РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У снягах драмае вясна
I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX. Эпілог
IV
        
IV

        
        Думкі, падобныя да тых., што выказаў у той вечар Берасневіч, прыходзілі да яго даволі часта. Магчыма, вінен тут быў бацька, які часта распавядаў сыну пра першыя крокі дзяржавы і многае з сучаснага крытыкаваў, кажучы, што гэта не па-ленінску, магчыма, Берасневіч проста пачынаў думаць.
        Аднойчы на гэтай глебе ў Берасневіча з Паўлюком адбылася сур'ёзная размова. Былі яны ўдвух у пакоі. Трэці, Рыгор Сяляўка, ляжаў на ложку і спаў. Дзіўны, наогул, быў хлопец гэты Сяляўка. Худы, маленькі, з віслым носам і галавою клінам, ён пакідаў у іншых адно і тое ж уражанне: "вось слабы, бездапаможны чалавек". А ён і сапраўды быў такі. Вечна спіць, вечна не мае сваёй думкі, вечна толькі й думае, каб прыляпіцца да кагосьці мацнейшага і гаварыць яго словамі, жыць ягонай адказнасцю. І заўсёды "так, як усе".
        - Сяляўка,- казаў яму часам Берасневіч,- а калі наш курс задумае, скажам, падпаліць універсітэт - ты б пайшоў?
        - Н-не ведаю. Курс не падпаліць.
        - Ну добра. А калі б мы вырашылі ўкрасці экзаменацыйны білет і адказаць па яму, мяняючы кожны раз нумар свайго білета на нумар папярэдняга, які ў нас у кішэні. І адказаў бы ўвесь курс, і ўсе атрымалі павышаную стыпендыю, падманулі б дзяржаву ў месяц на тры тысячы, а ў семестр на васемнаццаць тысяч?
        - Н-не ведаю. Ты пра гэта ў Маркіча спытай, ён ведае. А я баюся так адразу...
        Нават сакратар факультэцкага бюро, Мікола Касмач, здзіўляўся:
        - Чорт яго ведае, што за чалавек. Ну нічога, Маркіч яму не дасць з'ехаць з дарогі.
        - А на фронце таксама Маркiч будзе за iм глядзець? - пытаўся Берасневiч.- Глядзi, начальства, праваронiш чалавечую душу.
        І злаваўся. Але на Касмача злавацца было нельга. Так ён чыста смяяўся, як сумленны чалавек, такі быў даверлівы і просты, такі наіўна-дыпламатычны, так любіў пасядзець з добрым чалавекам за парай піва і паразважаць пра розныя мудрагелістыя рэчы. I, галоўнае, быў добрым сябрам.
        Берасневіч, урэшце, толькі рукою махаў.
        ..."Санеты" скончыліся. Ужо трэці дзень сакавік паліваў зямлю дажджом, з'еў апошнія снягі, зусім па-летняму булькацеў у рынвах. Шумелі глуха старыя таполі пад інтэрнацкімі вокнамі, і быў гэты шум жывы, вясенні.
        Паўлюк ляжаў на ложку і чытаў "Чытальнік-дэкламатар" за 1912 год. Там былі вершы Бадлера, і Паўлюк пасля кожнага верша рагатаў, як быццам "Танец смерці" быў немаведама якой вясёлай штукай.
        Берасневіч падсеў да яго.
        - Слухай, Паўлюк, вось ты зарагатаў, а ў мяне думка. Значыцца, мы здаровыя, моцныя людзі, зусім новыя людзі, калі верш, якога людзі сорак год таму пудзіліся, у нас выклікае толькі смех.
        - Гм. Ну, скажам, што так, - зацікавіўся Паўлюк.
        - І вось я думаю. Нашто гэта нас трымаюць за руку, даюць кнігі "адсюль-дасюль", каб, крый божа, не сапсаваліся, не адкусілі мы ад гэтага Бадлера, ад Андрэева. Толькі і чуеш: "Рэакцыянер Дастаеўскі", "Буржуа Гамсун". Я чытаў Гамсуна, і ён нічога, акрамя агіды, у мяне не выклікаў. Скажыце, якая тонкасць - пайсці на клады, каб адшукаць ногаць мерцвяка для люлькі. І таму, калі зараз мне кажуць, што Гамсун - дрэнь, я свядома згаджаюся, свядома, а не як папугай. Дакажыце ж іншым гэта на прыкладах, на творчасці, а не голым словам. Голае слова мала важыць. Трэба быць моцным. Уяві сабе, што ты спрачаешся з веруючым, не ведаючы Бібліі. Ён жа цябе на лапаткі ўмомант пакладзе. І я не лічу, што Луначарскі, або Яраслаўскі, або, бяры ніжэй, мой дзядзька, які змагаўся супраць сектантаў і перамагаў іх у трохдзённых дыспутах іхняй жа зброяю, былі горшымі камуністамі з той прычыны, што ведалі творы "айцоў царквы" так, як іх і мітрапаліты не ведалі. Нешта тут у нас не дадумалі, гэта памылка, і тут адсутнічае давер да нашага чалавека.
        - Чакай, - сказаў Паўлюк. - Ты мне тут зараз Сяляўку перапудзіш да смерці. Будзе ў яго мядзведжая хвароба - мы цябе тады...
        - Хай яго ліха. Спіць... Ты ведаеш, я свайго жыцця іншым не ўяўляю. Бацька мой у партыі з пятага года, дзядзька яшчэ раней. Я ўсё сваё куртатае жыццё пражыў добра, працаваў як вол, быў сувязным у партызан, яшчэ зусім хлопчыкам, пасля вайны - камсамольская праца ў Заходняй. Ледзь не забілі мяне там два разы. Я да гэтай справы нашай сэрцам прырос - толькі з крывёй і адарвеш. І вось мне нешта за апошні час тое-сёе пачынае не падабацца. Як злая воля нечая робіць многае, каб адштурхнуць сумленных людзей. Вось прыклад: пачаліся працэсы эканамічнай контррэвалюцыі. Добра, нягоднікаў трэба караць. Пры нашай беднасці яшчэ й мільённыя крадзяжы - за гэта вяроўкі мала. Але які дзіўны вынік вывелі некаторыя: "Хто вінен?! Жыды вінныя! Жонка кіраўніка кіеўскім малочным заводам ванны з малака рабіла!" Ах, сорамна! Як гэта яшчэ сядзіць у нашых душах дзікунства, цемрашальства... А я не веру! Няўжо Мішка Баўмфельд вораг? Ён жа са мною амаль поруч чатыры гады сядзеў, ягоны бацька быў камісарам яшчэ ў грамадзянскую... А размова з гэтымі, інгушамі рознымі? Скажам, былі здраднікі, але як жа можа адзін народ быць горшым за другі, што яго бяруць за шкірку, як шчанюка, і вывозяць з месца, дзе ён жыў, дзе нарадзіліся яго дзеці, дзе ён прызвычаіўся, дзе капцы бацькоў? Я не памятаю, здаецца, гэта Маркс сказаў: "Адносіны да яўрэяў - пробны камень цывілізацыі народа". Але няхай і не ён, усё адно- гэта праўда. Я не жадаю, каб нас, авангард чалавецтва, называлі дзікунамі. Сёння, выходзіць, іх, а заўтра мяне, беларуса.
        - Твая праўда, - сказаў Паўлюк. - Гэта не метад. Гэта хутчэй чыёсьці шкодніцтва чыстай вады.
        Берасневіч нервова закурыў. Дождж на вуліцы яшчэ больш хлюпацеў у рынвах.
        - Або вось яшчэ, метады выхавання. Зрабіў чалавек няпэўны крок - не вораг, наш чалавек. Заблытаўся трошкі. І тут адразу бюро, пярун з яснага неба, папярэджанне, выключэнне. Нашто гэта? Мне здаецца, трэба растлумачыць, пераканаць, зрабіць з таго, хто аступіўся, карыснага чалавека. А аступаюцца часцей за ўсё людзі разумныя. Сяляўка не аступіцца. Значыцца, разумным і таленавітым перш за ўсё па галаве трапляе з рук такіх, як Маркіч.
        Сяляўка заварушыўся на ложку, пасля зноў зацiх.
        - Вось яшчэ Маркіч гэты, - сказаў Паўлюк. - Чорт яго ведае, за што такога лабідуду на такім месцы трымаюць. Дзеля таго, каб яму спадабацца, трэба піць, есці, баб кахаць і не думаць пра будучае, пальцам аб палец для будучай камуны не стукнуць. Даўно б яго трэба ў тры шыі ад камсамола гнаць. Гаворыць так праўдзіва, што хоць ты яго на неба жыўцом бяры, а ўчынкі - дрэнь і гніль, і не камсамольцам ад яго пахне, а Тарцюфам пад камсамольскай лічынаю. Мімікрыя! "Вова прыстасаваўся". Словы якія, а сам, як крылоўскі манах, у хаце яйкі на свечцы пячэ.
        Берасневіч загасіў папяросу, паглядзеў у акно:
        - Ну, гэта ты дарэмна. Ён не такі ўжо благі хлопец. Можа, я, праўда, яго не ведаю? Я яму таксама не вельмі давяраю, антыпатычны ён мне. Але каб так казаць на чалавека - трэба мець факты.
        - Ёсць факты. Можа, турнем? - спытаўся Паўлюк.- Група незадаволеная.
        - Глядзі сам. Як група. Але на групу вельмі не спадзявайся. Група ў нас такая зрабілася, што падтрымлівае толькі ў калідоры, а на зборах сядзіць моўчкі. А нарэшце, чорт яго бяры, не варта рук пэцкаць. І ўсё гэта, пра што размаўлялі, таксама мінецца. Мы людзі чыстыя, што нам бруд!
        І ён прылёг да Паўлюка. Закурылі. Пачынала змяркацца.
        - А што, хлопча, - сказаў Берасневіч, усміхаючыся ў змрок, - добра будзе жыць цераз сто год. Я абавязкова дажыву. Уяўляеш, каля шляхоў абавязкова мора руж, людзі - як статуя дыскабола, ля гарадоў - лясы. Нават ільвоў вывелі такіх, што не кусаюцца. Ходзяць сабе, як бычэчкі.
        - Ільвоў забіць трэба.
        - Што ты, такі прыгожы звер! Не! А будынкі такія, што дух сціскае, высокія, блакітныя: шкло, мармур, золата. Бактэрый ніякіх. I, вядома, ніякіх пабеданосікавых. Іх, калі які дажыве, на месяц закінуць, няхай там руду капаюць на агульную карысць.
        - І ў кожнага самалёт. Ляці сабе куды хочаш.
        - Што самалёт. Самалёт глупства. А вось уяві: ледзь золак - звоніць тэлевізіёфон. Уключыў і бачу цябе. І ты збіраешся ляцець на Венеру. Там даўно ўжо вуглякіслы газ знішчылі, цёпла, і там курорты для такіх старых пясочнікаў, як мы. Лячыце сабе раматус. А ты ляціш, каб правесці там першую сусветную нараду камуністычных паэтаў.
        - Не, - сказаў Паўлюк, - я б нікуды не паляцеў. Нашто? Зямля такая цёплая, родная. Ты ведаеш, што пра маю Свету Янка напісаў?
        - А што?
        - Яна вучыцца ў сельскагаспадарчым, дык гэты яхіднік прыдумаў па-руску, у духу Дзяржавіна, на яе верш:
        О многомудрая обитель!
        О мой достопочтенный СХИ1!
        Твоей студентке сочинитель
        Шлет робко первые стихи.
        Светлана, милая Светлана,
        В тебе все мудрости сплелись,
        В твоем мозгу взыграла рьяно
        Сельскохозяйственная мысль.
        На огороде, несомненно,
        Ты только чувствуешь уют
        И, рвя редиску вдохновенно,
        В грядущем славу зришь свою.
        Берасневіч засмяяўся.
        - Вось я і думаю, - засаромлена сказаў Паўлюк, - што непатрэбна нам нікуды з зямлі ісці. Яна будзе яблыкі вырошчваць па шэсць кіло кожнае, а я буду дзяцей вучыць. Я думаю, яны і пры камунізме будуць хадзіць на галаве... І якіх жа я добрых людзей з іх выхаваю!
        - А я дык не хачу такога. Я свет хачу паглядзець, людзей. Цікавыя тады людзі будуць. А там і куды-небудзь далей зямлі махнуць.
        Вясна чакала за акном, уплятала свой голас у бег кропель, у вільготны, цяжкі шум таполяў за акном. І ўсё чакала: вось зараз дазволяць, вось возьме яна ў рукі зямлю, рассыпе паўсюль кветкі, кіне пад ногі людзям ліловыя кілімы сноў.
        Ціхая, нясмелая яшчэ, ішла на зямлю вясна.
        
        
        _______________
        1 СХИ – гэта сельскагаспадарчы інстытут.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.