РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Салавей
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мае песьні
 
Зборнік лірыкі
1
*  *  *
Зямля мая – абсяг вялікіх скарбаў,
Як золата ўначы, як срэбра ўдзень.
Сярод іх шмат такіх цудоўных фарбаў,
Што лепшых нельга больш знайсьці нідзе.
 
Калі-б сабраў іх дбайнаю рукою
І ўставіў у слухмяныя радкі, –
Зазьзяў-бы верш вясёлкавай дугою,
Зазьнічыў-бы праз процьмы, празь вякі.
 
1943 г.
 
 
 
 
*  *  *
Узыйдзе ранак срэбны на лугі,
Каберцы іхныя аздобіўшы ў мярэжы.
У росах заіскрацца мурагі,
На грудзі поўныя дыхне абшар бязьмежны.
 
Пачую я: зязюля за ракой
Куваць пачне. І дзяцел гучна будзе стукаць.
Разбудзяць ціхі ранішні спакой
Птушыных галасоў прыветлівыя гукі.
 
Ля нізкіх і зялёных берагоў
Крыніца жвавая ключом жывым зазвоніць.
Грамаду хмар – пажоўклых мурагоў –
На небе буйныя узьвей-вятры разгоняць.
 
І сонца яснае з высі тады
Пальле агністы сок цурком, нібы празь сіта;
Нап'юцца соку гэтага сады,
Памочыць вус у ім задумны колас жыта.
 
Туды, дзе поле шэпча збажыной,
Дзе рэчкі хуткая вада цячэ, бруіцца,
Іду, спатканы ранішняй красой,
Халоднае вады з крыніцы каб напіцца.
 
То скарб я п'ю дабродзейкі-зямлі,
Дзе нівы, рэкі і сады – усё жывое...
Мае тут прадзеды й бацькі жылі,
Мне ўсё тут блізкае, усё тут дарагое!
 
1938–1941 гг.
 
 
 
 
Гайна
Ну вось – і нарадзінаў маіх дзень.
Мне дзевятнаццаць споўнілася сяньня.
Адзін. Няма сяброў. Альховы сьцень
Цяпер са мной і ты са мною, Гайна!
Твае лугі і водырная тхнень
Мурожных траў – вось слодыч частаваньня.
Усьпень пітво у берагох, усьпень,
Дваццаты год мо' пойдзе на спатканьне!
 
Дзе-ж келіхі? Сябры? Суровы лёс
Мяне бязь іх у гэты кут занёс.
Як ён ня кпіцца нада мной нягожа, –
Ды ўсё-ж ад Гайны адарваць ня можа!
І да чароўных ейных берагоў
Дзень нарадзінаў я спаткаць прыйшоў.
 
Лагойск. 1.V.1941.
 
 
 
 
У мроях
Іду сьцяжынкаю, дрымотаю спавіты,
Празь нівы хлебныя да коней на папар.
Навокал дрэмле ўсё. Ноч. Сьпеючае жыта
Мне сытым коласам пяшчотна шчыпле твар
 
І ціха «шу-шу-шу» – калосьсямі шапоча.
І шыр усю палоніць сьцішны шэлест-шум.
Хіба абдымеш мора гукаў летняй ночы?
Хіба разгоніш плынь узьнятых імі дум?
 
Ды і бязь іх штоночы – зарава на небе.
Што гэта? Раньняя зара?.. А мо' пажар?
Што-б ня было, але ня кідай дбаць аб хлебе!
...Вы, коні, блізка ўжо і блізка ты, папар.
 
Я на начлезе. Стукат капытоў. Хрумстаньне.
Агонь. Сябры мае. Звон путаў, ланцугоў.
Эх, ноч ліпнёвая і конскае іржаньне,
Эх, песьні звонкія маё, маіх сяброў!
 
Ільля. 11.VII.1942.
 
 
 
 
Лідзкае замчышча
З часоў славутых даўняе пары,
Як успамін магуты Гэдыміна,
Як сьветка гучных дзён мае краіны,
Стаяць узьнёсла замчышча муры.
Грудзьмі ў баёх адстойваючы чынна
Зямлі сваёй і гонар і дары,
Касьцьмі няраз ляглі за лёс айчыны
Тут продкі нашыя – асілкі-змагары.
 
Ня змыла славы іхнай плынь гадоў!
Мы, праўнукі, – надзейная апора
Нязгасных спраў вялікіх змагароў.
Нам іхны шлях навекі будзе дораг.
Хай памятае ўсякай масьці вораг,
Што ў нашых жылах – нашых продкаў кроў!
 
Ліда. 18.IX.1942.
 
 
 
 
Дзеці
За тынам – сад.
Бліжэй – бярозкі, –
жывы ўспамін пра Беларусь.
Дзяўчынка й хлопчык каля хаты
на лаўцы вулкавай сядзяць.
– Чакай! –
Чуваць дзяўчынкі голас
і голас хлопчыка:
– Ня руш!
Спыніўся я...
Міэра ела, –
а мова родная чутна!
Усхваляваны, падыходжу:
– Здарова, дзеткі!
– Добры дзень! –
Бярозак жвавых шум над імі
нібы пацьвердзіў праўду слоў. –
– А дзе татуня ваш і мама?
– Пайшлі на працу. Дома – мы.
– А што тут робіце?
– Нічога.
– Сказаў нам тата дома быць.
– Хто-ж тата ваш? Латыш? Расеец?
– Не, наш татуня беларус!
...Ласкава зорыць сонца зь неба,
галоўкі лашчачы дзяцей.
– А вы чые і хто такія?
– Я ні... ні... мы – беларусы!
 
Дзьвінск. 6.X.1942.
 
 
 
 
З вамі
Кажуць, што можна жыцьцё перакроіць, –
Мне-ж не ўдаецца – жыву я ў чужых.
О, дарагая зямля! Хоць у мроях
Вырвуся я да цябе, да сваіх.
 
На'т птушанятка малое начамі
Мкнецца пад крыльцы матулі сваё ..
Хай сабе мроі. Затое ў іх з вамі,
З вамі, сябры дарагія мае!
 
Рыга. XII.1942.
 
 
 
 
Пароша
Насустрач прышласьці сваёй
Іду пад сьветлых мрояў ношай.
Шырока шлях разьлёгся мой...
А сяньня выпала пароша!
 
Пуховай пільсьцяй мяккі сьнег
Прысыпаў безьліч ранаў шчымных.
Іду... Хоць першы раз на сьвет
Зірну запраўднымі вачыма.
 
10.XII.1942.
 
 
 
 
Каляды
Зіма. Мароз. Пагодны дзень.
А сьнег, як зорны шчыт, іскрыцца.
Прыгрэла сонца кагадзе, –
Ня хоча Дзед Мароз скарыцца.
 
А дзеці дружнаю гурбой
Прастуюць зь лесу церазь ляды
І елку цягнуць за сабой...
Успомніў я – ідуць Каляды!
 
11.XII.1942.
 
 
 
 
Сьнягі
Ня пухам лебедзяў абсыпаны лагчыны,
Зямля схавалася пад белаю аўчынай,
Мадзее воддаль толькі гай адзін нагі...
Сувоі сыпкія, глыбокія сьнягі.
Няхай сабе... А я іх перакрочу
І з шляху праўднага нідзе, нідзе ня збочу!
 
1.II.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Ноч топіцца ў сьнягох і ветравей скуголіць,
Карозіцца мароз дзябёлы пад акном;
Зіме скарыліся палі – а дрэўных гольляў
Ня ўдасца ёй заслаць асьнежаным радном.
А нас, жывых, – не адалець ніколі!
Стаю ля ганку я. Пад зорным шчытам – дом.
Я цемлюся ўгару, хоць вецер коле вочы,
Шукаю зоркі той, што шчаснасьць нам прарочыць.
 
12.II.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Што там, наперадзе, іскрыцца? Зыркі зьніч?
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Прастую да яго празь цемру зімняй ночы;
Кастрыца сьнежная мяне засыпаць хоча, –
 
Дарма! Я йду далёй. Наперадзе – агні:
Мо' доля лепшая мая і сонца дні?
 
II.1943.
 
 
 
 
Трыялет
Ты мне за ўсё найдаражэй,
О, край садоў, палотнаў белых!
Ты макаў цьвет, клёк ніваў сьпелых,
Ты мне за ўсё найдаражэй.
 
Нішто расьцінам ня бліжэй
Вясны й пітва крыніц брынелых, –
Ты мне за ўсё найдаражэй,
О, край садоў, палотнаў белых!
 
17.II.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Зірнула сонца ў маю хату,
Як агняцьвет, як дар вясны.
На стол заслаўшы з промняў мату,
Зірнула сонца ў маю хату.
Хоць аб вясьне ў палёх – шчэ сны,
І трызьніць шыр пад белай шатай,
Зірнула сонца ў маю хату,
Як агняцьвет, як дар вясны.
 
25.II.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Хутка ў мяне ля вакон
Раньні барвецьмуць, як ружы,
І пунсавецьме вясна
Хутка ў мяне ля вакон.
З кветкамі сонечны кон
Сьвет абагрэе ад сьцюжаў...
Стрэне мо' ўрэшце й мяне
З кветкамі сонечны кон?
 
26.II.1943.
 
 
 
 
Хрыстосаў лёс
Няверцаў зрадай катаваны,
Расьпяты быў Ісус Хрыстос.
Хоць меў няўгойныя Ён раны
І боль нясьцерпны – а ўваскрос!
Зьнёс мукаў шмат мой край каханы, –
Сьцяў і яго хрыстосаў лёс:
Яму хоць цяжка, хоць балесьне,
Ён будзе жыць, ён уваскрэсьне!
 
3.III.1943.
 
 
 
 
Першы гром
Вясна! Вясна!
                                У сінім небе
Сівыя воблакі плывуць;
Зьвісаюць пасмы зь іх, бы зрэб'е, –
Яны нам спорны дождж нясуць.
 
У ляву лучацца –
                                      як вокам
Абняць.
                  І вось –
                                  гаспадаром
Прайшоўся ў хмарах цьвёрдыи крокам
І грукнуў грозна першы гром.
 
І хлынуў дождж над садам, вёскай,
Над лесам, полем, над ракой...
На нашы собскія палоскі
Мы заўтра выйдзем талакой.
 
Зямля тугая задыміцца,
Сяўня напоўніцца зярном...
Цябе вітаю, навальніца,
Цябе вітаю, першы гром!
 
4.III.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Зацьвіцела вясна навакола,
Завіхрылася лісьце прысад,
Перапеніў чаромхавы солад,
Замяцеліўся ў нацьвецях сад.
Хоць на сэрцы маім – стынь і холад,
Стрэць вясну свайго краю я рад:
Да сябе яна цягнець і кліча,
Гоіць болесьць вадою крынічнай.
 
15.IV.1943.
 
 
 
 
Вітай
Вітай
Прыход сяўбы чаканае,
Зь сяўнёю поўнай пераймай!
 
Зірні:
Вясна, табой спатканая,
Жаўроніць звонка ў вышыні.
 
Зямля,
Напоўненая зернямі,
Закаласіцца спакваля.
 
Узрэж
Свой тор надзеяў цернямі;
Пасееш, будзеш жыў – сажнеш.
 
28.IV.1943.
 
 
 
 
Расьці, цьвіці

Расьці,
Расьці,
 
Жытнёвы дар багаты!
 
Цьвіці,
Цьвіці,
 
Мой бэз надзей крылатых!
 
Цьвіці,
Цьвіці
 
На сэрцы, цьвет жыцьцёвы!
 
Расьці,
Расьці,
 
Багаты дар жытнёвы!

 
2.V.1943.
 
 
 
 
Мора
Улетку хлапчуком бываў я часта ў полі...
У час жніва падыхаць хараством
Азалачонае зямным жыцьцём прыроды, –
Найлепшае, найшчаснае багацьце.
І бачыў – хвалявалася пад ветрам
Зямлі і неба дар – ржаное мора.
З канца ў канец раскочваліся хвалі,
А плыў па іх, як вадаплаў, камбайн
І хвалі аб яго свой голаў разьбівалі.
Ня суджана было ім больш узьняцца, –
Камбайн глытаў іх... Поле сірацела...
 
О, мора, мора! Я пабачыў сяньня
Цябе йшчэ першы раз на ўсім жыцьці.
Які узрушаны прастор бязьмежны,
Няма яму канца, няма і краю!
Бурлівыя, разгневаныя хвалі,
Як дальні гром грымяць, равуць, грукочуць,
Аблізваюць пяшчаны бераг прагна.
Плыве, змаігаючыся зь імі, вадаплаў.
Ён разразае іх, карном прыціснуць хоча, –
Яны-ж зь ягоных вырываюцца абдымкаў
І ззаду вадаплава ня зьнікаюць...
Як зьнятай збажыне пад ветрам не гайдацца,
Так ня спыніць наплыву морскіх хваль!
 
Дзынтары. Рыская затока. 19.V.1943.
 
 
 
 
Санэт
Здаецца, ўрэшце я знайшоў спакой,
Хоць на кароткі час пакінуў горад.
Забраўся ў цішу. Неба нада мной –
Прытулак сонцу ўдзень, а ўночы – зорам;
Салёны вецер ветліцца з травой,
Гамоніць воддаль водгульнае мора.
Скажы, хіба ў чароўнасьці такой
Хто-небудзь можа бачыць сум і гора?
А паспрабуй – і волю думкам дай:
Міжволі ўспомніш звон бароў гульлівых,
Найзалацейшы скарб на сьпелых нівах...
Гляджу задуміліва на шызы небакрай, –
Які-б я быў удзячны і шчасьлівы,
Каб гэта быў мой сэрцу блізкі край!
 
Дзынтары. Рыская затока. 25.VII.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Няраз я чуў: «Зірні, якая прыгажосьць,
Якая веліч хараства ўсяе прыроды!
Зяленіва і мора... Ў небе – хмарак поўсьць.
Пакінь тугу, жыві – будзь гаспадар, – ня госьць.
Дзе бачыў, ці страчаў ты лепшыя выгоды?
Раскошу й шыр такой вялікай асалоды?»
А мне – далёкае у гэтых цудах штосьць.
 
І хочацца сказаць: а я йшчэ багацей,
Радзіму маю я, дзе неба йшчэ сіней,
А гладзь усіх вазёр і рэчак, і крыніцаў
За мора-акіян глыбей і прыгажэй;
Гаі йшчэ зеляней, хмурынкі йшчэ бялей...
Ніяк мне і нідзе на гэта не забыцца!
 
Дзынтары. Рыская затока. Сыбота. 31.VII.1943.
 
 
 
 
Мастак
Прысьвячаецца П. М.
 
За працай мастака я застаю,
Ен ветла з пэнзлем у руцэ мяне страчае.
Вось і пэйзаж, пачаты кагадзе, –
Крыніца радасьці і высілкаў вымога.
Зноў пэнзаль дакрануўся да яго –
Тканіна ў фарбах ажывае на мальбэрце.
І заварожваючы позірк, краявід
У поўнай велічы зямной красы ўзьнікае.
Здаецца, ўсёй істотай чую я
Прыемны водыр дрэў і траў, і сьлічных кветак,
Кранае сэрца ён, хвалюе кроў,
П'яніць і кружыць галаву нябачным хмелем.
Зь пяшчотай зыркай сонца праз вакно
Глядзіць і промневы вянок кладзе на фарбы.
Як самы багацейшы ў сьвеце чар,
Пэйзаж ірдзіцца шмат-аздобнымі агнямі.
 
20.VIII.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Глянь, дружа мой! – у вышыні
Агні, бы ў дзіўнай казцы, йскрацца,
І ў люстра морскай глыбіні
Яны праз цемрадзь цямрыні,
Зачараваныя, глядзяцца.
 
Так скарбы вечнае красы –
Ці скарб зямлі, ці творчай працы –
На'т у найзмрочныя часы,
Нібы вясёлкі паясы,
Нязгасна й велічна сьвіцяцца.
 
Дзынтары. Рыская затока. 29.VIII.1943.
 
 
 
 
Максіму Багдановічу
Нечакана парвецца жыцьцё... Больш ніколі яно не ўваскрэсьне.
Колькі думак нязбытых бярэ да сябе падысподная цьма!
Спатыкае іх вечны спакой. І ўсёроўна ім – вольна, ці цесна...
Толькі той будзе жыць, не памрэ – у нябыт каму шляху няма.
Не памрэ толькі той, хто аддаў усе сілы жыцьця для народу,
Хто мінулае ўславіў красой, зазірнуў хто і ў прышлыя дні.
Дар ягоны, убраны ў вянкі, шанавацьмуць нашчадкі заўсёды,
Воды ўлеваў ня змыюць яго і ня спаляць пякельняў агні.
 
7.IX.1943.
 
 
 
 
Раманс

Толькі там,
Дзе айчыны бальзам,
Адзінота душу не кране
Толькі там
Аб сваёй старане
Я нікому ўспамінаў, о не,
Не аддам.
 
Толькі тут
Непатолі прысуд
І маркота няволіць мяне,
Толькі тут.
У чужой старане
Не забуду цябе я, о не,
Родны кут.

 
Рыга. 29.XI.1943.
 
 
 
 
Песьня
З «Калевалы»
Мне адно прыйшло жаданьне,
Я адну задумаў думу:
Каб баржджэй за сьпевы ўзяцца,
Каб хутчэй прамовіць слова,
Прасьпяваць каб песьню продкаў,
Роду нашага напевы.
Словы ўжо да вуснаў ліпнуць,
І струменяцца ўжо гукі,
На язык яны імкнуцца,
Разьбіваюцца аб зубы.
 
Залаты мой сябра й брат мой!
Дарагі камрат маленства!
Мы з табой сьпявацьмем разам,
Мы з табой прамовім слова.
Мы убачыліся ўрэшце,
З двух бакоў цяпер зышліся;
Рэдка мы бываем разам,
Спатыкаемся нячаста.
 
Ну, дык дай свае мне рукі,
Пальцы нашы разам злучым;
Прасьпяаваем песьні гучна,
І пачнём мы зь лепшых песьняў;
Хай сябры пачуюць сьпевы,
Хай іх слухаюць прыветна
Між юнацтва маладога
Шматпакутнага народу,
Што урэшце стаў на ногі.
 
Іх сьпяваў раней мой бацька,
Цэп вырэзваючы з дрэва,
Іх наўчыла мяне маці,
Прадучы сваю кудзелю.
Я тады дзіцём на доле
Ля каленяў іхных поўзаў,
Быў драбочкам, харчаваўся
Малаком і сыраквашай...
 
Шмат яшчэ ёсьць іншых словаў
I, мне ведамых, пазнаньняў,
Што нарваў я на сьцяжынцы,
Што на верасе зламаў я,
Што з кусточкаў адламаў я,
Што набраў я на галінках,
Што сабраў сабе я ў травах,
Што падняў я на дарозе...
 
Мне мароз намовіў песьняў,
Нанасіў мне песьняў дожджык,
Мне навеяў песьняў вецер,
Хвалі водныя прынесьлі,
Словы мне складалі птушкі,
Гукі мне стваралі дрэвы.
 
Я ў адзін клубок зьбіраў іх,
У вадзін зьвязаў іх зьвязак,
І паклаў клубок на санкі,
І паклаў на сані зьвязак.
Іх дамоў прывёз на санях,
І на санках да асеці,
І пад кроквамі у клеці
Іх замкнуў у медны кораб.
 
Доўга песьні на марозе,
Доўга ў схове тым ляжалі.
Мо' забраць мне іх з марозу?
Можа з холаду узяць іх?
Мо' прынесьці ў хату кораб?
На тапчан паставіць куфар,
І пад кроквамі пакінуць
Пад чароўным гэтым дахам?
Адчыніць мо' кораб песьняў,
Куфар, поўны словаў гучных?
За канец клубка мо' ўзяцца?
Вузел зьвязку мо' разблытаць?
 
Песьняў слаўных есьць нямала
Зь іх адну я засьпяваю;
Загучыць яна прыемна,
Калі квасу паднясуць мне
І дадуць ржанога хлеба.
Калі-ж мне ня будзе квасу,
Не дадуць мне маладога –
Засьпяваю я нішчымна,
Або з поснаю вадою,
Каб і вечар быў вясёлым,
Каб і дзень быў у ваздобе,
І каб ранішняй пацехай
Заўтра дзень у нас пачаўся.
 
1943
 
 
 
 
Сад
Да 25-годзьдзя Віленскай
Беларускай Гімназіі                 

 
Раней за нашай вёскаю быў сад...
Ніколі так ягоных строяў шаты
Ня ўшчульвалі мяне і мой пагляд,
Як у вадну вясну, калі на сьвяты
Я ў вёску завітаў. І чуў – ад хат
Плыў гоман; ен мае пачуцьці кратаў:
«Сад гэты дваццаць пяты год падрад
Вясной цьвіце, і дасьць ён плод багаты...»
 
Расьцьвіў і ты у дваццаць пяты год,
Навукі сад, глыбокай веды цьветам.
Багаты будзе дваццаць пяты плод
І верны ўзгадавальным запаветам.
Ён панясе для ўжытку і для ўцех
Сьвятло навукі да крывіцкіх стрэх!
 
20.I.1944.
 
 
 
 
*  *  *
Бывай здароў, знаёмы кут!
Ты стаўся родным мне і блізкім,
Хоць, праўда, жыў няшмат я тут,
Хоць зь нятутэйшае калыскі.
 
Пад гэткім небам і страхой
Мяне матуля калыхала.
Ў краіне сонечнай маей
Такіх мясьцінаў ёсьць нямала.
 
Таму й шчыміць душа мая,
Таму і цяжка разьвітацца...
У час, калі гарыць зямля,
Надзеяў мала зноў спаткацца.
 
Лагойск. 20.IX.1941.
 
 
 
 
Восень
Каля хаты маёй дрэвы летнія ўборы асыпалі
І заслалі аранжава-мосяжнай коўдраю двор.
За маўклівым сялом, за панурымі сёстрамі-ліпамі –
З поля зьвезена ўсе – у сарочцы калючай прастор.

Восень там гаспадарыць; ідзе па зямлі валадаркаю;
Ёй належыць усё: поле, поплаў, рака, сенажаць;
Ёй належыць на'т сонца – зацьміць іншы раз яго хмаркаю
І заплача, пачне кроплі спорныя сьлёз асыпаць...
 
Я гляджу за вакно: панадворкі там – жоўта-барвовыя,
Ходзіць вецер па іх; дрэвы хіляцца з боку на бок;
I заўважыў: шчэ дань засталася адна выпадковая, –
На галінцы кляновай дрыжыць сірацінка-лісток.
 
З хаты выйшаў на двор. Асьцярожна рукою дрыжачаю
Абрываю лісток, прьвкладаю да твару яго:
Ўсей істотай адчуў адыйшоўшае лета гарачае,
Бураў грукаты, трэск пяруноў і сьпякотаў агонь.
 
Што-ж, нічога! Міне й гэта восень і зімка з марозамі,
Прыйдзе час – дрэвы хмурыя лісьцем ізноў зашасьцяць...
Перабудзем, зьнясём і нядобрае й злое, і грознае,
Прычакаем дзён сьветлых вясны, прычакаем цяпла.
 
м. Ільля. IX.1942.
 
 
 
 
Маладэчна
Я заўсёды знаёмых сустрэчных
У дарозе ад сэрца вітаў.
А чаму так цябе, Маладэчна,
З колкім болем, з маркотай спаткаў?
 
Ты няветлае. Хмурае скрухі
Чорны сьлед на паглядзе тваім.
Як пацісьнеш сустрэчнаму рукі,
Калі ен іх ня мае зусім?
 
Ад сустрэчы душа не сагрэта, –
Чую болесьць я ранаў тваіх.
І ня грэе: «Мы зьнесьлі ня гэта,
Прыйдзе час – дык загоім і іх.»
 
Маладэчна. 10.IX.1942.
 
 
 
 
Афарызмы
Як не дастаць рукою сонца,
Так не вярнуць пражыты дзень!
 
*

 
Пад цяжкай хмарай дыму й саж
Шчарнее нават белы сьнег.
 
*

 
Жывым мы робім няжывое,
Падпарадкоўваем сабе
І думку й розум. А вядзе нас
І няжывы й нябачны лёс.
Куды вядзе? Чаму? Навошта?
І дзе, і як свой спыніць шлях?
 
II-III.1943.
 
 
 
 
Драбніцы
Сонца ўсходзіць пазьней і заходзіць раней – ноч даўжэе,
Блекне лісьце на дрэвах, як воск. Стыне клёк пад карой.
Пройдзе ноч, прыйдзе дзень – і на содні жыцьцё карацее,
Гасьне юр, халаднейшаю ў жылах становіцца кроў.
 
*

 
Стыглі, як студзень, на кволых галінках халодныя росы;
Сонца ўзыйшло – ажылі і зазьзялі, як пэрлы, яны.
 
*

 
Вісела, маўчала, забытая ўсімі, бязгучная йскрыпка,
Ды ўраз зажыла, запяяла, як струнаў крануўся музыка.
 
III.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Сьпяшайся жыць. Хай іншы раз і цяжка,
А радуйся таму, што й гэта ёсьць;
На грудзі ўсе ўдыхай жыцьцёвы водыр,
Бо шчасьце ў нас адно, жыцьцё адно.
І толькі раз яно ўсім нам даецца, –
І гэта самы найвялікшы скарб!
У содняў толькі дзень адзін бывае,
У год цьвіце чаромха толькі раз.
Сьпяшайся жыць, бо тое, што мінула
Ніколі больш ня вернецца назад.
 
17.III.1943.
 
 
 
 
Раса
Раса, раса,
Лугоў краса
Крыштальная, срабрыстая.
Чый гэта лёс –
Каралі сьлёз,
Што так зіхцяць маністамі?
 
Зірні, пабач!
Чый гэта плач?
Мо' траваў сокі йскрыстыя?
Не, гэта – боль
І сум, і золь,
І кроў зямлі агністая.
 
4.V.1943.
 
 
 
 
Няйначай
Сок зямлі п'е трава,
Ажываюць лугі,
А як раніца прыйдзе,
                                              дык плачуць...
 
Пазіраю на іх
Без самоты й тугі.
Знаць, ня ўчуў іхнай болі,
                                                          няйначай.
 
Вільня. 21.V.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Усыпана крыжамі ўся аблога.
Тут не адзін, прыціснуты зямлёй, чало
Сну вечнаму схіліў. Нямала палягло.
 
За што? За гэты груд пяску рудога?
 
Койданава. 2.VI.1943.
 
 
 
 
На магіле
Памяці роднага брата Уладзіка.
Памёр 30.X.1941.

 
Ці у ваднэй чужой бываў мясьціне,
Пярэчыў ці аднэй благой часіне,
Заскорблых душ няпрыязьнь абмінаў;
Хаваў свайго пачуцьці на чужыне;
Цябе, малодшага, заўсёды ўспамінаў;
Наведаў родны дом – і не застаў
Цябе жывым, няшчасны мой Уладзік.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нямала час дзён шэрых прагартаў,
Нягоды зносіў я, дагоды спатыкаў,
Таго-ж, што ўжо няма цябе – ня знаў.
...Ня бачыш ты мяне зь зямлі сырой,
Ня чуеш, што я гутару з табой.
Твая магілка зарасла травой –
– І я над ёй з пахілай галавой.
Сагнуўся я, бы ніцы вербалоз,
Засеў у горле камень жорсткіх сьлёз.
Ніяк мне галавы ўгару ня ўзьняць,
Ня вырваць з горла каменя, сказаць:
– Калі-ж нас доля кіне раскідаць
Па сьвеце, і калі-ж, калі прыжджом
Часіны ўсім сабрацца ў войчы дом?
 
4.VI.1943.
 
 
 
 
Паэта
Хто церпіць больш за ўсіх? Хто зносіць шмат? Хіба, адзін паэт!
Ня гэтак лёгка Музы найвялікшы дар яму даецца.
У слова кажнае, у кажны свой радок, што пойдзе ў сьвет,
Ён укладае жар душы, ён укладае часткі сэрца.
 
І я – хай не паэт, хай толькі той, хто піша так, ні ў толк,
Калі-ж, ахоплены натхненьнем, я бяру асадку ў рукі,
Перш, чым пісаць, я адчуваю ўсё, што дзеецца вакол, –
І радасьць чэрпаю заўжды да дна, а разам зь ёю – мукі.
 
1.VII.1943.
 
 
 
 
Гэкзамэтры
Цяжка ў хадзе дасягнуць вышнявіны сівога Парнасу:
Сьцежка – шыпшыньнік густы, на сьцяблінках – калючыя дзіды.
Лёгка ня пішацца верш, калі хочаш, каб быў ен запраўдным,
Шмат ён каштуе ахвяраў – драбочкаў крыві майго сэрца.
 
*

 
Як не сягай, а ня ўдасца зацемрыць высокага сонца,
Кажны прыступ да яго – наймагутная варта Дажбога.
Нельга стрымаць і зьняволіць высокіх імкненьняў паэты –
Покуль пульсуе ў ім кроў і паветрам ахвоцяцца грудзі,
Дзе-б ён ня быў – на свабодзе, ў няволі – зь ім слаўная Муза.
 
VII.1943.
 
 
 
 
*  *  *

Ці бачыш ты? –
Да долу гнецца важкі колас,
І хлебны пах стаіць наўкола
Такі густы.
 
Твой хлеб узрос!..
Забраў ён шмат здароўя, сілаў,
Дажджлівым летам быў пахілы
Ягоны лёс.
 
І толькі той
І боль, і радасьць працы знае,
Хто сеяў, хто цяпер зжынае
Сваёй рукой.

 
28.VII.1943.
 
 
 
 
Мурашкі
Знарок, ці не, але чыясь нага –
Шчэ сьлед ня зьнік – дом іхны разбурыла.
Цярэбіць неадступна троп жыцьцёвы
Шматлікая і рупная сям'я:
Будуе ўпарта новае жытло;
У муках працы, ў процьме перашкодаў
Ідзе да мэты; дбае пра свой род,
Ратуючы зь няпомысу яечкі.
Драбнюткія, а ў іх – асілкаў згода!
Зямлі найменшае стварэньне хоча жыць!
Найразумнейшая істота – чалавек!
Ня можа гэткай згодзе не зайздросьціць.
 
Дзынтары. Рыская затока. 8.VIII.1943.
 
 
 
 
Птушкі
Шмат гнёздаў навілі сярод гальля
Крылатыя асельнікі паветра.
Гаспода ў іх – нябёсаў шырыня, –
Тут кепска, дык ляці куды захочаш.
А ім стае выгодаў, як відаць, –
Лятаюць і бясклопатна шчабечуць.
Чаму-ж, з адбіткам суму ў сэрцах, мы
Глядзім на іх дзівоснымі вачыма?
 
Рыга. Міежу Гай. 15.VIII.1943.
 
 
 
 
Рандо
Агонь гарыць. І цемры лонь
Яго ў абоймы ўзяць ня ў стане.
На'т неба сіняга аблонь
Пунсуе, бы ў зіхценьні раньня.
Падкіну дроў. Хай цьмы супонь
Рве ноч. Хай блізіцца сьвітаньне,
Збудзіўшы дрэмнай шыры сонь, –
Ня згасьне ў парасьным саяне
              Агонь.
 
Калі жыцьця дні да зьмярканьня
Ідуць і срэбрам беляць скронь, –
Ты йшчэ ня згас. Пакуль дыханьне
Бадзерыць кроў – рукі далонь
Ў сардэчным чуе трапятаньні
              Агонь.
 
27.VIII.1943.
 
 
 
 
У вырай
Лятуць, плывуць у вырай птахі лётам нястрыманым,
Навіны смужныя ў далёкі край ад нас нясуць.
Вазьмеце, птахі, і мяне з сабой за акіяны,
Каб трутнай горычы нідзе ня бачыць і ня чуць.
 
Хто знае, мо' там лепш, мо' цемрадзі няма сукротнай.
Нядрэнна птахам быць, а лепш – хмурынкай бястурботнай.
 
1943
 
 
 
 
Перачытваючы «Калевалу»
Плакаў стары Вайнэмайнэн. Каціліся частыя сьлёзы
Кроплямі ўзорыстых пацерак, золатам зерняў ячменных.
Падалі сьлёзы на бераг высокі шырокага мора,
Зь берагу ў воды бліскучыя, з водаў – у нёмарач твані.
І не знайшлося нікога, хто змог-бы дастаць тыя сьлёзы,
Тыя агністыя зоры з прадонных і цёмных глыбінаў.
Толькі здалела дастаць іх адзіная сіняя качка, –
Сьлёзы былі ўжо інакшымі – пэрламі дзіўнымі зьзялі.
 
Колькі праліта сьлязінкаў маім шматгаротным народам!
Самы вялікшы мудрэц палічыць іх ня змог-бы ніколі.
Пэўна, няма тэй мясьцінкі, якая-б тых сьлёзаў ня знала, –
Рэчкі свае іх забралі і моры чужыя схавалі.
Іх я на нітку радкоў наніжу, паўстаўляю у словы –
Пэрламі будуць яны і паэзіі лепшым набыткам.
Кажны агеньчык іх зьзяньня і пэрлінкі кажнай багацьце –
Шчасьце і гора маіх – і сясьцёр, і братоў аднакроўных.
 
5.IX.1943.
 
 
 
 
Бітва
З Гомэра
Войскі, на мейсца адно імкнучыся, зышліся імгненна;
Грозна схапіліся целы, схапіліся пікі і сілы
Войнікаў, мосяжам скованых; з бляхі пукатае зразу
Згрызьліся яра шчыты; разгрымеўся прарэзьлівы грукат.
Разам зьліліся змагарныя крыкі й сьмяртэльныя стогны
Вояў, што нішчылі й гінулі; дол захлынуўся крывёю.
 
1943
 
 
 
 
Апэлес і Македонскі
Вялікі мастак Апэлес –
Высокая слава мінулых часоў,
Даўнейшае Грэцыі гонар –
Аднойчы паднёс Македонскаму свой
Малюнак. Там быў валадар на кані.
– Няважны малюнак, –
Сказаў валадар.
Такое «пахвалы» мастак не чакаў.
Да працы цудоўнай падведзены конь
Зайржаў гэтак гучна і моцна,
Што слаўны мастак не сьцярпеў, адказаў:
– Твой конь разумее мастацтва ляпей,
Як ты, валадар мой магутны!
 
19.IX.1943.
 
 
 
 
Восеньскія тэрцыны
Прыпол свой раньне ў па`рась памачыла,
Галоднае, на дрэвах рве лісты...
Яшчэ ў грудзёх нямала маеш сілаў,
 
Яшчэ-ж няшмат пражыў на сьвеце ты, –
Па чым-жа ныць? Шчэ будзе шмат патолі
Вясна разгорне зноў шацёр густы.
 
Ды мне ня стрэць яе – ад шчымнай болі
Жыцьцёвых мукаў я аслаб няўзнак.
Мая вясна ня вернецца ніколі,
 
Хоць у гадох маіх – яшчэ вясна.
 
26.X.1943.
 
 
 
 
*  *  *
І заплакалі сумныя далі,
І маркотай дыхнулі палі.
Сьлёзы – зімных ільдзінак каралі,
А маркота – апёкі зямлі.
 
Плачце, плачце! Хай колкія стрэлы
Суму жальнага грудзі праб'юць
Тым, хто вашай нявіннасьці цела
Так зьняважыў, ня даўшы дыхнуць.
 
Тым, хто скрухай таптаў мяне к долу,
Хто кідаў мой узьлёт пад аткос.
Скруцяць, скруцяць сабе яны голаў, –
Дарма мкнуцца узьняць да нябёс!
 
Ім ня сьцяць маіх думак і сэрца,
Не згадаць іх жыцьцёвы сакрэт.
Застануся я тым аж да сьмерці,
Кім зьявіўся на белы сусьвет!
 
15.XII.1943.
 
 
 
 
Ліст да крытыка
Мой крытык каханы! Хацелася-б мне
Пагутарыць проста і шчыра,
Хацелася-б выказаць тое, што мкне
Ад думак, сябруючых зь лірай.
 
Зьдзівіліся Вы, што бязвусы юнак
Пэгаса пакрыўдзіў, палаяў,
Ягоныя крыльлі забраў... і – дзівак,
З ракой няжывой размаўляе!
 
Дзе ўгледзіў ен горы? І кручы стрэў дзе?
Тут роўнядзь, а ен – перашкоды...
Няўжо і запраўды ў юнацтве людзей
Бывае шмат гэткіх заўседы?
 
Няпраўда! Мне чэрствае сэрца – гара,
Душа спарахнелая – круча,
Я собскай асадкай, жыгалам пяра
Ім боль учыняцьму пякучы.
 
Ці ведама Вам, што паэты рука
З радкоў вытыкае узоры?
Са мной размаўляе ня толькі рака,
Ня толькі сьпяваюць мне зоры.
 
Мяне разумее на'т камень сівы,
А я – ўсе ягоныя казкі;
Лятаюць у госьці ка мне журавы,
Мне міла ўсьміхаюцца краскі.
 
Багатае Крыўі матуля-зямля
Мяне, чым змагла, надарыла:
Дала мне і голас і ўзьлёт салаўя,
Дала мне Пэгасавы крылы.
 
Я зь імі асілю завей сьнегавы
І буду днём весьнім сустрэты,
Бо я – гэта я, а ня слуп верставы,
Я вольны Пэгас, я – паэта!
 
17.XII.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Не, ня я тваю сьціснуў руку,
І ня я разьвітаўся з табою.
І ня ты каля хаты ў садку
Мой пагляд замуціла сьлязою.
 
Не, ня я... Гэта ногі мае
Адыходзяць, а сам я – на мейсцы.
Хай вайна мне дыхнуць не дае –
Я пакіну табе сваё сэрца.
 
Дык яшчэ раз руку сваю дай,
Свой пагляд ня журы больш сьлязою.
Ну, бывай, мая Ніна, бывай!..
Гэта ногі ідуць... сам – з табою...
 
Лагойск. 19.IX.1941.
 
 
 
 
Мне помніцца студзеньскі вечар...
Мне помніцца студзеньскі вечар,
Што ладзілі сябры мае,
І першая наша сустрэча,
І жвавыя вочы твае.
 
Я стрэў іхны позірк адразу,
Як казку, як ваблівы сон;
Хацелася зь імі быць разам
Шмат радасных ночаў і дзён.
 
Так блізка і гэтак далёка
Была ты.
                    Адвагі ня меў,
А глянуць глыбока-глыбока
Я ў самыя вочы хацеў.
 
Бы сон, адляцелі дні тыя,
А зь імі – і радасьць, і сум.
Былога ўспаміны жывыя
У сэрцы сваім я нясу.
 
Нясу... хоць за тысячы гоняў
Ад бацькаўcкіх гоняў цяпер.
Штодня – ў адзіноцтва палоне,
Мне сумна тут, Ніна, павер.
 
А ты... там цяпер, дзе прыгожасьць
Прастораў ля Гайны-ракі;
Згадаю – мне сэрца трывожыш,
Віеш успамінаў вянкі...
 
І сяньня спаткаў я дзяўчыну
У гэтай чужой старане,
Хацелася крыкнуць ёй: Ніна!
Ды потым стрымаў сябе... – не!
 
А вельмі падобная... тая
Паходка і рухі, той склад...
Стан стройны... усьмешка такая-ж
І гэткі-ж блакітны пагляд.
 
Адкуль яна? Можа зь мясьцінаў
Маёй незабытнай зямлі?
Кудой і шляхамі якімі
Папала сюды і калі?
 
А я на дзяўчыну нясьмела
Зірнуў і вачыма правёў...
І сэрца маё зашчымела
Тугой па радзіме сваёй;
 
Па нівах – прыгожых кілімах,
Па ўзгорках, крыніцах, ляскох;
Тугой па дзяўчыне любімай,
Па ейных блакітных вачох.
 
Ах вочы, блакітныя вочы,
Зь якой вы такой стараны?
Чаму вы ў спакойныя ночы
Мае непакоіце сны?
 
Рыга. 11.XI.1942.
 
 
 
 
*  *  *
Сустрэўся зноў з табою ў сьне,
Сяброўка першага каханьня;
Лёс разлучыў цябе й мяне, –
Сустрэўся зноў з табою ў сьне.
Сардэчны жар, агонь спатканьняў
Шчэ не астыг – праз грудзі мкне:
Сустрэўся зноў з табою ў сьне,
Сяброўка першага каханьня.
 
9.III.1943.
 
 
 
 
Раманс
Зноў далёка я, зноў безь цябе,
Дні і ночы ў самоце й журбе.
Шчэ нядаўна быў разам з табой,
Жыў і дыхаў тваёю красой.
Ды жаданых адведзінаў час
Быў кароткім, як момант, для нас;
Стрэча наша – за ўсё найбліжэй,
Разьвітаньне – за ўсё найцяжэй.
Зноўку, зноўку адзін. Неспакой
Маіх думаж заўсёды са мной.
Я скарбніцу ўспамінаў зьбярог, –
Ты, жывая, як ёсьць – у вачох:
Погляд – неба; тваё валасы –
Залатыя палёў каласы;
Твае рухі – мігценьне зарніц;
Голас – гоман срабрыстых крыніц.
Ты – уцеха у шчасьці й бядзе.
Дзе знайсьці мне найлепшую, дзе?
А таму я ў самоце й журбе:
Зноў далёка я, зноў безь цябе.
 
Рыга. 18.VI.1943.
 
 
 
 
Раманс

Няма нідзе блакітных васількоў –
Такіх, што ў нас – няма нідзе.
І ўноч, і ўдзень яны – трывога сноў:
Я на чужыне не знайшоў такіх нідзе.
 
Тваіх вачэй блакіт, о квецік мой,
О любая, за ўсё сіней
Блакіт вачэй... Сябруе сум са мной,
Бо не знайсьці ў зямлі чужой такіх вачэй.

 
Рыга. 22.X.1943.
 
 
 
 
Дождж
Спачатку кроплі дробныя – адна, другая –
Сыпнулі мяккім волавам у твар.
Махнула грываю улева дажджавая
І падмяла ад пылу тратуар;
Мяне абсыпала жарствой дажджу; ільдзінкі
Сыпнула за каўнёр. Перада мной
Пад парасонам – бачу – хутка йдзе дзяўчынка,
Яе дагнаў я, пэраўнаўся зь ёй.
Бяз слоў, бліжэй, забыўшыся пра ўсё на сьвеце,
Падходжу да яе; пад парасон
І я стараюся схавацца, і – закмеціў
Пагляд вачэй. Які чароўны ён!
Пагляд вачэй... Пад'езд. Дзяўчынкі дом.
Яе няма больш. Зноў я пад дажджом.
 
Бывае шмат у нас сустрэчаў нечаканых.
Шкада, яны – мамэнт. І больш – для закаханых.
 
Рыга. 1943.
 
 
 
 
*  *  *
Павісьлі вячорныя змрокі над вулкамі,
І месяц над местам – нібы аўрэол.
Засыпаў ён неба агністымі шпулькамі,
Раскручвае променяў ніці на дол.
 
Мой дружа! Яны мне былое нагадваюць –
У вечар такі-ж разьвітаўся з табой.
Ды ніці пачуцьцяў адзіных нас зьвязваюць,
Як гэтыя промені – неба зь зямлёй.
 
Рыга. 30.XI.1943.
 
 
 
 
*  *  *
Лёгкай рукою на шыбах узоры мароз вытыкае.
Помню маленства часы: цёплым дыханьнем сваім
Іх я кранаў, праграваў невялічкі кружочак-ваконца, –
Дзеда-Мароза й зіму ўбачыць хацеў празь яго.
 
Дзён незваротных узоры! Карункі маіх успамінаў!..
Іх не крану я цяпер, імі аздоблю свой верш.
Выткуцца ў вершы ўспаміны такім-жа чароўным узорам,
Тонкім, як стрункі чуцьця ў сэрцы маім маладым.
 
4.I.1944.
 
 
 
 
*  *  *
Цэлымі днямі сядзеў і ня спаў я цалюткія ночы,
Лірныя струны настройваў, пра Музу пісаў свае вершы.
Іх ёй аддаць захацеў – і прыціхла нязмоўкная ліра,
Вершаў паблеклі радкі і замоўклі няўціхныя рытмы.
 
5.I.1944.
 
 
 
 
Парада
Я вам ня раю, сябры, заглядацца ў дзявоцкія вочы –
Можна так страціць уласныя, тых не пабачыўшы больш.
 
6.I.1944.
 
 
 
 
Ліпавы цьвет
Мяккі дзень студзеньскі сыпле і сыпле зь нябёсаў сьняжынкі –
І расьцьвітаюць, бы ўлетку, пялёсткамі белымі ліпы...
Ліпавы студзеньскі цьвет! Ты наводзіш мяне на ўспаміны
Дзён адыйшоўшых, калі я з каханай табой любаваўся.
Толькі шкада – аніяк не сарвеш цябе з кволых галінак,
І на ўспамін аб мінулым цябе аніяк не засушыш.
 
14.I.1944.
 
 
 
 
*  *  *
Калі звычайную, хай просьценькую рэч
Я пакідаю найдарожшаму на памяць,
Я ведаю, – хоць лёс бяз частых жыць сустрэч
Нас асудзіў, – яна прыязьні не запляміць.
 
Яна – найлепшы аб сяброўсьцьве напамін
У час благіх і ў час памысных нам гадзін.
 
16.I.1944.
 
 
 
 
Муза
Мораку шэрань разьліў вечар ля хаты маёй
І праз фіранку вакна цэдзіць яе у пакой.
Ходзік замоўк на сьцяне. Ціша, і гукаў – ні-ні,
Чыйсьці я голас пачуў: «Сьпі, салавейка, засьні».
 
Кволіць дрымота мяне. Я на пасьцелю прылёг.
Мрояў штодзённых і кроз ява ўсплывае ў вачох.
Мчуся, імкнуся у высь – лёгкасьць узьлёту адчуў,
Кінуў пякельнасьць зямлі – і да нябёсаў лячу...
 
Вечны блакіт. Дываны – воблакі. Я ў вышыні.
Голас пачуўся ізноў: «Сьпі, салавейка, засьні.
Муза сьпявае табе. Я на спатканьне прыйшла,
Сон твой і твой супачын я пад апеку ўзяла.
 
Жахі – і цела й душу джгалі жаглом на зямлі.
Ну, а цяпер супачні – ў морак яны адплылі.
Ты – недасяжны цяпер, – чынаў ня ўшчуняць тваіх.
Зьнікне, як засьцьлівы дым, шэрань часінаў благіх.
 
Сьпеў твой, як чар, загучыць, ён не замоўкне нідзе.
Зышчаньне зманлівых сноў блізіцца, велічна йдзе;
Хорам красы паўстае`; зьнічаў ня тускнуць агні.
Іх не пагасіць ніхто... Сьпі, салавейка, засьні...»
 
28.I.1944.
 
 
 
 
*  *  *
Маці. Зь ёю – дзіця. Іх суцэльнасьць – каляска..
Бязуважныя постаці... Шыбы вітрын...
А калясачкі рух – і пяшчоты, і ласка,
Мацярынскай любові і ўвагі зацін.
І яны, і дзіця – непарыўнасьць адзінства,
Неразлучнасьці еднасьць і мяккасьць клапот.
Найцяплейшая лучнасьць чуцьця й мацярынства –
Самай дробнай сьняжынкі пяшчотны палёт.
 
30.I.1944.
 
 
 
 
*  *  *
Цемра гусьцее. Заплюшчыў дзень змораны сінія вочы –
Бачыць у снах чарадзейных ён месяца бліск залаты.
Толькі аддамся лятункам – і бачу я вобраз дзявочы,
Рысы знаёмыя й блізкія – рысы жывой пекнаты.
 
21.II.1944.
 
 
 
 
На хуткіх крылах вольнага Пэгаса
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.