РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Адам Глёбус
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
сУчаснікі
Крыўда. Геапалітычнае эсэ
сУчаснікі
СУЧАСНІКІ
СУЧАСНІКІ
        
1980. Пятроў і сон
        
        Графітыст Пятроў марыў пра тое, каб зусім не спаць. Больш ідыёцкую мару цяжка прыдумаць. А ён не толькі марыў, а і эксперыментаваў – не спаў па тры ночы запар, на большае яго не хапала.
        
        
2002. Дранько-Муйсюк і запалкі
        
        Рыфмач Лёнік Дранько-Муйсюк страшэнна любіць запальваць агонь. Бывае, збяруся я прыпаліць цыгарку, дык ён каробку з рук вырывае і спрытна чыркае сярнічкаю па пушцы. «Пушкаю» Лёнік называе каробку, бо любіць сваё паляшуцкае слоўца ўкруціць. Асабліва небяспечна ў прысутнасці Дранько-Муйсюка даваць агонь жанчыне: можна нарвацца на абразу і сілавыя дзеянні.
        
        
2002. Макараў і гарбата
        
        Памёр жывапісец Юра Макараў. Што сказаць?.. Ён навучыў мяне запарваць гарбату. Ён ствараў карціны, збіраў чужыя малюнкі, фатаграфаваў жонку, выхоўваў сына Івана... Гэта ягонае. Наша: Юра навучыў мяне браць гарбату шчопцямі, каб кончыкі пальцаў адчулі крохкую пяшчоту сухіх лістоў... Не так і мала ў нас агульнага, калі мы разам пілі духмяны напой.
        
        
2002. Сыс і SOS
        
        Паэт Анатоль Сыс усёй сваёй творчасцю падаваў беларускай нацыі сігнал SOS. Нацыя ўсгшыла, атрымала дзяржаўнасць. Сыс патануў у алкаголі, загінуў як герой. Але Сысава SOS не страчвае актуальнасці і не страціць, бо гэта – ахоўны знак нашай нацыі.
        
        
199?. Жукоўскі і доўг
        
        Гісторыю пра Жукоўскага я перапісаў з магнітафоннай стужкі, таму не ведаю імя галоўнага героя...
        Прадпрымальнік Жукоўскі набыў фургон мацаванага віна. Правільных накладных на тавар не меў. Час наш такі, усе дакументы сумнеўныя. Віно трэ было прыхаваць. Мелася ў Жукоўскага лазня пад дзевяціпавярховікам, а за лазняю – таемны складу сутарэннях. Туды і згрузілася тара з народным пойлам. Каб люд не пакраў каштоўны прадукт, Жукоўскі наняў вартаўніка і паабяцаў разлічыцца бутэлькамі. Уночы здарылася драма. Вартаўнік аказаўся кончаным алкаголікам. I так яму заманулася дапасці да пойла, так закарцела каўтануць вогненнай вадзічкі, што ён голымі рукамі пачаў аддзіраць навясныя замкі, пачаў пазногцямі дзерці дзверы, якія адгароджвалі лазню ад райскага свету. Драў ён, драў замкі і дзверы, але дзе ты прадзярэшся праз кардоны, панастаўляныя белпрадпрымальнікам. Скуру і мяса на руках паабдзіраў небарака і раз’юшыўся, расхваляваўся так, што конча страціў розум і тутака, пры дзвярах, задавіўся на ўласнай дзязе. Зранку Жукоўскі ацаніў сітуёвіну, прыняў рашэнне і пачаў, чапляючыся скрынямі за мёртвыя ногі вартаўніка, грузіць вінішча на машыну. Рассоваўшы тавар па крамах, Жукоўскі выклікаў мянтоў, якім паказаў трун і дзве пляшкі гарэлкі, за якімі нібыта лез вар’ят-алкаголік. Часам да Жукоўскага ў сне прыходзіць вартаўнік-самагубца і абураецца, бо лез ён не па гарэлку, а ірваўся ў свій спірытусны рай. Пасля абурэнняў ён просіць аддаць заробак, але Жукоўскі не паспявае разлічыцца з нябожчыкам, бо прачынаецца ў ложку...
        На гэтым моманце плёнка, дасланая мне добразычліўцам, абрываецца, але я не пакідаю надзеі высветліць: у чыім ложку прачынаецца Жукоўскі.
        
        
1974. Муха і кандуіт
        
        Калі нехта з навучэнцаў пападаўся на кепскім учынку. выкладчык пачатковай вайсковай падрыхтоўкі палкоўнік Муха казаў: «Дастаю свой чорны кандуіт і запісваю. Студэнт... утварыў... адбылося гэта...» У чарнаскуры нататнічак запісалася і маё прозвішча, бо я стрэліў без загаду. Мог бы і забіць палкоўніка, калі той папраўляў нахіленую мішэнь – «постаць ворага на поўны рост». Не прыстрэліў. Ветэран савецка-кітайскай вайны адно прысеў Устаў і занёс маё імя ў трыкляты кандуіт, каб праз паўгода на заліку згадаць несвоечасовы стрэл. Паставілася мне 4, бо гранату закідваю далёка і аўтамат разбіраю-збіраю спрытна. Дзякуючы палкоўніку я навучыўся весці свае кандуіты. Зазвычай нататнікі купляю ярка-вясёдыя, але пракідаюцца і цёмнаскурыя, у іх натую асабліва мярзотныя ўчынкі сУчаснікаў.
        
        
2002. Малішэўскі і шумок для галення
        
        Сядзіць карцінастваральнік Сярожка Малішэўскі з чарачкай гарэлкі за летнім столікам, у кумпаніі сябрукоў-мастачкоў і трызніць: «Можна збіраць пену, што пускаюць з рота эпілептыкі падчас прыпадку, заганяць яе ў балонікі і выкарыстоўваць для галення». – «Выдатнае вынаходніцтва! – гудуць калегі. – Патэнтуй!»
        
        
2002. Хведарэнка і выпіўка
        
        Апісальнік бытавухі Андрэйка Хведарэнка выпівае... Хто не выпівае? Андрэйка пацягвае горкую і дома, і на рабоце. Хіба адзін у нас такі? Андрэйка навучыўся хаваць за п’янствам канфармізм. «Андрэй, падпішы ліст!» – «Не, не... Я, хлопцы, выпіваю на рабоце. Мяне ў любы час могуць выгнаць за п’янку!» Сапраўды, могуць. I раней ці пазней пагоняць. Не ўратуюць Андрэйку ні докладныя апісанні побыту, ні лаўрэацтвы, ні дзяржузнагароды. Чалавека гоняць, бо маюць магчымасць гнаць. Ці знойдзе Андрэй сілы забраць у ворагаў такую магчымасць? Бог ведае...
        
        
2002. Барткевічы і 20 000 даляраў
        
        «У Амерыцы ўсё вырашаюць грошы», – сказаў пясняр Лявон Барткевіч Кастусю Бандаруку, калі той распытваў у яго пра сына Рычарда, які падрабіў 20 000 баксаў. Бандарук кажа, што Рычард Барткевіч фальшаваў даляры з дапамогай кампутара. Дзіўна было б, каб той вырабляў грошыкі без дапамогі компа. Толькі фішка не ў дапамозе, а ў друкарскім працэсе. Кампутар у добрых руках можа шмат, але высокі друк робіцца на машыне імя Гутэнберга. Каб Рычард вучыўся ў Скарыны і Мсціслаўца, дык друкаваў бы больш якасную прадукцыю і так хутка не папаўся б у лапы правасуддзя. Шкада таленавітага чалавека. Я і раней казаў, што фальшывыя грошы з’яўляюцца тады, калі дзяржава перастае плаціць мастакам.
        
        
2002. Дракахруст і крэольства
        
        Свабодазалежны журналіст Дракахруст у газетцы «Свабодныя навіны з плюсам» абвясціў, што ён – крэол. Каб я не бачыў на свае вочы маму і тату журналіста, мог бы і паверыць. Але ж і маці, і бацька – нашы, тутэйшыя. Сам Дракахруст носіць шыкоўную рудую бараду. Дзе гэта хто бачыў індзейца з рудой барадой? Я не антраполаг. На ўсе 100 % не скажу, але 99 % паказваюць на тое, што Дракахруст не крэол. Калі Дракахруст і надалей будзе настойваць на сваім крэольстве, я пакідаю за сабою права абвясціць сябе магіканінам. Ну, гэтым Чынгачгукам Вялікім Цмокам. Ну з рамана Джэймса Фенімора Кучара «Астатні з беларусаў». Татуіроўку зраблю – «Пагоня» на ўсе грудзі. Апрану белую кашулю і абвяшчу. Толькі хто ж нам паверыць?
        
        
199... Валеватнік і Лонданскі кніжны кірмаш
        
        Кнігагандляр Гена Валеватнік уставіў новыя зубы і паехаў на кніжны кірмаш у Лондан. У першы вечар наведаўся Генчык у раён весялосці і распусты – Соха. Ну, куды зарульваюць мужыкі з новымі зубамі? Ясна... Ён дае нырца ў ружова-бэзавае святло стрыптыз-бара. Тое-сёе, танцы-шманцы, шэпты шумлівага шампанскага... I выкацілі Генчыку такі рахунак, страшна сказаць. Давялося плаціць. Каб забыць пра страту, кнігагандляр заваліўся ў паб і напіўся. На раніцу ад пабскай выпіўкі ў роце было брудна. Валеватнік так стараўся адшараваць бруд у роце, што вышараваў зубы. Яны звонка цыкнулі аб чарупіну і паправальваліся ў вадасцечную адтуліну. Спрытны Генчык раскурочыў рукамыйнік, каб выцягнуць зубы са сцёкавай трубы. Толькі ў ангельцаў усё не па-нашаму, рух у іх вельмі хуткі і на вуліцах, і ў каналізацыйных трубах. Не хапіла беларускага спрыту, уцяклі зубкі. Наведванне кніжнага кірмашу адклалася, бо што за базар без зубоў. Валеватнік папёрся да стаматолага. А каб дзірка ў роце не палохала людзей, нарабіў сабе зубоў з жавальнай гумкі. Лонданскі дантыст значна даражэйшы за сохаўскую стрыптызёрку. Так што чэк за ўстаноўку часовых пратэзаў быў яшчэ той. За зубамі, за рамонтам гатэльнага рукамыйніка праляцеў тэрмін камандоўкі. На кірмаш Гена не папаў. Але неўзлюбіў яго люта. Як нехта скажа: «Валеватнік, можа ў Лондан паедзем, там выдатны кніжны кірмаш?» – Генчык злуецца. I ты б злаваўся, каб заплаціў за рапарацыю сантэхнічнага вузла ў пяцізоркавым гатэлі.
        Кірмашовую гісторыю мне распавёў найлепшы сябра Валеватніка – Шура Злоты. Расказаў з патаемнай крыўдаю ў голасе, бо з-за няправільнай чысткі зубоў ён таксама не патрапіў на кірмаш. Не кінеш жа сябра ў бядзе, а яшчэ калі бяда прыйшла не адна і прыйшла ў бязмежным Лондане?!
        
        
2002. Шчасная і серады
        
        Фактурыстка ў жывапісе Нінэль Шчасная, прачнуўшыся пасля свайго пяцідзесяцігоддзя, вырашыла, што замала зроблена-настварана, а ўсё з-за бясконцых наведнікаў і прыхільнікаў, якія ўвесь час у майстэрні круцяпца, спасу ад іх няма. Каб панарабіць болей пупырчатых карцінак, жывапіска вырашыла прымаць госцікаў толькі ў сераду, раз на тыдзень. З тых часоў у спадарыні Нінэль атрымліваюцца цудоўныя салонныя серады, а карціны... Хіба вырашае ў мастацтве колькасць зробленага?..
        
        
1996. Русава і д’ябал
        
        «Цяпер мой колер – блакітны... Мне надакучыла працаваць на д’ябла, я працую на Бога!!!» – гаворыць Люда Русава і паказвае малюнкі, зробленыя сінім атрамантам. Зайздрошчу. Вось ёсць жа ў чалавека пераключальнік. Папрацаваў на нячысціка, пераключыўся, працуеш на Усявышняга, стаміўся і зноў пераключыўся. Фантастыка.
        
        
1995. Шніт і кнігі
        
        Крытыкеса Людачка Ўрублеўская, жонка байка-пісьменніка Віцечкі Шніта, неяк заўважыла пра мужа: «Віця чытаць не чытае, але кніжкі лю-ю-юбіць!»
        
        
2002. Брыль і гук
        
        Запіснік Янка Брыль болей за паўстагоддзя шчыруе на ніве беларускай літаратуры, бо мае выдатнае калялітаратурнае сапрана.
        
        
2001. Хацкевіч і мастакі
        
        «Вало-о-дзя, мастакі не паміраюць! Яны про-о-ос-та едуць у Парыж і там жывуць, інко-о-огніта. Я бачыў у Парыжы Сяргея Пятро-о-овіча Катко-о-ова. Вы тут думалі – ён памёр. Не! Жыве ў Парыжы. I Вало-о-одзя Свінаро-о-оў, і Вася Хмялеўскі – яны там». – «Гена, быў я ў Парыжы, няма там ні Каткова, ні Хмялеўскага са Свінаровым». – «А-а-а... Яны, значыцца, паехалі на Мадагаскар. З французскім пашпартам на Мадагаскар можна ехаць без візы. Валооодзя, паехалі на Мадагаскар...»
        
        
2002. Данько і ключык
        
        Настаўнік чужынскай мовы і прапагандыст украінскай паэтыкі Андрэй Данько марыў пра чароўны ключык, якім зможа зачыняць жонку Аляксандру, каб тая займалася адно справамі сямейнымі. Такая была ў Андрэя сярэднявечная мара, яе зазвычай выстаўляюць у музеях атэізму ў выглядзе жалезнага паса адданасці. Антыгігіенічная рэч – гэты пас, скажу я табе. Данько своечасова скеміў, што найлепшы доказ кахання – цяжарнасць, і вельмішаноўная Аляксандра чакае другое дзіця.
        
        
1995. Клінаў і коўдры
        
        Жывапісец-карыкатурыст Артур Клінаў запрасіў у госці настаўніка Сашу. Узялі яны бутэльку віна, селі, выпіваюць, размова не лепіцца... Настаўнік прапанаваў музон паслухаць. Артур кружэлку запусціў. Ну, то было гранне. На ўвесь начны Мінск. Асцярожны настаўнік паспрабаваў гук прыцішыць, але рэгулятар у прайгравальніку адсутнічаў «Зараз прыцішым», – сказаў Клінаў і прынёс коўдру Пад коўдраю прайгравальнік прыціх, цяпер песня лілася не на ўвесь Мінск, а толькі на ягоную лепшую цэнтральную частку. Каб супакоіць Сашу і прайгравальнік, Клінаў прынёс яшчэ адну коўдру Пад ціхую музыку сябры і дапілі чырвонае віно.
        
        
2002. Астраўцоff і формула
        
        Даасіст-самавук Шура Астраўцоff намастачыўся пазычаць грошы і не вяртаць. Ён сфармуляваў апраўданне: калі мне пазычаюць, я варты пазыкі, я яе адпрацаваў раней і тым заслужыў права не сплочваць пазычанае. Пераканаўчая формула паводзінаў Толькі чутка пра невяртанне бяжыць паперадзе Шуры. Астраўцоff стаў ахвяраю ўласнага вынаходніцтва. Болып за тое, ён рассакрэціў сапраўдныя намеры большасці пазычантаў, якія ў часы ўсталявання грашова-крэдытных стасункаў карыстаюцца падобнымі формуламі. Цяпер можна спакойна адмовіць у пазыцы, спаслаўшыся на прыклад Астраўцоffа. Спасылка – выдатнае апірышча. Спашлюся яшчэ раз... Формулу Астраўцоffа я пачуў у пераказе Марціна Юра і запісаў: раптам каму спатрэбіцца.
        
        
2002. Злоты і гатоўка
        
        Калі Гена Валеватнік даведаўся, што Шура Злоты распавёў усяму свету пра ягоныя зубныя пратэзы, ён палез у кішэнь памяці і дастаў такі факт... Раней бізнесоўцы-пачаткоўцы хавалі гатоўку ў матрацах сваіх каханак. Мода такая: прыхаваць на чорны дзень тое-сёе ў канвертабельнай валюце. Каханкі чамусьці лічыліся болын надзейныя за жонак. Прайшло некалькі калоў часу, і каханкі з матрацамі ператварыліся ў жонак з банкаўскімі рахункамі. Мода змянілася. Злоты, як чувак модны, хавае брыкеты гатоўкі ў маразілцы, паміж шматом сала і пляшкаю гарэлкі. Ты адчуваў, якія ледзяныя талеры ён табе аддае? З маразілкі грошыкі. Лядоўня замест сейфа – павевы эканамічнай моды.
        
        
2001. Паўлінка і шакаладны колер
        
        Правабаранільніца Паўлінка А... Паўлінка Г... Паўлінка К... З жаночымі прозвішчамі без пляшкі не разбярэшся. Дарэчы, пра пляшкі... Паўлінка напілася з абхазскімі праваадстойнікамі так, што не дайшла да свайго гатэльнага нумара і заснула ў калідоры на ходніку. Добрыя мужчынскія рукі перанеслі сонную Паўлінку на ложак. У ложку і здарылася нечаканка. Неспадзеўку пабачыла Паўлінка ранкам. Уся бялізна была перапэцканая, брунатныя пляміны і пісягі аздаблялі прасціны. Вялікае белае цела правабаранільніцы таксама пакрылася шакаладнымі камячкамі. Пераляканая жанчына шуганула ў душ, дзе адшаравалася, абмылася і працверазела. Каб ніхто не пабачыў зафэнданых прасцірадлаў, яна сама заслала ложак хоць звычайна тое робіць гатэльная пакаёўка. Тры раніцы Паўлінка прахоплівалася на золку і хуценька прыбірала ложак. Чаму яна спала ў брудзе? Чаму не папрасіла памяняць бялізну? Чаму брудныя прасціны пакаёўка пабачыла толькі тады, калі Паўлінка з’ехала, пакінуўшы сяброўку здаваць нумар? Яна і сама не ведае. Як не ведала, што перапэцкала ложак у звычайны шакалад. Дасціпная прыбіралыдчыца, як вядзецца ў добрых гатэлях, пакінула на падушцы шакаладны медаль. Толькі ўкраінскія пакаёўкі адрозніваюцца ад іншых шырынёю шчодрасці. Не кожны ласуннік зможа згрызці ўкраінскую шакаладку да сярэдзіны. Такой шакаладкі хопіць, каб запэцкаць не адзін, а сто адзінаццаць ложкаў. Калі Паўлінцы расказалі пра цукеркі на гатэльных падушках, яна не паверыла. Патэлефанавала мне і спытала, ці сапраўды існуе ідыёцкая завядзёнка з ласункамі на ложках? Ёсць такое. Паўліна смачна вылаялася і кінула слухаўку. А я падумаў, што ў нас ёсць і больш заганная звычка – напіцца да непрытомнасці ў першы дзень канферэнцыі.
        
        
2002. Освальд і фармуляр
        
        Кілер Лі Харві Освальд любіў чытаць кніжкі. Працуючы на мінскім радыёзаводзе, ён хадзіў у бібліятэку. Браў працы Леніна, казаў, што мае жаданне прачытаць творы правадыра сусветнага пралетарыяту ў арыгінале. Акрамя Леніна замаўляў тэксты Маркса. Бібліятэкарка распавяла, што кілер № 1 XX стагоддзя меў выгляд сціплага і стрыманага чалавека. Кнігі вярталіся ў тэрмін, таму прэтэнзій да Лі-чытача яна не мела. За кожную атрыманую кнігу Освальд уласнаручна распісваўся, як і ўсе астатнія наведвальнікі бібліятэкі. Фармуляр Освальда захоўваўся ў бібліятэцы да 1989 года, пакуль я не пацікавіўся ягоным зместам, а пацікавіўся я з-за жадання зрабіць для часопіса «Крыніца» матэрыял пра сучасніка, які жыў у Мінску і чыё імя прагрукатала на ўвесь свет. Нічога разумнейшага, як зазірнуць у бібліятэчны фармуляр, не прыдумалася. Дый зазірала ў той дакумент бібліятэкарка, а потым пераказвала ягоны змест маёй маме, з якой разам скончыла бібліятэчны факультэт.
        Пра фармуляр я ўспомніў, калі за столікам каля універсама «Цэнтральны» зайшла гутарка пра Освальда. Мае сабутэльнікі казалі, што амерыканцы, каб давесці, што Освальд не мог быць агентам іх спецслужбаў, знайшлі ў яго нейкую спецыфічную хваробу. З такой хваробаю не бяруць ні ў астранаўты, ні ў агенты 007. Выходзіла на тое, што Освальд мог быць толькі агентам СССР. Наяўнасць хваробы ў Освальда можна было б абвергнуць, каб меўся ўзор ягонага почырку, бо хвароба неяк спецыфічна ўплывае на арганізм, і калі яе носьбіт пачынае пісаць, гэта бачна на паперы. Рукапісаў Освальда не знайшлі. Можа хто і шукаў бібліятэчны фармуляр, толькі каб яго ўбачыць, трэба ведаць парадак расстаноўкі фармуля раў: іх ставяць не толькі па алфавіту, але і па датах наведвання, каб адразу бачыць тых, хто не здае кнігі ў тэрмін. Калі ж чытач усё здаў і яго доўга няма, фармуляр трапляе ў архіў. Карацей, з наскоку не знойдзеш. Мяркуючы па зацікаўленасці маіх сабутэльнікаў, яны зробяць спробу адшукаць дакумент з крамзолямі знакамітага кілера. Мне ж у гэтай гісторыі падалося цікавым тое, што за Освальдам стаіць ідэалогія, што ён уважліва чытаў тэксты, а ў чытанні быў паслядоўны і педантычны.
        
        
2002. Базыль і стрэл
        
        Страляўся і прамахнуўся... Ці бывае такое? Здараецца. Напіўся, выцягнуў зброю з хованкі, стрэліў у скронь і прачнуўся ў лякарні. Дактары суцяшаюць: «Зрок вернецца». А зрок не адновіцца ніколі. Пачалося жыццё ў суцэльнай цемрадзі, са згадкамі пра няўдалы стрэл. I гэта ўтварыў мой сябра. Як дапамагчы? Ці прагучыць наступны стрэл? Страх ад бяссілля. Нават смерць ад яго адвярнулася. Нават смерць...
        
        
2002. Тата і слепата
        
        Божа, які цяжкі сон пабачыўся... Прыехаў я ў нашу вёску Варакомшчыну, дзе цяпер жыве тата-нябожчык. У брудных баб пытаюся пра яго. «Ваш тата аслеп. Нічога не бачыць, нікога не пазнае...» Бабы пахнуць хлявом і ўсміхаюцца. Бягу на наш падворак. Ён стаіць у накінутай на голыя плечы фуфайцы. Вочы поўныя неба, невідушчыя, забельмаваныя. Худое цела спрэс у чорных і бэзавых сіняках і пунсовых драпінах. «Добры дзень, добры дзень, добры дзень...» – шэпча тата. «Ён вітаецца так ласкава, так пяшчотна... Мы ўсе яго любім яшчэ больш...» – шэпчуць мне ў спіну бабы. Бяру бацьку за ледзяную руку: «Тата, пойдзем адсюль...» – «Добры дзень, добры дзень, добры...»
        
        
2001. Мальвіна і чэкі
        
        Праваадстойніца Мальвіна любіць каву. Запрасіў я Мальвіну на каву, а грошы не памяняў. Зайшлі мы ў абменнік, здаў я 10 баксаў Мальвіна кажа: «Дай чэк!» – «Нашто табе чэк?» – «Здам у справаздачу!» – «10 баксаў – мала, – кажу, – давай набяром у сметніцы чэкаў на абмен сотак!» – «Соткі не пойдуць, трэба набіраць дробнымі, па 5, 10, 20, нават 50 не пралазяць у маю справаздачу!» Набралі мы са сметніцы чэкаў на 45 баксаў і пайшлі піць каву. Як мала нам трэба для шчасця.
        
        
1993. Міськоў і крэсла
        
        Раманіст і майстра пляцення кошыкаў з лазы Павел Міськоў скардзіцца на дзяцей: «Яны ў мяне такія неакуратныя, такія... Кватэру зусім не прыбіраюць. Я паклаў крэсла пасярод калідора. Думаў, што крэсла яны прыбяруць. Не! Пачалі пераскокваць праз тое крэсла. Тры дні скакалі ўсе. Давялося самому прыбраць».
        
        
2000. Валаводзін і фірмы
        
        Малы прадпрымальнік Серафім Валаводзін, каб задзелацца вялікім бізнесменам, пачаў наведвацца ў ракавы корпус. Смяротна хворым людзям прапаноўвалася падпісаць пачак папер – пакет дакументаў на адкрыццё фірмы. Смерць не за гарамі, а тут можна, не ўстаючы з ложка, падзарабіць на прыстойнае пахаванне. За 300 долараў утваралася цалкам легальная фірма, з жывым(!) гаспадаром. Валаводзін праводзіў праз фірхмы грошы і тавары, падаткі не плаціў; а калі яго ўсё ж павалаклі ў камітэт па фінансавых следствах, назваў дакладныя могілкавыя адрасы ўладальнікаў кантор. Следчыя няўзброеным вокам бачылі авантуру Серафіма, толькі зрабіць нічога не маглі, адно прасілі – болей не чапаць безнадзейна хворых пакутнікаў Валаводзін казаў, што не будзе чапаць. Ён іх не чапаў і не бачыў, балазе справы вяліся з доктарам, які за 100 баксаў афармляў паперы і, называючы дату смерці пацыента, ні разу не памыліўся. Дзякуючы дакладным дыягназам Серафім Валаводзін стаў вялікім прадпрымальнікам.
        
        
1970. Жданаў і сподачкі
        
        Інсітны калажыст Лёша Жданаў успрымаў людзей як мутантаў, пачварных і лупавокіх. Прынамсі, такімі ён іх вымалёўваў на сваіх брудна-неахайных калажах. Таму з чыстым сумленнем і лёгкім сэрцам ён здзекаваўся з вясковай бабулі, у якой жыў, калі яго – студэнта – паслалі выбіраць бульбу. Увечары Лёша паставіў пад разетку пусты сподачак, а ўранку зрабіў выгляд, нібыта нешта п’е з таго сподачка. «Што ты, хлопец, робіш?» – задзівавалася бабулька-гаспадыня. «Электраэнергію п’ю!!! За ноч яна выцякае з разеткі на сподак. Я яе выпіваю і цэлы дзень хаджу бадзёры!!!» Калі Жданаў вярнуўся з поля, у хаце падманутай бабулі пад кожнай разеткаю стаяў сподачак. То ўжо паіржаў Жданаў з аднакурснікамі-бульбакапальнікамі... «Хіба не мутанты?!»
        
        
197... Прадстаўнік і пакунак
        
        Пісьменнік (дазнацца дакладнае прозвішча не змог. Ці трэба? Называлі і Кулакоўскага, і Лынькова, і Брыля...) прадстаўляў БССР у ААН, а калі вярнуўся, дык праз месяц атрымаў выклік у Дом урада. Маўляў, на Вашае імя па дыпламатычнай пошце прыйшоў пакунак. Прыходзьце і атрымайце. Па-а-аляцеў на крылах надзеі... Калі ж у прысутнасці шматлікіх гледачоў адбылося ўрачыстае ўскрыццё, дык прысутныя пабачылі пакамечаныя порткі, якія прадстаўнік засунуў за гатэльную батарэю, пакідаючы ААН.
        
        
2002. Буцінас і афіцыянтка
        
        Фермер Яўген Буцінас напісаў раман. Як і належыць рускамоўнаму «пісацялю», Яўген зладзіў прэзентацыю кнігі ў Маскве. Пасля афіцыйнай часткі асабліва дарагія госцікі былі запрошаны ў рэстарацыю. Буцінас замовіў ваду, бо пляшку з моцным напоем трымаў, па старой звычцы, у нагруднай кішэні пінжака, каля сэрца. Афіцыянтка, паставіўшы ваду, навісла над прэзентацыйшчыкам і бесперапынна пыталася, што яшчэ прынесці да вады. Яўген настойліва папрасіў новую рускую афіцыянтку адысці ад стала. Паслухалася. Госці залпам выпілі мінералку і паставілі шклянкі на стол, каб Яўген напоўніў іх каньяком. Але старая маскоўская афіцыянтка моцна адрозніваецца ад новай рускай афіцыянткі, пра што прысутныя забыліся. Спрытна пахапаўшы са стала шклянкі, яна шпурнула на абрус рахунак. Няёмка зрабілася ўсім, акрамя новай рускай афіцыянткі: такія не ведаюць пра няёмкасць і сорам.
        P. S. Зусім інакш праходзіла прэзентацыя рамана ў Дудутках, маёнтку Буцінаса. Самагонка лілася ракою. Афіцыянты з афіцыянткамі трымаліся ветліва. Нават я паводзіў сябе прысгойна, гаварыў кампліменты маме Яўгена, хваліў яе таленавітага сына. Адзінае, што сарвалася з языка... Раман трэба было назваць не «Дурні», а «Дурань». Па ўзору: Дастаеўскі – «Ідыёт», а Буцінас – «Дурань».
        
        
2002. Мама і віншаванні
        
        Мама заўсёды віншуе мяне з днём нараджэння самая першая. У яе атрымліваецца адчуць той момант, калі я прачынаюся 29 верасня. А прахопліваюся я ў самы розны час, бо магу загуляць напярэдадні з сябрамі і сяброўкамі, а магу прашлындацца цэлу ноч па могілках... Так і сягоння. Толькі з ложка саскочыў, а ў слухаўцы – мамін голас... «У акушэркі, якая цябе прымала, дзявочае прозвішча – Бяляева, як і ў тваёй жонкі. Яе наш койданаўскі доктар Гладкі з Ленінграда прывёз. Я ўсё забывала табе пра яе расказаць. Ты нарадзіўся ў 16.20, сонца было, як і сягоння. Я кажу Бяляевай: "Калі мой муж прыйдзе, вы скажыце яму, што хлопчык у нас..." – "Пад вакном ваш муж ходзіць..." Я ўстала, дурніца, і цябе Чэсю паказала... А сягоння дастала з шафы татаву безрукаўку, бэзавую, некалі яму звязала... Ці табе? Не помню. Дастала і пачула ягоны водар. Пах захаваўся. Апранула я безрукаўку, бо халодна ў кватэры, і хаджу. Вось мы цябе віншуем......Я трымаюся. Я сорак чатыры гады дзякую Богу, што ён даў мне... нам цябе... А ў цябе халодна ў кватэры?» Халодна, я ж босы стаю.
        
        
2002. Рычы і аўто
        
        Ліверпулец Джон Рычы прыехаў у Мінск і закруціў справу. Прыйшоў грашовы поспех. На хвалі поспеху самотны Джон закахаўся ў перакладчыцу. А ў каго яшчэ можна моцна залюбіцца ў чужамоўным асяродку? Агаломшаны пачуццямі, Джон Рычы падараваў перакладчыцы аўто. I яна адразу ж палюбіла... Не захапілася беларуска ангельцам Рычы, яна закахалася ў аўтамабіль. Ды так моцна, што калі ў ім зламалася помпа, яна рыдала на ўвесь Мінск: «А як жа, як я цябе, родны мой, аддам у лапы садыстаў-аўтарамонтнікаў? Яны ж замучаць цябе, закатуюць, запаскудзяць...» Выхаваны і стрыманы ангелец не вытрымаў выгляду істэрыкі і абурыўся: «Гэта – жалеза, рэч, неадухоўлены механізм. Перастань выць!!!» Жанчына перарвала галашэнні і злосна зіркнула на Джона Рычы. О, колькі нянавісці каліхавала ў тым зірку! Нянавісць пераўтварылася ў такі ўчынак... На адрапараваным аўто перакладчыца завезла Джона ў партызанскі лес і заявіла: «Стань перад машынкаю на калені, папрасі ў яе прабачэння, пацалуй яе тры разы, абдымі і яшчэ раз пацалуй!!! А інакш разганюся зараз і ў дрэва зарулю!!!» Магутнацелы Джон прасіў у аўтамашыны прабачэння, абдымаў і цалаваў яе. А злосная фетышыстка яшчэ патрабавала пяшчоты ў інтанацыях. Во... Хацеў бы такое прыдумаць – не прыдумаеш. За што і люблю беларусак.
        
        
2001. Разанаў і кіпень
        
        На фуршэце паэт-пункцірыст Алесь Разанаў пытаецца ў мяне: «Валодзя, што ты на ўсіх кіпятком сцыш?» Маўчу, малюючы на твары здзіваванне. «Бацька твой такі ж самы быў... Аттт... За гэта я вас і люблю!» Што сказаць паэту, які належыць да пакалення з пераламаным хрыбетнікам?!
        
        
2002. Мама і Інтэрнэт
        
        «Я ўжо і не пачытаю, што ты там усё пішаш у сваім Інтэрнэце... А хто з нашых старэйшых пісьменнікаў тамака піша?» – пытаецца маці. «Ніхто не піша, мама; я, мусіць, самы старэйшы».
        
        
1983. Васілеўскі і радасць
        
        Журналіст-патрыёт Пётра Васілеўскі любіў паўтараць: «Не можаш жыць сабе на радасць, жыві на злосць іншым!» Так і жыў, пакуль не ажаніўся.
        
        
1994. Пацюпа і таксоўшчык
        
        Спыняю машыну, называю вуліцу, еду ў рэдакцыю газеты «Свабода», вязу нататкі пра сУчаснікаў і распавядаю пра іх... Раптам таксоўшчык пытаецца, ці перспектыўны паэт Юрась Пацюпа. Ведаючы Юрася асабіста, шчыра радуюся за ягоную папулярнасць у асяродку таксоўшчыкаў. Толькі радасць мая хутка скончылася, бо таксоўшчык прызнаўся, што ён – Юрасёў цесць.
        
        
1994. Мінкін і віскі
        
        Уночы іду з віленскім марафонцам Алегам Мінкіным па алкаголь. Не хапіла, бач ты нас. Купляю Ballantaes за 50 літаў. На зваротным шляху марафонец паўтарае адно слова: «пакаштуем». Каштуем. «I ты за гэты смярдзючы самагон выклаў 50 літаў!!! Вар’ят! За гэткія грошы можна было 8 пляшак гарэлкі набыць!!!» Доўга не магу заснуць. Дзе памылка? У літах? У самагоне? У марафонцу Мінкіну? Нарэшце засынаю; што ні кажы, а Ballantaes – моцны напой, 43 закручэнняў.
        
        
1998. Наварыч і пакаленні
        
        Літаратар-фантасмагор Алесь Наварыч у эсэ «Вехі» дакладна дзеліць беларускую літаратуру на пакаленні. За крок прымаецца час у 12 гадоў. За пачатак адліку бярэцца 1882 год, калі нарадзіліся Купала і Колас. Каб працягнуць распачатае Алесем, раблю свій накід перыядаў у сУчасным белліце...
        1. 1882–1893. Нашаніўцы: Купала, Колас, Багдановіч...
        2. 1894–1905. Узвышэнцы: Жылка, Дубоўка, Пушча...
        3. 1906–1917. Таталітарысты: Танк, Брыль...
        4. 1918–1929. Вайскоўцы: Быкаў, Антон Адамовіч, Дзяргай...
        5. 1930–1941. Філолагі: Караткевіч, Адамчык, Стральцоў...
        6. 1942–1953. Дысідэнты: Разанаў, Галубовіч, Арлоў...
        7. 1954–1965. Тутэйшыя: Сыс, Дубавец, Бабкоў...
        8. 1966–1977. Эстраднікі: Хадановіч, Кісліцына, Вішнёў..
        9. 1978–1989. Зубры:...
        
        
1999. Вераціла і «жучкі»
        
        Аўтар паэтычнага радка «Я плесня вільготных ямінаў» Серж Вераціла завальваецца ў маё выдавецтва: «Вобана, рамонт зрабіў! Зараз нешта пакажу!!!» Вераціла падскоквае казлом ледзь не да столі і б’е абцасамі ў падлогу з такой сілаю, што бетонная сцяжка трэскаецца разам з кафлянай пліткаю, праз усю вітальню. «Гэта каб усе кэдэбісцкія "жучкі" для праслушкі нашых размоў паабляталі!» Якая праслушка? Якія «жучкі-павучкі»? А самая дурня, што таварыш-плесня Сяр-Жук нічога сакрэтнага тым разам не паведаміў.
        
        
2000. Вераціла і след
        
        Перарабляльнік прозы Хорхе Луіса Борхеса з расійскай на расійскую мову Серж Вераціла прывалокся на тэлевізію да хаўруснікаў па літхалтурах. У валізе прынеслася мутная бутэлька, прывезеная з роднай вёсачкі. Літбайцы ўзялі па чарцы. Адзін выхукнуў паветра і прашаптаў асіплым голасам: «Пякучая, халера. Градусаў 50». – «Можа і ўсе 70», – удакладніў Вераціла, плюхнуў самагонку з рыльца на стол і падпаліў. Тая радасна запыхкала пералівіста-сінім полымем. Так на белтэлевізіі з’явіўся стол у сівых плямінах і з назваю «След Верацілы».
        
        
2001. Сіўчыкаў і выварка
        
        У літагента Вальдэмара Сіўчыкава знаёмы пытаецца: «Як рыбалка?» – «Выварку рыбы налавіў!» Праз які дзень той жа знаёмы пытаецца ў сіўчыкаўскага сябрука-рыбака пра тую ж рыбалку... «Не лавілася зусім, Вальдэмар з расстройства накупляў у мужыкоў цэлую выварку рыбы».
        
        
2001. Макмілін і адзнака
        
        Ноч, званок, Юрась Пацюпа... Ніколі раней такога не было, каб Юрась тэлефанаваў уночы, ён і ўдзень не тэлефанаваў, а тут... «Я крыху выпіў і вырашыў табе затэлефанаваць. Я з ангельцам Макмілінам, які даследуе беларускую літаратуру, цэлы дзень хадзіў і выпіваў па мінскіх рэдакцыях. Увечары Арнольд цяжка ўздыхнуў і сказаў: "Какое убожество!" Вой, што я кажу?! Ты пра гэта напішаш...» I ўся размова. Прагледзеўшы кнігу Арнольда Макміліна, я здзівіўся дакладнасці адзнак, дадзеных нашым літаратарам і творам. Толькі адзнакі «убожество» не знайшоў, хоць і шукаў.
        
        
2001. Аркуш і ксеракс
        
        Вольны літаратар, выдавец часопіса «Ксеракс Беларускі» Алесь Аркуш перапісваўся з замалёўшчыкам рэчаіснасці ЛеанідахМ Галубовічам (ЛеГал[ам]). Праз 15 гадоў Аркушу спатрэбіліся тыя лісты, каб пісаць мемуары. ЛеГал даў лісты, але папрасіў вярнуць. Аркуш ксеракапіраваў уласныя лісты, а мог бы здагадацца і пісаць пад капірку.
        
        
1977. Раманюк і кепка
        
        Строявед Міхась Раманюк любіў вышэйшых за сябе жанчын і кепкі. Калі ён цалаваўся з дылдаю, кепка зазвычай падала на зямлю. Не каб перад пацалункамі кепку зняць... Зрэшты, што там тая кепка ў параўнанні з каханнем.
        
        
1985. Бембель і верш
        
        Праваслаўны паэт Алег Бембель, у друку – Зніч, пры сустрэчы яшчэ здалёк пачынаў гарлаць: «З якім вершам паўстанеш перад Богам!!!» Валасы доўгія, барада кудлатая, вочы агністыя. Страшна за таго Алега робіцца. Чытаеш нейкія радкі, каб толькі яго супакоіць. А ён, нібыта сам Усявышні, хваліць цябе. Толькі ці патрэбны Богу нашыя вершы, пытанне?..
        
        
1990. Імерманіс і секс
        
        Паважаны дэтэктыўшчык Анатол Імерманіс ладзіў групавушны секс. Ён па-майстэрску зарганізоўваў секс-ігрышчы з шакаладам, шампанскім, хлопчыкамі і дзяўчаткамі з Індакітаю. Залатаскурыя студэнты вялі ў СССР паўжабрацкае жыццё, а таму лёгка пагаджаліся за мізэрны ганарарчык займацца маркітоўкаю ў басейне Дома творчасці пісьменнікаў «Дубулты». Адміністрацыя творчага дома не вытрымала, усчала скандал і выселіла васьмідзесяцігадовага Анатола за распусту. Той матлянуўся на электрычцы ў родную Рыгу, аформіў, як ветэран усіх войнаў, новую бясплатную пуцёўку і вярнуўся. «У мае восемдзесят, акрамя сексу і літаратуры, мяне нічога не цікавіць. Калі шчыра, хвалюе адно – секс!» – прызнаваўся мне блакітнавокі латышскі пісьменнік, калі мы пілі каву з рьгжскім бальзамам.
        
        
2002. Марголін і кефір
        
        Будучы мастак-дэкаратар Зорык Марголін любіў паспаць на лекцыях па навуковаму камунізму. Пэўна, Зорыку сніліся дэкарацыі да мюзіклаў, сніліся вялізныя ганарары за дэкарацыі, сніліся... Я з Зорыкам сядзеў за адным сталом, але не спаў, маляваў сабе ціхенька. «Марголін! Я сказаў – Марголін!!! – крычаў выкладчык-камуніст Яўхімчык. – Адамчык, пабудзі Марголіна!» Мой локаць біў у Зорыкаў бок. «Што?» – «Марголін, ты ўчора гарэлку жэр? Ну не можаш ты, Марголін, піць гарэлку, пі кефір!» – «Не піў я ўчора!» – «Адамчык, Марголін піў учора? Марголін, дыхні на Адамчыка! Што, піў?» – «Здаецца, не піў!» – «Прэч пайшлі, абое!!!» Мы сыходзілі. «Ну, з Марголіным усё ясна, а ты, Адамчык, мне на іспытах адкажаш за ўсе нацыяналістычныя банды вашай Навагрудчыны. Мала я вас там...» Мы сыходзілі ад гісторыі КПСС, ад змагара з нацыяналістамі Яўхімчыка, ад палітыкі мы ішлі ў свет свайго мастацтва, да аголеных жанчын і тэатральнай сцэны. Ці думалі мы, што на сцэну, аформленую Зорыкам, прыйдуць тэрарысты, што гледачы мюзікла «Норд-Ост» ператворацца ў закладнікаў, што «мала я вас там пастраляў» прагучыць на ўвесь свет? Не, канешне. Мы ішлі ў хлебны піць каву за 14 капеек і гаварыць пра вечнае мастацтва.
        
        
2002. Зорык і прароцтва
        
        Іду з Уладзімірам Сцяпанам па праспекце Скарыны... Зорык Марголін стаіць. «Ну што, Зорык, будзе з тваім тэатрам?» Мат... «Тэлефаную я музыкантам у аркестровую яму, а яны мне: "На твае дэкарацыі ўзрыўчатку вешаюць..." Ды гуй з імі, з дэкарацыямі... Галоўнае, каб вы жывымі засталіся... Наўрад ці, тут паўсюль цёткі ходзяць, паабчапляныя дынамітам, падарвуць яны нас...» Мат... «Паеду ў Маскву, шкада людзей... Што будзе, што будзе? Факін раша!!!» Гэтым разам ні кава, ні гарэлка нам не дапаможа. Мы трацім сяброў на вачах ва ўсяго свету, а свет застаецца раўнадушны. «Ніхто не кінецца нікога ратаваць...» – казаў у пару нашай агульнай мастакоўскай маладосці Уладзімір Сцяпан. I меў рацыю.
        
        
1977. Нямцоў і прыбіральня
        
        Курыў я ў інстытуцкай прыбіральні, глядзеў праз вялікае акно, як будуюць метро на праспекце. Дзесяткі мужыкоў шчыравалі ў катлаване колеру засохлай крыві. Яміна нагадвала велізарную рану з чалавекаабрыснымі чарвякамі... «Валодзя, не куры ў прыбіральні, не рабі палітычную кар’еру і болын малюй», – сказаў у маю спіну выкладчык малявання Віктар Нямцоў. З таго часу я не палю ў клазетах, грэбую палітыкай і пішу ці малюю штодня.
        
        
2001. Сапач і прышчэпка
        
        Тэлемайстрыца Таццяна Сапач, ідучы па сонечнай Вільні, скардзіцца: «Я тваёй жонцы распавядаю, што ў дзяцінстве перажывала за свой шырокі нос. Каб ён стаў вузейшы і прыгажэйшы, насіла прышчэпку. Тады я закахалася ў Васю Бычка, а той любіў толькі пінг-понг. А я ж думала, што ён з-за шырокага носа на мяне ўвагі не звяртае. Вось такая я была табурэтка з прышчэпкаю. Нос пасля экзекуцыі рабіўся сіні, як сліва. Жонка твая "ага-ага" і ўсё фатаграфуе. Ёй мой нос з прышчэпкаю нецікавы...» – «Ёй нецікавы, а мне цікавы», – суцяшаю Таццяну, якая некалі даўно-даўно друкавала вершы, а яшчэ даўней кахала пінгпонгдзіста Бычка.
        
        
1999. Цудзік і гаўбец
        
        Аматар вясковых краявідаў Мікола Цудзік моцна піў. Адпаведна кола сяброў сціснулася да класічнай тройкі – Цудзік, карціншчык Суша і пясняр Сыс. 3-за бесперапынных п’янак у сям’і Цудзікаў усчаліся перхманентныя сваркі. Пад час аднаго скандалу Мікола выйшаў на гаўбец выпаліць цыгарэту. Папаліў, упаў з гаўбца і забіўся. Здарылася тое якраз пасля вялікай выставы ў Палацы мастацтваў, якую Мікола зладзіў на сваё пяцідзесяцігоддзе.
        
        
2002. Фінбербер і краты
        
        Аркестрант Міхаська Фінбербер закратаваў вокны. Музыкам святла не трэба, яны і ў суцэльнай цемрадзі могуць панаствараць, панаскладаць і папанапісваць. I каму справа да кратаў на чужых вокнах? Эх, каб быў першы паверх, дык і спраў не было б. А то ж трэці. Вось усім і дзяруць вочы Міхаськавы краты. I так задралі, што адна дзявуля, пацягваючы нятанны шампусік, спыталася ў кавалера: «А ты наварочаныя краты на трэцім паверсе звычайнага жылога дома бачыў калі-небудзь?» Кавалер выгнуўся паўлінам, разгарнуў хвост самапыхі і заспяваў: «Ха-а-а, гэта мой карыфан Фінбербер закратаваўся!» – «Няўжо ты ведаеш Фінбербера? – гарэзніца пачала пад’юджваць заляцальніка. – Ну, калі вы сябры-песняры, дык патэлефануй яму і скажы, што краты спілавалі, і яны валяюцца на зямлі...» Кавалер ажывіў сотавікі, свой і аркестрантаў. «Вуй!» – адказала слухаўка Фінберберавым галаском, калі пачула пра краты і зямлю. Пасля шматзначнага і ўсеабдымнага «вуй» паплылі гудкі. Узбуджаны кавалер ушчыкнуў магутнае дзявуліна сцягно. «Па-жар-та-ва-ла я-я-ааааа!» – прасаліравала аматарка прыколаў. Мужчына перанабраў Фінбербера. «Каб ты так жыў і так хварэў, як я! – ушчуваў аркестрант. – У мяне слабое і хворае сэрца! Мне зусім нельга хвалявацца! Я ў санаторыі. Два тыдні лекавання пайшлі кату пад хвост!!!» – «Міша, ты краты свае перанясі ў сярэдзіну кватэры. Людзі не будуць бачыць і перастануць цябе турбаваць у санаторыях...» Фінбербер паўтарыў ноту «вуй» і абарваў сувязь.
        
        
2001. Валяватнік і Маскоўскі кніжны кірмаш
        
        Лонданскі дантыст зрабіў Генчыку Валяватніку такія клёвыя часовыя пратэзы, што той забыўся пра іх нетрываласць. Ну, стаяць сабе і стаяць. Хто з нас без прымусу да стаматолага пабяжыць? Вось Валяватнік і адкладаў візіт да доктара і даадкладаўся, ёханы бабай. Бяда прыйшла нечакана і зноўку на кніжным кірмашы. Толькі не на Лонданскім, а на Маскоўскім. Абароцісты гандляр аўтарскімі правамі спадар Спальчыкаў зладзіў сустрэчу паміж кнігагандлярамі Злотым і Валяватнікам ды прадстаўніком штатаўскага выдавецтва «Воок & Ьоок» спадаром Хілам. Валяватнік хацеў прыдбаць у штатніка правы на кніжкі... Здагадайся з аднаго разу. Правільна! Пра здароўе, пра 4 групы крыві, пра ідэальную паставу, пра зрок і зубы. Ну, якое здароўе без зубоў?! Сабраліся перамоўцы за вялікім паліраваным сталом. Генчык перад пачаткам падрыхтаванай прамовы вырашыў пакашліваннем прачысціць горла. Хваляваўся Валяватнік. Без хвалявання пра грошы толькі дурань гаворыць. Кашлянуў ён разок, кашлянуў другі, а як трэцім разам кашлянуў, дык зубы і выскачылі і паскакалі па дзераве лакіраваным наўпрост да амерыканскага праваўладальніка цудоўных кніжак пра здароўе. Гена зрабіў каменны твар, устаў, сагнаў выкашляныя разцы са стала ў падстаўленую лодачкай далонь, сціснуў кулак і моўчкі прасядзеў усе перамовы. Хітры Злоты выгандляваў у наіўнага Хіла процьму кніжак: пэўна, той пашкадаваў сцятае сэрца Валяватніка. На гэтым маскоўскія злыгоды мінскіх кнігагандляроў і скончыліся, светлая паласа пайшла.
        
        
1993. Васючэнка і людскасць
        
        Чаму маё пакаленне наскрозь патрыярхатнае? Мужчынскасць, мужнасць, моц – нашы каштоўнасці. Адсюль і хамства, і грубасць, і простасць. Самы асцярожны празаік з «тутэйшых» Пятро Васючэнка ў апавяданні «Аптэкаркі» напісаў: «Бо ў ДЗЯЎЧАТКАХ, як мне падалося, БЫЛО й нешта сапраўднае, ЛЮДСКАЕ, хаця яно надта квола прабівалася праз іхняе недарэчнае крыўлянне». Чаму людскае і чалавечае ў жанчыне яго дзівіць?
        
        
1967. Прабаба Маня і вайна
        
        Кот з’еў рыбу... Мы – Толік Кісель і я – налавілі карасёў, прывезлі іх у бітончыку, які паставілі на ганку. Пакуль мы снедалі, кот перакуліў бітончык і зжэр карасікаў. Толік злавіў кацяру, запхаў у капронавую сетку, павесіў сетку на плот і пачаў лупцаваць зладзюгу скураной папругай. Я, канешне, і лавіць дапамагаў, і сетку на плот мы чаплялі разам, і лупіў бы кацяру пасам, каб не прабаба Маня. Яна пачула душашкамутальныя галашэнні нашага коціка, прыбегла, насварылася, спыніла экзекуцыю, загадала выпусціць жывёлу і сказала: «Не ўсіх дурных вайна пабіла!» Гэты сказ мы – я і Толік – паўтаралі безліч разоў, заліваючыся смехам, бо што-што, а вайна ну ніяк не магла нас пабіць. Вайна засталася ў далёкім мінулым, а наперадзе квітнела безваенная вечнасць, мы ў гэта верылі чамусьці.
        
        
1987. Дурэйка і прасталыткі
        
        Студэнт Дурэйка марыў стаць палітыкам, але ў легендарныя асобы трапіў іншым чынам. Дурэйка вынайшаў спосаб, як дваццаціпяцірублёвую прастытутку трахнуць за пяцёрку. Дурэйка апранаўся па-святочнаму і падыходзіў да рэстарацыі «Журавінка». Падыходзіў позна, за хвілінаў дваццаць да закрыцця, калі тамтэйшыя прасталыткі канчаткова гублялі надзею зняць кліента. Праклінаючы змарнаваны вечар, прастытуткі вывальваліся з «Журавоў» і напорваліся на Дурэйку, які прапаноўваў самай прывабнай дзявулі 20 % ад яе таксы. Ніводная не адмовілася, але ўсе, як адна, прасілі не распавядаць пра сваё фінансавае падзенне. Дурэйка доўга трымаў слова, а потым, стаўшы паліткруцялём, дазволіў сабе ўжываць прасталытак за поўны кошт і распавядаць ім пра прыгоды маладосці, праз што і набыў вядомасць.
        
        
2002. Чалавек з акрываўленай галавой
        
        Разглядаю малюнкі на сцяне кальварыйскага касцёла, што ў Мінску. Дзіўныя малюнкі: нехта намаляваў белай фарбаю фактуру кары. Намаляваў кіпцястай лапаю. Намаляваў хутка. Размаляваў сцены ад карнізаў да падмуркаў. Я паварочваюся да людзей, якія стаяць за плотам, на могілках, і кажу: «Маляваў не чалавек! Чалавектак не зможа намаляваць кару!» «Гэта маляваў чалавек», – пярэчыць незнаёмец з акрываўленай галавою. Пералажу праз плот, да людзей, на могілкі. Па-да мною ломіцца штыкеціна. Саскочыўшы з плота на зямлю, адчуваю палёгку. Мне болей не страшна. «Папраў плот», – кажа чалавек з акрываўленай галавой. Я выпростваю трэснутую штыкеціну. Яна нібыта жывая і зрастаецца на вачах. Прачынаюся і паўночы не магу заснуць. Уваччу стаіць акрываўленая мужчынская галава. Раніцай тэлефануе цешча, я падрыхтаваўся прымаць віншаванні: сягоння дачцэ спаўняецца дзевятнаццаць гадоў. Замест віншаванняў цешча кажа, што ў цесця пасярод ночы здарыўся інсульт. Ёсць рэчы і з’явы, да якіх немагчыма падрыхтавацца самому; і тады нехта іншы рыхтуе цябе.
        
        
1978. Цішын і генеральскі мундзір
        
        Кепскі той мастак, які не марыць напісаць вялікую карціну. А як ты намалюеш вялікую карціну, калі ў цябе майстэрня 3 на 3 метры? Значыцца, кепскі той мастак, які не марыць пра вялікую майстэрню. Ігар Цішын марыў, ну і я марыў, бо задумалі мы намаляваць палатно памерам 9 на 3. Майстэрню Ігар знайшоў: тэхнічны паверх у інтэрнаце, які належыў транспартнікам, розным там трамвайшчыкам і тралейбуснікам з аўтобуснікамі. Яны сказалі, што аддадуць паверх, калі нехта з «гары» ім загадае. Ігар успомніў цесця свайго аднакурсніка Султанаffа. Выпіў Ігар з Султанаffым, і за чаркаю прыдумаўся падарунак-хабар для генерала-сілавіка. Султанаff прынёс цесцеву форму і фотаздымкі ўзнагародаў і твараў. Мундзірчык быў яшчэ той, шкада, мне замалы, а на Цішыне сядзеў як на яго пашыты. Цішын меў твар Сакрата, было досыць весела глядзець і маляваць генерала з тварам Сакрата-Цішына. За парадны партрэт міліцыянт дапамог мастаку атрымаць тэхнічны паверх. Толькі пісаць карціну 3 на 9 мы перадумалі. Так заўсёды бывае: ад дабра шукаеш дабра, ад вялікага прэшся да большага, пакідаючы на цяжкім шляху парадныя партрэты генералаў.
        
        
1998. Малішэўскі і куртка
        
        Па-заўсёднаму гула і каліхавала ў «Траецкім прадмесці» пятнічная п’янка. За доўгім сталом я напіваўся побач з Сярожкам Малішэўскім. «Закалябалі мастакоўскія зграі! Хіба мастак павінен весці зграйны лад жыцця? Мастак – асоба, і мусіць жыць асобна. Асабліва мяне задзяўблі твае беларусЫ з пагоняаааааааамі...» – наязджаў на мяне Сярожка. «А як мяне задралі белАрусы з пагоооонамі!» Сцямнела, акенца з гарэлкаю зачынілася. Мы рушылі даганяцца. Каля карлікавага помніка інсітнаму мастаку Язэпу нас наведала анархічнае жаданне пратэставаць. Маё жаданне зняважыць сімвал аматарскага мастацтва было мацнейшае. Я вандаліў, а Сярожка стаяў на шухеры, чакаючы сваёй чаргі на акцыю. Куды ён глядзеў? Пра якое мастацтва думаў? Чаму не заўважыў мянтоў, што падрулілі да мяне і сказалі: «Ну, даеш, не каб пайсці пад мост і ціха зрабіць справы, як усе людзі робяць. Уяўляеш, што табе будзе, калі ў пратаколе напішам: "сцаў на помнік культуры"? Пасадзяць!» – «А калі прыбяру? Адпусціце?» – «Як ты прыбярэш? Рукамі?» – «Хай прыбірае...» Зняўя куртку і выцер лужыну. «Што ты дома пра куртку скажаш?» – пацікавіліся мянты. «Прыдумаю па дарозе». На мосце Малішэўскі роспачна выдыхнуў; «Шкада курткі». – «Мне зусім не шкада! Хочаш, табе прэзентую?» – «Неэээээээээ!» Куртка паляцела ў Свіслач, а я задумаўся над актуальным пытаннем, дзе б гэта рукі памыць.
        P. S. Показкі пра здарэнне каля карузлікавага помніка Язэпу Драздзюковічу пераказваюць розныя людзі, чым памнажаюць маю скандальную легендарнасць, за што я ім вельмі ўдзячны.
        P. P. S. Дома пра куртку я расказаў праўду, як заўсёды.
        
        
1999. Талока і 2 па 100
        
        Ёсць такія сабутэльнікі, з якімі прапіваюцца ўсе грошы да апошняга, прыхаванага на чорны момант даляра. Якраз такі сучарачнік – Міхась Талока. Як збярэмся, то ўжо гульнём: і па барах, і па лазнях, і па бардэльерах. У самы нечаканы момант (а такія моманты заўсёды нечаканыя) грошы сканчаюцца... Сядзім мы ў бары «Сняжынка». 2 па 50 і таматны сок 2 па 100 і таматны сок. 2 па 100 і мінералка. 2 па 100 і разыходзімся. Хопіць, трэці дзень п’ем, апошнія 2 па 50, апошнія, апошнія... «У мяне грошы скончыліся». – «А ў мяне яшчэ пазаўчора абнуляваліся кішэні. Золатца, у нас бабкі скончыліся, накапай 2 па 30 грамаў». – «А як вы заплоціце, калі грошы ёк?» Сунуў я руку ў кішэнь і дастаў жменю прэзерватываў. Здурэў, я што, у касу прэзікі пакладу? «Налі ім 2 па 100, а гандоны мне прынясі, спатрэбяцца». – «Як вам, хлопцы, пашанцавала, што наш гаспадар добры». «Ты заўсёды ў кішэнях прэзікі носіш?» – спытаў Талока пасля знаёмства з гаспадаром бара «Сняжынка». Канешне...
        
        
1993. Краўчанка і букет
        
        Паэт Сыс любіў свой дзень нараджэння. Гасцей запрашалася поўная кватэра. Пілося, ялося, спявалася і паэзія чыталася. Такія вершы гучалі, што ўсім плакалася ад радасці. Артысты, журналісты, мастакі, дзівакі і міністры... Зарыфмаваўся. Прабачаюся, выбачаюся. Міністр быў адзін. Міністр замежных спраў – Пётар Краўчанка – падарьгў Сысу найвялікшы букет і самую ёмістую бутэльку віскі. Не ўсё так кепска, калі міністры... Зноў загіпербалізаваўся. Калі міністр дорыць паэту кветкі, не ўсё так кепска, як газеты пішуць і тэлевізія паказвае. Як казаў Сыс: «Надта хочацца верыць, надта хочацца верыць...»
        
        
2002. Мама і зімовае паліто
        
        «Валодзя, як ты ходзіш?! Такі холад, а ты ў лёгкім палітончыку. Дзе твая дублёнка?» – «Ма-а-ам, дублёнка знасілася, я хутка хаджу, мне цёпла». – «Памерай бацькава паліто, яно цёплае, у яго футравая падбіўка». – «Ма-а-ам...» – «Год прайшоў. Мы з бацькам так радаваліся, калі куплялі гэтае фінскае паліто. Паглядзі, які акуратны каўнер. Тата яго амаль і не панасіў. Памерай». – «Яно мне будзе замалое». – «Памерай. Толькі памерай. Мне будзе прыемна паглядзець на цябе ў бацькавым паліто. Я ж казала, што падыдзе. А тваё паліто я ў шафу павешу, як пацяплее, ты прыйдзеш і памяняеш бацькава на сваё». – «Ма-а-ам, вось грошы вазьмі». – «Ага, будзем лічыць, што гэта за паліто».
        
        
1975. Сарока і бабы
        
        Спрачацца на скрыню каньяку ў асяродку вечна п’яных скульптараў лічылася найвышэйшым пілатажам. Кастусь Сарока вечна спрачаўся... «Хочаш паглядзець, як дзве бабы паб’юцца?» – «Як ты зробіш, каб бабы ды пабіліся?» – «Проста, магу зараз зрабіць». – «Яны ўзапраўду біцца будуць?» – «На поўным сур’ёзе!» – «Не зможаш!» – «Змагу!» – «Не зможаш!» – «Спаранём на скрыню каніны?» – «Давай!..» Спрэчнікі ехалі на Камароўскі кірмаш. Сарока выглядаў на аўтобусным прыпынку бабу з вялікай торбаю, падыходзіў, падсаджваўся каля торбы і чакаў. Калі нейкая разэля сядала каля яго з іншага боку, ціхенька прасіў: «Я па-маленькаму злётаю, а ты папільнуй торбу». Кастусь сыходзіў і хаваўся. Разэля пільнавала. Падыходзіў аўтобус. Баба хапала торбу і кіравалася да дзвярэй, а ёй напярэймы ляцела разэля. Цёткі счэпліваліся ў бойцы. Сарока выйграваў каньяк Калегі-скульптары асуджалі жорсткае сэрца, але пройгрыш аддавалі заўсёды. Такому не аддай – даражэй выйдзе ў сто разоў.
        
        
2002. Нацэўскі і падабенствы
        
        Помнікава-могільнікавы мастак Міша Нацэўскі падобны да Ван Гога. У знешніх рысах ён пачаў адшукваць падабенства духоўнае, паперамалёўваў сабе сланечнікі і партрэты з парэзаным вухам. Убачыў тыя пошукі Руслан Вашкевіч, адпусціў бараду і намаляваў Мішку – рыхтык Вінцэнт. Змастачылі яны выставу vincent van gogh memorial house у галерэі «Зямля людзей». На адкрыццё сабраўся народ. Цікава на жывога Ван Гога-Мішку паглядзець. Нейкі мастацтвазнай сказануў, што каб зразумець сутнасць праекта, трэба быць крышку падобным да індуса. «Можа, лепей да яўрэя?» – паспрабаваў удакладніць я. На што Воўка Цэслер запярэчыў: «Я і так падобны, а ты са сваімі набрыяліненымі валасамі падобны да Кірка Дугласа». – «Боб-гарох! Да Спартака я падобны, а не да Кірка Дугласа, які ў кіно граў ролю Спартака». Які час?! Не малюем, а перамалёўваем, не пішам, а спісваем, не спяваем, а пераспёўваем усе ўсіх. Імправізацыі, варыяцыі, копіі, алюзіі, каментары, цытаты, запазычанасці, плагіяты, крадзяжы вобразаў – суцэльны постмадэрністычны боб-гарох.
        P. S. Пакуль я ў Мінску займаўся несапраўдным Ван Гогам, у Амстэрдаме XXX з паплечнікамі скраў два сапраўдныя краявіды спадара Вінцэнта. XXX трапіў у музей праз дах. 3 рэчавых доказаў засталася адно лесвіца каля музейнай сцяны. Пачалося следства. Ведаючы амстэрдамскіх паліцыянтаў, спачуваю XXX. Лепш бы ён у Мішкі Нацэўскага набыў падробку.
        
        
2002. Харэўскі і поўня
        
        Вялікі знаўца краявідных прыгажосцяў Сяргей Харэўскі сядзіць у Вільні і расхвальвае архітэктурныя вабноты нашае Літвы. Прыўзносячы баракальную Вільню, Сяргей паціху-патроху «прыапускае» канструктывісцкі Мінск. Вільня прыгажэе і прыгажэе, на думку Харэўскага, а Мінск занепадае і занепадае. Я чакаю, калі краявідазнаўца скажа, што віленская поўня ўдвая прыгажэйшая за мінскую. Ён скажа, няма сумневаў, хоць мне цудоўна відаць з майго мінскага вакна, што мінская поўня ўтрая прыгажэйшая за віленскую.
        
        
1978. Хобітаў і поп-арт
        
        Фарбамяшальнік Лёня Хобітаў зляпіў з пластыліну акуратненькую вітушку чалавечага гною. Каб рукатворнае лайно мела большае падабенства з нерукатворным, ён размаляваў скулыпурку алейнымі фарбамі ў бліскуча-брунатны колер. Шэдэўр малой пластыкі паклаўся пасярод калідора ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Пераканаўчасць вобраза падкрэслівалі: пакамечаны газетны шкумат і старыя кеды без матузкоў. Каб твор не адразу згінуў у нябыце, Хобітаў наведаўся на кафедру мастацтвазнаўства і запрасіў вучоных выкладчыкаў азнаёміцца з поп-артычным шэдэўрыкам. Мастацтвазнаўцы пазырылі на вітушку, пасля чаго дамачка ў акулярах, падобная да кобры, выказала вердыкт: «Хобітаў, ты – дурань!» Лёня, незадаволены адзнакаю, схапіў рукамі мяккую скульптурку і змяў у круглы камяк. Так з’явіўся і знік першы і апошні твор Хобітава, зроблены ў стылі поп-арт.
        
        
2002. М., В. і галава агульнай жонкі
        
        Мастак В... Пакіну яго без прозвішча. Чаму? Пазней зразумееш. В. набраўся гарэлкі, распрануўся і лёг у ванну з цёплаю вадою. Гаючая вадкасць так адрэлаксавала цела, што яно зрабілася бязважкім. Гной пакінуў вантробы. Змесцівам з уласных кішак В. зрабіў малюнкі на сценах лазенкі. Калегі, знайшоўшы непрытомнага В., сказалі: «Вось ён – сапраўдны мастак! Трацячы розум, ён малюе ўласным гноем!!!» Некалькі разоў я спрабаваў праверыць праўдзівасць гісторыі пра мастака В., якую мне распавёў мастак М. Высветлілася... М. закахаўся ў дзяўчыну, ажаніўся і сышоў у войска. Прыехаўшы на пабыўку, ён доўга званіў і стукаў у свае дзверы, якія нарэшце адчыніў яму В., да гэтага моманту – найлепшы сябра. Давялося вяртацца ў войска галоднаму. 3 таго часу мінула шмат гадоў. У М. новая сям’я. У В. гэтаксама зусім новая сям’я. Толькі няма на свеце іх агульнай былой жонкі. Яна, едучы ў машыне з чарговым каханкам, трапіла ў аварыю, і ёй адарвала галаву. Вось таму я не называю прозвішчаў удзельнікаў трагедыі і не зусім веру ў сапраўднасць гісторыі пра маляванне лайном.
        
        
1971. Хмялёўскі і КПЗ
        
        Разглядаў старыя фотаздымкі і спыніўся на партрэце Васіля Хмялёўскага. Вусаты прыгажун ажыў і сказаў: «Раскажы гісторыю пра мяне, бо людзі забыліся, што жыў-быў Васька Хмялёўскі, чэмпіён Беларусі па вольнай барацьбе». Згадвалася рознае, але спыніўся я на камеры папярэдняга знявольвання – КПЗ...
        Васіль Хмялёўскі зрабіў у сутарэннях шматкватэрнага дома майстэрню-бункер. 3 мастакамі так заўсёды: ці то на гарышча залезуць, на паддашкі розныя, ці ў сутарэнні-лабірынты спусцяцца. Галоўнае, каб не так, як у людзей. Абсталяваў Хмялёўскі сутарэнні лямпамі дзённага святла, мальбертам і канапаю, на самаробныя стэлажы кніжак панастаўляў. Дзверы навесіў цяжкія, дошкі ў дзве столкі ішлі. У гэтым бункеры працаваў-маляваў, толькі нядоўта. Прыйшоў аднойчы Васіль, а дзверы наросхрыст... Бедлам паўсюль. На канапе мужык спіць. Хацеў Васіль пабудзіць гада. Той не будзіўся, спаў вечным сном. У спіне нябожчыка чарнелі ліпкія дзіркі ранаў. Перапэцканы мёртвай крывёю, Васіль Хмялёўскі заваліўся ў аддзяленне міліцыі. Яго засунулі ў камеру. Пакуль мянты разбіраліся, што да чаго, Васіль тры дні прасядзеў у турэмным змроку. Той зеленкавата-чарнільны змрок быў потым на вялікім палатне. Стрыжаныя налыса мужчыны стаялі пад маленечкім мыльна-белым, закратаваным акенцам. У трох кутках карціны ззялі аранжава-лімонныя літары К, П ды 3. У ніжнім левым кутку чырванеў подпіс ВАСЯ.
        Няма той карціны. У 1994 годзе памёр Васіль Хмялёўскі. Мянты так і не знайшлі забойцу невядомага мужчыны. Толькі вось фотапартрэт папрасіў распавесці гісторыю, і я згадаў 3 літары: КПЗ.
        
        
1997. Ліс і бензазапраўка
        
        У прыгажуні Алены Ліс бензазапраўкі не было, яна мелася ў яе мужа. Круты пацан вышываў на «харлеі», быў пры справах, пры нафтапрадуктах і пры бабле. Толькі Алена з тых жанчын, чыё жыццё хутка мяняецца, як у герояў показак. Дзяржава вырашыла крышку прытармазіць рост капіталаў у гаспадароў бензакалонак. Ну і пачалося... Матацыкліст-харлеіст даведаўся, што арышты з абшукваннямі кватэр адбываюцца з 6.15 да 7.15. Штодня пацан ускокваў а 6-й і да 8 сядзеў на ложку ў позе лотаса, чакаючы мянтоў. Калаціўся, як авечы хвост, так, што сямейны ложак ходарам хадзіў. Алена не магла выспацца з-за калатуннага мандражу. Каханне – добра, нафтадаляры – выдатна, але ж паспаць хочацца. Давялося разбегчыся ў розныя ложкі, па розных кватэрах. Між іншым, пасля разводу харлеіст вельмі выгодна прадаў аўтазапраўку, толькі прыгажуня Ліс так і не вярнулася ў набрынялы страхам сямейны ложак.
        
        
1999. Разанаў і Някляеў
        
        Што адбываецца? «Мы ідзём тварамі адзін да аднаго, а сутыкаемся патыліцамі», – кажа мне Разанаў пра Някляева. Мне чуецца жахлівы гук удару чэрапа аб чэрап. Як выродліва выглядаюць адносіны між паэтамі... Якая сабачая звяга ўсчьтнаецца навокал... Дзе этыка? Дзе эстэтыка? Дзе сумленне? Дзе прыстойнасць? Сыпле рытарычнымі пытаннямі калялітаратурны бамонд. I толькі дасведчаныя ведаюць, што паэты любяць паэтаў, а іншая любоў іх не суцешыць.
        
        
2002. Гермянчук і смерць
        
        На пахаванні журналіста Ігара Герменчука ўспомнілася пытанне стоікаў: «Няўжо ты не ведаў, што тваё дзіця смяротнае?» Ведаў. Як ведаю пра смяротнасць сяброў. Менавіта каля труны Герменчука ўбачылася і адчулася смяротнасць Айчыны. I што? Хай даруюць мне сябры-паэты, на іх хаўтуры, можа, і не пайду. На пахаванні Бацькаўшчыны мяне таксама не будзе.
        
        
2002. Дынька і Нобелеўскія прэміі
        
        Сяргей Ясенін прыдумаў спакусу ддя чыноўнікаў. Расія, разбуранасць і няпэўнасць, імперскія ўзнагароды адышлі, саўдэпаўскія – не прыйшлі. Чынавенства засталося без цацак – ордэнаў, медалёу і ўзнагародаў. Таму Ясенін зазіраў сваімі блакітнымі вачыма ў чынавенскую душу і мякенькім галаском казаў: «Ды за такі ўчынак Ва-а-а-ам ордэн трэба даваць!» Чыноўнік мякчэў і падпісваў паперы. Нарэшце сябра Ясеніна імажыніст Анатоль Марыенгоф не вытрымаў і абурыўся: «Сяргей, ты гэтаму кіраўніку трэці раз свой ордэн чапляеш!» – «Ардэноў шмат не бывае!» – парыраваў апошні вясковы паэт. Пэўна ж, не бывае і шмат Нобелеўскіх прэмій. Асабіста мне іх выдаваў Андрэй Дынька. За вершы, за прозу і авансам за ненапісаны раман «Еўрапеец». Па-ясенінску шчодрай рукой Андрэй даў прэмію і Юрыку Андруховічу, і Аксанцы Забужка, даў Быкаву з Разанавым, гэта з тых, пра каго я чуў на свае вушы. Раздаючы Нобелеўскія прэміі, Андрэй стаў кіраўніком ПЭН-цэнтра. Пісьменнікі, як і чыноўнікі, лёгка спакушаюцца ўяўнымі цацкамі. Ну хто з пісак адмовіцца ад Нобеля? Сартр? Адзін на сотню? Забыць, не ўспамінаць. Пагрэшнасць, выключэнне, якое падкрэслівае дыскурс. Праехалі. Таму і пішу, што прамінулі. Асабіста мне чацвёртая Нобелеўская без патрэбы, хопіць трох. Ну а хто не паспеў атрымаць, той спазніўся, і давядзецца пачакаць новага спакушальніка.
        
        
2002. Зніч і святая вада
        
        Артадаксальны паэт Зніч (Алег Бембель) заўсёды вылучаўся з натоўпу сваімі апранахамі. Па Акадэміі навук ён тупаў у салдацкіх ботах і ватоўцы. Цяперака разгульвае па Доме літаратараў у сутане. Камічна выглядае сцэнка, калі Зніч, падабраўшы прыпол, бяжыць па лесвіцы. Яшчэ больш смешна было мне слухаць развагі Бембеля пра ваду. Маўляў, прыязджалі ў манастыр, што ў Жыровічах, «немчыкі», бралі святую ваду на аналіз і прызналі добрай. А каб «немчыкі» не ўпадабалі ваду з жыровіцкай крыніцы? Не буду кабкаць. Пра аналізы немцаў Алег распавядаў у тэлеперадачы «Лёс чалавека». Асабліва парадаваў эпізод, калі Зніч напаіў праверанай вадою дзяўчыну. Пакуль дзеўка сёрбала вадзічку, за кадрам гучала музыка – шчымлівы матьгў з фільма Джэфірэлі «Рамэо і Джульета». Калі дзяўчо сапраўды нагадвала Джульету, дык Алег ніяк не цягнуў на Рамэо. У свае 63 ён – рыхтык кароль Лір. У наступнай сцэне Лір-Зніч, пагладжваючы сівую, пакалмачаную ветрам пухнатую бараду, праспяваў пра свой цэлібат і сваіх чатырох дачок. А я, бачыў Бог, пачырванеў.
        
        
2002. Адэля і снег
        
        Таня Сапач перадала мне валізу з цёплымі рэчамі для дачкі Адэлі. Маразы-халады, а дзіця неапранутае ходзіць. Прывёз я тую валізу з Вільні ў Мінск, сустрэў Адэлю на трамвайным прыпынку, аддаў перадачу і пытаюся: «Адэля, снег ідзе, чаму ты без хусткі ходзіш?» – «Ай, у нас, у ліцэі, яшчэ ўсе ходзяць з голай галавою». – «Малайцы, і няма каму сказаць, каб у шапках хадзілі?» – «Няма». – «Дык я табе, замест бацькі, скажу: хадзі ў шапцы». Калі пачынаюцца халады, галоўнае – глядзець, каб дзіця цёпла адзявалася, астатняе неістотна, зусім.
        
        
1989. Цой і графаман Сашка
        
        На стадыёне «Дынама» перад выступленнем рок-гурта «Кіно» падрульвае да мяне графаман Сашка. «Цоя ўбачыш?» – «Усе ўбачаць...» – «Ты з ім пагаварыць можаш?» – «Магу... Пра што гаварыць?» – «Скажы, музыка ў яго выдатная, а тэксты – слабыя. Я магу даць свае вершы, магу заплаціць, каб спяваў мае словы...» – «Сам гавары». – «Не пускаюць, а ў цябе пропуск, я ведаю. Цяжка пагаварыць?» – «Не. Давай вершы». Скрутак паперы з графаманскай пісанінаю я выкінуў у сметніцу. 3 Цоем пагаварыў... Ён спытаў, ці будзе дождж Не... Дажджу не было, а графаман Сашка з’явіўся – падпільнаваў мяне пасля канцэрта. «Пагаварыў?» – «Ага... Цой сказаў, падумае».
        
        
2002. Суша і BOSS
        
        Алесь Суша адчыніў краму адзежы В055. Выдатная крама насупраць помніка Дзяржынскаму Ф. Э., што ў Мінску. Выдатная адзежа з Нямеччыны. Выдатны банкет бьгў зладжаны ў адрапараваным гатэлі «Мінск». Выдатна апранутыя госці. Выдатна апрануты Алесь. Толькі ён не падобны да боса, а нагадвае актора з амерыканскага кіно 30-х гадоў. Зрэшты, і гэта выдатна... Дэпрэсія, музыка, віскі, танцы, ракавыя жанчыны і водар дарагіх цыгарэт.
        
        
1996. Вайкуле і мытнікі
        
        Прылятаю ў Маскву. Бягу на кантроль. Памежнікаў праскокваю хутка, а на мытніках аблом. Паперадзе стаіць спявачка Лайма Вайкуле з тузінам валізаў, валізак, пакункаў і мяхоў. Мытнікі лыбяцца і прымушаюць Лайму распакаваць багаж Я ж думаў: яны не будуць аглядаць фатальную жанчыну расійскай сцэны. Маракаваў, што ракавая Лайма толькі ўсміхнецца, і мытнікі выструняцца... Як я памыліўся! Хвілін 40 яны корпаліся ў трантах Вайкуле, перамацваючы станікі і майткі. Адзінае суцяшэнне – добра, што мытнікі з памежнікамі не ведаюць мяне, бо вядомасць не заўсёды працуе на карысць, а можа быць і проста пагібельнай.
        
        
2002. Арлоў і мандарыны
        
        Паехаў Вова Арлоў у Каталонію, каб паглядзець, ці бываюць чарвівыя мандарыны. Ну а там усяго ўсялякага, рознага, размаітага... Не да мандарынаў. Вярнуўся Вова з экскурсіі і кажа: «Ты выдатна разумееш, што Далі зусім не дзеля таннага эпатажу заклікаў зруйнаваць цэнтар Барсэлёны, узьвёўшы на ягоным месцы "горад будучыні". У створаных Гаўдзі дэкарацыях Далі рызыкаваў выглядаць акторам другога пляну». – «Ты чаго, Вова? Сальвадор любіў Антоніо і сотні разоў фатаграфаваўся і фільмаваўся на фоне архітэктурных шэдэўраў Гаўдзі. А зруйнаваць прапаноўвалася "гатычны квартал" – гнілое, смярдзючае, праклятае месца, дзе і сягоння поўна злодзеяў, наркотаў, п’янтосаў, эмігрантаў-тэрарыстаў, турыстаў-шпацырыстаў, прастытутак і жабракоў. Футурыстычны парыў маладога Далі можна толькі вітаць. Іншая рэч, што "гатычныя" кварталы непераможныя. У такім выклятым Богам месцы што ні збудуй, праз год-другі яно ператворыцца ў трушчобы. Таму давядзецца табе, Вова, ехаць у Каталонію яшчэ раз, каб спраўдзіць мае словы і ўсё ж адказаць на пытанне, ці бываюць чарвівыя мандарыны».
        
        
1999. Стаянаў, Алейнікаў і беларусы
        
        Стваральнікі тэледэбілак пад назваю «Гарадок» Алейнікаў са Стаянавым заходзяць у самалёт, сядаюць, уздыхаюць, азіраюцца па баках і сцішваюцца. Ілля Алейнікаў дастае тоненькі пачак баксаў і пачынае дзяльбу. Юрыю Стаянаву ідуць старыя і размаляваныя банкноты. У жыцці «гарадчукі» такія самыя, як і ў тэлевізары. Пакамечанатвары Алейнікаў – галоўны, тваравіты Стаянаў – ініцыятыўны... «Юр, давай такое пакажам... Юр, Юр, давай гэта здымем... Юр, Юр, Юр, мне показку новую распавялі...» Рот у Стаянава не закрываецца. I раптам ён на ўвесь самалёт як крыкне: «Ю-ю-ю-ю-юр!!! Давай пра беларусаў сюжэт змастаколім! Я ў Мінску бачыў...» – «Не! – абсякае Алейнікаў. – Пра беларусаў яшчэ нельга!» Пасажыры з рэйса «Мінск-Масква» злосна паглядалі на тэлекомікаў. Блазны змоўклі, але незадаволенасць беларусамі прыхавалі.
        Р. S. Гэтую сцэну я згадаў, калі напярэдадні перапісу насельніцтва ў Расіі круцілі тэлеролік, дзе Алейнікаў са Стаянавым ігралі перапісчыкаў. «Ну не магу я ягоную нацыянальнасць запісаць!» – стагнаў Ілля. «Чя-а-аму?» – выкабеньваўся Юра. «Гэты негр кажа, што ён – БЕЛАРУС!!!»
        
        
2000. НА-НА і канапкі
        
        Была ў мяне завядзёнка піць у самалёце, калі з Масквы вяртаўся. Так нагаворышся, так насварышся, так нанервуешся за дзень, што бутэлька 0,7 віскарыка выглядала лекамі. Сядзеш на сваё 13 месца ў салоне 2, адкінеш стол, раскладзеш... Во! Галоўнае – закуска. 3-за яе і паслаўя на тры рускія літары спевакоў з групы «НА-НА». Пасля рэгістрацыі заскочыў я ў буфет, а тамака чарга, невялікая, у 3 мужыкі. Пастаяў я і толькі хацеў замову зрабіць, як у мяне з-пад локця высоўваюцца фарбаваныя галовы нанайцаў і кажуць: «Мы цэлы дзень не елі...» – «А я што еў?!» – «Мы толькі буцікі з рыбкай возьмем...» Прадавачка заняла мой бок, і я забраў усю рыбу, 11 канапак Адкінуўя століку самалёце, расклаў канапкі, разліў віскарык... «Я таксама рыбу люблю, – дзівіцца мой заўсёдны супалётнік Юра. – Нашто столькі?» – «Ат, злосць узяла. Нанайцы, тыя, што ў хвасце сядзяць, фарбаваныя, без чаргі ў буфет лезлі, рыбы хацелі, а я ўсю забраў. Хай булкамі сухімі душацца». Мы выпілі за ўзлёт, за паліграфію, за кнігі, за... не памятаю за што, за рыбу, за булкі ды фупу НА-НА.. Харошы быў палёт.
        
        
2002. Мама і падарунак
        
        На Каляды вячэраў у мамы. Яна зварыла халоднае. Было смачна, асабліва ўдалай атрымалася белая поліўка з часнаком і фэцкімі арэхамі.. Я ўжо стаяў апрануты ў дзвярах, калі пачуў: «Валодзя, пастой... Вось перадай маёй любімай унучцы...» – «Ма-а-а, Ядзя не есць шакала-а-адныя батончыкі!» – «Гэта не шакалад, гэта халва..»
        
        
2003. Мама і настрой
        
        У мяне цудоўны настрой. У мамы дзень нараджэння. I ў мяне выдатны настрой, цудоўная мама і простыя абавязкі: купіць кветкі і павіншаваць маму.
        
        
1980. Хацкевіч і пытанні
        
        На чацвёрты курс да мяне ў групу прыйшоў давучвацца Гена Хацкевіч. Праз які тыдзень ён паклікаў выйсці на калідор, дзе шэптам спытаўся: «Адамчык, як ты змог з такімі мудакамі тры гады ў адной майстэрні прапрацаваць?» – «Цяжка... Асабліва невыносна было выслухоўваць парады туябняў наконт мастацтва. Біўся... Ты працуеш, а ён пішчом шчэміцца паміж табой і карцінаю. Я ў пысу... Толькі бойкі-сваркі ніякай карысці не даюць. Хаця... Каб не біўся, не агрызаўся, не пасылаў іх "на хрэн" першыя паўгады, а пры першай магчымасці не нагадваў пра іх свінячае месца ў загарадцы, было б значна цяжэй. Так што, Гена, калі хочаш заставацца чалавекам, заганяй жывёлу ўхлеў».
        Р. S. У Акадэміі мастацтваў разам са мною ў групе вучыліся: Крук, Слон, Нэгора, Блін, Хац, Гаваза (Хахол) і Тамара Іванаўна Карэлкіна, мая першая жонка і мама маёй старэйшай дачкі Вольгі Уладзіміраўны. На пятым курсе я сабраў свае пэндзлі і сышоў у акадэмічны адпачынак, разам з жонкаю. «Мудакі» біліся і дасварваліся без нас.
        
        
2003. Мядзведзь і 11 000 000
        
        Выбег з працы, і такі мароз на вуліцы, што вушы пад шапкаю агнём запалымнелі. Убіўся я ў аўтобус, поўны развясёленага народу. Разагрэтыя гарэлкаю бабы пачалі дасцёбвацца да мяне: «Гэй, ты, у чорнай шапцы, што невясёлы?! 3 Новым го... Чорт! 3 Ражаством цябе Хрыстовым! Паехалі з намі на Кастрычніцкі пляц скакаць і гарэлку піць!!!» Моўчкі выбіўся я з абдоймаў тых футравых баб, саскочыў з аўтобуса і даў нырца ў метро. Стаю, чакаю электрычку, народ разглядаю. Побач дзядзька стаіць, на мяне пазірае. Твар знаёмы: дзе бачыў? Ёкалэмэнэ, гэта ж – гонар нацыі, кумір майго спартовага дзяцінства, барэц Мядзведзь. Я ж пра яго фільм хацеў зняць. Сапраўдны пераможца, трохразовы алімпійскі чэмпіён, вольны барэц... Пад фільм са сціплай працоўнай назваю «Аляксандр» можна мільёнаў 10–11 талераў назбіраць. А якую прэм’еру можна забабахаць у палацы спорту! Чэмпіянат, паказальныя выступы барцоў сумо, «Кніга Гінэса», канцэрт «Песняроў»... Берлінскі фестываль, прыз «Мядзведзь»... Думаць пра мільёны я люблю, я заўсёды пра іх думаю, а пра кіно я сабе думаць забараніў. Няма ў нас рэжысёраў, а няма рэжысёраў – няма кіно, няма чаго й думаць у той бок мастацтва. Таму з пляца Перамогі мы пайшлі ў розныя бакі: Мядзведзь – у завулак Бранявы, а я – на вуліцу Чырвоную.
        
        
2003. Ядзя і піва
        
        Учора вярнуўся з працы і яшчэ на лесвічнай пляцоўцы пачуў прытарны водар індыйскіх палачак. Заходжу ў кватэру: «Ядзь, ты напаліла палачак? Якога ражна? Ты ж ведаеш, не люблю я дымны смурод...» – «А ты ведаеш, як смярдзелі півам Саша і Сірожа? Яны прыйшлі да мамы фатаграфавацца і прыцягнулі баначнае піва. Пілі і фатаграфаваліся. Уся студыя, а потым уся кватэра прапахла гнюсным пы-ы-ывам. Ненавіджу смурод піва!» – «Магла б сказаць Міхалку з Хацкевічам, гэтым, бляха-муха, Сашам і Сірожам, што піва ў студыі не п’юць». – «Яны прысунуліся з адкаркаванымі бляшанкамі. I што я скажу, калі ў нашай дарагой мамачкі такая работа – зорак фатаграфаваць?!» – «Міхалок з Хацкевічам – зоркі? "Ты-ы-ы міня-а-а кінула-а-а" – песня? Добра, я ім сам скажу, гэтым камбайнёрам эстрадным...» – «Тат...» – «Што-о-о?» – «Ды не чапай ты іх...» – «Добра, а ты давай кватэру сваю праветрывай». Дзякуй Богу, што ў мяне не адна кватэра.
        
        
1978. Хмялёўскі і ўставанне
        
        Аматар моцнага віна і слабога полу Васіль Хмялёўскі распавёў гісторыю... «На танцах зняў я дзеўку. Кучаравая, белая, жывое барока, дупа круглая, вочы гараць, губы чырвоныя, вочы блакітныя, жывапіс Рубенса, а не дзеўка. Прывалок я баракальную танцорку ў сваю майстэрню. Выпілі мы вермуту. Яна да мяне, я да яе, а ён не ўстаў. Не падняўся ў мяне. Яна расхвалявалася, заперажывала, суцяшаць пачала: "Бывае, не бяры да галавы, супакойся". А мне ўсё адно. Не ўстаў і не ўстаў, мне толькі выпіць яшчэ захацелася. Выпіў я і спаць лёг. А на другі дзень, недзе пад вечар, я так захваляваўся з-за неўставання, так расчуліўся, што зноў налізаўся да бяспамяцтва. Гэта ж са мною першы раз, каб на дзеўку ды не падняўся».
        
        
1998. Кімы і партрэт
        
        «Маё прозвішча лёгка запомніць: КІМ – камуністычны інтэрнацыянал моладзі, ДОН – назва рэчкі, О – захапленне... Кім Дон О! Я займаюся пытаннямі кулыуры ў амбасадзе Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі, што ў Маскве. Знаходзіцца наша амбасада на вуліцы Мінскай. Бачыце, колькі супадзенняў, таварыш Уладзімір. Можна я буду так Вас называць?» – «Можна, чаму ж не». -– «Мы запрашаем Вас, таварыш Уладзімір, у амбасаду. Мы вас сустрэнем у аэрапорце. Абавязкова паведамце нам, калі будзеце ў Маскве...» Ну, хто ад такога запрашэння адмовіцца? Хто не хоча паглядзець на іншы парадак і лад? Ну і культура – мая тэма. Старажытнакарэйскіх паэтаў я з маладосці чытаў і цытаваў. Размова, якая чакала мяне ў амбасадзе, тычылася кнігі «Генералісімусы». Выдаў я такую кнігу, а таварыша Кім Ір Сэна не ўключыў, бо не ведаў, што ў 1992 годзе ён быў уганараваны званнем Генералісімуса КНДР. На сустрэчы з таварышамі Кім Дон О і Кім Тхэ Хэн я атрымаў пачак кніжак і часопісаў пра таварыша Кім Ір Сэна, а яшчэ бутэльку гарэлкі з гадзюкай. За гэтыя падарункі я паабяцаў зрабіць на вокладцы кнігі каляровы партрэт таварыша Кім Ір Сэна. «Ці сур’ёзна Вы, таварыш Уладзімір, паставіцеся да стварэння партрэта таварыша Кім Ір Сэна?» – «Сур’ёзна, таварыш Кім Тхэ Хэн!» – «Мы Вам верым! Калі мы гаворым з Вамі, у нас няма адчування, што мы знаходзімся на тэрыторыях, ахопленых буржуазнымі ідэямі!» Пасля такіх слоў давялося пастарацца, калі расфарбоўваў і змяшчаў на вокладку малады твар карэйскага генералісімуса. Гадзюку я не з’еў, гарэлку не дапіў, бо на смак яна нагадвае спірт з рыбіным тлушчам. I хоць таварыш Кім Дон О казаў, што гарэлка тая добра ўплывае на патэнцыю, больш за адну чарачку выпіць я не мог. Пасля такой чарачкі дні са тры на спіртное глядзець цяжка і на жанчын таксама. Не мой гэта напой і не мая культура, хоць партрэтам таварыша Кім Ір Сэна таварышы Кім Дон О і Кім Тхэ Хэн засталіся задаволеныя і вельмі.
        Р. S. Прозвішчы праўдзівыя. Адзінае, у чым не маю пэўнасці: ці правільна пішу Хэн і Сэн, бо расійцы пішуць Хен і Сен.
        
        
2003. Халілава і ліст
        
        Выцягнуў з паштовае скрынкі ліст і насцярожыўся. Такая на ім адрэса: РД горад Буйнакск вуліца 40 гадоў Савецкага Дагестана 73/2 Халілава Зайнаб 3. Сіні двухгаловы арол на капэрце намалёваны. На круглай пячатцы зноў жа Буйнакск пазначаны. Ну, я тут якім бокам улез? У Дагестане не быў. Сярод знаёмых чачэнцаў няма. Тэрарыстаў і падарваныя дамы ў Буйнакску бачыў толькі па тэлевізіі. Зрэшты, чаго гадаць. Адкрыў капэрту і чытаю: «Паважаны рэдактар. Просім вас выслаць нам 4 кнігі «Сучасная энцыклапедыя фельчара». Будзем чакаць. Калектыў медыкаў». I ўвесь ліст. Сумна. Высылаць кнігі бессэнсоўна, не дойдуць. I нічым я тым медыкам, той Зайнаб, што напісала ліст почыркам вучаніцы з 5 класа, дапамагчы не змагу.
        
        
2002. Макарава і пернікі
        
        Цестамес з Кемерава Юля Макарава даслала мне ліст, у якім прасіла выслаць ёй магічныя рэцэпты, каб зжыць са свету дырэктара хлебзавода. Гэты дырэктар, каб зямля яго не насіла, намерыўся выгнаць з працы ўсіх жанчын, каму за 40. Бо яны, на ягоную паганую думку, кепска робяць сваю справу. Спадарыня Макарава напісала, што выдатна месіць цеста для пернікаў, што яе пернікі найсмачнейшыя ў Кемераве, што жыве яна без мужа, а сын вярнуўся з чачэнскай вайны бязрукім інвалідам, і ніхто яго на працу не бярэ і не возьме. Юлі толькі-толькі споўнілася 40, а дырэктар папярэдзіў, што звольніць. Спадарыня Юля паліла свае, вычасаныя апоўначы, валасы і сыпала попел у дырэктарскія кішэні. Вупыр-дырэктар хварэў, але нядоўга. Тады Макарава вылеплівала з хлеба ляльку, падобную да дырэктара, парола яе іголкаю, плявала на яе разжаванымі запалкамі і спускала яе ў каналізацыю. Гэты рэцэпт, вычытаны ў кнізе «10 000 парадаў па магіі і чарадзейству», чамусьці зусім не падзейнічаў на жорсткага кіраўніка. Каб дапамагчы жанчыне, я напісаў паштоўку, у якой раіў набыць іншыя кнігі свайго выдавецтва: «Самавучыцель. Рукапашны бой» і «Як выжыць у сучаснай турме». Але ў апошні момант перадумаў адсылаць паштоўку, бо зразумеў: цестамес з залатымі рукамі – Юля Макарава і без маёй паштоўкі знойдзе выйсце.
        
        
1999. Чыкалін і вера
        
        Прыдбаўвашу кнігу «Гараскоп на кожны дзень 1999». Чытаў. Верыў. Спадзяваўся. Прадказанні спраўджваліся. Пакуль не надышло 14 жніўня. Я – Сабака, народжаны пад сузор’ем Шалі. 14 жніўня атрымаў заробак і прачытаў прадказанне: «Прамотвайце грошы смела – Вы атрымаеце кругленькую суму!» Хвігу з маслам я атрымаў. У трох кіёсках я набываў квіткі аднаразовае латарэі. Ні разу, ні капейкі не выйграў. Спусціў, праматаў увесь заробак, а кругленькай сумы не пабачыў. Не веру, не спадзяюся, не чытаю і болып ніколі не набуду ваш гараскоп. Спагнаць з вас прайграныя грошы мне не ўдасца. Але, можа, нехта іншы вас пакарае, бо 14 жніўня для Скарпіёнаў вы напісалі: «Вашы задумы абавязкова ўвасобяцца ў рэальнасць. Рызыкуйце, і вы зробіцеся сапраўдным багацеем». Падман, адразу" відаць. Жадаю вам не трапляць на вочы сваім чытачам, нешаноўны галоўны рэдактар выдавецтва «Сучасны літаратар». Болып не ваш чытач – Ягор Чыкалін з Растова.
        Р. S. Колькасць кніжак па гараскопах з кожным годам толькі павялічваецца ў маім выдавецтве. Вераць. Спадзяюцца. Чытаюць. I гэта не можа мяне не радаваць.
        
        
2003. Вова і хадункі
        
        Набылі мы хадункі, каб унук Вова як хутчэй навучыўся хадзіць. Ён і пайшоў... Спачатку напаў на вазон, упрыгожаны навагоднімі цацкамі, пабіў шкляны шар, добра – не парэзаўся. Потым падкаціўся да магнітафона і руку, па самы локаць, засунуў у шчыліну, куды касеты ўстаўляюць. Ледзь выцягнулі. Пасля таго, як дайшоў ён да скрыні з абуткам і пацягнуў у рот чаравік, давялося перапыніць першы занятак хаджэння ў хадунках па кватэры. А за гэты перапынак мусілі мы папрыбіраць усе рэчы на вышыню, недасяжную для Вовавых ручак.
        
        
2003. Жак Ле Гоф і сярэднявечча
        
        Жак Ле Гоф у кнізе «Цывілізацыя сярэднявечнага Захаду» піша, што сярэднявечнае грамадства было грамадствам змроку, ночы, цемры, слыху, дотыку, але не зроку. Гэтую, вельмі распаўсюджаную памылку шмат хто пераносіць у свае разважанні і не парупіцца зірнуць на творы гатычнага і раманскага стыляў. Нават неспрактыкаванае вока дылетанта павінна ўбачыць каляровую насычанасць тагачасных вітражоў і гармонію колеразлучэнняў на алтарных абразах. Ні ў эпоху Адраджэння, ні пазней творцы не змаглі пераўзысці майстроў сярэднявечча. Менавіта готыка і раманскі стыль склалі падмурак еўрапейскай, адпаведна і ўсёй сучаснай, цывілізацыі. Толькі цемрашал і невук можа абвяргаць бясспрэчныя каштоўнасці Еўропы; і сумна, што падобнае барбарства квітнее якраз на еўрапейскіх палетках.
        
        
2003. Дымбоўская і ўрабленне
        
        У суседнім двары жыве старая Дымбоўская. Каб у старой было іншае прозвішча, гэта нічагуткі не змяніла б у гісторыі. Але яе прозвішча – Дымбоўская, і яна выкідае лайно праз акно. Старая жыве на 5 паверсе і шпурляе ўласны гной праз фортачку. Дабро ляціць з 5 на 4 і падае на гаўбец. Бывае, што гаўно далятае і да зямлі, а здараецца – і не далятае, і застаецца на гаўбцах 3 і 2 паверхаў. Суседзі абураюцца. Маюць падставы. Яны гневаюцца і скардзяцца на каргу Дымбоўскую. Прыходзіць участковы, каб навесці парадак з лайном. Дымбоўская, старая Дымбоўская, ёй палец у рот не кладзі, нават калі ты мент пры выкананні, яна адкажа, як адрэжа... Люблю водар кветак, даглядаю клумбу пад вокнамі, каб кветкі раслі і красавалі, ім патрэбна ўгнаенне. Найлепшае ўгнаенне – чалавечае лайно. I няма такога закону, каб забараняў урабляць кветнік... Вось якая Дымбоўская жыве і красуе над суседнім кветнікам. Прыгажосць.
        
        
2003. Сцяпан і грошы
        
        «Іду праз пляц Перамогі, а насустрач – наш паэт, Леанід Галубовіч. "Лёня, ты куды?.." – "У саюз пісьменнікаў, спраўдзіць, ці памёр Глобус..." – "Хто памёр?" – "Кажуць: Глобус, у «Нашай Ніве» напісалі..." – "Быць таго не можа, я бачыў яго пазаўчора, пра..." Ну не стаў я з Галубовічам пра нашы грошы гаг арыць... Вось і я так думаю, але схаджу і спраўджу... Лёня пайшоў, а я прачнуўся. Хацеў табе пазваніць, але цябе нідзе не было, і я затэлефанаваў Максіму. Распавёў пра сон, а Клімковіч кажа: "Фігова, Глобус нам столькі грошай вінны, не дай Бог памрэ, трэба яго знайсці". Я знайшоў. Як там грошы?» – Сцяпан змоўк у чаканні. «Нармальна. Грошы будуць. Сягоння панядзелак? У сераду знойдземся». Такі расклад, у чужым сне памерці не дадуць. Пазыкі, вінаватасці, абавязкі трымаюць у гэтым жыцці, і ў тым, як высвятляецца, таксама. Жыву, пакуль некаму грошы вінаваты?!
        
        
2003. Гец і святло
        
        У снах, прынамсі ў маіх, святло моцна розніцца са звычайным дзённым святлом. Яно мае іншую шчыльнасць, яно нібыта вадкасць, нібыта кроў. Таму і заперажываў я моцна ў сваім сне, калі раптоўна згасла ў кватэры святло. Я да аднаго выключальніка, да другога... Шчоўк-шчоўк, лясь-лясь... Адно іскры зырка-сінія сыплюцца. Я на калідор, дзе шчыток. Там у цемры голас суседа – генерала Геца: «У цябе таксама пагасла... Нясі лесвіцу...» Навобмацак знайшоў я лесвіцу. Паставілі. Гец палез да шчытка... Святло мірганула так асляпляльна, што я прачнуўся з рэззю ўваччу. У ранішнім паўзмроку яшчэ хвіліну лёталі блакітна-зялёныя кропачкі рэшткаў майго сну, а потым пазнікалі, як і не было.
        
        
1997. Асінская і крыжаванкі
        
        Такіх лістоў я атрымліваю мала. Каму з нас хочацца пісаць пра ўдзячнасць?.. Ліст такі: «Вырашыла Вам напісаць, каб сказаць некалькі слоў удзячнасці. У нашай Грузіі – вайна. Калі яна скончыцца, ніхто не ведае. Я жыву ўТбілісі, на праспекце Руставелі... Калі Вы былі ў Тбілісі, хадзілі па нашым праспекце, дык ведайце: яго больш няма. У нас няма вады, няма газу і электрычнасці. Увечары я запальваю свечку і разгадваю крыжаванкі. Ведаеце, якая гэта пакута – не знайсці патрэбнага слова. Бывае, што я начамі не сплю, усё спрабую адгадаць-успомніць слова. Нібыта яно, тое слова, нейкім чароўным чынам выратуе мяне ад усіх нястачаў. Вядома, што мучуся я не з-за крыжаванак, але так лягчэй, калі гэтымі крыжаванкамі закрываешся ад вайны. А як цудоўна спіцца, калі ты дарэшты разгадваеш складаную і заблытаную крыжаванку, Вы проста не ўяўляеце. Ваша кніга "Вялікі даведнік па складанню і рашэнню крыжаванак" дапамагае мне жыць. Дзякуй Вам. Напэўна, Вы не зразумееце мяне, і я пажадаю Вам ніколі не апынуцца на маім месцы. Спадзяюся на тое, што простая ўдзячнасць патрэбна кожнаму...» Подпіс пад лістом «Вера Асінская». Такія лісты мне дапамагаюць працаваць. Чамусьці мне вельмі лёгка ўявіць сябе на месцы Веры. Можа таму, што болып як месяц я пражыў на праспекце Руставелі, і якраз тады быў узарваны оперны тэатр на тым праспекце. Грузіны спрабавалі забіць свайго старшыню КДБ, свайго першага сакратара кампартыі, свайго будучага прэзідэнта Шэварднадзэ. Было спякотнае лета 1977, калі я пабачыў выбух бясконцай каўказскай вайны.
        
        
2002. Вольскі і карчмар
        
        Надышоў час карчмара. ЁН карчмар у дарагім гадзінніку і мяккіх чаравіках, сядзіць на галоўным праспекце са шклянкаю віскі ў прыпухлай руцэ. Карчмар – кароль жыцця. Таму буяе расквечанымі нотахмі карчомны рок. Страўнік вышэй за мазгі, куфаль піва бліжэй да сэрца за партбілет, карчма побач, бібліятэка далёка, пляшка сягоння, кніга заўтра. Вылузнуцца з акалічнасцяў амаль немагчыма. Выбітны рок-мен Вольскі спявае пра алкагольны напой – крамбамбулю ў пракураных барах. Такі час, такая ў Лявона песня, ахвяраваная карчмару.
        
        
2003. Мулявін і кампакт
        
        Пайшоў я забіраць кампакт са сваімі песнямі... Юра Цыбін – вялікі аматар беларускай рок-музыкі – сабраў і запісаў на СВ 12 кампазіцый на мае словы. Чаму не? Настальгія па мінулых часах. I мы таксама былі маладыя, любілі біт і рок-н-рол. Пісаў я песні з «Песнярамі», «Сябрамі» і «Новым небам». Чытаў вершы са сцэны... Забіраю дыск, слухаю віншаванні, а Юра кажа: «Галоўнае, ты жывы і здаровы». – «Ну, жывы, ну, здаровы. А што здарылася?» – «Нічога... Я проста так... Адчуванне нейкае...» – «Ведаеш, Юр, усім хлопцам і дзеўкам трэба раздаць па 10 кампактаў... Барткевічу там, Варашкевічу, Касі Камоцкай, Мулявіну...» – «Раздамо, канешне, якія праблемы. Ты прэзентацыю будзеш рабіць?» – «Не ведаю, падумаю... Ты мяне з гэтым "жывы, здаровы" расстроіў...» – «Не хацеў, прабач... А з падарункамі ты правільна прыдумаў». Толькі правільна ў жыцці не бывае: на наступны дзень памёр Мулявін.
        
        
1977. Шараеў і біфштэксы
        
        Малявалыпчык з Магілёва Рыгор Шараеў паспрачаўся на скрынку каньяку, што за 3 гадзіны з’есць 15 біфштэксаў з яйкам і картапляным пюрэ. Два тыдні Рыгор рыхтаваўся: галадаў, потым наядаўся, зноўку пасціўся і пасля жэр, як не ў сябе. I ўсё ж Шараеў спрэчку прайграў. З’еў толькі 9- Астатнія яйкі з мясам даелі гледачы.
        
        
1977. Крукаў і алей
        
        Афармляльнік з мястэчка Рось Мікола Крукаў паспрачаўся на пляшку гарэлкі і смажанага гусака з чарнаслівам, што вып’е з рыльца паўбутэлькі сланечнікавага алею. Выпіў. Званітаваў, але пачастунак паймеў.
        
        
1980. Хацкевіч і танец
        
        Мастак з Мінска Гена Хацкевіч пайшоў у заклад, што выйдзе на праспект насупраць будынка КДБ, стане пасярод вуліцы на выспачцы бяспекі, распранецца да пояса і станцуе ўпрысядкі. Пакуль гарэла чырвонае святло, Гена танчыў. Міліцыянт зрабіў выгляд, што не бачыць непарадку. Хацкевіч зарабіўза кароткатэрміновы танец 10 савецкіх рублёў – чвэрць стыпендыі.
        
        
1985(?). Іваны і дзіркі
        
        Паспрачаліся мінскія карціншчыкі Іван Стаскевіч з Іванам Мусленікавым з-за калідорчыка перад майстэрнямі. Кожны панамалёўваў столькі карцін, што ў майстэрню не змяшчаліся. Вось і забіўся калідор палотнамі. Так забіўся, што не прайсці – не павярнуцца. Адзін Іван сказаў другому, каб той прыбраў сваю «мазню». Другі пакрыўдзіўся і пальцам папрабіваў дзіркі ў карцінах крыўдзіцеля. I тут жа ж пабачыў такія ж дзіркі ў сваіх палотнах. Апагеем сваркі сталася абзыванне аднаго і другога беларускага Івана «жыдам». Былі суды, але ў судах праўды няма.
        
        
1981(?). Савіцкі і стрэлы
        
        У вайсковай вучэльні мастакі ладзілі выставу. Вайскоўцы прапанавалі ім пастраляць. Нехта з мастакоў жартам сказаў, што найвялікшы беларускі мастак – той, хто лепш за астатніх страляе. Мікола Селяшчук расказваў, што Міхаіл Савіцкі пацэліў 10 з 10, астатнія і блізка не наблізіліся.
        
        
2003. Хадыка і кроў
        
        Сніцца мне сон... Іду па беразе спакойнага мора з сябрам. Гаворым пра мора, пра ягоны спакой. Глянуў на далягляд і жахнуўся. Там узнялася шэрая хваля памерам з пяціпавярховы дом. Кінуўся я бегчы ад яе. Спачатку ляцеў па пяску, потым караскаўся на нейкія скалы-камянюкі, з іх скакаў на дах будыніны, з якой глядзеў, як вада паглынае наваколле... Прачнуўся. Апаласнуў твар халоднай вадою і адчуў, як з носа выпадае кавалак крыві. Яркі, акуратны кавалак упаўу бліскуча-белую чарупіну. Змыў я кроў і ўспомніў заўсёдны выраз свайго настаўніка Алега Хадыкі: «Трэба працаваць так, каб кроў з носу пайшла!» Пайшла. А пра саМае важнае забываеш спытацца ў настаўніка. Што рабіць, калі кроў пойдзе? Зрэшты, тут і так усё ясна... Трэба яшчэ раз памыцца ледзяной вадою і далей працаваць. Дарэчы, ледзь не забыўся сказаць: сябра мой, з якім ішоў я ў сне, там і ўтапіўся.
        
        
        ......................................

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.