РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мая дзяўчынка
У дзяўчынкі, у княгіні,
Што падчас мне вочкам кіне, –
      Каласісты вянок жыта –
      Коска жычкаю павіта;
 
Пара пасымкаў мятлічкі –
Броўкі мілыя ў сястрычкі;
      Дзьве пралескі – яе вочкі
      Ці два ў збожжы васілёчкі;
 
Яе шчочкі – роўны ў сонцы
Цьвету-ружы ля аконца;
      Яе губкі – не калінкі, –
      Проста сьпелыя малінкі!
 
Кветка-лілія з крыніцы –
Шыйка гэтай чараўніцы;
      Два букеты зь незабудкі –
      Маладыя яе грудкі;
 
Як хмялёчак небадыльны –
Стан прытульны, перахільны;
      Ручкі – хто зраўняўся зь імі!
      Так і шчасьце не абыме;
 
Сэрца... Ўсюды за ім пойдзеш...
Пекла, неба – ўсё там знойдзеш...
      У дзяўчынкі, у княгіні,
      Што падчас мне вочкам кіне.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.