РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юрка Голуб
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Брама зімы
1
Аднойчы
Па дзiкiм небе табуны
Пагрозна несьлi грываў хмары,
А круглагубыя збаны
Гайдалi плот уздоўж хiбары.

У кругаверцi над зямлёй,
У гольля хрycткiм развароце
Бяды пабачыўся залом,
І кpоў, як соль, сьпяклася ў роце.

Шыпела сонца ў абцугах –
Гуло кавадла перунова.
Нам чорта ў пекле зацугляць,
Каб пекла з раем параўноўваў.

Тым часам ведацьмеш сабе
Сярод драпежнiкаў i гвалту
Ты быў шчасьлiвым у журбе,
Няшчасным стаць тым больш ня варта.

Сабе зазнач, адвечны брат:
Ня знойдзе сьвет у сьвеце згубу.
І будзеш моцы набiраць,
Ляжаць, расхрыстаны, пад дубам...
 
 
 
 
Музыка восені
Пад сон сланечнiкаў рабых,
Што стражай сталi на катурны,
З барвовых кропель арабiн
Складала восень партытуру.

Кларнэты з чорнага трысьця
Да губ паднесьлi прагна ветры –
Паветру грудзi гук працяў,
І смуткам сталася паветра.

А гукі ўдалеч паплылi
І нiца слалicя пад дымам,
Нібы падрэзаны палын
Што голаў болей не падыме.
 
Пустым застаўся перавоз.
І сьнег апаў па поўнай мерцы.
А гyкaм недзе выпаў лёс
У белай замеці памерцi.

А потым скажа прастарэк,
Замерзлы, чуў ён у адчаi:
З-пад лёду закаваных рэк
Жывая музыка гyчала.
 
 
 
 
Брама зімы
Раскручвае шпулю шашы
Няўтомна-задыханы вецер.
Няўжо i з паднебных вышынь
Нам зорка спагадна засьвеціць.
 
Няўжо ў пракаветных краях
Пры рэчцы таемнай i былцы
Пазначана нам акрыяць
І шчасьця застацца тубыльцам.

Давай каля брамы зiмы
На момант ня ў скрусе прыстанем
І ўспомнiм пра тое, што мы
Згубiлi на сьвеце растайным.

І разам няўзнак памаўчым,
Прыкмецiм iльдзiнку на доле.
Ці зноўку ад нас паiмчыць
Такая жаданая доля?
 
Нiбыта пад знакам вiны,
Кранеш ты настыла галiну,
І тая ў адказ зазьвiнiць,
А звонам заўсёды гаiла.

І раптам заўважым – ня ў сьне –
На яве, такой беззваротнай,
На плечы нам падае сьнег.
Спакойна.
Нячутна.
Пяшчотна.
 
 
 
 
Лён
Зьбялеў, як мармур, лён
На сьцелішчы няўрокам:
З забранага ў палон
Хацелі віць вяроўкі.
 
Але ж было і так,
Калі ён, разарваны,
У скрыгаце атак
Сабой загортваў раны.
 
Ён вокам сініх дзён
Глядзеў на сьвет астылы,
I пад ягоны звон
Зьвінелі небасхілы.
 
Яму цяпер якраз
Нялёгка ў тлуме стольным
Раскручваць напаказ
Ручнік або настольнік.
 
Ды сіл не пазычаць –
Паўстаць урост грунтоўна.
Ня ведаў пра адчай
I нас тым загартоўваў.
 
I зь небам парадніў
Жывы ў бялюткай столцы.
I вечна перад ім –
Раса.
Радзіма.
Сонца.
 
 
 
 
Галасьнікі Каложы
Чые галасы
мне пачуліся
раптам
у разьятраным шуме?
Што за музыка
зашугала
за сьцяною імжы?
I які напаўзабыты
напеў
данёсься з узвышша?
Прачнуліся і гудуць
галасьнікі
Каложы.
 
 
 
 
Дэфіцыт бэнзіну
Не хапае сінечы
на небе,
заштукаваным аблогай.
Не падвезьлі ў тэрмін
цыстэрну
з водарам канюшыны.
Забыліся
своечасова набыць
далягляд,
і яго нідзе не відно.
Не знайсьці
днём з агнём
крыніцу з вадой
жураўлінай.
I ўвогуле, куды
зашылася служба дастаўкі
ўсяго
непасрэдна ў ложак?
Ды ўсё гэта выглядае
драбязой
падчас,
калі не хапае
бэнзіну.
 
 
 
 
Перапіс птушак
У гэтай бясконцай справе
прымаюць
дзейсны ўдзел:
дрэвы
спагадлівым пошумам,
хвалі
лагодным гайданьнем,
людзі
громам з жалезных руляў
замест пяра.
На пытаньне – «родная мова» –
птушкі адказваюць:
дрэвам –
драздова, ці сойчына,
хвалям –
гукаюць па-чаечы,
а чалавеку –
адказаць ня могуць.
 
 
 
 
Славацкія эскізы
Гадавіна паўстаньня

 
Зноўку чуецца посьвіст
Партызанскаму стану.
Нібы вечная позва,
Гадавіна паўстаньня.
 
I выносяцца коні
З закілзанае стайні...
Той пагляд заваконны.
Гадавіна паўстаньня.
 
Пралічыліся нацы.
Іжэ зь імі таксама.
Хоча з воляй абняцца
Гадавіна паўстаньня.
 
Неспатольнай гаркоты
Пацалунак астатні.
Чуеш,
Дукла грукоча!
Гадавіна паўстаньня.
 
Час застыне зьнянацку
Там,
Дзе ў бронзе пастава.
Хоча з болем спазнацца
Гадавіна паўстаньня.
 
Над зямлёй зааранай
Зоры сталі пастамі.
Як барвовая рана,
Гадавіна паўстаньня.
 
Банска-Быстрыцы сховы.
Шлях агніста-расстайны.
Узьняліся галовы.
Гадавіна паўстаньня.
 

Ранак у Браціславе

 
Смугу скалыхнуў браціслаўскі трамвай.
I рэха напрамак прастала.
А Град даўніну на каленях трымаў,
Пакуль яна спаць перастала.
 
На пліты ступала спакою ступа.
Ступала на ганак славачка.
I ліст пад расою цяжкою апаў,
Каб вечарам зноў мілавацца.
 
Жаданьне сабе не супроць загадаць,
А гэта замова двайная,
Бярыся ад раньня на промнях гайдаць
Зялёнае ложа Дуная.
 
Каменныя схілы прыгрэлі лазу.
Няскораны корань славянскі
Ня здасца на літасьць крывому лязу,
Бо жыць палічыў абавязкам.
 
Душа адлятала прытомна за высь,
Нібыта пры радасьці сойка.
На Татрах настольнік Эўропы завіс,
Завісла на Дэвіне сонца.
 
I прагнулі разам жыцьця прад усім
Пагляд,
                перазоў,
                                  аблачына.
А сьвет неабдымны ляцеў і прасіў,
Каб вечнасьць віткі не лічыла.
 

Вёска

 
Дзедзіна1 славацкая
Чырваньню па белым
Воблаку назвацца
На гару пабегла.
 
Вышыню пакратала –
Вольніцы даніну.
Рэха незакратнае
Падала ў даліну.
 
Пад густымі лапамі
Вечнакроных елак
Сэрца ў грудзі ляпнула
Як само хацела.
 
Не ячменным коласам,
Не балючай дзідай,
Край у душу колецца
Чарнавокім дзівам.
 
«Я такая чорная,
Як чарна чарнічка...»
Над вачэй пячорамі
Шалясьцела зьнічка.
 
Ртуць ракі запеніцца,
Рэчышчу ня рада,
Каб затым упэўнена
Даць застою рады.
 
Дзедзіна славацкая
Падымае погар2,
У далоні пляскае
I ня гневіць Бога.
 


––––––––––––
1 Вёска – (славац.).
2 Куфаль – (славац.).
 
 
 
 
Няўрокам
Ня цешыць уласны рэкорд,
Што пыхаю поўніў.
Надзея з пабітай рукой,
Як зрынуты помнік.
 
На друзе былога стаім.
Дыміцца акурак.
I загваздка нават ня ў тым,
Ці знойдзем прытулак
 
Вунь ястраб у лёце відзён,
Пакутнік абшараў.
Шкада разнасьцежаных дзён,
Гары яно гарам.
 
У вусьцішнай хаце цяпер
Развазе б спыніцца.
Трымаецца логава зьвер.
Дзіця за спадніцу.
 
 
 
 
Эпоха
А з бляскам сабе макіяж
Наводзіла пані эпоха.
Кідаліся сэрцы ў Ля-Манш,
Клінок не залежваўся ў похвах.
 
Калі ж са здрабнелай шчакі
Сплылі неўзабаве румяны,
Ніхто да старэчай рукі
Ня кінуўся ў міг безымянны.
 
Чапляецца думка адна,
Праверыцца, пэўна, па часе:
Ня з тога выпадку, аднак,
I мор на гэрояў пачаўся?
 
 
 
 
Голас помніка
Ад травы праз усе небасхілы
Я да сонца зямлю прыцяг.
Стуль, дзе люду, бы дроў набілі,
Мне знайшоўся такі працяг.
 
 
 
 
Пазыцыя
Не чапляйся за крысо былога,
Не цягні адтуль адчаю ніць,
I сумленьня цёмная бярлога,
Абсмактаўшы лапу, будзе жыць.
 
I навошта лезьці праз галовы,
Як здаўна казалі, на ражон?
Ты ж ня быў халодным і галодным,
Не хадзіў, балесны, пад ружжом.
 
I бяз дай прычыны марна пяцца
Адганяць ад роднага сьвіней:
У цябе ж не храбусьцелі пальцы
I тым больш не абсьвістаў сьвінец.
 
I ці варта ўспамінаць пра гены
I трасьці традыцый футарал?
Не на тое зваў з акцэнтам «геній»,
Каб слабінцы кожнай патураць.
 
I найлепей пачакаць. А раптам
Засапе ізноў былая раць,
I таго, хто пёрся на арапа,
Не пасьпеюць костак пазьбіраць.
 
 
 
 
Зімовая сага пра сябра
Я сябра сустрэў у музэі.
Прымружаны вейкі ледзь-ледзь...
Няма ў мяне болей надзеі
Жывым яго недзе сустрэць.
 
...Каб потым імчаць электрычкай...
...Затым пасядзець на траве...
...Пасьля...
Ды ніхто не пакліча...
А побач завея раве.
 
Мне вытрываць зноў давядзецца,
Сябе ад жальбы адарваць.
Так зь лёду ірвецца вядзерца
Ці лёд ад сівога брыва.
 
Ізноў маладзечанскім бокам
Кіруецца час Каляды.
Марозік намерыўся бойкі
Ізноў наступіць на сьляды.
 
Прастуджаным горлам каўтае
Вятрыстую далеч гудок.
Сьпяшыць напрасткі – не кутамі –
З’інела-барвовы радок.
 
«А у нас ля Маладэчна,
Адкуль буду сам я родам,
Любяць розныя сустрэчы,
Нечаканыя прыходы».
 
Дык як жа паверыць у радасьць,
Хоць хочацца горыч спаліць?
У сьнезе забыта на градах
Замерзлы сланечнік стаіць.
 
 
 
 
Вяртаньне верша «Мые вокны Жэня Янішчыц»
Мые вокны Жэня Янішчыц.
(Стуль завею здалёк відно.)
У высокай раме, як нішы,
Распраменьваецца акно.
 
Ад Палесься і да Нямігі
Павуцінка плыве смугой.
Тут усходзіла «Слова...» – кніга,
Ад якое ня ўцёк мангол.
 
I бяжыць па шырокай шыбе
Каляровай наміткі шляк.
Самалёцік у небе шые
Па блакітнаму белы шлях.
 
Горад зморана пасьпяшае.
Нэрвы круціць у скрутак кран.
Чысьціню б тут насіць каўшамі,
А яе не хапае – край.
 
Парк акрасу ахвярна нішчыць
I завершыць, аднак, на днях.
Мые вокны Жэня Янішчыц:
Ручкі стомленыя – не падняць...
 
 
 
 
Капітан
Памяці Ўсевалада Азарава
 
У адэскім сьпякотным порце,
На працятых вятрах Нявы -
Вораг старчых, як сьвет, прапорцый,
Сябра юных заўжды навін.
 
I яму аніяк ня ўседзець,
Дзе курыцца спакою дым.
Побач з гэтым - у форме - дзедам
Некаторыя з нас – дзяды.
 
I нашто капітану лаўры?
Капітан і цяпер жадзён
Пастаяць каля Неўскай лаўры,
Скуль адэскі партал відзён.
 
Капітан і цяпер на флоце,
Дзе пасецца рабы пасат.
Не грашмі капітану плоцяць,
А магчымасьцю напісаць.
 
I нікуды цяпер ня дзецца:
Сэрца з мора ірве прабой –
I ад Балтыкі да Адэсы
Бесказырку нясе прыбой.
 
 
 
 
Дубовая баляда
Непадуладны разьбярам,
Астатні дуб на прыгуменьні
Маланак столькі назьбіраў
Як крушня белага каменьня.
 
I часу хіжая піла,
Абух у злосьці перуновай
Жадалі, каб і ён палаў,
Сябе разбэрсаўшы на дровы.
 
Але ж у мудрасьці правы
Вышэй абухавага права,
I для дурное галавы
Тым часам знойдзецца направа.
 
Цішэлі сокі неўпрыкмет
I траваў абмялелі хвалі.
Пад дубам ссох нязломны дзед,
I дзеда ўнукі пахавалі.
 
Цяпер распуста на дварэ:
У розуму скруціла бэлькі.
I хто ад зельля азьвярэй
Як бачыш, гваздане бутэлькай.
 
Былое соймішча абраз
Забыў і дуб у новым зьдзеку.
Здаецца, вобзем шапкай бразы
Куды вы коціцеся, дзеці?
 
I толькі поўнач у расе
Напомніць, што ня ўсё ж у брудзе,
I разварушыць пакрысе
Стагодзьдзя высахлыя грудзі.
 
 
 
 
Баляда ручая
А як ён весела крычаў,
Ляцелі пырскаў гроны,
Маёва ўквечаны ручай,
Што высах, як гідронім.
 
На белым дне, бы палатне,
Залеглі сьлёзы чорна.
Паглянь – адразу калатне,
Як подыхам зь пячоры.
 
Закасьцянелая вярба
Глытае ў пыле смагу,
Нібы прасолены гарбар
Каля пустой біклагі.
 
Ляціць луска з календара.
Жыве балесны покі
I зьдзек ня можа дараваць
Аблуднае эпохі.
 
I з каламуці злосных дзён
Чарпаць ваду ці станеш?
А быў ручай той не жадзён
Вандроўніку і стайні.
 
Прыстану моўчкі. Сам сябе
Спытаю асьцярожна:
«А як цяпер усё ж пасьпець
Назад, у час мурожны?»
 
Ды лепей, браце, не пытай,
Брыдзі, як мніх, асфальтам.
Ляжыць ручво, нібы пятля,
Павешанага гвалтам.
 
 
 
 
Ветравая баляда
Ходу вятры даюць
З выпетраных узлобкаў.
Ня вечна ж у бубны б’юць,
Бывае, што біць нялоўка.
 
I ветравая грамада
Суцішыцца не ў гуморы:
Садому свайго шкада
I зь ім жа шкада Гаморы.
 
Ды раптам ізноў сьвяжак
Так калатне па раме,
Што прыйдзецца зноў зважаць,
Якой адбывацца драме?
 
Наперадзе – роў ня роў –
Ламіся з наскоку ў дзьверы,
Прыдатны яны для дроў,
Вядома, сякера ў зьвера.
 
Госпадзі, упасі:
Зьверху відней заўсёды,
Як нейкі там чмут ці псіх
Караскаюцца на сёдлы.
 
Шалее вятроў гайня,
Вынюхвае шлях прынадна.
Каго і калі ганяць –
Задумваецца ня надта!
 
 
 
 
Баляда Берштаўскай капэлы
Сьпявала капэла.
Крынічна,
крыштальна
і ясна.
І роўных ня мела
У поўдзень – на полі,
у поўнач – ля прасьніц.
Ды гэтага мала:
Ля зорак капэла сьпявала!
Гучала капэла...
Ды нечаму сьціхла заўчасна,
Ці помач тады не пасьпела,
Ці лёс у жанчын пакручасты?
I раптам капэлы ня стала,
I чутка пра сьпеў не сьпявала.
А песень вясковая веліч
I зёлкі, і вочы расіла...
Азьвіся, Тамара Ількевіч,
I дзе Вы, старэнькі Русілка?
Сумуем мы вельмі,
Мы вас папрасілі б...
Каб раптам рукою сухенькай,
Як колісь, высока ўзмахнулі!
Сьпявачкі ў жалобных сукенках...
I вы не ўзмахнулі – заснулі...
I шлях той, што Вамі абраны:
Такія шляхі абарваны...
Дык дзе ж ты, капэла?
Хай радасьцю сум твой засьвеціць,
Дзе бэзам прастора кіпела.
Ды падаюць словы на вецер...
Маўчаньне стаіць акапэльна.
Сьмяртэльна.
 
 
 
 
Сьнежаньская баляда
Завеі – шыр займаць,
З гаямі йсьці на згоду.
Засьведчыла зіма,
Што сьнежань – ночка году.
 
Ад сьегавых палос,
Як пісягоў маланкі,
Падобна ў белы плёс
Загорнута палянка.
 
У прыцемку – абшар.
А сьвеціць таямніча,
Нібы дзявочы твар,
Адчайны воблік зьнічкі.
 
I лёс яе спазнаць
Ня здольны той, хто падкі
Зь імпэтам адказаць,
Што зоры – Бога спадкі.
 
Віхурным сьледам, бач,
Сплыве задумы пошта.
Дзесь лета дзьме ў гарлач –
А сьнежань множыць пошум.
 
I нам ужо карціць
Завею ўшчэнт разгойдаць,
Бо як ты ні круці,
А сьнежань – ночка году.
 
 
 
 
Янка Брыль у Якушоўцы
На раскопе ўваскрэс археолаг,
Акулярамі ў сонцы зьзяў.
Ад пяску не сьпяшаўся холад –
Сьведка ўсіх далакопных зьяў.
 
Уздымаліся на паверхню
Знакі побыту і быцьця.
Стуль высока сягнула вернасьць,
Не сягае куды бацян.
 
I пячатка з былой абсады
Пазьбірала цяпло ад рук,
А жаўрук хваляваньня падаў
Аж на віленскі сьцюжны брук.
 
Мастаўлянскае сьцежкі ручайка
Вытыкалася ў той сувой,
Што з крывёю мог заручацца,
Сьцягам збыцца над галавой.
 
Якушоўскі прасьцяг узгор’і
На зялёных вятрах гайдаў.
Помства тут вырастала з гора,
I з касою на шлях – гайда.
 
Дзесь пад самым пушчанскім сэрцам
Касінерскі ланцуг застыг.
Наш пачатак ад тое сьмерці,
Думкі нашы паходзяць з тых.
 
...Ператомлены, як раскольнік,
Думны воблак пад небам брыў.
На бунтоўным стаяў раскопе
Зь ціхай мудрасьцю Янка Брыль.
 
 
 
 
Кушляны. Восень
Кушляны. Восень. Жарабя.
Мацея Бурачка сядзіба.
Тут час ствалы не парубаў –
Навекі пасадзілі.
 
I камянёў, і каміноў
Стаяць жывыя цені,
Стаяць, як праўда над маной
Або сьвятло над цемрай.
 
...Дарога несла вараных,
А тыя – адваката:
Уцёк з паўстанцкай стараны,
Скрываўлены ад катаў.
 
Не паратунку ён шукаў –
Адчаем поўніў вока.
Маўляў, хто сеў на мужыка –
Ня ўздымецца высока.
 
Штось фурман сьціх на перадку
I гаспадар фальварка...
Ня будзе прыязьні радку? -
Ды толькі ў недавяркаў!
 
Яснавяльможныя бурчаць:
Ад зерня прэч палову!
Абсяг Мацея Бурачка.
Сусьвет змаганскі слова.
 
 
 
 
У шумныя лесе
Зіма зьбірае мліва.
Ляціць вятроў гайня.
I трубіць бор шчымліва,
Як кракаўскі «гейнал».
 
Па просецы ступаем
З табой сьляды ў сьляды,
Вось гэтак за слупамі
Імкнуцца правады.
 
Зноў з выскакам завея
Хвастом крутым крутне.
Сьняжынкі сплюшчаць веі –
Іх плойма на сасьне.
 
Хутчэй пад шаты станьма,
Пакуль шалее лёд,
Нібы ў пячорным стане
Назад сто тысяч год.
 
 
 
 
На дарозе
Падаць грушыне нема,
Дзе трава палявая,
Дзе глыбокае неба
Ды сінечай палае.
 
З-пад страхі далягляду
Шчабятаньне ляцела.
Мне давесьці да ладу
Душу зь целам карцела.
 
I зусім не ў трывозе
Колам сонца іграла,
I ляжала на возе
Грушы дужае рала.
 
Лог казюркамі цінькаў
Сам сабе і да ўпаду,
Бы каменьчык па цынку,
Як даводзіцца падаць.
 
Паабапал нясьпешна
Разбрыліся пагоркі.
Лёс адмерваць ім пешшу,
Як і мне, не агоркла.
 
Толькі нечаму скрушна,
Толькі нешта няміла.
Пры дарозе – ня крушня,
Пры дарозе – магіла.
 
 
 
 
Вандроўка ў Варняны
Цуд, ня больш і ня менш, пабачыць
(Час датла іх ня ўсе расьцёр)
Павёў мяне Рычард Бялячыц
У Варнянскі касьцёл.
 
Мейсц тамтэйшых і сын, і знаўца
Не дазволу ў Бога прасіў –
Прапаноўваў высока ўзьняцца,
Аж наколькі хапіла б сіл.
 
Дзіва ў зрэнках, напэўна, стыла,
I задумваўся не назло:
А якім памножаны стылем
Думкі дойліда на мазоль?
 
Лахманы крыжавога веку
Ураган растрос на рагах.
Пад панурым, як немач, векам
Не пра тое маўчаў арган?
 
Дык вядома, у дзікай драме
Не аднойчы Хрыстос канаў.
Паднябесьсе стаяла ў храме,
Як падвешаны акіян.
 
Не расколаты доўбняй, працай,
Галасы з навакольных хат
Аціхалі ў высокім спраце
I знаходзілі душы спрат.
 
Тут пачуцьцям сьвятла хапала,
Уздымаўся паволі лёс.
I за грудзі жальба хапала –
Хваля так абдымае плёс.
 
...Адплывала ў смугу званіца,
I гаёў зелянеў экран.
Немагчыма з дарогі зьбіцца,
Як вяртаесься да Варнян.
 
 
 
 
Малюнак прыезду
Раматусам скручаны вяз
На слуп абапёрся аберуч.
Бялізну так круцяць якраз,
Пасьля, калі пранік адперыў.
Падворак. Калодзеж. Павець.
Дзядоўнік паказвае пыху.
...А мог бы сюды не пасьпець
Раней, чым убілася ліха.
 
 
 
 
Пчолы Апанаса Цыхуна
А пчолы знаюць вульлі
Свае. Сказаў прарок.
Ім не трымацца вуліц
Ні ўздоўж, ні ўпапярок.
 
Няма пчале дыстанцый,
А ёсьць дзівосны код:
Да родных сьцен дастацца
Празь бездань перашкод.
 
Ёй крыж нялёгкі несьці,
На лёс не наракаць.
Такім жа чынам дзесьці
Нясе сябе рака.
 
У кветках валавокіх,
Зь вішнёвай вартай рал
Пазначана валока –
Пчаліны арэал.
 
Браню з тугога воску
Ня возьме хіжа восьць,
Бо ёсьць у вульлі войска
I маршал войска ёсьць!
 
Калі ў пашане праца,
Гудзе крылаты род,
I можна не спрачацца,
Што ў нас – наадварот.
 
I чуецца за гулам
Дакладных спраў расклад,
А плён іх падагуліць
Сьвяточны стол Каляд.
 
...Духмяны надвячорак
I Апанас Цыхун
У цяжкіх гронах пчолаў
Стаіць, нібы вястун.
 
 
 
 
Дзякуй Сактару Яновічу за дождж
Разам з чэрвенем акурат
Быў я на стрэчу падкі.
Частаваў Яновіч Сакрат
Югаслаўскаю згадкай.
 
Капала сонца з крон –
Збан бы сюды парожні.
Недзе піпікнуў гром –
Выліты спадарожнік.
 
З ласкі настырных хмар
Біла вада ў рыштоку.
Схавала дзяўчына твар
На фудзях Беластока.
 
Казань нашто казаць,
Скрэбці за мудрым вухам?
Змые дажджоў касяк
Звады ва ўсіх завулках.
 
Сярэбранаму ездаку –
Дажджу
Праз усе загоны
Ехаць, ажно пакуль
Смагу іх не загоіць.
 
...Зноўку мне памяць шле
Словы з лацінскіх літар:
Сталі яны на шкле,
Леглі на мокрых плітах.
 
Раімся на пуцях,
Дзе адпачыць засядзем.
– Што ў вас для піцьця?
– Дождж у бліжэйшым садзе.
 
– Што ў вас апасьля:
Стоміцца ж дождж заўзяты?
– Потым можам паслаць
За яго памагатым.
 
– Што ў вас за намер
На наступным стагодзьдзі?
– Дождж заліць за каўнер
Таму,
          хто з пытаньнем ходзіць!
 
 
 
 
Старыца
Нешта сталі старыцца
Крона і крыніца.
Зарастае старыца –
Зельлем караніцца.
 
Нешта нам нявесела
Ля сваіх ваколіц.
Галаву павесіла
Вясялосьць на вольле.
 
Нешта нездаровіцца.
На душы – зьнямога.
Сэрца, бы ў сукровіцы.
Браце, не замнога?
 
Да вяршыняў велічы
Не дайсьці – задуха.
Ходзім, голаў квелячы
Тым жа боскім духам.
 
Ды, напэўна, здарыцца
Нешта не з раскладу?
Забруіцца старыца,
Засьпявае складна.
 
Зь сьветам повязь крэўная,
Ён у нас глядзіцца.
Загудзе па крэменю
Рэчка Маладзіца.
 
 
 
 
Рэтраспэкцыя
Мар’яну Дуксу
 
Пераставім вешкі.
Вылічым гады.
Стынуць галавешкі,
Ды такой бяды.
 
Стомлены аловак.
Выгнуты абзац.
Буйныя галовы
Проста не абцяць.
 
Конна мы ляцелі,
Лезьлі праз брады,
Уварваць хацелі
Божай барады.
 
Нам казалі ў лёце:
«Перш за ўсё – загад!
Добрыя вы хлопцы,
Ды глядзі назад!»
 
Ай, ня будзем крыўды,
Ведама, лічыць,
Азірацца крыва,
Спадцішка лаўчыць.
 
Вось паставім кропку
Пад юначы сьвіст.
Божая кароўка,
Сядзь на чысты ліст.
 
Не жыцьцё – пацешка.
Гора – не бяда.
Уцякае сьцежка –
З кошыка вада.
 
 
 
 
Вечаровае запрашэньне ў госьці
Катушок я займеў:
Во – прастора!
Ты заходзь да мяне,
Пагаворым.
 
Фортку вецер прыб’е,
Як цьвікамі.
Ад халодных праблем
Уцякайма.
 
Будзе кот каля ног
Ацірацца.
Нешта зьмеціў даўно
На цыраце.
 
Стане чайнік дрыжаць
Зь перапуду,
На якога ражна,
Бы падсудны.
 
Думка вызначыць лоб:
Можа, горкай?
I прыправай было б
Для гаворкі.
 
I давай апяваць,
Як па масьле.
Спавядаць, ушчуваць –
Хай ты б згасла!
 
Не забыцца б гучней –
Пра парадкі.
Ды з урада пачнём –
Дайце рады!
 
Скуль бярэцца імпэт
Для філіпік?
I да шыбы ўвесь сьвет
Аж прыліпне.
 
Дым плыве валакном
Абарваным.
Пагляджу за вакно:
Пэўна, ранак.
 
 
 
 
Спроба ілюзій на рацэ
Ля ног стаіць вада.
Падобны да камеляў,
Аблокі там, відаць,
На дне, закамянелі.
 
Таемны шэпт трысьця,
Зязюлі лік адчайны
То сьціхнуць, то трымцяць
I нешта азначаюць.
 
Прарочаць скарб знайсьці
У зла дрымучым схове,
Праз твань зрабіць насьціл
I быць напагатове.
 
Такое той бяды,
Ды што губляць, урэшце?
Да боскай барады
Адзіны шлях у грэшных.
 
Тым болей час насьпеў:
Трывалей жыць са скарбам.
Са скарбам можна пець,
Са скарбам цёпла скабам.
 
Сябрам былым: цю-цю!
(Прыйшлі на дармавіну.)
Лупі сабе куцьцю,
Куцьця смачней пры вінах!
 
А зазьвініць дукат,
Дык зайздрасьць рот разьзявіць.
(Ня кожны адвакат
Абвергне сутнасьць зьявы.)
 
...Тым часам даўся знак:
Вось тут яна, нірвана,
I там жаданы гляк
На дне замураваны.
 
Тут вецер (пры ламах) –
Паветра коўць глыбока –
I з крэктам разламаў
Каменныя аблокі.
 
 
 
 
Астролаг
Загібелы астролаг
На задворках планэт
Жыцьцяпіс іх патроху
Вывучаў праз ларнэт.
 
На апошняй старонцы
Быў дапісаны сказ:
«Ты ня наш абаронца:
Ты забыўся на нас».
 
I, відаць, каб закрэсьліць
Скаргу злосных зямлян,
Глуха плюхнуўся ў крэсла,
Дзе пакойчык займаў.
 
Акуратным алоўкам
Напісаў у адказ:
«Я, панове, ня лёкай,
Ды і выспацца час!»
 
 
 
 
Дзед ля лазьні
Пад наглядам сядзіб
I вільготных вяргіняў
Дзед ля лазьні сядзіць,
Як тутэйшы Вэргілій.
 
Не на службе прысеў.
Спакваля, не адразу
Задрамаў пакрысе –
Бы нясе абавязак.
 
Сну павека зайшло.
А вугольле скавыча,
Дзе жанчына за шклом
Палыхне бліскавічна.
 
Расьпірае куты
Дыхавічна задуха.
А спакусы каты
Дзеду скардзяцца ў вуха:
 
«Гаю, ты мой гаю,
Зялёны мой гаю,
Страціў я дзяўчыну,
Цяпер не паймаю».
 
Схамянецца стары:
Думкі шыты ня лыкам!
Бы зь юначай гары
Нехта ўголас паклікаў.
 
Дзед расшпіліць кажух.
Жытка, хай жа ты лясьні!
Косьці выпраміць дух
Несьмяротнае лазьні.
 
 
 
 
Прымаўка
Як божая раса
Нападае ў дастатку,
Ты загубіш парася,
А знойдзеш сьвінаматку.
 
Пасьля дажджу ў чацьвер,
А можа, й папярэдне,
Ты згубіш мел, павер,
А знойдзеш, браце, крэйду.
 
А ў сьне цябе анёл
Пагладзіць ручкай здолеў,
Ты згубіш толькі ноль,
А знойдзеш тройчы болей.
 
А пашанцуе зноў,
То на сьвятыя нігды
Ты згубіш пару сноў
А знойдзеш раптам мігды.
 
Калі напрыканцы
Пачуеш сьвіст рачыны,
Ты згубіш два дубцы,
А знойдзеш дзеркачыну.
 
I каб якая дрэнь
Зайздросьціла ня зрэдку,
Ты згубіш толькі хрэн,
Тым часам знойдзеш рэдзьку.
 
Зьдзівіўся абалдуй,
Пачуўшы пры нагодзе ж:
Згубіў – дык не бядуй,
Ня радуйся – як знойдзеш.
 
 
 
 
Сані
А час пайшоў наадварот,
Давай усядземся на сані.
(На іх ля здвоеных варот
Дыван у колеры засланы.)
 
На збруі тояцца званцы.
У грыве песьцяцца істужкі.
I не крануты ў два канцы
Сумётаў белыя падушкі.
 
Пакуль дарогу апрастаць,
То капыты танцуюць дробна.
Іскрыста сьнегу ля прысад,
Як жарабцовай зорцы ў лобе.
 
Нарэшце – ходам са двара,
Адной хвілінай – на прасторы.
I ветру можна давяраць
Гасіць пад палазамі зоры.
 
Штохвілі карацее шлях:
Сьвятыя, дайце раду ў помач.
Ты зь іншых санак перайшла,
Каб цесна стала дыхаць побач?
 
Салодка хіліць паварот.
I сёньня на апошнім самым
Рышток залепіць сьнегам рот,
Кульнуўшы сані з галасамі.
 
 
 
 
*  *  *
Мы з табою браму мінавалі.
Ганак нораў паказаў круты.
Ды для нас зусім не існавалі
Плётак невідомыя драты.
 
Птушак несьмяротныя забавы.
I кудысь гадзіньнікі імчаць.
Нам з табою час ня трэба бавіць,
Нам з табой яго не прыкмячаць.
 
Вочы слухаюць, а сэрца чуе.
I шугае музыка душы,
I раса на дубчыку начуе,
Маладзік гайдаецца ў Каўшы.
 
Мы з табою разарвалі ловы:
Іх прынесла звада, як вада.
Ты такія мне шаптала словы,
Што цяпер памерці не шкада.
 
 
 
 
Воблак
Воблак нягучна ляцеў
На шэлест крутых даляглядаў
I мне на паштовым лісьце
Твае завітушкі пагладзіў.
 
А потым растаў ён і зьнік.
I сонца адсьвечвала збоку.
I я з той пары – паштавік –
Разношу па сьвеце аблокі.
 
 
 
 
Купаньне
Дзень пацягнуўся ў аблокі
Парасткам,
дымам,
крылом.
Выгнуўшы стан крутабокі,
Блішча рака пад бугром,
Маючы нешта прыпомніць,
А потым зьнянацку забыць...
Плоцева,
веранда,
поўна
Хоча жанчын агаліць.
...Хочацца жарту забавы,
Іх зараз хоць возам вазіць.
А вокліч шчасьлівы: ой, бабы! –
Дагэтуль над сьветам вісіць.
 
 
 
 
Абнаўленьне
Паўнее сонца круг.
Шаша страляе прама.
I робіць рэзкі зрух
Ракі кардыяграма.
 
Узьбіўшыся на дах,
Паводзіць бусел лобам:
Яму – нішто ў лагах
Старых сьнягоў жалоба.
 
Сярожкі збоч вісяць
Па самай шчодрай мерцы.
Стукоча мне вясна
Тваім адталым сэрцам.
 
Мне голас твой чуцён,
Завоблачны, за плотам.
Такое пачуцьцё -
Як спосаб для палёту.
 
 
 
 
Вяртаньне
Напэўна, было не чуваць
Увечары сьвету старому,
Як клаўся анёл начаваць
I брохнула рыбіна грому.
 
Блішчала на небе раса.
Таілася слова пад бэзам.
Нячутна твой шэпт вырастаў,
I сэрца зрывалася ў бездань.
 
Даўно адбылося. Расьце
Трава над апалаю зоркай.
I мне ўсё прасьцей і прасьцей
Брысьці з заімглёным узрокам.
 
 
 
 
*  *  *
Наступілі на леташні сьлед
Нашых крыўдаў зламаныя цені.
I прыслухаўся стомлены сьвет,
Ці яго мы спагаду ацэнім.
 
Павярнула ты моўчкі назад,
I парвалася згоды намітка.
Толькі вецер рабіну нізаў
Пра запас на чырвоную нітку.
 
Халадала. Чарнелі вакол
Нерухомага дому прысады,
I зьбіраўся здалёк да вакон
Недзе сьнег з завірушным надсадам.
 
А пакуль жа падпальваўся кнот
(На бяду электрычнасьць прапала),
Ціха бразнула шыбай вакно:
То душа уцяка... уцякала...
 
 
 
 
*  *  *
Адчыняю студыю любові,
Зачыняю змроку каземат.
Болей не сустрэнуцца абое,
Як зь вясной ня сходзіцца зіма.
 
Расхінецца воблака над гаем,
Зазьвініць праменьне на слупах.
На траву няўклюднымі нагамі
Не захоча вечар наступаць.
 
Разьляціцца фарба на палотнах,
I зьляцяцца сэрцы аддалёк,
I такому сьпеўнаму палёту
Пазайздросьцяць пеўчыя палёў.
 
Адчыняю студыю любові.
З пэндзьлем завіхаецца мастак.
Ён начуе недзе каля Бога,
А сюды сыходзіць па мастах.
 
 
 
 
Разрыў
На парозе стаім.
Неабходна сьпяшацца.
Адыходжу, як дым,
У камечанай шапцы.
 
У чужых на віду
Заставацца нягожа.
Не іду на бяду,
А як цень, адыходжу.
 
Дом пад чыстую здаў,
Бы забіты цьвікамі.
I зьнікаю, як здань,
Непапраўна зьнікаю.
 
Лепш у пекла жыўцом.
Там пакінеш жахацца.
Хіба гэта жыцьцё?
Від на жыхарства.
 
 
 
 
Абазнанасьць
Солі пуд хоць і зьелі –
Разьвядзе паваротка.
Шлях, як вечнасьць, кароткі
Нешта бавіцца ў Зэльве.
 
Дрогне конская храпа...
Кропля шусь да каршэні
Не зь легенды жэньшэню,
А з-пад пошапту граба.
 
Сьцісьне пасам завея
Постаць,
думку,
зямліцу.
Каб хацеў замяніцца,
Дык ніхто не заменіць.
 
...не вяльможна-вандроўна...
...з гузаком і агрызкам...
...глянь, вякуюць вароны...
...бач, парэшткі харызмы...
 
Мусіць, зораў музэю
Тут адмовілі ў шыльдзе:
Мех дзіравы пашылі –
Высыпаецца зерне...
 
 
 
 
Палескі знак
I пры паставе без падстаў
Ня хоча конь падковай грымнуць,
А вунь, як выкапень, паўстаў
Пад паляшуцкай смольнай грывай.
 
Дрыгве хрыпатай асака
Аперазала нанач горла.
Палесьсю здрадна высыхаць:
Палесьсю плёскацца ня горна.
 
На ясяльдзянскіх паплавах
Спраўляюць згадкі, як угодкі,
I хто дубы не сьпілаваў,
I хто ня рваў гарляк з-за сотак.
 
На бітых бітлах – не з балот –
Як скруха, скура закарэла.
Нашэсьце лоз блішчыць, а бот
Гразёй муруе ім карэньне.
 
Затокі Прыпяці завёў
Чумацкі шлях у зман пашанай.
Цяпер жа, цьмяны, у завой
З вышынь на згоду не сьпяшае.
 
Зару, расхрыстаны, абняў –
Кажух на тое мае моду.
Карчма не вычарпала дна
Неверагоднай вёскі Моталь.
 
На плечы ўзрост даніну клаў:
Дабіць ня здолее да ручкі!
Во! Сьлінка ў вісуса цякла:
Калені – блісь! – у паляшучкі!
 
Тут здабылі надзіва спрыт
Буслы ў вандроўцы за плугамі.
А каларыт каму абрыд? -
Ён на балоце палягае.
 
 
 
 
Пасьляваенная азбука
Прытуліла азбука дзяцей,
А дарослых перадоўкі згрэблі.
Крэйдзе з дошкай раіцца лацьвей,
Чым калёсам з пазванкамі грэблі.
 
Таямніца літар: хлапчуку
«У» дае дадатак нескладовы,
I між тым падобны на чаку:
Вырві –
                  азбука разваліцца, як дровы.
 
 
 
 
Звон
У дастапомнай брамы лёс
З паданьняў, занядбаных зьдзекам,
Пазбыўся сьпеваў і калёс,
А памятка сядзіць у дзеўках.
 
Дзе балем цешыўся палац
I бушавала жарсьцяў безьліч,
Дарэмна сьлёзкай паліваць
Нябыт азызлы і аблезлы?
 
Падмурак: каецца рагоз.
Алеі знак: уздых кунегі.
Няма і духу пітных доз,
Што вус замочвалі Сапегам.
 
Ад цішыні абшар аглух.
Дзівак з дарогі долу кленчыў.
I тынку, бы нябесны, пух
Яму засеяў белым плечы.
 
Вандроўнік меў заплечны скарб.
Хапала моцы і хапіла,
Калі шпурляла ў бездань, каб
I там захмар’е падхапіла.
 
Ён уздымаў на браму звон:
I праміргала ўчынак варта.
Яшчэ ў зародку быў закон,
Што званара зрабіў вар’ятам.
 
 
 
 
Выпіска з радавой кнігі
Зыходзіла сонца на глум.
Вала валюхала валока.
I вечар нагортваў імглу
На вобад каровіна вока.
 
У лёт шыкаваўся кажан.
Трысьнёг прыпадаў да завою.
Да помных палацаў Ружан
Здалёк спрычыняліся войны.
 
Круціла сялян сатана:
У пырніку немач захрасла.
У мораку дзень патанаў,
А ноч распажарвала праслы.
 
Ды прадзед няслабкі Антось –
За плечы – адвагу і лапці:
Круціў невідомую вось
Бяз шанцу, што вечнасьць заплаціць.
 
Разьдзёр небасхілы вятрак.
Над дзедам зямелька трывае.
Захочам ім спадкі вяртаць,
А мы – і ў руках не трымалі.
 
 
 
 
Смага
Дражніла вытрымку біклага
У барыша і галыша.
Навошта скардзіцца, што блага
На сёмым небе шалаша.
 
На загагулінах ваколіц
За плюшч чаплялася іржа.
I пыл, згрувашчаны на колы,
У лес з палёгкай заязджаў.
 
Лістота ўзбоч не трапятала.
Зьнікаў за неба самалёт.
I смалакурня між кварталаў
Змаглася зморай і смалой.
 
Да ценю хмарка забягала.
Круціла бераст у крыжы,
А ён, трывушчы, як Ягайла,
У квас сухарыкі крышыў.
 
Жада ня з ласага прыпасу
Хавала кроплям хваласьпеў,
А ім аднакі: хто з лампасам,
I хто лампасу не сасьпеў.
 
З часоў сярмягі сага смагі
Сплыла ахвярна па рацэ.
I толькі гарлячок біклагі
Пяшчотна схоплены ў руцэ.
 
 
 
 
Эцюд на Зэльвенскім вадасховішчы
Не скрэсьліць неба ў клетку
Руцэ худога бонзы.
Чмялі варушаць бронзу
Над вухам у палетка.
 
Рамесьнік-валацуга
За грош сябе затопча.
А хваля камень точыць,
Шаруе коням цуглі.
 
Страката скачуць краскі.
За пэндзьлік служыць песьцік.
Біблейскі вокліч весьціць:
Адсюль красу ня ўкрасьці.
 
Караскаецца чайка
У неба зноў, дурніца.
А ў доле блісь вадзіца –
Сядай – і закачайся!
 
 
 
 
Матыў берага
Няўжо тапталася па рэчах
Падэшва крыўды і растаньня:
Стаяў, надломлены парэнчай,
I сонца ценю не прастала.
 
Дзяўбла пад гвалт скарынку глею
Зь імпэтам чаечая каста,
Няўжо на беразе згалела,
Хаця заможна можна красьці.
 
Пясок і зьместам, і замесам
Няужо ня меў хаўрусу зь зельлем,
Бо не знайшлося хмелю мейсца
На тапчанах у сухазем’я.
 
Пагас на перавязі ветразь:
Трымаў за пазухай анёла.
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Няўжо і яхта зьнікла летась?
Паслухай! Зноўку зазьвінела...
 
 
 
 
Мораны дуб
Пад корань замораны дуб
У змроку бяда захліснула.
Асілкі спазналі бяду
Раней, чымся вернікі булу.
 
Пяскамі замкнёны нябыт.
Заціснуты дых паясамі.
Маланкі, руку каб набіць,
Наўхіл небасхіл расьпісалі.
 
Вунь гора з пустым рукавом
На водмель прыбіла ад пекла.
I хваля паўзла па крывой
Далей ад пякельнай апекі.
 
Пакуль пачынала віднець,
Запала на лоз парапеты,
А потым на ўтомленым дне
Загойвала дубу хрыбетнік
 
...Выцягвае мораны дуб
Лябёдка жалезнаю дзюбай,
Ды тая – вунь лашчыць ваду –
Нямогламу, мабыць, найлюба...
 
 
 
 
Дзяцел
Здалёк іх вабіць дух глячка:
А дух той шчыльны, хоць няшчымны!
Салоўка – трэнер гарлячка,
I ястраб – прагны да начыньня.
 
На варце дробаў і драб’я
Саплівы дзяцел зь вінтарэзам.
Вярыгі ўціску для раба
I дзюба дзятлава – з жалеза!
 
I фаліянт пяшчотных спраў
Яна курочыць, бы з гарачкі.
А там знайшоўся коскам спрат,
I клічнік распрастаў гарлачык.
 
 
 
 
Асеньнія крэскі
Дагарэў бульбоўнік. На адхон
Вецер пасмы дыму прыціскае.
Выраяў няпісаны закон
Меціць высі почыркам наскальным.
 
Захліснула бліскавіца мех
З каптуром вавёрчыных арэхаў.
Адабрана гвалтам ад уцех
У дупле зажалілася рэха.
 
На бары, нібы календары,
Ліст надзеі дрэмна завісае.
Закілзаў шалёныя віры
Сом адгадаванымі вусамі.
 
I мастак у зьмешаных лясах
Пераблытаў пэндзьлі канчаткова:
I яму і лес, і палісад
Не даруюць іскры Канчаковай.
 
Абдымае восень паляшук,
Хоць ня надта падкі заляцацца:
– Я табе дзяцей пакалышу,
Покуль, як лістота, разьляцяцца.
 
Вымятаюць ходнікі. I парк,
Як нашчадак дрэва Радзівілаў,
Не шкадуе: золата ня брак!
Толькі каб бяз бойкі разьдзялілі...
 
 
 
 
Бяз сэнсу
Зноў арапістыя вятры
ўсчалі
бессаромны ператрус
восені.
Асаблівая прага
ў марадзёраў
да залатога запасу
лістоты.
I ўжо затым
неспатоленыя
ня грэбуюць
нават сьметніцамі.
I даводзіцца апасьля
змардаванаму мураўю
трымаць
на уласным гарбе
сумёты зімы.
Каб ня зьмерзнуць.
 
 
 
 
Два Міколы

                                      Вясеньні Мікола прыходзіць       
                                      у маі, зімовы – у сьнежані.
Народны каляндар

 
На соймік сойкі жыцьцястойкі
Намацваў долы пілігрым.
Паляна згортвала настольнік:
Ляжаў разгорнуты, як дым.
 
Нятупкай сьцежцы напярэймы
Адвешваў сківіцу гарох.
Расы блішчастае бярэмя
Загроб аберуч агарод.
 
Капуста спала, як распуста.
I заяц велічна гавеў:
Калі ў вантробах зайца пуста,
Дык зайцу поўна ў галаве.
 
Пакуль агонь са стрэльбы плясьне,
Каб дзік задзёр пляскаты лыч,
Валок ваўчыска хіб уласны,
Валокся сьледам хвост, як біч.
 
На лапу ласаму мядзьведзю
Зьбірала хабар мёдны борць.
Хвала Заступніку, бо ледзьве
Ня згрэбла лапа пчольны збор.
 
Наводдаль грузнага парома
Пусьцілі Нёман па руках.
Дзяліць выгоду – дык пароўну! –
Язі зьмясілі перакат.
 
Ласінай мордай раганосца
Стажкі няўломак барукаў,
Хоць нос ня нёс, гляка адносна,
Зламысны колер бурака.
 
На ласку вернікаў тутэйшых
Надзеі ўскладваў ураджай,
Аднак ізноў сябе завершваць
Паклікаў сьлёзных гараджан.
 
Фурманка скардзіцца на мосьце:
Наліха везьці лішні мех?
На мосьце ў радасьці і ў злосьці
Найлепш апірышча ня мець.
 
Разора спражыла бульбоўнік:
Вугольчык тыц – Міколу ўпёк!
I той напоі, як набоі,
На печ з каморы павалок.
 
 
 
 
Зазімак
Налева збочыў ліставей.
Направа зрушыцца пазёмка.
За гай зашыўся салавей,
I глотку драць адтуль няёмка.
 
З каморы польныя дары
Калядна будуць пахвалёны.
Дарэмна ў прыказцы дурны –
Ня слабкі одумам валёнак.
 
З палудня дзень пайшоў на знос:
Шыхуе вечарам пагрэцца.
I націрае жорстка нос
Тутэйшы дух эпікурэйцу.
 
Затуліць поцемкам лазьняк
У шалік доўгую аблогу,
А шкалік згодны раскілзаць
Кабылку пожаду былога.
 
Маўчок парафія завей:
Чакаюць сьнежня-архірэя.
А той да посту прызаве –
I хто нядуж – перахварэе.
 
 
 
 
Мясаед
Зара шматкроп’е з сухара
Зіме ня крышыць на спадніцу,
А ў дым закручвае зара
Ядловец з пахам паляндвіцы.
 
Абліскавічаны нажом,
Ня церпіць стол пакутнай пусткі.
I лезе прагна на ражон
Гурок, прыкметна, што распусьнік
 
Ня ўзмах сігнальнага сьцяжка
Для бульбы вызначыў напрамак:
Гастрылі вока спадцішка
На бульбу ў корабе і краме.
 
А той нягожа наракаць:
Маўляў гібею... нацнабытак...
Бо носіць бульбу на руках
Чыгун пад накрыўку набіты.
 
У бульбе выведалі толк
Нутром трывушчы зь непітушчым.
Ды хто яе нашчэнт затоўк?
Таўкач, распушчаны на тлушчы!
 
Зацьмяць кілбасы бляск калёс
У апраменьні ўласным  бляскам.
Не апанурыцца на знос
Шана калёсам і кілбасам!
 
На лугавіне рушніка
I бацька-бохан, сын-акраец
Здалёк віну паражняка
Штрафною мерай пакараюць.
 
Кадык, задзёрты дагары,
Шукае згубленае мейсца,
Пакуль імпэт не дагарыць,
Шалёны ў звычаі і зьмесьце.
 
I распанелы аглаед,
I цюцька ў спадчынным канфузе
Ня смокчуць лапу ў мясаед,
А веліч чухаюць на пузе!
 
 
 
 
Ручай пад лёдам
Замкнулі голас ручаі,
Каб ён завей не бударажыў
Ні тых – зашклёных у гаі,
Ні тых – з дрымотным камуфляжам.
 
Зіма навесіла расклад,
А ў ім адлігі – не па тэме.
Ірдзеюць водбліскі Каляд,
Як краснапёры на патэльні.
 
На круглагрудых сьнегірах
Шугае багра – і нядарма
Яны нараніцу гараць,
А ўвечар грэюцца над жарам.
 
I на дзядзінцы ля дэка
Абноўка грае, як гаёўка.
Ахрысьцяць жарты мінака,
Ня зьлічыць кветак шаляноўка.
 
Ды ўсе нацешымся наўрад:
Цішком смутка ў сувой загорне,
Калі ты ў радасьці ня рад,
I дзесь ручай зажаліў горла.
 
Паслухай сам перад усім:
За брамай скрушнага крышталю,
Як ён пад сподам зьбеглых зім
Гучыць у шолаху і шале.
 
 
 
 
Інтэрпрэтацыя сьнегу
Прагны гуду завей,
Прыдаўся гербарый сшытку.
Словы «ліпень» і «салавей»
Выкасаваны з ужытку.
 
Коцам накрыла дол
Там, дзе найбольш страката.
Страціў час багамол:
Скарбам ці стануць страты?
 
Сьвечку вызваліць бег
Зь цемры, да збродні сквапнай.
Падаў на плечы сьнег:
Мур аддзірае вапну.
 
 
 
 
Насьледаваньне Багдановічу
Дзяўчына побач з вадаспадам
Рукамі затуліла твар.
I шчыльна абвалок загар
Яе і прагны, і дападны.
Успамінаецца дакладна:
«Чаму, – спытаў, як той шкаляр, –
Дзяўчына побач з вадаспадам
Рукамі затуліла твар?»
Залежна ўтомны ад даклада
I дзён, што тоіць каляндар,
Нясу ў вачох за боскі дар,
Нібы ялінку на Каляды:
Дзяўчына побач з вадаспадам.
 
 
 
 
З ночы
На чым сьвет кленучы,
Сьвет ня зьлепіш праменьчым.
Бразнуць моўчкі ключы
I паслабяць раменьчык.
 
Шлях патроху цямнеў,
Покуль побач аралі.
Толькі ў зімняй цане
Шляху сьнежны арнамэнт.
 
Ах ты, сад-далягляд,
З павалокаю вока.
Хто каму далягаў? –
Спавіла павалока.
 
Расшпіліўся каўнер.
Ліст палае і згіне,
I яго не кране
Сэнс «ад гімна да гімна».
 
Западае ў пасьцель
Не адпешчаным цела,
Каб забыцца пасьпець
На таго, што хацела.
 
 
 
 
Вучэньні
Адгэтуль на сотай вярсьце
Вільготнае сушыцца сонца.
Радзімцы да шыбы няўсьцерп:
Сьпякотна жадае вайскоўца.
 
Заскочыць – няўжо?! – шалапут.
Пагон прыкамечаны. Жарты.
Анёл ёй на вушка шапнуў...
Цыганка нагледзела карту...
 
Ня ведае зух-лейтэнант,
Што мае Сусьвет перашкоды.
Расквеціцца ордэн, як бант!
А ордэн – і ў шклянку ня шкода!
 
Анёл не ўздымае трубу,
А шэпты ня весьцяць трывогу.
Яе абвяшчаюць з трыбун,
А сьлед – як раса за травою.
 
Навошта ім прага засад
I лішняя ярасьць пагоні.
Ды падае зорка за сад,
А трапіць магла на пагоны.
 
 
 
 
Клава
Навала – лічы – аблава
Зацьміла зьнянацку сьвет.
Над вухам грыміць дуплет:
Ва ўсім вінавата Клава!
 
У Клавы пагляд яскравы:
Ня жміндзіцца, бач, кума.
На блузцы яе кайма
Калышацца зьлева ўправа.
 
У Клавы ня толькі крама
Люстэрку нясе фасон,
А радзяцца Фа і Соль –
Суседкі па нотнай раме.
 
У Клавы няйнакш пастава
Зьвядзе й барана на зман.
Ратунку! I сам баран,
Варушыш губамі: Кла-а-ва...
 
У Клавы з усіх старон
Лісты, а да іх прыпіскі,
Ды творцы прыпісак зь піскам
Лавілі, аднак, варон.
 
У Клавы свае падставы
Знайсьці ім надзейны спрат.
Драпежна блішчыць карат
Яе безнадзейнай славы.
 
У Клавы сьпяваў гуляка,
На пальчыках лашчыў лак,
Ды хляснуў спакусны гляк –
I пляжыць пакос сабакам.
 
У Клавы пустая лава:
На покуць ня ўсадзіш грэх.
Казаў невідушчы грэк
Чакай – і здабудзеш, Клава!
 
У Клавы анёл на плечы
Ня крылцы – а шэпты склаў.
Ён склеіць асколкі шкла,
I кветку распусьціць глечык.
 
 
 
 
Трыялет пярсьцёнка
Пярсьцёнак з каменьчыкам фальшу
Наўрад ці віну захаваў.
Дарэмна раней зухаваў
Пярсьцёнак з каменьчыкам фальшу.
Аднойчы ён вам змахляваў
I сьцяўся на пальчыку вашым...
Пярсьцёнак з каменьчыкам фальшу
Наўрад ці віну захаваў.
 
 
 
 
Ваўкавыску
Берэткай вячэрняй школы
Ізноў маладзік завіс.
Нагадвае колу кола –
Ваўкавыск!
                          Ваўкавыск?
                                                      Ваўкавыск!
 
У горада двух вакзалаў
Сталёва-садовы стан.
Казань тады казала:
Сам сабе лёс дастань.
 
Друкарскі сьвінец дурманіў.
Ля скроні Сусьвет кружыў.
Цесна заўсёды ў краме,
Вольна ў царкве заўжды.
 
З выяваю  Ваўкавыска,
Як воблак, здалёк паўстаў
Дзень, што сады ня высек,
Ракі не спраміў сустаў.
 
Каўнерыкам камсамолкі
Азначаны палісад.
Часу хапала толькі
Заснуць, каб адразу ўстаць.
 
Нязьмераны век. I побач
Дыхаюць сьлед у сьлед
Вусны адчайнай пробы,
I вузіцца з жахам сьвет.
 
 
 
 
Юнак. Біяграфічнае
Стаялі ўздоўж платоў
Сады крутога ўзросту.
Шугала паліто
Навыраст і наросхрыст.
 
Бальшак здалёку бег.
I хутар кукарэкаў.
Зімы зь вясною зьбег.
Дымок ад цыгарэты.
 
Ня думаў не гадаў:
Закон – заўжды, як дышла.
Ня выйшла галадаць,
Сьпяваць затое – выйшла.
 
I рашчапляўся сьвет
Жадной на грукат клямкай.
Як боскі запавет –
Цягні латынь за лямку.
 
Ня кожны асталоп
На лаве лаву гладзіў
Уласных пасталоў
Сьлядок на даляглядзе.
 
Яго не ўсьцеражэш,
Хоць чарка дасьць імпэту.
Няма ніякіх меж
Сусьветнаму паэту.
 
 
 
 
Абдымкі з матацыклам
Блішчасты, як матацыкл,
Налева ад хутара, ранак.
Закончыўся ўдала цыкл
Разьмеркаваньня маланак.
 
Хуткасьці гаспадар,
Сурова нябожчык цыкаў:
Біла балюча ў твар
Сьпіцамі матацыкла.
 
Напружваў маршчыны зрок.
Рышток не глядзеў варожа:
Палёту твайго зарок
Зайздрасьцю распрыгожваў.
 
Прароцтвам усіх Сьпіноз
Наступстваў няма рашучых.
Паветра пук за сьпіной
Матляўся, як парашутны.
 
Эўропу растрэсваў транс:
Ляцеў барон на бароны.
Няма забаронных трас:
Трасцу ўсім забаронам!
 
Сонца пукаты шлем,
Цялячы галоп на кручы,
Вам пацалунак шлем:
Ведама, ён – лятучы!
 
Шкада, хто зышоў назад,
А тых, хто насустрач – любім!
Наперадзе буйны сад.
Застаўся расстаньня лубін.
 
Загваздку згубіць вось:
Адваляцца ў веку колы,
Бо не туды завёз
Ліха шляхам акольным.
 
Спытаю: зь якой «стацьці»
Зараз душы выгода?
Адноўлены матацыкл...
Космас 61-га года!
 
 
 
 
Сьнег на юнацкім полі
А сьнег зашыецца за шалік.
Гарачы подых.
Польны лёт.
Шпурляў ты дзёрзка гарт на шалі,
Здымаў ёй месячык на лоб.
 
Замізарнелі век і волат.
Засьмягла горыч.
Зьнік давер.
А сьнег раскрышыцца на волі –
I расшпіляе даль каўнер.
Варушыць дым ключамі стомы.
Зьлятае зорка сьлед у сьлед.
А сьнег над брамаю застогне
I разьбіваецца насьмерць.
 
Зьвярам адмовіць паляваньне.
Прылашчыць зьмерзлага Сібер.
А сьнег, як посуд паліваны:
Зірні – і ўбачыш сам сябе!
 
 
 
 
Знакі
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.