РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каліна зімы
 
Кніга лірыкі
 
Сьвятло
 
*** Арліны храм. Узьмежак беразовы...
 
*** Зялёныя ігольчатыя сосны...
 
Тут
 
Пасьля вайны
 
Салдаткі
 
Баляда калодзежа
 
Паўночная зара
 
*** Так п'ю з крыніцы, быццам не піла...
 
*** Поўнік у вакне. Сьвятло і ціш...
 
Павел і Нікан
 
Як называюцца сьлёзы
 
Сава і Марыя
 
Пра балота
 
Пра назвы
 
Ноч на Прыпяці
 
Вуздэчка і шумёлы. Год 1953-ці, хутар
 
Імя па бацьку
 
Неслух
 
Дуня
 
Дурная Ганна
 
Ня варта
 
Красная цана
 
Адносна культа
 
Прага крыла
 
Па дарозе ў Дастоева
 
Прадзед Фёдар, конь і паэзія
 
Слова
 
Вушацкая калыханка
 
У чабору спытай...
 
Пачатковая школа
 
Калядкі
 
Пярсьцёнак
 
Серада
 
«Блакітная Лагуна»
 
На хатынскай зямлі з замежнымі турыстамі
 
Духавыя аркестры
 
*** Ружовы цьвет і хараство садоў...
 
Індзіра
 
Розум
...Гэты лёс, гэты ўскрык жураўліны  
І прасьцёртага шляху далонь.  
Будзе сёлета многа каліны, –  
Закіпай жа, сардэчны агонь!
 
Сьвятло
Гордая, нуртуе кожнай жылкай
Пад ільдом вячыстая рака.
...Будзе біцца сонная сьняжынка
Крыльцамі сьляпога матылька.
 
Выйдзем у раскошную нядзелю,
Покуль сьвята блізіцца здалёк.
Пэўна, я цябе не абнадзею,
Як вось гэты лёгенькі сьняжок.
 
Дай мне шляху, што будзілі продкі!
Праплыла яшчэ палоска дня
Белым крыльлем спуджанай лябёдкі,
Белай грывай быстрага каня.
 
Расцалуй да чыстых сьлёз, да сьмеху,
Пальчыкі азяблыя сагрэй.
...Сьветла як ад ранішняга сьнегу,
Толькі ад вячэрняга – сьвятлей.
 
 
 
 
*  *  *
Арліны храм. Узьмежак беразовы.
I твар сялянкі жытна-верасны.
Усё ў адным зьлілося перазове –
Нашэсьце грому, ласкі і вясны!
 
Шугнула жыта там, дзе сьпелі кулі,
Дзе раць у раць ішлі на сьмерць сыны.
Усё ў адным трывожна-гордым гуле:
Нашэсьце птушак, думак і віны.
 
Чый сьветлы цень гукаецца ў бярозе,
Чыё ня ўстала з попелу сяло?
Мы пасядзім з табою на парозе,
Мой крохкі боль і ціхае цяпло.
 
Франтавікі, Баяны, аднасельцы,
Насельнікі аблок і гарадоў...
Усё ў адным шчасьліва-горкім сэрцы:
Гісторыя. Трагедыя. Любоў.
 
 
 
 
*  *  *
Зялёныя ігольчатыя сосны.
Наплыў неўтаймавальніцы-вясны.
Ды вырастаюць крохкімі па вёснах
I – не па летах! – бледныя сыны.
 
Накормлены, здаецца, і сагрэты,
I цела ад работы не шчыміць.
А я травы пытаюся ў кабеты,
Я ўжо сама гатова варажыць!
 
А можа, гэта проста ад дакукі,
Ад апантаных модаю людзей?
Няпраўда, ах, яны ж грызуць навуку,
Яны у курсе спорта і падзей!
 
Мне сто разоў бясьсільнай быць і дужай,
Зьбіваць агонь у вогненнай крыві.
...Ды хлопчыка з купалаўскаю ружай
Ты, Беларусь, як сына, блаславі!
 
 
 
 
Тут
Ой, пры каліне чырванашчокай
Ды пры даліне зялёнай – сяло.
Знаю, ні ў якай старонцы далёкай:
Тут мне якраз нарадзіцца было!
 
Ўслухайся ў назвы: Яголін, Агова,
Гойнава, Гусьлікі, Горбень, Зьвінчо –
Тут, дзе ласкава павераць на слова,
Але правераць затым на плячо.
 
Тут, дзе і бондар раскошны, як бочка,
Дзе вырастаюць на жылах лясы
І – дзе сялянка над прахам сыночка
Ў горкім бясьсільлі ірве валасы.
 
Тут, дзе хапае да хлеба і солі
I на сталах не канчаецца мёд.
Тут, дзе ня скончыцца песьня ніколі
I не ўпадзе на калені народ!
 
 
 
 
Пасьля вайны
Я на кіно ў бацькоў дазволу клянчу.
Пасу гусей ў разьлётнай чарадзе.
Мой залаты, мой рэзкі сьвет дзіцячы:
Мятлушкі сон і чэрапы людзей.
 
Яшчэ пякуць нясьцерпна пахаванкі,
Але жыцьцё вяшчуе немаўля.
Стрыгуць авечак рупныя сялянкі –
I пухам усьцілаецца зямля.
 
Я кніжкі ўсе чытаю па парадку:
Пра рыцараў, пра жахі, пра любоў.
А цыганы апошнюю апратку
Выманьваюць бяз сораму ва ўдоў.
 
Скідае фрэнчы пыльныя Эўропа.
Сусед бязногі едзе на кані.
А там, на дне сьмярдзючага акопа, –
Маліньніку дражнючыя агні.
 
 
 
 
Салдаткі
Тапталі ржышча, секлі буралом,
Жыцьцём масьцілі горасныя кладкі.
Усё радзей за песенным сталом
Зьбіраюцца трывушчыя салдаткі.
 
На сукнях адгарэла мурава...
Каторы раз паўторыць цётка Ліда:
«А мой, што пад Бэрлінам, ў дваццаць два –
Няхай бы хоць вярнуўся інвалідам».
 
Ах, прад’явіць каму палын-віну?
Другая скажа так, што шэрхне цела:
«Кляну вайну. I Колечку кляну,
Бо лепш яго  – нікогачкі ня мела».
 
Счапіўшы рук шурпатых вузьлякі,
Адна адной зірнуць балюча ў вочы.
«Ня выпалі нам, бабы, мужыкі».
«Ня выпалі...» – замужнія прамоўчаць.
 
 
 
 
Баляда калодзежа
Ветлым сонцам ці шчасьцем сагрэта?
Што прымчаў мяне – дзякуй, цягнік!
Упляло ў маю косаньку лета
Сіняй Ясельды пекны касьнік.
 
Поўна ўцехі. I песень даволі.
Боль струшу з ацяжэлых павек.
Сіўку-бурку гукну ў чыстым полі! –
Выйшаў з поля дзівак-чалавек.
 
«Што шукаеш? – спытаўся нядобра. –
I гукаеш каго праз гады?»
Хлеб дастаў ён са зрэбнае торбы
I ня даў мне напіцца вады.
 
«Лунь, – кажу, – а дзівак вы, дый годзе!»
Пасьміхнуўся ў адказ мне стары.
Ой жа доўга шукала калодзеж –
Напаткала аж цэлыя тры.
 
Першы мохам аброс. А ў другога –
Памуцілася памяць да дна.
А праз трэці пралегла дарога,
Як па Луні сівым – даўніна.
 
 
 
 
Паўночная зара
Ня шлях сюды,
                                а лёс мяне вяртае,
Хоць і кажу: «Забыць, забыць пара!»
Але пяе на небе залатая
Адзіная паўночная зара.
 
Жаданьне абарвецца і растае,
Размые сьлед вясновая быстра.
Але цьвіце на небе залатая,
Высокая трывожная зара.
 
У час такі – ня час для раздарожжа.
Гукай мяне, паэзіі сястра!
О, як зьвініць апошняя, бязбожная,
Кароткая і позьняя зара!
 
I тут, дзе радасьць дыхае вяснова,
Дзе Млечны Шлях спадае на зямлю,
Я сьветла прыпаду да дзеяслова
Твайго,
              з маёй сьлязінаю – «люблю».
 
 
 
 
*  *  *
Так п'ю з крыніцы, быццам не піла,
Не прыпадала да сьцягі-бяглянкі...
Няўжо даўно так дома не была:
Асьвер зламаўся. Выцьвілі фіранкі.
 
Галосны самы, сьціх канец сяла.
Мірэй Мацье і Чэлентана ў модзе.
Няўжо даўно так дома не была:
Стамілася раджаць зямля ў гародзе!
 
Занадта стаў шырокім круг стала,
Сама ў сабе замкнулася радзіна.
Няўжо даўно так дома не была:
У спальні мамы – пах валакардзіну.
 
Сарокі сьціхлі ўсе, да аднае...
Глынуўшы шлаку, прыхварэла рэчка.
I цар-гусак мяне не прызнае,
А я яго баюся недарэчна.
 
 
 
 
*  *  *
Поўнік у вакне. Сьвятло і ціш.
Двое нас у ціхамірнай хаце.
– Мама, ты чаму ж усё ня сьпіш?
– Сон адзін і той жа, як закляцьце.
 
Прыхіну падушачкі хатуль.
Цёпла мне. I ўсё-ткі –  замярзаю.
– Мама, ён жа мёртвы і адтуль?..
– Не скажы! Магілы я ня знаю.
 
На прыгожы твар праклаўся шлях
Зь нітачак спакою і адчаю.
– Мама, гэта ноч нагнала страх.
– Сьпі. А я – лучынкі нашчапаю.
 
 
 
 
Павел і Нікан
Параднюся з палын-цішынёй,
Сьвет ня ўвесь бессардэчна-бязьлікі.
...Памагаюць матулі маёй
Два апосталы – Павел і Нікан.
 
Першы ўмела кіруе канём,
Спраўна ходзіць сякерка ў другога.
Зелянее жытцо пад акном,
Пахне лесам у хаце падлога.
 
А калі спорны дзень прамільгне
За сардэчнай і ціхай вячэрай, –
Павел чорны канцлягер кляне,
Грозіць атаму Нікан сякерай.
 
Паласнуць, як па сэрцы, агнём,
Дзьве аповесьці ў сумным гуморы.
...Ападаюць, цьвітуць за акном
Зоры гневу і вечнасьці зоры.
 
 
 
 
Як называюцца сьлёзы
Попел і чорныя цені майна.
Вые у комінах скруха.
Як называюцца сьлёзы? –
Вайна.
              Сьмерць.
                                  Галадоўка.
                                                          Разруха.
Сьпее сусьветнага жаху града.
Хто пазьбірае каменьне?
Як называюцца сьлёзы? –
Бяда.
          Здрада.
                          Разрыў.
                                            Адчужэньне.
Мілы, мы зналі каханьня палын,
Трушчыць як сэрцы – самота.
Як называюцца сьлёзы? –
Сьвятлынь.
                          Радасьць.
                                                Зьдзіўленьне.
                                                                              Пяшчота.
Крэўнасьць зарук, нібы іскры з кастра...
Сьвеце бянтэжны мой, дзе я?
Як называюцца сьлёзы? –
Сястра.
                Маці.
                          Планэта.
                                                Надзея.
 
 
 
 
Сава і Марыя
Мой паклон табе сардэчны, хата
(Дзякуй, што і я ў гасьцёх была!).
...Зьберагаў хто сэрабро і злата,
А Марыя Саву берагла.
 
Колькі часу лютая стыхія
Апякала вогненнай вайной...
Гарачыўся: «Кінь мяне, Марыя!
Як са мной – то лепш ужо адной».
 
А Марыя ветла ушчувала:
«Саўка, не іграй, нібы ў кіно».
Мыліцы пасьпешна падавала,
Адчыняла ў белы сад акно.
 
I дарожак зьбітых не лічыла,
Чорны скарб трымаючы ярма.
Колькі год прайшло з тае, Айчыннай, –
Гэтулькі! – адхланьня ім няма.
 
Секане па сэрцы слова «тата».
Слова «мама» – громам ля вушэй.
Сьцеражэ хто сэрабро ды злата,
А Марыя – Саву сьцеражэ.
 
Ой вы, косы доўгія, сівыя,
Ой ты, сукні выцьвілай скалых!
Як малітву: «Сава і Марыя!»
Вымаўляю я імёны ўслых.
 
Калі хто пра сэрабро ды злата
Мысьліць у чаканьні перамен,
Вашая,
              над Ясельдаю,
                                                хата
Перад цэлым сьветам, як рэнтген.
 
Калі сэрца падае ў адчаі
I трасе мяшчанскі землятрус,
Вашымі бяссоннымі вачамі
На мяне глядзіцца Беларусь.
 
Ой вы, ночы доўгія, глухія,
Думак неадольных асаўё!
Гой, ты доля – Сава і Марыя –
Прычашчэньне церпкае маё.
 
 
 
 
Пра балота
Сеўшыя ў вышынныя дамы,
У хвіліны сельскага натхненьня,
Колькі вершаў напісалі мы
Пра балота і пра асушэньне.
 
Фауны і флоры каралі,
Хворыя на сытасьць і на тупасьць,
Колькі дысертацый вы сьпяклі
На прадмет балота: за і супраць.
 
Колькі мудрых і дарэмных слоў
Прыняло Палесьсе без правіны.
Помню, чорных ведала буслоў
I пад сьнегам помню журавіны.
 
Ніцыя, лазовыя кусты,
Вас чапаць на кошыкі любілі.
Па азёрах сініх і густых –
Помню, рыбу вёдрамі лавілі.
 
Добра помню, як сказалі дзьве
Цёткі,
          стрэўшы прышлага аднойчы:
«У яго трасун у галаве.
У яго пустыняй пахнуць вочы».
 
 
 
 
Пра назвы
Ах, вёсачкі акружныя:
Жытцо, лянок, авёс...
Брыльянтава, Жамчужнае... –
Які ж вас цар прынёс?
 
Дыхне прастор марозамі,
А шыльдачкі падрад:
Малінаўка... Бярозаўка... –
Суцэльны плагіят!
 
Зь сярпочкамі ды зь віламі,
З кажнюткага жытла –
Тут вёсачка Цярпілаўка
Сьпявала і жыла.
 
Нібыта з мудрай свахаю
Свой дзелячы сакрэт,
Я зь вёскай Гаравахаю
Ішла ў вялікі сьвет.
 
Чакайлаўка ды Блінная...
Мой дружа, бы ў жальбе,
Мясьцінамі быліннымі
Я правяду цябе.
 
Там дзецюкі аршынныя,
Там свацейкі гудуць...
Там дзеўкі з Харашылава
Ў Залюбічы ідуць!
 
 
 
 
Ноч на Прыпяці
Авёс пасьпелы на далоні.
I поле – мілае да сьлёз.
Стрыгуць траву начныя коні.
Ды будзіць Прыпяць цеплавоз.
 
Усё яшчэ... Яшчэ – ня ўчора.
Але зь якіх глухіх начэй
Мне зазірае ў вочы воран
Бязьлітасна, нібы Кашчэй.
 
Яму – пад сто. Яму ня сьпіцца.
Дый мне сягоньня не заснуць.
I трызьніць закахана Прыпяць,
I воды плыткія пяюць.
 
Усё яшчэ як на далоні:
Падкоўкі дзён, каралі рос.
Але ляцяць у бездань коні,
I рас-
          сы-
                  па-
                          ецца
                                      авёс.
 
 
 
 
Вуздэчка і шумёлы
Год 1953-ці, хутар
Сыпле жартам дзед сівы, вясёлы,
З рук не выпускаючы лямеш:
«Брат, вазьмі, хар-рошыя шумёлы!
А каня – як-небудзь завядзеш.
Бо сынкі зьвілі ў агні гнязьдзечка,
Клікаў іх – адтуль не дазавеш.
Брат, вазьмі, хар-рошая вуздэчка!
А каня – як-небудзь завядзеш.
Чую, што канчаецца дарога,
Дык таму й баюся за тавар!..»
 
Каб ня крыўдзіць голуба сівога,
Бацька мой прыняў ад дзеда дар.
 
Век сталёвы, век трывожна-кволы,
Ды як прошлай радасьці званец –
На гарышчы зазьвіняць шумёлы
I вуздэчка заіржэ зь сянец.
 
 
 
 
Імя па бацьку
Ты дзесяць год забыў мяне, якую
Нанова мне вяртае новы час.
 
Ты дзесяць год завеш мяне па бацьку,
Нібы тым самым знаеш аддаленьню
Халодную і жорсткую мяжу.
 
Ну што ж, з таго ні горача, як кажуць,
Ні холадна, павер, даўно і мне!
 
Прысьніцца ноччу мне сьвяты Іосіф, –
Дакладней, цесьля
I вясковы бондар, –
А гэта значыць родны бацька мой.
 
Ён паглядзіць, ці не ўчарнелі рамы,
Ці дзьверы не рассохліся ў кватэры,
Ці не рыпяць сасновыя масьніцы,
Ці ёсьць для сьвята мейсца на куце.
 
I покуль ты завеш мяне па бацьку,
I покуль я яшчэ жыву на сьвеце,
Яго ніяк я не ўяўляю мёртвым –
Я плоць яго, нявыветраны дух!
 
 
 
 
Неслух
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Дуня
Ні сябе адстояць, ні ўхваліць
Не магла аціхлая гарбунка.
Кожны шмэндрык мог яе чапіць
I ўкалоць па-местачкоўску: «Дунька».
 
Йшлі радочкі звыклага жыцьця,
I яна гукалася на словы:
«Дуня, паглядзі маё дзіця».
«Дунька, папасі за нас каровы».
 
«Дунька, не тырчы, нібы сава!»
 
«Дуня, не туды кіруеш дышла!»
 
Неяк непрыметна для сяла,
Безь вясельля Дуня замуж выйшла.
 
Не сьпявалі ёй. I не пілі
Хмель-віна. Ня несьлі падарункаў.
Ды, як зоркі, вочы расьцьвілі.
Нават плечы выпраміла Дунька.
 
Між радзіны новай, між людзей
За пакуты шчырыя якія –
Бачыце, як молада ідзе,
Як дастойна крочыць Еўдакія!
 
 
 
 
Дурная Ганна
Бяссоньне мучыць галаву,
Ні сьледу – да парога.
 
«Пытайцеся, пакуль жыву,
Я пакажу дарогу».
 
Зьбірае пер'е і траву,
Увішна трэ падлогу.
 
«Пытайцеся, пакуль жыву,
Я пакажу дарогу».
 
На ўскрайку вёскі, дзе папас,
Жыве дурная Ганна.
На ўсё ў яе – адзін адказ,
На ўсё – адно пытаньне.
 
А рукі, быццам буралом.
Травой прывялай – шчокі.
...У чыстым полі за сялом
Ёсьць страшны роў глыбокі.
 
Вайна і посьвіст салаўя
Зьмяшаліся няўцямна.
Была сям'я. Было – сем «я», –
Усіх накрыла яма.
 
Былінку горкую сарву
I ўчую праз трывогу:
– Пытайцеся, пакуль жыву,
Я пакажу дарогу.
 
 
 
 
Ня варта
Шукаць дарэмна броду – лепш ракою
У незнаёмым мейсцы плыць бяз жаху.
Не заграбайце жар чужой рукою:
Застацца можа іскра для пажару!
 
Цяжар не перавальвайце на плечы
Спадручнаму
                              у век суровай прозы.
Лаўровікі, ня думайце пра вечнасьць:
I помнікі ня ўсе адліты з бронзы!
 
Уразіць твар, а болей – агароджа,
Якой пасьпеў дзівак адгарадзіцца.
Плануйце дзень і год свой асьцярожна:
Пад восень і садоўнік мітусіцца.
 
Ня трэба пеўняў разьліваць вадою –
Празь пяць хвілін угаманяцца страсьці.
Ня варта рваць адносіны зь бядою,
Бо непадзельна зь ёю ходзіць шчасьце.
 
 
 
 
Красная цана
Шуміць базар, кіпіць базар сталічны,
А на прылаўках дыхае зямля.
Дзябёлая кабета артыстычна
Каштуе дар прыроды спакваля.
 
Гандлююцца, гамоняць, ушчуваюць
Сівую бабку ў лёгкім пінжаку.
I яблыкамі сеткі набіваюць,
I лаюцца на шорсткім скразьняку.
 
Не чырваней, як сьпелы яблык, бабка, –
Заступніца спусьцелага сяла.
Бяры за рэстараны, за тэатры,
Ў якіх, відаць, ні разу не была.
 
За боль бяры, за жорсткія спакусы
Вачэй,
              што адшугалі, як ільны.
За цёмныя засушаныя вусны
З трагедыі праклятае вайны.
 
За град бяры, за хлюпкія сумёты,
За звыштраскучы студзеньскі мароз,
За тое, што усе твае суботы
На кожным тыдні – красныя наскрозь.
 
Бяры за быль, бяры за небыліцу,
За тое, што аглухла, як сьцяна.
...Павінна ў рэшце рэшт і на зямліцу
Быць красная, адменная цана!
 
 
 
 
Адносна культа
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Прага крыла
Рыфмы змахну са стала,
Але ня выйду з прыгнёту.
Вечная прага крыла –
Вера і сіла палёту.
 
На скрыжаваньнях падзей –
Горыч і слодыч аскомы.
Дзякую, белы мой дзень,
Ты налятаўся да стомы.
 
Песьня і песьня,
                                    апроч
Звышнепрыкаянай зморы.
Дзякую, чорная ноч,
Ты узьняслася да зорак.
 
...Тоўстых каменьняў ілбы
Палеазойскае эры;
...Сытыя галубы
На падаконьніку веры,
 
Вас не люблю, а шкадую.
 
 
 
 
Па дарозе ў Дастоева
Красота спасёт мир.
Ф. Достоевский1
Шукаць карэньчыкі роднасьці сваёй?           
А тут – лясы, падзолістая глеба.
А тут – каторы дзень! – ілье пралой.
Як Дастаеўскі, схмарылася неба.
 
Язычнікаў куточак? Не, музык!
Вось паляшук узяў скразную ноту.
Струна душы, падобная на ўскрык,
Перажагнала радасьць і гаркоту.
 
I ў гэтай дзіўнай, грознай цішыні,
Дзе сад зьдзічэў, дзе зьвялі пералескі,
Як струны, перабраўшы ночы й дні,
Я вас ня раз успомню, Дастаеўскі!
 
Нацяты нэрвы сэрцаў і планэт.
I новы ўжо Раскольнікаў бунтуе.
На астраўкі расколваецца сьвет.
Якая ж прыгажосьць яго ўратуе?
 
 
 
 
Прадзед Фёдар, конь і паэзія
Як на папасе, сустрэліся ў часе,
Цела ўмірае, а дух не памрэ.
...Прадзед мой Фёдар лятаў на Пэгасе
Пасьля таго, як загоны згарэ.
 
Бабка хрысьцілася ў кут на сьвятога,
Ды рыфмачу пападала найперш:
«Што ты складаеш, бязбожнік, пра Бога?
Чую, што сьмерцю сваёй не памрэш!»
 
Густа дымела табака у піпцы.
Богу прадаў а ці д'яблу душу –
Сумна-вясёлага ў вогненнай сьвітцы,
Вёз яго чыньненька конь з кірмашу.
 
Потым імчаў той віхор над балотам,
Біўся разьюшаны вецер з вушэй.
Да найсучасных цяпер самалётаў –
Дух наўздагонны сягаў і вышэй.
 
Прадзеда сьвітка ці слова сьвітае?
Гэта агонія а ці агонь.
Рыфму, як іскру, з дарог высякае
Незацуглянай паэзіі конь!
 
 
 
 
Слова

Вацлаву Жыдліцкаму

 
Каму – маліцца славе,
Спакусьніцы ліхое.
Скажыце мне, Вацлаве,
Адкуль цяпло такое?
 
Калінавы, шыпшынны
Мой край ад зор азяблы.
Ды Вас заваражыла
Сьвятое слова «сябра».
 
Мянялася надвор’е,
Ішлі дажджы адлегі.
Адно ня гасьлі зоры
Ад альфы да амэгі.
 
Накінуўшы на вулкі
Сярэбраныя латы –
Туман крылом атульваў
Венецыянскай Влаты.
 
А пушчай Белавежы,
Дзе ціша, як замова,
Паслухайце празь межы:
Не памірае слова!
 
 
 
 
Вушацкая калыханка

Рыгору Барадуліну

 
Па полю ды па сенажаці
Нясла, каб песьню не ўрачы.
...Ці ведаў сьвет, якая маці
Сьпявала сыну уначы!
 
Блакадны лес гукнуў: «Ку-лі-на-а...»
Ля ног сквалчэла дзераза.
Запала рана ў сэрца сына
Любові мужная сьляза.
 
          ...Ходзіць сон каля акон,
          А дрымота каля плота.
          І нытае сон дрымоту:
          – Дзе мы будзем начаваць?
          – Дзе хацінка цяпленька.
 
А гукі ткаліся са скрухі,
Ўрасталі ў дол, як карані,
Сярод сусьветнае разрухі,
Сярод аклятай цішыні.
 
Ты прыхіні яго, яліна!
Маланка, долі не суроч!
«Ку-лі-на», чуецца, «Ка-лі-на»,
I не хавае сьцежкі ноч.
 
Ой люлі-люленькі, люлянка...
Блакадна пераць перуны.
Адно, кашулька-вышыванка,
Як матылёк, сярод вайны.
 
Крывава зіркае маліна,
I дымам курчыцца чабор.
«Ку-лі-на», трызьніцца.
                                                  «Ка-лі-на», –
Перабірае струны бор.
 
За ёй, як нітка за іголкай,
Ён бег па жаху, па вайне.
...А песьня тужыць перапёлкай
У недажатай збажыне.
 
 
 
 
У чабору спытай...
Шчэ да вечара доўга – далёка,
Шустры конік зьбівае расу.
Абсалютна спакойна і лёгка
Я зялёную ношку нясу.
 
Водар лесу ці вецер гаркавы
Разьвярэдзіць шчымлівы ўспамін.
...Ёсьць у ношцы балючыя травы,
Ну, напрыклад, дурман і палын.
 
Адпачну ля глухой пераправы,
Покуль з громам спрачаецца дождж.
...Ёсьць у ношцы вясёлыя травы,
Як да праўды – крапіўка і хвошч.
 
Гэй, няма толькі зельлечка злога –
На яго небагаты мой край.
...Скуль іду я, куды мне дарога –
У чабору, радзімы спытай.
 
 
 
 
Пачатковая школа
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Калядкі
Вось і ўсьмешка, як вясёлка ў кроснах.
А каб хто ж яе і паспытаў:
Вывернуў кажух мой бацька хросны,
Удавец-браток надзеў каптан.
 
А каптан – зялёны ўвесь і горкі,
А браток, надзіва, гаваркі –
Круціць мне сланечнік цуда-зоркі,
А на ёй –  вавёркі і ваўкі.
 
А на ёй –  лагодныя авечкі,
Гордыя алені і зубры...
Дык чаму ж згасаю тонкай сьвечкай,
Нібы паміраю без пары?
 
Мне шкада і хроснага, і брата,
I зары, што стаяла ў акне.
Гэты маскарад і гэта сьвята –
Спэцыяльна, знаю, для мяне.
 
 
 
 
Пярсьцёнак
Да бляску двор замёў усходні вецер.
Вось і ад сэрца трошку адлягло.
...То дзесь было: у космасе, ў Сусьвеце
Ці на мяжы палыннае было.
 
Ўракла матуля: «Будзе трудна з думкай.
Ніжэй трымайся неба і зямлі».
А я чужым зайздросьціла мядункам –
Яны бяздумна пахлі і цьвілі!
 
Па кветках тых даўно тугі ня маю.
Мінае лета. Коціцца зіма.
I ўсё ж адну да сэрца прытуляю,
Хоць назвы ёй і памяці няма.
 
Чакае шлях... Чакае золак дальні.
Чаму ж душа бянтэжыцца яшчэ?
...Прымераю адзін пярсьцёнак даўні –
I, нібы варам, палец апячэ.
 
 
 
 
Серада
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
«Блакітная Лагуна»
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
На хатынскай зямлі з замежнымі турыстамі
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Духавыя аркестры
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Ружовы цьвет і хараство садоў.
Адкрыты жаль заложніцы-эпохі.
А на зямлі ня менее удоў,
Нібы ва ўсім павінны катастрофы.
 
Чытай сябе і вывучай, паэт,
Маліся на магілы і бярозы.
Калі ж нарэшце вылюднее сьвет
I скончацца ваенныя пагрозы?
 
Калі ж дашчэнту згіне яд і тля
I станецца любоў невыпадковай?
Бо, як жанчына, цягнецца зямля
Да абароннай ласкі мужыковай.
 
Дваццаты век. Бары і курганы.
Радзінны сьпеў і пошум Белавежы.
Мы ўсё яшчэ будуемся з вайны
I – ад вайны! – няўжо ізноў залежым?
 
 
 
 
Індзіра
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Розум
Згустак шэрага рэчыва –
Мозг журбы і надзей.
Сьвет стаміўся ад спрэчак,
Ад падзей ці людзей!
 
I зямля зьнепакоена,
Цяжка стогне зямля.
Землятрусамі, войнамі
Хіба выжывем
                                  для
 
Непаўторнае, новае,
Залатое пары...
Хто вы, мондрыя Коэны,
I – за што? – змагары.
 
Сьвет вялікі і розны:
Межы, дрэвы, драты.
Толькі верыцца ў розум
Той,
          што сее жыты.
 
Сьвет ласкавы і грозны:
У крыві і ў расе.
Толькі верыцца ў  розум
Той,
          што шчасьце нясе.
 
Згустак шэрага рэчыва,
Згустак шэрага вечара.
Згустак страшнага нечага,
А ці добрага, вечнага?!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2018. Беларусь, Менск.