РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праз вайну
Зіма. На дварэ мяцеліца вее,
Халодныя песьні заводзіць віхор,
Зоркі ня сьвецяць і сонца ня грэе,
Аж вылезьці страшна і глянуць на двор.
 
Сньег усё сыпе болей і болей,
Страляе ў сьцены сьцюдзёны мароз,
І вецер шалёны вые ў полі,
Ўсе гурбамі сьнегу ён хаткі занёс.
 
Пад борам зялёным вёска стаяла,
А бедная надта, ах, надта была,
Мяцеліца стрэхі яе пазрывала
І дзіка па сьценах дзюравых гула.
 
У хатцы старой у гэту завею
Лучыначка сьвеціць сьвятлей то цямней,
Там дзеткі малыя з маткай сваею
Льюць горкія сьлёзы зь бядачых вачэй.
 
Памерзьлі з марозу дзеткі у хатцы,
А шэсьцера, бедных, там іх было,
Трасуцца і лезуць на грудзі к матцы,
Як птушкі да маткі сваёй пад крыло.
 
Ой, гэтых сіротак цяжкая доля,
Хоць маці і ёсьць, але бацькі няма,
А тут яшчэ гэты холад-няволя,
Праклятая сьцюжа, мароз і зіма.
 
Іх бацьку зь японцам біцца забралі,
Бо ён запасны у цара быў салдат,
Вінтоўку і шаблю там яму далі
I стары салдацкі пацерты халат.
 
Пакінуў ён дзетак бедных бяз хлеба
I хворую жонку бяз хлеба сваю,
А тут і падаткі яшчэ аддаць трэба,
Падаткі і чынш у казну за зямлю.
 
Кароўка раве ня еўшы у сенцах,
Авечка у хаце зь ягняткам бляе,
Нятоплена печка, дроў ні паленца,
А ў коміне жудасна вецер пяе.
 
Ой, бедныя дзеткі, як па пажары,
Хто ж вас тут накорміць, дроў насячэ?
Хто печку падпаліць, хто есьці навара?
Хто хлеба вам булку, праснак хто сьпячэ?
 
Нямашака бацькі, хворая матка,
Няма каму бедным тут вам памагаць,
Ад ветру трасецца старая хатка,
Ратунку для вас ніадкуль не відаць.
 
А там на дварэ мяцеліца вее,
Халодныя песьні заводзіць віхор,
Зоркі ня сьвецяць і сонца ня грэе,
Аж вылезьці страшна і глянуць на двор.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2019. Беларусь, Менск.