РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Фотарэпартаж «Альбом школьных песень»
Галоўнай мэтай, якую ставілі ўдзельнікі гэтай музычнай праграмы, стала стварэнне сучаснага, цалкам беларускамоўнага рэпертуара для школьных мерапрыемстваў. Без перабольшання можна сказаць, што ў працу ўключыліся творчыя сілы ўсёй Беларусі. Музыканты, аўтары тэкстаў і музыкі, выканаўцы, спецыялісты па гуказапісу з Мінска, Магілёва, Гародні, Наваполацка, Слуцка, Валожына, Клічава, а таксама нашы землякі з Польшы і ЗША, аб’ядналіся, каб зрабіць “Альбом школьных песень”.
Юры Несцярэнка, укладальнік альбома і аўтар некалькіх песен, распавядае пра гісторыю стварэння гэтай праграмы падчас прэзентацыіі ў Маладэчне
III.2013
Стваральнікі “Альбома школьных песень” (па колькасці далёка не ўсе). Уверсе, злева направа: Дар’я Несцярэнка (Наваполацк), Юры Несцярэнка (Бялынічы), Андрэй Гаварушка (Клічаў), Надзея Аверына (Магілёў). Унізе: гукарэжысёр Юрый Дзеравяшкін
Дар’я Несцярэнка выконвае ўласную песню “Апошні дзень” на прэзентацыіі “Альбома школьных песень” у Бялынічах
Гледачам, якія апынуліся 1 лютага 2013 года ў музеі Бялыніцкага-Бірулі вельмі спадабалася аўтарская кампазіцыя Андрэя Гаварушкі “Школьная настальгічная”
Надзея Аверына выконвае песню Юрыя Несцярэнкі “Нашы настаўнікі”.
 
Альбом выйшаў напярэдадні новага навучальнага года, напрыканцы жніўня 2012-га. Дакладней можна сказаць, што на той момант з’явілася сігнальная версія альбома з дзесяццю асноўнымі аўдыётрэкамі – таму што праца над альбомам працягвалася, і ў наступную яго версію планавалася ўключыць таксама відэа- і фотаматэрыялы, артыкулы ў сродках масавай інфармацыі, карацей кажучы адлюстраваць зваротную сувязь з мэтавай аўдыторыяй. А яшчэ адной задачай перавыдання альбома было ўдакладненне і паляпшэнне музычнага матэрыялу з улікам ужо практычнага выкарыстання ў школьных мерапрыемствах.
>Уступнае слова перад канцэртам падчас прэзентацыі альбома ў мястэчку Чысць Маладэчанскага раёна
Выконваецца песня “Нашы настаўнікі”
 
Песні альбома адлюстроўваюць самыя розныя тэмы школьнага жыцця. Гэта можна заўважыць па іх назвах: “Нашы настаўнікі”, “Першыя ўрокі”, “Школьны вальс”, “Апошні званок”, “Вальс развітання”, “Лета”, “Дырэктар школы”, “Самая прывабная”, “Школьная настальгічная”. А формы падачы тут самыя разнастайныя – ад традыцыйнага вальса з пранікнёнымі словамі аб незабыўных школьных часах да іранічных рок-н-рольных кампазіцый кшталту “Дырэктара школы” і “Школьнай настальгічнай”. Да ўсяго дыск утрымлівае “мінусоўкі” усіх кампазіцый, якія можна выкарыстоўваць у самастойнай працы.
Выступленне ў Клічаве, у дзіцячым лагеры адпачынку летам 2013-га
Саша, самая маленькая удзельніца канцэрта пажадала выступіць разам з мамай.
 
На працягу перыяда з восені 2012-га да восені 2013-га адбыўся шэраг прэзентацый па ўсёй краіне. Дружная каманда музыкантаў і выканаўцаў аб’ехала шмат якіх населеных пунктаў Беларусі. Сустрэчы са слухачамі адбыліся ў Маладэчне, у мястэчку Чысць Маладэчанскага раёна, у Бялынічах, у Магілёве, у Клічаве.
Выдатны канцэрт у Чысцянскай школе адбыўся дзякуючы намаганням выкладчыка Юрыя Сенкевіча
“Альбом школьных песень” выклікаў цікавасць як у выкладчыкаў, так і ў школьнікаў
На памяць аб сустрэчы
Галоўнае пацверджанне поспеху мерапрыемства – дзіцячая ўвага і ўдзячнасць.
 
Асобнае месца займае паездка ў Вільню, дзе ў беларускамоўнай гімназіі імя Францыска Скарыны адбыўся канцэрт для школьнікаў, іхных бацькоў і выкладчыкаў, запрошаных гасцей мерапрыемства, карацей шматлікай беларускай дыяспары, якая існуе ў Літве.
Падчас выступу ў Віленскай гімназіі імя Скарыны
Спявачка Людміла Дудзенус (Слуцк-Салігорск) выконвае песню “Восеньскі мінор”
Прэзентацыя школьнага альбома выклікала дастатковы рэзананс і ў дарослых, і ў школьнікаў, каб заполніць актавую залю гімназіі
 
Прыемна, што многія кіраўнікі дзіцячых калектываў як у Беларусі, так і за мяжой з адказнасцю і павагай паставіліся да новага матэрыялу і падрыхтавалі нумары, дзе песні з “Альбома школьных песень” падчас прэзентацый спявалі ўжо самі школьнікі.
Песню “Нашы настаўнікі” выконвае вакальны ансамбль Віленскай беларускай гімназіі імя Францыcка Скарыны
”Школьны вальс” у выкананні ўдзельніцы дзіцячага калектыву “Расінка” Ганны Краўцовай
Любоў Герцава спявае песню “Апошні званок”
Хрысціна Трусава прапанавала слухачам песню “Першыя ўрокі” на музыку Таццяны Грыневіч і словы Сяржука Сокалава-Воюша
 
Цікавыя факты, звязаныя з гісторыяй стварэння альбома


Тэксты песен “Першыя ўрокі”, “Самая прывабная” і “Вальс развітання” напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш, які з 90-х гадоў жыве ў Нью-Йорку. Тамара Мацкевіч, вядомы актывіст беларускага педагагічнага руху, звярнулася да спадара Сяржука з прапановай стварыць вершы на школьную тэму. Наш знакаміты зямляк даслаў дастаткова вялікую колькасць матэрыялу, з якога, у тым ліку, атрымалася тры выдатных песні для “Альбома школьных песень”. Музыку напісала Таццяна Грыневіч, якая апошнім часам актыўна займаецца выпускам іншых школьных рэлізаў. А вышэйназваныя песні, сталі першымі, запісанымі для альбома.
 
Прыкладна ў той жа час Тамара Мацкевіч ініцыявала на стварэнне песні “Школьны вальс” двух аўтараў з Валожыну – паэтку Валянціну Гіруць-Русакевіч і аўтара музыкі Ўладзіміра Гаркушу. Матэрыял патрапіў у Мінск і пры дапамозе Юрыя Несцярэнкі, Аляксея Аўдацейкі і Наталлі Жыткевіч песня атрымала другое жыццё.
 
Перагоншчык машын з Польшы ў Беларусь, жыхар г. Клічава спадар С. абвінаваціў свайго земляка Андрэя Гаварушку ў плагіяце. Знаходзячыся на тэрыторыі Беласточчыны, на польскіх радыёхвалях спадар С. пачуў песню, якую неаднаразова, падчас канцэртаў у Клічаве выконваў на расейскай мове Гаварушка, прадстаўляючы, як сваю аўтарскую. У свой час песня “Ностальгический рок-н-ролл” (аўтар музыкі і словаў Андрэй Гаварушка) была запісана з дапамогай Юрыя Несцярэнкі ў Магілёве , а пазней ім жа паракладзена і выканана на беларускай мове. У беларускамоўным варыянце песня атрымала назву “Школьная настальгічная”. Запіс вакалу адбываўся на студыіі Лукаша Стэпанюка ў Беластоку. Спадар Лукаш, зрабіўшы добрую справу для беларусаў, палічыў патрэбным пракруціць яе на беларускамоўных радыёстанцыях, дзе ён працаваў (Радыё-Рацыя і Радыё-Беласток). У той момант яе і пачуў жыхар Клічава С. Ідэнтыфікаваўшы іншы вакал, а беларускую мову пераблытаўшы з польскай, па прыездзе дадому С. учыніў “разборку” спадару Гаварушку, “прад’явіўшы” той факт, што не ўсем клічаўцам можна вешаць лапшу на вушы -- хтосьці вось ездзіць “па замежжам”, дзе можна пачуць песні ў арыгінале! Пасля інцыдэнту Гаварушка патэлефанаваў Несцярэнку і спытаўся, ці можа ягоная песня выконвацца кімсьці ў Польшчы? Спадар Несцярэнка адразу падумаў пра манію вялікасці ў суразмоўцы, а потым яшчэ доўга не мог зразумець пра што ідзе гаворка, пакуль нарэшце не ўзгадаў факт сваёй уласнай працы на польскім баку. Заставалася толькі высветліць, як песня патрапіла на беластоцкія радыёстанцыіі, але гэта было нескладана. Як кажуць, канфлікт быў уладжаны, “але ж асадак застаўся…”
 
Цікава, што большасць людзей, якія далучыліся да праекту з’яўляюцца рок-музыкантамі.
 
Сябры музыкаў, якія бралі ўдзел у стварэнні “Альбома школьных песень” зрабілі некалькі аматарскіх відэакліпаў, што пацвярджае цікавасць да ідэі і да зместу мерапрыемства і бацькоў, і дзяцяй, і настаўнікаў, і вучняў.
 
1.Аматарскі кліп на песню “Нашы настаўнікі” http://youtu.be/K22cucXYBY0
 
2.Запіс з аматарскай камеры школьнага балю ў Бялынічах у чэрвені 2013. Гучыць песня “Школьны вальс” http://youtu.be/l32QSGXn3Y4
 
3.”Вальс развітання” з настаўнікамі http://youtu.be/WSuWwRfhX5s
 
4.”Апошні дзень”. Песня Дар’і Несцярэнкі ў выкананні Дар’і і Юрыя Несцярэнкі. http://youtu.be/8pyI18qXrfY
2009–2020. Беларусь, Менск.