РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над Нёманам
Ціха і плаўна ўдаль коцяцца воды
Вольнага Нёмана ў цёмную даль,
Толькі у часе глухой непагоды
Зь берагу Нёман ня выйдзе амаль.
 
          Вербы і вольхі калышуцца глуха,
          Сінія хвалі шумяць і бурляць.
          Чуткай душою ў такі час паслухай, –
          Здасца, там гэтакі голас чуваць:
 
«Гэй, не дзівуйся, мой дружа нядбалы,
Што я сягоньня так злосна шумлю:
Грудзі здавілі мне хмары навалай,
Пошасьць уелася ў матку-зямлю.
 
          Сумна мне, сумна, што ўсё тут іначай
          Некалі бераг мой бачыў і знаў,
          Іншы меў выгляд – ня гэткі жабрачы,
          Іншы я плыт на плячох сваіх гнаў.
 
Край, дзе жыцьцё я сваё пачынаю,
Шмат весялей прыглядаўся на сьвет,
Песьні і казкі інакшыя баяў,
Шчасьце цьвіло ў ім, як макавы цьвет.
 
          Буйным жыцьцём усё чыста кіпела,
          Слава далёка за мора ішла,
          Ворага кожны за плечы браў сьмела,
          Цемра чужынцаў ня страшнай была.
 
Панам быў дома і слаўным за домам
Мой, патаптаны сягоньня, народ;
Змог ён ня толькі знаць штукі з заломам, –
Роднаму слову ўмеў кніжны даць ход.
 
          З вольнай дружынаю князь на пасадзе
          Вольнаму люду законы пісаў;
          Слухалі князя, а князь што ня ўладзіў –
          Слухаў, што веча яму звон казаў.
 
Чую, ах чую цяпер яшчэ ясна
Той неўгамонны, расходзісты звон...
Сьціх, занямеў, аглушылі напрасна;
Ці адазьвецца калі болей ён?..
 
          Так, так, мой дружа, іначай бывала, –
          Не называўся забытым мой край;
          «Поўнач» ня раз у ім схову шукала,
          «Захад» знаў сілу яго неўнарай.
 
Га, а цяперака што гаварыці?..
Ўсе мае скарбы намарна ідуць:
Жыта учора вывозілі віці,
Родныя хвойкі сягоньня плывуць.
 
          Людзі чужыя змагаюць мне грудзі
          З новым парадкам, з адменным жыцьцём, –
          Роднага ж краю тутэйшыя людзі
          Ў скуру чужацкую лезуць жыўцом.
 
Я іх ня ваблю сваёю ўжо красай:
Вецер інакшы ім дзьме ў галаве, –
Вісла адным усьміхаецца ласа,
Тыя, заплюшчыўшысь, пруцца к Няве.
 
          Скора сын бацьку, а бацька сыночка
          Не распазнаюць адзін аднаго;
          Дзеці чужацкія корме ўжо дочка,
          Маці працуе на злыдня свайго.
 
Так грамадзяне свабоднага краю
Ёрмы узьдзелі, у рабства пайшлі,
Прадзедаў слава лазой зарастае,
Памяць мінуўшчыны дрэме ў зямлі.
 
          Рынкам жывога тавару няслава
          Край ўвесь зрабіла, загнала на ўбой,
          Дзе ўжо лет сотні Масква і Варшава
          Торг гругановы вядуць між сабой.
 
Га! ты ня слухаеш, бачу, ўжо болей.
Ой, чалавеча, зьмярцьвелы у сьне!..
Доўга йшчэ будзеш глухім ты, саколе?..
Камень і вольха перш поймуць мяне!..»
 
∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙ ∙
 
          Гэтакі ў часе глухой непагоды
          Чуецца ў Нёмнавай гутарцы жаль.
          Сьціхне, і плаўна зноў коцяцца воды
          Вольнага Нёмана ў цёмную даль.
 
1911
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.