РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Архіў навінаў
Навіна
11.09.2013


11.09.2013
Вызначаны пераможцы конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра

 
10 верасня былі падведзеныя вынікі конкурсу “Экслібрыс” імя Янкі Маўра. Сябрам журы было вельмі няпроста вызначыцца з пераможцамі — сярод твораў, пададзеных на конкурс, былі і коміксы, і пераклады, і цэлыя праекты кніг.
 
Сярод 117 удзельнікаў было шмат таленавітых і вартых увагі, адзначылі ўсе пісьменнікі, якія ацэньвалі іх. У выніку гарачых абмеркаванняў нарэшце названыя 12 фіналістаў: тры пераможцы і дзевяць дыпламантаў.
 
Першае месца атрымлівае Вольга Гапеева з казачнымі гісторыямі “Сумны суп”, а разам з ім — планшэт ад кампаніі Prestigio (http://lit-bel.org/by/news/3938.html) і выданне кнігі.
 
Другім месцам уганароўваецца Дар’я Вашкевіч з казкай “Баваўняная дзяўчынка” (твор быў ілюстраваны мастачкай Аленай Медзяковай). Пераможца атрымае рыдэр ад нашых партнёраў і магчымасць выдаць кнігу.
 
Трэцяе месца займае пераклад “Чараўніка краіны Оз” Фрэнка Баўма, пераствораны на беларускую мову Сержуком Мядзведзевым, якому таксама дастаецца рыдэр.
 
У дзявятку дыпламантаў уваходзяць (у алфавітным парадку):
 
Праект кнігі Сяргея Календы, Дашы Заічанка і Ліды Наліўка “Дзе жывуць беларускія пачваркі”;
 
Надзея Кандрусевіч з перакладам твора Сары Лундберг “Віта Белая Крэска”;
 
Павал Касцюкевіч з перакладам “Аўтаспынам па Галактыцы” Дугласа Адамса;
 
Алесь Квіткевіч з перакладам першай кнігі “Хронікі Нарніі” Клайва Стэплза Льюіса (кніга мае назву “Нябож Чарадзея”);
 
Глеб Лабадзенка з кнігай дзіцячых моўных малюнкаў "дзіцячая заМова" і з працягам гэтага праекта;
 
Элеанора Ляхновіч з казкай “Турба-Элік і яго сябры” (твор быў ілюстраваны аўтарам);
 
Мілана Пасанен з дзённікавымі гісторыямі “Королева рулета”, якая сталася сапраўдным адкрыццём конкурсу. Аўтарцы ўсяго толькі 13 гадоў, але яе літаратурныя здольнасці, адчуванне стылю і пачуццё гумару прыемна ўразілі сябраў журы.
 
Наталля Рудак з перакладам “Маленькай вядзьмаркі” Отфрыда Пройслера;
 
Ксенія Шталенкова з працягам прыгодніцкага рамана для падлеткаў “Адваротны бок люстра”.
 
Усе фіналісты атрымаюць дыпломы і спецыяльныя прызы ад ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.
 
Урачыстае ўзнагароджанне лаўрэатаў конкурсу “Экслібрыс” адбудзецца 12 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.
 
Пачатак у 18.00.

 
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”
2009–2020. Беларусь, Менск.