РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Юрась Півуноў
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая Беларусь
1
        ...Што ёсьць Беларусь? Кожнаму беларусу яна ўяўляецца па-свойму. Для мяне Беларусь пачынаецца зь вёскі, дзе нарадзілася мая маці, дзе ў дзяцінстве я бавіў час летніх вакацыяў.
        Клічаўшчына... Край хваёвых лясоў з прамежкамі бярозавых гаёў, паўнюткіх баравікамі, махавікамі ды лісічкамі пад ялінкамі, балоцістых нізінаў з гронкамі палымяных журавінаў на зялёных купінах...Край прырэчных лугоў, дзе паважна ступаюць па мяккім дзірване квітнеючых красак белыя птушкі з чорнаю аздобаю на крылах. Гэта буслы – белыя рыцары Беларускай зямлі.
        Гарэза-вятрыска сваволіць у кронах бярозак, палахлівы асіньнік шамаціць пад ягонымі цёплымі павевамі. Бяжыць у далячынь пяшчотная і ласкавая рэчка Даўжанка, буяюць зарасьцем аеру і алешкі берагі, віруе-гуляе на плёсах у рачной траве рыба...
        Як устанеш ураньні – толькі сонца шчэ зьбіраецца выйсьці і туман над ракою плыве, нібы малако, ну, а хлопцы, зямлі беларускай сыночкі, ужо косы мянташаць – кладзецца трава пад лязом.
        Беларусь! Пачынаесься ты з Закупленьня, з гэтай вёскі маленькай, мо будзе тут сотня двароў...
        Беларусь! Для мяне ты купальская песьня і рыпеньне вясковых калодзежных жураўлёў...
        Ды ці можна хіба прыгажосьць усю выказаць гэтую і пачуцьці, што поўняць душу зноў і зноў?!
        Беларусь! Для мяне ты сьвятая зямліца! Нібы родная маці, ты сьвецісься ласкай сваёй!

Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.