогі. Але было позна. Над зямлёй гусцелі поцемкі. Хадкевіч паасцярогся слаць войска, каб яно не захапілася прагай спажывы і не трапіла ў небяспеку. Трэба думаць, што ў галовах вялікіх палкаводцаў жыве нейкі асаблівы геній, які падказвае ім выратавальныя парады. Гетман, ачолены красой рыцарства, глыбока ўздыхнуўшы, праслязіўся і, падняўшы вочы да неба, вымавіў такія словы:
        «О ўсявышні Суддзя спраў людскіх! Твая ёсць сіла, тваё панства і твая бітва. Паводле волі тваёй чыніцца ўсё, што ёсць вялікага на зямлі: войны, паразы, перамогі – усё залежыць ад цябе. Ты паводле сваёй волі ўмацоўваеш зброю, кволых ператвараеш у волатаў, прыніжаеш ганарлівых, узвышаеш змірэнных, лядашчым даеш адвагу; там, дзе менш за ўсё ёсць падстава да баязлівасці, рассейваеш трывогу і калі я, нікчэмны прах перад тваім пасадам, асмелюся так выказацца, забаўляешся людскімі лёсамі. І цяпер я пакорліва прыпісваю тваёй Боскай велічы тыя добрыя весткі, што даходзяць да мяне, як новы доказ дзівоснага клопату. Прадбачнасць пра маю Айчыну. Будзь ласкавы і наперад чыніць такія дабрадзействы, зламаць дзікасць паганцаў і ўзвысіць славу хрысціянства»[111].
        Не атрымаўшы пасілкаў, казакі і воіны Русіноўскага адступілі з турэцкага лагера. Асмялеўшыя туркі насядалі на адступаючых і не аднаго з іх забілі, захапілі шмат палонных, якіх жорстка закатавалі.
        Гэты бой прынёс туркам вялікія страты – больш за 15 000 забітых, з якіх тры тысячы янычараў. Хадкевіч не далічыўся дзвюх соцень воінаў[112]. На полі бою засталіся амаль усе буйныя турэцкія гарматы. Туркі прыкавалі ланцугамі іх да дубоў. Па загаду Хадкевіча гарматам падсеклі колы і скінулі ў цясніну.
        Адзіную ўдачу ў гэты дзень прынеслі Асману татары. Яны пераправіліся цераз Днестр і занялі шляхі з Камянца ў Брагу. Некалькі вазоў з прадуктамі для войска Хадкевіча замянілі ім радасць перамогі.
        На вайсковай нарадзе Хадкевічу раілі ноччу паўтарыць атаку на турэцкі лагер. Ужо занадта спакушала надзея адным ударам разбіць туркаў. Хадкевіч астудзіў гарачыя галовы. Разумеў, што ў начным баі вайсковае шчасце пераменлівае. Гетман прапанаваў дачакацца падмацавання, папоўніць запасы пораху і прадуктаў, а пасля ўжо памерыцца з ворагам сіламі ў адкрытым баі.
        5 верасня туркі запрасілі перамір’я для пахавання забітых. Увесь дзень хавалі іх, прыхапілі і ноч. Мулы стаміліся выконваць абрады. І адпраўлялі прававерных да Алаха без належных пашанаў, абы хутчэй. Наступны дзень 6 верасня таксама прайшоў мірна. Асман выплачваў жалаванне войску. Хоць грашыма парадаваць воінаў, падняць іх дух. У гэты ж дзень уцёк з турэцкага палону казак. Ён паведаміў, што туркі ў першых «прыступах» страцілі 4000 янычараў, 3000 сіпахаў і 40 000 простых воінаў[113]. Гэтыя страты не пужалі Асмана. Увесь час да яго падыходзілі новыя аддзелы. Папаўненне ў 160 000 чалавек кампенсавала страты. Асман прагнуў перамогі.
        Ноччу запарожцы напалі на татарскі стан і нагналі на татараў жаху. Але тыя ўсё ж апамяталіся і далі казакам бой. Вылазка каштавала казакай у тысячу забітых. Страты куды большыя, чым панесла ўсё войска Хадкевіча за ўвесь час папярэдніх баёў. Можна было на справе пераканацца ў прадбачлівасці гетмана: наўрад ці бой прынёс бы жаданы вынік. Турэцкая варта не змыкала вачэй і пільна ахоўвала лагер. Застаць туркаў знянацку не ўдалося.
        7 верасня з самай раніцы разгарэлася кровапралітная бітва. Асман вырашыў на гэты раз ударыць з розных бакоў. Спачатку па флангах, а пасля і па цэнтры. Зацягнуўшы 150 гармат на гару, што ўзвышалася супраць казацкага лагера, туркі закідалі казакоў градам ядраў. Некалькі гадзін доўжыўся гэты смяротны абстрэл. А пасля, падбадзёрваючы сябе ваяўнічымі крыкамі, турэцкая конніца кінулася ў атаку, за ёй направіліся янычары. Запарожцы і вугорская пяхота адбілі прыступ. Турэцкія шэрагі задрыжэлі і атака захлябнулася. Туркі перанеслі ўдар на правае крыло, якое займаў Любамірскі. Гарматы стралялі па польскім лагеры. Зямля трэслася ад выбухаў. Нават над палаткамі каралевіча злавесна гулі ядры. Туркам удалося зламаць супраціўленне польскай пяхоты і конніцы і падыйсці да шанца. Сотнікі Жычкоўскі і Слядкоўскі не расставілі варты. А жаўнеры пасля абеду, нібыта ў мірны час, ляглі адпачываць. Туркі так імкліва наляцелі, што жаўнеры не паспелі апрануць браню. І крывёю заплацілі яны за бяспечнасць. Вораг выразаў гэтыя дзве сотні. Загінулі і сотнікі. Адсечаныя галовы палякаў туркі паспяшылі прынесці да ног султана. І Асман шчодра ўзнагароджваў сваіх герояў. Натхнёныя ўзяццем шанца Жычкоўскага туркі працягвалі наступ. Напужаныя небяспекай некаторыя воіны пакінулі акопы перад лагерам і пабеглі ратавацца. Гэта быў рашучы момант усёй бітвы. Перамога хілілася на бок Асмана. Гетман паслаў спыніць варожую атаку Мікалая Сяняўскага з ліцьвінскімі палкамі Мікалая Зяновіча, Аляксандра Сапегі, гетманскім і харугвамі Пятра Апалінскага і Патоцкага. І сам Хадкевіч, падняўшы свой родавы сцяг, павёў тры конныя харугвы ў бой. Ён злучыўся з Сяняўскім.
        Сярэдзіну заняў сам гетман са сваімі харугвамі, на правае крыло паставіў Сяняўскага, на левае – Зяновіча, а тыл даручыў Рудаміну. Упэўненыя ў перамозе туркі з радасцю рушылі на палкі Хадкевіча. Закіпела жорсткая сеча. Погляды ўсіх, хто застаўся ў лагеры, былі накіраваны сюды. Тут цяпер вырашаўся лёс бітвы. Шчырымі малітвамі яны падтрымлівалі воінаў, што змагаліся пад сцягам Хадкевіча. А ім было нялёгка. Вораг упарта біўся. У палку Хадкевіча загінула шэсць чалавек разам з харунжым. А харугву, пад якой гетман хадзіў на Маскву, захапілі туркі. Шмат воінаў было паранена. Неслі страты і іншыя палкі. Полацкі кашталян Мікалай Зяновіч быў занесены канём у гушчу непрыяцельскіх шэрагаў. На ягоную бяду з галавы зваліўся шлем. Адбіваючыся ад ворага, Зяновіч атрымаў цяжкія раны, ад якіх і памёр.
        Між тым некалькі турэцкіх аддзелаў зноў напалі на казацкі лагер і адступілі пад ударамі казакоў, нямецкай і вугорскай пяхоты. Воіны Хадкевіча, натхнёныя прысутнасцю гетмана ў сваіх шэрагах, выстаялі. Туркі ганебна ўцяклі. Уражаны такой ганьбай, Асман у адчаі заплакаў. Грозны ўладар мацнейшай у свеце імперыі адчуў сваё бяссілле. Усё поле было завалена целамі турэцкага воінства. Склалі галовы многія героі пераможных паходаў. Страты туркаў даходзілі да 40 000 чалавек[114]. У гэты дзень пахіснулася іх вера ў перамогу. Асман усю віну за паразу зваліў на крымскага хана і на саноўнікаў. Некаторых водцаў войска султан замяніў на новых, а іншых проста ў гневе забіў. Гэтыя меры не маглі ўжо выратаваць становішча. Турэцкае войска пачало развальвацца. З кожным новым днём расла колькасць уцекачоў з лагера. Аднак сляпая ганарлівасць адганяла думку аб паразе і штурхала Асмана на працяг вайны.
        
        «Водца стоячы павінен паміраць»
        Гэтае выслоўе знакамітага рымляніна Васпасіяна Хадкевіч ведаў. Для яго, выхаванага на «прыкладах продкаў нашых», было натуральна ахвяраваць сабой дзеля Айчыны. І да апошняга дня свайго заставаўся ён Правадыром войска, якое засланіла яе ад бяды.
        Жыццё Хадкевіча – гэта гісторыя самаахвярнасці, гераізму і мужнасці. Гэта гісторыя чалавека, які сваёй веліччу духу перамог немач цела. Магчымае ўзвысіў над немагчымым. Гэта гісторыя асобы, якая спыняе фатальны рух кола наканаванасці. Гэта сведчанне кволасці і сілы чалавека.
        Здзіўляліся, што і смяротная хвароба адступіла перад ягонай воляй. Ён і паміраць часу не знойдзе, бо не да смерці ў такі час. 8 верасня султан зноў паслаў войска ў бой. Атаку ўзначалілі янычары і сіпахі. Удар наносіўся зноў па слаба ўмацаванаму казацкаму лагеры. Падпусціўшы ворага бліжэй, казакі, якія заселі ў равах, абстралялі яго з мушкетаў і лукаў. Султан «яко безсловесное животно» гнаў на бойню ўсё новых і новых воінаў. На дапамогу запарожцам прыйшлі нямецкія пешцы. Страціўшы тры тысячы янычараў, туркі зноў адступілі. Зноў параза.
        9 верасня апоўдні Асман вывеў усё войска на поле бітвы. Хадкевіч таксама падрыхтаваўся да бою. Але былая ўпэўненасць у сваіх сілах пакінула султана. Так і не наважыўся ён рызыкнуць на генеральны бой. Хадкевіч цярпліва чакаў турэцкай атакі. Да самага вечара прастаялі абодва войскі. Для задзіркі Хадкевіч паслаў на туркаў тры харугвы, але вораг ухіліўся ад бою. Толькі янычары, жадаючы пазбавіцца ганьбы, падступілі да запарожскага лагера і абстралялі яго з мушкетаў. Запарожцы і харугвы пешцаў Лермунта і Дзенгофа схаваліся за вал. Такімі былі падзеі гэтага дня.
        А наступны дзень 10 верасня быў нешчаслівым для войска Хадкевіча. Татары Канцеміра Мурзы захапілі мост праз Днестр і пераправіліся на другі бераг. Татарскія загоны кінуліся рабаваць Падолле. Дарогі, па якіх у лагер паступалі прадукты, трапілі пад кантроль ворага. Становішча войска пагоршылася, бо цяпер яму пагражаў голад. Казакі прапаноўвалі Хадкевічу паслаць іх на татараў, каб вызваліць дарогі і прагнаць ворага з Падолля. Але было небяспечна падзяляць войска. Надыходзіў час сама цяжкіх выпрабаванняў. Спрыяльны ход вайны пачаў мяняцца. «Туркі і татары акружылі стан з чатырох бакоў, так што не прыходзіла ніякіх прадуктаў ні для нас, ні для нашых коней... І запанаваў голад на цэлых пяць тыдняў», – сведчыў аб цяжкім становішчы ўдзельнік вайны[115]. Не падыходзіла дапамога з Польшчы. Паспалітае рушэнне яшчэ нават не сабралася. Каралю Жыгімонту было не да вайны, ён паказваў сваю адвагу на паляванні на зайцоў у наваколлях Львова. Як саркастычна заўважыў тагачасны польскі паэт Вацлаў Патоцкі: «Заняты ловамі зайцоў, ён слухаў весткі пра вайну, як казку»[116].
        У самім войску ўспыхнула эпідэмія заразных хвароб. Людзі гінулі ад нечаканай смерці, паміралі ў пакутах, а знясіленыя павольна ўгасалі на вачах сваіх сяброў. Многія ўцяклі з лагера. За звычай стала падчас бою хавацца ў абозе сярод вазоў. І што прыкра, сярод уцекачоў і палахліўцаў сустракаліся прадстаўнікі знатных родаў. Водцы палкоў жорсткімі мерамі змагаліся з дэзерцірамі. Выцягвалі іх са сховішчаў і прылюдна праводзілі па лагеры, заносілі іх імёны ў чорныя спісы, каб пазбавіць маёмасці і соймавым прысудам абвясціць вечную ганьбу. Нават з рамонтам моста не спяшаліся, каб рака перагароджвала шлях да ўцёкаў.
        Ад хвароб падалі коні і жывёла. Адчуваўся недахоп пораху, што значна змяншала сілу войска. Хадкевіч падумваў пра рашучыя дзеянні і схіляўся да начной атакі на турэцкі стан, які, не абаронены валамі і равамі, лёгка можна было захапіць. Перабежчыкі паведамлялі, што ўначы туркі, скінуўшы зброю, спакойна спяць. За начную атаку выказваўся каралевіч Уладзіслаў, а Канашэвіч ад імя запарожцаў умаляў гетмана. «Але Хадкевіч палохаўся прагнасці казакоў да рабаванняў і яго вялікае сэрца грэбавала перамогай знянацку, тым больш, што ўсе слаўныя палкаводцы лічылі справай куды высакароднейшай у адкрытым баі памерыцца сіламі з непрыяцелем, а сам ён, пасівеўшы ў сечах, быў абавязаны сваім поспехам не патаемным вылазкам, але адкрытай мужнасці. Аднак каб ніхто не падумаў, нібыта правадыр засланяе войску шлях да перамогі, ён згадзіўся на ўсе патрабаванні і з уласцівай яму рашучасцю заняўся неабходнымі загадамі і справамі»[117]. Атака была назначана на ноч 12 верасня.
        11 верасня туркі з чатырох гармат абстралялі казацкі лагер. Але самі трапілі пад агонь гармат Хадкевіча і вымушаны былі адступіць. З вечара войска пачало рыхтавацца да начной атакі. Хадкевіч планаваў напасці на туркаў перад світаннем. Ноччу войска ў баявым шыху выйшла з лагера. Атаку сарваў праліўны дождж. Ад сырасці нельга было страляць з мушкетаў. Казакі прасілі перанесці час атакі да раніцы. Але пры святле нельга застаць туркаў знянацку. Хадкевіч загадаў вярнуцца ў лагер. Давялося адмовіцца ад першапачатковага намеру. Як высветлілася пазней, у тым месцы, куды меркавалася ўдарыць, стаялі на валах гарматы, а туркі не спяць, а, наадварот, чыняць нарады, балююць і пацяшаюцца гульнямі. Ды і варта пільна ахоўвала лагер і ўсю ноч паліла ліхтары. Паміж палаткамі былі нацягнуты моцныя вяроўкі, так што і конніца, і пяхота заблыталіся б у гэтым хітрым павуцінні і сталі б ахвярамі турэцкай зброі. Здабыча ж спакусіла б не аднаго і атака сарвалася б з-за іх прагавітасці. Лёс убярог Хадкевіча ад рызыкоўнага рашэння. Наступныя тры дні прайшлі спакойна. Да Хадкевіча прыбыў Канстанцін Вавелі, прывёз лісты ад валашскага ваяводы Радулы. Ён прасіў, каб Хадкевіч адправіў пасла да галоўнага візіра Гусейна. Гетман мала верыў у шчырасць туркаў і разлічваў на зброю. Аднак некалькі ўцекачоў вугорцаў папярэдзілі туркаў пра мяркуемы напад на турэцкі стан. Давялося адмяніць і другую атаку.
        Пад прыкрыццём мірных перамоваў Асман рыхтаваўся да новых баёў. Пра мір ён і не думаў. І5 верасня, як толькі паднялося сонца, туркі рушылі на войска Рэчы Паспалітай. З гарматаў абстралялі фланг Любамірскага. Апоўдні асманы кінуліся на штурм акопаў, якія займала харугва Машчынскага. Нават сіпахі, пакінуўшы коней, прынялі ўдзел у атацы. У польскім лагеры ўсчалася паніка. Жаўнеры крычалі, што вораг ужо перайшоў акопы. Хадкевіч заклікаў іх святой верай і вольнасцю айчыны мужна ўдарыць па ворагу. І сам на кані выехаў з лагера. Усім сваім выглядам паказваў ён войску знявагу да небяспекі. Узрушаныя гераізмам свайго водцы воіны сталі на шляху туркаў. Да самага вечара кіпела сеча. Султан з высокага пагорка назіраў за бітвай. Прагнучы перамогі, ён загадаў кіямі гнаць на поле воінаў. Гэта не дапамагло. Туркі бясслаўна адступілі. І сёння яны панеслі вялікія страты. Загінуў султанаў улюбёнец, уладар Паноніі Каракаш-паша. Куля трапіла яму прама ў лоб.
        Віну за чарговую паразу Асман зноў зваліў на другіх. Са сваёй пасады быў зняты вялікі візір, а на яго месца султан назначыў Дзілавер-пашу. Паплаціліся пасадамі яшчэ шэраг турэцкіх вяльмож. Але гэта ўжо не дапамагала.
        16 верасня Асман вывеў усё войска на поле. Палкі паднялі сцягі. Па ўсім фронце расставілі гарматы. Здавалася, туркі пачнуць бой, але праз некаторы час яны адышлі за горы. Дух турэцкіх воінаў быў падарваны. Цяжкасці вайны паўплывалі і на настрой войска Хадкевіча. Многія ўжо адкрыта казалі аб адступленні да Камянца. «Тады Хадкевіч склікаў усё сваё войска і звярнуўся да яго з прамовай; схуднелы, змучаны хваробай, ляжаў ён у палатцы на паходным ложку і кволым голасам вымавіў: «Усе вы бачыце, які ўпарты Асман у намеры працягваць вайну; бачыце з штодзённага вопыту, як пакутуюць нашы коні ад недахопу корму, якія страты нясём мы ад хваробаў. Уплаты жалавання нельга чакаць у бліжэйшы час, дарэмна разлічваць і на дапамогу, паколькі пра прыход караля і паспалітага рушэння і дагэтуль няма ніякіх вестак. Я думаю, што небяспечна біцца з ворагам з малымі і кволымі сіламі, калі ён можа падмацоўваць усе свае дзеянні такой шматлікай конніцай, а стрымліваць у лагеры варожыя атакі мне здаецца яшчэ больш немагчымай справай з-за недахопу пораху. Цяпер няхай кожны выкажа сваю думку пра тое, як выйсці з такога становішча, бо там, дзе справа датычыцца годнасці і бяспекі каралевіча Ўладзіслава, лепш адступіць у поўным складзе, чым пасля ў адзіночку ўцякаць». Хадкевіч сціх і акінуў позіркам сход, пазіраючы за тварамі, выглядам вачэй і рухам водцаў, ён зразумеў, што гэтая прамова, якая не адпавядала ягоным генію і славе, хутчэй здзівіла, чым пераканала рыцарства. Ніводны голас не пацвердзіў словаў гетмана, усе моўчкі чакалі, што ён мовіць далей, пасля ўсе пачалі наракаць, што лепш загінуць са славай за Айчыну, чым ганебна ўцякаць, жадаючы пазбегнуць лёсу. У няшчасці выпрабоўваюцца дабрадзейныя, у небяспецы вялікія людзі. Такім чынам улоўка гетмана прынесла поспех і ён накіраваў розум усіх у жаданы бок. Рыцарства паклялася выступіць на ворага, і Пётр Канашэвіч, які прысутнічаў там з галоўнымі запарожскімі старшынамі, не парушыў агульнай згоды, наадварот, ён, хаця і не шляхетнага паходжання, даказаў, што можа паспрачацца ў храбрасці са знатнейшымі рыцарамі.
        Пасля кароткай нарады з камісарамі Хадкевіч зноў звярнуўся да войска з такімі словамі: «Наколькі вашы шчырыя намаганні, мужнасць непераможнага рыцарства і агульная рашучасць да канца абараняць інтарэсы Айчыны ўмацоўваюць мой дух у хворым тулаве, бачыць той, хто ведае патаемныя думкі чалавека. Я адчуваю, як ажываюць мае грудзі і вяртаюцца сілы, калі бачу, што краса Рэчы Паспалітай прыносіць ёй новую славу. Смела наперад з вашай прыроднай мужнасцю, польскае і ліцьвінскае рыцарства! Хутчэй памру, чым падману вашы памкненні. Пад аховай Бога, перад імем якога падае ў прах усялякая магутнасць, няхай шчасце будзе вашым правадыром і дабрароднасць спадарожнікамі; я ж да апошняга ўздыху пайду наперадзе вас, куда б ні прывёў нас лёс Айчыны.
        Не думайце, што я і камісары будзем няўдзячнымі да вас; не кажучы пра тое, што нашчадкі назавуць вас сваім упрыгожаннем, а Бог узнагародзіць на нябёсах, калі я вярнуся жывым з гэтай вайны, Рэч Паспалітая даведаецца ад мяне пра вашыя заслугі, а каралеўская міласць годна ўзнагародзіць вас за працу. Цяпер жа, калі захаванне войска складае галоўную нашу задачу, карыстаючыся дадзенай мне ўладай, абяцаю трохмесячнае жалаванне кожнаму, хто вызначыцца пад харугвай, а наша вера няхай будзе ў тым зарукай».
        Калі распусцілі сход, замест нядаўняй панурасці нашы сэрцы напаўняла радасць; з радасцю выходзілі рыцары з палаткі Хадкевіча; адны абменьваліся поціскамі рук, нібыта абяцалі адзін аднаму ўзаемную дапамогу; другія, якія ўжо пабеглі, цяпер вярталіся, лаючы тых, хто спакусіў іх. Ва ўсім лагеры не было чуваць іншых словаў, апроч усклікаў: «Памром на месцы! Лепш тутака чакаць апошняй паразы, чым пакінуць харугву»[118]. Такім чынам мудры і прадбачлівы гетман захаваў войска і ўтрымаў яго пад Хоцінам.
        Гетман ляжаў у палатцы і, пакуль хапала сіл, аддаваў загады. Яго непакоіў пасол Зялінскі, які не вярнуўся ад туркаў. Праз аднаго з турэцкіх маркітантаў гетман перадаў ліст валашскаму ваяводзе Радулу. І перад смерцю Хадкевіч думаў, як дасягнуць жаданага міру, які мог пазбавіць ад лішніх ахвяр людзей. Тое, што Асман пацерпіць паразу, гетман ужо не сумняваўся. «Калі нас дагэтуль змог бы зваяваць, не толькі так доўга трываў, але ўжо даўно праглынуў бы нас і адной гадзіны не дазволіў бы нам пражыць»[119]. Ведаючы пра хваробу гетмана, каралевіч Уладзіслаў 21 верасня ўчыніў вайсковую нараду. Было аднадушна вырашана лепш умацаваць лагер і паведаміць каралю пра безнадзейны стан здароўя Хадкевіча і прасіць дапамогі.
        Вярнуўся нарэшце і Зялінскі, а з ім і Вавелі. Новы вялікі візір Дзілавер выказаў надзею на заключэнне міру. Стала ясна, што туркі гатовы прызнаць сваю паразу. Хадкевічу не было наканавана ўбачыць сваю перамогу. Ян Кароль прадчуваў набліжэнне смерці і загадзя падрыхтаваўся па-хрысціянску сустрэць яе. Склаў запавет, спавядаўся і прыняў прычасце.
        23 верасня да ложа паміраючага гетмана сабраліся каралеўскія камісары і водцы войска. Нічога ўжо не мог мовіць Хадкевіч, толькі кволай рукой перадаў гетманскую булаву Любамірскаму. З гэтага моманту правадырства над войскам перайшло да Станіслава Любамірскага. Апоўдні Хадкевіча перанеслі ў Хоцінскі замак. «Слёзы на вачах усіх і стогны, што вырываліся з кожных грудзей, надавалі гэтаму руху выгляд пахавальнай працэсіі»[120]. Прыступы эпілепсіі мучылі гетмана. 24 верасня паміж 2 і 3 гадзінамі апоўдні Ян Кароль памёр. Як адзначыў удзельнік Хоцінскай бітвы Паўлі: «Памёр яго міласць пан гетман, а з ім вялікае шчасце айчыны мілай»[121]. Якуб Сабескі з вялікай павагай адазваўся пра гетмана: «Толькі фартуна і дабрароднасць змаглі разам стварыць такога волата. Фартуна асыпала яго мноствам дабротаў, ягоны род як з бацькоўскага, так і з матчынага боку вызначаўся знатнасцю. Бацька ягоны, віленскі кашталян і вялікі маршал Вялікага Княства Літоўскага, паходзіў ад дзедаў і прадзедаў, праслаўленых заслугамі на полі бітваў і ў сенаце. Маці ягоная, Хрысціна Збароўская, дачка кракаўскага ваяводы, мела братоў, якія карысталіся пашанай і займалі высокія пасады. Волатаўская постаць самога гетмана была вартая такога роду: твар, на першы погляд, суровы, але велічны, насіў адбітак высокага розуму і вайсковай адвагі; адкрыты лоб, арліны нос – усё выдавала героя. Звыш таго, фартуна надзяліла яго багаццем, якое ён павялічыў выгоднымі шлюбамі: першым з Софіяй Мялецкай, дачкою падольскага ваяводы і кароннага гетмана, удавой князя Сымона Слуцкага, і другім – з Ганнаю Астрожскай, дачкою валынскага ваяводы, князя Аляксандра Астрожскага. Абедзве жонкі Хадкевіча славіліся знатнасцю родаў, адукацыяй, святасцю жыцця, сціпласцю нораваў і шматлікімі выменнямі ў Польшчы. Сам ён займаў пасады: падчашага ліцьвінскага, камісара лівонскага, старосты жамойцкага і, нарэшце, віленскага ваяводы. Заўсёдныя перамогі і трыумфы не толькі сведчылі пра тое, што лёс прыхільна ставіўся да яго, але таксама пацвярджалі энергію і дабрароднасць, якія не пакідалі яго на працягу ўсяго жыцця. Перш за ўсё ён вызначаўся глыбокай набожнасцю, змірэнна маліўся перад бітвамі і пасылаў удзячныя малітвы пасля перамогі; яшчэ за шмат гадоў да смерці ён учыніў звычай кожную суботу, ачысціўшы душу ад грахоў, прымаць святыя тайны. У мястэчку Крэтынзе за свой кошт пабудаваў вялікі будынак для касцёла і манастыра; у Быхаве пабудаваў манастыр канонікаў святога Аўгусціна, а на Жамойці надзяліў фундушам айцоў езуітаў. Аб яго адданасці інтарэсам Айчыны сведчаць добрыя ўмацаванні Быхава і замак у Ляхавічах, адметныя прыгожымі будынкамі і прыстойнымі ўмацаваннямі. Аб яго міласэрнасці распавядаюць убогія, параненыя або жаўнеры, якія зведалі якое-небудзь няшчасце, якім ён дапамагаў то грашыма, то адзеннем, то зброяй або канямі і ўвогуле, чым мог, тым і падтрымліваў. Ягоная дабрадзейнасць прынесла яму слаўнае імя нават сярод чужых і далёкіх народаў. Ад прыроды схільны да гневу, ён ніколі не адносіўся сурова да палонных, наадварот, адпускаў іх з гонарам і дарамі, а непрыяцельскія трупы, паводле прыкладу рымскіх герояў, прыстойна і з пашанай хаваў. Пасля Кірхгольмскай перамогі ён асабіста прысутнічаў пры пахаванні забітых нямецкіх князёў, пры гэтым цырымонія ім была ўчынена з такой веліччу і раскошай, якой здзіўляліся замежныя народы і самыя непрыяцелі. Лівонская вайна паказала ягоныя вялікія вайсковыя таленты, са сваімі пераможнымі сцягамі ён з нечуванай хуткасцю пераходзіў непраходныя з-за балот, азёраў, лясоў мясціны, а шмат цвержаў здаваліся адразу ж пры ягоным з’яўленні; Вольмар быў узяты амаль без бою, Пернаў пры дапамозе ўсяго адной гарматы. З малымі сіламі, дзякуючы толькі сваёй дзейнасці і вайсковаму вопыту, яму ўдалося адстаяць Рыгу, Дынамюнд, Дэрпт і Вайленштэйн. Сваім моцным духам ён навёў жах не толькі на ворага, але і на само мора, на якім спаліў шведскія караблі. Кірхгомльскую перамогу, якую ён атрымаў над Карлам ІХ, можна лічыць хутчэй выключэннем, вартым здзіўлення народаў, чым нармальным гістарычным фактам. Нездарма ўсе сведкі здзіўляліся, як можна было з такімі мізэрнымі сіламі перамагчы такога шматлікага непрыяцеля, войска якога складалі шведы, французы і немцы; бітва бяспрыкладная ў нашым стагоддзі – у ёй дзевяць тысяч воінаў лягло на месцы. Дзеля ісціны дадам, што Хадкевіч на працягу столькіх гадоў не быў ні разу пераможаны шведамі і пастаянна заставаўся пераможцам падчас Лівонскай вайны. Што датычыцца ўнутраных звадак у Краі, дык у іх ён заўсёды падтрымліваў каралеўскую партыю і асабістымі сродкамі, і вернай парадай, і цвёрдым розумам, і хуткімі загадамі. Шчасце садзейнічала яму ў Маскоўскай кампаніі: знаходзячыся на чале войска ў сама небяспечным становішчы, калі даводзілася змагацца і са сваім рыцарствам, і з маскоўскімі войскамі, якія ў некалькі разоў пераўзыходзілі ягоныя сілы, Хадкевіч здолеў падтрымаць гонар Рэчы Паспалітай і захаваць сваё войска. Зайздрасць спрабавала запэўніць суайчыннікаў, нібыта ён пасля з меншай славай кіраваў заваяваным краем; аднак ён лічыў больш паважанай справай дапамагчы аднаму чалавеку, чым знішчыць тысячу непрыяцеляў. Са славай ён вярнуўся з другога Ўладзіслававага паходу, які закончыўся заваёвай большай часткі Северскага княства. Пасля столькіх вялікіх подзвігаў прыхільны лёс даў яму такую смерць, што разам з заканчэннем пагрозлівай вайны, якая прынесла ягонаму імя вечную славу, закончыўся і ягоны жыццёвы лёс.
        Гэта быў загартаваны воін, які лёгка пераносіў цяжкасці, спёку, холад і бяссонне; ён быў шчодрым і вопытным у выбары віжаў, а ўменнем шыхаваць войска перад бітвай і выбраць стан не саступаў сама знакамітым палкаводцам старога і новага часу. Будучы вопытным у вайсковым дойлідстве, ён валодаў і неабходнымі матэматычнымі ведамі. Любіў ён добрых коней і зброю, а ягоны выгляд, рух, паходка і касцюм – усё ў ім паказвала рыцарскае паходжанне. У сямейным коле ён быў сціплым, хаця занадта сур’ёзны з-за кволага здароўя і цяжкіх вайсковых клопатаў, асабліва з часоў маскоўскіх паходаў. Хваравітай раздражняльнасцю ён пакутаваў і пад Хоцінам; таму, калі выпадала, што ягоныя загады не былі дакладна выкананы або спазняліся, тады ён быў нястрыманы ў гневе; вось чаму, менавіта падчас Хоцінскага паходу, шмат хто з рыцараў варожа адносіўся да гетмана. Тым не менш мы павінны прызнаць, каб ён пагрозай пакарання не стрымліваў бы непакорлівых жаўнераў, дык Рэч Паспалітая даўно б пала пад ударамі ворага»[122]. Такую памяць пакінуў аб сабе вялікі воін Ян Кароль Хадкевіч. Цела героя перавезлі з Хоціна ў Астрог, дзе Ганна Астрожская без асаблівых урачыстасцяў і пахавала яго.
        
        Замест пасляслоўя
        Смерць Хадкевіча ўтойвалі ад войска. Але неўзабаве пра канчыну гетмана даведаліся. «Кожны наракаў на лёс Рэчы Паспалітай, пазбаўленай у рашучы момант такога апірышча. Сама зайздрасць змоўкла ў гэты час, як даброта аплаквала яго; пры жыцці некаторыя абвінавачвалі Хадкевіча ў залішняй суровасці дысцыпліны, але пасля смерці ўсе плакалі па ім»[123].
        Хадкевіч бліскуча выканаў сваю справу: войска пад ягоным кіраўніцтвам разбіла ворага і цяпер заставалася нанесці апошні ўдар. Любамірскі з годнасцю апраўдаў давер Хадкевіча і давёў войска да перамогі. Хаця ўзніклі недарэчнасці, якія ўдалося вырашыць, дзякуючы каралевічу Ўладзіславу. Ліцьвінскія воіны адмовіліся падпарадкавацца гетману-паляку. Наспяваў небяспечны канфлікт. Разлад у войску, апроч бяды нічога добрага не прынёс бы. Каралевіч Уладзіслаў падаў прыклад разважлівасці і падначаліўся новаму гетману. Ён жа і намовіў ліцьвінаў, каб і яны прызналі ўладу Любамірскага, бо дагэтуль без пярэчанняў падпарадкаваліся ліцьвіну Хадкевічу. Любамірскі са свайго боку пацвердзіў абяцанне свайго папярэдніка заплаціць трохмесячнае жалаванне, чым падняў настрой воінаў.
        Між тым пра смерць Хадкевіча даведаўся Асман і абрадваўся: «Калі палякі страцілі такога шчаслівага і велікадушнага правадыра, ад якога ён шмат разоў быў біты і ў столькіх бітвах атрымаў паразу, дык страцілі і шчаснасць»[124].
        Туркі ўзнавілі наступ. 25 верасня яны занялі пакінуты вугорскай пяхотай Вейгера шанец. Але так і не ўтрымалі ўмацаванне за сабой. Атака конніцы Русіноўскага і гетманскай пяхоты выкінула туркаў з шанца. Наступным днём таксама напаткала няўдача. Не вытрымаўшы агня гарматаў і мушкетаў, туркі адступілі. Вайна прыносіла Асману новыя страты, аднак прызнаць сваю паразу ён не хацеў. Апошнюю надзею султан ускладаў на новы бой, які назначыў на 28 верасня. Усіх, хто мог насіць зброю, Асман пагнаў на бітву.
        «Неба гарэла, а паветра пачарнела ад дыму, дрыжала зямля, стагналі лясы, скалы разляталіся на кавалкі. Што ў гэты дзень бачыла вока, не апісаць на адной або на дзвюх старонках; нельга выказаць дакладна, з якім запалам і мужнасцю або хутчэй адчаем біліся абодва бакі», – пісаў у дыярушы Якуб Сабескі[125]. Турэцкія ядры ляцелі на лагер і сеялі смерць. Адзін шатландзец хворы ліхаманкай, які ляжаў у палатцы, быў забіты ядром у той момант, калі прыўзняў галаву, каб падсілкавацца.
        Галоўны ўдар туркі наносілі на пазіцыі, якія займала харугва Русіноўскага. Тут былі нізкія валы, і туркі спадзяваліся прарваць у гэтым месцы абарону войска Рэчы Паспалітай. Пасланых Уладзіславам немцаў, якія складалі ягоную асабістую ахову, не хапіла для адпору ворагу. Тады Любамірскі загадаў усім харугвам выдзяліць частку воінаў і такім чынам сабраў значны рэзерв. Гэты аддзел і прыйшоў на дапамогу Русіноўскаму. Атака туркаў разбілася аб мужнасць і гераізм воінаў Рэчы Паспалітай. Кіпеў бой і на другім беразе Днястра, дзе на лагер напалі татары і адступілі без перамогі.
        На вайсковай нарадзе ў прысутнасці Ўладзіслава было вырашана пачаць з туркамі мірныя перамовы.
        Пасольства ўзначалілі Якуб Сабескі і Станіслаў Журавінскі. Асман таксама схіліўся да міру, каб пазбегнуць канчатковай паразы. З турэцкага боку перамовы вялі валашскі ваявода Радул і галоўны візір Дзілавер.
        Хаця баі і працягваліся, але яны ўжо не нагадвалі тыя крывавыя бітвы, што адбываліся дагэтуль. Нарэшце Асман зразумеў усю бесперспектыўнасць распачатай ім вайны. Дробнымі наскокамі на лагер войска Рэчы Паспалітай туркі спрабавалі стварыць уяўленне аб нерастрачаных сілах і нязломным вайсковым духу. Але кожны раз, вяртаючыся пабітымі ў лагер, турэцкія воіны прыносілі султану скруху і расчараванне. Ад сораму яны хавалі раны і апускалі галовы.
        Кодабы забітых паспешліва і патаемна ад усяго войска хавалі ў зямлю. Турэцкае войска было зломлена, а сіл хапала толькі на мышыную валтузню каля непрыступных валоў Хоцінскай цвержы.
        Нарэшце на перамовах была дасягнута дамоўленасць аб умовах мірнага пагаднення. Рэч Паспалітая адмаўлялася ад прэтэнзіі на Малдавію, да якой пераходзіла Букавіна і Хоцін. Прапанову плаціць Турцыі харадж (даніну) паслы адхілілі. Кароль дзеля аднаўлення сяброўства з султанам гатовы паслаць яму падарункі ў знак прыязнасці. Адмовіліся паслы і пакараць запарожцаў за іх набегі на Турцыю, спаслаўшыся на тое, што яны гэта рабілі падчас вайны. Даведаўшыся аб умовах міру, вялікі візір Дзелавір угневаўся і вырашыў настаяць на хараджы. Ён пужаў паслоў вайной, новай султанскай раццю, якую Асман сабярэ да восені. Паслы спакойна выслухалі пагрозы візіра і прама заявілі яму: «У дадзены час у турак няма падставы ганарыцца, а палякам палохацца»[126]. Абяцанне багатых падарункаў зрабіла згаворлівымі турак. Асман як пачуў пра падарункі, дык забыўся пра годнасць манарха. Мір паміж турэцкай Портай і Рэччу Паспалітай быў заключаны. Султан адводзіў войска ў Фракію. Хоцін вяртаўся Малдавіі. Татары не нападаюць на землі Рэчы Паспалітай, а казакі адпаведна на землі Турэцкай імперыі. Валашскім гаспадаром султан павінен назначыць хрысціяніна. Крымскі хан атрымліваў ад караля Рэчы Паспалітай штогадовае жалаванне ў 30 000 злотых, за што хан павінен даваць вайсковую дапамогу Рэчы Паспалітай.
        Гэтае пагадненне выявіла бяссілле Турцыі. Вайна закончылася паразай Турэцкай імперыі. Задума Асмана заваяваць палову Эўропы правалілася. Пад Хоцінам султан згубіў толькі забітымі больш за 80 000 чалавек і каля 100 000 коней. Мацвей Цітлоўскі сцвярджае, што страты туркаў былі большымі – 208 000 чалавек[127].
        Як прадбачыў перад смерцю Хадкевіч, Асман замест таго, каб стаць панам усёй Эўропы, стаў «пасмешышчам», асудзіўшы сябе на «ганьбу і вечны заняпад»[128]. Па Турэцкай імперыі быў нанесены сакрушальны ўдар. Хоцінская вайна стала пачаткам заката магутнасці Порты.
        Эўропа была выратавана ад мусульманскага нашэсця.
        Па рознаму склаліся лёсы галоўных герояў Хоцінскай бітвы. Ян Кароль Хадкевіч назаўсёды застаўся ў гісторыі. Асман ганебна вярнуўся ў Стамбул. У паразе ён абвінавачваў усіх, апроч сябе, і па-ранейшаму лічыў сябе вялікім заваёўнікам. Мары пра новы паход апанавалі яго хворы розум. Пачаўся збор войска. Аднак незадаволеныя султанам янычары і даведзеныя да апошняга жабрацтва вайсковымі паборамі людзі ўварваліся ў султанскі палац. Асмана выцягнулі на вуліцу і з тоўстай вяроўкай на шыі вадзілі па гарадскіх вуліцах. На былога ўладара імперыі з усіх бакоў сыпаліся ўдары раз’юшанага натоўпу. Чалавек, які марыў стаць уладаром усяго свету, ператварыўся ў пасмешышча і стаў ахвярай сваёй пыхі і неразумнасці. Раз’юшаны натоўп задушыў Асмана. Прароцтва дэрвіша споўнілася – меч Асмана стаў бяссільным, а сам ён пазбавіўся і панства, і жыцця. На султанскі пасад быў пасаджаны прастадушны і пустагаловы Мустафа І. Новы султан спалохана блукаў па вялізнаму палацу і звяртаўся да кожнай дзверы: «Асман, Асман, ідзі Асман, бяры ад мяне гэтую ўладу»[129]. Уладу бралі тыя, хто дарваўся да яе, і чынілі з ёй усё, што хацелі. Безуладдзе кіравала Турцыяй.
        Паў і крымскі хан Джанібек-Гірэй. Новы візір Хусейн саслаў яго на востраў Родас, а ханам назначыў Махмат-Гірэя.
        Уладзіслаў са славай пераможцы вярнуўся ў Кракаў. А хворага Пятра Канашэвіча прывезлі ў Кіеў, дзе яго сустрэла толькі жонка. Вясной наступнага года казацкі гетман памёр. Але памяць пра подзвіг герояў не памерла. Паэты апявалі выратоўцаў Эўропы. Серб Іван Гундуліч у сваёй паэме «Асман» заклікаў зняволеныя асманамі славянскія народы на змаганне з турэцкім ярмом. Перамога пад Хоцінам абудзіла надзею на падзенне Порты.
        Вялікія нараджаюцца вельмі рэдка і не кожнай эпохе пашчасціла мець іх. І ў часы, калі нікчэмнасць і пыхлівасць уладароў Рэчы Паспалітай паставілі яе на калені – як патрэбны быў ён – правадыр і воін. Гісторык Адам Нарушэвіч напісаў жыццяпіс Яна Кароля Хадкевіча, каб нагадаць сваім сучаснікам, «якія слаўныя былі іх продкі».
        Кнігу сваю Нарушэвіч прысвяціў каралю Аўгусту Панятоўскаму з шчырым прысвячэннем: «Дай Божа Вашай каралеўскай мосці такіх сенатараў, якім быў Хадкевіч»[130].
        А быў ён вялікім воінам свайго народа і пачціва служыў яму. «Дзе словам служыць давялося, служыў я прамовай, дзе прамовай, служыў здароўем, не зважаючы ані на зайздрасць і аблуду, ані на якія ўдары, ані страты»[131].

Крыніца: http://knihi.com/Vitaut_Caropka/Uladary_Vialikaha_Kniastva.html
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.