РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Васіль Быкаў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Аблава
Раздзел першы. Чалавек на імшарыне
Раздзел другі. Ноч і спакой
Раздзел трэці. Поўня
Раздзел чацверты. Радасць зямлі
Раздзел пяты. Аблава
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ. НОЧ І СПАКОЙ
        
Раздзел другі

        
НОЧ І СПАКОЙ

        
        Мабыць, ён недалёка і адышоўся ад узлеску, але сярод дрэў і драбняку-падлеску стала нібы зацішней, нават цяплей быццам, ён узлез у нейкі лісцвяны гушчар і ўпаў у нетаптаную калючую папараць. Ужо не ставала сілы – ні ісці, ні паўзці. Перад тым як заснуць-забыцца, успомніў, што сёння за дзень пратупаў, мабыць, вёрст сорак – ад золку да ночы. Болей ён бы ўжо не прайшоў нават і сорак крокаў.
        Прачнуўся ад сцюжы, увесь надта скалеў, здранцвелі да калень ногі, галава была цяжкая, нібы пасля гарэлкі. Не адразу зразумеў, дзе ён, спярша падалося – на тарфянішчы пад Котласам і што спазніўся на працу. Але, расплюшчыўшы вочы, сцяміў: Котлас далёка. Ён – дома. У світальным лесе, на сваёй радзіме. На радзіме ўсіх сваіх продкаў. Гэтая думка трохі падбадзёрыла Хведара, ён устаў на калені і пачаў неяк грэцца – унутраным намаганнем бораючы сцюжу, – як гэта рабіў ужо не першы раз, акалеўшы ўранні. Там, на Поўначы, калеў амаль кожнага ранку, праўда, там не было калі заўважаць тое, там ледзьве паспяваў сабрацца, каб не спазніцца на развод, у тайгу на лесапавал ці на земляныя работы, калі рабіў на тарфянішчы. Там былі строгія нарадчыкі, крыклівыя брыгадзіры, не дай бог было прыпазніцца – заставаўся галодны на ўвесь дзень. А то яшчэ быў і пабіты.
        Цела памалу грэлася, а ногі па-ранейшаму як былі акалелыя, так і засталіся, але ногі, напэўна, сагрэюцца на хадзе. Трэба некуды ісці, тут яму сядзець не выпадала. Тут было зусім блізка да вёскі, мабыць, у лес прыгоняць пасвіцца статак, могуць заўважыць. Так, статак тут добра вытаптаў дол, падумаў Хведар, згледзеўшы сляды кароўіх капытоў, а неўзабаве пачуў і галасы, – мабыць, на ржышчы пад лесам гукалі пастухі. Каб не трапіць каму на вочы, ён ускочыў і ціха падаўся кустоўем.
        Памалу рабілася цяплей, у лесе ўвогуле было зацішна. За пажаўцелымі верхавінамі бяроз, між бухматых лапаў ялін праглядвала хмарнае неба, і скрозь плыў, то цішэй, то мацней, нудны лесавы шум. Дужа хацелася есці, даўно ўжо надаедна-пуста бурчэла ў жываце. Яно і не дзіва: за ўчорашні дзень у роце не было ні крошкі, ён не меў часу паклапаціцца пра тое – так імкнуўся да роднага кута. Апошнюю скарынку хлеба, здабытую ў прахожай бабкі, зжаваў пазаўчора, бульбянога палетка на поплаве, вядома, не напаткаў, мусіць увесь дзень пасціцца. Учора, аднак, неяк трываў, – можа, ад хвалявання перад хуткім спатканнем не адчуваў і голаду. Але сёння з самага рання проста не меў сілы трываць. Толькі што тут і дзе можна было здабыць з'есці? Да пастухоў не падыдзеш, пастухі могуць пазнаць. На дарогу не паткнешся таксама – можа трапіцца знаёмы, тады ўсё прапала. З незнаёмымі было лягчэй, на выпадак сустрэчы з кім меў даведку, быццам ён – Зайцаў Андрэй Фаміч, ураджэнец Смаленскай вобласці і працуе на Тасьмінскім дрэваапрацоўчым камбінаце рознарабочым. Канешне, Смаленская вобласць зусім не ў гэтым баку, і дзе той Тасьмінскі ДАК, не ведаў і сам Хведар. Даведка, вядома, няблага гадзілася дзе-небудзь у Комі і не дужа – за тысячу вёрст ад яе. Але што было рабіць Хведару? Іншай паперыны ён не меў, а гэтая яму ўсё ж памагла два разы, і то добра.
        Ціха, быццам крадком, ступаючы па апалым шархоткім лісці ў кустоўі, ён прайшоў наўкось да ўзлеску ля вёскі. Учора ён бачыў там старую грушыну, пад якой было чым пажывіцца, але тады яму было не да ежы. Сёння ж тыя грушы выклікалі ў яго нейкае нервовае нецярпенне, і ён неўзабаве ўбачыў праз голле прасцяг знаёмага поля пад лесам.
        Ля грушыны не было нікога, мусіць, ад жывёлы яе аберагала блізкая азіміна, статак мінаў яе зводдаль ці глыбей у лесе. Хведар хутка назбіраў у кішэні світкі некалькі прыгаршчаў гнілабокіх грушак, смак якіх ён памятаў з дзяцінства, і тут жа з прагнасцю пачаў іх жаваць. Аднак, мусіць, трэба было чаго пашукаць да грушак, аднымі грушамі сыты не будзеш, гэта ён ужо ведаў. Значыць, трэба паглядзець дзе бульбы. Але тут было жытное, зелянела рунь, бульбу, мабыць, саджалі ў полі за лесам, калі толькі яшчэ не выбралі. Але не павінны выбраць, думаў Хведар. Да кастрычніка наўрад ці выберуць, а верасня яшчэ заставалася з тыдзень, не меней.
        Тым часам у лесе ўжо добра развіднела, дужа шумелі елкі і плылі-ляцелі ўгары кудластыя хмары, але дажджу не было. Не было і расы на траве, трохі сохлі-грэліся на хадзе яго ногі ў растаптаных, раскарузлых пасталах. Гэтыя пасталы ўвогуле няблага яму служылі – якая б абутка вытрымала тую дарогу, што яму выпала. А пасталы хоць бы што. На мокрадзі змакрэюць, а не распаўзаюцца, у сухмень закарэюць, сціснуцца, стануць нібы жалезныя. Нязносныя пасталы! Дзякуй таму чыгуначніку, што трапіўся яму з касой ля пуцявой казармы. Спыніў, паглядзеў, адно: «Здалёку ідзеш?» – «Здалёку», – сказаў Хведар. І той буркнуў: «Чакай», а сам вярнуўся ў казарму і хутка вынес кавалак чэрствага хлеба з агурком і гэтыя во пасталы. «Абувайся, спрытней будзе». Хведар быў босы, крывяніў збіты палец на левай назе, і ён тут жа звыкла абуўся ў пасталы і няновыя, праўда, анучы, падзякаваў чалавеку. І праўда, стала куды спрытней, чым босаму, ён адтопаў у іх вёрст, можа, з дзвесце.
        Навастрыўшы слых, увесь насцярожаны, Хведар памалу ішоў цераз знаёмы да кожнага дрэўца лес, і ціхае адчуванне шчасця лілося ў ягоную душу. То быў яго родны лес, тут ён пасвіў жывёлу, збіраў грыбы, пасля пілаваў дрэвы, калі вывозілі ў Данбас на рудстойку. Здаецца, нават ён пазнаваў колішні яго пошум. Там жа, на поўначы, лес быў інакшы і шумеў іначай: магутна, дзіка, пагрозліва. Гэты ж не, не дзіка, – мілагучна і таемна трапяталі парудзелыя бярозкі, угары ў задуменным пошуме марудна плылі кудысь вершаліны елак. Падлесак, аднак, парадзеў за той час, як Хведар не бачыў яго, ці, можа, драбналессе павырастала ў ладныя дрэўцы бярэзніку, ляшчыны, асінніку. І была ўжо восень – жоўтае і зрудзелае лісце пачало асыпацца долу, слалася па траве і шархацела пад ягонымі пасталамі. І ён усё апасаўся, каб яго тут хто не ўчуў. Аднак ён удала мінуў пагорачак з елкамі, лагчынкай выйшаў на даўнейшыя расцяробы – самы, можа, глухі куток іхняга лесу: былыя дзялянкі, на якіх густа браўся хмыз, алешнік, малады ельнік, ядловец. Тут жа пачынаўся доўгі роў з ручаём унізе, прайшоўшы па-над якім Хведар апынуўся на ўзлеску. Далей было поле.
        Як ён і здагадаўся, поле было занята бульбяным палеткам, які пачынаўся ад самага ўзлеску. Бульбу на ім, аднак, ужо выбралі, разараныя барозны чарнелі раскіданым чэзлым бульбоўнікам, зямля была ператаптана людскімі і конскімі нагамі. Пастаяўшы на ўзлеску, Хведар спрабаваў разгарнуць канец баразёнкі і адразу знайшоў бульбіну, затым яшчэ дзве. «Э, дрэнь выбіраюць, – падумаў ён з раптам узноўленай гаспадарлівасцю. – Хіба як будуць пераворваць...» Але калі добра выбіраць, дык і пераворваць можна для прыліку, а тут, падобна, і выбіралі дзеля прыліку. Заскарузлымі пальцамі ён капаўся ў сухіх глыжах і натрапляў на бульбіны, піхаў іх у кішэні паддзёўкі. Хутка набраў дзве кішэні, класці ўжо не было куды, і ён са шкадаваннем выпрастаўся: такое багацце ў зямлі! Каб тое яму трапілася пад Котласам, дзе елі траву, кару з дрэў. Бульбіна там была смачней за яблык. Нават сырая.
        З цяжкімі кішэнямі ён падаўся назад, у лес. Трэ было выбраць мясціну, раскласці цяпельца. Мабыць, гэта было самае небяспечнае – цяпельца. Дым маглі згледзець здалёк, убачыць ля яго чалавека. Мабыць, лепш за ўсё атабарыцца ў расцяробе, за ровам, туды, ведаў, у ранейшыя часы не надта патыкаліся. Хіба што бабы – па ягады, грыбы там не раслі. І яшчэ, людзі ведалі, некалі там пладзіліся ваўкі, бывала, у піліпаўку вылі на ўсе галасы. Малыя туды баяліся паткнуцца. Самы раз было туды зашыцца яму. Поруч з ваўчыцаю. Ведама ж, не з людзьмі, нявесела падумаў Хведар.
        Ён доўга ішоў лесам, пакуль выбіўся на той узровак, улез у надта зарослы алешнікам ды ляшчынаю роў, трохі абмыў у ручаі свае заскарузлыя рукі. Вада была сцюдзёная і чысцюткая, бы сляза, і ён на запас напіўся з прыгаршчаў. Па слізкіх, зялёных ад водарасці камянях перайшоў на другі бок рова. Ускараскаўся не адразу, два разы адпачываючы, і падумаў, што аслабеў, аднак жа, завельмі. Як тою вясной на тарфянішчы, калі ўжо не мог сам вылезці з тарфяной ямы, а рыдлёўка здавалася цяжкаю, бы бервяно. Во што значыць жыццё! Ды і гады. Малады, бывала, у лесе адзін паднімаў камель хвоі на сані, жартуючы, бягом цягаў па ўсходцах мяхі збожжа на млыне. Аднаго разу, дурны, паспрачаўся з кусянкоўскімі мальцамі і падняў Іванаву жаробку. Слаўная была жаробачка, з лысінкай на мордзе. Пасля на ёй ездзіў міліцыянер Заўялаў... А цяпер ледзьве выбраўся з рова, які падлеткам перабягаў за адзін раз, без перадыху. Вот што зрабіў з Хведарам час і яго недарэчнае здзічэлае жыццё. Каб тое веданне, хіба так бы яго скіраваў? Але і як было яго скіраваць іначай? Ці ён ім кіраваў?
        У расцяробах былі сапраўдныя лесавыя нетры – блытаніна алешніку і асіння, папараць стаяла да пояса, буяла дуддзё нейкай лесавой непатрэбшчыны. Хведар адышоўся далей ад рова, выбраў невялічкую прагалінку пад зараснікам крушыны і пачаў ладзіць цяпельца. Дужа хацелася з'есці бульбіну, здавалася, не было ў свеце нічога смачнейшага за печаную ў прыску бульбіну. Але прыску, мабыць, трэба яшчэ дачакацца. Касцярок з сучча, якога ўвогуле тут хапала, загарэўся ад першай сярнічкі, але ж, халера на яго, густа паваліў дым, і Хведар спалохаўся. Так яго маглі згледзець. Ён трохі раскідаў цяпельца, каб зменшыць дым, але зусім суняць яго было нельга. Тады ён падклаў хворасту болей, каб гарэла даўжэй, а сам адышоў воддаль у хмызняк. Калі хто і падыдзе на дым, дык, мабыць, яго не ўбачыць. Спярша ўбачыць ён.
        Прысеўшы ў дробным кустоўі, ён пачаў здалёку пазіраць на дымны хвост за крушыннем і думаў: да чаго ж ты, братка Хведар, дажыўся! Ну добра, там, на чужой зямлі, за тысячу вёрст адгэтуль, там трэба было ўсяго баяцца, хавацца, таіцца. А во і тут! На сваёй зямлі. Сярод сваіх людзей. Калі гэта было і з кім! А з ім во здарылася. І не зробіш нічога. Мусіш! Інакш...
        А што, зрэшты, інакш? Пагібель? Гэта было б куды як зманліва, – можа, пахавалі б на родных могілках. Пасадзяць у турму? Мабыць, у турме горш не будзе – неяк бы кармілі і дах быў бы над галавой. Пасля ўсяго, што з ім сталася, турмы ён не надта і баяўся. Але яму наўрад ці перапала б турма. Пэўна ж, яго адвезлі б назад, зноў туды, на страшную сцюдзёную зямлю, на якой жыць ён не мог. Мог толькі памерці. Як памерла ад сухотаў яго Ганулька, згарэла за два дні дачка Волечка. Адчуў, настала ягоная чарга. Але ён памерці хацеў дома.
        І яму пашэнціла, ён дабраўся дамоў.
        Дык чаго ж і на каго ён мог наракаць? Ён быў шчаслівы. Учора як згледзеў роднае поле і вёску, дык у душы ў яго ўсё засмяялася і запяяла. Канечне, засмуціла зруйнаванае котлішча, усё ж ён спадзяваўся ўбачыць хутар. Сніў безліч разоў свой падворак, студню з калаўротам, недабудаваны трысцен. Усё думаў, ці здагадаліся тыя, што жывуць цяпер там, перакрыць клець. Страха ў левым кутку пачала працякаць, асабліва ў навальніцы. Усё збіраўся перакрыць свежымі кулямі. Ды не сабраўся...
        А цяпер дык і няма нічога.
        Дзе яно, ягонае падворышча, хата? Куды ўсё вывезлі? Ці, можа, спалілі на дровы ў сельсавеце? Як спалілі пасля вайны фальварак Альбертаўку. Слаўны быў фальварачак – і дамоўка, і стайня. Стайня асабліва зайздросная была: з бруса, пад гонтай. Разабралі ўсё і папілавалі на дровы – у сельсавет і хату-чытальню. Мусіць, цяпер і яго так – на дровы, пусцілі агнём і дымам. Дзіўна, але ён не шкадаваў. Калі шкадаваць усяго, што набыў і страціў, дык можна было звар'яцець. Нажываў гадамі, за немалыя грошы, мазалём крывавым, хрыбтом сваім і жончыным, тросся над кожным лапікам зямлі, кожнаю палкай і снапком. А страціў усё, і за адно імгненне, і сам апынуўся на катарзе. Толькі завошта? Гэтае праклятае завошта пякельным вухналём сядзела ў яго галаве. Тысячу разоў ён пытаўся ў сябе, як ехалі ў смярдзючых вагонах, як іх гналі абозам па замерзлай рацэ, як рабіў там, на паўночным прыгоне, – пытаўся ў жонкі, у людзей, знаёмых і незнаёмых, пытаўся ў начальнікаў. Усе нешта казалі пра ўладу, класавую барацьбу і калектывізацыю. Але ніхто яму не растлумачыў так, каб адразу стала зразумела: завошта ў яго адабралі ўладай жа дадзеную зямлю, майно і саслалі на катаргу? Завошта? У чым яго віна? Што паслухаўся ўлады і ўзяў зямлю? Дык як было не ўзяць, з чаго б тады ён карміў сям'ю? Брат Міцька не хацеў дзяліцца, бо і праўда, дзяліць не было чаго – шэсць дзесяцін няўдобіцы, – што б выйшла з тае дзяльбы? Зноў жа, брат быў старэйшы, на гаспадарку меў болей права, чым малодшы Хведар. Два леты запар Хведар батрачыў у фальварку, а пасля ажаніўся з такой жа батрачкай, як і сам, – без зямлі і пасагу. Там таксама зямлі было з зайцаў хвост, а сямейка дай бог: восем душ і з іх пяць мальцаў. Як было адмовіцца ад казённай? Узяў зямлю.
        Што дбайна рабіў? Дык жа біўся зімой і ўлетку як рыба аб лёд: і будаваўся, і абрабляў палеткі, стараўся спраўна плаціць падаткі і пазыкі. Падрос – стаў памагаць сын Міколка. Зноў жа быў такі заклік урада – будуйце культурную гаспадарку, каб не жыць, як жылі – у цемрыве і галечы. (Каму ж хацелася жыць у галечы?) Усе прагнулі жыць хоць трохі па-людску і есці хлеб без мякіны. Паверыў, што ўласць кажа праўду. Аказалася – падмануўся.
        Цяпельца яшчэ не дагарэла, як ён закапаў у дробны прысак дзесятак карэлых бульбін – на болей не хапіла прыску. І зноў адышоўся далей – ці мала хто? Але пакуль навокал было ціха; троху пасакатала сарока ўбаку, ля рова, і неўзабаве паляцела далей. Усё пакутуючы ад голаду, Хведар праз колькі хвілін вярнуўся, дубчыкам выкаціў з вуголля крайнюю бульбіну – была яшчэ сыраватая і цвярдая, але нічога: агонь ужо жыўца выгнаў. Збольшага абцёр аб штаны попел і, апякаючыся, з'еў усю, не грэбуючы і абгарэлым бокам. Затым выграб другую. Бульба сапраўды была дужа смачная, ды і ён быў згаладнелы як мае быць, і ёў без перапынку, пакуль не засталіся апошнія дзве бульбіны. Мусіць, тыя спякліся ўжо добра, і ён іх, гарачыя, сунуў у кішэню – аж запякло сцягно.
        Трохі падсілкаваўшыся, адчуў сябе весялей і пачаў думаць, як бы паткнуцца з лесу. Усё ж вельмі карцела паглядзець на поле, можа, на каго з вяскоўцаў – хоць здалёк, згадаць, як жывецца ў калгасе. Увесь час трохі лепш, чым жыў ён. Галоўнае – яны ўсе вольныя, на сваёй зямлі, пад Котласам ён не меў ніякіх звестак аб іх, толькі часам з'яўляліся чуткі – невясёлыя, аднак, чуткі. А як папраўдзе? Усё ж, мабыць, жывуць усе роўныя, не лішэнцы, як ён.
        Зараснікамі ён абышоў роў і па імшарыстай балацявіне выйшаў на ўзлессе – ужо з трэцяга боку лесу. Гэтае поле звалася ў іх Сёрбава і межавала з суседняю вёсачкай Чарнаруччам, стрэхі якой відаць былі ўдалечы на пагорку. Тут і сапраўды працавалі людзі, ягоныя суседзі-калгаснікі – выбіралі бульбу. Яму ні дня не давялося рабіць у калгасе (не пусцілі ў калгас), дык ён думаў убачыць цяпер дружную працу грамадой, усіх разам. Мо нават з песнямі. Замест таго ў ветранай палявой далечы калупаліся над баразёнкамі з дзесятак баб, і ён бачыў адсюль іх сагнутыя шэрыя спіны, вялікія галовы ў тоўста накручаных хустках, босыя ногі. Усе цягалі за сабой вялізныя кашы з бульбай, якія па адным зносілі ў кучу на сярэдзіне загона. Каля той кучы стаяў з паперынай у руцэ цыбаты мужчына, мабыць, учотчык, а тры іншыя ганялі плугамі барозны, надта ўжо памахваючы пугамі на коней. Коні, відаць было адсюль, ледзьве клыпалі ад ператомы, нізка коўтаючы галовамі, – худыя, знямоглыя сялянскія коні. Некалі ў іхняй вёсцы такія былі хіба што ў самых занядбаных гаспадароў – Цыпруковага Зміцера ды Ігналёнка. Іншыя ж ўсе як бы там ні жылі, а коней глядзелі, без каня якая ж гаспадарка. Тут, мабыць, глядзелі не надта. Праўда, ён пазіраў здалёк – зблізку, можа, не такія ўжо кепскія былі тыя коні; можа, і бабы рабілі весялей, чым яму здалося. Але нешта самотна-журботнае ўлілося ў яго адчуванне каля таго поля. Ведама, людзі былі далёка і ён не мог пазнаць хоць каторага, а пазнаць дужа хацелася. Тады ён краем лесу пайшоў у другі бок – да свае вёскі, дзе была дарога ў мястэчка, можа б, каго ўдалося падгледзець на той дарозе? Хоць бы пабачыць, пазнаць, не марачы ўжо, каб пагутарыць ці спытацца. Спытацца, канешне, няможна, трэба таіцца. Што зробіш, такі яго лёс. Яго вылучылі з грамады, выбракавалі, бы карослівае свінчо са статка, і выкінулі далёка. Ці мог ён назаляць каму? Набівацца? Тым болей прычыняць шкоду сваім набіваннем?
        Дарога, колькі ён памятаў яе, не змянілася – была ўсё такая ж – раз'езджаны між кустоўя бальшак з застарэлымі лужынамі на выбаінах, якія, дзе можна было, відаць, аб'язджалі фурманкі. І дзве бярэзіны на тым баку стаялі, як стаялі ўвесь век, – адна прама, а другая раздзяліўшыся на дзве, віламі, – старыя, закарэлыя, тоўстыя бярэзіны з абдзёртымі і пасечанымі камлямі. Пад раўнейшаю – відаць было цераз дарогу, – мабыць, нядаўна палілі вогнішча, падпяклі бяросту, таксама як і вецце аднізу. Пастухі, напэўна. Хведар нізка прысеў за пыльным прыдарожным кустоўем, стаў назіраць. Не ведаў, куды глядзець болей – у бок вёскі ці ў дальні канец, пад мястэчка. Пакуль што ні там, ні там на дарозе ніхто не паяўляўся, мусіць, усе рабілі на полі, чаго раз'язджаць бальшаком на той час? Аднак ён цярпліва сядзеў і думаў, каго б найперш хацеў тут пабачыць. Мабыць, найперш Саўчыка Лёксу, усё ж аднагодак, сябра і ўвогуле сардэчны мужык, хай бог дасць яму шчасця. Толькі дагэтуль не надта ўжо бог надзяліў шчасцем. У мікалаеўскую вайну Лёкса быў паранены шрапнелем у плячо і, колькі яго паматаў Хведар, усё бедаваў з рукой, не мог рабіць ніякай цяжкой работы. А ў сялянстве дзе ж возьмеш лёгкую? Біўся бядак Лёкса на адным надзеле з кучай малых дзяцей, Хведар часам памагаў яму – то папілуе дровы, то паможа накідаць гною на воз. Разоў колькі пазычаў грошы. Але памагаў так, па-суседску, без вялікае шчырасці. Нават і з прыкрасцю, калі, бывала, папросіць хамут, а тут самому запрагаць трэба. А ўвогуле Хведар яго шкадаваў, бо сусед, да таго ж аднагодак, і нямала абодва натрываліся на вайне. Каб веданне, як яно абернецца далей, дык бы шкадаваў з большаю шчырасцю. Усё ж харошы быў чалавек.
        Ну але, мусіць, гэта марная справа – чакаць таго, што табе хочацца.
        Хведар добра наседзеўся ля бальшака і падумаў, што, мабыць, дарма ён удумаў тое, як у дальнім канцы дарогі, ад мястэчка, з'явілася фурманка. Рыжы рахманы конік даволі спраўна каціў з горкі ўніз, і за ім на возе відаць былі двое – мужчына і баба. Тое, што лейцамі кіравала жанчына і сядзела яна ў перадку, зацікавіла Хведара, хоць ён яшчэ і не пазнаў нікога. Жанчыну і праўда было не пазнаць, калі яны пад'ехалі бліжэй – тая была адвярнуўшыся на той бок калёс. А вось мужчына... Мужчына быў у калматай зімовай шапцы, з настаўленым каўняром шарачка, ён абнікла сядзеў у задку, склаўшы на каленях рукі, ногі яго былі ўхутаны стракатаю хатняй коўдрай, твар худы і белы. Увесь час бы глуха нядобра пакашліваў. Нешта дужа знаёмае здалося Хведару ў гэтым твары, калі фурманка пад'ехала бліжэй, і тут жа раптам, нібы падказаў хто, ён пазнаў чалавека. То быў Мікіта Зыркаш, ягоны, Хведараў, ліхадзей, які пісаў тады на яго за малатарню, з чаго ўсё і пачалося. Спярша цвёрдае заданне, а затым і ўсё астатняе. Але ж, мабыць, не далося жыццё і зайздросніку Зыркашу, угледзеўшы якога Хведар зразумеў усё – той быў хворы. Мусіць, яго хворага цяпер жонка везла з бальніцы ці ад доктара, і, угледзеўшыся ў чалавека, Хведар зразумеў, што не жылец на гэтым свеце Зыркаш. Адною нагой ён ужо там, Хведар гэта адчуваў добра. Нагледзеўся на такіх за жыццё. Трохі нават бы радасна стала ці нават зларадна: мусі, бог бачыць усё і карае па справядлівасці. У іншы час Хведар, можа, болей парадаваўся б з тае прычыны, але цяпер не хацеў. Зларадства сваё ён ужо амаль перажыў – перагарэла яно за гады ва ўласных пакутах, нікому не хацеў бяды, як і сабе таксама. Хай доўга жыве зайздроснік Зыркаш.
        Але стала сумна. І гаркотна. Мусіць, дзень ужо браўся на адвячорак – канчаўся першы ягоны так доўга чаканы дзень на радзіме. Што далей?
        Ён яшчэ пасядзеў троху, думаў, можа, і яшчэ каго згледзіць на вечаровай дарозе, ды болей не было нікога. Як пачало змяркацца, устаў, пайшоў краем кустоўя ў бок вёскі. Мусіць, трэба было б, пакуль не змерклася, брысці ў свае расцяробы, каб пасля не драць вочы ўпоцемку. Але яго ўсё цягнула да вёскі. І ён памалу ішоў лесам, пасля, асмялеўшы, выткнуўся на ўзлесак ля палетка з рунню, пастаяў на ўзмежку. За лагчынкаю ў вёсцы хутка гусцеў восеньскі змрок, заблішчэла некалькі агеньчыкаў у вокнах – там палілі святло. І яму захацелася ў прыцемку зазірнуць да каго ў акно, паглядзець з цемры ў хату, убачыць знаёмыя твары. Страшнавата было, ну, але, можа, не пазнаюць, калі і ўбачаць. Ён не адгукнецца нікому, толькі пройдзе па вуліцы і зазірне. Так карцела пабачыць каго жывога-наёмага. Найперш добрага чалавека, не злыдня, канешне.
        Ціха, амаль крадком, часта спыняючыся, ён зноў, як і ўчора, прайшоў рунню паўз сваё нешчаслівае котлішча, паціху патупаў ля плота збоч ад дарогі. Ну во і прысадзістая Саўчыкава хата пад крывой сукаватай вербінай. Калі ўлезці ў гарод, якраз апынешся перад акном, што насупраць Лёксавай печы, там жа, у падаконні, некалі мясціўся кухонны столік, за якім елі. Зусім ужо ўпоцемку Хведар пералез цераз плот, паабстрыкаў у крапіве рукі, але няблага затуліўся ў зарасніках ад вуліцы і ад падворка. Праўда, святла ў Лёксавых вокнах пакуль што не было, ды Хведар адчуваў, што там не спалі – нейкія невыразныя гукі ўсё ж даляталі з таго боку сядзібы. І ён стаіўся ў крапіве, чакаў. І праўда, урэшце недзе глуха бразнулі дзверы, у акне ўзнікла хліпкае цьмянае святло – ад газнічкі, канешне. Мільганула ў адным акне, у другім і спынілася недзе ў дальнім кутку, ля запечча, ці што? Хведар напружана ўзіраўся – хто там? За акном каўзануўся нейкі няпэўны цень і прапаў. Хто то быў, адсюль зразумець было нельга. Як нельга было ўчуць людскога голасу ў заўжды гаманлівай на дзіцячыя галасы Лёксавай хаце. Ці там усе маўчалі, ці, можа, ціха сноўдала адзінокая постаць? Напэўна, жаночая. Але дзе ж тады астатнія? Дзе сам Лёкса? І яго пяцёра дачок?
        Нічога болей не дачакаўшыся ў крапіве, Хведар вылез з гарода на вуліцу і зноў, як учора, ціха прайшоў з канца ў канец вёскі. Мігатлівае святло з вокнаў бліснула яшчэ ў некалькіх хатах, але ў дзьвюх вокны былі завешаны фіранкамі, а каля трэцяй хтосьці тупаў на падворку ля самых веснічак, і Хведар, уцяўшы галаву ў плечы, таропка прайшоў далей. Усё ж ён баяўся.

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.