РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У шынку
Што заснуў там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
На стол чаркі! П'юць, знай, нездарма бедакі.
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!
 
Ты, музыка, настрой нам скрыпулю сваю,
Я пад звон гулкіх струн аджыву, запяю!
Толькі рэж – не жалей, агнісьцей, весялей, –
Так ад самай душы, ад збалелых грудзей!
 
Сірата я сягоньня – дзе гляну – вазьму.
Калісь бацьку я меў, пакой вечны яму;
Цягавіт быў, ня раз недаспаў, недаеў,
Жаль старога – ня ў час ён душой загавеў...
 
Дзе за вёскай пуціны ідуць накрыж дзьве,
Там гурбок ты убачыш у цёмнай траве;
Там бярозка, пасаджана мною, шуміць,
Салавейка вясной там сьпяваці ляціць...
 
...Свой напеў галасіла прадвесьне людзям,
Крутавата на вёсцы прыходзілась нам:
Тым няхват хлеба, корму, – падаткі другім
I той сон і спакой аднімалі зусім.
 
I стары мой у гэтым ані не адстаў:
Ледзь хадзіў, уздыхаў, штось пад нос барматаў.
Што рабіць? Ёсьць Красулька – жывёлка адна,
Трэба ў горад, на торг, – няма рады, бяда!
 
Сьлязіну-гарчыню абмахнуў рукавом,
За вяроўку, за цёлку ды марш пехатом.
Толькі робіцца цёмна ў вачох бедаку:
I чаму ж так ўсё не ручыць мужыку?
 
Вось і горад. Красульку таргуюць, – прадаў,
Барыш лоўкі папіў, грошы добра схаваў,
Машыруе дамоў, падпявае з нуды, –
Хоць на час адкупіцца ёсьць чым ад бяды.
 
Многа зьвера у пушчы ў цёмнай снуе,
Болей злыдняў між намі ё, людзі мае!
Многа сьцежак-дарожак ля нас лягло тут,
Толькі зь іх мужыку – адны мукі і блуд...
 
Ужо ладна за горад стары адышоў,
Тут за пазуху зірк: што схаваў – не знайшоў!
Ні кароўкі, ні грошы няма ўжо, няма...
Не бяда: дзяга ёсьць, ёсьць пацеха адна!
 
Мы з дарогі чакаем – і маці, і я;
Дзень, другі не відаць, ажно трэцяга дня
Слых пайшоў па сяле, што ў лясочку пятлёй
Хтось закончыў жыцьцё – гэта быў... гэта мой...
 
Гэй, што сьпіш там, шынкар? Гэй, сякі ты, такі!
Болей водкі! П'юць, знай, нездарма бедакі!
Ня нам долю сваю ўспамінаць-праклінаць,
Налівай, выпівай, каб ня чуць і ня знаць!..
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.