РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Някляеў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Знак аховы
 
 
Як ліст перад травой

 
 
Даведка аб нараджэньні. Судовая справа
 
Дамбай
 
Закон блуканьня

 
 
Майстры вясны
 
*** Мне трыццаць. Час настаў такі...
 
Паляваньне
 
Семя
 
Пакінуты бераг
 
Тураў
 
Сустрэча
 
Арменія
 
Акын
 
Словы замовы
 
Чэці
 
Рубеж
 
Апошні верш
 
Ляўкі
 
*** Прызнаць віну, якой ня варты вы...
 
Аб’ява аб найме кватэры
 
Талін
 
*** Не дазволь пайсьці мне... Затрымай...
 
Лесьнічоўка
 
*** Праводзіла з дому...
 
*** Вачэй тваіх сумненьне...
 
*** Руіны замка...
 
*** Спакусы яблык дасьпеў на яблыні...
 
*** Апраметная. Эдэм...
 
*** Выйшаў. Хіснулася поле...
 
*** Скончылася лета... Не сумуй!..
 
Куліна
 
*** Паедзем у Цхіву, Карын...
 
*** ...Брат, забывай, што малады...
 
Харэі
 
*** Жанчына...
 
*** Праплыў пэрон і зьнік...
 
*** Ня зь першага крыку...
 
У садзе над ракой
 
Квадры Марса

 
 
Гарманіст
 
На катэры «Грозны»
 
Фотаздымак
 
Дажджынка
 
Труна
 
Бяроза болю
 
Ружа вятроў
 
Маланка. Аповесьць пра каханьне
ЯК ЛІСТ ПЕРАД ТРАВОЙ
Даведка аб нараджэньні
Судовая справа
1

 
Год пасьляваенны. Год работны.
Шчэ з руін ня выветрыўся дым,
А на танцах, звыклыя да поту,
Кірзачы і хромавыя боты
Рэжуць полькі
                                крокам страявым.
Год надзейны. Год пасьляваенны.
Шчэ падлікі страт не паіменныя –
I маўчаць хатынскія званы,
І да мёртвых –
                                  літара за літарай
З плачам, галашэньнямі, малітвамі –
Пісьмы йдуць
На той канец
Вайны.
 
Год пасьляваенны. Год гаротны.
Шчэ жыцьцё паўзводнае, паротнае,
Хлеб па картках і па картках соль,
I людзей – хоць ёсьць таварыш Сталін,
Хоць перамаглі і адстаялі –
Аніяк не адпускае боль.
 
Ён – нібы пад рэйкамі ўзрыўчатка.
 

2

 
Касавіца.
Ліпень напачатку.
Не да сьвятаў. Хутка час жніву.
Старшыня пахукаў на пячатку,
Пляснуў па даведцы –
I жыву.
Першы сорт. Пасьляваенны выраб.
Чым прырода апраўдала выбар:
Быць
    альбо ня быць мне
                    на зямлі?
Як неверагодны выйгрыш выпаў?
Бацьку
Снайпер выбіваў – ня выбіў,
Маці ў роў вялі – не давялі.
 
Вось з вайной
            мая прамая сувязь,
Лёсаў і крыві густая сумесь,
Што праз марлю год
                  не працадзіць.
Памяцьцю сваёй
Я не свабодны:
Сутыкненьне нацый і народаў
Вырашала –
          быць мне ці ня быць.
 
А душа мая
Шукала цела.
 

3

 
Быць хацела! Дыхаць ува мне!
Ля траншэй цьвіла рамонкам кволенькім,
Калй дотаў стракатала конікам... –
Не! –
 
Новенькі,
Бліскучы,
Зь меткай «супер»,
Не зьявіўся – выжыў я насуперак
Вайне.
 
На прамежжы
Азіі з Эўропай
Як хачу
                сьвячу ружовай попай,
Знаць ня знаю пра сваё жыцьцё,
Крэўны сын
Някляева Пракопа,
Стасі Магер
Роднае дзіцё.
 

4

 
Трое нас.
Ніводны не забіты.
 

5

 
Сорак шосты.
Дасьпявае жыта.
Час вялікіх спраў –
                  не да малых!..
 
Нават чарку кінуў недапітай
Схаршыня на хрэсьбінах маіх.
 
Старшыня – начальнік адмысловы.
Франтавік.
Герой.
Гвардзеец.
Франт.
Казыраў ён нетутэйшым словам
«Факт» –
I парыпваў кабурою новай,
Мэдалямі, сьлепячы, зьвінеў...
 
Ён сказаў на хрэсьбінах прамову.
Вось што я з прамовы зразумеў:
 
Факт,
Што набірае моц Радзіма.
Факт,
Што ў нашых ворагаў інфаркт.
Факт,
Што жыта сёлета ўрадзіла.
Нарадзіўся я – таксама
Факт.
 
Факт яшчэ, што банда паліцаяў
Не дабіта ў Суцькаўскім бары...
 
«Ды пра паліцаяў – абяцаю», –
Шчоўкнуў старшыня па кабуры.
Той парою
Шчоўкалі заўзята...
 

6

 
Ноччу бралі Кабянка Ігната,
Першага бандыта на раён.
Узялі. Вяскоўцам паказалі.
– Ён? – спыталі.
– Гэты, – адказалі.
А сівы Стапуль сказаў:
– Ня ён.
 

7

 
Трох красунь-нявестак Стапулёвых
На суках таполевых, вясновых
Весела
Ігнат павесіў быў:
Першую – бо мела кроў чужую,
Бо хавала першую –
                  другую,
Трэйцюю... –
Бо троіцу любіў.
 
Зь імі побач, на суках кляновых
Трох сыноў-асілкаў Стапулёвых
Кабянкова банда падняла:
Першага – бо выкраў вартавога,
Бо ня выдаў першага –
                    другога,
Трэйцяга... –
Каб троіца была.
 
Тры начы і дні гайдаў іх вецер...
 

8

 
Ці на вецьці ружавее квецень,
Ці лісты асеньнія ляцяць, –
Гэтыя тры клёны,
Тры таполі
Дзень і ноч на Стапулёвым полі
Шэпчуцца,
Калышуцца,
Шумяць.
 

9

 
А Стапуль сваё:
– Ня ён. Ня гэты.
 

10

 
Сорак шосты.
На зыходзе лета.
Сад. Калыска. Вечар.
Ля вульля
Падаюць самлелыя ранеты.
 
Роіцца натоўп ля сельсавета.
Суд сягоньня.
Судзяць Стапуля.
 
Суд у фрэнчах.
Хросны мой за сьведку.
Ён суду паказвае даведку
Зь дзірачкай ад кулі на ражку.
Холадна ў прасьцяг глядзіць ахова.
Кожнае тут сказанае слова
З хаты ў хату йдзе па ланцужку.
 

11

СУД

Пратакольны запіс

 
Хросны (то запнецца, то саб’ецца):
– Па законах новых, па савецкіх
Я панёс малога ў сельсавет.
 
Г о л а с

 
Мог і без малога.
 
X р о с н ы

 
                Дык ня ведаў.
Думаў, як хрысьціць...
 
С у д

 
Адзін?
 
X р о с н ы

 
З суседам.
 
С у д

 
Стась Стапуль сваяк вам?
 
X р о с н ы

 
                        Так, сусед.
 
С у д

 
Дык сусед або сваяк?
 
Г о л а с

 
                    Суседзі.
 
Х р о с н ы

 
Старшыні няма.
«Чакайце, едзе...»
А ў мяне і час быў, як знарок.
Ну, сядзім.
Чакаем. Словы доім...
 
С у д

 
Што?
 
X р о с н ы

 
    Гамонім. Уваходзяць двое:
Старшыня і гэны...
Кабянок.
 
С у д

 
Без канвою?
 
X р о с н ы

 
          Той пасьля заскочыў.
Старшыня счарнелы –
                  нават вочы
Быццам з галавешкамі на дне.
Кажа: «Факт. Пазналі гада дома».
Я кажу: «Дык чалавек вядомы».
А Стапуль як ёсьць упёрся:
«Не».
Старшыня ўдыбкі – і на старога:
«Пакажы мне Кабянка другога!
Ворага шкадуеш, маць тваю!..»
 
С у д

 
Далікатней...
Тут жанчыны, дзеці.
 
С т а п у л ь

 
Прызнаю ўсё існае на сьвеце.
У зьвярах людзей не прызнаю.
 
X р о с н ы

 
От, сказаў ён так – і я паверыў.
 
С у д

 
Дзе Стапуль сякеру ўзяў?
 
X р о с н ы

 
                        Сякеру?..
Каля печы, мусіць... Каля дроў.
 
Г о л а с

 
Сам прынёс!
Якія летам дровы!
 
X р о с н ы

 
Кабянок жа гэны – зьвер здаровы.
 
С т а п у л ь

 
Безь сякеры нельга ля звяроў.
 
С у д

 
Так. Далей?
 
X р о с н ы

 
          Ён кінуўся на Гната.
 
С у д

 
Хто?
 
X р о с н ы

 
    Стапуль.
 
С у д

 
            А вы?
 
X р о с н ы

 
                Я вінаваты.
За руку схапіў:
«Чакай, сусед!»
Старшыня адразу зь пісталетам;
Кабянок – убок,
              і скок... і гэта:
Выбіў старшынёвы пісталет.
 
З крыку і дзіця загаласіла.
Кабянок, нячыстая ён сіла,
Цэліцца ў яго:
«Хто зробіць крок...»
Я яму: «Ігнат, пабойся Бога...»
Старшыня загарадзіў малога.
Кабянок націснуў на курок.
 
I тады Стапуль яго
                  сякерай...
 
Тут ужо набеглі...
Насьцеж дзьверы...
Выскачыў з малым я –
                    ледзь стаю...
 
С т а п у л ь

 
Вінаваты ў старшынёвай сьмерці...
Прызнаю ўсё існае на сьвеце.
У зьвярах людзей
Не прызнаю.
 
Г о л а с

 
А даведка?
 
X р о с н ы

 
          Ды была гатова:
Вось, знайшлі ў кішэні старшынёвай..
Нічыёй паперка стала б, каб...
 

12

 
Мне даведку тую не вярнулі;
Падшывалі –
Шчэ адну праткнулі
Дзірачку,
        такую ж, як ад кулі,
Там якраз, дзе прыназоўнік «аб».
 

13

 
Зноў шумяць
Тры клёны,
Тры таполі.
Зноў бяда на Стапулёвым полі.
Хата сьсірацелая гарыць.
Год пасьляваенны. Год суровы.
Шэпча вёска Стапулёвы словы.
Я яшчэ вучуся гаварыць.
 
Я пакуль ня ведаю, што лёсам
Зьвязаны з сусьветам,
Што за лесам
Столькі вышыні і шырыні,
I што ўсім
          жыцьцю я абавязаны,
А яно, як сноп той, перавязана
Перавяслам лёсу старшыні.
 

14

 
...Я аднойчы ўстану сярод ночы
I зусім спакойна гляну ў вочы
Горкай,
            перакручанай,
                                    сірочай
Стапулёвай праўдзе. I мане.
А пакуль жыву, нібы ў разьведцы:
Кабянок скрозь дзірачку ў даведцы
Зь пісталета цэліцца ў мяне.
 
 
 
 
Дамбай
Так блізка да неба –
                                          хоць зоры ў папаху зграбай.
Узьняўшыся ўверх
                                          па сьцяжыне абрывістай, коўзкай:
«Дамбай!» – я гукнуў.
Пракацілася рэха: «Дамба-а-й».
I ценем прайшоў па вяршынях Мікола Гусоўскі.
 
– Куды вы? – спытаў я.
– Нікуды.
– Адкуль?
– Ніадкуль.
 
Прайшлі альпіністы –
Элітныя дзеці прагрэсу.
– Са мной ты ці зь імі?..
Рашай, як захочаш, пакуль
Кастры не пагасьлі
I песьні сьпяваюць чаркесы.
Мы рушылі побач
На полымя дальніх кастроў.
Як страшна ісьці зь несьмяротным
Хадою сьмяротнай!
– Скажы ты мне:
Зараз палююць у вас на зуброў?
– Палююць, – зманіў я.
I ён усьміхнуўся гаротна.
 
Чабан ля кастра, прывітаўшы,
Падаў нам айран:
– Пітво без атруты...
Напітак нязвыклы для Рыму.
– Пра што ты, чабан?
– Пра жыцьцё.
Пра людзей я, алан,
Што толькі кахаюць
Ды шчэ паміраюць бяз грыму.
 
Мы доўга маўчалі.
На поўначы ветах патух.
Ступалі планеты сваім урачыстым парадам.
Ні хто мы,
Ні што мы – пра нас не пытаўся пастух.
I ўстаў я ісьці.
А Гусоўскі прамовіў:
«Няпраўда».
 
– Няпраўда, – сказаў ён. –
Бяз грыму наш пот. Мазалі.
 
Чабан не спрачаўся:
– Я байку адну вам разбаю.
 
Жыў бай на Дамбаі. Наладзіў ён рай на зямлі –
Зь віном і гульбою –
                                              як рай той спатрэбіўся баю.
 
Ён зельлем апойваў сваіх ненадзейных служак,
I найміты везьлі іх, сонных, пад шаты Дамбая.
I там ім казалі:
«Вы трапілі ў рай не за так –
За верную службу,
За вечную працу на бая».
 
Тры дні ім дарылі на райскія гульні. Пасьля
Зноў зельлем паілі, да бая прывозілі ўночы.
– Джыгіты мае! Пасівела ад гора зямля,
Калі вас ня стала!
I сьлёзы спалілі мне вочы!
 
Я неба маліў! I пачуў мяне Бог:
«Забірай
Батыраў сваіх...»
Вас малітвы мае ажывілі!
Служыце мне верна –
I кожны з вас вернецца ў рай!
Служыце мне верна!.. –
I верна
              батыры
                                  служылі.
 
– Знаёмая байка...
Ды я не служыў каралю:
Служыў я Вялікаму княству,
                                                              адзінай Айчыне.
Зрабіў, што пасьпеў;
Што ня здолеў – яшчэ адраблю:
На славу Айчыне
                                        ёсьць новая песьня ў зачыне.
Адно разгадаў ты: вялікі я зьведаў падман.
Ды праўдзе ня здрадзіў,
Зьбіраў сваю праўду па жменьцы!..
– Дык хто ж вы такія? –
                                                    спытаўся нарэшце чабан.
I я прамаўчаў.
А Гусоўскі сказаў:
«Чужаземцы».
 
Падзякаваў ён чабану за айран, за агонь.
– Пара мне!..
На ловы гукаюць дубровы, на роздум. –
I сьвіснуў у пальцы.
I ўстаў, як укопаны, конь.
I прывідам зьнік чужаземец,
Што з Гусава родам.
 
– Сапраўдны джыгіт!
Не паверу ніколі, што госьць... –
Апошнія іскры у кастры чабана балявалі.
– Скажы, чужаземец,
                                              паэты ў краёх вашых ёсьць?
– Бывалі, – сказаў я, –
Калі на зуброў палявалі.
Бывайце...
– Бывай. Калі нешта ня так, выбачай...
 
Дасьпелі на досьвітку
Зор залатыя арэхі.
Зграбаў я ў папаху іх,
Клікаў прастору: «Дамба-а-й!..»
Далёка кацілася,
                                    тупала,
                                                  цокала,
                                                                    шорхала рэха...
 
 
 
 
ЗАКОН БЛУКАНЬНЯ
Майстры вясны
1

 
Дрыжаць азёраў ледзяныя вейкі,
Пралескамі прашыты край лясны.
На рыштаваннях дзён
Майстры вясны!
Цягнік зімы павёз вузкакалейкай
Сьнягі на поўнач,
Рушыўшы рыўком...
Прабіта неба першым жаўруком.
 
            I трутні ажываюць... Павукі...
            Ну што ж: прырода...
            Гэты факт ня новы.
 
Шыбуй, вясна! Няхай твае палкі
Зялёны сьцяг вядзе на заваёвы.
Дай полю – колас,
Песьню – салаўю,
Каб лес шумеў лістотай, луг – травою...
Шчыруй, вясна! Няхай жыве жывое!
Я ўсё жывое радасна люблю.
Гайдай, вясна,
Гадоў імклівых лодкі,
Качай грамы бухматыя ў траве!..
Хай горкі дым,
Айчыны дым салодкі
Над знойдзеным і страчаным плыве.
 

2

 
Плыві, плыві, Айчыны дым салодкі...
Паводка ачышчае лік зямлі –
I па рацэ праносяцца з паводкай
Сухія дрэвы, мёртвыя камлі.
 
            Над крыгаломам
            Сталі круталоба
            Нязломныя бэтонныя масты...
 
Жалоба страт – кароткая жалоба.
Майстры вясны – вясёлыя майстры.
Ах, як яны сьмяюцца белазуба,
Вады і ветру вольныя сыны;
Прабіў іх час! – і гэты час яны
Не аддадуць
                          на страту і на згубу.
Яны ідуць
Калона за калонай,
Работнікі вясны і ўладары,
Аратыя,
Паэты,
Змагары,
Людской красы і моцы чэмпіёны.
Мне па нутру
                                крутыя іх натуры,
Густы блакіт, замешаны ў вачох.
На іх рукох
Забранзавела скура,
На іх руках
Пляцоўкі Байканура,
Краіна ўся –
                          ад Буга да Амура –
На чэсных іх, мазолістых рукох.
Я веру ім.
Вітаю іх кагорты,
Раўняю крок да іхняе хады...
Напоўнены вясною іх аорты!
 
Яны ідуць – і ведаюць, куды...
 
 
 
 
*  *  *
Мне трыццаць. Час настаў такі,
Калі – ні ў вучні, ні ў настаўнікі.
 
Яшчэ шкалярскі доўг плачу
Купалу,
Танку,
Куляшову,
А ўжо з Глыбоччыны хлапчук
Прысуднага
                          чакае слова.
 
Мой родны!.. Бог табе судзьдзя.
Суды сабе падобных лепяць.
Якая песьня ў лебедзя?
Як лебедзь.
 
Ах, лебедзяў прыгожа б’юць!
Як выжыць – я магу параіць.
А вершы пішуць – як жывуць.
Як дыхаюць. Як паміраюць.
 
Хлапчук маланкі тушыць вейкамі,
Яму здаецца –
                              ён паэт! –
Што я хаваю тайну нейкую,
Што ў ёй паэзіі сакрэт!
 
Наросхрыст ён ідзе па вуліцы,
Ён казку ўспамінае вусьцішна:
«Пад дубам куфар ёсьць, там вуціца,
Ня лебедзь – вуціца, а ў той
Яйко зь іголкай залатой...»
 
Галосіць дуб пустымі дупламі!.
Хлапчук ледзь пераводзіць дух.
«Пра што і як пісаць?» – ён думае.
...Лягчэй, што думаем удвух.
 
 
 
 
Паляваньне
Зьбілі на ўзьлёце...
Падала, хісткім крылом
Неба чапляла...
                                  Здабыча ўжо...
                                                                  Птушка былая...
Па
Вертыкалі павёў мой таварыш ствалом:
– Міма, бадай, цябе... Міма, халера!..
– Бывае.
– Ты малайчына. Дзе насабачыўся, чорт?..
Цэзар, апорт!..

                                  А яна яшчэ доўта ляцела,
Покуль ударыла ў цёмны асеньні чарот
Водгукам стрэлу...
Дзеля таварыша
                                    злосьць можна выдаць за жарт,
Хоць і таварыш былы –
Птушка былая.
– Ды зразумей ты;
Гэта спрадвечны азарт...
 
Не разумею азарт,
                                        які дабівае!
Памяць мая! Ты пухлінамі часу баліш,
Продкаў злачынствы катуюць
                                                                  пячорны мой розум...
Што ў ім спрадвечнае?
                                                  Што яму дадзена
                                                                                          звыш?..
Рана – пытаньні,
                                      адказы знаходзяцца
                                                                                  позна.
Ах, як над возерам
Птушка свабодна пяе!
Песьня зьнямее –
I ўночы разбудзіць, як выбух!
Ісьціна –
                    вечнае.
Звыш –
                  толькі выбар яе.
Выбраўшы вечнае, ісьціну можна ня выбраць.
Гэтая птушка... Іншая быць не магла...
Хто растлумачыць мне
                                                    сувязь
                                                                  між ёю і мною?
Толькі пытаньні між намі, толькі імгла,
Толькі пячорная памяць крыла за сьпіною.
 
...Мы
На зямлі
Мейсца
Найлепшае
Выбралі.
Шклянкі напоўнілі:
– Ну, будзь здароў...
– Будзь здароў...
 
I пад нябёсамі,
                                дзе спадарожнікі зыркалі,
Возера гойдала
Водбліскі нашых кастроў.
 
 
 
 
Семя
...I сьціраўся лягчэй,
                                              чым сьціраецца сьлед ад алоўка,
На імклівай вадзе чаратамі запісаны лёс...
Ён ішоў наўздагад;
                                          да хрыбта прыкарэла ватоўка.
У хусьцінцы шаўковай ён семя таемнае нёс.
 
Як ад сьмерці ратуюцца,
                                                      ён ад жыцьця ратаваўся,
I жыцьцё абмінала, і сьмерць не шукала яго.
Тры разы пакідаў,
                                      тры разы да каханай вяртаўся,
На чацьвёрты вярнуўся –
                                                          ды ўжо не было да каго.
 
Ён на полі пустым
                                          тры начы прастаяў нерухома,
На чацьвёртую ноч
                                          кінуў семя з хусьцінкі ў ральлю.
I зямля скаланулася,
                                            быццам ад нізкага грому, –
I адрынула семя... Тады ён пакінуў зямлю.
 
У чатыры канцы
                                      ён ляцеў у здабытай прасторы –
I нікога за ім, і нічога прад ім не было.
...На абражаным полі зраселі апалыя зоры,
I паўночнае зьзяньне
                                              паўліным хвастом расьцьвіло...
 
 
 
 
Пакінуты бераг
Перад зярнятамі, што прападалі,
Схілімся долу.
Не выпадае, не выпадае
Вылічыць долю.
 
Зь берага
                      ветрам пакошаных траў
Цягне да неба.
Толькі ў вышынях, куды прарастаў,
Цёмна і нема.
 
...Зорка зрываецца, як з далані
Кропля блакітная...
Не падмані, не падмані,
Бераг пакінуты.
 
 
 
 
Тураў
Дзе храм калісьці быў – цяпер піўная...
Цыган вясёлы скача і сьпявае,
Удала ўкраў каня – удала збыў
I грэх запіў!
Тут храм калісьці быў...
 
Правінцыя!
Люблю твае кантрасты!
Люблю твой люд
                                      скуласты і гарласты,
Прастор, прапахлы небам і зямлёй!..
Але нашто, скажы мне, калі ласка, ты,
Крышыць муры гісторыі сваёй?..
 
Цыган шалее! Млеюць мужыкі.
Гісторыя мая. Палешукі.
Нальюць па шклянцы – сьціснуць кулакі.
Як піларамы, ходзяць жаўлакі.
 
– Ты, можа, расстараўся б, га, Сымонка?
За першай
                      і гамонка не гамонка...
Сымон ня зломак –
За другой,
За трэйцяй
Пайшла размова пра жыцьцё на сьвеце.
 
– А што жыцьцё?..
Ідзе, якое ёсьць.
Мы госьці ўсе – і ты таксама госьць.
Адзін швэйцар вунь, як у горле косьць.
Дурны мужык...
Давай,
              яму на злосьць...
 
Швэйцар цікуе – вокам не міргне,
Ён знае сам, што ісьціна ў віне,
Але на службе прэ зь яго натура
Барацьбіта за сэрвіс і культуру.
 
«Панас! Давай да нас, швэйцарскі цар!..»
Усьмешкай, як маланкай, блісьне твар
З той цемры, дзе схаваны ад людзей
Сузор’і і галактыкі надзей.
 
Рагоча жартаўнік – аж стогнуць міскі.
Да Гомля – го!..
Яшчэ далей да Менска...
 
Цыган
              танцор і праўда не благі!
– Чаго сядзіш?!
Устаў ня з той нагі?..
 
Правінцыя!
Пранізьлівасьць тугі,
Глухія каля Турава сьнягі,
А некалі... Але было даўно,
Правінцыя! Прагорклае віно,
Правінцыя! Маленства сон чароўны!..
Я толькі тут сабе самому роўны,
Правінцыя! Як быць мне, як мне жыць –
Ня выказаць, што на душы ляжыць...
 
Сьмяецца дзеўка,
                                      поўная грудзей.
У круг яе!
Да люду!
Да надзей!
І-эх, шкада, што кашы зь ёй ня зварыш!..
 
– Ты што, таварыш?..
– Захмялеў таварыш.
– Ды не чапайце, хай сабе пасьпіць...
Правінцыя! Як соладка баліць!
Качаю па стале змакрэлы мякіш:
Ёсьць, дзякуй Богу,
Тураў, Зэльва, Мядзель!..
Цыган крычыць:
– Ты не гароцься, госьць!
Не прападзём! Яшчэ, брат, коні ёсьць!
 
 
 
 
Сустрэча
...Як зрэз на дрэве, набрынялы сокам
Цяжкім, што кроў...
 
«Мой ясны сокал!
Мой высокі сокал!»
 
А галубы ляцелі з рукавоў,
I зіхацелі пацалункі ў дзюбах –
Пярсьцёнкі залатыя вуснаў любых.
 
Накормлены –
                                  брывом не зварухнуць!
На сьпіны галубятнікі валіліся...
 
А я ня мог бязбоязна дыхнуць
Паветрам тым, што ля цябе сьвяцілася.
 
Той дождж, што пырскаў у тваю далонь,
Я піў набожна, як ваду сьвятую,
I як паганцы верылі ў агонь,
Паверыў цёмна ў навальніцу тую,
Калі з-за хмар, бы ў меднае вядро,
Грамы шпурлялі за ядром ядро,
I мы ўдваіх лавілі ўратавана
Маланкі асьляпляльнае пяро,
Бліскучы меч Ізольды і Трыстана!
 
– ...Дык што ж той меч?
– Ступеў ва ўжытку хатнім...
– А галубы?..
– Жывуць на галубятні.
 
 
 
 
Арменія
Круты абрыс біблейскіх гор.
Зарніц спалохі...
                                    Над Арменіяй
Сусьветнае
Зьнішчэньне
Зор...
А зор ня менее.
 
Закон
Ахоўвае матэрыю.
А кроў сьвятла
                                  на спад
                                                  лавінаю,
Як перарэзалі артэрыі
Над Арарацкаю далінаю.
 
У коп’ях неба
I ў мячах –
Пектаграфічны запіс эпасу.
Дух вояў-продкаў не ачах! –
Пад пацінаю
                            на шчытах
Арэс і Эрас.
 
Не вынішчаецца любоў...
Зноў небасхіл, як выраб Палеха.
I слоў ня менее
Ад слоў,
У горне ночы ў попел спаленых.
 
Як доказ іх магічнай сілы
З-за Крабавіднае туманнасьці
Глядзяць на люлькі і магілы
Густыя вочы Туманяна.
 
 
 
 
Акын
Сядзеў панура,
Згорблена,
I раптам – песьня горлам.
 
Скакаў табун, таптаў палын,
Шакалы вылі сьледам.
Ніхто ня ведаў –
Што акын.
Ды ён і сам ня ведаў.
 
Сьвістала і хрыпела
Жалоба і вуда,
Як з крана зьіржавелага
Гарбатая вада.
 
Нібы замоваю лячыў,
Сьпяваў.
Пра ўсё.
Нічога.
Была
За песьняй
Далячынь.
Пустэча.
Стэп.
Дарога.
 
Турысты пырскалі:
– Выцьцё...
– Саліст ансамбля «Пэнсія».
 
Адна дамбра. Адно жыцьцё.
I сьмерць адна. I песьня.
 
 
 
 
Словы замовы
Колас.
Купала...
У гуках імён іх люлянку я чую,
Якую матуля калісь
                                          над калыскай маёю сьпявала
Колас.
Купала...
Мэлёдыю мовы славянскай я чую,
Той мовы, якую агнямі палілі,
Ды з попелу
Страцімам-птахам яна паўставала –
Колас.
Купала...
Я чую ў іх звонкія гусьлі
I гулкасьць
Той сілы,
Якая ў былінах сівых гусьляроў ракатала
Колас!
Купала!..
Адвечную песьню народа,
Што горда
Жыла ў ім
I кленчыць прад ворагам не дазваляла! –
Колас.
Купала.
 
Падобны на словы замовы
Імёны,
Якімі паэтаў сваіх Беларусь называла –
Колас...
Купала...
I грозна, сурова гучала іх слова,
Калі над Айчынай чумы навісала навала
Колас!
Купала!
Яно падымала да зораў
                                                    і ў нэтры зямныя кідала... –
На вечныя векі
Вятры намялі
Курган вашай славы
На роднай зямлі –
Паэзія...
Колас.
Купала.
 
 
 
 
Чэці
Валілася неба на вышчапы гор,
Апошнія зоры страсаючы ў зморы.
А сонца ўставала, нібыта сабор.
Званілі ў саборы.
 
У Чэці ў мячэці маліўся стары...
На твары – адчаю кінжальная мета.
 
«Алах! Магамет не прыйшоў да гары -
Гара пракляла Магамета.
Алах, я сівы ўжо...
Я хутка памру.
Прашу на мяжы твайго вечнага царства:
Алах, пакарай за бунтарства гару!
Алах! Магамету даруй за бунтарства...»
 
Ён гэту малітву тварыў да пары,
Пакуль не сабраліся хмары над сьветам...
 
Грамніца
                    сьлізнула
                                        на вышчап гары –
Лавіна
Раструшчыла
Дом Магамета...
 
 
 
 
Рубеж
Направа залева,
Налева залева,
Матор «Масквіча» ліхаманка заела –
Давай, ну давай, калымага старая!..
Нутро выгарае.
Нутро выгарае...
Патопныя воды
                                  на шкло ветравое;
Дарога назад –
Да шумераў? да Троі?
Дарога наперад –
Да пекла? да раю?
Давай, ну давай, калымага!.. Стараю-
чыся з усіх сіл, перагрэты,
Ляцеў «Масквічок» мой па ўскрайку планэты,
Сьпірала дыханьне на страшнай сьпіралі,
Дзьве сілы –
Крыж-накрыж – сусьвет расьпіралі:
Круціліся ў бездані левыя колы –
На правых
                        праколы!
                                            На правых
                                                                  праколы!
I покуль машыну завальвала ўлева,
Я бачыў, як справа сьвятлела залева,
Хіліліся горы, і слаліся травы
Направа, направа, направа, направа, –
Дзе вечарам вецер патупвае ў сенцах,
Шалее салоўка на шостым каленцы,
Званамі аглухлымі падаюць бэры
На попел цяпельца любові і веры,
Дзе пахне атаваю луг за ракою,
Дзе мама насустрач махае рукою
I зь ціхай надзеяй пытае пра справы...
Завальвае ўлева!
Аблокі – направа,
Направа зьвяры ўсе, і рыбы, і гады,
Мой сьнежань направа, мае лістапады.
Направа ўзьлятаюць –
Ілона і Ева –
Дзьве птушкі
                              з галін радаслоўнага дрэва
Направа – сілкамі пакоры і гневу –
Усё, што я ўспомніў, зірнуўшы налева
У зорную прорву,
                                        дзе вечнасьць клубіцца,
Дзе некалі сон гэты будзе мне сьніцца...
 
 
 
 
Апошні верш
Хай будзе жыцьцё! Гэта ноша па мне!
Па мне гэта доля сустрэч і расстаньняў,
Я ведаю: зоймецца хутка ў вакне
Апошні сьвітанак майго існаваньня.
 
Ну што ж, гэта ноша таксама па мне.
Спакойна зьмяняю я
                                              долю на волю –
I толькі хіснуся, як цень на сьцяне,
I толькі на момант хаду запаволю...
 
 
 
 
Ляўкі
Дарога вяла на Ляўкі.
Празь ніву.
Празь лес.
Празь вякі.
 
Цяжарна ўздыхала ральля.
Храплі на аселіцах коні.
 
Сьвістала ў прасторы Зямля –
Каля небасхілу,
Каля
Той жылкі, што б’ецца на скроні.
 
Дарогу
              ўздымала
                                      гара,
I там, дзе дарога зьнікала,
Над вечнай вадою Дняпра
Стаяў нерухомы Купала.
 
Кацілася шляхам сваім
Рака –
Як магла,
Як хацела.
 
Быў страшны Купала –
На ім,
Яшчэ даваенным, жывым,
Сьвяточна
                        кашуля гарэла.
 
Хісталіся цені жуды
Сьляпымі маланкамі ў змроку...
Адзін толькі крок да вады!
 
Ня зробіць ён гэтага кроку.
Ён скуру зьдзярэ, як луску,
I рушыць на вольны гасьцінец...
Ён пройдзе яшчэ праз Маскву
Па цьмяных прыступках гасьцініц.
 
Ён будзе на сходках начных
Сьпяваць,
Зратаваных ад кулі
Сяброў абдымаць –
I на іх
Сьвяточна
                        запальваць кашулі.
 
Ён будзе!
 
...Кружыла Зямля.
Храплі на аселіцах коні.
 
Усё гэта будзе – пасьля.
Усё гэта будзе – ніколі.
 
Пасьля – у мальбе і праклёнах.
Ніколі – у спратах віны.
 
...Адзін
I адзіны
Зь мільёнаў,
Адзін і адзіны,
                                спалёны
На росстанях смутных
Вайны...
 
 
 
 
*  *  *
Прызнаць віну, якой ня варты вы, –
Адчэпка толькі для суда людскога...
 
Калі душа, як за сьцяной астрога,
I сочыш ты за ёй, як вартавы, –
Не абвяшчай: я вінаваты ў тым,
Што ёсьць мана, што пыл яе і дым
Твар праўды захінае, як аблога.
Ня словамі, а справай пачынай:
Астрог паруш – і ў сэрцы паламай
Нож асьцярогі, зброю вартавога.
 
 
 
 
Аб’ява аб найме кватэры
Губэрнскі пісар Стэфан Дастаеўскі
(Каліграфічнай вырабкі памешчык)
Адчайна спрабаваў пісаць раманы
I меўся
Увайсьці ў літаратуру;
 
Яшчэ ў яго арэндаваў маёнтак
Купалаў бацька, Дамінік Луцэвіч;
Так праз жылплошчу лішнюю –
                                                                        ня тое
Каб зьведаў славу сына Дамініка,
Аднак у часе не прапаў бязьсьледна
Каліграфічнай вырабкі памешчык,
Губэрнскі пісар Стэфан Дастаеўскі.
 
 
 
 
Талін
Невыразнае жаданьне
Лета.
Ластавак.
Вяртаньня.
 
Лесьвіцаю
                      успамінаў
Зь нізкіх долаў успамінаў.
 
Гнёзды сьвецяцца ў байніцах.
Проста ўсё, што ў таямніцы.
 
Толькі ты – бы ўзмах крыла,
I яна – бы ўзмах крыла!..
Толькі сьнежань з-пад крыла –
Ды на сьнезе сьлед расталы...
 
Недзе музыка была.
Вось і музыкі ня стала.
Выстыў Талін. Сьлед зьмяло.
Толькі
              што было – было.
 
Там, з Вышгорада,
З апетай
Даўняй вежы
Ценем лета
Ценькне
Ластаўкі крыло...
 
Дзень – сьвятло,
I ноч – сьвятло.
 
 
 
 
*  *  *
Не дазволь пайсьці мне... Затрымай...
Рукі на грудзёх скрыжуй стамлёна...
Хай сабе ня варты я праклёну –
Праклінай.
 
Праклінай, галосячы пра страты,
Адзіноту, здраду і тугу.
Не магу я
Быць
Не вінаватым!
Чуеш, не магу.
 
У імя няўмольнага расстаньня
Над бяздоньнем,
На апошнім дні –
Не карай мяне ўсёдараваньнем!
Зьлітуйся...
                          Даруй мне...
                                                      Пракляні...
 
 
 
 
Лесьнічоўка
Прагінае вецер кроквы.
Мёртвы сьнег пластае дах.
Пуста. Гулка.
Крыкі, крокі
У завеяных палях.
 
– Мама, хто там?
– Сьпі. Нікога.
 
Вецер... Сьнег...
 
– Зірні ў вакно:
Ваўкалак!
– Пабойся Бога!
– Нехта ёсьць усё адно!
 
Крык.
– Ты чула?
– Падалося...
 
Стрэл.
– Ты чуеш?
– Гром...
– Зімой?
Мама,
Мама, ён галосіць!
– Гэта сьцюжа, хлопчык мой.
 
Кожнай дошкай стогне хата.
Клямка бразгае сама.
– Мама, страшна...
Дзе наш тата?
– Тата ў горадзе...
 
Зіма.
Пуста. Гулка.
Крыкі. Крокі.
Зноўку стрэл. I крык.
I ціш.
Лесьнічоўка. Край далёкі.
Шлях далёкі. Сьнег глыбокі.
 
Дні.
Гады.
Стагодзьдзі.
– Спіш?
 
...Ён заснуў, нібыта згінуў.
Ваўкалак трубіў у рог.
 
Раніцою вецер кінуў
Шапку бацькі на парог...
 
 
 
 
*  *  *
Праводзіла з дому...
На ўзьмежку бацькоўскага поля:
«Сынок мой... – сказала, –
                                                          які ж мне наказ табе даць?
Ніколі ня збочваць з дарогі –
                                                              зайздросная доля.
Ды хай не міне цябе доля
                                                          дарогу губляць.
 
Хай зьведаеш ты
Нежалобную долю блуканьняў,
Хай знойдзеш – і зьнішчыш,
Хай дойдзеш – і кінесься прэч,
Спазнаеш
                      Сустрэчу
У час спусташальных расстаньняў,
Спазнаеш
                      Расстаньне
У час невыносных сустрэч.
 
Хай страціш ты многа,
Каб долі сапраўднай ня страціць».
 
Ён жыў гэтай доляй.
Кахаў.
Расставаўся.
Блукаў.
Дадому вярнуўся:
«Сынок мой, – спыталася маці, –
Знайшоў ты ці страціў?..»
 
Заплакаў –
I ў ногі
Упаў.
 
 
 
 
*  *  *
Вачэй тваіх сумненьне.
Зноў ноч ня сьпіць.
Рака неразуменьня.
Яе не пераплыць,
Калі гудуць вірамі
Мана, лухта,
Калі між берагамі
Ніводнага маста...
 
Бывай, мая чароўная!
Рака гудзе...
Бязьвёсельныя чоўны
Сплываюць па вадзе.
 
 
 
 
*  *  *
Руіны замка.
Дзікая зямля.
Ды чэзлыя наўкол кусты шыпшыны.
А на сьцяне ўцалелай – твар жанчыны,
Наложніцы старога караля.
 
Была яна наложніцай ці не,
Ды ўладаром валодала красою –
Ён загадаў
                      лічыць яе сьвятою
I ўвекавечыць
На глухой сьцяне.
 
Свавольны быў кароль той, як дзіця.
Ня ведаў межаў шчодрасьці і злосьці...
 
Даўно струхнелі ўладаровы косьці
Пад чэзлымі шыпшынамі жыцьця.
Імя яго забыта ў тых краях,
Дзе ён сваволіў і хадзіў вайною
На ўсіх суседзяў,
Каб агнём,
Маною
Пакору аднаўляць у іх
I страх...
 
Ды не астыў
                              вачэй блакітны вар
Жанчыны той! –
Ліецца на абшары...
 
I сьвеціцца
Тугой былых пажараў
Драпежна-вольны
                                          палачанскі твар.
 
 
 
 
*  *  *
Спакусы яблык дасьпеў на яблыні.
Спакойна, Ева.
                                  Вачыма талымі,
Губамі грэшнымі не спакусі,
Атруту яблыка не надкусі.
 
Яна ўсьміхаецца: вучы вучоную!..
Ды ёсьць жа душы незамучоныя,
Крынічна чыстыя, амаль сьвятыя!..
Сьмяецца Ева:
«У нас ня тыя».
 
Яна крычыць мне: «Ідэаліст!..»
А ў садзе падае апошні ліст,
I сьнежнай квеценьню халадзее
Сьвятая яблыня
Маёй надзеі.
 
 
 
 
*  *  *

Апраметная. Эдэм.
Мост разьведзены.
Да сярэдзіны ідзем.
Да сярэдзіны.
Ад пачатку. Ад канца.
Зьлева. Справа.
Да сярэдзіны:
вянца
справы.
 
...Ты ня згодны? Крывіш рот?
Жэст асобы.
Да сярэдзіны – народ.
Ты
асобна.
 
Ты – прарок. Мэсія. З тым
Стань над масай.
 
«Гэй, з партфэлем!
(Цябе пытаюць, чаго акуляры вылупіў?!)
Колькі часу
на тваім
на залатым?..»
 
 
 
 
*  *  *
Выйшаў. Хіснулася поле
За небасхіл неадольны.
«Любая, што гэта?»
«Воля».
«Волі ня ведае вольны».
 
Біўся. Вяртаўся дахаты.
Голаў качаў на падоле.
«Любая, што гэта?»
«Краты».
«Знаю. За кратамі – воля».
 
 
 
 
*  *  *
Скончылася лета... Не сумуй!
Звыклаю хадою час прастуе.
Ад спакою ён цябе ўратуе,
Ад самоты – сам сябе ратуй.
 
Не сумуй... Яшчэ ў тваіх гадох
Верасень – ня першая прыкмета.
Падаюць антонаўкі ў садох.
Скончылася, скончылася лета!
 
Вывесілі жоўтыя сьцягі,
Высахлым бульбоўнікам канае...
Не сумуй!.. Шырэй за берагі
Рэчак не бывае.
 
Прызвычайся рэчышчам цячы
I,
  імгненьнем будучым багаты,
Страчанае
                        стратай не лічы.
Шчасны будзь, што меў такія страты.
 
 
 
 
Куліна
Вярнуцца ў маленства пры гомане дня –
I ўспомніць, як сьсекчы на дрэве галіну:
Была сярод іншых гульняў
Гульня
Дражніць старую Куліну.
 
– Куліна, Куліна, хто твая матка?
– Кулініна матка – спадніца ў латках.
 
– А хто, Куліна, твая сьвякроў?
– Куліне сьвякроў – ліхая кроў.
 
– Куліна, Куліна, а хто твой муж?
– Кулінін муж – стары капялюш.
 
– Куліна, Куліна, а хто твае дзеці?
– Кулініны дзеці – палёўкі ў клеці.
 
Нядаўна было... А прайшлі, праплылі
Гады мае ранкамі роснымі...
Дзяцінства ня ведае жалю, калі
Ня помняць спагады дарослыя.
 
«Вядзьмарка!..» –
                                        і рогат ляцеў над табой,
Дзяцінства маё!..
Праз аер і маліну –
Гаротай сваёй, басатой, галыцьбой –
Цябе даганяла Куліна.
Заблытвала ногі ў траве ля бяроз,
Зноў бегла, матляючы торбаю сачыка...
 
Ніхто не даруе нам крыўды і сьлёз –
Адплаціцца ўсё і адплачацца.
 
Няўмысную крыўду грахом не лічу...
I ўсё ж –
                    як дамоў прывядуць каляіны –
Хаваючы вочы, няўклюдна маўчу,
Сустрэўшы старую Куліну.
 
Яна ўжо даўно мяне не пазнае...
Але, быццам памяці лютая спадчына,
Мне чуецца скрогатны голас яе:
«Адплаціцца ўсё і адплачацца!»
 
Спытаю:
«Куліна, якая віна
Мая прад табою?!.»
                                            Адказ не пачую...
За што ж тады ўсьлед мне ўсё шэпча яна
Дражнілаўку тую,
Дражнілаўку тую?..
 
Жыцьця палавіна... Жыцьця палавіна...
Старая Куліна... Старая Куліна...
 
 
 
 
*  *  *
Паедзем у Цхіву, Карын...
У Цхіву, лазой вінаграднай спавітую,
У Цхіву, дзе сонца,
Нібы мандарын,
Салодкае і сакавітае,
Паедзем, Карын!
Нас чакае сястра –
Таполька,
Тугою касой,
Бы лазой вінаграднай,
Павітая.
Як добра было зь ёй сядзець ля кастра
I слухаць размову,
Дзе нашыя словы
З грузінскімі зблытаны.
Паедзем, Карын...
Брату нельга сястру забываць,
I мне зь ёй сустрэцца – душа набалела
Сумую, Карын...
I хачу паўтараць:
Натэлла... Натэлла... Натэлла...
Паедзем у Цхіву, Карын...
 
 
 
 
*  *  *
...Брат, забывай, што малады
Па бальшаку скакаў найпершы.
Твае крылатыя сьляды
Затопчуць пешыя.
 
На сьвяце ліпеня шыкуй –
Ды чуй ад студзеня,
Здалёку:
Дарога не па бальшаку.
Дарога збоку.
 
Яна вядзе цябе за край
Звычайных зьмен сьвятла і цемры.
Ты вобмацкам яе шукай, –
Дарогу веры.
 
Ня гніся – лінію дабра
Направа выгнуць ці налева,
Нібы з Адамава рабра
Выточваць пацеркі для Евы.
 
I выняньчаць цябе
Рака,
Ігліца,
Дзьмухавец і рута,
Калі ты пылам бальшака
Дыхнуў атрутна.
 
 
 
 
Харэі
Што, Валодзька?.. Зноў, здаецца,
З каляіны выбіла...
            Ах, як выбалела сэрца!
            Ах, як выбалела.
Таргаваў на кірмашы
Весела ранетамі...
            Вершаў сумных не пішы,
            Дурань гэтакі.
Ах, зялёным лоньнем вод
Вочы дзеўчыны!..
            Не пішы сьвяточных од.
            Сьні пра вечнае.
Вам – за вочы і касу –
Яблыкі найлепшыя...
            Рыфмай лёзунгі ня псуй.
            Сьмешна.
Пакацілася – трымай! –
Сэрца яблыкам...
            Вось пра гэта і сьпявай
            Ямбамі.
 
 
 
 
*  *  *
Жанчына...
Каханая ўстала над цёмнай ракой.
Жанчына...
Каханая доўга глядзела ў ваду,
 
На поплаве дальнім
Я потым русалку знайду,
Русалчыпы вочы закрыю спакойнай
                                                                                  рукой.
 
Пасьля я – асьлеплы – па беразе
Буду
Ісьці.
I будуць дзьве чорных гадзюкі
За мною
Паўзьці.
Дагоніць адна зь іх –
Ударыць маланкаю лютай.
Дагоніць другая –
I высмакча з раны атруту.
 
 
 
 
*  *  *
Праплыў пэрон і зьнік.
I колы зачасьцілі.
Дрымотны праваднік
Разносіць чай астылы.
Салдат... Жанчына... Дзед...
Дзяўчынка (ў сёмай клясе).
Ніяк ня ўспомню, дзе
Я зь імі сустракаўся.
Калышацца вагон
Чаёва, вечарова...
Шануй дарожны сон
Да станцыі чарговай.
Пацягне скразьняком...
Жалеза праляскоча...
Махне нам дзед кійком,
Па цаліку пакроча.
Запорхае за ім
Дзяўчынка, як сьняжынка...
Сьцячэ з адхону дым –
I захіне сьцяжынку.
 
 
 
 
*  *  *
Ня зь першага крыку,
Ня зь першай сьлязіны,
Ня зь першага сьмеху
Пачаўся быў я,
                                  а пачаўся быў зь першага сьнегу
Над плошчай вакзальнай,
                                                          дзе ты мяне ціха гукнула,
I перш чым гукнула –
Пазнала,
Прызнала,
Пачула,
I перш чым сьляды нашы,
                                                          зьбегшыся, рушылі побач,
I перш чым у дом наш
                                                  прыйшла варажбіткаю поўнач,
I перш чым цябе анідзе
Назаўсёды ня стала –
Сьняжына апошняя
Першага сьнегу
Растала...
 
 
 
 
У садзе над ракой
Несупадзеньне дат.
Несупадзеньне вех.
Вяртаецца назад
Даўно забыты сьнег.
Узьняў забыты дождж
Блакітнае крыло.
 
Усё было – і ўсё ж,
Што будзе – не было.
I ў садзе над ракой,
Чырвоным ад калін,
Пружынай
Пад рукой
Напружаньне галін.
Галінку адпушчу –
Мільгне за далягляд,
I вернецца назад,
I вернецца назад.
 
 
 
 
КВАДРЫ МАРСА
Гарманіст
«Слухай, давай мы з табой пагамонім.
Сядзем ды вып’ем віна.
Я паіграў бы табе на гармоніку,
Каб не вайна.
 
Ах, быў гармонік!
Басовыя – з жоўцю,
Зь цёмным блакітам – галасавыя...
Чуў бы ты,
                        як па руках маіх жонка
Дзень галасіла
I ноч галасіла.
 
Яна ўспаміны ня люты
Будзем мужчынамі.
Толькі бываюць мінуты –
Жыць немагчыма.
 
Ты не падумай!..
                                      Хоць выжыў на мізеры –
З просьбамі ў пояс нікому ня кланяўся.
А немагчыма – калі ў тэлевізары
Рукі
          і клавішы.
 
Памяць мая травянее ў акопе,
Міны ўзрывае...
А на гармоніку кожную кнопку
Помню.
Іграю.
 
Так, брат,
                      накоціць, агорне, ахутае! –
Толькі ня вернеш...
Дай, калі ласка, далоні. Пахукаю.
Пальцы
Замерзьлі».
 
 
 
 
На катэры «Грозны»
На Волга-Балтыйскім канале
Замерзлая чайка
Канала.
 
Ну што там, здавалася б...
Птушкі
Штодзённа канаюць і гінуць,
Бы суцрацьптушыныя міны
Птушынае дрэва цярушаць.
 
I гэтая птушка ня лепшая,
З усіх нашых птушак ня першая.
 
Адкрыліла, колькі пасьпела,
Вяслуе крылом набалелым,
Зьнікаючы ў хвалі за катэрам,
Як зь ніткі сарваная пацерка.
 
Самкнулася нема вада.
Ну што там, дальбог, за бяда!
 
Ды раптам –
                            бы выбухнуў кратэр! –
Хіснуўся і ўздыбіўся катэр,
Сінечай
Марознае
Сталі
            гарматныя
            рулі
            паўсталі,
I падалі зь неба, як грушы,
Птушыныя вечныя душы!
 
 
 
 
Фотаздымак
Сьцяна расстрэлу.
Стаць пад той сьцяной
I карніка ўявіць сябе насупраць,
Цябе насупраць,
Нас дваіх насупраць,
I не жахнуцца:
                                сьмерць і ты са мной!
 
...Той дзень лістком змакрэлым
Прыліп да аб’ектыву...
 
Які я быў шчасьлівы
Каля сьцяны расстрэлу!
 
 
 
 
Дажджынка
Зь мільёнаў кропелек
Складаюцца дажджы,
Дажджынка кожная –
                                                асобная планэта,
Красуюць там нябачныя сады,
I птушкі непачутыя сьпяваюць;
 
Дажджынка кожная
Ціхутка нешта шэпча,
Калі па валасах тваіх сьцякае,
Зіхоткая, у чоўнікі далоняў,
Твае далоні –
                              поўныя планэт;
 
Як перакласьці іх шчасьлівы шэпт
На мову плачаў?
Лямантаў?
Загадаў?..
 
Дажджынка ўпала.
 
 
 
 
Труна
...I ляжала яна, нежывая,
Не чужая яму, не чужая.
 
Адышоў, да дзьвярэй прываліўся.
Не чужы ёй цяпер, ці чужы?
Нешта помніў – а болей забыўся.
Азірнуўся назад: міражы.
 
Азірнуўся наперад: нікога.
Ні тугі не адчуў, ні бяды.
Толькі зьбітая ў камень дарога,
На якой пазьнікалі сьляды.
 
Так стаяў, сам сабою замглёны,
I глядзеў за абрысы зямлі,
Па якой
I ў якую мільёны
Невядома і грозна ішлі.
 
Толькі ў час, як выносілі з дому,
I калі яго ўбок павяло,
Невядомае стала вядомым,
А вядомага – як не было.
 
 
 
 
Бяроза болю
Начую на палёх вайны.
Неверагоднасьць лёсу мрою.
Хатынь!
Мне не даюць спакою
Твае званы.
 
Прад пеклам не перахрысьціцца.
Мне сёньня сьніцца,
Заўтра сьніцца,
Як прагінаюцца масьніцы,
Як соль бялее на паліцах
У хатах спаленых тваіх...
 
Палі.
Паліцы.
«Стась! Паліцыя!!!»
«Па нас?»
«Па ўсіх!!!»
Па ўсіх... Па ўсіх...
 
Дабру, даверу – насьцеж дзьверы!
Давер апошні барані,
Прыцісьні да грудзей аберуч
I рук
Не разамкні ў агні,
Глядзі,
              як гаснуць вачаняты...
 
Дымы над хатамі!
Грамы над хатамі!
 
Лёг сейбіт
                      на свае барозны
Счарнелым тварам
Дагары...
Стаяць над сейбітам бярозы,
Шумяць, сьвятлеюць тры бярозы.
Маўчыць чацьвёртая...
Гарыць...
 
            Эпоха!..
            Анэкдот салоненькі
            Пасьпела з цукрам перацерці?!
            Сьвет задыхаецца сымболікаю
            Сьмерці!
 
            Вайна,
            Ты мяса не нажэрлася?!.
            Па волі д’яблавай
            Ці боскай
            Растуць
                              сярод гарматных жэрлаў
            Бярозкі?
 
            Да іх прымераны
            Сякеры,
            Але ў прыродзе –
            Дабру,
            Даверу
                            насьцеж дзьверы,
            Як на ўваходзінах!
 
Хатынь!..
Твае нябёсы выцьвілі...
Як рэха стрэлу –
                                      ветру пошчак.
Я не затым прыйшоў, каб выціснуць
Сьлязу
На вогнішча.
 
Я ніцма ўпаў на поле мёртвае,
На попел поля –
Пад залатую,
                            пад чацьвёртую
Бярозу болю.
 
 
 
 
Ружа вятроў
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Маланка
Аповесьць пра каханьне
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.