РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзяўчынка і вянок
Сонца ўтульна пазірала,
Птушкі пелі на ўсе тоны;
Кветкі дзеўчынка зрывала
Ля дубровы ля зялёнай.
 
Заплятала у вяночак,
Прымярала на галоўцы;
Радасьць біла зь яе вочак:
Ёй спрыялі кветкі, сонца.
 
Чуць вяночак не гатовы –
Не хапала адной кветкі...
Выйшаў хлопец з той дубровы,
Хлопец пекны, стройны гэткі.
 
Удваёчку ўжо шукаюць
Кветкі ў буйнай сенажаці,
Толькі дзе знайсьці – ня знаюць...
Сталі ў вочы заглядаці.
 
Так хадзілі ўсё далінкай;
Сонца зь імі ўсьлед хадзіла,
Аж вяночак свой дзяўчынка
Недзе ў лузе загубіла.
 
Клопат... Бедная ня знае,
Ці ёй плакаць, ці сьмяяцца?
Кветкі – ўпрочках, – хлопца мае...
Надало ж так памяняцца!
 
Ходзе, траўкі не зачэпе...
За вянок – дзяцюк прыгожы;
А што горай? а што лепей?
Бабка надвае варожа.
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.