РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Крушына
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сны i мары
1
Сны і мары
Я жыў на акропалі казачных сноў
I мары мае над захмар'ем луналі.
Я чуў заварожаны заклік званоў,
Заміж палыноў зацьвіталі міндалі.
 
I там, дзе пад плотам расла крапіва,
Ужо вінаград каля россыпу ружаў...
Здалёк усьміхаецца здань хараства.
Я пільна цяпер сваю ўвагу напружыў.
 
Так, ёсьць таямнічая сіла ў жыцьці,
I мне наканована бачыць прастору:
Расквечаны край, і пад песьняй ісьці
Паволі, паціху ступаючы ўгору.
 
Усё, што я марыў і некалі сьніў,
Збылося, хоць з болем Радзіму пакінуў.
Я выйшаў у сьвет, я свой шлях адчыніў
Да сонечных вёснаў і добрых спамінаў.
 
 
 
 
Мая мроя
Прыходзіш такая прывабная,
Прыгожая, чыстая, зграбная.
 
Прыветнасьць суцешная! 3 доляю
Пакорна зьмірыцца я здолею.
 
Твой чую усплёск, беларыбіца!
Мне хочацца хваляю выбіцца
 
I лётаць, лунаць над краінаю,
Дзе лашчыў я веру нявінную.
 
Сьмяешся, ласкава гаворачы:
– Залішне мінулае горычы!
 
Ты маеш трывогу бядовую,
Трапёткую мрою, мядовую.
 
Трывога цябе супакойвае –
На радасьць, на песьні настройвае.
 
 
 
 
Вятры вяртаюцца
Запевам шырака
Я даўней пачаў...
Стагнала лірыка,
Я ў тузе маўчаў.
 
Душа, як п'яніца,
Віно песьні п'е:
Вятры вяртаюцца
На кругі свае.
 
Тугой прыдушаны,
Я ня меў вясны.
А сёньня – ўзрушаны,
Расьцьвітаюць сны.
 
I сны ўплятаюцца
У радкі мае.
Вятры вяртаюцца
На кругі свае.
 
 
 
 
На ўзьлёце
Я маўчаў. Мне парывісты вецер
Свой нябачны круціў калаўрот,
Узьнімаючы ў полі амецьце
На далоняй затулены рот.
 
I сьпяваць я ня мог, а жадоба
Палымяна расла і расла.
I на сэрцы кружыла жалоба
Неспакойным чаўном без вясла.
 
Мне карцела падняцца на хвалях,
3 вышыні адчуваць глыбіню,
Бачыць сьвет у прыгожых каралях...
Я ўзьляцеў. Я і мрою, і сьню.
 
Гэтак мне на начлезе калісьці
Ноч халодная лапці пляла.
Я разводзіў агонь сухалісьцем –
Ня было ні агню, ні цяпла.
 
Нешта тлела, курэла, трашчэла,
Гасьлі подзьмухам іскры ўначы.
На сьвітаньні вакол заярчэла
I агонь шугануў пры карчы.
 
 
 
 
Адмысловая нітка
Я доўгую нітку сукаў.
Сьпявала струной, мне здавалася.
Шурпатых увіткаў шукаў,
Каб раптам яна не парвалася.
 
Рабіў не на птушак сіло.
Бо ніткі былі адмысловымі:
На горад, мястэчка, сяло
Сплывалі пявучымі словамі.
 
А час быў няроўны, такі
Няпэўны, з душком панэгірыка.
Крывілі душой мастакі
I плакала бедная лірыка.
 
Я хворае сэрца лячыў,
Сьлязьмі мая песьня сачылася.
На нітцы вузлы я лічыў,
А нітка з жыцьцём ня лучылася...
 
Запозна цяпер. Але я
Ня скрыўджаны сёньня умовамі.
Зьвіваецца нітка мая
Ізноў паэтычнамі словамі.
 
 
 
 
Пытаньне
Сумленьне і сум, і сумлеў,
Як путы, мне вяжуць пытаньне:
– Нёс крыўду пад сэрцам? Самлеў?
А як-жа з жыцьцём разьвітаньне?
 
Сьпяваў, а ці марна сьпяваў?
Ці час змарнаваў на пачуцьці?
Мо кніжкі твае пахаваў
Зямляк выпадкова ў закуцьці?
 
Пытаньне паўстала як боль.
I чуецца голас прарочы
Ў лірычных напевах: – Дазволь
Мне праўду сказаць табе ў вочы.
 
I ў шуме людзкім, і ў цішы
Натхняйся прыгожым сугуччам,
Хвалюйся, прачула пішы,
Ня знайся з пытаньнем балючым.
 
Хто-небудзь з далёкіх твой сьпеў
Пачуе на кніжных паліцах
I скажа: – Ён жыў і цярпеў,
А ў творчасьці мог запаліцца.
 
 
 
 
На выстаўцы мастака Кандзінскага
Яскравых колераў гульня!
Якія дзіўныя адценьні!
Якая ў тонах глыбіня!
Агні ў далёкім мігаценьні.
 
Стракатасьць зыркай пекнаты,
Размаляваная алеем.
Здаецца, творым – я і ты,
Мазкамі сьмелымі шалеем.
 
Відаць, мастак чаруе нас,
Хвалюе хварбаў спалучэньне.
Яму гатовы мы ці раз
Прызнаць сьвятое прызначэньне.
 
Жыве, дрыжыць на палатне
Душа трывожная эстэта.
I галавой глядач матне
I тут пакліча самамэта:
 
Чуцьцём мастацкім зразумець,
Што і на хварбе грае ліра.
Дай Божа, золата і медзь
Разгледзець вокам ювэліра.
 
 
 
 
Старое і новае
Не шанавалі вартасьцяў даўней,
Цяпер ужо культуру пераймаем
Ад Захаду, і неяк спакайней.
Мы з новымі пачуцьцямі сьпяваем.
 
Мы маем песьню ўсьпешчанай цяпер –
Не трафарэтная і ня скупая.
Пяе любоў пра людзкасьць і давер,
I дух сучаснасьці ёй месца саступае.
 
О памяць! даўніну ты зазубры!
Гамоніць школа кінутай шпаргалкай.
Сабраліся настаўнікі й сябры
Адзначыць юбілей прамовай палкай.
 
Я ўспомніў тую мерку пачуцьця,
Дзень урачысты, сьвята ўшанаваньня:
Каб поўна чэрпаць радасьці жыцьця –
Не абмінай крыніц замілаваньня!
 
Не пагарджай і песенькай старой,
Калі яна з чульлівай цяплынёю.
Натхненьне настаўляе мой настрой
На новы сьпеў...
А старасьць? – зладзім з ёю.
 
 
 
 
Без акуляраў
Я гляджу на сьвет вачыма,
Акуляраў не прашу,
Бо інакш мне немагчыма
Асьвятляць сваю душу.
 
На блакіт, на сінь абшараў
Ты з любоўю пазірай.
Навакол няма імшараў,
Тут квяцісты, сьветлы край.
 
Шоўкам зыркай зеляніны
Тчэ прырода свой вузор –
Дзівацьвет: дыван даліны
I ланцуг альпійскіх гор.
 
Сьнег ляжыць кавалкам брынзы
Дзесьці ў горнай вышыні.
Краявід крывыя лінзы
Збрыдзяць, Божа барані.
 
Праз чужыя акуляры
Западае сумны змрок...
Я ня хочу бачыць хмары,
Верадзіць мой чысты зрок.
 
 
 
 
Галкі
Пад кустом на сьнезе сьмецьце і асмалкі,
А ўгары, я бачу, гушкаюцца сьмела
На галінках голых дзьве мігалкі-галкі.
Адчуваю: костка ў маім горле села,
 
Штосьці набягае, мне сьціскае грудзі...
Змалку знаў я галак і варонаў зграю –
Крумкалі, таўкліся на сьмяцьцёвай грудзе.
Птушкі майго краю, вам на ліры граю.
 
Мабыць напрадвесьні чорныя варожкі
Мне нагналі згадкі аб мінулых летах;
Вечарамі ў лесе ля пустой старожкі
Падглядаў спатканьні маладзік ці ветах.
 
Там цьвіло каханьне на адным дыханьні
I вязьмом вязала целы, душы, мроі.
Адыйшло юнацтва ў палкім разьвітаньні.
Не раскажуць сьведкі – месяц, хатка, хвоі...
 
...Адляцелі галкі. I няма ўжо сьнегу.
Лета блізка. Клічу з памяці старую,
Мілую пяшчоту, радасьці кунегу,
А вясны гарэзнасьць маладым дарую.
 
 
 
 
Нёман бяжыць
Маё сэрца ў дрымоце дрыжыць,
Я ў гарачым трызьненьні:
Дзесьці ў далечы Нёман бяжыць,
У праменьні струмені.
 
Я ляту. Вісла. Сьвіслач. А Случ,
Дзе вада – па калені.
Успаміны зьбіваюць абруч
Аж праз два пакаленьні...
 
Абзываюць малыя мяне
Ўжо ня дзядзькам, а дзедам.
I яны – у чужой старане
За старэйшымі сьледам
 
Будуць гэтак-жа моцна тужыць
Пасьля дзедавай згадкі.
Дзесьці ў далечы Нёман бяжыць,
I бягуць непаладкі.
 
I ўсплываюць мінулыя дні
У гарачым трызьненьні.
На чыгунцы знаёмай – агні.
О, мае лятуценьні!..
 
 
 
 
Санэт
Залатая паэзіі арка...
Я хацеў-бы прайсьці праз яе,
Каб пачуць як хвалюе Пэтрарка
I як наша сучаснасьць пяе.
 
Родны вобраз выростае шпарка
Сам сабою, шукае мяне,
I я ведаю, – не абміне
На ўрачыстасьці поўная чарка.
 
Да мяне цёплы вечар плыве,
Сьпеюць думкі ў маёй галаве.
Я пачуцьці ў санэт набіраю.
 
Праз паэзіі арку – хада.
Б'е крыніцы сьвятая вада
Незабытнага нашага краю.
 
 
 
 
Пакутная думка
Я пакорны ў пакуце,
Я кахаю цябе.
У няспыннай журбе
Граюць моцна пачуцьці.
 
Між чужых. У закуцьці.
Боль мне сэрца скрабе.
I на ўласным гарбе
Мой цяжар, як на гуце.
 
Зноў сьпявае вясна
I сьвяткуецца сьвята.
Але радасьць не ўзьнята!
 
Смаліць думка адна:
– Дзе ты, родная хата?
Дзе прытулку сьцяна?
 
 
 
 
Трыялет
Цьвілі ў гародчыку півоні,
Расьлі там радасьці штодня.
I захаплялася радня:
Цьвілі ў гародчыку півоні.
 
Цяпер далёкі ты, староньні,
I толькі згадак мітусьня:
Цьвілі ў гародчыку півоні,
Расьлі там радасьці штодня.
 
 
 
 
Трыялет рапаічны
Мы табе складалі трыялеты,
Ты віном паэтаў частавала.
За радкі, якія прызнавала,
Мы табе складалі трыялеты.
 
Я свайго цураўся п'едэстала,
Бо тваім паглядам разагрэты...
Мы табе складалі трыялеты,
Ты віном паэтаў частавала.
 
 
 
 
Вілянэль
Цёплы сьпеў віялянчэлі,
Струнаў ціхі перазвон...
Ласкі-пешчы загучэлі.
 
Вобраз твой – у акварэлі.
Перадаў мне патэфон
Цёплы сьпеў віялянчэлі.
 
Гукі ў стройнасьці мякчэлі,
Віўся з альтам барытон –
Ласкі-пешчы загучэлі.
 
Мае вочы заблішчэлі,
Як пачуў я дзіўны звон,
Цёплы сьпеў віялянчэлі.
 
А ў душы маёй ярчэлі
I валошка, і рамон.
Ласкі-пешчы загучэлі.
 
Можа ў гэтай вілянэлі
Зьвяжа нас з табою кон –
Цёплы сьпеў віялянчэлі...
 
Ласкі-пешчы загучэлі.
 
 
 
 
Канцона
Лёгка думкай лунаць у надхмар'і,
Калі радасьць душу прыгарне.
Я ня мог прасьпяваць табе арыі,
Звонкі голас не дадзены мне.
Нічога вакальнага ў голасе –
Пустое паціху малолася.
      Слова дзесьці ў дарозе ахрыпла,
      У бясьсільлі дранцьвела зусім.
      Ты мне прысаку ў сэрца насыпала,
      Узьнімалася полымя ў ім.
      I голас прачулага лірыка
      Імкнуўся раскінуцца шырака.
Я хацеў табе шчыра прызнацца,
Што гарэў і балюча кахаў.
Ад пачуцьцяў аж плечы згінаюцца –
Адчуваў, і пакорна сьціхаў.
Змагаўся з маёю натураю...
Зацішша цьвіло перад бураю.
      Я маўчаў. Але ўпотай канцона
      Варушыла трывожна мяне.
      Можа сёньня, каханьнем сьвянцоная,
      Усхвалюе, расчуліць, кране
      Цябе, маю зорку праменную,
      Да скону нічым незаменную.
 
 
 
 
Рандо
I сны, і мары – музы чары –
Ствараюць казку дзіўных дзён.
I думак цэлы легіён
Снуецца ў сонечным абшары;
Далёкі сьпеў ужо чуцён.
 
Празрысты сьвеціцца вялён
Праз цёплы подых лёгкай пары...
Прыемны мне прыносяць плён
I сны, і мары.
 
Мне сьніцца дом і пышны клён,
I ўжо няма ніводнай хмары.
Адно цьвітуць, цьвітуць як лён
I сны, і мары.
 
 
 
 
Актава
Я прыйшоў аздобіць словам яву,
У якой – халодны лістапад.
Узьнімаюць песенную справу
Вольны дух, надхненьне, творчы лад.
 
Сіла слова набывае славу
I выходзіць сьвятам на парад.
Гэта не капрыз і не забава...
Радасны сюрпрыз – гучыць актава.
 
 
 
 
Сэкстына
Сьпяваюць думкі часта апаўночы,
Калі згадаю любую маю.
Я ў лірыцы малюю стан жаночы
I вобраз твой пяшчотна падаю:
Твой кужаль косаў, незабудкі-вочы
Мяне хвалююць. Я ізноў пяю.
 
Душою ўсхваляванаю пяю
Табе кантаты ўдзень і апаўночы.
Як толькі я заплюшчу ўмомант вочы –
Пачую ў сьпеве любую маю.
I я ўжо голас песьні падаю
На заклік твой ласкавы і жаночы.
 
Я разумею: твой настрой жаночы
Пераплятаецца з маім, і я пяю.
Ня мёд густы на сподку падаю,
А слова, што ўскіпела апаўночы
Ды памяць устрывожыла маю
I рыфмаю мне кінулася ў вочы.
 
А каб-жа бачыць мне на свае вочы
Мой сьветлы прывід, лёгкі стан жаночы!
Хай Бацькаўшчыну згадвае маю,
Якую гэтак горача пяю.
Як зырка сьвецяць зоркі апаўночы!
Я ім сваю заяву падаю.
 
Я думкамі заяву падаю:
3 вышыняў, зоркі, мне зірнеце ў вочы
I асьвятлеце радасьць апаўночы.
Яе, сагрэтую цяплом жаночым,
Гарну я ў ціхім смутку і пяю.
Зірнеце вы на мілую маю!
 
Ці зразумее хто тугу маю?
Я ўсё-ж сабе надзею падаю:
А можа не дарма любоў пяю.
З мальбою вусны і жывыя вочы...
I дзесьці твой далёкі стогн жаночы
Я чую ўраньні, ўдзень і апаўночы.
 
 
 
 
Малітва
Шчыры Божа, сьвяты і магутны,
Зьзяе слава Твая ў вышыні.
Ты Радзіму, мой край шматпакутны
Барані.
 
Барані ўсю зямлю і народы,
I мяне, бо і я чалавек.
Уратуй ад хваробы і шкоды
Гэты век,
 
Гэты жудасны атамны век,
Дзе пагрозна расьце небясьпека.
У няверу штурхнуў чалавека
Чалавек.
 
I цяпер мы ня маем спакою,
Гінуць людзі ў пякельным агні.
Божа, добрае і ўсё жывое
Барані.
 
 
 
 
Пастараль
Згадка лашчыць далёкія дні.
Ціха ў лесе зьвіняць камары.
А на полі – сьляпні, авадні...
У сьпякоце гараць папары.
 
Я на ўзьлесьсі сядаю на пень,
Там мурашкі таўкуцца ў карчы.
Песьня, хваляй гарачай усьпень
Захапленьне маё, і крычы.
 
Мой запал не пагас, не патух –
Як паходню, вышэй падыму.
Чую – дзесьці сьпявае пастух,
Падпявае пастушка яму.
 
Згадка лашчыць далёкія дні.
Паліць сонца і джгаліць сьляпень.
Але мілы прытулак радні,
Але родная ўсюды цьвіцень.
 
Пугі ляск і рыканьне кароў,
I ў паветры сухім – сырадой...
Зноў каханьнем бунтуецца кроў,
Мае песьні плывуць чарадой.
 
 
 
 
Заміж караляў
Дарагія рубіны, каралі
Хіба маюць адны каралі?
Яны ў сэрцы каханай запалі,
Імі кроў, як агонь запалі.
 
Сонца грае на радасным твары.
Гэтак ціхае шчасьце твары
Не за горкім кілішкам у бары,
А ў зацішку ў сасновым бары.
 
Пойдзем, любая, ў шолахі гаю!
Бачыш, словамі раны гаю.
Дыямэнтаў, караляў ня маю –
Я нясу табе песьню маю.
 
 
 
 
Сьпеў
Квяцісты сад, мае браткі!
Цьвітуць у садзе браткі.
Да іх іду я па радкі,
Па песьні і парадкі.
 
Не на пісьмовыя сталы
Нясу парадак сталы.
Дзе зеляніны купалы,
Я чую сьпеў Купалы.
 
Аж сонцам песьня наплыве!
У радасным наплыве
Яна малітваю жыве,
Яна ў людзкой пажыве.
 
 
 
 
На прыкосах
Ад зары прабег прамень шырокі, косы.
Ад мянташак зазьвінелі дружна косы.
А на сэрцы аднаго з касцоў вясельле –
Расплятуцца перад ім тугія косы.
 
Лёгка рэжа коска. Добрая направа!
Жаўруковы сьпеў – налева і направа.
Гэта гукі радасьці ўгары віселі:
Віза на любоў законную, на права.
 
 
 
 
На пляжы
Мы хворасьці душым
Пад сонечным душам.
На беразе мора
Цяплей нашым душам.
 
I горасьці тушым...
Ці парыцца тушам?
Музычнае мора
Вітае нас тушам.
 
 
 
 
У абстракцыі
Штрых на штрых. Уяўленьні.
Думка промнем з чала.
У маім захапленьні –
Меданоска-пчала.
 
Сьпеў. Цыганка-жабрачка.
Клямка. Скрыгат ключа.
Дзесьці боль і гарачка.
Гора – торбай з пляча.
 
Нерэальныя рэчы!
3 мёдам, з перцам бяру.
Недарэчнасьці спрэчак
Не пярэчаць пяру.
 
Сьмех прасьцягу – зыгзагі
Бліскавіцы ўгары.
Хто ідзе без развагі
Ў маляры-змагары?
 
А ці ведаеш, хлопча,
Ты малюеш дарма!
Сьмерць абстракцыю топча...
Жыў мастак і – няма.
 
 
 
 
Да маладой чытачкі
Дзесьці ты хаваешся ў закуцьці,
У самоце сэрца галадае.
У цябе зялёныя пачуцьці,
Бо зусім, зусім ты маладая.
 
Спачуваеш слаўнаму гэрою,
Плачаш і сьмяешся за чытаньнем.
Смаглы смутак тут не за гарою
Ахапіў душу тваю паўстаньнем.
 
Ты чытаеш кніжку, а трывога
Эпілёгу шчаснага шукае.
Жах, ахвяры, голад, боль былога –
Вось яна, гісторыя цяжкая!
 
Толькі радасьць зрэдку выплывае
Сьветлымі падзеямі ў краіне.
Ведай! мова родная, жывая,
Мова нашых продкаў не загіне.
 
Ты чытаеш кніжку – у зацішку,
I далёка ад чужога вока.
Сёньня сьвет табе раскрыўся крышку,
Заўтра ён раскрыецца шырока.
 
 
 
 
Японскія танкі
Японка Цень-сум
Тонка—танюсенька мне
Ніць песьні прадзе.
Як я вочы замружу –
На хрэсьбінах бабчын сьпеў.
 
*
 
Мой дзіўны настрой.
Гэйша грае на арфе.
I – радасьць пяе.
Мне здаецца, у струнах
Пошчакам пушча гудзе.
 
 
 
 
Хай-кай
Паўтанкі

Муза, не ўцякай!
Маё сэрца да цябе!
У крыві – агонь.


#*
Моцная любоў –
Ня толькі ахвярнасьць, боль,
Але і трыюмф.


#*
Месяц, чуеш ты,
Чый праходзіць цьвёрды крок?
Чалавек – твой госьць.
 
 
 
 
Сьпевы сьняжынак
Смутак сьпякотны.
Слухаю сьпевы сьняжынак.
Стогне сухотны
Сіплы суглінак.
 
Сівер спакоем
Сьцішаны, сушыць смужынкі.
Срэбным сувоем
Сьцеле сьцяжынкі.
 
Сьпевы сьняжынак.
Сонца сівое сумуе.
Сёньня спачынак
Сад салютуе.
 
Сэрца спавіта
Спрутам сакрэтных спружынак:
Сны сэленіта,
Сьпевы сьняжынак.
 
 
 
 
Прывід
Абудзіла ноч мяне грымотамі,
Дзесьці вецер вые на рагу.
Я ляжу, кампрэсамі абмотаны,
За фіранку глянуць не магу.
 
Хто па шыбе пальцамі там стукае?
Гэта дождж, ці можа буйны град?
Не засьнеш ніяк і пад прынукаю, –
Падпаўзае цемры чорны гад.
 
Ноч – неўтаймаваная капрызьніца,
Бліскавіцы сыпле чарадой.
Каля ног маіх стаіць, мне трызьніцца,
Дзед з даўжэзнай белай барадой.
 
Гэта-ж дзед-нябожчык усьміхаецца...
У сьвятле маланкі раптам зьнік.
Прывід зьнік... Заміж яго матляецца
Белы пакамечаны ручнік.
 
 
 
 
Усьмешка ў журбе
Усьміхаюцца мне і ў журбе
Краскі, словы і шчасьце сьляпое.
Не знайду, не знайду я сабе
Супакою ў пакоі.
 
Выйду з хаты, пайду напрасткі.
На дарозе мае лятуценьні.
Буду сеяць я словы ў радкі
Ды ў рытмічным спляценьні.
 
I сьпяваць на апошняй сяўбе,
Мроіць тое, што сэрцу – сьвятое.
...Сумна, страшна навокал сябе
Бачыць месца пустое.
 
 
 
 
Песьня
Спадабалася мне ты, сяброўка,
За прыветлівы позірк вачэй
I за тое, што кудзеркі шоўкам
Завіліся наўкола плячэй.
 
Спадабалася мне і за тое,
Што пяеш, як лясны салавей,
I дзявоцтва праз поле пустое
Ня пусьціла на вецер-узьвей.
 
Спадабалася мне, бо шануеш
Дзедаў звычай і любіш свой край.
Калі сэрцам трывогу пачуеш –
Да мяне ты вясной завітай.
 
 
 
 
Газэля
Няўсьцішна-горача люблю цябе, мой край.
Твой голас з далечы лаўлю ў журбе, мой край.
 
Даўней ня ведаў я, што хараством
Мяне пачнеш ты вабіць да сябе, мой край.
 
Заклятым злом завязаны залом...
I маё сэрца памятку скубе: мой край!
 
Згарэла маладосьць, згарэў мой дом,
Але я захаваў жывым цябе, мой край.
 
Паміж чужых ня буду чужаком.
Куды я ні зірну – крыніцай б'е мой край.
 
Хай адгукнецца роднае цішком:
На сьціплых васількох і на вярбе – мой край.
 
I кожнай цьвет-галінкай і лістком
Крушына мне прыгадвае ў жальбе мой край.
 
Яшчэ ў маленстве піў я з малаком
Тваёй пяшчоты мёд. Люблю цябе, мой край.
 
 
 
 
Палацы фантазіі
Па Амэрыцы, Афрыцы, Азіі
Я вандрую душою сагрэтаю.
Бачу сьвет. А жыву без фантазіі,
Толькі думкі ірвуцца ракетаю.
 
Думкі-мары, як іскры гарачыя,
Узьлятаюць і гаснуць апоўначы.
Гэтым думкам імклівым удзячны я,
Бо нясуць мне надзею, гамонячы.
 
Можа раптам фантазія зьявіцца, –
Прывітаю красуню цікавую.
Можа станецца лепшай настаўніцай,
Спадзяюся – і ў роздуме плаваю.
 
Дзесьці ціснуцца цені халодныя,
Воддаль туляцца вобразы цьмяныя,
Ды парывы мае не бясплодныя:
Набіраюцца словы крамяныя.
 
I пачуцьці ў пяшчоце гадуюцца.
Мне здаецца, сьпяваю ў экстазе я.
Словы – мармур. Палацы будуюцца.
Будзе жыць у палацах фантазія.
 
 
 
 
Паліндром
Я – сіла. Маліся!
Міла палім
Тонкі кнот...
Толам умалот.
 
Я – сіла. Маліся!
На гару – гураган.
Ура! Зару –
На барабан.
 
 
 
 
З формай
Паэзію сэрца і ведаў
Аздобім, як Сёмуху маем,
Каб кожны праймаўся і ведаў,
Якія магчымасьці маем.
 
Мы з формай – загін на загіне –
Выходзім на сьветлы гасьцінец.
I тое, што ў друк – не загіне,
Нашчадкам, як добры гасьцінец.
 
 
 
 
Вэнэцыя
З неба густа рыбнаю лускою
Парассыпаліся зоркі на вадзе.
Сонныя палацы над вадою
Непакояцца – маторам час гудзе.
 
А гандоля, як мая нядоля,
На вязі вагаецца, трывожна сьпіць.
Сьпіць самотны смутак у гандолі.
Ліхтары гараць... і слуп сьляпы рыпіць.
 
Вечар мой трывожаць матаботы,
Цішыня старой мінуўшчыны – старчма.
Маеш ты, Вэнэцыя, турботы:
У сучаснасьці рамантыкі няма.
 
 
 
 
Тэрцыны
Я п'ю рамонкавы настой
З дамешкаю тваіх усьмешак.
Хіба я ў марнасьці пустой?
 
Сны – попел згаслых галавешак?
Няўжо, як той стары Тарас,
Пакінуў родны свой застрэшак
 
I ўзьлез на сонечны Парнас?
Там добры лад, а ёсьць заганы...
Цябе згадаю я ці раз.
 
Я прывітаю дзень чаканы,
Калі спаткаю позірк твой
З усьмешкай цёплай, край каханы.
 
Я п'ю рамонкавы настой.
 
 
 
 
Устрывожаная памяць
Я ўстрывожу памяці гангрэну,
Цёплым сном зірну ў мой родны край
Ды нікога, мабыць, ня сустрэну:
Ці шукай сваіх, ці ня шукай.
 
А калісьці па зямлі хадзілі
Дарагія, блізкія мае.
Там ня курыць ладан у кадзіле,
I вячорны звон не паўстае.
 
Бяз крыжа й малітвы пахаваны
I сусед, і сябра, і сваяк.
I растуць ганебныя заганы –
Не сагнаць, ня сьцерці іх ніяк.
 
Там людзкія радасьці ў загоне,
Затыкаюць шпунтам слых і дых.
I старое падае ў прадоньне,
I ўстаюць пратэсты маладых...
 
Хрусткая ўстрывожаная памяць!
Праз гады любоў мяне вядзе.
Малады быў – i ня мог я ўцяміць,
Хто шчасьлівы ў горы і ў бядзе.
 
 
 
 
Заклятае калосьсе
Поле жоўтым іржышчам сумуе,
Пахне жытам, пасохлым цім'янам.
А наўзьмежку калосьсе зімуе
Дзікім злом, хмызьняком саламяным.
 
Не забыты залом, а самотны,
Не кранае ніхто, не чапае.
Абмінае заўсёды гаротны
I зьняверца цішком адступае.
 
Гэта-ж нейкая нечысьць калосьсе
Зацягнула вузлом і сьмяецца.
Лепш, каб ліхам дабро не зьвялося,
Абмінаць тое клятае месца.
 
Абмінаюць і носяць трывогу,
Не пазбыліся слабасьці продкаў.
Лаюць злыдняў і моляцца Богу,
Унікаюць крывых павароткаў.
 
Толькі вецер буян-непакора
Калашмаціць заломы на полі.
Ён людзкога ня ведае гора,
Не баіцца нічога ніколі.
 
 
 
 
Залатое вецьце
Залатыя сьпевы,
Кажуць, ёсьць на сьвеце.
А ці маюць дрэвы
Залатое вецьце?
 
А ці пад карою
Сок, як мёд пчаліны?
Бохан мрояў крою
Ў сінія хвіліны.
 
Сінь спадае з неба
Ў лён і на валошкі.
Гэта-ж не ганебна –
Мне прыпала трошкі
 
Штрыхам пад вачыма
I на вусны ў сьцюжу.
А яшчэ магчыма
З лірай занядужу.
 
Наша ліхалецьце
Ня прыглушыць сьпевы.
...Залатое вецьце
Узьнімаюць дрэвы.
 
 
 
 
Туга па вясьне
Туга ўсплывае па вясьне
I маё сэрца голкай коле.
Я цьвет Палесься бачу ў сьне,
Сьпяваю вёску, лес і поле.
 
Даўней цікаўным хлапчуком
Я забіраўся ў гушчу хвояў.
Там размаўляў з баравіком,
Над мухаморам жарты строіў.
 
– Шчасьлівы грыб, – казаў яму, –
Ня квапяцца сьлімак і заяц.
I я таксама не вазьму
Чырвоны зманлівы акраец.
 
Малога цешылі грыбы –
Грузды, лісічкі, сыравежкі...
Ня знаў я горкае журбы,
Праз поле ў лес гукалі сьцежкі.
 
А сёньня... Тыя сьцежкі ў сьне.
Далёкі водгук чую дзесьці.
Туга па згінутай вясьне
Мне пачынае сэрца гнесьці.
 
 
 
 
З паэзіяй
Жаданьні ў згараньні, заданьні ў загнаньні,
I думка як гумка, ці – скура i косьцi...
Мне хочацца ў госьці, пачуць ад кагосьці
Прыветнага слова, гарачага слова.
 
А старасьць стараецца, вершамі жаліцца:
Як пуста, самотна бяз слова-асілка!
Хіба ты, паэзія, сёньня маўчальніца?
Душу ня стрыжэш, як імшару касілка?
 
Хіба ты, паэзія, дзесьці далёкая?
Бяз кроку і сілы прыціхла, зьнябытая?
Ты мне не махаеш сарвэткаю лёкая,
Са мною заўсёды, як радасьць адкрытая.
 
 
 
 
Развага
Можна больш ня пісаць, і ні ў чым не старацца,
I забіцца ў падушак праветраны пух.
А ці ў тым асалода, што сны на матрацы?
Я-ж бо сам лятуценьнямі-снамі распух.
 
Да напеўнага слова чульлівае вуха
Прыкладаецца, ловячы сэнс у жыцьці.
Ах, няўжо гэты дзень, як старая рапуха,
Можа толькі паволі пачварай паўзьці?
 
А прыгожасьці дня, ці ня ў небе высокім,
Дзе за хмарай самотны плыве самалёт?
Ці ня ў бурных падзеях – мінулым, далёкім,
Дзе пажар, і паводка, і сьнегу сумёт?
 
Мне баліць, але вера трымае мяне:
Будуць ясныя дні і ў маёй старане.
 
 
 
 
Пустэча
Сучасную песьню сьпяваюць з крыўляньнем,
З паторгваньпем торса, з падскокам.
Выходзяць на сцэну з казьліным пяяньнем,
На словы падміргваюць вокам.
 
Паўторныя словы. Запеўка сухая –
Абуджаны крык папугая:
Кахаю, кахаю, кахаю, кахаю!..
I цягнецца песьня даўгая.
 
Але не заўсёды хвала прымітыву,
Мінецца часовая зьява.
Зноў прыйдзе любоў да старога матыву,
На лепшае знойдзецца права.
 
Каб мне на стагодзьдзе пазьней нарадзіцца
Ды проста сьпяваць, бяз грымасы, –
Крыштальнай крыніцы жывая вадзіца
Цякла-б у народныя масы.
 
А сёньня ў пустэльны пясок я ўязджаю,
Ня бачу сваёй каляіны.
Каму я сьпяваю? Каму дагаджаю?
Над песьняй – маўклівыя кпіны.
 
 
 
 
Індывід
Адзін – за пяро, другі даў лісток.
Адзін – мастак, а другі – масток,
Масток над мастацтвам, масток, праз якi
Праносяць багацьце ня ўсе мастакі.
 
Мастак у бядоце найгоршай,
Калі ён зусім малады.
Ні званьня пашаны, ні грошай.
Iсьці? А куды?
 
Знайсьці дружбака-мэцэната?
А той мэцэнат не сьвяты,
Ён дасьць абяцанак багата.
– Ідзі ў калектыў.
 
Супольна напішам паэму.
Імёны абодвух. Ай-яй!
Табе падкажу толькі тэму,
А ты афармляй!
 
...Ня трэба мне гэткага хвата,
Я сам выйду з творам у сьвет.
Крычыць індывід: – Мая хата!
Мой сад! і мой цьвет!
 
 
 
 
Эскіз
Памяць прыходзіць ня цьмяная
I не з парожняю конаўкай.
Некалі восень духмяная
Надзіла сьпелай антонаўкай.
 
Надзіла сьпелай антонаўкай
I мне гасьціннай здавалася.
Ты была стройнай і тоненькай,
Дзесьці ў закутку хавалася.
 
Дзесьці ў закутку хавалася –
Чыстая, ціхая, родная...
Сьціпла расла, гадавалася.
Ці не артыстка народная?
 
Ці не артыстка народная
Тая дзяўчынка са Случчыны?
Гасьне усьмешка лагодная,
Чуецца голас засмучаны.
 
Чуецца голас засмучаны,
Восень ня пахне антонаўкай...
Нехта нядоляй замучаны
Звоніць бляшанаю конаўкай.
 
 
 
 
Баляда
Яе спаткаў апошні раз.
Апошняя гаворка,
Апошні разьвітальны сказ.
Яна сказала горка:
 
– Дарэмна мы з табою час
I сілы змарнавалі.
Нішто цяпер ня лучыць нас,
Мы трэскі бурнай хвалі.
 
Табе на захад, мне на ўсход, –
Разыйдземся навечна.
Цяжкі крыжовы твой паход,
А мне – дык небясьпечна.
 
Я буду там, дзе неспакой,
Дзе сьмелых слоў баяцца.
Няхай нарэшце і канвой,
I лягерная праца...
 
..........................
 
Яе спаткаў апошні раз.
Яна на адыходак
Дала мне той сьвяты абраз,
З якім вянчаўся продак.
 
 
 
 
Наадварот
Мой няпрыкметны творчы год
Дае свой цьвет, дае свой плод.
 
I я ў спакоі і цяпле,
Мае настроі на стале –
 
Наліты сонцам вінаград.
А за вакном: і дождж, і град.
 
Зіма стаіць каля варот,
I ўраз – усё наадварот.
 
Сьмяецца плач, і плача сьмех,
Грызецца грэх сярод суцех.
 
У пачуваньні – кволы боль,
Як сьнег – рассыпаная соль.
 
Агонь халодны – цёплы лёд,
Палын салодкі – горкі мёд.
 
Крычыць душа, маўчыць мой рот.
Усё, усё – наадварот.
 
 
 
 
Натхненьне ня купляецца
Натхненьне ня купляецца –
Бярэш любоўю толькі.
Калі яно губляецца,
Ня возьмеш нават долькі:
 
Ніякае прывабнасьці
Ў радкох сухіх, няроўных.
Пачуеш свае слабасьці
На вершах малакроўных.
 
I слова ў іх халоднае –
Бяз музыкі, бяз соку,
I пачуцьцё галоднае,
Замглелае, у змроку.
 
Ажно душа куляецца,
Як ад allegro полькі.
Ці добра ўсё згуляецца?
Ці пазаціхнуць болькі?
 
Натхненьне, маё золатка,
Пусьці сваё карэньне!
Хай будзе сэрцу соладка
Праз творчае гарэньне.
 
 
 
 
Далёкаму сябру
Мы калісьці з табой сябравалі,
А цяпер ты далёкі, пахмуры.
Ці пачуцьцяў разьбіліся хвалі?
Ці прыціхлі сардэчныя буры?
 
Хай у горле ад гора сьпякотка –
Я ня кіну сьпяваць, не сагнуся.
Бачу, браце, табе не салодка,
Бо ня лёгка сьмяяцца ў прымусе.
 
I няволяй і страхам зламаны,
Ты ня можаш прызнацца праўдзіва,
Што я сёньня твой сябра адданы.
А зрачэшся мяне, дык ня дзіва!
 
Бачу: ўсё не ад сэрца, ня злосна,
Быў і ты на чужыне – няшчасны.
Б'еш сябе, нават родных ускосна,
Выхваляючы мэтад сучасны,
 
Мэтад і пазалоты і зману,
I замоўчваньня горычы ўласнай.
Дружа, верыш ты? Словам сьпяваным
Зможам! Прыйдзем да праўды нязгаснай.
 
 
 
 
На далікатную тэму
Прафэсар у парку з дзяўчынай
Далікатную тэму кранае:
Што можа быць першапрычынай,
Ці каханьне, ці... цяга дурная?
 
I маючы боль нясьціханы,
Запытаўся прафэсар трывожна:
– Хто я? Сябра твой, ці каханы?
Спадзявацца хачу... а ці можна?
 
Дзяўчына на гэта старому
Адказала пампэзна, упарта:
– Сяброўства – бяз шуму і грому.
А на большае... думаць ня варта.
 
Каханьне – эротава кухня,
Кулінарыя палкіх пачуцьцяў.
Вада застаялая жухне...
Хтосьці іншы ваду скаламуціў.
 
Так! Вас я люблю, а кахаю
Маладога, з магутнай натурай.
Вы – сонца. А глеба сухая
Навальніцаю цешыцца, бурай.
 
 
 
 
Раманс
Цябе няма. I раптам ты са мной.
Вясёлы сьмех і голас з цёплай ноткай.
I я з табой у сфэры незямной
Ужо ляту ў хмялёвасьці салодкай.
 
Цудоўны сон. А досьвіткам я ўстаў,
I цэлы дзень душа ў трывозе млее.
I памяць зноў згадала ціхі стаў,
Дзе расьцьвілі ласкавыя лілеі.
 
Цьвітуць, цьвітуць гарлачыкі ў вадзе,
I качкі там нырцуюць ля чароту.
Няўжо мой лёс самоту прывядзе?
Няўжо няма дадому павароту?
 
Я не магу да любае прыйсьці.
Няма цябе, як радасьці вясновай.
Пачну сьпяваць, каб сонечна ў жыцьці
Было табе і мне пад песьняй новай.
 
Найлепшы час абое мы прысьнiм,
I шчасьце ў нас – на добрых аргумэнтах.
З табой цяпер мы блізкія зусім,
Хоць і жывем на розных кантынэнтах.
 
 
 
 
Каменьчык
Ты мне кінула ў сэрца каменьчык.
Гэты вобраз – як нітка на шпульку.
У вачох тваіх цёплы агеньчык,
Ад яго запаліў-бы я люльку.
 
I, напэўна, у дыме табачным
Зацьвіла-бты дзівоснаю кветкай.
А я збоку стаяў-бы нябачным
Над красой маладой, над какеткай.
 
Але я ня куру, я ня маю
Асалоды ад горкага дыму.
Капшука з тытунём ня трымаю
Для настрою, натхненьня, уздыму.
 
Я куру фіміям словатвору,
Я шукаю цябе, дарагую;
Разьвінаю пачуцьцяў прастору,
Твой каменьчык у сэрцы шліфую.
 
I праменьне і цені ў спляценьні,
У шасьценьні, у сьпеўным хістаньні...
Ты заўсёды ў маім уяўленьні
Зацьвітаеш зарой на сьвітаньні.
 
 
 
 
Марыля
Марыля! сяброўка Марыля!
Ты мара мая ці мана?
Мяне твае вочы зьмірылі:
Марыля з табою адна.
 
Марыля, у марыве мара!
На сьвеце шукаць – не знайсьці.
Няўжо лятуценьня гітара
Даймае мяне да касьці?
 
Марыля мая дарагая,
Зрысую пяром твой абраз.
Я ведаю: прыйдзе другая,
Цябе прыгадаю ці раз,
 
Як ты на вясновым спатканьні,
Дзе ў дрэвах расчуліўся шпак,
Мне некалі ў шчырым прызнаньні
Шаптала: – Мой любы... мастак...
 
Марыля заўсёды з табою,
I мара твая – не мана.
Спахмурыцца ціха журбою,
Пасьля засьмяецца яна.
 
 
 
 
Сумёты
Як да брамы дабрацца?
Там намецены сьнег.
Будзе Ганна сьмяяцца,
Што ў сумёты я ўбег,
 
Што пайшоў па сумёце
I ўпадскок і паўзком,
Што як птушка ў узьлёце,
Біў крылом – рукавом.
 
Ой, гарачая праца
Перайсьці гэткі мур,
Каб да хаты дабрацца,
Дзе чакае амур.
 
Цішыня ў заміраньні
I дакораў удар:
А чаму сьцежкі ўраньні
Не падмёў гаспадар?
 
А чаму сёньня Ганна
Насустрэчу ня йдзе?
А чаму ціхі ганак,
I нікога нідзе?
 
 
 
 
Белы бэз
Ты прынесла галінку
Пахучага цьвету –
Белы бэз, белы бэз!
Не забуду я гэту
Залатую хвілінку:
Быў я Крэз, быў я Крэз.
 
Не на грошы багаты,
А прызнаньнем шчасьлівы –
Ты са мной, ты са мной.
Холад вылецеў з хаты.
Бэз сьмяяўся маўклівы,
Цьвіў вясной, цьвіў вясной.
 
А пялёсткі на цьвеце
Ўсе ляжаць па чатыры –
Белы крыж, белы крыж.
Пяць пялёсткаў прыкмеціў.
Сьмех вясёлы і шчыры
Ты іскрыш, ты іскрыш.
 
Зорка белая ў бэзе...
Кажуць, шчасьце. Ты бачыш?
Вось яна, вось яна!
Можа ў іншым разрэзе
Нашу радасьць адзначыш?
Зноў вясна, зноў вясна.
 
 
 
 
У алькове
Слова – добрая замова.
Змова радасьці ўсплыла.
Я вяснова – ня зімова –
Адчуваю плынь цяпла.
 
Я цяпер абавязкова
Дам сьвятла свайму акну.
А інтымнасьці алькова
Ў верш лірычны не замкну.
 
Я кажу маёй каханай:
– Ты ўсё ведаеш сама.
Тут на песьні ўскалыханай
Поўнай споведзі няма.
 
I ўсё тое, што ў алькове
Мы пазналі – толькі ў нас.
Мой агонь таемны ў слове,
Разварушаны, ня згас.
 
Слова – дзіўная замова.
Ты пачуеш. Прыйдзеш зноў.
I паўторыш тое слова –
У алькове – сто разоў.
 
 
 
 
Зялёны позірк
Ці памятаеш ты цікавы вечар
Разгадкі рэбусаў і мілых таямніц?
З маёй душы спаўзаў расталы глетчар,
З тваёй – плыў перазвон жывых крыніц.
 
Тыгрысты кот мне ўскочыў на калені,
Пяшчотна і прыязна варкатаў.
I ты казала ў радасным зьдзіўленьні:
– Відаць, любоў прыцягвае ката.
 
Мой дзікі кот ад кожнага ўцякае,
А да цябе палашчыцца прыбег.
Зялёны позірк. Цяплыня якая!
I лапкі белыя, як першы сьнег.
 
Я пальцам казытаў ката за вухам,
Ён варкатаў, сьпяваў мне каляду
Аб тым, што напярэчкі завірухам
Пайду я ў сьвет і там цябе знайду.
 
Цябе знайшоў. Сярод чужых, нязнаных.
А здагадацца я тады ня мог,
Што гэта кот глядзеў на лёс каханых,
На скрыжаваньне дзьвюх людзкіх дарог.
 
 
 
 
Лірычнае прызнаньне
Я з табою – паветра цяплейшае,
I здаецца, што сонца ясьнейшае.
Пацалункі-пястункі салодкія,
Аж зімовыя ночы кароткія.
 
Ты мая! Мая казка цікавая!
Ты заўсёды трывожна-ласкавая.
Да цябе я іду з захапленьнямі,
Прабіваючы мілі каленямі.
 
Прысьвячаю лірычныя вершы я.
А шкада, мы шчасьліўцы ня першыя.
I ў антычным жыцьці захапляліся
Ды гарэзна гарэлі, кахаліся.
 
Ня была перад нашаю эраю
Пачуцьцёвасьць паэтава шэраю.
Песьня песьняў прайшла несьмяротная
Сёньня новая, палка-пяшчотная.
 
Хоць прайшла над маёю краінаю
Тая песьня з тугой лебядзінаю –
Я з табою. I ўсё чалавечнае
Не зьнявечана – моцнае, вечнае.
 
 
 
 
Балет матыля
У белым і пышным убраньні,
Як прыйдзеш, пачнеш ты пасьля
Здабытае ласкі ў каханьні,
Выконваць балет матыля.
 
Ты будзеш прыгожа кружыцца
I крыльлем тканіны шасьцець.
Падобна – завея сьняжынцы
Загадвае лёгка ляцець.
 
Як зорка-сьняжынка, пушынка,
Ляціш, трапяткі матылёк...
Ты ў трыццаць гадоў, як дзяўчынка;
Ці-ж мне любавацца здалёк?
 
Прыходзь да мяне. Я чакаю.
Я сэрца агнём спаласну.
Цябе, маю радасьць, спаткаю –
Прыносіш былую вясну.
 
Чакаю... На ціхім дыханьні,
Здаецца, сьпявае зямля.
Выконвай у белым убраньні
Вясёлы балет матыля.
 
 
 
 
Пацалунак воч
Магу вачыма цалаваць –
Пачуеш веяк казытаньне,
Тады ня ціша і ня гладзь,
А нешта дзіўнае паўстане.
 
Мы будзем радасна ў гульні
Жывую ладзіць вечарынку.
Мой любы, рукі працягні –
Бярэш ня чэрствую скарынку.
 
Табе дарую каравай
Майго гарачага каханьня.
Мне таямніцы раскрывай
Пачуцьцяў моцы, намаганьня.
 
I я кладу сьпякотны твар
На далікатнасьць твайго цела.
З маіх павек палае жар,
Цябе цьвяліць я захацела.
 
Вось пацалунак маіх воч,
Дрымотных веяк казытаньне.
...Пасьпешна адыходзіць ноч,
I на сьвітаньні – разьвітаньне.
 
 
 
 
Каля печы
Увіхалася ты каля печы.
Што за мілыя локці і плечы!
Пругкі станік, прыгожы які!
Ды з-пад хусткі – валос завіткі.
 
Я ня бачыў ружовага твару,
А таксама густога навару,
Што хавалі ў сабе саганы –
На агні клекаталі яны.
 
А за рухам тваім, за плячыма
Мне разгледзець было немагчыма,
Што варылася ў тых саганох:
Можа бульба, а можа гарох.
 
Можа там – ты ня бачыла – зельле
Прыварожвала наша вясельле.
I хацеў я сказаць апаўдні:
Прыгарні ты мяне, прыгарні.
 
Увіхалася ты каля печы,
Загараўся запал мой хлапечы.
Анямелы, маўчаў я тады.
Быў нясьмелы... зусім малады.
 
 
 
 
Твае вочы
Калісьці глыбока зірнуў табе ў вочы.
Зрабіў гэта добра, ці не?
Твой сонечны позірк – нявінны, дзявочы –
Спалохана ўцёк ад мяне.
 
Уцёк, а чаму? Маё сэрца гадае,
Гадае даўгія гады.
Твой позірк жыве, дзесьці мне спагадае
I кліча-гукае... Куды?
 
У тую краіну, дзе мелі спатканьні,
Дзе я захапляўся табой,
Дзе соладка-страшна было ў хваляваньні
I пальцы хрусьцелі мальбой.
 
Былыя пачуцьці ўвайшлі ў катакомбы.
Мо лепш ня трывожыць сябе?
Тут прывідам, выбухам атамнай бомбы
Твой вобраз паўстаў у журбе.
 
Зьбянтэжаны позірк – нявінны, дзявочы –
Калісьці уцёк ад мяне...
Навошта-ж цяпер мне далёкія вочы
Прыветна сьмяюцца ўва сьне.
 
 
 
 
Элегія
Бываюць, крый Божа, благія настроі...
Нацягнуцца струны на смутак і боль:
Заплача прырода, заплачуць гэроі,
У аўтара згубіцца строгі кантроль.
 
Гэроі праходзяць тады няпрыкметна,
Няма ў іх аблічча, прыгожай хады.
У творы лірычны радок няпрыветна
Душу закране адгалоскам нуды.
 
Людзкая душа не заўсёды сьпявае,
Пустым застаецца паперы лісток.
А дзе-ж ты, нататка мая чарнавая?
Я чую апошні сыгнальны сьвісток.
 
З газэтнае хронікі злыя навіны:
Піраты ў паветры... Паўстаньні... Разбой...
Ці можна сьмяяцца ў такія хвіліны?
Ці горкі настрой адпадзе сам сабой?
 
Я ў смутку нямею на гэткім пытаньні:
– Чаму часта плодзіцца зло на зямлі,
А людзі маўчаць у душэўным хістаньні,–
Насупраць нічога зрабіць не змаглі.
 
 
 
 
Масты пачуцьцяў
Мы з табою ўдваёх – я і ты –
Пракладаем праз рэчку Цярпеньне
Нашых лепшых пачуцьцяў масты.
Хвалі ў белай карункавай пене.
 
Хараство, чысьціня, цяплыня!
I ня хочацца думаць пра тое,
Што ёсьць войны і зьлёт груганьня,
Непатрэбнае нам і пустое.
 
Ты маўчыш. Я таксама маўчу.
А трава шапаціць пад нагамі.
Вецер гоніць набок саранчу,
I – ажурнае неба над намі.
 
Неабсяжны, нязьведаны сьвет!
Мы – пыліначкі гэтага сьвету.
А жыцьцё, як сьвяты запавет,
Пазнаём праз любоў і асьвету.
 
У імкненьні адным я і ты
Пракладаем праз рэчку Цярпеньне
Нашых лепшых пачуцьцяў масты,
Каб стаяць на вышэйшай ступені.
 
 
 
 
Стансы
Цябе я чакаю, трывожна чакаю.
Хвіліны мінаюць. Я чую твой сьмех.
Іду ўсхваляваны. Спатканьня шукаю.
Спалоханы заяц паблізу прабег.
 
Настырліва згадкі ў душу запаўзаюць,
Мяне ахінаюць цяплом даўніны:
На полі рамонкі, пад хвойкаю заяц...
Дзівосныя мары, прыгожыя сны.
 
Каго я шукаю? Чаго я жадаю?
Хіба эліксіраў на нашай зямлі?
Я быў малады, ты была маладая,
I кветкі інакшыя ў садзе цьвілі.
 
Якая гарачая мэтамарфоза
Варушыць і сушыць людзкое жыцьцё!
I я не рамонак, і ты ня мімоза,
Але захавалася ў нас пачуцьцё.
 
Шукаю цябе. Чую сьмех за кустамі,
Твой сьмех і гамонку бацькоў і дзядоў.
Мне гэта здалося... Цяпер я ня з вамі –
Ня дзесяць, ня дваццаць, а сорак гадоў.
 
 
 
 
Зайчанё
Цябе я заву зайчанём,
Маленькай зайчыхай Палесься.
Мне хочацца сонечным днём
З табой прагуляцца па лесе.
 
Забрацца ў цяністы гушчар
Ці выйсьці на чыстую ляду
I зьмерыць навокал абшар
Шырокай пяшчотай пагляду.
 
Мы будзем прыемнасьці мець
I зёлкі ірваць без разбору.
Чаму, не магу зразумець,
Баішся ты цёмнага бору.
 
А лес малады, гаманкі!
Там кожная хвоя – жывая,
I смольныя шышкі – званкі,
I вечна краса веснавая.
 
Дык пойдзем – ня бойся зьвяроў –
Насустрач зялёным абдымкам.
Мы вернемся позна дамоў:
Я з вершам, а ты – з фотаздымкам.
 
 
 
 
Тэніс
Я стаю на пагорку ля плоту,
Пазіраю на тэнісны пляц.
Зацікаўленасьць маю, ахвоту.
Гэтай радасьці мне ня купляць.
 
На чырвоным квадраце пляцоўкі
Разьмятаўся язьмінавы цьвет.
У кароткіх спаднічках сяброўкі
Ажыўляюць спартыўны балет.
 
У паветры мільгаюць разэткі.
Мячык – злоўлены мэтэарыт.
I пад белыя кветкі-бэрэткі
Балярыны хаваецца спрыт.
 
Ах, ня трэба ніякіх тэатраў!
На відовішчы можна самлець.
Быццам рану старую разьятрыў,
Пачынае балець і смылець.
 
Гэта-ж бачу з мінулага часу
Дзьвюх падобных – суседак маіх.
I гульня была першае клясы,
I я сам далучаўся да іх.
 
 
 
 
Настрой
Калі я бываю ў жывым узрушэньні –
Ці ўраньні, ці ўдзень, ці вячорнай парой –
Папера сама вылятае з кішэні
I вершы натхненна мне піша настрой.
 
Настрой мой узьнёслы, зусім не старэчы.
Настрой і душа – на пісьмовым стале.
Я радасна бачу звычайныя рэчы
Ў інакшым парадку, інакшым сьвятле.
 
Хачу адчуваць незабытную смагу,
Цябе і даўнейшую ласку тваю...
Праменем прыйду і ля ног тваіх лягу.
Я твой. Я сьпяваю. Каханьне таю.
 
Пачуеш мой голас. Пазнаеш па словах,
Што гэта ня хтосьці пабочны, а я.
I лірыкі дэсань на добрых асновах.
I песьня – шырокая радасьць мая.
 
Яна выстаўляе звычайныя рэчы
Ў прыгожым парадку, у чыстым сьвятле...
Ты ў думках маіх. Я табе не пярэчу:
Любоў закіпае ў гарачым катле.
 
 
 
 
Гарошыны
Ты адкідаеш з кніжнай мудрасьці
Ненатуральнае і штучнае.
Мяне ты песьціш. Будзе цуд расьці.
Для нас жыцьцё – чатырохручнае.
 
Чатыры згодныя рукі,
Два сэрцы – і таксама згодныя.
Зірні ў маленькія струкі!
Там дзьве гарошыны лагодныя.
 
Яны зялёныя – салодкія,
Адна з другою шчыльна туляцца...
З табой сустрэчы не кароткія,
Гамоніць сьвятам наша вуліца.
 
У згодзе цёплы поціск рук,
Цьвіцеш усьмешкаю вясноваю.
Трымаю я зялёны струк
I нас з прыродай параўноўваю:
 
Мы – дзьве сасьпелыя гарошыны,
Пяшчотна-сонечныя, белыя.
I сьвет – сьвяточна прыхарошаны,
I людзі ў ім не загрубелыя.
 
 
 
 
Без гаспадыні
Мая гаспадыня
Паехала ў госьці.
I ў хаце – пустыня,
Ня маю чагосьці.
 
Па хлеб, дык самому,
Абед – сам у кухні.
Рабі ўсё па дому
I ў чадзе пратухні.
 
Няма з кім спрачацца
I цёпла мірыцца,
Сьмяяцца, згаджацца;
Настрой – чамярыца.
 
Мой дух адзіноты,
З табой размаўляю.
Малышку-маркоту
У сэрцы люляю.
 
Сьпі, люлячкі-люлі,
Бяда халастая!
...I ў зьмятай кашулі,
I хата пустая.
 
 
 
 
Сэрэнада
Ня ўсё зарастае бур'янам,
Пачуцьці і песьні – ў суквецьці.
Я вечарам цёплым, духмяным,
З гітараю радасьць прывеціў.
 
I сэрца і думкі – на струнах,
Ім візу да любай я выдаў.
Каханьне жыве не ў камунах,
А ў цесных кутох індывідаў.
 
Цымбалы нястомных цыкадаў
Твой сад абуджаюць, дзяўчына.
Настроі узьлётаў і спадаў
Прыносіць жывая прычына.
 
Пяе ў захапленьні гітара,
Званчэйшай ня чую нідзе я.
Зьбягаецца гукаў атара,
Як мара мая,
Як надзея.
 
Зьбянтэжана сьціхлі цыкады,
Пачулі – запеўка другая.
На заклік маёй сэрэнады
Выходзь на балькон, дарагая.
 
 
 
 
Nocturno
Загаснуць электрычныя агні –
I цемра выступае супраціўна.
Я адчуваю сілу цішыні,
Яна зьвініць загадкава і дзіўна.
 
У звонкай цішыні цьвіце твой сон,
Я чую лёгкае тваё дыханьне,
I маё сэрца б'ецца ў унісон
Пад таямнічых гукаў калыханьне.
 
Я не засну. Я не магу заснуць,
Бо цішыні абуджаная сіла
Ўстрывожыла сутоньня каламуць,
Мяне ў сьвятліцу мрояў запрасіла.
 
Хавае ноч утульныя куткі,
У памяці жывыя... Настальгія!
I я малюю тыя абразкі,
Якія мне з маленства дарагія.
 
I ты, і дотык соннае рукі
Нагадваюць даўнейшае, сьвятое.
Нам вёсны адсьпявалі жаўрукі,
Мы мусім ім падзякаваць за тое.
 
 
 
 
Туюгі
Мне не з гарматы ўпустую паліць,
А сэрцы людзкія словам паліць.
Я адчуваю жыцьцё, разумею:
Каб кветкі ня ссохлі – трэба паліць.
 
*
 
Ты гострае сваё лязо аб камень ня зубры,
Таксама верш няскладны, няцікавы ня зубры.
Бяры напамяць творы беларускіх песьняроў,
Што маюць моц, як нашы белавежскія зубры.
 
 
 
 
Таўталёгія
Добрага слова шукаю я ў лірыцы,
I слова мяне на вышыні ўзьняло.
Сэрца маё – адчуваю – ня мірыцца:
Існуе на сьвеце спрадвечнае зло.
 
На сьвеце існуе спрадвечнае зло.
Ня мірыцца сэрца маё – адчуваю:
Зноў слова мяне на вышыні ўзьняло,
Я ў лірыцы добрага слова шукаю.
 
Сьпяваю. А сэрца жальбой загуло:
Навошта існуе спрадвечнае зло?
 
 
 
 
Фантазёр
Як лятуценьнік, фантазёр,
Сябе самога суцяшаю.
У хату сонца запрашаю
З палескім гоманам азёр.
 
Кажу яму: – Вандруеш ты,
Зьбіраеш росы з майго краю,
А я на водшыбе зьбіраю,
Як памяць, сьлёзы і лісты.
 
Зірні ў вакно, павей цяплом,
Займай праменьнем ясным покуць.
Бутоны ружаў будуць покаць
I мара мне ўзмахне крылом.
 
Мой край наведаю ізноў
Бяз візы й мыту, бяз білета,
Бо права маю я на гэта, –
Я лятуценьнік, носьбіт сноў.
 
Да сонца рукі распасьцёр
I песьняй гора сунімаю.
У сэрцы Бацькаўшчыну маю.
Ці-ж я ня шчасны фантазёр?
 
 
 
 
Тое, што марыцца
Ці-ж поле нішчымнае?
Рунее там ярыца.
Люблю немагчымае
I тое, што марыцца.
 
Мне марыцца сьветлае,
Далёкае, роднае,
Запрошаньне ветлае
I шчасьце народнае.
 
Ні пана, ні лёкая...
Я мрою, я ведаю
Сьвятое, далёкае
За мірнай бяседаю.
 
Жыцьцё самастойнае,
Жыцьцё незалежнае;
Сяброўства спакойнае,
Сваё і замежнае.
 
Усё немагчымае
Магчымасьцяй станецца.
З маёю радзімаю
Душа не растанецца.
 
 
 
 
Паветраныя замкі
Я – дойлід паветраных замкаў,
Пляную, пішу і ствараю.
Цаглінкі надзей і жаданьняў
Кладу я ў высокі падмурак.
А вежы блакітных палацаў
Спакойна стаяць цытадэляй.
I я, нібы ў нейкай пустэльні,
Дзе хвалямі плешчуць пяскі,
Далёка ад роднага краю,
Самотны, сьпяваю і мрою.
Выростае дзіўны міраж –
Прыгожы і велічны горад.
Дык гэта-ж адноўлены сёньня
Паўсталы з руінаў мой Менск!
Я – дойлід паветраных замкаў,
Масты праз гады пракладаю:
Калісьці ля Сьвіслачы з любай,
Вясною гуляючы, марыў
Пра долю і шчасьце людзкое
I, пэўна, пра долю сваю.
Усё гэта – замкі ў паветры!
I доля нядоляй прайшлася.
Ня кінуў адно –
Будаўніцтва
Прыгожых паветраных замкаў.
Я словамі гмахі будую
I буду лалей будаваць.
Маўкліва мінаюць чужыя,
Дабра і любові ня чуюць.
Ня чуе мяне і мой край.
Каторыя нават сьмяюцца:
– Дарэмна, маўляў, ты згараеш
У лірыцы палкай, любоўнай.
Каханьня на сьвеце няма.
...Пустыя гаворкі і сьмешкі
Мяне ня зьбіваюць ніяк.
Іду нацянькі па пустэльні.
Мне мірсьціцца сьветлы міраж –
Мае збудаваныя замкі.
Я веру, што блізка – аазіс,
Сапраўдны зацішны куток.
Зганю там няўтольную смагу,
З крыніцы прыемна нап'юся.
Багацьце паветраных замкаў
Ня будзе, як прывід, уяўным,
Бо верш – пачуцьцёвы, рэальны –
Людзкія халодныя душы
Лірычным радком сагравае.
Наш край, наш народ адгукнецца...
Я ў лірыцы, мабыць, ня марна
Будую міражныя замкі.
 
 
 
 
Дзедава спадчына
Мой дзед лячыў наварам зёлак,
Мыў валасень і рожу сек.
Круціў вяроўку ў колькі столак,
Хваробу гнаў з цяжкіх павек.
 
Ён ведаў прымаўкі-замовы
I верыў, што ў тых словах ёсьць
Ня толькі моц і дух здаровы,
Але таксама кроў і косьць.
 
I слова ў цела пругкім целам
Ішло, шаптанае ў цішы.
О, чары слова ў сьвеце белым
На чорны дзень, на боль душы!
 
Дзед шанаваў туманнасьць назваў –
У іх гаючы гук пяе,
Людзкія казкі пераказваў
I дадаваў яшчэ свае.
 
I з казкі дзедавай запала
Мне ў сэрца цёплая любоў.
Мой верш запоўнены запалам.
Я чую сілу добрых слоў.
 
Але інакшая замова,
Ды не з вадою, не з агнём,
Мая тут песенная мова
Цяпер ня пасьвіцца ягнём.
 
Гукну – і слова зашугае
I запаветам запяе.
Ці-ж гэта спадчына благая?
Паўсталі радасьці мае.
 
Азваўся голас маіх продкаў,
Як вецер восеньскім лісьцём.
Кажу я проста і каротка:
– Шукаю слова пачуцьцём.
 
 
 
 
Дон-Кіхот
Мне падабаецца Мадрыд!
Ён паддае ахвоту
Пайсьці на пляц, дзе слаўны від,
Дзе помнік Дон-Кіхоту.
 
I я ля помніка стаю,
I вобразы на мэце.
Я бачу долю тут маю
На чорным манумэнце.
 
Стаіць цыбаты і худы,
З пагардай да зьнявагі,
Да кпінаў грубай грамады
I да крывой заўвагі.
 
У ім – і вера і любоў.
Шукаў ён праўды ў сьвеце.
Яму са скрыгатам зубоў
Крычала ліхалецьце.
 
Пустыя ў цемрадзі млыны,
Як ворагі-прыблуды.
Кружылі крыламі яны
I пагражалі ўсюды.
 
Гэрой на гэта не зважаў,
Ішоў сваёй дарогай.
Сваю ідэю ня звужаў
Нікчэмнасьцяй убогай.
 
Я каля помніка стаю,
Я прыдушыў самоту
I долю горкую маю
Сьпяваю Дон-Кіхоту.
 
Шляхотны рыцар Дон-Кіхот,
Натхні мяне адвагай.
Я сёньня выбраўся ў паход
З пяром, а не са шпагай.
 
I я з млынамі ваяваў,
Дзе пыл малолі жорны;
I ціха ветру падпяваў,
Хоць сьпеў мой быў мажорны.
 
Зірні! падобны да цябе,
Такі-ж, як ты, вандроўнік.
А хтосьці ў злосьці ўсё дзяўбе,
Што быццам я віноўнік.
 
А ўся, відаць, мая віна
Ў высокім захапленьні...
Плюе варожая мана
На чыстыя імкненьні.
 
 
 
 
Пробліск будучыні
Дармо наракалі дзяды,
Казалі, што цяжка жылося.
Ня зналі сапраўднай бяды,
На полі ня рвалі калосься.
 
Заручаны з хлебам былі.
Вясельле і хрэсьбіны – сьвяты.
Пад закусь гарэлку пілі.
Настрой быў вясёлы, узьняты.
 
Ня гналі тады жабрака,
Ня ведалі крыку і сваркі.
Падносілі збан малака,
Сквірчэла патэльня ад скваркі.
 
Прымалі нязваных гасьцей
Як родных, усіх частавалі,
А потым – ды гэта часьцей –
Гасьцінца ў дарогу давалі.
 
Такі быў уклад на сяле.
Каторых галеча аскубла,
А хлеб ці праснак – на стале,
I сальца выцягвалі з кубла.
 
Апошнюю лусту – гасьцю.
Гасьціннасьць – чым хата багата.
А лёс напярэчкі жыцьцю,
Як боль, як бязьмерная страта.
 
Заўсёды чужы гаспадар,
Заўсёды бязладзьдзе краіны:
Рабунак, і гвалт, і пажар,
I нават сьвятыняў руіны...
 
Крутая расправа была,
I чорная справа прышэльца.
Прапала спажыва стала.
Зацірка ня просіць відэльца.
 
Ёй – лыжка-галышка. Нажа?
Навошта? Ні мяса, ні хлеба.
На сэрцы асела імжа.
Як цяжка, а жыць неяк трэба.
 
Зацірка – яшчэ паўбяды.
Бывае і горай на сьвеце.
Ад шчаўя і той лебяды
Змарнелі галодныя дзеці.
 
Гаротнасьці зьведаў мой край,
I радасьць расьце каля бульбы...
О, Божа! Даруй! Не карай
Уласьнікаў кайстры і кульбы.
 
Ім сёньня крычыць Калыма
Крывым акрываўленым ротам.
Спакою людзкога няма,
Пачуцьці людзкія за дротам.
 
Спакою няма і ўначы
Ад страху, трывогі, прыгнёту.
Ратунку! Баржджэй уцячы
З прывольлем птушынага лёту!
 
Бо той, хто шукае дарог
Да праўды і сьветлай свабоды,
Зьмірыцца ніколі ня мог, –
Ён мае змагацца заўсёды.
 
Змагацца дабром і пяром,
Любоўю і шчырым прызнаньнем.
Мы чыстае збожжа зьбяром,
Мы ў лепшую долю заглянем.
 
Праз доўгі падзеяў памол
Засьвеціць Вялікае Сьвята.
Багата накрыецца стол,
Гамонкай напоўніцца хата.
 
Я веру, мой край расьцьвіце,
Зайграе свабоднае слова,
I нехта ў сваёй дабраце
Пакліча мяне ганарова.
 
 
 
 
Лірычная кантата
Паэзія – дзіўная музыка слоў,
На ліры іграньне пачуцьцяў.
Хто вуха глухое на сэрца скалоў,
Той розум халодны ачмуціў.
Усю мілагучнасьць, напеўнасьць далоў!
Крыніцу пяском скаламуціў.
Паэма, той кажа, дурніца –
Нікому ніколі ня сьніцца.
 
Дзе бачылі гэткае, каб у жыцьці
Гаворка была зрыфмаваная?
Ці-ж дактыль і ямб у размове знайсьці?
А форма? Нідзе ня чуваная!
Паэзія ёсьць адхіленьне ад нормы,
Да простае прозы сапхнуць!
I музыку слоў, і складаныя формы,
I звонкіх радкоў самакруць –
З вышыняў Алімпу сапхнуць!
Ня трэба ні вобразаў сьмелых,
Ні вершаў з рыфмоўкай, ні белых...
Навошта? Мазгоў ня сушы!
Звычайны артыкул пішы.
 
Няўжо я ня дам сабе рады?
Ад цёмнай развагі і рады
Далей адыйсьці, каб ня чуць!
Я цешуся, іншаму рады.
 
Я рады, калі на радкі
Натхненьне кладзе свае знакі.
А часта ў жыцьці мастакі
Ня маюць ніякай падзякі.
За сьветлае слова, за песьню вясны
I голад і холад пазналі яны.
 
Паэзія – дзіўная музыка слоў.
Сапраўдныя з ёю паэты
Ідуць да высокае мэты,
Хвалююць у целе застыглую кроў.
 
Сягоньня і я ў мілагучнасьць ізноў
Падсыпаў свае самацьветы
I, восеньскім сонцам сагрэты,
Зьбіраю праменьне для музыкі слоў.
 
Праменьне ў сугучнасьць зьбіраю.
I шчырае слова я ў песьню бяру.
Сьпяваю я роднаму краю.
 
Хачу, каб зьвінела кантата
I ўсіх падымала высока ўгару,
Каб добра жылі і багата.
 
Паэзія – дзіўная музыка слоў,
Іграньне пачуцьцяў на ліры.
I голас прываблівы, шчыры:
Паэзія – дзіўная музыка слоў.
 
Жывымі радкамі кіруе любоў,
I тыя радкі – канваіры.
Паэзія – дзіўная музыка слоў,
Іграньне пачуцьцяў на ліры.
 
Няхай анамалія, нават ламаная,
А я на яе пазіраю з пашанаю.
З гарачай любоўю іду да яе,
Яна мне заўсёды і ўсюды пяе:
Паэзія – дзіўная музыка слоў,
Там моцна завязана сетка вузлоў.
 
Рандо, трыялеты, актавы, санэты,
Газэлі, туюгі складайце, паэты!
Прыгожыя формы бярэце,
Багатыя і дасканалыя.
Я з вамі ў раскошнай карэце,
Я і ламаная анамалія.
 
 
 
 
У вагоне
Электрацягнік – міжнародны экспрэс
Імчыцца ў чужыя краіны...
Я еду на скліканы мрояй кангрэс,
Вязу сакваяж і ўспаміны.
 
Найлепшы ўспамін у дарозе плыве:
Юнацтва. Гады маладыя.
Пляскатая кепачка на галаве,
Халявы на ботах рудыя.
 
Штаны-галіфэ, скураны паясок
На выцертай зрэбнай кашулі.
У торбачцы кніжкі і хлеба кусок...
Вось гэтак – мы шчасьце адчулі.
 
Я выбраўся ў горад. Тады мне было
Гадоў васемнаццаць, ня болей.
Пакінуў я родных і наша сяло,
Каб потым змагацца з нядоляй.
 
Вучыцца, вучыцца ў пашане людзкой –
Такая мая пастанова.
Хай кніга заўсёды ляжыць пад рукой
І чуецца добрае слова.
 
Ах, цёплая згадка! Я ў тым цягніку.
Засоп паравозік імклівы.
А я ў старых ботах і ў шарачку
Сяджу ўсхваляваны, маўклівы.
 
Сяджу я ў вагоне, у самым кутку.
На ўскраі кабета старая.
А побач другая – здаецца ўцяжку,
Старэнькая ёй патурае.
 
Насупраць мужчыны паселі шчыльней,
За курывам ладзяць гаворку.
Дзядок смокча люльку: мультан-самасей,
А іншыя кураць махорку.
 
Адна маладая сядзіць ля вакна.
Напэўна, мы з ёй адналеткі.
Прыгожая. У маркізэце яна,
На блюзцы – блакітныя кветкі.
 
*
 
Загуў паравоз. Тузануўся вагон.
Наўцёкі – бярозы і хвоі.
I сонца сядае за стромкі адхон,
І поле ў бязьлюдным спакоі.
 
Імчыцца цягнік праз вялікі абшар,
Спыняецца там, дзе паўстанкі.
А бабы ля вокнаў праносяць тавар,
Галосяць-крычаць: – Абаранкі!
 
Імчыцца цягнік. I ўжо ноч – наўздагон,
Іі ўжо на білеце засечка.
Трасецца і грукае грузны вагон,
Гарыць у ліхтарыку сьвечка.
 
*
 
Пад нагамі чахкаюць чыгунныя колы.
За вакном – цямрынь і зорны рух.
У вагоне жорсткім на паліцах голых
Сярод куфраў, клункаў, згорнутых дзяруг
 
Сьпяць спакойна людзі. Ціхае храпеньне.
Ад падлогі грук, ад шыбаў звон,
Разам з ліхтаровым неспакойным ценем
Гоняць сон.
 
У мяне бяссоньніца. Я сяджу на лаве.
З цёмнага кута праз каганцовы змрок
Мае вочы бачаць будучыню ў славе,
І здаецца мне, як быццам назнарок,
 
У махорачным навіслым дыме
Узьнімаецца нязьведаны настрой:
Шчасьце браць рукамі маладымі,
Той парой.
 
Не бярозка ўвосень – дзявочыя косы.
I даўгія! Гонар маладзіц!
Сумная суседка, гэтак мне здалося,
Праз вакно трымцелае ў немарэч глядзіць.
 
Пакваля адкінула русую галоўку.
Перастрэлка воч – яе, маіх.
Молат майго сэрца ў горне быццам змоўкнуў.
Што? Прыціх?
 
А пад нагамі чахкаюць чыгунныя колы:
– Яшчэ чакай, яшчэ чакай, ча-кай, ча-кай.
Не, не магу сядзець, як вучань школы,
І да дзяўчыны я сьмялей...
 
Няхай паблізу людзі – ім не да разгляду,
Дарожнай зморай аглушыў іх сон.
Ну, што з таго, калі бліжэй прысяду?
У гутарцы – прыстойны тон.
 
– Скажэце, калі ласка, скуль вы?
– З Слуцку. А еду... у Мазыр.
I загудзелі думкі пчольлім вульлем
І паплылі ля сэрца ўздоўж і ўшыр.
 
А не згадаць, пра што ішла гаворка.
Гарэла сьвечка. Нарастаў нагар.
У духаце прагорклая махорка,
У цемнаце цьвіў сарамяжы твар.
 
I гэтак шчыра – шэптам: – Мне сягоньня
Ня ведаю чаму, ня ведаю сама
Сардэчных словаў хочацца ў вагоне...
Ці дарма?
 
Пад нагамі грукат. У шыбах цемрадзь ночы.
Плача сіпла сьвечка ў ліхтары.
Заглянуў дзяўчыне я у вочы –
Родныя палескія бары.
 
Мне шаптала горача ласкавыя словы,
Хваляй косы падалі на маё плячо.
Я пачуў зьнянацку: вусны – весналовы.
Мілая! Харошая! Дзяўчо!
 
*
 
Галасьней лапочуць, прамаўляюць колы:
– Можа тут твой лёс, твая чарга...
Я ўбачыў, пазіраючы наўкола –
На сьцяне ліхтарык вокам мне міргаў.
 
I напоўніўся хатыль маіх пачуцьцяў
Шчэ адным уражаньня куском.
Думкі ўсьцяж над рэйкамі імкнуцца
Цягніком.
 
*
 
Гэтак было. Гэтак было.  Гэтак было.
Аж паўсотні гадоў мінула.
Было – адгуло. Імглой адплыло.
Але памяць праймае прачула.
 
Я схамянуўся. У люстры насьценным
Бачу сябе. Гэта я ці ня я?
Нават ня верыцца гэтакім зьменам:
Стынь сівізны і пахмурнасьць мая.
 
Пераключыў я электрасьвятло:
Сіні прамень праплывае.
Такога камфорту даўней ня было.
Раскоша якая!
 
Я ў мяккім купэ. Пазіраю ў вакно.
Там шпалаў і рэяк бяжыць палатно.
Даліны. Узгоркі. Тунэлі. Лясы.
Я сёньня шчасьлівы, а ўпотай няшчасны.
Сьпяваюць і ў радасьці плешчуць плюсы,
А мінусы глохнуць ад грукату часу.
 
Імчыцца экспрэс... Мяккім гулам цячэ
Ў падлозе калёсная песьня.
А згадка былога ня гасьне яшчэ –
Трыножыць, трывожыць балесьне.
 
Сьмяюцца, зіхцяць уначы ліхтары.
Ці сэрца заныла ў трывозе?
Ці вобраз аджыты, забыты, стары?
Мой роздум разьдзьмуты ў дарозе.
 
Хто тая дзяўчына? Ці твой ідэал?
Ці трэба сказаць асьцярожна, што гэта –
Твой першы юнацкі запал,
Якога забыцца ня можна.
 
Я ведаю: ёсьць захапленьне жыцьцём,
А ёсьць крывадушнасьць ухмылкі.
Сумленьне ня хоча дурэць з пачуцьцём,
Грахі памнажаць на памылкі.
 
На сьвеце ня ўсе крыкуны і хлусы,
Ня ўсе – злыя душы, пігмэі.
Ёсьць людзі высокай ідэі,
Прыхільнікі праўды, любові, красы.
На сэрцы цьвітуць архідэі.
 
*
 
Цяпер я гляджу задуменна ў вакно,
Там шпалаў і рэяк бяжыць палатно.
Мільгаюць будынкі, сады і слупы.
А сьвет той далёкі! Як прывід – сьляпы.
 
На чорнай чыгунцы ад даўняй пары
Сьмяюцца, зіхцяць сьветлякі-ліхтары.
Зноў прывід мінуўшчыны выбег... і – зьнік.
Імчыцца цягнік, мой імклівы цягнік.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.