Гэй, гусьляр, гусьляр! Ты удар, удар Па струнах-званах, Дай нам зь песень дар, Дум вялікіх чар, К сонцу зорны шлях, Дай, гусьляр, гусьляр! Дзе залёг абшар Курганоў – ахвяр, Сей, засей прасьвет. Ты слуга і цар, Ты – дудар-званар, – Чуе, знае сьвет... Эй, гусьляр, гусьляр! Перавалы хмар, Цемру, зводы мар Выжый звонам струн; Як вялік і стар Сьвет, зямлі папар, Ты ад гумн да гумн Запануй, гусьляр! Дай паходням жар, Лінь жыцьцё ў бор-яр, Не мінай акон; Строй ваякаў шар, Кроў сагрэй, як вар, Сказам новых дзён... Грай, будзі, гусьляр!
[1906–1910]
|
|