 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
26.02.2014
Юры Несьцярэнка: «Наша зямля замярзае пад морам зімы» (аўдыёпрэм’ера!)
|
Фронтмэн гуртоў White Night Blues і Nestary Band Юры Несьцярэнка прэзэнтуе ў чарце на Tuzin.fm кампазіцыю «Мора зімы» са свайго новага сольнага альбому «Аэрапланы ў вырай».
Песьня «Мора зімы» напісаная на верш вядомай пісьменьніцы Людмілы Рублеўскай. Гэта ўжо трэці сынгл з новага альбому музыкі. Дагэтуль Юры паказаў загалоўны трэк «Аэрапланы ў вырай» і песьню «Пэўныя знакі”. «Калі задумвалася аранжыроўка да «Мора зімы», яна адразу ўяўлялася крыху «цяжэйшай» за астатнія кампазіцыі, - распавядае Юры Несьцярэнка. - Але гэта цалкам магчыма ў сольным альбоме, дзе стылістычна прысутнічаюць і фанк, і блюз, і фламэнка, і вось такі варыянт софт-мэталу ці мэлёдык-мэталу».
Юры прызнаецца, што хацеў у новай песьні пакінуць манеру выкананьня цалкам пазнавальнай, але пры гэтым пашырыць стылістычныя межы. Атрымалася самадастаткова і арыгінальна. «Мне заўсёды было цікава экспэрымэнтаваць са стылямі. Многія ўспрымаюць такое імкненьне за прагу да нейкай архаічнаьсці, кансэрватыўнасьці, якая асацыюецца з клясыкай року. Але гэта ўсё ж такі цалкам сучасныя песьні. Яны ўбачылі сьвет напрыканцы 2013-га – пачатку 2014-га. І мне, і музыкам, якія ўдзельнічалі ў запісе, было вельмі цікава сыграць у розных, канкрэтна акрэсьленых стылях, і гэта ўдалося», - дадае музыкант.
Калі кампазыцыі «Мая адзінота» або «Неба навокал», вядомыя слухачам з прэзентацый на «Тузіне Гітоў», больш падыходзілі б да рэпертуару White Night Blues, то «Мора зімы» – гэта хутчэй з рэпертуару Nestary Band. У эклектыцы новага альбома ёсьць своеасаблівы працяг традыцый, закладзеных у папярэдняй плытцы Юрыя Несьцярэнкі «Сьвята вялікіх дажджоў».
Tuzin.fm
Юры Несьцярэнка – Мора зімы (музыка Юрыя Несьцярэнкі, словы Людмілы Рублеўскай). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
У белае мора зімы
Адплывае наш човен
І ў хвалях-сумётах
Зьнікаюць за намі сляды
Хоць зораў ня бачна
Ці трэба вяртацца панове
У зьлітыя восеньскім
Шэрым дажджом гарады
Пад гэтым бязьмежным
Бяздонным як мроіцца небам
Адзіная наша
Каханая наша зямля
А недзе наперадзе
Ў першых праталінах бераг
І дыхае хлебам
На поўныя грудзі ральля
І дыхае хлебам
На поўныя грудзі ральля
Над морам зімы
Так высока праглянула зорка
Нібы вастрыё
Скіраванай зь нябыту стралы
А мы дажывем даплывем
Да вясновага золку
І стане бурштынам
Апошняя кропля смалы
І нават калі
Неадольныя выпадуць сьцюжы
І помнікам зь лёду
Паўстанем мы самі сабе
Мы будзем дарогу
Паказваць больш кемным і дужым
І нехта па сьцюжы
Дарогу такую праб’е
І нехта па сьцюжы
Дарогу такую праб’е
У белае мора зімы
Адплываем зьнікаем
Таму што жывыя
Таму што тутэйшыя мы
І хвалі сумётаў
Сьляды паглынаюць за намі
І наша зямля замярзае
Пад морам зімы
І наша зямля замярзае
Пад морам зімы
http://tuzin.fm/performer/mp3/581/mora-zimy.html
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|