|
4 Фактычна, і мястэчка тое зусім не мястэчка — проста вялікае сяло, былая воласць, з трыма прыватнымі дробнымі крамкамі, з аптэкай, бальніцай, цэнтраспіртам, кааперацыяй і кнігарняй Беларускага дзяржаўнага выдавецтва. Ды і Галілей той зусім не Галілей, а звычайны селянін-бядняк, вызвалены нават ад сельгаспадатку, Ахрэм Данілавіч Пунцік. Галілеем ён стаў праз вечныя свае вынаходкі, і гэтую мянушку даў яму яго ж добры прыяцель аптэкар Плакс — кіраўнік тутэйшага драмгуртка і мясцовы філосаф. Гэтая мянушка яго не абразіла (а мо нават і задаволіла, хто яго ведае і шчытна да яго прыстала: ад таго часу бадай ніхто і не зваў іначай яго, як Галілеем). Найвыдатнейшая вынаходка, ці, правільней, канструкцыя Галілеева, слава аб якой прагрымела на ўсю акругу, была "мажджэра" (гармата), якую ён зрабіў быў у тысяча дзевяцьсот адзінаццатым годзе спецыяльна да вялікадня, каб даць з яе салют пад час першага спеву "Хрыстос васкрэсе". Трэба зазначыць, што ён самаручна зрабіў быў не толькі самую агнястрэльную прыладу, а і порах, паводле рэцэпта старога паляўнічага Казіміра Залуцкага. Эфект быў надзвычайны. Перапалохаліся ўсе страшэнна, а найбольш сам вынаходца, бо з першым стрэлам разарвалася ўшчэнт уся "мажджэра", і аскепкі яе разам з двума Галілеевымі пальцамі разляцеліся ва ўсе бакі бадай на цэлыя гоні. Назаўтрага падшывальцы-хлопцы цэлы дзень шукалі няшчасных Галілеевых пальцаў, але не знайшлі ніводнага. Астаўшыся з куксаю, Галілей не спыніў быў далейшых вынаходак, а, наадварот, узяўся за іх з яшчэ большым імпэтам і вёў іх аж да самае тае пары, калі ўвайшоў ён у гэтае апавяданне. Астатнія ягоныя канструкцыі былі: саматужная электрычнасць у мізэрнай яго хацёнцы і ўдасканаленая сушыльня, якую ён зрабіў, як было паказана вышэй, спецыяльна для Марыны Паўлаўны. Цяпер працаваў ён, паводле ўласных ягоных слоў, над "цыркулярнай" бяздымнай печкай. У той дзень, як быў прызначан у мястэчку першы сход па калектывізацыі, Галілей ужо загадзя ведаў, хто што будзе гаварыць і як хто будзе паводзіць сябе на гэтым сходзе. Ён ведаў, што сакратар ячэйкі Сымон Карызна будзе гаварыць горача і разумна, і яго будуць слухаць з вялікай павагай, і ад гэтае залішне вялікае павагі не ўнікнуць папросту ў ягоныя словы і не праканаюцца. Ён ведаў, што старшыня сельсавета — даўгі, як вочап, і калматы, як памяло, прозвішчам Пацяроб — будзе крычаць больш без сэнсу і пускаць грубыя жарты: гэты развесяліць сялян, і некаторым ягоным словам дадуць веры, але шмат хто будзе падтакваць і смяяцца падлыжна, адно каб уладзіць начальству. Камсамолец Віктар пачне гаварыць ціха і сарамліва, адылі разгаворыцца і — дармо, што малады,— а слухаць яго будзе прыемна. Неадменна выйдзе з прамоваю Вера Засуліч, скажа многа добра вядомага ўсім, але будзе гаварыць гэта шчыра і старанна. Чарнявы і злы Прахор будзе ўтыкацца дзе трэба і не трэба, выступаць за і супроць, азартаваць, гарачыцца, хоць усім добра вядома, што ўсё гэта ў яго з нязбыўнае ягонае крыўды, а прычыны той крыўды не ведае ніхто, у тым ліку і сам ён. Але паслухаць Прахора ўсё-ткі варта: вялікая злосць яго часам родзіць вострыя і пякучыя думкі. Ну, яшчэ Цімафей Міронавіч Гвардыян... Цімафей Міронавіч Гвардыян — менавіта Цімафей Міронавіч, а не проста Цімох або, скажам, Цімка, Цёмка, Цімошка, не інакш. Гэта не кулак, ці, праўдзівей, не проста кулак, а былы кур'ер высачайшае камісіі па такіх-та і такіх-та справах. Год з дзесяць ён жыў у Маскве і, прыязджаючы ўлетку дамоў на пабыўку, падвешваў на відным месцы перад хатай гамак і гойдаўся ў ім важна, глыбакадумна. I цяпер яшчэ Цімафей Міронавіч любіў часам выказацца мудронаю мовай і накшталт таго, як усе сур'ёзныя прамоўцы ўжываюць спецыяльныя словы — "так сказаць", "значыць", "разумеецца", "стала быць" ды інш., – Цімафей Міронавіч таксама меў сваё слова, але мудрэйшае і званчэйшае, чымся ў іншых: ён паміж гутаркі любіў устаўляць слова "будучы". Да Цімафея Міронавіча Гвардыяна Галілей — не ўрымсціў – заскочыў навертам перад сходам. Гвардыян сядзеў на прыпечку і поркаўся з нейкімі скуратамі. Галілей спехам прывітаўся і, ператрусіўшыся цераз хату, сеў на пярэдняй лаве, бадай не на покуце: так рабіў ён выключна ў Гвардыяна, і была ў гэтым нейкая дзіўная, зразумелая толькі яму, дэманстрацыя. Гаспадар падкалупнуў: — Сядайце, Ахрэм Данілавіч! — Сяджу ўжо, Цімафей Міронавіч! — Як зямля круціцца, Ахрэм Данілавіч? — Дзякую, Цімафей Міронавіч! Дай бог усім добрым людзям... Памаўчалі. — На сход ці пасунецеся, Цімафей Міронавіч? — Хто яго... Што мне там дужа рабіць, на тым на сходзе? Можа, будучы, якое дробнае пытанне вырашаць і без мяне. Ахвоты нешта няма. — Нядужаеце, Цімафей Міронавіч? — Дзякую. Як самі, Ахрэм Данілавіч? Зноў памаўчалі. Па якой хвіліне, зморшчыўшы твар, каб адкусіць нітку, Гвардыян запытаў: — Мы вось сядзім, як прусы ў запечку. А вы ж, будучы, светам перабываеце, Ахрэм Данілавіч! Што дзе чуваць такога пракраснага? — Як чхнеш, так і пачуеш. Свой сквіл мілей за чужую песню. — Нашто той сквіл? Хто гэта будзе сквіліць? — Дзе вяселле, там і музыка, Цімафей Міронавіч! Гвардыян самаўпэўнена ўсміхнуўся. — Аб чым, будучы, сход склікаюць, Ахрэм Данілавіч? — Калектывізацыя, Цімафей Міронавіч! На колькі секунд занялося вострае напружанае маўчанне. Пасля Гвардыян сталым павольным рухам адсунуў убок скураты, паклаў на калені рукі і на голы пергамінавы твар свой напусціў выраз глыбокае развагі. — А што ж, і пойдуць. Чаму, будучы, не пайсці, Ахрэм Данілавіч?— Галоўнае, няма табе ніякага клопату — адпрацуй сваё, атрымай, што табе належыць. Ні заботы, ні турботы. Цябе і накормяць, будучы, і надзенуць, і другое, і трэцяе... А гаспадарка — ёй трэба догляд. I не ўспіш, і не ўясі, не адпачынеш ніколі, як людзі. Гэта, браце мой, апарат... Хітры чалавек Гвардыян! Гаворыць, дык проста — шчырай душою. Не іначай, ён першы будзе стаяць за калгас. — Вы, Цімафей Міронавіч, пэўна, таксама ў калгас пераступіце? Гвардыян усхапіўся. — А чаму ж не? Што ж вы думаеце? Ці ж мне век, будучы, мардавацца на гаспадарцы? Баба з калёс — калёсам лягчэй... Хай кіруюць — божухна-бацюхна! Ці ж нам шкода, ці што? Абы з сэнсам было, абы парадак! Ён зноў завінуўся каля сваіх скуратвў, але ў руках яго не было ўжо ранейшай павольнасці — яны бегалі залішне дробна і, мабыць, без ладу. Ён яшчэ раз скрывіўся, хоць ніткі ўжо не кусаў, працягнуў фальцэтам: — Пойдуць усе, даражэнькі мой, пойдуць... I пастараўся ўсміхнуцца як мага безуважна: — Хе-хе... А хто не схоча — к ліхой долі, таго набок. Ці праўда, Ахрэм Данілавіч? — Пужаецеся, Цімафей Міронавіч? Гвардыян аж падскочыў. — Я? Баюся? Чаго мне баяцца? Каго мне баяцца? Што, я ўкраў у каго? Што, я забіў каго, абрабаваў? Што са мной зробяць? Га? Што са мною зробяць? Галілей раптам устаў і борздзенька пабег да дзвярэй, на хаду выгаварваючы: — Чатыры чатыркі, дзве растапыркі, адзін махтын, два вухтаркі... Гвардыян, як апантаны, закрычаў яму ўслед: — Гэта — карова! Ту, Галілей! Го-го-го!.. I не спазнаць было, ці гэта ён так засмяяўся, ці агатукаў у шалёнай злосці. Галілей ужо добра ведаў, што Цімафей Міронавіч канечна прыбяжыць на сход, што ён чуе сілу сваю, але троху пабойваецца, і што за гаспадарку сваю, за жыццё сваё сытае будзе трымацца зубамі аж да астатняга дыху. Галілей загадзя ведаў, хто што будзе гаварыць і як хто будзе паводзіць сябе на сходзе, аднак адзін з першых прытрусіўся ў зусім пусты яшчэ нардом і заняў у куточку сабе стратэгічна выгоднае месца. I выйшла ж так, што Галілей цалкам памыліўся. Першае, што ашукала яго, гэта — склад сходу. Сышліся бадай адны бабы. Ніхто з галоўных местачковых верхаводаў не з'явіўся. Прахор і той, прыбег толькі з палавіны сходу. Нават Цімафей Міронавіч (заўважце гэта), нават Цімафей Міронавіч Гвардыян астаўся ў хаце. З прычыны гэткага непаразумення зайшло было пытанне аб тым, ці не варта адкласці сход. I стары ненавіснік і вораг жаночага роду дзед Піліп з несусветнай пагардай зазначыў: — Які ж гэта сход? Гэта ж бабы!.. Але дзеду Піліпу дала добрага чосу Вера Засуліч — што, бабы хіба не гэткія самыя людзі і грамадзяне?— дык дзед Піліп змоўк і з дэманстрацыйнай безуважнасцю закурыў сваю вялізную старасвецкую піпку. Сход адкрылі. Даклад рабіў (зноў Галілей памыліўся) не Карызна, а малады рабочы-брыгадзір з Мінска. Пачаў ён гаварыць зусім ціха, спакойна, нібы і не на сходзе. Таму адразу ж з бабскае гурмы вылецела спагадлівая рэпліка: — Бедненькі! Як перад смерцю... Але Зеленюка гэтым не імеш! Не звярнуўшы ўвагі на рэпліку, ён гаварыў далей тым жа тонам, толькі насыціў словы свае большаю нутранаю напружанасцю. I бабы мусілі скарыцца — сунялі свой пчаліны гуд, сталі слухаць з належнай увагай. Галілей з свайго стратэгічнага пункта пільна ўзіраецца ў дакладчыка, вывучае яго. Што ж, гаворыць ён з сэнсам. Пачаў зусім здалёку — дзе тая калектывізацыя, няма ніякай калектывізацыі, ані слоўца пра яе, ані зыку! — можна слухаць зусім спакойна: от, расказаў пра буржуазію, пра замежныя дзяржавы, успомніў паноў, акупацыю, тое, другое. Галілею гэта дужа падабаецца. Ён ведае, да чаго ўсё яно прыйдзе, але ж трэба падвесці так, падвярнуць, каб і не замецілі, як яно тое галоўнае наповерх выслізне. О, гэта хлопец-зух, няма чаго казаць! Ну вось цяпер пра гаспадарку. Пэўна, Шго гаспадарка — дрэнь. Ува ўсіх — дрэнь. Дзе ж тут дужа разгонішся на гэткіх істужках ды з гэткім начыннем, з гэткай худобай... У Гвардыяна?.. Ён ужо знае Цімафея Міронавіча Гвардыяна? Ого, ён нават ведае ўсё пра яго мінулае, нібы жыў разам з ім, нібы разам з ім гойдаўся ў тым высачайшым гамаку! Во, гэта хвацка! Чыкрыжыць, як рэпу грызе... Яно што праўда, то праўда: гуртам рабіць ямчэй, гэта табе нават хто-хаця пацвердзіць. Буйная гаспадарка — пэўна што: машыны, угнаенне, севазварот, адным словам — тэхніка. Тут табе такога можна намудраваць, што ого-го! Але што ж ты паробіш з гэтымі квактухамі, якім нічога няма мілей за іхняга старога гнязда! Божухна-бацюхна! Дзе яны панабіраліся гэткага спрыту! Не раўнуючы, як тыя галкі, калі спудзяць іх з іхняга седала. Крычаць, лямантуюць, адна адну перапыняюць, адна адну не слухаюць, і кожная крычыць сваё, аб сваім, кожная толькі сама сябе і чуе. Ну, тут ужо Пацяробу работа. Ён як бач суніме ўвесь гэты гармідар, на гэта ён майстра. — Ціху, бабкі! Бабачкі, родныя, ціху! Ціху, бабачкі, каб вас пярун пасмаліў. Ціху вы, ну! I гэтага апошняга "ну" бабачкі ўсё-ткі паслухалі — скомчылі, сціснулі гоман свой і памалу змоўклі. — Хто хоча гаварыць, прасі слова. Гаварыць па адным, а не ўсе разам. Бабы маўчаць. Бабы не ўмеюць прасіць слова, не прывыклі гаварыць па рэгламенту. — Ну, хто хоча слова, чаго маўчыцё? Гаварыце! I праўда, загаварыла бабылка Аксіння. Аб чым жа больш?— загаварыла аб сваім гаротным жыцці, аб тым, што ёй ходу няма, што ўсе яе крыўдзяць, што няма ёй ніякае дапамогі ад Савецкае ўлады. I ці толькі пусціла яна першую сваю бабскую слязу, як грымнулі ўсе, загарлалі, зноў узнялі несусветны вэрхал. I так — скрозь. А мужчыны, якія і ёсць тут, маўчаць. У мужчын палітыка — хай яны пакрычаць, што з іх возьмеш, ведама — бабы! — а тым часам можа пасвятлее трохі, відней стане, як там і што. Нават заядлы Прахор і той толькі махае нешта рукамі адзаду, нешта злосна даводзіць гуртку маўклівых сялян, а на людзі выходзіць не важыцца. Так і прайшоў гэты сход. Гаварыў яшчэ і Карызна, і Пацяроб, і Віктар, і Вера Засуліч, але вынік быў адзін: крычалі бабы, выліваючы ў тлумны гармідар сваё беспрычыннае ці, можа, многапрычыннае абурэнне, і маўчалі мужчыны, ці то цішком згаджаючыся з бабскім крыкам, ці то проста чакаючы нейкага далейшага выяснення. Пастановы на тым сходзе не ўхвалілі ніякай, і Галілей пайшоў дахаты яшчэ больш заклапочаны, з яшчэ большым неўразуменнем у сваёй непакойнай істоце. Ідучы паўз вялікі чысты дом Цімафея Міронавіча Гвардыяна, ён на момант суняўся, нібы хацеў быў зайсці туды, але падаўся далей. I дзіўнае пачуццё з'явілася тут у Галілея да Цімафея Міронавіча: не то жаль нейкі, не то агіда, не то страх перад нечым няўхільным і жудасным. Адно зусім ясна было Галілею: сёння стаў Гвардыян новы, інакшы, не такі, як быў,— сёння прылюдна паказаў на яго пальцам нехта вялікі і грозны, паказаў і пакінуў яго ў страшнай адкрытасці. ...Якая ідзе рэвалюцыя? Ці тая яна, ці нейкая іншая, новая. Куды яна пойдзе? У Галілея гэтулькі клопату! Галілеева сухенькая галава проста трашчыць ад турботных думак. ...Ішлі разам са сходу: Карызна, Пацяроб, Віктар і брыгадзір Зелянюк. У Карызны асталося цьмянае нездавальненне, сход быў відочна няўдалы. Пацяроб лаяўся і ўсё даводзіў, што трэба болыш рашуча, што трэба "закруціць, каб"... і г. д. Зелянюк весела смяяўся, успамінаючы асобныя сцэнкі са сходу. Ён быў цалкам здаволены. — Пачатак добры... Трудна было чакаць лепшае ўдачы. Карызна здзіўлена і троху дасадліва. запытаў: — У чым тая ўдача? — Як у чым? Гэта ж зусім зразумела... Галоўнае нам — разварушыць сялянскую думку. А ці ж гэтага няма? Бабскі гармідар — гэта ж знадворнае выяўленне патрэбнага нам разварушэння. Мужчыны, безумоўна, такога самага настрою, як бабы, толькі дыпламатычна маўчаць. Дармо! Хай памаўчаць, хай пакумекаюць. Раз узрушыліся, раз злуюць, крычаць, значыць — дадзела, узяло за жывое, значыць, добра, глыбока падумаюць над усім гэтым. I вось — найлепшая глеба да далейшае працы. Разумееш, дружа? I ён весела падміргнуў Карызну сваім касаватым вокам. ...Што ж, можа, ён і мае рацыю. Можа і сапраўды гэта добра. Ды Карызна таксама не надта ўдаецца ў роспач. Хай бы сабе і няўдача была тут — дармо, яго гэта не спыніць: ён умее змагацца з перашкодамі. У Карызны таксама зусім добры, бадзёры настрой.
|
|