РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паўлінка
 
Камедыя ў двух актах
Асобы
        
        С ь ц я п а н   К р ы н і ц к і  – засьцянковы шляхціч, 45 г.
        А л ь ж б е т а  – яго жонка, 40 г.
        П а ў л і н к а  – дачка Крыніцкіх, 19 г.
        П р а н ь ц і с ь   П у с т а р э в і ч  – сваяк Крыніцкіх, 50 г.
        А г а т а  – яго жонка, 43 г.
        Я к і м   С а р о к а  – настаўнік, 25 г.
        А д о л ь ф   Б ы к о ў с к і  – 24 г.
        Г о с ь ц і ,   м у з ы к і . 
        
        Рэч адбываецца да рэвалюцыі, у хаце Крыніцкіх.
        
        
        
АКТ ПЕРШЫ
        
        Абшырная сьвятліца. Направа ад публікі вокны ў сад, бліжэй да аркестра – стол; каля стала – лавы і табурэцікі, над сталом – вісячая недарагая лямпа, на сьцяне – абразы. Налева – дзьверы ў сенцы, бліжэй да аркестра – куфар. Напроці – сьцяна і дзверы ў бакоўку (каморку); справа пры сьцяне ад бакоўкі – ложак, засланы коўдрай, у галавах высока накладзена падушак; налева – у кутку – печ; на сьцяне стрэльба, тарасьвецкі з гірамі гадзіньнік І некалькі тандэмных малюнкаў. Час – асеньні вечар перад Пакровамі.
        
        
Зьява I
Паўлінка адна

        Стройная і досыць прыгожая дзяўчынка. Адзеўшыся ў недарагую крамніну, але чысьценька; бяз хусткі – у валасах колькі грабеньчыкаў. Сядзіць на ложку і пільна шые крамны кафтанік. Як падымаецца заслона – Паўлінка пяе.
        
Ой, пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы арэ плугам;
Ой, пайду я лугам, лугам!
Ён арэ поле валамі,
А я плачу ўсё сьлязамі;
Ён арэ поле валамі.
(Перастаўшы пець.)
        
        Э-э, штось не пяецца сягоньня. Неяк сэрцайка трасецца, як бы хто яго зьнячэўку перапужаў. А мо гэта песьня вінавата? Даліпантачкі аніяк не магу сама з сабой да ладу прыйсьці. Ану, на шчасьце зачну другую. Якую ж бы тут? Ага!.. (Пяе.)
        
Дый чаго ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
(Пеючы падыходзіць да акна
і паглядае, пасьля ізноў садзіцца.)

        
        А ўсё-такі нешта нецікава на сэрцы. I чаго яму, бедненькаму, не стае? Піць і есьці, дзякаваць Богу, хватае, часам татка дае грошы і на сукенкі... Чаго, чаго, здаецца, тут хацець?.. Ох, ох, як жа маркотненька! Прост хоць зьбірай манаткі ды йдзі ўпрочкі з хаткі. Ужо вечарэе: зараз ня будзе як шыць, а трэба сягоньня канешне кончыць. Заўтра Пакровы... у Міхалішках кірмаш... Эх, эх, каб хаця той прыйшоў, каго так хочацца сягоньня пабачыць. (Садзіцца пры акне і пачынае зноў, шыючы, пець.)
        
Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі,
Селі яны, палі на сівым Дунаі!
Селі яны, палі, ваду замуцілі
Дый нас, маладзенькіх, з сабой разлучылі.
Бадай тыя гусі марне запрапалі,
Як мы любіліся – цяпер перасталі.
(Паглядзеўшы ў акно.)
        
        Ну, ужо зусім няма як без агню шыць! Зараз трэба запаліць лямпу. Цямнее і цямнее, ночка набліжаецца, а яго як няма, так няма! А шчыра абяцаўся, шэльма, напэўна прыйсьці. (Шукае запалак і запальвае лямпу.) I што гэты тата да яго мае. 3 таго часу, як даведаўся, што ён на мяне мілым вокам паглядае, усе роўна як чорная кошка між імі перабегла. Ён-то нічога, але тата – дык жыўцом бы яго зьеў. Ну, але тата свае, Якім свае, а я – свае. Паглядзім, чый верх будзе: таткаў, ці мой, ці яго? (Падумаўшы.) Казаў, прыйдзе сягоньня, каб там і ліха гарэла. «Трэба, кажа, сякую ці такую зрабіць пастанову. Мы, кажа, ня дзеці – маем свой розум і можам сабой пакіравацца. Толькі ты, кажа, Паўлінка, павінна на гэта прыстаць канешне, бо іначай, кажа, згінем, як рудыя мышы...» (Ускочыўшы.) Ай! нехта ідзе. Ён, ён, напэўна, ён!
        
        
Зьява II
Паўлінка, Якім

        Я к і м. Вось і я – як тут быў! Добры вечар ясьне-пекнай панне Паўлінцы. Што, золатца маё ненагляднае, прачакалася трохі мяне, ненавісьніка? (Глянуўшы на бакі.) А ці нікога няма? (Гаворачы, набліжаецца да Паўлінкі, вітаецца і хоча абняць яе.)
        П а ў л і н к а (баронячыся). Ой, ой! памалу! Усе дома, усе дома. Толькі ў Якіма ня ўсе дома, бо поначы ходзіць да маладых дзяўчат. Дадуць, дадуць зараз пытлю старыя. Пазваленьне ёсьць гэтак позна прыходзіць?
        Я к і м (садзячыся). Ёсьць, ёсьць, мая ты сакатушка, шчабятушка! Кажы толькі хутчэй, галубка мая бяскрылая: тата твой дома ці не? Бо ж сама ведаеш, якая ў нас зь ім страшэнная любасьць...
        П а ў л і н к а (садзячыся за шьцьцё). Ой, чаму ж ня ведаю: як між катом і сабакам якраз. Але, але сьмела будзь, як у Бога пад прыпечкам. Паехалі абое на торг і, пэўна, позна вернуцца, бо маюць трохі сяго-таго да праданьня і маняцца сякія-такія зрабіць пакупкі. Бачыш, заўтра мае быць трохі гасьцей з кірмашу. (Абнімае Якіма, раптам знаходзіць у кішэні кнігу.) А гэта што? (Чытае няўмела першыя радкі зь «Песьні аб Сокале» М. Горкага. Потым ён забірае ў яе кнігу і сам чытае.)
        Я к і м. Та-а-к! Значыцца, тым кшталтам, вечарынка будзе.
        П а ў л і н к а. Так, так! Вечарынка быць-то будзе, але ня ўсе на ёй будуць.
        Я к і м. Эх, Паўлінка! Ты ўсё свае; мне і так горка на душы, як бы хто там палын засеяў, а ты яшчэ прытычкамі сваімі соліш. Вазьму на злосьць ды прыйду. Што ж яны са мною зробяць?
        П а ў л і н к а. Зрабіць-то нічога ня зробяць, але і ты сам нічога ня зробіш, а толькі пераробіш...
        Я к і м (робячы папяросу). Ці ясьне-панна Паўлінка пазволіць мне закурыць пры ёй?
        П а ў л і н к а. Ого, скуль такая далікатнасьць? Рукам каля дзяўчыны дае волю без пытаньня, а як папяроску закурыць, дык пазваленьня просіць. Не пазваляю затое, вось і ўсё тут!
        Я к і м. А я закуру.
        П а ў л і н к а. А я ня дам! Кідае шыцьцё і хоча адабраць папяросу. Нейкі час тузаюцца, бегаюць адно за адным па хаце і няўмысьля раскідаюць на ложку падушкі.
        Я к і м (бегаючы). Ну, ужо годзе, годзе, Паўлінка! Болей нічому без твайго пазваленьня даваць волі ня буду.
        П а ў л і н к а. Ну, калі так, то згода!
        
        Садзяцца. Якім курыць. Паўлінка шые.
        
        Я к і м (памаўчаўшы). Паўлінка!
        П а ў л і н к а. Га! Ці пан Якім забыўся, як я завуся?
        Я к і м. Ды не! Я хацеў бы, золатца, сур’ёзна з табой пагаварыць.
        П а ў л і н к а. І-і!!! Ведаю я гэтыя сур’ёзнасьці. Перш-наперш будзе, ці я люблю, пасьля – ці вельмі моцна, а пасьля – ці гатова ўсё чысьценька зрабіць, што чарнабрывы Якім захоча, а там, а там... І паехала, як на непадмазаных калёсах... Ці ж ня праўда?
        Я к і м. Прауда-то праўда, але ўсяму мусіць быць канец.
        П а ў л і н к а. Ну, дык слухаем, вашэці. А вось, можа, і новую песеньку нам сьпяіцё. Адно толькі за умовай: або надта вясёлую-вясёлую, каб аж лявоніху захацелася ісьці, або такую сумна-сумненькую, што, выслухаушы яе, – раз, два ды бухтыль у вір галавою! вось так! Паказвае і чуць ня валіцца; Якім падхоплівае і садзіць яе на лаве.
        Я к і м. Гэта будзе ад цябе, мае ты сонейка, залежаць. Як захочаш – такая і песенька выйдзе: або вясёлая, радасная, як бы самое неба яснае, або сумная, гаротная, як асеньнія хмары над гэтай зямелькай чорнай. (Памаучаўшы.) Эх, эх! I дакуль жа ўсё гэта будзе цягнуцца? Дакуль, як сухавей, сушыць і мучыць нас будзе?
        П а ў л і н к а (жартаўліва). Толькі ня нас, а мяне. трэба гаварыць. Мне дужа добра, весела і так лёганька, лёганька на сэрцы, што...
        Я к і м (з дакорам). Паўлінка!
        П а ў л і н к а (закрываючы губы рукой). Ну, ну, ужо маўчу... як нямая рыба.
        Я к і м (як бы сам да сябе). Калі, калі ўжо надойдзе тая часінка, што нас злучыць навекі і мы ўжо ніколі не расстанемся? Калі? Калі?..
        П а ў л і н к а. Ха-ха-ха! На сьвятое ніколі. Вельмі ўжо татка мой заеўся на цябе з таго часу, як даведаўся, што мы з табой зьлюбіліся. Ну, а бяз таты гэты інтарэс наладзіць будзе вельмі трудна.
        Я к і м. Трудна-то яно трудна, але няма таго злога, каб ня выйшла на добрае. Хоць бы, прымерам, мы з табой так зрабілі: выбраўшы падхадзячую часіну, калі стары будзе ня ў злосьці, узяліся з табой за рукі, падышлі да яго, укленчылі і сказалі: так і так, наш добры бацечка, – я люблю Паўлінку, а я люблю Якімку – вельмі-вельмі моцна, так, што і жыцьця нам аднаму без аднаго нямашака, ну дык супакойце нашы сэрцайкі, дайце нам пазваленьне ўзяць ды пажаніціся.
        П а ў л і н к а. Э-э!!! Не туды, мой дурненькі Якімка, паехаў! Уедзеш гэтак у нерат, што ні узад ні ўперад. Каб гэта яшчэ толькі з мамкай, то яно сяк-так, як табе ня раз я і казала, але са старым дык чыстая бяда, настаяшчае гора. Хоць ты яму кол на галаве чашы, дык нічога ня выдзеўбеш. «На парог, кажа, каб і не важыўся паказвацца; мазгаўню, кажа, гаду пашчапаю!» Вось і рабі зь ім, што хочаш! Каб мог, дык на першай асіне павесіў бы цябе. Ну, і дзе ж у такім разе набрацца сьмеласьці, ісьці кленчыць перад ім і прасіць пазваленьня?.. Задасьць такога пытлю і табе, і мне разам, што і жаніцьба ў галаву не палезе.
        Я к і м. Так-то яно так! Але я неяк усе яшчэ надзеі ня трачу, – ану ж адпусьціцца. Быў жа так! час, што мяне любіў ды нават у бядзе то тады, то сяды памагаў.
        П а ў л і н к а. Быў час, але вадою сплыў. Памагаў, пакуль не ўбачыў, што трэба і дачкою памагчы, а як да гэтага стала даходзіць, вось у ім і адазвалася шляхоцкая фанабэрыя. Другую песьню цяпер пяе. Нож точыць... востра нож точыць родны мой татка на таго, каго сам калісь любіў і каго я палюбіла... (Устаючы, горача.) I на векі вечныя любіць буду.
        
        Ідзе і папраўляе падушкі, за ей – Якім, абнімае яе, і садзяцца, абняўшыся, на ложку.
        
        Я к і м (памаўчаўшы, ласкава). Паўлінка!
        П а ў л і н к а (сьмеючыся). Ізноў забыўся, як завуся?
        Я к і м. А ты ізноў сваё... Слухай, міленькая: ці ты надумалася зрабіць тое, аб што я цябе надовічы прасіў і маліў? Сама ж ты, золатца, казала мне ня раз і цяпер кажаш, што татка твой ні на якія просьбы ня згодзіцца. Значыцца, сама добра разумееш, што іншага выхаду для нас нямашака. А гэтак, як я казаў, будзе найлепей. Ці то мы будзем першыя, або апошнія? Янка Лукашонак з сваей Зосяй так зрабілі, Ігнась Манякоўскі з сваёй Дамінісяй, ды і шмат хто... Бацькі спачатку пазлуюць, пазлуюць трохі і адпусьцяцца, – ведама, бацькаўскае сэрца. Вось мы з табой, міленькая, такім парадкам самі сабе шчасьце збудуем і нічыёй ласкі прасіць ня будзем. Адно, абы твая згода – і ўсё будзе добра. Я ўжо, прызнацца табе, гаварыў з папом. Ён заўтра прыязджае ў Міхалішкі імшу адпраўляць і заначуе ў ваколіцы. Ну, а мы к яму... раз, два і – гатова.
        П а ў л і н к а. Думаць-то я думала, але неяк страшна. Можа б, было лепей, каб яшчэ трохі пачакаць, а то так скора, раптам... Хто сьпяшыць, той людзей сьмяшыць.
        Я к і м. Якая ты нядобрая, Паўлінка! Ты зараз – страшна, страшна, пачакаць, пачакаць! Гэтак і ўсю сваю моладасьць пачаканкамі перачакаем. А так гэта дачэснае жыцьцё можна добра наладзіць, так добра, абы толькі ахвота ў нас была ды вытрываласьць.
        П а ў л і н к а. А што, калі зловяць? Гэта ж я ня выжыву з сораму, людзі вочы выберуць, нельга будзе на сьвет паказацца. Цяпер і то колькі ўсякай брыды ўслужлівыя суседзі і суседкі на нас вернуць, а што і гаварыць тады, як нам гэта «Бог наш уцечка» ня ўдасца.
        Я к і м. Ня бойся, золатца, ня зловяць! Усё пойдзе гладка. Заўтра ў вас вечарынка; пасьля вечарынкі ўсе будуць спаць моцна, так што хоць з гарматаў страляй – нічога не пачуюць. Я ўсё акуратна прыгатую, ты толькі зьвяжаш у клумак што патрэбнейшае, а там праз момант – і ты мая на векі вечныя.
        П а ў л і н к а (нібы са злосьцю). Ня я твая, а ты мой на векі вечныя!
        Я к і м. Ну, хай будзе, як Сора казала; але гэта толькі тады ў нас выйдзе, калі ты прыстанеш на тое, аб што я цябе прасіў і прашу.
        П а ў л і н к а (падумаўшы, сьмеючыся). Ну, згода да... заўтрашняга дня, а там пабачым.
        Я к і м (павесялеўшы). I даўно ужо трэ было гэтак сказаць, мая ты кветачка майская. Заўтра вечарам, як толькі ўсе паўкладаюцца, – я ўжо ў садзе пад акном буду на цябе чакаць. Ты аконца адчыніш, лахі пад пахі ды скакель з хаты ў сад, як пятух!
        П а ў л і н к а. Гэта ты, як пятух, а я, як...
        Я к і м (перапыняючы). Як курыца.
        П а ў л і н к а. Ня курыца, а як зязюлька.
        Я к і м. Як зязюлька, праз акно фырр! а пятух цап, а поп крапілам пырсь! а там...
        П а ў л і н к а (сьмеючыся). А там ізноу фырр!..
        
        Размахвае рукамі і хоча вырвацца. Якім мацьней прыціскае яе к сабе і хоча пацалаваць; яна нібы бароніцца, а пасьля хватае яго за шыю і доўга горача цалуюцца.
        
        Я к і м. Ох, каб гэтак усе жыцьцё і кожную мінутку.
        П а ў л і н к а. Ого! Разласаваўся!.. Аскому нагоніш, пакуль ахвоту спагоніш.
        (Прыслухаўшыся.) Ой, недзе туркоча! Ці ня едуць толькі нашы з торгу!
        Я к і м (прыслухаўшыся). Такі ж нехта едзе!
        П а ў л і н к а (сумна). Значыцца, Якімка, трэба ўжо табе рабіць фырр!
        Я к і м (устаючы, з уздохам). Нічога не парадзіш – трэба!.. Ой, гэтыя бацькі! I чаму гэта ня родзяцца на сьвет дочкі без бацькоў!..
        П а ў л і н к а (устаючы). Ах, чуць не забылася. Ці прынёс мне тое, што абяцаўся?
        Я к і м. А як жа, прынёс, мае ты золатца. (Дастае з кішэні фатаграфію і аддае Паўлінцы.)
        П а ў л і н к а (прыглядаючыся да фатаграфіі, весела). Вот так добра! Заместа аднаго маю ўжо двух: аднаго, што сам ходзіць да дзяўчат і рукам волю дае, а другога, што трэба насіць за... пазухай. (Сьмяецца.)
        Я к і м (любуецца ею, хватае і цалуе). Ах ты, зязюлька мая ненаглядная!
        П а ў л і н к а (баронячыся). Ну, ну, петушок! Не гарачыся: пасьпееш з козамі на торг. (Выпіхаючы Якіма з хаты.) Марш дадому! Раз, два, тры!..
        Я к і м (у дзьверах). Помні, Паўлінка, – заўтра!.. (Выходзіць.)
        
        
Зьява III
Паўлінка адна

        П а ў л і н к а (папраўляе ложак, пасьля прыглядаецца да фатаграфіі, цалуе яе і хавае за пазуху, прыціскаючы грудзі рукамі). А што, смачна? цёпленька?.. Га?.. Каля самага сэрцайка дзявочага... Пэўна чуеш, як яно, бедненькае, трапечацца. Выгадна табе тут, як нідзе, нікому!.. Але не, не! Гэтак не выпадае. Яшчэ трохі порана... Пасьлязаўтра – іншая рэч. А цяпер... (ідзе к абразу.) Пасядзі лепш, саколік, за абразікам. Седзячы гэтак у Бога за плячыма, меней будзеш мець грэшных думак у галаве, чымся песьцячыся тут (паказвае) у маладой дзяўчыны. (Напяваючы, падыходзіць да сьцяны, хавае фатаграфію за абраз і як ні ў чым не бывала садзіцца за шыцьцё.) Дый чым жа твая, дзеванька, галоўка занята? (і г. д.)
        
        
Зьява IV
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета

        С ь ц я п а н (п’янаваты ўваходзіць з Альжбетай зь сенца і прыпявае).
        
Дзе мы едзем, дзе мы йдзём,
Карчмы не мінаем;
Дзе заедзем, дзе зайдзём, –
Там і нагуляем.
        
        А л ь ж б е т а (кладучы пакупкі на куфар і разьдзяваючыся, да Сьцяпана). Не сьмяшы ты людзей. Калі падпіў, дык ляж спаць!
        С ь ц я п а н. Маўчы, баба!.. Ты, каханенькая, родненькая, нічога не разьбіраеш... Валасы доўгія, а розум кароткі. (Прыпявае.)
        
Ой, там, на гарэ,
Мужык жонкай арэ,
А другая падбягае:
«Запражы ж ты мяне».
(Хоча абняць Альжбету.)
        
        А л ь ж б е т а (адпіргнуўшы). Ах ты, гнілая качарэжка! Яшчэ, можа, табе чаго захочацца?..
        С ь ц я п а н (выкручваючы нагамі). Дзед боб малаціў, Баба падсявала...
        П а ў л і н к а. Гэта! Ды кіньце ўжо!.. Ось лепей разьдзявайцеся ды, можа, чаго зьясьцё.
        С ь ц я п а н. А можа, гэта і добра, каханенькая, родненькая... Каб так кіслай ды гарачай капусты. (Скідае вопратку і кладзе на куфар.)
        
Скіну бурку, скіну боты
Дый надзену лапці;
Кожны дурань ці разумны –
Пан у сваёй хаце.
(Садзіцца за стол.)
        
        П а ў л і н к а (кінуўшы шыцьцё на ложак, да Альжбеты). Мамка, дастаньце з куфра настольнік, а я прынясу вам зьесьці. (Выходзіць.)
        
        
        
Зьява V
Сьцяпан, Альжбета

        А л ь ж б е т а (дастаючы настольнік з куфра). 3 кім ты гэтак намурзаўся?
        С ь ц я п а н (закурваючы люльку). Я і з тым, я і зь сім, а ты, каханенькая, родненькая, згадай, – з кім?
        А л ь ж б е т а. А немач цябе ведае, з кім!
        С ь ц я п а н. Ці ж я не казаў, што ў цябе тут (торкаючы сабе пальцам у лоб) ня ўсе дома? Але слухай: зь зяцем!
        А л ь ж б е т а (зьдзівіўшыся). 3ь зяцем?!
        С ь ц я п а н. Так, так, каханенькая, родненькая. Хто з сватам, хто з свацьцяй, а як Сьцяпан Крыніцкі, дык з родным зяцем.
        А л ь ж б е т а (накрываючы стол). Такі праўду кажуць, што гарэлка людзей з поля зводзіць. Калі ж ты ўсьпеў яго нажыць?.. Дачка яшчэ замуж ня выйшла, а бацька ўжо зяця мае!
        
        
Зьява VI
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета

        П а ў л і н к а (уваходзячы зь міскай, з лыжкамі і хлебам над пахай). Аб кім гэта, татка, гаворыце, што мае ўсякую далікатнасьць і ўсё такое? (Ставіць яду на стол і садзіцца за шыцьцё.)
        С ь ц я п а н (едучы). Вельмі васпанна цікавая! Скора састарышся, каханенькая, родненькая, як усе будзеш ведаць.
        П а ў л і н к а (просячы). Скажыце, скажыце, татачка!
        С ь ц я п а н. Ага, ні села ні пала, захацела баба сала! Калі ўжо табе, каханенькая, родненькая, так хочацца, дык скажу. (3 павагай.) Знакам тым, гэты паніч з далікатнасьцяй і з усякім такім – мой зяць.
        П а ў л і н к а (пырснуўшы сьмехам). Зяць?!
        С ь ц я п а н. Знакам тым, ён не саўсім яшчэ зяць, але скора на яго выкіруецца.
        П а ў л і н к а. А як жа годнасьць гэтага... гэтага, ну як яго... што некалі татавым зяцем зробіцца?
        А л ь ж б е т а. Дык гэты ж, гэты... Ты, пэўна, яго бачыла некалі... Адольф Быкоўшчык.
        П а ў л і н к а. Быкоўшчык!!
        С ь ц я п а н. Але. Але! Пан Адольф Быкоўскі!
        П а ў л і н к а. Ну, хіба, татка, для яго другой дачкі пастараецеся або самі зь ім ажэніцеся, каб перарабіць яго з простата чалавека на свайго зяця.
        С ь ц я п а н. А ты што? Зломак?
        П а ў л і н к а. Зломак – ня зломак, але і за ламаку не пайду.
        С ь ц я п а н. А дзяга нашто?
        П а ў л і н к а. На ўсё, толькі не на паганяку к замужству.
        С ь ц я п а н. Каханенькая, родненькая, яшчэ паглядзім, дзе каго пасадзім.
        А л ь ж б е т а (едучы, да Сьцяпана). Еш вот лепей, чымся з пустога ў парожняе пераліваць. Як прыедзе сватацца, тады тое і будзе.
        П а ў л і н к а. Татка, ведаеш не сягоння, за каго я толькі пайду, або за нікога.
        С ь ц я п а н (зьмяніўшыся, кідаючы лыжку аб стол). Што?.. За каго?..
        П а ў л і н к а (устаючы і ідучы к ложку). За каго? За Якіма.
        С ь ц я п а н (стукаючы кулаком па стале). Маўчы, гадаўка! Раз сказаў, каб гэтага шэльмы і званьня не было ў маёй хаце, каб яго імені я ня чуў ніколі... гэтага недавярка, гэтага... гэтага забастоўшчыка! Дык і не забывайся аб гэтым, каханенькая, родненькая...
        П а ў л і н к а (паірытавана). Нашто дарэмшчыну вясьці. Ён нікому ніякай забастоўкі не рабіў і ня робіць.
        С ь ц я п а н (закурваючы са злосьцю люльку). Чорт яго бяры, ня тут успамінаючы, – рабіў ці не рабіў. Знаць і бачыць не хачу яго ў сваёй хаце, гэтага хамуйлу, гэтае плюгаўства.
        А л ь ж б е т а. Прыбірай, Паўлінка, ужо са стала!
        П а ў л і н к а (кінуўшы на ложак шыцьцё і ідучы к сталу). А даўно гэта, татка, сам зь ім цалаваўся?
        С ь ц я п а н. Каханенькая, родненькая, ня лезь у вочы. А не, то вон з хаты і цябе з гэтай дрэняй выганю.
        
        Паўлінка ідзе зь міскай к дзьвярам; неўспадзеўкі дзьверы адчыняюцца, увальваецца ў хату п’яны Праньцісь Пустарэвіч, за ім – яго жонка. Праньцісь няўмысьля выбівае міску ў Паўлінкі.
        
        П а ў л і н к а. Ай, што ж гэта, дзядзька, зрабілі?
        
        
Зьява VII
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета, Праньцісь, Агата

        П р а н ь ц і с ь. Глупства, глупства, пане дабрудзею! Пахвалёны Езус. Собственно, адкупім, адкупім, вось-цо-да!
        С ь ц я п а н   і   А л ь ж б е т а .  Навекі.
        А л ь ж б е т а. А мае ж вы родненькія, ці ж гэта вы ўсё яшчэ з рынку едзеце? Здаецца ж, раней за нас выехалі?
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, вось-цо-да, кабыла заблудзіла, пане дабрудзею.
        А г а т а. Тудэма-сюдэма, ці ж гэта мачыляпа калі прыехаў у сваім часе дамоў! Ён жа, як рызьнік, то туды, то сюды блытаецца па дарозе.
        П р а н ь ц і с ь. Пане дабрудзею, тваё бабскае дзела – маўчаць! Я, собственно, восьцо-да, спрытны, – тонка панімаю, што і як раблю.
        А л ь ж б е т а. Ды садзіцеся ж, мае міленькія!
        А г а т а. Тудэма-сюдэма, куды тут садзіцца! Ноч на дварэ, кабыла за плотам, паўвярсты да дому, а гэты, тудэма-сюдэма, начніца касавокая, ня вытрываў, каб людзям не нарабіць уночы неспакойства. (Садзіцца, а за ёй – іншыя.)
        С ь ц я п а н. Э, што там такое! Высьпімся! Дзякуй Богу, ночка не пятровая, а пакровая.
        П а ў л і н к а (падбіраючы чарапкі). Заўтра госьці будуць, а дзядзька апошнюю міску стоўк. Трэба, каб на кірмашы дзьве адкупіў.
        П р а н ь ц і с ь. Глупства, пане дабрудзею, глупства! Хаўтурнага, собственно, вып’ем па місцы. (Дастае з бакавой кішэні пляшку, пацягае зь яе і хавае назад.)
        
        
Зьява VIII
Сьцяпан, Альжбета, Праньцісь, Агата

        П р а н ь ц і с ь (усьлед Паўлінцы). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Маладзенькая яшчэ, маладзенькая! Лазы трэба, собственно, вось-цо-да.
        А г а т а (да Альжбеты). Што, свацейка, тудэма-сюдэма, добрага куплялі на рынку?
        А л ь ж б е т а. Ат, сёе ды тое. Паглядзіце, калі хоча-це. Нічога такога цікаўскага.
        
        Устаюць і ідуць абедзьве да куфра і разглядаюць кінутыя на ім пакупкі.
        
        П р а н ь ц і с ь (да Сьцяпана). Чуў, сват, пане дабрудзею, што сягоньня людзі казалі?
        С ь ц я п а н. Не, не, каханенькі, родненькі, ня чуў, не было калі! А што?
        П р а н ь ц і с ь. Ды як жа, вось-цо-да! Кажуць, пранцуз, пане дабрудзею, ідзе на Барысава па шапку і рукавіцы, што калісь там заставіў. Чатырыста тысяч войска з сабой вядзе і, собственно...
        А г а т а (перабіваючы зь месца). Не чатырыста тысяч, а чатыры сотні тысячаў...
        П р а н ц і с ь. Глупства, глупства, пане дабрудзею. Усё роўна ідзе, вось-цо-да. Спранжыновы касьцёл з сабой нясе, пане дабрудзею.
        А г а т а (зь месца). Тудэма-сюдэма, не нясе, а на паветры, на машыне, што лётаюць, гэты касьцёл вязе.
        С ь ц я п а н   і   А л ь ж б е т а  (зьдзівіўшыся). Ай-я-я! Аж на паветры касьцёл вязуць!..
        А г а т а. Але ж, але! Тудэма-сюдэма, я сама на свае вушы чула.
        С ь ц я п а н. Во калі пайшло ўсё ўверх нагамі! Як паставяць гэты спранжыновы касьцёл, то можна будзе спадзявацца і для нашага брата якога-такога палягчэньня. Дзякуй Богу, дзякуй Богу!!! А вось мая гэта ахмістрыня, дачушка мая сакатушка, сплуталася з гэтым... з гэтым бязбожнікам, і хоць ты ёй вар на галаву лі.
        П р а н ь ц і с ь. Маладзенькая, собственно, вось-цо-да. Бярозавай кашы ня шкодзіла б, пане дабрудзею.
        А л ь ж б е т а. Дужа трудна паладзіць зь цяперашняй моладзьдзю. Пайшло такое распуства на сьвеце, што ня дай Божа! Заместа кніжак ды набажэнства – чытаюць нейкія дрындушкі. Вецер у ва ўсіх па галаве ходзіць. Гэта ж мне калісь сказалі: ідзі за Сьцяпана, – я і пайшла безь ніякай спрэчкі са сваімі старымі.
        А г а т а. А так, так, тудэма-сюдэма! I мой, як да мяне пасватаўся, бацька-нябожчык і кажа: ідзі, бо ўсё роўна ніхто цябе лепшы ня возьме; я падумала, тудэма-сюдэма, ну і пайшла.
        
        Глядзяць абедзьве на сваіх мужоў, пасьля – адна на адну, плююць кожная ў другі бок і разглядаюць ізноў клункі.
        
        П р а н ь ц і с ь. Так, так, пане дабрудзею; іначай калісь было. (Дастае пляшку і п’е, а пасьля дае Сьцяпану.) Собственно, глупства, вось-цо-да, было, а ты, сват, выпі, каб тое, што было, у памяці не сядзела.
        
        Сьцяпан п’е, Праньцісь прытрымлівае за пляшку, каб той залішне не выпіў.
        
        С ь ц я п а н (абціраючы вусы ды сплёўваючы). Шчыпецца, каб яе гаручка!
        П р а н ь ц і с ь (хаваючы гарэлку). Ага, вось-цо-да, шчыпецца, собственно, бо чужая, пане дабрудзею.
        
        Абодва закурваюць.
        
        А л ь ж б е т а (да Агаты). А ці заўтра, свацейка, будзеце на кірмашы?
        А г а т а. Ды трэба ж будзе як сьцягацца.
        
        
Зьява IX
Тыя ж і Паўлінка

        П а ў л і н к а (уваходзячы, да Альжбеты). Можа б, мамка, рыціснулі сыр, бо да заўтрашняга не адцісьнецца.
        А л ь ж б е т а. Яшчэ пасьпее... Дай мне зь цёткай разгаварыцца.
        П а ў л і н к а. Ідзіце, ідзіце, мамка, а я за вас зь цёткай пагавару.
        А г а т а. Ідзіце, свацейка, тудэма-сюдэма, не зважайце на мяне. Мы тут з Паўлінкай пачакаем на цябе.
        А л ь ж б е т а (выходзячы). Ну, як сабе хочаце.
        
        Паўлінка з Агатай садзяцца на куфры і жыва аб чымсьці гавораць.
        
        
Зьява X
Паўлінка, Сьцяпан, Праньцісь, Агата

        С ь ц я п а н. Знаеце, сваток, гэтага, гэтага... як ён... а каб цябе... (Да Паўлінкі.) Паўлінка, як гэты завецца, што мяне сягоньня падмазываў?
        П а ў л і н к а (зь месца). А скуль жа я магу ведаць, хто татку мазаў?
        С ь ц я п а н. Ну, гэты ж?.. каб ён цяміўся... зяць, зяць!
        П а ў л і н к а (прыпамінаючы). Як жа ён, як?.. Здаецца, Бык... Бычок...
        С ь ц я п а н. Ага, ён, ён. Не, ня так! Быкоўскі, каханенькая, родненькая, вось як. Пан Адольф Быкоўскі. (Да Праньціся.) Дык бачыш, сваток, ён, значыцца, падлабуньваецца да маёй Паўлінкі. Што ты на гэта?
        П р а н ь ц і с ь (дастаючы гарэлку). Глупства, глупства, пане дабрудзею. Собственно, бычок, вось-цо-да, больш нічога. (П’е і дае гарэлкі Сьцяпану.)
        С ь ц я п а н (выпіўшы). Заўтра, знакам тым, прыедзе абнюхаць, як і што, дык і сваток са сваёй загляньце да нас. Ану ж, каханенькі, родненькі, можа, які гандаль будзе наладжвацца, дык прыкінеш якое слаўцо. Прыедзьце толькі.
        П р а н ь ц і с ь. Глупства, пане дабрудзею, і прыйсьці можна. Собственно, блізка, вось-цо-да.
        С ь ц я п а н. Блізка-то блізка, але каб не было сьлізка: на дождж як бы зьбіраецца.
        П а ў л і н к а (зь месца). А ці, татка, каня паілі?
        С ь ц я п а н. Не, каханенькая, родненькая. Зараз пайду. (Да Праньціся.) Можа, разам з сватам пойдзем? Я свайго напаю, а сват свайго паглядзіш, ці добра прывязаны.
        П р а н ь ц і с ь. Глупства, пане дабрудзею. Собственно, жонка завязе, калі б кабыла ўцякла. (Да Агаты.) Праўда, баба?
        А г а т а (зь месца). Што – праўда?
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, калі б кабыла ўцякла, то мяне тады ты дамоў завязеш, пане дабрудзею.
        А г а т а. А каб ты, тудэма-сюдэма, бокам езьдзіў! Ідзі скарэй, паглядзі! Гэта ж і мне з памяці сышло.
        С ь ц я п а н. Пойдзем, каханенькі, родненькі. (Абымаюцца і сланяючыся выходзяць, напяваючы.)
        
Чаму ж нам ня пець,
Чаму ж не гудзець,
Калі ў нашых хатачках
Парадак ідзець?
        
        
Зьява XI
Паўлінка, Агата

        П а ў л і н к а. Але ж калі я яго люблю, цётачка.
        А г а т а. Мала што, дзеткі, тудэма-сюдэма, любіш яго, але калі бацька нея хоча, дык падумай, што людзі скажуць, як супроці волі старых пойдзеш.
        П а ў л і н к а. А што там людзі? Яны ж зь ім жыць за мяне ня будуць і па маёй сьмерці за мяне пакутаваць ня будуць. Пагавораць, пагавораць ды перастануць, як намазоляць языкі.
        А г а т а. Як уважаеш, мае дзеткі. Што ж я, тудэма-сюдэма, нічога не дараджу.
        П а ў л і н к а (заламаўшы рукі на каленях). Калі ён такі добры, такі разумны, што і сказаць не магу.
        А г а т а. Усе яны добрыя, пакуль не ўбярэ каторы дзяўчыны ў свае рукі, а як убярэ, тады на іншы лад, тудэма-сюдэма, зайграе, а ты танцуй пад яго дудку. I мой, пакуль толькі сватаўся да мяне, – патульны быў, як цялё, а як ажаніўся, дык праўдзівым ваўком зрабіўся.
        П а ў л і н к а (як бы не зважаючы на гаворку Агаты). Кніжкі мне прыносіў... Хораша так аб усім расказваў... як трэба жыць, як людзей трэба ўсіх любіць, і шмат, шмат чаго. I любіць жа ён гэтых людзей зусім неяк ня так, як мы іх любім. Гэта ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён хоць бы што. «Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло ці не спадабалася, дык і помстуе. У нас, кажа, усе ідзе ня так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як зьвяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад’юджваюць, ненавідзяць адзін другога. Змалку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісьці жыць, змалку дзён іх да гэтага вучаць і дома, і за домам. Сьляпыя, кажа, усе сьляпыя. Адзін над другім ня маюць ніякай літасьці, хоць усіх душаць зьверху ўсялякія пошасьці ды злыдні».
        А г а т а. Чула я, чула аб ім ня раз. Вельмі ўжо, кажуць, тудэма-сюдэма, разумны і добры ён.
        П а ў л і н к а (ажывіўшыся). А што ж, ці ня праўда? I ўсё б было добра, каб ня гэты тата: хоць немаведама што рабі зь ім.
        А г а т а. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца, і ўсё добра будзе.
        П а ў л і н к а. Трэці год, цётачка, чакаем, і нічога не выходзіць. Трэці год трасуся і выглядаю той часінкі, каб толькі зь ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне зь ім разлучаць!..
        А г а т а (хрысьцячыся). Мёйца, сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу! матачка найсьвентшая!
        П а ў л і н к а (паказваючы). Калі тут, цётачка, так пад сэрцам баліць, што і жыць неўмагату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі, такі паслухмяны... (Заглядзеўшыся ўдаль). Калі яшчэ з гэтам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не глядзіць на тое, што калісь вучыўся, а цяпер сам вуча і большых, і меншых. Ніколі ад яго слова благога ня чула. Так, ведаеце, цётачка, і хочацца з кім-колечы аб ім гаварыць і думаць без канца і пачатку. I чаму я такая няшчасная? (Са сьлязьмі.) Бацька родны хоча мяне адарваць ад таго, хто мне цяпер мілей ад усяго чыста – жыцьця, хаты роднай, цэлага сьвету. I чаму ж я такая няшчасная?
        А г а т а (тулячы да сябе Паўлінку, празь сьлезы). Ціха, мае дзеткі, ціха. Не гаруй, не маркоцься, міленькая, вельмі. Неяк жа ды будзе. Бог найвышэйшы, тудэма-сюдэма, міласэрны і аб тваёй тут цяжанькай долі не забудзецца.
        П а ў л і н к а (як бы збудзіўшыся). А няхай сабе будзе, што мае быць – я свайго такі даб’юся або згіну, каб і сьледу не засталося.
        А г а т а. А ўсе ж такі, скажы мне, дзеткі, чаму так твой тата на яго заеўся?
        П а ў л і н к а. Бо... бо Якім з мужыкоў...
        
        
Зьява XII
Паўлінка, Агата, Сьцяпан, Праньцісь

        П р а н ь ц і с ь (за дзьвярыма). Глупства, вось-цо-да. Ня дзе падзелася! Я знаю, собственно, дамоў уцякла, пане дабрудзею.
        С ь ц я п а н (уваходзячы у хату, а за ім Праньцісь). I трэ было ж свату так дрэнна яе прывязаць, ды ў гэткую яшчэ цемру.
        А г а т а (усхапіўшыся). Каго прывязаць?
        П р а н ь ц і с ь. Кабылу, кабылу, пане дабрудзею. Ужо ж не цябе, вось-цо-да.
        А г а т а. Дык дзе ж кабыла?
        П р а н ь ц і с ь (дастаючы пляшку). Собственно, няма кабылы, дзе была, вось-цо-да, пане дабрудзею.
        А г а т а (падбягаючы да Праньціся з кулакамі). Дык чаго ж ты, тудэма-сюдэма, несьвянцоная костка, расьсеўся, як у сваей хаце!
        П р а н ь ц і с ь (пацягваючы з бутэлькі). Глупства, глупства, вось-цо-да. Пасьвенцім, собственно, пане дабрудзею, калі несьвянцоная.
        А г а т а (хоча вырваць пляшку, Праньцісь не дае). Вот я цябе зараз, тудэма-сюдэма, як высьвенчу гэтай пляшкай па галаве, дык і сваіх не пазнаеш, няшчасны ты «вось-цо-да». (Галосячы.) А Божа ж мой, бацюхна мой! Нашто мяне пакараў гэтай, тудэма-сюдэма, п’яніцай, гэтай недарэкай, гэтай куксамордай, гэтай... гэтай...
        
        
Зьява XIII
Тыя ж і Альжбета

        А л ь ж б е т а (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
        П а ў л і н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые.)
        А л ь ж б е т а (да Праньціся). Дык чаго ж, сватка, чакаеце? Бяжыце скарэй дамоў, пэўна, там; гэта ж ей не першыня.
        А г а т а. Ці ж тэту, тудэма-сюдэма, трухлявую калоду зрушыш зь месца! Сядзіць жа вось анцыхрыст, каб яму моль пяты пабіла, і зь месца не скранецца.
        С ь ц я п а н (закурваючы люльку). Супакойцеся, свацьця. Ня дзе яна дзенецца. Каханенькая, родненькая, яна дома, напэўна дома.
        А г а т а. А сват, тудэма-сюдэма, ня сунься з сваім носам туды, куды цябе ня просяць. (Да Праньціся.) Ідзём! Чуеш ці не!..
        П р а н ь ц і с ь (устаючы). Глупства, пане дабрудзею, глупства. Мае мазгі спрытныя. На табе, вось-цо-да, паеду, собственно, дамоў.
        А г а т а (выводзячы Праньціся). Бывайце здаровы! Нахвалены Езус!.. Падла гэты, ламака, нарабіў работы!
        
        Выходзяць, за імі – Альжбета з клінком.
        
        
Зьява XIV
Паўлінка, Сьцяпан

        С ь ц я п а н. Ox, i даюцца ж гэтыя сваякі ў знакі. Але, дзякуй Богу, дзьве дзюркі ў носе і сканчылося, – ужо пазбыўся.
        П а ў л і н к а. А даўно гэта таткаў гняды ўцёк з Лужанкі, і татка дамоў пехатой прытрапаў?
        С ь ц я п а н. Што было, тое сплыло i болей, каханенькая, родненькая, ня будзе, як кажуць людзі.
        П а ў л і н к а. Паглядзім. Заўтра кірмаш.
        С ь ц я п а н. Ня бойся, каханенькая, родненькая. Я кабылу злаўлю, але i ты глядзі, каб мне таго зяця злавіла, аб якім я табе сягоньня гаварыў.
        П а ў л і н к а. Што ён, конь ці вол, каб я яго яшчэ мела лавіць?
        С ь ц я п а н. Ня конь i ня вол, а так сабе, дойная жывёліна.
        П а ў л i н к а. Дык, татка, яго і дойце, калі ён для вас такі дойны, а я i ня думаю.
        С ь ц я п а н. Нічагутанькі, каханенькая, родненькая. Надумаецца, ваша, як пакармлю бярозавай кашай. Вось толькі каб пагода была добрая, а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісьці.
        П а ў л i н к а. Ліха ня возьме! Гэткі цукар не размокне.
        С ь ц я п а н. Каханенькая, родненькая, як скажу, так i будзе; дзьве дзюркі ў носе i сканчылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоньня каляндар – нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым іншым. Значыцца, паглядзім праўды.
        
        Ідзе і дастае з-за абраза каляндар, адтуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не пасьпявае.
        
        С ь ц я п а н (падымаючы фатаграфію). А гэта што такое?
        П а ў л і н к а (хочучы адабраць). Гэта мая. Аддайце мне, гэта!
        С ь ц я п а н. Я пытаюся – хто гэта?
        П а ў л і н к а. Ці ж, гэта, ня бачыце?
        С ь ц я п а н (са злоснай насмешкай). Ха-ха-ха! Якім!.. Хай жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае.)
        П а ў л і н к а (скрозь сьлёзы). Аддайце, татачка, аддайце, ня рвіце! ня зьдзекавайцеся над ім...
        С ь ц я п а н (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцьлёўка! Я вам тут наразводжу шашняў...
        
        Стукат у сенцах. Уваходзяць Праньцісь, Агата, а за імі Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубе пальцамі фартух.
        
        
Зьява XV
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета, Праньцісь, Агата

        П р а н ь ц і с ь. Глупства, пане дабрудзею. Я, вось-цо-да, казаў, собственно, ня дзе падзенецца.
        А г а т а (дражнячы). Вось-цо-да, вось-цо-да! Сам кабылу, тудэма-сюдэма, паставіў у вас пад паветкай, а шукае за плотам. Дарма толькі поўзалі і сьлядоў прыглядаліся.
        А л ь ж б е т а. Ну, дзякуй Богу, што хоць найшлася. (Да Сьцяпана.) Што ты там круціш у руках?
        С ь ц я п а н (тыкаючы фатаграфію ў твар Альжбеце). На, на! любуйся, якія празэнты атрымлівае твая дачушка!
        А л ь ж б е т а (закрываючы рукой твар). Чаго соваешся... Такая яна і твая, як мая.
        С ь ц я п а н. Лжэш! Каб яна была мая, то была б такая, як і я.
        П р а н ь ц і с ь. Пакажы, пакажы, пане дабрудзею, што гэта за птушка?
        С ь ц я п а н (паказваючы). На, глядзі, сваток! Павіншуй мяне з такой дачушкай і з гэтым, з гэтым гарэтыкам!
        П р а н ь ц і с ь (разглядаючы). Эге! Гэта гэты разумненькі, вучоны, грамацей... Собственно, Сарока, вось-цо-да.
        С ь ц я п а н. Але ж, але! Якім Сарока.
        А г а т а (да Сьцяпана). Тудэма-сюдэма, пакажыце і мне, сватка.
        П р а н ц і с ь (да Агаты). Ты, пане дабрудзею, баба, ня лезь сюды зь цікавым носам. Собственно, пільнуй сваей спадніцы і панчохаў, вось-цо-да. А мы суд, суд зробім... правы і скоры.
        П а ў л і н к а (падыходзячы да Альжбеты, ласкава). Мамачка, адбярыце яе ў таткі.
        А л ь ж б е т а. Што я зь ім, дзеткі, зраблю? Яшчэ біцца будзе...
        С ь ц я п а н (да Праньціся). А добра, сватка, кажаш. Зробім суд, перасуд добрым складам над гэтым гадам. А які?
        П р а н ь ц і с ь. А такі, пане дабрудзею: стражнікаў паклікаць, спраўніку данясьці. Собственно, інквізітарскі суд зрабіць – па палавіне шась! і гатова, вось-цо-да.
        П а ў л і н к а (кідаючыся да Сьцяпана і цалуючы яму рукі, скрозь сьлёзы). Татачка, аддайце! Ня зьдзекавайцеся над ім!.. Ён жа вам нічога благога не зрабіў.
        С ь ц я п а н (са злосьцю). Спаць, спаць пайшла, калі гэткага знайшла! Спаць! (Рве фатаграфію.)
        П а ў л і н к а (з плачам апускаючыся на лаву). Татка, згубіць мяне хочаце... Гвалтам з хаты выгнаць.
        П р а н ь ц і с ь (дастаючы пляшку). А цяпер, собственно, вып’ем хаўтурнага, вось-цо-да. (П’е.)
        П а ў л і н к а (усхапіушыся з лавы, кідаецца да Праньціся). Па кабыле сваёй пі хаўтурнага, а не па чалавеку, якога і падноскаў ня варт! (Вырываючы і разьбіваючы аб зямлю пляшку.) Вось-цо-да!
        П р а н ь ц і с ь (разьвесіўшы рукі, зьдзіўлены, як і ўсе). О-о-о!!!
        
        
Заслона.

        
        
АКТ ДРУГІ
        
        Тая ж самая – што ў першым акце – сьвятліца. За стадом сядзяць: Сьцяпан, Альжбета і госьці – тры хлопцы і тры дзяўчыны. Мужчыны сядзяць з аднаго канца стала, а жанчыны – з другога. П’юць гарбату, наліваючы на сподкі; закусваюць. Дзецюкі зь дзяўчатамі жартуюць, перакідваючыся крошкамі ад хлеба. 3ь левай стараны (гледзячы ад публікі) пры сьцяне ад бакоўкі сядзяць два музыкі і, зводзячы инструмэнты, сьціха перагаварваюцца між сабой. Ля дзьвярэй ад сенцаў, у канцы куфра, на табурэце стаіць самавар. Паўлінка, прыбраўшыся па-сьвяточнаму, увіхаецца каля гасьцей. Трохі ў твары зьмяніўшыся; час ад часу ўздыхае і няўзнак паглядае ў акно; адно стараецца быць з усімі вясёлай і бойкай. Як падымаецца заслона – Паўлінка нясе гарбату.
        
        
Зьява I
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета, госьці, музыкі

        П а ў л і н к а (стаўляючы гарбату перад Сьцяпанам). Што ж гэта нешта татавага зяця так позна ні слуху ні духу? Ці ня зьнюхаў ён, што ў мяне пасагу нямашака?
        С ь ц я п а н. Каханенькая, родненькая, не бядуй. Ня будзе Прша, будзе чорт іншы.
        П а ў л і н к а (насьмешліва). Мала што будзе... Але ж, калі мяне ўжо неяк, як цмокам, стала цягнуць да гэтага Бык... Бычка... Ах, як яго?..
        С ь ц я п а н (з націскам). Быкоўскага.
        П а ў л і н к а (падыходзячы да другого, канца стала). Можа, Адэльцы яшчэ шкляначку?
        А д э л ь к а (госьця). Дзякуй. Ужо напілася.
        А л ь ж б е т а. Ды бяры! Што там пытается? Панна Адэля толькі дзьве выпіла.
        А д э л ь к а. Калі ж болей ня хочацца.
        П а ў л і н к а (забіраючы шклянку). Вып’еш, вып’еш, Адэлька, – зьмесьціцца.
        А л ь ж б е т а (падсоўваючы гасьцям яду). Старайцеся, госьцікі, старайцеся. Вось – сыр, масла, вяндліна! Такі ж сягоньня трохі папрацавалі каля полькі да лявоніхі.
        К о л ь к і   г а л а с о ў  (перажоўваючы і сёрбаючы). Дзякуй, дзякуй! Мы стараемся.
        С ь ц я п а н. Чым хата багата – тым рада. Хлеб на стале – рукі свае. Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма. Але я ў гэтым не вінават. Хацеў узяць у Міхалішках, дык, як на ліха, манаполька цэлы дзень была закрыта.
        М у з ы к а (убок да другога). Каб не салгаў, дык бы і ня жыў. Я сам бачыў, як пасьля імшы адбываўся з пляшкамі пры манапольцы нешпар.
        Д р у г і   м у з ы к а . Слухаць! Скнэра, і больш нічога.
        П а ў л і н к а (паставіўшы Адэлі шклянку, да аднаго з гасьцей). Можа, пан Вінцусь яшчэ вып’е?..
        В і н ц у с ь (госьць; уціраючы канцом настольтка губы і лоб). Яно-то было ўжо і досыць, але калі панна Паўлінка так пекна просіць, дык можна яшчэ са шкляначку.
        П а ў л і н к а (ідучы са шклянкай). Гэты ўжо дык пятую шклянку бабохае...
        С ь ц я п а н (да Альжбеты). Ці добра хаця ты прасіла Пустарэвічаў? Чаму іх так доўга няма?
        А л ь ж б е т а. Каб і не прасіла, то прыедуць. (3 насьмешкай.) Пэўна, собственно, кабыла заблудзіла.
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . Штось сягоньня на кірмашы Якіма Сарокі не было. А то, бывала, такім франтам пахаджывае, што куды мяне вядзеш, пусьці мяне к чорту.
        П а ў л і н к а (стаўляючы гарбату). А пану Банадысю зайздрасьць, што так прыадзецца не патрапіць, хоць мо і мае за што.
        Г о с ь ц ь. Чымся грошы траціць на адзежу, я лепей іх каму пазычу.
        П а ў л і н к а (садзячыся на ложку). I працэнцік добры злуплю, каб аж у пяты другому закалола.
        Г о с ь ц ь (самадавольна). Хе-хе-хе! А паньне Паўлінцы злосьць яшчэ не адышла, што калісь гэтаму ягамосьці Сароцы ні за які працэнт не пазычыў.
        П а ў л і н к а. Вельмі ж яму гэтым і не пашкодзілі. Нашліся людзі, што і без працэнтаў пазычылі і далі яму магчымасьць паехаць на настаўніцкія курсы. Цяпер нічыёй ласкі не патрабуе.
        А д н а   з   г а с ь ц е й .  Пэўна, што не! Такі чалавек нідзе не прападзе.
        С ь ц я п а н (прыслухваючыся дагэтуль гутарцы аб Сароцы). Каханенькія, родненькія, кіньце аб гэтым сьвінапасе гаварыць. Прыелася ўжо мне гутарка аб ім горш горкай рэдзькі. I ці гаманіце аб ім, ці не гаманіце – усё роўна нічога ня выйдзе. Я ўжо яму даў дарогу.
        П а ў л і н к а (неспакойна). Якую дарогу?
        С ь ц я п а н. А ты, каханенькая, родненькая, ня слухай вушы разьвесіўшы, ды лепей гасьцей глядзі. Дзьве дзюркі ў носе і сканчылося.
        
        Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падыходзіць браць шклянкі, але ўсе адказваюцца.
        
        А л ь ж б е т а. Што ж, выбачайце, госьцікі. Не хацелі піць і есьці, пасьля самі будзеце жалець.
        С ь ц я п а н. Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было.
        К о л ь к і   г а л а с о ў  (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем пану гаспадару і пані гаспадыні! Падмацавэліся, хвала Богу, як лепей ня трэба.
        П а ў л і н к а (устаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесьці, а, паны кавалеры, вазьміце сабе табурэцікі ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.
        С ь ц я п а н   і   А л ь ж б е т а  (вылазячы з-за стала). А як жа – трэба, трэба!
        
        Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх на табурэтах; жартуюць між сабой.
        
        А л ь ж б е т а (падыходзячы да музыкаў). Хадзіце, міленькія, выпійце са шкляначку гарбаты.
        М у з ы к і. Дзякуем пані! Мы ужо сягоньня пілі.
        А л ь ж б е т а. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструмэнты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі.) А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!
        С ь ц я п а н (закурваючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія, родненькія, што гарэлкі няма.
        М у з ы к і. I бяз гэтых кропель будзем жывы. Чуваць стукат у сенцах.
        С ь ц я п а н. А бач, нехта такі хоць нарэшце зьявіўся. Трэба ісьці ды глянуць, а то яшчэ ў дзьверы ня луча. (Ідзе.)
        А д з і н   з   г а с ь ц е й .  Нясі, Божа, нежаматага ды багатага!
        А д н а   з   г а с ь ц е й .  Жаніць будзем!
        П а ў л і н к а (стаўляе музыкам гарбату, падыходзе і глядзіць у акно. У бок.). Ах, як жа цёмненька!
        А д з і н   з   г а с ь ц е й .  Каго так, панна Паўлінка, выглядаеце?
        П а ў л і н к а. Таго ж – нежанатага ды багатага.
        
        
Зьява II
Тыя ж і Адольф Быкоўскі

        С ь ц я п а н (спатыкаючы Адольфа ў дзьверах). А-а! Нарэшце зьявіўся, дарагі госьцік! Што ж гэта, каханенькі, родненькі, так доўга чакаць на сябе нас заставіў?
        А д о л ь ф (вешаючы пальто на сьцяне каля парога). Пахвалёны ў хату!
        К о л ь к і   г а л a c o ў . Навекі! Навекі!
        А д о л ь ф (вітаючыся са Сьцяпанам). Выбачайце, што трохі прыпазьніўся. Але гэта вінават мой жарабец. Як панёс з тары, што каля Прытыкаў, – і мяне выкінуў, і вось зламаў, так што аж мусіў другую каламажку ўзяць; праз тое і замарудзіў.
        А д з і н   з   м у з ы к а ў  (убок да другого). Каб ён толькі дыхаў. Які яго чорт нёс! Прыстаў конь, ды ўсё тут.
        Д р у г і   м у з ы к а . Няўжо ж што. У мае вочы заплаціў вясной за нейкую здыхляціну трыццаць рублёў, і тая ўжо скарэй яго панясе.
        С ь ц я п а н (да Адольфа). Проша ж, проша далей, сюды, дзе бліжэй кут і дзе ўсе тут.
        А д о л ь ф. Дзякую, дзякую, вашэці. Проша са мной клопату не рабіць.
        
        Ідзе і з усімі вітаецца; Альжбету цалуе ў руку, стоячы к ёй бокам і не згінаючыся.
        
        А л ь ж б е т а. Проша пана Адольфа, проша за стол! Можа, вып’еце гарбаты і чаго закусіце? (Да Паўлінкі.) Паўлінка, налі пану Быкоўскаму гарбаты!
        А д о л ь ф (садзячыся за стол з другога канца ад музыкаў і закурваючы папяроску). А што ж у васпанства добрага чуваць?
        С ь ц я п а н (прысаджваючыся к сталу). Ды што ў нас чуваць? – Старая баба ня хоча здыхаць, а маладая замуж ісьці.
        А д о л ь ф (самадавольна). Хе-хе-хе! Старую трэба пшыдусіць, а маладую пшымусіць.
        А л ь ж б е т а (да Сьцяпана). А, ваша, схадзі паглядзі, ці добра прывязаны конь пана Быкоўскага.
        А д о л ь ф. Не турбуйцеся. Я яго добра прывязаў.
        С ь ц я п а н. Каханенькі, родненькі, хоць і прывязаў, але сена, пэўна, ня даў. У нас так: госьць як папала, а жывёліну дык трэба добра дагледзець. (Выходзіць.)
        
        
Зьява III
Тыя ж безь Сьцяпана

        П а ў л і н к а (стаўляючы перад Адольфам гарбату і сама садзячыся аподаль). Што ж гэта пана Адольфа конь хацеў разнясьці?
        А д о л ь ф. А як жа! Тры сотні вясной заплаціў і толькі клопату нажыў. Але ў мяне ўсё так! Каровы мае кожная варта па якой сотні рублёў; як загілююць летам, дык і на добрым кані іх не ўгоніш.
        П а ў л і н к а (хітравата). Пэўне і авечкі ў пана Адольфа таксама гілююць?
        А д о л ь ф. А так, так! Маю пятнаццаць старых і дваццаць маладых. Як ударыць гарачыня, дык яны чуць ня ўсе чыста круцяцца на адным месцы.
        П а ў л і н к а (ідучы па гарбату для сябе, убок). Матыліцы авечак мучаць, як і сам тут (паказваючы пальцамі на сваю галаву) матылі мае, а думае, што яны зыгуюць.
        А л ь ж б е т а. Якія ж сёлета ўраджаі ў пана Адольфа?
        А д о л ь ф. А нішто сабе. (Відам лгучы.) Жыта нажаў коп са дзьвесьце, аўса таксама са дзьвесьце, ячменю – з сотню.
        А д з і н   з   г а с ь ц е й < / i > .   А   к о л ь к і   ж   у   п а н а   з я м л і ?   
        А д о л ь ф. Валокі з паўтары добрыя будзе.
        Г о с ь ц ь. I лес ёсьць?
        А д о л ь ф (абціраючы хустачкай лоб). А як жа – ёсьць: з паўвалокі, калі ня болей. Сосна у сасонку!
        Г о с ь ц ь. I сенажаць ёсьць?
        А д о л ь ф. Ёсьць, ёсьць! Над самай рэчкай, таксама з паўвалочку. Мурог, як шафран.
        М у з ы к а. Дык у пана ўсяго з паўвалочку ворнай зямлі?
        А д о л ь ф. Н-нуу, так! 3 добрую паўвалочку!
        А л ь ж б е т а. У нас ворнай зямлі, мусіць, і са тры валокі будзе, і то мы столькі не нажалі.
        П а ў л і н к а (сеўшы з гарбатай пры стале). Пан Адольф лепшы, відаць, за нас гаспадар.
        А д о л ь ф. О, у мяне гаспадарка ні ў чым ня зблыша. У мяне жонка і то будзе лепшая, як у ва ўсіх.
        А д з і н з г а с ь ц е й. Каб толькі не ўдалася наравістая.
        П а ў л і н к а. Цікавасьць, ці пан Адольф ужо затаргаваў сабе якую?
        А д о л ь ф. Гэта пакуль што сакрэт.
        П а ў л і н к а. А мне пан Адольф скажа?
        А д о л ь ф. Так. Але перш гэту і маме, а пасьля ўжо і васпані на самае вушка.
        П а ў л і н к а (беручы ў яго шклянку). Добра, добра! Пан Адольф як ведаў, што я трохі глухавата.
        А д о л ь ф. Глухавата?!
        П а ў л і н к а (ідучы па гарбату, убок). Трэба шэршня за нос павадзіць, каб і дзесятаму заказаў, як жонкі купляць.
        А л ь ж б е т а. Пан Быкоўскі, здаецца, у нас першы раз?
        А д о л ь ф. А так – першы!
        А д н а   з   г а с ь ц е й . Дык пану трэба даць пацалаваць старую бабу.
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . Пан Адольф толькі да маладых ды багатых лас, а старыя ў яго ў рахунак ня йдуць.
        А д о л ь ф. А праўда, праўда! Я толькі да маладых маю імпэт.
        А л ь ж б е т а (убок). І дурны ж ён, як відаць.
        П а ў л і н к а (падаючы гарбату Адольфу). Да каго гэта маеце такі імпэт, да дарагіх кароў ці дарагіх кабыл?
        А л ь ж б е т а. Ды не! Пан Быкоўскі мае імпэт толькі да маладых дзяўчат.
        А д о л ь ф (п’ючы гарбату). Але ж, але. Толькі да маладых дзяўчат.
        П а ў л і н к а. А кільчака часам з гэтага не нагоніце на язык?
        А л ь ж б е т а. Што ты?! Ці ж пан Быкоўскі конь?
        М у з ы к а (убок да другога). Конь ня конь, а як відаць, дык быдлё парадашнае.
        А д о л ь ф (да Паўлінкі). Панна Паўлінка дык усё мне каплімэнты гавора.
        П а ў л і н к а (расьсеяна). Ага! Каплімэнты. (Да музыкаў.) Мацуйцеся, мацуйцеся, музыканцікі. А то ўжо ногі чэшуцца. Так і хочацца з панам Адольфам сыпнуць лявоніху.
        А д о л ь ф. Фі! Я такіх мужыцкіх танцаў не гуляю.
        М у з ы к а (да Паўлінкі). Дзякуем! Ужо як належыць сабраліся, цяпер можам і рэзнуць што-колечы для паненкі. (Садзяцца на свае месцы і зводзяць інструмэнты.)
        П а ў л і н к а (да Адольфа). А якія ж вы танцы гуляеце?
        А д о л ь ф. Гэрц-польку, падзі-спаць, манчыз, падзі-кварту. (Выходзячы з-за стала, цалуе Альжбету ў руку, да Паўлінкі.) Ну, што ж? Можа, мы з паненкай папрабуем?
        П а ў л і н к а. Калі ж я гэтых мудрых танцаў ня толькі што ня ўмею, але ніколі нават іх і ня бачыла.
        А д о л ь ф. Ня бойцеся! Я на ўсе лады выўчу паненку скакаць. (Бярэ Паўлінку як да танца, да музыкаў.) Зайграйце нам гэрц-польку!
        М у з ы к а. Мы гэтага ня ўмеем.
        А д о л ь ф. Ну, дык падзі-спаць!
        М у з ы к а. Першы раз чуем.
        А д о л ь ф. А можа, падзі-кварту знаеце?
        М у з ы к а. I гэта першы раз чуем.
        П а ў л і н к а (як бы бядуючы). А-ёй-ёй! Вось табе і на! Так і не наўчуся гэтых панскіх танцаў.
        А д о л ь ф. Не бядуйце вельмі. Я буду вытылінгіваць на язык, а васпанна толькі прыслухоувайся ды вырабляй нагамі так, як і я.
        П а ў л і н к а. Значыцца, будзем гуляць пад язык.
        
        Сьмех. Адольф іграе на язык і бяз толку выкручваецца з Паўлінкай.
        
        А д о л ь ф (паказвае). Вось так, вось так! Правую нагу сюды, а левую туды. Галава ў левы бок, а задам пад парог, ды вось так!.. Раз, два, тры, то направа, то налева...
        
        Усе прыглядаюцца да іх і сьмяюцца.
        
        
Зьява IV
Тыя жі Праньцісь, Агата, Сьцяпан

        П р а н ь ц і с ь (п’яны). Пахвалёны Езус. Вось-цо-да, пане дабрудзею.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Навекі! Навекі!
        П р а н ь ц і с ь (глянуўшы на Паўлінку і Адольфа). А гэта што такія, собственно, за выкрутасы, як у цырку ці ў сумашэдшым доме?
        А д з і н   з   г а с ь ц е й .  Гэта пан Быкоўскі навучае панну Паўлінку навамодных танцаў.
        
        Праньцісь і Агата распранаюцца.
        
        П р а н ь ц і с ь. Можна, можна далей круціцца, як у хваробе сьвятога Лявэнтага. Далей, далей! Раз, два, тры, вось-цо-да!
        А д о л ь ф (далей паказваючы Паўлінцы). Вось як, вось так! То направа, то налева. Раз, два, тры! То туды, то сюды, ножка ў ножку, раз, два, тры!
        П а ў л і н к а (вырываючыся). Не, такі нічога ня выйдзе. Ня кемкая я да навукі.
        А д о л ь ф (садзячы Паўлінку). Гэта толькі трудна першы раз, а пасьля пойдзе ўсё гладка, як пугай высмаліць!
        
        Ходзіць па хаце, махаючы каля твару хустачкай. Праньцісь, Агата і Сьцяпан садзяцца за стол; Альжбета падае ім гарбату.
        
        П р а н ь ц і с ь (закурваючы люльку са Сьцяпанам). Собственно, пане дабрудзею, кабыла заблудзіла і праз тое трохі спазьніліся. Але гэта глупства, глупства! Яшчэ парой будзе, вось-цо-да.
        А г а т а. Якое чорта заблудзіла! Пакуль аб’ехаў, тудэма-сюдэма, усю ваколіцу, як пагарэлец, дык і поўнач чуць не агарнула. Тудэма-сюдэма, усё тары тэй сабе шукаў.
        П р а н ь ц і с ь. Ты, баба, собственно, маўчы, вось-цо-да! Ты нічога ніколі ня кеміш, а я маю розум спрытны. Я, пане дабрудзею, Барнашоў, дзе пайшоў, там і прайшоў. (Да гасьцей.) А вы, маладзічкі, не зважайце, вось-цо-да, ды танцуйце, пане дабрудзею, пакуль казінец ня ўбіўся ў ногі.
        П а ў л і н к а. А праўду дзядзька кажа. Будзем гуляць, нашто дарма час марнаваць! (Да музыкаў.) Зайграйце, калі ласка, польку, але такую, як ведаеце... каб аж сьвет хадыром пайшоў!
        
        Музыкі іграюць польку; усе, апрача старых, танцуюць: Адольф з Паўлінкай, другія госьці – хто з кім. За сталом Праньцісь са Сьцяпанам частуюцца гарэлкай з пляшкі, якую першы прынёс з сабою.
        
А д о л ь ф
(танцуючы, прыпявае)
 
Танцевала рыба з ракем,
А пятрушка з пастарнакем,
А цыбуля дзівовала,
Цо пятрушка танцовала.
 
П а ў л і н к а
(адпяваючы)
 
А на печы, на лучыне,
Дзеўкі грошы палічылі;
Налічылі паўталера
Дый купілі кавалера.
 
А д о л ь ф
 
Дзяўчынэчка суха, бляда,
Я да цебе ў госьці яда,
І конікаў не жалую,
Ўшыстку ночку машырую.
 
П а ў л і н к а
 
У гародзе ячмень родзіць,
А да мяне Якім ходзіць.
Радзі, радзі, ячмень, гусьцей, –
Хадзі, хадзі, Якім, часьцей!
 
А д о л ь ф
 
Сядзіць голуб на галіне,
Салавей на ветке;
С аднэй дзевушкай гуляю,
Другая в прыметке.
 
П а ў л і н к а
 
Ажаніся, не ляніся, –
Будзеш панаваці:
3 аднэй будзеш сьвіньні пасьвіць,
3 другой – заганяці.
 
А д о л ь ф
 
Наша поле камяніста –
Hi праехаць, ні прайсьці.
Нашы дзевачкі фарсісты –
Нельга к ім і падысьці.
 
П а ў л і н к а
 
Я фарсуха, ты католік;
Ня руш мяне за падолік, –
Мой падолік шоўкам шыты,
Хто палезе, будзе біты!
        
        С ь ц я п а н (як сьціхла гульня). Брава, брава, пан Адольф! Складзен да танцаў, як, не раўнуючы, закрыстыян да ружанцаў.
        П р а н ь ц і с ь (пацягваючы з пляшкі). Глупства, глупства, вось-цо-да! Собственно, хоць у кішэні пуста, затое ногі сыпюць густа. Каб яму яшчэ ды мой розум растропны, дык зусім было б добра, пане дабрудзею.
        А г а т а. Кінь ты ўжо, тудэма-сюдэма, плявузгаць, як латак у млыне! Гуляюць – няхай гуляюць; ты сваімі качэргамі так не патрапіш.
        А л ь ж б е т а (да Праньціся). Можа б, чаго, сватка, закусілі?
        П р а н ь ц і с ь. Глупства, вось-цо-да. Собственно, закушу, закушу. (Да гасьцей.) А вы, пане дабрудзею, забаўляйцеся, пакуль гаспадар вон з хаты ня гоне, вось-цо-да.
        П а ў л і н к а (да Адольфа). Можа, пан Адольф, сьпяеце нам штоколечы? Я чула, што вельмі пекны голас маеце.
        А д о л ь ф (астанаўліваючыся). Э-э! які там пекны! Ось так сабе! Канешне, лепшы, як у іншых.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Дык проша сьпець. Мы ўсе просім.
        А д о л ь ф. Калі ўжо так пекна просіце, дык можна. А якую ж бы панна Паўлінка хацела?
        П а ў л і н к а. А ўсё роўна, хоць якую! Ну, якая лепей у пана Адольфа выходзе.
        
А д о л ь ф
(пяе няскладна, махаючы
хустачкай па твары)
 
Плываё голэмбі,
Летаё лабэндзі;
3 нашэго каханьня,
Пэўна, ніц ня бэньдзе.
        
        П а ў л і н к а. А такі ж нічога ня будзе.
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . Ціж гэта «голэмбі» плываюць, а «лабэндзі» лятаюць?!
        А д о л ь ф. Ну, калі перабіваеце, дык саўсім ня буду пець.
        А л ь ж б е т а. Хай пан Быкоўскі на іх не зважае ды пяе; ведама, – блазнота, што яны знаюць!
        П а ў л і н к а (паглядзеўшы ў акно). Выбачайце, пан Адольф! У мяне няўмысьле вылецела слаўцо.
        К о л ь к і   г а л а с о ў .  Выбачайце, выбачайце! Просім, просім. Больш ня будзем!
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, пане дабрудзею, завядзі яшчэ сваю шарманку: яна ў цябе прост, як грамафон, вось-цо-да, трубіць.
        А д о л ь ф. Ну, ужо буду! Але калі яшчэ хоць раз перапыніце, тады загневаюся і саўсім кіну пець. Пейце тады самі!
        К о л ь к і   г а л а с о ў .  Не, не! Ня будзем!
        
А д о л ь ф
(пяе)
 
Гляжу я бяз толку на хладную шаль,
I чорную душу церзае печаль.
        
        П а ў л і н к а (душачыся ад сьмеху). Ці ж у пана Адольфа чорная душа?
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . Нашто ж глядзіш на яе, пан, бяз толку?
        А д о л ь ф (насупіўшыся). Болей пець вам ня буду, хоць на каленях прасіце. Пейце сабе самі, калі такія разумныя! (Садзіцца.)
        П а ў л і н к а. Дык і сьпяём калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (Убок.) Эх, скарэй бы ўсё гэта скончылася!
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . А такі ж сьпяём, і ўсе разам.
        П а ў л і н к а (да Адольфа хітравата). А пан Адольф нам паможа?
        А д о л ь ф. Ані думаў.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . А што мы сьпяём?
        П а ў л і н к а. «Дый куды ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?..»
        А д о л ь ф. Фі, мужыцкая!
        П а ў л і н к а. А пан Адольф, можа б, хацеў, каб завялі якога манчыза?!
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане дабрудзею.
        С ь ц я п а н (да Праньціся, сьціха). Каханенькі, родненькі, ня кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масьціцца да маёй Паўлінкі. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
        П а ў л і н к а. Ну, дык што? Згода на гэту?
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Згода, згода! А пасьля другую.
        П а ў л і н к а. Толькі не зьбівацца з толку. Глядзець, як буду я рукамі тахты адбіваць.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Добра, добра!
        
        Пяюць. Паўлінка, сумна ўсьміхаючыся, дырыгуе, пасьля і Праньцісь падходзе і пляшкай адмахвае тахты; музыкі такжа сваёй ігрой памагаюць.
        
Дый куды ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?
        
        П р а н ь ц і с ь (як перасталі пець). А цяпер, вось-цо-да, «Як жа мне ня пець», пане дабрудзею.
        А д о л ь ф. Ізноў мужыцкую!
        П р а н ь ц і с ь. Але, мужыцкую, але, вось-цо-да! А вас-пан, собственно, сваю панскую схавай сьвіньням на сьнеданьне.
        А г а т а (падыходзіць і цягне Праньціся за полы). Кінь ты ужо, тудэма-сюдэма, з поля сходзіць!
        П р а н ь ц і с ь. Вось-цо-да, адчапіся ад мяне, пане дабрудзею!
        П а ў л і н к а. Ну, будзем пець «Як жа мне ня пець, як жа не гудзець?..».
        
        Пяюць, як першую.
        
        П р а н ь ц і с ь (як скончылі). А цяпер, собственно, «Чачотачку», пане дабрудзею.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Чачотачку, чачотачку! (Пяюць чачотачку.)
        
Спарадзіла чачотачка семера дачок,
Спарадзіла невялічкіх семера малых...
        
        А л ь ж б е т а (як сьціхлі). Аддыхніце, міленькія, хоць трохі, а то замарыліся дужа. (Да Праньціся.) Хадзіце, сваток, за стол, ды, можа, чаго закусіце, бо і ты ж памагаў.
        П р а н ь ц і с ь (садзячыся). Собственно, глупства, вось-цо-да. Маладым трэба паказаць, паказаць, пане дабрудзею, а яны ўсе патрапяць... правільна толькі навучыць іх. (Папіваючы з пляшкі, да Сьцяпана.) А ты, сват, трымайся, вось-цо-да. Я ня дам, яны маладзічкі яшчэ, пасьпеюць.
        С ь ц я п а н. А праўда, праўда, сватка! Яшчэ іх пара не ўцякла. (Выпівае.)
        П а ў л і н к а (каля гасьцей). А што ж мы цяпер будзем рабіць? Ужо напяяліся, дык, можа, ізноў пагуляема?
        П р а н ь ц і с ь (закусваючы). Собственно, пачакайце, я зараз скамандую, пане дабрудзею, за што і як узяцца, бо мой розум растропны, а вы нічога ня ведаеце.
        П а ў л і н к а. Ну, добра, пачакаем. (Да Адольфа.) Што ж гэта, пан Адольф, надуўся, як мыш на крупы або як апошняе ў печ усыпаўшы?
        А д н а   з   г а с ь ц е й .  Пан Адольф, відаць, закахаўся.
        А д о л ь ф. Ну, дык што, калі закахаўся?
        П р а н ь ц і с ь (перажоўваючы яду). Собственно, цяпер, вось-цо-да, пойдзем лявоніху, пане дабрудзею!
        У с е. Лявоніху! Лявоніху!
        А д о л ь ф. Ізноў мужыцкае!
        П а ў л і н к а (да Адольфа, прыпадхлебваючыся). А мы з панам Адольфам сыпнем лявоніху, сапраўды, сыпнем! Адпусьціцеся на мяне, грэшную, болей ці ўдасца так весела з вамі паскакаць.
        А д о л ь ф. Ды я ўжо вельмі ня гневаюся. Калі ўжо так хочаце, дык пойдзем, што ж там надта такое?!
        П р а н ь ц і с ь (да музыкаў). Собственно, рэжце, пане дабрудзею! (Да Альжбеты.) А мы з свацьцяй тупнем, вось-цо-да!..
        С ь ц я п а н (да Агаты). А мы з свацьцяй, каханенькая, родненькая!
        
        Музыкі іграюць лявоніху. Кабеты трохі ўпіраюцца, але пасьля ідуць, за імі іншыя госьці. Паўлінка з Адольфам.
        
П р а н ь ц і с ь
(прыпявае)
 
О, Лявоніха Сымоніха была,
Ды Лявону хлеба, солі не дала!
О, Лявоніха Сымоніха, а-ей!
Не хадзі ламаць капусткі маей!
 
А л ь ж б е т а
 
Хоць капуста зарасла лебядою,
Не пайду яе палоць за табою.
Прападзі ты і з капустай сваёй,
Не сушы ты маладосьці маёй!
 
С ь ц я п а н
 
О, Лявоніха, ты жонка мая,
Дый ня мытую сарочку дала;
Не качаную, ня мытую,
Толькі шоўкам абашытую.
 
А г а т а
 
А мой татка, дзевярусенька,
Вядзі мяне памалюсеньку.
Не вядзі мяне па пожынцы,
Вядзі мяне па дарожынцы;
Па пожынцы мае ножкі ня йдуць,
Па дарожынцы дык самі бягуць.
 
А д о л ь ф
 
Як я бегаў, дык і бегаў,
Абы мілую праведаў;
Як каціўся, дык каціўся,
Абы к мілай прыхіліўся.
 
П а ў л і н к а
 
А калі ж я ў матулькі жыла,
Як вішанька ў садочку цьвіла,
Дасталася злому духу – мужыку,
Ссушыў мяне, як ліпінку у духу.
 
А д о л ь ф
 
Ты, бярозачка, бярозка мая,
Ты, бярозка, нецярэбленая;
Тваё лісьце не сярэбранае,
Нашы дзеўкі непаседлівыя.
 
П а ў л і н к а
 
Не вядзі мяне ні ў лес, ані ў сад, –
Завядзі мяне к татульку назад;
Не вядзі мяне ў лес, а ні ў бор, –
Завядзі мяне к татульку на двор!
        
        П р а н ь ц і с ь (як перасталі гульню, да Сьцяпана). Собственно, і дала ж твая баба мне дыхту, вось-цо-да. Аж лыткі трасуцца, пане дабрудзею.
        С ь ц я п а н. I твая, каханенькі, родненькі, не адстала, – аж дыхавіцу чуць мне не нагнала.
        А г а т а. Абодва вы кавалёвыя мяхі, тудэма-сюдэма, непаваротлівыя, дык і здаецца, што нехта вам дыхту нейкага даваў.
        А л ь ж б е т а. А праўда, свацейка, праўда. Ім толькі каля пляшкі круціцца, а не з дарэчнымі жанкамі лявоніху ісьці.
        П р а н ь ц і с ь. Ага, собственно, добра, што свацейка, пане дабрудзею, успомніла. (Дастае пляшку і частуецца зь Сьцяпанам.)
        П а ў л і н к а (да Адольфа). Ну, як жа пану Адольфу спадабаўся наш мужыцкі танец? Як я ўважаю, дык лепей у вас лявоніха выходзе, чымся тое нейкае падзікварта. I прыпеўкі складныя знаеце.
        А д о л ь ф (нібы скромна). А трохі ж нейкіх навучыўся калісь.
        А д з і н   з   г а с ь ц е й . Пара нам і чэсьць знаць! Пэўна, ужо каля поўначы матаецца.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Так, так, час рухацца дамоў!
        П а ў л і н к а (з аблягчэньнем, убок). Дзякуй Богу!.. (Да гасьцей.) А можа б, яшчэ пагулялі?
        А л ь ж б е т а. Каму далека, то яно так, а каму блізка, дык ня шкодзіць яшчэ пазабаўляцца.
        К о л ь к і   г а л а с о ў . Не! Не! Ужо час і пара!
        П а ў л і н к а. Ну, дык хай музыкі на адходнае хоць марша зайграюць, каб весялей усім сьнілася і каб моцна, моцна ўсім спалася.
        С ь ц я п а н. А гэта ня шкодзіць. (Да музыкаў.) Што ж, каханенькія, родненькія, зайграйце, калі ласка, яшчэ што-колечы на адходнае дарагім госьцікам, а там дзьве дзюркі ў носе і сканчылося.
        
        Музыкі іграюць марш. Госьці адзяваюцца, адвітваюцца і выходзяць, за імі – музыкі.
        
        
Зьява V
Паўлінка, Адольф, Сьцяпан, Альжбета, Праньцісь і Агата

        С ь ц я п а н. Вось і пацішэла трохі ў нашай хаце, няма ўжо каму скакаці.
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Было шумна, пане добрудзею, і будзе шумна!
        А г а т а. А так, так, тудэма-сюдзма, як будзе вясельле ў Паўлінкі.
        П а ў л і н к а. Э-э, майго вясельля ніколі ня будзе, значыцца, і шумна ня будзе!
        А д о л ь ф . Ці ж у бацькоў маладога, паненка, думаеце, ня хваце на вясельле?
        П а ў л і н к а. Хваце ня хваце, а такі вясельля майго ніхто ня ўбача...
        С ь ц я п а н. Гзта, каханенькая, родненькая, пабачым. Яшчэ я на тое ёсьць, і ў сваей хаце гаспадар, а ня госьць! Жыта повен аруд і сала не адзін пуд.
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, глупства, вось-цо-да. Часам ці вясельле, ці павесіў – адно на другое, пане добрудзею, выходзе.
        А г а т а. А ты, «вось-цо-да», прыкусі свой язык і ня тыцкайся, тудэма-сюдэма, туды, куды цябе ня просядь. Напіўся, наеўся, дык і маўчы!
        А л ь ж б е т а (да Агаты). Што ж там, свацейка, такое? Сват жа нічога благога ня кажа. (Да Паўлінкі.) Прыбірай ты ўжо, дзеткі, са стала.
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, ці свіньні елі, ці шляхта папасавалася – гэтак, вось-цо-да, стол выглядае, пане дабрудзею.
        П а ў л і н к а. Добра, мамка, зараз. (Да Адольфа.) А пан Адольф мне паможа!
        А д о л ь ф. Калі патраплю, дык чаму ж не?
        
        Прыбіраюць са стала; пасудак стаўляюць на табурэце, каля самавара.
        
        А л ь ж б е т а. Вы бы, дзеткі, занясьлі пасудак на тую палавіну.
        П а ў л і н к а. Усё роўна, я пасьля занясу сама, а цяпер... (паглядаючы хітравата на Адольфа) я баюся з панам Адольфам ісьці адна на тую палавіну!
        А д о л ь ф (несучы пасудак, убок). Відаць, дзеўка ўлялюскалася ў мяне па самую шыю.
        П а ў л і н к а (ідучы к сталу, убок). I собіла ж Богу стварыць гэткую чапялу недарэчную!
        П р а н ь ц і с ь (да Паўлінкі). А праўда, собственно, лепш старожа, як варожа, пане дабрудзею.
        А г а т а (да Праньціся). А ты, «старожа», не мялі попусту, а думай, як дахаты ісьці.
        П р а н ь ц і с ь. Пане дабрудзею, дык і пойдзем; што ж там, собственно, такое.
        
        Разьвітваюцца абое і выходзяць. Альжбета памагае прыбіраць са стала.
        
        
Зьява VI
Паўлінка, Адольф, Сьцяпан, Альжбета

        П а ў л і н к а. Ня так, пан Адольф, бярэш шклянкі; трэба вось як. (Паказвае.) Ну, і зграбны ж! не раўнуючы – як вол да карэты.
        А д о л ь ф. А панна Паўлінка ўсё каплімэнты мне гавора.
        П а ў л і н к а (убок). Дурню плюнь у вочы, а ён скажа: дождж ідзе!
        А л ь ж б е т а (да Сьцяпана, які клюе носам за сталом). Што ты табаку важыш? Ідзі ды кладзіся спаць. Гэта ж табе тут не карчма!
        С ь ц я п а н (сонна). Каханенькая, родненькая, я наважу, а ты купіш. Сон – ня кепская рэч. Для чаго калядкі – добрыя сьвяткі, што пад’еў ды на палаткі. (Вылазячы з-за стала, да Адольфа.) Каханенькі, родненькі, выбачай... Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоньня яшчэ досьвіта мяне мая ўспарола. (Адводзячы Адольфа ў старану.) Ну, што? Як мая Паўліна... падышла пад мысьль?
        А д о л ь ф. О, важная маладзіца! Хоць сягоньня гатоў зь ею жаніцца.
        С ь ц я п а н. Ну, так тупай каля яе; толькі сьмела: яна дзеўка падатлівая, хоць, можа, і мае трохі якіх мухаў у носе.
        А д о л ь ф. Хэ-хэ-хэ! Я да ўся(як бы бядуючы).кай патраплю падлізацца.
        С ь ц я п а н. Ну, дык падлізывайся, каханенькі, родненькі. (Адвітваецца і ідзе ў бакоўку.)
        
        
Зьява VII
Паўлінка, Адольф, Альжбета

        А л ь ж б е т а (сьціраючы стол). А ты, Паўлінка, можа, у карты пайграеш з панам Адольфам?
        А д о л ь ф (закурваючы). Ды і мне ўжо трэба зьбірацца дамоў.
        П а ў л і н к а. Ці ж пан Адольф рассыпаўся, што маніцёся зьбірацца? Заедзеце яшчэ; каня ж маеце ня жартачкі!..
        А д о л ь ф. О, конь мой добры!
        А л ь ж б е т а. Ну, дык і чаго ж сьпяшацца?.. Нам, старым, як той кажа, такая рэч: пад’еў ды на печ.
        П а ў л і н к а (убок). Чаго добрага – заначуе, вось будзе бяда! (Голасна.) А пагода сягоньня нядрэнная. Нават месяц сьвеціць, што рэдка на Пакровы. Будзе добра для пана Адольфа дамоў ехаць.
        А д о л ь ф. А хоць бы і дрэнная, дык мне блізка, жарабец мой умомант дамчыць.
        А л ь ж б е т а (да Паўлінкі). Ну, дык паглядзі ж ты, дзе карты, ды пазабаўляйцеся яшчэ трохі з панам Адольфам, бо я, мусіць, зраблю сьледам за дзедам. Трохі ж сягоньня такі натупалася.
        А д о л ь ф. Проша, проша, панічка! На нас, маладых, не зважайце.
        А л ь ж б е т а. А ўжо ж я такті і пайду.
        А д о л ь ф (цалуючы у руку Альжбету). Хутка і я паеду, вось толькі дам аднаго гаспадара паньне Паўлінцы.
        П а ў л і н к а. Паглядзім – хто каму?!
        
        Шукае карт. Альжбета выходзіць у бакоўку.
        
        
Зьява VIII
Паўлінка, Адольф

        А д о л ь ф. Чаго паненка шукае?
        П а ў л і н к а. Таго, чаго яшчэ ня маю, – карт.
        А д о л ь ф (глянуўшы на акно). А вось яны, на акне.
        П а ў л і н к а (убок). Думала, што ня ўбачыць; скарэй бы, можа, з хаты выпхнула, не найшоўшы карт. (Да Адольфа.) Ну, калі ёсьць, дык будзем іграць. (Паглядзеўшы ў акно.) А ў што?
        А д о л ь ф. У гаспадара.
        П а ў л і н к а. Гэта, значыцца, у дурня?
        А д о л ь ф. Ну, гэта толькі мужыкі так гавораць. (Раздае карты.)
        П а ў л і н к а. А як пан Адольф думаў, хто мы? То ж таксама мужыцкага роду.
        А д о л ь ф. Першы раз чую!
        П а ў л і н к а. Ды і пан Адольф таксама мужыцкага роду. (Іграюць у карты.)
        А д о л ь ф (зьдзіўлены). I я?!
        П а ў л і н к а. Але, але! Калісь былі ўсе мужыкі, ну дык цяпер кожны чалавек мужыцкага роду, хоць каторы і прыкідваецца панам ці графам. Ды і што гаварыць! Адам і Ева і то былі мужыкамі.
        А д о л ь ф (зьдзіўлены). Адам і Ева?!
        П а ў л і н к а. I Ной, і Езус...
        А д о л ь ф. Што я чую? Адкуль гэта, панна Паўлінка, усё ведаеце?
        П а ў л і н к а. Ого, не скажу!
        А д о л ь ф (просячы). Проша сказаць.
        П а ў л і н к а. Ня тэй б’іце! Вот салапяка!
        А д о л ь ф (паправіўшыся). Ды скажыце!
        П а ў л і н к а (нецярпліва). Ну, добра. Запытайцеся ў Якіма Сарокі: ён усё вам раскажа. (Адольф прайгрывае.) Дурань пан! Дурань пан!
        А д о л ь ф (папраўляючы). Гаспадар. (Раздае карты.)
        П а ў л і н к а (убок). Які чорта гаспадар, калі дурань?
        А д о л ь ф. Што панна Паўлінка кажа?
        П а ў л і н к а. Кажу: але, гаспадар. (Хвілю маўчаць. Паўлінка убок.) Што тут гаварыць з гэтай вандзонкай. I трымае ж яго нядобрае! (Да Адольфа.) А ці, пан Адольф, жаніцца хочаце?
        А д о л ь ф. Ой, страшэнна хачу. А паньне Паўлінцы замуж хочацца?
        П а ў л і н к а. Ого, яшчэ і як хочацца!.. Калі ўдасца, дык яшчэ і сягоньня, можа, пайду.
        А д о л ь ф. А я ж яшчэ з таткам і мамкай вашымі нічога аб гэтым не гаварыў.
        П а ў л і н к а. Аб чым – аб гэтым?
        А д о л ь ф. Ну, аб тым, як я жаніцца буду, а панна Паўлінка замуж ісьці. (Прайгрывае.)
        П а ў л і н к а. Ізноў пан дурнем! Ізноў дурнем!
        А д о л ь ф. Гаспадаром!.. (Раздае карты.)
        П а ў л і н к а. А можа, ужо будзе? Нешта спаць як бы хочацца. (Зявае, устае і паглядае ў акно. Убок.) А што, калі не прыйшоў?
        А д о л ь ф (не пачуўшы). Хто не пайшоў?
        П а ў л і н к а. Я кажу, каб хаця дождж не пайшоў. (3 удаванай жаласьцю.) Я так жалею, так жалею пана Адольфа, каб не замок, што аж тут нешта трасецца. (Паказвае на грудзі.)
        А д о л ь ф. I я таксама панну Паўлінку жалею і цяпер, і потым.
        П а ў л і н к а. Калі гэта – потым? Як пан Адольф яшчэ дурня возьме?
        А д о л ь ф. Ды не! Тады, як будзем... як будзем... ну, як гэта сказаць?
        П а ў л і н к а. Ізноў скруціў! (Папраўляе.) Вось гэтак было, гэтак біць трэба, а з гэтай хаджу, і пан Адольф ізноў дурань, дурань, дурань!
        А д о л ь ф. Гаспадар!
        П а ў л і н к а. Усё роўна, хоць гаспадар, але, як карты паказваюць, дык дурань!
        А д о л ь ф. Хай будзе і так! Цяпер за тое, што панна Паўлінка мяне гэтак абыграла, вазьму ды паеду. (Устае.)
        П а ў л і н к а (з аблягчэньнем, убок). Сабраўся-такі нарэшце.
        А д о л ь ф. Дабранач паньне Паўлінцы! Проша чакаць, – я прыеду па канчатак.
        П а ў л і н к а. Забярыце лепей яго цяпер!
        А д о л ь ф. Каго?
        П а ў л і н к а. Ды канчатак той.
        А д о л ь ф. А панна Паўлінка ўжо жартуе. (Адвітваецца. Выходзячы, убок.) Вот так на ўсе бакі дзеўка! Адным словам, як сторублёвая кабыла. Гэткая – дыхт для мяне жонка!
        
        
Зьява IX
Паўлінка адна

        П а ў л і н к а (неспакойна). А той, можа, хай бы лепей і не прыйшоў. Так усе неяк усярэдзіне трасецца... I нашто гэта я яму абяцала? Лепей было б пачакаць. Што тут рабіць? (Ходзіць ад акна да акна і паглядае.) Падшахнула ж мяне нядобрае на згоду прыстаць! (Сумна-весела.) А можа, ня прыйдзе?.. (Сумна.) А калі ня прыйдзе, то, значыцца, ён ужо мяне ня любіць болей. Не, няхай прыйдзе лепей, а там – што будзе, то будзе. Трэба паваражыць. (Стукае ў пальцы.) Прыйдзе, ня прыйдзе, прыйдзе, ня прыйдзе, прыйдзе... (Весела.) Прыйдзе, прыйдзе! А цяпер – любіць ці ня любіць? Ну, гэта трэба на карты паваражыць. (Бярэ і перакідае карты.) Любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме, к чорту пашле; любіць, ня любіць, к сэрцу прыжме... (Весела.) Так, так, любіць, к сэрцу прыцісьне! Ну, раз карты гэтак паказалі, то трэба зьбірацца. Але мушу ўперад паслухаць, ці сьпяць старыя. (Ідзе і падслухоўвае ў дзьверах бакоўкі). Сьпяць, ажно храпуць, як бы суконкі дралі. (Падыходзіць, глядзіць у акно, задумваецца.) Што тут узяць? Ага, трэба заглянуць у куфар. (Адчыняе куфар, капаецца ў ім; дастае пацеркі і прымярае.) Во! Гэта дык трэба забраць, – так мне зь імі да твару ідзе. Ну, сукенку новую таксам а трэба ўзяць. Усе гэта зьвяжам у хустку. (Расьсьцілае хустку і складвае свае рэчы.) А-а, і чаравічкі мушу забраць, бо ў чым жа я зь ім бегаць буду? Шнуровачку такжа вазьму, бо хто ж яе тут будзе насіць? І-і!! ужо болей, здаецца, нічога. (Зьвязвае і ідзе к ложку. Чуваць шорах за акном. Паўлінка сьціха.) Ай, хтось там прыйшоў! (Весела.) Прыйшоў мой міленькі, прыйшоў! Такі карты праўду паказалі. (Ідзе к акну.) Хто там?
        Г о л а с   з - з а   а к н а  (прыдушаны). Я!.. Я!..
        П а ў л і н к а (углядаючыся ў акно, убок). Нічагутанькі не відаць! Цемната страшэнная! (У акно.) Хто – я?
        Г о л а с. Я!.. Я!.. Ну, ці ж не пазнала?
        П а ў л і н к а. Пачакай мінутку. Вось я зараз. Толькі падушачкі зьвяжу і коўдру.
        Г о л а с. Ды мне нічога ня трэба!
        П а ў л і н к а. Мала што ня трэба, а я вазьму... (Хутка ідзе к ложку, зьвязвае падушкі і коўдру ў посьцілку.) Ну, ужо гатова! (Адчыняе акно і выкідвае вузлы.) Пераймай, а зараз – і мяне! (Да сябе.) Трэба з бакоўкі ўзяць верхнюю вопратку і хустку, толькі б хаця ж старыя не прабудзіліся. (Зьніжае агонь у лямпе і ідзе ў бакоўку. Па нейкім часе выходзіць стуль адзеўшыся.) А цяпер і сябе трэба выкінуць! (Шыбка ідзе к акну. Чуваць шорах у бакоўцы.) Ай, нехта ўстаў!
        
        
Зьява X
Паўлінка, Сьцяпан

        С ь ц я п а н (выбягае з бакоўкі, ахінуўшыся коўдрай). Хто тут? Хто тут лазіць апоўначы? Альжбета! Альжбета! Хутчэй сюды! (Паўлінка, перахрысьціўшыся, кідаецца ў акно. Сьцяпан убачыў.) Гвалт! Злодзей! (Бяжыць к акну і хватае Паўлінку за ногі.) Альжбета! Скарэй сюды! Стрэльбу хватай!!.
        
        
Зьява XI
Паўлінка, Сьцяпан, Альжбета

        А л ь ж б е т а (выбягае – як Сцяпан – акрыўшыся коўдрай; уся трасецца). Матачка найсьвентшая! Што тут робіцца?! (Мацае па сьцяне.) Зараз, зараз нясу стрэльбу. (Хватае за гіру ад гадзіньніка, гадзіньнік з грохатам валіцца са сьцяны і разьбіваецца.) Ай, што ж я нарабіла!
        С ь ц я п а н (трымаючы Паўлінку за ногі, да Алъжбеты). Куды цябе немач уперла? Падкруці хутчэй кнот ды памажы цягнуць!..
        А л ь ж б е т а (бяжыць к лямпе). Ужо, ужо!
        П а ў л і н к а (перавесіўшыся праз акно). Цягні, братка, ямчэй!
        А л ь ж б е т а (падкруціўшы кнот і бегучы к Сьцяпану). Божухна мой! Гэта ж Паўлінка! Скуль ты ўзяў таго злодзея?
        С ь ц я п а н. Каханенькая, родненькая, не мялі языком ды вось памагай цягнуць; там нейкі гад яе за рукі трымае.
        П а ў л і н к а. Мацьней, мацьней, браток!
        А л ь ж б е т а (памагаючы Сьцяпану цягнуць). Што ты, дзеткі, здурэла, ці што?.. (Сьцягваюць Паўлінку з акна на хату.)
        С ь ц я п а н. Ты гэта, каханенькая, родненькая, куды манілася ляцець?
        П а ў л і н к а (апіраючыся рукой аб стол, патупіўшыся). Я!.. Я!.. хацела замуж ісьці!
        С ь ц я п а н   і   А л ь ж б е т а . Праз акно?!
        П а ў л і н к а. А што ж, калі татка і мамка празь дзьверы не пускаеце.
        
        
        
Зьява XII
Тыя ж і Праньцісь. Адольф, Агата

        П р а н ь ц і с ь (бяз шапкі ўвальваецца ў хату, трымаючы за каўнер Адольфа). Собственно, пане дабрудзею, злодзея, злодзея злавіў, вось-цо-да.
        А г а т а (цягнучы вузлы). А як жа, тудэма-сюдэма, з гэтымі катомкамі каля вашага акна капаўся. Паўлінка, Сьцяпан і Альжбета. Пан Быкоўскі?
        П р а н ь ц і с ь. А так, так, пане дабрудзею. Адольф, Адольф! Злодзей, собственно, вось-цо-да!
        С ь ц я п а н (да Адольфа). Дык гэта ты мне хацеў дачку ўкрасьці, зладзюга, каханенькі, родненькі!
        А д о л ь ф (заікаючыся і не разумеючы, у чым рэч). Я... я... зьбіўся тут каля саду з дарогі, дык хацеў у панны Паўлінкі запытацца праз акно, кудой выехаць...
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, злодзей, злодзей! Вузлы з хаты праз акно павыцягваў. Можа, і шапку маю ўкраў.
        А г а т а. Ты зараз, п’яніца, тудэма-сюдэма, і галаву забудзешся. Гэта ж аж дамоў давалокся і тады толькі агледзеўся, што шапкі забыўся.
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, а баба нашто, – каб усяго пільнавала. Але злодзея, пане дабрудзею, злавіў, злавіў, вось-цо-да.
        С ь ц я п а н (да Паўлінкі). Дык гэта ты, каханенькая, родненькая, за яго хацела замуж уцякаць, як даведалася, што гэнага гада, гэнае плюгаўства за афішкі арыштавалі?
        П а ў л і н к а (глуха). Божухна мой, Божа! Якімку арыштавалі!!
        С ь ц я п а н (самадавольна). Хе-хе-хе! ужо гэтае мужыцкае насеньне ня будзе больш нашых сьцежак паганіць.
        П а ў л і н к а. Якімку арыштавалі! Майго саколіка ненагляднага арыштавалі.
        С ь ц я п а н (да Адольфа). А ты, каханенькі, родненькі, негадзяй, вірутнік з-пад цёмнай гвязды, вон з маёй хаты, каб твая і нага тут не была! Ня мог, як трэба, па-хрысьціянску – з сватам, з запаведзямі маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Вон! Вон!
        А д о л ь ф. Я... я... толькі хацеў дарогі запытацца...
        П р а н ь ц і с ь (разьвязваючы вузлы). Собственно, злодзей, пане дабрудзею! Падушкі і сукенкі дзявочыя праз акно пакраў. К урадніку, марш! К урадніку, гіцаль, вось-цо-да!
        П а ў л і н к а. Якімку арыштавалі! Маю зорачку ясную арыштавалі. (Дзіка.) Ха-ха-ха! Зьвяры сьляпыя!!!
        
        Як сноп валіцца на зямлю. Суматоха. Крыкі: «Вады! Вады...»
        
        П р а н ь ц і с ь. Собственно, пане дабрудзею, у мяне ёсьць кроплі. (Дастае з кішэні пляшку і пырскае ў твар Паўлінцы гарэлкай.)
        А г а т а (кідаючыся да Пранціся). Тудэма-сюдэма, ашалеў!..
        С ь ц я п а н (панура). Каханенькія, родненькія, дзьве дзюркі ў носе і сканчылося.
        
        
Заслона.


Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.