буду рэчкай, якая цячэ назад, невымоўным словам, якога сказаць ты ня зможаш – загіне на вуснах сэрца білася ў шыбіну цела майго, журавы адляталі на поўдзень штогод – я штодзень апраналася ў вусьціш як прыемна цяпер быць маўклівай ракой – без аеру, бяз чоўнаў, без рыбакоў – не пабачыць ні выйсьця, ні вусьця як прыемна цяпер словам быць трапяткім, да цябе празь мяне вершы мкнуць напрасткі, толькі з вуснаў тваіх не сарвуцца
2007
|
зоркі – радзімкі неба – складаць у кішэню дрыготкасьць пужлівасьць пяшчотнасьць тваіх пацалункаў кідаць пад ногі анёлам за жменяю жменю ацэньваць графічнасьць дакладнасьць манэрнасьць малюнка спустошваць у пошуку слоў вершаваныя соты быць майстрам самоты
2007
|
гаркавы пах вясны – прадвесьце адзіноты плюс тонкі саладжавы пах парфумы я адчуваю і душой, і скурай я адчуваю крохка і празрыста ёсьць час адчуць чужыя боль і страх ледзь бачны рух пачуцьця ў гэтых зрэнках пачнецца перакульваньне сусьвету пачнецца перагортваньне старонак агромністай, усім вядомай кнігі ты – люстра, тут адбітыя фігуркі, машынкі, дрэўцы, вулкі, хаткі, крамкі ты – рэха ўсім вядомага хаосу твой лёс абліты цёплым смачным ветрам
2006
|
{глыток марскога паветра}
|
шлях да цябе пакручасты, быццам горная сьцяжынка, заблытаны, быццам лябірынт на высьпе Крыт, быццам сутарэньні падземнага горада, быццам пасма тваіх валасоў, ускудлачаных маёй жартаўлівай рукою, шлях да цябе не спыняецца ніколі. падстаў сваю душу наросхрыст вясноваму моцнаму ветру, дыхай да цемры ў вачох на поўныя грудзі, ледзь не зубамі я выдзірала цябе зь кіпцюроў ненаеднага лёсу, мы нарэшце на беразе дзікага, дзікага мора.
2007
|
Я не хацела жыць Мой тата помсьлівы вецер Мая маці чужая зямля Мой сум – брат гэтай планэце Крокі ценю майго на сьцяне пакідаюць плямы Сьляды на маёй душы – каштоўнасьць сусьветнай крамы Выходзьце з кватэр утульных Глядзіце на новыя цуды Вы – Езусы ў маіх турмах Я ў вашых палацах – Іуда
2001
|
памаранчавы бераг падміргвае марнаю марай гэта люты. А лета вяртаецца зьдзеклівым рэхам ім здаецца, што вершы пісаць – быццам лузгаць гарэхі зробяць дзіркі ва ўсьмешках сваіх, ды ня трапіць дарма ў рай мне ня верыцца ў танныя пафасы, коскі і кропкі ў цемрадзь родных вачэй і ў тужлівую менскую слоту скокнуць з даху зімы і ў вясну б уварвацца зь лёту там за сьпінай пачуць крок да болю знаёмы таропкі ценем ляжа на цёплы пясок вечаровая змора век ня вывучу так як належыць ніводнае мовы мне вядома. Старое ня можа прыкінуцца новым ніводнае наша вакно не выходзіць на мора
2005
|
паміраю ў пачатку верасьня. Цёплая восень толькі сьніцца. На смачныя мары зьлятаюцца восы. мне Бэрлін, Амстэрдам і Прага як цяжкі вырак, дзе ўлюбёнцы мае. Шлях дадому як шлях у вырай. час вяртацца, абняцца са мною, вочы прымружыць, я трымаю на падваконьні белыя ружы.
2006
|
вярніся, нас чакае цёплы дождж марозіва на смак знаёмых словаў ды кроплі будуць сьлізгаць адмыслова па дахах і па шкле пустых дамоў вярніся, нас чакае цёплы дождж і дзесьці ёсьць дзівосная краіна цяпер маёй душы ад ранаў зімна раней усё праходзіла само вярніся, нас чакае цёплы дождж забі маю аголеную думку нашто табе бадзяцца без прытулку па скрушных эўрапейскіх гарадох
2003, 2004
|
(Шпацыр уздоўж марскога берага)
|
тут сьпёку мы хвалім тут хвалі – у рытме гэкзамэтра б’юцца аб бераг бяссонная ноч праліваецца з рук малаком там ты ратаваўся віном – а я ратавалася верай захраслай у горле дакучлівым камяком няма тут ні правых, ні левых ізноў ты – паветра, якім мне прызначана дыхаць ізноў вецер смагу сваю наталяе залевай ты не пакідай на маім падваконьні сьлядоў, хоць табе і дазволена ўсё, з вачыма вільготнымі леў
2007
|
ты вернешся за мной, ды я ў жалобе пішу вэрлібры разам зь лістападам ён, як і я, ад жалю захварэлы ты вернешся – адно не дачакацца запозьненай пяшчоты палахлівай залечанай ласкавым «супакойся» ёсьць боязь назаўсёды стаць шчасьлівым я – дзіўны боль той боль пад першым сьнегам мая душа з тваёй ня мае выйсьця
2003
|
ты надта далёка далей, чым могуць сабе ўявіць аўтобусы, самалёты і цягнікі час трымае на ланцугу праглядаю архіў непазбыўных пачуцьцяў хутка восеньскае лісьце будзе танчыць тужлівае танга і паветра прасякнецца п’янкім пахам сьвежага хлеба я скармлю галубам апошнюю лусту сваёй любові
2006
|
адчуць смак незвычамнага адчаю ад трапных стрэлаў рыфмамі ў цішыню і пазбавіцца жаданьня крануць цябе за руку і захлынуцца пачуцьцём непапраўнае страты у гнязьдзе маёй душы растуць птушаняты вершаў час стаць дарослымі і пакінуць прытулак кульгавае любові я не гандлярка, каб падводзіць рахункі з жыцьцём на скамечанай паперчыне свайго лёсу але так доўга я не стаяла на адным мейсцы ніколі але нікому я не глядзела ў вочы так доўга
2006
|
шлях да Бога ляжыць праз страўнік сьмерць у сьнежні ды сьмерць у траўні цёмна вершам, нібы ў труне ува мне наш лёс – гэрой крымінальных хронік памыем рукі, паголім скроні цесна вершам, нібы ў труне ува мне яшчэ жывы, нас мінае студзень стварайце цуды, сьвятыя суддзі страшна вершам, нібы ў труне ува мне
2004
|
адбяры маю сьмерць у мяне сьвет зьмяняе манэры ў мане абгарэлі ў вагні матылі лісьцем восеньскім сьпяць на зямлі гэта гімн загулялай вясьне гэта проста скрываўлены сьнег толькі тысячы словаў пустых ад якіх адракаесься ты там аблокі плывуць па сьцяне крыкі жудасьці чуюцца ў сьне кіпцюрамі скрыгочуць зьвяры адбяры адбяры адбяры у душы раскашуе туга трэба шчасьце спусьціць з ланцуга фарбы сіняй на неба праліць матылі матылі матылі
2004
|
вясёлая восень, за кожным вуглом – па забойцы, і памяць пра лета ад шчасьця ўтапілася ў Леце, яны бавяць час у баёх між сабой ці мае залаценькія вершы зграбаюць у сьмецьце. спаліць бы душу, цёплы попел разьвеяць па ветры, быць лёгкім дыханьнем у родным азяблым целе тваім. Мой горад – адзіны, каму я веру. так прагне, так прагне Амур у цябе пацэліць.
2005
|
складаць крыжаванкі з рысаў тваёй далоні пакуль не адзенуцца клёны ім з сонечных промняў саткаць апранаху лістоты патрэбна. Ня пішаш лістоў ты я проста атожылак нашага чуйнага болю ня болей
2007
|
Алесю Разанаву
даруйце, я ня маю інакшай зброі, я рыхтую кулямётную стужку вершаў, я засланяю сьвятло ў канцы тунэля, «Перш, чым з апошняга стану першым, пабуду ўсёю чаргой».
2004
|
550 Н. К.
сьпяваю жыцьцё, хоць ня знаю ніводнае ноты, засьмяглымі вуснамі п’ю адзіноту, пах ейны такі нечакана п’янкі і гаркавы, пазбыцца яе немагчыма. Наліце мне кавы. ёсьць нехта, хто вечна чакае гарэзу малую, ёсьць нехта, хто дзьверы адчыніць і ў скронь пацалуе.
2004
|
лічу адлегласьці не кілямэтрамі, а болем чым далей ты, тым болю болей
2004
|
крок за крокам у невядомасьць але па-за ёй усьмешкі любімых твараў і пранізьлівы боль і нястача жыцьцёвага вопыту
2004, цягнік «Менск–Санкт-Пецярбург».
|
на дрэвах вісіць цішыня на сьвітанку сьвет надта бліскучы – балюча глядзець анёлы зьлізалі з аблокаў сьмятанку няможна паверыць у сьмерць яны па кішэнях расьпіхваюць зоркі і пэцкаюць неба ў малінавы джэм хоць кожны мой ранак дрыготкі і золкі няможна да шчасьця бліжэй
2004
|
Верасьнёўская адчужанасьць
|
няхай чужой пустэчы не спасьцігнуць і не надыхацца няхай чужым паветрам і цішынёй такою не наслухацца а толькі задарма душу вярэдзіць каму лічыць адлегласьці аблокамі выплакваць кожны гук чужога голасу засьмеціць жоўтым лісьцем успамінаў адлюстраваньне ў лужыне чужое
2004
|
набліжаюся да цябе кілямэтрамі скрушных словаў мы – майстры вершаваных ловаў восень згодна са мной гібець зноў ціхутка заплакаў дождж і хвіліна з кішэні зьбегла забіваю самотай адлегласьць ад адных да другіх гарадоў
2004
|
(непапраўныя страты поўнагадовых)
|
памнажаюцца думкі, выходзяць крывёю з носа, анемія душы, я ня ў стане такое зносіць, як з далоньню маёй цалаваліся белыя ружы, уцякаў з галавы новы вершык, нэрвовы і скрушны. быццам сьлёзы з маіх вачэй для цябе атрута, гэй, хадзем тусавацца ў пекле, там будзе крута, сьвет навучыць цябе жыцьцё маляваць з натуры, ты пакінеш зубамі сьлед на празрыстай скуры.
2004
|
ад восеньскага сонца мне самотна у рай імкліва вершыкі ляцяць і неба, як сьмяшлівае дзіця адно лістота прагне неспакою адно, што промні скачуць па сьцяне здаецца нерэальнаю такою чужая постаць у тваім акне
2004
|
ад адчаю мяне ліхаманіць цёплым сочывам поўняцца вочы лепей – сонцам, калі ты ў пустэльні лепш – атрутай, калі ты ў натоўпе жах праз рэшата душ дзіравых надта любіць брыду прасейваць нехта іншымі быць ня ўмее мне ня дадзена быць сабою
2004
|
не пашкадуе кат адсечаных галоваў і кіпцяў котка дзеля новых ловаў запальвае сьвятло знутры мяне самой ірвецца вонкі зноў зьвярыны смутак мой
2004
|
з-за цябе на прастуджаным даху сяджу, бо ты хвіліны цэдзіш па кроплях, як я цаджу боль поўню рэжу ў гарбату тваю на лімоны ты празрысты такі, ты такі невымоўны
2005
|
500 Т. Н.
ад мяне засталіся стос вершаў ды жменька ўспамінаў пра пякучае сонца пагляду пра словаў пяшчотныя хвалі там і тут там размовы на кухні – іх чулі толькі хатнія кветкі і ўсьміхалася полымя сьвечкі перад тым, як мяне асьляпіць тут – мой студзень бязь сьнегу і сьцюжы тут – мой боль, на табе ўкрыжаваны тут – прастора, схаваная ў там
2005
|
дзень сьляпы, ён праходзіць навобмацак то ж нябёсы, на шэрань зайздросныя люстравацца яму не дазволілі у маіх безнадзейных вачох
2005
|
мой зімовы настрой вымяраецца колькасьцю вершаў я зьбіраю сьняжынкі ў кішэнях і мару пра сьнег каб на колькі хвілін, нібы ў шалік, захутацца ў моўкнасьць шэры горад, галодны на цішу, мяне праглыне
2005
|
ты адбіваесься ў зрэнках маіх зноўку на неба сьпяшаецца мніх дораць мне дрэвы свой здушаны крык толькі ад болю майго не памры плача ў кішэні прыгожанькі Бог плача аб белых сваіх галубох ты мой анёлак сьвятлейшы за ўсіх ты адбіваесься ў зрэнках маіх
2004
|
глядзі як кветкі цягнуць рукі да мяне як прытуляюцца чырвоныя пялёсткі да ценю сонечнай паэткі на сьцяне каб выкшталцона наракаць на ўласны лёс я абкалола неба вуснамі ўва сьне даволі ў пальцах гаваркіх утойваць вусьціш у жніўня сэрца разарве і пойдзе сьнег ён упадзе са мною ў чэзлую траву
2003
|
самотніцай у тле чужой пяшчоты бо родны кут кату майму нямілы чужыя кіпцюры зьняславяць цноты іх іншы зьвер забыць ня мае сілы па дахах працягнуўшы вандраваньне прысьніць мой кот, зьнясілены дарогай шыкоўнай ноччу і апухлым раньнем дурным жыцьцём вясны маёй убогай бялюткай лапкі палахлівы дотык вось так к табе я ў думках залятаю спачнеш ты ад згрызоты і брыдоты дзе ўсе каты душою спачываюць
2003
|
зіма як быццам сьлед у сьлед сто SMS-ак за каўнер табе насыплю я, але тут на рагу стаіць жаўнер мне месяц-злодзей вострыць нож каб вершык скокаў па лязе каб суму не было відно а сьнег бяжыць, а сьнег паўзе
2005
|
у завулку чарговых фантазій цёмна і на вуліцы пекных рыфмаў душна на праспэкце шматлікіх вэрлібраў сьцёбна я іду, адчуваю сябе нязмушана манекены метафар жывуць за вітрынамі параўнаньняў каралі ляжаць карцінна ды я тут ні пры чым, я гандлюю цытрынамі так што, мілы паэта, праходзьце міма
2006
|
Нагляднасьць і вобразнасьць
|
ў правай палове маёй галавы летні спакой і зімовая сьпёка кідаю зноўку ў пустэчу – лаві мулкае, гулкае, пухкае слоўка зграямі чорненькіх пацучкоў грызьлі мы Біблію ў пошуках веры словамі – жменькай маленькіх цьвічкоў – нехта ўкрыжуе мяне на паперы
2006
|
Мой упалы анёл, нашы жыцьці лістотай на дрэвах шамацяць. Ты ашмёткі надзей лепш у сьметніцу выкінь. Чэрвень гэты чарвівы ад слоў мінакоў і знаёмцаў. Чэрвень гэты чырвоны, аж чырвань ільсьніцца ў вачох. Прапаўзае праз сон дзень ціхуткі, сьлязьлівы і моўкны, Быццам прагнеш атруты – так дождж п’еш тугой і пажадай Каб апошнія пёркі павырваць зь няўрымсьлівых крылаў, цёплы ветрык, бы котку за хвост, пасьпяваеш схапіць.
2005
|
душа бы зламанае ссохлае дрэўца сьпякотна, і целу няма як сагрэцца ад стомы ў чаканьні чарговай сустрэчы марозіва з болем – звычайныя рэчы яна апранае стылёвыя строі зьмяшаная кроў, каляровыя мроі над горадам сёмая ціша навісла сем год, і мой сёмы каменьчык у Сьвіслач ні ўправа, ні ўлева – ніводнага кроку чакаю сяброўку
2005
|
я нашу ў сабе сонечны горад на беразе мора на запясьці – чарнюткую стужку з пахам цюльпанаў зазіраючы ў кожныя вочы на ціхіх завулках за валосьсем хаваю свой погляд, засьмяглы ад болю і трымціць апранаха пад ветрам, як белае крыльле толькі ўсьмешка мая нібы некаму нешта павінна
2005
|
пустэча. мне час забывацца на словы мне час задыхацца ў абдоймах зімы табе ж пакідаць свой прытулак часовы зацятым маўчаньнем прасіць: «абдымі» а потым – адрынутым птушаняткам чужым ваўчаняткам, а лепей – нікім няпэўнай асобай без пэўных заняткаў адзін за адным сустракаць цягнікі ты ведаеш шлях ад сьвятла да цямрэчы кульгавыя словы. Няможна бязь іх. адно не адолець звычайнае рэчы як нашу душу падзяліць на дваіх
2005
|
старажытных дамоў мармуровая скура адзінокі паэта лятае па дахах каляровых вітрын маляваная дура як Хрыстос на крыжы, памірае на гмахах прыгажосьць існуе па-за межамі зроку прыгажосьць існуе па-за межамі часу скараціўшы адлегласьць у некалькі крокаў нашы вочы і рукі застаюцца сам-насам вы – кляновага лісьця залатыя манэты пацалункі і позіркі цёплага ветру вы – мае ненароджаныя санэты! засталося прайсьці толькі некалькі мэтраў і ніхто не дакажа, што сусьвет мы адкрылі продкі продкаў маіх зноў зьбяруцца на веча каб забойцу зрабіць матыльковыя крылы і тады я скажу, што імгненнае – вечна
2002, 2007
|
Бог разьвесіў на дрэвах лістоту Бог прыдумаў жыцьцё быць на беразе нечай самоты паламаным трысьцём на кавалкі ўспамінаў сталіцу болем, быццам нажом, рэзаць, каб за каўнер твой праліцца верасьнёўскім дажджом трапяткога, пужлівага зьвера мне пяшчотна кранаць пад паўночным пранізьлівым ветрам вершы здрадзілі нам
2005
|
засталося хіба харчавацца згадкамі пра цябе ці зрэзанай кветкай самотнай гібець праз гэткую крохкую халадэчу перабіраючы рэч за рэччу або задыхацца ад хуткага бегу у пошуках соцень страчаных ego адно зь якіх – ты
2006
|
у кожнай сьняжынцы – працяг нечага верша у рысах тваёй далоні працяг рысаў нечай далоні і людзі імкнуцца быць некім найперш, а сабой – не, бо гэта значыць ужо ня быць
2006
|
усьміхаецца неба зіхоткімі вочкамі добра лётаць вядзьмаркам у ноч, калі выпаў гэткі іскрысты сьнег на плячы задрамаў твой ахоўнік-анёл ты стаіўся параненым ваўчанём толькі вейкі трапечуць у сьне
2006
|
калі заходзіць сонца, неба нібы выкладзена апэльсінамі, і ў мяне, калі я гляджу на яго, твар робіцца памаранчавым, а вочы набываюць колер мора, у якое кінулі сонца. але тое ня ў гэтым жыцьці, ня ў гэтым.
2006
|
колькі можна было вынаходзіць квадратныя колы і прымаць вечна дзьверы – за вокны, а вокны – за дзьверы, як маглі не засвоіць мы з курсу сярэдняе школы, што няма ні любові, ні нас, ні надзеі, ні веры. а цяпер мы на беразе мора, і пахне вясною, і ахутана неба, нібы прасьціной, цішынёю.
2006
|
дрэвы абапал тутэйшых дарог – быццам падлеткі са злоснымі тварамі сварацца зь ветрам і строяцца парамі разам чакаюць нябесных дароў цёплы імклівы задумлівы дождж стрэне абдымкамі пыльную раніцу і невядома: залізваць мне раны ці бегчы хавацца ў пакінуты дом
2006
|
з розных нотак голасу твайго можна складаць марш Мэндэльсона а можна – пахавальны марш мой выбар у разнастайнасьці я закідваю цябе вясельна-пахавальнымі вершамі
2006
|
сьвет мой бруднай насоўкай ляжыць у кішэні красавік у заблытаных сонечных пасмах апранаюцца дрэвы. спыніся, імгненьне! мне складана і цьмяна, мне проста і ясна
2006
|
Зьнемаглася ўдыхаць цямрэчу, Ты як мера і сутнасьць рэчаў, Ты як мора, і тут на беразе Прахалода, мой верш цьверазее. Горад знае бязважкасьць і стому, Зрослы зь небам, сабе самому Не патрэбны ў сьпякотны ліпень. Хваля мне да падэшваў ліпне. Ёсьць каму наступаць на пяты – Адзінота ў душы напятай, Хваля словамі ў сшытак легла, Мне ёсьць чым вымяраць адлегласьць.
2006
|
Зялёнай смугою ахутаны голаў старэнькай чаромхі, У першай лістоце заблытаўся голас, ціхмяны і крохкі, I цёплы спагадлівы ветрык зь дзіравага меха Згубіла п’янкая вясна. Каб вярнуцца, ты зьехаў.
2006
|
над Нявою на мосце раптам гнуткую постаць і абрысы знаёмыя стрэнеш для цябе пасьміхаецца мудра і проста Бог на сёмыя содні стварэньня зьнэрваваныя рукі, выпадковыя рухі, тонкі точаны профіль – ня болей ты кранесься дзяўчыны, апрануты ў скруху, ты кранесься з трывогай і болем
2006
|
наглытацца з ракі тваёй душы спакою і цішыні вада празрыстая, аж бачныя на дне каменьчыкі тваёй пяшчоты з ласкавасьцю ўсьміхаецца Буда усе дарогі сьвету скручаныя ў абаранак часу кінутыя да яго ног у небе, афарбаваным захадам сонца, мне бачацца водбліскі нашага татэмнага вогнішча ты зноў у маім быцьці
2006
|
сталасьць ня ёсьць мудрасьцю схілі свой пасівелы голаў перад мужнасьцю маленькай дзяўчынкі якую носіць на руках ранішні вецер якую лашчыць абрыкосавае сонца і ў душы якой – бурлівасьць горнага вадаспаду усе мы выпалі з калыскі часу усе мы хочам пакаштаваць бязьсьмерця усе мы цягнем рукі да любові і атрымліваем аплявухі яна танчыць у цэнтры замкнёнага кола застаецца адно схіліць перад ёю голаў
2006
|
чарговыя здрады – адно толькі зграйкі сьняжынак у цёплую восень драбнюткія белыя птушкі ці жнівеньскі дожджык з гаркавых чырвоных сьлязінак вось новы аб’ект, двортэр’еры наставілі вушкі сачыце, лавіце бялявых і шэравокіх я маю ў дзіравай кішэні квіток удачы я маю знутры тое, што вы схавалі вонкі пранізьлівы вецер мне валасы кудлачыць ёсьць новыя выразы твару, кацячыя рухі надзейная зброя і поўная вершаў абойма назаўтра мне хтосьці сагрэе азяблыя рукі назаўтра ўзыходзіць сонца ў тваіх абдоймах
2005
|
трызьніць берагам мора, быццам memento mori не існуе, і больш не пазбаўлюся сну я там, дзе сонца раскінула хвалі сваіх валасоў, я ў сабе нясу страх, а ты проста ідзеш насустрач
2006
|
беспрытульнае слоўка бясьсільна трапеча на вуснах ўсё мацней адзінота на шыі сьціскае пятлю звонка коцяцца зоркі з разьлёту ў траву ў снах люблю
2006
|
у лепшых законах трагэдыйнага жанру мой малюнак паламанага крыжа рук векапомны ў пэйзажы расчыненых вокнаў я – чаканьня няўсыпнае вока
2006
|
у наскрозь даждлівы наскрозь жнівеньскі дзень пад гамонку галубоў якія жывуць на гарышчы смактаць адзіноту праз саломінку філязофіі спустошваць шклянку за шклянкай спустошваць сусьвет за сусьветам і нетаропка выбудоўваць рыфмамі ламаную лінію тваіх вуснаў відаць, нямногія пагодзяцца быць мной шчасьце ў тым, што мае адчуваньні – салёныя марскія хвалі – трапечуцца ля тваіх ног
2006
|
трэба выплакаць, пэўна, некалькі літраў сьлёз, каб душу асушыць і знутры запаліць сьвятло, сьцяўшы зубы, глядзець, як сьцябецца зь цябе твой лёс, каб ня сьніцца на радасьць, прысьнюся табе на злосьць.
2006
|
твой пах зьмяшаны з пахам дажджу больш ніякіх замежных паездак і прылюдных творчых натхненьняў а тым болей мярзотных думак я гуляю ў тваю даросласьць
2006
|
адгадваць адмысловыя крыжаванкі дарог бачыць чыгуначныя станцыі і аўтобусныя прыпынкі зацярушаныя пылам памяці адчуваць пах надыходзячай навальніцы зазіраць у вочы вандроўніка стомленага спасьціжэньнем адлегласьцяў чуць як цёплыя струмені дажджу сьцякаюць па вопратцы часу ісьці басанож па мокрай, казытнай траве стаць трымценьнем маладога лісьця
2006
|
Радасьць бацькі, які трымае На руках малога сына – Шчасьце Бога, які трымае На руках дзіця Сусьвету.
2006
|
Гаркавы смак чарговых успамінаў, Мой вечар зноў ахутаны смугой, Я ведаю: час даўкіх слоў загінуў, Ёсьць шэраг дзён, залатаных тугой, Што маюць ледзь улоўны пах язьміну. Абмытых навальніцамі лугоў Больш не прымрою, і трапеча ў сьне жаль, Ты – жарсны жнівень, я – трывожны сьнежань.
2006
|
калі жывеш у рэжыме нон-стоп хвіліны спатыкаюцца адна на адну і няма калі зазірнуць табе ў вочы сьняжынкі таюць на дрыготкіх вейках пяшчотны студзень – сонца ў маёй кішэні шкадую соцень падстрэленых вершаў цалую тваю самоту ў куточках вуснаў каб нехта замысьліў горад з маёй любові
2007
|
ты нібыта сатканы зь пяшчоты ты нябыт у будзённым быцьці выйсьцем стаў зь нематы і нудоты крык, што ў сьвет бумэрангам ляціць п’юць засьмяглыя вусны самоту чую ў голасе ветру сумнеў сакавік, зноў спакушаны слотай, не наважыцца здрадзіць вясьне
2007
|
сьпёка жыве ледзь чутнай пульсацыяй ветру мы – агорнутыя спакоем на пяску распластаныя цені мы – выпадковыя рухі сасьмяглай лістоты на сьцішаных дрэвах неба не размыкае патрэсканых вуснаў хтосьці палюе на ракавінкі і крабаў а чарапашкі чакаюць прыліву, каб нарадзіцца і толькі я – лішняя, бо ты – мора а я – рыбіна выкінутая на бераг
2007
|
трывожна згадваць цябе трывожна як быццам адкрываюцца старыя раны як быццам за вершаліны дрэнаў чапляецца вецер пакуль я кідаю бяздомнаму кацяняці абгрызеныя курыныя косткі беламу зеленавокаму кацяняці на горад апускаецца вечар
2007
|
камяком у горле захрасла жаданьне быць тлумныя гарады, індустрыяльныя краявіды і ў мясцовых анёлаў німбы нібы змаляваныя з глянцавых вокладак а я чытаю па складах твой погляд я праводжу цягнік, падобны да тлустага вусеня табе застаецца вусьціш мне застаецца сьмяшынка, схаваная ў выгіне тваіх вуснаў
2007
|
Мы павінны быць разам – восень б’ецца ў прамерзлыя шыбы, Позірк ворага зноўку па сьпіне прабег халадком, Гэты покліч крыві і паэзіі з мудрасьцю Шывы Не паблытай, як блытаюць друз зь вершаваным радком. Глянь, анёлкі разьвешвалі крохкія хрумсткія зоры – На зваротным шляху незнарок разьлілі малако. Ім ня трэба займацца разборам прыватных гісторый I да мараў праз страшныя сны прабірацца крадком.
2007
|
Ня ў словах паэзія – паэзія ў рухах і позірках, Ня ў позах і чорных дзірках, а ў рысах твару Тваіх, і ў тым, як паводзіш брывом, і ў позехах, I ў тым, як чытаю па твары, пра што ты марыш. Ня ў тым, пра што пішуць ранішнія газэты. Ня ў гэтым. Ня ў гэтым. Ня ў гэтым.
2007
|
Душа не знаходзіць, куды сваё цела падзець. Самота малюе кругі пад вачыма і ў сонечны дзень. Ня трэба вершаў. Я адкажу на пытаньні вусна. Кранаць чужыя зашмальцаваныя вусны вусьцішна. Але такім, як я, няма калі верыць скрусе. Бо я не анёл. Я толькі вучуся.
2005
|
|