РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Замова ад страху
 
Новая кніга паэзіі
1
У мэлёдыях гукаў яе...
Дзе мой Бог? Ён са мною. А храм?
Храм мой там, дзе сьвятую імшу
Правяць нашаю моваю, – там,
Там я лекую сэрца й душу.
 
З тысяч розных плямёнаў людскіх
Бог для мовы, якую любіў
Наймацьней, можа быць, ад усіх –
Выбраў нас. Збаўца знаў, што рабіў.
 
Што ж за магія тоіцца ў ёй –
У мэлёдыях гукаў яе,
Што такою шчымлівай сьлязой
Узьбягае на вейкі мае?
 
Нам ня дадзена знаць таямніц,
Што вядомыя толькі Яму,
І чаму так мілосна шчыміць
У душы – я ня знаю, чаму.
 
2009, красавік.
 
 
 
 
Яна і я
Сямнаццаць ёй. Вясна. Дарога ў полі.
Пагляд – за неба чыстае чысьцей.
Дык дзіва што! Душу яшчэ ніколі
Не ахінаў зьняверу чорны цень.
 
У гэты ж час, няйначай прадпісана,
І я іду вітаць свой весьні дзень.
І мне сямнаццаць, і душу таксама
Яшчэ не ахінаў зьняверу цень.
 
І ад таго, што сонца льецца ў грудзі,
Усім сустрэчным аддаю паклон.
Я веру вам! І вы мне верце, людзі!
Я жыць хачу пад вернасьці крылом!
 
Я спраўджу ваш давер. Абавязкова!
Таму зарукай – гэтая вясна.
Хоць і ня знаю і яшчэ няскора
Дазнаюся, што нейдзе ёсьць Яна.
 
2009
 
 
 
 
Ціхі вершык
Век не забудзецца гэны зазімак.
Ціхі, бязьветраны ранак у Мінску.
Ціхае паданьне першых сьняжынак.
Ціхія чары вачэй тваіх зблізку.
 
Ціхія крокі па вулачцы ціхай.
Ціха-нясьмелае рук дакрананьне.
Ціхія словы і ціхія ўздыхі.
Ціхае нейдзе цымбалікаў граньне.
 
29.IX.1983.
 
 
 
 
*  *  *
Спаткаўшыся з табой на люднай вуліцы,
Пацалаваць цябе хацеў – ды так,
Каб аж сьцямнелі дзецюкі ад зайздрасьці,
Так, каб аж Бог зажмурыўся ад радасьці –
За нас шчасьлівых...
Ну, а ты?
А ты
Так грозна пальчыкам мне паківала,
Так намякнула позіркам пра штосьці, –
Што я ашлях і скіс...
А Бог?
А Бог
Усё ж зажмурыўся, але... ад злосьці,
І прабурчаў: "Ну й дурні ж вы абое!
Ты – што збаялася,
А ты... І ты – за тое!"
 
1985
 
 
 
 
Як Бог на небе
"Як Бог на небе!" – пры выпадку
Клялася мама,
Каб людзі верылі, што ў словах
Няма падмана.
 
Я кожны раз успамінаю
Бажбу сьвятую,
Калі тваіх гарачых вуснаў
Адданасьць чую.
 
І паўтараю, нібы ў храме,
Дзе йдзе малебен:
Усё – хлусьня, а гэта – праўда,
Як Бог на небе!
 
1988
 
 
 
 
*  *  *
І зноў палынная прыправа
У чашы той, якую п'ю.
А ўжо ж зусім ня маю права
На міласэрнасьць на тваю.
Калі і быў ліміт якісьці –
Яго я вычарпаў даўно.
Чаму ж бязвольна, як калісьці,
Я выпускаю з рук стырно?
І што з таго, што з разам кожным
Мне ўсё цяжэй і балючэй
Трываць прысуд бездапаможны
Тваіх заплаканых вачэй.
 
1992
 
 
 
 
Наконт лёзунгаў
Ад сьвету стварэньня, адвеку вякамі
Змагацца з прыродай людзей заклікалі.
І сотні паэтаў уторылі хорам:
Пакорым балоты! І стэпы пакорым!
І пушчы з зубрамі! І рэчкі з бабрамі!
Сьмялей жа рыдлёўкамі і тапарамі!
Гані экскаватары, меліяратары!
Усё перавернем мы к чортавай матары!
Здавайся, прырода! Здавайся, прырода!
У гонар прагрэсу! Для шчасьця народа!
 
Прырода, ну што ж ёй? Прырода – здаецца.
І ўжо ад прыроды сям-там застаецца
Адзін успамін... Бо ці ж выжыць бяспраўна?
У нейкай краіне дык нават нядаўна
Быў кінуты заклік у страху панічным:
"Паловім усіх вараб'ёў і панішчым!
Калі не падвесьці пад лёсам іх рысу –
Мы ўсе застанёмся бяз каліва рысу!"
 
Аднак жа дурноцце пануе ня вечна.
І сьвет схамянуўся: "Так нельга, канечна!"
І новыя лёзунгі вывесіў храбра:
"Шануйма прыроду! Прырода – наш сябра!
Шануйма прыроду! Прырода адвеку
Дарыла для шчасьця дары чалавеку!
Хто губіць прыроду –
                    той нелюдзь і злыдзень!
З такімі мы ў сьветлае заўтра ня прыйдзем!"
Ага! Ну вось гэта – праграма! Цудоўна!
І мудра й дыхтоўна! Але... ці надоўга?
 
1970
 
 
 
 
Тым, хто тужыцца зьнішчыць беларускую мову
Вы,
З патугамі вашымі
Злобна-бясконцымі,
Перастаньце
Дурноту ў сабе растраўляць.
Гэта ж вам
Не паветраны шар з навукоўцамі:
Гэта – мова!
Слабо вам яе расстраляць!
 
1996, ліпень.
 
 
 
 
Чучала з пыхай
Страхалюднае чучала
У суцэльна-бліскучых пагонах
Патрабуе рашучага
Павароту ў карысьць палігонаў;
У карысьць тэрмаядзерных
Установак і боегаловак –
Паўтырканых і складзеных
У палескіх барах і дубровах;
У карысьць настальгічнага,
Незабыўнага "сьветлага раю"
І на зьдзек зь безаблічнага,
З анемічна-бязмоўнага краю...
Страхалюдзіна-чучала
Ад нянавісьці лопнуць гатова –
Ад злабы да жывучага,
Да пявучага нашага слова.
Толькі гэтым і дыхае,
Толькі лютасьцю чорнай клякоча.
З праімпэрскаю пыхаю
Нізавошта расстацца ня хоча.
І зямелюхну наскую
Успрымаць без пачварнай натугі
Можа толькі пад назваю
Беларускай Ваеннай Акругі.
 
1997, чэрвень.
 
 
 
 
Мой паклон жыхарам Клецка
Мне сонечную вестку
Прынёс эфір, панове:
"Усе тры школы ў Клецку –
На беларускай мове!"
 
Падумайце вы толькі:
У гарадах наводдаль –
Дык беларускай школкі
Ужо няма ніводнай.
 
Усе паруйнавалі –
Каб зь цемратой у сэрцы
Саміх сябе ня зналі
Няшчасныя "туземцы".
 
А тут, у Клецку слынным,
Народ, на зло вандалам,
На ўсходзе дня сьвятлынным
Пранікся Божым дарам.
 
Усьведаміў да болю,
Што толькі ў слове родным
Ён будзе сам сабою,
Шчасьлівым і свабодным,
 
Што слова – гэта семя,
Зь якога ў долах лонных
Узыдзе мужных племя,
Паўстане род нязломных.
 
За гэту лучнасьць зь небам
І з духам продкаў повязь –
Кляччанам незьнямелым
Я кланяюся ў пояс.
 
1997, верасень.
 
 
 
 
Скажы!..
Калі хоць кропля гонару жывая
Ёсьць у тваёй істоце, беларус, –
Скажы: няўжо душа твая стрывае
Над ёй, жывою, гэты гвалт-прымус?
 
Няўжо й далей цярпець ты будзеш зьдзекі –
Над горам Маці дзікуноў азарт?
І прымеш стан нікчэмца-недарэкі,
Які нічога сам сабой ня варт?
 
О, братка мой! Якой віхурай-бурай
Цябе ўзбудзіць, ускалыхнуць, падняць,
Каб ты расстаўся зь немаччу панурай,
Каб ты свой лёс у рукі змог узяць?
 
1997, кастрычнік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.