РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
З надзеяй гаротнай...
З надзеяй гаротнай,
Зь сьлязою чырвонай
Блуджу я, маркотны,
Па родных загонах.
 
Блуджу і ня знаю,
Дзе праўда, дзе сіла,
I ціха пытаю
У думкі нямілай:
 
Няхай мне гавора,
Няхай апявае
Аб сонцы, аб зорах,
Аб радасным краі.
 
Дзе неба – як неба,
Дзе доля – як доля,
Дзе хлеба – шмат хлеба,
Дзе воля – раздольле!
 
Дзе людзі – як людзі:
Ня чахнуць у плесьні,
Дзе з сэрцамі грудзі,
Дзе песьні – як песьні!
 
Дзе сьпёкі, марозы
Ў знакі не даюцца,
Дзе ўздохі, дзе сьлёзы
Ня чутны, ня льюцца.
 
Як самае сонца,
Дзе ясна – так ясна,
Як самае сонца,
Дзе шчасна – так шчасна.
 
Зазнаць хоць мінутку
Пацех гэткіх мілых!..
Бо ў вечным жыць смутку
Я, людзі, ня ў сілах!..
 
1908
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.