РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Андрэй Хадановіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ільвоў
Адапхнуцца ад Ратушнай вежы ды рынуцца ў бездань,
Каб магутныя крылы паноўных над местам званоў
Падхапілі, панесьлі, загойвалі даўнюю бессань,
Занураючы ў фарбы ляткіх недабачаных сноў.
 
Бессэнсоўна лунаць, абмінаючы стрэчныя вежы,
Прамінаючы коміны ў іхнай цаглянай красе.
І спачыць ад палёту, і ночныя пасьвіць відзежы
На бляшанай, старой, незнаёмай з дахоўкай страсе.
 
Назіраць, як у шпацырах бавяць свой час ільвавяне,
Па сьпякотных гадзінах лагодны вітаючы змрок,
Удыхаючы водар з густоўнай павохнай кавярні,
Пад павекамі цемры павольна губляючы зрок.
 
Усьміхацца разумнаю ўсьмешкай крылатага блазна,
З вышыні віжаваць, як снуюць жабракі пры царквах.
А калі заманецца усё апісаць падрабязна -
І самога сябе нечакана знайсьці далавах.
 
Заблукаць, загубіцца, заблытацца, трапіўшы долу,
Ў камяніцах, дзе genius loci дагэтуль жывы.
Із шматлікіх сьвятыняў аддаць перавагу касьцёлу -
Пасьля шклянкі-другой каньяку ля армянскай царквы.
 
Ля муроў Бэрнардынаў піць піва зь вядомым паэтам;
Калі ж зноў скалане навакольле вялізарны сьпіж,
Павучынай сягнуць па-над галіцкім бабіным летам,
Як паветраны зьмей, самагубна ўзьлятаючы ўвыш...
 
Заблукаўшы ў паветры, прасторы, няўісьненым міце,
Каляровы матыль, папяровы кітайскі дракон
Патанае ў блакіце, блакіце, блакіце, блакіце...
І вялізарны звон пераможна плыве наўздагон.
 
Верасень 1999, Кракаў-Ільвоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.