РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ян Баршчэўскі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шляхціц Завальня
 
або Беларусь у фантастычных апавяданнях
Колькі слоў ад аўтара
Нарыс паўночнае Беларусі
Шляхціц Завальня
Апавяданне першае. Пра чарнакніжніка і пра цмока, што вылупіўся з яйка, знесенага пеўнем
Апавяданне другое. Зухаватыя ўчынкі
Апавяданне трэцяе. Вужыная Карона
Апавяданне чацьвёртае. Ваўкалак
Успаміны пра наведанне роднага краю
Полацак
Рыбак Родзька
Кавалёва Аўгіня
Апавяданне пятае. Радзімы знак на вуснах
Сляпы Францішак
Апавяданне шостае. Плачка
Сын Буры
Бура
Арганісты з Расонаў
Апавяданне сёмае. Вогненныя духі
Куцця
Думкі самотніка
Госці ў зале Завальні
Твардоўскі і вучань
Апавяданне восьмае. Белая сарока
Апавяданне дзевятае. Пакутны дух
Вечар перад Новым годам
Апавяданне дзесятае. Валасы, якія крычаць на галаве
Цыган Базыль
Апавяданне адзінаццатае. Жабер-трава
Яснасць у небе
Таварыш у падарожжы
Рада
Падарожныя
Апавяданне дванаццатае. Стогадовы стары і чорны госць
Апавяданне транаццате. Чараўнік ад прыроды і кот Варгін
Апавяданне чатырнаццатае. Дзіўны Кій
Гаспадарчыя клопаты
Арганісты Андрэй
Ад'езд
НАРЫС ПАЎНОЧНАЕ БЕЛАРУСІ
        Той, хто падарожнічае з поўначы ў бок Беларусі, бачыць перад сабою велізарныя вёскі накшталт мястэчак, белыя мураваныя храмы і камяніцы двароў1, шырокія засеяныя палі, сям-там невялічкі сасновы бор або бярозавы гай, чуе не раз працяглы і гучны спеў селяніна, які далёка, наколькі сягае вока, разносіцца па палях або пералятае горы і даліны з мелодыяй пастухоўскага ражка. У нядзелю, калі сонца набліжаецца да захаду, сустракае ён вясковых дзяўчат у святочных паркалёвых, а часам і ў ядвабных саянах у атачэнні юнакоў-залётнікаў; водзяць яны карагоды, спяваючы народныя песні, а старыя, седзячы на прызбах, разважаюць пра мінулыя і сённяшнія часы...
        Аднак калі ён набліжаецца да межаў Себежа і Невеля, то бачыць перад сабою разлеглыя цёмныя пушчы, якія, быццам хмары, навісаюць на даляглядзе, паміж лясоў – саламяныя стрэхі бедных жыхароў; дзе-нідзе позірк сустракае вытырклы паміж хвоямі жалезны крыж пакрытай мохам каплічкі, перад дзвярыма якой на двух хваёвых слупах вісяць або два, або тры званы; па ваколіцах раскіданы магільныя крыжы і камяні. Рэдка натрапіш там на прыстойна пабудаваны панскі дом; няшмат і касцёлаў такіх, дзе можна было б бачыць густ архітэктара або выдаткі багатага фундатара; і гэты выгляд зямлі, змрочны і дзікі, пачынаючыся ад ракі Ловаць, распасціраецца да берагоў Дзвіны, дзе канчаецца Палата і Дрыса.
        На ўсім гэтым абшары вузкія камяністыя дарогі, пераразаючы гарыстыя мясціны і мінаючы дзікія берагі азёраў, хаваюцца ў пушчах. У бедных вёсках у святочныя і будзённыя дні заўсёды пануе нейкая паьіурая цішыня; рэдка адгукнецца песня жняца або ратая, і па гэтым спеве можна лёгка зразумець яго заклапочаныя думкі, бо няўрод часта ашуквае тут надзеі працавітага земляроба...
        У гэтых краях прайшлі дзіцячыя мае гады. Тут я пасля таго, як разлучыўся з маладымі сваімі таварышамі па Полацкай акадэміі, не могучы мець пры сабе іншых кніг, апрача некалькіх лацінскіх і грэчаскіх класікаў, блукаў у прыемных марах дзе-небудзь у цёмнай пушчы або па бязлюдным беразе возера; любіў чытаць у кнізе прыроды, калі вячэрняй парою адкрыецца старонка, на якой мільёнамі зіхоткіх угары зорак напісана Божая ўсемагутнасць. На зямлі, пакрытай безліччу раслін і жывёл, я чытаў аб міласэрнасці і волі Творцы. Гэтая кніга прыроды вучыла мяпс сапраўднай паэзіі, сапраўдным пачуццям лепей, чым сённяшнія гаваркія крытыкі, якія чужыя пачуцці і розныя здольнасці, дадзеныя чалавеку ад Бога, хочуць, быццам фрак, перашыць на сваю фігуру.
        Апавяданні старых пра розныя здарэнні ў народных іх аповесцях, якія перайшлі ад чалавека да чалавека са старадаўніх часоў, былі для мяне гісторыяй гэтай зямлі, характару і пачуццяў беларусаў.
        Пасля таго як лёс закінуў мяне ў далёкія мясціны, як жа часта самотныя думкі мае з берагоў Нявы вяртаюцца ў гэты край, дзе прайшлі лепшыя гады майго жыцця, дзе столькі мілых успамінаў малюе мне памяць! Успамінаю недалёкія ад Невеля ваколіцы Рабшчызны, дзе прырода ўзняла высокія горы, быццам паверхі велізарных гмахаў, якія стагоддзі пакрылі ценем лясоў, а некаторыя пад пагодлівым сонцам ззяюць залатым пяском. Якія там разнастайныя краявіды, якія цудоўныя малюнкі! Калі хто, будучы ў гэтым краі, узышоў на вяршыню Пачаноўскай гары2 і глядзеў на дзікія ваколіцы, што ляжаць навокал, дык бачыў, як азёры тут і там, нібы люстэркі, адбіваюць дзённы прамень, а над іх берагамі дрэмлюць густыя лясы, як дзе-нідзе па схілах чарнеюць бедныя сялянскія хаціны; але не ўбачыш тут нідзе ні гарадскіх муроў, ні вежаў старога замка. Там чалавек забывае пра спрэчкі французскай палаты ў справе Егіпта і Турцыі3, не чуваць там пра англійскі парламент4, пра вайну з кітайцамі5, не гамоняць там ні пра чыгункі6, ні пра дзівосную вынаходку Дагера7. I толькі голас пастушка, стрэл паляўнічага ў лесе або вецер, што гойсае ў вяршалінах пушчы, парушаюць на хвіліну цішыню ваколіцы...
        Бліжэй да Полацка возера Нешчарда на некалькі міль залівае абшар, падмывае хвалямі ўзбярэжныя пясчаныя горы, на поўдзень – шырокія паплавы, усеяныя купамі лазняку, сям-там рэчкі, бегучы здалек сярод чароту, хаваюцца ў разліве азёрнай вады. Там вясна – рай; самыя розныя птушкі, здаецца, збіраюцца з усіх канцоў свету, тысячы розных меладычных дзікіх і чуллівых галасоў адгукаюцца над вадою па лугах і лясах: енк зязюлі, пошчак салаўёў, голас бугая ў чароце, рэзкія крыкі качак... Гэтая дзівоспая суладнасць і гэты капцэрт прыроды пераносілі мае ўяўленні ў нейкі чарадзейны рай.
        I цяпер гэтыя мясціны, дзе ў маленствс я бачыў столькі цудаў прыроды, гэтыя гаі, гэтыя зялёныя берагі Нешчарды памяць малюе мне, нібы прыснёны сад. Прыпамінаю народныя расказы пра паданні гэтага краю, пра горы, дрэвы, Нешчарду, якія ходзяць сярод простага люду; і хоць у яго апавяданнях цяжка знайсці поўную праўду, аднак можна бачыць нейкі след мінуўшчыны гэтага краю, бо яшчэ дагэтуль у некаторых мясцінах можна назіраць валы, узнятыя чалавечаю рукою; гэта, бясспрэчна, сляды войнаў, пра якія не ўспомніў аніводзін гісторык. Часам пагляд сустракае курганы, пакрытыя лесам. Можа, у ценю шумлівых хвояў спачывае там які-небудзь ваяўнік, імя якога даўно забытае. Я не раз чуў аповяды простага парода пра даўнія войны, але да іх столькі дамешана казак і цудаў, што застаўся толькі слабы след мінуўшчыны, без імёнаў дзейных асоб. Раскажу адно простанароднае паданне гэтай ваколіцы.
        На паўднёвым баку возера Нешчарда ёсць гара, якую з трох бакоў амывае вада, на той гары – драўляны маленькі касцёлак і пекалькі хвояў. Там часта знаходзяць у пяску сцёртыя вякамі срэбыыя манеты, шкляныя аздобы, якія насілі бабулі нашых бабуляў, іржавыя рэшткі разнастайнай старасвецкай зброі. Кажуць, на той паўвыспе быў некалі горад. Аднак чый горад, хто ў ім уладарыў, невядома. Тамтэйшы люд, які жыве ў аддаленых лясістых ваколіцах, доўга не ведаў нападаў розыых плямёнаў, што блукалі ў тым краі дзеля рабунку. Праз некаторы час страшны волат, якога звалі Княжа, прываблены да берагоў Нешчарды. надзеяй на багаты рабунак, аблажыў з велізарнай хеўраю разбойнікаў гэты горад, адужаў слабую абарону, абрабаваў дамы, пазабіваў жыхароў, у касцёлах паабдзіраў абразы і спустошыў ахвяравальны посуд, нават касцёл зруйнаваў, а званы ўтапіў у возеры і з натоўпам сяброў атабарыўся ў спустошаным горадзе. Аднак Бог цудоўным чынам абвясціў сваю кару блюзнерам. Званы, затоплеыыя на дне возера, штодзень на захадзе і ўсходзе сонца абуджалі глухое маўчанне на дзікіх берагах Нешчарды так, што птушкі, напалоханыя енкам гэтага звону, уцяклі паветранымі шляхамі, а серны і ласі, дрыжучы ад страху, хаваліся ў далёкіх пушчах. Апоўначы лятала чума, падобная да чорнага шара, і дзе яна дакранулася да сцяны, з гэтага дому ўжо ніхто не выходзіў жывы, і такім чынам вымерла ўся дружына Княжа; сам ён, пакінуўшы ўсе багацці, закапаныя ў гары, уцёк з некалькімі сябрукамі, але недалёка за возерам яго напаткала смерць. Народ і зараз паказвае вялізны курган, які называецца Магілай Княжа.
        Шмат і іншых паданняў у тым краі кружыць сярод простага люду; у многіх з іх згадваюцца гістарычныя выпадкі, іншыя ж – болей плён фантазіі і меланхалічнага духу, які адзначае жыхара гэтых дзікіх і лясістых ваколіц; ад прыроды ён здольны да жвавай думкі, уяўленне яго стварае дзіўныя карціны. Некаторыя з тамтэйшых простанародных паданняў я перадаў у баладах, змешчаных у трох томіках штогодніка «Незабудка», а менавіта: «Крыніца Дзяўчыны», якая знаходзіцца на поўнач ад горада Полацка, схаваная ў ценю адвечных лясоў; «Дзве Бярозы», якія і цяпер люд паказвае непадалёку ад берагоў возера Шэвіна; «Курганы і Русалка», узятыя з песні чараўніцы, ,якая спявае:
        
         Гусанькі, лябёданькі,
         Скіньце мне па пёрачку,
         Я з вамі палячу8.
        
        Бываюць тут часам у нядзелю кірмашы, людзі збіраюцца з бліжэйшых весак у касцёл. Там на могілках можна бачыць сцэны, якія наводзяць на душу смутак. Вось удава з малымі дзецьмі ля драўлянага крыжа, які стаіць над магілаю яе мужа, а там сірата над магілаю бацькоў выказваюць сваю журбу голасам, які раздзірае сэрца; калі хто наблізіцца да іх і падслухае іхнія словы, – яны зайздросцяць мёртвым, і гэтыя слёзныя скаргі, здаецца, працялі б і каменныя грудзі.
        Пасля набажэнства ўсе збіраюцца ў адным месцы, дзе-небудзь паблізу карчмы; тут з’яўляецца некалькі жыдкоў9 са стужкамі, іголкамі і рознымі блішчастымі аздобамі для адзення; падае голас адмысловая беларуская дуда. Распачынаецца музыка10 пад адкрытым небам; малады хлопец і сівы дзед, падхмеленыя гарэлкай, скачуць да поту, іх радасць часта пераходзіць межы прыстойнасці. А журботныя плакальшчыцы, якія нядаўна заліваліся слязамі над магілаю мужа і бацькі, скачуць пад мелодыю дуды;
        
         Слава табе, Хрысце цару,
         Што мой муж на цмантару,
         I бяды пазбылася,
         I гарэлкі напілася.
        
        Або таксама:
        
         Калі ж тая серада прайшла,
         Як не еўшы на прыгон пайшла,
         Весь дзень жала, не лянілася,
         Злому войту пакланілася,-
         А цяпер жа ні а чом тужыць,
         I войт п’яны у карчме ляжыць.
        
        У большасці песень гэтага простага народа, як у думках, так і ў мелодыі, ёсць нешта меланхалічнае, і нават вясельныя. песні, дзе маладым зычаць шчаслівага супольнага жыцця, маюць у сабе нейкае пачуццё смутку, як быццам яны не давяраюць будучаму лёсу ў гэтай юдолі плачу... Але вясельныя абрады адметныя рыцарскім запалам; малады, перш чым стаць ля парога нарачонай, прывучае свайго каня не баяцца агню і кідацца ў полымя, а пасля такой падрыхтоўкі, сабраўшыся ехаць да сваей нарачонай, ён і яго дружына надзяваюць чырвоныя шапкі, звешваюць на грудзі чырвоныя хусткі і імчацца праз горы да дому, дзе іх чакаюць нявеста і госці. Псрад варотамі яны спыняюцца: салома шугае полымем, ён і дружына пераскокваюць яе наўскач ыа ўдалых конях, але і тут яшчэ запаленыя пучкі саломы, якія кідаюць коням у вочы, не дазваляючы заехаць у адчыненыя вароты; яны адольваюць усе перашкоды; малады са схіленай галавою ўваходзіць у хату, сядае за сталом, чуецца песня «Баслоў Бог вяселле іграць», і тут пачынаецца блаславенне маладых і вясельны баль. Але ў часе таго балю здараюцца розныя незвычайныя выпадкі.
        Беларусь, як і іншыя народы, памятае яшчэ некаторых сваіх міфалагічных бажкоў. Русалкі, калі жыта красуе ў полі, з распушчанымі доўгімі валасамі гушкаюцца на бярозах і спяваюць песні; іхні смех адгукаецца ў глыбіні лясоў і трывогай працінае тых, хто збірае грыбы або ягады. Лясны бог – пан дзікіх пустэчаў; каб чалавечы зрок не мог яго ўгледзець, ён пад размаітымі выглядамі хаваецца ў сваіх уладаннях; мінаючы лугі, так змяншаецца, што яго нельга ўбачыць у густой травс; ідучы праз пушчы, раўняецца з самымі высокімі хваінамі. Нн апякун звяроў і лясных птушак. Кажуць, што бачылі велізарныя чароды вавёрак, якіх лясны бажок перапраўляў з адной пушчы ў другую; ён рабіў гэта, каб выратаваць іх ад агню, бо прадбачыў, у якім баку выбухне пажар.
        Урачыстасць Купалы вядома амаль усім славянскім народам. На Беларусі 23 чэрвеня11, пасля захаду сонца, адбываецца Купалле, або Свята Купалы; уначы шукаюць скарбаў; самы шчаслівы той, каму пашэнціць сарваць кветку папараці, яго зрок у глыбіні зямлі прыкмячае закапаныя скарбы, і ён столькі можа мець золата, колькі сам захоча. Кабеты разам з юнакамі і дзяўчатамі каля вогнішчаў са смаловага палення чакаюць усходу сонца, спяваючы песні:
        
         Іван ды Мар’я,
         На гарэ купальня,
         Дзе Іван купаўся,
         Бераг калыхаўся;
         Дзе Мар’я купалась,
         Трава рассцілалась.
        
        I іншыя падобныя песні гучаць у полі, аж пакуль сонца не зайграе на небе.
        Ноч Купалы ў тым баку Беларусі поўная незвычайных здарэнняў. На думку простага народа, уся прырода ў гэтую ноч весяліцца. Рыбакі бачаць азёрнае люстра, якое часам раскашуе ў месяцавым ззянні, і хоць неба яснае і паветра спакойнае, бліскучыя хвалі, удараючы ў берагі, разбіваюцца на кроплі, якія, нібы зоркі, свецяцца ў паветры. I гэтае цудоўнае відовішча на зарослых чаротам берегах абуджае дзікіх качак і іншых вадзяных птушак, якія, прывабленыя дзівосным свячэннем вады, уздымаюцца тут і там над ясным возерам.
        Дрэвы ў лесе таксама могуць пераходзіць з аднаго месца на другое; шумам сваіх галін яны размаўляюць паміж сабою; апавядаюць, што нехта, блукаючы гэтай ноччу ў лесе, знайшоў кветку папараці і бачыў не толькі скарбы, схаваныя ў зямлі, але і незвычайныя дзівы ў прыродзе; разумеў гаворку кожнага стварэння; чуў, як дубы сыходзяцца з розных мясцін і, зрабіўшы кола, гамоняць шолахам галін, прыгадваючы, быццам старыя ваяры, свае гераічныя ўчынкі і даўнія заслугі. Ліпы і бярозы, збіраючыся там, хваліліся сваёй прыгажосцю; сярод іх былі некаторыя, нібыта госці з суседніх садоў, класічна падстрыжаныя і выпрастаныя; тыя гаманілі пра залётнасць дваровых дзяўчат і свавольства панічоў, сведкамі якога яны не раз былі; а гэтыя крыўдныя размовы з пагардаю слухалі задуменныя хвоі і яліны; бачыў вербы, якія, стоячы над рэчкай і ўглядаючыся ў вадзяное люстэрка, пыталіся адна ў адной, што якой з іх пасуе, – і гэтыя цуды дзеюцца ажно да ўсходу сонца.
        Усход сонца пасля гэтай бяссоннай, урачыстай ночы таксама бывае крыху асаблівы. Натоўп люду, што весяліцца ў полі, канчае песні і танцы і моўчкі скіроўвае вочы да неба, нібы паглядае на сцэну, дзе ўверсе, на палаючай прасторы далягляду, павінна з’явіцца штосьці незвычайнае. Узыходзіць сонца, уздымаецца над гарамі і лясамі і на вачах усяго люду рассыпаецца ў небе на дробныя зіхатлівыя зорачкі, зноў збягаецца ў адзін агністы шар; яго акружае безліч вясёлкавых кругоў, і ён мігціць, кружачыся вакол сваёй восі. Гэтая праява паўтараецца некалькі разоў, і такім чынам сонца грае штогод 24 чэрвеня.
        Апрача згаданых цудаў, ёсць яшчэ, як мяркуюць жыхары таго краю, чароўныя травы. Разрыў-трава мо жа дзівосна ўздзейнічаць на жалеза, разрывае нібыта замкі і кайданы ў вязняў; калі каса натрапіць на яе на лузе ў час сенакосу, дык расколецца на некалькі частак. Пералёт-трава, або лятучае зелле; расказваюць пра яе, што яна мае здольнасць пераносіцца з месца на месца, яе вясёлкавая кветка надзвычай жывая і прыгожая, а ў сваім палёце часам блішчыць, быццам зорачка. Шчаслівы, хто яе сарве, бо не зазнае ён перашкодаў у сваім жыцці, усе яго жаданні неадкладна здзейсняцца, і гэтая трава – трава шчасця. Людзі, марачы пра шчасце на гэтай зямлі, малююць яго ў розпых вобразах; грэкі і рымляне верылі ў сляпую Фартуну, што, круцячы вечнае кола, уздымае людзей пад аблокі і зноў апускае ў бяздонне. Беларускі народ уявіў сабе нейкую лятучую траву, гонячыся за якой не адзін збіўся з дарогі і не вярнуўся да свае роднае хаты. I я, шукаючы яе далёка, кінуў гэтую родную старонку, дзе прайшлі самыя прыемныя дні майго жыцця, і цяпер у паўночнай сталіцы12, паглядаючы на тэатр вялікага свету, чытаю кнігу, што часам смешыць, часам прымушае ліць слёзы, і гэта – кніга чалавечых сэрцаў і характараў13.
        
         Край мой, дзе горы паўсталі узнёсла,
         Край сініх вод, чаратамі зарослых,
         Пушчаў, дзе ў голлі хаваецца сонца,
         Колькі прыгадак ты будзіш штодзённа,
         Ў промнях вясновых, у барвах зялёных
         Ты мне з’яўляешся казкай бясконцай.
         Згадваю сумную песню ратая
         Ці пастуха, што па-простаму грае,
         Часам, калі у лясах ля азёраў
         З кобзаю рэха гамоніць паўторам
         Ці калі люд пасля дзённае працы
         Гучна спяшае ля хаты сабрацца,
         Чуючы мяккі палон прахалоды,
         Слухаць ад старца сівога прыгоды
         Прашчураў слынных, асілкаў, герояў.
         Слава і дзіва паданне старое,
         Што аж ад продкаў па бацькавым краі
         З вёскі да вёскі вандруе, блукае!14
        
        
        
        ––––––––––––
        1 Гэтак тамтэйшы народ называе мураваныя дамы маёнткаў. (заўвага Я. Баршчэўскага.)
        2 Верш пад гэтай назвай змешчаны ў «Незабудцы» за 1841 г.
        3 Маюцца на ўвазе войны Егіпта з Турцыяй 1831–1833 і 1839–1840 гг. Францыя ў гэтых сутыкненнях падтрымлівала Егіпет.
        4 У 1832 г. у Англіі была праведзена буржуазная парламенцкая рэформа. Неўзабаве ў краіне разгарнуўся так званы чартысцкі рух за прадастаўленне палітычных правоў працоўнаму народу і далейшую дэмакратызацыю парламенцкай сістэмы.
        5 Размова ідзе пра першую «опіумную» англа-кітайскую вайну 1840–1842 гг.
        6 У 1837 г. з’явілася першая чыгунка ў Расіі (Пецярбург – Царскае Сяло). Інтэнсіўна ў гэты час вялося чыгуначнае будаўніцтва на Захадзе.
        7 У 1839 г. французскі мастак Луі Дагер (1789–1851) вынайшаў фатаграфію (дагератыпію).
        8 Беларускія словы, сказы і дыялогі, напісаныя Я. Баршчэўскім лацінкаю, выдзелены ў пашым выданні курсівам.
        9 Слова «жыд» пе мела ў той час зневажальнага значэння.
        10 Музыка, музыкі – гэтак даўней называліся ў беларускіх вёсках танцы.
        11 Паводле каталіцкага календара; у праваслаўных – паводле старога стылю.
        12 У Пецярбурзе.
        13 Гэты нарыс друкаваўся таксама асобна ў альманаху «Rocznik Literacki», т. 1, 1843.
        14 Тут і далей вершы даюцца ў перакладзе Сяргея Сокалава-Воюша.
        


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.