 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
"Халодны блюз" гурта "Верасень" свабодна даступны ў Сеціве. Запрашаем паслухаць і спампаваць!
Гурт “Верасень” прадстаўляе на музычным партале Ultra-Music http://ultra-music.com/news/11588 новую кампазіцыю “Халодны блюз”. Калектыў грае ў стылі інтэлектуальны рок, але блюзавыя матывы, як сведчыць назва песні, відавочна прыйшліся музыкам даспадобы. Праўда, блюз Вольгі Акуліч, вакалісткі, аўтаркі песень і кіраўніцы “Верасня”, мае не традыцыйны афраамерыканскі, а мясцовы – беларускі -- акцэнт. Важным для музыкаў было перадаць своеасаблівы, шчымлівы блюзавы настрой (так блізкі кожнаму беларусу :)), а не вытрымаць фармальныя патрабаванні жанру. Хаця музыканты і падрыхтавалі адмысловую праграму супольна з блюзмэнам Дзянісам Балахонавым, які, дарэчы, прыняў удзел у запісе гэтага трэка.
Вашай увазе – каманда, якая мае ў актыве некалькі кружэлак і вядзе досыць пастаянную канцэртную дзейнасць. Адзін з апошніх запамінальных выступаў – у якасці запрошаных гасцей на полацкім фэсце LIVE IN ROCK у снежні 2012-га http://rock.ximik.info/node/206, поруч са знакамітым “Палацам”.
Зрэшты, музыкі з “Верасня” не імкнуцца некаму падабацца, не любяць прэтэнцыёзнасці і граюць таму, што творчасць для іх – лад жыцця, спосаб мыслення…
Цяпер гурт “Верасень” займаецца актыўнай студыйнай працай і рыхтуе новы альбом. “Халодны блюз” – першы трэк, прадстаўлены ўвазе слухачоў.
У яго запісе ўзялі ўдзел: Вольга Акуліч (вакал, аўтар тэксту), Арцём Лабін (гітара), Саша Мішугоў (бас), Мікалай Пахомчык (ударныя), Дзяніс Балахонаў (гітара), Эдуард Іваноў (запіс і звядзенне).
Як вядома, гітарную музыку лепей слухаць ужывую. Тым болей, што “Верасень” -- хутчэй канцэртная каманда, чым студыйная. Падчас выступаў музыканты выдаюць найболей драйву і ствараюць надзвычайную, настраёвую атмасферу, прыдатную і для ўдумлівага праслухоўвання, і для танцаў. Таму запрашаем на бліжэйшы канцэрт гурта “Верасень”, які адбудзецца 19 лютага а 19-й гадзіне ў кавярні-клубе “Лісіная нара” (Мінск, вул. Каліноўскага, 32). Даведка па тэлефоне + 375 29 6 203 201.
Старонка “Верасня” ў фэйсбуку http://www.facebook.com/pages/Werasen/251264201668025
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|