РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спроба актавы
Удар, душа, удар ты, сэрца,
Па струнах думак-весялух!
Збудзіце ўспаны ў паняверцы
Жыцьця зьмянлівага мой дух.
Хай думкі лягуць на паперцы
I цешаць братні погляд, слух,
      Народу прыйдзе хай пара
      Успомніць часам песьняра!
 
Да шчасьця нам так мала трэба –
Прывецік добры з стараны,
I ўжо мы чуць аж не пад небам –
Ужо сьмяемся, роім сны!
I вы, барцы за кусок хлеба,
Што ўцех ня знаеце вясны,
      Прыкмецьце, што душы за йгра,
      Прыкмецьце словы песьняра!
 
Мы плачам, змучаныя доляй,
Над хмарай толькі сваіх бед,
Пясьняр жа зрэнкаю саколяй
Ўвесь аблятае белы сьвет,
І за ўсіх выцерпіць найболей,
I зьвяне, як той ўвосень цьвет.
      А мелі ж ласку брат, сястра
      Над гэтай мукай песьняра?
 
Мяшку, набітаму рублямі,
Б’е кожны нізенькі паклон,
Хоць бы зладзейскімі рукамі
Быў напаўняны з крыўдаў ён...
Хто ж бедных бача паміж намі,
Хто чуў няшчасьця плач і стогн?
      Хто, хоць пачуці ўжо пара,
      Паслухаў песьню песьняра?!
 
Стаіць палац высокі, белы,
Збудован роўна, ўсё пад шнур, –
Жывуць жа тыя ў ім, што ўмелай
Рукою ўзьнесьлі гэты мур?
О, не! Іх доля акалела,
Ад жыцьця зьменных гінуць бур.
      Як слуг, праводная зара
      Вядзе таксама песьняра.
 
Ўсё сходзіць зь сьвету доўга-скора,
Нішто ня вечна на зямлі,
Хоць чалавечы сьлёзы, гора
Заўсёды вечнымі былі.
Памрэ пясьняр, – хоць так пеў ўчора, –
Дружкі паплакаць, бач, прыйшлі...
      Людцы, сьмяяцца не пара
      Хоць над магілай песьняра!
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.