РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Выкраданьне Эўропы
1
*  *  *
Мая Айчына – ты мая Турма,
І каб хацеў другой – другой няма...
І гэты сьнег, як попел, пад нагамі,
І гэта неба, што, як сьмерць, над намі
Люблю, і веру, што мінецца дзень
І адпаўзе ў нябыт нябыту цень...
Мая Айчына – ты мая Магіла.
Як каменем мяне ты прыдушыла
Сваёй маўклівасьцю прад свалатой,
Што вечна груганамі над табой...
Мая Айчына – ты маё Балота,
Зь якога б уцякаць – ды неахвота,
Бо ты мая, як гэты сумны сьвет,
Як рай, як мною створаны санэт.
 
 
 
 
Пыл

#1
пыл гэта цемра
якую разьбіў вецер
і ападае пыл
як шэры сьнег
з аблокаў вечнасьці
зацямняючы шыбы
і растаючы ў вадзе
пыл зьнікае
як падпаленая ноч

 

#2
пыл гэта сьвятло
якое выпраменьвае сьмерць
і я іду насустрач яму
каб стаўшы пылам
узьляцець над цемрай
над пылам
зь якога ўзьнікла жыцьцё

 

#3
пыл гэта цень ад вогнішча
на якім згарае ерэтык
праклінаючы інквізіцыю
і хаваецца ў цень
мая Айчына
і ляціць пыл у нашы вочы

 

#4
пыл гэта кроў мёртвага д’ябла
і мы п’ём гэтую кроў
забываючыся пра сьвятое
і тонем у гэтай крыві
і зьяўляемся зь яе
гаворачы што ўсё пыл

 

#5
пыл гэта агонь
якому моляцца
які зьяўляецца там
дзе ёсьць мы і дзе нас няма
пыл гэта вечны агонь
на магілах нашых

 

#6.1
Цемра
у цемры пылу
ідзём абуджаючы цемру
і плыве яна над зямлёй
як шлях у небыцьцё
як апошняя хмара
зь якой ніколі не пральецца дождж

 

#7.2
Сьвятло
пылам сьвятла
сьвецяцца купалы храмаў
і пылам сьвятла
асьляпляюцца анёлы
якія вяртаючыся ў неба
не забіраюць нас
пакідаючы нас у сьвятле пылу
за якім невядома што будзе
ці цемра ці агонь

 

#8.3
Цень
цень пылу
як цень д’ябла
пралятае праз нас
і цень застаецца
як апошні сьлед Хрыста

 

#9.4
Кроў
і кроў ператворыцца ў пыл
і пыл ператворыцца ў кроў
і пральецца праз сонца
як праз рану
у той сьвет
дзе няма крыві

 

#10.5
Агонь
і агонь пылу патухне
і стане цёмна
як было напачатку

 
1995
 
 
 
 
Ружа
Ружа застыглы выбух сьвятла
Да якога зьлятаюцца пчолы
І зьбіраюць у ім салодкае золата
Ружа чырвоны ліхтар
На зялёнай вуліцы сада
Дзе на яблынях сьпее спакуса
Ружа гэта пацалунак анёла
Першы і апошні
І цьвіце ружа
Як водбліск зоркі Венэры
І я праходзячы ля ружы
Праходжу як ля варотаў у рай
 
 
 
 
Здрада
Яна пільнуе
Калі не на кожным кроку
То амаль на кожным скрыжаваньні
Цемры і сьвятла сьвятла і цемры
Здрада радуецца
Як воўк які апусьціў у палонку хвост
І ловіць рыбу
Здрада высьпявае ў здрадніку
Як атрута ў зьмяі
Здрадай ратуюцца хіжыя
Як сьмерцю ратуюцца вольныя
Здрада як зумкая муха
Прысутнічае на тайнай вячэры
Здрада гэта трэшчына ў сасудзе
У якім зьбіраюцца захоўваць жывую ваду
Здрада гэта ўсьмешка д’ябла
І задаволены здраднік
Атрымаўшы сваё
Ходзіць сярод нас
І вітаецца з намі
І сядзіць за адным сталом
Гаворачы нам
Што мы таксама не сьвятыя
Здрада гэта дым над Айчынай
У якім сонца
Як пацалунак Іуды
 
 
 
 
Палонка
Палонка гэта вока цмока
Які прачнуўся сярод зімы
І цяпер углядаецца ў неба
Чакаючы моманту каб вырвацца
Са сьнежных абдымкаў Зімы
Палонка баіцца марозу
Ня ведаючы што такое цяпло
І ноччу калі ў палонцы
Купаюцца маладзік і зоркі
Палонка ўяўляе сябе небам
Якое трапіла ў палон
І я прыходзячы да палонкі
Палохаю яе
Апускаючы вядро ў яе сьцюдзёнасьць
І бяру я вядро з вадой
І нясу дахаты
І стаіць поўнае вядро ў сенцах
Як палонка сярод зімы
Што як вадзяное сонца
Асьвятляючы навакольле
Прыцягвае да сябе
 
 
 
 
Зорка
Зорка заўсёды вышэй
Ідучы праз пустэльню
Вандроўнік глядзіць на яе
Вязень седзячы ў астрозе
І гледзячы праз краты
Па зорцы пазнае што ў сьвеце ноч
Зорка гэта сьвечка
У Храме сусьвету
Запаленая самім Богам
Зорка гэта люстэрка
У якое глядзяцца анёлы
Рыхтуючыся апусьціцца на зямлю
Зорка гэта ружа
Ля якой як матылі
Лётаюць людскія душы
І я гледзячы на зорку
У думках лячу да яе
А яна далёка як маё дзяцінства
А яна маўклівая як залатая рыба
Якая не імкнецца да сузор’я Рыб
А любіць адзіноту
 
 
 
 
Плот
Плот гэта ахоўнік
Яго паставілі і ён стаіць
І кожны хто праходзіць міма
Стараецца зазірнуць за плот
Бо плот спакушае
І чым большы плот
Тым большая спакуса
Плот гэта драбіна
Па якой спускаюцца ва ўласнае я
Абмяжоўваючы сябе ў прасторы
Але ў плоце заўсёды ёсьць вароты
Як зварот у сьвет
Дзе ёсьць дарога
Якая ўцякае ад платоў
За якія хаваемся мы
І выходзячы з-за плота
Мы імкнемся назад
Плот гэта ашыйнік
На шыі майго жыцьця
 
 
 
 
Гаршчок
На прыпеку стаіць гаршчок
Гаршчок пасыльны
Яго напаўняюць і асьцярожна
Як бомбу
Двума жалезнымі пальцамі
Уносяць у пекла агню
І ў гаршку ўсё закіпае
Ён злуецца і радуецца
І ад гарачыні аж вар’яцее
І вогнікі аблізваюць зь яго пену
І ў рэшце рэшт у гаршку ўсё супакойваецца
Супакойваецца і сам агонь
І гаршчок стаіць сярод вугалёў
Як пан сярод золата
І прыходзіць час і дастаюць гаршчок зь печы
І забіраюць зь яго ўсё
З чым яго пасылалі ў пекла агню
І мыюць яго і шкрабуць
Каб зноў паставіць на прыпек
І стаіць ён на прыпеку чорны як галавешка
І слухае як з хаты па дымаходзе
Уцякае ў неба чад
І ўяўляе сябе гаршчок звонам
Якому крыху не пашанцавала
 
 
 
 
Яблык
У яблыку жыве спакуса
Яблык ведае сваё я
І ўвосень трымаючыся за галінку
Як тапелец за саломіну
Яблык апошняй кропляй лета
Сьвеціцца на скрыжаваньні вятроў
Яблык ня ведае што яго любіць
Шэры адзінокі верабей
Які колькі ўжо дзён чакае
Пакуль яблык упадзе на зямлю
І пабіўшы свой ружовы бок
Стане абыякавым да свайго я
А пакуль у яблыку жыве спакуса
Як каралеўна ў залатой вежы
Яблык падабаецца ўсім
І я ідучы праз сад
Бачу спакусны яблык
Спрабую яго дастаць
І не дастаю
І яблык гайдаючыся на галіне
Будзе сьвяціцца радасьцю
Пакуль будзе помніць
Сваё я
 
 
 
 
Каса
Каса большую частку свайго існаваньня
Вісіць у застрэшшы
Нібы павешаная за ўсе свае справы
Але пра яе не забываюцца
Бо каса гэта рабро
Зь якога ствараюць сенакос
І б’юць касу малатком
І лашчаць яе бруском
І зьвініць каса ўспамінаючы
Што яна зброя касінераў
Што яна сталёвая коска сказа
Памілаваць нельга пакараць
Каса гэта ўсьмешка Сьмерці
Якая блукае па Эўропе
І я кажу сваім дзецям
Глядзіце не чапайце касу
І вісіць каса ў застрэшшы
Але да пары да часу
Да пары да часу
 
 
 
 
Лёд
Сажалка зацягнутая лёдам
Вялікае люстэрка
У белым палацы зімы
Дзе жыве Сьнежная каралева
Сажалка зацягнутая лёдам
Узьлётная паласа
Для вятроў і завірух
Сажалка зацягнутая лёдам
Зашклёнае вакно
У царстве Вадзянога
Замерзлае неба
У якім патухла сонца
І толькі сузор’е рыб
Час ад часу паблісквае
У сьцюдзёнай глыбіні
І я ідучы па лёдзе
Адчуваю сябе Хрыстом
Які ішоў па вадзе
Як і па зямлі
 
 
 
 
Ноч
Ноч адваротны бок люстэрка
У якое мы ўсе глядзімся
І ў якім губляюцца нашы твары
Ноч гэта мяжа паміж днямі
Мяжа якую мы пераходзім
Але часьцей за ўсё ў сьне
Ноч абараняе дае і забірае
Ноч цень сьмерці
Якая лётаючы над зямлёй
Напамінае што ўсё часова
Ноч гэта дым
Які застаўся пасьля стварэньня сьвету
Ноч чорнае сьвятло
Якое асьвятляючы неба
Высьвечвае рассыпанае золата
На Млечным Шляху ў Заўтра
Ноч спрыяе закаханым
І забараняючы пратаптаныя сьцежкі
Дазваляе экспромты
Ноч гэта мора
У якім на самым дне
Існуе жыцьцё
 
 
 
 
Калодзеж
Сярод поля калодзеж
І адзіная сьцежка ў полі
Гэта сьцежка да калодзежа
Які яшчэ стаіць на ўліку
У самога Вадзянога
І калі каля калодзежа
Зьбіраецца шмат людзей
Ён адчувае сябе
Цэнтрам зямлі
І ад пыхі і хваляваньня
У ім прачынаецца рэха
І круціцца і рыпіць калаўрот
І раскручваецца ланцуг зь вядром
Як нітка Арыядны
І стукаецца вядро аб зруб
Як язык у звона
І плюхаецца ў ваду
Як шалом воя
І ўздымаецца вядро
Як найкаштоўнейшы скарб
І вада цячэ зь вядра
Як зь неба зорны дождж
І радуюцца людзі яе прахалодзе
І застаецца калодзеж адзін
Сярод поля і сьвету
І ўглядаецца ў неба
Пакуль у ім ёсьць вада
Пакуль зьвініць вядро
Пакуль сам Вадзяны
Трымае калодзеж на сваім уліку
 
 
 
 
Выкраданьне агню
Ты захацеў стаць Праметэем.
Агонь ты выкраў у багоў.
Цяпер у травах чорным зьмеем
Паўзеш, апалены, дамоў
І чуеш сьмех і крык вар’ятаў.
І цемра, цемра, як праклён,
І адзінота сьпіць у хатах,
І д’яблы выюць ля вакон.
Багі маўчаць і не злуюцца,
У небе зор ня бачна зноў.
Арлы за крушню ў цемры б’юцца,
Нібы за чарапы цароў.
Паўзеш і ланцугоў ня бачыш
Ні на руках, ні на нагах.
Твой шлях ніхто тут не аплача,
Як чарвяка – твой слізкі шлях.
А брат твой, да гары прыкуты,
Стаіць у цемрыве начэй.
І ў акіян цячэ атрута
Зь яго апаленых вачэй.
 
4.IX.1994.
 
 
 
 
Выкраданьне залатога руна
Вар’яцка сьпяваюць сірэны,
І нам не вярнуцца назад
У белыя родныя сьцены
Да вабных, як віны, дзяўчат.
 
Але мы плывём, і нам неба
Гаворыць, што шанц у нас ёсьць.
Руно! Нам ня золата трэба,
Ня трэба слановая косьць.
 
Злуюцца багі, і наш ветразь,
Як ліст, калашмацяць вятры.
Малітвай анёлячы веру
На палубе, як на кастры,
 
Стаім прывязаныя. Мора
Магілаю хоча нам стаць.
Шляхамі згараючых зорак
Галодныя цмокі ляцяць.
 
Ды ўсё ж мы руно залатое
Здабудзем!
І хутка прап’ём.
І мора, як дрэва сухое,
Ахопіцца райскім агнём.
 
3.IX.1994.
 
 
 
 
Выкраданьне Эўропы
Ізноў выкрадаюць Эўропу
І край мой сплывае ў нябыт.
І сьмешна ў чарзе асталопу
Каля азіяцкіх карыт.
 
Зь лістоты растуць мінарэты,
Ксяндзы выглядаюць з кустоў.
У пляшцы плывуць прайдзісьветы
Далей ад вар'яцкіх кастроў.
 
Сьмяецца і плача Эўропа,
І, мора капыцячы, бык
Палохае п'яных халопаў,
Што любяць ня мову – язык.
 
І сьняцца мне пляцы Парыжа,
Эўропы расхвалены быт
Бык соль беларускую ліжа
Каля азіяцкіх карыт.
 
Эўропа... Эўропа... Эўропа...
Апошні прапіты рубель.
І топіцца ў моры халопаў
Ратунку сьляпы карабель.
 
 
 
 
*  *  *
Па змрочным, як той сьвет, музэі...
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
*  *  *
Толькі цемра адна і пануе
І карае мяне і цалуе,
І няма мне ратунку нідзе
Ні ў агні, ні ў вар’яцкай вадзе.
 
І плыве па-над сьветам хмурына,
Як распусная зь пекла жанчына.
І плыву я на мроях за ёй,
Нібы д’ябал за чыстай душой.
 
І я ў цемры, як вецер, зьнікаю
І ўзьнікаю, як слова «кахаю».
І няма тут мяне анідзе
Ні ў агні, ні ў вар’яцкай вадзе.
 
 
 
 
*  *  *
Калі настане дзень апошні сьвету,
Віна ты вып’еш, скурыш цыгарэту
І ў неба, нібы ў прорву, паглядзіш.
 
І ўбачыш там усё, што ўжо мінула,
Куды цябе смаліцаю цягнула,
Куды ты сёньня сьмецьцем паляціш.
 
Ды дзень апошні, пэўна, не настане,
Бо прорву бачыш ты ў сваім стакане,
Зь якога вецер сьвішча на ўвесь сьвет.
 
І, дакурыўшы моўчкі цыгарэту,
Ты марыш пра кайфовую кабету,
Каб потым праклінаць усіх кабет.
 
 
 
 
Навальніца
Гром грыміць паціху за вакном,
Цемра працінаецца агнём,
Раніца далёка, як Парыж.
 
Дождж змывае пыл з прыціхлых дрэў,
З дрэў у неба д’ябал узьляцеў,
Бачачы яго, ты ўся дрыжыш.
 
Расчыніўшы ў цемрыва вакно,
Мы гаворым пра французскае кіно,
Да якога нашаму – скакаць.
 
Ну а гром памалу ўсё грыміць.
І каму ахвота спаць – той сьпіць.
Праўда, можна так усё праспаць.
 
 
 
 
*  *  *
Вы зноў намалюеце ружы,
Вы зноў намалюеце сьвет,
Дзе ружаў чырвоныя сьцюжы
Гучаць, як Шэксьпіраў санэт.
 
Віно, як сьвітаньне ў графіне,
Ваш сум не прагоніць ад воч.
І кава спакусная стыне
У кубачку чорным, як ноч.
 
За вокнамі зоры і сьцюжа,
І шлях з адзіноты, як сон.
І сьвечкі дрыготкая ружа
Баіцца за Вас ля вакон.
 
Вы зноў намалюеце лета
І сьцежку праз ружы – у Храм.
Бы ў клетцы, у словах санэта
Свае Вам пачуцьці аддам.
 
І зьнікне, як сон, адзінота,
І сум свой пагнаўшы ад воч,
Апаліце вусны сьпякотай,
Што ў кубачку чорным, як ноч.
 
 
 
 
*  *  *
Стаміўшыся ад дзённай мітусьні,
Ішоў гуляць па скверы ля завода,
Дзе газазварак сьлепкія агні
Праз шчыліны запыленыя плота
Сьвяціліся сьцюдзёнаю журбой.
Спаткацца тут хацелася з табой.
А ты ў той час хадзіла па Траецкім,
Дзе, каваю прапахлыя, вятры
Мялі лісьцё чырвонае ў двары.
Шампанскім салютуючы савецкім,
Кусьціліся ў кавярнях маладзёны,
Як на Кальварыі вясной вароны.
Я ў скверы ўслых чытаў Апалінэра,
Прысеўшы ля куста бялюткіх руж.
Над Менскам самалёта дымны вуж
Ляцеў, як над Парыжам тым фанэра.
І мне было тады не да фанэр,
Маю душу п’яніў Апалінэр.
І ты ў «Вянок» заходзіла ў той час,
Купляла асалодна старадрукі,
Што да цябе прасіліся у рукі.
І цэлы век яшчэ быў паміж нас,
Дзе рознымі мы сьцежкамі хадзілі,
Дзе мы ўздыхалі і дзе нас любілі.
 
 
 
 
*  *  *
Плыве паціху ў небыцьцё
І гэты дзень, і з дрэў лісьцё,
І дрогкі Цень, што на вакне,
І твой партрэт, што на сьцяне.
Цыгарку горкую куру
І разам зь ёй гару, гару.
І што каму, што для мяне
Партрэт твой шэпча на сьцяне:
«Ты безь мяне адзін зусім...»
Жыцьцё плыве нібыта дым,
Дзе звыкліся да сьлёз даўно.
А Цень праходзіць праз вакно,
А Цень праходзіць празь мяне
І расплываецца ў сьцяне.
І за сьцяной сьціхае шум,
І нараджаецца там сум,
І мы плывём у небыцьцё,
Як гэты дзень, як з дрэў лісьцё.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.