РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Фотарэпартаж «Фотарэпартаж з канцэрта Андрэя Макарэвіча»
8 снежня ў Дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры адбыўся канцэрт Андрэя Макарэвіча пад назвай “L.O.V.E. Песни про любовь”. Таксама ў афішы былі пазначаны наступныя ўдзельнікі: “A’Capella Expresss”, «Трио Евгения Борца», Константин Гевондян.
 
На самым пачатку выступлення, пад выдатную джазавую імправізацыю ад свайго калегі-піяніста, спадар Макарэвіч патлумачыў, чаму менавіта так называецца праграма.
 
“Калі я быў зусім малады, -- распавёў музыкант, -- суткі навылёт з дапамогай старога магнітафона на зацёртых, перапісаных мноства разоў стужках, я слухаў “Бітлоў”. Я быў упэўнены, што такую вялікую музыку павінны суправаджаць такія ж вялікія словы. Прайшоў час, і аказалася, што гэта былі песні пра каханне…” .
 
Фартэпіянная імправізацыя незаўважна перарасла ў першыя акорды песні “Море любви”, дзе з вуснаў аўтара прагучалі словы: “…Настало время держать ответ за то, что я не допел тогда…”
 
Тыя, каму давялося пабываць на канцэрце, падсвядома адзначылі, наколькі важнай падавалася гэтая праграма для самога Андрэя Макарэвіча. Магчыма, таму, што ствараў ён яе незадоўга да свайго юбілею. 11 снежня Андрэю Вадзімавічу споўнілася 60 гадоў. Зоркі размясціліся так, што менавіта напярэдадні гэтай даты адбыўся канцэрт у Мінску.
 
Увогуле апошнім часам музыкант надае шмат увагі Беларусі. З узростам у яго з’явілася вялікая цікавасць да радзімы сваіх продкаў – і па бацькоўскай, і па матчынай лініях яны паходзяць з беларускіх земляў.
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Падкрэслена джазавая атмасфера з’яўлялася галоўнай адметнасцю канцэрта. Аўтарскія кампазіцыі Макарэвіча ў суправаджэнні шыкоўных калектываў -- вакальнага квінтэта і інструментальнага трыа, гучалі нечакана па-джазаваму (“Он был старше её”, “Не дай мне упасть”, іранічная “Отпусти меня” ды іншыя). Уласныя песні з густам чаргаваліся з сусветнавядомымі джазавымі стандартамі: ад “What Can I Say” (песня, якая ў выкананні Гордана Джэнкінса была ўлюбёнай у сярэдзіне 60-х гадоў у бацькі Андрэя Вадзімавіча) да “Hello, Dolly”. А кампазіцыя легендарнага Ната Кінг Коўла дала назву ўсёй праграме.
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Яшчэ адзін блок праграмы быў прысвечаны іншым аўтарам -- своеасаблівая рэтраспектыва ў пачатак-сярэдзіну мінулага стагоддзя савецкага ўзору. “Надежды маленький оркестрик” Булата Акуджавы (выконваў Макарэвіч), “Эй, моряк” Аркадзія Пятрова (песня прагучала ў выкананні “A’Capella Expresss”).
 
Тэма працягвалася “савецкім гарадскім фальклорам”, да якога часта звяртаецца спадар Андрэй як да аднаго з “улюбёных” жанраў. Кожны “шэдэўр” меў тут сваю непаўторную гісторыю. Напрыклад, песня пра лётчыкаў са словамі “16 тонн – немалый груз, а мы летим бомбить Союз” магла з поўным правам прэтэндаваць на званне “народнай” у краіне саветаў. Але, як аказалася, толькі ў словах, таму што на аўтарства музычнага матэрыялу (амерыканскі хіт сярэдзіны 50-х “Sixteen Tons”) прэтэндавалі аж два амерыканскіх аўтары. І тэкставая тэматыка была іншая -- праца шахцёраў. Карацей, песня пра тое, як яны пераварочвалі свае “16 тон” вугля. Якое дачыненне песня мела да тэмы кахання ў кантэксце канцэрта, спадар Андрэй патлумачыў прыкладна так: “Пасля таго, як гэты твор у 60-я гады выпадкова патрапіў на савецкую вінілавую складанку з песнямі “про труд”, ён атрымаў сапраўдную “ўсенародную любоў”.
 
Перад тым, як выканаць яшчэ адзін “шэдэўральны твор”, гэтым разам сапраўды пра любоў, да таго ж трагічную – пра рыбака Цімафея, пра яго дачку Кацю, якая закахалася ў бандыта, і пра тое, чым гэта ўсё скончылася, -- Макарэвіч падзяліўся думкай, што, насамрэч, у кожнай народнай песні ёсць аўтар. Толькі імя яго губляецца з цягам часу, і далей песня жыве сваім жыццём.
 
“Калі я паказаў гэтую песню аднаму вядомаму літаратару, -- распавёў Андрэй Вадзімавіч, -- той доўга маўчаў і нарэшце сказаў: “Чалавек такое прыдумаць не мог – гэта мог прыдумаць толькі народ”…”.
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Перад тым, як прапанаваць вакальнай групе“A’Capella Expresss” выканаць свой сольны блок, Маэстра адвесіў у іхны бок сур’ёзны рэверанс: “Калі я пачуў іх першы раз, я падумаў, што наўрад ці мне калі-небудзь пашанцуе праспяваць з імі разам… Але часам мары здзяйсняюцца!”. Удзельнікі калектыва сапраўды паказалі прафесіяналізм найвышэйшага ўзроўню. І не дзіўна -- у свой час “A’Capella Expresss” бралі ўдзел у самых прэстыжных сусветных фестывалях (“Montreux Jazz”, “ Vokal Total”, “ Jazz Parade”, “ Solevoci”, “Jazz In Time”), атрымлівалі найвышэйшыя прэстыжныя ўзнагароды, праехалі з гастролямі дзясяткі краін.
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
“Трио Евгения Борца” таксама сыгралі свой сольны нумар. І тут Андрэю Вадзімавічу ёсць чым ганарыцца. Лідар калектыва – вельмі аўтарытэтны піяніст, які з’яўляецца музычным кіраўніком Тэатра імя Пушкіна, а таксама аўтарам музыкі да многіх кінафільмаў і тэатральных пастановак. З ім граюць кантрабасіст Сяргей Хутас (кампазітар і аранжавальнік, удзельнік мноства міжнародных праектаў) і барабаншчык Сяргей Астравумаў (удзельнік груп “Машина времени”, “Оркестр Креольского Танго”, “Трио Сергея Манукяна”).
 
Яшчэ адзін удзельнік канцэрту – трубач Канстанцін Гевандзян, вядомы як лідар лепшага ў Маскве дыксіленда “Moscow Ragtime Band”. Ён з’явіўся на сцэне ў патрэбны момант і адразу зрабіў вельмі шмат за кароткі адрэзак часу – спачатку спеў дуэтам з Маэстра, потым сыграў сола не горш за Луі Армстранга , і нарэшце зайграў у фінале, ды як зайграў!
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Калі гаварыць пра яшчэ адзін кантрапункт канцэрта – гэта музыка “Бітлз”. Яна незаўважна прысутнічала побач з джазам і стварала вельмі своеасаблівы настрой, які адчуваўся ва ўсім канцэрце: і ў фразе з самай першай песні – “Когда я был битлом советской поры…”, і ва ўспамінах пра дзяцінства стваральніка праграмы, і ў цудоўным акапэльным выкананні “Yesterday”, і, зразумела, у шыкоўным фінале, калі ўсе ўдзельнікі заспявалі “All You Need Is Love”. Потым на нейкі момант усё вярнулася да пачатку – прыпеў песні “Море любви” арганічна пераплёўся з музыкай “Бітлз”, і зноў выруліўшы на “All You Need Is Love”, канцэрт падыйшоў да свайго лагічнага завяршэння.
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Потым, па вельмі настойлівым патрабаванні публікі ў выглядзе працяглых апладысментаў, уся выдатная кампанія разам з віноўнікам свята выходзіла яшчэ два разы “на біс”, на што Макарэвіч заўважыў: “Я ведаў, што ў Мінску публіка высокага культурнага ўзроўню, але каб да такой ступені…”
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
Фота Вікторыі Ляйкоўскай
2009–2020. Беларусь, Менск.