РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Гарэцкі
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Смачны заяц
1
        
I

        
        Але колькі ўжо выпадкаў было ў гісто-
        рыі, што з самае вяршыні шчасця чала-
        век раптоўна звальваўся ў самае бяз-
        донне плачу і адчаю.

        
        Князь забіў на ловах пару вялікіх прыгожых ласёў. Вясёлы, здаволены, безупынку гамонячы з гасцямі, вярнуўся ён да вечару дамоў і заказаў кухару засмажыць адменнага зайца, што забіў учора лоўчы на снягу ў пушчы.
        Тлусты, чырвоны той заяц ужо ляжаў на стале ў пякарні, і кухар жвава завінуўся ля яго.
        Умельствам кухара ганарыўся сам князь і часта хваліўся гасцям, што другога такога кухара ўва ўсім краі няма.
        Кухар гэта ведаў і пільнаваўся не выскачыць з свае славы.
        Сёння ён асабліва стараўся: князь вярнуўся вясёлы, госці рагочуць, абед будзе з паляўнічай выпіўкай, – можна і гасцінца спадзявацца ад іх, а князь назаўтра пахваліць і добрым часам дасць чарку гарэлкі.
        А не дагодзіш – бяда: зараз пацягнуць гайдукі на стайню і так адсмаляць раменнымі бічамі, што цэлы тыдзень будзе ані сесці, ані легчы.
        Быў адзін выпадак, – і кухар засмуціўся, спомніўшы... Перасаліў ён страву, і князь сам, сваёю цяжкою рукою, так ударыў яго два разы поўху, што і цяпер яшчэ ў благое надвор’е з вуха гной цячэ. З гэтае прычыны кухар заўсёды насіў у вуху кавалачак мяккага хлопу і дрэнна чуў.
        I ці мала было такіх выпадкаў, што забіў бы яго гнеўны князь да смерці ці аддаў бы ў маскалі, каб не даражыў яго залатымі рукамі і тонкім кухарскім смакам.
        Пасля калецтва прыкра было бачыць князю кухара з заткнутым вухам, і ён ніколі ўжо не гукаў яго на параду аб стравах да сябе, а пераказваў яму ўсе свае загады цераз стольніка.
        Ды сёння князь быў у такім нязвычным гумары, што захацеў, апрача стольніка, і сам пагаманіць з ім, як смажыць зайца.
        Калі хлопчык-гайдучок прыбег з палаца да кухара ў пякарню, а яна змяшчалася воддаль, у асобным, адумысным будыначку, калі ён запыхана крыкнуў кухару: «Дзядзьку яснавяльможны кліча да сябе... барзджэй!» – у кухара затрэсліся ад неспадзевак рукі і зазвінела ў хворым вуху. Ён не ведаў, палохацца ці радавацца яму, што кліча яго князь.
        Падняў уронены ручнік, абцёр з рукі зайцову кроў і рупненька прыгладзіў лысіну і падкруціў вус.
        – Піражка... піражка, Янучок! – сарамліва, без раўнавагі зашаптаў ён гайдучку, азірнуўся, каб хто не ўбачыў, схапіў з духоўкі румяны піражок і ўсунуў хлопчыку ў кішэню за добру ці нядобру вестку.
        Хлопчык усцешыўся, пагладзіў вялізнага адгадаванага ката, князёвага ўлюбёнца, што быў тут прыбегшы за хлопчыкам з пакояў, і паганяў дзядзьку:
        – Барзджэй, барзджэй, чакае!
        I зараз паляцелі: хлопчык паперадзе, а кухар следам, на бягу спушчаючы засуканыя рукавы.
        Толькі мышасты кот застаўся, зачынены праз недагляд у кухні. Ён важна пахадзіў па ўсіх сталах, панюхаў зайца і зморшчыўся, потым скокнуў і падзівіўся скрозь няшчытна зачыненыя дзверы з кухні ў чорны прыкухоннік, як там два кухцікі, судамой і хлопец-дрыванос, былі кожны пры сваёй рабоце.
        Кату прыемна засвярбела ў носе, ён глыбока пацягнуў пах ад вялізнае гарачае пліты, на якой без ліку стаяла рознага судзіння з гатаванымі стравамі, клубілася з катла пара, шляхатала вада, сіпелі скавародкі, трашчалі дровы ў печы. Але блісканне на паліцах соцень медных рондляў усялякай велічыні, ад самага большага, увелькі з цэбар, да самага маленечкага, з катову галаву, – не спадабалася яму.
        Там былі адчынены другія дзверы, і скрозь іх цягнула холадам, можна было выскачыць на двор, але пануры выгляд кухараў, асабліва ж хлопец-дрыванос з вяроўкаю ў руках не спадабаліся князёваму ўлюбёнцу, і ён пайшоў, задраўшы тоўсты хвост, назад.
        Вучоны да ўсякіх штук, кот падскочыў, ударыўся аб клямку і расчыніў дзверы. У сенцах узлез на паліцу і настабурчыўся: пачуў, быццам скрабаюцца мышы ў скрынцы з прыпасамі...
        Тым часам у дзверы вытыркнуліся з надвор’я морды двух хартоў – тонкіх, як вужакі, сагнутых дугою. Адзін з іх пацягнуў носам і зараз знюхаў зайца. Мякка, нячутна падышоў да столу, задраў вострую морду, схапіў у шырачэнную зяпу зайцаву галаву і шмыгнуў з сваім радым сябрам на двор у хартоўню...
        Усцешаны варочаўся назад галоўны кухар: князь быў да яго дужа ласкавы, пагаманіў з ім і нават даў пацалаваць сабе ў руку.
        Але колькі ўжо выпадкаў было ў гісторыі, што з самае вяршыні шчасця чалавек раптоўна звальваўся ў самае бяздонне плачу і адчаю.
        Шчаслівы кухар, праходзячы каля хартоўні, пачуў, што ў пуньцы – хрумстанне, жвяканне і ціхае вурчэнне... Харты нешта жаруць!
        Сэрца яго ёкнула: ці не зайца сцягнулі праклятыя сабакі, падобныя да чартоў?
        Угрунь пабег ён да свае кухні, ускочыў, падбег к столу, – зайца няма! Болем пеканула яму ў сэрца. Ён кінуўся ў чорны прыкухоннік, шыбка агледзеў усё і ўсіх. Зайца не было, і кожны ціха займаўся сваёю работаю. Як бы за якой справай выйшаў кухар ізноў на двор і марудна, прыціснуты няшчасцем, паплёўся міма хартоўні, асцярожна паглядаючы ўбок на сабачыя пунькі. Вось паказалася з аднае хартовая галава: морда ў крыві, вочы заплылі хіжаю сыццю і ў зубах штось тырчыць... Хорт аблізнуўся, і з зяпы выпала зайчая лапка.
        Кухар панура пацягнуўся назад.
        Увайшоўшы ў сенцы, ён прастоіў там як непрытомны і мімаволі задраў галаву, шукаючы крука, каб хаця і засіліцца навекі.
        I тут яшчэ раз трэба сказаць, што чалавек ніколі не ведае, дзе згубіць, а дзе знойдзе. I няма такой злыбеды на свеце, на якую б не ўсміхнуўся неспадзеўны, нечаканы ратунак.
        У вочы яму кінуўся ляжачы на паліцы кот – вялікі, адгадаваны, мякенька-пушысты, як той заяц.
        Адчайная думка застроміла кухару мазгі, і ён паманіў князёвага ката выстаўленымі пальцамі. Кот прыплюшчыў вочы, змераў постаць старшога кухара, важачы яго вартасць у каціных вачах. Ад кухара прыемна пахла, вочы яго былі пакорна-ласкавыя, і кот патрошку, важна стаў падыходзіць да выстаўленых пальцаў. Як толькі ён даткнуўся іх сваёю гладкаю, шаўковаю шэрсткаю, пальцы з дзікай знявагаю абхапілі яго карак і пацягнулі ў паветра. Кот захлынуўся ад шалёнай злосці і крыўды. Абдумаўшыся, ён люта ашчэрыў зубы, заглабаў кіпцямі і закруціў хвастом; абраз князя стаў у выкачаных з галавы вочных яблыках і напаўняў кацінае сэрца зласлівай радасцю бяссільнага, што ворагу князёвага ўлюбёнца будзе лютая кара за гэты здзек. Ды пальцы сцягнулі яго карак мёртваю пятлёю і няслі ў брыдкім паветры. Калі дзверы за людзьмі зашчапіліся на чэп, у вольнай руцэ кухара бліснуў вялізны, жудасны кухонны нож. Кот сабраў рэшткі сіл, сударажна рвануўся і згубіў прытомнасць. Гарачая кроў палілася з яго парэзанага горла, і наступіла вечнасць.
        У адзін момант садраная шкурка была кінута ў дальні кут пад печ, а чырвоны, тлусты, аблуплены катовы труп з адсечанай галавою ляжаў, як добры, адменны заяц, на стале. Кухаравы рукі набраліся цвёрдасці, сэрца патроху сціхла калаціцца, і кухарская праца закіпела. Час ад часу кухар шаптаў «Вочча наш», ксціўся-маліўся, абціраў пот і маўкліва, старанна смажыў, перчыў, паліваў...
        
        
        
II

        
        – Ой, сэрца, людцы! Ой, сэрца!..
        
        Першы раз за ўсё жыццё еў князь і яго госці такога смачнага зайца.
        – Вось заяц – дык заяц! – хвалілі госці. – Пальчыкі аблізаць.
        Князь прыемна ўхмыляўся і часам нават шкадаваў, нашто калісьці ў страшным гневе скалечыў кухара.
        – Заяц добры, але і кухар мой нягоршы, – хваліўся ён. – Граф Зібер-Плятэр суліў мне летась за яго трыста злотых, ды я і за тысячу не аддам; мяркуйце, панове, самі: залатыя рукі, што?
        Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і падвыпіўшыя госці пажадалі паглядзець на яго. Паслалі гайдука ў пякарню, каб прывёў яго.
        – Скуль яснавяльможны дастаў яго? – пытаўся граф Бжастоўскі.
        – Мой падданы... тутэйшы. Ні ў Парыжы, ні ў Варшаве не вучыўся, – мусіць з кухонным геніем радзіўся.
        – Што ж так доўга не вядуць генія сюды? – запытаўся адзін пануры стары пан.
        Князю не спадабаліся гэтыя словы, ён нахмурыўся і паслаў другога гайдука. Той ведаў князеў гнеў і памчаўся як страла.
        Тым часам з кухарам рабілася немаведама што. Першы пасланец, здзіўлены, не ведаючы, што тут такое, стаяў над ім, старым, і не мог даць рады, каб ён ішоў да князя.
        Кухар збялеў, дрыжаў і не казаў ні слова. Ён глядзеў на пасланца вытрашчанымі вачыма і не рушыўся з месца, быццам прыліпшы. Потым, урэшце, паволі скрануўся і пабрыў у сваю каморку, побач з прыкухоннікам. Асунуўся там на калені, злажыў перад абразом рукі далонямі і скамянеў так. Не маліўся, не кланяўся, толькі стаяў на каленях і глядзеў на абраз.
        Доўга, можа, прастоіў бы ён так, каб не прыбег другі пасланы. Тады двое гайдукоў схапілі яго падпашкі і пацягнулі ў палац. Ногі яго не ішлі, згібаліся, лоб узапрэў, змярцвеласць на твары не змяншалася.
        – Упіўся ты з радасці, ці што? – крычаў на яго старшы гайдук. – Князь хоча паказаць цябе гасцям, які ты, знацца, ёсць штукар зайцоў смажыць, а ты і язык высалапіў. Ідзі ўжо сам! – і піхнуў яго злёгку ў бок.
        Але кухар заваліўся на снег і не ішоў. Потым ён схапіўся рукою за грудзі і балюча застагнаў:
        – Ай, людцы, сэрца, сэрца баліць!
        Гайдукі спалохаліся сапраўды, але не важыліся і марудзіць і, схапіўшы яго, пацягнулі далей. З палаца выскачыў стольнік. Спытаўшыся на бягу, што такое, схапіў жменю снегу і пацёр кухару лоб. Тады ён трохі ачуняў і слаба паплёўся сам.
        Калі гайдукі адчынілі дзверы ядальнага пакоя, паны голасна гаманілі, наперабой хвалячыся сваімі ўдачамі на ловах, рагаталі, строілі розныя жарты на свой панскі манер. Граф Бжастоўскі першы заўважыў і, смеючыся, закрычаў: «Генія, генія, здаецца прывялі!»
        – А, вось ён, геній... – прабурчаў пануры стары пан і ўсміхнуўся: – Праўда, якісь асаблівы, быццам з таго свету... Але зайца смажыць мастак!
        Госці патроху сціхлі і павярнулі галовы туды, дзе між двух рослых, здаровых, як дуб’ё, гайдукоў, стаяў пахілены, збялелы кухар.
        – Што табе здзеілася, дурню? Скажы-тка нам, як ты смажыў зайца?
        Кухар толькі шавяліў васковымі вуснамі і нічога не казаў.
        Князю было прыкра, што яго чалядзінец такі затуканы і баязлівы...
        – Што табе, дурню? – ізноў спытаўся ён грэблівым голасам. – Чаго без пары спалохаўся: за добрую работу будзеш мець добрую заплату.
        Кухар зразумеў гэта як пагрозу і асунуўся на каленькі.
        – Князёчку! – залямантаваў ён. –Харты яснай міласці, харты, каб на іх паляруш!
        Ніхто нічога не разумеў. Харты яго спалохалі, ці што? Князь насупіўся, што кухар папсаваў яму добры гумар. Але ён не хацеў крута мяняць такую нядаўную ласку на гнеў і намерыўся яшчэ раз спытацца, у чым справа. Толькі ён тое падумаў, як кухар скруціўся і схапіўся абедзвюма рукамі за грудзі.
        – Ой, сэрца, людцы! Ой, сэрца!..
        – З ім сардэчны прыпадак ад якогась перапуду, – сказаў пануры стары пан і стаў ліць у шклянку сцюдзёнае вады, каб ратаваць няшчаснага; ён знаўся на лячэнні хвароб. – На, выпі, галубец, – прыклаў ён да зубоў кухара зазвінеўшую шклянку і спрыяюча, але жартам дадаў: – Сардэчная хвароба – хвароба геніяў.
        – Ой, людцы! Ой, людцы! – жаласна і брыдка лямантаваў кухар, скрабучы грудзі кіпцямі. Кавалак хлопу вылез у яго з вуха.
        Усім зрабілася нялюба.
        – Вядзеце яго! – загадаў князь гайдукам. – Хартоў спалохаўся, як дзіця... – прабурчаў ён услед падданаму і для супакою гасцей звярнуўся голасна і як нічога не было: – Гэта што – пара ласёў! Вось як мы летась палявалі з графам Зібер-Плятэрам – зуброў накрылі ў маёй дальняй пушчы...
        I шумная лоўчая размова аднавілася. Забыліся і на зайца і на кухара.
        
        
        
III

        
        Спачуццё шчаслівага да няшчаснага
        сфальшывіла чыстую ў муках душу
        чалавека.

        
        Хворы кухар стагнаў на ложку ў сваёй каморцы. З’явіўся дворны фельчар, даў выпіць супакойных капак, пытаўся, як сталася хвароба. Не дабіўшыся ніякага адказу, махнуў рукою і пайшоў. Малодшыя кухары ад смутку і дзеля спачуцця троху выпілі, сваім гоманам дурылі галаву хвораму, а тады пайшлі і яны.
        Позна ўвечары прыбег захныканы гайдучок Ясюк, шукаючы запрапашчонага ката. Ён, бедны, аблазіў усе куткі ў пякарні і нідзе яго не знайшоў, толькі выцягнуў з запечча зайчую скурачку, якая дужа нагадвала яму ката. З ёю ў руцэ прыйшоў ён да хворага, калі там нікога ўжо не было, і стаў плакаць і жаліцца дзядзьку, што баіцца князя за ката.
        – Можа, уцёк у лес... Можа, сабакі разарвалі... Заўтра яснавяльможны спытаецца, дзе кот... Што я скажу? Гу-гу-гу! – румзаў бедны хлопчык, прыпаўшы да скуркі тварам. – Вось ён такі быў гладзенькі, як зайчык... Прыйшоў са мною сюды ў пякарню, а потым не ведаю, дзе дзеўся!
        – Не ведаеш, Ясюк? – узняўся з ложка хворы і ўталопіўся на хлапца здзіўленым поглядам. – Не ведаеш, дзе падзеўся твой... гэты кот?!
        – Не ве-е-едаю-ю, гу-гу-гу, – не сунімаўся, плакаў Ясюк. – Можа, уцёк у лес ці на вёску, сабакі там мужыцкія разарвуць яго, гу-гу-гу...
        – А ў пакоях ніхто не ведае, дзе ён, халера, падзеўся? – аджыўся хворы кухар.
        – Ніхто не ведае, не бачылі... ува ўсіх пытаўся. Што мне цяперака рабіць, дзядзечка... гу-гу-гу! Будуць сячы мяне, што не ўпільнаваў.
        Смяротны цяжар раптам скаціўся з кухаравых плеч. Вялікім шчасцем засвяціліся змучаныя, праваленыя, з сінякамі ад сардэчнае хваробы вочы. Ком радасці ўскалыхнуў збалелыя грудзі. Спачуццё шчаслівага да няшчаснага сфальшывіла чыстую ў муках душу чалавека. З няшчырай пяшчотаю ўцалелага прыцягнуў кухар хлопчыка да сябе, прытуліў, гладзіў па галоўцы, жалеў, кажучы з найбольшай даступнай яму ласкавасцю:
        – Дзетка маё! Сіротачка мой бедны! Не бойся, не плач, неяк жа абойдзецца. Ну, абсякуць, на тое ж мы слугі панскія, каб нас секлі. Не бойся, да смерці ж не заб’юць. Во і мяне колькі разоў секлі, – нічога: неяк жа мадзею... Супакойся, мой Ясючок, галубок мой! Здохні ён, кот! Можа, яшчэ і знойдзецца, калі сабакі не разарвалі, вернецца, як захоча есці, ліха яго не возьме... Цябе князь любіць, можа, і даруе, калі нават і згіне гэты падла.
        Хлопчык, круглы сіротка, узяты з вёскі ў палац ад малых гадоў, рэдка чуў такую бацькаўскую гутарку. Ён паволі змаўкаў, сціха хліпаючы не столькі ад гора, колькі ад расчулёнасці. Ласка старога кухара, які даў яму сёння піражок, растапіла яго сэрца, як цяпло растаплівае воск. Хлопчык прыпаў да кухаравай рукі і пацалаваў... Скурка выпаўзла з яго далоні і скацілася на ложак. Кухар зорка сачыў за ёю і, упільнаваўшы зручнасць, пасунуў локцем назад, і яна звалілася за ложак. Тады кухар пачаў умаўляць хлопчыка, каб ён ішоў класціся спаць.
        – А як жа, дзядзька, хворы адзін будзеце ляжаць? – з дзяціным спрыяннем спытаўся хлопчык, паглядзеўшы на старога чысценькімі, абсохлымі ад слёз вочкамі.
        – Нічога, Ясюк! Не шкадуй мяне, бо мне ўжо крышку лепей...

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.