РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Фотарэпартаж «Анатоль Сыс быў скіраваны на цуд, на Боскае сьненьне»
Учора, 30 кастрычніка, у вёсцы Гарошкаў адбылося сьвята паэзіі “Дух – гэта, людзі, я!”, прымеркаванае да 50-годдзя паэта Анатоля Сыса.
 
Анатоль Сыс пакінуў нас і беларускую зямлю чатыры гады таму. Сябры паэты штогод ладзяць паэтычныя чытаньні на радзіме паэта – у вёсцы Гарошкаў, што недалёка ад Рэчыцы (Гомельская вобласьць). У межах сёлетняга сьвята адбылася прэзэнтацыя двух кніг: кнігі выбранае прозы Анатоля Сыса “Алаіза”, кнігі, дзе сабраныя вершы-прысьвячэньні паэту “Ягамосьць”, а таксама 42-га нумару часопіса “Дзеяслоў”, у якім апублікаваныя вершы Анатоля Сыса, ягоная перапіска.
 
Пасьля ўскладаньня кветак на магілу паэта, мы адправіліся на ягоны панадворак, дзе адбылося адкрыцьцё мэмарыяльнае шыльды, якую вырабіў беларускі скульптар Павел Лук:
 
“Мне хацелася б успомніць такую гісторыю апошніх гадоў жыцьця Анатоля: сустрэліся мы неяк ў майстэрні Алеся Сушы. Ці то дзень нараджэньня быў, ці то што… І неяк між іншым сказаў мне Анатоль: “А, ты скульптар, а Алесь жывапісец. Будзеце вы мне партрэты пісаць і помнікі ставіць!”
Фота Асі Паплаўскай
Фота Асі Паплаўскай
Пасьля адбыліся выступы літаратараў і бардаў, якія прыехлі на радзіму Анатоля Сыса, каб яшчэ і яшчэ раз падзякаваць яму за жыцьцё і творчасьць. За вершы. За паэзію.
 
Эдуард Акулін: “Яшчэ пры жыцьці ён вызначыў сваё месца ў паэзіі. Паміж Янкам Купалам, якога лічыў сваім бацькам па духу, і Максім Багдановічам, якога лічыў за брата па крыві. Па сьмерці Анатоля ўтварылася сьвятая троіца беларускае літаратуры, амаль як у Бібліі: Айцец, Сын і Сьвяты Дух беларускае паэзіі, тры волаты беларускага слова, тры нацыянальныя гэніі, тры паэта з трагічным лёсам. Купалу ў 1942 годзе ў Маскве забілі супрацоўнікі КГБ, Багдановіча ў 1917 годзе ў Ялце даканалі сухоты, Анатоль Сыс памёр у 2005 годзе ў Менску, захлынуўшыся ўласнай крывёю. А насамрэч ўсіх іх забіла паэзія”.
Фота Асі Паплаўскай
Алесь Пашкевіч: “Анатоль, калі хадзіў па гэтым панадворку, ведаў, што ўсё ў нашым жыцьці існуе дзеля Беларусі, усё існуе, урэшце рэшт, дзеля паэзіі. Усё ягонае жыцьцё ёсьць выдатнай мэтафарай да беларускае паэзіі. А пра паэта ў мінулым часе не гавораць на Беларусі. Пра паэта гавораць ягоныя тэксты, ягоныя творы, таму сёньня найлепшым помнікам Анатолю зьяўляюцца ягоныя кнігі”.
Фота Асі Паплаўскай
Анатоль Вярцінскі: “Анатоль Сыс жыў і тварыў так, быццам Хрыстос нарадзіўся толькі ўчора, уваскрос толькі сёньня, а прыйдзе дзеля свайго суда толькі заўтра. Анатоль Сыс параўноўваў паэзію з рэлігіяй. Пазьней ён удакладніў сваё параўнаньне: ён ставіў на адну дошку такія паняцьці, як паэзія і Беларусь. Яго беларускасьць, патрыятызм былі зусім недэманстрацыйныя, зусім ненапаказ, яны былі шчырыя, памножаныя на яго адметнасьць як творцы”.
Фота Асі Паплаўскай
Уладзімер Някляеў: “Я думаю, Анатоль вельмі хацеў як мага часьцей сьніцца Богу. І нарэшце ён, мусіць, прысьніўся яму. І ён настолькі быў ашаломлены тым, што прысьніўся Богу…
 
Толя ўсьведамляў, хто ён такі. Я ніколі не забудуся, як ён прыйшоў на пахаваньне Васіля Быкава. Перад гэтым ну проста хадзіў ужо апушчаны бамжатнік, а тут прыходзіць: касьцюмчык, кашуля беленькая, гальштук. Я ўбачыў, абамлеў і думаю, што сталася? А ён проста ўсьведамляў, хто ён такі і з кім ідзе разьвітвацца. Ён быў скіраваны на цуд, на Боскае сьненьне”.
Фота Асі Паплаўскай
Фота Асі Паплаўскай
Барыс Пятровіч: “Мне прыгадваецца апошняя сустрэча з Анатолем на гэтым падворку. Гэта было за паўгоду да ягонай сьмерці. Пад гэтым дрэвам ён частаваў нам шчаўем, якое сам прыгатаваў, потым мы хадзілі на Гарадзішчы, мы там зьбіралі чарапкі як памяць пра продкаў, што дылі тут тысячы гадоў таму. А пасьля Анатоль доўгі час нас не адпускаў. Літаральна клаўся пад колы. А было ўжо 12 гадзінаў ночы... Можа быць, часам мы не разумелі яго, мабыць, лічылі яго занадта ўпартым, настойлівым, а то і навязьлівым, але мы любілі яго. І гэтая любоў, як бачыце, праяўляецца і праз гады. Анатоль быў шчасьлівым чалавекам. Ён пасьпеў шмат зрабіць і для нас, і для Беларусі”.
Фота Асі Паплаўскай
Уладзімер Арлоў: “Сапраўдныя паэты размаўляюць зь вечнасьцю. Анатоль быў сапраўдным”.
Фота Асі Паплаўскай
Фота Асі Паплаўскай
Леанід Дранько-Майсюк: “Анатоль знаходзіцца на той вышыні ў нашае літаратуры, дзе паэзія Дубоўкі, Пушчы, Уладзімера Жылкі. Ён па сутнасьці паэт-узвышэнец. Я думаю, Беларусь для Анатоля была ня толькі магілай, але і, кажучы словамі Уладзімера Дубоўкі, шыпшынай. Я казаў і яшчэ раз скажу. Асабліва зьвяртаю на гэта ўвагу нашых дзяцей – аматараў беларускай паэзіі. Вершы трэба ня проста чытаць, трэба вучыць вершы напамяць, а асабліва Анатоля Сыса. Чытайце і вучыце напамяць вершы Анатоля Сыса!”
Фота Асі Паплаўскай
Міхась Скобла: “У Анатоля Сыса найвялікшае званьне было – паэт. Найвялікшая людская якасьць творцы – гэта паэт. Усё астатняе было на іншых месцах: і дзяўчаты, і кампаніі, і нават тая самая чарка. На першым месцы заўсёды была паэзія”.
Фота Асі Паплаўскай
Славамір Адамовіч: “Так супала, што я ў 2005 годзе прыязджаў падпольна ў Беларусь. Прыязджаў зь нядобрай нейкай сілай, нядобрай энэргіяй. Я і зараз гэта адчуваю. Бо літаральна празь месяц пасьля майго вяртаньня ня стала Анатоля Ціханавіча, і я так і не пасьпеў зь ім спаткацца тады. Сёньня атрымліваецца сем гадоў, як я яго апошні раз бачыў у Менску”.
Фота Асі Паплаўскай
Фота Асі Паплаўскай
Таксама выступалі:
 
Алесь Камоцкі
Фота Асі Паплаўскай
Сяржук Сыс
Фота Асі Паплаўскай
Кася Камоцкая
Фота Асі Паплаўскай
Рыгор Сітніца
Фота Асі Паплаўскай
Вальжына Цярэшчанка
Фота Асі Паплаўскай
2009–2020. Беларусь, Менск.