РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Песьні-жальбы
 
*** Не пытайце, не прасеце...
 
I
Думкі

 
 
*** Думкі ўюцца, томяць грудзі...
 
Думкі
 
*** Рана вам журыцца...
 
Вясна
 
Вясною
 
На полі вясною
 
Усход сонца
 
Ноч
 
Месяц
 
Хмары
 
Вецер
 
Адлёт жураўлёў
 
Асеньні дождж
 
*** Скора ў полі забушуе...
 
Восень
 
Зіма
 
*** Птушкі ў лесе шчабяталі...
 
Вясна
 
II
Родныя вобразы

 
 
Я ня знаю...
 
Наша сяло
 
Наш родны край
 
Вёска
 
*** Вось старая хатка...
 
Мужычая ніва
 
Рольнік
 
Жніво
 
Жытні колас
 
Вярбіна
 
Палескія вобразы
 
Дарога
 
Чыгунка
 
Могілкі
 
Родныя песьні
 
III
Мужычае жыцьцё

 
 
Мужычае жыцьцё
 
Песьня над калыскай
 
Першы заработак
 
У школку
 
Плытнікі
 
Доля батрачкі
 
За падаткі
 
Напрадвесьні
 
Панас гуляе
 
Мужык
 
Пахаваньне
 
Наша доля
 
*** Мы ходзім спатыкаемся...
 
IV
На ростані

 
 
На ростанках
 
На мяжы
 
Пясьняр
 
Пад шум ветру
 
Хмары
 
Нягода
 
Сябрам-выгнаньнікам
 
Сябрам
 
Не бядуй!
 
*** Толькі стогне зямля...
 
Кіньце смутак
 
V
З турмы

 
 
Турэмная камэра
 
Катаржнікі
 
У астрозе
 
Сьцёпкаў сон
 
Пісьмо з астрога
 
*** Сохну марна я ў астрозе...
 
Кветка
 
Ліпы старыя
 
Гусі
 
Хмары
 
Маці
 
Родныя вобразы
 
Вячэрнія хмаркі
 
Песьня няволі
 
У астрозе вясною
 
У турме
*  *  *
Не пытайце, не прасеце
Сьветлых песень у мяне,
Бо, як песьню засьпяваю,
Жаль вам душу скалыхне.
 
Я б сьмяяўся, жартаваў бы,
Каб вас чуць разьвесяліць,
Ды на жыцьце як паглядзіш,
Сэрца болем зашчыміць.
 
Нешчасьліва наша доля:
Нам нічога не дала.
Не шукайце кветак ў полі,
Бо вясна к нам не прыйшла.
 
1904
 
 
 
 
I
ДУМКІ
*  *  *
Думкі ўюцца, томяць грудзі –
        Волі хочыцца і ім, –
Хочуць песьняй стаць лагоднай,
        Мілым дзіцяткам маім.
 
Цяжка зь імі жыць замкнута,
        У начной хаваць цішы,
Цесна думкам, цесна бедным,
        Хочуць выліцца з душы.
 
Ўюцца думкі смутным роем,
        Хочуць выбіцца на сьвет.
Дык ляціце, сэрца дзеці,
        На паперку кіньце сьлед!
 
 
 
 
Думкі
Ой вы, думкі, думкі,
Сэрца майго раны!
Ці вы мае дзеці,
Ці вы кім насланы?
 
Што ж вы завіліся
Віхрам нада мною
I няма ніколі
Мне ад вас спакою?
 
Рад бы я ня думаць
I ня знацца з вамі,
Ды без запытаньня
Плывяце вы самі.
 
Плача маё сэрца,
Хоць бязь сьлёз, ды горка,
Як пачнецца ваша
Смутная гаворка.
 
I на маю душу
Леглі вы туманам,
Мітусьлівым роем,
Смутным караванам.
 
Ой вы, мае думкі!
Ці вы кім зражоны,
Што так невясёлы,
Што так засмучоны?
 
Рад бы я ня думаць
I ня знацца з вамі,
Толькі ж проці волі
Плывяце вы самі.
 
 
 
 
*  *  *
Рана вам журыцца,
Думкі, сэрца дзеткі
Рана вы завялі,
Веснавыя кветкі!
 
Ці мароз зьнячэўку
Вас прыбіў вясною,
Як на сьцежку жыцьця
З простаю душою
 
Стаў я, поўны веры,
Радасьці і сілы?
Што ж на вас дыхнулі
Холадам магілы?
 
Што ж вы неспакойна
Кружыцесь, як пчолы?
Думкі, мае думкі!
Што вы невясёлы?
 
Ці краіны роднай
Балаты гнілыя
Смуткам вас акрылі,
Думкі маладыя?
 
Ці вас песьня-жальба,
Думкі, ўзгадавала?
Ці людское гора
Ў лесе вас спаткала?
 
Ці маё так жыцьце
Склалася няўдала?
Ці мая дарога
Ў туманы папала?
 
Рана спахмурнелі,
Думкі маладыя,
Рана вы завялі,
Кветкі веснавыя!
 
 
 
 
Вясна
Йдзе вясна ўжо, дзякуй Богу!
Згінуў сьнег з сырой зямлі;
Папсавала гразь дарогу,
Перавалы загулі.
 
Сонца грэе, прыпякае;
Лёд на рэчцы затрашчаў.
Цёплы вецер павявае,
Хмар дажджлівых нам прыгнаў.
 
Вось і бусел паказаўся,
Гусі дзікія крычаць,
Шпак на дубе расьсьпяваўся,
Жураўлі ужо ляцяць.
 
I зіма, як дым, прапала!
Зелянее луг, ральля.
Як ад болю, ачуняла
Наша родная зямля.
 
 
 
 
Вясною
З лазурных чыстых небясоў
Прыветна сонейка глядзіць,
Ва ўсе канцы лье блеск лучоў,
Цяпло і сьвет зямлі дарыць.
 
I кліча к жыцьцю ўсё стварэньне
З сваёй крыштальнай вышыні,
I будзіць кліч той аддаленьне
Прызывам радасным вясны.
 
I перша жаваранка божа
Запела ціха аб вясьне,
Паліўся срэбрам сьпеў прыгожа
Ў далёкай сіняй вышыне...
 
Глядзіць прыветна зь неба сонца,
Як бы матулька на дзяцей,
I лёгка, лёгка так бясконца,
I б’ецца сэрца весялей.
 
 
 
 
На полі вясною
Люблю я прывольле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў
 
I вузкія стужкі
Сялянскіх палос –
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс!
 
Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.
 
Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.
 
Люблю я узгоркі,
I насып-курган,
I сіняй далечы
Празрысты туман...
 
Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.
 
Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць...
 
Люблю я прывольле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.
 
 
 
 
Усход сонца
На усходзе неба грае
Пераліўным блескам,
Сыпле золата над гаем
I над пералескам.
 
Чуць-чуць дрогне, праліецца
Чырвань на усходзе –
Гэта неба усьміхнецца
Людзям і прыродзе.
 
Сьмех адказны, сьмех шчасьлівы
Ходзіць на пагорках.
Час сьвітаньня – час зычлівы...
Гаснуць, нікнуць зоркі.
 
Шырай, шырай зараніца
Разьнімае крыльле,
Нібы пожар б’е крыніцай
Там, на небасхіле.
 
Сноп праменьняў, пышна ўзьняты,
Сее бляск-чырвонцы –
Гэта неба сьцеле шаты
На дарогу сонцу.
 
Над палямі мрок прарваўся,
Па нізах расплыўся,
Лес туманам заснаваўся,
Луг расой абмыўся.
 
Агнявыя валаконцы
Ткуцца ў шоўк чырвоны –
Гэта хмаркі ладзяць сонцу
I дзяньку кароны.
 
Як прыемна пахне збожжа!
А вакол – спакойна!
Эх, як слаўна, як прыгожа,
Хораша, прыстойна!
 
I сабрала неба фарбы
Колераў дзівосных...
I дзе ёсьць такія скарбы
Гожства, сугалосься?!
 
1908
 
 
 
 
Ноч
Між палёў шырокіх
Я адзін стаю,
Ахваціла ціша
Ўсю душу маю.
 
Ночанька мая ты,
Водблеск глыбіні!
Ты душу чаруеш
Сьпевам цішыні.
 
Многа ў гэтым сьпеве
Водгукаў жывых,
Іх ня зловіш вухам,
Чуеш сэрцам іх.
 
Ночанька мая ты,
Ціхі сон вясны!
Колькі зор на небе!
Як блішчаць яны!
 
Водблескам пажару
Неба край гарыць –
Там двурогі месяц
Выплыў з-за гары.
 
Ночанька мая ты,
Ціхая дума!
Не ахваціш вокам,
I тых слоў няма
 
Апісаць твой вобраз,
Хараство, спакой –
Толькі ў цябе ўнікнеш
Чуткаю душой.
 
 
 
 
Месяц
Ціха месяц адзінокі
Ходзіць ў небе над зямлёю.
Неразгаданы, далёкі,
Што ты бачыш пад сабою?
 
Бачыш сьлёзы ты людскія,
Як яны з расою льюцца,
А ў тумане думкі злыя
Горкім плачам аддаюцца;
 
Як бяз волі і бяз хлеба
Працавіты люд наш гнецца...
Кінь ты жальбу нашу ў неба –
Няхай неба ўскалыхнецца!
 
1907
 
 
 
 
Хмары
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Вецер
Ой ты, вецер неспакойны!
Дзьмеш ты безустанку,
Адну песьню нам сьпяваеш,
Адну баеш байку.
 
То заплачаш сіратою
Над убогай хатай;
То застогнеш, як над нівай
Селянін-араты;
 
То засьвішчаш за вугламі,
Жалем разальесься;
То сярдзіта ў дзьверы стукнеш,
Злосна засьмяесься...
 
Ой ты, вецер неспакойны,
Ты мой брат па долі!
Раскідаем сьмех і сьлёзы
Мы у чыстым полі.
 
 
 
 
Адлёт жураўлёў
Белыя валокны
Сьцелюцца над долам.
Не сьпяваюць птушкі,
Сьціхнуў лесу шолам.
 
Сьцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна –
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
 
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
I агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
 
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
 
Стомленасьць, зьнямеласьць...
Тояць думку боры...
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?
 
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
 
У бязьмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
 
Меншыцца шнурочак,
У паднеб’і тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг – і прападае.
 
I стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што – сам ня знаеш.
 
Так у час расстаньня
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы
 
I глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ўдалечу
Душу дарагую.
 
 
 
 
Асеньні дождж
Сыплюцца кроплі часта і дробна,
Ціха па стрэсе бубняць.
Смутак наводзіць шум іх жалобны,
Смутку таго не суняць.
 
Хліпаньне, плюскат... Ночка глухая
Цягнецца доўга, як год.
Вецер заложны шуміць, не сьціхае,
Жаласна сьвішча праз плот.
 
Кружацца думкі, сон разганяюць,
Мары наводзяць і сны,
Волю далёкую мне ўспамінаюць,
Дні маладыя вясны...
 
Сыплюцца кроплі часта і дробна
Ў сьцены, у вокны бубняць.
Смутна іх песьня, плачу падобна,
Смутку ж ніяк не суняць.
 
 
 
 
*  *  *
Скора ў полі забушуе,
Песьню сівер запяе,
Ўсе дарожкі зараўнуе,
Гурбы сьнегу нанясе.
 
Ўсё зьмяшаецца ў тумане,
Ў белым попеле сьнягоў.
Сумна вецер плакаць стане
Над будынкам мужыкоў.
 
Я ж люблю той сьвіст у полі,
Як вакол усё дрыжыць –
На спатканьне песьням волі
Дух мой рвецца і ляціць.
 
1909
 
 
 
 
Восень
Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшыя стаяць
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень адно крычаць.
 
Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта зьвезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.
 
Дожджык сее беспрастанку;
Вецер сьвішча так, як зьвер...
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..
 
Ссохлі травы, ўсё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!
 
 
 
 
Зіма
Белым сьнегам замятае
Вецер чорныя палі,
Нібы вопратку ўзьдзявае
Шыр прасторная зямлі.
 
Мяккі сьнег лятае пухам,
I канца яму няма,
I нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.
 
Зачыняйце шчыльна хату,
Каб ня дзьмулі халады,
На вакно пляціце мату,
Каб ня клаў мароз сьляды.
 
Даставайце з вышак сані –
Гайда сьцежкі праціраць
I па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!
 
Ды кладзіце рукавіцы –
Дзе з марозам жартаваць!
Рады белай мы зіміцы,
Рады зь ёю ваяваць.
 
Гэй вы, коні, гэй, малыя!
Што заснулі? Весялей!
Гэй, у скочку, залатыя!
Варушыцеся жывей!
 
1909
 
 
 
 
*  *  *
Птушкі ў лесе шчабяталі,
Стукаў дзяцел і жаўна,
I пра шчасьце нам казалі,
I ў душы была вясна...
 
А ў вясёлы вечар мая
Салавей ў гаі сьвістаў...
Ой, пара ты залатая!
Хто цябе не ўспамінаў?
 
А у небе, сінім полі,
Безь сьляда, за край зямлі,
Як бы думкі сьветлай долі,
Хмаркі белыя плылі.
 
Нам пра шчасьце ўсё казала
На зары юначых дзён.
Дзе ты, шчасьце, дзе прапала?
Дзе твой радасны палон?
 
 
 
 
Вясна
Вясна, вясна
Жаданая!
Ты прыйдзеш зноў,
Ты вернешся!
 
Вясёлы сьпеў,
Прыветлівы
Вады ў руччах
Пачуецца.
 
Ачнецца гай
I зь песьнямі
Ў зялёны ліст
Адзенецца.
 
Напоўніць лес
Птушыны сьвіст,
Травою луг
Акрыецца.
 
А з полудня
З маланкаю
Хмурыначка
Націсьнецца,
 
I першы гром,
Як музыка,
Таемна так
Пракоціцца.
 
Зямелька ўся
Ўскалышацца,
Дажджом яна
Абмыецца.
 
Ў прыродзе ўсё
Народзіцца,
I маладосьць
Ёй вернецца.
 
Ды толькі мне
Ня вернешся,
Ня вернешся
Ты, моладасьць,
 
Вясна, вясна
Жаданая!
Ты вернешся,
Ты вернешся!
 
 
 
 
II
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
Я ня знаю...
Я ня знаю сам, браточкі,
Чаму мне так мілы
Буры, плач асеньняй ночкі,
Сьпеў яе пастылы,
 
Лесу гоман, гуд нястройны,
Шум лазы ў балоце,
Баязьлівы, неспакойны
Шолах у чароце.
 
Я ня знаю, чым мне дораг
Від палёў благенькіх,
Нудны клік у родных горах,
Вербак рад крывенькіх.
 
Маё сэрца, маё вока
Цягне хвоя тая,
Што у лузе адзінока
Сохне-умірае;
 
Жаралісты дуб высокі,
Колісь поўны сілы;
I той крыжык адзінокі,
Вартаўнік магілы,
 
Дзе так сумна ветры веюць,
Точаць дол пясчаны,
Дзе чыесьці косьці тлеюць,
Чыйсьці прах схаваны...
 
Я ня знаю, я ня знаю,
Чым я так прыкуты
Да тваіх, мой родны краю,
Вобразаў пакуты!
 
 
 
 
Наша сяло
Між узгоркаў над ракою
Выглядае сіратою
Наша беднае сяло.
Убраў стрэхі мох калматы,
Набок скрыўленыя хаты,
Як бы ў дол яно ўвайшло.
 
I зьліліся ў плех будынкі,
Ў шыбы ўсаджаны лучынкі
Ці анучак цэлы жмут.
Спарахнела наша школа,
Згніў паркан увесь наўкола –
Школка горбіцца, як склюд.
 
Збоку вербачкі крывыя,
Бы кабецінкі старыя,
Нуднай кучкаю стаяць.
Нёман ногі ім змывае,
Вецер голькі іх люляе,
Лісьці жаласна шумяць.
 
На прыгорку ў аддаленьні
Насып, крушнямі каменьне,
Смутна крыжыкі стаяць.
А ўнізе пад іх нагамі,
Спаласканыя сьлязамі,
Косьці родныя ляжаць.
 
Плачуць ветры над магілай,
Зь песьняй нуднай і пастылай
Пралятаючы удаль.
Як успомніш кут свой родны,
Кут закінуты, галодны,
Сьцісьне сэрца горкі жаль.
 
 
 
 
Наш родны край
Край наш бедны, край наш родны!
Лес, балоты і пясок...
Чуць дзе крыху луг прыгодны...
Хвойнік, мох ды верасок.
 
А туманы, як пялёнка,
Засьцілаюць лес і гай.
Ой ты, бедная старонка!
Ой, забыты Богам край!
 
Наша поле кепска родзіць,
Бедна тут жыве народ,
У гразі жыве ён, ходзіць,
А працуе – льецца пот.
 
Пазіраюць сумна вёскі,
Глянеш – сэрца забаліць.
На дварэ – паленьне, цёскі,
Куча сьметніку ляжыць.
 
Крыж збуцьвелы пры дарозе,
Кучка топаляў сухіх...
Сьцішна, нудна, бы ў астрозе
Ці на могілках якіх.
 
А як песьня панясецца –
Колькі ў песьні той нуды!
Уцякаў бы, бег, здаецца,
Сам ня ведаеш куды.
 
Край наш родны, бедна поле!
Ты глядзіш, як сірата,
Сумны ты, як наша доля,
Як ты, наша цемната.
 
1906
 
 
 
 
Вёска
Цесна зьбіты нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар, –
Для вагню тут корм багаты,
Як укінецца пажар.
 
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех,
Трэскі ўсаджаны ў акенцы,
Замест шкла – радняны мех.
 
Загародка пад аконьнем,
Блісьне кветка дзе-нідзе.
Зельлем глушыцца, драсёньнем
Мак, цыбулька на градзе.
 
Зелянеюць два-тры клёны,
Гляне ліпа дзе з-за хат,
Дзе-нідзе садок зялёны,
Нізкіх вішань чэзлы рад.
 
Граблі, сані пад страхою,
Колы, сошка, барана,
Кол з хваёваю мятлою
Ўбіты ў дол каля вакна.
 
Многа тут гразі ў нягоду,
Многа пылу ў летні жар.
Тут дабра ня бачыць зроду,
Тут марнее гаспадар.
 
Тут нуда жыве людская,
Прыпынілась гора тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая
Тут знайшлі прытульны кут.
 
 
 
 
*  *  *
Вось старая хатка,
Садзік невялічкі.
Малады алешнік
Па краях крынічкі.
 
З краю лес высокі;
Тут жа, каля хаты,
Дзьве старыя вербы,
Дуб каржакаваты.
 
Ў пералівах кветак
Зьзяе луг зялёны,
Луг шырокі, пышны,
Як бы цар ў кароне.
 
Далей, за лугамі,
Легла поле кругам,
Зрэзана сахамі,
Баранамі, плугам.
 
Зелянеюць межы
Вузкія, як стужкі,
Дзе-нідзе чарнеюць
Між загонаў грушкі...
 
 
 
 
Мужычая ніва
На мужычым полі
Цягнецца палоска...
Зельле яе глушыць,
Абвіла бярозка.
 
Навальніца з градам
Каласы скруціла,
Ветрам паламала,
Дожджыкам прыбіла.
 
Сіняя валошка,
Травы разрасьліся,
Палыны на межах
Густа упляліся.
 
Ой, мужыча ніва!
Ты – сіротка ў полі:
Няма табе шчасьця,
Няма табе долі!
 
Ой ты, ніва наша!
Ці ж ты не арана?
Ці ж мужычым потам
Ты не палівана?
 
Ці то кепска сонца
Сьвеціць над табою,
Што зрасла ты густа
Дзікаю травою?
 
Заплылі вадою
Ўсе твае разоры,
Пакапалі мышы
Па загонах норы.
 
Птушкі ў сінім небе
Плачуць над табою,
Што зрасла ты, ніва,
Палыном, травою...
 
На мужычай ніве
Каласы пустыя...
Ці ня шкодны полю,
Сьлёзы вы людскія?!
 
 
 
 
Рольнік
Цёплы вечар. Ціха ўсюды.
      На заходзе сонца.
Хмаркі захад чуць заслалі
      Тонкім валаконцам.
 
Зьзяюць хмаркі ў пазалоце,
      Пажарам палаюць.
За гарою ціха-ціха
      Песьні заміраюць.
 
Выйшаў рольнік з хаты ў поле
      Ды па межах ходзіць,
Каб пабачыць сваім вокам,
      Як Бог жыта родзіць.
 
Твар сур’ёзны ў селяніна,
      Важны, задуменны,
Ходзіць, рукі залажыўшы
      За той пас раменны.
 
Леглі гожымі радамі
      Вузкія загоны,
Апранула зямля-матка
      Кажушок зялёны.
 
Густа жыта маладое
      Поле ўсё акрыла,
Лапушное, сакаўное –
      Проста глянуць міла.
 
Сям-там колас раскрывае
      Свой пучок зялёны,
Дзе-нідзе ўжо яго вусік
      Блісьне на загонах.
 
Селянін глядзіць з уцехай,
      Ходзячы ў тым дары...
Так ні поп, ні ксёндз ня ходзяць
      Пры сваім алтары.
 
 
 
 
Жніво

Сялянскім жанчынам

 
Рэдкае збожжа, травы палавіна,
Колас ня гнецца зярном да зямлі.
Знаць, нешчасьліва была та часіна,
Як кідалі зерне сяўцы па ральлі.
 
Выйшлі на поле вось жнеі зь сярпамі,
Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей;
Ніва пустымі шуміць каласамі,
Ніва ня цешыць жаночых вачэй.
 
Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі,
Клункі на межы паклалі жанкі.
Бабы старыя свой твар пажагналі,
Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі.
 
Горача ў полі. Эх, жар дакучае,
Праца марудна, бясконца цяжка!
Сьпіну і плечы ім боль адбірае,
Аж дзервянее у жнеек рука.
 
Збэрсана жыта, чапляецца колас;
Жменю нажне – разагнецца жняя,
Жыта паложыць на скручаны пояс...
Цяжкая, жнейка, работа твая!
 
Ціха на полі у поўдзень гарачы!
Хоць бы дзе кусьціка рэдзенькі цень.
Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,
Толькі над вухам зьвініць авадзень...
 
1910
 
 
 
 
Жытні колас
На саломцы тонкай
У траве густой
Сьпее адзінокі
Колас сіратой.
 
Ці то птушка божа
Кінула зярно,
Ці то заняслося
Бураю яно,
 
Ці зь дзіравай торбы
Конік чый згубіў,
На чужую скібу
Зерне пасадзіў, –
 
Неба яго знае,
Як сюды папаў,
Хто ад роднай нівы
Зерне адарваў...
 
Сушыць яго сонца,
Хіліць вецярок.
Ные сірацінка,
Плача каласок.
 
Плача, што няма з кім
Думку падзяліць,
Смутную галоўку
Ціха прытуліць
 
Да другой галоўкі,
Да другіх грудзей
I шаптаць аб шчасьці
У цішы начэй.
 
Апусьціўшы нізка
Тонкі паясок,
Ные сірацінка,
Плача каласок.
 
Плача, што дарэмна
Тут расьце ў глушы,
Што нідзе ня згледзіш
Роднае душы,
 
Што яго зярняткі
Птушкі падзяўбуць,
Белую саломку
Ветрыкі паб’юць.
 
I, падняўшы ўгору
Стромкі валасок,
Ные сірацінка,
Плача каласок.
 
 
 
 
Вярбіна
Над вадою адзінютка
Пахілілася вярбіна;
Ные бедная ціхутка.
Ці ж то ёсьць у ёй кручына?
 
Мые Нёман ёй карэньні,
I дурэе вецер зь ёю,
А пад нізам чарадою
Ціснуць ногі ёй каменьні.
 
Ёсьць кручына немалая,
I шуміць яна так нудна,
Бо ёй доля не спрыяе,
Бо расьці ў каменьнях трудна...
 
Так і ты, народ наш бедны,
Як вярбіна, проці волі
Доўга носіш пояс медны,
Гнешся ты, як крыж у полі!
 
 
 
 
Палескія вобразы
Цёмны бор, кусты, балоты,
Кучы лоз і дубняку,
Рэчкі, купіны, чароты,
Мора траў і хмызьняку;
 
Мосьцік, зложаны зь бярвеньняў,
Брод і грэбля кожны крок,
На дарозе рад карэньняў,
Крыж, пахілены набок;
 
Пералескі, лес, паляна,
Старасьвецкі дуб з жарлом,
Хвоя-веліч на кургане
З чорным буславым гняздом;
 
Гразь, пяскі, лужок зялёны,
Шум крынічкі з-пад карча,
Шэлест лісьцяў несканчоны,
Крык у небе крумкача;
 
Вербы, груша-сіраціна,
Нізкарослы цёмны гай...
Гэта ты, балот краіна!
Гэта ты, палескі край!
 
 
 
 
Дарога
Між палёў шырокіх,
Як зьмяя якая,
Цягнецца дарога,
Вузкая, крывая.
 
Наабапал грушы
Разрасьліся ў полі,
Нізенькі яловец
Чэзьне, бы ў няволі.
 
Тут мужык працуе,
Чорны ўвесь, як сажа.
Крыж на перасеках
Аб пакуце кажа.
 
Коціцца цялежка,
Б’ецца аб каменьне,
Хлебароб на поле
Глядзіць ў задуменьні...
 
Ой, дарога-сьцежка,
Вузкая, крывая!
I ты, жыцьцё наша,
Ты, доля, такая!
 
 
 
 
Чыгунка
Ў два рады між палёў
Роўна рэйкі ляглі,
Рэжуць нетры лясоў,
Точаць грудзі зямлі.
 
Дзе стралою ляцяць,
А дзе дужкай бягуць
Цераз горы і гладзь,
Сьмела рэчкі сякуць.
 
Эх, і быстры ж той гон!
Толькі пыхкае дым.
За вагонам вагон
Мчыцца зьмеем ліхім.
 
Мчыцца ўночку і ўдзень,
Толькі поле дрыжыць,
Так ні конь, ні алень,
Ні арол не ляціць.
 
 
 
 
Могілкі
Круглае поле. Узгоркі, каменьне.
Лес па краях, як сьцяна.
Ціха навокала. Нудна на сэрцы.
Птушка ня крыкне нідзе ні адна.
 
Могілкі ў полі адны-адзінюткі.
Праслы гнілыя на дол паляглі.
Крыж пахіліўся гаротна-журботна.
Многа іх, многа ляжыць на зямлі!
 
Дзе-нідзе дрэўцы – бярозка, хваінка;
Дожджык магілкі размыў, спаласкаў.
Вось дзе ад гора мужык адпачыне,
Вось дзе ён думкі-згрызоты схаваў.
 
 
 
 
Родныя песьні
Вісьне скарга уздоўж Нёмна,
      Беларусі сына.
Як ты бедна, як ты цёмна,
      Родная краіна!
 
Зьбіты ў кучу твае вёскі,
      Стрэхі ў дол уходзяць.
Смутнай песьні адгалоскі
      Лес, курганы родзяць.
 
Крыж збуцьвелы, знак пакуты,
      Тут і там чарнее.
Даль паўнютка ціхай смуты –
      Жаль на душу вее!
 
Ўсё ў табе, мой родны краю,
      Апавіта горам:
I той вецер, што дзьме з гаю,
      Што шуміць над борам;
 
Тыя песьні, што на полі
      Жнеі запяваюць;
Тыя думкі, што да болю
      Сэрца калыхаюць.
 
Ва мне смутак, гора гэта
      Водгульле знаходзіць,
Сэрца, жалем абагрэта,
      Песьні смутку родзіць.
 
Няхай плачам у тэй далі
      Песьня разальецца,
Каб усе на сьвеце зналі,
      Як нам тут жывецца.
 
 
 
 
III
МУЖЫЧАЕ ЖЫЦЬЦЁ
Мужычае жыцьцё
Божа, Божа, твая воля!
(Хоць і, можа, гэта грэх!)
Што за жыцьце, што за доля –
Проста плач бярэ і сьмех!
 
Чорна ў хаце, непрыбрана,
Парасяты пад палком,
Павуцінаю заткана
Столь і кут над абразом.
 
Дзеці ўстануць пасьля ночы –
Крык, хоць вушы затыкай,
Дым з камінка лезе ў вочы,
Дзед сярдуе – ая-яй!
 
А як часам дзе зьбярэцца
Ў хаце з пару шчэ жанок,
Сварка тая не зьвядзецца –
Дзень грызуцца за гаршчок.
 
А ўмяшаюцца мужчыны –
Ну і пойдзе латата!
Паўплятаюцца ў чупрыны,
Рэдка стане барада.
 
Так і век ператаўчэшся,
I няма таго дабра,
Покі жыць ты прыбярэшся –
Паміраць табе пара.
 
 
 
 
Песьня над калыскай
Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мілы!
Не крычы, ня плач: дарэмна
Ты патраціш сілы;
 
А бязь сілы, мой сынок,
Жыць на сьвеце трудна...
Ой ты, вецер, не шумі,
Не сьпявай так нудна!
 
Спаць Міхаську не даеш...
Сьпі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу –
Ай, люлі-люленькі!
 
Што цябе чакае, сын?
Што твая за доля?
Можа, й ты пот будзеш ліць
У чужое поле?..
 
Будзеш летам ты хадзіць
На плыты, на згоны,
З Коўна матцы прынясеш
Хоць гарсэт чырвоны...
 
А то, можа, купіць пан
Твае рукі, сілы?
Паднявольным будзеш ты,
Сын мой, да магілы!
 
А мо ў школку пойдзеш ты,
Будзеш чалавекам, –
Без навукі цяжка жыць
Гэтым трудным векам.
 
Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш
I на шчасьце нападзеш,
Долю сваю знойдзеш.
 
Матку ўспомніш ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе ўначы ня раз
Песенькі сьпявала.
 
I гасьцінца мне прышлеш,
Не забудзеш маткі.
Вось уцешуся тады,
Аж запляшчу ў ладкі!..
 
Аа-аа, мой сынок!
Люлі, люлі, мілы!
Ой, ня плач ты, не крычы,
Набірайся сілы!
 
 
 
 
Першы заработак
ДОМА

 
– Ну, Алесь, брат, – за абедам
Кажа бацька сыну, –
Годзе бегаць дармаедам,
Красьці садавіну,
Таптаць сьцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце.
Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы, –
Колькі яму, маці?
Роднай матцы сэрца ў грудзях
Зьлёгку затраслося.
«Ці не хоча аддаць ў людзі?» –
Ў думках праняслося.
Сам Алесь сямігадовы,
Як ліст, скалануўся,
Бо ў тэй бацькавай прамове
Страх яму пачуўся.
Апусьціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
– Ну, што сьціхнуў, як упрочкі
Ты ад нас сабраўся?
– Дай хоць з’есьці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзідяці!
Еж, Алеська, не журыся! –
Не ўцярпела маці. –
Пойме гутарку якую,
Чуць за хлеб узяўся.
– Няхай есьць, ці ж я шкадую? –
Бацька адазваўся. –
Еж, Алесь, чаго надзьмуўся
Ты, як мыш на крупы?
Ці ад ночы не ачнуўся?
Расплюшч свае лупы!
Глянь у вочы мне!
Сьмялее! Во, так! Малайчына!
Еж, бо крупнік адубее, –
Кажа ён да сына.
Паабедалі зь бядою,
Спаражнілі місы.
Абцёр бацька вус рукою,
Твар і лоб свой лысы.
– Ну, дык вось што – чуеш, хлопча? –
Годзе так бадзяцца, –
Няхай качка цябе стопча, –
Трэба чым заняцца.
Згодзен пасьвіць ты ўсё лета
Ў Курганах каровы?
Шэсьць рублёў даюць за гэта
Ды халацік новы.
– Ой, няхай бы пабыў дома! –
Зноў гаворыць матка. –
Ну, куды ён, мал, вядома,
Рана пасьвіць статка,
Толькі высахне у лыка,
Нябось, пасьвіць – мука!
– Ат! патрапіць – невяліка
Гэтая навука!
Будзеш пасьвіць? – тут у сына
Бацька запытаўся. –
Ото дзіва! Малайчына!
Я не ашукаўся.
Ты ў мяне хлапец рахманы,
Вось люблю за гэта!
Працаваць вучыся зрана,
Ў маладыя леты.
 

ПЕРАД ВЫПРАЎКАЙ

 
У Алеся думак многа,
Ды ўсе думкі новы.
Твар сур’ёзны, бы ў старога,
Нахмураны бровы.
Кінуў ён гульню зь сябрамі –
Трэба дбаць на хату,
Памагаць ён будзе маме,
Бацьку, сёстрам, брату.
Цяпер бацька адзін б’ецца
З ранку аж да ночы,
Так працуе, што пот льецца,
Лезуць на лоб вочы.
Гэтаксама адна маці –
Праўда, дасьціпная, –
Адна ў полі, адна ў хаце,
Корміць, абмывае.
Мала зь дзевак дапамогі –
Драбяза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй Богу,
Жыць здужае ў сьвеце.
Без падмогі, сам сабою:
Ён –  дзяцюк, хлапчына,
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
 
Потым думкі непрыметна
Далей залятаюць –
Чужаніцы непрыветна
З Курганоў мігаюць.
Матка страхаў наказала
Пра жыцьцё з чужымі,
Як Алеся навучала,
Каб ужыцца зь імі.
 
– Трэба змоўчаць, хоць часамі
Скрыўдзяць або ўшчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Ня лазь у гароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды...
 
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка,
I так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасьць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морам –
Восем вёрст ад дому,
Над ракою, за тым борам, –
Мейсцы ўсе знаёмы.
 
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
Дух надзеяю ўздымае
I трывогу гоніць.
У вузельчык вось увязан
Скарб яго убогі,
Станік тонкі падпяразан –
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна ж сэрца забалела,
Як ён выйшаў з хаты,
Але плакаць не пасьмела,
Бо йшоў збоку тата.
 

У ЧУЖЫХ

 
– Добры дзень вам, ягамосьці!
– Добры дзень!.. Сядайце.
– Ну, вось я прывёў і госьця,
Мал ён, выбачайце.
– Э, нічога, акрыяе,
Дый ён хлопец слушны.
Гадкоў з восем, мусіць, мае?
– Сем у дзень задушны.
 
У куточку прыхіліўся
Ціха каля лавы
I на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў, цікавы.
Глянуў ён у кут украдкам
На таго сьвятога,
Што напісан быў зь ягняткам
I глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая
I на Юр’я зь зьмеем,
На сьвятых, што і ня знае
I назваць ня ўмее.
 
За сталом былі мужчыны
I стары між імі,
У каторага маршчыны
Зьлеглі пад вачыма.
Лоб высокі, безвалосы,
Голы, як калена,
Вусы быццам бы йшлі з носа,
Белыя, як пена.
Пазіралі дзеці скрыва
Зь печы і з прымурка
На Алеся як на дзіва
Ці якога турка.
 
А тым часам стол убралі
Пляшка і дзьве чаркі;
Ў печы весела пішчалі,
Гаманілі скваркі.
Селі піць барыш мужчыны.
Дзед, падняўшы чарку,
Кажа: «Дай Бог толк з хлапчыны
Нам у гаспадарку!..
Ходзь, Алеська, сюды, брацік!
Бліжай, бліжай, браце!
Распраніся, скінь халацік,
Будзь як свой у хаце».
 
Падышла і гаспадыня,
Жвавая кабетка:
– Павесь шапачку, мой сыне!
З’еж от скварку, дзетка!
Будзеш дужшы, небажатка,
Пасілкуйся крышку! –
I падносіць хлапчанятку
Гарэлкі ў кілішку.
Круціць хлопчык галавою –
Піць, моў, не бярэцца;
Скварку, згробшы пяцярнёю,
Есьць, аж нос той гнецца...
 
– Ну, сынок, служы здаровы,
Даглядай скацінку.
Будзеш дома на Пакровы...
Не нудзіся ж, сынку.
 
Разьвітаўся бацька зь імі
I пайшоў дадому.
Ой, маркотна між чужымі
Хлопчыку малому!
 

НЯ ВЫТРЫМАЎ

 
Моцна хлопец занудзіўся
Па сям’і, па маме,
Як бы сьвет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай яме.
Ўсё тут дзіка, нецікава,
Бы ў яловым лесе,
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё ня гэтак, як там, дома:
Лавы, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма
I яму чужая.
Ўсё – качэргі і ваконцы
На нуду наводзяць,
I тут нават ня так сонца,
Як там, дома, ўсходзіць.
Ды і людзі не такія,
Іншая гаворка,
I алешнікі ня тыя,
Ня той луг, узгоркі.
Выйшаў з хаты, прытуліўся
Пад грушаю ў полі
I так моцна засмуціўся,
Бы ў якой няволі.
На дарогу пазірае,
Што вядзе дахаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
I так мілы хлопцу сталі
Родныя палеткі,
Лес, што нікнуў ў сіняй далі,
Ўзгоркі, межы, кветкі,
Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку...
Эх, як міла, весяленька
У сваім  куточку!
А тут хата, як адрына,
Як хлеў, – сьвету мала.
I надумаўся хлапчына
Даць адгэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак –
Не бярэ нічога!
А з палетка на палетак
Скача, йдзе дарога...
 
Ён назаўтра ўстаў ранютка,
Аж да ўсходу сонца,
Чуць што глянуў дзень ціхутка
Ў хату праз аконца.
Наш Алесь перахрысьціўся,
Глянуў на палаці,
А там дзед той разваліўся,
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клуначак пад паху –
Загадзя сабраўся, –
Асьцярожна, поўны страху,
Да дзьвярэй падкраўся
I ціхутка – стук у дзьверы,
Шугануў у сені!
Сэрца білася бязь меры,
Трэсьліся калені.
Ён кулём, як ліс у норы,
За хлявы, ў задворкі...
Заплыў месячык за горы,
Чуць мігалі зоркі.
 
Вось Алесь прычхаў дадому,
Стаў на прыгуменьні.
Страшна ў хату йсьці малому –
Гора-утрапеньне!
Што рабіць тут, не згадае.
Мо назад вярнуцца?
Плача хлопчык, аж рыдае,
Сьлёзы так і льюцца.
 
Выйшла матка, плач пачула,
Бачыць – іх служака!
Матку жаласьць агарнула –
Шкода небараку!
– Што ж ты плачаш? Ідзі ў хату...
Ня плач, супакойся.
– Ой, баюся, мама, таты!
– Ня з’есьць ён, ня бойся!
 
Бацька ўстаў і абуваўся,
Зірк – Алесь у хаце!
Бацька толькі засьмяяўся:
– Ты ўжо дома, браце?
 
Той калоціцца ўсім целам,
Як бы грэшнік страшны,
Думаў ён, што ў сьвеце цэлым
Ён – самы няшчасны.
Апусьціў сваю галоўку,
Клуначак трымае,
Кулачком уціхамоўку
Сьлёзкі выцірае.
 
– Ну, што гэта за работа?
Адурэў ты, Грышка!
Ён – зусім дзіця, блазнота,
Зелен, як пурышка...
Дзе служыць яму, дзіцяці?
Ну, куды ж? Націна! –
Стала бацьку чысьціць маці
I крычаць за сына.
 
– Мне б тут трэба раскрычацца,
Розум твой жаночы!
Брыдка будзе паказацца
Тым людзям у вочы!..
Ах, лайдак, пястун пракляты!
Лезь на ручкі к маме! –
Плюнуў бацька, выйшаў з хаты,
Стукнуўшы дзьвярамі.
 
 
 
 
У школку
Ярка на камінку
Смольны корч палае,
Бацька на калодцы
Лапці выплятае.
 
Латае халацік
На услоне матка:
Ў школку заўтра пойдзе
Іх сынок Ігнатка!
 
Сын васьмігадовы
Корчык падкладае,
З бацькавай работы
Вочак не спускае.
 
Сьветлая галоўка
Мысьлямі занята,
Многа ўсякіх думак
У вачох Ігната!
 
– Ну, Ігнат, глядзі, брат,
Не дурэй, вучыся.
Годзе жыць бязь дзела –
За буквар вазьміся!
 
Будзь старанным, сынку,–
Станеш чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цёмнікам, няўмекам,
 
Што у кнігах пішуць,
Што мы ў сьвеце значым,
Бо мы самі цёмны,
Сьвету мы ня бачым.
 
Слухай, што настаўнік
Гаварыць там будзе
Пра навуку, кнігі
I аб цёмным людзе.
 
А старанны будзеш,
Да навукі здатны –
Я прадам кароўку
I кажух астатні, –
 
Ты ж ідзі ў навуку,
Толькі, брат, вучыся.
Дык, глядзі ж, сыночак,
Шчыранька вазьміся!
 
На гульню пустую
Плюнь, махні рукою,
Каб і я і маці
Цешылісь табою.
 
На казаньне бацькі
Адказаў Ігнатка:
– Буду я вучыцца,
Як ты кажаш, татка!
 
А як спаць улёгся,
Думкі мімаволі
Гаманілі ў сненьні
Хлопчыку аб школе.
 
 
 
 
Плытнікі
Клунак за плячамі,
Згорбленыя сьпіны, –
Валіць чарадамі
Люд на сплаў, віціны.
 
Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы,
Вопратка убога,
Чуць прыкрыты целы.
 
Ззаду ледзь ступае,
Хлеб вязе кабыла.
Нокае, гукае
На яе Кірыла...
 
Жарыць-скварыць сонца,
Ліст не скалыхнецца,
Горача бясконца,
Рагамі пот льецца.
 
Срэбрам адлівае,
Як люстэрка, Нёман,
Зранку не сьціхае
Над вадою гоман.
 
Ад крыку-лаянкі
Аж дрыжыць паветра:
– На «барбару», Янка!
– Гартоль бяры, Петра!
 
– Закідай шырыгу!
– Прысам папхні ўліва!
Варушыся! Мігам!
Ня сьпі ў шапку! Жыва!
 
А заднік бяз толку
Бусаком махае.
Галаўнік Міколка
Бэсьціць яго, лае.
 
Гнецца плыт дугою,
Прэ яго да гаку,
Быстраю вадою
Ломіць, як вужаку.
 
На мель узагнала.
Крык, сярдзіты голас.
Порткі паскідалі,
Ўсе ў вадзе па пояс.
 
Бомы ўсе пабралі:
– Рразам, хлопцы! рразам!
Ну, яшчэ! Што сталі?
Ну, яшчэ наляжам!
 
Вецер загуляе –
Хвойнік, лозы гнуцца.
Плытнік спачывае,
Як сабака ў будцы.
 
Плытнік гнецца ў полі,
Мерзьне ён у холад,
Ведае нядолю,
Ведае і голад.
 
Што ж? Бядота гоніць,
Толькі сілы траціш,
Толькі косьці ломіць,
Як хваробу схваціш.
 
*

 
Эх ты, доля, доля!
Голад ты, галота!
Не свая тут воля,
Не свая ахвота.
 
 
 
 
Доля батрачкі
Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну,
Выпраўляючы, хавае
Горкую сьлязіну.
 
– Будзь паслушная, дачушка, –
Навучае матка, –
Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
 
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою.
Твая доля цямней ночкі –
Цяжка быць слугою!
 
Бо ня ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых,
Поту выльецца крыніца
З шчочак загарэлых.
 
Ўстанеш летам раней зоркі,
Пойдзеш перша ў поле...
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!
 
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара,
Жаль да сэрца падступае,
Як чорная хмара.
 
Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
– Ну, матулька, будзь здарова! –
I цалуе матку.
 
– Ну, бывай!.. – I не ўтрывала
Бедная матуля.
Жаль сьлязамі ёй прарвала,
Твар да дочкі туліць.
 
Выйшла маці ўсьлед за ёю,
Стала ля парогу
I, падпёршы твар рукою,
Зорыць на дарогу,
 
На дарогу-пуцявіну –
Там яе Гануля, –
Ды за сьлёзкаю сьлязіну
Роніць-лье матуля.
 
Доўга матка так глядзела,
Дочку праважала,
Покі хустка яе бела
З вочак не прапала.
 
 
 
 
За падаткі
Колькі ўжо раз за падаткі
      Стараста пужае!
Ой, няхай іх! Горка зь імі,
      Хто таго ня знае!
 
Аж тут пісар прыязджае
      Разам з старшынёю...
Ой, нічога ж не парадзіш
      З горкаю бядою!
 
– Пачакайце, калі ласка!
      І – бух ім у ногі!
А назаўтра я Красульку
      Пацягнуў за рогі.
 
Зарыкала так жалобна
      Бедная жывёла,
I мне сэрца гэтым рыкам,
      Як нажом, парола.
 
Жонка плача, лямантуе...
      Гэтак па дзіцяці,
За труною йдучы, плача
      Хіба толькі маці...
 
Я йшоў збоку, і здушылі
      Горла мне залозы.
Ў поле выйшаў – паліліся
      З вачэй самі сьлёзы.
 
 
 
 
Напрадвесьні
Эх, наперла ліха-гораі
Ні сяніны, ні зярна.
А тут сьнег яшчэ ня скора
Згоніць цёплая вясна.
 
У кішэні ні грашынкі,
Хата поўная дзятвы!
Ні паленца, ні лучынкі –
Хоць у землю лезь жывы.
 
Папалілі, пераелі, –
Нічагутка ані ў зуб!
Хлеба толькі да нядзелі,
На два разы ўсяго круп!
 
А даўгоў ты нахватаўся,
Таму дзесяць, таму пяць...
Ось дзе, Грышка, ты папаўся:
Чым ты будзеш аддаваць?
 
Эх, наперла ліха Грышку –
Рук няма за што зацяць!
Хіба вып’ем па кілішку –
Лягчэй будзе гараваць.
 
 
 
 
Панас гуляе
Што мне жонка! Што мне дзеці!
Эх, Панас, ваўсю гуляй!
Ёсьць шчэ мерка жыта ў клеці,
Хаім, піва падавай!
 
Напляваць мне на падатак.
Што мне земскі, старшына!
Хаім, люльку на ў задатак, –
Дай мне царскага віна,
 
Дай мне булку на паўзлоты
Ды прыпраў мне селядца!
Ўсё прап’ю: халат і боты...
Пачынай, Панас, з канца!
 
Вось ідзе Панас, сьпявае,
Страшыць жонку і дзяцей,
Кулаком усім махае,
Пабудзіў усіх людзей.
 
Дома ён разбушаваўся,
Ды вяроўку дзед прыпас...
Пад сталом ноч пракачаўся
П’яны зьвязаны Панас.
 
 
 
 
Мужык
Я – мужычы сынок,
Ні двара, ні кала,
Поле – жоўты пясок,
Хата ў землю ўвайшла,
 
Не жыву, а гнію,
Прападаю, як мыш...
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!
 
Я балоты сушу,
Надрываю жывот,
Я за бесцань кашу,
Рыю землю, як крот.
 
Ўсе вуглы і куты
Сваім целам я зьмёў,
Сьсек і лес, і кусты
I дарогі правёў,
 
Ды ня езджу па іх,
А хаджу пехатой
Ў рваных ботах старых,
Часьцей босай нагой.
 
Збудаваў я палац,
Многа фабрык, мастоў.
Сам жа голы, як бац, –
Пары дзьве рызманоў.
 
Пад аконьнем ня раз
Я зь мяшэчкам хадзіў,
Міласьціны у вас
Хрыстом-Богам прасіў.
 
Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
А у песьнях маіх
Сьляза ціха цячэ.
 
Я па сьвеце хадзіў,
Косьці ўсюды занёс,
Я на землю праліў
Многа сьлёз, многа сьлёз.
 
То ня дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў –
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.
 
Нудна звоняць званы,
То мацьней, то замруць,
Адзін дзяк ля труны –
Гэта прах мой нясуць.
 
На магілцы маей
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касьцей
Вольны вецер шуміць.
 
Я – мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка – шынок,
Маё жыцьце – астрог.
 
 
 
 
Пахаваньне
Чую звон я нудны,
Рэдкі, невясёлы.
Дзень сягоньня будны,
Не сьвяткуюць сёлы.
 
Чую прычытаньне,
Чую плач я нечы,
Скончыўся зараньне
Век твой, чалавеча.
 
Вось труну я бачу,
Кучка йдзе народу.
Колькі жалю, плачу!
Жонцы мужа шкода,
 
Мужа маладога,
Добрага Рыгора,
I сабе у Бога
Просіць сьмерці з гора.
 
Сёстры плачуць горка
Вуйнымі сьлязамі:
«Ой, Рыгор, Рыгорка!
Што зрабіў ты з намі?»
 
Двое дзетак з краю –
Бедныя сіроткі!
Цяжка будзе, знаю,
Вам, мае блазноткі!
 
Ззаду дзед сагнуўся –
Нудна, жаль старому.
Падышоў, вярнуўся
Скора поп дадому.
 
О, мой братка родны!
Ой, мужык ты бедны!
Ўсё жыцьцё галодны,
Худы, чорны, бледны.
 
Хто табе уважыць?
Хто паспагадае?
Сушыць доля, пражыць,
Гне, не аглядае.
 
Біўся ты, як рыба,
Часу ты ня ўседзіш...
У зямельцы хіба
Шчасьце ты угледзіш.
 
А памёр – ні знаку,
Звон адзін пазвоніць,
Ў яму, небараку,
Кінуць, пахароняць...
 
Смутна і ціхутка...
Могілкі з крыжамі.
Круцяцца блізютка
Галкі над палямі.
 
Жаль скаваў мне грудзі,
I нуда напала...
Каб вы зналі, людзі,
Як мне цяжка стала!
 
 
 
 
Наша доля
Наша доля нас ня знае,
Жыцьце наша – ноч і цьма.
Жар улетку нас даймае,
Цісьне холадам зіма.
 
Не красуе наша ніва,
Луг ня цешыць нам вачэй.
Гне к зямлі нас праца жыва
I ў труну кладзе дзяцей.
 
Наша жыцьце не вясёла...
Ноч і цьма на нас ляглі.
Нашы хаты, вёскі, сёлы
Сівым мохам абрасьлі.
 
Нашы сьлёзы незьлічоны,
З нас крывавы льецца пот...
Люд забіты, люд хрышчоны,
Абяздолены народ!..
 
 
 
 
*  *  *
Мы ходзім спатыкаемся...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
IV
НА РОСТАНІ
На ростанках
Ты скажы мне, цьма глухая:
Доўга будзеш ты ляжаць?
Доўга будзе думка злая
Сэрца жалем калыхаць?
 
Не шумі ты, лес высокі,
Нудных песень не сьпявай,
Дзён шчасьлівых, дзён далёкіх
Ты мне, лес, не ўспамінай!
 
Не відно мае дарогі –
Горы, лес, балоты, гразь...
Колькі смутку і трывогі
Ў гэты цяжкі, цёмны час!
 
Дзе ж, дарога ты другая?
Я стаю адзін, адзін,
Ноч вакол ляжыць глухая...
Ці ж то сьвет сышоўся ў клін?
 
Дык скажы мне, цьма глухая:
Доўга будзеш ты ляжаць?
Доўга будзе думка злая
Сэрца жалем калыхаць?
 
 
 
 
На мяжы

Перад Новым, 1909 г.

 
Бывай здароў, мой год старэнькі!
Ў маіх ты думках будзеш жыць
I многа будзеш майму сэрцу
Ў мінуту жалю гаварыць.
 
Я буду помніць, доўга помніць:
Сваё бадзяньне ў гэты год,
Свае надзеі і сумненьні
За родны край, за свой народ
 
I тых людзей, што йшлі са мною,
Хто зваў на працу, дух будзіў,
Хто весяліў мяне у смутку,
Каго я шчыра палюбіў...
 
Дык будзь здароў, мой год старэнькі!
Ў маёй душы ты будзеш жыць
I многа будзеш майму сэрцу
Ў мінуту жалю гаварыць.
 
1908
 
 
 
 
Пясьняр
Кажуць людзі: «Што ты смутны?
Што сьпяваеш ты пра гора?
Твае песьні – стогн пакутны,
Сьлёзы ветру на прасторы!
 
Ты злажы нам песьню волі,
Песьняй шчасьця залівайся,
Ціхім сьпевам нівы ў полі
Ў струнах сэрца адклікайся,
 
Каб на нас вясна дыхала,
Грэла душу цеплынёю,
Каб нам сэрца сагравала
Ціхім шчасьцем, дабратою».
 
Ой вы, людзі! Няма ж волі:
Скуты мысьлі ланцугамі.
Пусты нівы нашы ў полі,
Злосны віхар дзьме над намі!
 
Ці ж я сэрцам не хварэю?
Ці ж мне смутак лёгка даўся?
Я сьпяваю, як умею,
Я пра радасьць пець ня здаўся.
 
 
 
 
Пад шум ветру
Праляцела борзда лета,
Наша сьветлая пара.
На дарозе нашай вузкай,
Як раней, стаіць гара...
 
Скора, скора дзьмухне холад,
Сьнег пасыпле зь сівых хмар,
Зноў мароз надыдзе люты
I клубком паваліць пар.
 
Разам зь ветрам, з халадамі
Думак рой к нам наляціць, –
Нудных думак, неспакойных, –
Сэрца беднае сушыць.
 
Будуць ветры за вугламі
Выць, і плакаць, і стагнаць,
А ў той вечар доўгі, цёмны –
Песьні ў коміне сьпяваць.
 
Бор стары завые нудна,
Зашуміць гальлём лаза.
Пад іх шум ня раз на сэрца
Капне горкая сьляза.
 
 
 
 
Хмары
Як ліхія думкі-мысьлі,
Над зямлёю хмары зьвісьлі.
Ой вы, хмары, што вы сталі?
Што вы неба нам заслалі?
Скрылі сонца, чарадою
Таўчацеся над зямлёю?
Чаму ўлетку над палямі
Не ліліся вы сьлязамі?
Чаму збожжа не мачылі,
Калі ветры так сушылі
I гарэлі нашы нівы, –
Тады, хмары, дзе былі вы?
Мы на неба пазіралі,
Вокам, хмары, вас шукалі,
Сохла праца наша ў полі, –
Як мы, хмары, вы бяз волі!
 
 
 
 
Нягода
Мы чакалі нецярпліва
Лета, цёплых, ясных дзён,
Каб ня гнулась наша ніва,
Не глушыў яе драсён.
 
Хмурна ж наша, хмурна лета,
Сьцелюць хмары валакно,
Сонцам поле не сагрэта,
Дробны дождж сячэ ў акно.
 
Затоплена сенажатка –
Верх травы адно відаць,
Збожжа ў полі гіне, братка,
Няма сілы працаваць.
 
Вось Ільля ўжо недалёка,
Жаць пара, пара касіць.
Дарма ў неба глядзіць вока –
Хмар густых ім не прабіць.
 
Перакідаем, брат, лета
I сяк-так перажывём.
Час наш будзе – вер у гэта –
Зь верхам працу мы зьбяром.
 
 
 
 
Сябрам-выгнаньнікам
Гэй вы, смутныя,
Гэй вы, бедныя,
Мае мілыя
Сябры-згнаньнікі!
 
Ці вы сіраты
У сям’і людской,
Што глядзяць на вас
Вокам ворагаў?
 
Ці разбоем вы
Даставалі хлеб,
Што караюць вас
Горш за злодзеяў?
 
Або ў вас няма
Сілы, розуму,
Што прытулкі вам
Пазачынены?
 
Ці то сэрца ў вас
Цьвярдзей каменя,
Што ад вас браты
Адракаюцца?
 
Не! Душа у вас,
Сэрца – добрыя,
Думкі чыстыя,
Мысьлі ясныя!
 
Толькі вам няма
Долі-радасьці.
Сіла цёмная
Вас прыціснула.
 
Гэй, выгнаньнікі,
Сябры любыя,
Да канца, браты,
Будзьма цьвёрдымі!
 
 
 
 
Сябрам
Ой, сябры мае вы, мілы,
Дзе цяпер вы, дарагія?
Ці схавалі свае сілы?
Ці ёсьць думкі маладыя?
 
Тыя думкі, тыя мысьлі,
Што душу нам хвалявалі,
З-за каторых хмары зьвісьлі,
За што зь нівы нас сарвалі?
 
Нас з народнай ціхай нівы
Разагналі па ўсім сьвеце...
Ці здаровы вы, ці жывы?
Дзе вы, мілыя? Гукнеце!
 
Ці зьбяромся зноў калі мы
Ў нашым бедным родным краі,
Як бы птушкі пасьля зімы?
Дзе вы, хлопцы? Я гукаю!
 
Не, няпраўда! Быць ня можа,
Каб ня грэла цёпла сонца.
Наша праўда нам паможа –
Блісьне нам сьвятло ў ваконца!
 
 
 
 
Не бядуй!
Не бядуй, што сонца нізка,
Што прыходзіць нудны дзень,
Не бядуй, што восень блізка
I на дол кладзецца цень.
 
Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй:
Не загіне край твой родны
У тэй цемені начэй!
 
Будзе час, і сьнег растане,
Прыйдзе зноў да нас вясна,
Ветла зь неба сонца гляне,
Ачуняе старана.
 
Не бядуй, што цяжка стала
Жыць у вечнай цемнаце,
Што нас доля вечна гнала,
Што жывём у беднаце.
 
Не бядуй, што зьвісьлі хмары,
Што нам сонца не відаць,
Не бядуй, што ўноч пажары
Сталі неба заліваць, –
 
Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, – жыцьце залатое
Будзе ў нашай старане.
 
1907
 
 
 
 
*  *  *
Толькі стогне зямля,
Толькі вецер шуміць, –
Ў нашым бедным краі
Ўсюды ночка ляжыць.
 
Што ж? Сьцяліся, туман,
Покі восень стаіць:
Восень – сьвята тваё,
Ўсюды цемень ляжыць.
 
Не маўчы ж ты, сава,
Ў цёмным лесе гукай,
Ведай, ночка – ня год,
Заварушыцца гай...
 
 
 
 
Кіньце смутак
Што вы, хлопцы, спахмурнелі?
Ці каго вы пахавалі?
Ці няшчасьце так здалела,
Што нуда апанавала?
 
Плюньце, хлопцы! Засьпявайма,
Каб аж вокны задрыжалі!
Ва ўсе грудзі загукайма,
Каб і думкі паўцякалі!
 
Ці ж мы будзем вечна гнуцца,
Апускаць бязвольна рукі?
Няхай сьлёзы больш ня льюцца,
Няхай нас ня знаюць мукі!
 
За работу жыва, жыва!
Каб нас доля не ўшчувала,
Каб ня сохла наша ніва,
Каб нуда нас больш ня гнала!
 
 
 
 
V
З ТУРМЫ
Турэмная камэра
Цесна камэра, як клетка, –
Вузкі ход праміж дзьвюх нар;
Пры вакне жалеза сетка,
Над дзьвярамі «каляндар»,
 
Разьлінеены ў радочкі,
Ды «буфет» зь пяці дасок.
У павуцьці ўсе куточкі,
Ў пыле кожны вугалок.
 
Два ваконцы, дзьве рашоткі,
Два цабэркі для вады;
Столік, вузкі і кароткі,
Сеньнікі у два рады.
 
Абабіт пабел усюды,
А праз столь цячэ вада.
Ў закарвашках зьвярок руды,
Клоп і ўсякая брыда.
 
Пахне потам чалавечым...
Цяжкі, сьпёрты, кіслы дух.
Рана ўстанеш – дыхнуць нечым,
Проста вешай хоць абух.
 
 
 
 
Катаржнікі
Цесны дворык. Непрыгожа!
      Дзьверы пад замкамі,
У тры сажні агарожа, –
      Глуха, як у яме.
 
Толькі бразгаюць кайданы
      Дзікім бразгатаньнем,
Звон пакуты, звон паганы
      Аддае стагнаньнем.
 
Будзіць звон той боль у сэрцы,
      Смутак наганяе.
Цяжка, цяжка ў паняверцы!
      Ой, доля ліхая!
 
*

 
Сьвеціць сонца, жарам пыша,
      Ў небе – ні хмурынкі.
Лёгкі ветрык сад калыша,
      Гойдае галінкі
 
Ды жартліва задзімае –
      Накурыць, напыліць,
Пух угору падымае,
      Красачку пахіліць.
 
Прабяжыць і ціха стане...
      Зьвякаюць кайданы.
Ў гурт сышліся катаржане,
      Від іх змардаваны.
 
Вось на лаўку яны селі,
      Галовы спусьцілі,
Думкі моцна іх здалелі,
      Сэрца засмуцілі.
 
Не згадаць іх дум маўклівых,
      Дзе яны іх носяць –
Мо гуляюць там, на нівах,
      А мо волі просяць.
 
Катаржане –  хлебаробы,
      Дзеці вёсак, поля:
Таго бойка з-за худобы
      Прывяла ў няволю,
 
Той з суседам пасварыўся,
      Ў таго зяць паганы,
А той, з братам як дзяліўся,
      Зарабіў кайданы,
 
Той за нораў свой сярдзіты
      Ці за лішак жару...
Гэта – цёмны люд, забіты,
      Беднаты ахвяра.
 
*

 
Што за думкі – не згадаю:
      Цьмяна іх гаворка.
Адно толькі добра знаю:
      Горка людзям, горка!
 
 
 
 
У астрозе
Нудна Сьцёпку за рашоткай,
      Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
      Сьцёпкавы дадому.
 
Дома жонка, дома дзеткі...
      Бог сьвяты іх знае,
Як жывецца небаракам
      Там, у родным краі!
 
Ходзіць Сьцёпка з вугла ў вугал
      Ды зірне ў аконца:
За рашоткай відно неба,
      Хмарак валаконцы.
 
Эй, хмурынкі! Плывяце вы
      У старонку тую,
Дзе пакінуў я сямейку,
      Хатачку старую!
 
Ох, паплыў бы я, здаецца,
      Хмаркі, разам з вамі,
Каб на вёску сваю глянуць
      Нуднымі вачамі.
 
Там, далёка, за дамамі,
      Разьляглося поле,
Лес, узгоркі і курганы...
      Эх, прастор там, воля!
 
Дзесь у полі дым сінее –
      Бульбу люд капае.
Сьцёпка ж бедны так марнее,
      Долю праклінае...
 
Ляжа Сьцёпка спаць на нары,
      I праз цэлу ночку
Сны аб роднай вёсцы сьняцца,
      Аб сваім куточку!..
 
Нудна Сьцёпку за рашоткай,
      Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
      Сьцёпкавы дадому.
 
 
 
 
Сьцёпкаў сон
Рана Сьцёпка абудзіўся
I ляжыць – ня сьпіцца:
Сон яму такі прысьніўся –
Толькі падзівіцца!
 
Быццам жыта сеяць выйшлі
Ў поле пры дарозе, –
Сьцёпку нават зышло з мысьлі,
Што ён у астрозе, –
 
Поле сонцам скрозь заліта,–
Шырыня, раўніна!
Глеба тлуста, сакавіта –
Чарназём ды гліна.
 
Не дакінеш проста вокам
Да суседскіх межаў,
А на лузе іх шырокім
Што ні стог, то вежа!
 
I суседзі тут у полі
Ходзяць з карабкамі,
Сеюць жыта на прывольлі,
Рэжуць дол плугамі,
 
Робяць гоні і разоркі...
Ветрык ціха вее.
Трохі воддаль на прыгорку
Вёска іх чарнее.
 
З-за сялянскіх хат адметна,
Між гумён, адрынак,
Пазірае так прыветна
I Сьцёпкаў будынак...
 
Углыбіўся Сьцёпка ў мары,
Думцы ўвесь аддаўся,
Пра астрог забыў, пра нары,
Дзе ўсю ноч валяўся.
 
Тут ён целам, там – душою,
Там, у родным полі,
Дзе хадзіў ён за сахою,
Дзе пазнаў нядолю.
 
Ды забыта ўсё ліхое,
Ўсё, што дух смуціла,
Засталося дарагое,
Што так сэрцу міла.
 
Але зараз расьсьвітала,
Нудны дзень вярнуўся.
Сон і мары – ўсё прапала,
Як астрог ачнуўся.
 
 
 
 
Пісьмо з астрога
– Напішы мне, калі ласка,
Пісямко дахаты!
Піша з дому мне Параска,
Што сын здан ў салдаты...
 
Охо-хо! – Пракоп ўздыхае,
Джургае чупрыну,
А ў руках пісьмо трымае
I канверцік сіні.
 
Просіць шчыра грамацея,
Нават шапку скінуў.
Сам Пракоп пісаць ня ўмее –
Дзе? Ў бядоце гінуў!
 
Гадаваўся на мякіне,
Жыў з худобай змалку,
Смак жыцьця пазнаў на сьпіне,
Высах сам у палку.
 
А нарэшце вось папаўся
Ў сьпісак арыштанцкі.
А за што? Нібы зьбіраўся
Падпаліць лес панскі!
 
– Што ж табе пісаць, старэнькі?
– А пішы, нябога!
Жонка, сын мой даражэнькі!
Шлю паклон з астрога.
 
Сэрца мне баліць, і вас я
З думак не спускаю.
Кожны Божы дзень і час я
Дом успамінаю.
 
Жонка мая дарагая!
Ты ня скрыўдзь Івана.
Калі грошай не хватае,
Папрасі ў Сьцяпана.
 
Няхай Сьцёпка не баіцца –
Аддамо з падзякай.
Хлопцу ж трэба хоць акрыцца,
А ня йсьці сабакам.
 
Спраў кажух яму і боты,
Выпраў, як і людзі.
Дай з сабою колькі злоты –
Весялейшы будзе.
 
Калі корму досыць маеш,
Падкармі больш сьвінку,
Мо якую захаваеш
На Вялікдзень шынку.
 
А калі на грош няхватка
Або корму мала,
Закалі і з паўдзесятка
Фунтаў прышлі сала...
 
Сын мой! Снасьці рыбаковы
Добра ты прыпратай –
Згодзяцца, а венцер новы –
Маеш час – залатай.
 
Захавай, мой сын, прашу я,
Човен у адрыне,
Няхай вецер не сьвідруе,
Няхай так ня гіне.
 
Ўсё, што можна, захавайце,
Пакуль я вярнуся.
Нераток стары аддайце
Міхалю з Габрусем.
 
Кнігі ўсе, апроч Псалтыра,
Вы аддайце Грышку,
Хай сабе чытае шчыра,
Бо ён любіць кніжку.
 
Дарагі сын! Перад здачай
Да мяне зайдзі ты,
Можа, болей і ня ўбачу,
Не пачую, дзе ты.
 
Не смуткуйце, не бядуйце –
Дасьць Бог спосаб новы.
Што ж ты зробіш? Пагаруйце...
Будзьце ўсе здаровы!
 
 
 
 
*  *  *
Сохну марна я ў астрозе,
      Дарма трачу сілы.
Рвецца дух мой на свабоду
      З гэтае магілы.
 
Шкода хаткі мне старэнькай
      З латанай страхою,
Што схілілася над Нёмнам
      Горкай сіратою.
 
Шкода мне зялёнай нівы,
      Што шуміць у полі,
Тога дуба, што над рэчкай
      Песьціцца ў прывольлі.
 
Шкода мне гаёў цяністых
      I лугоў прастору,
Дзе пад ветрам ходзяць хвалі
      Травянога мора.
 
Шкода сьветлай ручаінкі
      Ў берагах пясчаных,
Што, як срэбра, мкне-бруіцца
      Паміж гор, курганаў.
 
Шкода вёсак запусьцелых,
      Дзе ральнік гаруе,
Дзе зімою вецер вые,
      Замець-сьнег шнуруе...
 
Гэта – вобразы краіны,
      Беларусі роднай...
Край ты наш! Як міл ты сэрцу,
      Цёмны край, галодны!
 
Ды ня век я тут гарую,
      Дачакаю волі
I пачую ў родным краі
      Песьні лепшай долі.
 
 
 
 
Кветка
За агарожаю перад астрогам
      Ў ціхім куточку адна
Кветка красуе на грунце убогім,
      Хораша зьзяе яна.
Двор непрытульны і глеба пясчана,
      Грунт весь убіты, як ток.
Сонца ня сьвеціць скрозь шчэлін паркана,
      Выдзьмухаў вецер весь сок...
Белая крошка роскаю Божай
      Чыста абмыта, зяхціць.
Рад любавацца я кветкай прыгожай –
      Міла яна так глядзіць.
Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя
      Роднага краю, палёў,
Бедныя вёскі, хаты пахілыя,
      Песьні зялёных гаёў;
Вузкія стужкі меж зеляненькіх,
      Жыта палоска, лянок...
Рэчы пявучыя нівы благенькай,
      Ўзгорак, курганчык, лясок.
Толькі ж мне шкода кветкі: сіроткай
      Ціха схілілась яна
За агарожаю, як за рашоткай,
      Сонцу, людзям не відна...
Мілая кветка, дзіцятка поля,
      Межы зялёнай убор!
Як ты папалася з волі ў няволю?
      Як заняслася на двор?
 
 
 
 
Ліпы старыя
Ліпы старыя шумяць за сьцяною,
      Жаласна, глуха шумяць,
Смутна ківаюць, трасуць галавою,
      Толькі галіны рыпяць,
 
Пышны убор іх, лісты, пазрываны,
      Вецер разьвеяў, разьнёс.
Нудна і ім за астрожным парканам,
      Цяжка ім зносіць мароз.
 
Плачуць гаротныя ліпы старыя,
      Плачуць на долю сваю:
Пышна расьлі мы, цьвілі маладыя,
      Добра было у гаю.
 
Вольныя птушкі вакол шчабяталі,
      Божыя пчолкі гулі,
Тоўстыя вязы ад бур нас хавалі,
      Сеткі дубы нам плялі.
 
Белыя хмаркі над намі гулялі,
      Беглі ў няведамы край,
Чыстыя росы, як срэбра, блішчалі,
      Гоманам поўніўся гай...
 
Там бы хацелі расьці, красавацца,
      Дол дзе капае ральнік,
Родную песьню дзе ціха сьпявае
      Сын Беларусі, мужык.
 
Нас перанесьлі на глебу чужую –
      Сьвету, прастору няма.
Ўсе нас забылі, ніхто нас ня чуе,
      Чуе нас толькі турма.
 
1908
 
 
 
 
Гусі
Зоры далёкія, зоры бліскучыя
      Ціха гараць над зямлёй.
Крыкі знаёмыя, тоны пявучыя
      Льюцца вячэрняй парой.
 
З поўначы-холаду, сіверу бурнага
      Гусі на поўдзень ляцяць,
Зь неба далёкага, стэпу лазурнага
      Смутна прашчаньне крычаць.
 
Дзікія гусанькі, птушачкі вольныя,
      Весьнікі скорай зімы!
Хочацца з вамі мне ў стэпы прасторныя,
      К сьвету і сонцу ад цьмы.
 
Толькі ж падрэзаны крыльлі свабодныя:
      Моцна пільнуюць мяне
Дзьверы акутыя, сьцены халодныя,
      Краты жалеза ў акне.
 
 
 
 
Хмары
Хмары, хмары, што па небе
      Ходзіце гарамі!
Каб меў крыльле, паляцеў бы
      Я на волю з вамі.
 
Паляцеў бы ў край той родны,
      Дзе так сэрцу міла,
Дзе я вырас, дзе мне радасьць
      Моладасьць суліла.
 
Паляцеў бы ў луг, дзе Нёман
      Бераг точыць, мые,
Дзе гамоняць зь ветрам-бурай
      Дубы векавыя.
 
Дзе над Нёманам старая
      Пахінулась хата,
Дзе так многа пылу ўлетку,
      Дзе пяскоў багата.
 
Паляцеў бы да курганаў,
      Што стаяць маўкліва,
Да узгоркаў, дзе вясною
      Зелянеюць нівы.
 
Ой, панёсься б з вамі, хмары,
      Я ў той лес цяністы,
Дзе ўдыхалі б мае грудзі
      Хвояў пах смалісты!
 
Хмары, хмары, што па небе
      Ходзіце гарамі!
Чаму я ня маю крыльляў?
      Чаму я ня з вамі?
 
 
 
 
Маці
Непрыветна цераз вокны
      Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
      Сьпіць, адпачывае.
 
Натрудзіўшы добра рукі,
      Натаміўшы плечы,
Толькі маці зь вераценцам
      Туліцца пры печы
 
Ды прадзе, прадзе кудзельку.
      Скача вераценца,
А за ім густыя цені
      Бегаюць па сьценцы.
 
*

 
На камінку гарыць корчык,
      Злотам іскры скачуць.
За ваконцам вецер ходзіць,
      Глуха вербы плачуць.
 
Зябнуць вербы на марозе,
      Тулячыся к стрэсе.
Сьнегам вецер сыпле ў дзьверы,
      Ходзіць шум па лесе...
 
I пад гэты шум трывожны
      Думае старая,
А ўсьлед думкам неспакойна
      Вецер падпявае.
 
*

 
I ўсё ўстала прад вачыма
      Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
      Дзявочыя леты,
 
Радасьць жыцьця і нягоды,
      Сваркі, трасяніна –
Ўсё, чым жыцьце напаткае
      Ў цяжкую часіну.
 
Ўсё прыпомнілася беднай, –
      Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
      Прасьці перастала.
 
*

 
Вось і муж усплыў на думу –
      Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў –
      Без пары магіла!
 
Жыў ён бедна. Спадзяваўся
      Свой прыдбаць куточак,
Хату вывезьці, зямелькі
      Прыкупіць шматочак,
 
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
      Жыцьце пад’ярэмна...
Ды ня выйшаў з-пад няволі,
      Біўся век дарэмна!
 
*

 
Гасьне корчык на камінку,
      Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
      Але ня сьпіць маці.
 
Цягне нітку. Вераценца,
      З рук упаўшы, грукне,
Ды нясьмела, як убогі,
      Ў дзьверы вецер стукне.
 
Думкі думку падганяюць,
      Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
      Нуднай чарадою.
 
*

 
Уздыхнула цяжка маці,
      Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
      Кару адбывае.
 
I за што? У толк ня возьме
      Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
      Ні парадкаў сьвету.
 
Вецер вые за вугламі,
      Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
      Матку не заносіць!
 
Зябнуць вербы на марозе,
      Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
      Думка думку гоніць.
 
 
 
 
Родныя вобразы
Вобразы мілыя роднага краю,
        Смутак і радасьць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
        Чым так прыкованы я
 
К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
        Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
        Поўныя сумнай красы?
 
Толькі я лягу і вочы закрыю,
        Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
        Зьзяючы мілай красой.
 
Чуецца гоман мне сьпелае нівы,
        Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гул шчасьлівы,
        Песьня магутных дубоў...
 
Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
        Родныя вёскі і люд,
Песьні цягучыя, песьні пакутныя!..
        Бачу і чую вас тут.
 
1908
 
 
 
 
Вячэрнія хмаркі
Сонейка заходзіць,
I кладуцца цені,
I плывуць хмурынкі
Ў ціхім задуменьні.
 
Белыя валокны
Сонейкам заліты.
Вольны ім дарогі,
Сьцежкі ім адкрыты.
 
Хмаркі залатыя!
Вы – прастору дзеці,
Ходзіце вы вечна
Па ўсім белым сьвеце.
 
Праплывіце ж, хмаркі,
I над родным краем,
Над сялянскім полем,
Над зялёным гаем
 
I заплачце, хмаркі,
Дробнымі сьлязамі
Над мужычай нівай,
Над яго лугамі.
 
Загрымеце громам,
Стаўшы цёмнай хмурай.
Толькі ж не пабеце
Жыта градам, бурай.
 
Хмаркі залатыя,
Сонца, неба дзеці!
Вы прывет мой шчыры
Ў вёску занясеце.
 
 
 
 
Песьня няволі
Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.
 
Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!
 
Як моцны гук, прызыў вясны
З тваёй пачуўся вышыны!
 
Прастор, прастор і воля там,
Але ня нам яны, ня нам!
 
Запёрты мы, прыдаўлены,
I краты нам прыстаўлены.
 
Высок, высок паркан-сьцяна,
Нам песьня волі не чутна.
 
Ня нам вясна, ня нам прастор, –
Нам мур сыры, нам цесны двор.
 
Гады ў няволі адцьвітуць...
Ня плач, душа, вясну забудзь!
 
 
 
 
У астрозе вясною
Сьціхлі песьні зімняй буры,
      Вее цеплынёю,
Ўскалыхнуўся лес пануры,
      Зашумеў вясною.
 
Як бы спуджаныя козы,
      Пазьбягалі хмары.
Плача зімка, льюцца сьлёзы,
      Ажываюць яры.
 
Скора поле, лугавіны
      Ў зелень убяруцца,
Жураўлі з чужой краіны
      З крыкам пранясуцца.
 
Хмары ўстануць, і пяруны
      Гучна загамоняць,
А ў турме тут сэрца струны
      Жаласна зазвоняць.
 
I ўздыхнеш, ўздыхнеш глыбока
      Над жыцьцём разьбітым,
I пачуеш адзінокім
      Ты сябе, забытым.
 
 
 
 
У турме
Сонца ўстане, сонца зойдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма.
 
Птушкі вылецяць на зіму,
Птушкі зноў ляцяць сюды,
Мы ж марнуемся ў астрозе,
Трацім лепшыя гады.
 
Дні мінаюць, дні праходзяць,
Летам зьменіцца зіма,
А мы сохнем і марнеем,
Нам тут радасьці няма.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.