РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Канстанцыя Буйло
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Курганная кветка
 
Вершы, драматычныя паэмы
1
То ня песьня...
То ня песьня мая так далёка ляціць,
Як хаўтурны той звон, гэтак шумна гудзіць, –
                      То ня песьня мая –
                      Не пяю гэтак я...
Гэта вырваўся енк з набалелай душы
I расплыўся кудысь сярод сумнай цішы,
                      І паплыў ён у даль,
                      І таіўся ў ём жаль;
                      Енкам ціхім паплыў
                      Між калосістых ніў...
                      То ня песьня мая –
                      Не пяю гэтак я.
Сваім болем глухім з дна душы ён людзкой
Зварушыў, спабудзіў рожных думачэк рой,
                      З імі зноў паляцеў,
                      Рэхам гулкім гудзеў,
Разліваўся ў далі між дрыгвы і балот,
То пад неба шыбаў, то кідаўся пад спод,
                      Аж расплыўся і сьціх,
                      Як пражыты той міг,
                      Што мігнуў у жыцьці
                      І прапаў ў забыцьці...
                      То ня песьня мая –
                      Не пяю гэтак я!...
 
 
 
 
На крыльлі песьні
Р. Т–о.
 
Ляту, нясуся ўзвыж, плыву па мягкіх хвалях...
                      Як добра, лёгка мне!
Гдзе я? Чырвонасьць зор, блакіт паднебнай далі
I сонца ясны блеск, і прозрыстасьць крыштальляў
                      Дрыжыць вакруг мяне.
 
Ляту, нясуся... Гэй, які абшар шырокі!
                      Як мгла – душа і грудзь.
Там дзесьці, ў даліне – чуць-чуць дагледзіць вожа –
Ляжыць яна – зямля... Так нізка, так далёка!
                      А тоны ў высь плывуць.
 
Мяне штось з імі рве, штось цягне страшнай сілай,
                      Якаясь моц нясе...
Што? – не згадаць ніяк – к жыцьцю ці да магілы...
I ведаць не хачу... Мне добра так, так міла
                      Ў высі нямой красе!
 
Ціха! Во штосьці ўкруг там дзіўна задрыжала,
                      А сэрцэ ў тон яму
Забілась моцна так... і біцца перэстала..
Дух змёр, а штось ў глыбі там глуха ныць пачала,
                      Штось мчыць у ніз думу.
 
То болю ціхі стогн прарваўся ў сьветлай песьні
                      І міма праляцеў,
I сэрца дрыгнула, і дух заныў балесьне,
I згінуў сон... Ізноў ў чароўны край прадвесьні
                      Мчыць душу дзіўны сьпеў!...
 
 
 
 
Ляці, думка...
Ляці, мая думка, ляці ты, галубка,
                    Ў далёкую даль –
У хмарку зьмяніся, стралою пусьціся
                    Між ветравых хваль.
 
Ў ягона ваконца праменьнямі сонца
                    Сьвятліста зірні:
Як час ён праводзіць, ці весела сходзяць
                    Ў жыцьці яго дні?
 
Здароўе як служыць, ці смуціцца – тужыць
                    Парою за мной?
А ясные вочы ці часам марочэ
                    Боль горкай сьлязой?
 
На ўсё угледайся, на ўсё прызірайся,
                    Усё зразумей...
Як будзе ён смутны, ты чарам магутным
                    Нуду ўсю разьвей.
 
Ў пасьцелі як ляжэ ды дум рой уражы
                    Гнаць стане ўсе сны:
Чарамі прадвесьня прапоўненай песьняй
                    Ты іх разгані.
 
I байкаю-казкай малёўны абразкі
                    Прад вочы стаўляй, –
Аб ясных дзён долі без жальбы, бяз боляў
                    На ліры іграй.
 
Як анёл бяз цела – дух ясны, дух белы –
                    За ім ты хадзі
I зоркай сьвятлістай, лучом прамяністым
                    Век цэлы цьвіці.
 
 
 
 
Каб я мела...
Каб я крыльле лёгкай птушкі
            Салавейкі мела,
Ў гай вясёлы, гай зялёны
            Я-б не паляцела.
Каб я мела голас звонкі,
            Голас салаўіны,
Я-б сьпеваці не ляцела
            На дрэўцаў вяршыны.
Я-бы с песьняй паляцела
            Ў горад той далёкі:
Там ёсць дом пануры, сумны,
            Цёмны і высокі.
На вакне закратаваным
            С песьняй-бы я села
I вастрожнікам нешчасным
            Сваю песьню-б пела.
Я пеяла-б аб свабодзе,
            Аб шчасьлівай долі
I забыліся-б пры песьні
            Яны аб няволі.
Галасамі дзіўных чараў
            Я-бы залівалась,
Лясоў нашых, ніў прывольле,
            Ўспомніць ім старалась.
I пад песьню маю думкі
            Іх-бы прасьвятлелі,
Твары радасным-бы сьмехам,
            Шчасьцем заясьнелі.
I не цяжкая была-бы
            Ім тады няволя,
Бо пад песьню яны-б сьнілі
            Аб шчасьлівай долі.
 
 
 
 
У лесе
Як я лесам іду – на душы пёгка мне:
          Я адна у лясной цішыне;
 
Аддыхаю душой. Тут, між елак, бяроз
          Не чуваць ані енкаў, ні сьлёз;
 
Тут між іх я люблю так хадзіць і хадзіць,
          Слухаць толькі што лес гаманіць.
 
Часам хочэцца птушкаю ў высь узляцець,
          Між зялёных галінак запець,
 
I шчасьліва пажыць, і ня відзець бяды,
          Што пануе ў людзей заўсяды.
 
Тут люблю я глядзець, як дубочэк с сасной
          Ціха шэпты вядуць між сабой;
 
Як з расою-сьлязінай бярозка адна,
          Якбы мужа схаваўшы жана,
 
Да зямлі валасы апусьціўшы стаіць,
          Чагось сумна і нудна шуміць...
 
 
 
 
Люблю...
Люблю наш край, старонку гэту,
            Дзе я радзіпася, расда,
Дзе першы раз пазнала шчасьце,
            Сьлязу нядолі праліла.
 
Любпю народ наш беларускі,
            Іх хаты ў зелені садоў,
Залочэные збожэм нівы,
            Шум нашых гаяў і лясоў.
 
Люблю рэку, што свае воды
            Імчыць ў няведамую даль,
I жоўтасьць берагаў песчаных,
            І яснасьць чыстых яе хваль.
 
Люблю вясну, што ў кветкі, ў зелень
            Прыстроіць цэлую зямлю;
На гнёздах буслаў клекатаньне
            І сьпеў жаўроначка люблю.
 
Люблю гарачу сьпеку лета
            І буру летнюю з дажджом,
Як гром грыміць, а ў чорных хмарах
            Маланка зігаціць агнём.
 
I восень сумную люблю я
            І першы звон сярцоў і кос
Як выйдуць жнеі збожэ жаці,
            А касары – на сенакос.
 
Люблю зіму з яе марозам,
            Што вокны прыбярэ ў вузор,
I белы сьнег, што ўсё пакрыўшы,
            Ірдзіцца блескам ясных зор.
 
Люблю ў пагодную я ночку
            Да позна на дварэ сядзець,
Сьлядзіць за зорачак дрыжаньнем,
            На месяц залаты глядзець.
 
Люблю, як сонейка заходзіць
            І берэг хмаркі залаціць,
Вячорнаго як голас звону
            К нам з ветру хваляю ляціць.
 
I песьню родную люблю я,
            Што дзеўкі ў полі запяюць,
А тоны голасна над нівай
            Перэліваюцца – плывуць.
 
Усё ў краю тым сэрцу міла,
            Бо я люблю край родны мой,
Дзе с шчасьцем першым я спазналась
            І з гора першаю сьлязой.
 
 
 
 
Да працы
О не кажы ты мне, што жыцьце надаела
I што на сьвеце жыць ня хочэш болей ты,
Бо ўжо ад мук жыцьця душа твая збалела,
А ў сьвеці столькі ёсьць гразі і цемнаты!
 
О не кажы, што ты ў жыцьці не маеш мэты
I што яе ніхто ў жыцьці сваім ня меў;
Павінна мэтай быць усіх шырыць прасьвету,
Усіх, хто цьму жыцьця убачыць ўжо дасьпеў!
 
Нам сьветачамі быць! У цемнаце ніводнай
Небачна зорачкі?... Мы будзем распаляць!
Да працы час, браты! Ніхто ніхай ня сьмее
Магутную руку бязсільна апускаць.
 
Да працы час, браты! Мы туманы развеем:
Бо, як ў пялёнках, ў іх наш сумны край ляжыць;
Каханьнем маладым мы дух яго сагрэем, –
Нізіны кіне ён і выжэй узляціць.
 
Да працы, гэй, браты! Мы з верай маладою,
С сэрцамі поўнымі мар сьветлых і агню
Мы сьвята выпаўнім жаданьне ўсесьвятое,
Аж злосьць адвечная пакіне нас, зямлю.
 
Аж больш ня будзе ўжо тых Каінаў на сьвеце,
Што ў братняе крыві маглі руку мачаць...
Як братняго каханьня сонцэ нам засьвеце,
Тагды ўжо па трудах мы пойдзем атдыхаць.
 
Цяпер да працы! Нам з адвагай і надзеяй
Ў сэрцах людзкіх дабра насеньне засеваць!
Да працы ўсе браты! Ніхто нехай ня сьмее
Магутную руку бязсільна апускаць!
 
 
 
 
*  *  *
Ціхім гоманам гордых вяршын,
Шэпатаньнем зялёных галін
          Лес адвечную казку казаў;
Казкі той зразумець не маглі
Птушкі, што у ём гнёзды вілі,
          Ані вецер, што там пралетаў.
 
Казку ту зразумеў чэлавек:
Лес казаў пра даўнейшы той век –
          Ён гісторыю пеў старыны,
Што была таму сотні гадоў,
Аб жыцьці-быцьці нашых дзядоў –
          Як і дзе пражывалі яны.
 
Ён аб войнах крывавых казаў –
С кім і дзе прадзед наш ваеваў, –
          Пеў аб долі-нядолі яго;
Ён аб веры яго гаварыў:
Ў што той верыў, каго другам быў
          I за ворага меў ён каго.
 
Ціхім гоманам гордых вяршын,
Шэпатаньнем зялёных галін
          Лес казаў пра ад'жыты ўжо век,
I хоць казкі спазнаць не маглі
Птушкі, што у ём гнёзды вілі,
          Яе ўсю зразумеў чэлавек.
 
 
 
 
*  *  *
Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй
            Выплыў месяц пурпурна-крывавы;
Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў,
            Прытрымаўся над соннай дубровай.
 
Між адвечных дубоў асьвяціў рой крыжоў,
            У высокай траве прытаіўся;
Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж,
            То малюнкам на небе лажыўся.
 
Ціш усюды – спакой... Над званіцай старой
            Звон зыклівы раптоўна раздаўся;
Разам з ім – пад дубом – над старым курганом
            Трэснуў камень і з гукам распаўся.
 
І ад дзіваў такіх вецер змёршы заціх,
            Месяц хмаркаю ў небе закрыўся;
С-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі, –
            Во адзін з іх к крыжу дрысланіўся.
 
У мазолях рука – верны знак мужыка,
            Сьвецяць дзіўным агнём яго вочы;
I з грудзей гукнуў кліч: «Брацьця! ўсе, хто тут сьпіць!
            Брацьця, ўстаньма усе гэтай ночы!
 
Сярод ніў ды палёў хараводаў-кругоў
            Мы натворым, успомнім былое;
Песьню так завядзём, як тады, як агнём
            Ў нас кіпела жыцьцё маладое.
 
Хай-жэ песьня ляціць, хай жэ песьня гудзіць,
            Разальецца па долах, па нівах!
Нашай песьні такой не чутно с пары той,
            Як ляглі мы у цёмных магілах.
 
Прахадзілі гады, заціралі сьляды,
            Заціралі сьляды нашых сьпеваў;
Над разлогамі ніў іншы голас паплыў, –
            Сьпеў чужы плыў над нашым засевам.
 
Брацьця! Ўсе, чым хутчэй хай з магілы сваей, –
            Брацьця, кожны на сьвет з вас выходзе!
Мы ім песьню сьпяём, песьню зычну, як гром;
            Ў ёй раскажэм аб нашым народзе.
 
Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым,
            Расплылося у віхравай хвалі, –
Тую славу-пачот, якой слыў наш народ,
            Ды ўсё злыдні яму паскрывалі.
 
Каб ніводзін із іх не чураўся сваіх
            Рук пакрытых карой мазалістай;
Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў
            Не чураўся ў хацінцэ айчыстай.
 
Хто зямлі гэтай сын, ўстаньце ўсе, як адзін!
            Гэй, раздайся ты, песьня ўдалая!
Хай твой зык паплыве, дзе народ наш жыве,
            Долю-мачыху дзе праклінае.
 
Як забыўся пеяць, ўмее толькі стагнаць;
            Песьні болем яго налітые.
Хай-жэ зычны наш сьпеў ўспомне ўраз, неўспадзеў
            Яму прошласьці дні залатые».
 
Чуць могутны прызыў да магілаў даплыў,
            Разамкнуліся мігам магілы;
С-пад раскопаў зямпі цені шпарка ішлі
            Хараводам між крыжаў пахілых.
 
Зычны родны напеў з іх грудзей паляцеў,
            Словы радасьцю дзіўнай пеялі;
К волі, к шчасьцю прызыў гдзесь над сёламі плыў
            Рассыпаючысь рэхам у далі.
 
I замоўк дзіўны хор. Плыла песьня ў прастор,
            Тоны доўга ў паветры зьвінелі;
Прадзядоўскі напеў над палямі ляцеў,
            После сосны аб ім ліш шумелі.
 
 
 
 
Звон
Ахвярую Януку Купале
 
Ён плыў над палямі з ветранаю хваляй,
            У даль пранасіўся, ляцеў,
Там рэхам гулкім над лесамі раздаўся,
То ціх, заміраў, то ізноў калыхаўся
            Ў паветры і зычна гудзеў.
 
Зноў зважна, свабодна ляцеў над палямі,
            Над нівамі, сёламі плыў.
А гукі яго дзіўнай нотай дрыжалі
То якбы ў задуме, то якбы у жалі,
            То зноў якбы громкі прызыў.
 
Ён зваў да жыцыця і да лепшае долі
            Ўсіх тых, хто йшчэ цьвёрдым сном спаў, –
I сну заклятога апалі аковы,
I ўстаў народ цэлы і ўстаў якбы новы,
            Да новаго жыцьця устаў.
 
 
 
 
Ці помніш ты?...
Скажы мне, ці калі ў чужой зямлі далёкай
Успамінаеш ты край родны, сумны свой?
Ці часта к нам адтуль ты думкамі шыбаеш,
            Да нас ляціш душой?
 
Ці помніш Беларусь, дзядоў тваіх зямельку,
Дзе дзецтва тваяго час хутка праляцеў?...
Ці помніш дом бацькоў, за домам – сад зялёны,
            Як ён тады шумеў,
 
Як мы с табой па ім хадзілі, ты казала:
«Пайду я у чужыну шчасьця пашукаць»,
А ён так зашумеў, якбы заплакаў з жалю,
            Ці не хацеў пускаць?
 
А песьню родную ці помніш на чужыне,
Так сумную, як доля бедных мужыкоў?
О, колькі стогну там, жальбы душы збалелай
            Пачуеш з яе слоў!
 
А вёскі помніш ты пакрыўленые хаты,
Ўсе зелевьню садоў прыбраны, як вянком;
Руччэй, што стужкаю спаясаў сенажаці
            С песчаным берагом?...
 
А лес ці помніш ты на ўзгорачку за вёскай,
Што часта так у цень ад сонца нас хаваў,
I слухаў нашых дум і сьветлых мар дзявочых
            I штосьці ўсё шэптаў?...
 
Ці помніш гэта ўсё ў чужой зямлі далёкай?
Наш цёмны, бедны край, дзе столькі ёсьць бяды,
А ўсё ж-ткі мілы нам, бо ўсё у ім тут наша...
            Край гэты помніш ты?
 
 
 
 
Ноччу
Месяц чырвоны, як кроў,
Над полем сонным ўзышоў;
Цішком як злыдзень цікаўся, –
Цераз ручай пераплыў,
Аж на даліну узбрыў,
Пад гушчу лесу прадраўся...
Блескам сваей твары ўсей
Кінуў ў разлогі палей,
На цушчу чорных курганаў,
На груды камней сівых, –
Пералічыў іх усіх,
Пад кожны кусьцік заглянуў;
Ці то ён штось погубляў,
Ці то чагосьці шукаў,
Сьвецючы сам сабе ў ночы,
Ці моцай скрытай лучоў
Зваў ў хараводы цянёў,
Каб чым парадаваць вочы...
Гдзесьці ў далёкай далі
Ветры парывам ўзнялісь,
Туман над рэчкай скруцілі
Ў адзін загналі безлад,
Круцячы – там, то назад,
Ў поле клубамі кацілі.
Лес шапаціў ўсё аб чымсь,
А па-над лесам, як дым,
Пара ўзнялась з верхавінаў...
Раптам раздаўся гдзесь трэск
Сухай галіны і плеск
Крыльля, і зноў сьціх, загінуў...
Ў вочы савы гдзесь сляпой
Ўбіў месяц ясны луч свой...
Ў гушчы збудзілась начніца,
Воўк у імшарах завыў.
I кроўю вочы наліў
Вылезла з дрэва куніца;
З млына над чорнай вадой
Піскучых кажаноў рой
Высыпаў – трэпле скрыдламі.
Да тонкай вольхі прынік,
Ўстаўшы са дна, вадзянік,
Ўпіўся ў русалку вачамі...
Ў вёсцы сабака завыў –
Ўчуў, што ў аўчарню забрыў
Воўк с сваей жонкай ваўчыцай...
· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·
А над ўсім вокал царыць,
Ўсё пастараўшысь прыкрыць,
Ночка – цямроты царыца!...
 
 
 
 
Хаўтурны звон
Заенчыў, заплакаў з званьніцы
Стары ўжо і трэснуўшы звон, –
Абвесьціўшы сьмерць чэлавека,
Маліцца сазваў усіх ён.
          За белай сасновай труною
          Грамадне суседзі ішлі;
          Труну у магілу спусьцілі,
          Сыпнулі па жменьцэ зямлі.
Тут сон, тут спакой яму вечны,
Тут будзе прытульна ён спаць,
Па працы, трудох і цярпеньнях
Да суднаго дня спачываць.
          Спакою яго не нарушыць
          Плач жонкі, галодных дзяцей;
          Ня вырвецца гора енк цяжкі
          С худых і збалелых грудзей.
Сьпі, бедны зямлячэ! Не раз ты
Праз цэлую ночку не спаў,
А зморэны, потам абліты,
Мазольна на хлеб працаваў!
          Ніхто і нішто не стрывожэ, –
          Тут будзеш як камень лежаць;
          Над крыжам магілкі забытай
          Зляціцца рой птушак сьпеваць.
Сьпі! Дай ты рукам атпачынку:
Дабра шмат зрабілі яны,
Хоць больш ты не маеш награды,
Кром гэтай сасновай труны.
          Нядоўга ўсе мы там паляжэм
          У гэтых магілах сырых;
          Сьпі, бедны землячэ! нядоўга
          Пасьпіш без суседзёў сваіх!...
 
 
 
 
Лебядзіная песьня
Плыла яна, лілась як громы, так магуча
С прапоўненых грудзей, с прапоўненай душы;
Як ветры, лёгкая, як буры, так кіпуча
Прамчалася кудысь ў пустынные цішы.
 
Мільёны тонаў там, у песьні тэй спляліся:
Любоў, ненавісць, гром, агонь і бура ўраз.
Той з чыйх грудзей такіе зыкі паліліся,
Раз першы у жыцьці пеяў, ды ўжо ў вапошні раз?
 
I змерлі тоны гдзесь ў пустыннай сумнай далі
Бяз рэха расплылісь ў няведамым краю
І горны вецер там высока ўскалыхнулі...
А лебедзь?... Ён умёр, сьпеяўшы песьнь сваю...
 
 
 
 
*  *  *
Ноч позная. Вецер гудзіць, завывае,
          Так жаласна-сумна шуміць;
А мне сэрца з болю ў грудзях замірае,
          Душа так страшэнна баліць!
 
О, вецер! ты плачэш, ды ты йшчэ шчаслівы,
          Свабодны ляціш у прастор;
Заенчыш – спагадна шумяць, стогнуць івы,
          І плачэ с табой сівы бор.
 
О якжэ-б с табою ляцець я хацела,
          Пакінуць і сьвет і жыццё!
С табой я летала-б, с табой-бы гудзела,
          Жаль зліўшы ў тваё у выццё.
 
Мы-б ночкай насілісь ў шырокім абшары
          Праз выдмаў вялікі разлог,
Праз пушчы лясные, балоты, імшары,
          Гдзе-б толькі забрацца ты змог.
 
Ў выццё тваё, вецер, зліла-б мае стогны,
          І выў бы ты болем маім, –
Мо сэрцэ людзкое спагадаю дрогне
          Над болем вялікім такім.
 
Тады не адна я ўжо буду з думою,
          Што цёмнае ночкі чарней...
Вазьмі мяне, вецер, летаці с сабою,
          Спагады шукаць у людзей!
 
 
 
 
Я шукала...
Я шукапа цябе міды мой ўжо даўно, –
Я шукала цябе выглядала,
Вось такога, як сьніўся ў дзявочых мне снах,
Хоць тагды я цябе йшчэ не знала!
 
Хоць ніколі цябе йшчэ не бачыла я, –
Ты мне сьніўся што ноч такі самы,
Як цяпер вось стаіш поўны дзіўнай красы
С прамяністымі ўзгляду лучамі.
 
Ты мне сьніўся што ноч – такі пекны, як бог,
Твае вочы так мягка ясьнелі,
I здавалася мяе, што то анял сьвяты
Прыбыў сон мой сцярэгч у пасьцелі...
 
Дай руку мне – будзь братам маім дарагім,
Пойдзем разам жыцёвай дарогай,
Мо тады чуць ня будзем так моцна цярнёў
Што капечаць безжаласна ногі.
 
Хадзі, пойдзем па гэтай пуціне вузкой –
Нам гасьцінец аткрыецца біты,
Тканы золатам кветак, брылянтаў расой,
Траўкі шоўкам зялёным расшыты...
 
Дай мне руку! З дадоняй ў тваей далані
Сэрцэ с сэрцам, а душа з душою
Пойдзем, моцные сілай каханьня свайго,
Мы жыцёвай дарогай – красою!
 
 
 
 
Ў краіне мар
Ў краіне мар паднебнай далі,
Гдзе зоры сьвет ракой лілі,
Ў праменьнях сонца мы спаткалісь,
Не знаючы ешчэ зямлі.
          Я помню гэтае спатканьне,
          Пагляд гарачы помню твой
          Ясьнейшы зоркі залатой,
          Што мне ў душу уліў каханьне.
I ў божы дом шлі мы с табою –
Рука ў руку, душа з душой;
Блакіт ясьнеў над галавою,
Пад ногі ліўся сьвет ракой.
          А дружкі-зоры штось пеялі
          Аб шчасьці вечнаго каханьня;
          З далін зямлі на прывітаньне
          Нам кветкі пах свой пасылалі.
I сам нас Бог тагды зьвенчаў.
Ды ёсьць такі закон у Бога,
Што, хто цярпеньня не дазнаў,
Ня знойдзе к шчасьцю гдзе дарога.
          І душы ў цела прыадзеты
          К жыцьцю зямлі ён прысадзіў
          І на ўвесь час той разлучыў
          Каханьнем дзьве душы сагрэты ..
С тых пор нам сэрцы крывёй льюцца..
Што-ж  зможэ гэты боль уняць
Двух душ, што вечна к сабе рвуцца,
Ды пут ня могуць разарваць,
          Пут цела, што іх тут скавалі
          І разлучылі іх с сабой?!...
          · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·
          Боль гоне сьлязу за сьлязой,
          А шчасьце ціха зьяе ў далі.
 
 
 
 
Помніш вечар?...
Помніш вечэр: с табою мы ў чоўні былі,
І па возеры сонным плылі;
Месяц круглы з блакіту на нас пагледаў,
Залацістые косы ён путаў і рваў
Ў хвалях вод, што за чоўнам ішлі...
 
На душы нам так сьветла, так ясна было –
Мы шчасьлівы былі... Ты пакінуў вясло
І падняўся з руля, і сеў побач мяне,
І па соннай, гладкой вадзяной раўніне
Ціхім ветрам нас лёгка нясло...
 
Нам с табой не хацелась тагды гаварыць:
Мы баяліся возера с сну разбудзіць.
Маю руку ў свае ты даволі узяў, –
Лёгка сьціснуў і сьціха - ледзь чутна сказаў:
Праз жыццё гэтак будзем мы плыць!
 
Ізноў змоўк... Месяц з неба так ясна сьвяціў, –
Сваім блескам ваду ён усю залаціў,
А лазняк малады, што так рос над вадой,
Шэлясьцеў і шумеў і ківаўся над ёй,
Якбы нешта усё гаварыў.
 
Якбы думу сваю хвалі соннай шэптаў,
І галінкі свае ў вадзе яснай купаў.
Раптам вецер аднекуль шальны наляцеў,
I трывожна і громка лазьняк зашумеў...
– «Будзе бура», – ты ціха сказаў.
 
С шумам хмара з-за лесу йшла з ветрам на нас;
Ў небі бліснуў маланкі агонь і пагас,
А віхор на вадзе закруціў-зашумеў,
А на небі ўжо гром раскаціўся – грымеў,
Ў хвалі кідала лодку і нас.
 
Ты ж весла ухапіўся і сьмела устаў;
Лодку кідала, гнала - ты сьмела стаяў!
Хвалі гнаные ветрам стагналі, раўлі,
С плескам брызгалі ў лодку і далей плылі;
Ты ня дрогнуў – стаяў – веславаў...
 
І здавалася мне, што ты бог над вадой;
Не баялась я буры, бо ты быў са мной.
Ты прыгнуўся, спакойна руку маю ўзяў
I, заглянуўшы ў вочы, мне з моцай сказаў:
– «Будзь спакойна: я – тут, я – с табой»...
 
Хоць нас вецер шалёны на хвалях насіў
І хоць човен ён гнаў, і кідаў, і круціў, –
Ані разу ад страху ня дрыгнула я,
Бо ў руках у тваіх рука была мая,
Бо ты, мілы, са мною там быў!..
 
 
 
 
Чаму?...
Скажы, мілы, чаму –
                      Толькі гляну я ў вочы твае –
Мне здаецца, што ноч прад сабою я маю?
Так глыбокі яны, як яна,
                      І так ясны, як зоркі яе.
Ажно часам я вочы свае прыжмураю...
 
Скажы, мілы, чаму
                      У глыбокае іх глубіне,
Як на кніжцэ патчас – так чытаць я гатова?
Уся глуб твайго сэрца у іх
                      Чорна-ясным атсьвеціцца дне,
Адабьецца ляпей і ясьней, як у словах...
 
Чаму с сілы усей
                      Часам хочэцца мне закрычаць:
Не глядзі – адвядзі ад мяне свае вочы!
Бо ўсё тое, што часам у іх
                      Мне удасца ўглядзець, прачытаць,
То мне разум, душу і ўвесь сьвет замарочэ?...
 
Не глядзі!... Я – ў сваю,
                      Ты ў сваю у старонку пайдзём;
Мы – чужые, чужымі і будзем век цэлы,
Хоць твой ўзгляд, як-бы бондар які,
                      Усе думкі мае абручом
У адзін круг скаваў, круг чароўны і цэлы...
 
Будзь здароў-жэ цяпер! –
                      Я іду – ўжо пара мне ісьці!
Не глядзі – ўжо і так душа поўна табою...
То, што ў сэрцэ ты мне зараніў,
                      Як той сьветыч – у цёмным пуцьці
Вудзе вечна ісьці і сьвяціць прада мною.
 
 
 
 
Дзяўчына
Ўжо сьвечка пагасла, ўжо ноч за вакном...
Ў пасьцелі мне душна, ня сьпіцца...
О сон! Ты самкні мае вочы скарэй,
Мо мілы сягоньня прысьніцца!
 
Гадзіны ідуць, я ў пасьцелі ляжу,
I сон не змыкае мне вочы,
А месяц праз вокны лье сьвет залаты,
Малюнкамі сьцены залочэ...
 
Устану с пасьцелі, вакно атчыню, –
Мо вецер, што ў полі гуляе,
Мне скажэ, што робіць мой мілы цяпер, –
Мяне як даўней ці кахае?...
 
У небе спакойна так зоркі дрыжаць,
А ветрык лісточкам шапочэ;
Запеў салавей звонкай трэльлю сваей, –
Заплачэ, то зноў зарагочэ...
 
I ветрык, і зоркі, і месяца сьвет,
I звонкая трэль салаўіна,
Здаецца, што гэта гукае ўсё мне:
– «Цябе ён  кахае, дзяўчына»...
 
А ночка халодпа: ўжо чую, як мне
Дрыжаньне пабегла па целі;
Іду ўжо, лажуся у цёплай маей
I мягкай і белай пасьцелі...
 
· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·
 
Заснула дзяўчына, а месяца сьвет
На вочы і вусны лажыцца.
Праз сон штось сьмяецца дзяўчынка мая;
Відаць, што ўжо мілы ей сьніцца.
 
 
 
 
Не магу...
О не, я не магу, ў мяне ня хопе сілы
Вырваць з душы маей і с сэрцэйка майго
Маю любоў к табе, твой вобраз дзіўны мілы...
О не, я не магу, – ня вырву я яго!
 
На мысьль адну аб тым ад болі сэрцэ млее
На што-ж, нашто было цябе мне палюбіць?
Тваей быць не магу – на то нема надзеі, –
А без цябе... О не, я не магу так жыць!
 
За твой пагляд адзін ўсё аддала-б на сьвеце –
I славу, і пачот, і шчасьце у жыцьці...
Пазволь апошні раз на цябе паглядзеці,
Пацалаваць цябе, а потым памярці!...
 
 
 
 
Як я цябе люблю...
Як я цябе люблю, – хай скажэ гэта морэ,
Што у грудзях маіх бушуе, – хай гаворэ
Аб гэтым сэрцэ, што паглёд тваіх вачэй
Сон прабудзіў яго, аж дрогнула сільней
 
І так забілася, як птушачка у клетцы,
Што вырвацца з грудзей хацела ўжо здаецца...
Як я цябе любпю, – хай скажэ салавей,
Што ночкамі пеяў над галавой маей;
 
І ночкі гэтые – бяссонные ўсе ночы, –
Што да цябе нясьлі рой дум маіх дзявочых,
Як ты далёка быЎ – далёка ад мяне...
Хай скажуць зорачкі ў блакітнай вышыне,
 
Што там, вось, як цяпер, дрыжэлі, мігаталі,
А мне здавалася, што нешта ўсё шэпталі,
А ты тагды на іх глядзеў, і з вышыны
Пагляд твой да мяне зверталі стуль яны...
 
Як я цябе люблю, – не скажуць толькі людзі,
Бо змогуць-жэ яны заглянуць там – у грудзі,
Убачыць сэрца глуб – агнёў каханьня морэ,
I зразумець, аб кім, бушуючы, гаворэ...
 
 
 
 
Ізноў спаткалісь мы...
Ізноў спаткалісь мы, ізноў сышлісь дарогі,
                      Ізноў я прад табой
З балючым сэрцам, дзе сабралась смуткаў многа,
                      Са змучэнай душой.
 
Нехай-жэ пры грудзях тваіх я выпью сьлёзы, -
                      Аткрыю хай душу;
Што сэрцэ абвіло вянком калючэк рожы, –
                      Усё нехай скажу.
 
Паслухай – хоць цябе ўсё гэта можэ знудзе –
                      Нявесялы мой сказ –
Дай, выказаць усё, – мне гэта можэ шчасьцем будзе
                      У жыцьці без прыкрас.
 
Дай выказаць усё, і чуткаю душою
                      Душу маю сагрэй,
I будзе мне лягчэй пуцінай йсьці крутою,
                      Жыць будзе мне лягчэй!
 
 
 
 
Не глядзі
Не глядзі на мяне... Маё сэрцэ так бьецца, дрыжыць;
Твае вочы ў крыві у маей запаляюць агонь,
Ты глядзіш на мяне – без цябе мне ня хочэцца жыць,
А с табой не магу, – не магу жыць ніколі с табой!
 
Не глядзі! Твае вочы ясьнеюць, як неба у дзень,
Якбы зоркі у небе – так ясна, так мягка блішчаць;
Мой пагляд у іх тоне, бы ў той у марской глыбіне...
Не хачу ўжо глядзець, а вачэй не магу адарваць.
 
Не глядзі! Ты глядзіш, а тады так хацелася-б мне
Мой распалены твар да грудзей да тваіх прытуліць
I глядзець ў твае вочы ўвесь век і на яве, і ў сне..
Не хачу... А цябе не магу, не магу не любіць!
 
 
 
 
*  *  *
Не хачу я нічога казаці табе,
Бо баюся што ў словах маіх
Выліецца каханьне маё для цябе,
Што усё зразумееш ты з іх.
 
Не хачу я глядзець, каб з маіх ты вачэй
Тайны сэрца майго не згадаў,
Каб паблеск іх таёмных, гарачых лучэй,
Як цябе я люблю – не сказаў.
 
Я каханьне маё пахаваю ў душы,
Спакой сфінкса на твар налажу,
I хоць сэрцэ ад болю сканае ў грудзях,
Я нічога табе не скажу.
 
А калісь, як на вечны спачын адыйду,
I земля як пакрые мяне,
Ніхай вецер з магілы маей паляціць
I слоў колькі табе пашапне.
 
Хай зязюля вясной кукаваньнем ў гаю
Аб любві табе кажэ маей,
Хай гавораць аб ёй кветкі пахам з лугоў
I пеяньнем сваім салавей.
 
 
 
 
Памятны дзень
З лет даўнейшых маіх помню дзень я адзін:
          Весна была, скаўроначак пеў;
Каля ног серабрыстая рэчка плыла,
          А над ёй лазьняк ціха шумеў.
Я – дзіцяцяй ешчэ – чуць падросткам быяа, –
          Шоў петнадцаты год мне тады;
У той дзень я над рэчкай вяночкі віла,
          Прыгледаючысь ў люстры вады.
Поўна сетка мая ўжо была матылькоў,
          Вянкі пышнай лежалі гурбой,
Прымерала я іх, сьмяючысь як дзіцё...
          Ты зьявіўся тады прада мной.
У той памятны ясны і сонечны дзень,
          Як цябе толькі ўбачыла я, –
Ўраз прапапі на век жывасьць гуляў маіх
          І дзяцінная ўцеха мая.
Як-бы Бог хараства, ты стаяў прада мной
          С сьмелым поглядам дзіўных вачэй;
Многа новых, незнаных мне дум пабудзіў,
          Сэрцэ білась сільыей і сільней.
Посьле, помню, як лета ўсё ў міг нам прайшпо;
          Часта мы спатыкалісь с табой, –
Я любіла цябе усім сэрцам маім,
          Усей сілай душы маладой.
Прышла восень с сумлівым халодным дажджом,
          Туманамі зямлю спавіла,
Птушкі ў вырай пачалі усе вылетаць;
          Нам расстацца пара падыйшла.
I рассталіся мы, і рассталісь с табой...
          Як? – Ня помню – надарма пытаць...
Адно толькі с тых пор болей я не магу
          Па дзіцячаму пець і гуляць.
 
 
 
 
Адна
Адна, ізноў адна, як колас той у полі
Не сьцяты ў час жніва нагострэным сярпом,
Зламаны ветрамі гулячымі на волі
Між апусьцелых ніў, спалосканых дажджом.
 
Адна, ізноў адна... Тужліва сэрцэ ные.
Наўкола пуста, глуш... Ноч цёмная стаіць.
А за вакном віхор так жаласьліва вые,
Якбы сканаць ня мог, няхочучы больш жыць.
 
I сумна, сумна мне. Дзе-ж той каго любіла?
Дзе-ж тые, што мяне любілі так даўней?!...
Адны забыліся, другіх ўзяла магіла...
I жаль мне прошлых мар, шчасьлівых шкода дней.
 
Адна, ізноў адна... А вецер думцы ўторыць
I стогнамі мяне ўцешае ён сваймі:
– Я – брат табе, я друг, мне стогнучы гаворыць,
Адзін нас ломіць боль - дык плачмо-ж разам мы!...
 
 
 
 
Кветкі
Гляджу на паблекшые рожы лісткі,
Што зьвяўшы лежаць прада мной,
I сэрцэ сьціскае боль нейкі цяжкі,
Туманяцца вочы сьлязой...
            Ёсьць дзіўная сіла у гэтых лістках:
            Чуць толькі я гляну на іх –
            Мне прошласьць яны ўспамінаюць на міг,
            І тону ў чароўных я снах.
I сумна мне вельмі, што гэтые сны
Так скора прасьніла ўсе я,
Што болей ня верніцца зноў да мяне
Сьветляная прошласьць мая.
            Тагды йшчэ ў душы маей вера жыла,
            Было шмат у сэрцы надзей;
            Свабодная сьветлаю думкай маей,
            Высока шыбаць я магла.
Сягоньня... Сягоньня таго ўжо німа,
Сягоньня я с смутнай душой,
Як тая, пакрытая слоем дзерна,
Магіла с сваею труной...
            Хоць траўкай вясною адзенецца зноў,
            Хоць кветкі красуюць на ёй, –
            Мы-ж знаем, што ў нутры шмат толькі чарвей,
            Што трупа скрыў пекны пакроў.
А я у магілу схавала сваю
Вялікі гроб вечны – душу;
У ём пахавала ўсю прошласьць маю –
Ўсё гэта ў сабе я нашу.
            Сягоньня хоць сьмех мне на вуснах дрыжыць,
            Хоць гляну патчас весялей, –
            То ўсё толькі кветкі магілы маей,
            Што хочуць нутро ў ёй прыкрыць.
 
 
 
 
Шэрая гадзіна
Зьмеркаецца. Люблю я вельмі гэты час...
Ўжо сонцэ скрылася за лесам, за гарою,
Зямлю апошні луч цалуе ешчэ раз,
Ноч заручаючы цалункам тым з зямлёю.
 
Спавіўся мглою сумнаю увесь абшар;
Бярозка шэпчэцца с чырвонаю калінай,
Па небі сунуцца грамады сонных хмар,
Туманы сьцелюцца над мокраю далінай.
 
На неба месяц залаты за хмары ўзлез
I з вышыні сваей зямлю ўсю агледае,
Таёмна шэпаціць аб чымсь пажоўкшый лес
I жудасьць нейкую на душу наганяе.
 
А мары так тады лятуць-лягуць з душы,
А з імі і яна у сьвет незнаны рвецца,
I страшысся чагось ў паўцёмнае цішы,
То зноў за чымсь тужыш... Ляцела-б гдзесь, здаецца...
 
То раптам хочэцца – да болю – памярці,
Што хоць ты зараз тут вазьмі ды конч с сабою
Дый з будучыні гдзесь надзея заблішчыць
I запануе ўраз над сьмелаю душою.
 
I с смуткам неякім ізноў глядзіш у даль,
Штось там ў глыбі душы зварушыцца, здаецца,
Ды зноў замрэ... Ў грудзях ўставае нейкі жаль,
А сэрцэ беднае так хутка-хутка б'ецца.
 
 
 
 
У бяссонную ноч
Ляжу я бяссонна у цёплай пасьцелі,
          Вачэй не змыкае мне сон, –
А думкі снуюцца, як нітка с кудзелі,
          А толькі ня сьветлы, як лён.
 
Мне сумна. Ноч цёмна. Віхор за вакнамі
          Нуду навевае шуміць;
Бярозка малая сваімі лісткамі
          У шыбы ўсё сьцішна гручыць...
 
Мне страшна!... Мурашкі пабеглі па целі...
          На яве ўсё гэта, ці ў сьне?!...
Во, цені нясуцца... лятуць, праляцелі...
          Патходзяць... ідуць да мяне!!!...
 
Іх целы правідны, як мгла над палямі,
          I ў сьлед ім дым чорны ляціць;
Зялёные вочы іх сьвецяць агнямі,
          Агонь пад нагамі гарыць...
 
Во! зьбіліся ў кучу, бяруцца за рукі...
          Во! круцяцца, ўюцца, лятуць...
Пакрыўлены твары іх з болю і мукі.
          Во! песьню пачалі, пяюць:
 
– «Хоць цяжка у цёмных магілах нам быці,
          Хоць грудзі гніюць пад зямлёй
Ізноў туды пойдзем, ня хочэм так жыці,
          Там лепш у магілі сырой»...
 
Лятуць... Праляцелі і слоў іх ня чутна,
          Здалёк толькі голас зьвініць;
Лятуць у магіпу, бо жыць так гаротна
          Як мы – дык неварта каб жыць!...
 
 
 
 
Мне сьніўся сон
Мне сьніўся сон,  што ты у нас,
Што ня чужы мне, як даўней,
Пагляд тваіх жывых вачэй
Вярнуў надзею мне йшчэ раз.
 
          Ізноў шчасьлівай я была,
I сэрцэ радасна так біла...
Ў душы маей была весна,
Бо ты са мною быў, мой мілы.
 
 
 
 
Рана
О, не кажыце вы, што рана загаілась,
Што меней кроў яе ўжо аблівае:
Хоць сьлёзаў не відаць, ды енкі не спынілісь;
Хоць часам нават сьмех на вуснах заіграе, –
 
Глыбокая яна – згаіцца ёй няскора...
Недатыкайцеся-ж небачнымі рукамі,
Бо хоць і змоўк вулькан, застыла лавы мора,
Нутро яго кіпіць гарачымі агнямі!...
 
 
 
 
Над сьвежай магілай
Памяці таварыша Станіслава Станюлевіча
 
С сьвежых лісяцеў чуцьця упляту я вянок
          І злажу на магілу тваю;
Перэвяжэ яго дум жалобных маток,
          Што апутаў душу ўсю маю.
 
На магіле вянок вечна сьвеж будзе мой,
          Вечна зелен там будзе лежаць;
Ён ўхарошыць твой гроб сваей вечнай красой,
          Ён сны будзе табе навеваць...
 
Сьпі, мой браце, спакойна! – Дарога жыцьця
          За крутая была для цябе;
Луч ідэі пагас, паў сярод ты пуцьця,
          А ніхто не памог у жальбе.
 
А ніхто рукі братняй табе не падаў, –
          Ты адзін быў ды цемра укруг;
Сьветач ў перадзі згас, і бязсільна упаў
          Твой збалелы замучэны дух.
 
Сьпі, мой брат малады! У грабовай цішы
          Ніхай будзе спакойны твой сон;
Не баліць ужо сэрцэ, – спакою душы
          Ўжо ня муціць больш бліжняго стогн.
 
Сьпі, мой брат малады. – Мой бяссмертны вянок
          Я злажу на магілу табе;
Перевяжэ яго дум жалобных маток,
          Што над ёю кружацца ў жальбе.
 
На магіле вянок вечна сьвеж будзе мой,
          Вечна зелен там будзе пежаць;
Ён ўхарошыць твой гроб неувяднай красой,
          Ён сны будзе табе навеваць!
 
 
 
 
Ноч
Ноч. Месяц на небі пурпурна-чырвоны,
          Панура так зоры гараць,
А вецер летае, гудзіць, як шалёны,
Штось гоніць, штось круціць, рве с стрэхі салому,
          Будыніны глуха трэшчаць...
 
Стрэляючы голымі, ў верх галінамі,
          Лес пошумам страшным шуміць,
Ў вяршынах лясун разгуляўся з ведзьмамі,
То розгу ў іх кіне, то сыпне лістамі,
          То рогатам дзікім сьмяшыць.
 
На рэчцы ля млына, атпёршы засовы,
          Сівы вадзянік устае
I з гукам з дна рэчкі пясок ён жвіровы
Нясе, насыпае у колы жарновы
          І, мелючы, дзіка пяе.
 
Ноч цёмная поўна загадачных згукаў:
          Штось шэпчэ, то зноў шэлясьціць,
То якбы заенчэ ад страшных хтось мукаў,
То ў далі хтось дзіўна, працяжна загукаў
          І сьціх, толькі вецер гудзіць.
 
I страшна і нудна, аж дух замірае, –
          Баішся і вочы самкнуць.
Здаецца, хтось байку страшную дзесь бае,
То якбы хто плачэ, то бытцым сьпевае...
          Дрыжыш і ня можэш заснуць.
 
 
 
 
Матыль
Я бачыла раз, як матыль залатакрылы,
Парваўшыся з зямлі, ў гару хацеў ўзляцець,
Ды дзень яго ўжо змёрк – і ён, як ліст, бяз сілы
Апаў зноў на траву, падняўшыся ледзь-ледзь...
 
Так ты ляціш усё мой бедны дух з надзеяй,
Так рвешся ты у высь ў жыцьця няўрочны час...
Глянь-глянь твой небасклон зьмеркаецца бляднее,
Йшчэ дзень твой не настаў?...
                                                                  Так ён ужо пагас!
 
 
 
 
Туга
Прышла ты да мяне ў паўночны ціхі час,
Прысела на маей раскіданай пасьцелі,
I сон мой адляцеў кудысь далёка – ўраз,
I мары сьветлые кудысьці адляцелі,
I былі мы с табой ў паўночы ціхі час...
 
I ўраз знайшлася я ў галубленьнях тваіх:
Ты абвіла мяне гарачымі рукамі,
Палючых вусн агонь лёг на грудзях маіх,
А ў вочы мне сваймі панурымі вачамі
Ўпілась ты, й мёрла з мук ў вабьяцьцях я тваіх...
 
 
 
 
Раніца
У вакно маё яснасьць глядзела
Ўсходам ясных, вялікіх вачэй
З русалчаных сьвятлістых плячэй;
Росы мглістые хваляй ляцелі...
 
          Яе вусны штось ціха шэпталі:
          Туды звала здаецца яна,
          Гдзе с праменьнямі ветры гулялі
          Ды віднела палёў шырына...
 
– Хадзі, пойдзем, пакінь нуду злую,
Хадзі, пойдзем далёка са мной;
Завяду цябе ў ясны сьвет мой
I ўсе чары яго пакажу я.
 
          І праменьні ў вакно мне кідала
          І красою маніла сваей,
          І ў душы мне сьвятлеці пачала
          Пад пагляд яе сьветлых вачэй.
 
 
 
 
Рута
У гаршочэк зямлі я даўно ўжо калісь
          Кветку руты жывой пасадзіла;
Палівала яе, дагледала яе, –
          Мая рута на дзіва ўрадзіла.
 
Расплеталісь кусткі, як вяночкі, лісткі
          Аплялі мой гаршочэк наўкола;
Дзеўкі замуж ішлі – з маей руты вілі
          Вянкі дружкі, пасеўшы ўвакола.
 
Сколькі-ж песень тады тут лілося над ёй!
          Галаскі, як званочкі, зьвінелі;
А руцяны вянок зелянеўся, як луг,
          Патануўшы ў вэлёнавай белі.
 
I хоць рвалі яе, хоць шчыпалі яе, –
          Маей руты саўсім не ўбывала:
Зелянела яна, красавала яна,
          Мой гаршочэк вянком аплетала.
 
Толькі помню я раз, на Вялікдзень, якраз,
          Да Галіны прыехалі сваты;
Дзеўка ўпёрлась ня йсьці, дый змусілі бацькі,
          (Малады быў ўжо надта багаты).
 
З маей руты сплялі ей зялены вянок;
          Многа сьвечэк гарэла ў касьцелі,
Маладую ўвялі... а твар белы яе
          Йшчэ бялей ад вэлёнавай белі.
 
Чорны вочы сухім заіскрылісь агнём,
          Вусны дрогнуўшы штось зашэпталі;
Ці малілась яна, ці кляла мо каго,
          Заглядзеўшысь на штосьці у далі.
 
А руцяны вянок у праменьнях агнёў
          Брылянцістай расіцай ірдзіўся;
Ці то дожджык скрапіў, ці мо толькі раса,
          Ці сьлязьмі маладой ён абліўся?
 
Раптам – Veni Creator – азваўся арган,
          Расплыліся бурлівые тоны;
Хістанулась Галіна, зьбялеўшы, як сьмерць,
          І легла на каберцу са стогнам.
 
Разаслалась сьняговая вэлёна бель
          Ваўкруг цела абмершай дзяўчынкі,
З вусн яе паплыла тонкай стужачкай кроў,
          На шчэках заблішчэлі сьлязінкі.
 
Дарма звалі яе дружкі, клікала маць,
          Дарма клікаў жаніх некаханы, –
Разарвалася сэрцэ ў дзявочых грудзях,
          Зацягнуліся вочкі туманам
 
Ліш вяночэк адзін зелянеў, як даўней,
          Ды расой брылянцістай ірдзіўся,
Ці то дожджык скрапіў, ці халодна раса,
          Ці мо сьлёзкамі так ён скрапіўся?...
 
Вось с тагошняго дня маей руты вянок
          З дня на дзень вяў і сох што раз болей;
Ці вады не ўзлюбіў, ці то гэтак ён шчах,
          Над Галінчынай жалючысь долей?
 
I цяпер у мяне ён стаіць на вакне,
          Пачарнелі зялёны галінкі,
Ліш пад час сярод дня заблішчыць штось на іх –
          Ці раса то, ці можэ сьлязінкі?
 
 
 
 
*  *  *
Гдзе Вілья у Нёман ліе свае хвалі,
          Я ў сумнай задуме стаю;
Купаецца месяц ў вод чыстым крыштале,
Яны-ж с ціхім шумам плывуць усё далей,
          Душу к сабе цягнуць маю.
 
Здаецца, штось шэпчэ у цёмнай глыбіне,
          Здаецца, штось маніць, заве;
– Хадзі, – ў нашай глыбі ціхой сапачынеш,
Журба ўжо ліхая на векі загіне, –
          Тут толькі ўцячэш ад яе.
 
Хадзі, – мы у нашы сярэбраны хвалі
          Спаўём, як дзіцятка, цябе,
I рыбак адгонім, каб сну не зганялі,
I скажэм, каб вербы шумелі, пеялі –
          Сны-байкі шэпталі табе!...
 
 
 
 
Русалкі
Месяц. Ноч. У нізкіх долах туманы зямлю пакрылі,
А над возерам так ціха-ціха дрэўцы шэлесьцяць,
Ўсё заснула, спачывае ў халадочку летняй ночы.
Зоркі ў небі так спакойна і таёмна так дрыжаць.
 
Не ўздрыгне, не скалыхнецца возера гладзь люстраная;
Месяц, зоркі залатые прыгледаюцца у ёй...
Із падводнаго палацу пагуляць на сонных хвалях,
Ў блеску месяца купацца выляцеў русалак рой.
 
Мглой сярэбранай адзеты; косы – бытцам залатые;
Вочы сініе, як неба, якбы зорачкі блішчаць,
Ўсе вясёлы, на лісточках водных лілій паседалі
I на месяц пазіраюць і штось ціха шэпацяць.
 
Адна толькі невясёла, – твар рукою закрывае;
Стогн жальбы із набалелых вырываецца грудзей;
– Дзе-ж, о дзе ты, дарагі мой?! Ці-ж ня лепей тут са мною,
На дне возера жыць вечна, як на сьвеці між людзей?
 
Ці ня лепей тут чуць зоры; на шырокім вод абшары
Вечна толькі весяліцца і бяз гора вечна жыць, –
Як на сьвеці праз век цэлы бытцам рыба аб лёд біцца,
Праз век цэлы працаваці, ў недастатку вечна быць? –
 
О, прыйдзі, прыйдзі! С табою ў дзень на водных траў пасьцелі
Аж да вечара дзень кожны будзем мы спакойна спаць, –
А, чуць месяц зноў засьвеціць, па люстранай вод раўніне
Будзем лёгка пранасіцца і купацца і гуляць!...
 
Да русалак даляцела жальба сплаканай русалкі,
I, сарваўшыся ўсе роем да яе яны бягуць,
А с-пад ног іх, у брылянты прамяністы пазменяны,
С шумам брызгі вадзяные паднімаюцца лятуць.
 
I, пабраўшыся за рукі, ўсе русалкі лёгкім колам
Каля сплаканай русалкі сталі весела гуляць, –
Да сабе яе прасілі і сьмеяліся, круцілісь,
Ўрэшці ціхім стройным хорам пачалі яны пеяць:
 
– «О, не плач! Не плач, сястрыца, што твой мілы не прыходзіць.
Прыкажы, і, што ты хочэш, мы усё табе дадзім!
Толькі ты аб ім ня думай! Во, глядзі: схаваўся месяц.
Хадзі! Разам у палац мы наш падводны паляцім».
 
I яе за рукі ўзялі, – лёгка-лёгка, у тахт песьні,
Закруцілісь і прапалі у халоднай глыбіне.
Сьціхла ўсё... I толькі ў далі сьпеў русалчын раздаваўся.
I па сонных вод раўніне данасіўся да мяне...
 
 
 
 
Курган
Там, дзе быстраю хвапею рэчка плыве,
У даліне між цёмнаго лесу,
Прытаіўся высокі зялёны курган
Пад плакучых бярозак завесай,
          Рож зьдзічэлых кустамі зарос ён увесь, –
          Хто садзіў іх – ніхто тут не знае, –
          Між рож камень стаіць; пазалоту з яго
          Сьцёрла часу рука векавая.
А на камені напіс: «Пад тым курганом
Лежаць двое – хлапец і дзяўчына:
Пад бярозкай зялёнай схаваны Янук,
Пад кустом рожы дзікай – Галіна».
          Хто іх тут пахаваў і былі кім яны, –
          Напіс гэты не кажэ нічога.
          Аб усім давялося даведацца мне
          Ад вандроўнаго дзеда старога.
– «Шмат гадоў працякло, як было гэта ўсё», –
Пачаў дзед, – «на гары над далінай
Двор вялікі стаяў. У двары тым жыў пан
Нейкі з дочкай прыгожай, Галінай.
          Тут, бывала, што-ноч цэлы двор у агнях;
          Шмат паноў адусюль наежджае,
          Цэлу ноч п'юць, пяюць і гуляюць яны;
          Без устанку музыка іграе,
А чуць сьвіт раз'ежджаюццца ўсе, хто куды;
Спаць кладзецца і пан і дружына.
Як замрэ цэлы двор... Адна толькі ня сьпіць
У дварэ маладая Галіна.
          Яна хутка ўстае, бо пад дубом ужо
          Янка ціха на дудцы іграе, -
          Тут, бывала, што-дзень стада белых авец
          Ён на пашу у лес прыганяе.
I прыгожы-ж быў Янка: хлапец, хоць глядзі!
Твар, як кроў з малаком памешана;
А яго валасы чорны й цёмны, як ноч,
У стручочкі былі пазьвіваны.
          Там, бывала, пад дубам пасядуць яны,
          Ціха-ціха на дудцы ён грае, –
          Стада белых авечак паляжэ укруг,
          А Галіна вяночкі сплетае.
Але трэба-ж бяды – Адзін  пан малады
Прысылае сватоў да Галіны.
Бацька рад, на вясельле склікае гасьцей,
Хоць ня хочэ йсьці замуж дзяўчына.
          У дварэ зноў банкет: пьюць, гуляюць, пяюць,
          Рой дзеўчат маладую ўбірае;
          Яна-ж, вочы самкнуўшы, на крэсьлі сядзіць,
          Толькі белые рукі ламае...
Посьле ўстала, памалу ідзе да дзьвярэй...
– Пачэкайце, вярнуся! – сказала.
На дварэ чэкаў Янка, – на рукі яго,
Абамлеўшы, Галіна упала.
          Час ляцеў – маладая назад не ішла...
          Пралеталі мінуты, гадзіны...
          Над ракой нейкі крык... скалыкнулась вада...
          Ў ёй прапалі Янук і Галіна...
Тут, пад тым курганом, бацька іх пахаваў»...
Скончыў дзед і закрыў твар рукою;
Па сівой барадзе ў перагонку с сабой
Плылі ціха сьляза за слязою.
          – «А скажы мне, стары, аткуль ведаеш ты
          Ўсю гісторыю Янкі й Галіны?»...
          Тут стары памаўчаў і, абцёршы сьлязу,
          Мне сказаў: – «Янук быў маім сынам»...
 
 
 
 
На магілках
На магінках так ціха, спакойна. Чуць шэпчуць с сабою бярозы,
Паспускаўшы галінкі свае аж да самай халоднай зямлі;
Між лісточкаў гараць каплі рос, як гарачые сьлёзы,
Бытцам з жалю па тых, што у гэтых магілах зляглі.
 
Ціш немая тут... Вецер лісточкаў бяроз не чэпае;
Адзін раз адважней ён між іх закруціў, зашумеў,
Посьле, якбы прыпомніў, што ўмершых спакой нарушае,
Сьціх і негдзе, сарваўшыся, ў даль паляцеў...
 
Гдзесь над берэгам рэчкі, што тут ля магіл працекае,
Сьвіснуў раз і другі заблудзіўшысь якісь салавей.
Не, у царстве памершых пеяць ён ня можэ, ня ўмее:
Ён – каханьня песьняр ён песьняр, маледзёжы усей!
 
I замоўк... І нішто ужо больш цішыні не трывожыць.
Між пахілых крыжоў нейкі сумны, пануры спакой.
Ні жывое душы. Толькі часам матыль крыльля зложыць.
Задзержаўшысь на міг над магільнае кветкі расой.
 
Жадзен голас жывы не даходзіць с паветрэнай хваляй
Ў царства тых, што з зямлі ужо нашай зышлі.
I так добра між тымі, што сьвет і жыцьцё пакідалі
I на вечны спачынак у матцы-зямельцы ляглі!..
 
 
 
 
*  *  *
Ваал! – Я ўсё ужо спаліла на аўтары...
Глядзі: высокаю узносіцца гарой
Мой попял – і німа ўжо больш ў мяне ахвяры, –
Дык не гудзі ты там пракляцьдем нада мной,
Бо ўсё, што мела я, спаліла на аўтары...
 
Ахвярнік мой агонь меў вельмі загарачы:
Чуць што я клала там – згарэла ў міг да тла,
А я... я ўсё несла – я не магла іначэй –
Усю душу маю я па куску несла.
А ён усё спаліў... бо вельмі быў гарачы...
 
Глядзі: у попелі агоньчык чуць-чуць тлее...
Во - згас! Не! зноў бліснуў залочэным рубцом:
(То дапаляецца астатняя надзея),
Што ўзоймецца ізноў гарачым ён агнём
I новая на ім ахвяра ўспламянее...
 
Ваал! Надзея йшчэ тліць на маім аўтары,
Пад попялу ужо застыўшая гурбой,
I хоць сягоньня я не маю ўжо ахвяры,
Ты не гудзі сваім пракляцьцем нада мной,
Бо йшчэ надзея тліць іскрою на аўтары.
 
 
 
 
Кветка папараці
Фантастычны абразок
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Сягоняшнія і даўнейшыя
Драма
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙   ∙
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.