За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесьні вод, Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход, За родам род, за годам год. На ўсход, на сход ідзе-брыдзе У чарах-снах, у злыбядзе... Канца ні ў чым, канца нідзе, На ўсход, на сход брыдзе-ідзе. За бытам быт, за стогнам стогн, За сьмехам сьмех, за сконам скон, За векам век, за звонам звон, За мглою мгла з усіх старон. Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед, I ноч, і дзень, і цьма, і сьвет, I песьні кліч, і сьмерці цьвет, Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед. За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесьні вод, Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход, Ідзе-брыдзе на быт, на звод...
[1906–1909]
|
|