РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Валярына Кустава
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Тамсама
 
Вершы
 
 
 
Дазвольце з Вамі слухаць цішыню...

 
 
*** Крозавы князь каханы...
 
Давер
 
Мой філёзаф
 
*** Ты ўсьміхаесься мне так яскрыста...
 
Ты – чысьцец
 
Сьлёзы мужчыны
 
*** Што мог – Бог дараваў...
 
*** Што жыцьцё?..
 
Віно Апулея
 
*** Ты – паветра маё, ты – жыцьцё!..
 
*** Здароў, каханы!.. Так, мне сёньня ўцям...
 
О Варшава – мой летні ўспамін!... Зімовы роздум пра лета ў варшаўскіх Лазенках
 
*** Твае сьлёзы – з маіх вачэй...
 
Прывіднае К......
 
*** Ён прыйдзе...
 
Шалёнае шчасьце
 
Трэйцяга не выпадае
 
*** Чым лягчэй – тым лепей...
 
Зямныя мы!..
 
*** Ад Пятра і Паўла...
 
*** Адцураліся вады – ці магчыма?!..
 
*** Усё найлепшае ўва мне – тваё...
 
А з паэтам і неба ня трэба!..

 
 
*** Мы з паэтам ярчэлі ў вачах...
 
*** Жоўтая ружа ссохла ў вазе, што на раялі...
 
*** Па валошках і зорках прыйду да цябе...
 
*** Ня клеіцца нешта, Уладзя?..
 
Ня тыя...
 
Яго словы
 
Юная
 
Белая радзіма
 
*** Я стаў, як стаў...
 
Паэзія
 
*** У далоні я ўзяў вагонь...
 
Маналёг паэта
 
*** Праспаў яшчэ адно ўскладаньне...
 
*** Паэты бездапаможныя...
 
*** Прыляцела мая душа...
 
Радок
 
*** ...сталася гэта так...
 
Званічна. Паэма
 
*** Баюся вяртацца ў сны...
 
Апёкі тугі

 
 
З Шарля Бадлера:
Heautontimoroumenos1
 
*** Я губляю страты свае...
 
Апёкі тугі
 
Парастку, які крывяніць...
 
Італійскя імпрэсія. Жарсьць на руінах старажытнага Рыма
 
*** Мы ўсясьвету кляліся з рудых багавінаў...
 
Parisien1
 
Tourbillon de mouches1
 
Падрэ
 
*** Крылы – для нябёсаў...
 
«Як завесься ты?..»
 
Мярэжы жаху
 
Піяніст
 
*** Адпусьціце мяне ўздыхнуць...
 
*** Як прымружу павекі – дым...
 
*** На імгненьне ўяўлю, што ты ўспомніў...
 
Рысы. Трыпціх татальнага Тартара
 
Цені каханьняў
 
*** А боль закрануў зямлю...
 
А на дубе тым...
 
Адчай часу
 
Бог – маё маленства

 
 
З братам
 
*** Гляджу, як красуе жыта...
 
*** Сьлізка на шляху маім...
 
Болей!..
 
Відушчым
 
Стыгмат
 
Эрот
 
*** Кахай мяне па-беларуску...
 
Калыханка
 
*** З бусьлянкі фіялковую ваду...
 
Мне сьніцца Беларусь...

 
 
Дажыло!..
 
*** Гляджу на замежныя вуліцы...
 
*** Мне сьніцца Беларусь...
 
Маналёг Данілы Вежы-Загорскага на сьмерць Ксені. Чытаючы раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»
 
Старадаўняя
 
Жаўнер
 
Вяртаньне
 
*** Караў пакутнік пеклам служку веры...
 
Сівое сонца

 
 
*** Ты вячыста...
 
Сівое сонца
 
*** Прапусьціў бы нябыт – ня йдзе...
 
Знак небыцьця
 
Лёзныя сьлёзы
 
*** Аглухлыя лугі, спавітыя ў сьвятле...
 
Сьвяты Яне!..
 
*** І зазьвініць...
 
Нязбытнае
 
*** Месяц гуляў у хованкі з завязанымі вачыма...
 
*** Ціхімі дажджынкамі імжы...
 
*** Ваза. А ў вазе – дно...
 
Заручыны руні
 
*** О, дзе ты вынайшаў вочы...
 
*** Час раструшчыцца шчасьцем...
 
Узьлёт
 
Сінія восьлікі

 
 
Сінія восьлікі
 
На французскім небе
 
*** Неба змоўкла на плячы – не маўчы...
 
*** Цябе пакінулі сілы?..
 
*** Родна, пяшчотна, гладка...
 
Мой змрокавы хлопчык
 
Сплюшка
 
*** Для самазахаваньня я напішу вясёла...
ДАЗВОЛЬЦЕ З ВАМІ СЛУХАЦЬ ЦІШЫНЮ...
*  *  *
Крозавы князь каханы,
з крывёю паэта шляхетнай,
слухаю апантаны,
маркотай Максіма санэтнай!..
 
Сьмелы пагляд самоты
мкнецца ў нябёсаў нэтры,
гукі тугі і ноты
вірыць бадзяжным ветрам!..
 
Ах, як пяшчотна, Божа!..
Як пазасьветава, сьвеце!..
Гожа – нябёснае ложа
ды на зямным дасьвецьці!..
 
12.IV.2004.
 
 
 
 
Давер
Дазвольце з Вамі слухаць цішыню,
дазвольце разам быць у сьветлым суме, –
бо за абодвух Ваша думка ў думе...
Ў будзённасьці, у мітусьні і ў тлуме
я мроям цёплых зьнічак не зманю –
дазвольце з Вамі слухаць цішыню.
 
Дазвольце з Вамі дыхаць вышынёй,
дазвольце ёю сьніць і трызьніць ёю,
крыштальным сподзевам і казачнай парою,
вішнёвай узыходнай вышынёю.
Слоў трапяткіх няўпэўненасьць са мной, –
дазвольце з Вамі дыхаць вышынёй.
 
Дазвольце з Вамі кратаць глыбіню,
кранаць яе – ўрастаць, глыбець у самасьць.
Усьмешка без пакут – пустая радасьць!..
Журбой шчасьлівай Вас я асланю,
дазвольце з Вамі кратаць глыбіню.
 
Дазвольце з Вамі вынайсьці спакой.
Сярод аскепкаў, трэсак, сьмецьця сказаў
сабе прызнацца: немінуча разам
мы незалежныя, хоць Ваша я, Вы – мой.
Дазвольце з Вамі вынайсьці спакой.
 
Даверце слухаць, дыхаць і глыбець...
Дазвольце з Вамі лётаць і шалець,
дазвольце побач, поруч укрыляць,
дазвольце даць Вам, што я маю даць.
Даверце бачыць, дыхаць і глыбець...
Даверце бачыць...
 
8.XII.2003.
 
 
 
 
Мой філёзаф
Дзякуй! – Богу лёсу і табе!..
З разуменьнем змножыўшы самоты
ў блаславёнай крозавай журбе,
ў іншасьвету выкуплю палёты,
выпакутую тваю тугу,
выплачу сваю пазыку плачу
і сплачу аброк: як на таку
ўжыта уваходзяць – у раку
Лету
          я ўвайду, – душы ня страчу...
Што пражыта?.. – зерне на муку!..
Тое, што пражыць, – т а г о  ня бачу!..
 
Дзякуй! – лёсу, Богу і табе,
што ты ёсьць
                              ня побач і далёка!..
Ведаю, ярчэюць сэрцы лёгка,
калі кожны ведае сябе.
 
Прывідны мой, дзякуй: ты і я
страчанае небам зловім скерца –
загучаць два перадсэрдзі сэрцам,
як лілея, выплыве здаля
крыламі ўзмужнелая зямля!..
 
Дзякуй, таямнічы... Я і ты...
Мой сівы чаўнар, дзівосны лёкай,
клічаш, клічаш Дух мой зь нематы,
свой не суцяшаючы палёгкай!..
 
Я – шматкроп’е... позірк немаўлят,
дзе шукаюць мудрасьць Назарэта...
Я – мрайвіньне трызны, я – п а с ь л я...
п’яны сьмех стамлёнага паэта.
 
Я пускаю белых галубоў
белым шляхам зь белым чалавекам
зь белых-белых-белых берагоў
белым небам белым-белым
                                                              рэхам...
 
Бедны мой, шчасьлівы мой, ня плач,
бо твае сьлязінкі атуляю
я ў радкох сваіх, –
                                        нічога больш ня маю,
як і менш, –
                          нязнаны мой, ня плач!
 
Дзякуй, мой сасьнёны, выбачай,
што прамоўлю, што скажу...
                                                              н і б ы т а...
вераю спакусьлівы адчай!..
Ўсё да д’ябла, бо няма
                                                  нябыту!..
ўсё да Бога! – страцім толькі рай!..
 
Дзякуй, мой філёзаф, што ты ёсьць.
Ну з чаго мне сумаваць?.. навошта?..
Пэўна ў хованкі – паштар і пошта.
Дзякуй, дзякуй, дзякуй за мілосьць.
 
Пагарэлі ўсе шляхі-масты:
Млечны Шлях мастак, масток вясёлкі.
Шляхам поўні – па вадзе,
                                                      дзе зоркі,
я іду, высьпельваючы золкі,
да цябе...
                    Й сунічныя краты
зь берагоў відушчымі вачыма
ўбачылі, куды ідзе дзяўчына...
Хто цудоўны з нас?..
                                              Цудоўны ты.
 
15.XI.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Ты ўсьміхаесься мне так яскрыста
праз апетыя Дантам пакуты!..
Як хваліна прыцята да крыстаў –
да каханьня свайго ты прыкуты.
 
Кленчыць клямка і клямчыцца кленкам,
каб ёй зьлёсілася доля брамы:
каб скрозь дзьверы прайшоўся з паненкай
пакараны мной і мной абраны.
 
Можа, буду?.. Мо я той паненкай,
Белай паннай і Чорнаю паннай,
і шампанаю, пырскай і пенкай,
і шаманкаю, і боскай маннай?..
 
О шатан мой, тваёю шатанкай
танчыць танга буду ў тумане!..
О мой вечар, – тваёю альтанкай!.. –
атуляй па няскораным стане!..
 
О мой ветразь – у сонцах замглёны!..
О мой вецер – шалёны пяшчотай!
Тут найлепшых зьнікаюць імёны,
тут і цені цалуюцца ўпотай!..
 
Не кляну. Не прасі – ня буду!..
Не праклёнамі я, а ільнамі
ахіну адмалюю ад блуду
і ў пякельні, што снамі над намі,
 
і ў пякельні, што пад зямлёю
жывіць розум, сілкуецца сілай!..
Не... Ня быць мне зямлёю тваёю...
Праклінаю каханьнем, мой мілы!..
 
Праклінаю цябе каханьнем,
родны мой, незабыўна сьветлы!..
Зноўку раньне... і вечар... і раньне...
Недарэчна, пакутліва-ветла...
 
21.II.2004.
 
 
 
 
Ты – чысьцец
ты як ноч у якую схаваліся кветкі
ты як кветкі ў якія схавалася ноч
ты ахвяра злачынства злачынца і сьведкі
(тут спыніся спачні – не спыняйся прэч кроч!)
ты вачысты і той хто пазбавіўся воч
 
той хто бачыў нішто
                                              і хто штосьці ня бачыў
хто забыўся і ўспомніў
                                                  зьявіўся і зьнік
хто паслухаўся ўсіх – і хто ўсіх перайначыў
ты антыхрыст і мніх
                                              ты вячніна і міг
абязбожаны лік
                                  ты самота і клік
 
ты бразготка
                              і крыж над магіламі продкаў
ты сівое дзіця і наіўны стары
ты адпушчаны Дух і ты цела зародка
смага ты і глыток
                                        ты галота й дары
поўны сокамі ствол і рубец на кары
 
ты стагнаў глыбінёй – ты быў соплам арганаў
ты ўдавелы і муж
                                      ты ўмудрэлы юнак
вырачэнец людзей
                                          вырачэнец заганаў
ты адбелены цень
                                          непазначаны знак
князь сабе і свой раб
                                              незалежны аднак
 
ты нябёсаў таўро і пякельні цалунак
ты сьляза і вачніца
                                          далонь і цьвікі
ты няўдача і шанец
                                            прысуд і ратунак
халадэча на вуснах
                                            пяшчота рукі
рэха скалаў і гор
                                      плёс цішынны ракі
 
ты бязьмежжы пячор
                                              дзе зьвяры і мегеры
акіянаў
                хаосаў
                              і космасаў глыб
той хто сам у сабе
                                        хто зьняверыўся ў веры
той хто рыбай на сушы – паветрам у рыб
 
ты абсягі вады і закінуты невадзь
ты хада
                  ты ж і шлях што бяжыць пад нагой
ты і камень і прах
                                      ты драпежнік і лебедзь
ты замоўчаны крык
                                          ты народ і ізгой
 
ты спакой і скразьняк
                                                прывід ты і ўяўленьне
што стварыла яго
                                      ты трываласьць і злом
ты малітва й жаданьне
                                                  ты грэх і збавеньне
ты струна і надрыў
                                          люстра ты і чало
што люструецца ў ім
                                              ты што будзе й было
абяствараны мім
 
мім бяз масак – паэт!
о мілосьць – іншасьвет!
 
ты – чысьцец! я – душа!
іх зьяднаем сьпярша!
 
24.I.2004.
 
 
 
 
Сьлёзы мужчыны
Ён заплакаў... Мужчына плача!
Твар усьледзілі сьлёзы няўдачы?..
Боль ягоны нястрымны, няйначай.
Ён зьняверыўся ў кімсьці, значыць?..
 
Не, наўрад ці... Вярын ня мае
ні ў багоў, ні ў чарцей ён.
                                                          Сама я,
як счарнелая, глуханямая,
ачмурэлая здань, канаю
 
на сьлядох – каб ён знаў! – ягоных!..
Мэдалі, ўзнагароды, пагоны,
дзеці, птушкі, нябожчыкі, клоны,
дамы, ўлоньні, вар’яты, зломы...
 
Жыцьці, жахі – з сабой ён нясе
па цьвікох, па шкляной расе!..
Доўга горла зрываць красе
на лязе – на шчарбатай касе?!
 
Ён трасецца ад плачу, дрыжыць...
Покуль дыхае, хоча жыць.
Ды свавольна бягуць дажджы
па ягоным крылатым крыжы...
 
Верыць толькі ў сябе самога –
ані ў лёс, ані ў чорта, ні ў Бога!..
Там, дзе кожны, – няма анікога!
Там, дзе крок – хоць адзін! – дарога.
 
«...Тут ніхто нікому ня вінен...
...ты ня вер мне, мне веру пакінем...
...ты ў ружовым, а я чыста ў сінім...»
...Мы астынем, маўляў, астынем...
 
Мне ж здаецца, ён хоча спаліць –
так заўсёды, калі баліць:
ты бяжыш – і жыцьцё бяжыць,
ты стаіш – і жыцьцё дном стаіць.
 
Я ж ня стыну – гару таксама,
як і ён, я ня маю ўжо храма.
I даўно прагну вымавіць: «Мама,
я кахаю яго найсама!..»
 
Зь ім ірдзее падман, рудзее,
зь ім лягчэе цяжар, лёт мацьнее!..
Зь ім людзее жыцьцё, люцее,
зь ім лілея, крыло і надзея!..
 
Што пражыў ён, таго не сказаў.
Мудры роздум?.. Юначы шал?..
Паўстагодзьдзя – вячніны паў...
Ён кахаў як ніхто!.. Хто кахаў?..
 
7.XI.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Што мог – Бог дараваў.
Што магла – зямля даравала.
Мне планеты і Бога мала –
мне трэба, каб ты дараваў!
 
I гары... і гары яно гарам,
што дарма дало сподзеў марам,
што ў душы маёй ажыло,
адчуўшы тваё цяпло!..
 
25.II.2004.
 
 
 
 
*  *  *

Дзе б я ні быў, куды б я ні прыстаў,   
Забыць яе, пакінуць – не змагу я.       
Зайздрошчу целу Госпада Хрыста, –
Яго ж на споведзі яна цалуе.                   
#Ё. В. Гётэ. «Фаўст»

 
Што жыцьцё?.. –
                                      без пачатку і скону...
Мною зроблены просты выбар:
да цябе,
                  а не да іконаў
я ўзьляцеў – і праз тое выбыў!.. –
па-за межы наіўнае мроі!..
Скруха ведаў жуды трывога...
Пад страхою змагарнай Троі
выцалоўваю лік трыбога...
Мой трыбог – шэравокі філёзаф!..
Хай багоўны зайздросьцяць зь неба
нам зямным,
                          нашым шчырым крозам!..
Я з табой – і нябёсаў ня трэба!..
 
2.XII.2003.
 
 
 
 
Віно Апулея
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за сьветлую журбу і цішыню,
за наш давер, за крохкасьць нашых планаў,
за тое, што адзіным Вамі сьню.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за хмары, што вялі нас да травы,
за тое, што Вы мной былі спатканы,
за тое, што мяне спаткалі Вы.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за дождж варшаўскі й менскую імжу,
за тых былых князёўнаў і вакханак,
за тых былых – за Вашых! – я кажу.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за боль мінулы – той, што прамінуў
за Вашы раны – мы загоім раны,
за дакрананьні – Дух Душу крануў.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за міфы і жывёлаў залатых...
Мы зноў маўчым, і зноў гавораць хамы.
Наноў жывем, як за сябе, за тых...
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
Вы – за Псіхею, я ж, мой Купідон, –
за Вас – найлепшы і ўлюбёны самы,
мой сум, мой сьмех, жаўнер, паэт, праклён.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за тое што прыйшлі Вы да мяне
праз шчырыя расстаньні і раманы,
за тое, што былі Вы існы ў сьне.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за тое. што й наяве Вы жывы,
што Вы ня мара, не міраж падманны,
за тое, што жыву, пакуль ёсьць Вы.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за сэрцы, што ў наіве галізны
сапраўдней за аракулаў спазнаны,
за жыцьці ў жыцьцях і за сон скразны.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за ўсе спатканьні, – сьнёныя хаця б! –
за хараство і за спакой нірваны,
за сьненьні ў снах і за жыцьця працяг.
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за цудны вобраз і за мой адказ,
які чаканасьцю сваёй абраны,
які існуе і ўва мне і праз...
 
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
за сьветлую журбу і цішыню.
Давайце вып’ем, мой спадар каханы,
давайце вып’ем, хоць зусім ня п’ю.
 
14.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Ты – паветра маё, ты – жыцьцё!..
Ты апошні памрэш без дыханьня,
калі іншым паветра ня стане –
я – паветра тваё, я – жыцьцё!..
 
7.XI.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Здароў, каханы!.. Так, мне сёньня ўцям
(нашто цямніць, маланак шэравокі?!):
зьляцеў ты явай у жыцьця працяг,
нібы анёл на чыстыя аблокі.
Не праз гады – праз пекла тых гадоў
ты надзяліў душу бязьмежнай сілай.
Сама я прылячу – ня траць сьлядоў!
Сама я прылячу – чакай, мой мілы!
Абдоймы вось мае! Тваё дзе «до»?
Ня «до-сыць» – непрамоўленае «до-бра»!
Мне соладка, пяшчотна – мне цудоўна!
 
У валасох, як сьнег, азяблы лён,
сівее шэрань!.. Цёплым кацянём
курняўкае каханак на плячы.
Каб ведаў хто: зь якіх ён далячынь!..
 
21.I.2004.
 
 
 
 
О Варшава – мой летні ўспамін!..
Зімовы роздум пра лета ў варшаўскіх Лазенках
О Варшава – мой летні ўспамін!..
О каханая мною Варшава,
забіраеш ты сум мой па ім!..
Наўзамен толькі ciastko ды kawa...
 
I віно, дзе сьвятло, мне відно!..
I чутно праз Sluchawku Milosci,
як клякоча, чарнеючы, дно,
як шыпіць, запрашаючы ў госьці...
 
Ты ня з тою, дый я ня з тым,
мой zmeczony мілосьцю вучоны!..
Морак змораны і змлелы дым
наплываюць, плывуць пад адхоны...
 
Таньчыць лебедзь у цёплай вадзе,
падагрэтай удзень прамянямі,
у смарагдастаўковай хадзе
хвалю хваля ганяе-мяняе.
 
Ты ня з тою, дый я ня з тым:
так, я зь Менскам, а ты з Варшавай...
I абрусам сьцяжын залатым
поўні ўсьмешка ляжыць ласкава,
 
быццам шчылінка ў той іншасьвет
на люстэрках зачараваных,
запрашаючы нас на балет
птахаў-лебедзяў, нам спасланых.
 
Пан Міцкевіч праз скруху гадоў
па-над хмарай духмянага саду
табе шэпча таемна «Дзядоў».
Ня Тувім, не Галчыньскі – сам Адам!..
 
I ў лагодзе сьляпой мілаты,
бы ў пачуцьцях сьляпых і цудоўных,
называць, як і брата, на ты
я гатова цябе нераптоўна.
 
Я здалёк прычакала цябе –
з самай звышнасьці першапрасловаў
калі самасьць пусьціла ў сябе!..
Заняло мне гучаньне прамоваў!..
 
Заняло цішынёй і душой,
каб напоўніцу Дух мой напоўніць
не сьвятарнаю верай чужой,
а табой, каб табою і помніць!
 
Целы, целы... Кахаем мы іх,
бо ў тых целах мяжуюцца душы.
А твая – не злачынца, ня мніх,
і тваю я кахаць мушу, мушу...
 
Ты вярнуўся з пальшчызны дамоў –
я хацела, каб зноў ты вярнуўся
ад паненак і пекных паноў,
каб мяне зь Беларусяй крануўся.
 
Ні батлейка, ані Бэтлеем –
як было дашкалёнкам! – ня цешаць.
«Powiedz mi, jak mnie kochasz... Wiec?.. Wiem».
ды сабакі ж, як людзі, – ўсе брэшуць!..
 
Ты ж адзін ды шчырэйшы за ўсіх.
Роўнасьць – роўным, адданасьць – адданым.
Як уздых, узьляцеў маладзік
па-над ложкам, дзе час спаў з каханым,
 
зь лебядзінай яго сівізной,
зь яго ўсьмешкай – на зайздрасьць Арфею!..
Кветка ў голаў пакладзена мной –
да сівінаў пасуе лілея!..
 
Ты сказаў што жыцьцё аддасі
за цудоўнае наша каханьне.
Што заўгодна бяры – не прасі:
я ад сонцаў твая, ад зьмярканьняў...
 
Падуладны зімы хараству,
сьнег калядны злавіўшы ў далоні,
ты прамовіш Хрыстову Раству:
«Беларускае ў польскім ня тоне!..»
 
25.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Твае сьлёзы – з маіх вачэй,
мае крылы – з плячэй тваіх.
Мы падзелім боль на дваіх.
Не прыходзь – вярніся хутчэй.
 
2.V.2004.
 
 
 
 
Прывіднае К......
Я моцна кахаю ўначы,
калі анікога наўкола.
I круціцца д’яблава кола.
Праскрозна кугаюць сычы.
 
Відаць з гарадскога вакна:
у лесе вавёркі лапочуць.
Мой зрок – мае ж вочы ня хочуць! –
далёкі, вылётны. Дарма.
 
Спалохана ўздрыгваю ў снах,
калі на цябе набрыдаю.
Каханьне тваё і бяда я.
Вазьмі мяне й кінь мяне – на.
 
Удзень я кахаю, як здань, –
палётна, празрыста ды... шара.
Ці прывіду знойдзецца пара?
Ці ўздадзена цемраю дань?
 
Не, не, не зважай на мой твар,
на сьмех мой гарэзна-пяшчотны –
найлепшыя, родны, палотны
даўно напісаў Уладар.
 
Я днюю, начую з табой.
Але ці кахаю?.. Паверыш?..
Прарві, як сьвятло, цноты неруш,
пакуль я з тваёю журбой!..
 
5.II.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Ён прыйдзе.
Уночы.
I здыме зь мяне...
Усё, што захоча.
Лязом шмаргане.
Па скуры, па венах!
Ня вінен тут ён.
Па скронях, па сьценах –
густым прамянём!
I сінім, як існасьць,
і жоўтым, як шлях!
 
Мне б ферумам віскнуць,
як дзеці ў ясьлях,
пранізьліва-чыста
і тупа, як лёс.
Бялёсая крыста...
Дзе лёзам да сьлёз?..
 
Я босае неба
трымаю ў душы.
Яшчэ чаго трэба?
Памры і пішы
пранізьліва-чыста
і проста, як лёс,
крывавая крыста
ў разломах нябёс.
 
Да д’ябла, да бога,
да брата, да дна!
Якая зьнямога!
Якая вясна!
 
Скразьліва крывяніць
чысьцец, быццам лёс,
памерлая памяць
патрапіла ў плёс
пранізьліва-чыста
і сьмела, як сон.
Ружовая крыста,
нябёс парасон
аслоніць, прыкрые
ад неба, вады,
і дождж не амые
ад грэхаў сады,
каб потым духмяна
яны расьцьвілі
наўпрост на палянах,
бы ў душах былі...
 
26.IX.2004.
 
 
 
 
Шалёнае шчасьце
Да д’ябла аскетызм, найгрэшны мой аскет!..
Да д’ябла дараваньні, да д’ябла запаветы,
бо ты маё даруй, адзіны запавет,
глядзіш зь іканастасаў
                                                глядзіш зь бязьмежжаў Леты!..
 
Твая душа, нібы забытая ладдзя,
якая колькі год – мо ад стварэньня сьвету –
лунае ў небыцьці, шукае небыцьця,
шукае шчасьця і...
                                        няшчасная праз гэта.
 
Ды сэрцаў тут няма, што маюць шчасьця больш,
што маюць больш жыцьця, чым ёсьць у сэрцах нашых.
I прарастае боль, жаданы намі боль,
з глыбіняў пачуцьця –
                                                  перапаўняе чашы.
 
7.II.2004.
 
 
 
 
Трэйцяга не выпадае
Два шляхі – пасяродку мы.
I сярэдзіна – не залатая.
Як аблокі сярод зімы –
мы лятаем.
 
I каханьне тваё – анягож:
ціш ня ўпусьціш!
Сэрцу, зрэнцы і венам – нож –
твая вусьціш!..
 
23.XII.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Чым лягчэй – тым лепей
не заўсёды, мілы.
Ты прачнуўся ранкам,
поўны добрых сіл.
Ты – мая заранка
з барваю астылай.
Як грахі? Спачылі?
Ну тады – маўчы.
Завяжу табе я
вочы белым сьцягам,
каб ня бачыў сьвету
чорнага, як здань,
каб разломы ў небе
разрывала прага,
разрывала срэбрам,
што сьпялее там.
Не хачу, каб позірк
твой спыніўся недзе,
дзе брыдва і поскудзь.
Бо сама ня тут.
Не зірні на зоркі,
не зважай на сьмецьце
і на кроў на сьмецьці,
не глядзі на бруд.
Буду танчыць доўга
нецьвярозым дымам,
што свой сьлед губляе
па дарозе ў рай.
Я паклічу Бога –
хай цябе абдыме,
той, хто шчэ не страчваў
нелюбові зграй.
Адпусьці ласкава
подых, што ня ў змозе
акрыяць ад шчасьця,
што за сьмерць далей.
Усьміхайся болем
сваёй шчырай крозе,
бо і скон ня здоліць
белі ўсіх лілей!..
 
27.XII.2004.
 
 
 
 
Зямныя мы!..
Міцкевіч нарадзіўся ўчора,
а сягоньня
калядная Венера нагадала
мне пра нязбытнае каханьне
і паэтаў...
Я, праўда, ні Марыля, ні Марыя...
Я зоркаю была, аднак упала,
як неба Рыма, акурат на сьвята!..
Хаўрусьнікам, дарадцам быў мне Космас,
і ён адзіны вершы нашы правіў...
Не, не каметаю, – шалеючы, табою
ў кірунку шчасьця ўшыркі я акрэсьлю
нябёсы
ды празь іх прайду скразьліва
і апынуся ля цябе, мой мілы, –
ля ног укленчу...
Ты ж усё на рукі
ўзяць прагнеш,
любы мой,
мяне зямною?..
Ня мной спатканы,
ды каханы мною,
малюся я і прагну скрозь табою
адным,
нябёсным і зямным,
і сьветлаю журбою незямною,
і сьветлым сумам незямным!..
Зямныя мы:
на жаль альбо на радасьць?..
Зямныя мы,
як незямныя сны, –
з захмар’я нам на травы
лёгка падаць! –
зямныя мы,
бы кветкі ў час вясны...
I дзякуй Богу,
што зямныя мы,
што не з аблокаў –
з жарсьцяў мы сатканы...
Цудоўна і пакутліва, каханы,
трымцяць у нас
псіхеі-душы – мы!..
І мы ня зрушым?..
Я ня зрушу пэўна,
што хросны Космас
мой,
а ты са мной,
а я з табой
далёка,
як спакой,
далёка,
як і з хросным,
і так блізка,
і ўсё бліжэй...
І зоры нізка-нізка!..
Душа наросхрыст,
тчэ на марах-кроснах
той вобраз,
што й за неба...
даражэй!..
Усё бліжэй, бліжэй,
бліжэй, бліжэй!..
Мы сплецены,
абраныя ўсясьветам...
Дазволь паверыць мне,
што ты абраны!..
Мы зьвечаны,
заручаныя ветам
сваім на зманы...
Дазволь сабе паверыць,
што каханы –
й залучаныя шчырай верай храмы
зьяднаюць нашы крылы й нашы раны,
і на скрыжалях мары
не ўваскрэснуць
і сьмерць ня зьведаюць
яны ўжо аніколі.
Хутчэй сканаюць шчасьцем,
калі шчасьце
калісьці
крыжавала душы болем.
Я змушу жыць заўжды,
бо адчуваю ўглыбкі:
так, залатыя рыбкі –
проста рыбкі,
а я вышэю птушкамі:
лятаю!..
а я глыбею рыбамі:
кахаю!..
 
25.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Ад Пятра і Паўла
слаўна
мы ішлі,
як па нажах.
Больш ня страшна – й гэта жах!
Ад Пятра і Паўла
слаўна
белы нас пранёс эскорт.
Неабачлівы акорд.
Галавой аб стромкі борт.
 
Ад Пятра і Паўла
слаўна...
Я гатова, ты гатоў.
Перайшлі зь зямных партоў
да Харонавых плытоў...
 
23.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Цудоўна кахаць мужчынаў, цудоўна кахаць жанчынаў –  
да сьлёз, да дзяцей, без спачыну, бяз розных на тое прычынаў...
З раньніх вершаў
Адцураліся вады – ці магчыма?! –
выспа небаў і аблокаў лагчына.
Адцураешся мяне – малайчына!
Ты мужчына. Ну а я? Я... жанчына?
 
Ты найперш. За табой Я зь вялікай.
Ты мой верш. Ты з усёй паспалітай –
сам адзін. Я адна супраць волі.
Заручыў ты маю волю з болем.
 
Твае мроі – пра нас. Мае мроі –
пра мяне і цябе. I даволі.
Хай ня маці, ня жонка прычынай,
а дзіця наша будзе – айчынай.
 
19.II.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Усё найлепшае ўва мне – тваё,
адроджанае цёплым-цёплым словам,
якім ты адагрэў маё гальлё,
аддаўшы сэрца караням – ня сховам!..
 
Я застануся слухаць пульс зямлі
і на ахвярніку пракульту сьмерці – вуду!..
Я прагну сьніць табой, ты мной ня сьні,
калі паверыш, што цябе забуду!..
 
Ды што каханьне –
                                          цела і душа?..
А мо яно –
                        душа, душа і цела?!
Шалёная шчымлівая шаша
ўтрапёна мчыць, каб думка паляцела...
 
Я цешуся, шчасьлівая, як сон!
Ня верыцца і верыцца, што праўда, –
што могуць сэрцы біцца ва ўнісон,
што я магу цябе ад бога прагнуць,
 
што я магу табой маўчаць і сьніць,
пяшчоціцца нахабна і злавацца,
што я магу, як аблачына, піць
дажджы і да нябёсаў заляцацца,
 
што я магу апраўдваць не сябе,
сабою дараваць табе, як брату,
і, як глыбее глеба пры сяўбе,
глыбець зародкам новага абраду!
 
Магу маліцца я табой адным
і не прасіць, а проста быць з табою!
Ты мо сустрэнеш – я ж выключна сны! –
зямнога Дафніса альбо зямную Хлою?..
 
Я не скажу, аднак я не хачу,
каб ты дзяліў цяпло – цяпло ня дзеляць!..
Цямнее, непрытомнее ўваччу,
калі гавораць: ён мо іншай дзеля...
 
У малітоўным суме самахоць,
у рабстве палюбоўнага двубою
хачу цябе кранаць такой... ня тою! –
ня так, як хтось кранаў цябе стакроць!..
 
Усё найлепшае ўва мне – тваё!..
 
28.XII.2003.
 
 
 
 
А З ПАЭТАМ І НЕБА НЯ ТРЭБА!..
*  *  *
Мы з паэтам ярчэлі ў вачах,
нібы ў сутве шаленства сівога.
I чаканьне згоднага «так»
пажаўцела ў сланечнік Ван Гога.
 
«Я кахаю... – прамовіў паэт, –
і чакаю ў каханьні волі».
Беззаганны Максімаў санэт
плыў уздыхам ягоным паволі.
 
Потым верш, за ім зноўку – уздых
і глыток васкаватай кавы,
пацалункі на скронях – мніх
выцалоўвае так крыж Прадславы.
 
Як мы з братам глядзелі ў вакно –
так з паэтам глядзелі ў неба:
неба з братам у нас было,
а з паэтам і неба ня трэба!..
 
Засмуціўся блакіт-гіяцынт
і, пакрыўджаны, зоркі скінуў.
Ранак меў палескі акцэнт,
праалеены месяц загінуў –
 
ён і ў подых ўцялесьніўся наш
і сканаў на адно сьвітаньне
ля суклонавых ног, як паж,
каб зьмярканьнем увечніць каханьне.
 
24.III.2002.
 
 
 
 
*  *  *
Жоўтая ружа ссохла ў вазе, што на раялі.
Ці помніш?.. Калісьці пяялі
анёлы паміж баямі...
 
А кветка, якой не падорыш,
бо кветкі ня любіш проста,
цьвіце так водарна-востра,
вандроўна, бы водумны востраў.
 
Зіма 2003.
 
 
 
 
*  *  *
Па валошках і зорках прыйду да цябе,
З падзякай зямлі пакланюся,
Прыпаду да травы і расы ўжурбе –
Ачышчуся і адмалюся.
 
На выгнаньні, радзіма, мяне ты катуй!
Боль расстаньня я не стрываю.
Я ірвуся – лячу, маё неба, ратуй!
Я ўсё помню: Радзіму маю.
 
30.III.2001.
 
 
 
 
*  *  *
Ня клеіцца нешта, Уладзя?..
Ня клеіцца і ў мяне...
У лазьні альбо ў вадаспадзе
Яблонскай здань возьме й міне.
 
Бязьякія зданяў ганяюць –
што польскія ім, што свае! –
гандлююць, а значыць, губляюць...
Радзіму... Радзімай... Але...
 
Купала да прошчы спусьціўся –
падацца яму ’шчэ куды? –
каб памяці часу напіцца,
і суму льнянога, й жуды.
 
Паўночныя сполахі ўночы
чужыне высьвечваюць сны,
ты ж трызьніш – і страх твой прарочы:
званіца губляе званы.
 
...I крышацца крыгі, і лёды
ляднеюць, сьняжацца сьнягі...
У ліпені менскай пяшчоты
атуліш апёкі тугі.
 
Вальнеюць-ладнеюць справункі
ў пранізьлівай срэбнай цішы.
Гатэлямі ўсіх пастарункаў
Варшава сьмяецца:«Пішы...»
 
...З гняздоўяў сувояў на дахах
праз дрэвы сівыя й дамы
ў шыкоўнасьці фарбаў і пахаў
ярчэе малюнак зімы:
 
паэт з цэнтыфоляй у глянцы –
са скроняў далоў мудры сьнег! –
віно пурпуровае ў шклянцы,
самотны здарожаны сьмех.
 
...І пахі, і барвы, і рухі
кіпяць завірушным катлом,
як птахі, зьлятаюцца духі
да сэрцаў што помняць жытлом...
 
Я ў сэрцы знарок пакідаю
прагал, каб запоўніць табой.
Вандроўнік, цябе памятаю
тутэйшым з усьмешкай-журбой,
 
з журботнай тваёй весялосьцю,
з вачыма гаркотнай смугі,
цябе памятаю ня госьцем,
а воблакам, што на лугі
 
плыве, каб разгубленым болем
ізноў Беларусь атуліць.
Цябе, заручонага з воляй,
у волі і хочуць спаліць.
 
Ня ведаюць, пэўна, што воля,
яна, нібы жарсьць, як мілосьць, –
ня можа быць волі даволі,
і воля бязьмежней, чым злосьць.
 
Увек не зракуся я рытму
ліцьвінскага сэрца біцьця,
хачу быць з табою я ў рыфму
зьліцьцём
                      душаў,
                                    словаў,
                                                    быцьця.
 
31.XII.2002.
 
 
 
 
Ня тыя...
Пайсьці ў кнігарню? –
ды зараз ноч...
Пайду ў кавярню –
кнігарні ўзбоч.
У той кавярні
сядзіць мастак
і марнатраўна
п’е ўсмак каньяк.
Яму скажу я:
– Жывеш, мастак?
– Душа мяжуе...
Нядобра так...
Пакуль жывыя –
не залячыць.
Мы не сьвятыя –
мы будзем жыць.
Да незагояў
душу сячы
крылатых вояў
імкнуць мячы!
Скуголіць, вые:
жалеза ў плоць!
Пакуль жывыя –
жывем стакроць!
Пакуль ня тыя –
не заляпіць
вачэй сьвятыням;
мы будзем піць,
ды не за краты –
за «да-жы-вем!».
Сваім жа катам
гарляк парвем!
 
...А побач ціха
паэт цадзіў
віно – як ліха
з чужых кадзіл.
– I кайф зламаем, –
прамовіў ён, –
бо шал мы маем –
на нас праклён.
Пакуль ня тыя,
пакуль мы – мы –
усе жывыя,
усе званы!..
 
Званічна, зорна –
як мае быць –
жыцьцё – мажорна! –
мы будзем жыць!
 
Калі ўзаемна –
яно смачней!
Гэй, лірна, сьпеўна
жыцьцё засей!..
 
...І ветах высьпеў па-над шашой.
...І размаўляла душа з душой.
 
23.IV.2004.
 
 
 
 
Яго словы
«Зьлева – кладачка,
                                          справа – кладачка...
Падыдзі ж да мяне, мая ладачка, –
мая юная ды юрлівая,
бессаромная, палахлівая,
мая зьдзекліўка найласкавая,
і цікаўная, і цікавая.
Як жа я цябе ды хачу сабе!
Як жа мне ня быць ды ў тваёй журбе!
Так бы жыў і сьніў на тваім плячы,
акрыяў на ім – ты мяне лячы.
Так кахаю я, як ніколі ’шчэ!
I палае ўсё, і гарыць, пячэ.
За вагнём сачыць – не насочысься.
За табой ісьці – не дакрочысься.
Як цябе люблю – ўсё жыцьцё крычыць!
I шалее ўсё, і нутро кіпіць!
 
Ах, за што мне... Не!.. Не аддаў бы век
тое, з чым ня жыў! З чым я чалавек.
З чым жыву цяпер –
зацкаваны зьвер
ды зь цяплом наскрозь
без патрэб і просьб.
 
«Пасядзі са мной...» – ну, скажы, дзяўчо.
Я, бы на крыжы, на тваіх вачох.
(Сэрца рэжа... ох!.. Каб яго!.. Маўчыш?..
Не стрываў, ня змог!.. Праўда, мой жа крыж...
Я твой годны раб.)
I табе я рад,
і тузе сваёй –
бо ёй быць маёй.
Не табе – тузе.
Што стары вярзе?!
Не зважай. Люблю.
За цябе малю.
 
Болей не скажу
на крыжы крыжу.
 
Не перажывай.
Мілая...
                Бывай».
 
5.XII.2004.
 
 
 
 
Юная
Разышліся ў рэчаньцы два чаўна.
На самоце крычма крычыць жаўна.
Ды глядзіць хаціначка ў два вакна:
безь мілот дзяўчыначка – сіл няма.
 
Не маркоцься, мілая, не смуткуй.
Любая птушыначка, не бядуй.
Ты мая харошая,
ты мая прыгожая,
ты мая нясьмелая.
Ты – мая.
 
I далонь сарвалася з далані...
Ад пяшчоты ўспыхнула два вагні,
і ўздыхнулі вогнішчы ў два клубы:
не бывае, родная, дзьве журбы.
 
Як душа са скрухаю, дзьве сасны
упляліся стромліва ў сум лясны.
I гараць дзьве сьвечачкі давідна,
і сядзіць дзяўчыначка зноў адна.
 
Лугавое сонцайка сьлепіць шкло.
Чараўніца юная сьніць цяпло.
Лебедзі мілуюцца на вадзе.
Сівізна зрабілася маладзей.
 
Не маркоцься, мілая, не смуткуй.
Любая птушыначка, не бядуй.
Ты мая харошая,
ты мая прыгожая,
ты мая нясьмелая,
юная.
 
7.X.2004.
 
 
 
 
Белая радзіма
Белая радзіма, белая радзіма,
паглядзі, адзіна, на мае сьляды.
Шарая гадзіна, шарая гадзіна:
кветка, як ільдзіна, і сады – ільды.
 
Сьветлым сумам жыці, сьветлым сумам жыці –
на вагні дрыжыце, сьлёзы і сьвятло.
Сонцу ў душах быці, сонцу ў сэрцах быці,
болем сонцу быці, як заўжды было.
 
Мы з табою вернем, мы з табою вернем
глыбіню – нябёсам, птахам – вышыню.
Толькі, родны, вер мне, толькі, родны, вер мне:
вернем росам, лёсам, думкам – чысьціню.
 
Ў поўнядзі сутоньня лёсаўка патоне,
шэраньню на скронях загусьцее сьнег,
я ў тваім палоне, ты ў маім палоне,
сумны і шчасьлівы, крэўны чалавек.
 
8.X.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Я стаў, як стаў,
зусім адзін:
у сутве – вусьціш.
Я – бесхацінец між хацін.
Зямля, адпусьціш?
 
Я стаў, як стаў,
зусім адзін
і лашчу цені –
я лашчу цел былых падман
і летуценьні.
 
Я стаў як стаў
зусім адзін –
вада маўчала,
і цішыня (цішэй... цішэй...) –
і ціш гучала.
 
11.VII.2004.
 
 
 
 
Паэзія
Бліскавічна,
                          наскрозь,
                                              навылёт
па-за,
            па-над,
                            тут,
                                    там
                                            і праз –
чысьціня,
                  вышыня,
                                      палёт,
думка,
              вобраз,
                              слова
                                              і сказ!..
 
20.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
У далоні я ўзяў вагонь –
запаліў я вагонь ад цябе,
і ён згасьне ўжо гэтай зімой
ад мяне.
 
Ён прыгожа трымцеў і дрыжэў
на далонях, што помняць цяпло.
Ды ў жыцьці мне за ўсё даражэй,
што было.
 
1.I.2006.
 
 
 
 
Маналёг паэта
Ува мне твая кроў, Максім,
ува мне твая кроў, Янка.
I кожнаму з вас я – сын.
Я вашым сынам калыханка.
 
Я шнары на вашых руках.
Я ваш абарваны голас.
Адчуў вашай смагі смак,
як зерне – цяжарны колас.
 
Як камень належыць вежы,
як веры належыць памяць,
я вам, паэты, належу –
вачніцы мае ня зманяць,
 
ня змоляць маёй патолі,
маёй глыбіні жывёльнай,
маёй чалавечай волі,
да чалавечнасьці здольнай,
 
зь якою я ў храме сьвечку
пастаўлю й заплачу бяздумна...
Я дакранаюся, Вечнасьць,
душой да бяздольнага суму.
 
29.VI.2002.
 
 
 
 
*  *  *
Праспаў яшчэ адно ўскладаньне –
Арфея пахаваў Аід.
Вянок нясу ў руках я раньнем:
ля ўзгоркаў кветак шмат такіх –
журботна скінутых да ямін.
Ад гора ў горле згаслы стогн.
Зь пякельным болем прамаўлялі
са стужак чарназёмных сон
сябры яму ў апошні вырай.
А ў гэты час я мяту сьніў.
Ня ведаў я...
                            А голас ліры
разьбіўся ля капцоў магіл.
Прачнуўся я, адчуў нястачу.
Не, не асьлеп, не анямеў.
Душу я на імгненьне страціў...
Дзе той паэт, якога стрэў
над Шчарай ветахам вясновым?
Я неба слухаў немаўлём.
Ды толькі зараз зоркай новай
твой дух мне скажа:
                                            «Й тут жывём...»
 
8.IX.2001.
 
 
 
 
*  *  *
Паэты бездапаможныя
выюць ля ног сяброў.
Паэты непераможныя
плачуць маленствам зноў!..
 
Паэт – немаўля дзівавокае –
ў разломы нябёс глядзіць,
сівее шчырасьці крокамі
і п’е – і ня можа ня піць.
 
А можа ня піць, калі
віно замяніць на сьвятло,
каб промні яго змаглі
напоўніць пяшчотаю тло.
 
Паэт, закаханы ў адчай
ды заручоны з тугой,
сумуе толькі па той,
якой бы сказаў: «Выбачай...»
 
12.III.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Прыляцела мая душа,
незнарок, прызямліўшыся, зьбіла
не, ня мніха, ня злодзея – міма,
ды прайшла скрозь яго сьпярша.
 
Апрытомнеўшы, ўцяміўшы, дзе ж,
дзе ёй быць, мае быць патрэбна,
паламаўшы вячыстыя рэбры,
ў спудзе зьдзеяла дня крадзеж,
 
прыцягнуўшы сябе на банкет,
дзе паэт і яго адзінота
адзначалі, сп’янелыя, фота,
на якім быў паэт – сівы дзед.
 
Піў паэт, не схацеўшы старэць,
падганяў чарку чаркай наступнай,
заліваў алькаголь свой акрутны,
і ўздыхаў ён маркотліва зрэдзь...
 
I сказала душа: «Плюнь, багі –
гэтаксама сівыя п’янтосы
і зь нябёсаў дыктуюць вам прозы
й вершы гэткім, як ты, дарагі!..
 
Ты мне, дружа, найлепей скажы,
ці дасі мне свой дзень апошні,
бо ня хочацца мне над пожняй
зжылым ценем лятаць. Памажы!..
 
Мне патрэбны адзін прадзень,
памажы мне вярнуцца ў цела –
я валэндалася, я сьсівела!..
Я ж душа – ўсё ж душа! – ня цень!
 
А табе твой найпершы дзень
паўтару я ўзамен на гэты,
калі будзеш ў нябыце Леты
ты адшукваць жывых людзей!
 
Пагадзіся, хутчэй, давай!..
Ды зважай – ты памрэш раптоўна,
не счакаўшы Харона і чоўна!..
Не забудзься – не памятай!..»
 
I паэт пагадзіўся: «Чорт зь ім!..
Што я жыў альбо не – усё спрахне,
счэзьне, зьнікне, забудзецца, гахне!..
Лепей радасьцю быць, чым нікім».
 
I вярнулася ў цела душа –
у мяне – не ў міма, дакладна.
...Йшоў паэт па шашы... Звышуладна
пад адхон кульнула сьпярша
й да Аіда зьвяла шаша!..
 
*

 
Ён ля Леты сядзеў немаўлём –
і зваліўся ў яе, паганяты
звышуладнаю сілаю ладу.
Боскім промнем, сьмяротным агнём.
 
28.XII.2003.
 
 
 
 
Радок
Калі выпесьціш першы радок, –
пасталее радок апошні.
Белы бусел над мжыстаю пожняй –
вось паэзіі вусьце й выток.
 
Калі выплецеш першы радок, –
спавіецца радок астатні,
пазасьветавы зробіцца хатнім –
і Гасподзь моўчкі прыйдзе на ток...
 
Калі вылашчыш першы радок, –
узмужнее радок сагрэты.
Як ля ўлоньня – паблізу мэты,
і па сьпіне бяжыць халадок...
 
Калі выплачаш першы радок,
калі выпусьціш і... адпусьціш, –
не забудзе паэзія вусьце,
не падманецца, быццам зрок.
 
Калі выплаціш першы радок, –
то спазнаеш радок адвечны,
што, як час і жыцьцё, хуткацечны,
хуткаплынны цяпельны дымок.
 
Калі вымаліш першы радок,
калі выпаліш, ды ня спаліш, –
узьляціць аблілеена памяць
на ваду, на зямлю, дзе Бог.
 
Калі выбеліш першы радок, –
памудрэе радок апошні.
I на трызьне твой келіх парожні,
і па горле – лязовы глыток!..
 
7.XI.2003.
 
 
 
 
*  *  *
...сталася гэта так...
 
Жыў паэт.
Ён складаў, прыдумляў, бачыў вершы...
I гэтыя вершы былі паэзіяй.
У ягоных руках была частка птушкі
і частка натхненьня.
Пяро...
ён пісаў тым пяром свае вершы...
 
Аднаго разу да яго прыйшла душа –
не ягоная...
душа іншага...
 
Паэт пакахаў душу –
ня мог не пакахаць.
Пакахаў і цела, у якім жытлавала душа, -
ня мог не пакахаць.
 
У паэта было толькі пяро –
частка птушкі
і частка натхненьня.
Ды разам з паэтам
пяро рабілася самім птахам
і самою паэзіяй.
Паэт ахвяраваў пяро
душы, якую пакахаў.
Разам зь пяром аддаў і сябе –
толькі разам яны былі існыя.
 
...і быў шчасьлівы гэтай ахвяраю...
 
Зьядналіся пяро і душа...
 
Людзі жахнуліся дзіва.
Людзі не прынялі дзівоснасьці
і ненармальнасьці...
Не прынялі дзівоснасьці,
як не прымаюць вар’яцтва.
Бо пер’і ніколі да гэтага не былі з душамі...
 
Людзі паклікалі ката –
ката яны ведалі...
Кат секануў па жывым...
па тым, што рухалася і жыло, –
па зьнітаваньні.
Скрываўленая душа расправіла крылы –
яны зьявіліся зь пяра...
 
Ды побач была яшчэ адна...
 
Кожная з абедзьвюх душаў
мела адно моцнае крыло...
Ды каб узьляцець,
патрэбна два...
А між імі ўпілася ў зямлю –
чаму не ў нябёсы? –
вострая сякера ката...
 
Тады душы
ўзяліся за лязо
і ўвадначас прыўзьняліся над зямлёю...
Тое, што разьяднала,
цяпер трымала іх разам,
трымала над людзьмі,
трымала над натоўпам,
што кідаў у іх камяні...
 
А камяні ўжо не даляталі...
 
I ляцелі дзьве душы аднае,
ва ўнісон уздымаючы дужыя крылы,
трымаючыся за адно лязо...
 
Невядома, куды яны кіравалі,
але, здаецца, ня ў неба...
 
А калі і ў яго,
то ня ў тое,
што бачыў над сваёй галавою натоўп,
а ў іншае –
у сваё.
 
Калі я не памыляюся, то...
той паэт быў Жанам Както...
 
20.III.2005.
 
 
 
 
Званічна
Паэма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Баюся вяртацца ў сны –
ў ручаёвы смарагд лясны.
Сабою сярод сябе.
Журбою ўзьмеж журбе.
Ня здраджу душы сваёй –
лепш спраўлю трызну па ёй.
Ня здраджу душу сваю –
я лепей яе спалю.
І год абмінае шлях...
Пасьля.
 
29.X.2004.
 
 
 
 
АПЁКІ ТУГІ
З Шарля Бадлера
Heautontimoroumenos1
Я выцяў бы цябе бяз гневу,
як плоць сякерай – мясьнікі,
бы кій з Майсеевай рукі –
скалу, спавіўшы сьлёз залеву,
 
каб напаіць маю сьпякоту
вільготай праз пустэльні соль.
Я роспачна хачу твой боль
і лямант, каб у моры поту,
 
як вольны ў вольным, плаваць плачам;
я супакою сэрца там,
дзе боль салодкі б’е ў тамтам
глухім цяжарам неюначым!
 
У боскіх меласах санатаў
акорд няправільны – ня я,
я – іранічная зьмяя,
што, як сябе, катуе ката!
 
Шыпіш шыкоўнасьцю шыпшыннай,
кіпіш атрутнаю крывёй,
о морак вусьцішы маёй! –
мегеры позірк зь люстра кпінны!
 
Я – целаў рэшткі й кола скону!
Я – вастрыё і незагой,
шнар на шчацэ і шып у ёй!
Я – воля і закон палону!
 
Я сэрца высмакчу й жахнуся;
са сьвету ганьбы і зь сябе
я рагачу журбой – журбе –
і ні на каліў не ўсьміхнуся!
 
 
 
 
*  *  *
Я губляю страты свае –
зірні.
Найраднейшага сябра не суцяшаюць
пякельныя – на іх мяне спаляць! – мае вагні,
што з далечыні
і ўваччу
так няўтульна палаюць.
 
Мо’ ад болю тупею, як нож стары.
Вогнішчы, вогнішчы, вогнішчы ўсюдна!
Да пары я згару. Ой, да пары...
Я згару ад людзей...
непрылюдна,
                              няўклюдна...
 
Ад сябе я згару. Ой, ад сябе...
Мяне ў сэрца – шыпамі, шыпамі, шыпамі!..
Я шалею шыкоўна: шыпшынна – журбе,
суму – сьветла,
і вусьцішна –
                              вусьце і ціш... –
 
з вамі...
                з вамі...
                                з вамі...
 
21.VIII.2004.
 
 
 
 
Апёкі тугі
Тугія густыя сьнягі,
зьмяшаныя зь цёплай крывёю,
са сьвежаю сіняй зямлёю,
прыстылі да твару тугі.
 
Зямлі лугавое сьвятло
з грудзей навальнічных грамніцаў,
як сонцы шпурляе ў крыніцы,
маланкі і сэрцы – ў жытло.
 
I той, хто кахае мяне
мацьней ад Радзімы і волі,
са мною
                  ня будзе
                                      ніколі!..
...І смык скамянеў на струне.
 
I петлі на горлах радкоў.
Рагочуць радкі, быццам раны:
каскадам крывавым праз краны,
напорам – з прарваных вякоў!
 
Зжывуся з жыцьцём наўсуцэль!
Ня гневайся, горды, прыгожы, –
і сьмерці ня дасьць нам Бог, можа,
калі ўжо ня даў нам дзяцей?..
 
9.IX.2004.
 
 
 
 
Парастку, які крывяніць...
Вы разьбілі сваю скрыпку,
бо яна спявала болем,
бо раўла, нібыта гольлем
разарванае дзіця.
Вы разьбілі сваю скрыпку:
вы зьнішчалі – для жыцьця.
Вы разьбілі сваю скрыпку,
бо яна сьпявала болем,
бо раўла, нібыта гольлем
разарванае дзіця.
 
У дзіця ўрасла галіна,
у сябе ўвабраўшы скруху,
крыкі, крыкі, крыкі, крыкі...
роспач, страту, сьлёзы, жах.
Жах – і той ня меў крыжа.
Крыкі, крыкі, крыкі, крыкі
і зьнямогу ў кожным руху...
У дзіця ўрасла галіна,
у сябе ўвабраўшы скруху.
Вы жадалі, пэўна, сына...
Яве – цені, памяць – Духу.
Вы памерлі, вы ўваскрэсьлі.
З васкрашэньнем і зь нядзеляй!
Жыць ня дзеля, жыць ня дзеля!..
У труне каханкі несьлі...
У труне каханкі сьпелі.
Ці ж ня ведалі вы, мілы,
што ў чужых абдымках можна,
хоць ты будзь і асьцярожным,
назаўжды згубіць пяшчоту
не згубіўшы чысьціні?!
 
У труне каханкі сьпелі.
Ці ж ня ведалі, мой мілы,
што душы ня стане сілы
назаўжды згубіць пяшчоту
не згубіўшы чысьціні?!
 
Назаўжды згубіць пяшчоту
ад самоты, праз самоту,
не згубіўшы чысьціні.
Не цаніць яе ані...
 
Родны, любы, даражэнькі,
ў шчасьця – сьцежкі, ў шчасьця – жменькі,
ў гора ж ёсьць шаша і дым –
скрозь пустое ды ў пустым.
А разлогі зь пенным глогам
і з шыпшынаю ў зацішку –
для чаго яны?! Каб рогам
паўпіраліся і лішку
мы б сьцягнулі ў панны сьмерці!
Кукіш ёй з алеем! Дулю!
Хоць бяз кулі, хоць пад кулю –
не загіну, не памру я! –
так вось жыць і дыхаць вечна,
рызыкоўна, небясьпечна!..
 
Што ж... I паміраць ахвочых
тут няма. Дык жыцьмем, дружа.
Сьмерць скуголіць, вые сьцюжа...
Ха! Яны нам не з прарочых!
Мы пад коўдраю з табою,
абароненыя, сьнімся.
Сьнімся сьмерці, як сувоі,
што гудуць пра таямніцы.
 
2.V.2005.
 
 
 
 
Італійскя імпрэсія
Жарсьць на руінах старажытнага Рыма
I
Белыя кветкі лёгкіх лілеяў...
Промні і дзеткі – веліч надзеяў...
Слодыч, пажада – пан Рым распусны!
Як з мармеладу – пантарым з вуснаў!..
 
Млечная хуста, зоркавы поні,
поўні паўлуста ў хмарах патоне.
Поўначы зьзяньне княжыць паўночы.
Морак расстаньня, сумныя вочы...
 
Пыл бабілонаў з попелу ўзьняўся!
Ў жарсьці палону лепш бы ня кляўся
у вечным каханьні – целы ня вечны!
У судакрананьнях час небясьпечны!..
 
Мой імпэратар!.. Юр у зачыне!..
Клаўдзій-аратар, стогне Рым, гіне!..
Лава зародкаў пырскае ў кратэр,
калаўрот продкаў зьвірыў са спратаў!..
 
Стромісты стрыжань, млоснае ўлоньне
полымя ліжа яскрамі ў зломе!
Фатум і прага, прага і фатум –
вольныя судзьдзі будням і сьвятам!..
 
Муза, Эрата!.. Водар тужлівы
пусьціш расплатна пад пералівы
целаў духмяных, меласаў звонкіх!..
Плоць палымяна мкнецца да гронкі:
 
смага сасьмягла, вусны засохлі,
скура спружыніць у празе да  к р о п л і –
поту, крывінак, вільгаці, росаў,
сьліны, дажджынак, стромістых лозаў,
 
шнараў ад лозаў, ранаў ад струнаў,
міфаў і крозаў...
                                    Узброеных гунаў –
трызьню ці бачу ў Рыме стамлёным?..
Глухлае «страчу!..» – з вуснаў салёных!..
 
Віны па венах!.. Цнота на вежах!..
Стаў на калена, юны і сьвежы,
змлелы, гульлівы, Рым ненатольны
пад пералівы прагных утопій!..
II
Нішчацца, рушацца вехі, гмахі!..
Круцяцца, кружацца хлуды-вакхі!..
Вірыцца, веецца шал стагодзьдзяў!..
Скрозіцца, скроніцца: досыць!.. годзе!..
 
Рымляне, рымлянкі, скон спакусаў
дымляне, дымлянкі, дым прымусу
ў цывілізацыяў на гарышчы!..
Постгенэрацыя ў папялішчы
 
здрапала пальцы, локці, калені
ў пошуках шчасьця – шчасьця, ня меней!..
Рым пацалункаў!.. ігрышч, уцехаў
як паратункаў сын чалавекаў
 
прагне снабачыць клік эратызму
з тварам гарачым трагікамізму.
Сны Купідона не памяталі
рымлян імёны – тых, што кахалі...
 
Сьцёгны іх, лыткі, торсы, рамёны...
Час які ж плыткі!.. Час мой сасьнёны!..
Зыркай маланкі прывіды-шалі
шал ліхаманкі ў чашы сабралі!..
 
Мы ўсё спрашчалі, мы скарачалі,
мы не гучалі, мы дакучалі,
мы далівалі, не выпівалі,
мы не стваралі, а гаравалі...
 
...мы цалавалі, ды не кахалі!..
 
Мы сумавалі ў рымскія сьвяты
і дакаралі: «Горад пракляты!..»
Вернемся ў Рым, браце!.. Вернемся, братка?!.
Жонка і маці – вакханка-вар’ятка!..
 
9.XI.2003.
III
Антычнае неба
1

 
Апалае неба над Рымам
пад купал нябёснай лагоды
пястоўная плыня прыбіла
свабодай яго асалоды!..
 
О Рым, о сьсівелы паэта!..
Я сэрцам люцею, як бачу
каханьне з антычным сюжэтам!..
Ці можа быць неяк іначай?!.
 
Ты высьпелы плод, лёт сасьнёны! –
ў табе эратычная сіла:
юнак, што спакусіў анёла,
дзяўчына, што сукні спаліла!..
 
2

 
Паганцы, нам варта вярнуцца
туды, дзе палацы і танцы!..
Дзе душы ад целаў імкнуцца... –
ці варта вяртацца, паганцы?..
 
Ці варта вяртацца туды, дзе
мілосьць з разарванай плявою
бясплоднай гітанай нямою
сатлела!..
                Сплыло ўсё...
                                          Надыдзе!..
 
11.XI.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Мы ўсясьвету кляліся з рудых багавінаў,
што жанок водар знаем і знаем смак вінаў,
заірдзелых барвянам салодка-гаркотным...
Мы ж ня зналі нічога ў нікчэм’і маркотным.
 
О відзежныя целы ценяў, едных гульнёю!..
О відочныя цені зьнітаваных маною!..
Агаліся, расстанься зь несампраўдным, чаканьне!
Расшпіліся,  распранься перад вочмі, каханьне!
 
Перад душамі ж зьнікні, усмактаўшыся ў сутвы!
Я – акрутай нясьмелю... Ты ж – пакутай прысутны...
Ты – шчасьлівы пакутай, ты – пакутай пражыты.
А яна – кроў у венах, і яна ж рве нам жылы!..
 
11.IV.2004.
 
 
 
 
Parisien1
Парыж. Ліставей.
Французскі дурман.
Месье Леставэль
зайшоў у шантан.
Ён сеў – дзе заўжды.
I слухаў шансон.
У цішы хады –
ня сьмерць і ня сон! –
Парыж падышоў! –
сівы, як юнак,
і голы, як шок, –
наўпрост,
                      проста так.
I рукі паклаў
на плечы яго:
Парыж дазваляў
усім – усяго.
З усьмешкай шапнуў –
бы ўводзячы ў зман, –
за нэрвы ўшчыкнуў:
«Скажы, Антуан,
ці любіш сваё?..»
«Вядома: Гіём...»
«Маўчы, Леставэль!..»
 
Парыж. Ліставей.
 
5.XII.2004.
 
 
 
 
Tourbillon de mouches1
Нябёсная гара. I мы па ёй імкнем...
Ты за руку мяне трымаеш моцна, дружа.
Хоць ты і сябар мне, ды мы з табой засьнем
не па-сяброўску, не, не па-сяброўску дужа –
спляценьнем стомных цел у паяднаньні душаў.
 
Дыханьне мітусіцца, й голас твой дрыжыць –
ты страчваеш сябе, дзівосны парыжанін,
і... набываеш нас. О, як пякельна жыць!
О, як цудоўна жыць, свой скарыстаўшы шанец!..
I сьніць, і сьніць, і сьніць... як падае ружанец –
 
бы знак тваіх самот – з-пад рызы, з-пад крыжа,
якія б так табе да твару пасавалі,
калі б ты быў сьвятар...
                                                  Ды тут жыве душа.
Мы ў храме абразоў абраз не цалавалі –
адно да аднаго ў абдымкі цені ўпалі...
 
Французскі, як шантан, і стомлены, як шык,
і, як ніколі ’шчэ, развольны, раскаваны...
З грудзей тваіх узьнік шалёны жарсны р-р-рык –
самотны, як абсэнт, жаданы, як нірвана.
Ён сьцішыўся, калі прамовіў ты: «Кахана...»
 
29.III.2005.
 
 
 
 
Падрэ
Памятаючы Бога свайго,  
аддасі ўсё ў імя Яе.  
I забудзецца Бог на цябе,  
бо й ня ведаў, што любіш Яго.
Замест эпіграфа
О Сальвадор!.. О Сальвадор!..
Прыгожы мой сьвятар!
Мне праз адчай і боль гадоў
ваш цалаваць цьвінтар.
 
О падрэ!.. Сьветлы Сальвадор!..
Ня грэх кахаць, ня грэх
наноў адчуць праз боль гадоў:
найперш ты – чалавек.
 
О Сальвадор, мой Сальвадор!..
Прачысты сповед сноў!
Я вас знайшла праз боль гадоў –
і мне ня стала слоў.
 
О Сальвадор... О Сальвадор,
мужчына, поўны сіл, –
цнатлівы хлопчык!..
                                              Боль гадоў
жыцьця жарсьць не згасіў.
 
Ці ж сьмерць – на ценях тонкіх руж,
ў дыханьнях і сьвятле,
аддаць сябе шаленству душ
з той, што скрозь вас жыве?..
 
З той, што цьвіце праз тлум і шал,
скрозь Бога нават – ёсьць.
Бог сам яе да вас спаслаў,
спазнаўшы ягамосьць.
 
22.I.2006.
 
 
 
 
*  *  *
Крылы – для нябёсаў,
на зямлі – каханьне.
Мне ня трэба болей:
болей – не бывае.
Дастаткова срэбра
мне ў тваім дыханьні.
Пацалункі шчасьце
ў цеплыню схавалі.
 
Шэптам прамаўляе
жарсьці голас, тромкі
й моцны ад пажару,
што нутро ўздымае.
Вільгаць наталеньня
целаў нашых гронкі,
што ў адзіным ўздрыгу,
поўнячы, спыняе.
 
Нашы папялішчы
стомна ў ложку тлеюць –
мы ад іх зьляталі
зьнітаваньнем душаў.
Лозы аплятаюць,
і пястоўна млее
між лілеяў снулых
шчасьця непарушнасьць.
 
Пазіраюць дзеці –
на грамнічным зьмежку –
весела і мудра
з боскіх аблачынак.
«Прачынайся, родны!..
Паглядзі на ўсьмешку –
наш, здаецца, хлопчык...
Не люблю дзяўчынак».
 
7.II.2004.
 
 
 
 
«Як завесься ты?..»
Раніцаю – рок,
вечарам – раманс...
Твой зялёны зрок –
не сьвятло, а шанс!
 
Штосьці не далі? –
значыцца, тваё! –
Сальвадор Далі,
Дарыюс Міё...
 
Юны візаві,
зьдзіўлены ўсур’ёз,
мне душу ня рві
радасьцю да сьлёз!..
 
Лёгкі кавалер,
мілы шалапут, –
у зямных хімер
тэж стае пакут.
 
«Як завесься ты?» –
у мяне спытаў
мелас мілаты
голасам гітар.
 
«Я – ня бог, ані,
Божа барані, –
болю карані,
вецер у вагні...»
 
18.X.2004.
 
 
 
 
Мярэжы жаху
Жахліва, страшна, няўтульна,
як хвораму блазну – сьмешна!..
«Там д’яблава нешта, матуля!..»
«Каханы, там д’яблава нешта!..»
 
Прыходзяць мярэжы жаху
ды рогатам роспачы рэжуць!
А воля ня прагне праху,
выродлівыя мярэжы!..
 
Гучаць галасы так пекна,
мэлёдый мігцяць вабноты –
а клічуць яны да пекла! –
відзежныя словы, ноты!..
 
Я «Рэквіем» уключаю:
ратуецца сьмерць ад сьмерці!..
О Моцарт – анёл адчаю!..
Музыцы, музыцы верце!..
 
19.VII.2004.
 
 
 
 
Піяніст
Я ня здолеў больш маўчаць,
бо мне мову заняло.
Закарцела ўсё пачаць
мне з таго, што ажыло.
 
Бы ў Фэноза1 – Божа мой! –
задрыжалі крылы рук:
адрадзіўшыся сьлязой,
нарадзіўся існы гук!
 
Граць мастацтва і жыцьцё
една, як саму душу, –
граць адзінства і зьліцьцё,
граць мацьней, чым я грашу!..
 
Граць, цяжарачы цяжар,
высьвятляючы сьвятло,
граць жывому – не крыжам, –
што імгненьнем прарасло.
 
9.VII.2005.
 
 
 
 
*  *  *
Адпусьціце мяне ўздыхнуць,
адпусьціце мяне прачнуцца,
адпусьціце мяне ўздыхнуцца,
адпусьціце мяне прачнуць!..
 
Адпусьціце, пакуль дзіця,
адпусьціце, пакуль пускаю
нож паэзіі ў тло небакраю!
Я насупраць жыцьця! Хаця...
 
Адпусьціце, пакуль жывы,
і пачуцьцяў маіх не бярыце!
Трапяткім мяне адпусьціце!..
...ўсё зялёна!
                            ...нідзе травы!..
 
27.IX.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Як прымружу павекі – дым,
а за ім у радох– вякі.
Праз той дым ты сівы такі,
як вякі, а яны – за ім.
 
Чаму словы ўсё больш балючэй?
Абдымаю цябе – ты зьнікаеш.
I каханьне, якім ты кахаеш,
як нябёсныя лёзы, – з вачэй.
 
Унутрох – як на трох Бог дзяліў –
рана рваная нэрвам зашыта –
непражытым, як юнае жыта, –
зь цела, з моцы, з крыві, – бы з магіл.
 
Божа, літасьцівы, адкажы!
Не маўчы! Не маўчы! Ня трэба!
Мне каханьнем – адзіна – жыць.
Хоць зламаю хрыбет і рэбры.
 
Я на злом галавы! Нашчэнт!
Пасьля скону – цябе кахаю.
I цяпер, родны, мой, – паміраю.
Ваўчаня мне жыцьцё валачэ...
 
Мне б памерці, заснуць, звар’яцець,
адурнець ад няўмольнага болю –
не магу, дарагі, я так болей –
не магу быць з табой... не хацець.
 
11.VIII.2004.
 
 
 
 
*  *  *
На імгненьне ўяўлю, што ты ўспомніў... –
заскуголю, завыю на поўню.
I баліць. I ня хочацца болю.
I крычу. I крычаць больш няўздолю.
 
I ня ў змогу маўчаць. I маўчу я.
Я аглухну з пакут. Я ня чую.
 
Ціш, і больш не сказаць ані слова –
ўрэшце мне заняло – змоўкла мова!
 
На імгненьне ўяўлю, што мы едны.
Кляты час, злосны лёс, ты мой бедны.
 
12.X.2004.
 
 
 
 
Рысы
Трыпціх татальнага Тартара

...маё сэрца – пякельная рана,
на якой толькі шнар – сэрца.
#З раньніх вершаў

 
I

 
Выкажаш боль – лягчэй.
Змоўчыцца – больш балючэй,
ды я не магу гаварыць
пра тое, што так баліць:
казаць – нібы разразаць,
рэзаць – нібы казаць.
 
Выказацца б глыбей,
далей ад крыжоў і людзей...
Ды рукі ня здо... разьбіць,
што, як птушаня, трымціць.
Нутро ўсё пячэ... трасе...
...і лёсачка, лёзачка – рве...
I рвецца ўглыбінь яна,
бы ў холад зямлі – труна.
 

II

 
Паміж намі з табою – мы –
дзьве калыскі і дзьве труны.
Не, ’шчэ трэйцяя – не твая,
не мая – у ёй – немаўля...
 
Паміж намі – эфір і прах –
толькі так! – для чаго толькі так?!.
Паміж намі – тваё, маё, –
о шаленства! – шалё... шалё...
 
*

 
О пакутай сьсівелае сэрца,
я кахаю цябе бязьмерца!..
 

III

 
О мой фіялетавы жах,
о сум мой празрыста-сьветлы,
мацуеш
                  цьвікі
                              так ветла
на кветках –
                          нібы
                                      на крыжах!..
 
17.VIII.2004.
 
 
 
 
Цені каханьняў
На атуленых пацалункамі плячах
крылы праразаюцца,
працінаючы чаканым болем
да скрозі спакутаванае сэрца,
мілосьці поўнае.
Трызьню, трызьню па начох,
як нашыя цені цалуюцца,
як яднаюцца цені...
Спатолі, спатолі, спатолі!..
Хоць ценьмі...
Ценем бы стаць тваім...
Ды раптоўна –
як дзіця пазашлюбнае –
успамінаецца:
прывіды ценяў ня маюць,
ім належыць выключна
сподзеў і прывіднасьць іх.
Мы ж прывіды нашых каханьняў.
Мы іхнія цені, сасьнёны.
 
28.I.2004.
 
 
 
 
*  *  *
А боль закрануў зямлю...
Кахаю цябе, не люблю.
А боль мой прайшоў праз гады,
дзе ты нарадзіўся тады.
 
Навошта табе сорак пяць?
Ня бачыць цябе, не абняць.
Ствараць альбо разбураць:
Душу паасобку браць?..
 
13.VIII.2004.
 
 
 
 
А на дубе тым...
А на дубе тым –
верасьнёвы дым.
Там зязюля ноч кувала,
а на дубе тым.
 
А пад дубам тым,
дзе гусьцее дым,
дзеўка сьлёзкі пралівала,
а пад дубам тым:
 
«Дзе ж, далёкі, ты,
дзе твае сваты?
Як цябе я цалавала,
незабыўны ты!..
 
Наш сасьнёны сын –
сонцам залатым...
Сэрца скрухай гаравала –
наш нязбытны сын...
 
Змучыў боль зусім,
думкі ўсе аб ім:
як на ручаньках люляла...
Наш маленькі сын...
 
Шлях у нас адзін
зь лёсам жорсткім, злым.
Цемра моцу з жыцьцяў скрала –
шлях у нас адзін».
 
А на дубе тым –
жалудовы дым.
Там зязюля ноч кувала,
а на дубе тым...
 
7.X.2004.
 
 
 
 
Адчай часу

Рабі нечакана, рабі, як не бывае, рабі,         
як ня робіць ніхто, – і тады пераможаш.     
#У. Караткевіч. Ладзьдзя Роспачы

 
Я цябе ня бачыла ніколі – ты заўсёды быў перада мною.
Валасы – прабель мукі і солі –
                                                                  гаркадымна пахнуць даўніною,
даўніной катрынак, брычак, княстваў –
                                                                                      з тых часоў, дзе твой адчай шукаўся,
дзе ня каяўся ты, а ўсьміхаўся,
                                                                    са сьляпой жанчынаю кахаўся.
 
Я са спыненых часоў, гадзін астылых.
                                                                                      У сівых легэндах я спавіта
Я зь мінулых, я з былых сьвятыняў.
                                                                              Толькі ў прышласьці жыцьця я – Vita.
Я – адчай бялявы немаўляці,
                                                                што ня можа выказаць анёлай
Я – бязьмежна-босае расьпяцьце
                                                                          на грудзях, шыпшыньнікам замкнёных
 
Я цябе схаваю ў крылы, мілы,
                                                                    калі крылы ападуць грахоўна
Брама Роспачы Ладзьдзю пусьціла,
                                                                              зьнік Харон, і ты – кіроўца чоўна.
Вуснамі з гарачаю крывёю я беспамылкова, запаветна
прамаўляю: «Толькі б стаць тваёю!..» –
                                                                                        а тады й ня страшна ў апраметнай!..
 
Я ня згодная са сьмерцю прынцыпова,
                                                                                        бо яна прыходзіць – як кон ляжа...
Жыць мне нечакана, нетыпова.
                                                                      Пляжыць сьмерць, людзей сваіх – ня пляжыць!..
 
Сьмерць не затрымаць, сьмерць не спыніць,
                                                                                                    як і коней-зданяў над прадоньнем...
Ды баліць, нясьцерпна ўсё ж баліць:
                                                                                  тая сьмерць і тыя нашы коні!..
 
6.III.2004.
 
 
 
 
БОГ – МАЁ МАЛЕНСТВА
З братам
Дранікі – бульба бабуліна.
Вечар. Каляды. Вершы
Караткевіча, Барадуліна.
Усе мы.
                  Кожны з нас – тутэйшы.
 
I бялейшы за звыклы сьнежань
сьнежань наш, калядою поўны.
Я і брат – мы табе належым,
Беларусь мая, боль мой годны.
 
Голас Данчыка, казка мамчына...
Па чарзе зь Лесунком сьпяваем...
I народнае – наша спадчына,
і крывіцкае ў крылах маем.
 
Мы ў нябёсы глядзім значнелыя,
нас бабуля тройчы жагнае:
«Мае зорачкі спалынелыя,
паглядзіце, як сонца канае,
 
як дыміцца на шатах соснаў,
як сьцякае па стрыжнях стромкіх,
разамлела, мякка і млосна
чырванее ірдзежам гронкі,
 
бы парэчкі ў маім гародзе
ці шыпшыньнік, што ў лесе побач...» –
Сонца высьпела. – «Ну, дзеткі, годзе,
спаць хадзем...» – «Не, бабуля!.. Во, бач!.. –
 
галасок Лесунка прарваўся, –
пачакаем ’шчэ зорку сястрычкі,
за хмурынку яна... схаваўся...»
 
I чакалі Венэру па звычцы,
дачакаўшыся ў калыханцы.
 
Спаў лясун, і над лесам хмурынка,
і Алесік, і Валярынка...
 
25.II.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Гляджу, як красуе жыта –
праз поле мая дарога.
Яшчэ так мала пражыта –
ужо так зблытана многа.
 
Гляджу – чырванее золак.
У небе мая трывога.
Бліжэй на ўзгорку да зорак,
але далёка да Бога.
 
Гарыць-дагарае ранак,
сваю адыграўшы ролю.
Працяг камэдыі – драма.
I мне не схавацца ад болю.
 
Чэрвень 2001.
 
 
 
 
*  *  *
Сьлізка на шляху маім.
Сьлізка, бач Божа, сьлізка.
Хмары ідуць між малін –
як туманіны – нізка.
 
Дух мой ляціць у дамы –
не, ня трызьненьнем – дымам.
I растаюць дымы –
духі над белым млынам.
 
Б’е мой млынар, як званар,
неруш нябёс крыламі.
Плача званар, як млынар,
зьмеленымі званамі.
 
Душаў аскепкі б’юць
глуха ў званы і жорны,
крылы званіцам рвуць,
і на млынарнях – чорна.
 
7.II.2004.
 
 
 
 
Болей!..
Зраненыя вершы,
                                      Бог – маё маленства!..
I дзіця з каменьнем
                                          у далонях кволых!
Шнары на ўсясьвеце,
                                              шнары на галовах.
I на сцэнах новых
                                        сьвежае шаленства.
 
Зраненыя вершы:
                                        Бог – маё маленства!..
 
Зранены Я, вершы!..
                                              Бог – маё маленства!..
 
1.II.2004.
 
 
 
 
Відушчым
Дзіця цалавала кветку –
ружовых пялёсткаў цяпло,
уздрыгі пялёсткавых крылаў...
 
Накінулі сетку – і ў клетку,
бы крозу, бы міф, бы сьведку
забойства! – стыгмат на чало!..
 
«Мне чуецца плач небасхілаў...
Мне бачыцца бітае шкло...
Мне трызьніцца рванае тло...» –
пякельна дзіцятка прасіла
пусьціць яго... Боль заняло!..
 
Сьляпога сьвітаньня сьвятло
ў разломы нябёсаў плыло...
Было альбо не было?..
 
Дзіця цалавала ня кветку
дзіця цалавала таўро
і з чорнай крывёю крыло...
 
«Малеча, засьні, ўсё сплыло...»
 
Ды неба скразьліва гуло!..
 
18.XI.2003.
 
 
 
 
Стыгмат
Вада – у рэках
кроў – у венах
я ад грэкаў
у маіх генах
веліч-вера
прошчы сіла
 
у вярыгах
мая Ліра
маё вока –
паміж сфэраў
між прастораў –
кліч хімераў
сярод зораў
пострыг рэхаў
прага зьменаў
кроў – у рэках
вада – зь венаў
 
23.VI.2002.
 
 
 
 
Эрот
Смагнуць вусны цябе, Эрот,
мой міфічны грэчаскі бог!
Апякае стогн кісларод –
эратызм ты спазнаць дапамог.
 
Прагу дэманаў, Купідон,
запаліў ты ў вачах маіх.
Як усход пацалуе дол,
я прашу, падаруй свой уздых.
 
Не відаць вачэй і павек
у зьяднаньні гарачых цел.
Ты кахаеш, як чалавек,
не як бог і не як зьвер.
 
Як блакіт у вадзе згубіў
свой глыбокі раптоўны пагляд,
я губляю мой небасхіл,
ды знаходжу наш далягляд.
 
Апантаныя пачуцьцём,
спакушаем адно аднаго.
Як шэдэўр чысьціні – забыцьцё
асалоды бярэм у багоў.
 
Ты мой раб, мілосьці стыгмат,
пакаханы адзіны анёл,
і квітнее, як райскі сад,
тваёй ласкай сагрэты дол.
 
28.II.2002.
 
 
 
 
*  *  *
Кахай мяне па-беларуску –
змаўчаць Парыж, Мадрыд.
На мапу прагі без прымусу
узыдзе Менскі Крыт.
 
I Днепр апячэ Луару,
Дуэру – Нёман мо...
Наяве я спазнаю мару,
бо ты і я – адно...
 
Адна ўцялесьненая сквапнасьць
да шчасьця, да граху –
на вуснах жарсьці непадманнасьць
і слодыч на слыху.
 
Кахай мяне па-беларуску
у зайздрасьці Афін –
дрыжыць чаканьнем кожны мускул,
як болем ад шыпшын.
 
Ля эпалады эпахальнай
на мейсцы стромкіх дрэў
схіляюць зімны голаў Альпы
прад тымі, хто трымцеў
 
кахаў пад зоркамі і ў цемры,
калі Венэра й Марс
свае шукалі летуценьні,
й самотны Валапас
 
глядзеў маркотна на багіню,
што спала на Зямлі,
шукаў імя ён варагіні,
каб папрасіць: «Спалі!..»
 
7.III.2002.
 
 
 
 
Калыханка
Паркам стомленым спыніўся квецень
ля замшэлых туманоў-прысад,
зоры-кветкі гнаў па небе вецер –
гэта быў ня Шлях, а Млечны Сад.
 
Юны ветах высьпяваў у поўню,
а сусьветы спавіваў паўзмрок.
Белым прывідным дзівосным чоўнам
зьзяў у месяца чубаты рог.
 
I губляліся ў цямрэчы цені,
ды ліхтарні поўнілі сьвятлом.
Спасылаў дзівінкі і трымценьні
сон маўклівы нам сваім крылом.
 
Уздыхалі аблачыны зморай
і маркотна пазіралі ўніз.
I чамусьці неба пахла морам –
нейкім дзіўным быў яго капрыз.
 
На самоце над зялёным шарам
зноў каханьне юнае плыло –
ўсё шукала веры па абшарах
і ня ведала, чыім было.
 
3.IX.2002.
 
 
 
 
*  *  *
З бусьлянкі фіялковую ваду
п’ю – успамінаў наталяю смагу.
На прасьніцы бабульчынай праду
яе кудзелю і сваю развагу.
 
Павеў стамлёны, подых цеплыні
пячных цаглін душу мне апякае.
Губляліся ў самоце плыні-дні,
не заўважалі – памяць патухае.
 
Як пад патэльняй тлее вугалёк,
сьціхала, засынала наша памяць,
ды просты беларускі матылёк
асьмеліўся ўзбудзіць яе й ня раніць.
 
– Навошта карані далі вадзе? –
не разумеў і не шукаў адказу.
Навошта дзецям дадзены спадзеў
зрабіцца лепшымі, чым ёсьць, ды не адразу?
 
– Бо з нараджэньня, значыць, з каранёў
найлепшым сьніць усё жывое ў сьвеце.
Я ж здрадніцкім і катаўскім агнём
выпальваюся з каранёў да вецьця.
 
З бусьлянкі фіялковую ваду
п’ю – успамінаў наталяю смагу.
На прасьніцы бабульчынай праду
сваю кудзелю і яе развагу.
 
12.X.2001.
 
 
 
 
МНЕ СЬНІЦЦА БЕЛАРУСЬ...
Дажыло!..

Хтосьці выбраў сабе краму,
а хтосьці – краіну...
#З раньніх вершаў

 
Непагадзь, погань – тваё!
Не адцурайся! Хто ж возьме?!.
Сенам шапоча на возе
траваў былых быльлё...
 
Пыл у ліцьвінскай дзяжы...
Пах папялішчаў у травах...
Збаўца – вандалам забава! –
крыж не знайшоў, дзе жыць...
 
I незагой нажавы
бледна-астылай вясёлкай,
зьбітаю, спаленай зоркай
Дух спарадзіў нежывы.
 
Выплюнуў чэравам Дух
з нутраў дзіцятка сівое:
«Крэўнаму быць сярод лою,
як у крыві, – за двух!..»
 
Грымнула і зараўло
неба, разьзеўрыўшы хмары:
«Хай і за трох яно марыць,
толькі б яно дажыло!..»
 
Храмы пільнуюць імшу...
Хрыплы няўпэўнены ўздышак...
Дзіцем намацаны крыжык –
першы праслоў: «Я скажу!..»
 
Кіньма ў алёсы вясло –
грэблі вяслом тым па багне! –
багна ж апёкаў ня прагне –
прагне нязьдзейсненых слоў!..
 
Багна клякоча, бурліць –
багна чакае... учынкаў!..
Ды не чакала дзяўчынку,
прышлую багну спавіць:
 
катавы рукі зьвязаць
кужальнымі паяскамі,
каб зноўку сталі мы самі
плакаць і праўду казаць...
 
Каб зноўку сталі сабой –
іншымі ж быць мы ня можам!..
Сорамна і непрыгожа
твар свой хаваць за гульнёй,
ціха шаптаць, асьцярожна:
«Я не з народам, я – свой...»
Потым маўчаць і...
                                        О Божа!..
Шчырасьць мая дапаможа
стаць за сваёю ж сьпіной!..
 
22.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Гляджу на замежныя вуліцы,
быццам на цуды Гудзіні.
Крывёю мне ў скроні стукнула
памяць аб мілай Радзіме.
Пабачыў я мора Балтыйскае –
і тут ёсьць чароўныя рысы.
У сэрцы ж Сафія Дзьвінская
і роднага Сожа абрысы.
Калі ж паглядзеў я ў празрыстае
самотнага мармуру неба –
мне ўспомнілася непрыветная
Чарнобыля чорная глеба.
Я ведаю, сьвет не зварушыцца,
не дапаможа і крык.
Мой заклік да чыстага, сьветлага
ператвараецца ў хрып.
Бязьмежны палёт чалавечага
ня бачны за багнаю слоў.
 
Пагляд у нябеснае, вечнае
зьнявечаць, асьлепяць ізноў.
 
4.VIII.1999. паблізу Нарвы
 
 
 
 
*  *  *

Мне сьняцца сны аб Беларусі...     
#Янка Купала

 
Мне сьніцца Беларусь
у верасовай хаце.
Мне сьніцца Беларусь,
і сноў я не ганю.
Мне сьніцца Беларусь
штоноч, павер мне, браце.
Мне сьніцца Беларусь –
я ж сэрцу не зманю.
 
Мне сьніцца Беларусь –
мая сівая маці.
Мне сьніцца Беларусь –
ўзараная ральля.
Мне сьніцца Беларусь,
бо я яе ня страціў.
Мне сьніцца Беларусь –
адзіная мая.
 
Перад табой, зямля,
я толькі немаўля.
 
7.VI.2001.
 
 
 
 
Маналёг Данілы Вежы-Загорскага на сьмерць Ксені
Чытаючы раман У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»
Бедная мая, белая.
У косах – нажы, у косах.
Не пакідай мяне, верная,
пярлінкай-сьлязой на пакосах.
 
У маленьні прад Спасам
вернікам
укленчу й няверным нароўні
скажу абразу:
«Пернікам
мяне ты ніколі-ніколі
не частаваў, не ласаваў,
дык помні ж адзінае, помні:
яна ў цябе верыла
і ўдзень, і ў час княжаньня поўні,
дзяліла са мной – блюзьнерыла.
Помні пра гэта, помні!»
 
А Спаса Вачніцы Цёмныя
маўчалі – пакорліва змоўклі!
I валасоў залатыя хвалі
на плячах кананізаваных моклі
ад дняпроўскай глыбіннасьці болю,
што ў вачніцах хацеў я спатоліць.
 
I сякера-гізаўра раптам
у драўляных грудзях заціхла...
А Вачніцы глядзелі з сумам...
А Вачніцы глядзелі сьціпла...
 
2.IV.2002.
 
 
 
 
Старадаўняя
Як зь легэндаў ды паданьняў
сівым шляхам даўніх зданяў
на муры ўзышла князёўна
і прамовіла заклён:
 
«Сонца ў промняў калаўроце,
дай дарогу колу ў годзе,
дай уроды, дай пагоды,
дай гумору і жыцьця.
 
Уладару мой вячысты,
княжа велічны і чысты,
барані капцы і памяць,
аслані людзей сваіх.
 
Гэй, выходзь хутчэй, народзе,
ў добрай згодзе, ў карагодзе,
весяліцца, баляваці,
мілавацца ды сьпяваць.
 
Запрашай сусед суседа
на бяседу, да бяседы.
Да сьвятарнае крыніцы
запрашай, сястра, ўвесь род».
 
*

 
А душа сьпявае шчыра,
каб сабе сабой былі.
А душы найлепей зь мірам,
са спакоем на зямлі.
 
6.X.2004.
 
 
 
 
Жаўнер
Як званілі ўсе званіцы –
сонцы падалі ў крыніцы.
Бог зь нябёсаў паглядаў,
а ці тую табе даў.
 
Як ня тую, мой жаўнеру,
не на шчасьце, не на веру,
дык тады вазьмі ты сьмерць –
у нявестах яе сьцьвердзь.
 
Хлопцу на шляху ня лёсіць –
долі, горды, ён ня просіць.
Ён каня свайго сядлае
ды харугву падымае.
 
Не абняць больш мілай плечы –
моцы не стае на сечы.
Вою – ніцма на зямліцу,
а душы яго – ў грамніцу.
 
Мой ты Божа, барані,
ў чыстым полі – два кані,
у нябёсах – два імі.
Мой ты Божа, барані.
 
I прыйшла юдоль на поле –
вольнай вольніцаю ў волю:
рукі скрыжаныя ў злом,
валасы – цяжкім вузлом, –
 
каб забраць ад злых дымоў
ваяра свайго дамоў.
...Узрастаў чырвоным клён –
на хлапчыне быў праклён.
 
Ой ты лёсе, барані,
ў чыстым полі – два кані,
у нябёсах – два імі.
Ой ты лёсе, барані.
 
5.X.2004.
 
 
 
 
Вяртаньне
Ваяры ідуць з паходняй,
зь перамогаю маркотнай.
Іх мільёны адной волі,
а астатнія – у полі.
 
Жабракі плятуцца збоку –
на варожы шлях – ні кроку.
Іх адданасьць да Радзімы
адняла жывыя сілы.
 
А за імі ўсьлед – сабака.
Наглядзеўся, бедны, жахаў
галаву паціху ўскінуў, –
ён забыўся, што загінуў...
 
14.I.1999.
 
 
 
 
*  *  *
Караў пакутнік пеклам служку веры –
выгнаньнем смутак зь небакраю плыў.
Прарок людзей наіўна верыў зьверу
і маладую моц яму дарыў.
 
Закалыханы на арэлях зману,
ён заблукаў: з-пад купалоў – у прах.
Нябёсныя ж званіцы і арганы
прасілі ў крылаў пра апошні ўзмах...
 
1.VI.2001.
 
 
 
 
СІВОЕ СОНЦА
*  *  *
Ты вячыста,
                    айчыста,
                                    рачыста,
                                                    прачыста глядзіш...
Ты вячніна,
                    айчына,
                                  рачына,
                                                чысьціна і ціш.
 
24.I.2004.
 
 
 
 
Сівое сонца
Пасівелае сонца –
                                      яшчэ ня поўня!..
Сівер дзьме –
                                выцалоўвае вуснаў расколіны.
I збаночак на дратве,
                                              душою поўны
ўжо да краю,
                              гайдае крывёю падсоленай.
 
17.I.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Прапусьціў бы нябыт – ня йдзе.
«Ну праходзь!» А нябыт: «Хадзем
разам пройдзем па той мяжы,
дзе крыжы...»
                                «Не кажы, не кажы!..»
 
Прапусьціў бы нябыт – стаіць.
«Ну праходзь!» А нябыт: «Баліць,
бо заўжды я глыбей за дно».
I глядзіць у маё вакно.
 
13.IV.2003.
 
 
 
 
Знак небыцьця
Як на анёлавых плячах ад крылаў – шнары,
дык на маіх – знак небыцьця! – жыцьця мне мала!..
Я буду быць, як мае быць, – самім сабою!..
Раструшчу стоды, з лою храм – пакіну лою!..
 
Крычы з палону чорны зьмей, – я зьмей чырвоны!..
Зьвівайся – лебедзем гібей, мой улюбёны!
Двурушнічай, ператварай жыцьцё ў мільёны
маленькіх роляў – ажывай, мой паланёны!..
 
Маўчы, вядзьмарыч, д’яблаў сын!.. О вакханальля!..
Равуць званы ўсе як адзін!.. О боска Мар’я!..
Як на анёлавых плячах ад крылаў шнары,
дык на маіх – знак небыцьця!.. – жыцьця мне мала!..
 
Як праз далонь сачыць – сабой паўзе дарога, –
дык ліній на руцэ маёй – надзвычай многа!..
 
Я д’ябла кіну – хай зь ім Бог суды спраўляе!..
Аддам я Богу й ланцужок – хай пагуляе
з маім кішэнным хараством – зь пякельнай сілай,
з шыкоўнай цацкаю!.. Чалом: вярні ж мне крылы!..
 
Я пашукаю лепш прыгод у пазалецьці,
бо й так мне шэнціць на багоў у гэным сьвеце!
 
Ну, не жагнайся, ты ня мніх...
Багі ж як людзі:
скрадзеш анёлаў – шапкі зь іх
ніхто ня згубіць!..
 
20.XII.2003.
 
 
 
 
Лёзныя сьлёзы
Вершы скончацца мае,
не пасьпеўшы і пачацца.
Паўтарацца, вычварацца –
гэта ўсё не для мяне.
 
Неба, неба ў мой радок!..
Брыдка, брыдка, брыдка, брыдка!..
Зь берагоў вар’ят-дзядок -
кліча: «Рыбка, рыбка, рыбка...»
 
...цішыні больш не чуваць –
ані каліва, нічога!..
Немаўлятчынаму богу
неруш неба лёзна рваць!..
 
Вершы душамі баляць.
Заб’яце вы вершы, людзі?..
I нічога больш ня будзе,
калі мне не акрыяць!..
 
Бог – з кім хоча, з вамі ж – лёс,
з вамі ў ложку ён і ў храме.
Не ў краіне вы, а ў краме,
вам далёка да нябёс!..
 
Пакараны я за шчырасьць,
пакараны, пакараны,
не найлепшы, не абраны,
не за лірнасьць, а за літасьць!..
 
Я клянуся... Не – кажу:
думкі маюць моцу клятваў.
Поруч Літваў – каля кратваў –
адхрышчу свайму крыжу.
 
Бог, даруй, калі ты ёсьць –
у пустэчы не папросім.
Шчанюком скуголіць восень.
У разлом нябёс – мілосьць.
 
Сьлёзы лёзныя – як сьмерць.
Сьлёзы лёзныя – як небы.
Забярыце!.. Без патрэбы
сьлёзы лёзныя – як сьмерць.
 
11.III.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Аглухлыя лугі, спавітыя ў сьвятле,
шыкуюць, як шыпы, разлогай дзікіх глогаў.
Стамлёныя стагі на мжыстым тонкім тле
ня трызьняць больш зямлёй – стрымоўваюць зьнямогу...
 
...І каранёў няма!.. Маўчыць труной душа.
– Кажы, прашу, кажы! Калі ж ты загаворыш?
– Самоцісься дарма. Сябе знайдзі сьпярша.
Перамаўчы сябе – калі душу ты ўспораш.
 
Спрадвечнае Сьвятло. Спрадвечны сатана.
Бог – старажытны страх... Паўсюль іканастасы.
Збалелае  б ы л о. I зманная мана.
Выродлівай красы зьнявечныя прыўкрасы.
 
14.V.2004.
 
 
 
 
Сьвяты Яне!..
Галаву туманамі спавенчу,
не скуголю, ня енчу, ня кленчу
мне самота мая – сястра.
Людзі шэрыя з крыкам: «Ура!..»
аббягаюць сябе вакол восі...
Людзі ж сьветлыя долі ня просяць:
абыходзяць гару дзе гара,
і сыходзяць, як час, як пара,
і гавораць з душой, дзе душа,
што шалёна імчыць, як шаша.
За душою імкнецца душа.
Драбязой драбяза паганяе.
Як паэт ці бадзяга канае –
так лунае ў нябыце душа,
так душа у нябёсах лунае.
Даруй, Божа, Люцыпар, вазьмі
ты ня ўсе пакаяньні і дні,
ты ня ўсе мае дні-пакаяньні...
Сьвяты Яне!..
Сьвяты Яне, пакінь мне грахі!.. –
Голуб з вуснаў, сініца з рукі...
Справім трызну, зьямо праснакі...
Ад калыскі, ад першай сахі
да тэстамэнту, да разьвітаньня
да сухотнага скону літаньня,
сьвяты Яне, пакінь мне грахі.
Ваўкалак пасівелы з рукі
згаладала жарэ праснакі
твае, Яне!
З трох сасон на чатыры бакі,
як вякі, ўкаранелі грахі.
I заганы, як зманы. Бязь іх –
ты ня здань азазэль, ты ня мніх,
ты ня Бог, ты ня чорт, ты бязьлік!..
 
5.XI.2003.
 
 
 
 
*  *  *
І зазьвініць
тонкая ніць
над небакраем.
 
З далечыні
сьмерці вагні –
неба карае.
 
15.VIII.2005.
 
 
 
 
Нязбытнае
Сьлёзы прапальваюць плоць.
Шыпяць і шклянеюць у плоці.
Ня збудзецца. Не збылося.
Ня зможацца. Не змаглося.
Сьлёзы прапальваюць плоць.
 
13.I.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Месяц гуляў у хованкі з завязанымі вачыма,
пасьлізнуўся на Млечным Шляху –
пакаціўся,
                      закруціўся,
                                              ператварыўся ў поўню.
 
1.VI.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Ціхімі дажджынкамі імжы
плачуць дзівавокія стварэньні,
і пястуюць крозы-міражы,
і люляюць згадкі-летуценьні.
 
I ўзрастаюць сьлёзы на зямлі
сонцамі, рамонкамі, жытамі.
Птах мой, я малю цябе: спалі
тое, што магло быць паміж намі!
 
Тое, што прыдумалі сабе,
сьпелячы марноту спадзяваньняў.
Тут няма нічога – у журбе
гэта найвялікшае прызнаньне.
 
25.II.2004.
 
 
 
 
*  *  *
Ваза. А ў вазе – дно.
Стромяцца з дна – відно:
дзьве камеліі
                            карамельныя.
Бераг. На беразе – Бог.
Божыцца Бог – не ўсьцярог:
мы дзьве лініі
                              паралельныя.
 
21.I.2004.
 
 
 
 
Заручыны руні
Рунь камяні топча1,
асьпіды сьцелюцца ў руні,
камень з крыніцай – прошчы
шукаюць, а сена – пуні.
 
Вада свае вены згубіла,
згубіла вада лагчыны,
бо сьціснулі з поўнай сілы
выспа і аблачына.
 
Капішча і магільня,
смарагдавыя ад моху,
сьціпла зайздросьцяць ды пільна
касьцёлу Сьвятога Роха.
 
Расстайныя гіяцынты
на манускрыптах зьзяюць –
цынкавыя акцэнты
кніжныя словы маюць.
 
23.IV.2002.
 
 
 
 
*  *  *
О, дзе ты вынайшаў вочы
анёла, што служкам пяшчоце,
д’ябліска, што марыць пра мора,
ў яго адзіноце бяздомнай,
бяздоннай,
як музыка шчасьця?!.
О, кім наталіў свае вочы,
што выбухам жарсьці
ў мігценьні
ў сабе паядналі сусьветы
і цені –
і іх запаветы, –
што будуць вагнямі,
што будуць сьвяціцца і падаць
і зноў узьлятаць па-над намі,
ўзрываючы чыстую радасьць?!.
 
10.VI.2005.
 
 
 
 
*  *  *
Час раструшчыцца шчасьцем –
не суцешыць, ня стане,
не супыніцца боем анёльскіх курант...
Нас з табою ня стане –
мы з табою растанем
тонкім танцам над time’ам
Ах!..
 
Час забудзецца шчасьцем...
 
6.III.2004.
 
 
 
 
Узьлёт
Нашча жыцьме, нашча.
Лашчыць шчырасьць, лашчыць.
Песьціць вернасьць, песьціць.
Весьціць крылам, весьціць.
Замуж – з богам – выйсьці
на нябёсным выйсьці.
Гнездавацца ў пекле,
каб падлёткі леглі
на памежжы раяў,
чалавечай зграі
сьмеху не пачуўшы,
болю не адчуўшы,
ці сканалі ўзьлётам,
адагрэлым лёдам
усе...
Дзьве душы зраслося –
на лязе, на лёсе
духамі праскону
у разломах звону.
Гнеў пячэ, ярчэе,
і прашу яшчэ я
за каханьне плату,
як ахвяру кату.
Душы звар’яцелі,
бо яны ня ў целе,
мроіцца ім Звышні,
што зьбірае вішні
ў пасівелым садзе,
дзе жыцьцё у здрадзе
ўсё...
 
7.II.2004
 
 
 
 
СІНІЯ ВОСЬЛІКІ
Сінія восьлікі
Восьлікі сінія ў цыркі ня ходзяць,
там толькі конікі, малпы і коці.
Восьлікі сінія снула ўзіраюць
неба і рэчку – і ў іх паміраюць.
 
Восьлікі сінія сіне маркоцяць
сум і спакой – і няўважна пяшчоцяць.
Восьлікі сінія сьняцца часьцютка,
восьлікі сінія прыйдуць няхутка.
 
Восьлікі сінія плачуць сінечай,
той, дзе быў кожны старым і малечай.
Восьлікі сінія, сьнёныя казкі...
Ах, восьлік сіні, тутэйшы і наскі!..
 
Восьлікі сінія – фарбы-прыдумкі,
сьмешныя, сьмелыя мроі-лятункі.
Восьлікі сінія – з Млечнай Дарожкі
б’юць капыткамі сінія ножкі.
 
Восьлікі сінія – сінія вушкі,
мысьленьні ўпартыя, думкі-няслушкі.
Восьлікі сінія дзіў валашковых –
сінія вочы нябёс выпадковых.
 
27.III.2004.
 
 
 
 
На французскім небе
Падышоў да Поля Жан:
«Думалася – от падман! –
што палю я анашу!
Аказалася – душу».
 
Адказаў Както Верлен:
«Я ў жыцьці шукаў селен;
сонца, думаў я, ў віне –
аказалася, што – не».
 
З дрэва крыкнуў ім Рэмбо:
«Хопіць вам, хлапцы, й таго...
Я вось думаў, я найперш...
Аказалася, што верш».
 
«Ах, малое парасё!..
Вельмі важна ўсё-ўсё-ўсё, –
цыкнуў тут Апалінэр. –
Дзе манеры? Нуль манер!»
 
А Бадлер сабе сядзеў
Па кавалку цела еў...
У размовы ён ня лез –
Калупаў на сэрцы зрэз.
 
17.II.2005.
 
 
 
 
*  *  *
Неба змоўкла на плячы – не маўчы.
Я цябе аддам дажджу – разбуджу,
і схаваю ў небакрай – не карай,
і нікому не аддам – мой Адам.
 
3.I.2006.
 
 
 
 
*  *  *
Цябе пакінулі сілы?..
Ты зноўку хварэеш, мілы?..
Ты сёньня хварэеш на кнігі –
найлепшых, мудрэйшых вярыгі.
I ўчора хварэў таксама
на Кафку і Мапасана.
Наступствы хваробы –
                                                  практычна
на памяць уся антычнасьць!..
 
Мне трэба, відаць, стаць вершам
тваім ці сваім найлепшым,
каб ты на мяне зірнуў,
мой Гофман, мой коцік Мур!..
 
Лета 2003.
 
 
 
 
*  *  *
Родна, пяшчотна, гладка...
і небясьпечна, хаця
ты паглядзеў, як дзіцятка,
я – як дзіця...
 
22.VIII.2004.
 
 
 
 
Мой змрокавы хлопчык
Тадзю, мой змрокавы хлопчык,
які ўсё ж знайшоў усьмешку
чакаю цябе!
Так дзіўна – цябе я раней не чакала.
Тадзю, мой мілы самотнік, мой абаяльны маленькі,
мой юны, любы філёзаф
з апушчанымі вачыма!..
Тадзю, мо’ для пацалункаў створаныя твае шчочкі
ў барвах пунсова-ружовых?
I вушкі, і вусны таксама...
Тадзю, з табою за лапку хачу пагуляць я па Менску,
бо пані Варшава раўнуе ж
такіх выкшталцоных паночкаў...
I пекных, і вабных, і гожых,
такіх, карацей, як ты, Тадзю!
(Хоць роўна такіх і няма больш!)
Тадзю, мне сьнілася сёньня,
што я да Варшавы прайшлася
і клікала выйсьці на вецер
цябе, дарагі мой Тадзю!
А ты для чагосьці марудзіў...
Ці рады ты быў той сустрэчы?
Быў цёплы пранізьлівы вечар...
Ты ветру баяўся, малеча?
Ты выйшаў – такі ўсхваляваны –
мне нават зрабілася цёпла.
Здавалася, выбухне штосьці –
вясёлкай?..
Ці сьветы ўсе-ўсе перакуліць,
што туляць хаосы ды існасьць,
і волі, што крылы спаткалі,
якім толькі ўроўні каханьне?..
Цябе я любіла...
 
1.III.2005.
 
 
 
 
Сплюшка
Сплюшка, прачніся, ня сонься.
Сплюшка, прачніся, ня сьніся.
Лепей дажджом парасонься
цёплым па стромкім карнізе.
 
Наліўка персікаў сьпелых
у шчочках тваіх ружовых,
 
у згінах ручак-пантэрак,
у вуснах гульліва-вясёлых.
 
Тут патанае слодыч
у мятна-мядовых пеклах.
I замірае млодыч
у руху целаў пекна!
 
20.XII.2003.
 
 
 
 
*  *  *
Для самазахаваньня я напішу вясёла:
«Ляцела на выгнаньне мядотна жоўта пчола...»
Ой, нешта не пяецца; журліва, не ў гуморы.
А сонцайка ліецца, вятрок блазнуе ў моры.
Мяне гукае хтосьці то ў далячынь, то ў Лету.
Мне млосна ад мілосьці: я зьеду, зьеду, зьеду!
Куды зь Зямлі падзецца? Нікуды. Нельга, грэшна...
I шчасьце ў жыцьці б’ецца, і радасна, і сьмешна...
Жыцьму.
 
9.IX.2004.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.