РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая Іліяда
 
Вершы
Беларуская песьня
 
Зямля журбы

 
 
Дзяўчына пад дажджом
 
Трасьцянец
 
Здратаваныя магілы
 
Баляда плахі
 
Баляда аб трыццаць першым сярэбраніку
 
Крумкачы
 
Пры сьмерці
 
Баляда аб асуджаных і аб чалавечым «даруй»
 
Баляда пра дзіка і чалавека
 
Слова беларускай бярозы
 
Старыя сувоі

 
 
І сьніў Адам...
 
Апошняя песьня Дантэ
 
Чашы сьлёз
 
Чорная баляда Гаркушы
 
Самсон
 
Баляда аб нашэсьцях
 
Скарына пакідае Радзіму
 
Калі памірае каханьне...

 
 
*** О каханьне маё бясконцае...
 
*** Я іду лугавою дарогай...
 
Чырвоны шар
 
Фантазія
 
*** Ўкруг месяца туманнае гало...
 
Нямыя дрэвы
 
Калі паміраюць...
 
Сьнягір
 
Песьня колаў
 
Імпрэсія
 
Таруская вiла
 
*** Зноў над ракою чаплі сівыя...
 
*** О вясна! Таполі! Сьвеце мілы!..
 
Інга і Марыя

 
 
Жанчыне з бэзам
 
Шчасьце
 
*** Бацькі з магіл цяплом дыхнулі...
 
Жаўранак – звонкая ніць
 
Мёртвае рэчышча
 
Крокі ўначы
 
Раманс вінаграднай лазы
 
Ты і я
 
*** Калі агорне цемра неба...
 
Карадаг
 
Раманс Марылі
 
Дняпро і Ака. Ён і яна
 
Раманс шлагбаума
 
Аптымізм
 
Туман
 
Цюляня
 
Каравэлы
 
Бахайская чарапаха
 
Легкаважная песенька, якую я сьпяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай
 
Таўрыда

 
 
Дрэва на Чатырдагу
 
Чатырдаг
 
Спуск з гор
 
Генуэзская крэпасьць
 
Лебедзь
 
Вадаспад Учан-су
 
Маладая вясна
 
*** О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора...
 
Гурзуф уначы
 
«Прыўкрасная пальма»
 
*** Над Аю-дагам – над Мядзьведзь-гарою...
 
*** Сумесь Бураціна з Аэлітай...
 
*** Сьпіш? Я прыйду, пагушкаю...
 
Дзьве вады
 
*** Прыпадзі да мяне, прыпадзі...
 
Кіпарысавыя жарцікі
 
*** Я чакаў цябе тысячы год...
 
*** Мора гранітныя хвалі...
 
*** І бывай. Ня трэба шкадаваньняў...
 
Кінааслы
 
Шайтан-Мярдвень
 
*** Са стэпавымі вятрамі...
 
Таўры
 
Песьня Мехмета
 
Чуфут-Кале
 
Маўзалей Джаніке-ханум
 
Нараканьнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi
 
Браты па няшчасьцю
 
Раманс аб расстраляным каханьні
 
Усходнія песьні
 
Фантан сьлёз
 
Штыль
 
Сэрца гары
 
На роднай магіле
 
Саперніца. Супакоены ўспамін праз трыццаць год
 
Падмогі!
 
Таўрыдзе
 
Вяртаньне

 
 
На пачатак «Каласоў пад сярпом тваім...»
 
Мужныя мятлушкі
 
*** Ўсё, што было, і ўсё, што часам сьніцца...
 
*** Падымаюць жоўтыя галовы...
 
Чурлёніс
 
Баляда пра сыноў Пітакоса
 
Корчмы
 
Надзея лістападу
 
Белавежскі алень
 
Каложа
 
Багдановічу
 
Дзядзькаў кубак
 
Нашы бярозы
 
Маленьне аб чашы
 
*** Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай...
 
Вільня ў дождж
 
Нявесьце Каліноўскага
 
Мы
 
*** Як сканаю – душа застанецца...
 
Безгаловая Вэнэра
 
Medusa Ludovisi ў Рыме
 
Землятрус
Беларуская песьня
Дзе мой край? Там, дзе вечную песьню пяе Белавежа, 
Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў, 
Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць
                                                                                            суровыя вежы 
І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро. 
Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца, 
Дзе Сафія плыве над Дзьвіною, нібы карабель... 
Там, дзе сэрца маё зь першым крокам,
                                                                                    як молат, заб'ецца, 
Калі б нават сьляпым і глухім я прыйшоў да цябе.
Што сьляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры, 
Над ракою чырвонай і цьмянай палёт кажаноў, 
Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах, 
І бары-акіяны, і неба – разьлівы ільноў. 
Дзе мой край?
                              Там, дзе людзі ніколі ня будуць рабамі, 
Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме, 
Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі, 
А мужчыны, як скалы, – ударыш, і зломіцца меч. 
Дзе мой край?
                                Там, дзе мудрыя продкі у хвоях паснулі, 
Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары, 
А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі, 
Як жніўё з павуціньнем і добрае сонца ўгары. 
Там зьвіняць неўміручыя песьні на поўныя грудзі, 
Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок. 
Тая гордая мова, якую й тады не забудзем, 
Калі сонца зь зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок. 
Ты – наш край.
                                Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам, 
Лістападаўскіх зьнічак густых фасфарычная раць, 
Ты – наш сьцяг, што нікому, нікому на сьвеце, нікому 
Не дамо абсьмяяць, апаганіць,
                                                                  забыць ці мячом зваяваць. 
Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі 
І апошняй ральлёй, на якую ўпадзём у журбе. 
Мы клянёмся табе, што ніколі,
Ніколі,
Ніколі, 
Так,
Ніколі ня кінем,
Ня кінем,
Ня кінем цябе.
 
16.IV.1968. Брэст.
 
 
 
 
ЗЯМЛЯ ЖУРБЫ
Дзяўчына пад дажджом
Над лесам, над садам дзікім
Дожджык забалбатаў,
І успыхнулі раптам гвазьдзікі
У нэтрах абмытых траў.
Цёплыя кроплі скачуць
Па залацістай лазе;
Дожджык – «царэўна плача»,
Сонца ў кожнай сьлязе.
Зь нізкай цёплай адрыны,
Учуўшы ласкавы капёж,
Ў лёгкай сукенцы дзяўчына
Выбегла проста пад дождж.
Кроплі яе цалавалі
Палка, пяшчотна, да сьлёз,
Вусны дзяўчыны хапалі
Срэбра зь ясных нябёс.
Дожджык зрабіў сваё цуда,
Ён абляпіў, як мог,
Плечы, маленькія грудзі,
Гнуткія лініі ног.
Бэзам з садоў павявала,
Вечна хацелася жыць.
Дзяўчына ад шчасьця сьпявала.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Стронцый быў у дажджы...
 
20.IV.1960.
 
 
 
 
Трасьцянец
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Здратаваныя магілы
Петрасу Антэасу
Там, дзе Лесбас у пенных карунках прыбою,
Я адчула цябе і на сьвет нарадзіла.
Вёсны скрыпкай сьпявалі, а зімы – трубою.
Дзе ж цяпер ты, мой любы, мой добры, мой мілы?
Ты ня вер дактарам. Мне ня цяжка прыйшлося.
Проста ўзяў мяне вечар, празрысты і сіні.
За труною людзей – нібы ў полі калосьсяў,
Лесбас мора вянкоў надаслаў у Афіны.
Мне ня цяжка. Мне іншае горка, мой родны,
Што цябе ўладары ліхалецьця і ночы,
Баючыся за «Грэцыі роднай свабоду»,
Не пусьцілі сюды, каб закрыў ты мне вочы.
Хто ж зь іх горшы, мой сыне? Язычнікі злыя
Ці рупліўцы аб славе Хрыстовай і сіле?
На Галгофу калісьці пусьцілі Марыю,
А цябе – на магілу маю не пусьцілі.
Праз абшары марэй, празь сьвітаньні і ночы
Я кажу са сваёй здратаванай магілы:
Ты ня плач, маё сонца, мой любы сыночак,
Мой далёкі, мой блізкі, мой бедны, мой мілы.
Я прывыкла да вечных з табой разьвітаньняў,
Войны, турмы, падпольле і Грамаса скалы,
Немцы, ўласныя каты і англічане, –
Ўсё жыцьцё я чакала, бясконца чакала.
Што было мне да вашых сутычак і зброі?
Проста я не хацела зьнішчэньня і сьмерці,
І маланкі над Грамасам білі ня ў хвоі,
Не ў сыноў, а ў маё набалелае сэрца.
Нехта чорную здраду між намі пасеяў,
І пайшлі вы з Радзімы ў выгнаньне, ў выгнаньне.
З доўгай, цяжкай, паўночнай тваёй Адысеі
Я чакала цябе, як чакаюць сьвітаньня.
І канец. І людскія маўклівыя гурмы.
Толькі ў сэрцы маім не згасае трывога.
Хай праклён на вас, межы, хай праклён на вас, турмы,
Хай праклён на вас, ворагі людства і Бога.
Без сыноў, без надзеі, бяз шчасьця, бяз мая,
Не схіліўшы да скону жаночыя плечы,
Маці-Грэцыя ў муках маіх памірае,
Маці-Грэцыя, маці сыноў чалавечых.
Па зямлі прапаўзаюць гадзюкамі межы
І дапытваюць кожную былку і камень.
На зямлі руднікі, і турэмныя вежы,
І капцы мацярок, што спавіты дратамі.
...Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося:
Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай.
На чале тваім – церні, ў далонях – калосьсі,
За сьпіною – бясконцыя гордыя сьцягі.
Я люблю, я хачу цябе бачыць, я маці.
Але ўсё ж, пакуль гора зямлі не ў магіле –
Ты ня сьмей, ты са мною ня сьмей сустракацца,
Мой далёкі, мой сьмелы, мой добры, мой мілы.
 
1963
 
 
 
 
Баляда плахі
Сяргею Панізьніку
Кожны дзень гінуць мужнасьць і сьвятасьць.
Кожны дзень, выпускаючы дых,
Паміраюць хлапчынкі расьпятыя
І збавіцель ня помніць пра іх.
Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбука, магноліі
І суровай паўночнай сасны.
Не пасьпеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на сьлізкую плаху кладуць.
Плацяць катаргай і эшафотамі
За братоў сваіх душу жывую,
Хочуць дыхаць – задушаць гаротаю,
Хочуць думаць – сьсякуць галаву.
У чырвонай ад сонца Касьціліі,
Ў парнай сельве і ў зорных ільдах
Кожны дзень яны бураць Басылію:
Чалавечы свой, просты жах...
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы сьлед на траве,
За высокую годнасьць расьпятую,
За найменьне тваё, Чалавек.
Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца
За свабоды ўласнай лядо?
О зямля, сьвятая калодніца,
Гора, мужнасьці, сьмерці юдоль!
У былым іх – трушчобы няветлыя,
У сучасным – глухая турма,
І няма для іх раю сьветлага,
І суда іхнім катам – няма.
Толькі час вам уздасьць поўнай мераю.
Але ўсё ж – пакуль прыйдзе той час, –
Калі ёсьць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць – то для вас.
 
15.IV.1968. Брэст.
 
 
 
 
Баляда аб трыццаць першым сярэбраніку
І прадаў ён Хрыста. І яму адвалілі за гэта
Трыццаць срэбных дынараў. А Кайяфа яшчэ падарыў
Трыццаць першы сярэбранік, звонкай і важкай
                                                                                                          манэтай,
Толькі-толькі адлітай на царскім манэтным двары.
Ні за што. Проста так. Падарунак не падарунак, –
А хутчэй ад свайго дабрадушша накінуў на чай
За мужчынскі, суровы і стрыманы той пацалунак,
На які адказаў Пётр-апостал ударам мяча.
Каб у тыя часы ў Іудзеі вадзіліся сьвіньні –
Ўзнагародаю лепшай была б яму іх чарада...
Справа, ясна, ня ў тым,
                                                  што прадаў ён Гасподняга Сына.
Чалавека прадаў ён, паршывец. Жывое прадаў.
Ўсё адно нібы зайца, што, гнаны крывавай пагоняй,
Паратунку шукае ў нагах тваіх, бо не ўцячэ,
Выдаць людзям са стрэльбай,
                                                                  а тыя рабрынай, далоньню, –
За вушамі яго, каб, канаючы, ён завішчэў.
І расьпяты сканаў. І тады фарысеям і катам
Крыкнуў здраднік: «Крывёю абмылася грэху гара!
Кроў прадаўшы нявінную, што нарабіў я,
                                                                                            пракляты?!»
Бразнуў змаху грашмі, і яны пакаціліся ў гразь.
Пад дажджом ачышчальным – сухі – ён адчуў,
                                                                                                      што загінуў,
І вяроўку дастаў, і яе у пякельнай журбе
Завязаў на суку ад агіды дрыжачай асіны,
І ударам нагі шар зямны адштурхнуў ад сябе.
А за трыццаць манэт падабраных ганчар-срэбралюбца
Уступіў свой кавалак зямлі без якіхсьці умоў,
Каб зрабіць там сталічныя могілкі для самагубцаў
(На тым мейсцы цяпер пяць някепскіх даходных дамоў).
Ад далейшай гісторыі пэўна і камень заплача:
Трыццаць першы дынар не знайшлі, хоць шукалі й яго, –
Нейкі мытар яго сярод гною і гразі убачыў
І схаваў ад усіх, неўпрыкмет наступіўшы нагой.
Той дынар быў шчасьлівай манэтай. І хцівец сьмярдзючы
З дапамогай яго аграбаў сабе золата, срэбра і медзь,
І разжыўся, і стаў неўміручы. Ну так, неўміручы,
Бо каб вешацца – трэба таксама сумленьне займець.
І шпурляў ён каменьні ў расьпятага Божага Сына,
Кідаў львам хрысьціян і дзяўчат-нэафітак хвастаў,
А затым, як і ўсе, стаў узорным хрысьціянінам
І даносам ды вогнішчам біўся за славу Хрыста.
Больш за Рымскага Папу шумеў на ўсяленскіх
                                                                                                      саборах,
А пасьля, ў сарацынскім палоне, бы ўмыўся багном,
Першы крыкнуў «Алах!» і наглядчыкам стаў
                                                                                                  на галёрах,
І былых аднаверцаў раменным сьцябаў бізуном.
З сотняй твараў, як ідал індыйскі, шматрукі, як Брама,
Быў пры тронах і плахах накшталт валачашчага пса.
Адчыняў перад ворагам роднага горада браму,
«Молат ведзьмаў» пісаў і на Бруна даносы пісаў.
Толькі здрадзе ня здрадзіў і тым,
                                                                        хто за здраду заплаціць,
І таму перад кожным мярзотнікам гнуўся дугой
І даносіў на бацьку, даносіў на сына, на маці,
На сяброў, што з-пад выбухаў вынесьлі мужна яго.
А паколькі мяньціў ён прыгожа, то ўсе, як бараны,
Паўтаралі за кімсьці: «Вось вернае праўдзе плячо!
О, які ён трывалы, які ён перакананы,
Як ваюе за думкі свае ён агнём і мячом!»
Ён нястомна разводзіў хлусьні беспардоннай турусы
І паклёп, як гадзюка, сычэў ля парога турмы,
І ніхто не сказаў яму слова старых беларусаў,
Што «прымаем мы здраду, а здрадніка вешаем мы».
Быў фіскалам. Усюды пралазіў і бокам і нізам,
Па гестапах служыў, па засьценках, ад стогнаў глухіх,
Па ахранках... А зараз ваюе за «наш гуманізм».
Не зьдзіўляйцеся, добрыя людзі, бо гэны з такіх.
Зь дзён пачатку мільёны Сапраўдных ён вырак на мукі.
І жыве. Ўсё жыве. Вось наведвае госьцем ваш дом...
Вось сядзіць... Вось ідзе...
Вось бярэ вашых дзетак на рукі...
Пнецца ў неба з трыбун... П’е гарэлку за вашым
                                                                                                          сталом.
Але выпадак дай – распаўзецца чумою па сьвеце,
Закладзе цалаваных сяброў і ўчарашніх багоў...
Дык чаму ж вы тады проста ў вочы яму не плюеце,
Не пінаеце гуртам у подлае рыла яго?!
До ўжо! Сэрца хлусьні ў яго вырвіце, людзі, з-за рэбраў.
Разам з джалам схавайце падлюгу ў сьвінцовай труне,
Адбярыце і зьнішчыце трыццаць першы пракляты
                                                                                                                  сярэбранік,
А іначай – няшчасьце Зямлі. А іначай – канец.
 
20.IV.1968. Брэст.
 
 
 
 
Крумкачы
Стаяў жахлівы позьні лістапад.
Навекі зьніклі лебедзі з каналаў,
А з сэрца зьнікла радасьць.
                                                          І вясна
З каханьнем і з птушынай прагнай песьняй
Была далей, чым маладосьць мая.
Чым горш, тым лепш.
                                                Таму я не пайшоў
На вуліцы, дзе маладосьць сьпявала,
А кінуўся да кручаных завулкаў
І заглыбіўся ў іх.
                                    Старая Рыга
Мяне ўзяла, як змучанага сына.
Я ведаў, што яна мяне суцешыць.
Калі ж ня зможа даць спакой жыцьця,
Дык дасьць спакой хоць небыцьцём стагодзьдзяў.
І я выходзіў зноў на тыя ж вулкі,
І зноў, і зноў. І мне здалося ўрэшце,
Як быццам той, што йдзе перада мною,
Я сам. Ссутулены. У чорнай шапцы.
Што бачу сам сябе я са сьпіны...
Засекі. Склады. Блокі на вяроўках.
Масьлісты брук. Куродым соцень год
На мёртвых дахах. Мордачкі анёлаў
З парочнаю усьмешкай на парталах, –
Ўся тая Рыга, што аж шэсьць стагодзьдзяў
Смактала сок з твайго народа, друг.
З народа, што уласнымі рукамі
Паклаў тут кожны камень. Для чужых...
Бляшаны пеўнік копціцца ў дыму
Над комінам.
                              Туман (ці, можа, хмары)
Абняў за пояс Домскую званіцу,
І толькі шпіль узносіцца над ім.
І раптам з Домскай вежы проста ў хмары
Ўзьняліся з хрыплым крыкам крумкачы,
Як чорныя крыжы вякоў мінулых;
Што год, то крыж. Яны лятуць угору,
Вышэй, вышэй.
                                  Над шпілем.
                                                              Над Даўгавай.
Над Рыгай, над Лaчплесісам, над краем,
Над бедным пеўнікам, што ад трывогі
На бронзавым прутку замітусіўся.
Зьнікаюць у тумане крумкачы...
Іду далей. І вуліцамі цягне
Такім халодным, горкім, страшным дымам,
Як быццам там, за рогам гэтай вулкі,
На плошчы, зноў сьвятошы паляць латаў.
І цень крыжа лягла на твар палонных,
На струшчаныя ў бітве іх мячы.
О Рыга! Што гэта са мной?
                                                              Я мару?
Нішто.
              Хіба у сонечнага пеўня
Няма мільёнаў дужых абаронцаў?
Хіба яны трымаць ня могуць зброю?
Хіба ня тут мой друг?
                                                Туманны горад,
Ты вылечыў мяне пасьля хваробы:
Ты скінуў мне цяжар вякоў на плечы,
Цяжар забітых, страчаных, палонных,
Цяжар паўстаньняў, і распраў, і сьлёз –
Пакуль ва ўсёабдымным болю гэтым
Не патануў мой непрыкметны боль
І я ня выпрастаўся.
Крумкаччо!
Я вас пакіну ў вашых чорных хмарах.
Вам хмары, нам – зямля. Яе – ня рушце.
Кажу апошняе сьвятое слова:
Мой меч зь мячамі балтаў, з Рыгай, з другам,
З усёй латыскай добраю зямлёй.
Мой друг, мой брат,
Ад гэтых вузкіх вуліц,
Што мне далі спакой, і гнеў, і сілу,
Іду да новых вуліц. Да цябе.
Прыпомні мейсца, дзе ў тузе і шчасьці
Узьнікла наша вернае сяброўства.
Былі там песьні, і віно, і сьмех.
І там была яна. Ты памятаеш?
Яе згубіўшы, я цябе прыдбаў,
Тваё сяброўства і тваю Радзіму.
Так, шчасьце мне, відаць, не задалося.
Але пакуль лунаюць крумкачы
Над вулкамі заблытанымі Рыгі,
Пакуль са мною плачуць вочы друга
Над цяжкай стратай – ёсьць яшчэ жыцьцё.
 
Сьнежань 1960. Рыга – Масква.
 
 
 
 
Пры сьмерці
Ложак – краіна мая,
Калыска, труна і дом...
Як далёкі сьцюдзёны маяк,
Сонца мёртвае за акном.
 
І няма да яго выйсьця.
Промні – нажы, прасьціны – глыжы.
Мне – чатыры... І роўна палову жыцьця –
На грані жыцьцё дрыжыць.
 
Я памёр бы, знаёмы з апошняй тугой
Раней, чым зь песьняй бароў...
Замест сьлёз з вачэй і замест усяго
Па кроплі точыцца кроў.
 
Не заслоніць мяне ад тых, што прыйшлі,
Маіх салдацікаў раць,
На хвалістых прасьцінах мае караблі
У кільватэр бясьсіла стаяць.

З гор каленяў маіх упадуць яны
За ложак, за край зямлі...
Іншыя, чорныя караблі
Чорныя ветразі ўгору ўзьнялі,
Па мяне прыйшлі, прыплылі...
 
Не будзе з джунгляў гарачы Ганг
Несьці ў мора хваль шумаўё,
Не будзе кідацца акіян
На фарштэвень шхуны маёй.
 
Ніколі азёраў сьмелая сінь
Не папросіцца мне ў радкі,
Ніколі не будзе мне Беларусі,
Невядомай, адзінай Беларусі,
Бароў і Дняпра-ракі.
 
Ложак – мая краіна
Разам са мною памрэ...
Ніколі, ніколі не будзе дэльфінаў
У сініх абшарах марэй...
 
Нібы зь нежылога дому,
Што стыне сярод магіл,
Нейкія незнаёмыя
Ідуць паўз мяне ў сьнягі.
 
Ідуць з пакінутай сонцам зямлі,
Ад ільдоў – на другія палі,
Ідуць на белыя караблі,
Што барвяныя ветразі ў небе ўзьнялі,
Па іх прыйшлі, прыплылі.
 
З Грэнляндыі, стынучай сярод сьнягоў.
Паплывуць да ф'ёрдаў сваіх,
Да новых творцаў, да новых багоў,
Што некалі вылепяць іх.
 
Кастусь ідзе і нясе на плячы
Пяшчоту сваю і боль,
Ракута бязгучна звоніць у шчыт,
Бязгучна сьмяецца цыганскі кароль.

Нямыя, ідуць яны ў нейкі край,
У чырвоны марозны дым,
І схіляюць галовы ў апошнім "бывай",
І зьнікаюць адзін за адным...
 
Дубее, дранцьвее без гукаў дом.
Ў хаце прысьмерак, сіні туман...
І сьцюдзёны, барвяны пажар за вакном,
А за ім – нічога няма.
 
1969
 
 
 
 
Баляда аб асуджаных і аб чалавечым «даруй»
Можа, у Даласе, можа, ў Бейруце,
Мо на Марсе, а мо на Зямлі
Праз паклёп, і прэнг, і пакуты
Чалавека ў сьмерць прывялі.
Чэрап свой заціснуўшы ў рукі,
Ён спасьцігнуць ня мог галавой
Ўсю нязьмернасьць жыцьця і мукі,
Ўсю нязьмернасьць сьмерці сваёй.
Ён ня мог зразумець адзінага,
Ён ня выцісьнуў, як ні тужыў,
Разуменьня апошняй хвіліны,
Разуменьня апошняй мяжы.
Сам-насам, бяз думкі аб цудзе
Разлучаўся з сабою ў вяках,
З добрым шчасьцем, якога ня будзе,
Злом, што будзе дарэмна чакаць,
Зь незламаным бэзам і горам,
Зь лепшай думкай, падобнай на стрэл,
З тымі дзецьмі, якіх ня створыць,
І зь людзьмі, якіх не сустрэў.
Зь ненапісанымі радкамі,
З таямніцай роднай зямлі,
З прагай неба і, ўрэшце, з рукамі,
Сьветлым дзівам, што ўсё маглі:
На арэлях дзяўчыну гушкаць,
Біць рыдлёўкай засохлы глей,
Кельму ўзяць або выпусьціць птушку,
Чару ўзьняць або даць на хлеб.
І раптоўна павязка ўпала,
Вочы ўгледзелі зноў зару.
І раптоўна яму сказалі:
«Мы дарэмна цябе катавалі.
Калі можаш – забудзь і даруй.
Дай сваё дараваньне небу,
Што заўсёды бачыў з вакна,
І айчыннаму жорсткаму хлебу,
І Радзіме нашай,
І нам.
Кінь муры і забудзь аб "гуме",
Ўсім прабач і ў жыцьцё ідзі,
І застанься зь зямлёю і думай,
З гэтым сонцам
Адзін на адзін».
 
І ад слоў, як вясёлкай сьветлай,
Сьвет размыла і павяло.
О найлепшае сонца ў сусьвеце:
Сьмех вачэй, што бачаць сьвятло!
«Усім дарую. Усім дару я
Дараваньня лёгкай рукой,
Ўсім праменьням, што ў кратах шаруюць
І ў палацы плывуць ракой.
Нават каменю. Нават лёсу,
Аб якім калоцімся мы,
Нават тым няшчасным калосьсям,
Што ўзрасьцілі хлеб для турмы.
Нават дурню злоснаму, Богу,
Што на зьдзек нас стварыў. І аднак...»
(Можа, ён не сказаў такога,
Але думаў напэўна так.)
...Рак пракляты, што лапамі злымі
Разрастаецца ў плоці жывой,
Калі вы сябе зьвеце – Радзіма, –
Не дарую Радзіме такой.
Не дарую ад веку... да веку...
Буду жыць ці ня буду жыць.
Чым настрашыце вы чалавека,
Што вярнуўся з апошняй мяжы?
Самай жорсткай павязкай грубай
Не пагасіць ніколі зло
У вачох маіх гонар і любасьць
І прыўкраснае сонца сьвятло.
 
1969
 
 
 
 
Баляда пра дзіка і чалавека
Анатолю Забалоцкаму
Ў ноч, як хвоі прастылыя выюць
І зьлятае шэрань зь бяроз,
Дзік разрыў бурты бульбяныя
І ў курдобу пусьціў мароз...
Чалавечыя гучныя крокі
І сабачы бязгучны крок
Аддаляліся ноччу глыбокай
Ад агнёў на сутычку і кроў.
Проста з чыстага неба памалу
Церушыўся на вёску сьнег,
А ля весьніц Зоська стаяла
І чамусьці кпіла зь мяне:
«Бач ты, вецер у портках сьвішча...
А сабака... Такога ж нідзе...
Сышчык! Сам сабе хлеба ішча!
Падапры яго, бо ўпадзе...»
Я змаўчаў... Нашто мне такая?..
Ўся як месяц у зімнім гаю,
Як ільдзістага хлеба акраец,
Што памёрлым у пекле даюць.
Калі мы гэты край пакінем,
Засумуе адзін толькі бор...
О зямля мая, о краіна,
О сьнягі ў зіхаценьні зор!..
Чуйна слухай, рыжая Курта,
Пільна ў мёртвыя нэтры глядзі.
Дзік, зьявіўся да сьнежнага бурта,
Мей адвагу адказваць, дзік.
Ён зьявіўся. Яго нарадзілі
Змрок начны і сьняжынак плач.
Ён ішоў праз гурбы застылыя,
Адзінец, самотны сякач.
Узараная тушай гэтай
Баразна сьнегавая плыла...
Я ударыў па ім дуплетам
І падраніў, а не паклаў.
Зь лютай ярасьцю чорнага тромба,
Што ламае дрэвы ў бары,
Ён ляцеў на мяне, як бомба,
Вывяргаючы кроў і рык.
Бомба з шэраню, бомба са шчэці,
Зь мяса, рыку, з болю ўканец,
Бомба зь ярасьці, бомба са сьмерці
Для каханьня, для зор, для мяне...
Курта ўпялася сьмерці ў сьцёгны,
Каб яе ад мяне адцягнуць
Даць імгненьне для стрэлу і стогну,
Даць грымотам хвіліну адну.
І дала...
Нерухомым пластам
Ён ляжаў, пачварны красун, –
Буры, шчэцісьты, грузлы, ікласты,
Як апошні забіты лясун.
Бы зімовы россып каліны,
Кроў апырскала сьнежны разор...
О якая чужая краіна!
О сьнягі ў зіхаценьні зор!
Для чагосьці прыйшоў, скрывавіў,
Нарадзіў барвяны туман
І зямлю ад цябе пазбавіў.
А на ёй і каханьня няма.
Мы дзялілі і шчасьце і гора,
І лясы і сьпевы травы.
Што ж цяпер ты мне, дзік, падорыш?
Мне, забітаму, ты, жывы?..
Палазы рыпелі да вёскі,
І ў кароткай птушынай журбе
Гіль абтрос алмазы зь бярозкі –
Як апошні прывет – на цябе.
І ўзвалілі цябе ля парога
На вароты, нібы на шчыт,
І дымелі ў паветры ногі,
Як на скон чатыры сьвячы.
Шчэць смылела павольным палам,
Абсыпаўся попел сухі:
Так і нас мо ў пекле абсмаляць
За вялікія нашы грахі.
Ён ляжаў аддана і проста.
Разувалі яго талакой
З рагавых пантофлікаў
                                                  вострых,
Бы ў аршанскай краме якой.
Потым госьці елі старанна.
Я ж сядзеў і ня еў, як сьвяты:
Дзік ня вінен... Проста бураны...
А па бульбе мы зь ім – браты,
Па самоце несамавітай,
Па трывожных думах у сьне.
Я маўчаў.
                      Госьці, п’яныя, сытыя,
Гаманілі, хвалілі мяне.
Стала ў хаце і дыму, і тлуму,
Засьпявалі ўсёй грамадой,
І кудысь адляцелі думы,
Што віселі ўвесь дзень нада мной.
А ўначы, калі неба хмурае
Ўсімі дрэвамі сьнег мяце,
Выйшаў я, гэтым тлумам задураны,
І ля форткі убачыў цень.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Калацілася, што бярозка,
Як кране яе сьнегам сівым...
«Зоська, што ты? Чаго ты, Зоська?
Я ж з табой!.. Я жывы...»
 
11.I.1963.
 
 
 
 
Слова беларускай бярозы
Міхасю Рудкоўскаму
Столькі год я гляджу на палеткі і весі
Ў іх сьцюдзёнай і чыстай асеньняй расе,
Закалела, ўзмакрэла на золкім узьлесьсі,
Як старая жанчына, што пасьвіць гусей.
 
Валасы мае чэша вятрыска і трусіць,
А ў халодных травах туды і сюды
Валуны на пашы, як белыя гусі,
Што гані не гані, а ня йдуць да вады.
 
Ад вясёлай Друці да нэтраў Падляшша,
Ад палескіх імхоў да асьвейскіх крыніц –
Валуновая паша, гранітная паша,
Камяні, камяні, камяні, камяні.
 
І хоць мох на каменьнях сівее ад гора,
А ў галіны мае б’юць шалёна грамы, –
Ўсё ж нам добра глядзець на лугі і разоры,
На зямлю, для якой паслужылі і мы.
 
Бо тады, калі праўду хацелі павесіць,
А над хатамі курчыўся зьмей агнявы,
Мы хавалі людзей на падбегах да лесу –
Я і гусі мае сярод стылай травы.
 
Людзі краю майго, мы зрадніліся з вамі,
Куля ў кожнага з вас наша сэрца праб’е,
Бо з адзіным вы сэрцам, адвечным, як камень,
І пяшчотным, як добрыя косы мае.
 
1966
 
 
 
 
СТАРЫЯ СУВОІ
І сьніў Адам...
Н. Н.
Ў той дзень зямля сьвятло і празарэньне
Дала яму. Ён спаў між райскіх дрэў,
Ня зьведаўшы яшчэ грэхападзеньня, –
Як кветка, як алень, як зоркі сьпеў.
Травою пахнулі яго далоні,
Бег цень ад Дрэва Дабрыні і Зла.
А побач верылі дрымотна коні
У вечны сьвет бяз бойняў і сядла.
І сьніў Адам:
Камета ўстала ў небе
Барвяным страшным зракам – і тады
Крывёю пачала сачыцца глеба
І згінулі эдэмскія сады.
І пакаціўся ён, бяздольны, голы,
Як пералёт, адсохлы на карню,
Насустрач болю і насустрач волі,
Насустрач злу і сернаму агню.
І сьніў Адам:
Зямля ў глыбінным лоне
Няволю нараджае для жывых.
Дрымотныя, даверлівыя коні
Ў бяздоннай захлынаюцца крыві.
І сьніў Адам:
да сьветлых зор сусьвету
Імчыць, як лямант, шматвяковы жах, –
Кроў Іліяды, попел Плошчы кветак,
Рагнеды плач і Хірасімы прах,
І дыбіцца шалёны сьвет гарою
Над цалаванай брызам і вадой,
Карункавай ад сонца і прыбою,
Блакітнаю каралавай градой.
...Туды... Сюды...
...Туды... Сюды...
Над прыскам,
Над цішынёй, дрыжачай, бы струна,
Бязгучная гайдаецца калыска,
Як паміж небам і зямлёй труна.
...І плакаў ён,
Хаця ў праменьнях сініх
Эдэмская купалася зямля,
Бо лепш у самым чэраве загінуць,
Чым падарыць нашчадкам гэткі шлях.
Нашто жыве і ў дыме гіне вулей?!
Нашто стагодзьдзі беспрасьветных мук?!
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
І Ева падышла і працягнула
Далоні сонных і пяшчотных рук.
І ён з трывогай, з радасьцю няпэўнай
І з мужнасьцю суровай, як праклён,
Прынік да іх у страсьці горкай, гнеўнай,
Бо ён любіў...
Бо добра помніў сон.
 
9.VIII.1962. Рагачоў.
 
 
 
 
Апошняя песьня Дантэ
Арлену Кашкурэвічу
У пошуках за любай і адзінай,
Спазнаўшы круг апошні, мы прыйшлі
Туды, дзе льдзіны адлівалі сінім,
У нэтры той нязьведанай зямлі,
Дзе нават пекла ўлада асяклася,
Дзе павуціньня д’яблы не плялі
На душы самых горшых, тых, што гасяць
У чалавеках праўду і любоў,
На душы, дзе кублом гадзюк сплялася
 
Атрута вераломства. Злосьць зьвяроў
Узнагарылася бы поруч зь ёю...
І там пабачыў я бяздонны роў.
 
Бязьмежнаю варонкаю густою
Зрываўся ён ля самых нашых ног
У нэтры зла. І гэтаю сьцязёю
 
Сам Божы Сын – і той прайсьці б ня змог.
Схіл абрываўся: стромы і сьмярдзючы,
Схіл зла і сьлёз, адчаю і трывог,
 
Пакут і безнадзейнасьці пякучай.
І нехта там варочаўся на дне,
Дарэмна поўз на ледзяныя кручы
 
І ўніз зрываўся, грузны, як сьвінец.
Ў бясьсільнай злосьці, ў ярасьці пакутах
Ён ланцугамі пачынаў зьвінець,
 
Стагнаў і выў разьюшана і люта,
І роў, як львы і гарпіі – адзін, –
Як быццам дэман там крычаў прыкуты
 
Пра ганьбу і пакуты ўсіх краін...
І я пабачыў, што вакол бязодні
Стаяў натоўп занураных мужчын.
 
Я многіх там пабачыў, блізкіх, родных.
Там быў мой брат з крывёю на губах,
Мой друг, апечаны агнём паходні.
 
Расьпятыя на болю і дратах,
Яны вакол стаялі і чакалі,
Маўклівыя, з гадзюкамі ў руках.
 
Раз-пораз праз натоўп віхуры гналі
Двухногіх нейкіх, тоўстых і худых,
Якія скавыталі і стагналі
 
Аб літасьці на розныя лады,
А ураган, імпэтны і імклівы,
Іх кідаў на адхон, на край, на льды.
 
І вось тады натоўп людзей маўклівы,
Над прорваю схіліўшыся ніжэй,
На гэтых, што спаўзалі па абрыву,
 
Стаў кідаць срэбных і цякучых зьмей.
І зьмеі іх кусалі ў вочы, ў карак,
У кіпці, што чапляліся за глей.
 
Яны зрываліся. І там пачвара,
Ўздымаючыся змрочнай галавой,
Задыхала атрутнай, мерзлай парай
 
І забурчэла з радасьцю нямой.
І спадарожнік мне сказаў з трывогай:
«Горш сатаны царыца прорвы той.
 
Яе адроддзе пазабыла Бога
І, д’яблаў горш, пануе на зямлі,
У вёсках, гарадах і на дарогах.
 
О справядлівасьць, душы іх спалі!
Разьвей іх попел! Пракляні іх семя!
Да сотага калена спапялі!
 
Дай сілу іх ахвярам стаць у стрэмя
І зрынуць іх сюды, на дно, на дно,
На схілы прорвы, вострыя, як крэмень!
 
Каб дзерла твары ім, як баразной,
Каб паспыталі многіх простых мукі,
І каб пачвара зжэрла гэты гной,
 
Як зьмеянят сваіх жарэ гадзюка...
Хай згубіцца ў бяздоньні іхні крык, –
І зацьвітуць зямлі пакутнай лукі,
 
І заплыве правал, як сьвет стары,
Бо здохне з голаду дракон-пачвара,
Бо злосьць яго бяз паліва згарыць».
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Ён скончыў. І прадбачаньнем кашмара
Я ў яме зьведаў ворага майго...
Ты, вечная любоў мая і мара,
 
Загінула ад подыху яго,
Пакінуўшы мяне ў бязгучным крыку,
Пакінуўшы мяне з маёй тугой.
 
«Настаўнік, – я спытаў (нясьцерпна-дзікай
Была здагадка. Я хацеў стагнаць), –
Хто там крычыць у ярасьці вялікай?»
 
І ён сказаў: «Ня бачыш ты?
Вайна!»
 
3.I.1961. Ворша.
 
 
 
 
Чашы сьлёз
Божа, мы гінем, галодныя, зьбітыя, 
Гінем, як быдла, бяз слова, бяз мар, 
Жыта чырвонае, чорнае жыта 
Коле нам вочы і лезе у твар. 
Ў небе ўздымаюцца скірдаў горы, 
Пот залівае нам вочы і лоб, 
Сілы няма, каб зьвязаць наша гора 
Так, як зьвязалі мы тысячны сноп. 
Рыга барона ў пашчу пустую 
Цягне бясконца снапоў іржу. 
Божа, дашлі нам цемру начную, 
Божа, дашлі нам хоць кроплю дажджу. 
О сонейка, зайдзі, 
Сьпякоту адгані, 
Ня выпрастаць рукі, 
Не разагнуць сьпіны. 
Праменьні паляць нас 
І поле, бы ў агні. 
Жні, жні, жні, 
Да самай сьмерці жні. 
Піць! Хоць глыточак! Смагаю скутыя, 
Мы засыхаем, як семя ў зямлі. 
Мала ім нашай бязьмернай пакуты, –
Студні ў нас яны аднялі, 
З нашых каменьняў, на гора наша, 
Каб над вадою асьвер не крычаў, 
Высеклі нам каменныя чашы: 
– Піце адсюль. Не марнуйце час. 
Гразь каля чашы заўжды адбівае 
Нашых каленяў і рук сьляды. 
Людзі ваду да сябе ўздымаюць, 
Быдла – схіляецца да вады. 
З твараў пакутных, змарнелых, як цені. 
Тыдзень за тыднем, за годам год, 
Поўнячы з коптурам чашы каменныя, 
Падаюць сьлёзы і падае пот.
Глытаючы сьлязу, 
Ідзём, бы ў страшным сьне. 
Нас цівуна бізун 
Ляскае па сьпіне. 
Праменьні паляць нас 
І поле, бы ў агні. 
Жні, жні, жні. 
Да самай сьмерці жні. 
Ў неба ўзьвядзём мы гнеўныя вочы, 
Страціўшы веру ў ласку нябёс, 
Цёмнаю ноччу, зарнічнаю ноччу 
Косы наточым аб чашы сьлёз. 
Вострыя, хай яны лепей удараць 
Сотнямі джал на нашу бяду... 
Можа, равучыя замкаў пажары 
Лепей, чым сьлёзы, да Бога ідуць. 
Каб аджыла наша ніва сьвятая, 
Каб у каменныя чашы сьлёз 
Бралася толькі вада дажджавая, 
Падалі толькі лісткі зь бяроз.
 
11.XII.1960. Рыга – Масква.
 
 
 
 
Чорная баляда Гаркушы
Распускалася сонца – ружовы цьвет,
Зіхацелі лугі над ім.
Як павіны хвост, разгортваўся сьвет
Пад уражаным зрокам людскім.
Наплывалі чароды ліловых хмар,
Залатыя зьлівы лілі,
І вясёлкі сямікаляровы пажар
Піў ваду зь ізумруднай зямлі.
Серабрысты, густы вадзяны пасеў
Шумеў па цяжкіх садах,
Быў зялёны па-рознаму мох на страсе
І бляшаны замкавы дах.
І сівела, зьвінела ад кропель рака...
І ў гарачым сьвятле плылі
Сінія песенькі жаўрука
Над карычневай песьняй ральлі.
Чырванеў, бялеў і ліўся кірмаш,
Цьвіў і пахнуў, як бэз і язьмін.
Сапяжанак сангіна, цыганак гуаш
І ракаў нясьцерпны кармін.
Цьмянай меддзю дыхалі ў дзежках ліны,
І гарэлі ў руках людскіх
Паліваныя, як аліўкі, збаны
З палкім сонцам, што білася ў іх.
Над кадоўбцамі з сонечным мёдам дрыжаў
Ап’янелы пярэсты чмель,
Андаракаў хванды былі, як жар,
Як валошкі, як сонца, як хмель...
Вуснаў каханых вішнёвы агонь,
Белы хмель у тоўстай касе...
Шлях дамоў... Далёка аранжавы звон...
Маладзік, што драбіцца ў расе...
Адышло ты, каханьне, ў сівыя палі,
Прывід шчасьця зіхоткага зьнік,
І пагаснулі, выцьвілі фарбы зямлі,
Як стары сялянскі ручнік.
Бледны голад устаў і крыўда ўзрасла
Разьлівам крывавых крушын.
Дзе вы, цёмныя кучары вішань сяла,
Дзе ты, сонца маёй душы?!
Сьвечкі воск. Агеньчык над ім, як лязо.
Жоўты воск каханай рукі.
Дымна-шызыя, плыткія рызы ксяндзоў,
Малінавыя бадзякі.
«На каго ж ты?!» Марозна-зялёны палын,
Горкі верас ліловых палян.
Мірыяды помстаў. Нястрымная плынь.
Барвяны гнеўны вулкан.
Быццам белая лава, што з Этны цячэ,
Бруіла лава палкоў,
І ўцякала цемра ад сініх мячэй,
Ад блакітнага грому падкоў.
Потым барву зарніц глытала імгла,
І пад покрывам буры сухой
Беларусь, як макава поле, цьвіла.
Кожны мак – пажар пад страхой...
Сіні сьпеў жаўрука... Аранжавы звон...
Мёд... Валошкі... Зіхоткі шлях...
Андаракаў хванды... Вясёлак агонь...
Сонца б’ецца ў зялёных збанах...
Згасае, згасае вясёлкавы плёс.
Памяць! Памяць! Малю! Малю!!!
Аднаві мне фарбы палёў і нябёс,
Аднаві мне маю зямлю.
Ад мяжы, над якой месяц дрыжыць,
Да мяжы ў заходняй крыві,
Ад сіняй мяжы да барвянай мяжы
Аднаві мой край! Аднаві!!!
Як махровая сажа ў хаце курной,
Чарнела вакол імгла.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Чалавек у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Трэці год у цэлі сядзеў пад зямлёй,
Пажыцьцёва ў цэлі сядзеў пад зямлёй...
Пажыцьцёва.
Бязь іскры сьвятла.
 
7.VІІ.1963. Менск.
 
 
 
 
Самсон
Мой край ваўкі зубамі шкамуталі.
З вачэй, закінутых журботна, сьлёзы,
Зьмяшаўшыся з крывёй, на дол плылі.
Я простым быў.
Я ўсё жыцьцё хацеў
Алівы ўзрошчваць, абвадняць пустэчы,
На сьвяты ў недалёкім гарадку,
Пот змыўшы зь цела, танцаваць зь дзяўчынай...
І ўсё забыў, бо ў мой пясчаны край
Прыйшоў філісьцімлянін.
Я ня мог...
Забыў дзяўчат, саху, спакой і волю.
Адное засталося – сіла зброі.
Адное засталося – песьні гневу.
І я узьняў свой сьцяг. І легіёны
Пайшлі за мной.
                                    У гневе ярай бітвы
Я перамог амаль.
                                      І толькі сэрца
Ўсё тым жа засталося, чалавечым,
І сумавала па садох і хаце,
Па простых радасьцях і па каханай,
Па ўсім, перагарэлым у сутычках, –
Што я забыў.
                              Адпомсьціла яно.
Зьвяло мяне з падступнай і пяшчотнай...
Прыгожая – яна была каханай.
Далёкая – яна была жанчынай
З вачыма Божай Маці на іконах.
І з ротам сучкі прагнай. Цэлы век
Мяне трымала ў радасным палоне,
І добрым называла, і прыгожым,
І пальцамі, слабымі, як пялёсткі,
Адняўшы сілу, выдала чужым...
Стаю, хістаючыся, над сталамі,
Прыкуты ёю да калон варожых,
І чую музыку, і гром кімвалаў,
І сьлёзы блізкіх, што рабамі сталі...
Няма, няма заступніка у іх!
Але найгорш, найгорш мне кроіць сэрца,
Што чую голас дарагой і любай
І пацалункі – ката і яе.
І трызьняць вочы цёмныя, сьляпыя,
Успамінаючы парог бацькоўскі
І маці, што прадзе штовечар воўну
На камені яго...
                                  О гэты сьмех
Прыгожай сукі у раскошнай зале!..
Што можаш ты паставіць супраць Маці!
Усе твае надуманыя словы –
Хлусьня, як ты сама.
                                              А маці ёсьць.
І сонца ёсьць. І ёсьць мая Радзіма.
Я сын яе. І я ў крыві ўстаю.
Хістаюся. Ўстаю і ажываю.
Я буду жыць. Я зьнішчу вашы вежы,
І род твой на зямлі забудуць людзі.
Ты памылілася і гэтай здрадай
Такога ворага
                              братам прыдбала,
Якога ў іх ніколі не было.
Хістаюцца калоны!
                                          Дах трасецца!
Няхай загіну, але разам з вамі,
Таму, што я сьляпы, таму, што цёмны,
Прададзены багамі і табой.
 
1969
 
 
 
 
Баляда аб нашэсьцях
Між Дняпром і крыкам жураўліным,
Наўздалёк ад дымнага сяла
Ў прадзедам пакінутай хаціне
З козьлікам Алёначка жыла.
Травы залацістыя дымелі,
Ноччу поўз вугор гарох крануць;
Як страла ў кальчугу, стронг на мелях
Упіваўся ў рабізну.
І аднойчы, як страла ў кальчугу,
Раць аднекуль з-за лясоў прыйшла,
Каб усё забраць: людзей за плугам,
Хлеб і дым ад дымнага сяла.
Чорныя, рагатыя, як здані,
Ў золаце й каменьнях, бы ў агні.
Сэрцы іх забылі аб каханьні,
Рукі – аб звычайнай дабрыні.
Іх багі удзячнасьці чакалі,
І Алёнку – ў дар вадзяніку –
Вывелі з хаціны і зьвязалі,
І на дзідах кінулі ў раку.
Сонца ўніз схілялася сурова.
А калі далей пайшлі палкі –
Белы козьлік выбраўся са сховаў
І – чуйдух! – пацокаў да ракі.
І замэкаў, застагнаў, заплакаў,
Высунуўшы шэры язычок:
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
«Пашкадуй, Алёначка, сястрыца,
Выйдзі да мяне на беражок».
 
1969
 
 
 
 
Скарына пакідае Радзіму
Вячаславу Рагойшу
Ў сялянскіх крывулях-хатах
Зноў сушылі кару.
Знову конік пузаты
Месіць нагамі бруд.
У доктарскай шапцы дзіўнай –
Адзінай на гэтай зямлі –
Коньнік мокне пад ліўнем,
Што зноў як зь сіта паліў.
Выгнаньне. Выгнаньне. Выгнаньне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысьціяне
Кнігі пра Бога свайго.
З адчаем упартым, пахмурым
Людзі ў жорсткіх баях
За цемру сваю і дурасьць
Зьнішчаюць друзі свая,
Зрабілі зь Сіная малпоўню,
Й ня хочуць бачыць яны,
Што справу іхнюю кроўную
Хаўтурна адплачуць званы.
Яны не даждуць, што Скарына
Зямлю сваю пракляне:
Страціў ня я Афіны,
Хутчэй Афіны – мяне.
І горш за пакуты крывавыя,
Што будуць думаць рабы,
Нібыта ў шчасьці і славе
Я разам з моцнымі быў.
 
30.III.1959.
 
 
 
 
КАЛІ ПАМІРАЕ КАХАНЬНЕ...
*  *  *
О каханьне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за сьветлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
 
Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною – балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп'і гарыць.
 
На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.
 
Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаваньне кветак жывое
Застанецца на мейсцы дрыгвы.
 
28.ІV.1961.
 
 
 
 
*  *  *
Я іду лугавою дарогай,
Пакручастай і цёмнай, як лёс.
Над ракой азярод шматногі
Барадою сена зарос.
Галавою прынікшы да сена,
Ў ноч гляджу на рачное шкло...
Глуха так, так цяжка і дрэнна
Мне ніколі яшчэ не было.
Ўсё было: пацалункі сьвітаньнем,
Над ракою туман залаты,
Бедны прывід майго каханьня,
Што здушыла разважліва ты.
Сэрцам ведаю: так ня трэба.
І ніколі халодны разьлік
Не заменіць дарогі пад небам,
На якім ледзяны маладзік.
Нельга жыць зь незгасальным болем,
І ўсё роўна да схілу год
Памажы мне – ніколі, ніколі
Не забыць пра яе, азярод!
 
Травень 1961 г.
 
 
 
 
Чырвоны шар
Калматае сонца зямлю пячэ.
Ў душы ні надзей, ні мар.
Да шчакі маёй, да маіх вачэй
Чырвоны лашчыцца шар.
Ніткай прывязаны за кяліх,
Ён палае чырвоным агнём,
Ляціць ад маіх валасоў да тваіх
Над рэстаранным сталом,
Быццам хоча суцешыць, зьвязаць, прымірыць,
Мяне з гаспадыняй сваёй,
Што зараз насупраць мяне сядзіць
І ўсё ж не са мной. Не са мной.
Адбівае чырвонага шара палёт
Дрэвы, кветкі, паўлінаў з вальер,
Адбівае непрымірымы рот,
Сумныя вочы твае.
Давай, давай адпусьцім яго,
Іначай сэрца кране
І раптам памірыць. І раптам ты
Зноў пакахаеш мяне.
Слова праўды маёй, што прынесла канец,
Я хацеў бы забіць, забыць,
Бо жанчыны панствуюць і ў мане,
А мужчыны і ў праўдзе – рабы.
Немагчыма.
                          Ляці. Сустракай свой лёс
Далей ад зямных берагоў:
Сумны ў халодным зьзяньні нябёс,
Як сьмерць каханьня майго.
 
19.VII.1961. Ноч. 1 гадзіна.
 
 
 
 
Фантазія
Знову блукаю па вуліцах сініх.
Сэрца кудысьці мяне завяло.
Шыльда над вокнамі: «Клуб адрынутых».
З вокнаў на сьнег – скупое сьвятло.
Ноччу ў таемныя гэтыя сховы
З блытанай сеці завулкаў глухіх
Часта прыходзіць Людвіг Бэтховэн,
Здраджаны дбаньнем кабет зямных.
Лермантаў тут. І таго не кахалі,
Хто ж тады варты гэтага больш?
Вось ён сядзіць ля каміна ў зале
І ўспамінае свой першы боль.
Гэній, каханьне, сэрца свабоднае,
Вершы алмазныя з-пад пяра –
Ўсё прамяняла яна на злодзея,
Слаўнага тым, што каштоўнасьці краў.
І не рука, што «Мцыры» стварыла,
А пяцярня, што рубіны ўзяла,
Песьціла рукі адзінай і мілай,
Доўгія косы яе распляла...
Грукаюць дзьверы, і госьці новыя
Йдуць у пакой праз халодны туман:
Дантэ, Петрарка, Катул, Багдановіч...
Столькі гасьцей, што й ліку няма.
Проста да зорак халодных упарта
З комінаў выбіваецца дым,
Сумныя цені Джульеты Гвічардзі,
Лоты і Лесьбіі рэюць над ім.
Іскры лятуць і лятуць да сьвітаньня
Ў цемру і сьнег, як жывыя чмялі.
Тыя, што варты стакрот каханьня, –
Тыя ня маюць яго на зямлі.
Потым, як пойдуць ў зямлю сырую,
Сотні прыгожых дзяўчат і дам
Статуям іхнім рукі цалуюць,
Быццам лягчэй ад таго касьцям.
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
Ўкруг месяца туманнае гало.
Мароз ступае адубелым садам.
Самотным дрэвам сьняцца май і радасьць,
А мне – маё забытае сьвятло.
Ты чуеш? Ноччу кожнаю яшчэ,
Самотай зрынута нечалавечай,
Цалую я твой горды лоб і плечы
І сьветаў сотні ў бездані вачэй.
Цалую рукі – люльку добрых сноў
І да грудзей-сумётаў прыпадаю,
І гіну ў полымі. І паміраю,
Бо згаснула ў сьнягох даўно яно.
Што мне да тысячы начных сьвяціл?
Ў дарэмным мараньні аб згаслым сонцы
Начным ваўком гляджу ў тваё ваконца, –
Яно – за трыста міль.
Яно – ў былым жыцьці.
 
5.II.1966. Рагачоў.
 
 
 
 
Нямыя дрэвы
Над лютаўскім горадам такое грувасткае неба,
Што яно насядае на дым і гне яго да зямлі.
На лютаўскіх вуліцах такія пахмурныя твары,
Пахмурныя, як хмары, як ноч у паліцыі,
Што ня хочацца лезьці ў аўтобус,
                                                                          а хочацца ўзяць таксі.
На лютаўскіх бульварах такія нямыя дрэвы,
Што вароны і тыя неахвотна сядаюць на іх,
Не жадаючы пустую сваю сварлівасьць
Цяжка саджаць на сусьветную дрэў тугу.
Ах, нямыя дрэвы, нямыя, як мёртвыя рыбы,
Нямыя, як паэты ў ліхалецьце, ў гады мярзоты,
Нямыя, як я, што бязмэтна іду пад імі,
Бо Яна забарону паклала на словы каханьня.
Аб чым мне яшчэ? Я нямею, нямею, нямею,
Але ўсё ж безнадзейныя крокі, адбіваючыся
                                                                                                  ў завулках,
Безнадзейна і нема лямантуюць супраць немага неба,
Супраць твараў пахмурых,
                                                            супраць гэтых дрэваў маўклівых,
Маўклівых і голых, як даўні шкілет дыназаўра.
Кожны крок – гэта крык аб высокім і сонечным небе,
Што блішчыць, як Элады блакіт між калон Парфэнона,
Аб усьмешках, дзіцячых і шчырых,
                                                                            бліскучых, як лёд агнявы,
Аб дубах, што сьпяваюць зялёную, звонкую песьню.
Аб дазволеных сьпевах, што ў неба ўзьвіваюцца гімнам,
Каб, мінуўшы сусьвет, ціха ўпасьці каханай да ног.
 
1969
 
 
 
 
Калі паміраюць...
Калі паміраюць дрэвы – яны павольна падаюць
                                                                                                        на зямлю,
Больш павольна, чым пушок адуванчыка, –
                                                                                              і застаюцца ляжаць.
Калі паміраюць жывёлы – яны засынаюць у ветрабоі
Або чарнеюць на ральлі уздзьмутым жыватом,
А над імі драпежна цягнуцца павольныя аблокі.
Калі паміраюць гарады –
                                                        па анфіладах крочаць рыжыя львы
І сьлізгоча струменьчыкам ртуці зьмяя па карцінах,
                                                                                                                што ўпалі ў музэі.
Калі паміраюць планэты – застаюцца сьвінцовыя воды
І сьвісьцячая песьня пяскоў у расколінах скал.
Калі памірае каханьне... Але каханьне не памірае.
Яно вечна застаецца ў грудзях лікуючай тугою слоў,
Безнадзейным болем і непатольнай пяшчотай,
Калі нічым не дапаможаш, хаця сэрца аб зоры разьбі.
Плач дрыядай, рагачы сатанінскай няшчыраю
                                                                                                      ўсьмешкай,
Львом куртатым кроч, сьлізгай самаахвярным зьмеем
Або падлай няшчаснай валяйся на ворыве лёсу –
Ўсё дарэмна. Няма дапамогі. І сьмерці няма ў каханьня.
Чалавек толькі сьмертны. Але калі дрэвы не помняць,
Гарады не помняць, не помняць нямыя планэты –
Сэрца помніць каханьне і попелам стаўшы з агню.
Аб пушыстым сьнезе бясконца яно ўспамінае,
Аб сьлядох на сьнезе, аб любых засьнежаных веях,
Аб журботнай усьмешцы і аб горкіх, апошніх,
                                                                                                      бязважкіх
Пацалунках у вочы, запясьці і вуснаў ражкі...
Скрухай поўнае, ўспамінае мёртвае сэрца
І аб тым, чаго не было і не будзе болей ніколі:
Аб агні ачага, аб неадчэпных цёплых дзіцячых
                                                                                                        далонях,
Аб жаданьні пакласьці жыцьцё за яе і з успоратым горлам
Прыпаўзьці і падохнуць ля ног, уратаваных табой.
Не забываючы здохнуць. Усё помніць і мёртвае сэрца
І кружляе з крыкам перадсьмяротнай і ўсё ж
                                                                                                  бесьсьмяротнай тугі
Над магіламі мёртвых багоў,
                                                              над журботным спакоем зрынутых дрэў.
Над жывёламі, кінутымі на ральлі,
Над планетамі мёртвымі і гарадамі –
Бессмяротнаю каняй, што моліць аб кроплі вады.
 
12.II.1962.
 
 
 
 
Сьнягір
О Радзіма, мой сьветач цудоўны, адзіны,
Явар мой, мой агністы сьнягір на сасьне,
Ледзь цябе не забыў я з чужою жанчынай,
Што ў душы не хацела і ведаць мяне.
Ёй былі непатрэбныя зьвялыя травы,
І, ад вераса горкі, вятрыска павеў,
І твая некрыклівая гордая слава,
І твая перамога, і мукі твае.
Зараз нехта другі перад ёю варожыць,
Сыпе золата мар, лье славесаў ваду...
Што паробіш? Была яна вельмі прыгожай.
За такімі і ў пекла мужчыны ідуць.
Я пайшоў бы таксама. Ў пякельным дыме
Можна ўскласьці на ногі цярпеньня браню
І ўсё роўна сьпяваць аб азёрах Радзімы,
Плечы гордыя ўзьняўшы над морам агню.
І няхай першы камень у вочы мне кіне
Той з мужчын, хто ня зможа мяне зразумець,
Той, хто маці сваёй не зьмяняў на жанчыну –
Залатога пяску на брынклівую медзь.
І канец. Сталі толькі маім успамінам:
Ласка шэрых вачэй, заінелая скронь,
Лес нахмураны, хвоя, лябяжы іней
І рука, што лягла на маю далонь.
І для шчасьця, для сонечнай вечнай кароны
Не хапіла мазка адзінага мне:
Не хапіла Радзімы, іскры чырвонай,
Сьнегіра на засьнежанай сіняй сасьне.
 
10.II.1960. Ворша.
 
 
 
 
Песьня колаў
І
Кожны раз, як дамоў ад’язджаю,
Еду я міма дома твайго...
Ноч, як лёс, дамам пагражае
Цёмнай зьлівай, слатой, тугой.
Ў небе іскры ўзьлятаюць, як сьлёзы,
І, калі мой цягнік закрычыць,
Застаесься ты з ноччу і зь лёсам
На чужым, непатрэбным плячы.
ІІ
Прасьціны твае, бы ў калючай асьве,
Клубіцца скупы цыгарэтны дым...
А я табе прапаноўваў сьвет,
Цэлы сьвет у сэрцы маім.
Вольны вецер і песьні палян... палян...
Неба ў маю... Неба ў маю...
Каханьня майго акіян... акіян...
Сонца і душу... Душу маю...
Мне – як табе, пустэчу хапаць.
У начах маіх золь і драма.
І ёсьць дзесяткі, з кім можна спаць,
Прасыпацца – ніводнай няма.
І зьнічкаю падае сэрца ў палі
І ў агні згарае на тло:
Прынцэсы былі, царыцы былі, –
Папялушкі адной не было.
Хутары сумней у палёх і сумней...
Спускаюся ў цемру, нібы вадалаз...
Прадала, прадала, прадала ты мяне,
Прадала, галавой аддала.
На спакой зьмяняла крылаў страду,
Катула – на месікаслоў,
На сьмецьце – гордае золата дум,
На даброты – музыку слоў.
ІІІ
А ён ня даў табе і таго...
Лёс аднолькава нас адзначаў,
Але Муж – ня той, хто ня знаў батагоў,
А той, хто пад імі маўчаў.
Па валох, што туды і сюды бягуць,
Ён імя, як ветразь, насіў.
Вучыў, перавучваў, як чосу дадуць,
Зноў вучыў, дараваньня прасіў.
У Каносу бег за сабачай гайнёй,
Бяз шапкі стаяў ля брам,
Каяўся перад кожнай сьвіньнёй,
Плакаўся ў корчмах сябрам.
Заклаў Радзіму, Эўропу, род,
Вучняў, шэфаў, Дэга, Курбе,
Мастацтва, сяброў, Пікаса, народ
І цябе... Ты чуеш? Цябе.
Багацьцем якім ён цябе напыліў?
Што прынёс ён табе у дом?
Дзе імя, у якое ніхто на зямлі
Не насьмеліцца кінуць багном?
Душы родныя дзе? Ўцяклі і яны.
І адна ты ў зброднай глушы,
У мурашніку аднадумцаў дурных,
Дзе ніводнай роднай душы.
Хто яны, што праспалі жыцьцё і бой,
Людцы гэтыя, гэты гной,
Што калісьці табой гандлявалі і мной,
А сягоньня – адною табой?!
Ад шчаўчка пігмея лятуць тарчма,
Паўзуны, бяскрылае зло,
Накіп людская, сьвінушнік, карчма,
Эстэцкіх гадзін кубло.
Што ж цяпер за здраду будзе з табой?
Не магу і ўявіць сабе,
Як ён хрупне пад Этнай пагарды людской,
Твой слабенькі, танюткі хрыбет.
І ў імя таго, што на цьвердзі зямной
Кветкі ёсьць, і любоў, і трава, –
Вы... даруйце за подласьць жанчыне дурной,
Даруйце...
Як я дараваў.
ІV
Колаў стук. І надзея. І горыч.
І ў начы гэтай золкай, глухой
Ты ня сьпіш з маім ворагам поруч,
Як ня сплю я зь цемрай сваёй.
Ад вачэй тваіх бедных і прагных
Да маіх спакойных вачэй
Повязь цягнецца, цягнецца, цягнецца
Ўсё танчэй, танчэй і танчэй.
 
 
 
 
Імпрэсія
Сьніў я сон, быццам нехта пяшчотна мяне крануў.
Чуў я словы пяшчоты, прывабныя, як міражы.
Сон кагосьці здаўна мне вярнуў, пазабытую, але адну,
Зь цемры згаслыя гукі вярнуў да струны,
                                                                                          ўваскрасіўшы струну.
І яна зазьвінела – у явы і сну на мяжы.
І на гэтай мяжы я цябе зьберагаў, як агонь трапяткі,
Як хвіліну дрымоты апошнюю мы беражэм
Ад павеваў і пахаў, ад сонца, ад дотыку грубай рукі,
І ад песьні дажджу, і ад думкі, што нас сьцеражэ.
Бо ня ведаў – і ведаў, – што дзень узьляціць, як ласо,
І пацягне бакамі мяне па пяску і траве
Да турбот, да жыцьця, да шумлівых яго галасоў,
Да згрызот, забыцьця, да імклівых дарог і лясоў,
Да ўсяго, што навекі цябе ад мяне адарве,
І ўпадзеш ты у змрок, як сьляза, як згасаючы дзень,
І навекі ты ў цёмных, бяспамятных згінеш вяках
Ў міг апошні дрымоты, як толькі наяве ўпадзе
Не на грудзі твае, а на ложа пустое рука.
 
1969
 
 
 
 
Таруская вiла
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Зноў над ракою чаплі сівыя
Ў плаўны палёт, як калісь, паплылі...
Шчасьце маё і раны былыя
Гускай і лотацьцю парасьлі.
Рэкі вярнуліся да вытокаў.
Тая, што сонцам была ў жыцьці,
Недзе далёка, далёка, далёка,
Так далёка, што лень ісьці.
Ды і нашто? У задушнай кватэры
Кволыя думкі ў сшытак пісаць?
Ў бога хлусьні і нажывы верыць?
Трохсотгадовыя транты зьбіраць?
Нават на самую лепшую ў сьвеце,
Нават на цёплыя вусны яе
Я не зьмяняю вільготны вецер,
Што ў сітнягах над Дняпром пяе.
Сумны свой век няхай дажывае
Зь іншым, з другім, пакінуўшы мне
Рукі сяброў, жураўліныя зграі,
Стрэльбу і рэк асеньніх сьвінец.
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
О вясна! Таполі! Сьвеце мілы!
Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака!
Вечар зацяпліў бярозак сьвечы.
Я адзін. Ты не памёрла, не.
Мой забыты, мой апошні сьветач,
Ты ў чужым акне, а не ў труне.
Як магла застацца ты ў кайданах?
Як магла адмовіцца пайсьці
Да палян, дзе месяц закаханы
Песьні «сноў» блакітныя ўзрасьціў?
Пэўна, я турму ня здолеў тую
Гнеўнаю пагардай скалануць,
Дзе цябе цалуюць, як катуюць,
І ўладарна лашчаць, быццам б'юць.
Вей тваіх, плячэй тваіх пахілых
Болей не кране мая рука...
Над сусьветам залатыя крылы
Маладога звонкага шпака.
Клічуць лебедзі ў начы вясеньняй,
Кідаючы поўдзень салаўям,
І разьліў шырокі, і натхненьне,
Як любоў забытая мая.
І няма ў душы маёй праклёнаў,
І няма на веях цяжкіх сьлёз...
Заставайся ў клетцы залачонай –
Ты сама абрала гэты лёс.
Над каханьня нашага магілай,
Што загубіцца ў былых вяках,
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
 
8.V.1962. Рагачоў.
 
 
 
 
ІНГА І МАРЫЯ
Жанчыне з бэзам
І я прайшоў калісьці паўзь цябе.
Паўз вусны сьмелыя і рук прынаднасьць,
І змрок вачэй, глыбокіх, як сусьвет.
На дне тваіх вачэй блішчэлі зоры,
Далёка так, што цэлага жыцьця
Мне не хапіла б даляцець да іх...
Не паляцеў...
І гэта так было,
Як быццам качаня не захацела
Агіднае да лебедзя ляцець.
О лебедзь мой, які я быў дурны!
Якой дарогай сноўдаўся па сьвеце,
Каму сябе аддаў і раздарыў?!
Начамі сон бяжыць вачэй халодных.
Начамі змрок. Халодны вецер сьвішча,
Каб разбудзіць зьмярцьвелыя дубы.
Крывавыя пупышкі вінаграда
Прыціхлі і чакаюць цёплых дзён.
А ты ляжыш, і трапятаньне вей
Бяссоннае, як трапятаньне крыл...
...І сёньня я ўначы цябе успомніў:
Ты крочыла па вуліцы вясеньняй,
Трымаючы ў руках шалёны бэз,
Вільготны бэз, букет вялікіх гронаў,
І сонца ў люстрах дажджавых ляжала
Пад кожным крокам дарагім тваім.
А вочы – два глыбокія сусьветы –
Паўзьверх вільготных і пахучых гронаў
Зь пяшчотаю глядзелі на мяне.
Я зразумеў.
Яны ж мяне вучылі
Калісьці нездрадліваму каханьню,
Каханьню маладому, на якое
Ня зьменіш вопыт схаладнелых год.
Ім нельга здрадзіць, і забыць іх нельга,
Як нельга з сэрца выкінуць пяшчоту
І подла здрадзіць бэзу і сабе...
...Якая раніца ляжыць над сьветам!
Які разьліў! Да гарызонта сінь!
І ветразі зялёных вербалозаў
На сініх водах – зараз страпянуцца,
Напоўняцца і ў грэкі паплывуць.
Ты, што мяне чакаць даўно забыла,
Дапамагла мне, ўспомніла, прыйшла...
...Будзь блаславёна, доўгае жыцьцё,
Яшчэ ня скончанае ў добрым сьвеце.
Ўсё будзе. Толькі гронаў тых ня будзе,
Цябе ня будзе і тваіх вачэй.
А можа?
                  Глянь, як сьвет вакол чакае
Сьвятла і цеплыні, даўно забытых.
Чакае дуб скарэлы на пагорку,
Чакаюць хаты сонечных праменьняў,
Чакаюць вішні белых пакрывалаў.
Душа чакае крыл.
                                      І на адхонах
Вось-вось, здаецца, расквітнее бэз.
 
4.V.1962. Рагачоў.
 
 
 
 
Шчасьце
Не хачу старым упівацца,
Не жадаю гібець у сьне.
Сёньня выпаў, як кветкі акацыі,
Сакавіцкі апошні сьнег.
 
Ён крычыць пад нагамі ад шчасьця,
Ён сьпявае аб новых днях,
І драты, як марскія снасьці,
Знову здатныя ветразь узьняць.
 
Ноч ідзе са мною да раньня,
Каб сустрэць пацалункам яго –
Новы дзень мой, маё сьвітаньне,
Новы прывід шчасьця майго.
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
З узгоркаў сьнег схаваўся ў роў,
І кожны горб шуміць, як вулей,
Ад спрэчкі кветак і чмялёў.
Загіне, хто ў мінулым дрэмле:
Буяна травы ймкнуць да зор
Навыперадкі, напярэймы,
Узахапы і насупор.
Сок крочыць па мільёнах лесьвіц,
Па клетках – аж да верхавін,
Каб падарыць сусьвету песьні,
Здабытыя зь зямных глыбінь.
Ляжу каля лясных узбочын,
Ляжаць і ждуць мяне гады,
І п'юць ускінутыя вочы
Ўсю повень неба і вады.
Мне цяжар шчасьця грудзі сплюснуў,
Спляліся валасы з травой,
І мятлушка сядзіць на вуснах,
Каб разам уздыхаць са мной.
Даволі марнай жыць пагоняй,
Жывецца або не – жыві!
Кароўка Божая ў далоні,
Як кропля Божае крыві.
І зноў бязьмежны сьвет чакае,
Сьвет сэрцаў, песень і бароў.
Дай мне, вясна, шляхі бяз краю,
Дай сэрцу вечную любоў.
Зямля гудзе, як цёплы вулей,
Зьнікаюць крыўды, боль і зло...
Бацькі з магіл цяплом дыхнулі,
Каб дзецям жыць лягчэй было.
 
10.IV.1966.
 
 
 
 
Жаўранак – звонкая ніць
Хмары весьнія цяжкія, як кентаўры,
Песьня шчасьця пад імі ўзахлёб зьвініць.
Ах, гэта жаўранак,
Жаўранак,
Жаўранак,
Срэбная,
Срэбная,
Срэбная ніць.
Над ракою, тваім зайздросьцячы лаўрам,
Вадзяны бугай трубіць, як грубіць.
Не зьвяртай увагі,
Жаўранак,
Жаўранак,
Не парві сваю тонкую,
Тонкую ніць.
Зноў дымеюць разоры і сытая пара
На курганы былога майго бяжыць.
Працягні з майго сэрца,
Жаўранак,
Жаўранак,
Аж да самага неба
Звонкую ніць.
 
1963
 
 
 
 
Мёртвае рэчышча
Мне сказалі: мяне ты шукаеш,
Зноў шукаеш – пасьля ўсяго, –
Плынь начная, калісьці жывая,
Што пазбылася ложа свайго.
Усё дарэмна: пратокі-песьні
Абмялелі пад рэзкай травой.
Я ня Лазар, я не ўваскрэсну,
Нават голас пачуўшы твой.
Ні твой заклік, калісьці любы,
Ні пяшчотны дотык рукі,
Ні ад смагі пасохлыя губы
Не абудзяць вялікай ракі.
 
24.V.1962.
 
 
 
 
Крокі ўначы
Цёплы дзень дагарэў. Скача полымя з гулам,
Сасьнячок над ракою ў зялёнай імгле...
За дзень сонцам з вадою ўвесь твар абцягнула,
Ногі ў голках сасновых. Далоні ў смале.
Ўвесь Дняпро у кругах: ходзіць рыба шалёна.
На слупах фарватэрных – скупа – агні.
Побач з намі – чырвоны, наводдаль – зялёны,
Наш адзін, а ў таго у прадоньні – двайнік.
Раптам – водар халодны сьвежага сена.
Раптам плеск. Гэта стог, вялізны, да хмар,
На чаўне, што ня большы ніяк за палена,
Быццам прывід, плыве на зялёны ліхтар.
Над ракою дымок. Ціха полымя шастае,
Ты і я ў будане на сене ляжым.
Калі ёсьць на зямлі дзьве унцыі шчасьця, –
Ўсё яно, без астачы, ў сэрцы маім.
Што шукаў ты ў чужой зямлі, чалавеча?
І нашто імкнуўся сябе ашукаць,
Калі вось пад рукой тваёй цёплыя плечы,
Вось віно і вогнішча, ноч і рака.
І кахаю, як быццам стакрот паміраю,
Поўны кожнай пражытай сваёй вясной.
О ўтрапёны агонь, як ты хутка згараеш,
І якая кароткая летняя ноч!
У вялікім спакоі зямлі шырокай,
Да якога праз хвалі мы праплылі,
Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі
Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі.
Нехта бераг трасе цяжкімі нагамі,
Нехта ноч разрывае, бы глупства чаўпе.
Не палохайся. Гэта нязубр і ня мамант,
Гэта бакеншчык гасіць ліхтар на слупе.
Цішыня. Над вадою туманныя вежы.
Дай мне гэту зямлю з табою абняць.
Ты – празрыстасьць, ты ўся – нерухомая сьвежасьць,
Ўся – глыбінная, аж да канца, цеплыня.
Ты ня чуеш, як падаюць росы патокам,
Як гарлачыкам трызьніцца новы дзень,
Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі
Над вялікай ракою каханьне ідзе.
 
1966
 
 
 
 
Раманс вінаграднай лазы
Па туманах касых
Вінаградныя вусікі
Ўюцца,
Ўюцца
І імкнуцца спаймаць
Малады
І гарэзьлівы месяц.
За глыбокія вочы твае,
Што ў тумане,
Блакітным тумане
Сьмяюцца,
Хай мяне на праменьнях
Туманных,
Абвітых,
Спайманых
Праменьнях
Павесяць...
Ах, як вішні цьвілі!
Як здрадлівая
Белая мара!
Зацягнулі,
Завабілі
Песьняй
Птушынай сваёю.
А цяпер у завулках,
У завулках
Так плача гітара
Ненадзейнай,
Пакінутай,
Цалкам адрынутай,
Цалкам жаночай
Тугою.
О, як хочацца жыць!
Што з таго,
Што вясеньняй парой
Зь вішань квецень
Зьляцела
Завеяй,
Пяшчотнай
І сіняй.
Што з таго, што калісьці
Памруць
Пад асеньняй
Халоднай касой
Залатыя вяргіні...
Вяргіні...
Вяргіні...
Дваццаць год яшчэ можна кахаць!
Дыхаць квеценьню,
Летам і маем.
Дваццаць год
Вінаградныя вусікі
Будуць віцца
Па месячных струнах...
Ах, няхай яны ўшчэнт заплятуць,
Ах, няхай яны мякка спаймаюць
Гэты месяц гарэзьлівы,
Месяц вясёлы
І юны.
 
1969
 
 
 
 
Ты і я
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на сьпіне Левіяфана,
Радуга на крылах навальніц.
 
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, –
Адкажы на вуха ўладару,
 
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на сьвеце
Безь цябе, танюткай і слабой?
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
Калі агорне цемра неба
І я зямны пакіну дом,
Я стану каменем ці хлебам,
Травой ці срэбным матылём.
Травой – каб ты ў сваім уборы
Прайшла па мне да добрых сёл,
А матылём – для ночы гора,
Калі жывых няма вакол.
А хлебам жоўтым, як жывіца,
Каб быць табе як мірны дар,
А каменем, каб адкаціцца
З дарог...
Ад ног тваіх...
У яр.
 
5.IV.1965. Шагол.
 
 
 
 
Карадаг
Л. А. Панамарэнка
Іліяда мая! Колькі даўніх крылатых стагодзьдзяў
Ты разрэзала ветразем, вартым людзей і багоў,
Плывучы ў невядомае, ў дальнія тысячагодзьдзі,
Быццам бронзай акуты «Арго»,
Крутабокі і звонкі «Арго».
Ўвосень чырвань сумаху на скронях тваіх выступала,
Так трымаў ты свой крыж –
                                                                мора цяжкага ўдары і гром:
Быццам плакалі скалы, кроўю даўняю плакалі скалы
Пад сухім і траскучым, як Крым, пад цярновым вянком.
Коні сінія з мора імчалі на бурным прадвесьні,
Ты хапаў іх за белыя грывы і біў уразьлёт
Або слухаў спакойна пелазгаў забытыя песьні
І глухія – пад вечар – званочкі авечых чарод.
Іліяда мая! Пасмы чорныя хмар на вяршыні.
Як гекзамэтр звонкі, ўдараюць аб бераг валы –
Неўміручыя строфы, што морам прапахнулі сінім,
І сухою травою, і ёдам, і вечным спакоем зямлі.
І за вечную цьвёрдасьць тваю мора вечнае даньню
                                                                                                                  вялікай
Сыпле дым скамянелы агата табе на далонь,
І крывавыя сьлёзы забытых багоў – сердалікі,
І празрыстыя сьлёзы самотных жанок – халцэдон.
Дзе яны, што ахвяры палілі глухімі начамі,
Кантрабанду насілі, багоў павяргалі у жах,
Дзе яны, што ў крылатыя шлемы званілі мячамі
І на ўласнай крыві узрасьцілі крывавы сумах?
Я ня веру, што зьніклі яны... Вось... выходзяць з пучыны
З морам зорным на скуры і сольлю ў кучме ільняной –
Лістрыгоны, пяніцелі хваль, заваёўнікі чорных
                                                                                                        вяршыняў.
І прыбою гекзамэтр гулка ўздыхае ля ног.
Іліяда мая! Вечна морам плыві да свабоды,
Вечны ветразь напяўшы, кіруйся у казачны шлях
Са сваім непакорным, дэльфінападобным народам,
З бурным морам у жылах і сонцам у дымных вачах.
 
15.VІ.1963.
 
 
 
 
Раманс Марылі
Сонца паліць над шатамі парку,
Ў вочы людзям дзідамі б'е,
Людзі-кветкі нясуць на карках
Пчол назойлівых – думы свае.
Кветкі сінія, вогненна-чорныя,
Хмель хістаецца ўгору і ўніз,
Ружы алай нешта гаворыць
Самаўпэўнена – тонкі нарцыс.
Сярод гэтага кветніка п'янага
(Мо было ўжо такое калісь?)
Ты праходзіш адна ля фантана,
Найпрасьцейшая кветка зямлі.
Нібы ціхая сумная музыка,
Ты праходзіш з пакорай сваёй,
Адуванчык на ярасным лузе,
Кветка з жоўтаю галавой.
І з фантана, раскрыліўшы крылы,
Празь вясёлак халодны звон
Усімі рэшткамі бронзавай сілы
Лебедзь рвецца табе наўздагон.
Марна рвецца, бо ў звоне і граі,
У мільёнах вясёлкавых сьлёз
Хлопчык лебедзю шыю сьціскае,
Як адвечны няўмольны лёс.
І гляджу я змрочна на тое,
Як, абернуты ў шумнай вадзе,
Цень Міцкевіча нада мною
Лебядзіную песьню вядзе.
 
1966
 
 
 
 
Дняпро і Ака. Ён і яна
Божа рэк, ажані
Мой Дняпро з прыгажуняй Акой.
У яго – крутаяры ў зэніт,
У яе – лукавін спакой.
Ён мужчына. Над ім – курганы,
Зьмеі сонцаў – кронамі ўніз.
А над ёю – пракосаў сны
І дзявочых сьвятліц агні.
Ён ад страсьці рве берагі,
Асіянаўскі месяц над ім,
І туман плыве на лугі,
Быццам бітвы паўночнай дым.
Трупы мокрыя чорных дубоў,
Нібы яшчары ў берагах,
А на дне – карагоды віроў
І дрыжачых багновак жах.
Месяц кроў пралівае ў яго,
Кроў сьцякае з ласіных губ
На патопленых даўніх багоў,
На бязьмежную іх тугу.
А над ёю жаўрук пяе,
І калі сьмяецца зара,
Кісьці скрыпня над ложам яе,
Як вясельныя сьвечы, гараць.
Калі хочуць стракозы піць,
Ў самы ярасны сонечны ўзьлёт
У гарлачыках окскіх сьпіць
І ня тае блакітны лёд.
У сьвяцёлках яе агні
Здаўна мараць аб сіле такой...
Чым Дняпро табе не жаніх,
Не сьцяна для пакоры тваёй?
Чым ня муж табе, не жаніх,
Не любоў для любові тваёй?
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Божа рэк зямных, ажані
Дняпро з прыгажуняй Акой.
 
15.VІ.1963.
 
 
 
 
Раманс шлагбаума
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Аптымізм
Пад плашчом, зусім ля вуснаў, залатая галава.
Па вадзе ідзём дахаты, горкі дым зямлю скрабе:
Наймічку таксама добра каля печкі цалаваць,
Калі лёс ня шле царыцы, суджанай навек табе.
 
1969
 
 
 
 
Туман
Сёньня ноччу туман зоры ясныя вымеў,
І прачнулася раніца ў флёрах сівых:
Нават мёртвыя жэрдкі здаюцца жывымі
З-за жамчужных зіхоткіх гірляндаў на іх.
Але ўсё ж праз туманна-дрыжачыя сьлёзы,
Бы з карцінкі зводнай у тонкіх руках,
Бачны жоўтыя павесмы ніцай бярозы
І чароды на сумных асеньніх лугах.
А ў далёкім горадзе зараз таксама
Навісае туман ад спрэчак дурных,
Ад машынных выхлапаў, ад зітханьняў,
Ад мільёнаў учынкаў і словаў людскіх.
І праз хмары ня можа прабіцца раньне,
І ня можа сэрца глядзець на сьвет...
Як у гэтум сьляпым халодным тумане
Адшукаць мне каханай зманлівы сьлед?
 
1969
 
 
 
 
Цюляня
Хвалі ідуць за градою града.
Айсбергаў рэдкі паток,
Сіняя, быццам індзіга, вада,
Халодная, як апёк.
Цюляня ня хоча цьвёрдай зямлі,
Ня хоча квяцістых палян.
Ільды яму замяняюць палі,
Радзіму – сівы акіян.
У пырсках бясконцых сініх валоў
Колам ходзіць малы –
З хвалі на хвалю, на грэбень ізноў,
У сяйва сонца зь імглы.
Акіян для малога пену пляце.
Той ляціць з гмаху на гмах:
Холад затоплены ў жываце,
Шчасьце ў дзіцячых вачах.
І хочацца мне, як яму, да канца
Адчуваць апёкаў нажы,
У хвалях халодных даваць нырца.
Жыць!
Жыць!
Жыць!
 
1.II.1961.
 
 
 
 
Каравэлы
Н. Матвеевай
З дубовым цяжкім задам, але з крыламі,
Пафарбаванымі ў блакіт і кроў,
Яны трапётка мора скарадзілі,
Як матылі, што трапілі ў Дняпро.
Бездапаможныя, валам чужыя,
Нязграбныя, яны паўзьлі, плылі,
У шторм кружылі, ў мёртвы штыль тужылі,
Бастарды неба, пасербы зямлі.
 
Ня лепшыя за рэшата па форме,
Сьмярчы лавілі паруснай сьцяной,
Хаця, па ўсім сучасным нашым формулам,
Ад шэпту мусілі ісьці на дно.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Наш сьвет таксама: шэрыя адрыны,
Брандмаўэры, праварыны, муры,
Залева, што клякоча злосна ў рынах,
Неону бляск і чорныя двары.
Чаму ж у прыцемках пахмурна-сініх,
Чаму ў начох, ад ліхтароў рудых,
Мы марым аб нябачаных краінах,
І верым ім, і даплывём да іх?
Якою воляй, яраснай і сьмелай,
Якою сілай, грознай, бы ўраган,
Абсьмеяныя нашы каравелы
Бяруць за грыву сьмерці акіян?!
 
1969
 
 
 
 
Бахайская чарапаха
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Легкаважная песенька, якую я сьпяваў, ідучы да каханай цераз хрыбет Мангугай
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
ТАЎРЫДА
Дрэва на Чатырдагу
Васілю Быкаву
Буран над уцёсамі чорнымі
На мёртвых травах іграе,
А ўнізе, а ў прорве – мора...
Бяз дна, без канца, бяз краю.
Там жвір пад прыбоем марыць,
Пчолы гудуць закахана,
А тут, дзе маланкі і хмары
І орды вандроўных туманаў,
У пекла прысеньні, пад сьпевы
Хаўтурныя траў зь вятрамі –
Расьце каравае дрэва,
Абпаленае перунамі.
Стаіць і ў цьвіценьне верыць –
Адно супраць сьцюж і абвалаў, –
Сьмерць хаваючы ў сэрцы,
Жыцьцё – ў каранях між скалаў.
 
17.IX.1967. Крым – Менск.
 
 
 
 
Чатырдаг
Арсеню Лісу
Ўстаў Чатырдаг і ўзьнёс агонь і дым,
І цьвердзь зямлі прагнулася пад ім,
І ў чашу рынуў і каціўся год
З усіх марэй патоп шалёных вод.
І стала мора
                            люстра для Яго
І толькі потым для усіх багоў,
Якія разам з царствамі прайшлі
За час яго маўчаньня на зямлі.
Прастол багоў? Прастол Хрыста? Алы? –
Іх не было, а ўжо сьнягі зь Яйлы
Раўлі вясной.
                              А замаўчаць яны
Ў той самы дзень, як змоўкне шар зямны.
Ты сьніш той дзень. Ты сам той дзень, уцёс.
Ты зараз цень яго. Ты вечнасьць, лёс.
І ў сьне чакаюць мірна духі гор:
Сьнягі ім – коўдра, туманы – шацёр,
Як сэрца падае!
                                  Нібы лязо,
Мне рэжа зрок агонь халодных зор.
Мой кожны крок – блюзьнерства.
                                                                            Кожны ўздых –
Замах на грозны сон ільвоў тваіх.
Пан вечнасьці, ты пашкадуй, малю,
Імгненьне цёплае, маю зямлю,
Сьлязу любові на тваёй шчацэ,
Крывінку лепшую ў тваёй руцэ,
Сьвятую іскру ў вечнасьці ільдах...
Глядзі, цябе пільнуе прорваў жах
І ўверсе зорак лёд, як кроплі сьлёз,
Закатаваных вечнасьцю нябёс.
Сьмерць пад нагой і сьмерць над галавой.
Ў мігценьні зор, ільдоў, парчы сівой –
Нішто чакае і глядзіць на нас:
Стой, веліч, і спыніся, грозны час!
 
19.III.1968. Брэст.
 
 
 
 
Спуск з гор
Набягае на колы засьнежаны шлях,
Ля дарогі дубняк адубеў,
Але рукі твае у маіх руках,
Але ў сэрцы – гарачыя – радасьць і жах,
Што знайшоў, што страчу цябе.
Кожны зьвіў дарогі ў абдымкі мне
Так уладна, з пяшчотай такой
Пасылае цябе. І, здаецца, канец,
І здаецца, памрэш ад шчасьця, бы ў сьне,
Калі неба кранеш рукой.
Побач ты. І ня дзіва, што чэзьне туман,
Што народжаная ўначы,
З павароткаю кожнай адходзіць зіма,
Пасьля студзеня ўладна прыходзіць май,
Гучна звонячы ў сонечны шчыт.
Вырываецца сэрца з вузкіх цясьнін,
І раптоўны абшар, нібы ўдар.
О, якое мора гарачыні
Сінім сном аж да самага неба сьніць
У нірване любоўных мар!
Што такое? Хто гімны сонцу пяе,
Хто хістае ружовую даль?
Мо салодкі вецер у сэрца б'е,
Можа, лебедзі ўскінулі крылы свае
Або проста цьвіце міндаль?
Або проста цьвіце кізіл залаты, –
Дыхні і бясьсьмерце прыдбай!
О, якое шчасьце, што побач ты!
Што каханьне!.. Мора!.. Водар густы!..
Май!..
Май!..
Май!..
 
III.1967 – 15.IV.1968. Перавал – Брэст.
 
 
 
 
Генуэзская крэпасьць
Ул. Дамашэвічу
Колькі ж вынесла ты перастрэлак такіх?..
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Сіні вечар глядзеў празь імглу,
Наплывалі хмары, і сонца на іх
Дзіды кідала на зямлю.
І яны, сіне-белыя, падалі ўніз
І дымелі сярод пустаты...
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Быў бліжэй за ўсіх густа-сіні мыс,
А далей, за ім, быў блакітны мыс,
А за ім – туманна-жамчужны мыс,
А на ім – сілуэтам бязважкім – Ты.
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
А на ім – пад стрэламі – Ты.
 
27.IV – 17.IX.1967. Марское – Менск.
 
 
 
 
Лебедзь
Івану Бурсаву
Ў старажытным парку графскім,
Над цяністаю затокай
Лебедзь чорны ў дрэме плача
Аб Аўстраліі далёкай.
 
Тут спакой, любоў і радасьць,
Сонца зьзяе ў добрым небе.
Што ж табе ў тым дальнім краі?
Што ты ўспомінў, дэман-лебедзь?
 
Эўкаліптаў лёгкіх пер’е?
Дынга? Лёт бяроз прыгожых?
Стой... Якія ж там бярозкі?!
Тфу ты... пане ты мой Божа!
 
Але ты, няўцешны, плачаш,
Бо далёка рай твой мілы,
Эўкаліпты... і асіны...
І асіны на магілах.
 
V. – 20.X.1968. Алупка – Менск.
 
 
 
 
Вадаспад Учан-су
Пімену Панчанку
Як страшная зь нябёс пагрозных кара...
Як звоны срэбных крылаў у агні...
Як быццам сотні, тысячы Ікараў
З пачатку дзён... З зэніту... Аб граніт.
Якая веліч, сіла і... журбота!
Як добра, ўзьняўшы дымны, зорны сьмерч,
Ў імгненьне найвышэйшага узьлёту
У лікаваньні раптам стрэнуць сьмерць.
 
III. – 5.X.1968. Крым – Менск.
 
 
 
 
Маладая вясна
Маладыя, пушыстыя лісьцейкі грушы,
А за імі, на скалах, дубоў галізна.
Ў беласьнежным прыбоі, у квецені рушыць
Маладая вясна.
Нібы сьнег вяршынь ажывае ў цьвіценьні,
І садоў і аблокаў зьвіваецца дым:
Белых хмарак алені ў зыркім небе вясеньнім
Пралятаюць да мора і дваяцца над ім.
Ты мне сонца! І мора! І подых маю!
Я люблю цябе так, што кроў, як прыбой!
Што ж ты плачаш, чаго ж ты мяне абдымаеш?
Я з табою.
З табой.
 
5.X.1968. Ялта – Менск.
 
 
 
 
*  *  *
О, якое цёплае, цёплае, цёплае мора.
Як драбіцца ў ім сонца – Зевесаў распалены шчыт.
О, як добра руцэ на тваім перагрэтым і чорным,
На апырсканым кроплямі мора, салоным плячы.
Ў такт нячутнаму сьпеву самкнёныя вусны 
                                                                                              сьмяюцца і плачуць.
Вочы зьмежаны. Веі дрыжаць у салодкай журбе.
Так шчасьлівая яшчарка дрэмле на камні гарачым...
Добра табе?
 
1969
 
 
 
 
Гурзуф уначы
Міколу Аўрамчыку
Скрыпка ціхая ночы. Дрымотная музыка ночы.
Водар мора і кветак. Глухая начная пара.
Аю-даг за чаўнамі рыбацкімі ў моры напружана сочыць
 
Зыркім вокам адзіным – чырвонаю іскрай кастра.
Што, як ярасна скочыць? Дарэмна. Дрымотаю скоран,
Галаву ён на мяккія лапы здраньцьвела паклаў.
Чайкі сьпяць на вадзе, як плаўкі,
                                                                        у сярэбраных водсьветах зорных.
 
Сьпіць каханьне ў дамах. Сьпіць прадоньня марскога
                                                                                                                      імгла.
Наздраватыя сходы завулкаў ад дзённай хады
                                                                                                      спачываюць,
Крок паэта апошняга зaмер на вулках крывых,
І магноліі кветкі так соладка дураць і так спавіваюць,
Што ні людзям, ні скалам дрымотай ня ўзьняць галавы.
 
І лянотна мядзьведзь на спакойнае мора усьперся
І ў зьнямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,
Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе.
На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.
 
V. – 15.IV.1968. Гурзуф – Брэст.
 
 
 
 
«Прыўкрасная пальма»
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Над Аю-дагам – над Мядзьведзь-гарою –
Хрыбет увесь імглой завалакло.
Ня ведаю, ня знаю, што са мною.
Дзе ты, маё халоднае сьвятло?!
Чакаю. Прагну. А ў душы, бы ў хмарах,
Маланкі незгасальныя гараць,
І як рванецца хоць адна ў абшары –
Да сэрца дрогне ўся Мядзьведзь-гара.
 
Прыйдзі, схілі мне галаву на плечы,
Дай мне сябе, жывучая вада,
Каб піць цябе да скону, вечна, вечна,
Як мора п'е пахмуры Аю-даг.
 
29.III.1967.
 
 
 
 
*  *  *
Сумесь Бураціна з Аэлітай,
Зорка незгасальная ў вакне,
Сумная, прыгожая, забытая,
Ўвечар ты прыходзіш да мяне.
Сьмешная і нібыта заспаная,
Пад пяшчотаю маёй маўчыш,
А пасьля аддана і рахмана
Засынаеш на маім плячы.
І малю я сонца, неба, корсту:
Хай яны палаюць над табой,
Над тваёй былою крыўдай жорсткай,
Вечныя – пяшчота і любоў.
Хай ня будуць да цябе суровыя,
На ласкавы пакладуць пясок,
Горы вечныя ўзьнясуць ў галовах,
Ўсьпеняць мора добрае ля ног.
Нагадуюць цёплай ласкі хлебам,
Сьцішаць успамінаў злых прыбой.
 
І тады я стану вечным небам,
Сінім вечным небам над табой.
 
19.III.1967. Ялта. Сонечныя горы.
 
 
 
 
*  *  *
Сьпіш? Я прыйду, пагушкаю.
Вечар нейкі дзікі і злы,
Як лёс, няўмольныя птушкі
Чорна сыплюцца зь нізкай імглы.
 
З гор яна напаўзае –
Птушкі крыкам крычаць: «Р-ратуй!»
І палёт іх, як сець, як вязаньне
Між лаўраў, магнолій і туй.
Гэты крык і сьвятла кананьне
Навісаюць пагрозным мячом
Па-над нашым вялікім зьвітаньнем:
Над каханьнем тваім, дзяўчо.
 
Што шукаеш у гэтым спакоі?
Што табе твой адвечны лёд?
Дай стрымаць мне ўладнай рукою
Твой няўмольны, дурны адыход.
 
Калі сьпіш – я прыйду, пагушкаю.
Калі не – абаўю, як хмель.
Слухай мудрых, мая папялушка.
Слухай добрых, мой дзікі бружмель.
 
22.IV.1967. Ялта.
 
 
 
 
Дзьве вады
Шум горных ручаін за вокнамі маімі
І мора мерны шум. Накатваюць валы.
Салёны Понт ня хоча водаў Крыма
І гоніць іх назад да скал, вяршынь, імглы.
А ўсё ж бяжыць крышталь да пенных хваль салёных
І ломіць іх, хаця ўстаюць сьцяной, –
Няма цяплей, радней марскога лона,
Які б там гнеў ні строіла яно.
І ведай, як бы ты ні прагнула адрынуць
І як бы ні была ты халадней ільда, –
Сальёмся мы з табой у вечным і адзіным,
Крыштальная вада і сіняя вада.
 
29.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
*  *  *
Прыпадзі да мяне, прыпадзі,
Як да глебы сухой вада,
Быццам яшчарка да сьцяны,
Быццам ластаўка да гнязда,
Быццам горны алень Яйлы
Да яе вясеньніх лугоў,
Быццам цяжкае грона шаслы
Да разнога ліста свайго.
І цябе я так абаўю,
Каб ня ведала іншых зьліў,
Іншых гнёздаў, кветак і дрэў,
Іншых лозаў і іншай зямлі.
 
III. – 5.X.1968. Ялта – Менск.
 
 
 
 
Кіпарысавыя жарцікі
Бяроз няма. Адны кіпарысы:
Быццам хвасты наставілі лісы,
Лісы зялёныя, незвычайныя,
Ў горад зайшлі, такія адчайныя.
І ты са мною зусім як лісіца,
Сьмех на беленькіх зубках іскрыцца.
Сьмех такі, што кідае ў дрыжыкі.
Лісіца. Толькі звычайная. Рыжая.
Дурнога ваўка да ільду прымарозіла,
Ды толькі й чакаеш, каб кінуцца ў лозы,
Навесьці зялёных братоў-кіпарысаў,
Зялёных лісаў, зялёных лісаў,
Наставіўшы хвост, сьмяяцца зь нябогі,
Якому сястра наставіла рогі.
 
29.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
*  *  *
Я чакаў цябе тысячы год,
І ўрэшце прыйшла ты, прыйшла...
А ў вачох тваіх – холад і лёд,
А сэрца тваё – скала.
Неласкавая ты са мной,
Як зімовага мора валы,
Як пілы скал пада мной
І як сьнег на схілах Яйлы.
І калі я цалую цябе –
Так сьціскаеш ты гожы свой рот,
Быццам я катую цябе,
Быццам я – канец і сыход.
Растаплю я твае сьнягі,
А іначай – лёс, як сьвінец,
Сконы радасьці і тугі,
І канец. Сапраўды... канец.
 
22.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
*  *  *
Мора гранітныя хвалі,
Ад ветру чырвоныя людзі,
І ты, што мяне кахала
І болей кахаць ня будзеш.
Даўнія вежы суровыя
З сухім палыном і ўзьлётам,
Сатканыя з нашай любові,
Са скалаў, тугі і журботы.
Якая бязглуздая сіла
Якім акрываўленым раньнем
Грані ў іх разбурыла
Разам з нашым каханьнем?
А я застаюся, як з Богам,
Навекі, навекі закуты
Ў твае пяшчотныя ногі,
Ў гняздо маё, месу, пакуту.
І я ўспамінаю, як кляты,
Скалы колеру перца,
Вуснаў тваіх гранаты,
Сэрца біцьцё пад сэрцам,
На скуры кропляў каралі,
Ад сонца медныя грудзі...
Кахала мяне ты, кахала...
Ня будзеш, ня будзеш, ня будзеш.
 
27.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
*  *  *
І бывай. Ня трэба шкадаваньняў.
Што мне ў іх, калі, на боль і зло,
Сьвеціць зь неба мне тваё каханьне,
Быццам месяц, не сваім сьвятлом.
Рукі твае – сонечныя соты,
Але што заменіць дабрыню?
Што мне ў сонцы – безь яго пяшчоты?
Што мне ў любых вуснах – без агню?
 
25.III.1967. Ялта.
 
 
 
 
Кінааслы
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Шайтан-Мярдвень
Андрэю Макаёнку
Чортавы сходы, Шайтан-Мярдвень,
Вымерлых таўраў спаруда.
Ледзьве ляплюся... Ой, справы дрэнь!..
Людзі! Ратуйце, людзі!
Ў сажань прыступкі. Зараз бы мул,
Асёл або хто заўгодна, –
Я б ухапіўся за хвост яму,
Нібы за маму родную.
Тытанаў шлях паўтарыць захацеў –
Ляцець, як арол, над абвалам...
Арол, ён ляціць, а вось ты каб зьляцеў?
Чорт занёс цябе ў гэтыя скалы!!!
Строма – семдзесят градусаў. Ў прорве цень.
І з-пад ног туды камні прамуюць.
Кляты, чортаў Шайтан-Мярдвень!
Каго хочаш на морд замардуе.
Вецер і сьцюжа ў кішках аж да дна.
Сьцяна, і канца ёй ня будзе.
Дамоў бы зараз, ды шклянку віна...
Людзі!
Ратуйце, людзі!
 
29.IV.1967.
 
 
 
 
*  *  *
Са стэпавымі вятрамі,
З сухою сьпявучай травой –
Пайшла. І сэрца начамі
Нясьцерпна плача крывёй.
Па той, з душою як камень,
Па той, забытай, другой.
 
Няхай. Ўсё было: і вецер,
І скалы, і караблі,
І мы кахалі, як дзеці,
І мы сапраўды жылі
Пад сонцам гэтага сьвету,
Ў шалёным бэзавым сьвеце,
На самым краі зямлі.
 
1969
 
 
 
 
Таўры
В. Б. В-ч
Таўры жылі, як і ўсе народы:
Ваявалі,
Кахалі,
Гарэлку пілі.
Мудравалі,
Зьліваліся з маці-прыродай...
Насваволілі,
Навершавалі,
Пайшлі.
Але так,
Безь сьлядоў,
Нішто не зьнікае.
І дасюль,
Па абшарах сваёй стараны,
Між людзей,
Непазнаныя, таўры блукаюць
І ня ведаюць самі,
А хто яны?
На муры, што нязнанымі продкамі ўзьведзены,
Пазіраюць, як козы на новы плот:
"Ані д’ябла пра вас мы, браточкі, ня ведаем.
Што вас несла ў горы?
Унізе ж – цяпло!"
Дрэмле Кошка-гара,
Дрэмлюць таўраў руіны.
Я стаю і ўяўляю,
Што я не ізгой,
Не паэт зь беларускіх узгоркаў сініх,
А апошні таўр
Народа свайго.
О, якая ганебнасьць у гэтых згадках!
О, які атрутны бяспамяцтва дым!..
Крый нас Божа, калі і на нас
Нашчадкі
Паглядзяць,
Як мы
На таўраў
Глядзім.
 
1969
 
 
 
 
Песьня Мехмета
Ўсё набегі, войны, пажары.
Ўсё наперад – ханскі загад.
Не было такога абшару,
Дзе не стала б наша нага.
 
Хан сказаў! Іначай – магіла.
І вялі мы няшчасны палон,
І чужыя аулы палілі
На вугольле, на попел, на тло.
 
Мы забылі сябе і Бога,
Разьлілі акіяны зла.
Не хацеў я крыўдзіць нікога,
Ды заложніцай – ты была.

І было мне адзінаю ўцехай
На няшчаснай чужой старане
Чуць твой голас – далёкае рэха,
Ведаць – ты чакаеш мяне.
 
Верыў, ведаў хвілінай кожнай,
Што калісь прыскачу ў Кок-Цюбе,
І, як меч спачывае ў ножнах,
Так і я адпачну ў табе.
 
Мёртва ў саклі... Хочаш – паслухай?
Толькі стогн мой ды храп каня.
Ханскі сын, шчанюк жаўтавухі,
Праязджаў... Убачыў... Адняў...
 
Як я мог не адчуць: ты скутая?
Не пачуць здалёк: ты ў бядзе?
І нашто былі нашы пакуты
І пакуты вакольных людзей?
 
Справядлівасьць і вера стаптаныя!
Хай ў крыві пад васкрыльляў звон –
Не на простых – на голаў хана
Цяжка рухне народаў праклён!
 
Голых, бедных, палонных, без хлеба...
Вось крычыць вязь на ножнах крывых:
"Не вымай без вялікай патрэбы,
Не хавай без вялікай крыві!"
 
І, жыцьцё за сабой адсякаючы,
Зь сілай кідаю ножны ў дрок,
І ў руках, як зьмяя крывая,
Ртуцьцю зьзяе стары мой клінок.
 
Сьцеражыся, палац бязбожны.
Я іду. І праўда – мой шчыт.
Што мне гэты клінок бязь ножнаў?
Не схаваеш – то трэба сячы!
 
28.I.68, Бахчысарай – Менск.
 
 
 
 
Чуфут-Кале
Быццам толькі што вось адбылася Галгофа.
Сьвет трывожна заціх у барвянай імгле,
І зрываюцца ў бездань, у катастрофу
Нашы сэрцы: маё і Чуфут-Кале.
 
Абрываюцца сэрцы, схілы, тэрасы,
І спакой паўстае чыгуннай сьцяной.
Быццам толькі што вось яна адбылася...
Быццам толькі што вось... А над кім – ўсё адно.
 
Над любым, хто ўзяты сілком ад свабоды,
Хто ўтаптаны атамам ў попел і глей,
Над маім народам, над іншым народам,
Над тваім народам, Чуфут-Кале.
 
Не зямля, а Біблія: скалы, каменьні,
Каляіны ў скале і руінаў іржа.
Не хапае толькі авечых ценяў,
Не хапае заранкі, узгорка, крыжа.

Але столькі ва ўсім самоты і гора,
І, ў спакоі забытых, боляў і скрух,
Нібы ў дворыках гэтых, малельнях, пячорах
Ўсё канае і ўмерці ня можа дух.
 
А за мурам шляхі ў безнадзейнасьць, ў даліну
І даўно струхлелых павозак сьляды...
І ідзе, ўсё ідзе па плато Магдаліна.
Невядома куды. Ў нікуды. Ў нікуды.
 
19.III.67, Ялта.
 
 
 
 
Маўзалей Джаніке-ханум
Маці хана і жонка хана,
Кветка шчасьця, пагоншчыца зла,
Я была бязьмерна каханай
І бязьмерна грознай была.

Паўтаралі імя маё крыкам
Нават кінутыя са скал.
Я жаданай была і вялікай,
Як вада Алаха ў пясках.
 
Я рабыняй была і законам,
І абраным дарыў зару
Невымоўны рай майго ўлоньня
І пяшчота вуснаў і рук.
 
І анёл мне ў дзьверы пастукаў.
І спакой. Да сканчэньня год.
Дзе яны, мае цёплыя рукі?
Дзе падданыя? Племя? Род?

Белы камень мёртвых кварталаў,
Раз на месяц – казіны крок,
Сон муроў, кенасы і скалы,
Раніц сінь, барва дня, ночы змрок.
 
Над бяздоньнем пячоры-магілы
Сотні вокнаў глядзяць у прастор,
І ламае час свае крылы
Ля магільні на мёртвым плато.
 
Мела час падумаць пра гэта...
Што такое багацьця гной,
Ўлада ўся, ўсё золата сьвету
Перад простай людской цеплынёй.
 
Што такое нянавісьць у сэрцы,
Кроў, падкопы, людзі-багі
Перад простай ісьцінай сьмерці,
Перад вечнай сьпякотай магіл?!
 
Непатрэбная чэрапу ўлада,
Непатрэбнае золата тло.
І ніхто не скажа: "Ты – радасьць".
І не крыкне ў адчаі: "Ты – зло!"
 
Толькі зрэдку, ў начную сьпякоту,
У асеньні чарнільны сум
Чую з прорвы словы пяшчоты:
"Джаніке! Джаніке-Ханум!"
 
Ціхі кліч у мёртвых кварталах,
Цень імя, што ў далёкіх вяках
Трапятаньне і страсьць выклікала.
Больш нічога... Як мала... Алах...
 
красавік – 5 жніўня 1967, Чуфут-Кале – Менск.
 
 
 
 
Нараканьнi Насрэдзiна Ахмет-Аха эфендзi
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Браты па няшчасьцю
Ай, Аю-даг, што ж ты робіш з морам?
Вырашыў выпіць да дна, шалёны?
Кінь, набухторышся толькі з гора
І не нап'ешся, бо мора – салёнае.
 
Кінь тую п'янку, бо ўрэжаш дуба
Або з пахмелу захочаш павесіцца:
Чоўн, у якім уцякла твая любая,
Вельмі далёка, ля чоўніка месяца.
 
Лепей давай я віна дастану,
І пад кефаль мы дамо яму рады,
Вып'ем за вусны маёй каханай
І за тваю, што падступна здрадзіла.
 
29.III.67.
 
 
 
 
Раманс аб расстраляным каханьні
Ах, якое грознае гора!
Ах, якая журба ў сьвітаньні:
На вачах у нябёсаў чорных
На расстрэл адводзяць каханьне.
 
І міндаль палыхае, як лава,
І пэрсікаў белыя крылы,
Як каханьню бялюткі саван,
Як вянок на яго магілу.
 
А яно адыходзіць, праклятае,
А яно нават жыць не хоча...
Сябры, затрымайце катаў,
Сяброўкі, закрыйце ім вочы.
 
Прыйдзе, можа, часіна злая,
Калі згасьне крывавы месяц,
І, магчыма, мяне расстраляюць,
І, магчыма, мяне павесяць.
 
Але я й на пласе прыпомню:
Ў небе ранішнім – водсьвет лёду,
Ў тумане – кіпарысы цёмныя.
А цябе... адводзяць... адводзяць...
 
Пад апошнімі цьмянымі зорамі
Труп каханьня, як труп каханай...
Ах, якое бязьмежнае гора!
Якая крывавая рана!
 
29.III.67, Ялта.
 
 
 
 
Усходнія песьні


Нібы ў дождж, што смагу скал і пяскоў
Разам з сонцам змог напаіць, –
Расьцьвітаюць чорныя ружы саскоў
Пад дажджом пацалункаў шалёных маіх,
Пад сонцам вуснаў маіх.
 
Ты не будзеш, не будзеш давеку маёй,
Прынамсі, на гэтай сьмяглай зямлі...
Але ж сьведкаю неба... Ружы цьвілі...
Але сьведкай Алах, што ружы цьвілі...
Боль і горыч мой: ружы цьвілі...
Цьвілі... Чорныя ружы цьвілі.

 

#ІІ
І сонца, і дзень, і паўночны цень,
І раніца ў сумнай журбе...
Гады сплываюць, і дні лятуць,
А я ўсё шукаю цябе.
 
Без каня і асла, без глытка вады
Я іду па міжгор’ях сухіх
І часам цалую твае сьляды
І зноўку губляю іх.
 
Дзе тая крыніца, каля якой
Пераседзела поўдня пажар,
Дзе той горны дуб, што лістотай сваёй
Зацяняў ад сонца твой твар?
 
Што мне дзюба грыфа, джала зьмяі,
Аднарога сьмяротны рог?!
Я ў барса спытаю, сьцежкай якой
Можна ўпасьці да любых ног.
 
Не зьнікай! Зьлітуйся! Над зямлёй
Таеш ты, як над сакляй дым.
І ўсё ж каханьне са мной, са мной,
Як Яйла, Чатырдаг і мора – са мной
І ўсё ж каханне са мной...
У сэрцы маім.

 
1969
 
 
 
 
Фантан сьлёз
Капаюць сьлёзы, сьлёзы, сьлёзы, сьлёзы,
Капаюць сьлёзы зусім як калісь, калісь, калісь,
Нібы ўспаміны аб сонцы, аб танцы вясеньнім бярозавым
І аб навекі далёкай зямлі, зямлі, зямлі.
 
Дзікі налёт і гадзюка аркана. О Божа наш мілы!
Дай нам Радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б'юць,
Дай нам, глухі, лебядзіныя белыя крылы,
Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.
 
Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,
Тужым па лепшай на сьвеце сваёй старане
Ў гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,
Ў гэтай цясьніне, дзе Божаму сьвету канец.
 
Выйсьце? Іх два. І абое замкамі замкнёны:
Зьлева – пустэчы, дзе косткам бязрадасна тлець,
Справа – гняздо караімаў і пракажоных,
Горад ізгояў, пячорны Чуфут-Кале.
 
Дзе вы, далёкі наш Нёман, Дняпро, Белавежа?
Клетка і скалы вакол, і нябёсы дзярэ мінарэт.
Хана пяшчота праклятая, еўнуха вежа,
Чахлы садок, і фантан, і гарэм, гарэм, гарэм.
 
Змоўч на хвіліну. Не плюскай... Молім... Не плюскай...
Падае кропля і ціха, так ціха зьвініць,
Быццам расінкі вясёлак з дубоў беларускіх
Ў срэбныя чашы лясных беларускіх крыніц.
 
29.IV.67.
 
 
 
 
Штыль
Якая прыгажосьць! – Самкнёны веі.
Якая цішыня! – Вады не чуць...
І ветразі абвіслыя на рэях,
Нібыта ў сьне, не дрогнуць, не дыхнуць.
 
Паміж нябеснай і марскою смагай
Над караблём, што да зьмярцьвеньня звык,
Арол на мёртвых рэбрах Аю-дага,
Як джала, сонцу высунуў язык.

Праплысьці б рэкамі Радзімы раньняй,
Пачуць хаця б на міг прызыўны звон:
Радзімы кліч, кліч буры, кліч каханьня,
Якім чужыя штыль, спакой і скон.
 
13.VI.67, Ялта – Менск.
 
 
 
 
Сэрца гары
Між скалаў вугальна-чорных
Ля вогнішча мару адзін,
І мыс, што спусьціўся ў мора, –
Вастраносы, пачварны дэльфін.
 
Мора цьмянае, мора шырокае,
Ціха хлюпае хлопчык-прыбой,
І зорка, як вышняе вока,
Сочыць з вышынь за мной.
 
І ў душы маёй сум і радасьць.
Я – у ракавіне скалы,
Быццам маг на вялізнай эстрадзе
Перад тварам ночы і мглы.
 
І, як гэта належыць магу,
Чарадзействую я ля агню,
Сьпяваю гімн Карадагу
І яго неспакойнаму сну.

Ты змагаўся зь небам без жаху.
Сек нябесны цябе ятаган,
І расколіна Гяур-Баха,
Быццам шнар на табе, тытан.
 
Сьпіш? Не веру. Пагрозным валам
Ты ўзьмятнуўся над злым і гнілым.
Часам гул: шматтонныя скалы...
Толькі кроплі... А што, як валы?..
 
Мы падобныя. Радасна, мусіць,
Лаву-кроў да кроплі праліць
Дзеля роднай маёй Беларусі,
Дзеля ўсіх народаў зямлі.

Душыць змрок, і густа і глуха,
І ў чаканьні далёкай зары
Я, прыпаўшы да каменя вухам,
Чуйна слухаю сэрца гары.
 
27–29.VI.67.
 
 
 
 
На роднай магіле
Тыя цёмныя цісы і цёмныя кіпарысы,
Тыя зарасьці лаўраў і леташняй ссохлай травы,
І туманныя горы зь Яйлою, марознай і лысай,
Над якімі ўсё цягнуць і цягнуць у родны наш край журавы,
 
Тыя, белыя зь ярасьці, тыя гуллівыя рэкі,
Хмар чароды, што сьнежнай вадой набіваюць вальлё, –
Не забуду я іх, не забуду ніколі, давеку,
Не забуду, як ты, што засыпаны крымскай зямлёй.
 
І прабач за пралескі. Табе б васількі і рамонкі,
Але доўга яшчэ не цьвісьці ім на нашых палях.
Там вада памярцьвела гайдаецца ў чорных палонках,
Там зіма, там на схілах адных і растала зямля.
 
Я скажу табе тое, чаго не сказаў бы я людзям,
Пастаю тут з гадзіну з апушчанай галавой,
А пасьля... Што пасьля?.. Суцяшэньня няма і не будзе:
Я вярнуся дадому, а ты – да самоты сваёй.
 
Не сумуй, што далёка твой край і зялёны і сіні,
Што пралётныя жоравы граюць на весьняй трубе:
Я хацеў бы і скону, і сьмерці ў далёкай чужыне,
Толькі б вочы юнацтва любілі мяне, як цябе.
 
Гэта дзіўна, што мёртвым часамі зайздросьцяць жывыя,
Тым, што песьцілі парасткі, нішчылі ламаўё...
Хай канец, хай атлантаў цяжар на маю несагнутую выю,
Толькі б вечнае шчасьце каханай старонцы маёй.
 
29.III.67, Ялта.
 
 
 
 
Саперніца
Супакоены ўспамін праз трыццаць год
Зноў у старасці будзе Таўрыда. Але ў сэрцы спакой скамянее,
І прыпомню без болю словы пяшчотнай і дарагой:
– Што ў цябе часамі, каханы, так вільготна вочы сінеюць?
Ты кагосьці недзе пакінуў? Ты часамі сумуеш па ёй?
 
Ветрык нячутны з мора. Цішыня рытмічна ракоча,
У вільготнай пахучай цемры магнолій белы падман.
– У яе, напэўна, мой любы, глыбокія сінія вочы?
– Так (і Сьвіцязь успомніў), чысьцейшых і глыбшых няма.
 
Рука на грудзях высокіх. Плыве ў нязнанае ложак.
Цёмных вачніц таямніца, і голас – журботны ўздых:
– Яна, мой апошні, напэўна, вельмі-вельмі прыгожая?
– Так (і Нёман успомніў). Яна прыгажэй за ўсіх.
 
На горных вяршынях пад ветрам, дубоў вясёлыя гульні,
Мора прыбой блакітны, бэзавы скал прыбой.
– Што? Памёрла? Ці, можа, здрадзіла? Не было ў вас мовы агульнай?
– Так, была калісьці маёю, так, не хоча быці маёй.
 
*

Ўсё мінула. Тады ж мінула... Па-ранейшаму неба сіняе,
Але нашу ростань апошнюю ўкрыў няўмольнага часу дым.
Не хацела дзяліць каханьня з другой, зь вялікай жанчынай,
Хай сабе ў той час і нялюбай, хай сабе заручонай з другім.
 
Ўсё жыцьцё абрыкосы квеценьню дарэмна твой сьлед замяталі...
Не вынесла ценю ўспамінаў і начнога дрыжаньня вей,
Бо да скону жадала мяне, бо, як сонца, мяне кахала,
Бо любоў мая пралівалася – хай часамі – тугою вачэй.
 
травень – 27.VІІ.67, Крым – Нарач.
 
 
 
 
Падмогі!
Хай заб'юся – не збочу з дарогі.
Аб граніт падковы зьвіняць.
На ўнамёт распластаныя ногі
Пена падае з храпы каня.

З не майго, зь непатрэбнага раю
Ў родны край, дзе змагаўся, дзе быў,
Я імчуся, бо там адбіраюць
Ўсё сьвятое, што знаў і любіў.
 
Цераз бурыя гораў цясьніны,
Дзе ваўчыныя крочаць агні, –
На палынны стэп, на раўніну,
Дзе вось-вось закрычыць цягнік.
 
Загалосіць, заплача ў трывозе,
Пабяжыць да забытых дубоў,
Бо цябе ў белы сьвет завозяць.
Бо сказалі: забыў я любоў.
 
О, не вер! Хай агонь не згасае!
Азары ім дарогу мячу!
Я з табой! Ты мой боль! Я кахаю!
Меч са мной! Я скачу. Я скачу,

Ўспамінаючы песьню былога,
Як песьню сёньняшніх дзён:
"Каханьне на ложку ў другога...
Рві жылы, мой белы конь".
 
травень – 4 ліпеня 1967 г.
 
 
 
 
Таўрыдзе
Тут мяне, бы ўвесь сусьвет, кахалі,
А пасьля ў руін нябыт зьвялі...
Што ж забыў я ў гэтых голых скалах?
Што рабіць мне на тваёй зямлі?
 
Але ўсё ж за шнары новых ранаў,
За прыбой марскі ў начной журбе,
За пяшчоту, здраду і адданасьць
Я, Таўрыда, дзякую табе.
 
Апускаю зноў сваё забрала...
Вечнай будзь... Мінай цябе канец
За любоў, што ты ў мяне забрала,
За любоў, што ты вярнула мне.
 
травень – 26.VІІ.67, Кабыльнік.
 
 
 
 
ВЯРТАНЬНЕ
На пачатак «Каласоў пад сярпом тваім...»
Шчасьлівы паўнатою сталай сілы.
Спакойнае натхненьне гоніць сон.
Далёка ад мяне калыска і магіла,
І слабасьць дзён вясны,
                                                      і мудрасьць зімніх дзён.
 
Дні, як вякі, амаль ня маюць меры,
І сіла ў рукі просіцца мае.
Пры новым дрэве я паклаў сякеру,
Каб на сьвітаньні ў рукі ўзяць яе.
 
Хай шлях даўгі ты не дасі мне, доля.
Зрабіўшы ўсё і дзён спыніўшы бег,
Спакойна потым лягу я, як поле,
Пад чысты і халодны зімні сьнег.
 
1969
 
 
 
 
Мужныя мятлушкі
Дождж.
І ў дажджы гэтым пух таполяў,
Ветрам узьняты зь зямлі і з дрэў, –
Ўгору ўзьлятае з чорнага долу
Пад безупынны грымотаў напеў.
 
Сэрцу здаецца: праз хмарныя патлы,
Праз бліскавіцы, што б'юць у крыло,
Не хлапякі, а белыя мятлушкі,
Мужныя мятлушкі цягнуць на ўзьлёт.
 
Мужны народ у прыцемку чорным,
Белы народ, што не хоча змаўчаць,
Сьмела ірвецца ўгору і ўгору,
Проста насустрач пагрозным мячам.
 
7 чэрвеня 1966 г. 10 веч. Дождж. Таполевы пух.
 
 
 
 
*  *  *
Ўсё, што было, і ўсё, што часам сьніцца,
Забуду ў лесе, дзе як той капёж,
Як споры дожджык, аблятае гліца,
І шум яе парывісты, як дождж.
 
Зноў бранзавеюць шышкі на ялінах,
Зноў восень на бярэзьніках ляжыць...
Сястра мая бяздольная, асіна,
Апошняю лістотай не дрыжы.
 
Лістоты мала, але трэба верыць
Ў жыцьцё, ў каханьне і ў вясны піры,
Пачуўшы нават мерны гук сякеры
У пасівелым восеньскім бары.
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
Падымаюць жоўтыя галовы
Над вадой гарлачыкі ў Падкове –
Старарэчышчы маёй ракі.
Вечар спаць рыхтуецца у дрэвах.
Тысячамі ходзяць на сугрэве
Маціцова-сінія малькі.
 
Кветкі, памаліцеся, з прадоньняў
Працягнуўшы жоўтыя далоні.
Бачыце, над плынямі Дняпра,
Поўнае пяшчотнай дабрынёю,
Сонца павісае над вадою:
Ўсіх гарлачыкаў старэйшы брат.
 
І, як той гарлачык над вірамі,
Човен мой дрыжыць у цэнтры храма,
І бягуць палосы на лазе:
Сьветлыя адбіткі на зялёным
Ў час, калі аддзячаць мне праклёнам,
Не ўпаду, згадаўшы гэты дзень.
 
10.VIII.1964, Падкова – Чырвоная Гара.
 
 
 
 
Чурлёніс
Як цябе засланіць небывалаю марай,
Як цябе зьберагчы у змаганьні са злом,
Ты, Зямля, ты, сівы адуванчыка шарык
Пад савіным павевам, пад няўмольным крылом?
 
Не дрыжы, не дрыжы, калі ласка, Зямля мая,
Бо навекі расьсеешся ў цемру вякоў,
Абляціш ад атаму, ўспышак рэкламы,
Ад прадажнага ляску друкарскіх станкоў,
 
Ад таго, што безь веданьня зла і нягоды,
Як туман, абыякавы да ўсяго,
Як азійская лава, праплываюць народы,
Абмінаючы ногі раўнадушных багоў.
 
Вось, вось-вось, як ахвяру сонцу памерламу,
Нібы ў згаслую печку засунуць труну...
Ўсё далей хаўтурных паходняў перлы,
Ўсё бліжэй да вечнага змроку і сну.
 
І як толькі каханьне памрэ няшчаснае,
Скінуць гукі і колеры пад адхон, –
Ў канчатковым сконе прасторы і часу,
Павуціньнем аблытаны, спыніцца звон.
 
Ў панаваньні цямноцьця й хаосу гэтага,
Без марэй, без усьмешак, без сонца-ліста,
Я ўздымаю далоні над сьветам безь сьвету
І ўзглашаю яму: «Сьветаносны, паўстань!»
 
Не хачу! – і ўздымаюцца колеры ніцыя.
Заклінаю! – і вось над бязьмежжам зямлі,
Над празрыстымі, быццам лістота, званіцамі
Ў звонкім небе, як хмаркі, лятуць караблі.

Мір усім! – і спыняюцца страшныя воды,
І – хвіліну назад сімертаносна руды –
Акіян жыціця, затаіўшы подых,
Адуванчык пільнуе на кромцы вады.
 
Будзе так! – і зарука ў сонцы і зорах,
У любові і мужнасьці, ў дні і ў начы,
Ў сініх стронгавых замках – літоўскіх азёрах –
І ў бяздонных зяніцах літоўскіх жанчын.
 
20.IV.1966, Рагачоў.
 
 
 
 
Баляда пра сыноў Пітакоса
Арфей сканаў на зьмярканьні,
Аддаўшы песьні марам,
А ліру яго лесьбіяне
Ўзялі і паклалі ў храм.
 
У капішчы Пасейдона
Між сонцам і золатам хваль
Паснулі навек між калонамі,
Зьнямелыя, шчасьце і жаль.
 
Нямыя струны не зналі,
Што іхняй журбы сьляза
Тыграў калісь прымушала
Ногі ў песьні лізаць.
 
Што ў сьвет падземны, агідны
Песьню прынёс Арфей
І вытаргнуў душы з Аіда,
Слёзы – з Плутонавых вей.
 
Што Цэрбер з трыма галовамі
Выраніў шэсьць сьлязін,
Цэрбер, няўмольны, як камень,
Цэрбер, лютасьці сын...
 
Сьцякалі па струнах росы –
Сьлёзы душ, багоў і людзей...
І сын жраца Пітакоса
Прагна на ліру глядзеў.
 
Бо возьмеш яе – і ад Бога
Сам станеш прарок і бог,
І тыгры абліжуць ногі,
І схіліцца сьвет да ног.
 
Нібы перад ангельскім клірам,
Галовы схіляюць звяры...
І ўкраў ён з капішча ліру,
І ў лес уцёк на зары.
 
Нацяўшы срэбныя струны,
Лаўры паклаўшы ля ног,
Пачаў ён плесьці карункі
Эпіліяў, од і эклог.
 
Пачуўшы Арфея ліру,
Прагнучы дзіўнай ігры,
З Атыкі, Спарты, Эпіра
На Лесбас плылі зьвяры.
 
Ліліся, схіліўшы галовы
І пашчы схаваўшы ў траве, –
Трагічна зламіўшы бровы,
Граў для іх чалавек.
 
Ў экстазе хмельным, прарочым
Вяшчаў ён волю багоў,
Сьпяваў, закаціўшы вочы,
І тыгры... з’елі яго.

∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
Павольна мяняюцца людзі:
Бывае і сёньня, што зноў
Сыны Пітакоса судзяць
Арфея слаўных сыноў.
 
І вы меркавалі, напэўна,
Што крыкам аглушыце сьвет,
Што вас пакахаюць царэўны
За ваш казьліны фальцэт,
 
Што досыць адняць у нас пер’і,
Каб ахнуў захоплена час,
Што досыць купіць паперу
Таго ж гатунку, што ў нас.
 
Купляйце... Хопіць чырвонцаў...
Не хопіць – абчысціце храм...
А дзе ж вы купіце сонца,
Што ўсё-ткі належыць нам?
 
А хто вам падорыць, цьвярозым,
Лобныя мукі начэй,
А дзе вы купіце сьлёзы
З Цэрберавых вачэй?
 
Прыйдуць адплатай за ўцехі,
За ваш нікчэмны спакой
Зьвяры забыцьця і сьмеху,
Зьвяры пагарды людской.
 
Нашчадкі Арфея, досыць!
Не вам ісьці на крадзёж.
Не трэба жрацам зайздросьціць.
Вам дрэнна будзе – і ўсё ж
 
За грозную літасьць лёсу,
За зьмей, што вас абплялі,
За шчасьце не быць Пітакосам –
Цалуйце ногі зямлі.
 
1969
 
 
 
 
Корчмы
Дарогі... Корчмы... Ліра за сьпіною...
Ў гадах Хрыстовых – бедным шкаляром...
Засьпее ноч, засьпее дзень слатою –
Паўсюль мне стол, любоў, цяпло і дом.
 
У торбе за сьпіной – пяшчоты словы,
Для песьняў клетка, соль, тытунь, цацні,
Кашуля, нож і вышыты, суровы,
Нескарыстаны за гады ручнік.
 
І горкіх жартаў поўныя кішэні
Замест манет. Хто хоча – той бяры.
А ўцерціся дадуць у кожных сенях,
А не дадуць – абсохну на вятры.
 
На кожным дрэве – дамавіты сьвепет,
А я – па людзях мёд разношу свой.
Палі, лясы зь няроўным сілуэтам
І крумкачыны грай над галавой.

Пярун злуецца на мае справункі.
Дзьме ў грудзі мне раз'ятраны Пахвіст,
А я нясу на веях – пацалункі,
Ў расколе вуснаў – салаўіны сьвіст.
 
Адбітая у зрэнках, бы ў палонцы,
Зямля мая ўстае перада мной,
Высокая і чыстая, як сонца.
Чысьцейшая, бо плям няма на ёй,
 
Бязьлітасная, добрая, сьвятая,
Ўся зьведаная, як дзядоў палі,
І кожны дзень нязнаная, як тая,
Што не суседзі, а багі далі.
 
Па ёй іду ад самага сьвітаньня,
Рукамі гладжу глог і жаўтазель,
Каб кожны вечар за смугой барвянай
Убачыць грыб страхі і журавель.
 
І сесьці пад страхой, што пахне дымам,
І песьняю нягучнай ля агню
Аддзякаваць шматлікім гаспадыням
За горкі хмель і вуснаў дабрыню.
 
Ласкавыя, як жнівеньскае лета,
Адданыя, як сьпелыя палі,
Глядзяць, на рукі ўсьпёршыся, кабеты
І ўспамінаюць, што было калісь.
 
Трывожныя, няўтульныя, як сломкі,
Яны ў адрынах кудлы гладзяць мне...
Густыя сьцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй сваёй азёрнай старане.
 
І што мне недзе за высокай брамай
Чырвоных, прагных вокан каламуць,
Што ў ноч глядзяць, і чамкаюць грыбамі,
І думаюць, што з часам праглынуць?
 
Што мне яны, калі, як дар адзіны
За тую песьню, што нясу ў карчму,
Чырвоных, горкіх вуснаў арабіны
Мне сьвецяцца – не ведаю чаму.
 
Калі за простую прыпеўку тую
Ва ўсіх хацінах у маіх краях
Мяне, здаецца, песьціць і цалуе
Уся зямля мая. Зямля мая.
 
Калі яна, Любоў, рукамі ломкімі
Ва ўсіх адрынах кудлы гладзіць мне.
Густыя сьцежкі, частыя карчомкі
Па ўсёй маёй азёрнай старане.
 
14.09.1964.
 
 
 
 
Надзея лістападу
Лістапад маё сэрца забіў, забіў,
Я іду ў зімовую бель,
Згубіўшы ўсё, што магчыма згубіць,
Акрым вечнай веры ў цябе.
 
Я веру, ты недзе жывеш, жывеш,
Ты таксама пакуль што сьпіш,
Да лесьнічоўкі глухой ідзеш
Або ў зьзяньні сафітаў стаіш.
 
Магчыма сярод чужынскіх сьнягоў,
Магчыма ў родных лугах,
Магчыма ў доме сябра майго,
Як дух яго ачага.
 
І сьпяшаюцца ногі ў зімовую бель
Насустрач вясьне і ільду.
Я іду ў сваю восень шукаць цябе.
Здолею – значыць знайду.
 
Ты – заранкі апошняя паласа,
Ты – рабіна ў асеньніх палях,
Вецер надзеі ў маіх валасах,
Росы сьлёз на маіх нагах.
 
І мне нельга згубіць цябе. Ў цемры вякоў
Атрымаць замест вуснаў жывых
Адчай Алімпа, дзе з вольных ваўкоў
Робяць дачных псоў вартавых.
 
Ў валасах маіх сьнежная восып руж,
У душы замест сьнежня – май.
Я знайду цябе, сонца, вазьму, забяру,
Бо мяне безь цябе няма.
 
Ты чуеш? Я грозную песьню вяду,
І лясы забываюць свой сон.
Я іду – ты чуеш мяне? – я іду,
Твой меч, твой пярун, твой агонь.
 
Я іду, каб навекі абняць твой стан,
Я іду, як шчасьце і жах,
Закаханы ў цябе асеньні буран
Зь пялёсткамі ў валасах.
 
1969
 
 
 
 
Белавежскі алень
За спакоем тваім сонца майскае радасна сочыць,
Над табою ў блакіце бязьмежных лясоў палавень...
Дык чаму ж у тузе твае мудрыя сумныя вочы,
Белавежскі алень.
 
І адказваюць вочы, рахманыя, поўныя жалю:
– Як схаваць мне тугу, і пакорлівасьць лёсу, і жах,
Калі тысячы год маіх продкаў падступна хапалі,
Калі сто пакаленьняў канчалі жыцьцё на зубах?
 
Я ляжу ля кармушкі. Лагодны і радасны ранак
Сотні сонечных зайчыкаў сыпануў мне на бок.
Але сьню я бязьлітасны пошчак крывавых маланак
І – ў зэніце прыпынены – мой апошні скачок.
 
І ў вачах маіх, чорных пэрсідскіх, тужліва-бяздонных,
Ёсьць вышэйшая мудрасьць пяшчотных і ўпартых істот,
Бо на гэтай няладнай зямлі мы ратуем ад вечнага скону
І ўратуем наш добры, трывалы і моцны народ.
 
Ён ідзе да мяне і да друга, як сьцішаны вецер,
Галаву падстаўляе, спадзяецца, што сэрца кране:
«Вы мяне не зачэпіце? Вы мяне зьберажэце?
Пашкадуйце мяне! Калі ласка... Пашкадуйце мяне...»
 
9.V.1963, Брэст. 8-га езьдзілі ў Белавеж.
 
 
 
 
Каложа
Каложа, туга мая сmветлая!..
Ў чорны Нёман па чорным шкле
Сіняй кропляй спадае ракета,
Быццам зорка ў ціхі Бетлем.
 
Ў вокны цёмныя заглядае,
Зьзяньнем бледным шукае кутка,
Дзе хваіна ў грубцы страляе,
Дзе ў жанчыны дзіцё на руках.
 
Глянь, абраная. Гэта не ў Нёман,
Не ў цямноцьце, не ў сон, не ў драму –
Ў веліч падае зорка бяздомная,
Ў сьнег і ў сэрца сыну твайму.
 
І ў няпэўным хвілінным блакіце,
Ўся адзіная, ўся са сьвятла,
Зь небам, зь Нёманам, зь зямлёю зьлітая,
З сэрцам нашым – Каложа ўзрасла.
 
Трохі ў зелень, як пер'е качынае,
Трохі ў бэз і трохі ў гранат,
Уся – крышталь невыказна сіні,
Ўся – як край наш, як сон, як вясна.
 
Ўскінь далоні тонкія ўгору,
Сыну неба акрэсьлі шлях,
Каб навекі адбіліся зоры
У тваіх і дзіцячых вачах,
 
Каб ніколі перуны чужынныя
Не асьмеліліся скасіць
Ні цябе, ні Каложы, дзяўчыны
Зь ніў і пушчаў Беларусі.
 
І калі ўзьнясе вас над сьветамі –
Прыгадайце ў вечным сьвятле,
Як самотная зорка – ракета
Ціха падала ў цёмны Бетлем.
 
1967
 
 
 
 
Багдановічу
Сьцюжны час, бязьмежна-суровы.
Сьпіць народ, нібы зерне ў ральлі...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Ты прыйшоў і гарачым словам
Рунь узьняў на роднай зямлі.
Ты сказаў нам: «Унукі Скарыны,
Дзе ваш гонар, моц і краса?
Ёсьць і ў вас, як і ў іншых, сьвятыня.
Не давайце сьвятыні псам!
Не давайце зь яе глуміцца,
Бо прасьпіць яна ясну зару,
Бо сьвяты ізумруд заімгліцца
У пярсьцёнку тваім, Беларусь».
Ты устаў на лютую сечу,
Бітву вечную сонца і хмар,
Узваліўшы на юныя плечы
Сьвятагораў народны цяжар.
І ня вынесьлі жылы напругі:
Зьнік ты, лебедзь, у хвалях сівых,
Сплыў крывёю, загінуў «за другі»,
За мяне, за вас і за ўсіх.
І застаўся ты ў нашых душах,
Хоць навекі зьнік у палях,
Вечна сьветлы і вечна дужы,
Вечна юны, як наша зямля.
Мы табой ганарымся – і плачам.
Мы нясём цябе ў сэрцы праз дым...
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
Нізка голаў схіляю, юнача,
Перад вечным глаголам тваім.
Сьмела крочу цяпер у пяскі я
Перад сьветлай заветнай гарой,
Бо як ёсьць у народа такія –
Не загіне давеку народ.
 
9.XII.1966. Менск.
 
 
 
 
Дзядзькаў кубак
Ты жыў у невялічкім гарадку,
Мой кроўны дзядзька, просты і вялікі,
Душэўны чалавек. Яго душу
Узгадавалі старыкі і плаўні
Адвечнага, як Беларусь, Дняпра.
Што ведаў ён?.. А тое, што й суседзі:
Маленькі гарадок, заліты сонцам,
Крандaль у садзе, хвоі на адхонах
І ветразь, сіні ад паўночных зор.
Было ўсяго. Зьвінела скрыпкай шчасьце,
Але часьцей, як шчупаку ў ярузе –
У яме, што Дняпро на паплавах
Пакінуў пасьля повені, – ў адчаі
Даводзілася думаць аб паветры
І целам біцца аб траву і торф.
Ён, як вугор, не поўзаў па расе,
Быў сынам хваль дняпроўскіх, – і аднак
Ён выжыў, выжыў, вырасьціў сыноў,
Зьбярог дом дзедзіч, напаіў сады,
Хлусіў для смеху, жартаваў, сьмяяўся
І працаваў, як глеба, як Дняпро.
Вайна пажэрла ўвесь набытак роду.
Застаўся дзядзьку толькі добры розум
Ды дзедаў срэбны кубак на дзьве кварты.
Падымеш – хваля ходзіць... Вось і ўсё...
Дванаццаць год таму, зусім хлапчынай,
Якому ўсё на сьвеце зразумела,
Які вышэйшай думкі аб сабе,
Балбоча вершы, як індзейскі певень,
І пагарджае ўсім, акрым сябе,
Бацькоўскім домам і старой таполяй,
Рыдлёўкай, гноем, садам і палямі,
Я пакідаў «навекі» родны дом.
Стаялі коні ўжо каля варот,
Быў вечар жнівеньскі, як колас, жоўты.
Лугі зарэчныя сьпявалі нешта
Далёка, невыразна – аб каханай,
Аб коніку і аб бялых падушках,
І гэта ўсё, напоенае сонцам,
Я зь лёгкім-лёгкім сэрцам пакідаў.
«Бывай, – сказаў мне дзядзька, – толькі... ведай:
Нічога не магу табе пакінуць,
Вось толькі, можа, даўні гэты кубак,
І сэрца, і асеньнія палі...
Бывай, сынок, п'ю за пуховы шлях».
І ўзьняў свой кубак з маладым і даўкім,
Дурным віном паўночных нашых лоз.
Даўно ўжо коні рушылі, і ганак
Паплыў, паплыў назад. І ўсё ставала меншым,
Бы ў дні дзяцінства, калі сон бярэ.
Але нясьцерпна доўга, доўга, доўга
Быў бачны на верандзе сумны дзядзька,
Што піў, прыўзьняўшы кубак напалову.
Гады мінулі. Шмат я разгубіў
І шмат я страціў на шляхах сваіх.
Сябры забылі. Вершы падманулі.
І ўсё часьцей я ўспамінаў чамусьці
Лёт зімародка над ракой начною,
Бяссонныя шаломы курганоў,
Дубы часоў варажскіх у размывах
Пустынных берагоў. Лістоты шум.
Бязгучныя, крывавыя зарніцы
І неадольны кліч маёй зямлі...
О мой народ! Даруй дурному сыну,
Што кінуў дом бацькоў дзеля карыта,
Зь якога еў са сьвіньнямі свой хлеб...
Я больш не мог. Я кінуў камяніцы.
О, як сьпяшаюцца ў дарогу ногі!
Які павольны бег у цягніка!
Як незваротна, як з клепсідры рымскай,
Пясок сьцякае з хісткіх колаў воза!
Вось дзядзькаў дом расьце, бы ў снах дзяцінства.
Спускаецца, як дараваньне, вечар.
Хрушчы басяць пад клёнамі. І мне
Раптоўна стала сьмешна... Стала сьмешна...
Здалося мне, што ціха вар'яцею:
На ганку ў глыбіні двара... На ганку,
Аплеценым, як сецьцю, «панічамі»,
Стаяў у той жа самай позе дзядзька,
І хваля хвосткая хадзіла ў кубку,
І кубак у яго руцэ узьнятай
Быў апарожнены амаль да дна.
Як быццам Сож зьмяшчаўся ў гэтым кубку,
Як быццам дна у кубку не было,
І ўсе дванаццаць гэтых цяжкіх год
Ён піў свой кубак за мяне, за іншых...
Ён піў, трывала ўсталяваўшы ногі,
Віно з паўночных, даўкіх нашых лоз,
Ужо старое, як сівыя ніці,
Што серабрылі галаву яго, –
Я да яго пайшоў хадой імклівай.
Я раптам зразумеў... Я зразумеў...
А ён, павольна апусьціўшы чашу
І не зьдзівіўшыся майму з'яўленьню,
Сказаў мне вельмі проста: «Ты... Вярнуўся...»
І працягнуў мне кубак: «Дапівай!»
 
26.ІІІ.62. Палова першай.
 
 
 
 
Нашы бярозы
Танкі з крыжам ляцелі на лес празрысты.
Дым мяшаўся зь зямлёю. Сьцяліўся пажар.
Палала бярозка, танюткая, чыстая,
Без стогну, як Жанна д'Арк.
 
У дрэўцы, кволенькім, як мімоза,
Цякла зямлі маёй мужная кроў...
Я знаю, як гінуць нашы бярозы:
Без плачу. Шапкі далоў!
 
1969
 
 
 
 
Маленьне аб чашы
Паплавок то спачне, то адплыне,
Сьвіцязь дрэмле ў зялёных гаях,
Нібы поўная чаша сіняя,
Малахітавая па краях.
 
Сонца нізкага спляснуты персік,
Пад вадою – стронгаў палі...
Чаша ўнізе і чаша ўверсе.
І – як мошка – я ў крышталі.
 
У чаўне на каленях тулюся.
Скача воддаль падзёнак сям'я
І канае з сонцам. І ў скрусе
З сонцам гасьне душа мая,
 
І любоў да цябе, як мора,
Расьцякаецца ў ціхай журбе
Ад Адама, што даў табе корань,
Да Адама, што ўславіў цябе.
 
Ад падзёнак у сінім дыме,
Ад апошняй былкі гарбоў –
Да пагодкаў тваіх, Радзіма,
Дзесяцівяковых дубоў.
 
Беларусь мая, ты адзіная,
Перад кім на каленях стаю:
Мне, слузе твайму, цяжка загінуць,
Лёгка – жыць у славу тваю.
 
Лёгка зь песьняй глядзець у вочы,
Цяжка – кроўю расіць чараты...
Ўрэшце, як сабе ты захочаш,
Ўрэшце, як сабе вызначыш ты.
 
Калі прыйдзе на нівы нашы
Сьмерць з касою сваёю крывой –
Не мінай мяне гэтай вось чашай,
Што барвее заходняй крывёй.
 
Як магу я не йсьці на пакуты
За цябе, за спакойны твой дым,
Я ўсяго толькі мошка, закутая
Ў свьетаносным бурштыне тваім?!.
 
1969
 
 
 
 
*  *  *
Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай,
Па-над плыньню чырвонай і рыжай травой
Плачуць чорныя цені на фоне пажару,
Моляць кані аб кроплі вады дыжджавой.
 
Майскі дзень, засынаючы, сьніць аб сьвітаньні,
І ў цішы, чорным ценем на стужцы зары,
Моляць белыя, белыя, белыя кані,
Плачам думаюць зь небам сябе памірыць.
 
І плыўкі нашы ў зарыва адплываюць,
І ў імгле, той, што скончыцца ўсё-такі днём,
Верыць можна ў зару і сьвятло, што чакаюць
Нават там, за апошнім дубовым крыжом.
 
Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,
Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,
Што барвее на поплаве дзікая ружа,
Шчара плешча – без нас, кані плачуць – без нас?
 
Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,
Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых, –
Толькі б майскай часінай давеку, давеку
Над вячэрняю Шчарай цьвілі паплавы.
 
Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,
А п'яны – ад празрыстай расінкі адной,
І любіў бы, і вымаліў людзям і каням
Дараваньне, сьвітаньне, любоў і спакой.
 
24.V.67, Менск.
 
 
 
 
Вільня ў дождж
Вільня ў дождж, як старая гравюра у «Тэцы Віленьскай»:
Праз завесу дажджу – кожны дах у штрыхах, як страха,
Крадуць даль туманы. Ўсё ў зьвівах, нібы на паперы вяленевай,
Ўсё з шматлікіх штрыхоў, ўсё ў касых характэрных штрыхах.
 
Ўсё з дакладнай штрыхоўкі гравёра: завеса туману,
Пляма вежы, забытай у дождж на вяршыні гары,
І акрэсьлены контур званіцы вялікага Яна,
І, ля ног яго, пастка зь цямноцьця і цэглы – Муры.
 
Я не ведаю, дэман які над гравюрай пануе пахмура?
І чые гэта вочы халодныя ў віслых мяшках
Разглядаюць яе? І чыя гэта крэсьліць крыжамі гравюру,
З жыл-вяровак, старэчая, злая, сухая рука?
 
1969
 
 
 
 
Нявесьце Каліноўскага
Недзе поруч ляжалі дарогі,
Кліч каханьня ляцеў ад ніў,
Але ён не кахаў нікога,
Бо занадта Радзіму любіў.
 
Варты лепшага ў сьвеце каханьня,
Рана скончыўшы мужны палёт,
Русы хлопец золкім сьвітаньнем
На высокі ўзышоў эшафот.
 
Плач людскі барабаны крыюць,
І ад пошчаку глухне зямля.
На высокую гордую шыю
Успаўзае зьмяёю пятля.
 
З плачам жоравы пралятаюць.
Курганы і магільны жвір,
Непалітая ніва сьвятая,
Плач жанчын, эшафот і Сібір.
 
Нікні гожаю галавою,
Па нязнанай страце ўздыхай.
Дарагая, ты стала ўдавою,
Не пабачыўшы жаніха.
 
Вашы кветкі ў лугах завялі,
Месяц марна згарэў над ракой,
Ты чакала яго, а стала
І нявестай і жонкай чужой.
 
І чамусьці ў сэрцы, як рану,
Я нясу твой нязбытны лёс,
Не даруючы ўсім тыранам
Непралітых табою сьлёз.
 
5.VІІ.60, Ворша.
 
 
 
 
Мы
О сусьветнае, ўсёпераможнае маўчаньне першай зямлі,
Калі выйшла яна з гарніла агню і пакуты,
Перайшла ад кіпеньня жыцьця да імгненьня сну і спакою,
Да імгненьня. Ў абдоймах прабыўшы ў агню мільёны стагоддзяў,
Астывала ад іх, каб жыцьцё маўкліва зачаць.
 
О зямля пераможнай, бязмозглай і яраснай цягі,
Перамагаючай у змроку і выпарэньнях,
Калі дзіка крычаць брантазаўры, зьвіваючыся між хвашчамі
І дурманнымі папарацямі ў ліловай вадзе.

О зямля перамагаючай чалавечай пяшчоты,
Калі дойлід за сьмех Хатшэпсут з каменьняў будуе легенду,
Калі майстра мадон ад каханьня ўмірае ў абдымках каханай,
Калі я аддаю ўсе імгненьні свае для яе.
 
Хто ж мы, маці-зямля? Мы ўсе твае дзеці,
Мы нязьменныя і, як ты, кожны час шматтварыя.
Мы з чакаючай гліны на родным полі, маўклівай і туга ўпартай,
І з агню, што віруе пад ёю, з гнева і страсьці,
І зь пяшчоты, што дзіўна ляжыць у губах Неферціці.
Мы такія, і будзем такімі – давеку.
Прабудзем – давеку.
 
12.II.62.
 
 
 
 
*  *  *
Як сканаю – душа застанецца
Ў зьзяньні кожнай крынічнай сьлязы,
У аеру, што зь ветрам сячэцца,
Ў срэбных хвалях дняпроўскай лазы,
Ў бадзяках, што мячамі суровымі
Кожны родны вартуюць пляцень,
У шыпшыне, што ля Загор'я
Ля старэнькай капліцы цьвіце,
У азёрах паўночных і ў нетрах,
У чырвоным начлежным агні,
Ў пільным флюгеры, што пад ветрам
Над страхою ў каханай зьвініць.
І аднойчы, на золку бязьлюдным,
Уздыхне яму ветрык: «Пара!» –
І павернецца ён, і разбудзіць
І дзяўчыну, і сьвет, і край.
Будзе сонца.
Пад неба ў блакіце
Дуб-Атлас падставіць плячо, –
І тады вы той флюгер разьбіце
Справядлівым і новым мячом.
Досыць мне чуць трывогу начную,
І сачыць, і кружляць на шпілі:
Абцяжарваць памяць зямную –
Не найлепшае на зямлі.
Што да сьнежня вечнаму маю?
Ціха! Сплю! Да сканчэньня дзён
Сплю ва ўсім, што ты ёсьць, дарагая!
Вечны ўзьлёт табе!
Вечны мне сон.
 
4.V.1966. Рагачоў.
 
 
 
 
Безгаловая Вэнэра
Стаю ля яе ў задуменьні
І голас пяшчотны чую:
«Прыйдзіце, мужчыны, ад зброі, –
Ўлоньне маё сумуе.
 
Прыйдзіце, мужчыны, ад сечаў,
Ад турмаў, ад страт на сьвітаньні.
Адзінае ёсьць на сьвеце:
Сумленьне, братэрства, каханьне».

І думаю я неадчэпна:
За што ж ты бяду спаткала?
За што галаву ты згубіла?
Якую праўду сказала?
 
16.ХІІ.1961 ВСК. Напісаў у будынку ВЛК.
 
 
 
 
Medusa Ludovisi ў Рыме
Сьпіць Эрынія. Ў грозных веях
Цень прароцтва вялікага лёг.
Помства сьпіць. Касмылёў зьмеі
У спакоі тояць скачок.
Сьпіць яна. Бяздумна і глуха.
Сны аб праўдзе і роўнасьці сьніць...
Ціхі гук:
Будзільнік над вухам
Папярэдзіў, што зазьвініць.
 
5.ХІ.1964
 
 
 
 
Землятрус
Пад кайданамі гор акіяны гараць,
Там шалёная лава цячэ...
«Не душы мае грудзі, зямная кара!..
Я жывая яшчэ!
 
Чуеш? Мне абрыднуў каменны прыгон!
Чуеш? Чуеш? У тоўшчы зямной,
Ў нетрах гор уздыхае вялізны гонг
З мора Чорнае велічынёй».
 
Тут. Тут. Тут. І там. Там. Там.
Гонг грыміць пад зямлёй, ракоча тамтам.
Чуйна вушкі наставіў насцярожаны трус.
Набліжаецца землятрус.
 
Лані горныя пакідаюць бары,
Захлынаюцца ў рэчках язі.
Вось... Вось-вось пакажа вяршыня гары
Небу першы крывавы язык.
 
Ўскалыхнула мора сваю тугу...
Глей узьняўшы, як кроў, руды,
На дрыготкі бераг цунамі бягуць,
Хмарачосы з чыгуннай вады.
 
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсьне, зломіцца ў курчах зямная вось,
Нівы моршчацца, мнуцца, нібы абрус.
Землятрус! Землятрус! Землятрус!
 
Сьвет аглух ад архангельскай страшнай трубы.
Горы крычаць: «Ратуй!»
Ад штуршкоў пад падэшвы ўзьлятаюць дубы,
Вежы замкаў у неба лятуць.

Вылятаюць з расьпяцьцяў, як кулі, цьвікі,
І, гнілы уздымаючы пыл,
У крывавыя хмары лятуць мерцвякі
З праслаўленых хцівых магіл.
 
Чуеш? Вось... Чуеш? Вось! Вось! Вось!!!
Трэсьне, зломіцца ў курчах зямная вось.
Разьляціцца зямля, як пад доўбняй гарбуз.
Землятрус! Землятрус! Землятрус!
 
Бачыш? Бліскаўкі нараджае туман,
Нарастае, клубіцца імгла, –
Гэта лавай з адгор'яў цячэ гурма
Ў чорнай цемры і ў барве сьвятла.
 
Іх самбрэра – як хмары над сьветам сьляпых,
Іх мачэтэ – як грозны жах,
І маланкі над імі мігцяць, як сярпы,
А сярпы – як маланкі ў руках.

І зямля трасецца пад іхняй ступой.
Гора ж тым, хто, сьляпы як крот,
Паспрабуе заціснуць рукою сваёй
Землятруса адверсты рот.
 
11.VII.1967.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.