РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Даведка
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лісты з-пад коўдры
*  *  *
праз акно месяцовы поўраз
апускаецца па крывой
я ня бачу
залез пад коўдру з
галавой
 
навісаюць словы хадульна
расстаўляюць пасткі пасты
а пад коўдрай цёпла й утульна
і нястрашна пісаць лісты
 
будзе рады палкоўнік маркес
і астатнія пацаны
асьцярожна ступае накрас
клышаногі й трохі п’яны
 
не кампутарныя крамзолі
а жывое рукі сьляды
хай баляць на пальцах мазолі
не бяды
 
бо нашто электронная пошта
калі проста так не ў пару
немавед пра што і навошта
немавед каму гавару
 
 
 
 
Калыханка для маладога літаратара
Кукалка, каўшанка, хрызаліда,
лялечны зародак вышыні!
Досыць гідкіх фарбаў краявіду,
іншага няхай грызе агіда!
Супакойся, мілы, адпачні!
 
Сьпі, дзіцятка, птушкі ўжо паснулі,
зоры ў неба па ваду пайшлі.
Кукавадла вусьцішнай зязюлі,
люлі-люлі, прыляцелі кулі…
Стала ціха на усёй зямлі.
 
Засынай, загорнуты ў анучы.
Пасталееш хутка ў барацьбе.
Сьпі, выратавальнік наш прыйдучы:
у абладзе фюрэра і дучэ
спадзяемся толькі на цябе!
 
Некалі ў варожым навакольлі
возьмесься з расою за касьсё
беларускай мовы, і ніколі
не забудзеш, што вучыў у школе:
геній у адказнасьці за ўсё!
 
Зьведаеш, што значыць акавіта,
і спазнаеш посьпех у кабет;
станеш апранацца самавіта,
станеш выражацца сакавіта,
станеш карыстацца з “алфавіта”
і забудзеш слова “альфабэт”…
 
Хрызаліда, кукалка, каўшанка,
запарука крылаў матыльку,
дурню – радасьць, знаўцу – абяцанка, –
слухай, як лунае калыханка
на халодных крылах скразьняку.
 
 
 
 
З чаго пачынаецца Жодзіна?
З чаго пачынаецца Жодзіна?
Дальбог, не з машыны «БелАЗ»!..
Я сёньня сьвяткую народзіны:
Як што, запрашаю і вас!
 
Пад месяцам, сонцам і зоркамі
Балюе з суседам сусед.
Як сьцьвердзіў паэт, нат паморкамі
Ёсьць час для сяброўскіх бясед!
 
Як не, адмаўляйся бяз сораму —
Шмат ежы на Белай Русі!
Пад месяцам, сонцам і зорамі
Ўсяго ўсё адно не зьясі!
 
Шчэ больш на зямлі — мама родная! —
Харошых ды розных кабет;
Ды не пакахае ніводная,
Хоць руш да манахаў ў Тыбэт!
 
Сігаеш за пекнымі паннамі,
Ды марным стаецца твой сіг.
І ўсё ж не памрэм занядбанымі,
Бо Жодзіна дбае пра ўсіх!
 
Сардэчнымі словамі, поўхаю,
Дубцом, бізуном, рамянём
Гадуе, кунежыць, выхоўвае.
І большай ні ўночы, ні днём
 
Нас песьціць ня знойдзем аматаркі.
А як адыходзім да сну,
Вачыма ласкавае мацеркі
Глядзіць у калыску й труну.
 
Пільнуе ды сочыць паводзіны,
То хваліць, то ставіць у кут...
З чаго пачынаецца Жодзіна?
Яно пачынаецца тут...
 
За мрой экзатычныя спэцыі,
За праўду ў айчынным віне,
За Grande Canale ў Вэнэцыі,
Які не гайдае мяне;
 
За госьця, што горш за татарына,
Гасьціннага сябра свайго;
За Катэдру Нашай Спадарыні,
Якая сьмяецца з Гюго;
 
За сьверб разумовага голаду,
Што я спаталяў задарма
Агнямі вялікага гораду,
Якому найменьня няма, —
 
Чым стане мне змогі, аддзячу я
Найлепшай у сьвеце зямлі —
За першыя крокі дзіцячыя,
За першыя сьлёзы, калі
 
Бацькамі бяз жалю, бязь літасьці
Быў гнаны ў дзіцячы садок...
Што будзе пасьля — акалічнасьці,
Галоўнае — першы радок!
 
Пачатак, прывабныя ўводзіны
Жую саладзенькім дражэ:
З чаго пачынаецца Жодзіна?
З разгалістай літары «ж»,
 
Як жонка, жыхарства, жыдоўская
Жахліва жывая журба,
Жабрацтва, журы, «Жыгулёўскае»,
«Жызэль», «Жэрміналь», жажаба,
 
Жаўрук, журавель з журавінаю,
Жыгучка, жаўнер, жалуды,
Жаданьне жывіцца жанчынаю,
Жычэньне жыцьця без жуды...
 
Славутую песьню каверкаю
Й карціны ўстаюць уваччу.
Пытаньне гаркавай цукеркаю
У роце смакую, смакчу, —
 
Як гронку чырвонай смуродзіны.
І тахкае сэрца ў грудзях.
З чаго пачынаецца Жодзіна?..
І ці абяцае працяг?
 
 
 
 
Падвойны агент
Адбіваючы крокі ў няроўнай хадзе
ды гарлаючы песьню сумнеўнага зьместу,
на зімовым вятрыску нястомна брыдзе
шараговы насельнік вялікага места.
 
Нібы ў вушка іголкі – пітушчы вярблюд,
зь пятай спробы прайшоў цераз вузкую брамку
і, сустрэчнаму д’яблу аддаўшы салют,
пакульгаў пакрысе ў невядомым напрамку.
 
Ён ня проста паэт, якім грэбуе мент,
алавяны жаўнерык нацдэмаўскіх гульняў –
ён дзяржаўны злачынца, падвойны агент,
што гісторыю здрадаў сабой падагульніў.
 
Ён француз, які змушаны піць самагон,
італiец, што есьць макарону бяз спэцый;
сэрцам прагне туды, дзе стаіць Пэнтагон,
але печанi й ныркі прадаў “дзяржбясьпецы”.
 
Так жыве, задаволены сьветам, сабой
і закускай – пуд солі і ліха паўфунта, –
ды знаёмы здаўна непразрысты напой
можа стацца прычынай рашучага бунту.
 
І тады ён амаль забывае пра ўсё:
што на вуліцах места халодна і сьлізка,
што народ не чытае Лі Бо і Басё
й перамога над ворагам покуль няблізка.
 
Бо за цемрай раней ці пазьней паўстае
непазьбежная раніца, велічны золак!
Толькі б стала напояў у крамах яе
і пітушчым вярблюдам хапіла іголак!
 
Хай спазнаюць свабоду на ўласным гарбе!
Ну а ён не вярблюд, хоць напэўна пітушчы:
ён цяпер партызан, што жыве ў барацьбе,
шараговы жыхар Белавескае пушчы!
 
У нябачнай вайне не шкадуе сябе;
у варожай прасторы згубіўшы кірунак,
па сумётах хаваецца ад КДБ
і замерз, як апошні сібірскі ЦРУльнік!..
 
Вось спыніўся – і лёг пад драўляным, старым,
не згаданым у нашай гісторыі плотам,
бы ў кульгавы радок – раптам знойдзены рым,
бы разгорнуты том дагары пераплётам…
 
Прагу шчасьця спатоліўшы ў танным віне,
сьпіць закладнік шырокай славянскай натуры.
Ні рукой, ні нагой не варушыць у сьне –
нерухомая ўласнасьць айчыннай культуры!
 
 
 
 
Знакі прыпынку
Не пераблытай іх з правіламі артаграфіі –
знакі прыпынку праходзяць па іншай парафіі.
Прыклад: калі твой пісьменьніцкі посьпех,
станоўчыя водгукі ў прэсе,
удзячныя выкрыкі “брава! біс!”
прадвызначае выключна твой правапіс,
то бок майстэрства да месца ўжыць тую ці іншую літару,
то – што дазволена тарэадору, падчас не дазволяць Юпітэру! –
першачарговае ў справах паэзіі, то бок
літаратурны заробак,
прадвызначае выключна ўжываньне працяжнікаў, косак і кропак.
Слухай параду, паэце, – сядай вывучаць сэміётыку:
правапіс – нібы хвароба, а гэтая веда – як порцыя антыбіётыку,
бо сэміётыка дапамагае спазнаць усе знакі.
Знакаў зашмат, а паэту для працы пасуе ня ўсякі.
Колькі ўжо часу аб вас я ламаю гусіныя пёры й крытычныя коп’і,
вораг паэта Двукроп’е і пунктуацыйны злачынец Шматкроп’е,
час ужо вашую выкрыць віну:
шчыра ўжываеш дзьве кропкі ці нават тры кропкі,
а плацяць – нібы за адну!
Удасканальваю стыль – разважаю пакутна дзень цэлы,
як павялічыць мне вашую колькасьць, мае дарагія Прабелы.
Выратаваньне – Працяжнік – мой сябра – напраўду! –
адзінае, што абяцае мне грошы:
калі двукроп’е, ці кропку, ці коску, ці іншае штосьці
мы пішам адразу за словам, то ён яшчэ мае адзін
дадатковы прабел, мой харошы!
Слова, прабел, потым стаўлю працяжнік,
пасьля зноў прабел і наступнае слова,
нібы цагліну, кладу – паступова расьце пабудова.
Вось і апошняя кропка, усё! Але ж поўную сатысфакцыю
я атрымаю, адносячы твор у рэдакцыю.
Скончана праца і скінуты з плеч мой цяжар!
Твор надрукуюць, чытач зарыдае, паэта прап’е ганарар…
Сьлізгаюць ножкі па лёдзе, завея падпіхвае ў сьпінку.
Наш літаратар вяртаецца ўночы дахаты. Канчаецца маралітэ.
Марныя ловы таксоўкі. Пасьля разуменьне:
найлепшы із знакаў прыпынку –
гэта слупок, а на ім шыльда зь літарай “А” альбо “Т”.
 
 
 
 
Трывожнае шчасьце
Пэнталёгія
1.
Сучыны дзеці пад плотам сікалі:
сікаць цяпер – свабода.
Вы мне казалі “спадар” і “выкалі”.
Цемра навокал – хоць вока выкалі,
а хто старое згадае – абодва.
2.
Я пра царкву, вы мне – “пане біскупе”,
і закульгаў мой Пэгас:
вам нецікава – хоць бровы выскубі,
новае вока (ці два) “на біс” купі,
скажаце: процігаз!
3.
Я вам пра Нёман, Дняпро і Бесядзь,
вы – толькі круць галавою.
Вырваць язык дый новы падвесіць…
Раптам – бамбізы, іх – больш за дзесяць,
а мяне – менш, чым двое.
4.
Кожны пасьпеў нарабіць мне прыкрасьці
ды надаваць па рагох,
грошы забраць і дзяўчыну выкрасьці.
Крыўдна было – хоць бы вуха выгрызьці!
(Кожны баксэр – Ван Гог.)
5.
Бруд адціраў у лазенцы пемзай,
кроў адмываў з вачэй…
Болей ня буду гойсаць гарэзай!
Горка было – хоць ты вершык накрэмзай
ды надрукуй хутчэй!
 
 
 
 
Куртуазна-макабрычнае пасланьне
У вашым голасе квітнеюць астры…
Л. Дранько-Майсюк
 
У пляшцы для паэта-ляўрэата
цьвітуць цьвікі радзімы гвазьдзікі.
Ён сёньня з мэтрамі запанібрата,
зьнячэўку трапіўшы ў нью-майсюкі,
вандруе ў электрычным сьне наяве
(пакуль ад болю мозаг не засох)
па доблесьці, па вычынах, па славе –
праз асьпірын па астры ў галасох.
Парыпвае катрынка й нат няёмка,
бо ў гэты міг, як ісьціна ў віне,
знаходзіцца – напраўду! – незнаёмка,
ці стацца ёй магутна, гучна мкне.
Бы катарсыс па соднях у папойцы,
бы “нэвэрмор”, што крумкнуў чорны дрозд, –
паэтка-згуба з прозьвішчам забойцы
й замежным псэўданімам навырост.
Гайдаючыся, быццам на арэлях,
і не знаходзячы патрэбных слоў,
гарэліцы ёй налівае ў келіх –
празрыстых, нібы неба, “двух буслоў”.
Варожым на буслох, нібы аўгуры,
ды скуль нам ведаць што, калі і дзе?
А ваявода з вартаю па скуры
ужо, нібы па аркушы, брыдзе.
І цёплай парай на халодных шыбах
патроху праступае новы верш,
што ў ейным голасе квітнее выбух.
(І астры, але выбух насамперш!)
 
 
 
 
Бармэн-сюіта
На тытунёвай фабрыцы жанчыны
чатыры дні таму бяз дай прычыны
абвесьцілі агульны лакі-страйк,
і ў бары прыбыло слабога полу:
ціхманы апускае вочы долу,
затое для залётніка – кландайк!
Наш бар – утульны, танны і спакойны:
сусьветныя паскончваліся войны
і не сваволяць зброяй землякі.
А па-за тым, наш бар – на параплаве,
і лярвы, не забітыя ў аблаве,
бухаюць на сярэдзіне ракі.
Была адна, што больш за ўсіх бухала
й не апускала веек-апахала,
стыдаючыся позіркаў гасьцей.
Яна была па пашпарце цыганкай,
паводле звычак – нашай выхаванкай
і ўвагі нашай знакі найчасьцей
“зялёнымі” прымала і “капустай”,
ды яўнай не займалася распустай,
бо замужам была, хоць сужанец
часова кукаваў без сужаніцы,
за кантрабанду седзячы ў вязьніцы:
злавілі на гарачым – і канец.
Фліртуючы з сумнеўнымі сябрамі,
яна чакала пры турэмнай браме,
пакуль яе прапусьціць вартаўнік,
што стаўся сьведкам ейнай прыгажосьці
і дзень пры дні чакаў красуню ў госьці –
і пачуцьця фатальнага ня ўнік.
Ён прагнуў, каб аднойчы, у Сэвільі,
ягоны сон яны ажыцьцявілі,
пабраўшыся ў мясцовага айца…
Ён не чытаў “Кармэн” – быў непісьменным.
А я на параплаве быў бармэнам
16
і бачыў гэту драму да канца.
Няшчасны вартаўнік паходзіў з баскаў
і зь недаверам ставіўся да баксаў,
і шлях, якім пайшоў ён, быў цяжкі:
ён дарыць краскі, краля – анігадкі,
ні гвазьдзікі ня ўражваюць, ні брáткі,
бо іншае дарылі ёй браткí.
Ён трызьніў у душэўным неспакоі,
начамі паўтараў імя, якое
мы блыталі то з кармай, то з кармой.
А здрадніца сядзела ў нашым бары
і, не знайшоўшы ніштаватай пары,
маркотна частавалася хурмой…
На параплаве музыка іграе,
канчаецца трагедыя старая:
прыбылы з Андалюзіі нацмен
у бар наш урываецца бяз маскі
і, крыючы па-мацеры па-баску,
страляе ў беспасажніцу Кармэн:
“Ну дык не даставайся ж ты нікому!”
Юрлівіца правальваецца ў кому,
а там адно цямрэча й цішыня…
А заўтрашні Высьпяньскі (ці Астроўскі)
нацешыцца й забудзе па-матроску,
як востраў (выспу) ўчорашняга дня.
 
 
 
 
Страчаныя ілюзіі
Усякая дзеўка мроіць
пра хлопца, якога пастроіць,
які бязь ценю ваганьня
усё аддасьць за каханьне,
патоне ў пяшчоце й ласцы
дый іншай мілоснай трасцы.
Усякая прагне шчасьця:
ня Ваню, што любіць красьці
запчасьці з ваеннай часьці,
а каб зірнуць і адпасьці!
Бо мае жыцьцёвы прынцып,
бо ёй на маленькім прынцы б,
каб ён без пантоў і кпінаў
яе прыручыў і ня кінуў;
каб разам ня знаць журботы,
каб чысьціў зубы і боты,
прыходзіў цьвярозы ў хату,
зьвяртаўся да маці бяз мату,
сьпяваў пра белыя ружы,
красівы ўнутры й снаружы.
Ня ў вінна-гарэлкавым склепе, –
на белым кані найлепей,
а не… то ня трэба сьпешкі:
часова можна і пешкі…
А потым, пасьля аблому
ўначы не выходзяць з дому,
глядзяць на сьвет сузіральней,
рыдаюць у прыбіральні
і ўсім сяброўкам па школе
клянуцца ня мроіць ніколі,
але, аплакаўшы мроі,
прымаюцца за старое.
А рыцар з маленькім прынцам
на пару колюцца шпрыцам.
А прынцы лекуюць пранцы
й пакуюць школьныя ранцы.
 
 
 
 
Хлопчык і копчык

Дж., В. Ж. і ўсім аматарам Я. К.

 
Мой мілы таварыш, мой хлопчык,
Што прагнуў калісьці ў палёт,
Я, ведаеш, хворы ўжо копчык,
Разьбіты табою аб лёд.
 
Брыдзеш па жыцьці нецьвярозы,
Глядзіш у палонку й пятлю…
А помніш, як ты з бамбавозу
Калісьці глядзеў на зямлю:
 
“Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзьведзь…”
А сёньня – і вуха ня чуе,
І вочы працуюць ледзь-ледзь.
 
Твой месячык мае нябёсы
І мае мядзьведзь свой бярлог,
А ты, ад гарэліцы косы,
Ня маеш нічога, бо лох!
 
Тры дні цябе трэсла й ламала,
І копчыкам біла аб лёд.
Табе гэта, можа і мала,
А мне – ляцець толькі ў пралёт.
 
Мы, зрэшты, і так у пралёце,
Нашто нам маскоўскі гатэль?
З вышыняў на аўтапілёце
Ляцім, як цяжкая гантэль.
 
Маленькаму копчыку, хлопчык,
Прыходзіць вялікі капец…
І больш не заві мяне “копчык” –
Па-наскаму трэба “хвасьцец”!
 
 
 
 
Трызьненьне сівой кабылы
Адкрыю, што мела ў тайне,
згадаю, чаго не забыла:
над купамі гною ў стайні
ўжо колькі стаіць кабыла!
 
Пакуль у цёплай бялізьне
вы ў ложку сьпіцё пад коўдрай,
я ў стайні стаю і трызьню,
і б’ю аб зямлю падковай.
 
Кабыла зь мянушкай Нюся,
што ў стойле сумуе ўпотай
між пятніцай і суботай.
Лічэце, што я вам сьнюся.
 
Малы гаспадар у школе
ня быў – захварэў на герпэс…
А я ня буду ніколі,
ніколі ня буду на гербе з
 
гатоваю ў бітву зданьню –
і плачу ўначы пра нешта.
Прадаўшы свабоду ў стайню
(а сьлёзы – дробная рэшта),
 
бунтую – кожнай падковай –
забылай пра сон кабылай,
усёй сваёю жыцьцёвай,
адною конскаю сілай.
 
 
 
 
Варыяцыі на тэму Тэадора Крамэра
І
Хто зноўку грукае ўначы
у дом наш пры мяжы?
Калі злачынец, прасачы
й памежніку скажы,
каб ён забіў яго найперш,
пасьля зарыў у дол!
Мы створым пахавальны верш
пра човен і абол.
Ты пабяжыш па самагон,
я пляшку прыцягну –
і ворага аплачам скон,
схаванага ў труну.
Ён жыў дарэмна на зямлі,
бо, пэўна, быў паніч…
Ты мне, Сымоне, шчэ налі
ды сябрукоў пакліч!..
ІІ
Калі ж пагрукаў прадстаўнік
працоўнай грамады,
усякі жах адразу ж зьнік –
прасі яго сюды!
Хай сядзе з намі за сталом
на зайздрасьць панічу.
Я не заб’ю яго кайлом
і нат не атручу.
Зьямо цыбулю і часнык,
пасьля кумпяк зьямо.
Бяры хутчэй, Сымоне, смык,
а мы ў адно прыймо
гарэлку выжлукцім маю
й зацягнем гучны сьпеў.
А не – кілбаскі пакраю,
21
каб хоць канапку зьеў!..
ІІІ
Хто звонку ягліцца яшчэ
на ежу задарма?
Хай дурань хлеб яму пячэ,
мяне ж цяпер няма.
Я выправіўся на Парнас
па вершыкі свае;
а гэты подзеўбень да нас
у дзьверы б’е і б’е…
Пайшоў адсюль куды далей!..
– Стук-стук, я па цябе!
Зьбірайся, хлопча, я Фіндлей,
службовец з КДБ!
– Сымоне, покуль хатулёк
зь бялізнай мне зьбярэш;
а ты, маёр, відаць, здалёк:
вось бульба й селядцовы лёк –
сядай да нас, пад’еж!
 
 
 
 
Сьпеў аб маім суіцыдзе
Ён з маленства пабойваўся моргаў
і ў сырую ня мкнуўся зямлю,
ды прасьцюжаны фатум зашморгаў –
і зашморгваў на шыі пятлю!
Казыталі прывабныя мроі,
спакушалі душу міражы:
у суіцыдна-гульлівым настроі
цяжка не перакрочыць мяжы.
Непатрэбныя думкі папёрлі.
Ратавала жыцьцё драбяза.
На крыху недаголеным горле
замірала лезгінка ляза…
Вось жа, сябру, ці варта мужчынам
так сыходзіць адсюль без пары?
Ці вось так, ці вось гэтакім чынам
паміралі раней змагары?
Хтось згарэў Арлеанскаю паннай
(прысак потым аднесьлі ў музэй);
хтосьці мужна загінуў у ваннай,
як славуты францускі Казей…
Колькі прывідаў войнаў ды міру
паўстае з рукапісных папер!..
Што тэатрам было за Шэксьпіра,
мыльнай опэрай стала цяпер!
Я мянчу языком штохвіліны,
ахінею штосілы нясу,
а багіня пяньковае ліны
ўжо мянташыць старую касу.
Хутка возьме й цябе, мой убогі,
павядзе ў камфартабэльны дол,
адпачыць прапануе з дарогі
і гасьцінна пасадзіць за стол,
23
пачастуе салодкаю морквай…
Самы цымус – ня зіркаць углыб:
кожны вечар фіранкі зашморгвай,
бойся, шыбенік, позірку шыб!
Ды пагляд занураецца ў шкельца
і ў вірох захлынаецца тых.
Запаветная мроя тапельца
ўзяць за жабры свой колішні дых!
Пустазельле хай покрыва сшые,
груганьнё – ніштаватая мша…
Цераз жабры зашморгнутай шыі
свой бярлог пакідае душа.
 
 
 
 
Спроба
Чуеш пошум у вулькане.
Бачыш: кратаецца кратэр.
Абуджаецца каханьне.
Нараджаецца наратар.
Ты глядзеў пра гэта сьненьні,
прадчуваў яго ў бяссоньні.
Дачакаў свайго імгненьня
й разумееш, што ня сёньня.
Покуль рухі дырыжора
не падказваюць, што досыць, –
перасоўваць, пераносіць:
на пазаўтра, на заўчора.
А знадворку навакольле,
нейчых жыцьцяў эпізоды.
Бачыш ясна, як ніколі:
усё на сьвеце – як заўсёды.
Кірмашы, тавары, твары,
дзеўкі, дзівакі, дзівосы.
Вось і восеньскія хмары
бамбардуюць хмарачосы.
Сьняцца месты-пабрацімы,
усявышнія з машыны.
Не радзіўся для радзімы –
хоць памры не для чужыны.
Змарнаваўшы сэнс і сілы,
пазабудзь імя і дату
й кідай словы на мабілу
невядомага салдата.
Хай гуляе ў кіназорку
за варожую валюту.
Не дажыць да кіна-золку,
да сьвяточнага салюту,
25
да шчасьлівага фіналу,
да білеціка ў канвэрце,
да апошняга каналу,
дзе карцінкі ўжо ня сьцерці.
 
 
 
 
Калі разгуляецца…
Люблю навальніцу на сьвята працоўных,
калі разгуляецца ў небе пярун,
а тут, на зямлі, із стыхіяй на роўных,
свой верш прамаўляе паэт-гаварун.
Нябёсы маланкай міргнуць дабрачынна,
вясновую зьліву ўзмацніўшы ўтрая, –
прамокне наскрозь чарнявая дзяўчына,
прынада, прынада, прынада мая!..
Да хаты вяртаецца ўдзячная моладзь
зь дзіцячых садкоў беларускіх і школ,
нябёснага бацьку ў Жыровічах моляць,
каб шчасьце ды мір панавалі вакол.
На ўсходзе даўно не здаралася путчаў,
на захадзе хутка дазволяць аборт,
а шчасны паэт, не раўнуючы Цютчаў,
чакае натхненьня, пускаючы “word”.
Ён будзе пяяць пра сюжэт старадаўні.
Пра іншае, дружа, пакуль памаўчы!
Як кожнага году на першага траўня,
галоўнае сьвята пачнецца ўначы.
Курган векавечны амаль раскапаны,
і хутка натоўп неразумных хазар,
вампіры і ведзьмы, залётнікі й панны,
калёнай памкнуць на славянскі базар!
Сябрына на шабаш, бы спожыць у кайстру, –
бязь лебедзяў чорных і белых варон.
І кожнай Мальгрэце – асобнага Майстра,
і кожнаму Фаўсту – уласны патрон.
Шатаны, анёлы, багі, дэміургі,
прыходзьце, нясеце дары ў дарасхоў:
зямля беспасажна-цнатлівых Вальпургій
дагэтуль чакае сваіх жаніхоў!
 
Красавік 2000
 
 
 
 
Перадмова
Сучасныя страшылкі. Modern Sagen.
Ад жаху валасы ўстаюць тарчма.
Тут рэй вядуць Мярэсьсеў і Карчагін.
Ты зь імі не сябруеш? А дарма!
Ты прагнеш вагін – мусіш мець “фальксваген”.
(Маркотнейшай аповесьці няма.)
Чым Брагін, лепш наведаць Капэнгаген,
хоць кажуць, што і Данія – турма.
Наш сьвет – тэатар. На пачатку – шатня.
Пасьля буфэт, грымёрка… і вар’ятня,
дом творчасьці, дзе кожны – пацыент,
што трапіў на курорт амаль задарам
і дзень пры дні руплівым санітарам
дыктуе свой вялікі тастамэнт.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.