РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Фотарэпартаж «Каляровыя дні ў падарунак ад Алеся Камоцкага»
Алесь Камоцкі
 
19 сакавіка на малой сцэне Купалаўскага тэатра знаны музыкант, выканаўца ўласных песень Алесь КАМОЦКІ прадставіў аўтарскую праграму пад назвай “Мітусня каляровых дзён”. Гэтае мерапрыемства паспяхова працягвае серыю канцэртаў Алеся, якія адбываюцца раз на два месяцы ва ўтульнай малой залі Купалаўскага. Музыкант адзначае, што яму падабаецца працаваць менавіта ў такім фармаце – для прыязнай аўдыторыі ў прыемнай, нязмушанай атмасферы, створанай дастаткова шырокім колам сяброў і прыхільнікаў ягонай творчасці. Зрэшты, у малой залі – вялікая прастора для эксперыменту. Алесь Камоцкі прызнаецца, што ідэя серыі канцэртаў заключаецца ў супрацоўніцтве з новымі музыкантамі, у пошуку новых эстэтычных вырашэнняў. Тым болей, што ўвосень Алесь мяркуе распачаць запіс чарговага альбома.
Фота Артура Прупаса
Алесь Камоцкі падчас аднаго з выступаў
 
У межах імпрэзы Алесь Камоцкі выканаў свае лепшыя кампазіцыі (рамансы на вершы Рыгора Барадуліна, Ларысы Геніюш, песні з альбомаў “Дах”, “З бацькоўскай кружэлкі”) і нават прадставіў публіцы два новых твора, што ўвойдуць у наступны альбом.
Фота з архіву Алеся Камоцкага
Алесь Камоцкі падчас аднаго з выступаў
 
Побач з выканаўцам на малой сцэне Купалаўскага выступалі яго даўні сябра, гітарыст Алег ЗМУШКА, які традыцыйна ўдзельнічае ў канцэртах Алеся, а таксама баяніст Аляксандр ЯСІНСКІ. Апошні са згаданых музыкаў вядомы па працы з калектывам “The Unlimited Trio” і па ўдзелу ў канцэртных праграмах гурта “Босае Сонца”.
– Творчае развіццё музыканта ніколі не спыняецца – яно не мае межаў, не мае завяршэння – заўжды можна ўдасканальвацца, таму пачуцця поўнага задавальнення пасля канцэрту, на мой погляд, быць не павінна, – дзеліцца сваімі ўражаннямі Аляксандр. – Сёння я ўпершыню выступаю разам з Алесем Камоцкім, хаця даўно знаёмы з яго творчасцю, і магу сказаць, што Алесь натхняе пазітывам. Гэтае супрацоўніцтва ўзбагаціла мяне. На многія рэчы пасля кантактавання з Алесем пачынаеш глядзець па-іншаму. Жыццё бачыцца ў інакшым святле. Увогуле мая мэта – засвоіць як мага больш цікавага, галоўны мой крытэр незалежна ад кірункаў, у якіх я працую, – выконваць музыку, што сапраўды кранае душу.
Фота з архіву Алеся Камоцкага
Алесь Камоцкі, Аляксандр Ясінскі, Алег Змушка
Фота Юліі Новік
Алесь Камоцкі, Аляксандр Ясінскі, Алег Змушка
 
Алесь Камоцкі абяцае ўдзячным слухачам, што серыя канцэртаў з удзелам новых, цікавых, таленавітых музыкантаў будзе працягвацца. Наступнае мерапрыемства плануецца на малой сцэне Купалаўскага тэатра напрыканцы мая.
Фота Юліі Новік
2009–2020. Беларусь, Менск.