 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Альбом школьных песень
Гэты дыск з’явіўся перад самым пачаткам навучальнага года. Яго стваральнікі вельмі спадзяюцца, што ён стане сапраўдным падарункам для вучняў, настаўнікаў, а таксама для тых, хто працуе з дзецьмі ў пазашкольных установах Беларусі.
Не сакрэт, што пытанне назваць некалькі менавіта беларускіх школьных песень у любой нашай школе ці навучальнай установе застанецца без адказу. Гэта не значыць, што нашых школьных песень не было раней. Яны пісаліся рознымі аўтарамі, у тым ліку мэтрамі (напрыклад, спадаром Лучанком), але не набылі належнай папулярнасці кшталту “заезджаных уздоўж і ўпоперак” расейскамоўных “Когда уйдём со школьного двора” ці “Школьные годы чудесные”.
Запоўніць гэты прабел узялася ініцыятыўная група, у якую ўвайшлі музыканты, аўтары музыкі і тэкстаў, мастакі, педагогі – людзі, якія неабыякава ставяцца да роднай мовы і айчыннай культурнай спадчыны.
Асноўная праграма дыска складаецца з дзесяці песень. У іх назвах адлюстроўваецца пэўная палітра школьнага жыцця: “Першыя ўрокі”, “Нашы настаўнікі”, “Школьны вальс”, “Лета”, “Школьная настальгічная”, “Дырэктар школы”, “Вальс развітання”, “Апошні званок” ды іншыя. Укладальнікі пастараліся, каб і ў тэкстах, і ў музыцы адлюстравалася эклектыка пачуццяў – ад хвалюючых момантаў сустрэчы са школай да асэнсавання апошняга званка і суму развітання, ад амаль што класічных школьных стандартаў да іранічных аповедаў з жыцця вучняў і настаўнікаў. Тут ёсць і сапраўдныя вальсы, і рок-н-рол, і постпанк. Адзінаццаты -- бонус-трэк, які па просьбе арганізатараў быў уключаны ў альбом (“Восеньскі мінор”, дуэт Юрыя Несцярэнкі і спявачкі з Беластока Ілоны Карпюк-Дамброўскай, песня не на школьную тэму, але стылістычна вельмі трапляе ў агульны настрой).
Акрамя таго, да ўсіх асноўных песень альбома дадаюцца так званыя “мінусоўкі” – фанаграмы, дзе запісаны акампанемент для выканання іншымі вакалістамі. Такім чынам, гэтую праграму можна разглядаць як метадычны дапаможнік для арганізацыі культурных праектаў у школьнай і пазашкольнай работы.
Адным з ініцыятараў стварэння школьных і ўвогуле дзіцячых літаратурна-музычных праграм з’яўляецца Таццяна Матафонава. Яна разам са сваімі калегамі ўпэўнена сцвярджае, што з выхадам гэтага, па сутнасці, сігнальнага дыска, сапраўдная праца толькі пачынаецца. У планах творчай групы стварыць другую частку альбома, адлюстраваць зваротную сувязь праекта – калі песні будуць выконваць ужо самі дзеці з розных рэгіёнаў краіны. А таксама перавыданне першага дыска з удакладненнямі і дапаўненнямі, якія ўжо ёсць ад першых слухачоў і карыстальнікаў.
Віка ТРЭНАС
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|