РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Раіса Баравікова
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Барбара Радзівіл
 
Драматычная паэма ў дзвюх дзеях
        1545 год. У чэрвені месяцы ў Пятроў пост памерла ў Вільні ў панядзелак каралева Эльжбета і пахавалі яе ля святога Станіслава ў капліцы Казіміра ў жніўні 24 дня. А пасля малады кароль, маючы слабасць да бялявых, пачаў мілаваць Барбару Радзівіл, якая была ўдавою Гаштольта, ваяводы троцкага, і жыла на той час пры сваёй маці і брату, падчашаму Мікалаю Юр’евічу Радзівілу. І кароль пачаў хадзіць да яе ноччу з палацу аж да дому яе і там у яе бываў часта.
З летапісу Рачынскага
        
Дзейныя асобы
        
        Б а р б а р а   Р а д з і в і л  – удава ваяводы троцкага Гаштольда.
        Ж ы г і м о н т   I I   А ў г у с т  – вялікі князь Вялікага княства Літоўскага.
        Р а д з і в і л   М і к а л а й   Р у д ы  – родны брат Барбары.
        Р а д з і в і л   М і к а л а й   Ч о р н ы  – стрыечны брат Барбары.
        Б о н а   С ф о р ц а  – маці Жыгімонта II Аўгуста.
        Д а м і н і к  – мастак.
        Л ю д в і к   М о н ц і  – сакратар Боны.
        С т а н і с л а ў   Д а в о й н а  – лекар Жыгімонта II Аўгуста.
        С о ф ’ я  – камедыянтка.
        Я н   Т а н ч ы н с к і  – ваявода з акружэння Боны.
        П а д л е т а к  – хлопчык з крыламі анёла.
        К а м е р д ы н е р . 
        П а к а ё ў к а   Б а р б а р ы . 
        П а к а ё ў к а   Б о н ы . 
        М а л а д ы   м е ш ч а н і н . 
        
        
ДЗЕЯ ПЕРШАЯ
        
        Ужо некалькі гадоў палкае каханне звязвае Барбару Радзівіл і вя¬лікага князя Вялікага княства Літоўскага Жыгімонта II Аўгуста. Надыходзіць год 1547.
        
Сцэна першая
        
        Ліпень. Вільня. Невялікая зала, абабітая блакітным атласам. Ва ўсім – бляск, багацце. Ля агромністага палатна з пэндзлем – мастак Да¬мінік. На фоне цяжкой цёмна-сіняй шторы, вытрымліваючы паставу, застыў Радзівіл Мікалай Руды. Праз адчыненае акно на чорна-белыя квадраты бліскучага паркета падаюць сонечныя промні.
        
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Дзіўлюся, як жа хутка ты пранік
у таямніцы фарбаў, тонкіх тонаў...
Нядаўна чуў, шаноўны Дамінік,
што ўхвалены ты быў самою Бонай!
Дамінік (адрываецца ад палатна)
Там на палотнах ёсць рука мая,
таму хацеў бы верыць гэтай славе,
але майстроў не гэтакіх, як я,
даволі бачыў беласценны Вавель1!
(Зноў схіляецца да палатна.)
 
М і к а л а й   Р у д ы 
(мяняючы позу)
 
Майстры паўсюдна ёсць, але твой дар
тут, на Літве, ва ўсёй красе адкрыўся.
Што ж – радуйся!
Са славай парадніўся!
А слава...
(Задумаўся.)
Як жаночы вабны твар!
 
Д а м і н і к 
(ажыўлена)
 
Прыцягвае... А як распаліць мары!
(Уздыхае.)
Мяне такая слава абміне!
Хачу пісаць партрэт...
(Паўза.)
Сястры вашай Барбары,
а ёй чамусьці ўсё не да мяне!
        
        У залу ўваходзіць Радзівіл Мікалай Чорны. Акідвае хуткім позіркам палатно. Пераводзіць позірк на Дамініка. Пасля на Радзівіла Мікалая Рудога.
        
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Зайздрошчу, брат!
Яўвесь жыццёвым друзам
аблытаны...
А ты надоўга знік,
лічы, ў абдымкі да прыгожых музаў!
(Да мастака.)
Як твае фарбы, мілы Дамінік?
(Падыходзіць бліжэй да палатна.
Разглядвае партрэт.)

 
Д а м і н і к 
 
Нішто... Нішто...
Хоць фарбы не з агню,
а на партрэце блікамі іграюць.
(Паспешліва збірае фарбы, пэндзлі,
складвае ў скрынку, якая стаіць тут жа.)

 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Заўважыў я...
I ўсё ж перапыню!
(Да Мікалая Рудога.)
Брат, ты не супраць?
Справы нас чакаюць!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Вядома! А ты з дому ці з Двара?
Адкуль такая пільнасць,
скуль навіны?!
(З лёгкай усмешкай.)
Ці мо бяда якая, як гара,
і ўсе мы ратавацца тут павінны?!
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Бяды няма. Якраз наадварот!
        
        Дамінік раскланьваецца.
        
Д а м і н і к 
(вельмі пачціва)
 
Размоў жадаю ў ласцы вам ды ў міры!
        
        Мікалай Руды ўзмахвае рукой, як адмахваецца, маўляў, ідзі, ідзі... Мікалай Чорны на Дамініка ўвогуле не звяртае ніякай увагі. Дамінік выходзіць.
        
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Табе вядомы тытул2...
(Вытрымлівае паўзу.)
На ўвесь род
сваім загадам Жыгімонт пашырыў!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
(не можа схаваць радасці на твары)
 
Хадкевіч жа малодшы мне гразіў,
нібыта хутка трапім мы ў няміласць!
А тут...
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Загад і... рымскія князі!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Дзе добра ўгноена,
там добрая ўрадлівасць!
I Жыгімонт разлічвае на нас...
Пакуль у розных справах мы ў даверы.
        
        Мікалай Чорны азіраецца.
        
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Скажы, вушэй не маюць твае дзверы?
(Прыцішвае голас.)
Прыйшоў, здаецца, наш жаданы час!
А твой Хадкевіч знаў, пра што казаў,
і я таму ніколькі б не здзівіўся,
каб ля Барбары Жыгімонт не віўся,
бы ўвесну вінаградная лаза!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Барбара?..
Да чаго, скажы, яна?
Яны ўдваіх, дык проста глянуць люба!
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
А тут табе пад рэбры навіна!
У замку пахне ўжо законным шлюбам!
Паўза.
Ў заходнія сталіцы наш Лясота3
для гэтага імчаў...
Заўваж, употай!
I кажуць, што не супраць бачыць Бона
прусачку Ганну Соф’ю4 нарачонай.
 
М і к а л а й   Р у д ы 
(абурана. Вельмі ўражаны тым, што пачуў)
 
А Жыгімонт?! Ён выглядае хлюстам!
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
(смяецца)
 
Ты пра яго сказаў ужо загуста!
Ён цягне час, захоплены Барбарай.
Скажы, на троне –
ці ж благая пара?!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Але яна не думае пра трон!
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
 
Вось тут якраз падумаць мог бы ён,
З кім два гады так прагна дзеліць ложак...
Ды што казаць! Яму мы дапаможам.
(Думае.)
Барбары трэба знікнуць! Адцурацца!
Тады яе ён стане дабівацца.
Глядзі, і блісне нам тады карона!
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Гаворыш, бы не ведаеш жанчыны.
Як знікнуць ёй,
калі няма прычыны!
 
М і к а л а й   Ч о р н ы 
(узрываецца)
 
Прычыны?
(Катэгарычна.)
Шлюб! Дзеля яго Лясота
ганцом на захад быў пасланы ўпотай!
        
        У залу ўваходзіць Барбара. Лёгкая і разам з тым грацыёзная. Яна паставай нагадвае маладзенькую дзяўчынку, а тварам – жанчыну, якой салодка быць менавіта жанчынай: спакушаць, абяцаць і... ля¬цець на каханне.
        
Барбара (здзіўлена і злёгку насмешліва. Да Чорнага)
 
О, Мікалай! А дзе ж заўсёдны крык?!
(Яшчэ больш насмешліва.)
Дзе ты, браток,– там гамана да столі...
Ты крыўдзішся? Не буду больш, даволі!
Мяне цікавіць толькі Дамінік.
(Азіраецца па баках, позіркам шукае
Дамініка.)
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Ён заўтра будзе. Тут такія справы...
 
Мікалай Чорны
 
Ты не цягні! Скажы пра ўсё як ёсць!
I выйсце знойдзем з гэтае праявы...
(Да Барбары.)
Яў вашым доме, думаю, не госць?
 
М і к а л а й   Р у д ы 
 
Вядома, свой!
Ты наш стрыечны брат
і на любую раду маеш права.
 
Мікалай Чорны
(яму надакучылі неабавязковыя размовы)
 
Барбара, слухай, горкая ў нас справа,
усім вядома, хто твой амарат5.
 
Барбара
 
I што з таго?
 
Мікалай Чорны
 
Даруй, магчыма, груба...
Ён цешыцца з табой, а думае аб шлюбе!
Нашчадак трэба! Узмацненне трона!
Ёсць чуткі, што вядзе перагаворы Бона.
 
Мікалай Руды (асцярожна)
 
Дый сам ён гэтым клопатам заняты.
Барбара (не можа паверыць)
Вы ў розуме сваім ці вы вар’яты?!
(З папрокам.)
Браты нібыта, а на справе рады
ублытацца ў цянёты нейкай звады.
 
Мікалай Чорны (злосна)
 
Ты лічыш, звада? У пачуццях вера
не лепшае...
(З іроніяй.)
Спяшайся памыліцца!
Шлюб ладзіцца! Якраз з такім намерам
ганец быў у заходнія сталіцы,
і, можа, не адзін...
Паўза.
Сужыцелька! Мо не?!
Гаштольдава ўдава...
На шыі ў брата!
Ён нават і рукой не варухне,
як хтось цябе адважыцца пасватаць!
Яму ўсё роўна!
Сёння – ты, а там...
 
Барбара (з адчаем)
 
Спыніся! Яне веру! Што вам трэба?
Паўза.
А брату я ўсё братава аддам...
Мікалай Чорны (задаволена пасміхаецца)
Ага... Згасае прад вачыма неба!
 
Мікалай Руды (збянтэжана)
 
Нічога мне не трэба аддаваць.
Адмовіцца ад Жыгімонта варта!
 
Мікалай Чорны (да Рудога)
 
Гляджу, яе пачаў ты шкадаваць!
(Падыходзіць да Барбары.)
Не вер, не вер...
Стой на сваім упарта!
 
Барбара (гатова заплакаць)
 
Ідзіце прэч!
 
Мікалай Чорны (хутка пагаджаецца)
 
Мы пойдзем! Ты падумай.
Замнога навалілася адразу...
 
        Мікалай Чорны і Мікалай Руды ідуць да дзвярэй.
 
Мікалай Руды (са шкадаваннем)
 
Усё пайшло такім раптоўным тлумам.
 
Мікалай Чорны (азіраецца. Да Барбары)
 
Пакінь яго! Мы прыйдзем за адказам.
        
        Выходзяць. Барбара застаецца адна.
Паўза.
        
Барбара (на нейкі момант задумліва)
 
Паўстала зло...
і ў сэрцы рухнуў хорам.
Нянавісцю кіпець спрабуе кроў,
і розум слепне. Яву мела ўчора,
а сёння – сколкі недаснёных сноў!
Каханая...
(Голас затрапятаў.)
Ноч клікала да Бога.
Сужыцелька...
Паўза.
А дзесь імчыць ганец,
і ты не маеш права анікога
ў тым вінаваціць, стаўшы пад вянец
патайнага, няўтрымнага жадання...
Анёлы адслужылі ўсё сваё,
і вось прыйшла хвіліна пакарання –
у сэрца д’ябал цэліць вастрыё,
скляпанае з ілжы,
з інтрыг,
з атруты...
(Нечакана гнеўна.)
Прымі яго і д’яблу дай зарок!
I выслізні гадзюкаю з пакуты,
і джаль таго, каго мілуе зрок,
з кім зноў і зноў дзяліць свой
будзеш ложак,
джаль вуснамі, хай носіць, як апёк,
мой пах, мой дух,
што сцерці ўжо не зможа,
апёк – кляймо... У помсту ўжо! Знарок!
(Нібыта нешта ўяўляе.)
Бяжы насустрач, з горда ўзнятым тварам,
як сарна... не забыўшы аднаго:
пі ўдосталь, захлынайся згубным жарам
і здзекуйся са слабасці яго.
Хай пашквілюсы ўсе муры і вежы
аздобяць і на вочы трапяць Той,
што будзе да канца яму належаць,
працятая атрутнай віднатой:
ён быў маім!
Маім! I што карона?!
Нас звязвала бяздонне нашых губ:
п’еш – не нап’ешся...
Паўза.
Каралева Бона?!
Яму ці ёй патрэбен гэты шлюб?
        
        У залу вяртаецца Радзівіл Мікалай Руды. Адзін. Барбара адыходзіць у глыб залы. Гавораць на адлегласці.
        
Мікалай Руды (знарок падкрэслена бадзёра)
 
Як вырашыла ты? Перажыла?
(Смяецца.)
У гэткай справе розум не залішні.
Што цвет раскошны колішні для вішні,
калі вясной нядаўняй не цвіла?!
Барбара (асцярожна)
Цябе не разумею. Толькі ўчора...
 
Мікалай Руды
 
Не дагаворвай! Аўгуст быў з табой!
У скрыні – падарункі,
кветак – мора...
Ты цешся, але Чорны за сцяной
мяне чакае...
Нам патрэбна згода.
(Рашуча.)
Ад Аўгуста адмоўся назаўжды!
 
Барбара
 
Якая ж вам ад гэтага выгода?
Пакуль ні ў чым не бачу я бяды.
Наадварот...
 
Мікалай Руды (узрываецца)
 
Табе да сэрца, бачу, насміханне?
У кожным горле – косткай Радзівілы.
Калі б маглі – ўзнялі б цябе на вілы!
На родзе скула – нам тваё каханне!
 
Барбара
 
Вы пачалі не з гэтага –
з ганцоў!
У розныя заходнія сталіцы...
Цяпер звязаць не можаце канцоў?!
 
Мікалай Руды (разводзіць рукамі)
 
Не бачыў свет яшчэ такой дурніцы!
Ды нават нейкі дробненькі шляхтун
за брамаю... ледзь выблісне заранка:
«Паскудніца! Паганка! Выляжанка!»,
а хутка стане Аўгуст твой, што ўюн.
Май гонар! Ты сястра мне па крыві.
 
Барбара
 
Хм-м... З сястрою адпаведна і жыві...
Паўза.
Замысліў нешта Чорны...
Звадыяш!
Але калі ўжо церпіць гонар наш...
 
Мікалай Руды (радасна)
 
Ты згодна?!
(Паўза.)
Мо паедзь у Геранёны6?
Хай будзе Аўгуст цалкам адлучоны!
 
Барбара (як адрэзвае)
 
Мне добра тут! Ты зняў з душы вярыгі?
 
Мікалай Руды (падкрэслена лагодна)
 
А ты? Паўсюдна бачыш цень інтрыгі!
        
        Трошкі марудзіць. Задаволена пасміхаецца. Выходзіць.
Паўза.
Барбара пачынае хадзіць з канца ў канец залы. Настрой мяняецца.
        
Б а р б а р а 
 
Цяжкі дурман у галаве!
(З адчаем.)
Пачуццям як угаманіцца?
Ах, Аўгуст... Княжыць на Літве,
а трызніць аб чужых сталіцах.
(Гатова ўзарвацца.)
Які раптоўны інтарэс?
Чыё прывабіла аблічча?
Чый стан яго няўхільна кліча?
Пытанняў – непраходны лес!
Свой боль хачу расперазаць,
а ў сэрцы, чую, глухне вера...
(Амаль пяшчотна.)
Ужо ніколі не сказаць,
што я – рака,
а ён – мой бераг!
(З прыкрасцю.)
Пярэварацень... Здань начы!
Было такім жаданым цела!
Начною птушкай на плячы
ад новых ласкаў так трымцела.
Паўза.
I што мог падказаць мне дзень?
Хавала здрада ўсе прыкметы.
Хай пасмяецца зараз цень
заўчасна згаслае Эльжбеты7!
(Нервовы смех, як плач.)
Эльжбета...
З Кракава... сюды!
Каранаваная, і тут жа...
Наложніца – сляды ў сляды,
больш даражэйшая для мужа.
А потым я... Ён гэта мог!
Самоту не ўтрымаць у скрутку.
Эльжбета, поўная трывог,
канала ля яго ад смутку.
(Думае, магчыма, нешта ўспамінае.)
Нібыта выеў вочы дым!
(З пачуццём раскайвання.)
Ён жа, вясёлы і ўлюбёны,
яшчэ жалобным днём сваім
імчаў да нас... у Геранёны!
(Спыняецца.)
Я – грэшніца! Бог не са мной,
адвернуты, Ён грэх не зніме...
I тыя двое... за сцяной
(выдыхае, як стогн)
не памыліліся.
Я – з імі!
        
Сцэна другая
        
        Плошча, на якую выходзіць дом з балконамі. На адным з балконаў жанчына трасе коўдры, адзенне. Унізе, ля дома, стары ганчар расстаўляе свае вырабы на продаж: збанкі, місы, гаршкі... Ужо з’явіўся пакупнік: малады мешчанін прыцэньваецца да збан¬ка. Тут жа недалёка стаіць карэта. Ля адчыненых дзверцаў – Ра-дзівілы: Мікалай Руды і Мікалай Чорны.
        
        Мікалай Чорны (азірае плошчу)
        
        Адны трасуць на плошчы гэтай транты,
        другія ладзяць гандаль свой штодня...
        На плошчу выязджае фургон, абклеены каляровымі афішамі. Спы¬няецца. Гэта вандроўны тэатр.
        
        Мікалай Руды (з цікавасцю)
        
        А трэція, глядзі,– камедыянты,
        для іх усё жыццё – адна гульня!
        
        У фургоне – шум, жаночы смех. З’яўляюцца камедыянты. Яны выцягваюць з фургона скрыні і цюкі, а таксама дэкарацыі. Кідаецца ў вочы выразанае з фанеры дрэва з чырвонымі яблыкамі, пашыты з ануч Змей, што адразу наводзіць на знаёмы біблейскі сюжэт.
        З фургона выскоквае маладзенькая дзяўчына. Гэта – камедыянтка Соф’я. Бліскучыя чорныя валасы, лёгкая, доўгая, з фальбонамі сукенка... У руках – невялікі бубен з бляшкамі. Соф’я пачынае біць у бубен, азіраючы плошчу. Звон бубна прываблівае яшчэ некалькі гледачоў. Плошча ажывае. Соф’я прытанцоўвае ў такт музыцы і, вырашыўшы, што гледачоў даволі, працягвае да іх рукі.
        
        Соф’я (дэкламуе ўзнёсла, вельмі тэатральна)
        
        Ледзь толькі ножкаю ступіла на зямлю,
        пачула, як на ёй датла згараю...
        I позіркам усім кажу: люблю!
        I адказаць хутчэй вам тым жа раю!
        
        Чуюцца адзінокія воплескі. Соф’я заўважае Радзівілаў. Позірк яе загараецца, твар успыхвае. Гучна стукнула ў бубен... Пачаўся танец. Адзін з камедыянтаў спрабуе падключыцца да яе, абдымае за стан. Соф’я адштурхоўвае яго. Танцуючы, спявае. Відно, што гэта імправізацыя.
        
        Не хачу сягоння Яна,
        бо чакаю кашталяна...
        (Самазабыўна.)
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        З роду княжага каханак
        не ўзыходзіць на мой ганак!
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        Ды аднойчы ў сенцах: бразь!
        (Гучна б’е ў бубен.)
        Да мяне нарэшце князь!
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        Ён абняў мяне ўлюбёна
        і... заблытаўся ў фальбонах!
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        (З імпэтам трасе ножкай і фальбонамі.)
        
        Малады мешчанін (атарапела, гучна)
        
        Ажно ў руках пагасла самакрутка...
        (Глядзіць на акурак.)
        Як лётае, нібы ў паветры пёрка!
        Была нядаўна – Соф’я-прастытутка,
        а сёння, дайце веры мне, акцёрка!
        
        Соф’я (паўтарае)
        
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        Ды аднойчы ў сенцах: бразь!
        Да мяне нарэшце князь!18
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        Ён абняў мяне ўлюбёна
        і... заблытаўся ў фальбонах!
        О-йё-йё-й... О-йё-йё-й!
        (З яшчэ большым імпэтам трасе
        ножкай і фальбонамі.)
        
        Мікалай Чорны (з захапленнем)
        
        Якія вочы, ножка... аж засоп я!
        Якраз да часу сёння гэта Соф’я!
        
        З фургона саскоквае падлетак у белым адзенні з крыламі анёла за спінаю. У руках трымае блішчастую скрынку. Соф’я раскланьва¬ецца... Падлетак пачынае абыходзіць усіх прысутных на плошчы. Збірае грошы.
        
        Мікалай Руды
        
        Усё! Няма чаго глядзець,
        здаецца, далей!
        
        Мікалай Чорны (гучна да падлетка, вымаючы грошы)
        
        Сюды хадзі! Вазьмі! Тут цэлы талер!
        
        Падлетак хутка падыходзіць. Падстаўляе скрынку... Мікалай Чорны кідае ў яе талер.
        
        Мікалай Чорны
        (Падкрэслена ласкава.)
        Скажы, анёлак, добра знаеш Вільню?
        Падлетак (паспешліва)
        Так, як сябе...
        
        Мікалай Чорны
        
        Вазьмі яшчэ і грыўню!
        (Кідае грошы ў скрынку.)
        Падлетак міжволі радасна прыціскае скрынку да грудзей.
        Мікалай Руды (насмешліва)
        Глядзі, каб з радасці ды не адпалі
        крылы!
        
        Мікалай Чорны (да падлетка)
        
        Павінен ведаць ты, мы – Радзівілы!
        Ёй перадай...
        (Паказвае позіркам на Соф’ю.)
        Хай прыйдзе... Ёсць нагода!
        Запомні добра, калі будзе згода,
        увечары, а восьмае гадзіне...
        
        Падлетак (няўпэўнена)
        
        Запозніцца...
        Яна – ў другой карціне.
        
        Мікалай Чорны (не зважаючы на яго словы)
        
        Ёй, што пачуў, дакладна перакажаш
        і дом патрэбны, калі што, пакажаш!
        
        На плошчы з’яўляюцца ўсё новыя і новыя людзі. Зноў звініць бубен. Соф’я танцуе. Падлетак бяжыць праз плошчу да Соф’і. Мікалай Руды запытальна глядзіць на Мікалая Чорнага. Чорны разводзіць рукамі, маўляў, што зробіш...
        
        Барбара – ўбок! Патрэбна ёй замена!
        (З загадкавай усмешкай пазірае на Соф’ю.)
        Камедыянтка... Прыйдзе несумненна!
        
        
Сцэна трэцяя
        
        Замак вялікага князя ў Вільні. Адзін з пакояў замка. Адпаведная рас¬коша. Шмат прыгожых рэчаў. На сценах, абабітых парчою,– каш¬тоўная зброя.
        У крэсле ля століка сядзіць Жыгімонт ІІ Аўгуст. У руках трымае разгорнуты ліст з пячаткай – карэспандэнцыю ад маці: польскай каралевы Боны Сфорца.
        
        Жыгімонт Аўгуст
        (глуха, з незадаволенасцю)
        
        Ліст за лістом...
        То просьбы, то пагрозы!
        Навошта, калі маю свой я розум?
        (Прабягае вачамі по радках ліста.)
        У маці, бачыш, прыкрыя навіны...
        Яслухацца яе ва ўсім павінны!
        Ах, Людвік Монці! Без яго напэўна
        не абышлося...
        Ён жа служыць верна!20
        Ва ўсім адну распусту бачыць Кракаў.
        Ояк далася ім Барбара ў знакі!
        (Устае. Згортвае ліст. Шпурляе
        яго на столік. Са злосцю.)
        Ну, хопіць!.. Начытаўся дастаткова.
        (З іроніяй.)
        Усцешыўся як след бацькоўскім словам.
        (Пачынае хадзіць па пакоі. Спыняецца
        на паўкроку. Твар святлее.)
        Барбара...
        Божа, адхілі замах
        на ўсё, што ў сэрцы стала непарыўным.
        Згубіць яе...
        Цяпер падумаць страх!
        Яўвесь агнём захоплены прызыўным.
        Мне да начы дажыць хапіла б сілы,
        на ёй самкнуліся і зрок, і слых...
        У пакой уваходзіць камердынер.
        Паўза.
        Жыгімонт Аўгуст спрабуе саўладаць з пачуццямі.
        Камердынер
        Мой светлы князь, у замку Радзівілы!
        (Глядзіць запытальна.)
        Жыгімонт Аўгуст (саўладаўшы з сабой)
        Не стой!
        Скажы, што я чакаю іх!
        Камердынер выходзіць.
        Дачуліся, напэўна, пра загад...
        (З пачуццём самазадаволенасці.)
        Мая Барбара – рымская князёўна.
        Як будзе пасміхацца мне чароўна!
        (Весела.)
        I не шкада жыцця ўжо за пагляд.
        Уваходзяць Радзівілы. Схіляюцца ў лёгкім паклоне.21
        Мікалай Руды (падкрэслена суха)
        Вітаем князя! Вечная хвала
        яму і Богу...
        Мікалай Чорны (на адным дыханні, з запалам)
        Пільная патрэба
        да князя нас сягоння прывяла!
        Жыгімонт Аўгуст (па-сяброўску, лагодна)
        Падумаць можна, выбухнула неба!
        Як многа жару...
        Мікалай Руды
        Не дае маўчаць
        нам болей крыўда за сястру Барбару!
        Мікалай Чорны
        Мо не з таго патрэбна нам пачаць,
        ды тут пячэ...
        (Прыціскае руку да сэрца.)
        Жыгімонт Аўгуст (спрабуе жартаваць)
        Шукаць патрэбна лекаў!
        Мікалай Руды
        А я ў сваю чаргу дадам яшчэ –
        не заслужылі мы падобных здзекаў!
        Адварочваецца да акна.
        Паўза.
        Жыгімонт Аўгуст (з трывогай)
        Барбара... Крыўда...
        I, нарэшце, здзекі!
        Што за размова дзіўная здалёк?!
        Спачатку думаў, у вас клопат нейкі,
        і раптам чую, далібог, папрок?!
        (З незадаволенасцю.)
        У чым, скажыце? Не люблю загадак!
        (Гатовы ўсхадзіцца і, каб не
        распаляцца, пачынае перабіраць паперы
        на стале. Адсоўвае далей ліст Боны.)
        Як раздражняе гэты непарадак!22
        Мікалай Чорны
        Здаецца,
        ты ад праўды недалёка...
        Паўза.
        (Падбірае словы.)
        Камусьці, бачыш, род наш вочы коле!
        У справе гэткай змоўчаць мог бы лёкай,
        а мы цярпець не хочам ганьбы болей.
        Мікалай Руды
        Ноч цёмная, ды некаму не спіцца.
        Мы – тут, каб за Барбару заступіцца.
        Ужо, лічы, ледзь не на кожнай плошчы
        крычаць уголас пра яе любошчы!
        I я нядобрым быў бы, пэўна ж, братам,
        не ўзяўшы слова сёння з амарата...
        Жыгімонт Аўгуст (усхвалявана)
        ОБожа, ваш прыход мне сном здаецца,
        якое слова? Не магу даўмецца!
        Мікалай Руды (працягвае на ўзятай ноце)
        У спальню...
        да Барбары, помніш дзверы?
        Забудзь! Як і юрлівыя намеры.
        Глядзіць запытальна на Жыгімонта Аўгуста. Мікалай Чорны стаў поруч з братам... Жыгімонт Аўгуст міжволі адступае да стала, на твары з’яўляецца незразумелая ўсмешка.
        Жыгімонт Аўгуст
        А тут павінна вырашыць яна...
        Дый да размоў такіх я неахвочы!
        (Адварочваецца.)
        Мікалай Чорны
        Ага... куды схаваць не знаеш вочы!
        Як ноч, дык разам,
        а як дзень, адна!
        Барбара – ў брудзе... Сэрца точыць боль!23
        Сужыцелька – яна, а ты – анёл
        бязгрэшны...
        (З горыччу .)
        А як верна мы служылі!
        Мікалай Руды
        Аддана як ахоўвалі твой трон!
        Успомні, на Масковію хадзілі...
        Мячы ў крыві і вояў енк і стогн.
        І ўсё дзеля тваёй бліскучай славы,
        ды як інакш? Сыны сваёй дзяржавы
        ёй веліч здабывалі і... табе!
        Мікалай Чорны
        А вынік? Кіпцюрамі боль скрабе.
        Барбара зганьбавана, небарака!
        Ці ж гэткая
        чакала нас падзяка?!
        Жыгімонт Аўгуст (рэзка)
        Ну хопіць вам! Не бачу ганьбавання.
        Барбара пад крылом майго кахання.
        Яе аберажэ мая пяшчота...
        Мікалай Чорны (з’едліва)
        О-о, так... ды для чаго ж тады Лясота
        з Літвы за межы тайна быў пасланы?!.
        Жыгімонт Аўгуст (здзіўлена)
        Вось як?
        Папрок зусім неспадзяваны...
        (Задумваецца.)
        Мікалай Руды
        Ты не адказвай, але дай нам слова,
        каб не было гульні больш адмысловай.
        Жыгімонт Аўгуст (задумліва)
        Лясота пасылаўся... не таю.
        Ды зараз не аб тым ужо гаворка.
        Яслодыч піў, і раптам стала горка...
        (Нечакана цвёрда.)
        Вам слова трэба? Што ж, яго даю!
        Паўза.24
        Мікалай Руды (нібыта нават зніякавела)
        Мы змушаны былі, нас змусіў доўг
        і перад родам, і перад Барбарай,
        яна жыве ў сваіх салодкіх марах,
        і акром нас хто б іх развеяць мог?
        Жыгімонт Аўгуст
        Яслова даў? Бог бачыць, не маню!
        Мікалай Чорны
        Отак...
        Яно мілей нам ад брыльянтаў...
        (Між іншым.)
        А ў Вільні цесна ад камедыянтаў,
        і сярод іх адна – уся з агню!
        І думаеш, ці конны ты, ці пешы
        ляціш на хараство...
        Мікалай Руды (ахвотна працягвае)
        Яно – палон...
        А тая, што з агню, дальбог, пацешыць.
        (Запытальна глядзіць на Жыгімонта
        Аўгуста.)
        Мо й ты прыйсці не супраць на агонь?
        Мікалай Чорны
        Увечары... а восьмае... як колісь,–
        танюткі стан,
        чароўны твар і голас.
        (Загадкава пасміхаецца.)
        Мікалай Руды (з падкрэсленай пачцівасцю)
        Чакаем сёння ў бляску ды ў гуморы
        і ўцехаў абяцаем табе мора.
        Радзівілы, не чакаючы адказу, раскланьваюцца і выходзяць.
        Жыгімонт Аўгуст кідаецца да стала, з ярасцю рве пісьмо, якое атрымаў ад маці.
        Жыгімонт Аўгуст (на адным дыханні)
        Хай прахам пойдзе ўсё,
        найперш турбота
        бацькоўская... I трон мой, і Лясота!25
        Падумаць можна, наглытаўся ўгару,
        о Божа, памажы забыць Барбару!
        (З адчаем.)
        Забыцца! Як? Упасці трэба ў шал,
        з агню ў агонь,
        вар’ятам у вар’яцтва,
        каб раздзіраў душу нязнаны пал...
        Каханне? Прэч! Лепш з д’яблам у сваяцтва
        ўступіць...
        (Спыняецца. Закрывае твар рукамі.)
        Яслова даў... За што ж такая кара?!
        Лясота!.. Пэўна ж ведае Барбара
        ўсё пра яго...
        Я– здраднік! Я– забойца
        таго, што звязваць нас магло бясконца!
        Якія ночы!.. Цела... вуснаў водар...
        Паўза.
        (Апускае рукі. I раптам страпянуўся.)
        Ага-а... Успомніў! Сёння ёсць нагода.
        Спакуса толькі б сэрца акрыліла!
        (I ўжо зусім цвяроза.)
        Вядома ж, буду сёння ў Радзівілаў!
        
        
Сцэна чацвёртая
        
        Ружовы пакой у замку вялікага князя ў Вільні. Алькоў, зацягнуты карункавай фіранкай з кутасамі. На падлозе – ружовы пушысты ды¬ван. На ім раскіданы жаночая сукенка з фальбонамі і іншыя больш інтымныя рэчы, без якіх не абысціся жанчыне.
Карункавая фіранка адсоўваецца. Паказваецца заспаны тварык ка¬медыянткі Соф’і.
        
        Соф’я (пяшчотна)
        
        Ау-у, мой князь!.. Ояк салодка спіцца!
        
        Адшморгвае фіранку. Саскоквае з ложка. Пацягваецца. Праз тон¬кую тканіну начнога ўбору прасвечваецца гнуткае цела.
        
        Наяве ўсё, ці гэта толькі сніцца?
        Які пакой, на мне якія ўборы!
        (Цяжка ўздыхае.)
        Вось толькі ў князя не салодкі нораў.
        I баль мне абяцаў, і паляванне
        і вось знікае ўжо другое ранне.
        Стаў ноччу раўнадушным да пяшчоты,
        яшчэ дзень, два...
        I ссохну з адзіноты!
        (Зноў пацягваецца. Падае на ложак.)
        Ні князя, ні слугі...
        I дзе сняданак?
        Адно, салодка спіцца між фіранак.
        Пасплю яшчэ. Патрэбна ўзбіць падушку
        во так... во так,
        каб мякка стала вушку.
        (Узбівае падушку і знаходзіць пад ёй
        згорнуты аркуш паперы. Бярэ яго.
        Здзіўлена.)
        Няйначай мне? Было як здагадацца,
        што нехта гэтак стане заляцацца!
        (Радасна.)
        Напэўна, тоіць тайнае пасланне
        нястрымнае гарачае прызнанне!
        А што ж яшчэ?
        (Разгортвае аркуш.)
        
        У пакой уваходзіць Жыгімонт Аўгуст. Соф’я не заўважае яго. Прабягае вачамі па радках. Ускрыквае.
        
        Ды тут перасцярога!
        Мой князь наложніц меў занадта многа.
        Мяне пакінуць можа ён брухатай,
        як тую, што сядзіць на шыі брата!
        Жыгімонт Аўгуст (крычыць)
        Адкуль гэта ў цябе? Аддай сюды!
        (Падбягае да Соф’і, вырывае з яе рук
        паперу, чытае і павольна камечыць аркуш.)27
        Зноў пашквілюс! I гэтак два гады...
        Цяпер я разумею Радзівілаў!
        Сцярпець такое я і сам не ў сілах!
        (Задумваецца.)
        Соф’я (нічога не разумеючы)
        А хто яна, што так цябе трывожыць?
        (Чароўна пасміхаецца.)
        Забудзь! Хадзі сюды хутчэй... на ложак!
        Паўза.
        Жыгімонт Аўгуст увесь у сваіх думках.
        (Соф’я саскоквае з ложка. Хоча абняць яго.)
        Мой слаўны князь, прыгожы мой, жаданы,
        скажы, што мне ты ўсё яшчэ адданы?
        (Лашчыцца да яго.)
        Жыгімонт Аўгуст (груба адштурхоўвае Соф’ю)
        Ідзі адсюль... і як хутчэй!.. Даволі!
        Вяртайся да ранейшай нейкай ролі.
        Там твой фургон...
        Соф’я пакрыўджана адварочваецца. Трошкі марудзіць... I пачынае апранацца, збіраючы з падлогі свае рэчы.
        (Заціскае скамечаны аркуш у кулаку.
        На Соф’ю не звяртае ніякай увагі.)
        Ці праўда, ці абраза?
        Брухатая?! Як многа злосці ў сказах!
        Соф’я апранулася. Падышла да алькова. Уважліва разглядвае карун¬кавую фіранку на ім, нібыта ўпершыню бачыць яе.
        Соф’я (ціха)
        Якія ўзоры?! Бы спляценне гронак...
        Жыгімонт Аўгуст (крычыць)
        Сказаў я – прэч!
        Соф’я нейкае імгненне глядзіць на Жыгімонта Аўгуста і павольна ідзе да дзвярэй. Жыгімонт Аўгуст паспешліва здымае пярсцёнак з пальца...28
        Чакай, вазьмі пярсцёнак!
        (Ловіць руку Соф’і, хоча аддаць яго.)
        Пярсцёнак падае на падлогу. Соф’я, не азірнуўшыся, выходзіць. Жыгімонт Аўгуст задумліва паўтарае, бы й не было Соф’і.
        Брухатая?! Ці праўда, ці абраза?
        (На твары адчай і разгубленасць.)
        Звярнуцца да каго мне за адказам?!
        Осэрца! Як суняць цяжкія ўдары!
        Чаго ж я тут?
        Мне трэба да Барбары!
        (Імкліва выходзіць.)
        
Сцэна пятая
        
        Спальня Барбары ў доме брата – Радзівіла Мікалая Рудога. Яна нечым нагадвае спальню Жыгімонта Аўгуста. Тыя ж ружовыя коле¬ры, амаль той жа алькоў з карункавымі фіранкамі. Вечар. Багатае ўбранне спальні патанае ў паўзмроку.
        Мікалай Руды запальвае свечкі ў цяжкіх падсвечніках.
        Барбара з адсутным выглядам сядзіць у крэсле.
        Мікалай Чорны праходжваецца з кутка ў куток... У яго рухах адчуваецца нервовасць.
        
        Мікалай Руды
        
        З дзяцінства не люблю сядзець у змроку,
        у сэрцы цені нараджалі страх...
        То чуўся нейкі шэпт, то раптам крокі,
        то шамаценне лёгкіх апранах!
        
        Мікалай Чорны (спыняецца)
        
        Не для таго прыйшоў я, каб пачуць,
        што чулася калісь табе ў дзяцінстве...
        Барбару словам нельга ўжо крануць,
        дык як жа думкі будуць у адзінстве?!
        
        Барбара
        
        Ты, можа, хочаш, каб я разам з вамі
        свой жар тушыла ўласнымі рукамі
        пры дапамозе пашквілюсаў гнюсных?!
        Цяпер маўчаць не будуць болей вусны!
        Ты ўжо казаў, што я на шыі ў брата,
        а зараз бачыш ты мяне брухатай?!
        (Імкліва ўстае, вымае з невялікай
        прыгожай скрыначкі, што стаіць на
        століку, згорнуты аркуш паперы...)
        Такі ж самы знайшла пад падушкай у спальні Жыгімонта Аўгуста камедыянтка Соф’я.
        (Гнеўна.)
        Вось пашквілюс! Упэўнена, што вы
        абодва ў гэтым вінны нейкім чынам,
        каб любы мне і ўжо не мой мужчына
        згадаў, што мае на мяне правы.
        Кахаў мяне, і вось ён... плод кахання!
        (Нервова смяецца.)
        А ў нас, дарэчы, не было расстання...
        Мікалай Чорны (выходзіць з сябе)
        Каханне ваша – цьфу!
        Нам трэба ўлада!
        I плод кахання – добрая прынада!
        Барбара
        Вар’яты!.. Божа! Праўда, вы –
        вар’яты!
        Якой інтрыгай дзікаю заняты!
        Паддаўшыся, сама я ўсё руйную
        і разам з тым гару ўся і раўную.
        (Садзіцца ў крэсла.
        Плечы ўздрыгваюць. Плача.)
        Мікалай Руды (ніяк не можа запаліць апош-
        нюю свечку)
        Тут зараз Мікалай сказаў пра ўладу...
        Чакаем міласці з чужых уладных рук,
        хоць не скажу...
        Ёсць права ў нас на Раду1,
        1 Вышэйшы орган дзяржаўнай улады ў Вялікім княстве Літоўскім. У Раду ўваходзілі вышэйшыя службовыя асобы дзяржавы.30
        ды наша слова ў ёй старонні гук.
        Мы на зямлі сваёй жывём сынамі,
        і як сыны стаім мы за яе,
        ды вершыць хтосьці зверху
        суд над намі,
        улада – ўсё!
        Яе нам не стае.
        Мікалай Чорны
        Наўкола – зайздрасць!
        А чаму зайздросціць?
        Мікалай Руды
        Заможнасць наша змучвае кагосьці.
        Мікалай Чорны
        Любыя скарбы без улады – тло!
        Барбара (усхліпвае)
        Так горка мне ніколі не было!
        Мікалай Чорны
        Мы пра Літву і пра сваю ў ёй пэўнасць,
        яна ж – рыдае...
        Душыць яе рэўнасць!
        Барбара
        Адзінае, што ў сэрцы горкім ёсць,–
        мае пачуцці...
        Можна насміхацца,
        ды ўзяць сваё жадае маладосць,
        і як, скажыце, ад сябе схавацца?
        Мікалай Чорны (зларадна)
        Ды нешта ж амарат твой не імчыць...
        Акцёрка ў замку, чутка ёсць, начуе.
        (Да Мікалая Рудога.)
        Пайшлі адсюль!
        Пра што з ёй гаварыць!
        Яна даўно разумных слоў не чуе.
        Радзівілы выходзяць.
        Барбара ўстае з крэсла.
        Барбара (зніякавела, шэптам)
        Акцёрка?.. Скуль?..31
        Па Вільні ходзіць чутка?
        Другі ўжо тыдзень, як яго не бачу.
        Душа гарыць, і сэрца б’ецца пудка,
        а радасць саступіла месца плачу.
        Паўза.
        Шлюб ладзіцца... Паверыла братам?
        (Падыходзіць да акна.)
        Паўза.
        Як хутка ноч!
        Міргае цьмяна зорка.
        Сон – у мурах, і толькі недзе там,
        у замку... цешыць шал яго акцёрка.
        Чуецца асцярожны стук у акно. Яшчэ адзін і яшчэ...
        Барбара ўздрыгвае.
        Хто тут?
        (Узіраецца ў цемру.)
        Пачуе стражнік ля варот...
        (I вельмі радасна, проста
        захлынаючыся радасцю.)
        Чакай... Адну хвіліну... Жыгімонт!
        (Расчыняе акно.)
        Жыгімонт Аўгуст ускоквае ў спальню. Прыпадае да рук Бар¬бары... Палка цалуе іх.
        Жыгімонт Аўгуст (з жарам, словы блытаюцца)
        Ты!.. Ты!.. Мне даравала неба
        яшчэ адно імгненне... Вось ён, міг!
        А без цябе, як высахлая глеба,
        я гіну... Ды нарэшце мы – ўдваіх!
        Дай вусны мне...
        (Цалуе Барбару, шэпча.)
        Хай голас твой вясёлы
        развее дзён нікчэмных каламуць32
        і ля ўзгалоўя нашага анёлы
        на лютнях хай іграюць і пяюць.
        Ты побач...
        кожнай рыскаю і ўздыхам,
        хутчэй мой жар сабою наталі...
        Барбара (трапятліва)
        Жаданы... я з табою...
        (Прыслухоўваецца.)
        Але ціха...
        Хтось за дзвярыма... там...
        (Глядзіць на дзверы, пасля на акно.)
        Ці птушаня ў галлі?
        Жыгімонт Аўгуст (не зважае на словы)
        Мая!.. Мая!..
        (Абдымае Барбару, утрапёна цалуе
        твар, шыю.)
        Ніхто адняць не зможа!
        Дзверы з грукатам расчыняюцца. Імкліва ўваходзяць Радзівілы. У руках – мячы. На тварах – тая няўтрымная рашучасць, калі чала¬век здольны на ўсё. Барбара міжволі туліцца да Жыгімонта Аўгуста. Жыгімонт Аўгуст глядзіць з цікавасцю.
        Мікалай Чорны (у вялікім узрушэнні)
        Што бачу я?
        (Да Мікалая Рудога.)
        Ты, Мікалай, пазнаў
        начнога госця?
        Барбара (шэпча)
        Робіцца што, Божа!
        Мікалай Руды (да Барбары)
        Нядаўна Жыгімонт нам слова даў...
        Мікалай Чорны (паспешліва, таксама да Барбары)
        Што спыніць ён юрлівыя намеры
        і ў спальню да цябе забудзе дзверы!
        (Стукае мячом. Як непрытомны круціць галавою, маўляў, пераступіў парог, не стрымаў слова. Набліжаецца
        да Жыгімонта Аўгуста і Барбары. Спыняецца.)33
        Паўза.
        Момант у нечым парадыйны.
        Жыгімонт Аўгуст
        Вы ашалелі... Без яе мне цяжка.
        (Прыціскае Барбару да сябе.)
        Ядля яе – не госць, а абарона...
        Мікалай Чорны (гнеўна)
        Магчыма, ды з вялікаю нацяжкай!
        Ты зноў прыйшоў,
        каб наш запляміць гонар?
        Жыгімонт Аўгуст
        Дарэмна гэтак... Хопіць вам шумець!
        Вы будзеце, дальбог, нямала мець...
        Мікалай Руды падыходзіць да брата. Абодва напружана слухаюць.
        Уладу, славу...
        Мікалай Руды (змрочна)
        Гэта зноў падман!
        Жыгімонт Аўгуст (не зважаючы на яго)
        Наўкола шляхта будзе віцца роем...
        Мікалай Чорны адштурхоўвае брата. Выступае наперад.
        Мікалай Чорны
        ОБожа міласэрны, дай нам тое!
        (Крычыць.)
        Плябан!.. Хутчэй сюды, плябан!..
        Усе глядзяць на дзверы. З’яўляецца плябан. Ён нясе шлюбныя вянцы. Падаюць на падлогу мячы. Мікалай Чорны падбягае да плябана, забірае вянцы. Адзін аддае Мікалаю Рудому. Ідуць да Жыгі¬монта Аўгуста і Барбары. Плябан пачынае рыхтавацца да шлюбнага абраду. Мікалай Чорны ўзнімае вянец над галавою Жыгімонта Аў¬густа. Над галавою Барбары вянец трымае Мікалай Руды.
        Мікалай Руды (да Жыгімонта Аўгуста)
        Калі сваёй Барбару лічыш любай,
        дык любасць замацуй законным шлюбам!34
        Жыгімонт Аўгуст маўчыць.
        Паўза.
        Мікалай Чорны (усхвалявана, таксама да
        Жыгімонта Аўгуста)
        Скажы, як разумець тваё маўчанне?!
        Жыгімонт Аўгуст маўчыць.
        Паўза.
        Мікалай Руды (з радаснай упэўненасцю)
        Як згоду, несумненна, на вянчанне!
        Жыгімонт Аўгуст моцна сціскае руку Барбары. Ён згодны.
        Заслона
        
        
ДЗЕЯ ДРУГАЯ
        
        1548 год. Замак Радзівіла Мікалая Рудога ў Дубінках, недалё¬ка ад Вільні. З восені 1547 года тут жыве Барбара. Так схацеў Жыгімонт II Аўгуст. Сам ён – то ў Кракаве, то ў Вільні... У Дубінкі ганцы прыносяць пісьмы, поўныя гарачай пяшчоты. Жыгімонт II Аўгуст спрабуе падрыхтаваць спрыяльную глебу, каб можна было афіцыйна аб’явіць, што ён узяў шлюб з Барба¬рай Радзівіл, але ўсе яго спробы натыкаюцца на нянавісць да Радзівілаў.
        
        
Сцэна шостая
        
        Другі тыдзень красавіка. Аранжарэя. Праз шкляны дах льецца яр¬кае красавіцкае сонца. Каб не гэты дах, можна было б падумаць, што позірк выхапіў куток райскага саду.
        Лёгкае крэсла на адкрытай пляцоўцы. Ля яго – Барбара ў заду¬меннай позе. За некалькі крокаў ад яе – мастак Дамінік. Ён піша партрэт Барбары.
        З-за пышных гірляндаў дзівосных раслін выходзіць Станіслаў Давойна – давераная асоба Жыгімонта ІІ Аўгуста, яго асабісты лекар. Ён апякуе Барбару.
        
        Давойна (да Дамініка)
        
        Не памылюся, пэўна, гэта пяты
        партрэт Барбары?
        Дзіўнае натхненне!
        (У голасе чуецца непрыхаваная рэўнасць.)
        Ядумаў, ты маўчун дзівакаваты,
        а тут такое раптам азарэнне!
        Як твар змяніўся, рыхтык бы ў анёла!
        (З усіх бакоў разглядвае партрэт.)
        А вось Барбара тут глядзіцца кволай.
        Дамінік (усмешліва)
        Вам не даруюць гэтых слоў нябёсы.
        Зямля цяплом наўкола набрыняла.
        Яранкам слухаў, як смяюцца росы.
        (Паварочваецца да Барбары. Вельмі
        лагодна.)
        Барбара смех той у сябе ўвабрала.
        Цяпер яна як сонца залатое...
        Барбара (смяецца)
        Вакол сябе раскідваю праменне!
        Давойна (глуха)
        Гляджу, вы тут здзяцінелі абое!
        Дамінік (уздыхае)
        А вы дарэмна спудзілі натхненне.
        Давойна (раздражнёна)
        Як гаварыць мне з гэтым чалавекам?
        Барбара (паціскае плячамі. Насмешліва)
        Не ведаю...
        Не я, а ты ў нас лекар!
        Дамінік пачынае збіраць у скрынку фарбы. Зірнуў на партрэт, пас¬ля на Барбару.
        Дамінік
        Пісаў, як дазваляла мне майстэрства.
        Давойна (хоча, каб Дамінік хутчэй пайшоў)
        Ах, супакойся, ёсць жа падабенства!
        Хоць радасці няма на гожым твары,
        але відно, што гэта твар Барбары.36
        Барбара (успыхвае)
        Скуль будзе радасць? Зноў ганца няма!
        Мне з восені Дубінкі, што турма.
        Давойна (назірае за Дамінікам, калі ж той пойдзе)
        Дамінік марудзіць.
        Цішэй, цішэй... вясна цвіце наўкола!
        Сум быў, калі была прырода голай.
        Барбара (з горыччу)
        Няўдалы лёс!.. Блазнуе, што паяц...
        У пострыг мо?
        (Запытальна глядзіць на Давойну.)
        Давойна (ухіляецца ад адказу, бы й не чуе слоў
        Барбары. Паказвае на дах аранжарэі)
        Глядзі, як шкло іскрыцца!
        Барбара (з іроніяй)
        Отак... Жыццё, бы казачны палац,
        дзе здань на час прыкінулася прынцам.
        Дамінік (гучна стукае вечкам скрынкі, у якую
        складваў фарбы)
        Ісці павінен я...
        (Закахана глядзіць на Барбару. З сумам.)
        Не прынц...
        Не прынц, на жаль!
        Барбара (няўпэўнена)
        Пабудзь...
        Трывожна стала сэрцу раптам.
        Паўза.
        (Да Давойны.)
        А можа, нам наладзіць сёння баль?
        Суседзі ёсць,
        хоць дробная, ды шляхта!
        Давойна
        То баль, то ў пострыг...
        Гэта несур’ёзна!37
        Суседзі ёсць, ды запрашаць іх позна!
        Каб загадзя...
        Дамінік (задумліва)
        Баль быць павінен пы-ышным!
        Пайду...
        Ятут ужо, напэўна, лішні.
        Выходзіць.
        Давойна (з палёгкай)
        Нарэшце знік...
        Бадзяецца без справы,
        а колькі ганарлівасці на твары!
        Ну яшчэ быў бы, скажам, багамаз!
        Здаецца, з год ужо, як ён у вас?
        Барбара (з адчаем)
        Пра што пытанне?
        Каб жа Дамінік
        мяне на сёння мучыў і трывожыў!
        Дзе Жыгімонт? За столькі дзён адвык,
        мяне не ўспамінае нават, можа?
        Начы адрозніць не магу ад ранку,
        ёсць чуткі, што займеў сабе каханку.
        Ад гэтых чутак пухне галава!
        Давойна (падыходзіць да Барбары, бярэ яе за локаць.
        Лёгенька штурхае)
        Глядзі, гатовы распусціцца ружы...
        Барбара (не звяртае ўвагі на яго словы, хоча выгаварыцца)
        Пляліся плёткі, дык была ўдава!
        А зараз жонка? Пры адсутным мужы?
        Хіба ж прызнае хто, што я за ім?!
        Кароль Стары?
        (Думае.)
        Скажыце тое Боне!
        Нявестка, хм-м-м? Што коле вочы ўсім!
        I раптам поруч з сынам іх на троне.
        Таго не будзе!..38
        Давойна лёгенька абдымае Барбару. Яна не адштурхоўвае яго. Па¬вольна ідуць у глыб аранжарэі.
        Стануць, як сцяна!
        Маўляў, забудзь!.. Не вартая яна!..
        Яведаю, на ўсё,
        што можна, пойдуць!
        Скасуюць...
        За мяжой нявестку знойдуць!
        Хаваюцца за раслінамі. Гучаць толькі галасы.
        Любому стануць кланяцца Двару...
        Толькі б не я!
        Давойна
        Барбара, я – гару...
        Згараю ўвесь!.. Спакою, сну няма!
        Ёсць толькі ты!
        Твой твар!
        Тваё імя!
        Паўза.
        Не бачу свету... Колькі ж можна гэтак!
        Пагасла сонца,
        зніклі пахі кветак!
        Калі не сёння... зараз... дык ніколі!
        Хутчэй вярні душу маю з няволі.
        Барбара
        Не здзекуйся!
        Давойна (усхвалявана)
        З каго? Наадварот!
        Паўза.
        (Адрывістым шэптам.)
        Язмучыўся... I ты... Таксама... Ты...
        Усё зацьміла бляскам пекнаты...
        Паўза.39
        Барбара
        А мы адны?
        Давойна
        Адны!
        Барбара (вельмі ціха, без усялякай інтанацыі)
        А Жыгімонт...
        Доўгая паўза.
        У другім баку аранжарэі чуецца гучны ўсхваляваны голас Радзіві¬ла Мікалая Рудога.
        Мікалай Руды
        Ба-арба-ара! Божа!
        Дзе яны? Дзе ўсе?!
        (Выбягае на адкрытую пляцоўку.)
        Бы ў ліхаманцы ўсё нутро трасе!
        (Азіраецца наўкола. Спыняецца, глядзіць
        на незавершаны партрэт.)
        Дзе Дамінік?!
        Не бачу Станіслава...
        Усё ў адно – і радасць, і навала!
        З’яўляецца Барбара.
        Барбара (стрымана)
        Шукаў мяне?
        (Збірае ў пучок раскіданыя па плячах
        валасы.)
        Мікалай Руды (на адным дыханні)
        Тваёй турме канец!
        Ад Жыгімонта...
        З Вільні быў ганец!
        З-за раслін выходзіць Давойна.
        Не можам мы аслухацца загаду,
        у Вільні трэба быць нам без адкладу!
        (Глядзіць на Давойну.)
        Астатняе дадумаеш сама...
        (Хутка, адрывіста.)40
        Стары кароль памёр... Няма яго!.. Няма!
        Збірайся... Заўтра...
        Давойна (вельмі ўражаны)
        Хто б падумаць мог?
        Барбара (думае аб нечым сваім, удакладняе)
        Усе?
        Мікалай Руды
        Усе! I... памагай нам Бог!
        (Пакідае аранжарэю.)
        
        Барбара горда ўзняла галаву, ідзе следам за ім. Давойна застаец¬ца адзін.
        
        
Сцэна сёмая
        
        Чуецца жалобны звон званоў на званіцах цэркваў і касцёлаў. 17 красавіка 1548 года. Вільня. Тронная зала ў замку вялікага князя Вялікага княства Літоўскага. Тут усё гаворыць аб жалобе, якую пе¬ражывае княства. 1 красавіка 1548 года памёр Жыгімонт I Стары, вялікі князь Вялікага княства Літоўскага і кароль Польшчы.
        Сцены залы абцягнуты чорным крэпам. Цьмяна гараць свечкі. Князі, шматлікія саноўнікі тоўпяцца ля трона. Адасоблена ад усіх стаяць Радзівілы: Мікалай Руды і Мікалай Чорны.
        Мікалай Руды (не без пагарды)
        Сабраліся!.. Набеглі, што гайня.
        Мікалай Чорны
        Ды тут усе яны, лічы, штодня!
        Калі не прыйдзеш, круцяцца вужамі!
        Мікалай Руды
        I нешта ж асцярожна надта з намі
        вядуць размовы сёння пра прастол...
        Мікалай Чорны
        Яшчэ б...
        Цяпер адзін у нас кароль!
        Няміласці для нас з іх кожны хоча,
        ды не!..
        (Смяецца.)41
        Першы голас (гучна)
        Каму казыча д’ябал там вантробы?
        Другі голас (з выклікам)
        Ім можна ўсё!
        Трэці голас (з непаразуменнем)
        Смяюцца ў дзень жалобы!
        Мікалай Руды
        Пачулі... I адразу ж лямантуюць!
        Мікалай Чорны
        Цішэй...
        Маўчы.
        З усіх бакоў цікуюць.
        Звоняць званы на гарадскіх званіцах. Дзверы насупраць трона расчыняюцца. З’яўляецца камердынер.
        Камердынер (гучна і ўрачыста)
        Яго вялікасць каралевіч, вялікі князь
        Вялікага княства Літоўскага
        Жыгімонт II Аўгуст!
        У залу ўваходзіць Жыгімонт Аўгуст.
        Камердынер выходзіць.
        Мікалай Руды (з хваляваннем)
        Усё... Нарэшце праясніцца... Зараз!
        Голас (гучны шэпт)
        У Вільні?! Хто?
        Хутчэй кажы... Барба-ара?!
        Жыгімонт Аўгуст падыходзіць да трона. Садзіцца. Абводзіць позір¬кам усіх прысутных. Спыняе яго на Радзівілах.
        Жыгімонт Аўгуст (суха, адрывіста)
        Душа баліць...
        Ва ўсім – няўцешны боль.
        Мяне пакінуў бацька,
        вас – кароль!
        (Пераводзіць позірк на залу.)42
        Вядома вам, што ў Кракаве знянацку
        прастол асірацеў...
        Голас (ціхі шэпт)
        Як суха ён пра бацьку!
        Жыгімонт Аўгуст (хутка паварочваецца на голас)
        Магчыма,
        ды без слоўнае аздобы
        даводжу вам у дзень сваёй жалобы,
        што заўтра, патрабуюць надта справы,
        у Кракаў еду... Зачакаўся Вавель!
        Усе ўважліва слухаюць. Чуецца, як зноў звоняць званы на званіцах. Дзверы насупраць трона расчыняюцца. Уваходзіць камердынер. Хутка ідзе да трона, штосьці шэпча Жыгімонту Аўгусту...
        Мікалай Чорны (да Рудога)
        Ты застаешся ў Вільні?
        Мікалай Руды
        Несумненна!
        (Паказвае на князёў і саноўнікаў,
        што стаяць ля трона.)
        Глядзі... камусьці стане зараз дрэнна!
        Камердынер выходзіць.
        Паўза.
        Жыгімонт Аўгуст (мякка, запаволена)
        Хай застаецца ўсё тут, як пры мне!
        Нікога мая ласка не міне.
        Ніколі не скупіўся на шчадроты,
        цяпер уважце вы мае турботы...
        Устае з трона, ідзе да дзвярэй, у якіх толькі што схаваўся камер¬дынер. З шумам расчыняе іх... Усе глядзяць на дзверы. З’яўляецца Барбара. Уся ў чорным аксаміце, толькі ў вушах і на шыі праме¬няцца брыльянты. Па зале праходзіць лёгкі гул.
        Мікалай Руды (да Чорнага)
        Што я казаў?! Зірні хутчэй на твары...
        (Зноў ківае ў бок саноўнікаў і князёў.)43
        Мікалай Чорны (з захапленнем)
        Пагляду не адвесці ад Барбары.
        Глядзіць толькі на Барбару і Жыгімонта Аўгуста. Жыгімонт Аўгуст вядзе Барбару да трона. Спыняюцца.
        Голас (гучны шэпт)
        Як можна?!. На вачах ва ўсяго свету
        абразіць так нябожчыцу Эльжбету!
        Яе брыльянты!..
        Жыгімонт Аўгуст (заглушае гэты шэпт)
        Здарылася гэтак,
        што я парушыць мусіў завядзёнку.
        Не палічыўся з даўнім этыкетам
        і... без кароннай Рады1 выбраў жонку.
        З ёй павянчаўся, кляўся перад Богам,
        што будзе ў нас адна цяпер дарога!
        Лёгкі гул праходзіць па зале.
        Заняты быў апошнім часам крайне,
        таму дасюль трымаў свой шлюб у тайне...
        Зноў лёгкі гул галасоў.
        I я шчаслівы вельмі тым, што ў пару
        Бог даў, каго я сам хацеў,– Барбару!
        Голас (гучны шэпт)
        Вось для чаго на гэтай мы нарадзе!
        Другі голас (прыглушаны)
        Чакай!..
        Чакай, а хто ў кароннай Радзе?
        Жыгімонт Аўгуст (рэзка)
        Явынес клопат свой не на разгляд!
        (Азірае ўсіх прысутных у зале.)
        Наступнае прымайце, як загад!
        1 У Польшчы быў закон, які забараняў каралю браць шлюб без згоды на тое кароннай Рады. Жыгімонт Аўгуст у дадзеным выпадку парушыў гэты закон.44
        Вы ўсе павінны ў радасці ці ў гневе
        ёй кланяцца заўжды як каралеве!
        Прысутныя ў зале аслупянелі.
        Барбара з захапленнем глядзіць на Жыгімонта Аўгуста. Радзівілы Мікалай Руды і Мікалай Чорны горда ўзнялі галовы. Звоняць званы на званіцах цэркваў і касцёлаў.
        
        
Сцэна восьмая
        
        Лістапад 1550 года. Варшава. Багатая гасцёўня ў каралеўскім замку. Скрозь – бляск пазалоты. Шыкоўная мэбля таксама праменіцца бляскам. Ля каміна ляжыць палевы дог. Ярка палае агонь у каміне. Ля акна стаіць Бона Сфорца – каралева польская і вялікая княгіня літоўская. Узіраецца ў золь лістападаўскага дня.
        Бона Сфорца (глуха)
        То снег, то дождж...
        Абклалі неба хмары.
        Даўно няма ў прыродзе добрых знакаў.
        Адна пахмурнасць...
        Змрочны цень Барбары...
        (Успыхвае, з гневам.)
        Нягодніца! Прыбыць пасмела ў Кракаў!
        На Вавель мой... I цешыць зараз рэчы
        агідны зрок, каб мог хто асляпіць!
        Паўза.
        (З невыказным болем.)
        ОЖыгімонт... Як бацька твой пярэчыў,
        а ты схацеў па-свойму ўсё зрабіць!
        (Адварочваецца ад акна, ідзе да каміна,
        спыняецца. Глядзіць на агонь.)
        І я ў Варшаве...
        тут... нібы ў выгнанні,
        што ні казала,– словы не дайшлі!
        Дарэмнымі былі ўсе намаганні...45
        (Садзіцца ў крэсла. З нянавісцю.)
        Правоў ім мала,
        золата,
        зямлі...
        Паквапіліся! Лёгка акруцілі.
        Змяя схавала джала ў нейкі міг.
        (З адчаем.)
        На троне з сынам... поруч Радзівілы!
        I як мне саўладаць з нахабствам іх?!
        Дог устае, ідзе да дзвярэй.
        З іх хітрасцю?! Яна была яскравай.
        Барбара – толькі лялька ў іх гульні...
        Уваходзіць пакаёўка. Бона ўскідвае на яе запытальны позірк.
        Пакаёўка (ціха)
        Танчынскі Ян...
        Гаворыць, з важнай справай!
        Паўза.
        Бона Сфорца
        Пакліч...
        Хай пагамоніць пры агні!
        Пакаёўка выходзіць.
        Змяніць штось хоча, але толку мала.
        (Цяжка ўздыхае.)
        Што зробіш тут? Навала ёсць навала!
        З’яўляецца Танчынскі. Схіляецца ў глыбокім паклоне.
        Танчынскі
        Не маю слоў, каб выказаць пашану,
        любоў сваю...
        Бона Сфорца
        Не трэба гэтых слоў!
        Прысядзь...
        (Паказвае на крэсла па другі бок каміна.)46
        Ты быў заўсёды мне адданы.
        Паўза.
        Танчынскі з шумам садзіцца. Бона задуменна глядзіць на агонь.
        Агонь ратуе... стыне ў жылах кроў,
        не ўкладваецца, як ён мог паддацца!
        Спачатку думалася –
        маладосці грэх...
        Танчынскі (з’едліва)
        Яна паспела добра ўладкавацца!
        Аж стогне Кракаў, кажуць, ад уцех.
        А ён што блазен...
        Паўза.
        (Са злосцю.)
        Знойдзецца дзівак!
        Сарве карону і... падасць каўпак.
        Бона Сфорца (уважліва глядзіць на Танчынскага. Строга)
        Таму я тут, што ў Кракаве Барбара.
        Танчынскі (угодліва)
        I Чорны там... Мярзотная пачвара!
        Гавораць, ён яе каханкам быў.
        Нацешыўся! I Жыгімонту збыў!
        Твар Боны перасмыкнуўся.
        На дыбу іх, караць трэба агнём,
        бо Кракаў ператвораць у Садом!
        Штодня – музыкі,
        баль за балем,
        спевы...
        Бона Сфорца (сціскае скроні)
        Бы ў абцугах гарачых галава.
        Танчынскі
        Цяпер любая на Літве ўдава
        з пярыны жаркай схоча ў каралевы!47
        Падумаць!
        Перад ім укленчыў Сейм1!
        Бона Сфорца
        Няўжо сцярпець такое я павінна?
        Упэўнена, без выключэння ўсе
        на Захадзе адвернуцца ад сына.
        Танчынскі
        Вядома, хто ж лічыцца зараз будзе
        з дзяржавай,
        дзе кароль сядзіць у блудзе!
        (Прыцішаным голасам.)
        Нам трэба ратаваць хутчэй прастол.
        Бона Сфорца (міжволі ўздрыгвае)
        Прастол?
        (Зноў сціскае скроні.)
        Ніяк не пройдзе гэты боль,
        не ведаю, за што такая кара!
        Танчынскі
        А хутка карануецца Барбара!
        Бона Сфорца (імкліва ўстае з крэсла)
        Не дапушчу!
        Танчынскі (з нейкай патаемнай думкай)
        Каб ведаць жа тут як?
        (Таксама ўстае з крэсла.)
        Баюся, позна!
        Бона Сфорца (з адчаем)
        Лёсу чорны знак?!
        (Нервова.)
        Оне!.. Оне!.. Скасую ўсё... Парушу!
        (Пачынае хадзіць па гасцёўні.)
        1 У канцы 1548 года праходзіў Сейм у Петрыкаве, на якім абмяркоўва¬лася справа каралеўскага шлюбу з Барбарай Радзівіл. Удзельнікі Сейма па-трабавалі, каб шлюб быў скасаваны, але Жыгімонт Аўгуст адмовіўся. Тады ўвесь Сейм укленчыў перад ім, толькі ж і гэта не падзейнічала. Жыгімонт Аўгуст стаяў на сваім, у выніку чаго, нягледзячы на моцную апазіцыю, шлюб быў прызнаны законным.48
        Танчынскі
        А я пакінуць каралеву мушу.
        (Ідзе да яе. На момант прыпыняецца.)
        Народ бурліць... I, Божа, барані
        наш край ад непатрэбнае вайны.
        (Падыходзіць да Боны. Цалуе руку.
        Цяжка ўздыхае. Пяшчотна.)
        Хацеў бы бачыць каралеву ў шчасці...
        Бона Сфорца
        Не ўратавацца мне ўжо ад напасці!
        Ідзі...
        Улады болей тут не маю.
        (Задумалася.)
        Чужы мне край...
        I я чужая краю.
        Танчынскі схіляецца ў глыбокім паклоне. Выходзіць.
        Паўза.
        (Падыходзіць да дога, які разлёгся ў парозе.
        Лашчыць яго.)
        Сумуеш?.. Да цябе няўважнай стала?
        Каб ведаў ты, як зараз горка мне!
        Танчынскі... Ці ж не праўду я сказала –
        чужая гэтай змрочнай старане.
        I сын – чужы...
        Ён выбраў Радзівілаў...
        (Вяртаецца да каміна. Глядзіць на агонь.)
        Ну хоць бы колькі напісаў радкоў!
        Яго, здаецца, нават не здзівіла,
        што я ў Варшаву з’ехала цішком.
        Навошта я?
        Там без мяне ўсё – проста...
        За балем – баль!
        Ёй хоча дагадзіць...
        Барбара!
        Паўза.
        (З гневам.)49
        Будзе вельмі страшнай помста...
        Яведаю, што трэба мне рабіць!
        Мой сын, яна і я...
        Які трохкутнік!
        Ды відавочна – лішні нейкі кут!
        (Імкліва ідзе да дзвярэй. Расчыняе іх.
        Крычыць.)
        Сюды!.. Хутчэй!.. Дзе Монці?
        Дзе мой Людвік?!
        (Прычыняе дзверы. Ціха.)
        Ён... Толькі ён... патрэбен зараз тут!
        (Ідзе да акна.)
        Уваходзіць Людвік Монці. Бона не азіраецца.
        Глядзіць у акно.
        Па кроках чую – ты... I не тлумачу,
        што да чаго! Ты бачыш гэта сам,
        як я гарую, курчуся ад плачу,
        збірайся ў Кракаў!
        Паўза.
        Справа будзе там!
        Монці стаіць ля дзвярэй. Уважліва слухае. Моўчкі ківае галавой.
        Мой сын адзіны...
        Боль мой і пакута...
        Ты ведаеш, чый цень між намі лёг!
        Монці моўчкі ківае.
        Дзе словы не даходзяць, там атрута
        ўсё вырашае! Хай даруе Бог
        і дапаможа... Хай нашле ён кару
        з тваёю дапамогай на Барбару!
        Абедзвюм на зямлі нам нельга жыць.
        Паўза.
        Ты зразумеў? Не мне цябе вучыць!
        Монці моўчкі ківае. Ён зразумеў.50
        
        
Сцэна дзевятая
        
        Канец снежня 1550 года. Кракаў. Некалькі тыдняў таму назад адбы¬лося каранаванне Барбары.
        Невялікая гасцёўня ў каралеўскім палацы. Час абеду. Пышна накры¬ты стол. За сталом сядзяць Жыгімонт II Аўгуст, Барбара і Людвік Монці – сакратар каралевы Боны. Гавораць ажыўлена, у прыўзнятым настроі.
        
        Монці
        
        Хацеў паспець я на каранаванне,
        ды затрымалі клопаты ў Варшаве.
        Жыгімонт Аўгуст
        Што ж, сакратар павінен быць пры справе...
        (Глядзіць на Барбару.)
        Нас матчына сагрэла віншаванне.
        Ёй на карысць, гляджу, жыццё ў Варшаве,
        брыльянты пераслала... Тры ў аправе!
        Барбара (з годнасцю, уласцівай каралеве)
        Не трэба ні брыльянтаў, ні сапфіраў,
        адно, каб з ёю мы жылі суладна.
        Монці (угодліва)
        З тым і прыехаў... Хоча з сынам міру.
        Так і сказала: перадай дакладна.
        Барбара
        Віна мая тут, ды хіба ж хацела?
        Жыгімонт Аўгуст
        Ах, Божа, ты галубкаю ўляцела
        ў мой лёс і ўсё навокал асвяціла,
        напоўніла мяне дзівоснай сілай,
        а тут... сцяна!
        (Моршчыцца.)
        I слёзы маці... Сваркі...
        З усіх бакоў – пагрозы, забарона...
        Монці
        За іншае паднімем зараз чаркі,
        за шчасце ваша!
        За магутнасць трона!
        (Паднімае чарку. П’е.)51
        Барбара і Жыгімонт Аўгуст толькі прыгубліваюць.
        Жыгімонт Аўгуст (ставіць чарку на стол)
        Ад Габсбурга1 пасол у троннай зале
        павінен быць. Пакіну вас адных.
        (Да Монці.)
        Шкадую, што пабыў з табою мала...
        Ты маці перадай – не помню злых
        яе намераў. Тое ўсё забыта.
        (Устае з-за стала.)
        Мая душа насустрач ёй адкрыта,
        ёй не чужы, як і калісьці, Вавель.
        (Глядзіць на Барбару.)
        Скажы, што хочам бачыць неўзабаве!
        Барбара
        Яўкленчыць перад ёй заўжды гатова.
        Монці
        Яна ўжо блаславіла вас на словах,
        і думаю, што неўзабаве схоча
        вас блаславіць, як кажуць, вочы ў вочы.
        Жыгімонт Аўгуст
        Хай Бог дае...
        (Цалуе руку Барбары. З лёгкай усмешкай.)
        Тут, пад тваім наглядам,
        пабыць, напэўна, Людвік будзе рады!
        (Ківае Людвіку, маўляў, развітваюся...
        Выходзіць.)
        Паўза.
        Монці
        Змяніўся Аўгуст...
        Знікнуў недавер,
        зусім вярнуўся іншым ён з Літвы.
        Барбара
        Не ведалі яго, магчыма, вы!
        Ён быў заўжды такім, як і цяпер.
        1 Фердынанд Габсбург, імператар рымска-нямецкі, бацька Эльжбеты Аўстрыйскай.52
        Монці
        Оне скажыце, часта быў круты,
        ды пад уплывам вашай пекнаты
        куды і знікла колішняя ўпартасць?!
        Барбара
        Пра колішняе ўспамінаць не варта!
        Монці
        Напэўна...
        (Задумліва.)
        Не ўсялякая зямля
        тым сокам, што патрэбен, жывіць дрэва.
        Пра што ж я?
        (Смяецца.)
        А-а! Свет бачыць караля,
        якім яго ўспрымае каралева!
        Любыя Аўгуст зможа зрушыць горы...
        (Не дагаворвае.)
        Дзверы ў гасцёўню расчыняюцца. Уваходзіць пакаёўка.
        Пакаёўка (схіляецца ў паклоне. Да Барбары)
        Не ведаю, як быць? Прынеслі вам уборы.
        Паўза.
        Магчыма, будзе нешта ў іх не так,
        сказаць, каб пачакалі вас, ці як?!
        Монці (паспешліва да Барбары)
        Уборы?!
        (Смяецца.)
        Для жанчыны гэта важна.
        Адкладваць нельга, мілая Барбара!
        Паўза.
        Уборы... Хм-м? Як позіркі раздражняць!
        Пачуцці ўскалыхнуць, навеюць мараў!
        Ісці патрэбна... У мяне ёсць час,
        магу чакаць...
        слугою верным вас!53
        Барбара (устае з-за стала)
        Тады я на хвілінку... Толькі гляну!
        Барбара і пакаёўка выходзяць.
        Монці (не можа схаваць радасці)
        Усё ідзе, дальбог жа, як па плану!
        Паўза.
        (Нейкае імгненне сядзіць нерухома.
        Вочы загараюцца нядобрым бляскам.
        Адкідваецца назад, на спінку крэсла.)
        Ну вось і момант! Што ж маруджу я?
        (Нервова смяецца.)
        Ха-ха... Уборы! Выйшла ўсё так складна!
        Ояк сябе тут пачувае ўладна
        нягодніца!
        Распусніца!
        Змяя!
        (Рэзка ўстае. Ідзе да акна. Спрабуе
        расчыніць створкі.)
        Хоць бы паветра свежага глыток,
        не задыхнуцца б!
        Што ж цягну з атрутай?
        Адзіны крок...
        (Глядзіць на чарку, з якой прыгублівала
        Барбара.)
        Да чаркі толькі крок...
        (Робіць гэты крок. Спыняецца ля крэсла,
        на якім толькі што сядзела Барбара.)
        І ўсё... Сцяжына лёсу разамкнута!
        Жыцця няма... Што Вавель? Што карона?
        (Хуткімі рухамі вымае з кішэні скураны
        вузельчык. Рукі трасуцца. Азіраецца
        на дзверы. Імкліва развязвае...)
        Хай будзе так, як пажадала Бона!
        (Высыпае ў чарку атруту. Вузельчык
        хавае ў кішэні.)54
        I калі можаш, дык даруй мне, Божа,
        Барбары ўжо нішто не дапаможа!
        Дзверы расчыняюцца. Уваходзіць Барбара.
        Барбара
        Прымусіла чакаць?
        Монці (спрабуе быць вельмі лагодным)
        Ды не!..
        (Адварочваецца да акна.)
        У хмарах неба...
        (Цяжка ўздыхае.)
        Што зробіш, не чакаюць доўга справы!
        Два тыдні ўжо, як з’ехаў я з Варшавы,
        засумаваў...
        Назад збірацца трэба!
        Барбара
        Ад нас адразу?
        Монці
        Думаю, што так!
        Прысесці толькі трэба на дарогу...
        (Садзіцца. Лёгкім рухам рукі запрашае
        сесці і Барбару.)
        Штодня за вас маліцца буду Богу,
        каб беды ўсе былі для вас няўзнак!
        Барбара (устрывожана)
        Якія беды?
        (Садзіцца на ранейшае месца.)
        Монці
        Гэта я да слова!
        А зараз у мяне ёсць прапанова!
        (Бярэ чарку. Паднімае яе.)
        За маці!
        Паўза.
        Шчасця зычыць вам яна!
        За каралеву Бону і... да дна!
        (Выпівае.)55
        
        Барбара бярэ сваю чарку. Марудзіць... і таксама п’е.
        
        Хай чарка пойдзе на карысць здароўю,
        каб жыць сто год у згодзе са свякроўю!
        
        
Сцэна дзесятая
        
        8 мая 1551 года. Кракаў. Спальня Барбары ў каралеўскім замку. Шы¬рокі ложак падцягнуты да расчыненага акна. Ледзь не над самым падваконнем звісаюць пышныя гронкі бэзу.
        На ложку ляжыць Барбара. Уваходзіць Мікалай Руды. Спы¬няецца ў дзвярах.
        Барбара (ціха)
        Хадзі сюды... Да ложка падыдзі...
        Мой мілы брат, шкада, што я не дома!
        Мікалай Руды хутка падыходзіць да ложка. Барбара спрабуе пасміх¬нуцца.
        Не на мяне... На гэты бэз глядзі,
        я надта ж змучана хваробай невядомай.
        Недзе ў далёкіх пакоях замка б’е гадзіннік.
        (Барбара лічыць.)
        Адзін... другі... яшчэ адзін удар...
        Адпушчана гадзін мне, чую, мала!
        Мікалай Руды садзіцца на ложак. Бярэ руку Барбары ў сваю. Гла-дзіць яе шчаку.
        Мікалай Руды
        Схуднеў,
        але ўсё роўна гожы твар...
        Хоць і пакут даволі ты зазнала.
        Барбара (пагаджаецца)
        Цяпер – хвароба,
        а раней – няслава,
        Які сягоння дзень?56
        Мікалай Руды
        Святога Станіслава!
        Чацвер... Ты не трывожся...
        Гэта шкодна.
        Барбара
        Мне цяжка...
        На зямлі памру няроднай.
        Чужыя сцены, галасы, імёны...
        У Вільню б хоць на міг, у Геранёны.
        Мікалай Руды
        Пра смерць не думай,
        гэтага не будзе...
        Барбара (глыбока ўздыхае)
        Не прадыхнуць,
        бы камень лёг на грудзі.
        (Зусім ціха.)
        Уся гару, нібы абліта варам.
        (Пачынае кідацца.)
        Мікалай Руды (усхапіўся з ложка)
        Пагоршала?..
        Мо доктара, Барбара?!
        (I ўбок, ціха.)
        Але ж пазнала...
        Чуў, назвала братам.
        Якой жа непамернай будзе страта!
        Была ў сабе і доўга...
        (Схіляецца над Барбарай.)
        Барбара кідаецца ў гарачцы.
        Барбара
        Дзе я?.. Дзе я?..
        (I суцішваецца.)
        Мікалай Руды
        Маленечкая, але ёсць надзея!
        Суцішылася... Пасвятлелі вочы...
        Няма сумнення:
        хтось яе сурочыў!57
        Паўза.
        За дзвярыма чуюцца гучныя хуткія крокі.
        Нехта ідзе!..
        Мо Жыгімонт так шпарка?
        Дзверы расчыняюцца. Імкліва ўваходзіць Жыгімонт Аўгуст.
        Жыгімонт Аўгуст
        З Літвы вярнуўся Чорны!..
        З ім – вядзьмарка.
        Барбара як?
        (Ідзе да ложка. Схіляецца над Барбарай.)
        Мікалай Руды
        Гарачка доўга біла.
        Цяпер, здаецца, трошкі адпусціла.
        У спальню ўваходзіць Мікалай Чорны.
        Мікалай Чорны
        Вядзьмарка хоча як хутчэй да хворай!
        Жыгімонт Аўгуст цалуе рукі Барбары. Мікалай Руды адмахваецца ад Чорнага, маўляў, маўчы! Чорны паказвае позіркам на Барбару.
        (Прыцішана.)
        А як яна?..
        Жыгімонт Аўгуст паварочваецца да Радзівілаў.
        Жыгімонт Аўгуст (з горыччу)
        Дасюль не меў я гора
        сапраўднага...
        Мікалай Руды
        Яно заўжды не ў час!
        Барбара прыўзнімае галаву. Яна вельмі змарнела. Твар непазнаваль¬на асунуўся. Усе напружана сочаць за яе рухамі. Барбара цягне руку да Жыгімонта Аўгуста...
        Барбара
        Скажы, няхай браты пакінуць нас.58
        Мікалай Руды
        Мы чуем, чуем...
        Пойдзем у гасцёўню!
        (Ідзе да дзвярэй. Ціха да Чорнага.)
        Ты бачыш?
        Як жа можна тут без слёз!
        Мікалай Чорны (вельмі ўражана)
        Такой Барбару, далібог, не помню...
        Відно, дарма з Літвы вядзьмарку вёз.
        Радзівілы выходзяць.
        Паўза.
        Барбара
        Пайшлі...
        Ты помні, мне яны – браты.
        Жыгімонт Аўгуст
        Пра гэта зараз не турбуйся ты.
        (Бярэ яе рукі ў свае.)
        Паўза.
        Барбара
        Не ведаю, што там...
        (Глядзіць уверх. Са шкадаваннем.)
        Можа, нічога?
        Жыгімонт Аўгуст
        Там Бог!
        Яза цябе Яго прашу.
        Барбара
        Тады я там пачну прасіць у Бога,
        каб адпускаў сюды маю душу1...
        Мой лёс зямны пакутаю кляймёны,
        такія мукі зараз я цярплю!
        
        1 Сярод паданняў Нясвіжа ёсць адно, у якім расказваецца пра Чорную даму. У XVI стагоддзі Нясвіж належаў Радзівілу Мікалаю Чорнаму. Пасля смерці Барбары там і пачала зрэдку з’яўляцца Чорная дама – душа Барбары, апранутая ў чорнае адзенне ў знак жалобы па сваім каханні. А калі памёр і Жыгімонт II Аўгуст, Чорная дама пасялілася ў Нясвіжскім замку назаўсёды.
        
        О Жыгімонт...
        Ты помніш Геранёны
        і да цябе найпершае «люблю»?!
        Кахаю, веру... Гэта ўсё са мною,
        яно ўва мне... У сэрцы толькі ты!
        Цяпер і потым, калі ўжо сцяною
        між намі ляжа вечнасць нематы.
        Паўза.
        (Захвалявалася. У вачах з’явілася
        няясная трывога.)
        Цалуй мяне ў апошнюю хвіліну!
        Ірвецца дух... Навошта так імкне?
        Явыпаду аднойчы са ўспаміну,
        а губы будуць сумаваць па мне...
        Жыгімонт Аўгуст прыпадае да губ Барбары.
        Паўза.
        Жыгімонт Аўгуст
        Не пакідай... З табою быў шчаслівы!
        Жыццё маё дзеля цябе было...
        Барбара прыўзнімаецца.
        Барбара
        Яведаю...
        (Глыбока ўздыхае.)
        Куды ж ён, дух імклівы?
        (Ледзь чутна.)
        Твой твар плыве... У вочы б’е святло...
        (I заціхае, адкідваецца на падушку.)
        Жыгімонт Аўгуст (схіляецца над нерухомым
        целам Барбары. Бы не ў сабе)
        Няма!..
        Як хутка?!
        Божа літасцівы!
        Аддай!..
        Ты чуў, я з ёю быў шчаслівы!
        (Укленчвае перад ложкам. Працягвае
        рукі ўверх... да Бога.)
        
        Адтуль наплывае жаласлівы спеў, а можа, гэта толькі так здаецца Жыгімонту Аўгусту.
        
        Хор анёлаў
        
        Імкне душа ў апошнюю дарогу,
        зямны прытулак зведаўшы спаўна,
        у тыя высі, дзе раскажа Богу
        пра ўсё, з чым развіталася яна.
        (І на больш высокай ноце.)
        Ляціць душа ў апошні свой прыстанак,
        свой пэўны час адбыўшы на зямлі...
        З начы глухой у вечны свой світанак,
        у пекныя нябесныя палі...
        
        Паўза.
Жыгімонт Аўгуст паднімаецца... Нейкае імгненне глядзіць у нерухомы твар Барбары.
        
Жыгімонт Аўгуст
(з болем, з жалем, з тугою)

 
Хто зараз чуе голас твой прызыўны?
Хілю ў жалобе чорнай галаву...
Даруй, калі я ў нечым, можа, вінны,
з Літвы прывёз і павязу ў Літву.
        
        Заслона

Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.