РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Пісьмянкоў
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вершы
1
Сябрам
Як вершы, кажуць, не работа,
А так, занятак дзівакоў,
I мы – нашчадкі Дон-Кіхота
З эпохі пыльных ветракоў.
Не галасы, а – адгалоскі
Тае далёкае пары...
О, час камэдыі нябоскай,
Якую ставяць гандляры,
Дзе Дульцынэя прадаецца
I сорам сьпісаны на хлам,
А хам расчулена сьмяецца,
У ладкі б’е шчасьлівы хам.
 
 
 
 
*  *  *
– Каго ты гукаеш?
– Узьнёслыя вёсны.
– Што зноў ты шукаеш?
– Вясёлыя вёслы.
– Чаго ты чакаеш?
– Спакусныя вусны.
– Вёсны адвеснавалі.
– Вёслы адвеславалі.
– Вусны адкрасавалі.
Вёсны...
Вёслы...
Вусны...
 
 
 
 
Прадвесьне
450
Аксане

 
Гэта, паверце ня песьня,
Песьню я й сам ня ведаю.
Проста азяблы бярэзьнік
Раптам стаў фіялетавы.
 
Белы стаў фіялетавым –
Мой малюнак завершаны.
Ах, каб фарбы вось гэтыя           
Даць паэтам на вершыкі!
 
Кроны стануць зялёнымі,
Будуць птаствам прапетыя,
А пакуль што над кронамі
Зьзяе німб фіялетавы.
 
 
 
 
*  *  *
У маленстве –
белы сьнег.
У юнацтве –
чысты сьмех.
У маленства –
нядзеля.
У юнацтва –
надзея.
Чыста было
ад сьнегу.
Сьветла было
ад сьмеху.
Дзе сьнег,
нядзеля?
Дзе сьмех
падзелі?
 
 
 
 
*  *  *
Я сягоньня нецьвярозы
Ад цябе і ад вясны.
Спавядаюся бярозе
I журуся ля сасны.
 
I за гэты дзіўны звычай,
Што зь вякоў сівых жыве,
Дзіваком мяне ты лічыш
I язычнікам завеш.
 
Не спрачаюся: дзівацтва,
Што з вар’яцтвам на мяжы,
А куды, скажы, падацца,
Да каго пайсьці, скажы?
 
Мог бы я пайсьці да брата,
Ёсьць знаёмцы, ёсьць сябры...
Але хочацца спагады
Не ад брата, ад сястры.
 
 
 
 
Зязюля
Ці лета маё адцьвітае,
Ці сёньня зязюля ня тая?
“Шкада, што маёй не пачулі”, –
Сказаў я журботнай матулі.
“Мая не кукуе так скупа”, -
Сказаў я разгубленай любай.
 
 
 
 
Недапісаны партрэт
З цыклю “Мроі”
Цябе, цнатлівую, з ранетам
Пісаў я сто гадоў назад.
Ты зь вершаў, выдыхнутых Фетам,
У цішыні старых прысад.
 
Ты з тых яшчэ дарэвалюцый,
Дзе лёгкі флірт і лёгкі хмель,
Дзе з падпаручнікам калючым
Вось-вось адбудзецца дуэль.
 
Ах, гэты юны падпаручнік!
Замест таго каб піць віно,
Шукае ён выпадак зручны,
Шукае ўпарта і даўно.
 
Цябе, спакусную, з ранетам
Я ужо, відаць, не дапішу,
А за трывожную душу
Ты памаліся вершам Фета.
 
 
 
 
Чаканьне
Цік-так
Цік-так,
Цік-так –
Гэта гадзіньнік.
Тук-тук,
Тук-тук,
Тук-тук –
Гэта мае сэрца.
Цок-цок,
Цок-цок,
Цок-цок –
Гэта твае абцасікі.
Гадзіньнік сьпяшаецца.
Сэрца хвалюецца.
Абцасікі позьняцца.
Цік-так...
Тук-тук...
Цок-цок...
 
 
 
 
*  *  *
Раніца марозная,
З дрэў зьбівае медзь.
Хату пад бярозамі
Я хацеў бы мець.
Хату пад бярозамі
З жураўлём над студняю,
Вечарамі позьнімі
Печ паліць у студзені.
Варушыць мінулае,
Дзе юнацтва летуе,
Ставіць слова чулае
У зімовы летапіс.
Вечарамі позьнімі,
Вечарамі буднымі
У хаце пад бярозамі
З жураўлём над студняю.
 
 
 
 
*  *  *
Я ведаю,
вам даспадобы
салодкая лексіка лета
з простаю мовай зязюлі,
зь вясёлым выклічнікам грому,
з трывожным шматкроп’ем дажджу
ў маім незавершаным сказе
пад пахкім завершаным стогам.
Я ведаю...
 
 
 
 
Расстаньне
Сплывае дым –
Усё згарэла.
Адно застаўся
Прысак белы.
I мы над ім,
Яшчэ гарачым,
Наўрад ці
Роспачна заплачам.
Сплывае дым
I засьціць зоркі.
Ня знаў, што дым
Настолькі горкі.
 
 
 
 
*  *  *
Дождж – мой даўні калега,
Мой сааўтар элегій.
Уначы нашаптаных,
Недасланых каханай.
Дык навошта, навошта,
Я натую твой пошчак,
I трывожны твой пошум,
I ласкавы твой пошапт
Пра адзіную, тую,
Песьню-жальбу натую,
Хоць адзіная, тая,
Нашых строф не чытае.
 
 
 
 
*  *  *
У ружовым садзе
Варажылі пчолы.
У ружовым садзе
Быў і я вясёлы.
 
У зялёным садзе
Я шукаў жар-птушку.
У зялёным садзе
Я надзеі гушкаў.
 
У апалым садзе
Адвячорак сьцюжны.
У апалым садзе
Не сьпяваюць птушкі.
 
 
 
 
*  *  *
Бяжым... Імчым...
Мэтро... Аўго...
Трава маўчыць
Аб чым?
Шапоча дождж
Пра што?
I я, і ён, і ты,
I тая з тым,
I з тою той...
Папутнікі
Куды?
Пакутнікі
За што?
 
 
 
 
Калядныя строфы

Здароў марозны, звонкі вечар!       
#Максім Багдановіч

 
Я зноў на станцыі лясной,
Марозна-звонкай, заінелай,
Стаю ў Бялынкавічах белых,
Прапахлых смольнаю сасной.     
 
Іскрыцца радасьцю зіма,
Ня сьпяць асьнежаныя хаты.
О сьвята сьветлае калядаў!
Сьвятлей на сьвеце сьвят няма.
 
А як зіхціць калядны сьнег,
Як зорка горнецца да зоркі!
“I волен лёгкіх санак бег”
Мне ў іхняй чуецца гаворцы.
 
I ў гэтай чуйнай цішыні,
Якую лес яшчэ даў зьведаць,
Вялікі грэх ня быць паэтам,
Вялікі грэх...
 
 
 
 
*  *  *
Ты лічыш,
Што так – немагчыма,
I я – немагчыма, лічу.
Ты плачаш
Сухімі вачыма,
А я безгалоса крычу.
 
 
 
 
Зіма

#I
Вось і прыходзіць нарэшце
Дзіўнае гэта імгненьне
Першага
                  сьнегу
                                  прышэсьце,
Белага
              сьнегу
                              кружэньне.
Гэта заўсёды узьнёсла,
Гэта, як сьвята, ўрачыста,
Гэта – дарунак нябёсны
За настальгію па чыстым.

 

#II
Думкі-мары, думкі-мары...
Пацалункі на марозе.
Нас апошнія трамваі,
Як заўсёды падбіраюць.
Гаспадыня зыркне грозна,
Гаспадыня скажа: “Позна”.
Як учора, як заўчора,
Пракаўтну я моўчкі сорам,
А назаўтра зноў у скверы
Мы з табою станем мераць.
Як учора, як заўчора,
Зноў чытаць мы будзем зоры.
Гаспадыня ля парога
Зноў мяне сустрэне строга.
Гаспадыня... Кухня... Проза...
Пацалункі на марозе.

 

#III
Скупая графіка зімы,
Работа, створаная Богам,
Усё ўзвышана і строга
Ў суровай графіцы зімы.
Ці не таму каля парога
Дыханьне зноў стаілі мы:
Работа, створаная Богам,
Скупая графіка зімы.
 
 
 
 
*  *  *
Забываў –
                      ня выпала.
I паліў –
                  ня выпаліць.
Ані у Бога –
                          вымаліць,
Ані у д’ябла –
                              выманіць,
А баліць –
                        ня выбаліць
А баліць –
                        ня вымавіць.
 
 
 
 
На Юр’я

Юрасю Сьвірку

 
I шэпчуцца ліўні,
I шэпчуцца зоры,
I сьвет зноў наіўна
У рыфму гаворыць.
 
I ўжо ў Маргавіцы –
Бярозавым краі,
Сваю калясьніцу
Пярун запрагае.
 
I леташні верад
Балюча ня муліць,
Зноў хочацца верыць
У шчодрасьць зязюлі.
 
У чыстыя ліўні,
У ясныя зоры,
У сьвет, што наіўна
У рыфму гаворыць.
 
 
 
 
*  *  *
Куды прападае
Шчырасьць,
У які адлятае
Вырай?
А можа,
Зусім ня ў вырай,
А можа,
Ты проста... вырас?
 
 
 
 
*  *  *
У вераб’іную ноч
Сьню салаўіную раніцу.
 
 
 
 
Ліпень
Узмакрэлы і босы,
Бронзавы ад загару,
Стомлены сенакосам,
Ліпень прылёг памарыць.
Мёдам на ўсю Эўропу
Пахнуць стагі і копы.
 
 
 
 
*  *  *
Дурань Іван,
Дурань Іван,
З табою ня сумна.
Дурань Іван,
Дурань Іван,
Ты самы разумны.
          Дарога налева
          Зьвядзе з каралевай,
          Дарога направа
          Далучыць да славы.
Давай пасябруем,
Іван,
Давай павандруем,
Іван...
 
 
 
 
Замест эпіграфа
Вы мне не належыце болей,
Хай доля Вам шчасная будзе!
Я вас
            адпускаю
                                  на волю,
Я вас
            выпраўляю
                                      у людзі.
Чаму ж мне трывожна да болю,
Што роспач халодзіць мне грудзі:
На волі
                ці знойдзеце
                                            волю,
У людзях
                    ці стрэнуцца
                                                людзі?
 
 
 
 
Летні вечар
Позьні вечар,
Старарэчча.
Ледзьве ўлоўныя кругі.
Можа, сом,
А можа, вецер
Зноў варушыць трысьнягі.
Дрэмле човен
Зорак повен,
Заімшэлы і стары,
Не кранайся,
Поўня,
Чоўна:
Перавернеш дагары.
 
 
 
 
*  *  *
Ты кажаш:
                      “Пята Ахілесава”,
А я чую:
                  “Пята Алесева”.
Вазьмі ў мяне поле,
                                          вазьмі ў мяне лес,
I я згіну,
                  як той Ахілес,
Не ўвайшоўшы ні ў міфы,
                                                        ні ў кнігі,
Я сканаю па-нашаму,
                                              ціха,
Як жораў
                      у меліярацыю.
Як зямляк
                      у эміграцыі.
...Вось такая ў нас бяда.
Вось такая ў нас пята.
 
 
 
 
*  *  *
Усход ружовы –
Гарыць зара.
Маліцца слову
Прыйшла пара.
 
Маліцца нашча,
Як Нестар колісь,
Прарокі нашы
Купала, Колас...
 
Малітвай строгай
I чыстай самай,
Як моліць Бога
У вёсцы мама.
 
Малюся слову,
А ў горных высях
Маўчаць сурова
Стральцоў і Пысін.
 
 
 
 
Лета

#I
Добра ўставаць да сонца,
Як раіць знаёмы клясык,
Ісьці за мычаньнем сонным
Зорак, Лысух і Красак.
Сонца яшчэ за борам,
Пэўна, салодка дрэмле,
Пеўні нястройным хорам
Будзяць яго дарэмна.
Цялятка ружовай пыскай
Цэдзіць ваду з азерца,
Клясык у стольным Менску
Толькі яшчэ кладзецца.

 

#II
Ты хвалішся:
«Паголена!»
А я жартую:
Стрыжана...
Усьмешка задаволена
Вусы варушыць рыжыя.
Хоць прыказка ня новая,
Душа касцова ўсьцешана:
Жытнёвая,
Вясковая,
Чакае пад алешынай,
– З утомаю!
– З утомаю!
Спрадвечнае... Знаёмае...

 

#III
Нядрэмны ветах
Павіс над домам
На схіле лета
Над стромай стомы.
Над зжатай нівай,
Над полем ячным,
Над сном шчасьлівым –
Пшанічна-смачным.
 
 
 
 
Рабіна над вірам
Малюнак знаёмы,
Балючы і шчыры:
Рабіна на строме,
Рабіна над вірам.
 
Застыла ў здраньцьвеньні
Ўдавою пакорнай
У яркім адзеньні
Над безданьню чорнай.
 
Адкуль гэта горасьць
У бабіным леце,
Зь сівога фальклору
Ці з новых трагедый?
 
У стылым блакіце
Зноў журыцца вырай...
Спыніце, спыніце
Рабіну над вірам!
 
 
 
 
Што сказаць перапёлцы?

Памяці Івана Чыгрынава

 
Як сказаць перапёлцы
Вестку горкую гэту?
Што сказаць перапёлцы,
Калі двору прыеду?
 
Што сказаць мне, зямляча,
Соснам нашага бору?
Яны стогнуць бяз плачу,
Пачуўшы пра гора.
 
Што сказаць мне сялібам
Па-над Бесядзьдзю мілай?
Дзе хадзіў Ты з Зазыбам,
Дзе Ты думаў з Вашчылам...
 
 
 
 
На скавышы
I Прапойск, і Нясьвіж
Працінае скавыш.
I сьцюдзёна, і золка.
Ой, мароз, не марозь,
Пагары, мая зорка.
I ня сьцішыш скавыш,
I не выпусьціш крыж,
I дарога пад горку...
Ой, мароз, не марозь,
Пасьвяці, мая зорка!
 
 
 
 
*  *  *
Пераходзіць лета ў восень...
Не ўздыхай,
Мой добры косю,
Мы з табой яшчэ пакосім,
Мы з табой яшчэ павозім.
Не сумуй,
Мой белы бусел,
Прылятай, і я – вярнуся
На зялёны родны бераг,
Каб далей любіць і верыць.
 
 
 
 
Стагі
Стагі,
          стагі,
                      стагі.
Стагі ў трывожным сьне.
Так сьніў свае стагі
Калісьці Клод Манэ.
 
За вокнамі скавыш
Зноў гоніць жураўлёў.
А дзе яго Парыж
I – дзе мой Магілёў?
 
Пажоўклыя лугі
Ахутаў дым смугі.
Стагі яго тугі,
Мае
          тугі
                  стагі.
 
 
 
 
*  *  *
Восеньскі одум бусла.
Каліва сьветлай самоты.
Ціха ў душы ажыла
Згаслая
                некалі
                              нота.
Срэбра зялёнай травы,
Думных лясоў пазалота.
Жораў у небе сівым -
Чыстая
                ціхая
                          нота.
Востры халодны скавыш.
Рэшта апошняй пяшчоты.
Дзякуй, што ты не маўчыш,
Ціхая
            чыстая
                          нота.
 
 
 
 
Сучасны сон на антычны сюжэт

Анатолю Вярцінскаму

 
Мне данайцы
                                прыносяць дары,
Мне кажуць данайцы:
                                                  «Бяры!»
I хоць добра
                            я знаю Данаю,
I хоць знаю
                          з кім справу я маю,
Дары я
                ў данайцаў прымаю,
Дары я
                ў данайцаў бяру,
Сваё «дзякуй»
                              я ім гавару.
Бо адмовіць
                          я ім не умею,
Мне адмовіць
                              няёмка ім неяк.
 
 
 
 
*  *  *
Не забыўся,
Як пахне ральля,
Не забыўся,
Як косяць атаву,
Ды на вёску
Гляджу ўжо здаля,
Як глядзяць
На другую дзяржаву.
 
 
 
 
Разьвітаньне зь векам
Вось зноў «свае» і «не свае»,
Зноў кроў гарыць на пыльных ботах.
Табе пяшчоты не стае,
Маленькай кропелькі пяшчоты.
 
Ты б зь ёю быў зусім другі
I свой бы час пражыў іначай,
Ты б скалануўся, каб убачыў
Свае пякельныя кругі.
 
Табе, мой век, я не судзьдзя,
I мне вініць цябе бязбожна,
Бо я ня проста падарожнік,
Тваё я кроўнае дзіця.
 
 
 
 
Дзень на радзіме
Пакуль дыхаю родным дымам,
Мне пад небам маім нязмрочна,
Як за пазухай у радзімы,
Як народжанаму ў сарочцы.
 
 
 
 
Восень

#I
Лістотаю залатою
Верасень выслаў ганак.
Антонаўкай,
Сырадоем,
Бульбаю маладою
Пахне крамяны ранак.
I нечым амаль забытым,
Даўнім,
Сваім,
Вясковым,
Падыхаў – і ты ўжо сыты,
Духам сьвятым здаровы.
За водар нязводна-родны
Дзякуй табе, Айчына!
О, колькі сыноў залётных
Ты, як мяне, лячыла...

 

#II
Варта вочы заплюшчыць
На імгненьне, на міг,
I ня выпусьціць пушча
З уладаньняў сваіх.
Усю ночку блукаю
Пры нажы, пры кашы,
Нібы шчасьця шукаю
Я свае спарышы.
Невядомая сіла
Па імху, па расе
Зноў мяне легкакрыла
У бярэзьнік нясе.
У бярэзьніку рыжым,
У траве-мураве
Мной нязнойдзены рыжык
Мяне ўладна заве.

 

#III
Горкім водарам крушыны
Я зап’ю глухую скруху:
Адкрычалі, адкружылі
Мае выраі над лугам.
Адкружылі...
Адтужылі...
 
 
 
 
Вецер
Душу працінае вецер,
Вецер, як у паэме Блока.
Даруй мой уздых глыбокі:
Душу працінае вецер.
О, як адзінока на гэтым сьвеце,
Хоць столькі насупраць вокан!
Душу працінае вецер,
Вецер, як у паэме Блока.
 
 
 
 
Кастальская вада
370
Кастальская вада – сымбаль паэзіі.
#Слоўнік антычнасьці

 
Я п’ю ваду кастальскую
За Рудзенскам,
За Талькаю...
Філёлягі ўсьміхаюцца,
Гісторыкі зьдзіўляюцца
I робяць твары строгія:
– Што ў вас па міфалёгіі?
– Па Рыму і па Грэцыі
Хадзіў на ўсе я лекцыі.
– Дык дзе ж вада кастальская?
– За Рудзенскам,
За Талькаю...
 
 
 
 
*  *  *
Вершы могуць здарацца,
Вершы могуць прысьніцца,
Могуць плакаць, сьмяяцца,
Крычаць і маліцца.
 
Вершы могуць забыцца,
У куточак забіцца,
Замаўчаць, затаіцца,
Каб аднойчы адбыцца.
 
I – збыцца.
 
 
 
 
*  *  *
Прачнуўся з жахам, безгалосы –
Прапала музыка ў душы.
Ня чую музыкі ў бярозах,
Ня чую музыкі ў нябёсах,
А вы мне кажаце:
                                      «Пішы».
Сам Бог маўчыць, падцяўшы вусны,
Відаць, я многа награшыў...
Ня шэпча д’ябал слоў спакусных,
А вы мне кажаце:
                                      «Пішы.»
Гляджу з трывогай на дарогу.
Па ёй брыдуць глухія дні.
Я не прашу у Бога многа:
Вярні ім музыку,
                                    вярні!
 
 
 
 
*  *  *
Недарэчнае, спрэчнае,
Мітусьлівае, дробнае,
Дай памаліцца
Вечнаму,
Дай пакланіцца
Добраму:
Буслу за сярэбранай рэчкаю,
Каню на зялёным поплаве.
Дай павініцца грэшніку,
Не паломніку,
А палоньніку,
Пры маладым алешніку,
Пры залатым сасоньніку.
 
 
 
 
*  *  *
...А неба, паверце, праясьніцца
I сонца, нарэшце, вернецца.
Я ня стану
Ні клясьці,
Ні клясьціся
Ні ў любові, ні ў вернасьці.
Няхай лёкай
Галёкае
Ды над місай
Павісквае.
Ёсьць замежжа далёкае,
I замежжа ёсьць блізкае.
Мне ж да скону спрадвечнае,
Невымоўнае,
Кроўнае,
Шлях бярозамі мечаны
Ды яшчэ тая рэчанька,
Тая рэчанька, што няпоўная...
 
 
 
 
Надзея
Залатая мяцеліца
Зноў сярэбранай зьменіцца.
Можа, ўсё пераменіцца,
Можа, ўсё перамелецца.
Можа, ўсё, што засьмечана,
Заіскрыцца,
Засьвеціцца.
I забудзецца дробнае,
I згадаецца добрае,
I прыпомніцца роднае,
Векавое,
Нязводнае,
I з усьмешкаю ветлаю
Павітаецца сьветлае.
Павітаецца,
Парукаецца.
 
 
 
 
*  *  *
Словы бываюць розныя,
Ціхія, добрыя, злосныя,
Сакавітыя, посныя...
 
Словы бываюць розныя,
Шчымлівыя і трывожныя,
Як журавы над пожняю.
 
Словы бываюць розныя,
Словы бываюць росныя –
Як у Вялюгіна позьняга.
 
 
 
 
Дар
У сны мае пачаў часьцей
Заходзіць дзед Варфаламей.
 
Заходзіць дзед, прыносіць скрынку,
I дастае са скрынкі скрыпку,
I кажа ціха:
– Вось... Бяры...
Цябе Бог выбраў для ігры.
Бяры, бяры, ня будзе лішняй,
Яна ў мяне з часоў Франьцішка...
А я кажу Варфаламею,
Што не зьбіраюся ў Арфеі,
Што мейсца скрыпачцы ў музэі,
Калі вазьму - не зразумеюць.
А ён за мною сьледам ходзіць,
А ён сваё, сваё даводзіць:
– Маёй душы ня знаць спачыну,
Пакуль я скрыпку не пакіну:
Я зьберагаў яе для сына,
Ды сын у Прусіі загінуў...
Вазьмі, вазьмі... Так, хлопча, трэба.
Так я хачу, так хоча неба.
I я – узяў...
I тут жа ўскочыў,
Сном ашаломлены прарочым.
 
Навошта ўзяў? I што я ўмею,
Унук вясковага Арфея?
 
 
 
 
*  *  *
О мой час,
Пачакай, не бяжы,
Хоць ня бегчы табе немагчыма,
Пашапчыце,
Грыбныя дажджы,
Пасьпявайце,
Завейныя зімы!
Не вярнуць прамільгнуўшыя дні
I нідзе не схавацца ад лёсу:
Адцьвіце,
Адкрасуе язьмін,
Адгамоніць лісток на бярозе.
Дык ці варта дарэмна тужыць,
Калі быў я адораны імі,
Калі бачыў
Грыбныя дажджы,
Калі слухаў
Завейныя зімы?
 
 
 
 
*  *  *
Любоў мая невылечная,
Чалавечая, пастаянная,
Стрыж над зьмялелай рэчкаю,
Чмель на сухім сьвятаяньніку.
 
Колькі лёсам адведзена
Мне хадзіць тут і бавіцца,
Мне на іх не нагледзецца,
Мне ад іх не пазбавіцца.
 
Я з малітвай адзінаю
Да Ўсявышняга грукаю:
Хай маё стане сынавым
I хай сынава будзе ўнукавым.
 
 
 
 
Кажуць...
Кажуць, што ў сорак
Ужо не да зорак.
Кажуць, што ў сорак
Ня той у нас порах.
Кажуць, што ў сорак
Кахаць ужо сорам:
Зьяўляецца змора
I боязна горак.
Кажуць, што ў сорак
Садзішся на «скоры»,
Што йдзе да апошняй,
Да станцыі «Пожня»...
 
 
 
 
Вячэрні верш
Стаіўся птах
У голым вецьці.
Задзьмуць ліхтар
Спрабуе вецер.
Нібыта зь верша
Віці Шніпа,
Азяблы ліст
Прыліп да шыбы,
Каб у сьвятле
Настольнай лямпы
Душу сагрэць
I легчы ў ямбы.
 
 
 
 
Крык
Бездарожжа. Бездарожжа.
Так ісьці далей няможна.
Цемень.
Цемень.
Цемень.
Дзе мы?
Дзе мы?
Дзе мы?
Запалі нам зорку, вечар,
Не тушы нам зорку, вецер!
Цемень.
Цемень.
Цемень.
Дзе мы?
Дзе мы?
Дзе мы?
Умацуй нам, Божа, душы,
Каб адолець, каб адужаць,
Каб паверыць кожны мусіў:
Будзе
Дзень
На Беларусі!
 
 
 
 
Пачатак
Слухаю дрэвы,
што прагнуць
хутчэй апрануцца.
Гляджу на дзяўчат,
што жывуць
адваротным жаданьнем.
Чакаю травы,
што павінна
вось-вось нарадзіцца –
усё перапоўнена
прагай каханьня.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.