РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Архіў навінаў
Навіна
30.07.2013


30.07.2013
Мікола Кандратаў. Кроплі дажджу

 

 
Трэці паэтычны зборнік Міколы Кандратава пабачыў свет у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў.
 
Калі ў анатацыі да кнігі "Кроплі дажджу" пазначаецца, што аўтар працягвае "сумна-лірычнае пераасэнсаванне свету", то з гэтай думкай не хочацца пагаджацца. Бо вершы Міколы Кандратава — аўтара, які напоўніцу раскрыў свой талент ужо ў досыць сталым узросце, наведваючы суполку "Літаратурнае прадмесце", — насамрэч пакідаюць уражанне станоўчае і сонечнае. Як і сам паэт, творчая манера якога сваёй далікатнасцю і чуйнасцю да навакольнага свету нагадвае пісьмо філалагічнага пакалення. Вершы сучасныя і адначасова класічныя. Яны — нібыта спадкаемцы твораў Максіма Багдановіча. Экспрэсіянізм у XXI стагоддзі? Магчыма. І гэта прываблівае.
 
* * *
 
Над Валожынам воблакі белыя-белыя,
 
і між іх, аглядаючы свет,
 
зрэдку храмы і замкаў руіны ўтравелыя,
 
Страцім-лебедзем сонца плыве.
 
Паглядае сюды, дзе палацы люструюцца
 
праз умоўную рысу сцяны.
 
Залюстрэччам здаецца зямля беларуская,
 
у якім заблудзіліся мы.

 
Прываблівае чытача і тэматычная разнастайнасць — ад старажытных вераванняў і філасофіі да прысвячэнняў паплечнікам, калегам і сучаснікам Наталлі Кучмель, Уладзіміру Някляеву, Святлане Длатоўскай, Алесю Квяткоўскаму, Аксане Спрынчан і іншым. Паэтычныя формы таксама розныя — ад санета да верлібра. Праўда, больш гарманічным да аўтара ёсць класічнае вершаванне. Выдатна, калі чытанне паэзіі прыносіць такую ж асалоду, як смакаванне добрага дарагога віна. Новая кніга Міколы Кандратава "Кроплі дажджу"— прыклад паспяховага аднаўлення класічнай манеры ў нашым часе.
 
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
2009–2020. Беларусь, Менск.