РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Споведзь
1. Жлобаўцы
2. Зэльва
3. Прага
4. Гэгэнна
5. Лагер
6. Абезь
5. ЛАГЕР
        
5. ЛАГЕР

        
        Лагер на Інце, куды нас прывезьлі, т.зв. 5-ты ОЛП пад уладаньнем гнусавага Шапіры быў толькі перасылкай, на якой сартыраваліся людзі на другія ОЛПы гэтага лагеру, які нечаму называўся «Мінлаг». Мы думалі часам, ці не падманвалі нас злыдні? На 5-м было затрымацца вельмі цяжка. Там панавалі побач з Шапірам выбраныя лекары са зьняволеных, якім жылося няблага. Сэгрэгуючы паводле жаданьняў начальства народ і ўслугоўваючы болей надзірацелям, як хворым, яны карысталіся шматлікімі прывілегіямі, уключна мары ўсіх зьняволеных – лагерных жонак – у разуменьні не плятанічным. Цяжарных адсылалі ў жаночы ОЛГТ Інты, гэта быў т.зв. горад, пабудаваны нядаўна зьняволенымі над рэчкай такой жа назовы. Дзеравяныя, за маяго прыезду, баракі й дамы ператвараліся рукамі зьняволеных паступова ў шматкватэрныя блокі. Вось у Інце было ўпраўленьне гэтымі ОЛПамі, якіх галоўным начальнікам быў Казлоў – сыты вол, які жыў у раскошным, як на Інту, асабняку ў поўным камфорце са сваімі вывадкамі. Яго імя, як і яго выгляд былі ненавіснымі для нас, вязьняў. Вакол Інты былі ўсе лагеры, якія абслугоўвалі шматлікія шахты, будавалі Інту. Сярод іх быў адзін жаночы, куды нас і пагналі строем з сабакамі. Такі ж абнесены дратамі квадрат, як на 5-м, з азьвярэлымі попкамі на вышках, вахтай і брамай, праз якую ўпускалі й выпускалі нас на работу. Калі мы падышлі бліжэй, убачылі нізкія даўгія баракі, ля іх нары, клункі й сноўдаючых людзей. Гэта была чарговая, няўпынная там пражарка блашчыцаў. Як аказалася, стварэньні гэгыя пладзіліся і ў 40-градусны мароз. У нарах і ў сьценах баракаў была іх цьма! Параньне нараў было вечным, ненавісным для нас загадам пасьля цяжкой працы за зонаю. Бальшавіцкія лагеры пабудаваныя так, што там не даюць людзям вольнай хвіліны. Апрача пражарак ганяюць у капцёрку, на праверкі, шмоны, суботнікі, нядзельнікі, у сталовую, у баню, па цукер, якога на 20 дзён давалі па шчопцяхі (*105 - Шчопці (дыял.) – невялікая колькасць чаго-небудзь сыпучага, што можна ўзяць трыма пальцамі) і па які мы беглі ахвотна. Лустачка камякаватай пайкі, ледзь пасыпаная цукрам, была несказаным прысмакам нашага ўбогага меню.
        Пакуль нас шманалі (каторы раз!) і правяралі дакументы, да нас падыходзілі белыя й чорныя людзі. Чорныя – маладыя дзяўчатырабацягі, якіх ужо вятры й сонца пад гэтым нізкім небам здолелі ператварыць на ўзбэкаў. Мяне ўбачылі мае немкі з Вены, і пачаўся віскат. У мяне быў той рубель яшчэ з Арла, і я дала ім яго, як гасьцінца. Здалі мы рэчы ў капцёрку, пагналі нас у баню, а пасьля ў баракі. Назаўтра далі сукенкі з шэрага лінючага палатна, чаравікі з парусіны, бушлаты й панчохі «цвета утренней зари», у якіх мы хадзілі, як буслы. Нам сьлед было забыцца, што мы жанчыны, а памятаць толькі, што мы рукі для кіркі – рабочая сіла... Рабсіла, як нас называлі. Далі нас з Людкай у брыгаду Ілгі Дзіндонс, гдзе былі адныя латышкі. Ілга была тупая, жудасная асоба, якая падлізвалася да начальства і ўсю работу, якая цяжэй, узвальвала на чужы элемэнт у брыгадзе, на нас. Не прывыкшая да цяжкай фізычнай працы, аслабелая ў цюрме, я ледзь выжыла ў тае жудаснай Ілгі ў той першы час.
        На ОЛПе аказалася й Роза, баптыстка з львоўскай перасылкі. Я яе проста нечакана сустрэла, яна йшла ў маей сукенцы. Роза запрасіла мяне ў свой прывілеяваны барак для швачак. Я была вельмі галодная й з радасьці прыняла пачастунак Розы – хлеб з цукрам. Шапталіся мы паціху, бо Роза вельмі баялася свае начальніцы са зьняволеных. Але тая начальніца ўсё ж падышла да нас і пачала выпытваць, якой я нацыі і т.п. Мае адказы яе насьцярожылі, і калі я сказала, што я прытым з Прагі, яна пачала пытаць мяне, каго я там ведаю з беларусоў? Я пару асоб назвала, рэшту пачала называць яна. Тут-то я зьдзівілася, а калі я назвала сваё прозьвішча, яна ледзь ня кінулася на мяне з кулакамі, крычучы, як гэта я, паэтка, сьмела сюды трапіць, чаму я не схавалася гдзе, не ўцякла? Аказалася, што латышка Люцыя Антонаўна Лепаціс (здаецца) была роджаная Клагіш, беларуска. Яна нават амаль год вучылася ў Празе, а яе брат дык там закончыў студыя. Цяпер яна тут загадчыцай гэтай майстэрні. Яна аракул для начальнікавых жонак, якіх абшывае лагерная бяздольная моладзь... Адзіная яна жыве не ў бараку, а ў асобным пакойчыку й мае асабістую слугу, старую фрау Буш, з якой разам і сьпяць, і ядуць... Роза дрыжыць перад ёю... Усе гэта мне не падабалася... I зімою, і летам тыя савецкія дамы шылі выключна квяцістыя крэпдэшынавыя сукенкі. А што, мелі грошы, дык шылі іх у вялікай колькасьці. Дарма шукаў бы там ваўняны, адпаведны клімату касьцюмчык ці сукенку – усё было параднае, прэтэнсыянальна крыклівае. Кваліфікаваныя швачкі шылі добра. Малакваліфікаваная, але спрытная ля начальства Люцыя Антонаўна ўмела жыць. Яна была адным з першых лагерных прыдуркаў, як называлі адміністрацыю лагера са зьняволеных. Гэта быў сталы кантынгент людзей, якія ніколі не хадзілі за зону, а толькі часам мяняліся прыдуркавымі сваімі месцамі як начальнік сталовай, нарадчыцы, загадчыцы, лекаркі, медсёстры, пажарніцы і т.п. Апошнімі ў гэтай іерархіі былі днявальныя, сьвінаркі й розныя прыбіральшчыцы ці шаўцы, але й гэтым пашанцавала, бо хадзіць кожны дзень за зону, як тады, без выхадных, без якіх-колек абагравалак у тундры ў 40-градусны мароз было амаль згубай.
        3 беларусак на нашым ОЛПе былі М.І.Зарэцкая, жонка Міхася Зарэцкага, праўда, яна тады называлася Касянкова, Каця Грынкевіч, Таіса (прозьвішча ня памятаю) ды яшчэ пару асоб. Мы крыху збліжыліся з Таісай.
        Побач, за які кіламэтар, быў мужчынскі 1-шы ОЛП, там быў ДОК (*106 - Дрэваапрацоўчы камбінат), на які часам вадзілі брыгады й ад нас. Павялі туды аднойчы й нас. Лета халоднае на поўначы, абманчывае, дык я надзела яшчэ пад спаднічку паласатыя мужавы нагавіцы ад піжамы й завязала праскую хустачку, бо яшчэ «формяных» тады не было. Круціцца пас з таго ДОКу, а мяне тая Ілга паставіла адкідаць з паса апілкі. Што ж, няцяжка, павявае ветрык, і я махаю лапатаю колькі трэба. Бачу, падыходзіць мужчына, невысокі, рыжаваты, знаемы твар... Так, гэты чалавек быў у нас у Празе... Чалавек зьбялеў, падбег да мяне й вырваў лапату. «Я не магу, я не магу бачыць у вашых руках лапаты, Ларыса Геніюш», – закрычаў з нейкім болем. «Нічога, – кажу, – я ўмею абыходзіцца й з ёю» – і папрасіла лапату назад... Гэта быў Сямён Раманчук. Да канца работы ён ад нас з Таісаю не адыходзіў, прывеў яшчэ Федзю Вялёнду й Пятра Рашэтніка, а калі сырэна прагула канец працоўнага дня, дык пайшоў за намі. Нас яшчэ не адводзілі, і мы сядзелі на бярвеньнях і гутарылі. Асьцярожна, але настойліва пытаўся Сямён, як я сюды трапіла. Ён смяртэльна спалохаўся, што дабравольна. Я ўсё коратка яму паясьніла, тады ў яго вырваўся цяжкі ўздох і словы: «Ах, каб я мог узяць сабе вашых дваццаць пяць лет, а аддаць вам свае пяць, што мне сядзець засталося».– «Кожны мае свой лёс, – кажу, – і мне мой срок, вам ваш».– «Божа, каб хоць вашую брыгаду закрапілі за ДОКам, – прастагнаў Сямён, – каб я вас мог бачыць...»
        Назаўтра нас павялі туды зноў. Сямён быў бледны, яму дрыжалі рукі. Проста прызнаўся, што ноччу меў тэмпэратуру 38. За ўвесь час цяжкіх лагерных мукаў не захварэў, а тут падбіла яго лапата ў маіх руках... Зноў пасьля работы мы сядзелі на броўнах, ён расказваў, як уцякаў з вязьніцы ў Менску, як зноў злапалі яго. Казаў аб бясплодным, цяжкім прабываньні ў бытавых лагерох з блатнымі, гдзе не было магчымасьці ніякай палітпрацы, і што цяпер ён зробіць усё магчымае супраць ворагаў людзкасьці... «Жаль вас, – казаў мне, – але калі вы ўжо сюды трапілі, дык памагайце, пішэця нам, бо задыхаемся з голаду роднага слова...» Аб гэтым мяне ня трэба было ўпрошваць...(*107 - Л.Геніюш зноў вяртаецца да гэтых успамінаў на с.201)
        Назаўтра Сямён паведаміў мне, што яны гатовяць пабег. Я спалохалася й пытаюся: «Пашто гэта?» – «Для славы Беларусі», – адказвае. «А колькі працэнтаў за тое, што пабег падарыцца?» – «Пяць», – адказвае Сямён. «Не, – кажу, – не! Нам нельга аддаваць жыцьця дзеля жэстаў, нам трэба жыць, і калі йсьці на нешта, дык каб яно было пэўным». Ён абяцаў мне паслухацца, але пад варункам, што і я ўключуся ў працу. Прасіў пісаць яму асабіста любоўныя лісты. Паясьніў мне, што тут караюць за ўсё, за любоў не караюць, што яны тут апаганілі гэтае слова, прынізілі. Калі горды француз робіць каралеву з прастытуткі, якую кахае, то расеец сяньняшні з каралевы гатоў зрабіць прастытутку... Мы дагаварыліся, што калі будзе трэба, дык Беларусь у сваіх лістах-запісках будзем называць «нашая гаспадарка», а сяброў нашых, якіх на ОЛПе было 200 асоб, будзем называць «сыны»... Мусяць, ад таго й пачалі называць мяне нашыя «маці»...
        Час бег. На ДОК нас болей не павялі, і я Сямёна болей ня ўбачыла, але ляцелі да іх мае запісачкі, мае вершы, якія яны празвалі глюкозаю. Калі доўга няма новага верша, так і пішуць: маці, глюкозы! Людзі, якія гадамі ня бачылі жанчын і ня чулі роднага слова, ажылі нейк, акрэплі... А вершы ляцелі. Калі ж было якое сьвята ці й так, дык я старалася ім нешта паслаць заўсёды. Наказала гэта й дзяўчатам. То мы вышыем ім торбачкі на хлеб родным васільком, то на цукер, то хустачку. А ніцей не было. Іду й прашу ў загадчыцы Люцыі Антонаўны... Дастане, бывала, велькі скрутак розных ніцей, аж мне разбягуцца вочы, але неахвотна дасьць адну, дзьве нітачкі, а ведала ж, для чаго... Часам зробіць мне заўвагу, што хаджу па яе падлозе ў сваіх ботах цяжкіх і брудных, я аж заплачу й доўга ня йду да яе, тады яна мне гэта вымаўляе. Я не любіла яе. Да яе й да Зарэцкай не даходзілі нашыя патрыятычныя пачынаньні, яны былі больш-менш задаволеныя сваім лёсам, а аб іншых, ці аб Радзіме, яны ня думалі. Адна няблага зарабляла ад кліентак і начальства, другая ўсё вышывала дачцы макаткi (*108 - Макатка (дыял.) – невялікі вышываны дыванок або карціна) ды хварэла.
        Інта – гэта т.зв. гарадзкі пасёлак у Комі АССР. Гэта цэнтр быўшых лагероў «Мінлага», яго ўпраўленьне. Калі я туды прыбыла, дык гэта былі драўляныя будынкі й вельмі ўбогія будкі, якія быўшыя нявольнікі, ня маючы права вяртацца дамоў, пастроілі сабе, каб жыць. Пасьля толькі пачалі тут будаваць будынкі з цэглы паводле праекту зьняволеных нямецкіх і балтыйскіх архітэктараў. Пабудавалі й нейкую вежу, зьзяючую лямпачкамі. Кажуць, зрабіў на яе праект у памяць сваяго зьняволеньня нейкі швэд. Пэўна, далі яму ў цяжкі час болыыую пайку ці дазволілі напісаць дамоў. Ня дорага для іх каштавала праца, жыцьцё і ўсе веды зьняволеных. Выкарыстаць іх яны ўмелі. Казаў мне адзін яўрэй, якога быццам люта ненавідзіць Сталін, што многія аб'екты мела пад сваёй «апекаю» МГБ. Знача, бралі яны такое прадпрыемства й плянавалі, якія кадры ім патрэбныя. Паводле гэтага пляну рабілі сваявольна арышты патрэбных ім людзей, ад вялікіх спэцыялістаў пачынаючы. Як стымул выкарыстоўвалі толькі сыцейшую пайку й крыху лепшыя варункі існаваньня, і работа йшла. МГБ заграбала прэміі, а людзі, пазбаўленыя волі і ўсякага асабістага жыцьця й шчасьця, стараліся для іх як маглі, каб толькі выжыць. Кажуць, пасьля сьмерці Сталіна гэта спынілася. Была ў Інце й агароджана дача, такі сабе асабняк Казлова, начальніка ўсіх лагероў на Інце, гдзе жыў ён з сям'ёю, як удзельны кацык (*109 - Кацык (дыял.) – туземны князек). Шматлікае начальства зусім спакойна глядзела на калоны няшчасных жанчын, якія гадамі закіркоўвалі ў інцінскую мерзлату сваю маладосьць, здароўе й само жыцьцё. Інцінскія дамы праходзілі міма нас з агідаю, а іхнія вывадкі хрысьцілі нас рознымі «контра» ці «фашыстамі». А мы кіркавалі, білі кувалдамі ў нейкую сівую мерзлую гліну. Здавалася нам, што ад тых цяжэрных кувалдаў, калі дзьвігаеш, варочаюцца кішкі ў жываце й абрываюцца ўсе селязёнкі. Як шэрыя страшныя камякі ў ватніх нагавіцах, старых валенках і бушлатах, мы, замарыўшыся, сядалі на сьнег, даставалі зьмерзлы кусок пайкі, калі хто яе здолеў ня зьесьці выходзячы, і грызьлі. Сьвятам якім мы бралі ў кішэнь крыху цукру і, пасыпаўшы ім камяк сьнегу, проста аблізваліся з насалоды. Дзяліліся на групкі, бо і ў нашай няшчаснай кампаніі было болей стукачоў, як добрых лю-дзей. Вэрбоўка іх – гэта мэта жыцьця й гвозьдзь сыстэмы ўсіх КГБ. Кажуць, і, здаецца, не без падставы, што на мяне працавала палову лагеру. Я ім была сольлю ў вачох, нечым, чаго яны яшчэ не сустракалі. Бяз страху сама – я дзейнічала гэтак жа на людзей і горай таго – на мужчынскія лагеры. Выжыць, гэта для мяне было сьмешна, важна было зьняволеным вярнуць веру ў тое, што яны лепшыя людзі за гэтую набрыдзь, якая душыла нас, загнаўшы ў сьнягі. Я была вельмі тактоўнай, чэснай і добрай, і таму я была для іх страшнай. Мне верылі й мяне слухалі. Амаль кожны ліст з волі быў прычынай да плачу. То прыбавілі срок, калі хто прасіў яго зьменшыць, то адмаўляліся мужыкі ад жонак ці партыйныя бацькі ад дзяцей. Праўда, ніколі не адмаўляліся маці. Нават савецкія маці засталіся на вышыні й заслугоўваюць за гэта пашаны. Я ведала толькі адзін выпадак, калі маці начысто адраклася ад дачкі. Усе з горам прыходзілі да мяне, і ля маіх нараў утваралася проста чарга. Пасьля мяне заперлі на верхнія нары й прыказалі ня злазіць далоў.
        Жыцьцё нашае было няпэўным, нейкім вечна нэрвовым, настарожаным. Мала, што шманалі нас, выводзячы за зону й зноў у яе пускаючы (што часам было падобна на гінекалагічны агляд на марозе), але пэрыядычна й звыш нормы шманалі нас у бараках. Трэсьлі нары, пераварочвалі пасьцелі, раскідалі рэчы. Часам нападалі ўвечары на перапоўнены барак, заганялі ўсіх у адзін кут і пачына-лі дзейнічаць. Суправаджалася гэта неймаверным крыкам Кір'янава ці Прасьветава й віскам знамянітай надзірацелькі Дусі, што надавала гэтай апэрацыі характар дагістарычны. Забіралі што папала, а калі трапляліся запісачкі ці малітоўныя абразкі і т.п., дык БУР (*110 - Унутрылагерная турма) ужо забясьпечаны. БУР – гэта вязьніца ў самым лагеры. Ізаляцыя, гдзе даваліся вада, 200 грамаў хлеба ў суткі, на трэці дзень місачка баланды й рэшту па столькі ж хлеба на суткі. Пасьля БУРу выходзілі «п'яныя», а то й выносілі іх, вывалакалі. Так ледзь вярнулі да жыцьця ўкраінскіх дзяўчат, якія на Каляды пайшлі калядаваць па лагеры й прасьпявалі: «Сьпі, Ісусе, сьпі на сіні, дай Бог шчасьце Украіне». Шчодры Казлоў узнагародзіў бедных дваццацьцю суткамі БУРу. Дзяўчаткі маглі каяцца, пляваць на рэлігію й свае абычаі, але гэта былі ўкраінкі. Яны цярпелі ўпарта, пакуль іх амаль нежывых ня вывалаклі з БУРу. Мы клялі стукачоў, ад якіх не было гдзе дзецца. Былі яны й сярод ук-раінак, але лічаныя. Маеа ўкраінцаў была імпануюча стойкай, шляхотнай і вельмі дружнай. Яны мяне прызналі сваёй і толькі сваёй, і я ў лагеры пераважна гутарыла на іх мове. Мне і Олі Мароз (украінцы) забаранялася нават высушыць нашыя лахманчыкі ў сушылцы, але днявальныя ціхенька нам іх бралі й памагалі нам, як толькі маглі. Часта папераджалі, пачуўшы на нас нешта ў сушылцы, якая была клюбам для ўсякіх у лагеры прывілеяваных элемэнтаў.
        Нам дазвалялася пісаць два разы ў год. Я пісала мужаву бацьку ў Зэльву. Старэнькі доўга не адказваў, людзі тут кажуць, што ён адрокся ад нас быў, начыста выракся. Дзіва тут няма. Кажуць, што быў такі жах, створана такая атмасфэра, што людзі адракаліся ад усяго, нават ад бацькоў і родных дзяцей, каб толькі выжыць. Пасьля дзед пісаў нам. Лісты яго былі больш-менш такія: «Дарагая Ларыса, мне куды горш, як Вам. Я ўжо зрабіў сабе труну, і яна ляжыць у мяне на гарышчы. Жонку сваю я пахаваў паводле ўсіх законаў рэлігіі, а вось хто мяне пахавае?..» і т.п. Дзед пісаў няпраўду. У яго былі запасы, і ён шмат пакінуў пасьля сьмерці чужым, вельмі нячэсным людзям, каб яны перадалі нам. Былі гэта Архімовічы, надта пабожныя каталікі. Ледзь вырвалі мы ад гэтых пабожных сваю старую хату. Калі мы вярнуліся з лагера, дык хата нашая была занятай. Архімовіч пасяліў там траіх кватэрантаў, а сам пабег хутчэй у міліцыю з заяваю, што мы антысавецкі элемэнт і нас зноў трэба вярнуць у Комі... Прыйшлося мне пісаць у Менск у галоўную пракуратуру, каб дазволілі нам вярнуцца хутчэй у Чэхаславакію. Тады загадалі вярнуць нам хату й тэстамэнт бацькоў. Быў там напісаны параграф, паводле якога хата належала нашчадкам, і яшчэ рукою Архімовіча было дапісана, што ён абавязваецца яе вярнуць: сыну, унуку альбо нявестцы памершага. Зэльвенскі адвакат і пракурор, падкупленыя Архімовічам, перакруцілі значэньне таго параграфа, і толькі растлумачыла нам яго нейкая камсамолачка, надзіва чэсны й сумленны юрыст. Быў сьпiсаны акт па сьмерці бацькі ўладамі на рэчы па ім і т.п. Гэта «ўлады» зажулілі, і мы маўчалі, бо вельмі дрыжэлі пасьля лагероў. Так і выехаў той Архімовіч з сям'ёю ў Польшчу, адвозячы нашыя рэчы й крыўду. Праўда, быў у яго сын Раман, і вось той Раман аднойчы прынёс нам пачку нашых сямейных старых здымкаў, за якія мы яму ўдзячныя й сяньня. Страшны быў яго сын Петр і яшчэ страшнейшай дачка – наколькі пабожныя, настолькі нелюдзі. А мы нейк жылі.
        Адбілася ад тэмы. Знача, арыштаваныя 5 сакавіка 1948 года ў Вімпэрку, выданыя саветам 1948 года 12 жніўня, прывезеныя ў Менск у кастрычніку, суджаныя 1949 года 7 лютага па адной справе § 58 і § 4 савецкіх законаў. Першы гэта была групавая арганізацыя, а другі нешта накшталт: «Ведаючы, што на зьмену капіталізму мае прыйсьці камунізм, усё ж трымаўся з буржуазіяй...» Кляты той Коган сказаў мне, што ён мог на падставе гэтага параграфа асудзіць на 25 гадоў Чэрчыля, калі б той трапіў у яго рукі. Чэрчыля не любілі. I так, маючы разам з мужам паўстагодзьдзя маскоўскай кары, разарванай на тры часткі сям'ёй, уліліся мы ў шэры, убогі натоўп далёкіх лагероў ледзяной поўначы. Муж быў на Варкуце, і я гэта ведала ад Элкі Маркман. Я была на Інце, і муж аб гэтым ня ведаў. Коган мне прапанаваў на сьледстве разьвесьціся з мужам і наагул пачаць пісаць па-расейску. Я яшчэ раз пашкадавала харошага чалавека, якому лёс назначыў быць маім мужам і які сапраўды цярпеў з-за мяне й з-за свае дурноты – веры ў сацыялізм. Муж і, галоўнае, сын... Божа мой, што было рабіць мне, няшчаснай? Не, нельга было йсьці на ніякія ўступкі, мы ж, як ваякі, і Народ наш, і Зямля наша, і ўсе гуманныя здабыткі чалавецтва, і праўда, і Бог – ад такога не адступаецца нават перад грозьбай сьмерці. Што ж, пабачым, што прынясе час. Коган нейк казаў мне, пасьля даносаў Нэлкі Гардзей, што грузіны жывуць вельмі доўга й Сталін добра трымаецца, але я ведала, што гэты «айцец народаў» вытрымае ўсю «малітву» і ўсю хвалу ачумелых паэтаў і ўсякіх ідыётаў бяз розуму, але стогну мільёнаў, ім загубленых, – не стрывае.
        I так лагер. Доўга цягнуцца ўпрогаладзь працоўныя дні за зонай у той клятай Ілгі Дзіндонс (і запамятала я гэтае прозьвішча). Калі мне надта хацелася есьці ці было ня вытрымаць цяжка, я малілася Богу. У краі гэтым нідзе не было й ніколі не было хрысьціянскіх сьвятыняў, дарогу ў тундру пракладалі мы, але Бог ішоў за намі, і, як мне казала простая малдаваначка манашанька Галя, Ён ніколі не пакідае тых, якія Яму моцна вераць, дык і хлеб нам дасьць, і поўнач ацепліць, і пераменіць сэрцы ворагаў, абудзіць сумленьне... Так, тое сумленьне... Калі мы прыдумвалі кару ворагу за ўсе, што тут рабілася з мільёнамі людзей, дык мы прасілі Бога, каб абудзіў у іх сумленьне й яны ясна сабе ўсьведамілі, што чыняць з людзьмі. Гэта была б тады на іх пякельная кара. Бо навошта асьвенцімскія печы, калі ў мірны час спальвае мільёны маладых найлепшых людзей мароз і голад. Тупеюць і зьвярэюць яны ад зьдзеку й нявольнай працы, на дзесяцігодзьдзі адарваныя ад сем'яў, ад сяброў і сьвету... Марксізм у яўнай практыцы.
        Знача, мы ходзім на ДОК. Ужо другі дзень туды нас пасылаюць. Раманчук, сталы працаўнік ДОКу, сустракае нас з раз'іскранымі вачыма, і калі канчаецца праца й зноў мы чакаем на канвоя на бярвеньнях ля вахты, ён прыходзіць з сябрамі Хведарам Вялёндай і Пётрам Рашэтнікам і кажа, што не захварэў ні разу за ўсё сваё пакутнае прабываньне ў лагерох, а вось сяньня ноччу меў тэмпэратуру, і гэта таму выключна, што я тут апынулася ў гэтым пекле, і як я толькі магла так зрабіць? Ён пачаў асьцярожна й са страхам выпытваць у мяне, як жа я тут апынулася. Беднаму, відавочна, здалося, што я сюды завітала проста па добрай волі, можа, захопленая самым «мудрым і геніяльным усіх вякоў і народаў». Я расказала, як гэта з намі здарылася, і Раманчук уздыхнуў з палёгкаю. «Вельмі мне жаль, што вы тут, – сказаў ён, – але калі ўжо так здарылася, дык памагайце нам, Ларыса Геніюш, пішэця. Ах, каб я мог узяць на сябе ваш срок, а вам аддаць тых пяць гадоў, што мне засталося», – зноў застагнаў ён. Справа ў тым, што спачатку давалі максімум па 10 гадоў кары, калі гэта не было ўжо сьмяротнае рашэньне, і чвэрць стагодзьдзя на чалавека гэтыя нехрысты прыдумалі толькі пасьля свае т.зв. «пабеды». Каб паказаць народу не велікадушнасьць да ўсіх тых, якія здолелі перажыць гітлераўскую жудасьць, а нешта яшчэ страшнейшае за гітлерызм, бо й той вырадак роду людзкога, пэўна, ня змог бы такога чаўпсьці з радасьці, каб перамог. Тут зьдзеку не было граніцаў, і кожнага нават зусім не вінаватага чалавека расыгісвалі сьледавацелі паводле загаду згары так, што ён сам сябе ледзь пазнаваў і за голаву браўся з усяго гэтага. Болей я ня ўбачыла ў жыцьці Раманчука, гэтага нашага сьветлага героя, які ведаў адно толь-кі – сваю Радзіму й жыў толькі для яе і ею. Нас болей на 4-ты ДОК не павялі.
        Пачалася перапіска. Тоненькія запісачкі насілі дзяўчаты, якія хадзілі на бліжэйшыя аб'екты. Насіць запіскі было небясьпечна, жыць бяз іх было немагчыма зусім, і кожная з нас гэта разумела. Цярпелі дзяўчаты БУР, і голад, і гора, але спагадалі адна адной і памагалі. Мае запіскі насіла пераважна нейкая Жэня Врублеўская з Варшавы. Была гэта маладая прыгожая дзяўчына, расейка. Мне яна не падабалася, бо не была дружнаю й часта цьвердзіла, што каб выжыць, дык кожны павінен глядзець толькі сябе і йсьці на-пралом праз лагер, не зьвяртаючы ўвагі на рэшту зьняволеных. Запіскі ад Раманчука былі палкія, цікавыя. Прага барацьбы й волі бурліла ў іх, да гэтага прымешвалася, праўда, стрыманае ў словах, але між радкамі гарачае й глыбокае пачуцьце да мае асобы. Я гэтаму не дзіўлюся, такія былі абставіны. Раманчук першыя сваіх пяць лет зьняволеньня адбыў у бытавых лагерох між блатных, жудаснага бандыцкага безыдэйнага й наагул выкалеянага з жыцьця элемэнту. Таму, калі ён трапіў у лагер палітычных зьняволеных, яму здавалася, што ён між харошых людзей. О наіўны! Найгоршы бандыт ня так страшны, як тыя сталінскія «дзеці», якія, страціўшы ласку «самага мудрага», ня маюць іншых пачуцьцяў і інтарэсаў, як толькі вярнуць тую ласку... Любымі сродкамі... Раманчук пачаў дзейнічаць, ён арганізоўваў пратэст і паўстаньне ў лагеры супраць бяспраўя й зьдзеку, згрупоўваў людзей. Ведаю, што ён быў зьвязаны з нейкім палкоўнікам ці генералам расейскім Паўлавым і Баляславам Руткоўскі (*111 - На с. 205 гэта прозвішча напісана: Рудкоўскі), паляком, які пасьля прадаў Раманчука. Здаецца, абодва яго прадалі. Паляк звычайна нават у лагеры нішчыў усе найменшыя праявы беларускай думкі, спакойна злучаючыся з ворагам, настолькі сільная была ў іх закаранелая прага калянізацыі Украіны й Беларусі.
        А пакуль што ляцелі нашыя гарачыя запіскі, асабліва вершы мае, мужныя й бадзёрыя, поўныя цярпеньня й змаганьня са злом. Мы жылі сябрамі, калі было Пятра ці так чые імяніны, мы стараліся паслаць ім хоць драбнічкі: торбачкі, вышытыя васількамі, на хлеб ці на цукер, хустачкі да носа ці паясочак да кніжкі. На гэта я парола сваю праскую гардэробу ці выпрошвала па нітачцы ад скупой і, як пасьля выясьнілася, здрадніцкай Люцыі Антонаўны Клагіш. Хлопцы былі задаволеныя нашай увагай, асабліва ж вершамі. Яны, на жаль, загінулі, забыліся амаль, і я толькі пятае праз дзесятае з іх помню. А былі, мусяць, як полымя, бо людзі жылі імі, і мне трэба было пасылаць новыя якія, што пэвен час, бо так і пісалі: «Прысылайце хутчэй глюкозу!» Ізноў ішла за драты душа мая, мая «глюкоза», якою жылі зьняволеныя мае браты. Што будзе заўтра – ня думалася, а жылося мамэнтам, супольнай верай на лепшае. Каб ня думалі, не змагаліся б – хіба памерлі б ад лагернай гнуснасьці. Змагацца – значыла жыць! 1-шы ОЛП той, лагер, гдзе быў Раманчук, быў супраць нашага жаночага лагеру, заўсёды драты й вышкі іх у нас на вачох.
        I вось аднойчы пад восень перавялі нас ад іх далей за лясок. Была там зусім яшчэ дзікая тундра, і перад намі была вытарфоўка пад будынкі й дарогі Інты. У тундры амаль усюды трансава (*112 - Трансава (дыял.) – багна, дрыгва), і каб дабрацца да цьвердага грунту, нам трэба было здымаць напластаваньне моху. Пласт той быў часам у паўмэтра таўшчыні, а часам і ў паўтара. Зімой той мох зьмярзаўся з сівай глінаю, і мы яго лупілі кіркамі, сякерамі й клятымі цяжэрнымі кувалдамі й на насілках валаклі на сабе, угінаючыся, у вялізныя кучы. Толькі на вытарфованым грунце пракладаліся дарогі, рабіліся шахты, узносіліся будоўлі.
        3 нашым пераходам у другі лагер перарвалася ўся мая перапіска. Было сумна. Я цесна падружылася з украінцамі, асабліва з мілай Люцынкай Воўк. Разам мы елі й спалі, былі ў адной брыгадзе. Люцынка была чароўнай жанчынай, срок у яе быў надзіва малы – усяго пяць гадоў. Сядзела яна за тое, што муж яе быў у бандэраўскім падпольлі. Яна ледзь выйшла за яго замуж, і ён пайшоў на змаганьне. I вось Люцынка цяжарная! Тут за яе і ўзяліся – гдзе муж? Люцынку пасадзілі. Нейкі дураньчык з іх вёскі мужна аб'явіў МГБ, што гэта ён бацька дзіцяці, але яму не паверылі. Недзе ўдома ў старых цетак гадавалася яе дочанька Катруся. На сьледстве паказалі ёй здымкі забітага яе мужа, але яна ўсё жыла ім, любоўю да яго й нейкай упартай верай, што ен жыве. 3 інвалідаў дружыла з намі Каця Грынкевіч з Менску й крыху Марыя Зарэцкая. Былі яшчэ беларускі, але пераважна слабыя, нецікавыя тыпы, апрача адной Таісы, якой муж быў шаўцом, а яна сама, здаецца, настаўніцай. Таіса была разумнай і людзкай жанчынай. Раманчука яна ведала асабіста.
        Аднойчы позьняй восеньню я нарэшце атрымала запіску. Мяне скаланула. Запіска на гэты раз была асабістая, толькі для мяне, не закраналіся там «гаспадарка» (Беларусь), ані нашыя «дзеці» (сябры). Проста пісаў Раманчук, што ўсе здрадзілі яго, прадалі, гарыць яму зямля пад нагамі й што веру ён зьбярог толькі ў мяне адну. Я заплакала з бездапа-можнасьці нашае, з гора. Мне прыпомнілася, як падобныя словы казаў мне, паміраючы, дзядзька Захарка, ускладаючы на плечы мае жаночыя непамерныя абавязкі. Час ішоў, не было болей ніякіх спраў, ніякіх запісак. Хацелася верыць, што ўсе нейк уладзілася. Аж выклікалі мяне раз нейкія дамы-начальніцы. Прычынай размовы быццам былі мае драбніцы, залаты абручальны персьцень, залаты крыжык на такім жа ланцужку, які мне пераслаў з Англіі брат Алёша, калі выжыў з вайны адзіны з нашай сям'і. Крыжык быў цудоўнай работы. Быў і звычайны гадзіньнік на руку. Усё гэта мне забралі пры вобыску, і ўсё, безумоўна, прапала, так і не адцалі. Вось яны нечаму пыталіся ў мяне аб гэтых рэчах. Я ведала, што думаюць яны нешта іншае. Пачалі выпытваць у мяне, як да мяне адносяцца расейкі з лагеру й што я пра іх думаю. Я адказала, што, як бы яны да мяне ні адносіліся й што я ні думала б пра іх, я гэтага ім усяроўна не скажу. Пыталіся, што я раблю, я сказала, што вывучаю псыхалогію нацыяў у лагеры: хто чаго варты... Яны скрывілі нос. Тады папыталіся, ці ведаю пра вялікія будовы ў Саюзе? Я сказала, што іх «трудящиеся» праводзяць усё ж большасьць сваяго жыцьця ў кватэрах убогіх, перапоўненых дзірах, для іх вялікія будоўлі ня маюць значэньня, пакуль людзі жывуць, што жывёла... Як доўга я думаю сядзець у лагеры? «А гэта ад мяне залежыць, проста калі мне захочацца перарваць гэту ніць жыцьця...» – «А на што ў вас надзея?» – спыталі. «На «Северное сияние», – кажу, проста каб нешта адказаць ім. «Ну й спадзявайцеся на сваё «Северное сияние», – мнагазначна сказала адна з іх, упор-на на мяне паглядзеўшы... Тут я й зьледзянела, нечаму нагадаўся мне Раманчук... Ад Люцыі Антонаўны я даведалася, што адна з жанчын, у кароткім чорным кажушку, падобная на яўрэйку, называлася, здаецца, Гарбунова ці Гарбатава, быццам з Менску. Аб маіх дарагіх драбніцах я ўжо й ня думала.
        Час ляцеў, наступіла суровая зіма, мяне пакінулі ў зоне разам з другімі арганізоўваць самадзейнасьць у нашым лагеры. Я, не падумаўшы, засталася. У ініцыятыўную групу ўвайшлі: Тамара Вераксо – кіеўская балерына, Кузьняцова – жонка нейкага коміка з Малого тэатра ў Маскве, Ларыса Донаці – артыстка з Горкага, маладая й вельмі прыгожая, ну і я. Мы разам усё абмяркоўвалі, ставілі адумысловыя канцэрты, гдзе маею справаю быў канферанс і розныя тэксты песьняў. Яшчэ я памагала рысаваць дэкарацыі, адзяваць у пачкі з марлі балерынаў і т.п.
        Аднойчы зімою перад такім канцэртам паклікалі мяне ўкраінкі ў другі барак. Проста Люцынка з дзяўчатамі наварылі недзе ў качагарцы пшоннай кашы й клікалі мяне есьці. Схаваўшыся, мы апляталі, як найвышэйшы прысмак, тую пасьнюткую кашу й цешыліся ўзаемна сваім таварыствам, як увайшла днявальная ад начальства, нейкая Зінка – сучка й стукач адумысловая, і паклікала мяне на вахту. Была яна злосная, як зьвер, і нешта буркнула наконт бунтаўшчыкоў у лагеры. У чым, думаю, тут загваздка? На вахце сядзелі нейкія начальнікі незнаёмыя й наш лагерны опер. Аб гэтым оперы я чула не благое. Адна мая знаёмая некалі была ў яго днявальнай і сказала, што бн мяне цэніць і людзей наагул шкадуе. Але той цяпер выйшаў, і на яго месца прыйшоў нехта другі. Мяне заўсёды выклікалі тры чалавекі, чаму? Ня ведаю. За столікам сядзеў ваенны, невысокі сіваваты чалавек. Пасьля апавяшчэньня, як звычайна, пэрсаналіяў, ён паглядзеў на мяне нейк пранікліва й сказаў: «Говорите!» Я маўчу, бо скуль магу ведаць, чаго нехрыст хоча? «Говорите или не говорите, смертного наказання вам не избежать!» Моцна падкрэсьлівае «не говорите» й глядзіць на мяне ва ўпор. Скуль я ведаю гэтага чалавека? Скуль? Што за несуразнасьць? Я яго ведаю са сну! Гэта ён мяне выцягваў з ямы ў сьне, калі я йшла пустою тундраю ад адное царквы да другой! Я ўвалілася ў яму, з якой мне было ня вылезьці, і ён гэта, ён, той самы сіваваты чалавек з чорнымі бліскучымі вачыма, мяне выцягнуў з ямы за руку. Што за кашмар! «Дык што вы маўчыце?» Кажу: «Я ня ведаю, у чым справа, пытайцеся».– «Дык хто Паўлаў, хто Рудкоўскі, кажэця, а то скажаце ў вязьніцы ў Інце, прымусім!» – «Згінь ты, прападзі, – думаю, – нелюдзь ты няшчасны». Кажу: «Ня ведаю я такіх людзей!» – «Говорите, смертного наказания вам не избежать», – зноў гаворыць. Ах так, дык ведай, каце: «Забралі вы мне маю Бацькаўшчыну, маяго сына й мужа, дык жыцьцё тут найменшая рэч, чаго ж чакаеце? Бяз волі Божае волас не ўпадзе з мае галавы, і я вас не баюся!» Крычу, быццам гэта ня я гавару, і страху – ніякага. «Дык Паўлаў з вамі не па адной справе?» – «Не, – кажу, – такога ня ведаю!» – «Дык ідзеця, рэшту скажаце ў Інце». I ўсё! Я выкацілася з той вахты. Пачынаўся канцэрт, і мне было трэба адзяваць тых балерынаў. Іду я на тую сцэну, калені ўгінаюцца, але маўчу. Бачу, стаіць опер у зале, глядзіць на мяне, ледзь не крычыць з болю. Эстонка Эльвіра нясе мне папяросу, хоць ведаюць усе, што не куру зроду. Няўжо ў мяне такі дурны выгляд? Мяне пачынае трэсьці, я ўцякаю недзе ў кут і раву, як жывёла. Мне сорамна, але сталася так. У лагеры ўжо ўсе ведаюць і якім чынам? Што ж, забяруць мяне, але ў мяне есьць вартасная рэч, гэта здымак, на якім муж, сын і я. Прыслаў мне яго ў адным сваім жудасным лісьце мужаў бацька. Яго трэба захаваць, мне ўжо ня выйсьці... Бедны дарагі Сямён, якая ж трагэдыя... Назаўтра панесьлі мілыя ўкраінкі здымак, каб перадаць яго беларусам у мужчынскія лагеры. Я чакала, калі мяне возьмуць на тыя мучэньні ў Інту. Мяне ўсё ня бралі. Я зсохла, маўчала.
        Аднойчы прыйшла да мяне лагерная парыкмахерша мянчанка Дзіна й сказала, што ў яе брыўся палкоўнік усяго інцінскага МГБ і пытаўся, ці яна мяне ведае й хто я паводле яе. Дзінка сказала, што я старэйшая, вельмі тактоўная й спакойная жанчына. Ён сказаў ёй, што гэта самая небясьпечная птушка ва ўсім лагеры, якой ен прыгразіў «сухарыкамі» (вязьніцай) і радзіць ей прыціхнуць... Як аказалася, гэта быў той тып, што мяне выклікаў. Так мяне й не забралі. Раманчук прасіў мяне пісаць другім толькі з яго ведама, каб пазьбегнуць стукачоў. Трэба было падымаць крыху «кашаедаў», каб думалі. Пісаць толькі й выключна любоўныя эпісталы для бясьпекі, між радкамі ўпісваць усю рэшту. Прымушаць людзей думаць.
        Дарога ў Інце была адна. Па ёй кожны дзень праходзілі даўжэзныя вужы калонаў зьняволеных на працу – з працы. Мы – на вытарфоўку, капаць канавы ля дарог альбо пад водаправод ці газ у Інце. Часамі – чысьціць сьметнікі ў пасёлку. Тады дзяўчаты з Прыбалтыкі гаварылі: «Ну й гэтае начальства – на грамы ядуць, на кілаграмы с...» А жонка яўрэйскага рабіна, вельмі мілая Міна Барысаўна, казала: «У нас быў сьвяты Гаман, яму лілі г... на голаў, але нам горай! Калі кіркуем, дык яно нам ляціць у рот...» Мужчыны йшлі ў шахты, доўгім, доўгім чорным шнуром. Усіх нас вадзілі пераважна з сабакамі. Яшчэ йшлі мужчыны на будоўлю. Так мы сустракаліся, міналіся па дарозе, нейк перадавалі запіскі, хоць канваіры дурэлі са злосьці й часамі стралялі.
        Аднойчы мы капалі ў Інце канаву пад нешта там, а воддаль мужчыны, ведама нашыя, зьняволеныя ставілі дом. Паляцелі з каменьчыкамі запіскі. Пісаў мне з таго дому нейкі паляк. Перадаваў ад Сямёна словы: «Ідзем на дно, трымаемся моцна». Сядзеў гэны хлапец з імі ў Інце ў вязьніцы. Пісаў ўжо ад сябе, што мяне затуляюць яны, ашчаджаюць. Маё становішча было ня так страшнае, бо хлопцы мяне ні ў якую справу не ўцягвалі, ад мяне патрабавалася вершаў, вершаў і яшчэ раз вершаў – родных, беларускіх. Гэта знача – агітацыя, а за яе даюць 10 гадоў. Што ж яны мне маглі падкінуць, калі ў мяне ўжо было чвэрць стагодзьдзя. Прытым я лічылася чужынкай, хоць і без грамадзянства, але ня іхняй. Гэта й толькі гэта мне захавала жыцьцё. Знача, Сямён цярпеў, а з ім і. другія.
        Летам нас далёка не вадзілі. Праўда, як я даведалася аб правале хлопцаў, мне не схацелася болей быць у той іх культбрыгадзе, дый усе мае сяброўкі-ўкраінкі пераважна працавалі на агульных работах. Я падала заяву, што не хачу быць у гэтай брыгадзе. За пару дзён Тамара Вераксо, наш брыгадзір, аддала мне тую заяву назад, але я ўперлася, што там ня буду, і мяне за кару далі ў цяжкую брыгаду першай катэгорыі на самыя горшыя працы.
        Ля нашай зоны воддаль быў клуб салдацкі, гдзе пад восень судзілі хлапцоў. Кажуць, судзілі іх 60 чалавек з воль нымі разам. Інта была, здаецца, першай ластаўкай бунту вязьняў. Пасьля былі Варкута, страшны Нарыльск і іншыя лагеры. Дарога адна. Вязуць у клуб судзіць закованых хлопцаў, і насустрач заўсёды нейкая з нашых брыгадаў. Хлопцы нам перадаюць прывітаньні. Пераважна беларусцы Ларысе Геніюш. Так амаль кожны дзень, Вечарам прыходзяць дзяўчаты рознай нацыянальнасьці і ўсее мне нясуць тыя прывітаньні. А я зьнемаглася з гора, што я ня з імі, ня разам, ня там... Нарэшце дзень, калі я гару ад тэмпэратуры, паліць мяне, мяне не выводзяць на працу. Ляжу. Вечарам прыходзяць брыгады, да мяне ніхто не заходзіць, лагер маўчыць. Аж паціху, пакрысе йдуць адна за адiной, шкадуюць мяне... Закованыя, ужо засуджаныя хлопдня прасілі мне перадаць, што іх засудзілі на сьмерць... 12 чалавек. Раманчук перадаваў мне свае апошнія сяброўскія слоовы, тады савецкі афіцэр ударыў яго па твары, і ён яшчэ сказаў: «Пашто мяне б'еш?..» Я маўчала, як гроб, атупела з гэтага болю.
        Так першыя беларусы пачалі першы велькі бой супраць зьдзеку. Яны загінулі, а кашаеды, сябры іх, якія ад iх адракліся, вельмі асуджалі пасьля гэтых герояў, што пасьмелі выступіць супраць такога насільля. Гадка было слухаць, чытаць высказваньні ўсякіх [...] і іншай набрыдзі прадажнай і гадкай. Бог і Зямля нашая няхай іх некалі судзяць!
        Хлапцы яшчэ сядзелі па БУРах, яшчэ іх не адразу забілі. Такім чынам, яны пасьпелі перадаць людзям весткі абэа мне, каб навязалі кантакты. Мне ўсё ня верыцца, як той Люцынцы, да сяньня ня верыцца, што Сямёна забілі. Невысокі, каранасты, круглатвары хлапец з душою, адданаю Беларусі. Як жа забыць аб ім? Уцякаў з менскай вязьніцы, у якой чуў, як Кастусь Езавітаў аднойчы ноччу крычаў: «Бывайце, сябры. Я, генерал беларускі Езавітаў, паміраю, прысуджаны бальшавікамі да найвышэйшай меры пакараньня...» А ў лагеры цягнулі й цягнулі тых, якіх не пасьпелі вынішчыць немцы й штрафныя роты саветаў. Балела сэрца, і ня цяжка было цярпець з імі, цяжэй было б у гэты час раз'яжджаць у галубых экспрэсах, як гэта рабілі іншыя, заліваючы гарэлкаю нячыстыя сумленьні.
        Доўга пасьля гэтага суду цікавіліся мною канваіры, стараліся запыніць, зачапіць мяне словам: ці я з Чэх? Адзін часта падыходзіў да нашай брыгады на працы й казаў мне, што я – гэта розум. Другі прасіў напісаць яму верш аб зьняволенай дзяўчыне нашай, якую ён кахае й якой ніколі ня можа ўзяць за жонку. Памятаю пару слоў з гэтага верша:
        
        Догорают грустно огоньки костра,
        летят мои мысли с темно-синим дымом,
        ты мне как невеста, ты мне как сестра,
        почему не можешь быть женой любимой...
        
        Мае вершы, дарэчы, казалі мне пасьля, усе нехта перадаў чакістам, але, відно, і сярод іх былі людзі, якія чыталі іх нездарма, як гэтыя канваіры.
        I так справа Раманчука, гэты суд. Я й сяньня пра гэта амаль нічога ня ведаю. Калі мы спрабавалі каго аб гэтым пытацца, людзі сінелі са страху, нават у лагеры. Хведар Вялёнда, якому да 10 гадоў кары прыдалі яшчэ 15, выжыў, казалі, і жыве цяпер недзе ў раёне Баранавіч. Казалі, што моцна п'е. Тут няма дзіва. Некалі, памятую, на тым ДОКу гэты хударлявы ад пакутаў і голаду чалавек, падышоўшы, сказаў мне, што калі чытае мае вершы, дык яго постаць мімавольна стае на «зважай» (*113 - Беларуская вайсковая каманда «смірна»), Гаварылі, што ўсіх разам было 60 чалавек у гэтым і з жанчынаў я адна. Мяне ўсё ж затуліў, засланіў нехта. Казалі мне, што мяне ўжо далі б у лагерную псіхбольніцу, каб толькі выратаваць на выпадак суду, але мяне не судзілі. Мне сказалі, што хлопцаў расстралялі на Інце, а пасьля адкопвалі, каб ім павырываць залатыя зубы. Гэта расказалі мне яшчэ ў лагеры. Яшчэ казалі, што я наймацней трымалася на допыце, гэта тады ў гутарцы з тым палкоўнікам. Усе гэта некалі некаму яшчэ належыць дасьледаваць, каб ведалі людзі.
        А годы йшлі: зіма – лета, зіма – лета... Аднолькавыя да атупеньня годы. Інта была цэнтрам т.зв. «Мінлагу». Вакол яе былі т.зв. ОЛПы – 1, 2, 3, 4-ты і г.д. Адзін з іх быў наш, жаночы. Стаялі й адкрываліся новыя шахты, разбудоўвалася Інта. Відавочна, не адна зьмена зэкаў загінула на Інце, магільнік быў разьлеглы. Пэўна, карчавалі ці пілавалі першабытны лес, бо пні па ім засталіся вялікія, аб'ёмістыя, і нам ня раз давялося іх карчаваць пад калгаснае поле. Бо ж і там быў калгас, пасьвіліся каровы, расьлі раньняя капуста, турнэпс і рэдзенькая, вадзяная на смак, невялічкая бульба. Пры нас тут не было ўжо магутнага лесу на ўзгорках. Толькі навокал тундра – трансава, а гдзе вышэй, дык бярозкі і яліны з моцна абсьцебанымі ветрам вярхамі. Хадзілі мы на свае рабочыя аб'екты з сабакамі найчасьцей. Насілі вяроўку й калкі, якія забівалі ў зямлю, нацягалі на іх вяроўку й там працавалі. Найцяжэйшыя былі працы для нас, каму кары было 25 гадоў. Бывала, кіркавалі па 14 гадзін у тундры без ніякага вогнішча ў найлюцейшы мароз. Без ніякае абагравалкі, такія пачалі заводзіць толькі пасьля сьмерці Сталіна. Доўгі час працавалі без выхадных. Канвой быў розны, болыыасьць нялюдзкі, але з часам дзяўчаткі іх перавыхоўвалі, і на далёкіх аб'ектах работы можна было з імі вытрымаць. Нават сьпявалі пад савецкі гімн:
        
        Союз нерушимый зэка и конвоев
        Сплотила на дальних обьектах Инта і г.д.
        
        Найгоршыя былі канваіры з навабранцаў. Ідуць Інтою такія недарасьлі, плачуць, на іх гледзячы, нашыя жанчыны, у якіх удома сыны, махаюць ім рукою шэрым, быле як апранутым з волі. Але вось іх апранаюць па-ваеннаму, муштруюць і так ужо «перавыхаваюць у камуністычным духу», што яны з абыякавых хлопцаў становяцца нелюдзямі, катамі, вяротнымі (*114 - Вяротны (дыял.) – вельмі падобны) гітлерамі на нас. Чаго толькі ні чаўпуць, які рэжым, а правакацыі? Выводзячы на работу, безумоўна, кожны доўга паўтарае нешта: «Шаг вправо, шаг влево – считаю побег и стреляю без предупреждения». Часта, калі хоча канвой на некім помсьціць, дык крычыць: «Выйди со строя!» Мы ведалі, што гэта нельга, бо крок ступіш і застрэліць і скажа: пабег, і толькі яму павераць. Часам трымалі да ночы нас у тундры, зьдзекаваліся, стралялі ўгору, убок, а мы стаялі, як сьцяна, і сьпявалі. Сьпявалі ўкраінкі свае песьні з паўстаньня, адчайныя, гнеўныя як: «Хлопцы б'юцца, не здаюцца, ідуць да бою й сьмяюцца. Хлопцы, підэмо, змагатыся будэмо за Украіну, за рідны наш Край!» Калі мы ўжо ўволю насьпяваліся, ды намерзьліся і мы, і яны, дык тады толькі ноччу вялі нас дамоў. Часам стралялі й забівалі. На Інце аднойчы, разгружаючы вугаль, дала нейкая жанчына ліста машыністу, каб кінуў (так рабілі мы часам). Грузін-канваір убачыў гэта й зьбялеў, схапіў аўтамат. Жанчына ўпала на калені і ўзняла рукі благальна (*115 - Благальна (польск. blagalny) – умольна) ўгору. Застрэліў. Жаль, удома ў яе было пяцёра дзяцей. Нелюдзь дастаў нагароду й два месяцы водпуску ў сваю Грузію, якая, як бачна, дала з сябе беднай Расеі ня толькі Сталіна... Што ж, «земля наша широка и обильна»... Але час ішоў, і нашыя дзяўчаты памаленьку перавыхоўвалі нават канваіраў. Убачаць правяраючага, папярэдзяць, выясьняць усю хлусьню, якое вучылі, каб нас нішчыць. Паглянуць хлопцы, пераканаюцца, гдзе няшчасныя людзі, а гдзе нелюдзі, і тады толькі пачынаюць нас разумець і шкадаваць і тое, што і яны пакутуюць тут, на канцы сьвету, і мерзнуць разам з намі, але канчаецца срок іх службы, і нас чакаюць новыя, дзікія й ярасныя зьдзекі. Я з імі гутарыла мала. Часам скажу што, калі пытаюцца, дык аж зубамі са злосьці заскрыгочуць і болей баяцца зьвяртацца, а калі па-добраму пачнуць прасіць пару радкоў, дык скажу ім:
        
        Конвоируй, стой верно на страже,
        одного лишь смотри не забудь,
        если даже тебе прикажут,
        не стреляй в нашу гордую грудь...
        
        Мне здавалася, што такія ўжо ў нас страляць ня здольныя. Даўгі час перашэптваліся канваіры ля вогнішчаў (для іх былі вогнішчы), паглядаючы ў мой бок пасьля таго страшнага суда над нашымі хлопцамі. Канваіравалі, відавочна, іх бедных і многае ведалі.
        
        А час поўз. Дні былі страшна даўгія й цяжкія, але годы праляталі хутка. Кожны дзень цяжкія работы, прогаладзь і дакучлівыя маразы. Часам так зьмерзьнеш, што здаецца табе – ты ледзяная сасулька. Жаночы гладкі твар робіцца ад інсю хлюпаты, быццам шэрсьць нарасла на ім. Плачам тады, як перад скананьнем, саграваемся сьлязьмі. Калі трэба выйсьці, дык часта канвой загадвае рабіць гэта пры ім. Мёрзлыя рукі ня здолеюць расшпіліць ватніх нагавіцаў, а зашпіліць іх тым болып... Адна адной памагаем, ратуем сябе, і рукі нашыя робяцца як нежывыя калоды. Гэта калі халадно. Паўночным кароткім летам зноў вытарфоўка, карчоўка пнёў ці гоняць нас на рэчку Інту, гдзе баграмі выцягаем сплаўлены лес, альбо заганяюць нас у ваду, і так мы часамі па шыі ў ледзяной вадзе папіхаем наперад нагрувашчаны лес, кіламэтрамі йдучы па вадзе. Тады ў нас адна толькі думка, вось: гнаць бы так гэтай рэчкаю клятага «айца» тае савецкай Расеі й страляць гарохам яму ў патыліцу і так, пакуль здох бы. Няволя, і калі падумаеш, што так мучыцца сорак мільёнаў людзей (так мне казалі кампэтэнтныя: 40–45), то здаецца, сьвет ня той. Як жа могуць жыць спакойна тыя культурныя людзі ў высокацывілізаваных краінах, як жа могуць яны спаць і есьці, калі голас столькіх мільёнаў людзей моўкне ў бясконцых прасторах краю, які ня мае права на існаваньне, бо ніколі ня ведаў людзкасьці ў адносінах да людзей, толькі мучэньні й нагайкі, якія цяпер замяніў аўтамат, які стаўся сымбалем гэтай сыстэмы. 45 мільёнаў маладых найлепшых людзей, мозг і сумленьне гэтага краю, яго сіла. Калі ўзяць усю колькасьць насельніцтва СССР і адкінуць якіх 100 мільёнаў усякіх нацменаў, якія лагероў, як правіла, не засялялі, то знача, што гэта з Украіны, з Беларусі, з Прыбалтыкі й самой Расеі столькі найлепшых сілаў. А што засталося? У лагерох армія, вышкале-ная прытым, і камандны састаў, але ўсё маўчыць, ніхто яе не падымае, яна чэзьне, раскладаецца, гібне й ратуецца тым, што, як некалі, падае на жывот перад Джынгісханам і безапеляцыйна прымае ўсе яго несуразнасьці. Няма сьвятасьцяў, быць адно – суцэльная хлусьня, і ў гэтым трэба трэніравацца, хто гэта можа. Шмат што тут нагадвае змрочныя часы й парадкі Джынгісхана. Тут прызнаюць толькі рамесьленьнікаў, лекараў, тых, хто можа працаваць на гэты «гэршэндэ фольк» (*116 - Гэршэндэ фольк (ням. herrschende Volk) – пануючы народ), як казалі немцы. Іншыя могуць гінуць. Важны той, хто з 30-га года (былі 50-я гады), яго яшчэ хваляць, даюць болыпую пайку, пакуль глуміць кіркой мерзлату, а калі заняможа – на звалку. Страх з думкі: сьляпая паслухмянасьць сьляпой тыраніі, а не, дык голаў далоў.
        Божа мой, Ты з дзяцінства ўліў у маю душу літасьць, праўду і пачуцьце справядлівасьці, даў сумленьне й розум, як жа я, чалавек, які ведае законы чалавечыя й Божыя, магу згадзіцца з джынгісханамі пасьля Масарыка, Абрагама Лінкальна, Талстога, Рабіндраната Тагора? Не, не, я чалавек, гдзе б мяне ні закінулі, і ў гэтым мне памажы, Божа! Я прыпадала душой да ўкраінскае стыхіі простых дзяўчат і жанчын, якіх адарвалі жыўцом ад зямлі і іх сем'яў. Яны былі шчырыя, стойкія, чыстыя, як вада карпацкіх крыніцаў, і гэтым непаканана сільныя. Яны не стараліся зразумець, разгадаць, гаварыць з ворагам, яны яго раз пазналі й раз назаўсёды адкінулі як нешта супрацьжыцьцёвае, агіднае й згубнае для жыцьця й людзкасьці. Сьмяяцца з такога не было ахвоты, згадзіцца з гэткім – ніколі. Іначай захоўваліся тыя болей інтэлігентныя ўкраінкі. I яны пераважна былі стойкія, але ізаляваліся ад свае масы, лічылі сябе лепшым элемэнтам тады, калі было гэта наадварот. Мяне любілі адныя й другія, ды ўрэшце мяне, здаецца, любілі ўсе, калі ўжо не на вонак, то ў сэрцы, і я гэта адчувала! Нават тыя, якія губілі мяне й на мяне даносілі, а іх было болей, як можна было падумаць. Даносіць на мяне цяжка, я й сама скажу тое, што думаю, кожнаму ў вочы, а слова сапраўды жывая рэч! Прыклад дзейнічае яшчэ болей. У лагеры кожны адкрываецца, само жыцьце паказвае нутро чалавека, тут чалавек – адкрытая кніжка, адзін другога ведае наскрозь. А людзі бсьць людзі, яны, як расьліны, цягнуцца да сонейка, да лепшага, да праўды. Вякі хрысьціянства стварылі душу людзям, і яна прагае сьвету й адкідае ўсю агіду сярэднявечча, з якім усе амаль сустрэліся ў час допытаў, ну й цяпер. Прад намі гады мукаў, ніякага спадзяваньня на збаўленьне, а людзі ўсе ж хочуць застацца людзьмі.
        Беларусак у параўнаньні з украінкамі было ў нас на ОЛПе няшмат. Апрача Таісы, думаю, усіх іх запалохалі й купілі. Трымаліся яны са мною, але ніводнай з іх нельга было верыць. Я загадала ім пісаць сябрам і адказваць на іх запіскі, а хлопцам – апекавацца выбранымі. Многія з такіх «параў» пасьля пажаніліся. Гэта было з мэтай, каб не забываліся роднае мовы й адчувалі нейкія абавязкі адносна сваіх і цеплыню на поўначы. Экспэрымэнт вельмі асьведчыўся. Усе лісты мы сабе чыталі калектыўна й часта калектыўна на іх адказвалі. Гэта рабіла з нас адну сям'ю. Вельмі многа хто пісаў мне. Часам гэта былі запіскі, поўныя пачуцьця, і мы тады хахаталі. Адказвалі, каб падтрымоўваць, ня раніць, галоўнае, вытрымаць, усб перажыць. Сьмешна было тое, што цяжка было закахацца ў бясформеннае шэрае стварэньне ў старых ватніх нагавіцах, жудасных вайлаках абодвух на тую самую нагу, закручаных немагчымымі хустамі, засмэрканых, пасінелых, часта з завязанымі ад марозу насамі няшчасных ахвярах марксізму-ленінізму. Але ва ўяве нашых сяброў мы былі анёламі, мучаніцамі крыху. Мы бедавалі, што цяжэнька ім у шахтах, а яны – што мы на адкрытым лютым марозе па 10 гадзін. У шахтах хоць затульней. Правіла было – не выводзіць людзей, калі тэмпэратура ніжэй 40°, але нас выводзілі, і тады хоць сканай у адкрытай тундры.
        Пасьля пачалася правакацыя. Калі ўбачылі арганізаванасьць беларусаў, супраць мяне настроілі цэлы батальен стукачоў і правакатараў. Дайшло да таго, што я пачала атрымоўваць запіскі пад уплывам нейкага Гінька, што беларусам не патрэбныя арыстакраты, памешчыкі, як я, і т.п. Асабліва пазьбівалі нашую, як мы казалі, Беларус-кую сям'ю нейкі обэрстукач Шапавал (*117), Канвега, С., які быў падстаўлены да нас як правакатар. Ён належаў да арганізацыі «Чайка». Была гэта арганізацыя моладзі на Слонімшчыне. С, як пасьля я даведалася, здрадзіў яе ўжо на сьледстве. Было іх 20 асоб, здаецца, хацелі беларускай мовы ў школах. Загналі іх, нават шаснаццацілетніх, «да белых мядзьведзяў». Кажуць, што на сьледстве яны трымаліся выдатна, зьдзіўлялі стойкасьцю й патрыятызмам.
        
        ______________________________________________________________________
        
        *117 - 3 ліста Міколы Канаша (Жлобін):
        
        «...У пятым і шостым нумарах часопіса «Маладосць» Ларыса Антонаўна ўспамінае прозвішча стукача Шапавала. 3 такім прозвішчам працаваў у нашым лагеры ў ППЧ (производственно-плановая часть) наш зямляк. Жывы ён сёння і дзе знаходзіцца, цяжка адказаць, і ўсе ж хочацца сказаць некалькі добрых слоў аб ім. Я доўгі час працаваў у шахце на адбойным малатку, гэта адна з самых цяжкіх прац. На такіх работах пераважна выкарыстоўвалі людзей, якія мелі па 25 год зняволення. Напрыклад, у брыгадзе са мной працавалі літовец Пяткявічус, латыш Дэрмакс, вядомы ў Эстоніі ў саракавыя гады баксер Агур і г.д. I вось аднойчы мяне ў шахце цяжка пакалечыла, я прахварэў больш месяца і калі паправіўся, зноў накіравалі на малаток дзяўбці вугаль, але нормы выпрацоўкі я выконваць ужо не мог. Тады накіравалі да мяне нарміроўшчыка В.Яблонскага, які цэлы тыдзень вёў нада мною хронаметраж маей працы. Памятаю, гэта бы-ла трэцяя змена (начная). Вярнуўшыся ў лагер, я хутка заснуў і чую, раптам мяне нехта будзіць: «Хлопча, уставай. Кепскія твае справы. Прыйшла папера з шахты, дакладная, у якой абвіняюць цябе ў сабатажы. Пайшлі са мною да лекара». У кабінеце хірурга аказаўся на прыеме ўкраінец лекар Дзячук. I вось яму кажа Шапавал: «Трэба спасці хлопца. Зрабі гэта, я прашу цябе, доктар». Не ведаю, што Дзячук напісаў там, але я, прыйшоўшы ўжо на мрацу на шахту, больш не працаваў на малатку. Дзякую за гэта толькі Шапавалу, якога я нават ніколі больш не сустракаў і нічым яго нават не аддзячыў.
        У «Споведзі» яшчэ есць шмат прозвішчаў, якія вядомы мне, але яны ўпамінаюцца там двума, трыма словамі, хаця многія варты большага».
        Магчыма, Ларыса Антонаўна каго і без нейкіх асаблівых падстаў залічыла да стукачоў. Але жывыя і нябожчыкі няхай прабачаць яе за лішнюю падазронасць, бо і сапраўды паўжыцця яна была шчыльна акружана даносчыкамі і правакатарамі.
        
        ______________________________________________________________________
        
        Усе мы былі для саветаў нявольнай ненавіснай масаю. Працаваў хто з немцамі, ці толькі ў Бога верыў, ці толькі хацеў гаварыць на роднай мове, ці здуру расказаў страшны сон пра Сталіна – усе разглядаліся аднолькава, за выняткам тых, незалежна ад іх віны, якія верай і праўдаю кляліся ў вернасьці «бацьку Сталіну» і ў лютай нянавісьці да ўсяго іншага сьвету. Такія былі пераважна лагернымі прыдуркамі, і іх рукамі часта нас нямала мучылі. Прыдуркамі, безумоўна, былі пераважна расейкі, але здараліся і іншыя.
        Была такая фінка, гадкая дзеўка Ліля Бірклан. Аднойчы нешта завялі ў лагеры новае. Узялі многа дзяўчат дваццаціпяцілетніцаў і далі іх у асобны барак пад яшчэ стражэйшы надзор, у такі штрафбарак. Іх вадзілі асобна на самыя цяжкія працы, закрывалі і ўдзень, і нанач і наагул чаўплі, што хацелі. Мяне не забралі. У час гэтых цяжкіх работ найболей над імі зьдзекавалася менавіта тая клятая фінка. Штрафбарак нарэшце распусьцілі, было ўжо пад весну. Дзяўчаты столькі нацярпеліся ад прыдуркаў, што пастанавілі ахвяраваць сабою й хоць адной адпомсьціць. Згаварыліся яны яшчэ ў штрафбараку тоўчаным шклом сыпнуць у вочы Бірклан, як гэта рабілі блатныя, каб болей, гадзіна, ня бачыла сьвету. У кожнай важнейшай справе амаль усе радзіліся са мною. Вось і явілася «дэлегацыя». Я іх выслухала. Сказала, каб мне прынесьлі тое тоўчанае шкло. Яго прынесьлі, добрую жменю ў хустачцы. Трэба было сьпяшацца, пакуль не надьтдуць каротшыя ночы. Тады я кажу: «Дзеці, а ці варта гінуць нам за такую дрэнь?» – «Трэба, – кажуць, – рады ад іх няма». Трэба – ведала гэта і я. Але такі мне жаль стаў дарагіх дзяўчатак, асабліва харошай, любай літовачкі Ядзяле, што я пачала іх спыняць. «Рэч страшная, – кажу.– А вы спрабавалі словам? Трэба спачатку словам спыняць іх».– «Ды што вы, Ларыса Антонаўна, яны, гэтыя гіены – і словы, ды хто адважыцца гутарыць з дрэнямі, прададуць як міленькіх». – «Я, – кажу, – сама буду гутарыць». Замерлі дзяўчаткі, калі аднойчы я выклікала Бірклан на лагерную дарогу і ўсе ёй сказала, а яшчэ й тое, як яна ў сушылцы радзіла надзорам трымаць мяне ў БУРы, далей ад людзей. Бірклан зьбялела, яна клялася й бажылася, што не вінаватая. Я ей парадзіла не трымаць дзяўчат ля кіркі, калі сам канвой іх здымае, не даваць ім зьвярыных нормаў, не даносіць, іначай будзе тое, што мела стацца цяпер. Мяне яна не ўдала й год, гадзіна, была як чалавек, але пасьля ізноў за сваё ўзялася. Мяне вывезьлі ў штрафны лагер, і калі пасьля двух гадоў зноў вярнулі ў Інту, дык першай абняла мяне й расцалавала Ядзяле. У Інце ўжо пакрысе пускалі на волю людзей, і яна, стройная, высокая, мілая, сказала мне: «Як вам дзякую, што вы не дапусьцілі, каб я чалавеку высмаліла вочы. Як я тады змагла б глядзець у вочы сваяму дзецятку, якое, можа, некалі Бог мне дасьць»... Гдзе яна сяньня, гэта мая Шатрыя, такі быў яе псэўдонім.
        Літоўцы нейк асабліва добра да мяне адносіліся. Часам, калі ляжала мая торбачка з кусочкам хлеба, яны падкрадалiся й між хлеба клалі кусочак «лашэнюкас», сала па-іхняму, і я толькі заўважала гэта на рабоце, мне тады хацелася плакаць.
        Дні міналі трывожныя, безнадзейна прыгнечаныя. Начальства прыдумвала штораз то новыя, вышуканыя мэтады маральнага зьдзеку. Нарэшце начапілі нам на плечы нумары. Чорныя цыфры на белай ганучы. Мой нумар быў «0–287». Калі быў крыху лепшы канвой, а пачыналася пурга, нельга было працаваць і зараньне яшчэ было вясьці нас у зону, дык мы рознае прыдумвалі, а калі перамерзьлі, як тыя дзікары, барукаліся, качаліся па сьнезе. Зусім не дзіўлюся, калі глядзелі на нас як на дурняў. А часам чапляліся, каб я гаварыла ім нейкую імправізацыю, і так аднойчы аб намярох я сказала вершык на кожны номер. На свой яшчэ памятую сяньня:
        
        Не на груди, как всегда,
        ношу монограмму года.
        Она как таинственный шифр,
        монограмма моя из цифр,
        как источник страдальческих тем,
        номер ноль двесте восемьдесят семь.
        
        Многа было прыдумана розных эпіграм, яны забыліся амаль. Мы былі рабамі, і гэта груба, па-пралетарску, нейк зьдзекліва, давалі нам заўсёды адчуць. Тады я ім казала:
        
        Если человек с умом,
        а при том и с сердцем,
        ему легче быть рабом,
        чем рабовладельцем.
        
        3 намі хадзіла часам на работу полька пані Тэрэса. Звычайна яна была вечным прыдуркам і з начальствам знаходзіла супольную мову, але часам, з нейкіх меркаваньняў, выводзілі і яе. Была гэта даволі сымпатычная, інтэлігентная жанчына. Некалі, відно, даволі прыгожая, бо ўсё бедавала, што цяпер за ёю «нікт пэвно шалець не бэндзе...». Аднойчы, калі мы кіркавалі асабліва брудныя сьметнікі ля начальнікавых кватэраў, яна вельмі міла папрасіла мяне аб вершы. Ну, я ўжо ей сказала яго на яе мове:
        
        Ленк мень пженіка, гды відзэн сьметнікі,
        цо ронк змэнчоных чэкаён поэты,
        розпач огарня, гды відзэн тон псярнен,
        цо мне на сьметнік провадзі з багнэтэм
        
        (*118 - Пранікае ў мяне страх, калі бачу сметнікі,
        што чакаюць змучаных рук паэта,
        ахапляе роспач, калі бачу гэтых сабак,
        што мяне на сметнік вядуць са штыхом).
        
        Беларускіх вершаў не пішу тут, бо частачка з іх усё ж захавалася ня толькі ў памяці.
        Я была лагернай энцыкляпэдыяй, і да мяне часта зьвярталіся ў спорах. Стаімо раз шэрай, ад сьвежага сьнегу прамоклай грамадкай пад сьцяною нейкага інцінскага «палаца», прад намі праходзяць інцінскія жыхаркі, едуць студабэкеры (*119 - Грузавік амерыканскай вытворчасці). Дзяўчаты з Прыбалтыкі і ўкраінкі пачынаюць крытыкаваць іх уборы, негустоўныя, прэтэнсыяльныя ў гэтым нялюдзкім клімаце. Расейкі тут і сьцяліся з імі, што ў іх лепш, як у Эўропе! «I машыны?» – пытаюцца ўкраінкі. «Да, и машины». – «Та, пані Ларысу, скажыце вы: е ў іх маркі своіх машынів?» Кажу: «Е». Тут мае дзяўчаткі й скісьлі... «А яка ж у іх марка?» – «Яка? А «чорны воран», – кажу. Ну й пачаўся хохат.
        Нейкі начальнік лагеру Палякоў, гад з гадаў, забараніў нам хадзіць па лагернай дарозе, гдзе маршыраваў звычайна сам з надзірацелькамі, а нам заставалася толькі дарога ля раду ўборных, якія адчайныя літоўкі на дзяржаўныя сьвяты ніколі не забываліся «ўпрыгожыць» дзяржаўнаю зоркаю. Усе былі прыніжаныя вельмі й абураныя, пакуль я не растлумачыла ім ясна, што на нашай дарозе сьмярдзіць уборнай, а на той другой жа сьмярдзіць начальствам, дык што горай? Усе згадзіліся, што лепей уборныя...
        Ідзем пяцёрачным строем Інтою й бачым плакат: містэр Чэрчыль, капіталіст, трымае запаленую галавешку, а над ім рука рабочага з нейкаю жалезінай, але так, што гэтая рука зусім над галавешкай. Мілая латышка Лайма Крэтуліс, якая дзень у дзень ішла са мною строем два гады, глядзіць на мяне й шэпча: «Глядзеця, як жа ён утрымае сваю жалязяку, калі гэты яму яўна добра прыпякае?» Дзелімся зараз спасьцярогаю з другімі. Лайма была цудоўная, высокая, стройная, вельмі чэсная. Была ў яе хворая сяброўка, а наступала вясна, было вельмі мокра. У Лаймінай сяброўкі, як ува ўсіх, брэзэнтовыя чаравікі, якія днём поўныя вады, а пад вечар на лёд зьмярзаюцца разам з нагамі. Прыходзіць раз Лайма й просіць адпушчэньня грахоў: у нейкага прыдурка ўкрала чаравікі ў далёкім бараку, жаль хворай Мільды... Пільна мне ўзіраецца ў вочы. Кажу: «Маладзец, добра зрабіла, тая дрэнь дастане іншыя, а вось Мільдзе будзе цяплей». Калі нам з ею давалі норму, дык часта мы сварыліся. У Лаймы быў тубэркулёз, і я яе ашчаджала. Я была многа старзйшай, і яна ашчаджала мяне. Аднойчы загадалі нам адкідаць сьнег. Ніколі ў жыцьці я ня бачыла столькі сьнегу разам, проста горы! Кідаем яго, кідаем, і я слабею. Лайма гэта бачыць і просіць мяне, каб адпачыла. Я – не. Не магу кінуць яе адну. Яна просіць мяне доўга, нарэшце з дзікай злосьцю кідаецца на мяне, коціць мяне на зямлю й сілай вырывае лапату. Тады стаіць, і поўныя вочы адчаю... Харошая Лайма.
        Мае нэрвы напружаныя, мне не даюць спакою. Бывае, ноччу прыходзіць якіх шэсьць надзоркаў са знамянітым азьвярэлым Прасьветавым. Сьпімо, мяне ж сьцягваюць з нараў, Прасьветаў залазіць з нагамі на мой убогі сяньнік бяз простыні й пачынае трасьці й вытрасаць усю маю лахманную маёмасьць. Выкідае нават стружкі з падушкі, на якой сплю гады, бы мярцьвяк. Забіраюць мне звычайна кожны кусочак паперы, агрызачак алавіка. Вядуць мяне ў БУР. Там гаспадарыць адзіны людзкі чалавек, нейкі Кабылін. Ён не прымае мяне, без віны, без загаду опера. Мяне водзяць так амаль да раніцы. Вяртаюся, уся дрыжу, але дзяжурыць украінка ў бараку, з ёю сядзіць нейкая другая. У іх поўныя вочы жалю, боль выпісаны на чыстых абліччах: «Выдэржыць, пані Ларысочко, просімо выдэржыць...» Мне лепей, людзкія словы часам так неабходныя. Да раніцы ўсё ж калоціць мяне, раніцай на работу. Аб працэсе далей не гавораць, часам шэпчуць. Жэня Врублеўская расказвае, як яе выклікалі. Пыталіся, што я пісала, што пасылала на 1-шы ОЛП? Яна сказала, што хустачкі, торбачкі, любоўныя за-піскі й болей нічога. Яе цягаюць, яна ўсё цьвердзіць тое самае, бо й што ж інакшага магла сказаць? Які ж быў разумны Сямён... За «любоў» ня судзяць... Яна рарсазвала, як аднойчы на ДОКу зайшла ў нейкую мужчынскую сушылку (яна была медсястра на аб'екце), там ляжаў той Паўлаў. Ён пачаў расказваць ёй аб патрэбе змаганьня, аб тым, што ніхто ня будзе нас ратаваць, трэба ратавацца самім і г.д. Жэня казала, што спалохалася гэтай гутаркі й адразу расказала аб ёй нейкаму сваяму знаёмаму на ДОКу, ня ведаючы, што 6н быў стукач. Стукач там і нейкі Міхаіл Барысавіч, лагерны прыдурак. Стукалі, відно, і розныя Шапавалы, бо хто ж аддаў чакістам усе мае вершы, аб якіх ведалі толькі беларусы. Усюды здрада за пайку, за работу ў зоне, за баланду.
        Палякі не маглі згадзіцца з правам беларусоў на беларускія землі, яны нішчылі нас усюды, і ў лагерох. Як мячык, перакідалі нашыя землі між сабою палякі й расейцы. Усе яны раскошна жылі з нас. Для нас з іх ня жыў ніводзін, за выняткам, можа, Федароўскага. Народ давялі да неймавернае нішчаты, прынізілі да апошняе гібелі. «Грамаду» нішчылі адныя й другія, планава й па дагаворанасьці, усіх дзеячоў. Сьціналі й сьціналі (*120 - Сьцінаць (дыял.) – ссякаць), як голавы, нарастаючую інтэлігенцыю народу. Ахвяры клаліся моўчкі, ніхто не крычаў і не пратэставаў за нас, нават за жудасны 37-мы год, за ўсіх нашых пісьменьнікаў, за Бярозу Картузскую. Ішлі біцца за Польшчу, за свае путы... Наступаў Гітлер, быў жудасны, але ці ж меней жудасным быў для нас Сталін? Гітлеравых ахвяраў яшчэ ня ведалі, а сталінскія перавышалі ўсякія ўявы аб самавольнай, легальнай праступнасьці. Між кім выбіраць, калі абодвыя нелюдзі. Казалі, калі ў Беласток прыйшлі немцы пасьля саветаў, дык палякі выйшлі іх спатыкаць з кветкамі, адзін немец, які ўмеў па-польску, і кажа ім: «Не ойцец пошэдл, не матка пшышла...» Быў праў. Заставалася выжыць, ашчаджаць народ фізычна, ня даць бяздольных і няшчасных на загубу.
        Божа, дай жа мне сілы, каб хоць слова змагчы сказаць ім сваё, чыстае, праўдзівае, адпаведнае нашаму гору... Як абысьці гітлерызм і ўсб ж гаварыць? Гаварыць так, як наказвае сэрца. Стрымоўваю боль, каб ня мсьціцца, на гэта ня час. Маяго бацьку зьнішчылі саветы, вывезьлі ўсю маю сям'ю. Пасьля даведваюся, што ўсе мае тры браты на фронце. Божа мой, якая ж іронія. Як жа дарам пальецца нашая кроў. Нас проста аберуч вынішчаць. Спачатку брат Расьціслаў памагае партызанам, бо шкадуе сваіх людзей. Яны яго слухаюць, і ен ім радзіць, каб хоць захаваць свае сёлы. А ці сёлы яго захавалі, ці ўспомнілі? Пасьля кінулі ў яго каменем, як і ў сваю родную мову, у свае правы, у цьвярозы розум. Выйгралі не героі, а хітрыя, тыя, якія ўмелі пляваць на сваё й лізаць пяты фюрэру, які выйграў. Нават аддалі карэнную сваю Беласточчыну, падзялілі наш адзіны скарб – Белавескую пушчу, разам з жывымі братамі разарвалі яе на палову. Гэта за партызаншчыну? Што вы думалі, партызаны? Ці вы наагул ня ўмелі думаць? Героі думаюць аб народзе й аб дзяржаве, халуі толькі аб собскай выгадзе. Я не сустрэла сваіх землякоў, якія б любілі клятага Гітлера, такіх не было. Такіх ніхто ня бачыў! Дурняў, якіх паліцаяў толькі, яны, гады, выкарыстоўвалі для сваіх брудных спраў. Можа, ідучы яны й ня ведалі, як жа іх выкарыстаюць, як іх унізяць бязмозглыя нацы. Якая трагэдыя! Сталін – Гітлер: і адно, і другое нечалавечнае, і ніякае трэцяй магчымасьці для народу...
        Нічога не было для мяне немагчымага ў жыцьці. Я ўмела выйсьці з любой бяды, бо кожнаму змагла лагічна даказаць сваю праўду. Я не магла ратавацца толькі ад саветаў, бо тут была адна толькі магчымасьць: прадаць сумленьне, чорнае назваць белым, адрачыся ад Хрыста і ўпасьці на твар перад Сталіным. Не, не, не!!! Даруй, малы пакінуты юнак, даруй, мой сын... Хачу, каб некалі ты зразумеў мяне, каб дараваў свае мучэньні. Не было ў мяне выбару, сын, – Бацькаўшчына і яе інтарэсы важней за цябе, за мяне, за нашага тату...
        I так толькі ўдумацца ў становішча сваяго народу: выбітыя ці расьцярушаныя па Нямеччыне з польска-нямецкай вайны, вынішчаныя страшліва немцамі ў краі, так жа на савецкім фронце, спаласованыя ў 37-м годзе, выгубленыя ў штрафных батальёнах, вывезеныя як кулакі двойчы, тысячы асуджаных пасьля вайны ў незлічоных лагерох, тыя, што адразу паўцякалі ў Польшчу, тыя, што выехалі туды па дагавору ўжо ў мірны час, і тыя ўсе, што засялілі цаліну, Казахстан, Данбас і інш. Адарваныя разам з беларускаю адвечнаю Вільняй, жыўцом узяты беларускі элемэнт, адданы латышом Дзьвінск і з ім да ста тысяч беларусаў, не гаворачы ўжо аб Смаленшчыне. Пусты край, у які сілком сунуць чужы элемэнт, безумоўна, не на фізычную працу. Зьняважаныя й безгалосыя без пратэсту прымаюць чужую мову, не свае парадкі. Зноў жывуць з нас, як яшчэ ніколі. Гінем. Яшчэ адно нашае гора – каталікі. Людзі, якія слова ня ўмеюць па-польску, якіх спрадвечнай моваю была беларуская, – сталі палякамі. Ксяндзы йшлі да нас ня толькі з Богам і з крыжам, ішлі, як калянізатары, дзяліць і няволіць народ, адбіраць яму сьведамасьць яго нацыянальную, яго мову.
        Бедныя, цёмныя мае браты, кожны з іх на загад тых, якім прадаўся ахвотна, павёў бы мяне на эшафот. Я ня сплю начамі й думаю, што калі выжывем і далічымся якога мінімуму землякоў, дык знача, станецца цуд! Родзіцца нас вельмі мала. Крывавыя рукі савецкіх гінеколагаў патрашаць без перарыву бедных жанчын. Такая сыстэма, што дзяцей гадаваць нельга многа, дый няма гдзе, дый няма як. Маці на дзяржаўнай працы, і маленькім належыць замоўкнуць... Працуючы сястрой-гаспадыняй больніцы, з жахам я глядзела на трупікі ў сьметніку, у рэчцы Зальвянцы. Калі чысьцілі ўборную, дык іхнія галоўкі затыкалі шланг і трэба бы-ло яго дадаткова чысьціць... О мае ненароджаныя Купалы, можа, Багдановічы, а можа, і Кастусі... Засталіся зубры ў Белавежы, якіх, праўда, па-расейску гутарыць не навучаць, яны ня людзі.
        Нейк зайшла да нас аднойчы настаўніца з Ваўкавыску, не хачу яе называць. Яе муж беларус, і мне жаль яго. Пераконвала мяне жыць, зьвяртацца да начальства, плюнуць на сваіх землякоў, з якімі можна рабіць рознае, яны як ня людзі, і г.д. Я ёй сказала, што я не пацьверджу на сваім прыкладзе яе тэорыі, няхай аб гэтым ведае. Чалавек яна, паводле яе слоў, які многа можа, зьвязаны так ці іначай з хэўрай усякага начальства, ад вобласьці пачынаючы, і ўсе яны ня нашыя, і ўсе яны адно. Дык пытаюся: «Ну, калі мы ўжо такія па-вашаму нікчэмныя, пасыўныя, дык скажэце, а нам дазволілі б мець, напрыклад у Ваўкавыску, свае школы?» – «Это я могу сказать – никогда!» Яна абяцала нас адведаць са сваім мужам. Давялося прасіць яе сваякоў, каб не паказваліся лепш мне на вочы. Ня маем права пагнаць к чорту нават усіх марадзёраў і ўласаўцаў, якія аселі тут як «пануючая нацыя», увайшлі ў ролю «культуртрэгэраў». Такіх з грашкамі як жа выкарыстоўваюць да брудных розных спраў, да дэнацыяналізацыі. Яны як піяўкі на целе народу, і ім усе прывілегіі ад зямлі пад бульбу, сена для кароў, кватэр і т.п. пачынаючы. Гэта ў малым мястэчку, а што ў гарадох? Ёсьць, праўда, Акадэмія навук у нас, але на ўсю Беларусь, як яна шырокая й даўгая, няма ніводных дзіцячых ясьляў на нашай мове... Ёсьць школы з ангельскай, з французскай мовамі выкладаньня, але на ўсю сталіцу Менск няма ніводнай школы з беларускай мовай выкладаньня... Няўжо нам прыйдзецца загінуць? Як жа жаль мне маяго Народу, куды ж ужо адступаць? О Божа, Якому маліцца не даюць нам нават на роднай мове. О Рым, якога ксяндзы ня йдуць да нас з салодкім і вечна мудрым словам Божым і любоўю, а з палітыкай, з дэнацыяналізацыяй тых, якія так намагаюцца, так хочуць выжыць як народ, як лепшыя людзі...
        Я адарвалася ад лагеру. Пра яго мне так ня хочац-ца пісаць, так цяжка вяртацца думкамі ў тое пекла. Божа, які ў найболыпай безнадзеі забраў крывавага Сталіна, зьлітуйся над народам, якога зямля прасякла сьлязьмі й кры-вёю яго замучаных сыноў. Гэта дом наш, гэта зямля продкаў нашых, і мы тут пратрывалі вякі. Сочаць і рыскаюць за намі, якія думаем аб народзе, і нож накіраваны ў нашыя сэрцы...
        А ў лагеры міналі гады. Найчасьцей вытарфоўка. «Вот надо строить, – казалі часам канваіры, – сюда еще привезем и англичан, и американцев, для них и строим...» Апэтыт нязгоршы. А тым часам архіепіскап Кантэбэрыйскі (*121 - Архіепіскап Кентэрберыйскі – глава англіканскай царквы) шукаў паразуменьня свае веры з камунізмам і сваіх мысьляў з думкамі Сталіна й яму падобных. Чыталі мы аб гэтым у газэце Комі АССР нейкай там «Северной», мусіць, праўдзе. Ах, сэр з Кантэбэры, казалі мы, каб гэта цябе папаганяць тут крыху на нашым месцы, то ведаў бы ты, неразумны дзядок, з кім табе гутарыць, і да каго зьвяртацца, і чаго дамагацца для людзкасьці на тваім адказным становішчы. Не працягвай рукі тым, якім яе не падала б мудрая жыцьцёвай практыкай, простая ўкраінская жанчына. Падобнае не для дэбатаў, як яно й не для жыцьця, Нехта сказаў, што, калі б рабілі камунізм вучоныя, яны яго дасьледавалі б сьпярша на сабаках... I так мы існавалі гады й дзесяцігодзьдзі. «Такі элемэнт, які тут прамерз ужо, нам ня страшны», – цьвярдзілі начальнікі.
        Далёка засталося тое, што называецца жыцьцём, а яно такое простае: голас сына, муж прыходзіць з працы, супольныя абеды, дружныя вечары. Радыё й мяккае крэсла, ложак выгодны, цішыня, цеплыня, кніжка. Шчыміць сэрца, калі гэта ўспамінаеш, проста спыняецца сэрца, і ўвесь арганізм бы ахапляе параліч, калі пачнеш думаць пра сына. Сьніцца вялікая камера, вязьні, вязьні, а пасярод іх мой сын, ужо юнак, бледны, танклявы. Падыходзіць да вязьняў і кажа: «Я вам дам проса, а вы мне кусочак сала...» Што за сон? У кожным лагеры ёсьць такія свае аракулы, старыя мудрыя бабкі, якія разгадваюць сны. Зьвярнулася і я да такое. Глянула яна на мяне сумна й кджа: «Недзе пасадзілі вашага сына, незьляцілага хлопца, і ён просіць есьці ў людзей, проса – гэта знача прасіць». Гэта аказалася праўдай, аб якой я даведалася пасьля.
        Я хворая, брыгада нашая адыходзіць на аб'ект, а мяне пакідаюць у бараку. Днявальныя шаруюць швабрамі драўляныя дошкі падлогі, паляць у печках, на якія строга па норме выдаецца вугаль нават тут, гдзе ён дабываецца. Я заснула й з крыкам схапілася з нараў, крычу, шукаю сваяго сына, які, здаецца, быў толькі што тут, яшчэ чую на плячы дотык ягонай рукі й словы: «Уставай, мамачка, панясем з табою на Новы год ёлачку на магілкі...» Божа мой, што ж гэта? Мяне ўсю калоціць, у дзьверы ўрываецца стадо надзорак, пачынаецца шмон. Усе пасьцелі на нарах ператрэсеныя й раськіданыя, шчупаюць мяне. Натрэніраваныя рукі абмацваюць зашыты ў целагрэйку сьвяты абразок, аблічча Божае Маці. Яго мне некалі вышылі на ганучцы ўкраінкі ў Львове. Як жаль. Ёсьць яшчэ адзін, але гэтага жаль асабліва, там вышыты тры літары: БББ (Божа, барані Беларусь).
        Сяньня куцьця, вяртаюцца брыгады, некаму ўдалося пранесьці пад бушлатам малую ялінку. Божа мой, Сьвяты Вечар... «Пані Ларысочко, зробымо Святый Вэчэр». Мне ўсё яшчэ ў вачох сын, як добра, што можна яшчэ некаму памагчы ў нечым, асабліва сяньня... Дзяўчаткі даўно ўжо зьбіралі камсу, не зьядалі кусочкаў рыбы. Недзе ў сушылцы ці ў качагарцы зварылі куцьці й кампоту. У некага кансэрва, у некага з пасылкі яблык ці жменя гарэхаў. Вечар, стаіць ялінка на адзіным стале. Правізарычныя сталы зроблены з нараў, накрытыя такія ж лавы. Ёсьць і кусочак прасьвіркі ў некага, у некага аплатак. Ежа на стале, мы ўсе па-сьвяточнаму. Раней умудрыліся дастаць якія драбніцы са сваіх мяшкоў, што перахоўваюцца ў капцёрцы. Чалавек, можа, сорак, такія ўсе сьцішаныя, па-хрысьціянску ўрачыстыя. Я ў белай блюзцы на першым месцы, мне належыць ад сэрца сяньня ўсіх прывітаць. Молімся супольна. Я ўстаю. Цішыня... Не змагла б паўтарыць таго сяньня, што мне та-ды дыктавала доля нашая горкая й змагарная, любоў да сваіх сем'яў і земляў, туга па іх і тая сіла, якая загадвае нам ня здацца, а перамагчы! У вачох мне сын. Калі прыходзяць надзоркі, у нас ужо ўсе схавана, толькі ў сэрцах сьвятло, і доўга яшчэ пасьля іх адыходу не сьціхаюць калядкі.
        Новы год надыходзіць, да мяне адносяцца ўсе нейк дзіўна, мінаюць, маўчаць. Увесь лагер... Божа, што сталася? Элка кліча мяне ў кіно, купляе білет. Ня памятаю, што паказвалі. Яна нахіляецца да мяне й просіць, каб я не закры-чала, кажа даць слова. Даю. Тады яна кажа мне, што ёсьць тэлеграма аб сьмерці мужавага таты. Мне дадуць яе пасьля Новага года, прыдуркі нават шкадуюць... Нейк так, як з тым судом над маімі сябрамі. Я ледзянею, але не крычу. Яна просіць мяне, каб трымацца, бо магу сказаць тут з бяды нешта, чаго сказаць нельга. На гэта разьлічваюць, і стукачы ўжо нагатове. У бараку я енчу, гавару тое, што сказаў бы кожны людзкі чалавек на маім месцы! 3-за іх, гэта з-за іх гінем мы па аднаму, забытыя, хворыя. Элка ў паніцы, а мне на ўсе, чым палохаюць мяне, – напляваць! Знача, ёлачка на могілкі на Новы год... Сьпі спакойна, дарагі мужаў тата, які быў татам і для мяне, вечны пакой табе, даражэнькі замучаны, запалоханы, адзінокі й абакрадзены нават па сьмерці.
        Хлопцы ўжо зараблялі, і нехта з іх пераслаў мне крыху грошай. О, якая я чулася багатая! Я купіла ад некага акуляры, бо іначай ужо не магла чытаць і заказала ма-нашанькам у лагеры паніхіду па тату. Ім не плацілася, але звычайна куплялася ў лагернай краме крыху цукеркаў, якіх сухарыкаў, калі былі, і пасьля, па ўсіх правілах адпраўленай паніхіды, частавалася прысутных на ей людзей.
        Я крыху забегла наперад, гэта ўжо, мусяць, было па сьмерці Сталіна ці цесна перад тэтым. Як жа мы былі галодныя! Як жа хацелася бульбы, звычайнай паранай бульбы, якою на Беларусі кормяць сьвіней. Калі нашую брыгаду бралі ў «овощехранилище», гдзе былі прадукты для начальства, дык мы на іх накідаліся. «Пані Ларысочко, а можна нам красты?» – пыталіся дарагія ўкраінкі. «Колькі ўлезе, – казала я, – можна нам браць усё з ежы й лахманоў, каб не замерзьці, гэта ніякі грэх, нам яны адабралі ўсё». Часам прысылалі цыбулю з Горкага, і мы на яе накідаліся, елі яе, як яблыкі, грызьлі й не адчувалі, што яна горкая, – так смакавала. Часам была морква, а часам капуста, якую мы зьядалі галоўкамі, і нас здувала.
        Казалі, што найгорай было тут пасьля 45-га года. Быў голад, і людзі мерлі. Асабліва тады паміралі людзі з Прыбалтыкі, яны ня так былі звычаныя на мучэньні. Трупаў не аддавалі, хавалі іх між сабою, каб атрымаць на іх пайку. Кажуць, нехта зрабіў пабег. Яму хапіла сілаў толькі дабегчы да поля з турнэпсам – ёсьць на поўначы такая вадзяная бручка. Там ён і застраг. Еў бяз памяці, еў з пяском той турнэпс, і калі яго, наганяючы, застрэлілі й разрэзалі, бо ўсё ж «па-навучнаму», дык у жываце гэтага насьмерць выхудлага шкілета было столькі турнэпсу, што «па-навуковаму» гэта было зусім неверагодна.
        Раз у тое «овощехранилище» прывезьлі бульбу з Беларусі. Як жа мы на яе паглядалі! Канвой выдаўся нязгоршы й дазволіў нам у нейкім брудным вядры яе зварыць. Елі мы яе, як торт, як найболыпы дэлікатэс. Аднолькава смакавала яна прадстаўніцам усіх нацыяў. Па бульбінцы мы яшчэ схавалі, нейк перайшлі шчасьліва шмон і перанесьлі іх нашым хворым у зоне, як пераносілі часта й цыбулю, часнык ці нешта, што было можна зьесьці. Голадам і тэрорам трымалі нас, як абцугамі.
        Ёсьць у гэтай дзяржаве такі народ: блатныя. Яны жылі ў асобных бытавых лагерох. Гэта жудасны элемэнт, які прайшоў усе грахі і ўсе забароненыя рэлігіяй і чалавечымі абычаямі гадасьці жыцьця, пачынаючы ад забойстваў. Можа, гэта быў і пратэст супраць савецкага ладу, але гэты лад выкарыстоўваў і іх супраць нас, т.зв. «контраў», ці іншага ідэйнага элемэнту. Адным словам, супраць нармальных людзей. Блатныя ў сваіх лагерох галадалі, і ім усё роўна гінуць, дык лепей ужо там, гдзе палітычныя са сваімі пасылкамі. Вось хапіла якой-небудзь блатной Фені аб'явіць на ўвесь голас, што яна не савецкі чалавек, а, напрыклад, унучка Трумэна (ён быў тады прэзыдэнтам), як яе хапалі, кідалі ў вязьніцу й давалі за такую здраду «любимой родине» роўна 25 год! Пасылалі іх, безумоўна, у нашыя лагеры. Гэтыя трумэнавы сваячкі былі найгоршым жахам для нас, ад іхняга слоўніка пачынаючы. Яны маглі абакрасьці, забіць і зарэзаць. Максімальны іх срок ад гэтага ні меншаў, ні большаў. У іх была свая гутарка, пераплеценая рознымі варыяцыямі самага рускага мата. Вось такіх ставілі над намі брыгадзірамі, карацелямі. Анна Пятроўна Скрыпнікава, з якою я сустрэлася ў Мардоўскай АССР у «Дуброўлазе», часам высказвалася шчыра аб лагерным начальстве ці парадках. Яе тады саджалі ў БУР, а з ёю блатных, якія накідаліся на старушку (была ў лагерох 22 гады) і разьбівалі ёй да крыві голаў. Пасьля ўкраінкі на адным з этапаў, у якім наслалі на іх блатных, такі далі ім адпор, так іх зьбілі, што гэтую практыку крыху прыпынілі. Але блатныя любілі адважных людзей і такіх, якіх прасьледавала начальства. Для іх, напрыклад, трапіць на дошку гонару ў лагеры быў найболыпы ўстыд, калі яны былі т.зв. «законьнікамі». Не любілі працаваць, казалі, калі нешта трэба было раськідаць: «Бурыць не строіць – сэрца не баліць». Вось, мусяць, з гэтых меркаваньняў яны добра даволі адносіліся да мяне. Памятую такую адну Кацьку, чорную, высокую, якая аднойчы з гонарам заявіла, што яна паважае мяне, бо я такая ж адважная, як і яна, нікога не баюся, і пачала мне расказваць, як яна задушыла ля ўборнай сваю падружку, а пасьля памагала забіць яшчэ некага – налічыла 6 чалавек... Я ўзялася за голаву. Да яе ніколі не дайшло б, што я мінала чарвяка на сьцежцы, бо і ён хацеў жыць, і што адвага мая з іншых жоралаў і зусім процілеглых мэтаў. Калі нас, неспакойны элемэнт, мелі адвозіць на «Новую Зямлю» (так казалі), дык Фрыма Барысаўна (прозьвішча забылася), якую судзілі як яўрэйку, што хацела «атруціць студні ў Ленінградзе» і г.д. – усё, безумоўна, выдумка, – вось яна й спалохалася, што там яе блатныя зарэжуць. Блатныя абурыліся, прыйшлі да мяне й кажуць: «Ня бойцеся нас, мы вас паважаем, і калі вас павязуць з намі на «Новую Зямлю», мы вас ня скрыўдзім, а вось тую Фрыму Барысаўну б... мы тут прыкончым на месцы». Мусяць, Фрыма Барысаўна адкупілася нейк у начальства, яе нікуды ня выслалі, а нас выслалі ў Абезь з блатнымі, але гэта пазьней.
        А тым часам у мяне йшла перапіска з мужчынскімі лагерамі. Пасьля я пачала зьвязваць сяброў між сабою, каб былі кантакты й поўная цэласьць у нас. Пісалі ўжо ваўсю й нашыя дзяўчаты. Сядзелі за гэта ў БУРах, але пісалі, так было лягчэй жыць. У нас стварылася цесная беларуская сям'я. Мы як толькі маглі падтрымоўвалі сябе ўзаемна. Часта, калі мы праходзілі каля 1-га, напрыклад, ОЛПа на працу, дык сябры пазнавалі мяне, яны выходзілі амаль да дроту й розна мне паказвалі жэстамі сваю еднасьць, стойкасьць і братэрства. Я, безумоўна, мала што бачыла праз сьлёзы, а дзяўчаты, нават і стукачы, да гэтых праяваў беларускай сямейнасьці адносіліся амаль жа набажна. Сям'я наша была сапраўды нечым набажна ўзьнёслым, вартым нашай Маці-Беларусі. Толькі гэта было да пары. Вораг спалохаўся, і пачалі вербаваць розных Шапавалаў, дэзарыентоўваць іншых, палохаць і раськідаць па другіх лагерох. Нічога, добрае ніколі ня гіне, яно жывое й сяньня. Не памылюся, калі скажу, што беларусы трымаліся найболей шляхотна й найцясьней.
        Час поўз, прыйшла восень, нас вадзілі на розныя аб'екты, часам за 12 кіламэтраў. Тады я «пісала» ў памяці свае вершы Памяць ніяк нельга было прашманаць надзоркам, сэрцы нашыя й душы таксама. Адзінае шчасьце. Калі мне траплялася папера й алавік ды такая зацішная ад начальства й стукачоў хвіліна, я тады перапісвала свае вершы-думы й рассылала сябрам. Частка душы мае – глюкоза для іх. А як жа жудасна за мною сачылі! Запісачкі пісаліся дробненька. Сшываліся малюсенькія й хаваліся ў валасы, у вату бушлатаў, у боты, чаравікі і т.п. Адчайныя дзяўчаты клалі поўную рукавіцу запісак і, расшпіляючы шырака для шмону бушлат, так манэўравалі, каб рукавіца ня трапіла гадаўкам на вочы. Калі ж разувалі, дык умудраліся два разы зьняць з нагі той самы чаравік, каб у другім якраз перанесьці запіскі. На аб'ектах, калі недалёка працавалі мужчыны, дык мы, напрыклад, выносячы торф пры вытарфоўцы, ламалі свае насілкі ці тачкі. Работа стаяла, тады адзін з канваіраў валок да іх мужчынаў. Тыя ўмудраліся гіпсам замацаваць у кутку жменю запісак альбо прыбіць іх дошчачкай. Мы лёгка кіркой адбівалі дарагі груз і разьбіралі што каму. Рэшту адносілі ў зону другім. Дзень без запіскі быў сумны дзень. Калі б нашая нянавісьць не выбівалася ў змаганьні, яна ўзарвала б нас, як дынаміт. У нас дэвіз: «Кіп смайлінг» – з ангельскага. Мы ведалі, што, плачучы, загінем хутчэй. Мы вынаходзілі прычыны для сьмеху, для забыцьця таго, што нас акружала. Што магло нас няшчасных чакаць, каб ня сьмерць таго найстрашнейшага з усіх грузінаў ва ўсіх вяках. Воля пахла нам цеплыней хаты, хлебам, толькі не парфумамі. Мы іх ненавідзелі, уздрыгаліся, калі іх пранюхалі. Справа ў тым, што ўсе чакісты, сьледавацелі і ўся іх парода вельмі намагаліся пахнуць рознымі гвазьдзікамі, ружамі і т.п. Яны заглушалі гэтым смурод сваяго сумленьня ці такім чынам хацелі выдзяляцца сярод іншых, што сьмярдзелі потам, – гэтага я не магла разгадаць. I вось доўга для мяне асабіста парфумы нагіаміналі мне нелюдзяў, як і сабакі. Усе добрыя, мілыя сабакі напаміналі мне тых аўчарак, з якімі сустрэлі нас на менскім вакзале, якія акружалі ў будках нашыя зоны й дружна з канваірамі суправаджалі нас на аб'екты работы.
        I так восень, разыходзяцца брыгады раніцай, даўгі іх шнур, пахмурныя, як дажджлівае неба, канваіры. Нас павялі недалёка. Мы ўжо ў час работы адчулі, што нешта здарылася, канваіры нашыя азьвярэлі. Калі нас прывялі ў зону, мы даведаліся, што ля Інты застрэлілі Галю Готэс. Гэта была полька. Да сроку дзесяць год ёй дабавілі яшчэ тры за нейкую лагерную справу раней, але яна ўжо й гэты срок дапрацоўвала... Які ж жаль... Была ў яе цудоўная дзяўчынка Ната. Жыцьцё і інстынкты куды сільнейшыя за нашыя ідэі, калі цярпеньні цягнуцца дзесяцігодзьдзі, і вось у лагеры быді дзеці, і нямала. Гэта былі дзеці жанчын, якіх цяжарнымі забралі з волі, і дзеці з мімалётных сустрэч з шаферамі пад час пагрузкі пяску на аб'ектах, пры разгрузцы вугалю і т.п. Такое дзецятка ад украінца было і ў Галі. Лагер наш грозна замоўк. Нянавісьць, прага помсты й жах з нашае бездапаможнасьці проста пырскалі слязьмі з кожных вачэй. Першымі прыйшлі да мяне полькі: «Што рабіць, пані Ларысо, што рабіць?» Галю кінулі на вахту, а так як яна была прахадная й цесная, дык цераз труп хадзілі. Харошай дзяўчынай была Зося Андрушкевіч, вось і пайшлі мы з ёю прасіць, каб далі нам Галіну. Надзоры думалі, а пасьля папыталіся ў мяне, ці магу заручыцца за спакой у зоне? Я сказала, што магу. Труп нам выдалі. Хутка мы назначылі, што каму рабіць. Былі нейкія кветкі, у зоне хутка паявіліся вянкі і т.п. Мы з Зосяю мылі цела. Маленькая ранка ніжэй жывата, і ўсё. Іх брыгада выбірала бульбу, тую вадзяную, рэдзенькую... Машына, куды яе зсыпалі, стаяла за агароджаю з вяроўкі, якімі мы самых сябе мусялі заўседы апярэзваць. Дзяўчаты туды сыпалі бульбу. Пайшла яе высыпаць і Галя, вось і застрэлілі – выйшла за агароджу... (*122) Дзяўчаты прыходзілі, клалі пальцы на ранку, шайталі нешта, прысягалі. Масквічка Рэгіна Тарасава, якой маці была францужанкай, прынясла з пасылкі вялікі кусок батысту. Наташа нічога ня ведала, але ўсё пыталася пра маму, яе нейк суцяшалі, абманвалі. Вечарам мы палажылі ўсю ў белым Галіну на лагерны брудны возік, прыкрылі яе батыстам і вянкамі і ўсе праважалі да вахты. Дзіка крыкнула нам надзорка, калі мы апошні раз цалавалі нежывы тварык: «Мы завтра другую пристрелим...» Мы горда й моўчкі ўзялі гэта пад увагу з разьлікам некалі ім адпомсьціць. На вахце, паводле лагерных правілаў, малатком яшчэ ўдарылі труп па галаве (а можа, жывая?) альбо пракалолі штыком. Пасьля павязьлі яе на мужчынскі ОЛП для ўскрыцьця. У саветаў усё «панавучнаму». Зося Андрушкевіч хацела ўдачарыць Галіну Наташу, ёй не дазволілі...
        
        _______________________________________________
        
        *122 - Пра смерць Галі Готэс з ліста М.С.Ласціўкі да сям'і Канашаў (з украінскай):
        
        «...Што да «Споведзі» Л.Геніюш, дзе яна апісвае пра Інту і пра забойства Галі Готэс – усе правільна... Адно толькі недакладна, дзе яе забілі... Я сама была пры гэтым злачынстве... Не магу спакойна пісаць... Проста рукі дрыжаць... Я да сёння яшчэ памятаю і кожны дзень малюся за яе душу... А было вось як. 17 верасня, у панядзелак, вось толькі год крыху забылася, здаецца, 53-ці. Нашу брыгаду павялі капаць бульбу на поле «ім. Казлова», так мы яго называлі... Расставілі нас на барознах з рыдлеўкамі. Крайняй была Галя, а я адразу каля яе другая. Не пакапалі мы яшчэ і паўгадзіны, як раптам, ні з таго ні з сяго, пачуўся выстрал. I адразу Галя з крыкам: «Ой, сястру, сястру!» – схапілася за жывот і ўпала. Усё гэта я бачыла. Я кінулася да яе, але сам забойца, малады ахоўнік, прыбег, схапіў мяне за каўнер і адкінуў з крыкам: «Уходи, а то и тебя убью!» – і адагнаў да гурту, што сабраўся каля надзоркі. Моцна сталі мы ўсе крычаць і зваць на дапамогу лекара. Але нас яна і ахоўнікі акружылі і нікуды не пускалі. А Галя за той час поўзала па зямлі, а за ёю цякла кроў нават праз ватныя штаны. Так яна, пакутваючы, сапраўды адпаўзла за так званую зону... I калі з горада прыехалі опер і лекар, то яна ўжо была мертвай, і яе забралі і павезлі. Нас, так як мы моцна крычалі, што не будзем з забойцам працаваць, пагналі ў зону і адразу ў сталовую на абед. Але мы ад яго адмовіліся і ў знак жалобы нічога не елі, і нас распусцілi па бараках. На другі дзень на вахце, калі ўбачылі, што той забойца зноў будзе нас канваіраваць, то мы запратэставалі, што не пойдзем з ім на працу. Нас спачатку «уговаривали», а потым дзве першыя пяцёркі забралі ў БУР, а нас прымусам вывелі, але, праўда, ужо без забойцы... Вось так Галя ні за што загінула. А надзоры апраўданне забойцы склалі версію, што яна выйшла за забароненую зону, але гэта чыстая хлусня!»
        
        ______________________________________________________________________
        
        
        На наступны год усіх вывелі за зону, але нейк нас пакінулі з Елізаветай Радзіонавай. Яна была жонкай прэм'ер-міністра РСФСР. Яе мужа расстралялі пасьля вайны, а ёй, таму што яна жонка расстралянага, далі 10 год лагероў. 3 ёю была і Аксана Кубаткіна, яе муж быў, здаецца, нейкім генералам ад КГБ. Аксана Кубаткіна была вялікай прыхільніцай бацькі Сталіна, нягледзячы на тое, што ён пакараў сьмерцю яе мужа (аднаго з ініцыятараў 25-гадовага пакараньня для сваіх землякоў) і параскідаў па лагерох рэшту сям'і. Яна старалася шчырай працай даказаць сваю прыхільнасьць ураду. Праца яе заключалася пераважна ў падсьцёбваньні другіх, бо яна была брыгадзірам. Спраўлялася яна з гэтым выдатна, як на погляд начальства, з іншымі поглядамі яна мала лічылася. Адумыслова крыла матам, каб даказаць сваю духовую прыналежнасьць да пралетарыяту, але скрыгітала зубамі, чытаючы лісты ад сына, які таксама быў у лагерох. Меншы быў пры старой бабцы, і іх абое называлі ворагамі народу. «Я ня думала, ня ведала, што ў нас творыцца падобнае», – часта стагнала Кубаткіна. Радзіонава была вельмі тактоўнай і талковай жанчынай. Мела тры дачкі. Старшую яе нарачоны не пабаяўся ўзяць за жонку сабе пасьля ўсіх рэпрэсіяў, а дзьве малодшыя жылі ў сястры. «Лариса Антоновна, меня вызывали по поводу вас, и я сказала им, что Люция Антоновна – это мещанка, а вот вы – это глубокий, подлинный ум...» – «Вы мне дрэнна прыслужыліся», – засьмяялася я.
        I так мы з ёю ў зоне, а сяньня маюць забіраць з зоны дзяцей, якім два ці болей двух годзікаў. Маюць іх адвозіць у розныя дзетдомы. Большасьць мамак вывелі за зону, але ня ўсіх. У адным кутку нашага лагеру быў другі лагер, таксама аплецены калючым дротам і з вахтаю. Там жылі т.зв. вольныя дзеці. Імі загадвала вольнае начальства й болей давераныя прыдуркі. Дзяцей гэтых нарадзілі цяжарныя ўжо з волі жанчыны ці якія сталі цяжарнымі ў лагеры. Толькі на час хваробы дазвалялася мець рожаніцы дзіця пры сабе, пасьля яго забіралі, і маці пускалі толькі да дзіцяці ў час кармленьня. Калі ж кармленьне кончылася, дык толькі раз на тыдзень, калі ня выдумалі якой эпідэміі. Мамкі бегалі ў адчаі ля калючага дроту й часта проста кідаліся на яго. Вечнае сьвятое мацярынства, яго натуральныя праявы караліся тут і асьмейваліся. А бедныя маці ляцяць з работы туды, гдзе дзіця. 3 маленькага прыдзелу цукру, які атрымоўваюць, вараць нейкія немагчымыя цукеркі, хаваюць кусочкі рыбы, пячэньні ці што могуць выпрасіць у тых, якія маюць пасылкі, а то і ўкрасьці... Каля дзіцячай зоны вечны плач, а дзеці, бы ціначкі, бледныя, запалоханыя, рвуцца толькі да мамаў, хоць бачаць іх так рэдка, аднак пазнаюць і кахаюць толькі іх адных. Маці нямеюць ад шчасьця ля іх. Вось сяньня забяруць гэтых дзетак. Мы глядзімо з жахам, як над лагер прыляцелі й хмарай закружыліся грачы. Стала цёмна ад іх, закракалі, закрычалі, і нам пайшоў мароз па скуры. У зону ўехалі аўтобусы, забрахалі сабакі, залаяліся матам канваіры, і пачаўся плач, крык, разьдзіраючае душу выцьцё, быццам людзкія прадсьмяротныя мукі. Такое галашэньне не бывае нават па памершых. Мы зьледзянелі, падысьці бліжэй было нельга, раз'юшаныя канваіры стралялі б. А грачы ўсё кружылі, кракалі, не сьціхалі нямыя птушкі, якія адчулі жудасны чалавечы боль. «Я не знала, не знала, что у нас такое быть может», – шаптала, зьбялеўшы, Радзіонава. «А за што вашага мужа забілі?» – спыталася я. «Жалел свой народ, хотел добра ему», – ціха прашаптала яна. Аўтобусы паехалі, крык ставаўся хрыплым, прыдушаным. Калі я падышла да бараку бліжэй, дык яшчэ адлівалі гдзе каторых памлелых, чуцілі. На нарах ляжала амаль нежывая Соня Сьвіда. Яна працавала ў лагернай аптэцы, і чорненькую сваю Кацюшу ўдалося ёй затрымаць пры сабе даўжэй. Бацька Каці быў лекар, нейкі нацмен. Соня часта каза-ла: «У Каці цудоўныя валасы, але ей трэба сорак касічак заплятаць, так, як у народзе яе бацькі». Соня рысава-ла кніжачкі для яе, пісала казкі. На сьвеце мела толькі яе адну. Цяпер ляжала амаль нежывая. Яна ня выла, яна некалі была дамай, ёю й засталася, толькі стагнала жудасна, нечалавеча... Яшчэ горай было, калі ў зону вярнулася рэшта мамак. Галашэньне доўга не сьціхала. Радзіонава й Кубаткіна так абураліся, што можна было думаць, што яны там наверсе сапраўды ня ведалі аб колькасьці зьняволеных і аб іх муках. Між іншым, абедзьве, калі са мною прашчаліся, дык мелі аднолькавую просьбу да мяне: «Лариса Антоновна, прошу вас, останьтесь всегда такой, какая вы есть». Я ім гэта ахвотна абяцала. А дзетак гэтых папуталі ў дзетдомах. Калі сваякі забіралі іх дамоў, дык часта давалі ім ня тое дзіця. Прысылалі здымачак з хаты, і пачынаўся плач. Дзіця нейкай рускай мамы завезьлі аж у Галіччыну й наадварот. Куды падзелі Нату, нічога ня ведама. Зусім магчыма, што й не жыве... Яшчэ полькі зьвярнуліся да мяне, каб напісаць ім верш пра Галіну Готэс. Прасілі, каб па-расейску, каб прачыталі ўсе. Павезьлі яго з сабою ў Польшчу. Я яго добра ня памятаю, вось толькі ўсяго:
        
        День осенний с утра заливался от слёз
        пред начальства прижмуренным взглядом.
        Один на посёлок, другие в колхоз –
        проходили все молча бригады.
        Конвоиры привычным движеньем руки
        с суровостью нечеловечьей
        направляли спокойно нагие штык
        в беззащитные женские плечи.
        И каждый почти с них «молитву» изрек,
        роняя слова с наслаждением:
        «Шаг вправо, шаг влево – считаю побег,
        стреляю без предупреждения».
        Шли серые, мрачные, часто без сил,
        под раскаты сурового мата,
        и дождь проливной лишь уныло звонил
        ударами слёз по бушлатам.
        
        …………………………………..
        
        Галю застрелили.
        Возможно, что где-то те, из-за морей,
        в половине двадцатого века
        стреляют так в прериях диких зверей,
        здесь можно стрелять в человека.
        Спокойно «актировал» жизнь эту враг,
        пайку лишнюю списывал хлеба.
        Стонал лишь от горя бессильный «Минлаг»,
        с ним плакало чёрное небо..
        Давали девчата суровый обет
        отомстить эту жизнь молодую.
        Нам крикнула дико надзорка в ответ:
        «Мы завтра пристрелим другую!»
        Но руки над трупом пожав среди тьмы,
        мы сказали: «Так завтра не будет,
        что завтра ведь наше, что завтра ведь мы,
        что завтра ведь лучшие люди...»
        
        Пра гэта цяжка пісаць, а ахвяраў былі тысячы, магільнік па іх вялікі.
        Яшчэ адна зона была ў нашым лагеры для сьвіней. Яны таксама карміліся па норме, але яна ў іх была сытая, нармальная, і жылі яны, у параўнаньні з намі, як паны. У кожнай сьвіньні свая клетка і ўсе сьвінскія выгоды, культурна, як тут кажуць, і паказацельна. Ня ведаю, хто еў мяса з тых сьвіней, мы елі камсу й сьмярдзячыя трыбухі з аленяў. «Оленина (О, Ленина), о, сталина», – казалі мы. Яшчэ мы елі квашаныя ніжнія чорныя лісты капусты інцінскай, з пяском, дарэчы. Галоўкі былі для начальства. Гэтую капусту да немагчымасьці насольвала Камбала, адна нашая гора-суродзічка, нейкая Новік. Камбала таму, што вока адно навыкаце (Бог шэльму меціць). Яшчэ была адна такая Раіса Новікава й Марыя Мельнік, некалі адумысловая нямецкая прыслужніца і кат, і Іуда для нас у лагеры. Дзеля справядлівасьці нельга скрываць сваіх, вось гэтыя й запамяталіся найстрашней, кожная на розны спосаб... А яшчэ мы елі суп з рэдзькавеньня з гнілой рыбаю. Можна спрабаваць яго зварыць, каб пераканацца, які мае смак... Ды чаго мы ўрэшце ні елі... Але давалі нам і па аладцы на алеі, якую шумна называлі «пончык», і гэта падкрэсьлівалі. А рэшта пайка не заўсёды падобная на чалавечы хлеб, ну, і жуй-плюй, гэта авёс з шалухою, з якога суп, каша, а ў сьвята дык і катлеты. Мы дзівам дзівіліся, як тыя англічане ядуць гэта ўсе жыцьцё. Праўда, яны пэўна ядуць яго не сухама й ня посны. Можа, нам чаго й болей пападала б, але жывілася ля лагероў шмат начальства, ля прадуктаў дык асабліва. Сьвінскае нормы яны ня елі, і тут выйгравалі сьвіньні...
        Горам для нас былі этапы. Прыяжджалі купцы. Гэта былі звычайна босы з нейкіх лагероў, гдзе стройкі. Кожны начальнік лагеру прагнуў збыць старых і набраць маладзейшых. Нас заганялі брыгадамі. Спачатку лагерныя лекаркі ці лекары (пераважна апошнія – сьцервы) глядзелі нас на цяжарнасьць, ня мыючы рук... Пасьля мы йшлі голыя да пояса да стала, гдзе засядалі лекары, купцы й начальнікі. Нам заглядалі ў зубы, мацалі, круцілі голавы й бралі нас на ўлік этапны альбо, крывячыся, адкідалі. «Хадавы тавар» быў та-ды: «3 трыццатага года нараджэньня». Часам везьлі аж у Караганду. Усюды тое самае! Да нас прыбывала папаўненьне з волі, прыбывала шчодра... На Інце доўга была з намі Соня Радэк. Яна рабіла прыдуркам. Была францужанка Пірэт, якая дзеля «славы Францыі» старалася працаваць разам з усімі. Была яна нейкай вечна надутай, а можа, ганаровай, што яна ня мы... 3 ёю гутарыла нейкая Угрымава (здаецца, так), якая разам з мужам з патрыятычных мерка-ваньняў вярнулася на «родину» з Францыі. Іх з Адэсы, здаецца, проста з парахода далі на Інту. Працавала яна художніцай. Малявала карыкатуры на розныя лагерныя парушэньні, напрыклад, як мамкі лезуць праз вузенькае вакноў калючым дроце да сваіх дзяцей. Ну, гэта, як і другое, нас не сьмяшыла... Была з ёю і яе сястра Волкава, якая старалася мне давесьці, што сталінская «эпоха» найслаўнейшы час расейскай гісторыі. Дык аб чым было з дурнем болей гутарыць? Я цесна дружыла з Люцынкаю, а калі яе адвезьлі ў Абезь, дык з харошаю жанчынай Ольгай Фоцюк, з Ольгай Мароз, са сваімі дзяўчатамі, якіх, прызнацца, пабойвалася за малымі выняткамі. На іх быў асаблівы націск, а мы – як каты ў мяшку. Часта каторая з дзяўчатак гаварыла мне: «А цяпер «пасварымся» з вамі, ня будзем гутарыць, ні сустрачацца...» Я за гэта дзякавала, ведала, што застаўляюць на мяне даносіць, і нам выгадней было «пасварыцца».
        Тактыка не зьмянілася, так робяць са мною й цяпер. I цяпер ходзяць да людзей і рознае на мяне выдумоўваюць, падобнае было і ў лагеры. I тут, і там мала гэтаму верылі,
        Было розна, але ў лагеры мяне даволі слухалі. У нас ладзілі канцэрты вельмі харошыя: балеты, мантажы з опэраў, эстраду. Аднойчы запрапанавалі даць нешта ўкраінскае, думалі што, але адна з масквічак так непрыгожа выразілася аб менейцэннасьці беларусоў і ўкраінцаў, што вас заела. Канцэрт гатовы, але на яго ніхто ня йдзе! Сцэна пустая, брыгады ня рухаюцца з месца... На гэта трэба было толькі сказаць: «Калі так, дзяўчаткі, дык нам там ня месца...» Гэта была цудоўная зьяднанасьць, нават прыдуркі ня йшлі... Пасьля давалі і ўкраінскія намяры: песьні, нешта з «Запарожца за Дунаем» і, здаецца, нават «Шэльменку».
        Нашую брыгаду назначылі ў воінскую часьць. Там мы нешта вычышчалі, наводзілі парадкі, а малодшых дзяўчат узялі мыць салдацкую сталовую. Звычайна туды йшлі неахвотна, хіба што на двары была сьцюжа. Дзяўчаткі выбеглі нейкія неспакойныя, вочы ім аж блішчалі, і адразу пачалі шаптаць нам, што чулі па радые – захварэў Сталін. Наша групка – украінкі, я й дзяўчаты з Прыбалтыкі – так і зьбегліся, ня ведалі, як стрымаць сваю радасьць. «Кровоизлияние в мозг». Божа, Божа, ці хоць добра памятаю? Гэта ж, здаецца, сьмяртэльна, няўжо канец зьдзекам, няўжо пачуў нас Бог? Кубаткіна пачала заводзіць, другія дурніцы – крывіцца, а мы ажылі! Падышла да мяне Афанасьева, стукач ад'яўлены, і кажа: «Он был гений, как вы находите?» I што тут сказаць, ану ж яшчэ ажыве нехрыст... Кажу: «Ёсьць розныя геніі, светлыя ёсьць і чорныя, гэты быў найчарнейшы...» Ідзем у зону, а йдзецца лёгка, надзея малюе ўжо волю, сына, мужа і ўсе чалавечае. У зоне марафонскім бегам у санчасьць да першае лекаркі: «Ці выжываюць з кроваізліяньня?» Амаль не!!! Божа мой, знача, «кат всех времен» ужо ня ўстане. Сьвята для нас, о, як жа добра, што нелюдзю няма ратунку. Кубаткіна ў чамадане з рэчамі хавала яго партрэт, якіх навалам было ва ўсіх газэтах. Дастала яго й плача. Няшчасны, бедны ліцамер, які звучыў усе самыя хітрыя ходы, каб выжыць, хоць мёртвы ня ўстане. «Кінь к чорту яго, – кажам, – ён ужо ня страшны...» Яна сьмяецца, пачынае верыць у тое, у што ёй, Кубаткінай, паверыць трудна...
        I вось яго няма. Недзе хаваюць у Маскве, а нам загадалі на працы стаяць і маўчаць хвіліну. Цяжка выстаяць, цяжка маўчаць, калі Бог адчыніў справядлівасьць. Паглядаем на канваірскія морды, пасьмейваемся, што ж сіроткі без сваяго «тата», вам ня сорам за ўсе?.. Нас яшчэ пусьцяць ня хутка, але вецер павеяў цяплейшы, ад аднаго факту той сьмерці людзям стала дыхаць лягчэй.
        Мяне часта выклікалі, то пытаюць, напрыклад, ці Натальля Арсеньнева камсамолка, ці ведаю Клімовіча і т.п. Вось пакінулі ў зоне, знача, зноў нечага хочуць, чаго цяпер? Выклікаюць з абеду да опера. Уваходжу, сядзіць невысокі сьціплы чалавек у ваенным і кажа: «Сядзьце, у мяне справа да вас. Я так шкадаваў вас, што пакінуў, каб хоць дзень адпачылі». Выглядае, што ня лжэ. Уваходзіць опер і як зараве: «Устаць, чаму не ўстаеце, калі я ўваходжу!» – «Я прыехала, лепш сказаць – вы мяне прывалаклі сюды з Эўропы, а там жанчыны, нават зьняволеныя, перад мужчынамі не ўстаюць». Мяне трасе, а малы чалавечак у ваенным лапоча: «I ў нас культурна, і ў нас вельмі культурна...» Пытаўся, здаецца, пра Калошу, і ўсё лагодна, ніякай грубасьці. Там ужо недзе пачынаўся новы хрушчоўскі дух, але ўсе гэта яшчэ вельмі абманчывае, верыць тут ніколі й нікому нельга. Людзкасьці тут не было й ня будзе, тут хітрасьць. Пасьля зноў прыехаў нейкі рыжы «таварышч», я так і не пыталася, хто ён. Гэты пытаўся, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей? «Якіх? – пытаю.– Прасьветава?» Яму сказалі, хто Прасьветаў. Гэ-ты «дазволіў» пісаць мне – толькі не пра кірку, не пра лапату, проста пра «любоў» да савецкае родзіны... О іронія, о жах... «Вам блішчаць яшчэ вочы», – кажа той рыжы. О так, яны мне будуць век гэтак блішчэць нянавісьцю й помстай на адзін успамін аб такіх дыпляматах. Я яму на гаварыла, што ён аж пазапісваў. Кубаткіну й Радзіонаву ён адпусьціў у Маскву. Мне толькі парадзіў карыстацца бібліятэкаю, тады калі не было ў мяне акуляраў і нават найменшай надзеі на іх. Ня ведаю, хто быў гэты чалавек, але я мела ўражаньне, што яны нарэшце сьцямілі, што сяджу дарма. I яшчэ адно я зразумела, што калі пыгаецца, нехрыст, ці я пасьпела палюбіць савецкіх людзей, знача, мяне згэтуль ня пусьцяць... Я даўно выйшла б з лагеру, калі б гэта было ў Эўропе нават камуністычнай, там была нейкая логіка ў людзей, законы й пасьлядоўнасьць, тут Сталін і мера пачуцьцяў да яго вырашалі людзкія лёсы. Не, гэта было ніяк не для мяне. Мая мілая сяброўка Галіна Уолэс, жонка некага з амэрыканскага пасольства, прасіла мяне: «А ты хоць маўчы й пабачыш – будзе табе лепей, прашу, не высказвайся». Калі нейкі канваір, якога мы празвалі за нялюдзкасьць Гітлерам, зьдзекаваўся нада мной, кажучы: «Вось графіня...» – дык Галіна падыходзіла да мяне й сама высказвалася на ўвесь голас: «Да, он прав, всё же ты среди них выделяешься...» Навучылася яна рабіць печы, што давала ей магчымасьць быць у зоне, як-ніяк – цяплей.
        Зэкі адбывалі на этапы, прыбывалі новыя. Мая Оля Фоцюк была ў нейкай чужой брыгадзе, і мы цяпер рэдка бачылігя. Аднойчы яна завітала да мяне з дзіўнай просьбай, што яе брыгадзірка вельмі прасіла, каб я да яе прыйшла. Яшчэ што, кажу, калі трэба, дык няхай сама прыйдзе, але пані Оля так прасіла, што ўрэшце мы пайшлі. Сустрэла нас чарнавокае, сумнае й вельмі прыгожае дзяўчо. Быда гэта беларуска Жэня Пазьняк. Узялі яе за СБМ роўна ў 16 год, і вось яна канчала свой срок, цяжкую дзесятку, даслужылася да брыгадзіра, але, паводле слоў пані Олі, была людзкай. Пачаставала нас яблыкамі, відно, з пасылкі. Я адмовілася, бо маладым цынга куды страшнейшая, але яна ўперлася, кажучы: «Мне адмаўляць нельга!» Я задумалася, нічога адмаўляць у нас нельга толькі цяжарным... «У чым шрава?» Жэня глянула мне з цэлай душы ў вочы й загаварыла: «Будзьце мне як маці, я ў горы. У мяне ёсьць родная мама, але гэтага не магу ей сказаць, не перанесла б...» Жэня была цяжарнай ужо пяты месяц. Іх, якія канчалі срок, паслалі ў тундру на сенажаць. Начальнік, нейкі прараб з быўшых зьняволеных, немалады й гадкі тып, проста траўляю й зьдзекам на рабоце воддаль ад большага начальства рабіў там з людзьмі, што хацеў. Ён закахаўся ў Жэню, хадзіў здалёк ад нашае зоны й чакаў, калі яе асвабодзяць, ведаў, што яна цяжарная ад яго. Яна ж так люта яго ненавідзела, так брыдзілася яго маральнай візасьці, што спакойна не магла аб ім гутарыць. I вось што рабіць? Я сказала коратка, што дзіця належыць пакінуць, гэта перад усім яе дзіця. Менавіта тут, гдзе ўсе забіваюць – ад волі чалавечай да самога чалавека, – трэба ратаваць жыцьцё. Справа была пастаноўленай, Жэня лёгка згадзілася, Але ў мяне ж свая беларуская сям'я, перад усім дзяўчаты. Спакойна ім усё расказала й сваю пастанову, пачаўся бунт! Нельга такое дзідя, нельга тут раджаць, трэба гэта зьнішчыць і зацерці сьляды... Што ж, практычна, вельмі «па-людзку»... Я толькі не магла зразумець, што гэта гавораць жанчыны... Я ім сказала, што думаю я й што маленькае будзе жыць! «Мы адмаўляемся гэта падтрымоўваць!» – «Ну й добра, я гэта падтрымоўваю, гэта пяты месяц, і нельга забіць...» Мы з Жэняй узялі на сябе цяжкую адказнасьць. Яна ўжо сядзела ў бараку мамак і вышывала. Вышывала прыдуркам, якім усяго было мала. За пайку яны выкарыстоўвалі патрабуючых і шылі, шылі... гатавалі сабе выправы, але як жа яны маглі глядзець на гэтыя рэчы з лагернай нядолі ў сваіх хатах, дый хто такіх жанчын калі пакахаў бы, бяз-душных... Ну, але Жэня вышывала ім і начальству й мела нават капейку за гэта для будучага дзіцятка. Аб гэтым я паведаміла сяброў, думаю, што скажуць? Адныя адразу напісалі, што нельга, каб было дзіця, бо яно ўсб роўна ніколі ня скажа «Жыве Беларусь», а толькі «Всегда готов» і г.д. Другія напісалі: «Нам гэта не падабаецца, але калі скажаш, маці, дык паможам». А трэція ўсьцешыліся, што гэта можа быць нейкі паэт ці паэтка, і калі будзе дзяўчынка, дык каб назвала Жэня найдарожшым для іх імем – Ларыса... А Жэня зацяла вусны, не наракае, такая тактоўная, мудрая, церпіць. Божа мой, гэта ж жыцьцё, і не адна, якая Жэню асуджае, мае куды больш на сумленьні... Аднойчы йдзем мы з работы, а ля вахты чакаюць мяне хмараю проста й віншуюць, што ў мяне ўнук! Ну й так трэба! Жэня была львіца, ня маці, зайздросная за сваё дзецятко, улюбёная ў яго. На жаль, у яе ўспыхнуў тубэрхулёз, трэба было легчы ў больніцу й пакінуць на час які дзіця. Яна не згадзілася, толькі б карміць, толькі б даглядаць яго.
        Мяне як штрафніка вывозілі Ніхто ня ведаў куды, гадалі, што на Новую Зямлю. Я пайшла да Жэні. Яна распавіла дзецятка й з плачам упала тварам на яго, уся яна ўздрыгвала, аж стагнала. Я падкяла яе, і мы разьвіталіся. Пару рублёў сваіх я палажыла ля дзецятка й ледзь жывая выйшла з той больніцы. Справа кончылася пагана. Жэня, памятаючы высказваньні сяброў, не зьвярнулася да нікога з нашых. Была ў нейкай знаёмай. Многа хто хацеў ажаніцца з ёю, але жадалі, каб яна аддала ў дзетдом дзіця. Жэня не згаджалася й ненавідзела такіх людзей. Пасьля яна захварэла, захварэла й дзецятко. I калі ўжо пагражала ім найгоршае, зайшоў туды Аляксей, грузін. Ён спачатку падышоў да дзіцяці, пачаў ратаваць яго, а пасьля й Жэню. Ён ажаніўся з ею, ці кахала яна яго, я не магла запытаць у яе. Я люта злавалася на нашых хлопцаў, ня здольных на дабро й велікадушша.
        Цераз пару гадоў, калі мяне зноў вярнулі на Інту й мы з пані Оляй, ужо разканваіраваныя, хадзілі чысьціць сьметнікі па Інце, дык аднойчы, раней кончыўшы сваю норму, зайшлі да Жэні. Была ў іх маленькая хатка, мара ўсіх зьняволеных. Юра вырас, увесь быў, як Жэня, чарнавокі й вельмі прыгожы. Аляксей папраўляў праводку, і малы цюкаў за ім малаточкам. «Гляньце, як мне мой сын памагае», – сказаў, засьмяяўшыся, Аляксей і да сваіх добрых, шырокіх грудзей прытуліў яго маленькі тварык. Я толькі намагалася, каб не заплакаць ля іх. Пасьля паадносіла ім свае лагерныя драбніцы, бо нас «иностранцев» зьбіралі ўжо на далекі этап. Нас завязьлі ў «Дуброўлаг» у Мардоўскую АССР, у Поцьму.
        Што цяпер з Юраю гэтым, я ня ведаю. Жэня напісала сябрам, што назаве сваяго сына так, як называецца сын той, каго яна любіць... Я прыкаваная да Зэльвы, да мужа, да развалінаў старой хаты, а сэрца маё ня раз засумуе, застогне й па іх, дарагіх мне, бо вельмі чалавечных. Я з радасьцю пераканалася, што ў Грузіі радзіліся не адныя Сталіны, але і Аляксеі.
        А этап далёкі рыхтаваўся. Фрыма Барысаўна бегала па начальніках і плакалася, каб хоць не забралі яе. Рэцэдывісткі блатныя прыбягалі заверыць мяне, што мяне ніколі ніхто ня скрыўдзіць. Некаторых ужо пачалі адпускаць з лагероў, а нас пакідалі па некалькі разоў у зоне для розных фармальнасьцяў. Брыгады варочаліся з работы, а нам ля вахты начапілі бляхі з нумарамі й фатаграфавалі нас. Усе глядзелі на гэта з жахам і яўнай палёгкай, што гэта не датычыць іх... Мае сябры былі ў адчаі. Яны вырываліся пад драты на рабоце, каб хоць пабачыць мяне, бо хто ж ведаў, куды нас павязуць. Я, Оля Мароз, Міля Бак ехалі за тое, што арганізуем людзей, іншыя хто за што. Мы трымаліся як заўсёды. Ад мяне пачулі шмат праўдзівых і зусім не падрёных на каяньне слоў... Лагер плакаў. Дзяўчаты зьбіралі для нас грошы. Людзі кідаліся на шыю й галасілі, як па нябожчыках. Жаль было пакідаць тых, з кім столькі перажы-лося. Нарэшце канвоі павялі нас на станцыю, і вось загадка – куды ж нас папруць? Нам гэтага ня скажа ніхто, канвой наш – нямы. Цягнік ляціць тундраю далей і далей на поўнач, ужо зусім мала лесу, болей кусты. Нас прывезьлі ў інвалідны лагер у Абезь. Ну што ж, гэта ня самае горшае. Праўда, туды яшчэ амністыя не даходзіла – гэта было яш-чэ болей на канцы сьвету.
        Забылася напісаць, як пасьля сьмерці Сталіна нас аднойчы ўрачыста сабралі й пасьля непакоячага маўчаньня аб'явілі аб тым, што здымаюць нам намяры й дазваляюць пісаць кожны месяц дамоў. Дагэтуль дазвалялі толькі два разы ў год. Некаторыя пішчалі, плакалі з радасьці, славілі партыю й гэтак далей. Я злосна зацеміла, што давялі людзей да таго, што ўжо няма ім каму пісаць і што номер для нас не цяжкі... Усе злосна глянулі на мяне, асуджаючы за няўдзячнасьць, і толькі адзін з начальнікаў сумна й з нейкім раскаяньнем на мяне паглядзеў, як быццам і ў іх ужо абуджалася нешта чалавечае. Яшчэ пакуль нас адвезьлі, давялося моцна трымаць свой лагер, дый іншыя, паколькі нас крыху слухалі. Людзей трэба было хочаш ня хочаш асвабаджаць з лагероў. Па радыё пералічалі праступнасьці Сталіна, людзі слухалі й лаяліся: за што жа іх гады трызьнілі? Лагеры ўскалыхнуліся, і начальства спалохалася сільнага элемэнту на волі. Пачалі рабіць у лагерох правакацыі. Дзікія, хітрыя азыяцкія правакацыі. Неспакойны элемэнт замест на сапраўднага ворага накіроўваць на самых сябе! Во хітра! Напрыклад, украінцы б'юцца ў лагеры з літоўцамі! Б'юцца з-за слоў, нехта нешта сказаў, і вось адныя з другімі забіваюць сябе за дротам! Начальства, калі яны ўжо пабітыя, «мірыць» неразумных. Палітычныя лагеры, Божа! Але няма дзіва, людзі падзічэлі, пазьвярэлі за дзесяцігодзьдзі жывёльнага існаваньня. Мы з Оляй Мароз, Бірутай Стумбрыце і іншымі разумнымі дзяўчатамі розных нацыянальнасьцяў не дапусьцілі ў сваім жаночым лагеры да падобнага, хоць праявы ўжо пачыналіся.
        Вельмі разумнай жанчынай была ў нас Марыя Мартынаўна, жаль, прозьвішча я забылася. Яна была латышка, шляхотная, цьвёрдая, бескампрамісная! Ненавідзела прыдуркаў і бачыла ўсю сыстэму зьняволеньня й трыманьня ў няволі наскрозь. «Знаеце, Ларыса Антонаўна, калі я буду на свабодзе, дык у маёй хаце цяпер ня будзе дарагой мэблі, але на сьценах будуць партрэты маіх любімых дзеячоў, перад усім Уінстана Чэрчыля, у кожным пакоі прытым. Калі чалавецтва яго не паслухае – згіне, і згіне вельмі няслаўна». Мы з бю любілі гаварыць аб гісторыі й спакойна маглі гаварыць на ўсе тэмы.
        Мне лісты не прыходзілі ніскуль. Тата мужаў памёр, муж ня ведаў, гдзе я, а сына, як мы пазьней даведаліся, пасадзілі за хуліганства, і білі яго, і зьдзекаваліся над ім, як самыя хацелі, праўда, польскімі рукамі на гэты раз. Усюды ёсьць шумавеньне й вырадкі, вось і Польшча хоць гэтымі людзьмі дагадзіла «асвабадзіцелям», як яны самыя вечна сябе называлі. Вестка аб лёсе сына дайшла між радкоў і ў Абезь. Беднаму, відно, пашкодзілі мае вершы, якія стукачы, розныя Шапавалы, выдалі нелюдзям на Інце. Было відно, што баяцца, каб сын ня стаў, як маці. Трэба было прыбіць дзіця, каб не ачуняла, не паднялося... Бедны мой сын, але трэба было змагацца, каб усім дзецям на ўсёй зямлі можна было б пры бацьках гадавацца й расьці, як растуць дзеці цывілізаванага сьвету, пазнаючы прынцыпы дабра, праўды, чэсьці й міласэрдзя.
        Нам часамі прывозілі кіно, за ўступ трэба было плаціць, але кожны стараўся яго паглядзець. Аднойчы быў фільм аб юным Каруза, і мы доўга сьнілі аб ім. У кіно пускалі ў першую чаргу прыдуркаў і рабочыя брыгады, якія выпаўнялі плян.
        У культбрыгадзе я прабыла амаль зіму. 3 Тамарай Ве-раксо працавалася добра. Яна вельмі цешылася з кожнага маяго ўдалага верша. Да аднаго падабралі музыку, і яна ставіла яго, як номер балету са сьпевам. Канцэрты былі цікавыя, часам на высокім узроўні. Але зышлося ў гэтай брыгадзе й нямала стукачоў, як Мара Аграновіч, якая лавіла кожнае маб слова, чаплялася да яго й адносіла начальству. Ды ці толькі яна адна... Напрыклад, скажу: «Чаго баяцца бедных манашак, няўжо і яны страшныя сільнай дзяржаве» – як ужо Мара падымае крык, што я казала аб слабасьці Савецкага Саюза. Пасялілі яе каля мяне, і страх бы-ло аказацца, так яна ўсё перакручвала. А бедных манашанек, пераважна расеяк, заганялі ў БУР і вельмі прасьледавалі. Аднойчы нейк мы з імі сустрэліся і яны ўгаворвалі нас не працаваць, што яны прызнаюць толькі «труд на добровольных началах», таму не прызнаюць нат калгасаў. Аднойчы прывезьлі нешта 30 манашанек, якія не хацелі нічога казённага апранаць і есьці. Яны не хацелі ў няволі йсьці нават у баню, і іх цягнулі ў яе сілаю. Выдзялялі на гэта брыгады. Цягауць дзяўчаткі няшчасных у іх латаных-пералатаных лахмоцьцях, і яны, выхудлыя, страшныя, толькі стогнуць: «Господи, помилуй, Господи, помилуй...» Аднойчы я іх убачыла ў бані, гэта былі шкілеты з вялікімі крыжамі на грудзях, жудасныя й счарнелыя. Нават Віктор Гюго ня змог бы апісаць такой нэндзы, у якой жылі яны. Раз пабралі ім вопратку, спалілі яе й на месца спаленай палажылі казённую. На дварэ быў мароз 40°, і яны не апранулі казённае. Страх было глядзець, як голыя ў такі люты мароз беглі ў барак. Яны паміралі пры мне ў Абезі, як мучаніцы. Калі далі ў баракі радыё й лозунгі, дык яны, няшчасныя, не маглі гэтага сьцярпець і, наколькі былі ціхія, усё ж лозунгі зрывалі, а радыёточкі проста разьбівалі. Тады ім саджалі дзяўчат, каб тыя вартавалі, але мы былі душою з манашкамі, і калі было трэба, дык «стража» выходзіла, а манашанькі распраўляліся з радыё. А то старэнькія ў неймаверным лахмоцьці ўцякалі ў жудасныя ўборныя і там, як шэрыя камякі, сядзелі днямі пад сьценамі ў смуродзе й брудзе. Брыгады нанач зьбіралі іх і сілаю адводзілі ў баракі. Яны стагналі, так ненавідзелі ўсё, да чаго іх змушалі. Ужо нічому й нікому ня верылі. Дзяўчаты злаваліся на іх, бо пасьля працы і ўсякіх шмонаў і шпаркі блашчыцаў, якія масава вядуцца й на поўначы, ім трэба было яшчэ валачыць сілаю няшчасных, каб не памерзьлі насьмерць. Яны ўсё посьцілі, елі свой хлебушак, маліліся й чэзьлі. Такіх стойкіх, як былі яны, я не сустракала болей. Яны, раз зьняверыўшыся, не маглі й не хацелі болыд слухаць усякай хлусьні, проста паміралі. Наагул нейк верылася толькі людзям, якія не адракліся Бога. Такія толькі й былі стойкія й спагадлівыя заўсёды. Такія не падводзілі. Вельмі моцна трымаліся, хоць ня так адчайна, грэка-католікі. Было многа баптыстаў, яны трымаліся цеснай групай, але былі занятыя толькі сабою. Выдзяляліся многім, хоць бы тым, што вечна плакалі й заводзілі. Зьбяруцца ў канцы лагеру ля ўборных і падымуць такі плач «ля сьцяны Іерусалімскай», што мароз ідзе па скуры. А нам плакаць было нельга, бо трэба было нам выжыць. I дапамагаць нам трэба было кожнаму чалавеку бяз розьніцы нацыі, рэлігіі, пераконаньняў, проста хоць маральна ратаваць людзей. Баптысты прыставалі да мяне горай за тое начальства... «Вы ж мусіце быць з намі, – казалі, – вы ж такая, як мы». I калі мяне асабліва мучылі, дык казалі, што гэта Бог дае мне пазнаць, што мне ўжо час перайсьці да іх... Яны вербавалі сабе «веруючых», і вось адна масквічка, здаецца, пайшла да іх. У іх былі пасылкі з волі, і гэта было даволі выгадна. Надзела бабка даўгую сукню, схавала валасы пад хусту і ўсё тварыла, што і іншыя, да тых пор, пакуль не памёр Сталін. А пасьля, калі пачыналі пакрысе пускаць людзей дамоў, яна скінула ўсе лахмоцьці й пайшла да Вераксо ў кардэбалет і такія каленцы там яшчэ выкідвала, што ўсе хахаталі. Была там яшчэ такая вельмі пабожная, якая не давала мне жыць, што трэба ні аб чым ня думаць, нічога не хацець – ні вайны, ні асваба-джэньня, ні помсты на ворагу – і ўсё даказвала мне, што я аб гэтым усім думаю й каб як найхутчэй адраклася. Выглядала гэта вельмі дзіўна, і, нягледзячы на яе посны твар, так і думалася, што і яна з кардэбалету, але не ад Вераксо... Іншыя былі больш-менш нармальныя, але людзей не было ім жаль, вось толькі сваіх «веруючых»... I наагул было розных сэктаў, напрыклад, нейкія «плясуны». Прыехаў раз этап, разьмясьцілі жанчын па нарах, і раптам пад вечар пару з іх саскоквае, пачынаюць такую пляску, як упіўшыся на вясельлі. Мы думалі, што ў іх ня ўсе ўдома, а гэта ж такая іх сэкта... А верыць было так проста: маліцца, любіць людзей і выжыць, усім жыць.
        Нідзе, як тут, ня ясна было, што «вера без дел мертва есть», а без любові да людзей – тым болей. Я часам думала, як чуўся б і што ў гэтых варунках рабіў бы які са-праўдны амэрыканскі місіянер? Якую ён тут застасаваў бы тактыку? Я толькі ведала, што не заўсёды трэба быць голубам, у гэтым выпадку – лепей лісою. На ражон бы-ло лезьці ня час, а, як той лекар казаў – перахітрыць ворага. Дзіўна, што яны найболей баяліся ўсе ж рэлігіі. За малітоўнымі кніжачкамі й абразкамі дык проста палявалі. Аднойчы я ляжала хворая, засталіся ў бараку й другія дзяўчаты і, карыстаючы з гэтага, маліліся. Увайшлі надзоркі, з якіх найболей дурная й найболей лютая была нейкая Дунька. Пачаўся шмон. Убачыўшы малітоўнік, Дунька накінулася на дзяўчо, як гіена. Дзяўчына пачала ўцякаць, скакаць па верхніх нарах, Дунька за ёю ў сваіх боцішчах. Малітоўнічак кінулі мне, і я яго ўраз прыхавала, а сама пачала стагнаць. Дунька не знайшла яго, з чаго ледзь ня выла. Наагул надзірацелі былі нелюдзі. Калі аднаму з іх, нейкаму Кір'янаву, нарадзілася дзіця, дык людзі не пыталіся: хлопец ці дзяўчына, а канваір ці надзорка? Ніхто ня мог уявіць сабе, што з гэтых кацюгаў можа быць нешта іншае. Кір'янаў пасьля сьмерці Сталіна, кажуць, пайшоў вучыцца на афіцэра. Так, зусім на гэта адпаведны элемэнт, ад нечалавечага выразу твару пачынаючы.
        Людзей у лагеры амаль ня білі. Мяне дык біў толькі раз нейкі Іваноў за тое, што не хацела йсьці мыць падлогу ў воінскі барак. Я так і не пайшла, але ўжо енчыла, што мела сілаў, аж адскочыў ад мяне й кінуў біць. Нас мучылі вышукана маральна. Забіралі нам спакой, рвалі, як маглі толькі, нэрвы, ганялі, усяк прыніжалі. Штодзённа мы павінныя былі казаць ім канец сваяго сроку. У мяне гэтае «сьвята» прыпадала на 73-ці год! Вось мы мусялі такое па-мятаць. Нас жудасна апраналі, забіралі ўсе нашыя паперкі, забівалі нашыя радасьці. Не, усяго не перасказаць... Ніхто з іх ня меў літасьці, і гэта палохала найболей, знача, ня будзе на зямлі людзей – адныя ўзаемныя мучыцелі толькі... Мне, праўда, і сяньня ня лепей, мучаць яшчэ болей прадумана й садыстычна, як некалі... Вера толькі ў сілу, а рэшта ўсе ня мае значэньня паводле іх. А сілы гэтае ніхто яшчэ не парушыў, яе прызнаюць, і енкі няшчасных мільёнаў зьняволеных моўкнуць у тундры, у пустынях і стэпах гэтай надзеленай прасторамі й дзікасьцю краіны, якая мучыць і губіць даўно ўжо самую сябе, ня знаючы меры.
        Пасьля байкоту канцэрту мне зноў прыгразілі «сухарыкамі» й заперлі ў такую брыгаду, гдзе ні дыхнуць. Вярнуўшыся з працы, я заставала свае нары як пасьля землятрусу. Усякая нечысьць зьдзекавалася нада мною ў вочы, во прыдуркі. Нарэшце я ня вытрымала й пайшла да начальства. Быў там нейкі беларус, так і перла з яго нашая мова. Вось я яму й вылажыла свае погляды. «Лепш вы ўжо раз мяне забеця й не дазваляйце кожнаму мучыць мяне, гэта ж так нізка...» Рэзультат быў той, што далі мяне ў брыгаду штукатураў Марыі Мельнік – шкуры, не чалавека. Я гэта ведала, стала хітрэйшай. А сябры пісалі, і вершы пісаліся й палілі мае далоні, іх трэба было рассылаць, каб жылі й думалі так, як я. Бяліць і папраўляць печы нічога, але вось паставілі мяне тынкаваць столь. Кіну раствор на столь, а ён мне ляп назад у вочы... 3 вапнаю жа й ніяк мне не атрымоўваецца. Нарэшце сябры прыслалі мне шахцёрскія акуляры, ды я крыху падвучылася гэтай мудрай штуцы, і ўжо было лягчэй. Мельнік мяне ад сябе не адпускала, а яе падружка нейкая Надзя Карава папярэдзіла мяне, што Мельнік так і працягваюцца рукі, каб мяне задушыць уначы за тое, што я супраць «любімае родзіны».
        Можна думаць, як я там чулася, ведаючы ўсё яе выслужваньне немцам... Розум тут ня дзейнічаў, усё залежала ад шчасьця.
        3 Ольгай Мароз была ў нас адна доля й адна папулярнасьць у добрых людзей. Была ў лагеры й англічанка Кэтты, жонка нейкага важнага таварыша. Мела двох сыноў на волі, мужа, які ад яе, здаецца, адрокся, і, як сапраўдная камуністка, непрахадзячую любоў, якую ад Сталіна перанесла цяпер на Леніна. Яна ўсё брала на розум, але я ёй аднойчы расказала ангельскі фільм «Дзьве тысячы жанчын», які я ўбачыла ў Празе, і гэта кранула яе не на жарты. Кэтты была худая, тонкая, рыжанькая й не благая. Як і мы ўсе, чысьціла ўборныя, а чысьціць было што й кіркаваць... Уборная – гэта таксама нейкі падыход да камунізму, вялікі рад дзіраў, і там «калектыўная творчасьць» з раніцы пачынаючы, і чарга, і погляд на гэтае ўсе, і роздум...
        У Менску яшчэ нейкая Болбат, мянчанка, цьвярдзіла, што ў лагерах пачнецца яе сапраўдны камунізм, у які яна вельмі верыла, і вось пачынаўся ад супольных нараў, гдзе з-за цеснаты ўсе па камандзе паварочваліся на той ці іншы бок, з супольнай кармілкі, бані, працы, да тае жудаснай уборнай, успомніць якую страх... А недзе ў сьвеце ўсе ж жылі жанчыны, капрызілі, апраналіся ў розныя моднасьці і, можа, наракалі... О, калі б яны бачылі гэтае хоць у сьне, яны, напэўна, ня ведалі б межаў асабістаму сваяму шчасьцю. Быць пры сваіх дзецях, быць з мужам, мець сваю хатку, гдзе хлеба ўволю на стале і ціха, ціха, як у храме...
        Хрысьціяне сябе нейк узаемна пазнавалі. Нягледзячы на веравызнаньне, кожны, хто верыў, хіліўся да такіх, як ён. Усюды на поўначы панаваў аўтамат, як і ў літаратуры, як і ў гульнях дзяцей да сяньняшніх дзён. Так, аўтамат гэта сіла: кожны тупы елуп можа трымаць сотні найлепшых безабаронных людзей і рабіць з імі, што сам хоча. Змушаць іх, напрыклад, пераносіць горы сьнегу з месца на месца да абсалютнага ўпадку сілаў ці проста страляць ля нас, а калi мелі неасьцярожнасьць адысьці ўбок, дык і ў нас. Гэтыя аўтаматы так доўга заглядалі нам у вочы, што сяньня яны здаюцца нам сімвалам камунізму, супраць якога ў нас заставаўся – крыж. Адзіны, беззаганны й бясстрашны, які не пакінуў нас у нашых суровых выпрабаваньнях – нашая мужнасьць і нашая сіла. I вось у гэты жудасны час мы думалі сабе – ніводнага. кроку ў бок ад вучэньня Хрыста й ніводнага слова іначай! Ёсьць жа нейкая чалавечнасьць на сьвеце, на якую мы спадзяемся, бо мы толькі да канца пазнавалі жудасны твар джынгісханаў і нам з імі не па дарозе.
        Аднойчы начальства загадала выбраць прыдуркам саракалетніх жанчын і асобна іх вывесьці за зону ў Інту, бо на маладых там заглядаюцца. Нас выбралі, але ня проста так. Сабралі ля вахты ўсіх прыдуркаў і ўсё шумавеньне, якога нідзе не бракуе. Яны паднялі нас на сьмех агідны, брудны, з непрыстойнымі каментарыямі. Начальнікі паціралі рукі, а адна латышка, мілая, спакойная жанчына, плакала й шаптала мне, што такога прыніжэньня нават на жудасным сьледстве не адчувала. Тады я, злосна глянуўшы на адну бяззубую дзяўчыну, сказала: «Паглядзі на сябе ў люстэрка й на гэтых, чужых табе жанчын, яны як дзяўчаты ў параўнаньні з табою, а ты – бяззубы й гнілы пень пры іх». Цкаваньне змоўкла, і толькі т.зв. нарадчыца са зьняволеных, нейкая рабая і агідная Галя Цярэшчанка, доўга душылася са сьмеху, схаваўшы свой рабы твар у рабыя далоні. А побач стаяла Тамара Аляхновіч, дваццаціпяцілетніца таксама, і худы даўгі яе нос трэсься ад хохату.
        У лагеры была адна амэрыканка Аліса Алекс Максімава. Была яна зусім маладая, але зусім сівая. 3 яе пасьмейваліся, бо яна, напрыклад, сваю сьціплую пайку ўмела яшчэ падзяліць з галоднымі варонамі, якія кружылі над лагерам, гаворачы, што ў Амэрыцы любяць жывёлу й птушак так, як і людзей. Аліса была вельмі інтэлігентнай, цудоўна апавядала. На этапах і ў Абезі ў нас была маленькая група, мы сэпараваліся крыху ад іншых, шчыра гутарылі й стараліся, каб у нас быў заўсёды харошы настрой. Часта Аліса, якую прадала яе ўласная мачыха, так сумавала, што прыходзіла да мяне, каб сказаць, што пакончыць пэўна самагубствам. На гэта была ў мяне адна рада. Я даставала кусочак хлеба, калі было, дык яшчэ што, мы крыху елі, і Аліса зноў магла жыць. 3 ёю было мне вельмі бясьпечна й лёгка, а на этапах мы не разлучаліся, бо вельмі не давяралі іншым. Вязьлі нас разам – як «інастранкі». Была ў лагеры й нейкая каханка Бэрыі, якая ўсімі сіламі старалася заўсёды даказаць нам, што яна, толькі яна адна, тут нешта значыць і зусім без віны. Калі ў яе быў добры настрой, дык расказвала, як цалаваўся Сталін і як пахлі яго вусы. Пра Бэрыю яна нечаму маўчала. Была гэта жудасная качарга, і як паслухаць было, якія машыны з маскоўскімі прыгажунямі шмыгалі пад маркай дыпляматычных у Крэмль, дык дзіўна было, што і яна там выкручвалася ля тых крывавых бэстыяў. Некаторыя жанчыны, як, напрыклад, Тарасенка Соня, якая ўсё жыцьцё недзе правяла толькі ў лагерох, зусім ужо не была падобна на сваіх сёстраў. Хадзіла толькі ў нагавіцах, голас мела грубы й твар нейк зморшчаны не па-жаночаму. Было такіх некалькі, і гэта нейк было сумна. Самай страшнай была немка, шпіенка Кацька. Гэта была прыгожая дзяўчына, але страх браў на вярсту ад яе. Працавала толькі ў партноўскай. Кажуць, што яна прадавала і канваіраў, і нават начальства, ня кажучы ўжо аб зьняволеных. Яна выехала ў Германію разам з іншымі харошымі й горшымі дзяўчатамі з Аўстрыі й Нямеччыны. У апошні час немкі пачалі атрымоўваць пасылкі праз Чырвоны Крыж, лісты й здымкі й жылі толькі надзеяю ад'езду дамоў. Апакоўкі іх пакетаў мы разглядалі, як якія ўпрыгажэньні кватэр.
        Пасьля сьмерці Сталіна пачаўся абмен канцэртнымі тру-памі па лагерох. Атракцыяй была жаночая трупа. Дзяўчаткі пачалі езьдзіць па ОЛПах. Мне гэта было выгадна тым, што сябры мае пасылалі глюкозу сапраўдную й цукеркі. Часам і грошы для нас усіх, а часам які матэрыял. Аднойчы купіў такога многа мэтраў сам Косьця Шышэя. Гэта быў жоўты, як яешня, паркаль у вялікія чырвоныя кветкі. Мы падзялілі гэта між сабою й шылі хто што мог. Я зрабіла з гэтага верх для коўдры, бо Маці Марта прыслала мне ваты. Пад лагерным коцам (*123 - коц (дыял.) – баваўняная або шарсцяная коўдра) я вельмі замярзала. Косьця пытаўся, ці пада-баецца падарак? Я ўсім загадала падзякаваць і напісаць, што падабаецца, а сама выразіла вялікую ўдзячнасьць, што каб мой родны сын купляў мне нешта, дык купіў бы, напэўна, падобнае, бо ў мужчын ужо такі густ. Мая гэта коўдра вельмі падабалася жонцы Пракоф'ева. Яна была іспанкай і казала, што ў іх такі сьцяг – чырвоны й жоўты. Была гэта старшая, але яшчэ прыгожая жанчына, сыны ёй пісалі, а сам Пракоф'еў, здаецца, з ёю разьвёўся. Увосень мы яшчэ будавалі дамбу ля Інты на некалькі мэтраў, высокую. Былі разам лёд і балота, мы з насілкамі валаклі зямлю наверх дамбы, сьлізгаліся, падалі ў балота. Лайма не магла злапаць паветра, другіх калаціла эпілепсія ці сардэчныя прыступы. Вельмі стараліся толькі літоўкі. Казлоў раздаваў усім па папяросе.
        Часам былі ўзварушлівыя хвіліны. Мы працуем на базе ОРСа (*124 - Аддзел раеннага забеспячэння), а што гэта, я й сяньня добра ня ведаю. Бліжыцца Новы год, і мы ачышчаем зону ад неймавернай колькасьці сьнегу. Здаецца, што гэта база засабляе Інту, галоўнае яе начальства прадуктамі. Бліжыцца вечар, неба зрабілася чырвоным, ліловым, жоўтым, наагул несказана прыгожым, але мароз пранізвае бушлаты, мы дрыжымо. Адкідаць сьнег гэта не кіркаваць, пры ломе й кірцы нават у 40 спацееш, а тут мы зьбіліся ў групку, грэемся словамі, хочам у зону, бо зьмерзьлі. Каля нас шмыгаюць вальняшкі й бытавікі, якія, расканваіраваныя, працуюць на гэтай базе. Іх мы пазнаем па тым, што яны, як і мы, у бушлатах. Здалёк узіраецца на нас высокі стройны юнак, твар у яго нейкі няроўны, але вельмі прыемны, рашучы, нейкі інтэлігентны. Ён зьнік недзе, пасьля зноў паказаўся й вось падыходзіць. да нас, хоць збліжацца да нас нельга. Падышоўшы, ён расшпіліў ля нас сваю целагрэйку, і на паўночны зьледзянелы сьнег пасыпаліся самыя сапраўдныя паўдзённыя мандарыны. Мы анямелі спачатку, а пасьля, як дзікуны, накінуліся на іх, рвалі іх са сьнегу, тапталі, вырывалі сабе з рук гэты цуд на поўначы. Юнак, які для нас украў у сытага начальства гэтую радасьць, зьнік, і добра, што ён ня бачыў нашых паводзінаў. Аднак мала хто зьеў тую мандарынку, мы іх прынесьлі ў зону, аддалі дзецям у іх зоне, падзялілі па долечцы паміж сабою. Мы здолелі на Вялікдзень падзяліць адно яечка на 30 частак, каб разгавелася ўся брыгада. Зноў перад Вялікаднем у Вялікую Пятніцу раз нас павялі чысьціць Інту, яе ўскраіны. Яшчэ былі горы сьнегу, але сонца крыху прыгравала. Мы ўсе амаль посьцілі, было нам сьветла нейк ад надыходзячага вялікага сьвята. Хрыстос, Ён адзін быў вечна з намі, і мы адчувалі гэта. Калі нам было найгорай на сьледстве ці ў другіх страшных выпадках, мы з даверам шапталі: «Цела й Кроў Ісуса Хрыста, ратуй мяне». Дапамога адчувалася. Бог мог перамяніць душы нашых мучыцеляў, мы ў гэта верылі. Вось мы, замучаныя, селі на сьнег, бы тыя курапаткі, нешта гаворым. Да нас падышоў, пагаварыўшы з канвоем раней, нейкі чалавек, ён нёс нам вялікі скрутак! Там былі селядцы, хлеб і, можа, два кілаграмы каўбасы. Аказалася, мы працавалі ля нейкага каўбаснага цэху ў Інце й нашыя быўшыя зэкі, работнікі цэху, так хацелі парадаваць нас. Дзяўчаткі ўсё прынесьлі мне, каб разьдзяліла. Селядцы я разьдзяліла роўненька ўсім, а каўбасу мы перанесьлі ў зону й пасьля спраўлялі разам Вялікдзень...
        Часам было жудасна. Нас павялі вясной капаць канавы там, куды вывозілі нечыстоты. Лагер быў тут адвечны, аднагодак, пэўна, савецкай улады, і гэта ўжо было трансава з аднаго бруду. Толькі ў гэтыя дні мы не хацелі есьці, не маглі. Усё пырскала нам у твар і на вусны, мы прасьмярдлі, і нельга было адмыцца. Пасьля зноў вялі нас капаць траншэі, і гэта было так цяжка, але ўжо лепш...
        А хлопцы нам кідалі свае запіскі, мы іх прагна лавілі. Літоўкі пераносілі іх адчайна. Ды за любоў ня так і каралі. Наагул, калі трэба было нешта зрабіць, дык толькі пад гэтым прыкрыцьцём. Савецкія сьледавацелі з надзвычайнай радасьцю капаюцца менавіта ў розных пачуцьцях і авантурах. Хлебам іх не кармі, а дай магчымасьць пазьдзекавацца з нечыіх любоўных спраў. Вось мы й вывучылі іх псыхіку й пад гэтай маркаю трымалі кантакты. Яшчэ адну слабасьць мелі тыя сьцервы – арыгінальна арыштоўваць свае ахвяры. Гэта яны лічылі сваім майстэрствам. Жанчыну, за якой яны палявалі, заганялі ў неймаверныя сытуацыі. Спачатку ўпіваліся яе страхам і болем, бо ж беднай куды ўцячы? Тады недзе ў кіно, на вакзале, на спацыры яе падманвалі ў летняй сукеначцы й тады ўжо душылі за горла... Выхваляліся пасьля, такое знушчаньне называлі подзьвігамі разьведчыкаў...
        Пасьля сьмерці «самага мудрага» паявілася ў нас болей яўрэяў. Гэта былі ленінцы. Яны стараліся мне давесьці «веліч» гэтых ідэяў... О неба, я жа іх бачыла на практыцы й хіба ж паверу сваім вачам, ня іх словам! Але калі я даходзіла, яны мне давалі глюкозу, пасьля якой я ажывала. Раз грузінкі і яўрэйкі зрабілі мне нават такі сюрпрыз. На мой дзень нарадзінаў, аб якім ніхто ня ведаў, яны падаравалі мне алавіка й некалькі сшыткаў (во скарб), а калі я вярнулася з працы, завялі мяне на кухню, гдзе быў накрыты стол з яўрэйскіх і грузінскіх пасылак і быў нават бісквітны сапраўдны торт. Мне было дзіўна. Другія гады мяне віталі ўсе нацыянальнасьці, а раз свае беларускія дзяўчаты рана перад разводам прынесьлі мне «торт» і свае ўпамінкі: хустачкі да носа, алавічкі, зубную шчотачку і т.п. Торт быў тыпічна лагерны. Жанчынам так хацелася не-шта кулінарыць... Гэта быў торт са зьмеленых, высушаных паек хлеба, разьмешаны салодкай вадою й пераложаны павідлам з сухіх яблыкаў з нейкай украінскай пасылкі, пасмараваны маргарынам зьверху, пасыпаны цукрам. Гэта быў надзвычайны прысмак, але сяньня я яго ня ела б... Дзяўчаткі былі так узрушаныя, сьлёзкі ў вачох... Я хацела дзяліць той торт між усімі, але яны сказалі, каб перахаваць яго нейк і вечарам мы яго разам зьямо. Што ж, наша брыгада працавала ў зоне, рамантаваліся печкі. Я паставіла торт на верхнія нары, прыкрыла ручніком. I тут шмон, ды які! Начальства з Інты! Спачатку прыбег з крывавымі вачыма Кір'янаў, падыме нары і як лясьне імі, гэта ці пасыплюцца з іх блашчыцы. Падыходзе да маіх нараў. Як падняў іх, так торт і падскочыў, як ляснуў – торт і прысеў! О Божа, я ж цяпер з БУРу ня вылезу, але ён нейк са злосьці гэтага не заўважыў, шукаў блашчыцаў. За ім жа ідзе хмара надзорак, і во будзе шмон... Я за торт, у сушылку з ім, а там быў у карыце раствор, бо рамантавалі печ мы. Я той торт у ручнік, зьверху ў папер, папер аблажыла цэгламі, а на цэглы – раствор. Свае ложкі паставіла ў кветкі, бо на стале стаяў букет з іван-чаю, так я іх выратавала... Сама стаю з масьцярком ля карыта й працую. Усё ператрусілі сьцервы, але ў карыта не дадумаліся... Вечарам прыйшлі мае дзеці... Хоць плач, яны, бедныя, тры дні ня елі сваіх «пончыкаў», свае рыбы, цукру. Усё гэта зьбіралі, хавалі на гэты дзень, мае харошыя, такія шчасьлівыя, і вось мы разам, нават Люцыю Антонаўну паклікалі. Нас так многа. Маўчым, гутарым, крыху сьпяваем, але найбольшае ў сэрцы й назаўсёды. Так мы той год спатыкалі й сваю Каляду. Болей 30 беларусак, стол свой у сталовай (Сталіна ж няма!), ля кожнай нарысованая віншавальная картка са словамі з Евангельля ці іншай вечнай мудрасьцю й поўны стол! Надзорка пытаецца: «Чыя брыгада?» – «Ларысы Геніюш», – адказваюць дзяўчаты нейк бязбоязна, горда й глядзяць на мяне, штрафніка, якога маюць адвезьці, а радыё ў сталовай грае якраз «Радзіма мая дарагая». Першы раз чую гэтую песьню, ледзь ня плачу. Знача, недзе хоць крыху яшчэ жывем, яшчэ нехта так моцна, так шчыра адчувае нашую Беларусь...
        Яшчэ адзін дзень нарадзінаў, але ён быў, здаецца, раней. Брыгады ў зоне, лета, цьвіце іван-чай. 3 раніцы йдуць віншуюць мяне ўсе амаль людзі, усе нацыі. Букетаў няма гдзе ставіць. Літовачкі нарысавалі Юру, які адзінока сядзіць над Нёманам. Ямо разам іх падаркі, пасьля беларускія, украінскія, рускія, латышскія і г.д. Так да вечара. Я ўчадзела ад добрых слоў, ад пачуцьцяў людзкіх. Элка напісала: «Паэт – паэту» – усе цытаты аб паэзіі, асабліва сваяго ўлюбёнага Маякоўскага, вялікія два аркушы. Прывітаньняў высокі стажок. Назаўтра ад сяброў цераз дзяўчат, яны ня ведалі, верш з загалоўкам «Нявольная маці нявольных сыноў» – як яны на руках панясуць мяне дамоў... О, мары сьветлыя патрыётаў, харошых маіх сыноў... Я хаваю гэта ў сваіх рэчах у капцёрцы. Ноччу на мяне нападаюць, валакуць у капцёрку. Я дастаю пакрысе свае рэчы, а запісачку тую дарагую адкідаю ў кут. Надзорка бярэ яе. Мяне выклікае страшны, дурны опер. «К каму пісаная гэтая запіска, каму?» – «Ня мне, – кажу, – але аба мне!» Ведай гад гэтыя словы Сыноў аба мне! Ён амаль усе аддае мне, але тое дарагой запіскі, ліста ад Элкі і інш. не дае. Добра, што хоць ня ў БУР... Нешта гаворыць мне пра срок, так я кажу: «Усе дарогі вядуць за зону, гэта знача на волю».– «Нет, все дороги ведут к коммунизму», – пярэчыць ён мне, іншых гарызонтаў у такіх не бывае...
        Я ўмею шапкі шыць і рукавіцы. Шыю іх з лахманоў для найбяднейшых бабак і так цешуся гэтым... А як там мой муж, мой сын, і ім, пэўна, холад?.. А ўся мая сям'я? Ад'яж-джаючы, я пакінула ўдома бацькоў абаіх, трох братоў, трох сястрычак. Гэта было ў канцы 37-га года, я ехала ў Прагу да мужа. Яны ня плакалі, а мне плач разьдзіраў грудзі. Яны не паэты, гэта паэты ўсё чуюць наперад. Цяпер тата мой, мажны й харошы, арыштаваны ў 39-м годзе, забіты ў гродзенскай турме, мама памерла на высылцы ў Казахстане ў 1945 годзе. Каханы з братоў Расьціслаў, мэтар дзевяноста пяць см, высокі, з галавою, як залацісты сноп жыта, загінуў пад Бэрлінам 28 красавіка 1945 года. Маладзенькі Аркадзі, які разам з Аляксеем пайшоў з высылкі ў армію Андэрса, ляжыць у польскай братняй магіле ў Ларэта ля Рыма, маленькая Люся ў 1954 годзе загадкава памерла ў Вроцлаве, Аляксея велікадушна Англія прыгарнула, а Ксеня й Ніна выстаўленыя на ўсе правакацыі ў Польшчы, як і няшчасны мой сын... Муж зусім адзін у Варкуце недзе, як я ўжо пазьней даведалася, і я... Толькі я не адна, са мною заўседы людзі, асабліва ўкраінцы, якіх так нязьмерна цаню, і добры Бог са мною, а пасьля лагеру й мой муж...
        А пакуль я ўваходжу ў новы лагер, у інвалідзкі Абезь. Яшчэ я ня ведаю аб сьмерці мае любімай наймалодшай Людмілы, ня ведаю яшчэ, напэўна (толькі са сноў), што сядзіць у польскай вязьніцы сын мой і яму цяжка... У Абезі выбеглі супраць нас калекі, розныя гарбуночкі, старушачкі. Тут ёсьць карпусы хворых тубэркулёзьнікаў, есьць болей за 40 хворых псыхічна, у іх агароджаны барак, і там нам уступу няма. Няма тут ні вала, ні каня, як на Інце. Бабкі самыя на сабе возяць і ваду, і вугаль, і прадукты, і ўсе нечыстоты. Найболей тут, як і ўсюды, украінак, яны ўжо сухенькія, пачарнелі, але як жа яны добрыя, ласкавыя да харошых людзей, як жа лютыя й злосныя да недругаў. Яны, здаецца мне, ведаюць усе на зямлі, гэта цярпеньне адчыніла ім вочы на ўсе праявы жыцьця іх цяпер.
        Вось я ў Абезі, але думкамі ўсё яшчэ на Інце. Не магу забыцца, як падышла да мяне вельмі прыгожая расейская дзяўчына Аня Бандарэнка. На работу яна ўсе старалася так завязаць хустачку, каб чубік харошы было відно, бушлат свой падганяла па фігуры. Хацелася ей падабацца, хоць сасонкам, хоць людзям, якія глядзяць на яе, а можа, сабе самой. Аднойчы прыйшла да мяне моўчкі, доўга стаяла, а пасьля папыталася ціхенька: ці я выслухаю яе, ці памагу, ці змагу палюбіць яе, нягледзячы на тое, што яна расейка? О, як жа сьмешна! Аня, мілая, харошае дзяўчо, ці ж ёсьць, ці ж можа быць тут розьніца між вамі ўсімі, такімі беднымі, такімі дарагімі... «Ты як дзіця мне, – кажу, – і будзеш заўсёды кусочкам сэрца маяго». Я заплакала, такія пытаньні былі не на месцы, у вачох доўга стаялі Стасяле Міляўскайце й Зося Будрыце – літоўскія студэнтачкі, якія лічылі мяне болей сваёй, як мае дзяўчаты. А Шатрыя... Падыдзе часам, калі хаджу адна, і скажа ўсё, аб чым я думаю, так мяне ведала, а другія... А полька Марыя, маладзенькая, высокая, сьветлая: «Пані Ларыса, ці праўда, што такія, як я, недзе цяпер «адоруюць» (*125 - Адораваць (польск. аdorwac) – пакланяцца) перад вобразам Божым у касьцёле. Яны, пэўна, як анёлы, і мне так хочацца быць з імі, ня буду, пэўна, ужо, вырасту вельмі... А мне так халадно бывае, і тады я плачу, і сьлёзы зьмярзаюцца, ці вытрываю 25 лет?» Мілыя вочы ўпіраюцца ў неба, і такі жаль на прыгожым тварыку... А Марыя-беларусачка, савецкая патрыётка, але чысты такі, ня лжывы чалавек. Ляціць да мяне з кожнаю сьветлаю весткай і сама зьзяе... А Нуся Зарэцкая, малая ўкраіначка, якая ледзь ня плача й пытаецца, ці сапраўды ў Амэрыцы так забіваюць неграў, як нам паказвалі ў фільме паводле сцэнарыя нейкай эстонкі? Успакойваю, паясьняю, дзіця верыць мне, і ей лягчэй. Яна ўсе вучыць вершы на памяць, некалі хоча гаварыць іх людзям, і ёй 25 год пакараньня: сьледавацелем у яе быў сын Каўпака, а ёй было, мусіць, 18 годзікаў, а можа, і меней... Але былі і іншыя, напрыклад, прыехала нейкая медсястра з Варкуты, уходжаная (на агульных працах не працавала), усё нейчая любоўніца... Прэцца ў нашае таварыства. Вось імяніны пані Тэрэсы. Яна манэўруе словамі, нарэшце чытае цудоўныя вершы – нешта аб белых «пціцах». Мы захопленыя, перасказваю іх Элцы, якая ведае болей як дзьве тысячы вершаў, чым часта сагравае мяне на аб'ектах, і яна хахоча! Верш, здаецца, Цютчава... Ну й дрэнь баба!
        Мы рамантуем другую вахту, носім пад падлогу жвір, палажылі дошку й па дошцы цераз вакно – гэта хутчэй і лягчэй. Адыходзячы, дошку нехта адкінуў на драты. Ноччу пярэпалах, будзяць нас, строяць, правяраюць сьпярша брыгаду, пасьля ўвесь лагер. Жарты – працавалі так блізка дроту і была дошка там, і была Геніюш там, во як хто пералез? Назаўтра яўляецца да мяне слаўная «дэкляматарка», прысела й пачала казаць: «Вось каб гэта ўцячы так праз дрот, зайсьці ў Інту ў нейкую хату, там забіць людзей, забраць ад іх адзеньне й пашпарты і ўцякаць на волю...» Слухала я, слухала й кажу: «Заткніся, бабо, і йдзі, скуль прыйшла! Мэтады, аб якіх гаворыш, вартыя цябе й тых, якія цябе паслалі, надта па-свояму вы ўсе абдумалі, сьпеця спакойна, мы выйдзем і так і перажывем яшчэ ўсіх стукачоў...»
        На аб'екце правяраюць канвояў, нейкі маёр доўга ўсё круціцца ля нас, а пасьля пытаецца ў мяне, ці пазнаю, якое ён нацыі? А скуль я магу ведаць? «Я комі, – кажа, – бачы-це, якія мы цяпер сталі, а якія былі!» – «Так, – кажу, – былі вы аленяводамі, людзьмі, і край ваш быў мілы вам і, можа, людзям, а цяпер вы адзіны страшны лагер, і вы куды горшыя, як былі, вы дзікія цяпер нелюдзі, якія прададуць за грошы ці муку любога няшчаснага, які б падумаў згэтуль уцячы...» Ён замоўк і адышоў... А мы часта іх бачылі, комі, надта нечаму яны не любілі, калі ім сказаць «зыране». Езьдзілі яны ў маліцах, такіх скураных балахонах да зямлі, і доўгімі пугамі паганялі аленяў. Былі там і дзяўчаты ў белых вышытых шапках, з косамі. Найчасьцей езьдзілі гурбой і крывіліся, убачыўшы нас, адварочваліся з агідай. Так ужо іх звучылі. Ну, а яны для нас былі дзікай экзотыкай. Нейк вывелі нас многа брыгад на Інту. Працуем, а начальства так і круціцца ля нас. «Вот сделали преступление, и работать надо», – кажа мне нейкі тып у афіцэрскім шынялі да пят. «Нічога, – кажу, – калясо гісторыі круціцца, сяньня мы, заўтра вы...» Ён і скочыў: «Вы знаете, что делают американцы, напалмом Корею жгут». – «Я не знаю, что где-то делают, я вижу, что здесь жгут морозом и мерзлотой миллионы людей, и это не лучше...» Загадаў мне павярнуцца плячыма, запісаў нумар Прозьвішчаў тады ў нас не пыталіся. Хлопцы нешта робяць ля шурфоў каля нашай зоны, выкручваецца там і Слаўка Прыстаўка здалёк. Кінулі мы запіскі і іх забралі, а там мой верш! Які ж перапалох! Наехала начальства, мяне ў БУР «Вот что она наделала, контрреволюция!» А там было пра тое, што ў нас у траўні цьвет вішнёвы асыпаецца гэтак, як сьнег тут у гэтую пору, і як бы добра было быць цяпер у роднай Беларусі і т.п. Я там добра прагаладалася, але нехта ім перавёў, відавочна, верш, і паглядалі на мяне ўжо бяз лаянак, моўчкі...
        Мы на аб'екце чысьцім сьнег, а побач за загародаю нашыя з 3-га ОЛПа. Мы ачысьцім пляц, зробім вытарфоўку, а яны будуць строіць па нас. Хлопцы пазналі мяне. Не працуюць, выйдуць, пастануць і ўсё глядзяць. Канвой раве на іх, страляе, а яны крычаць: «Ня бойся, мама, ён ня сьмее ў працоўнай зоне забіць нас». А я лекачу ўся, баюся за іх. Ляцяць запіскі... «Мама, мы шчасьлівыя, што мы маем сям'ю, нам лягчэй. Вось другія крадуць, нізка падаюць маральна. Учора адзін напаў на канвоя ў страі, яго падстрэлілі, гэта ён здурэў з гора, з адзіноты, а мы трымаемся, маці...» і г.д. Запіска была пісаная лацінкай, такая цбплая, добрая, я схавала яе. Лоўкія пальцы шманалак абмацалі і яе. Кузьняцова, загадчыца БУРу, строгая, страшная. Прыдуркі перад ёю становяцца на калені, калі правіняцца, яна не дароўвае. Выклікае мяне, што ж, я-то прасіць ня буду, дый гутарыць, як захачу... «Ну, что?» – пытаецца. Маўчу. «Что делать?» – кажа. «Што ж, – кажу, – парушыла рэжым, давайце кару!» Худы зацяты твар усьміхаецца. «Слухайце, Геніюш, а каб вы напісалі жалабу, можа, вас пусьцілі б дамоў?» – «Начальніца, а многа вы каго пусьцілі? Людзі пішуць і пішуць, а што атрымоўваюць?» – «Гэта яны, а вось паспрабуйце вы...» Так яна мяне й адпусьцiла. Ніхто ня мог паверыць, што яна магла так зрабіць. Яна сказала мне, што ей перавялі зьмест запіскі. Нас з таго месца работы забралі.
        А лекаркі былі злыя, асабліва нейкая Глафіра. Вывіхнула я нагу, і нага спухла, у войлак ня ўлазiць, ну й далі мне бюлецень. Што ж, трэба прадоўжваць бюлецень, нага не адыходзіць. Глафіра дурэе: «Я бачыла, як вы стройна йдзеце па зоне, вы ня хворая.» – «А я заўсёды стройная і ўпаду толькі раз, каб болей ня ўстаць, а пакуль нагі ў войлак не ўсаджу, вы дасьцё мне той бюлецень!» Сядзіць такая качарга за марлячкамі ў санчасьці, мае сабе яшчэ днявальную й горшая, куды горшая яшчэ за надзоркаў... А тую Кузьняцову, кажуць, што пару разоў прадалі прыдуркі, і яна мсьцілася пасьля на людзях, я, відно, крыху ёй вярнула давера.
        Адзін раз чысьцілі сьнег ля зоны, ля дратоў. Людзей расставілі. У мяне была гара сьнегу, і, калі ўсе разышліся і ў зону не было відна, падышоў канвой, сказаў, што ён з Магілёўшчыны й мяне ведае. Пасьля схапіў лапату й пачаў хутка адкідаць сьнег. Спацеў. Пачуў, што падыходзіць другі канвой, і адышоў памалу...
        Быў велькі этап. Усіх маладзенькіх кудысьці адвозілі, маіх дзяўчат. Былі гэта пераважна літоўкі, украінкі й між імі такая мілая Лена, Эліце, літовачка. Ей было 19 лет. Забралі яе й мужа Ігнася, якога яна вельмі кахала й толькі пра яго й гутарыла. Мілае дзіця было зьбітае на сьледстве, і найгорай было лётаць, казала. «Як лётаць, дарагая Эліце?» – я пыталася. «А вось ставіць сьледавацель табурэтку на табурэтку й так аж да столі, а наверх саджае мяне, а пасьля вырве апошнюю пры зямлі, і я лячу...» Пасьля мы сустрэліся. «О, поне Ларыса, – як казалі яны, – нас завязьлі ў лес, гдзе сосны пад неба, далі пілку, сякеру й норму, і хоць плач, але мы пасьля налаўчыліся, толькі раней быў там лагер блатных мужчын, якія ніколі не выконвалі сваіх нормаў, і мы мусялі выканаць за іх недароблены плян бясплатна. Нас замучылі, і мы ўжо зусім дайшлі, але нехта данёс гэта вышэйшаму начальству, і нас выратавалі. Што яны з намі чаўплі, што чаўплі...» – з вялікіх вачэй прыгожай Эліце толькі ліліся сьлёзы...
        Часам былі добрыя прыдуркі. Адна такая Наташа мела нават свой куточак, куды мы прыходзілі грэцца, памыцца. У яе было заўсёдый крыху хлеба. Там я сустрэлася й з Соняй Сьвідай, была яна нейкая сваячка жонкі Тарашкевіча, гулялі мы з ёю часта ў шахматы, але аднойчы яна папыталася ў мяне, ці СБМ і Самапомач – гэта тое самае? Гэта мяне настарожыла, каму ж да гэтага была справа? I я ўжо баялася яе... Доўга былі мы й з Люсяй Васількоўскай, з якой сустрэліся ў Горкім. На жаль, мае падазрэньне, што яна стукачка, пацьвердзілася. Але яна не была паганай. Раз ледзь ня ўдарыла мяне, бо я даказвала, што й тут капіталізм, толькі капітал у адных руках і ніхто яго не кантралюе... Яна спалохалася за мяне й сілай змусіла замоўкнуць.
        Вялікдзень, а мы за зонаю. Сьнег, марозік, кірка й лапата... Стала так сумна, і прыгадалася мінулае: Прага, муж, сын... I вось муж на працы, я чакаю яго, адхіляю фіранку ад акна, гляджу на лімузіны, і мне ўспамінаюцца далёкія хаты. Я п'ю за іх чарку віна й думаю, што некалі я ўсім сваім сёлам дакажу, як умею цярпець за іх і ўсё выцерпець. Адным словам – «адхіляючы цюль ад акна, з поўнай чарай, угору паднятай, я стаю ў задуме адна» – і вось кажу гэта сваім сёлам. Далей я верш забылася, а канчаецца ён нейк так:
        
        Поўнач, сьцюжа, вясьняныя сьвяты,
        сьнег і сьлёзы па твары, як соль,
        прада мною кірка й лапата,
        толькі сэрца ля хатаў і сел.
        I як колісь Сьвятое Расьпяцьце,
        з Яснай Чашы, ля Царскіх Варот,
        п'ю свой боль, як вялікае шчасьце,
        за пакутны каханы народ!
        
        Вось зьмест больш-менш таго велікоднага вершу. Жаль, я доўга памятала яго, але ўсе забываецца пад новым наплывам падзеяў і горкіх спраў. Забылася многа.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.